12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дайнека

_____________________
Герадоцінкі.
Запісы

l l l
Аксіёмаю для нашых гісторыкаў і літаратараў стала тое, што Русь за­сланіла сабою Еўропу падчас разбуральных паходаў манголаў. У прынцыпе, мы згодны з гэтым. Хоць пасьля ўзяцьця ханам Батыем Кіева (6 сьнежня 1240 году) коні стэпавікоў яшчэ доўга тапталі Польшчу, Маравію, Славакію, Венгрыю, Харватыю і Далмацыю і абмылі свае капыты ў Адрыятычным моры...
Але задоўга да гэтага Еўропа выратавала землі, на якіх, рухаючыся ад Карпатаў і Дунаю, пачалі сяліцца нашыя продкі. Вораг быў ня менш ваяўнічы і бязьлітасны – арабы.
Мухамед уліў у іх незвычайную энергію, і ўжо ў 711 годзе яны пера­скочылі Гібралтарскі праліў і зьнішчылі ў Іспаніі каралеўства вестготаў. У бітве пад Херасдэ-ла-Франтэра загінуў апошні вестгоцкі кароль Родэрых. Зялёны сьцяг прарока залунаў ля Пірэнеяў. Здавалася – што яшчэ трэба? Спыніся. Апетытны кавалак Еўропы ў тваіх руках.
У 721 годзе арабы пераскочылі Пірэнейскія горы і асадзілі горад Тулузу ў Паўднёвай Францыі. На карту быў пастаўлены лёс усёй хрысьціянскай Еўропы. У тым ліку, лёс нашых продкаў, якія былі яшчэ паганцамі і пакланяліся Сварогу і Дажджбогу.
Хто мог спыніць рух неадольнай сілы, якая зламала хрыбетнік Саса­нідскай імперыі персаў, заваявала Іерусалім, Егіпет, якая не баялася сьмерці, бо на тым сьвеце адразу ж трапляла ў рай, дзе жылі прыгожыя пяшчотныя гурыі? Такі чалавек у Еўропе знайшоўся. Гэта быў франкскі маёрдом (нешта накшталт сучаснага прэм’ер-міністра) Карл Мартэл. Мартэл азначае Молат і гаворыць аб сакрушальнай магутнасьці ўдараў гэтага незвычайнага чалавека. Нездарма яго называюць выратавальнікам Еўропы. Ён, зразумеўшы крывавую небясьпеку, аб’яднаўся са сваім заклятым ворагам герцагам Эдам Аквітанскім, аб’яднаўся з лангабардамі і 25 кастрычніка 732 году перагарадзіў дарогу арабам каля гораду Пуат’е. Бітва распалася на мноства жорсткіх баёў, лучнікі хмарамі сваіх стрэл засланілі неба, ручаямі цякла кроў... Молат разграміў дасюль непераможных арабаў.
Вось, у прынцыпе, і ўвесь мой аповед. Мусульмане да нас у Беларусь прыйшлі з поўдня, з Крыму. Сёньня яны – міралюбная працавітая частка нашай супольнасьці. Але, калі б ня Карл Мартэл, яны б прыйшлі ў наш край з захаду, на шмат-шмат вякоў раней, калі наш народ толькі пачынаў “садзіцца” на берагах Прыпяці, Нёману і Сьвіслачы. Яны б прыйшлі на ўзьлёце сваёй ваяўніча-атакуючай экспансіі, і, хто ведае, ці лёг бы першы камень у падмуркі полацкіх храмаў.
Скажам дзякуй Еўропе.

l l l
Было нешырокае кола
Тых, хто нёс гэты груз...
Быў Ермаловіч Мікола
І “Старажытная Беларусь”.

Здавалася, нас запрэглі
Навекі ў савецкі балдзёж.
Ды электрычка бегла
У Маладзечна праз дождж.

Агні цыгарэтаў тухлі.
Дажджыўся, бы плакаў, вакзал.
Была ў Маладзечне кухня
Вузенькая, як пенал.

Амаль асьлеплы вучоны
Глядзеў у вякоў сіняву.
Упэўнена і натхнёна
Расказваў нам пра Літву.

Пра мужных князёў, пра вояў,
Пра вершніка на кані...
І над яго галавою
Быццам сьвяціўся німб.

Кагорты адважных і слаўных
Ішлі па чырвонай траве...
І сэрца крычала : – Настаўнік,
Мы не забудзем цябе!

Няхай, на цябе навуськаны,
Злы воран цябе дзяўбе,
Наш Герадот беларускі,
Мы не забудзем цябе.

Няхай пад цябе “капаюць”
Вучонейшыя краты –
Праўда твая – сьвятая.
Ты быў і ты ёсьць Сьвяты !

