12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дайнека

_____________________
Пра лісоўшчыка злога хлопчыка.
Раман. (Заканчэнне)


XIV

Лісоўчыкі пайшлі на ўсход улетку 1607 года. Пе­рад гэтым адбылося шмат дужа нечаканых, дужа бліс­кучых і дужа крывавых падзеяў. 20 чэрвеня 1605 года Дзмітрый Першы ўрачыста ўступіў у Маскву. Ярка ззя­ла ў блакітным небе прамяністае цёплае сонца. Па­перадзе крочылі літаўршчыкі і трубачы. Гучаў напорысты вайсковы марш. Следам за імі густымі шыхтамі ўліваліся ў горад вершнікі з дзідамі і пішчальнікі. Праносіліся цудоўна аздобленыя калясніцы, у якія шасцернямі былі запрэжаныя коні з царскай стайні. Потым громам сваіх барабанаў аглушылі наваколле барабаншчыкі. Ішлі праваслаўныя святары з крыжамі і маскоўскія дружыны. Новы цар гарцаваў на белым кані ў атачэнні шасцідзесяці самых радавітых, самых знаных князёў і баяраў. Як за пчалінай маткаю, за Дзмітрыем Іванавічам клубіўся бясконцы шчыльны рой ліцвінаў, ляхаў, немцаў, казакоў і стральцоў. Радасна званілі званы маскоўскіх цэркваў. Народ запаланіў усе вуліцы, ляпіўся на дахах будынкаў, на вежах і замкавых сценах. Нібы па ўзмаху нейкай чароўнай рукі, людзі валіліся на калені, з неймавернай жарсцю ўсклікаючы:
– Добры дзень, айцец наш, гасудар і вялікі князь Дзмітрый Іаанавіч, выратаваны Богам для нашага працвітання! Ззяй і красуйся, о, сонца Русі! Многія лета гасудару нашаму Дзмітрыю! Ды загінуць ворагі ягоныя!
Уздым і славаспеў быў усеагульны. Умее Масква вітаць сваіх уладароў. Адразу пачаліся пышныя баляванні. Цар з вяльможамі і святарамі шумна баляваў у крамлёўскім палацы. Усе астатнія пілі і весяліліся да глыбокай ночы на плошчах і вуліцах пры святле траскучых вогнішчаў. Але, як здавён павялося ў Масковіі, вялікае віно заўсёды льецца перад вялікай крывёю.
Напачатку амаль усе верылі, што новы цар і ёсць шчасліва ацалелы сын Івана Жахлівага дзевяцігадовы Дзмітрый. Казалі, што Гадуноў, надумаўшы пазбавіць юнага царэвіча жыцця, расказаў пра свой намер ягонаму доктару, старому немцу Сіману, і запытаў, ці згодны той удзельнічаць у такой справе. Немец даў згоду, але загаварыла ў ім хрысціянская душа, і ён адкрыў жахлівую тайну хлапчуку. «Ці зможаш ты, царэвіч, сцярпець выгнанне, бядоты і жабрацтва, калі Богу заўгодна будзе выпрабаваць цябе ўсім гэтым?», – спытаў немец. «Змагу», – цвёрда адказаў Дзмітрый. І Сіман прашаптаў яму на вуха: «Гэтай ноччу цябе хочуць забіць. Кладучыся спаць, памяняйся адзеннем са слугою, сваім равеснікам, і хай ён ляжа ў твой ложак. Сам жа схавайся за печчу». Дзмітрый зрабіў усё дакладна так, як навучыў яго медык. Роўна ў поўнач ціхенька расчыніліся дзверы апачывальні, увайшлі два чалавекі і зарэзалі таго, хто спаў у ложку. Самі ж уцяклі. Раніцою ўзняўся крык, гвалт – убачылі зарэзанага. Маці-царыца кінулася да трупа і, не разабраўшыся ў вялікім адчаі, што гэта не ейны сын, пачала галасіць. Царскі палац напоўніўся ўзброенай вартай. Шукалі забойцаў, рэзалі ўсіх, хто падвярнуўся пад руку. Дзмітрый жа схаваўся ў дальнім куточку палаца, сядзеў там, як мыш, да самай цемры. Потым Сіман вывеў яго, і яны на конях паімчалі далей ад Вугліча. Спачатку знайшлі прытулак у князя Івана Мсціслаўскага, якога яшчэ Іван Жахлівы выслаў у Северскую Украіну. Затым перабраліся ў Вялікае Княства Літоўскае.
Цар Барыс Гадуноў, вядома ж, адразу знайшоў людзей, якія бачылі як Дзмітрый гуляў з ножыкам-складанчыкам і напароўся на вострае лязо падчас прыпадку эпілепсіі. Той жа, хто называе сябе ўратаваным царэвічам, аб’явіў у сваёй царскай грамаце Гадуноў, усяго толькі беглы манах Юшка Атрэп’еў. Ды яму ўжо ніхто не верыў. Не верылі памешчыкі. Не верылі сяляне, у якіх ён адабраў Юр’еў дзень і ператварыў у прыгонных. У дадатак да ўсяго на Масковію ў 1601 годзе наваліўся дзікі голад. Усю вясну на працягу дзесяці тыдняў ліў бясконцы дождж, ды такі, што сяляне не маглі ні касіць, ні жаць. А 15 жніўня жорсткі мароз знішчыў увесь зялёны хлеб і ўсе плады ў садах і агародах. У Маскве людзі ляжалі проста на вуліцах і, нібы скаціна, жавалі траву. У мёртвых у роце знаходзілі сена. Конскае мяса зрабілася найдаражэйшым ласункам. Елі сабак, кошак. Людзі былі горш звяроў: кідалі жонак і дзяцей, каб не дзяліцца з імі кавалачкам хлеба. Рабавалі, забівалі за хлебную скібку, пажыралі адно аднаго. Чалавечае мяса прадавалася ў пірагах на рынках. Падарожнікі баяліся спыняцца дзе-небудзь на начлег, бо гаспадары ўначы давілі, рэзалі іх, сонных, каб ператварыць іхнія целы ў жахлівую ежу.
Вось чаму 20 чэрвеня 1605 года ў Маскву ўрачыста ўехаў Дзмітрый Першы – як збаўца, як надзея на лепшае спакайнейшае і сыцейшае жыццё. Яго прызналі патрыярх, баяры, войска. Яго, як свайго роднага сына Дзмітрыя, прызнала царыца Марфа, удава Івана Жахлівага, што трынаццаць гадоў, праліваючы няўцешныя слёзы, жыла інакіняй у Выксінскай пустэльні за пяцьсот вёрстаў ад Масквы. Новы цар паслаў за ёю. І яна прыехала і разам з царом увайшла ў багаты цудоўны намёт, які паставілі каля дарогі. Аб чым гаварылі яны там? Што абяцалі адно аднаму? Марфа, пэўна ж, не забылася, як падчас ейнага выдалення ў ссылку князь Фрол Тацішчаў хвастануў яе з усяго пляча бізуном. «Па якім праве ты б’еш мяне, сваю царыцу?», – спытала тады яна. «Мне загадаў цар», – адказаў Тацішчаў і хвастануў яшчэ балючэй.
Праз нейкі час царыца выйшла з намёта пад яснае сонца і з радаснымі слязьмі шчасця на вачах абняла і пацалавала новага цара, як свайго роднага сына. Народ плакаў ад захаплення. Дзмітрый, далікатна падтрымліваючы пад локаць, пасадзіў маці ў раскошную калясніцу, а сам з непакрытаю галавою некалькі вёрстаў пачціва ішоў за ёй.
18 траўня 1606 года цар Дзмітрый Першы ўзяў шлюб з Марынай Мнішак, дачкой сандамірскага ваяводы Ежы Мнішака, якую каранавалі як маскоўскую царыцу. Яшчэ ў 1604 годзе яна была сасватаная за царэвіча Дзмітрыя. На тым сватаўстве прысутнічаў і горача вітаў яго Леў Сапега. Канцлер хацеў такім чынам непарушна злучыць Рэч Паспалітую з Масковіяй, паказаўшы апошняй шлях з Азіі ў Еўропу. Здавалася, што мара Сапегі аб федэрацыі, аб зліцці ў адну дзяржаву вось-вось здзейсніцца – на маскоўскі трон сеў чалавек, які падтрымліваў канцлераву задуму. Ды ўсё нечакана разламалася, рухнула, пайшло горкім прахам.
Амаль роўна праз год пасля пышнага вяселля (не хапіла толькі аднаго дня!) 17 траўня 1607 года ўдарылі ў звон напачатку толькі ў царкве Святога Іллі. Але праз некалькі імгненняў набатна-трывожна загрымелі званы ўсёй Масквы, усе сорак саракоў, і жыхары стольнага гораду з дзідамі, мячамі і аркебузамі рынуліся на Чырвоную плошчу. Беглі стральцы, дзеці баярскія, прыказныя людзі, гандляры, галота з ускраінаў. Гнеў разрываў душы. Маскавіты ўспомнілі, што яны спрадвеку ганарыстыя людзі, яны праваслаўныя, яны, можна сказаць, пуп зямлі, а тут панаехалі ў іхні горад ліцвіны з ляхамі, нахабна гаспадарнічаюць, як у сябе дома, задзіраюць угору вус.
– Бі лаціннікаў ды іхняга цара, іхняга расстрыгу-скамароха! – бушавалі вуліцы і плошчы.
Каля Лобнага месца раз’юшаны народ ужо чакалі, седзячы на конях у поўных баявых даспехах, баяры, князі і ваяводы. Расчынілі Спаскую браму, што вядзе ў Крэмль. Князь Васіль Шуйскі, трымаючы ў адной руцэ меч, у другой – распяцце, з суровым і натхнёным бляскам у вачах уехаў у Крэмль, злез з каня, у храме Успення пацалаваў святую Уладзімірскую ікону, крыкнуў натоўпу:
– Ідзіце ў царскі палац і ў славу імя Божага схапіце злога ерэтыка!
Яму не давялося паўтараць свой кліч. Не першы раз бунтавала Масква. Тутэйшы люд, што яшчэ ўчора самааддана падаў на калені перад новым царом, страсна цалаваў зямлю там, дзе ступала ягоная нага, нібы гэта быў пераможца на Куліковым полі ці заваёўнік Казані, сёння гатовы быў разадраць яго на дробныя кавалкі. У чым прычына такіх рэзкіх пераменаў, такіх катастрафічных хістанняў настрою? Цяжка адказаць адназначна. Але, думаецца, далёка не апошняя роля належыць тут псіхалогіі вечнага чалавека-нікчэмніка, хітрага раба, які вымушаны цалаваць руку, што хвошча яго па шчоках, шчасліва ўсміхацца і патаемна марыць аб тым дні, калі можна будзе адсекчы гэтую ненавісную руку па самы локаць.
Цар, разбуджаны крыкамі, усхапіўся са свайго ложа, хуценька апрануўся. Потым зірнуў у вакно, убачыў, як пад ранішнім сонцам ярасна блішчаць вострыя дзіды і мячы.
– Што гэта? – здзівіўся ён.
– Пэўна, гарыць Масква, – адказалі яму.
– Дзе Басманаў?! – закрычаў цар. – Пазавіце да мяне майго вернага Басманава!
У апачывальню ўбег Пётр Басманаў, які начаваў у палацы непадалёк ад цара, сказаў з вялікім адчаем:
– Усё скончылася. Масква бунтуе. Хочуць тваёй галавы. Ратуйся.
У сенях, што вялі ў царскія пакоі, ужо ўсё калацілася пад цяжкімі нагамі лютага натоўпу. Цар пабялеў, выхапіў з рук у целаахоўніка немца Шварцгофа бярдыш, рэзка расчыніў дзверы ў сені, адважна крыкнуў у твар нападнікам:
– Я вам не Гадуноў! Я – сын Іаанаў!
У адказ прагучалі стрэлы з аркебузаў. Кулі цудам не зачапілі цара. Ён зачыніў дзверы, закрыў іх на металічны прэнт.
У палацы было пяцьдзесят немцаў ахоўнікаў, каля трыццаці ліцвінаў і палякаў, слугі і музыкі, што кожны вечар цешылі цара песнямі і вясёлымі скокамі. І быў Пётр Басманаў, ваявода цара Фёдара Барысавіча, які адхітнуўшыся ад сямейства Гадуновых, паверыў новаму цару, стаў на ягоны бок і прысягнуў яму. Цяпер гэтую прысягу трэба было аплочваць уласнай крывёю, уласным жыццём.
Калі пачалі біць у дзверы, ламаць іх, Басманаў выйшаў да натоўпу, пачаў угаворваць князёў Галіцыных, баяраў Міхайлу Салтыкова і Міхайлу Тацішчава адумацца, супакоіцца, не ўсчынаць крывавы бунт.
– Міхайла Васільевіч, – з мальбой у голасе і бледнасцю на твары сказаў ён Тацішчаву, – я выратаваў цябе ад ссылкі, абараніў цябе перад царом Дзмітрыем Іаанавічам. Абарані ж і ты мяне. Не дай праліцца крыві. Цар за гэта даруе табе новыя міласці.
– Зладзей! Каціся ў пекла разам са сваім царом! Каціся каўбаскай па Малой Спаскай! – плюнуў яму ў твар, размашыста варсануў нажом проста ў сэрца Тацішчаў. Гэта адбылося так імгненна, так нечакана, што ўсе прысутныя на нейкі момант як бы аслупянелі. І адразу ж пралітая кроў уладна запатрабавала новай крыві. Народ пачаў уломвацца ў палац, усё змятаючы на сваёй дарозе. Стаяў дзікі крык:
– Літва рэжа баяр! Абаронім нашых баяр!
Раззброілі целаахоўнікаў. Тых, хто спрабаваў супраціўляцца, забілі. Шляхціц Канстант Вішнявецкі страляў у натоўп з лука, паклаў некалькі чалавек, ды ўрэшце яго звалілі на падлогу, пачалі біць, трушчыць нагамі. Цар памкнуўся быў яшчэ раз выйсці ў сені, закасаў рукавы сваёй чырвонай кашулі, схапіў шаблю, што вісела на сцяне, але раптоўна перадумаў, кінуў шаблю, абмяк, атуліў твар рукамі. Хто б ён ні быў, самазванец або прыроджаны царскі сын, ён, як кожны чалавек, не хацеў паміраць, хацеў жыць. І ён, ратуючыся, пабег па шматлікіх палацавых пакоях, як па нейкім жахлівым лабірынце.
Тым часам бунтаўшчыкі высеклі загадзя прынесенымі сякерамі дошкі ў сцяне, пралезлі з сяней у царскую апачывальню, ірвануліся следам за царом, як ганчакі за ваўком. Тупат мноства ног заглушаў усе іншыя гукі.
Каля пакоя сваёй жонкі Марыны цар на імгненне прыпыніўся, крыкнуў:
– Ратуйся! Хавайся!
На жаночай палове палаца ўсчаўся віск. Царыцыны фрэйліны з вялікага перапалоху трацілі прытомнасць. Адліваць іх вадой не было каму, бо прыслужніцы і прыслужнікі пахаваліся хто куды. Ды не ўсе фрэйліны змярцвелі ад жаху. Адна з іх, палячка Хмялеўская, схапіла цяжкую качаргу ад каміна і стукнула ёю стральцу па галаве. Стралец упаў, але ўпала і паненка Хмялеўская – куля прашыла ёй грудзі. Разам з Хмялеўскай былі дзве маладзенькія фрэйліначкі.
– Пакаштуем салодкага мяска! – залемантаваў, завыў злюцелы натоўп. Фрэйліначак згвалцілі і тут жа забілі.
Цар увабег у нядаўна пабудаваны каменны палац, азірнуўся. Пагоня была непадалёку. Чырвоныя распараныя твары стральцоў і дзяцей баярскіх гарэлі нянавісцю. І тады ён скочыў у вакно, мяркуючы патрапіць на падмосткі, якія ўзвялі да дня ягонага вяселля. Падмосткі былі мокрыя ад начнога дажджу. Цар паслізнуўся, страціў раўнавагу, паляцеў уніз на цвёрдую зямлю.
Ён разбіў сабе грудзі і галаву. З рота палілася кроў. Ён ляжаў і пакутліва стагнаў. Немец-ахоўнік Фірстэнберг узяў цара на рукі, занёс назад у царскі пакой, пачаў абмываць раны халоднай вадою. Неўзабаве туды ўламаліся баяры, каб дапытваць пакалечанага цара, які то траціў прытомнасць, то на нейкі час выплываў з забыцця. Фірстэнберга забілі, не жадаючы мець сведку допытаў.
– Хто ты? – пыталіся баяры. – Расстрыга Грышка Атрэп’еў з Чудава манастыра?
– Я – сын цара Іаана Васільевіча Дзмітрый, – цвёрда адказваў гэты дзіўны таямнічы чалавек, і вочы натхнёна блішчэлі.
Тут у царскі пакой раптам увайшло пятнаццаць-дваццаць узброеных стральцоў, якія раней ахоўвалі цара. Стральцы адцяснілі баяраў, сказаўшы:
– Мы не выдадзім яго. Прывядзіце царыцу-інакіню. Калі яна аб’явіць, што ён ейны сын, мы памрэм за яго. Калі ж акажацца, што ён Ілжэдзмітрый, забірайце з сабой.
З келлі прывезлі Марфу, і пры ўсім народзе былая царыца прызналася, што яе роднага сына зарэзалі ў Вуглічы, і ён сканаў у яе на руках.
– Гэты ж смярдзючы пёс, – Марфа палахліва азірнулася на пакалечанага, які цяжка стагнаў, – ніякі не царскі сын. Гэтага аспіда я ніколі не ведала і ніколі не бачыла. А тое, што прызнала ў ім свайго роднага сына, магу патлумачыць толькі жаночай слабасцю і найвялікшым страхам.
Зямны лёс новага маскоўскага цара Дзмітрыя Першага на гэтым скончыўся. Дваране Іван Вайяйкоў і Рыгор Валуеў двума стрэламі з аркебузаў прыкончылі яго. Азвярэлы натоўп кінуўся шкуматаць забітага, раздзіраць на кавалкі. Яго секлі мячамі, калолі дзідамі і бярдышамі, кінулі на ўжо пахаладзелы труп Басманава з крыкам:
– Будзьце неразлучныя і ў пекле! Вы так любілі адзін аднаго!
Потым нябожчыкаў пацягнулі на Лобнае месца. Там іх распранулі да голай скуры. Цара паклалі на стол, начапілі яму на разбіты твар маску блазна, усунулі ў мёртвыя рукі дуду, а ў рот дудку, пачалі кружыцца, танцаваць наўкола з вясёлым прытупам і прысвістам:
– Іграй нам, скамарох!
Тры дні ляжала знявечанае цела на Лобным месцы. Кожны мог падысці і плюнуць на яго, крыкнуць мацерныя словы. Казалі, што ўначы над трупам ззяла яркае святло, а на грудзях у забітага сядзеў белы голуб. Калі ж варта, што хадзіла вакол Лобнага месца, набліжалася, святло тухла, а голуб знікаў. Нарэшце тое, што засталося ад былога цара, вывезлі і закапалі каля палявой дарогі за серпухаўскай брамаю. Ды нядоўга спачывалі ў зямлі тленныя косткі. Якраз тады ў які ўжо раз наваліліся на Масковію ў траўні месяцы люты мароз і голад. Прычыну няшчасця знайшлі вельмі хутка – гэта, вядома ж, быў самазванец-расстрыга, які нават мёртвы, нават лежачы ў труне, наводзіў псоту на праваслаўнае царства. Труп выдзерлі з зямлі, спалілі, змяшалі попел з порахам і з найвялікшай бурнай радасцю стрэлілі ім з гарматы ў той бок, адкуль некалі прыйшоў пракляты ненавіснік.
Ягоную жонку, маскоўскую царыцу Марыну Мнішак, саслалі ў Яраслаўль. Перад гэтым распусцілі чуткі, што падчас штурма царскага палаца яна хавалася пад пышнай спадніцаю сваёй гофмейстэрыны, і да голага дна выграблі цудоўнае залатое адзенне з усіх ейных куфраў.
Ды дарэмна радаваліся Масква і Масковія. Бядоты толькі-толькі пачыналіся. Сакрушальная зваротная хваля, аб якой казаў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Іванавіч Сапега, нястрымна ішла з захаду на ўсход, ішла, усё змятаючы на сваёй вогненнай крывавай дарозе.
Новым царом абралі князя Васіля Іванавіча Шуйскага. Гэта быў адважны і разумны чалавек (яго нават лічылі валхвом), але з някідкай няцарскай знешнасцю. Маларослы, тоўсты, з шырокім ротам і дужа смуглым тварам, з чырвонымі падслепаватымі вачыма. З такім тварам палохаць дзяцей, выскокваючы з канопляў, а не сядзець на залатым троне ў шапцы Манамаха.
Тры дні званілі званы ўсіх цэркваў ад Масквы да Астрахані і Чарнігава, ад Сібіры да Архангельска. У цэрквах чыталі граматы ад баяраў, ад царыцы-інакіні Марфы і новага цара Васіля, якога называлі нашчадкам Кесара Рымскага.
Шуйскі загадаў перавезці з Вугліча ў Маскву цела сапраўднага Дзмітрыя Іаанавіча. Мясцовы люд доўга не згаджаўся выдаць парэшткі юнага пакутніка, але магілу ўсё-ткі раскапалі. Знялі накрыўку труны і ўбачылі прыгожага хлапчука, цела якога за пятнаццаць гадоў ледзь кранула кіпцюрыстая лапа смерці. Твар і валасы на галаве былі цэлыя. На тонкай шыі зіхцелі жамчужныя каралі. Левая рука ўсё яшчэ трымала вышываную хусцінку. Хлапчук быў апрануты ў залатое і срэбнае адзенне, абуты ў маленькія чырвоныя боцікі. Ды найбольшае замілаванне і слёзы выклікала ва ўсіх тое, што ў правым кулачку юны нябожчык сціскаў жменьку лясных арэхаў. Пэўна, толькі захацеў паласавацца імі, а яго раптоўна ўдарылі нажом.
Плакала ўся Масковія. За грозныя стагоддзі, што праляцелі на ейных велізарных абшарах, яна добра навучылася плакаць. Але вельмі хутка слёзы гэтыя за непатрэбнасцю высыхалі, і недарэмна кажуць: «Масква слязам не верыць».
Нядоўга піў салодкую мальвазію цар Шуйскі. Амаль назаўтра ж пасля ўрачыстага стрэлу з гарматы, якая была зараджаная прахам самазванца, пайшла ў народзе гаворка, што цар Дзмітрый Іаанавіч жывы і здаровы, што за некалькі гадзінаў да мецяжу ён разам з двума царадворцамі паімчаўся вершна ў невядомым накірунку ў начную імглу. На беразе Акі, непадалёк ад Серпухава, бачылі трох таямнічых мужчынаў. Адзін з іх даў перавозчыку сем залатавікоў, прамовіў:
– Ці пазнаў ты нас? Ты перавёз у сваім чоўне цара Дзмітрыя Іаанавіча, які ратуецца ад маскоўскіх здраднікаў, каб вярнуцца з магутным войскам, пакараць іх, а цябе зрабіць вялікім чалавекам. Вось ён.
І паказаў рукою на свайго маладога маўклівага спадарожніка. Шмат хто сустракаў потым гэтых людзей каля Тулы і каля Пуціўлю, дзе ваяводам быў князь Рыгор Пятровіч Шахоўскі. Яго прыслаў сюды Шуйскі з надзеяю, што той умацуе межы дзяржавы, абароніць дзяржаву ад бунтаўшчыкоў Івана Балотнікава і Хлапка, ад запарожскіх і данскіх казакоў, якія чорнай хмараю навіслі над усім поўднем Маскоўшчыны. Ды Шахоўскі, асвойтаўшыся на новым месцы, асмялеўшы, палічыўшы, што Васіль Шуйскі няцвёрда сядзіць на троне, сказаў перад агромністым скопішчам народу:
– Маскоўскія гарлахваты замест Дзмітрыя забілі нейкага немца. Дзмітрый жа, ісцінны сын Іаанаў, жывы, але хаваецца да часу, чакае нашай з вамі дапамогі. І мы павінны аказаць сапраўднаму цару такую дапамогу, бо крывапіўца Васіль Шуйскі рыхтуе ўсім нам гэткія ж самыя кары, якімі Іван Жахлівы караў, раздзіраў на крывавыя ашмоткі наўгародцаў. Так што не толькі для падтрымкі цара Дзмітрыя, але й для ўласнага ратавання мы павінны паўстаць.
І народ паўстаў. Мараўск, Чарнігаў, Старадуб, Ноўгарад-Северскі, Белгарад, Аскол, Трубчэўск, Кромы, Ліўны, Ялец адклаліся ад Масквы. Тры ж таямнічыя чалавекі выехалі напачатку ў Вялікае Княства Літоўскае, а затым у Польшчу, і неўзабаве ўся Еўропа ведала: маскоўскі цар Дзмітрый Іаанавіч жывы і хутка рушыць у паход, каб адваяваць свой законны трон!