P S. Прапаную вуліцу Рафіева ў Менску, на якой пад коламі таксі загінуў М. І. Ермаловіч, назваць вуліцай Міколы Ермаловіча.

l l l
Прашу прабачэньня ў магчымага Чытача за маю цераспалосіцу – проза, вершы, проза, вершы і г. д. Звычайна, твор кампануюць больш строга, аддзяляючы мух ад катлетаў г. зн., прозу і паэзію даюць асобнымі вялізнымі блокамі. Але, скажу шчыра, такая прылізаная ўмоўнасьць мне даўно абрыдла. Мне, скажу яшчэ больш шчыра, нават і пісаць – друкаваць ня хочацца. Калі б можна было, насьвістваў бы свае думкі, альбо шумеў, нашумліваў іх (як вам вобраз?) як чарот над возерам. Ды трэба паважаць магчымага Чытача. Што я й раблю.

l l l
А яно было, ёсьць і будзе – Жыцьцё бяз нас. Жыцьцё без мяне, без цябе, бяз іх... Пішу гэтыя радкі, седзячы на другім паверсе свайго лецішча. Ясны майскі дзень. Блакітнае звонкае неба. І высока-высока над зямлёю, як маленькая срэбная рыбка, плыве самалёт. Гэта, я ведаю, міжкантынентальны пасажырскі экспрэс “Парыж – Пекін”.
Я пішу свае “Герадоцінкі”, а ў кабіне авіялайнеру (у гэты ж час!) пілоты ўважліва сочаць за паказаньнямі прыбораў. У пасажырскіх салонах (у гэты ж самы час!) гучаць французская і кітайская мовы, нехта чытае газету, п’е каву, нехта глядзіць са шматкіламетровай вышыні праз ілюмінатар на маё лецішча. Прыгожыя юныя сьцюардэсы (у гэты ж час!) пачынаюць карміць пасажыраў абедам... Там ідзе жыцьцё. Але мяне там няма.
Жыцьцё бяз нас. Мы, кожны па-свойму, прыкаваны да сваёй жыцьцёвай нішы, сваёй часавай і геаграфічнай прасторы. Бяз нас, без усіх тых, хто жыве Сёньня, людзі вынаходзілі Агонь і Паперу, будавалі Рым, адкрывалі Амерыку, прыручалі дзікіх жывёлінаў...
Я пішу “Герадоцінкі”, а ў гэтыя ж самыя імгненьні на трапічным востраве Новая Гвінея ў невысокіх парослых пальмамі гарах яркакаляровая райская птушка будуе сваё гняздо. У гэтыя ж самыя імгненьні шахцёры з расейскай Хакасіі “трымаюць” галадоўку, нью-ёркскі палісмэн, ляніва памахваючы гумавай дубінкай, набліжаецца да чарнаскурай “жрыцы каханьня”, якая занадта тэмпераментна атакуе прахожых мужчынаў.
Жыцьцё бяз нас. Я ні разу, да прыкладу, не бываў у Аўстраліі. Для мяне яе не было і няма і, хутчэй за ўсё, ніколі ня будзе. Але ж яна, Аўстралія, ёсьць, яна існуе! І ў гэты самы час, калі над маім лецішчам усьлед за імклівым авіялайнерам нетаропка праплываюць пульхныя срэбна-белыя воблакі (воблакі падобныя на Аўстралію – як пісаў калісьці паэт Хведар Чэрня), у эўкаліптавым сонечным лесе недзе каля Мельбурну жвава скача маленькае кенгураня.
Жыцьцё бяз нас. Мы жывем пад шкляным каўпаком Часу – ні назад, ні ўперад ня вырвацца з-пад гэтага каўпака. (Гэта я ўжо працытаваў самога сябе!).
Жыцьцё бяз нас. Мы не сустракалі 1000-ны год. Мы не сустрэнем (дай, Божа, каб я памыліўся!) год 3000-ны. Усе мы, як матылькі і жучкі дзіцячага гербарыю, прышпіленыя менавіта да гэтага імгненьня (пакуль вы чыталі, яно ўжо праляцела), да гэтага дня.
А калісьці хацелася быць усімі героямі ўсіх войнаў, прайсьці ўсе шляхі ўсіх нястомных падарожнікаў, кахаць усіх-усіх жанчын! Немагчыма... Немагчыма, бо было, ёсьць і будзе Жыцьцё бяз нас.
Ясны майскі дзень. Каля акна на другім паверсе майго лецішча пырхнула, крутнулася нейкая сіне-зялёная птушачка, чырканула крылом аб ваконнае шкло і паляцела ў бязьмежжа сонечнага дня. Зайздрошчу ёй.
А, можа, каб не было Жыцьця бяз нас, а каб адбылося Жыцьцё з намі (з табою! са мною!), трэба зрабіцца гэтым велічным бясконцым небам, абняць усю Зямлю з усімі яе гарадамі, вёскамі, акіянамі, краінамі, гарамі, лясамі, людзьмі? Але гэта ўжо – прэрагатыва Бога. Прабач і даруй мне, Божа.

l l l
У школьныя гады мы “рускае” “И” у адрозьненьне ад “беларускага” “І” называлі “І” тоўстае.