Калі такія весткі дайшлі да Васіля Шуйскага, той разгублена і здзіўлена ўсклікнуў:
– І колькі іх, Іаанавых сыноў, яшчэ будзе на маю бедную галаву?!
Адзін з прыдворных баяраў пажартаваў:
– Юшкам Атрэп’евым стрэлілі з гарматы, а ён прыляцеў, вярнуўся назад.
Ды жарт быў вельмі і вельмі няўдалы. Як звер, гнеўна рыкнуў Шуйскі, схапіў баярына за бараду, закрычаў, пырскаючы слінай:
– На кол захацеў?! Дык пасаджу! І будзеш екатаць там, як шалудзівы пёс, пакуль не здохнеш!
Рэч Паспалітая вырашыла падтрымаць шчасліва ацалелага маскоўскага цара, дапамагчы яму вярнуць трон. І магнаты, і засцянковая шляхта, і Жыгімонт ІІІ Ваза, і Мікалай Крыштоф Радзівіл, і канцлер Леў Сапега былі адзінадушныя: нельга марудзіць, нельга каб умацаваўся, набраў сілу Васіль Шуйскі. Потым яго, як капавы нараст на бярозе, ужо не аддзярэш ад трону. Атрады польскай і ліцвінскай шляхты, у тым ліку і лісоўчыкі, пайшлі ў Старадуб, дзе гуртаваў войска Дзмітрый Іаанавіч, ён жа, па словах крамлёўскіх дзякаў і паддзячых, Ілжэдзмітрый Другі. Зіхцеў росамі, бліскаў маланкамі, заліваўся салаўямі ў зялёных шумналістых гаях чэрвень 1607 года.
Аляксандр Лісоўскі, ганарліва седзячы на ільсніста-чорным порсткім жарабку, сціскаючы эфес шаблі, сказаў-крыкнуў сваім людзям:
– Наступіў наш час. Ідзем уперад. Ідзем хутка. Без правіянту і абозу, але з імем Божым. Бярэм толькі адзін цюк з тканінай, якой перавязваюць крывавыя раны, і два катлы для гарачай ежы. І ўсё. Кормімся самі і кормім сваіх коней тым, што здабудзем у баях. Шануй каня дома, а ён будзе шанаваць цябе ў дарозе. Сёння Масковія як дзіравае рэшата. Бу­дзем прабівацца, пранікаць у ейныя дзіркі, каб біць праціўніка з тылу, на яго ж зямлі. Мяккасардэчным не месца між лісоўчыкаў. Пакорлівым, як быдлятка Валаамава, таксама не месца. Хто баіцца крыві і смерці, поту і мазалёў, няхай застаецца дома. І я не пакрыўджуся на яго. Але той, хто пойдзе са мною, хто дабраахвотна ўзваліць на сябе гэты крыж, ведай: я не дарую слабасці і палахлівасці, не спушчу гультаю і дармаеду. Рымскія мудрацы калісьці навучалі: «Lupus non mordet lupum» – Воўк не кусае ваўка. Няпраўда. Я, Аляксандр Лісоўскі, воўк, і я ўкушу, прытым укушу вельмі балюча кожнага з вас, маіх ваўкоў, хто асмеліцца не паслухацца мяне і не падпарадкавацца мне. Мы ідзем у небяспечны паход без свайго капелана, але з Хрыстом у сэрцы. Паслухаем жа ў напуцце словы, якія скажа нам манах-багамолец Віленскага манастыра Святой Тройцы Ясафат з роду Кунцэвічаў.
Усе ўбачылі высокага танклявага чалавека гадоў дваццаці пяці-трыццаці ў чорнай манаскай расе з капюшонам. Ён рэзкім рухам скінуў з галавы капюшон, трасянуў густымі русымі валасамі. Твар ягоны, аблямцаваны невялікай кучаравай бародкай, быў бледны, свяціўся незвычайнай натхнёнасцю.
– Шаноўнае панства, – звонкім рашучым голасам загаварыў Ясафат Кунцэвіч. – Вы, хрысціянскія рыцары, выпраўляецеся сёння ў далёкі суровы шлях. Там, паміж ворагаў, паміж схізматаў, дзе пад гнётам цароў праваслаўе ператварылася ў пустаслаўе, бараніце нашую святую уніяцкую веру. Яна яшчэ вельмі маладзенькая, яна яшчэ, можна сказаць, дзіця. Хіба ж не абавязак кожнага хрысціяніна, кожнага адважнага мужчыны бараніць ад злыбяды чыстых душою і пакуль што бездапаможных дзяцей? Жорсткім людзям лягчэй жыць на гэтым свеце. Іхняя душа не адчувае болю, смяецца, бачачы чужыя горкія слёзы. Ды вы, ведаю я, не такія. Вера ёсць дар Божы, але каталіцкая, не схізматычная і не ератычная, бо прызнаючы за адшчапенскай верай тое, што яна – дар Божы, вымушаныя будзем прызнаць, што й блюзнерства любой ерасі ёсць дар Божы. Жывіце ж, беручы прыклад з вялікіх біскупаў – Хрызастома, Амброзія, Станіслава, якія не азіраліся на цэзараў, каралёў і вялікіх паноў, а рабілі тое, што паводле Бога і сумлення рабіць належыць. Няхай беражэ вас у нялёгкіх зямных справах вашых Пан Бог. Уславім жа яго, нашага Збаўцу, стаўшы на калені і праспяваўшы «Te Deum Landamus».
Ён апусціўся на калені. Лісоўчыкі злезлі з коней і таксама ўкленчылі. Паляцела да сонечных нябёсаў святая натхнёная малітва.
Калі манах пайшоў, Аляксандр Лісоўскі, весела ўсміхаючыся, сказаў:
– А зараз перад цяжкой і, можа, смяротнай дарогаю ўспомнім наш старадаўні ліцвінскі тост, хоць піць пакуль што не будзем, бо вып’ем толькі пасля перамогі: каб дзеўка кахала, каб куля не брала, каб шабля не падсякала. Уперад жа, паны-брацці!
І ён прышпорыў каня. Тое ж самае зрабілі ўсе, як адзін, лісоўчыкі.

XV

Лісоўскі спяшаўся, не шкадаваў ні сваіх людзей, ні сваіх коней. Маршрут быў такі: Вільня – Менск – Бабруйск – Магілёў – Прапойск – Папова Гара – Старадуб. Ехалі ад самага світання да вечаровай цемры. Потым, спыніўшыся на якой-небудь прыдатнай зялёнай лугавіне каля рачулкі або азерца, путалі коней, пускалі ў змрок скубсці траву, а самі, апаласнуўшыся ў чыстай свежай вадзе, хуценька глыталі сціплую вячэру і, выставіўшы варту, покатам клаліся спаць. І ўжо тады іх, цяжка стомленых, не маглі разбудзіць ні камары, што прагавіта зляталіся з усіх бакоў, ні лугавыя драчы са сваёй аднастайнай траскучай песняю. Моцны быў малады сон.
Неўзабаве лісоўчыкі ўбачылі цвёрды нораў свайго водцы. Пад адным з вершнікаў немцам Рудольфам спусціў дух, сканаў конь, не вытрымаўшы бязлітаснай дарогі. Бедная жывёліна, аскаліўшы жоўтыя доўгія зубы, нерухома ляжала на зямлі. У Рудольфа не было зменнага каня, хоць большасць лісоўчыкаў мелі такіх.
– Дзе тут баярскія і княскія табуны?! – люта закрычаў Аляксандр Лісоўскі. – Каня возьмем там.
Ды ў гэтай беднай лесабалотнай старане, вядома ж, спрадвеку не было ніякіх табуноў, як, дарэчы, не было паблізу ні князёў і ні баяраў. Пустынны здратаваны пастаяннымі набегамі маскоўцаў край. Ці былі тут, увогуле, хоць якія-небудзь людзі?
Людзі былі. Напароліся на невялікую лясную вёсачку, хат дзесяць, не болей. На стрэхах снапы хрумсткага азёрнага чарота. Тырчыць у сіняе неба журавель над старой бярвеністай студняю, у якой па шэрай вадзе плавае зялёнае лісце.
– Чые вы людзі? Якога пана? – грозна запытаў Лісоўскі ў згорбленага сівога дзядка, што сядзеў на прызбе, укутаўшыся ў кажух з аўчынаў, хоць быў летні сквар. Насмерць спуджаны дзядок не паспеў расчыніць рот, каб што-кольвек адказаць, як Лісоўскі ўжо забыўся пра яго, бо ўбачыў на мурожнай вузкай вуліцы мужычка з канём. Мужычок, як і конь, быў яркай рудой масці і вёў сваю скацініну, учапіўшыся худой рукою ў вяроўчатую аброць.
– Стой! – загадаў яму Аляксандр Лісоўскі, пад’ехаў упрытык, саскочыў на зямлю, вырваў з ягонай рукі вяроўку, сказаў немцу Рудольфу:
– Бяры. Які ні які, а конь. Ты – Рудольф. Конь руды. Чым не пара?
Агаломшаны мужычок застыў у здранцвенні. Потым, уцяміўшы нарэшце, што дзеецца, бухнуўся перад суровым незнаёмцам на калені, пачаў прасіць ломкім дрыготкім голасам:
– Пан, не забірай майго канька. Я без яго прападу. Мая сям’я прападзе з голаду.
Лісоўскі з хмурасцю пазіраў на яго. Мужычок, усё болей распаляючыся, поўзаў перад ім на каленях.
– Што круцішся, як вуж на гарачай блясе?! – закрычаў Лісоўскі. – Змоўкні, бо ты ў мяне з рудога зробішся сінім, як загадаю спаласаваць бізунамі! Айчына патрабуе! Ведаеш, што такое Айчына?! Пайшоў прэч, хам!
Нагою ў скураным чырвоным боце ён ударыў мужычка ў вузкія грудзі. Той упаў на спіну, падавіўшыся ўласным крыкам. Адчайна-слёзна блішчэлі шэрыя вочы. Пальцы тонкіх дужа загарэлых рук упіваліся ў жаўтлявы пясок.
Немец Рудольф, якому Лісоўскі аддаў мужыцкага каня, не ведаў, што рабіць, нервова кусаючы пухлаватыя вусны. Ён разумеў: з-за яго ляжыць на зямлі і па-сабачы скуголіць худы змучаны чалавек у бедным неахайным адзенні. Ён, забіраючы каня, забірае ў гэтага чалавека і ў ягоных дзяцей (а дзяцей, пэўна ж, шмат) само жыццё. Але ж, калі каня дае сам Лісоўскі, ні ў якім разе нельга адмаўляцца, бо грозны водца можа ўбачыць у гэтым палахлівасць, а палахлівых Лісоўскі ненавідзіць.
Рудольф расшпіліў на сваёй белай тоўстай шыі бронзавы ланцужок, зняў з ланцужка скураны кашалёк з грашыма, аддаў селяніну:
– Вазьмі. Купіш новага.
І адвярнуўся. І пачаў ладкаваць на спіну мужыцкаму каньку сваё прыгожае баявое сядло з высокай пярэдняй лукой-кульбаком, што ахоўвала жывот ад удараў варожай дзіды. Сеў, моўчкі паехаў. Яго дагнаў Аляксандр Лісоўскі, здзіўлена спытаў:
– Навошта аддаў усе свае грошы?
– У мяне яшчэ шмат сілы і крыві, і я яшчэ змагу зарабіць новыя, – адказаў немец.
– І ўсё-ткі навошта аддаў?
– Так трэба, – строга прамовіў Рудольф.
– Як – так? – не сунімаўся Лісоўскі.
– Так, – лаканічна прагучала ў адказ. І болей у зацятага немца-лютэраніна нават гарачымі абцугамі нельга было вышчаміць ні слова.
Усё далей і далей прасоўваліся на ўсход. Удзень няшчадна смаліла сонца. Калі ж яно хавалася за лясы, ярка ззялі над зямлёй зоркі, начныя агні нябёсаў.
Антон Даніловіч-Гоцкі заўсёды ехаў побач з Лявонціем Кукарэцкім, стараўся апекаваць маладзенькага гарачага пісарчука. Лявонцій жа моцна пасябраваў з палеманістам сцяганосцам Марцінам Жабыка-Жэмбам, круціўся на аднавухім коніку каля яго. Да гэтай тройцы паступова прыбіўся-прыцёрся Іван Мастоўскі. Быў ён даўнім сябруком Аляксандра Лісоўскага, ды не выпадала на людзях адкрыта паказваць сваю сімпатыю да грознага пана палкоўніка. Так і ехалі чацвёра лісоўчыкаў па зялёнай летняй зямлі і не ведалі, што чакае іх наперадзе.
Каля Магілёва пераправіліся цераз Дняпро. Ледзь не ўтапіліся самі і не ўтапілі сваіх коней, калі знянацку ўсчалася дзікая бура і хвалі ўздыбіліся сцяной. Потым паўдня сушыліся, расклаўшы ў задняпроўскім лесе цяпельцы.
Дняпро даў лісоўчыкам нядрэнны ўрок, і ўжо ў Прапойску яны з лёгкасцю адолелі раку Сож, а затым і Бесядзь, на беразе якой стаіць Папова Гара. Дарэчы, усе называлі яе Попава Гара, і жыхары ейныя былі Попавы. Неўзабаве павінен быў быць Старадуб, дзе цар Дзмітрый Іванавіч Першы збіраў войска, каб рушыць на Маскву, і дзе лісоўчыкаў чакаў Ян Пётр Сапега са сваімі жаўнерамі.
Пякло з бязхмарнага сіняга неба жоўтае сонца. Засмяглым голасам крычала ў глыбіні ссушэлых палёў перапёлка:
– Піць хачу! Піць хачу!
Сярдзіта дзумкалі, хмарамі лёталі над здарожанымі конямі авадні і мухі. Шмат было чорна-жоўтых восаў. У драпежных восаў, як і ў пчол, таксама ёсць мёд. Але мёд гэты нясмачны, кіслы, ці, як кажуць пра яго, гнілы.
За Прапойскам, а потым і за Паповай Гарой пачалася невядомая старана, неабазначаная на мапах, якімі карыстаўся Лісоўскі. Тут дарогу знаходзілі проста: хапалі мясцовага жыхара з ягоным жа канём і змушалі быць правадніком. І гэтак ад лесу да лесу, ад вёсачкі да вёсачкі. Буйных паселішчаў тут не было, а ўсё дробненькія, як макавае зерне, лясныя вёсачкі хатаў на пяць. Людзі, што жылі тут, пэўна ж, хацелі зашыцца ў глухія лясныя нетры, падалей схавацца ад тых, што выбіваюць падаткі і прыпісваюць да баярскай або памешчыцкай зямлі, ператвараюць у цяглых, прыгонных. Але ўрэшце ўсюды з’яўляўся службовец на нястомным кані, са злавесным спіскам у руках. Уратавацца ад яго можна было хіба толькі на небе.
Нарэшце дабраліся да Старадуба, які гудзеў, як пчаліны вулей, быў перапоўнены шумнагалосымі ўзброенымі людзьмі. Людзей было так шмат, што яны не памяшчаліся ў маленькім гарадку, стаялі табарам вакол яго, вытоптваючы лугі і палеткі, высякаючы гайкі і хмызнякі, выпіваючы ўсе рэчачкі і крынічкі. Густы дым ад вогнішчаў засланіў неба, і сонца ў гэтым небе плыло няяркае, цьмянае. Каго тут толькі не было! Данскія і запарожскія казакі. Паўстанцы Хлапка, якіх крамлёўскія дзякі называлі шышамі. Паўстанцы Івана Балотнікава, нядаўняга халопа князя Целяцеўскага. Гэтага Балотнікава захапілі ў палон татары і прадалі туркам. Ён быў весляром на галерах. Галера па-турэцку называецца катырге. Вось адкуль пайшло слова катарга. У Канстанцінопалі Івану Балотнікаву пашанцавала – выкупілі чалавекалюбівыя немцы і адпусцілі на волю. Нейкі час ён жыў у Венецыі, але пацягнула на радзіму. Кемлівы і адважны чалавек, Балотнікаў пачуў у Польшчы пра шчаслівае выратаванне царэвіча Дзмітрыя, прыехаў да яго, убачыў на свае вочы, паверыў і прапанаваў свае паслугі. З усіх бакоў да былога весляра-катаржніка ішлі людзі. Сабраўшы агромністую раць, Балотнікаў павёў яе на Маскву пад сцягамі цара Дзмітрыя. Шуйскі выслаў насустрач войска князя Трубяцкога і баярына Варатынскага. Каля Кромаў і Яльца дзве магутныя сілы сутыкнуліся. Масква так верыла ў непазбежную перамогу, што Васіль Шуйскі загадзя паслаў свайго царадворца з паўнюткім мехам залатых медалёў, каб узнагародзіць найбольш адважных. Ды залатыя медалі трапілі ў рукі Балотнікава, які ўшчэнт разграміў Трубяцкога з Варатынскім. Некаторых палонных ён утапіў, некаторых павесіў у Пуціўлі. Некалькі чалавек загадаў няшчадна адхвастаць бізунамі і адпусціць у Маскву, каб яны перадалі Васілю Шуйскаму самы маленькі залаты медалёк, які толькі адшукаўся ў мяшку. Самога Шуйскага Балотнікаў пагардліва называў «кажушнікам», бо той нават улетку мусіў захутваць свае хворыя ногі ў кажухі.
Пасля такой сакрушальнай перамогі да Івана Балотнікава (цяглы люд велічаў яго – Ванька-Мужыцкі цар) далучыліся са сваімі атрадамі сын баярскі Істома Пашкоў, былы разанскі ваявода сотнік Рыгор Сунбулаў і разанскі дваранін Пракопій Ляпуноў. У сваіх паўднёвых паветах яны, як і Балотнікаў, адпускалі прыгонных мужыкоў на волю.
Пачуўшы пра такое ў Старадубе, Аляксандр Лісоўскі ўсміхнуўся і сказаў:
– Волю маскалі разумеюць па-свойму: нічога не рабіць і штодзень піць.
Акрамя мясцовага люду ў Старадуб прыйшлі вайсковыя аддзелы з Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Былі дабраахвотнікі з Нямеччыны і нават Францыі. Гэтае няўтрымнае людское мора кіпела і клекатала, гатовае па першым зыку трубы адразу ж выступіць у паход.
Аляксандр Лісоўскі, прывёўшы сваіх людзей у Старадуб, сустрэўся з Янам Пятром Сапегам і паступіў пад ягонае начала. Ліцвіны чакалі, ку­ды павядзе іх маскоўскі цар. Чаканне доўжылася, пераносілася з дня на дзень. Некаторыя шляхціцы пачалі гаварыць пра тое, што ніхто іх сюды не клікаў, што ўся гэтая кампанія падман, блудаслоўе. І шмат хто паехаў дадому. Гэта не падабалася Лісоўскаму, дадавала яму новых турботаў. Ён быў вельмі злы і нярвовы.
І для таго, каб суцішыць, змякчыць незадавальненне ўсіх тых, хто прыбыў у Старадуб, цар Дзмітрый Іванавіч Першы паказаўся народу. Гэта было вельмі яркае і ашаламляльнае відовішча. На самай галоўнай вуліцы Старадуба (а вуліц тых было толькі дзве) ланцугамі сталі ўсе ўзброеныя людзі, усе, хто на той час збегам абставінаў і непрадказальнага зямнога лёсу апынуўся ў гэтым горадзе. Здалёку пачуўся ўрачысты звон бубнаў. Пяцьдзесят вершнікаў і паміж іх на вараным жарабку ў срэбнай збруі Дзмітрый павольна праехалі перад усім народам. На цару быў белы атласны кафтан.
З-пад нізка выразанага каўняра бачыліся яркія жамчужныя каралі белай кашулі. Жамчужныя запясці шчыльна сцягвалі каля кісцей шырокія рукавы кафтана, які падперазваўся малінавай шоўкавай папругаю. Аксамітныя малінавыя штаны былі запраўленыя ў жоўтыя саф’янавыя боты са срэбнымі падкоўкамі на абцасах, з высокімі галянішчамі, вышытымі буйнымі гарошынамі жэмчугу. Ззяў пад сонцам залацістага колеру апашань, зашпілены падвойнай брошкаю. На галаве ў цара шыкавалася белая парчовая шапка з гнуткім зіхоткім дыяментавым пяром, якое ўздрыгвала ад самага найслабейшага руху.
Конюхі-пешцы вялі за царом верхавых коней. Адзін конь быў вараны, адзін гняды, адзін буланы, а тры абсалютна белай масці. На галовах у коней хісталіся каляровыя пёры. На конскіх спінах пярэсціліся звярыныя скуры, ўпрыгожаныя бліскучымі каштоўнымі камянямі. Усе шасцёра коней ішлі і весела звінелі бомамі, зробленымі ў выглядзе залатых і срэбных яблыкаў.
Аляксандр Лісоўскі разам са сваімі лісоўчыкамі і ўсім старадубскім людам са здзіўленнем і захапленнем глядзеў на гэтае шэсце, седзячы на кані. Калі цар наблізіўся да іх, усе гледачы, у тым ліку і лісоўчыкі, пачалі яму кланяцца, некаторыя нават станавіліся на калені і радасна ўскліквалі: «Нарэшце ты зноў з намі, бясцэнны скарб нашых душаў!». Лісоўскі толькі нахіліў галаву. «Хто гэты чалавек? – думаў ён, пазіраючы на цара, які быў амаль побач. – Няўжо ён і сапраўды ацалелы Дзмітрый Іванавіч?» Таго, хто цараваў у Маскве, шмат хто бачыў на ўласныя вочы. Казалі, што росту ён сярэдняга, з шырокімі грудзьмі і рыжаватымі валасамі. Твар круглы, белы, амаль без загару, з кірпатым носам. Вочы блакітныя, але няяркія, нейкія цьмянаватыя, без іскрынкі. Пад правым вокам і на ілбе бародаўкі. І, здаецца, адна рука карацей за другую. Зусім не царскі воблік. Ды трымаўся ён з такой упэўненасцю і верай у сябе і сваю фартуну, што па скуры ў тых, хто бачыў яго, бегалі мурашкі.
Гэты ж Дзмітрый Іванавіч быў чарнявы, сухі целам і драбнаваты, смуглым тварам, з часночна-белымі зубамі, якія ярка зіхцелі пад цёмнымі вусамі. Здавалася, ён увесь час усміхаецца. Вочы карычневыя, як лясны восеньскі жолуд, бліскучыя. Вялікі розум ззяе ў вачах і непахісная сіла.
Кажуць, што ён манах-расстрыга Грышка Атрэп’еў, які выратаваўся ад маскоўскіх баяраў падчас бойні ў Крамлі. Кажуць, што настаўнік з Вялікага Княства Літоўскага, з гарадка Шклова, па прозвішчы Мацвей Вяроўкін. А яшчэ ходзяць чуткі, што ён габрэй-выхраст, які прыняў праваслаўную веру, каб сесці на царскі маскоўскі трон. Хто ж ён, гэты таямнічы моцны духам чалавек? Самазванец? Але як можна з дня на дзень, з года ў год жыць пад лічынай іншага чалавека? Прамаўляць ягонымі словамі і думаць ягонымі думкамі. Кожнае імгненне сачыць за сабой, каб у нечым не памыліцца. Пэўна ж, такое жыццё вельмі цяжкое, невыноснае. А ён згадзіўся так жыць і так існаваць. Дзеля чаго?
Цар са сваёй пышнай світаю ўжо даўно праехаў міма, а Лісоўскі, як у нейкім здранцвенні, сядзеў на кані, не зрушваючыся з месца. Потым спахапіўся, суха ўсміхнуўся, сказаў сваім людзям:
– З ім (я не ведаю хто ён) мы заваюем усю маскоўскую і татарскую зямлю. У сэрцы ў гэтага чалавека адначасова жывуць і мароз, і агонь.
Неўзабаве ў стан лісоўчыкаў прыбыў добра ўзброены шляхціц з трыма пахолкамі. Ён назваўся Янам Юрыем Радзівілам.
– Ці не сын, пане, князя Радзівіла? – спытаў Лісоўскі.
– Родны сын, – прагучала ў адказ.
– Вельмі пашанотна, але адразу папярэджваю – у мяне няма ні засцянкоўцаў, ні княжых сыноў. У мяне ўсе – лісоўчыкі, усе роўныя. І спуску нікому не будзе.
– Я ведаю, – адказаў малады Радзівіл.
Ян Юрый Радзівіл напоўніцу выпіў горкі куфаль прыніжэння і знявагі, зрабіўшыся па бацькавай волі свінапасам. Выратавала маці. На каленях яна вымаліла ў мужа дараванне сыну. Сіротка доўга не згаджаўся, прамаўляючы:
– Калі будзеш занадта жорсткі, цябе чакае няўдача. Калі ж імкнешся быць мяккім, можаш прачнуцца ў ланцугах.