Таямніцы беларускай філалогіі
· У бітве за “мяккі знак” ім не хапіла цьвёрдасьці.
· Доўгі-доўгі шлях да Ў-кароткага.
· У вымаўленьні “Якаюць” ды “Якаюць”, а пра ўласнае “Я” забыліся. Больш “мЫкаюць” – “мы”, “мы”... Дальбог, прабачце, як калгасныя каровы.

Галя з Галівуду
(Народная паэма)

Неяк надвячоркам
У гатэлі чынным
Да мяне з гаворкай
Падышла дзяўчына.

Вабны стан і шыя.
Дваццаць год, шчэ й трошкі...
Вочы ж – палявыя
Сінія валошкі.

Думаў, будзе краля
Мовіць па-французску,
Ды сказала Галя
Мне па-беларуску.
– Добры вечар пану.
Вас я апазнала.
Вашыя раманы
Ў школе я чытала.

Вы пра князя Вячку
Добра напісалі.
(Цёпла і удзячна
Я зірнуў на Галю.)

Пра сябе ж багата
Гаварыць ня буду.
Тут жыву. У Штатах.
Галя з Галівуду.

І руку мне годна
Галя працягнула.
Вечаровы горад
Біў сьвятлом і гулам.

Белыя і негры
Міма шнуравалі.
Пад нью-ёркскім небам
Я спаткаўся з Галяй...

– А расла я ціхай,
Шэранькай, няяркай.
Стаць магла б ткачыхай,
А магла б – даяркай.

Толькі зьмей – спакусьнік
Міхалевіч Жора,
Той, што скончыў курсы
Кінарэжысёраў,

Мне сказаў у маі,
Калі зьзялі зоркі:
“Твар ты, Галя, маеш
Лепшай кіназоркі.

Сёньня ў Галівудзе
Мода на славянак.
Там шукаць мы будзем
Шчасьця абаранак.

Толькі сьмелым людзям
У жыцьці шанцуе.
Там, у Галівудзе,
Дзядзька мой працуе.

Я хлусіць ня буду.
Я маніць ня буду.
Мы закінем, Галя, вуду
Ў касу Галівуду”.

У Нью-Ёрк ляцелі,
Я глытала сьлёзы.
Нам усьлед глядзелі
Родныя бярозы.

Над бясконцым морам,
Акіянам-морам
Я ляцела з Жорам,
З кінарэжысёрам.

Мела я зялёны
Чамадан вялізны.
Пудру... Крэм... Ласьёны...
Горачку бялізны...

І яды хапала:
Смажаная гуска...
Мёд... Каўбасы... Сала...
Дзеўка ж беларуска!

Бачыла я хмары
Праз ілюмінатар.
Нёс мяне (у мары!)
Самалёт крылаты.

Нёс у паднябесьсі,
Дзе жывуць маланкі.
І сьпяваў мне песьні,
Казкі-калыханкі.

Нёс, як кіназорку!
Нёс і не разьбіўся.
Толькі ж у Нью-Ёрку
Жора мой “згубіўся”.

Дзе шукаць? Як мовіць?
Я стаю ў адчаі,
Бо ангельскай мове
Нас не навучалі.

Мы ж да камунізму
З рускай мовай пёрлі.
Жора – ненавісьнік
Зьнік. І сьлёзы ў горле.

Ах, бандзюга, злодзей!
Хоць успорвай вены.
Раптам падыходзяць
Да мяне джэнтльмэны.

– Здраствуйце, міс Галя.
Добра даляцелі?
Мы вас тут чакалі.
Пройдзем да гатэлю.

Нейкі містэр Вася
Бег з партфелем шэрым...
Так і пачалася
Тут “кінакар’ера”.

Віскі... Сіські... Піські...
Блядства, адным словам.
Змоўкла Галя. Нізка
Плыў туман барвовы.

Нам у мозг упіхваў
Горад сотні тлумаў.
Змоўкла Галя, сьціхла...
Я ж стаяў і думаў.

Розум – розум майце,
Мілыя дзяўчаты.
Марце і дзярзайце,
Адлятайце ў Штаты!

Ды ня з гнюсным Жорам,
Гора-рэжысёрам.
Давярайце лёс свой
Правільным канторам.