Але ўрэшце голас роднай крыві перамог, і князь выправіў сына ў лісоўчыкі, каб не дужа мяккім і салодкім здавалася жыццё. Патрэцца між людзей, панюхае пораху, убачыць свежую чалавечую кроў і, дасць Бог, паразумнее. Так думаў нясвіжскі ардынат Мікалай Крыштоф Радзівіл, і яму было не шкада роднага сына. А калі ён і шкадаваў яго, то незаўважна ад старонніх вачэй.
Малады Радзівіл вельмі хутка асвойтаўся між лісоўчыкаў, як быццам заўсёды быў разам з імі. Дапамагла вясёлая жывая натура і тое, што нямала паездзіў ён па свеце, нямала пабачыў. Адразу ў сваім намёце (праўда, патаемна ад Лісоўскага) княжыч шчодра пачаставаў усіх суседзяў, загадаўшы служку-пахолку адкаркаваць мо з дзесятак бутэлек мальвазіі. Заўважыў Мацвея Карабу, шырока ўсміхнуўся, спытаў:
– Ці не ты стаяў у гансёры на нашым двары?
Ад такіх слоў Караба ўздрыгнуў, кісла зморшчыўся, адмовіўся ад мальвазіі. Калі ж выйшаў з намёту, ярасна выхапіў шаблю і адсек ёю хвост блудліваму сабаку, што на сваё няшчасце падвярнуўся яму пад руку.
Тым часам да Лісоўскага падышоў данчак Макар Бабок, сказаў:
– Памятаеш, пан палкоўнік, як казаў я табе пра Залатую Бабу? Дык то не падман быў, не хлусня. Ёсць яна. І чакае нас у патаемнай пячоры над ракой Об’ю. Сустрэў я тут, у Старадубе, сваіх землячкоў з Дону. Калі паверыш мне, калі адпусціш, прывязем мы табе гэтую Бабу.
Лісоўскі засмяяўся:
– Няўжо, казак, ты спадзяешся знайсці тое золата? Ды яго ўжо калі не людзі, дык мядзведзі даўно выграблі і даўно лапу абсмакталі. Як кажуць: не скубі, пакуль не зловіш. Але – едзь, едзь разам са сваімі сябрукамі. Не забіў я цябе тады ў Валахіі, а зараз адпускаю, адпускаю на ўсе чатыры бакі.
Макар Бабок, зняўшы з галавы барановую шэрую шапку, нізка-нізка пакланіўся палкоўніку да самай зямлі. Потым ускочыў на каня, весела гукнуў таварышоў, і яны (чалавек пяць) з гіканнем паімчаліся па старадубскай вуліцы, пудзячы сонных сабак, узбіваючы сухі пыл, і неўзабаве зніклі, як іх і не было.
Але галоўная частка данскіх казакоў (тысячаў каля трох) засталася ў Старадубе. Вось з імі, з тысячай запарожскіх казакоў атамана Івана Марцінавіча Заруцкага і з тысячай лісоўчыкаў надумаў палкоўнік Аляксандр Лісоўскі рынуцца ўглыб Маскоўшчыны. Нарэшце ён дачакаўся свайго дня, бо ўжо даўно без бою засумавалі душа і шабля.
– Мы хапаемся за галінкі, а забываем пра ствол, – сказаў Лісоўскі Яну Пятру Сапегу, свайму водцу, які нечакана захварэў і ляжаў, надрыўна кашляючы, у сваім паходным намёце, абкладзены распаленымі да чырвані камянямі. – Мы топчамся ў Пуціўлі і Старадубе і не бачым, што робіцца за нейкую вярсту-другую ад нас. А там ёсць сытая Масква і галодная Маскоўшчына наўкол яе. Трэба, каб у харомы маскоўскіх баяраў і самога іхняга цара Васяткі Шуйскага пастукаўся голад. Трэба не прапусціць да іх абозы з хлебам і мясам, адрэзаць ад Волгі і Дону. Трэба хутканогімі яраснымі ваўкамі прабегчы па іхніх бліжніх і далёкіх тылах, што я й надумаў зрабіць са сваімі малойчыкамі. Ці адпускаеш, князь, на такую справу?
– Ідзі, пан палкоўнік, – стомленым ціхім голасам дазволіў Ян Пётр Сапега. – Толькі беражы людзей. Усё можна, аднойчы страціўшы, знайсці нанова: зброю, порах, гарматы і латы. Людзей жа, такіх, як нашыя, людзей, у гэтай старане мы не знойдзем. Мы, людзі, нават самыя найвялікшыя між нас, безабаронныя перад хваробай і смерцю. Беражы ж сваіх ваяроў, як золата берагуць.
– Выканаю тваю волю. Сам памру, але выканаю, – уражаны такімі словамі, адказаў Аляксандр Лісоўскі.
У наваколлі Старадуба да іх далучылася некалькі сотняў балотнікаўцаў, якія пад ударамі войскаў Васіля Шуйскага ўцякалі з-пад горада Тула, дзе некалькі месяцаў трымалі галодную асаду. Былі яны ўсе абарваныя, знясіленыя, вельмі худыя і вельмі злыя. Здавалася, брыдуць, устаўшы з магілаў, нейкія шкілеты.
– Ці не з гасцей, хлопцы, ідзяцё? – быццам не заўважаючы такую сумную карціну, наўмысна вясёлым і бадзёрым голасам спытаў Іван Мастоўскі.
– Так у госці звалі, аж рукавы абарвалі, – адказвалі яму балотнікаўцы. – Але мы яшчэ паквітаемся, ох, як мы яшчэ паквітаемся. Крывавымі слязьмі заплачуць цар Васіль і ягоныя цараняты. Шкада толькі – свайго атамана не ўбераглі.
Атаман іхні, Іван Сцяпанавіч Балотнікаў, раз і назаўсёды паверыўшы Дзмітрыю Іванавічу, прысягнуўшы яму, з некалькімі тысячамі верных людзей, з Ілейкам, які называўся сынам цара Фёдара Барысавіча Пятром, з князем Целяцеўскім, што дабраахвотна ўстаў пад руку свайго былога халопа, зачыніўся ў Туле і, абкладзены з усіх бакоў, змагаўся, як леў. Скончыліся прыпасы. Не было ні кавалачка хлеба, ні жменькі солі. Лютаваў дзікі голад. Ганцы ад Шуйскага абяцалі захаваць жыццё і волю, накарміць, напаіць, зрабіць баярынам, толькі б ён адчыніў браму і здаў горад. Але Балотнікаў сказаў на гэта:
– Мы хутчэй з’ямо адзін аднога, чым здадзімся.
Тады сын баярскі з Мурама Сумін Краўкоў параіў Васілю Шуйскаму затапіць Тулу, ручаючыся сваёй галавою за поспех такой нечуванай справы. Сабралі з усяго наваколля млынароў. Ратнікі ў мяхах дзень і ноч цягалі зямлю на бераг ракі Упы ніжэй горада, і неўзабаве перагарадзілі раку драўлянай плацінай. Вада рэзка пайшла ўгору, затапіла астрог, дзе адстрэльваліся, не здаваліся балотнікаўцы. Хутка ўсе тульскія двары і вуліцы ператварыліся ў сапраўднае мора, па якім можна было толькі ў чоўнах плаваць. Нібы наступіў грозны час сусветнага патопу. І асаджаныя пачалі здавацца – напачатку сотнямі, затым тысячамі. Іван Балотнікаў бачыў усё гэта. У яго, жалезнага чалавека, раптам здрадліва затрымцела-затрапятала сэрца. Не закалоў сябе кінжалам. Не праглынуў атруту. З галавы да ног абвешаны разнастайнай зброяй, ён з’явіўся каля намёту маскоўскага цара Васіля Шуйскага, злез з каня, выцягнуў з похваў шаблю, паклаў яе сабе на шыю і, рухнуўшы ніцма перад Шуйскім, сказаў:
– Я выканаў абяцанне сваё – служыў верна таму, хто называў сябе Дзмітрыем Іванавічам. Не ведаю, хто ён – хлус або сапраўдны цар. Але ён не дапамог мне. Зараз я ў тваёй поўнай уладзе. Вось шабля, калі хочаш мёртвай галавы маёй. Калі ж захаваеш мне жыццё, я памру на тваёй службе самым адданейшым з тваіх верных рабоў.
Ілейку павесілі на Серпухаўскай дарозе. Балотнікава, казацкага атамана Фёдара Нагібу, яшчэ некалькі дзесяткаў самых зацятых і самых ярасных завезлі ў Каргопаль. Кат, апрануты ва ўсё чырвонае, паказаў Івану Балотнікаву шаблю, спытаў:
– Што гэта?
– Мая шабля, – адказаў Балотнікаў.
– Болей ты яе не ўбачыш, – прагучала ў адказ.
Балотнікаву тут жа выкалалі вочы, а потым утапілі ў рачной палонцы, накінуўшы на галаву скураны мех.
Перад самай смерцю, перад тым, як сканаць у чорнай марозлівай вадзе, убачыўся Івану Балотнікаву сон. Стаяў ён, яшчэ вольны і вясёлы, яшчэ са сваімі жывымі сінімі вачыма, яшчэ ў зіхоткай нямецкай кальчузе і з вострай шабляю ў руках, перад высокім залатым прастолам, на якім сядзеў Бог.
– Паміраеш, Іване, – сказаў Бог.
– Паміраю, – згадзіўся Балотнікаў, ды ў голасе ягоным не было ні макулінкі страху, бо не ведаў, што такое смерць. Пра смерць ён, вядома ж, ведаў, кожны дзень бачыў горы скрываўленых яшчэ цёплых чалавечых і конскіх трупаў, сам бязлітасна забіваў, пазбаўляў людзей жыцця. Але ён ведаў пра чужую смерць, пра чужую, а не сваю.
– Паміраеш, – са шкадаваннем у голасе ціха прамовіў Бог. – А за што паміраеш?
– Паміраю за ісціннага цара Дзмітрыя Іванавіча і за мужыцкі народ, – цвёрда, гледзячы Богу ў вочы, хоць гэта й было вельмі-вельмі цяжка, амаль невыносна, адказаў Іван Балотнікаў.
– Ты б’ешся, як кажаш, за мужыцкі народ, але твае ворагі перамогуць, знішчаць цябе і тваіх вояў, а вашую барацьбу назавуць Смутным Часам. Тваіх унукаў ператвораць у бязмоўных нікчэмных рабоў, будуць засякаць іх бізунамі на памешчыцкіх стайнях, а тваіх унучак, тваіх праўнучак забяруць у свае дваранскія гарэмы, каб гвалціць падчас п’яных баляванняў.
– Божа, я не магу пра гэта слухаць!
– Слухай, Іван, слухай. Пераможа, на доўгія стагоддзі пераможа на ўсёй тваёй зямлі лютае прыгоннае права. А недзе праз чатырыста гадоў дзяржава, якая створыцца і ўзмацніцца на землях сённяшняй Маскоўшчыны, аб’віць заканчэнне Смутнага Часу, гэта значыць, заканчэнне тваёй і тваіх людзей барацьбы за мужыцкую волю, сваім найпершым нацыянальным святам.
– Забі мяне, Божа, забі, але я болей не магу чуць такое! <…>

Лісоўчыкі ўсё далей і ўсё глыбей укліньваліся ў бязмежныя абшары Маскоўшчыны, спачатку пад цёплым летнім дажджом, потым пад халодным восеньскім буравеем і нарэшце зімой, калі пачынаюць лётаць белыя мухі снегу, калі на рэкі і азёры кладзецца таўсценны лёд, хоць гарматы вязі, і некалькі дзён запар бушуе бязлітасная суровая завіруха. Гінулі ад варожай зброі і ад нечалавечай стомы людзі. Знясільваючыся, падалі на зямлю коні. Іх адразу ж прырэзвалі і мяса забіралі з сабой, каб на кароткіх прывалах варыць і есці каніну. Аляксандр Лісоўскі, бадзёры і бязлітасны, пастаянна мяняў тактыку вайны. Шведы пісалі пра яго ў рэляцыях свайму каралю: «Лісоўскі ўжо больш не падступае да гарадоў, а прабіраецца, як цень, між імі, спусташаючы ўсё на сваім шляху. Лісоўскі небогведама хто, звычайны чалавек, але з невялікімі людзьмі прайшоў усю Маскоўскую дзяржаву».
Цяжка, амаль немагчыма было вытрымаць такую штодзённую напругу. Паходнае жыццё было вельмі й вельмі суровае і непрадказальна-няяснае, як туман у полі. Смерць з вострай касой стаяла ў кожнага за плячыма. Лісоўчыкі пастаянна жылі ў абдымках з ёю, вось чаму ўладаркаю іхніх душаў і сэрцаў была Дзева Марыя, бо толькі яна магла суцешыць, усё зразумець і ўсё (нават самае жахлівае) дараваць. І немец Рудольф, як бы адзервянеўшы ўсёй сваёй істотаю, акамянеўшы, імчаўся на месца збору, пачуўшы за пяць вёрстаў голас паходнага звона, і патрэсканымі вуснамі шаптаў словы прарока Осіі:
«Смерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога?».
На кожны дзень Аляксандр Лісоўскі прызначаў новы пароль, які нават пад страхам лютага катавання нельга было выдаваць ворагу. Акрамя таго ў кожнага лісоўчыка меўся драўляны кіёчак з выразанымі на ім умоўнымі, вядомымі толькі пасведчаным людзям знакамі. Кіёчак гэты насілі на шыі і бераглі, як само жыццё.
У рэдкія хвіліны адпачынку чынілі сваю паходную амуніцыю і конскую збрую, вастрылі шаблі і дзіды, тужэй нацягвалі цяцівы лукаў, насаджвалі апярэнне на стрэлы.
Замест загінулых у баях лісоўчыкаў набіралі ў вёсках маладых сялянскіх хлопцаў. Не з вельмі вялікай радасцю і ахвотай ішлі тыя да Лісоўскага, вылазячы на белы свет з родных цёплых хатаў, ды ўсё-ткі ішлі. Пэўна, думалі хітраватыя мужыцкія сыны пажывіцца нарабаваным золатам, якога, па чутках, было ў грознага палкоўніка дужа шмат, як снегу зімой.
Сонечнай жнівеньскай раніцай пачаў штурмаваць Аляксандр Лісоўскі Каломну, у якой засеў з тысячай стральцоў і дзяцей баярскіх і з двума сотнямі нямецкіх наймітаў ваявода баярын Пётр Іванавіч Буйносаў-Растоўскі. Дачка ягоная Марыя незадоўга перад гэтым зрабілася маскоўскай царыцаю: Васіль Шуйскі ўзяў яе ў жонкі. Парадніўшыся з самім царом, шчаслівы ваявода пакляўся да апошняй кроплі крыві абараняць Каломну. Завалілі браму каменнем і пяском, паставілі дубовы тын на гарадскі вал. За тынам сядзелі суровыя немцы з мушкетамі. Упэўненасць ва ўласнай непераможнасці і ў трываласці абароны была такая вялікая, што баярын не вывез з асаджанай Каломны сваю сям’ю, а жонка ягоная, баярыня Варвара, чарнабровая і чарнавалосая ўладная саракагадовая кабета, пажадала гушкацца на арэлях у яблыневым садзе з дочкамі, бо гушканне на арэлях было любімай забаваю ўсіх радавітых і багатых маскоўцаў. З такой нагоды пышныя баярскія харомы гулі ад самай раніцы, як пчаліны вулей. Дзесяткі дзевак-пакаёвак спалохана бегалі, мітусіліся, снавалі туды сюды, слугуючы грознай пані. Пакуль апраналі яе, абувалі, прычэсвалі, пакуль з глыбокімі паклонамі падносілі залатыя пярсцёнкі і зіхоткія жамчужныя каралі, а потым люстэрка, каб пані зірнула на сваю асляпляльную прыгажосць, капрызная баярыня адвесіла дзеўкам не адну гарачую аплявуху. Толькі й гучала штоімгненна:
– Машка! Парашка!
Пакаёўкі збіваліся з ног, каб дагадзіць, каб не дай Бог, не ўгнявіць чым-небудзь Варвару. Перад самым выхадам у сад баярыня люта закрычала:
– Парашка! Карова дзеравенская! Як ты маю хусцінку адпрасавала?!
Збялелая ад страху Парашка кінулася перад баярыняй на калені, схіліла русую галаву да самай зямлі, залепятала:
– Злітуйцеся, не прагневайцеся, мая залатая, мая яснавяльможная пані Варвара Аляксандраўна! Я зараз. Я хуценька.
Гэта яшчэ болей распаліла Варвару, аж ноздры тонкага пародзістага носа гнеўна затрапяталі. Якая нечуваная дзёрзасць – неахайна выканаць загад самой баярыні! Яна ўзнагародзіла сваю прыгонную некалькімі звонкімі аплявухамі, адразу ж загадала адвесці на стайню і ўсыпаць там дваццаць пяць гарачых дубцоў. Нарэшце ўвабраная баярыня разам з трыма дочкамі велічна выплыла ў сад. Пад рукі яе пачціва падтрымлівалі да дрыжыкаў напалоханыя пакаёўкі.
Тым часам Аляксандр Лісоўскі пачаў штурмаваць Каломну. Паперадзе пайшлі ў атаку балотнікаўцы. Яны ішлі ў поўны рост, трымаючы ў руках штыкеты, збітыя з тоўстых драўляных дошак шчыты. Грымнуў залп нямецкіх мушкетаў. Калі развеяўся дым, на зямлі ляжалі тры забітыя балотнікаўцы. Але ўсе астатнія, не зважаючы на гэта, працягвалі ісці, як ішлі, быццам былі не з мяккай чалавечай плоці, а з жалеза. Яны нават не паскорылі свой крок.
Немцы, зарадзіўшы мушкеты, стрэлілі зноў. Кулі з глухім стукам упіліся ў цвёрдае дрэва. Ва ўсе бакі разляцеліся пашчапаныя трэскі. Упала, заенчыла некалькі чалавек. Ды сябрукі, пераступаючы цераз іх, няўмольна ішлі ўперад.
– Д’ябал! – злосна і разгублена крыкнуў нямецкі ротмістр. – Гэтыя людзі зачараваныя!
Загрымелі, ужо бязладна, мушкеты. Ударыла гармата, якую Буйносаў-Растоўскі загадаў усцягнуць на гарадскі вал. У адказ атакоўцы пачалі ярасную страляніну з лукаў. З вострым свістам паляцелі ў абаронцаў Каломны раі жалезнадзюбых стрэлаў. Кожнае імгненне іх рабілася ўсё болей. Яны не давалі каломенцам вытыркнуць галаву з-за валу.
Падчас гэтага штурма Аляксандра Лісоўскага чакала добрая навіна: прыслаў яшчэ дзвесце казакоў падмацавання дняпроўскі атаман Іван Марцінавіч Заруцкі. Запарожцы з гікам і свістам адразу пайшлі ў атаку. Іхнія чубатыя шапкі з сівых калматых авечак замільгалі тут і там у полі перад гарадскім валам. Здавалася, яшчэ трошкі – і абарона Каломны рухне. Нямецкія найміты падумвалі ўжо аб тым, каб выкінуць белы сцяг.
Ды Буйносаву-Растоўскаму пашанцавала. У левы фланг Аляксандру Лісоўскаму раптоўна ўдарылі стральцы баярына Ізмайлава, які перад гэтым адбіў у паўстанцаў Казельск і спешна рухаўся да Масквы. Стральцы шчыльнай калонаю выскачылі з яловага лесу, далі прыцэльны залп, пачалі секчы і калоць алебардамі. Балотнікаўцы, дагэтуль такія адважныя і рашучыя, апынуліся між двух агнёў. З-за валу ў іх несупынна стралялі немцы, прыцэльна біла гармата, ззаду пластавалі людзі Ізмайлава. І знясілены шматдзённай галадоўляй абдзёрты люд кінуўся наўцёкі. Ратуючыся, яны змялі-растапталі шэрагі данцоў і запарожцаў. Яны нібы паслеплі і паглухлі, беглі напралом, не разбіраючы дарогі, не зважаючы на крыкі сваіх камандзіраў. Адбылося самае непажаданае ва ўсіх бітвах: пякучы страх пазбавіў людзей розуму, ператварыў у статак палахлівых жывёлін.
Пётр Іванавіч Буйносаў-Растоўскі адразу ўлавіў гэты спрыяльны для сябе міг і, выхапіўшы з похваў шаблю, выскачыўшы на грэбень гарадскога валу, грамавым голасам закрычаў абаронцам Каломны:
– За мной, дзеці! З намі Бог!
Ягоныя людзі, што ў думках ужо развітваліся з жыццём, рынуліся, як адзін, за сваім водцам у ярасную атаку. Яны, маскоўцы і немцы, грознай лавінай скочваліся са стромкага валу ўніз проста на галовы разгубленых ворагаў. Такая імклівасць патройвала іхнюю сілу, рабіла непераможнымі.
Следам за балотнікаўцамі паціху пачалі падавацца назад запарожцы і данцы. Іх ашаламіў такі дзёрзкі ўдар. Яны прывыклі ваяваць конна, секчы праціўніка шабляй і калоць дзідай з сядла, зверху, як б’е крумкач палявую птушку. Тут жа, пад Каломнаю, яны самі былі пешцамі.
Аляксандр Лісоўскі разумеў: яшчэ імгненне, і застанецца ён водцам без войска, каралеўскім палкоўнікам без палка. Людзі ягоныя, каму пашэнціць ацалець у гэтай злой бязлітаснай сечы, рассеюцца, як палахлівыя звяры, па лясах і, як шэрыя мышы, па лугах і палетках. А сам ён з арканам на шыі, са звязанымі за спіной рукамі пабяжыць следам за канём баярына Буйносава-Растоўскага ў Маскву. Там, пэўна ж, ужо навастрылі палю для ягонага азадку. Альбо паставілі для ягонай шыі дубовую калоду са шчарбатай сякераю на Лобным месцы.
Заставалася надзея на лісоўчыкаў. Яны яшчэ не ўвязваліся ў бой. Яны чакалі, седзячы на конях, сціскаючы эфесы шабляў і дрэўцы дзідаў. Яны (ён быў упэнены) верылі яму.
– Вера і перамога! – рвучы голас, прыўзняўшыся ў страмёнах, узвіўшы над галавой вострае лязо шаблі, з адчайнай п’янлівай жарсцю крыкнуў ён. І тысяча чалавек выдыхнула як бы адной глоткай і аднымі грудзьмі:
– Вера і перамога!
Тысяча коней ірванулася ўперад, палошчучы ўскрыленымі грывамі, пранізліва іржучы, усё змятаючы на сваёй дарозе. Толькі чуўся сухі адрывісты трэск. Гэта ламаліся косткі тых, хто не паспеў вывернуцца з-пад цяжкіх вострых капытоў.
Сцяганосец Марцін Жабыка-Жэмба не адставаў ад свайго палкоўніка. Бел-чырвона-белаю птушкай віўся над ім баявы сцяг лісоўчыкаў. Усе бачылі яго і ўсе ведалі: там, дзе сцяг, там Лісоўскі, а дзе Лісоўскі, там перамога.
Вось з усяго лёту ўрэзаліся ў людзей Буйносава-Растоўскага і ў нямецкіх жаўнераў, пачалі пластаваць шаблямі, пратыкаць дзідамі. Біліся моўчкі. Ва ўсіх клекатала такая ярасць, бушаваў такі гнеў, што сілу трацілі не на крык, а на ўдар, і ўдар гэты быў, у большасці выпадкаў, смяротны. Замест людзей гаварыла і крычала жалеза. Гукі былі звонкія, рэзкія, скрыпучыя і шкрабучыя, ляскотныя і перунова-раскацістыя. І ўсе яны неслі чалавечаму целу або смерць, або жорсткую рану. Ручаямі лілася кроў. Ды яе ў гарачцы бітвы ніхто быццам бы не заўважаў – цячэ, пырскае чырвоная вадзіца, ну й няхай сабе цячэ. У гэтыя імгненні разгарачаныя злой сечай людзі не думалі аб смерці і не баяліся яе. Амаль кожны быў упэўнены, што хто-хто, а ён выжыве, ацалее, вывернецца і праслізгне, як яшчарка, паміж вострых шчаціністых лёзаў варожых дзідаў і алебардаў.
Антон Даніловіч-Гоцкі, Іван Мастоўскі і Лявонцій Кукарэцкі, побач з Андрэем Пратасевічам і Мацвеем Карабам, побач з маладым Янам Юрыем Радзівілам былі магутным таранам, які праламаў, прабіў, раздзёр на шматкі дагэтуль зладжаныя непарушныя шэрагі варожага войска. Следам за лісоўчыкамі ў гэты пралом хлынулі-рынуліся запарожцы з данчакамі і ўзбадзёранымі балотнікаўцамі. Цэлая грымучая жалезная рака! Тут ужо нікому не было літасці, ды ніхто яе й не прасіў. Секліся да апошняга канца, да смерці. Калі вывальвалася з рук зброя, білі праціўніка кулакамі, душылі, падалі з сёдлаў пад конскія ногі і там, на крывавай узаранай капытамі зямлі, працягвалі сваё зацятае змаганне.