І ня трэ баяцца!
Тут – Краіна Дужых!
Знойдзеце тут працу.
Знойдзеце тут мужа.

З ім, надзейным птахам,
Будуць хлеб і кветкі.
І пад вашым дахам
Зашчабечуць дзеткі.

Вы не абібокі.
І не беларучкі.
Кліча Сьвет шырокі.
З Богам, беларускі!

Мне ж мой шлях вядомы –
Я лячу дадому.
Помню, не забуду
Галю з Галівуду.

1661 год
У лясах гулі, шалелі шэршні.
Пысы коням злы хмызьняк калоў.
Аляксей Міхайлавіч Цішэйшы
Вёў свае палкі на Магілёў.

У вазку сядзеў. Арэшкі трускаў.
Вёў сваю сталёвую раку,
Каб узяць прыродных беларусцаў
Назаўжды пад царскую руку.

Сьпёка... Смага... Перасохлі рэчкі.
Навакол – ні кропелькі вады.
І гарэлі шэрыя мястэчкі.
І ўцякалі некуды жыды.

Тлелі хаты. Бабы галасілі.
Што за край тут? Хто ў іх пан? Хто хлоп?
Паміраў, расьпяты на асіне,
Сінявокі уніяцкі поп.

Белы бусел плыў у дымным небе.
Цар ударыў кулаком аб стол:
– Нам тут аіст болей непатрэбен!
Двухгаловы ёсьць у нас арол.

Кідаў цар на неба погляд косы.
Гнеўны вокліч з горла лез і лез.
Беларусцы бралі вілы-косы
І гурмой ішлі ў суседні лес.

l l l
У маім далёка не багатым на кніжкі пасьляваенным дзяцінстве я вельмі любіў чытаць насьценныя календары – пухленькія кніжачкі з мноствам цікавай інфармацыі, з прыгожымі малюнкамі і карыкатурамі. Адну карыкатуру помню аж да гэтага часу. Над безданьню туга напята нейкая вяроўчына. На гэтай вяроўчыне нязграбна, размахваючы рукамі, балансуе таўс­тун у нязвыклай савецкаму воку вайсковай форме. З кішэняў ягонага фрэнчу, нават з-за пазухі тырчаць чорныя дзюбатыя бомбы. Вось-вось гэты несімпатычны недарэка загрыміць у бездань. І зьнізу – подпіс :

Ходит НАТО по канату.
Хочет НАТО страх нагнать.
Эти штуки могут НАТО
В результате доконать.

Ня ведаю – дзе сёньня, чым займаюцца і каго крытыкуюць мастак і паэт, аўтары таго прапагандысцкага шэдэўру. Ведаю, што НАТО ўжо ў Вільнюсе.

Мой радавод
У падмурку майго радаводу, як чатыры слупы, стаяць чатыры про­зьвішчы: Дайнекі – Шамалі, Мацюшонкі – Ізохі. Дайнекі (Данейкі) – служылыя людзі Вялікага Княства Літоўскага, якія падчас руска-польскай вайны 1654-1667 гадоў у войску князя Радзівіла змагаліся супроць маскавіцкай агрэсіі і супроць спусташальных набегаў на Беларусь прамаскоўскіх украінскіх казакаў Хмяльніцкага, Залатарэнкі, Дубіны і інш. Атрымалі шляхецкую годнасьць ад гасудароў Рэчы Паспалітай. У часы, калі наш край быў гвалтоўна далучаны да Расійскай імперыі, шматлікія шляхецкія роды (у тым ліку, і Дайнекі-Данейкі) былі пазбаўлены сваіх правоў і прыпісаны да аднадворцаў, мяшчанаў або проста сялянаў за тое, што засталіся верныя Рэчы Паспалітай. Расейская імперская прапаганда падавала Дайнекаў як бандытаў, дарожных рабаўнікоў, антыўрадавых казакоў-гайдамакаў і г. д. Нейкім цудам у шляхецкіх сьпісах захавалася частка нашых кроўных суродзічаў – Данейкаў. Пэўна, царскі пісарчук, пера­пісваючы і пераменьваючы (!) прозьвішчы (усяго ж адну літару перавяр­-ні – і кукіш з макам твайму шляхецтву) не “добдел”.
Прозьвішча Ізох ідзе ад царкоўнаславянскай назвы месяца чэрвень – ізок. І ад назвы лугавых кузьнечыкаў-кавалікаў. Гэта былі сьвятары уніяцкай царквы на Беларусі.
Мацюшонкі-спадкаемцы (саўдзельнікі, аднадумцы. – Л. Д.) Мацюшы, пра якога Магілёўская хроніка Трафіма Сурты і Юрыя Трубніцкага піша так: “У год 1586. Памёр кароль Стафан Баторы, караляваў 10 гадоў, 7 месяцаў і 12 дзён. Праз чатыры гады пасьля яго сьмерці, гэта значыць у годзе 1590, прыйшоў да Магілёву з войскам невядома адкуль нейкі казак ці гультай па прозьвішчы Мацюша і нарабіў шмат шкоды...”.
З усяго гэтага вынікае, што Мацюша – казацкі атаман, або (да чаго я схіляюся) кіраўнік узброенай групоўкі літоўска-беларускіх феадалаў, якія ў той суровы час змагаліся за ўладу. Ад яго пайшлі ўсе Мацюшонкі.
І застаюцца – Шамалі. У дадзеным выпадку быццам бы прасочваюцца крымска-татарскія карані. Хаця паралельныя прозьвішчы (Смаль, Самаль і г. д.) даюць падставу думаць аб славянскім паходжаньні гэтых маіх продкаў.
З усяго сказанага вынікае, што я – шляхціц з роду Дайнекаў-Данейкаў. Я адчуваю гэта па сабе і па сваіх блізкіх. Я ганаруся гэтым.
Мы не загінем, пакуль не забудзем, адкуль мы і хто мы. Няхай жыве беларуская шляхта!