На плячах у воінства баярына Буйносава-Масальскага ўварваліся ў Каломну, якую ахапілі пажары. Чорны дым і чырвоны агонь сцяной усталі над горадам. Узняўся шквалісты гарачы вецер. Іскры і галавешкі ляцелі ў твар.
Буйносаў-Масальскі з сотняю сваіх людзей і нямецкіх наймітаў запёрся ў дубовай надбрамнай вежы і вырашыў не здавацца. На ўсе прапановы адказваў стралянінай з мушкетаў і лукаў. Асаджаныя лілі на галовы лісоўчыкаў кіпень, шпурлялі камяні і бярвенні.
– Згарыш жыўцом! – гнеўна закрычаў Аляксандр Лісоўскі і загадаў, прыкрываючыся штыкетамі, насіць да сценаў брамы ўсё, што толькі можа гарэць. Валілі ў адну кучу сухія дровы, зламаныя платы, галлё, тыя ж бярвенні, якія баярскія людзі кідалі зверху. Адразу ж з вежы пачуліся крыкі:
– Мы здаёмся! Дазвольце нам выйсці!
Асаджаныя адчынілі завалены камянямі лаз, спусціліся зверху ўніз і прывялі з сабой абкручанага вяроўкамі Пятра Іванавіча Буйносава-Растоўскага. Твар у баярына быў потны, забруджаны сажай. Пад вокам набухаў крывёю свежы сіняк. Каломенскі ваявода сіпла дыхаў і стараўся не глядзець на Лісоўскага. Праз нейкі час асобнаю групаю выйшлі з вежы, здаліся немцы.
– Мала табе смерцяў было?! – схапіў Буйносава-Растоўскага за каршэнь Аляксандр Лісоўскі. – Хацеў пакупацца ў нашай крыві? Адзеньце на хама хамут і вядзіце ў харомы, дзе ён толькі што сядзеў ваяводаю!
Баярыну ўсчапілі на шыю конскі хамут, пад смех і кпіны пагналі перад сабой. Ён ішоў, часта спатыкаўся, не паднімаў галаву.
У пышных ваяводскіх харомах, якія не крануў пажар, адразу ж з нагоды перамогі ўчынілі вялікае баляванне. Прычым, слугавалі, разносілі пітво і ежу не толькі баярскія кухуры і кухаронкі з дзеўкамі-пакаёўкамі, але й сама баярыня Варвара Аляксандраўна і тры ейныя дочкі. За доўгімі шырокімі сталамі ўмясціліся мо сотні чатыры народу. Астатнія, каму не хапіла месца, шумна балявалі на двары, седзячы на разасланых па траве дарагіх яркіх кілімах бухарскай работы.
Дзівіліся лісоўчыкі таму, як частуюць гасцей і як п’юць-ядуць маскоўцы. Напачатку на вялізных талерках падалі мочаныя кіслыя яблыкі пад простую гарэлку. Потым з’явіліся на сталах закачаныя ў цеста тлустыя пеўні, пасля якіх разлілі ў штофы моцны мядовы напой. Пасля пеўняў прынеслі вараную зайчаціну і казіны кумпяк у расоле. Не было ні абрусаў, ні нажоў, ні часнаку, ні якой-небудзь зеляніны. Мяса адшчыквалі пальцамі, рвалі рукамі. Вялізныя кавалкі падалі пад сталы. А гарачай ежы ўсё прыбывала, бо баярская кухня працавала напоўніцу. Вось урачыста ўплылі на падносах смажаныя гусі. За гусямі пад адабральныя вясёлыя воклічы ўжо п’янага застолля, бо гарэлкі не шкадавалі, прывалаклі цэлымі тушамі смажаных бараноў. Каб хоць неяк разнастаіць трапезу, прынеслі імбір, у які можна было мачаць мяса.
– Глядзі, у што налілі імбір, – здзіўлена таўхануў Антон Даніловіч-Гоцкі Лявонція Кукарэцкага. Дзівіцца й праўда было чаму: прыправу паставілі на стол у вялізным хромавым боце, які абуваюць кавалерысты. Пэўна, хацелі гэтым паказаць суровую спрошчанасць свайго жыцця, што праходзіць у няспынных вайсковых паходах.
Затым увайшлі ў трапезную музыкі, селі на абабітыя рысінымі і ваўчынымі шкурамі лавы. Сінявокі русавалосы гудошнік ускінуў да пляча свой трохструнны гудок, ударыў па струнах смыком, што быў зроблены з конскага воласа, нацёртага смалой-жывіцай. Вясёлую імклівую мелодыю падтрымалі дудкі і бубны. У праходах між сталамі пачалі танцаваць апранутыя ў яркія дзівосныя строі скамарохі. Танцуючы, яны бораліся адзін з другім, куляліся цераз галаву, няспынна крыўлялі ў блазенскіх усмешках груба расфарбаваныя твары.
Аляксандр Лісоўскі ўзняўся над сталом, і ўсе адразу ж змоўклі.
– Добра мы балюем-керым, паны-брацці, – гучна прамовіў ён, разгладжваючы цёмныя вусы. – Ану-тка, баярыня Варварка, паднясі мне, каралеўскаму палкоўніку, у залатой і ў срэбнай чарачцы самага найлепшага віна, бо я ж сёння госць твой. Чаканы ці нечаканы, але госць.
Баярыня Варвара Буйносава-Растоўская, бледная, разгубленая, у звычайным чырвона-зялёным сарафане пакаёўкі, з распушчанымі валасамі, з пакорлівым паклонам прынесла віно ў залатой і ў срэбнай чарачцы. Лісоўскі са смакам выпіў, ляснуў чарачкамі аб дубовую паркетную падлогу, з лютым выразам на твары спытаў у застолля:
– Хто з вас хоча пагушкацца на баярыніных арэлях?
Ніхто не зразумеў, пра што гаворыць палкоўнік, але чалавек з дзесяць згадзілася пагушкацца. Астатнім Лісоўскі загадаў выйсці з трапезнай на двор. Шмат каму не да спадобы быў такі паварот падзеяў, ды іх проста выпіхнулі ў каршэнь.
Калі трапезная апусцела, баярыня Варвара па загадзе Лісоўскага прынесла з кухні дзве залатыя і дзве срэбныя талерачкі і паставіла іх на слізкім паркеце. Затым ён змусіў яе распрануцца дагала, стаць рукамі на залатыя, нагамі на срэбныя талерачкі. Усё гэта яна рабіла як бы ў нейкім сне, нейкім ачмурэнні. Вочы ліхаманкава блішчалі. Вусны калаціліся.
Аляксандр Лісоўскі павярнуўся да тых, хто застаўся ў трапезнай:
– Не ведаю, які прарок, але ведаю, што габрэйскі, сказаў аднойчы злым і жорсткім людзям: «За ўсе вашыя ўчынкі будзе заплочана вам. Тут і зараз вы грозныя цары і бязлітасныя ўладары. Але на тым свеце вы ператворыцеся ў дажджавых чарвякоў і выпаўзеце падчас дажджу наверх, і мае вельмі галодныя куры здзяўбуць вас».
Ён памаўчаў, даў магчымасць усім уцяміць і асэнсаваць пачутае, потым прамовіў суровым голасам:
– Дык хто першы пагушкаецца на баярыніных арэлях?..
Праз нейкі час зноў загаманіла-зашумела застолле. Марцін Жабыка-Жэмба, які сядзеў за сталом побач з Лісоўскім і здагадваўся, што адбылося ў трапезнай, калі амаль усіх, і яго ў тым ліку, выгналі на двор, хмура пазіраў на палкоўніка. Душу ягоную быццам абпырскалі брудам. Малады палеманіст нервова кусаў вусны.
У перапынку яны, Лісоўскі і Жабыка-Жэмба, выйшлі ў невялікія сенцы, што суседзілі з трапезнай, моўчкі сталі каля глухой бярвеністай сцяны. Да сцяны была прыроблена нешырокая драўляная лесвічка, якая, пэўна ж, вяла на гарышча. Марцін Жабыка-Жэмба змрочна глядзеў на свайго водцу, не дужа хаваючы раздражненне і нездавальненне. Лісоўскі ж быў вішнёвашчокі і вясёлы ад выпітага. Прыхіхікваючы, пачаў расказваць пра норавы мясцовых папоў:
– У бацюшкі пытаюцца: ці можна святару, які ноччу цешыўся з жонкай, раніцой увайсці ў царкву? Можна. Але няхай спачатку абмые тую частку цела, якая знаходзіцца пад пупом.
Ён засмяяўся і чакаў, што малады палеманіст таксама засмяецца. Ды той быў сама маўклівасць і суровасць.
Раптам з дробненькім ляскатаннем па парэнчы лесвіцы зверху ўніз пакаціўся чырвонабокі круглы яблык. Яны ўзнялі галовы і ўбачылі пад самай столлю сенцаў хлапчука гадоў васьмі-дзесяці. У яго былі доўгія ільняныя валасы, вельмі светлая скура шчокаў і рук, вялікія блакітныя вочы, што аж цямнелі ад пякучага жаху. Хлапчук быў раскошна апрануты: чырвоная атласная камізэлька са срэбнымі гузікамі, плісавыя сінія штонікі, шчыгульныя боцікі з зялёнай скуры з высокімі бліскучымі абцасікамі. Пэўна, хацеў схавацца на гарышчы, шчаміўся туды, ды не паспеў, так і застыў здранцвеў, прыляпіўшыся да самай столі. Яго б не заўважылі, але падвёў яблычак, што выпаў з кішэні і скаціўся ўніз. У другой кішэні пукаціўся яшчэ адзін яблык.
– Ты хто? – грозна запытаўся Лісоўскі. – Нябось, сын баярына Буйносава-Растоўскага?
– Сын, – прашаптаў змярцвелы ад найвялікшага страху прыгожы хлапчук.
– Ану злазь уніз, ваўчанё, – амаль лагодным голасам сказаў Аляксандр Лісоўскі і нават усміхнуўся.
– Не трэба, пан палкоўнік. Хопіць, – раптам рашуча прамовіў Марцін Жабыка-Жэмба і, ледзь не адштурхнуўшы плячом Лісоўскага, падышоў да лесвіцы, расхінуў рукі. – Не бойся, баярыч. Спускайся ўніз.
Аляксандр Лісоўскі з непаразуменнем і здзіўленнем паглядзеў на свайго сцяганосца. Ды той вытрымаў ягоны позірк, прытуліў да сябе хлапчука, сказаў з яшчэ большай цвёрдасцю ў голасе:
– Хопіць. Не супраць жанчын і дзяцей ты павінен ваяваць. Не трэба, каб намі, лісоўчыкамі, палохалі дзяцей-малалеткаў. Хіба ты забыў, што нас чакае Троіца-Сергіева лаўра?


XVI

Сонечным вераснёўскім раннем вярнуўся ў Нясвіж з Рыгі Вітаўт Гарткевіч. Вярнуўся на Самуме, якога вылечылі, паставілі на ногі клапатлівыя лівонскія лекары. Вельмі радасны, вельмі шчаслівы быў Гарткевіч. Павольна ехаў на сваім любімым кані, не прышпорваў, не змушаў бегчы хутчэй. На баку ў Самума застаўся доўгі звілісты шнар, след страшнай раны. Вітаўт прыкрыў яго багатай апонаю, але на прывалах здымаў яе і асцярожна, кончыкамі пальцаў гладзіў гэты баявы шнар, пяшчотна хукаў на яго. Самум пазіраў на свайго гаспадара мудрым карычневым вокам, пазіраў з удзячнасцю.
Вітаўтава вяртанне напоўніла шчасцем і вясёлым смехам невялікі сціплы дамок пані Караліны Крышылоўскай. Ванда адразу ж павісла ў бацькі на шыі, горача пачала цалаваць яго.
– Вярнуўся, татачка! Як добра, што ты вярнуўся, – прыгаворвала яна і тулілася да бацькавых грудзей. Слёзы нагарнуліся ў вачах у Вітаўта, і сэрца затрапятала.
Потым пляменніка вітала цётка, пані Караліна Крышылоўская. Пацалавала сухімі вуснамі ў лоб, маленькай сухой далонькай усхвалявана акрэсліла над ім знак святога крыжа, сказала:
– Вялікі дзякуй Пану Богу, што збярог цябе на чужыне.
Падышла чарга вітацца з Эльвіраю. Гарткевіч дужа хваляваўся, ведаў – вось зараз высветліцца, ці прынялі цётка з дачкой ягоную каханку, ці паразумеліся. Хопіць аднаго слова і аднаго жэсту.