Я – еўрапеец
Я быў на Акропалі. Я чуў галасы гаплітаў базілеўса Леаніда, што загі­нулі каля Фермапілаў. Я крочыў па вуліцы Маршалкоўскай. І польскія дзеці ўсьміхаліся мне. Я люблю лонданскі туман. Я люблю шум парыжскіх каштанаў. І блакітны сьнег нарвежскіх фіёрдаў. І жоўтыя снапы пша­ніцы, якую жнуць украінскія сялянкі. Я люблю Іспанію, хоць і не люблю карыду. Я веру ў цьвёрдасьць ірландскіх дубоў. І ў надзейнасьць берлінскага бруку. Я люблю сьпеў венскіх фантанаў. І таямнічую цішыню рымскага Калізею.
Я – беларус.
Я – еўрапеец.
Я люблю Еўропу.
Не пакідайце мяне за бортам вашага (і майго!) карабля.
Я – член Еўрапейскай партыі, як і ўсе вы.
Белае-белае воблака ў небе, што пераплывае рэчку Буг, мой партыйны білет.

Графаман
Як і граф Леў Талстой, графаман устаў вельмі рана, адразу ж разграфаваў вялізны аркуш бялюткай паперы, выпіў графін халоднай вады (для супакаеньня фантазіі) і пачаў сваё штодзённае графаманства. Працаваў ён строга па графіку. Увесь гэты час насупраць дзьвярэй ягонай кватэры сядзеў стары дзюбаты грыф, цярпліва чакаў, пакуль аўтар у сваім творы заб’е графіню Аграфену, якая чамусьці акажацца не славянкай, а угра-фінкай (!), і выкіне сьвежы труп.
Другім параграфам творчага дня была паездка “на вытворчасьць”. Графаман ускочыў у аўтамабіль, з шалёнай хуткасьцю паімчаўся ў сваю аграфірму, дзе вырошчваў грэйпфруты, з якіх давілі сок і частавалі ім слухачоў чарговых раманаў. Затым аўтамабіль панёсься на прыватную шахту, дзе здабывалі графіт, каб рабіць алоўкі і пісаць імі новыя шэдэўры, бо графаман працаваў, г. зн., пісаў, толькі алоўкамі.
У пакутах і азарэньнях ствараўся сто шаснаццаты раман...


l l l
З Фінляндыі вязуць (а, магчыма, ужо прывезьлі) камень на магілу Васіля Быкава. Гэта – дзьвюхзпаловайтонны гранітны валун, “шынялёвага салдацкага колеру, са сьветлымі пражылкамі – спляценьнямі каранёў, шляхоў, лёсу”, як гаворыць кіраўнік незвычайнай акцыі паэт Уладзімір Някляеў. Камень-помнік адшукалі на ўскраіне Хельсінкі...
Адразу чую галасы: “А што – не маглі знайсьці прыстойны камень на Беларусі? Вунь іх колькі ў нас!”
Па-першае, гэта воля, запавет самога Васіля Быкава. Ён пажадаў, каб на ягоную магілу лёг камень менавіта з Суомі, той краіны, што дала яму прытулак у апошнія гады жыцьця. А, па-другое...
А, па-другое, усе нашыя беларускія камяні-валуны таксама адтуль – са Скандынавіі, гэта значыць, і з Фінляндыі. Прыкладна адзінаццаць тысячаў гадоў таму скончыўся палеаліт, пачаўся мезаліт, і зьніклі ледавікі, што велізарным шчытом пакрывалі значную частку нашай тэрыторыі. Сьнег і лёд расталі, вада сьцякла рэкамі і ручаямі, а маўклівыя госьці са Скандынавіі і сёньня ляжаць на нашых палетках, у падмурках нашых замкаў і храмаў.
Такім чынам, камень усё роўна быў бы “адтуль”. Васіль жа Быкаў, як мне думаецца, пажадаў каб менавіта “новы” камень, камень-вікінг, як я яго называю, лёг на ягоную магілу вечным сімвалам еднасьці сёньняшняй Беларусі з сёньняшняй Фінляндыяй, а, значыць, з усёй сёньняшняй Еўропай.
Ды будзе гэтак!

l l l
Чачня – хворая печань Расіі. Дзяўбуць-дзяўбуць яе расейскія арлы (успомнім Праметэя, прыкутага да каўказскіх скалаў), але нічога ў іх не атрымліваецца.

Я – еўрацэнтрыст
Я – еўрацэнтрыст. Гэта значыць, што я чалавек, які лічыць Еўропу (Еўрапейскі Саюз) сваім духоўным цэнтрам. На Беларусі еўрацэнтрыстаў пакуль што няшмат. Але будучае несумненна за намі. Чаму? Таму што кожны нармальны чалавек інстынктыўна імкнецца да грамады, да больш вялікай групы людзей. Там, за шчыльнымі людскімі сьпінамі, лягчэй схавацца ад зьвярыных кіпцюроў, ад бяды, ад холаду і голаду, ад адзіноты. У Расіі 145 мільёнаў насельніцтва. У Еўрасаюзе – 456. Ні ў якім разе не адмаўляючы “расейскі” вектар як адзін з вектараў, зазначым, што ў расейцаў больш вялікая тэрыторыя, але яна неасвоеная, ляжыць у камарынай тайзе і на вечнай мерзлаце. Грошай і сучасных тэхналогіяў у Аб’яд­нанай Еўропы ў шмат разоў болей, чым у Расіі, і таварны рынак там значна шырэйшы і багацейшы. Там мноства культурных шэдэўраў часоў антычнасьці, Рэнесансу. Там падтрымліваюцца ўсе культуры і ўсе мовы (анг­лійская – саамская), там яны не памруць. Там хопіць высокааплочваемай працы для нашай моладзі.
У Расіі вялікія запасы нафты і газу? Ну й што? Па-першае, гэта ня нашы з вамі запасы. Па-другое, з такімі шалёнымі тэмпамі распрадаж іх хопіць усяго на некалькі дзесяцігоддзяў. А, па-трэцяе, што такое вялі­кія запасы энерганосьбітаў у наш час? Трэба, каб іх нехта купіў. А тая ж Еўропа спакойна можа замест расейскай нафты купіць нарвежскую, іракскую, аравійскую нафту, лівійскую... І сядзі тады ў сваёй хатцы, пі чай у прыкуску са сваёю нафтаю. Вядома, у некага ў Расіі ёсьць цешча, сват, але асабіста ў мяне такой радні там няма. Да таго ж, “Норд-Ост” з Бесланам не дадаюць Расіі папулярнасьці. Каму патрэбна вечная вайна, вечныя тэракты?
Мы, беларусы, спрадвеку былі еўрапейцамі. Нашы рэкі (Нёман, Заходняя Дзьвіна, Дняпро) цякуць у Атлантыку, г. зн., у Еўропу.
Рабіцеся еўрацэнтрыстамі!

l l l
З тэлевізійнага дакументальнага фільму даведаўся, як у верасьні 1954 году на Тоцкім палігоне (Паўднёвы Урал) адбываліся выпрабаваньні савецкай атамнай бомбы. Побач з эпіцэнтрам выбуху паставілі цагляныя і драўляныя будынкі, разнастайную вайсковую тэхніку (танкі, гарматы, аўтамабілі, трактары і г. д.). Была задзейнічана і жывёла – стаялі, чакаючы бязьлітаснага ядзернага ўдару, вярблюды, сабакі, куры, авечкі... Прычым укормленым тоўстым баранам павесілі на шыю сьпецыяльныя жэтончыкі, на якіх былі ўказаны іхнія, так мовіць, вайсковыя званьні-пасады. Бліжэй ад усіх да эпіцэнтру знаходзіўся баран – “камандзір узводу”, крыху далей – “камандзір роты”, потым – “камандзір палка”. З фільма я не ўлавіў, ці былі там бараны-“генералы”. А вось людзі там, аказваецца, былі! Да танкаў жалезнымі ланцугамі (!) былі прывязаны-прыкаваны (!) жывыя людзі (!). Арганізатары выпрабаваньняў хацелі праверыць, як зрэагуе чалавечая плоць на выбух атамнай бомбы. Плоць, вядома ж, зьнікла. Засталіся толькі чорныя абсмаленыя касьцякі.
Хто былі тыя няшчасныя людзі? Зьняволеныя, асуджаныя на сьмяротнае пакараньне? Камсамольцы-дабраахвотнікі?! Фанатыкі навукі з ліку саміх арганізатараў эксьперыменту?! Фільм не дае адказу на такія пытаньні.
Заўважце, што ўжо не было ні Сталіна, ні Берыі. Ужо крочыла па краіне так званая хрушчоўская “адліга”. Вось табе і гуманізм савецкай навукі!

l l l
Люблю ваўкоў. Люблю тых, каго штодзень і штоноч высочваюць, выпільноўваюць, на каго ставяць розныя пасткі, рыхтуюць усемагчымую зброю, нацкоўваюць зграі сабак, палююць з верталётаў. А яны – жывуць. Як бясплотныя лёгкія цені, імчацца па белым зімовым полі пад срэбным бляскам месяцу, ідуць, сьлед у сьлед, чорнай восеньскай ноччу пад ветрам і дажджом. Паміраюць ад паляўнічых куляў, засланяючы сабою сваіх дзяцей і сваіх ваўчыц...
Індаеўрапейскія народы, у тым ліку і беларусы, пры ўсім страху перад ваўком паважаюць яго. Ваўчыныя жывучасьць і ўпартасьць, кемлівасьць і вернасьць падабаюцца людзям. А ведаеце, дзеля чаго Бог стварыў ваўка? Для таго, каб даць працу і хлеб маленькім дзецям-пастушкам. Даўным-даўно таму грымела шмат войнаў, мужчыны загінулі, а іхнім дзецям не было чым карміцца. Чароды кароў, коз і авечак мірна пасьвіліся ў лугах без чалавечага прыгляду, бо ніхто на іх не нападаў. І вось Бог паслаў у гэтыя лугі ваўка, а ўсьлед за ім пастушкоў. Прыгожая беларуская народная легенда, ці ня праўда? А яшчэ наш народ склаў дасьціпную легенду пра тое, як наогул зьявіўся на зямлі воўк. Аказваецца, чорт люта зайздросьціў Богу, які, як вядома, стварыў усіх жывёлаў. І вось чорт, седзячы ў сваім іржавым балоце, вырашыў паспаборнічаць з самім Богам – узяў і павялічыў у памерах сабаку. Даў яму даўжэзныя іклы і кіпцюры і, калі Бог ішоў па дарозе, нацкаваў сваё страхавіднае стварэньне на Бога. Але воўк не зварухнуўся, быццам быў звычайным цюцькам. Толькі выкі­нуў з шырокага зубатага роту доўгі шурпаты язык...
Бог пагладзіў ваўка, сказаў:
– Кусі, воўча, чорта!
І воўк так грызануў чорта, што той з перапуду ўскочыў на балотную крывую алешыну. Вось чаму ў яе такая чырвоная драўніна. Ад чарцячай крыві!

Нацыя
Усё часьцей у назвах установаў
слова “Беларуская” падмяняюць
словам “нацыянальная”.
З назіраньняў майго суседа.

Лепяць нацыю, лепяць...
Душу народную сьлепяць.
Лоб ад славяніна.
Нос ад армяніна.
Рот ад татарына.
Зад ад балгарына.

Лепяць нацыю, лепяць...
Што за рак,
Шчупак і лебедзь?

Што за кентаўр?
Што за дыназаўр?

Чым булку – нацыю новую
З чужога цеста ляпіць,
Лепей сваю, мясцовую,
Беларускую палюбіць.

Над ёю вякі прагулі.
Стагоддзі яна ўжо ёсьць.
На нашай сьвятой зямлі
Яна – Гаспадыня.
Ня госьць.

l l l
Аднойчы на вясеньнім суботніку ў Доме творчасьці “Каралішчавічы” мне давялося працаваць побач з Янкам Брылём. Граблямі ды мётламі мы ссоўвалі ў вялізныя гурбы мінулагодняе іржавае лісьце, абламаныя ветрам і сьнегам галіны дрэў. Калі прыпыніліся трохі спачыць, Янка Брыль сказаў мне, шырока ўсміхаючыся :
– Прыгожае прозьвішча ў вас, Лёня. Дайнека.
Мне, вядома ж, прыемна было пачуць з вуснаў славутага нашага пісьменьніка пахвалу, хоць і ня мне і не маёй творчасьці, а майму прозьвішчу. Я з удзячнасьцю зірнуў на Брыля. Рослы, магутны, з адкрытым прыгожым тварам, ён вылучаўся між усіх пісьменьнікаў. Нездарма ён служыў калісьці ў марской пяхоце і нездарма нарадзіўся ў самым марскім з усіх марскіх гарадоў – у Адэсе. Для мяне, марамана, людзі хоць нечым злучаныя з морам – духоўныя браты. Вось таму і Янку Брыля, шаноўнага Івана Антонавіча, я адношу да той жа нязломна-непатопнай каманды. Мне падабаюцца ягоныя мудрыя творы і ягоны прыродны дэмакратызм.
Ён нарадзіўся ў 1917 годзе. Раней з прыдыханьнем казалі: “Ён – равесьнік вялікага Кастрычніку”. Цяпер ужо так не гавораць. Патухлі, так і не асьвятліўшы дарогу да шчасьця працоўным усяго сьвету, кастрычніц­кія вогнішчы. Сакратары абкамаў зрабіліся банкірамі. Новы час. Новыя мэты.
Бог дараваў яму магчымасьць перажыць бальшавіцкі эксьперымент. І гэта – вялікае шчасьце для яго і для ўсіх нас. Сёньня ён – капітан нашага літаратурнага карабля. Няхай грыміць шторм і шалеюць чорныя суровыя хвалі, але побач з ім, духоўным волатам, слабыя робяцца моцнымі. І я кажу яму:
– Прыгожае ў вас прозьвішча, Іван Антонавіч, вострае і яркае, як успышка маланкі над морам – Брыль.

l l l
З усіх навакольных еўрапейскіх сталіцаў Менск маладзей па ўзросьце толькі Кіева. А так ён старэй Масквы, Варшавы, Стакгольма, Берліна, Хельсінкі, Вільнюса, Рыгі, Таліна, Кішынёва... Вось табе і беларусы! Раней ад усіх змайстравалі-адштукавалі сабе сталіцу-камяніцу!

l l l
Пераходзячы вуліцу на зялёнае сьвятло, я заўсёды лаўлю сябе на неадчэпнай думцы, што вось тут, дзе ступае мая нага, некалькі імгненьняў назад шалёна ляцела мая сьмерць у выглядзе імкліва-гарачых цяжкіх аўтамабіляў. Я мог сутыкнуцца з ёй і зьнікнуць назаўсёды. Нас, мяне і сьмерць, разьдзяліў сьветлафор, міргнуўшы сваім суровым вокам. А можа і зараз на мяне таранна імчыцца аўтамабіль-прывід, аўтамабіль-невідзімка? Я нярвова азіраюся.
На нас, людзей, палюе сьмерць. Палюе кожную хвіліну.
Калісьці я жыў у Менску на вуліцы Сямёнава. І мне край як трэба было тэрмінова пайсьці на Серабранку да брата маёй жонкі Зінаіды. Я быў лёгкі на нагу і пайшоў да свайго швагра праз раку Сьвіслач па старым нешырокім драўляным мосьце. Толькі я зрабіў некалькі крокаў па мосьце, як з суседняга завулку вырваўся цэлы табун коней (!), галоў дваццаць-трыццаць (!), і паімчаўся проста на мост, г. зн. на мяне. Коні ў гора­дзе? Ярасны спуджаны табун сярод белага ціхага дня? Я ніколі б не дадумаўся да такога, не паверыў у такое, але гэта здарылася асабіста са мной, амаль у цэнтры Менску, і няўмольныя, сьмяртэльна напалоханыя нечым коні ляцелі на мяне. Я зразумеў, што праз некалькі імгненьняў загіну – яны ператруць мяне сваімі цяжкімі вострымі капытамі ў крывавую кашу. Бегчы назад? Позна! Замахаць кулакамі? Закрычаць дзікім голасам, каб спыніць бела-чорна-рудую лавіну? Але ў сваім жаху яны ўжо ня бачаць мяне, чалавека! О, гэты гуд капытоў!
Мяне выратаваў Бог. Ён кінуў маё здранцьвелае ад нечаканейшага супершоку цела з моста ў раку. Прычым, не ў ваду, дзе тырчалі нейкія завостраныя драўляныя палі і дзе б я, несумненна, разьбіўся. Бог зрабіў усё так, што я скокнуў уніз, учапіўся рукамі ў саменькі край моста і завіс над ракой. Праз секунду-дзьве каля мяне, амаль на ўзроўні маёй галавы, прагрымеў жахлівы табун. Пякучым ветрам сьмерці абдало твар. Закалаціліся бярвеньні.
На нас, людзей, штохвілінна палюе сьмерць. Кожны міг памятайце пра гэта.

Магілёўшчына
А я таксама з Магілёўшчыны, і ў мяне...
І ў мяне ёсьць мая Магілёўшчына –
Чыгрынаўшчына... Куляшоўшчына...
Пысіншчына... Гаўрусёўшчына...
Сербантовіччына... Пісьмянкоўшчына...
Мая Магілёўшчына!