Эльвіра пры ўсіх моцна абняла яго, моцна пацалавала ў самыя вусны, пазірала з адданасцю і захапленнем. Ад усёй яе зграбнай надзіва прыгожай фігуры веяла пяшчотнай цёплынёй, радасцю і хатняй утульнасцю.
– Ну вось я й дома, – задаволена прамармытаў Вітаўт, адразу згроб іх усіх у адным абдымку, колькі імгненняў стаяў заплюшчыўшы вочы, адчуваючы, як горача і салодка б’ецца ў грудзях сэрца. Потым рассмяўся:
– Жонка сварыцца, а каша варыцца. Вось такое яно – наша мужчынскае жыццё.
– Што за жонка? – гарэзліва затармасіла яго за плячук Эльвіра. – Ці не прывёз ты адтуль у Нясвіж якую-небудзь маладую лівоначку?
– Ты мая лівоначка, – цмокнуў яе ў шчаку Гарткевіч.
Ды яны, Вітаўт і Эльвіра, не забыліся, што недзе ў далёкай Масковіі іх чакаюць лісоўчыкі, чакае сам Аляксандр Лісоўскі, грозны баявы палкоўнік. Ніякага сумневу ў іх не было – патрэбна ехаць туды, шукаць у тым трывожным ахопленым лютай вайной бязмежжы сваіх сяброў. Казалі, што лісоўчыкі разам з царом Дзмітрыем Іванавічам, разам з дачкой сандамірскага ваяводы Марынай Мнішак, якая прылюдна апазнала ў ім свайго шчасліва ацалелага ў крамлёўскай бойні мужа і зноў, ужо ў другі раз, зрабілася маскоўскай царыцай, перабраліся ў сяло Тушына. Перад самым сялом Марына спявала вясёлыя песенькі, была дужа шчасліваю, але малады польскі шляхціц сказаў ёй:
– Марына Юр’еўна, гэта добра, што вы так радуецеся, ды радасць вашая была б яшчэ большаю, калі б вы ўбачылі ў Тушыне свайго сапраўднага першага мужа. Той жа, што цяпер чакае і сустрэне вас, не ён.
Марына залілася горкімі слязамі, не хацела ехаць. Тады ейнаму бацьку паабяцалі адразу ж пасля ўзяцця Масквы выплаціць трыста тысяч залатаві­коў, аддаць ва ўладанне Северскае княства і чатырнаццаць гарадоў.
– Дзе тое Тушына? – уздыхала Эльвіра.
– Знойдзем, – бадзёра прамаўляў Вітаўт. – Язык не толькі да Кіева, язык і да гэтага самага Тушына давядзе.
Ім было вядома, што Масква і ейны цар Васіль Шуйскі у сваіх граматах, якія рассылаліся па ўсёй Еўропе, называюць Дзмітрыя, Марыну Мнішак і іхняга маленькага сынка няйначай, як злодзей, варуха і варонак. Ды гэта не надта засмучала. У Тушыне адным лагерам стаяць Дзмітрый Іванавіч з данскімі і запарожскімі казакамі і дружынамі маскоўскіх баяраў. Там жа, у Тушыне, знаходзяцца Ян Пётр Сапега і Аляксандр Лісоўскі са сваімі ваярамі. А такія, як яны, людзі ніяк не могуць служыць бязбожнай і хлуслівай справе.
Больш хвалявала Вітаўта і Эльвіру тое, што яны павінны разлучыцца з пані Каралінай і Вандай, прычым, разлучыцца на невядома які час. Адзін Бог праўдзівы ведае, калі яны вернуцца назад і ці вернуцца наогул.
– Дочачка мая, не дужа сумуй, – цалаваў Ванду, гладзіў ёй валасы і плечы Гарткевіч. – Я хутка прыеду дадому. Я клянуся табе, што мы ўжо больш ніколі-ніколі не будзем расставацца. Вер мне.
– Я веру, – ціха і пакорліва адказвала Ванда. Твар быў спакойна-халодны. Паспрабуй угадай, што хаваецца за гэтым спакоем і холадам.
Пані ж Караліна як анямела. Моўчкі дапамагала ім збірацца ў дарогу, пакавала хатулі і торбы, пякла салодкія пшанічныя коржыкі, вэндзіла свіныя тлустыя каўбаскі. Крыўда на няўседлівага пляменніка віравала ў ёй, але доўгае жыццё навучыла хаваць крыўду на самае дно душы. І яна толькі раз-пораз журботна ўздыхала.
Заставалася незразумелым, якім чынам могуць дабрацца яны да Масковіі і да Тушына. Выпраўляцца адным у такое падарожжа вельмі небяспечна і рызыкоўна. Толькі й гавораць наўкол пра крывавых тацяў, пра жахлівых людажэраў, якія распладзіліся, нібы чарвякі ў мокрае надвор’е, на ўсіх шляхах-дарогах і падпільноўваюць сваю здабычу. Вось чаму шчаслівым Божым знакам палічылі Вітаўт і Эльвіра вестку аб тым, што з Нясвіжу ў Тушына ідзе абоз, прычым, абоз незвычайны. Ён вязе багатыя падарункі Марыне Мнішак з нагоды ейнага вяселля. Вітаўт адразу ж паімчаўся на Самуме на княжы радзівілаўскі двор, каб выведаць пра ўсё. Абоз, і сапраўды, ішоў. Дваццаць цяжкіх нямецкіх фураў. Каля сотні жаўнераў аховы. Наўкол шумліва завіхаліся княжыя служкі, грузілі самы разнастайны тавар.
Гарткевіч папрасіў у пана Сямёна Бібуловіча, які быў тут за галоўнага, дазволу далучыцца да абозу. Грузны задышлівы Бібуловіч, важна седзячы ў сядле, пакрыкваючы на княжых служак, падганяючы іх, строга зірнуў на яго, дазволіў, але папярэдзіў:
– Пан паступае пад маю поўную ўладу і мусіць рабіць толькі тое, што загадаю я. Ніякай сваволі, ніякага самаўпраўства, бо мы йдзем туды, адкуль можна не вярнуцца.
Вітаўт, вядома ж, пагадзіўся з усімі гэтымі суровымі патрабаваннямі. Тут жа, каля абозу, ён убачыў дзвюх маладзенькіх надзіва прыгожых паненачак. Яны былі апранутыя па іспанска-нямецкай модзе ў залатога колеру сукенкі са з’ёмнымі, падбітымі пер’ем рукавамі. Сукенкі і рушнікападобныя галаўныя павязкі-наміткі аздабляліся карункамі з залатых і срэбных нітак. На паненачках шчыгульна шыкаваліся летнікі з ярка-блакітнага аксаміту, падперазаныя пазалочанымі паясамі. Звёны паясоў расквечваліся праразным накладным арнаментам з завітых лісточкаў і птушачак. На пальчыках рук зіхцелі пярсцёнкі з упраўленымі ў іх каштоўнымі камянямі. Шнуры вялікіх жамчужынаў былі сашпілены на грудзях брошкамі ў форме матылькоў. На ножках у юных прыгажуняў зграбна і далікатна сядзелі лёгенькія чаравікі з чырвонага турэцкага саф’яну.
– Хто гэта? – здзіўлена спытаў Гарткевіч у пана Бібуловіча.
– Паненкі Альжбэта і Анэля. Едуць фрэйлінамі да маскоўскай царыцы Марыны, – з важнасцю ў голасе адказаў той. Яму, пэўна ж, было прыемна, што менавіта ў ягоным абозе выпраўляюцца ў няблізкі шлях такія незвычайныя цудоўныя падарожніцы.
Так, гэта былі сёстры-блізняты Альжбэта і Анэля. Правёўшы ў далёкую Масковію свайго роднага дзядзьку Антона Даніловіча-Гоцкага і свайго каханка паэта Лявонція Кукарэцкага, яны дужа засумавалі ў Нясвіжы. Нямілым здавалася ўсё: і людзі, што быццам бы бязмэтна снавалі па вуліцах, і самі вуліцы, і адны і тыя ж будынкі, і нават бронзавая Ундзіна ў радзівілаўскім парку. Часта ўзыходзілі самотныя сёстры на гарадскі вал і, гледзячы ўдалячынь, успаміналі той дзень, калі апошні раз бачылі адсюль шыхты лісоўчыкаў, што кіраваліся ў самае пекла вайны. Як пачуваюць сябе яны там? Ці жывыя-здаровыя? Ці ўберагліся ад варожай дзіды і кулі? Некалькі разоў сёстры прыходзілі на вал нават уначы. Звінела цішыня. Тахкалі сэрцы. На блакітным стале неба была рассыпана белая халодная соль недасяжных зорак.
Ад’ехаўшы на вайну, Антон Даніловіч-Гоцкі даручыў апекаваць Альжбэту і Анэлю свайму вернаму дварэцкаму пану Заліваку. Той пакляўся на святым крыжы, што не дазволіць і валаску ўпасці з дзявочых галовак, будзе ахоўваць і пільнаваць іх, як Цэрбер пільнуе ўваход у падземнае царства. Ён і на вал разам з імі хадзіў, не адпускаючы ні на крок. Ён вадзіў іх у кафедральную школу пры нясвіжскім фарным касцёле, дзе навучаліся не толькі хлопчыкі, але й некалькі дзяўчынак, засвойваючы там сем свабодных навукаў: граматыку, дыялектыку, рыторыку, музыку, арыфметыку, геаметрыю і астраномію. Асабліва падабаліся сёстрам спевы. Імі кіраваў вельмі прыгожы анёлападобны кантар Коўба-Сялецкі.
Пан Залівака быў невялічкага росту рухавы вясёлы чалавечак, якога Альжбэта і Анэля за вочы называлі Вожыкам, нашым Вожыкам. Ён, калі куды ішоў ці што-небудзь рабіў, меў звычку чмыхаць у калючыя пшанічнага колеру вусы. Ягоныя бяскрыўднасць і мяккасардэчнасць не маглі не падабацца сястрычкам, бо пан Залівака даў ім поўную волю, праўда, просячы не расказваць аб гэтым дзядзьку, калі ён нарэшце вернецца з Маскоўшчыны. Альжбэта і Анэля абяцалі.
Ды такая ідылія раптоўна скончылася. Па Нясвіжу пакаціліся чуткі, што неўзабаве ў Масковію пойдзе абоз, у якім павязуць багатыя падарункі ад князя Мікалая Крыштофа Радзівіла для новай маскоўскай царыцы Марыны Мнішак з нагоды ейнага вяселля. Казалі таксама, што нясвіжскі ардынат надумаў паслаць на вяселле маладзенькіх дзяўчат-фрэйлінаў, каб тыя падчас урачыстай цырымоніі неслі за царыцай шлейф ейнай сукенкі. Сам князь такое надумаў, ці княгіня Яўфімія – засталося нявысветленым, але навіна ўзрушыла ўсіх навакольных шляхцянак. У самых сціплых засценках радасна затрымцелі дзявочыя сэрцы, надзеяй засвяціліся вочы. З’явілася магчымасць вырвацца з невядомасці ў шырокі свет, паказаць усім сваю прыгажосць і звабу.
Каб знайсці самых найлепшых, князь Радзівіл запрасіў з самой Вены фрау Ізольду, строгую чарнавалосую і белатварую немку. Яна прыехала ў Нясвіж і пачала з мноства прэтэндэнтак адбіраць тых, хто варты такога высокага даверу і гонару, пачала, калі казаць паэтычным словам, шукаць залатыя зярняткі ў жытняй саломе.
Альжбэта і Анэля, вядома ж, загарэліся жаданнем з’ездзіць у далёкую таямнічую Масковію. Як ні адгаворваў іх пан Залівака, як ні ўпрошваў, як ні казаў, што іхні строгі дзядзька Антон Даніловіч-Гоцкі нізавошта б не дазволіў рабіць такое, упартыя дзяўчаткі настоялі на сваім. Цяжка ўздыхнуўшы, Вожык змушаны быў згадзіцца. Заадно расказаў, як сам калісьці выбіраў сабе жонку. Паклаў за абраз у касцёле цыдулкі з імёнамі ўсіх тых, каго б хацеў мець гаспадыняю свайго двара і свайго сэрца, на працягу ночы шчыра маліўся Пану Богу, а раніцой выцягнуў цыдулку, выцягнуў першую, што патрапіла тады ў руку.
– Удала выцягнулі? – пацікавілася Альжбэта.
– Мая ты паненачка, – заліўся вясёлым смехам добры Вожык, – не раз кляў я і тую ноч, і тую цыдулку. Але на ўсё воля Пана Бога.
Як бы там ні было, але Альжбэта з Анэляю пайшлі ў радзівілаўскі па­лац, каб паказацца строгай фрау Ізольдзе. Ад нясцерпнага хвалявання ў іх дрыжалі каленькі і збіваўся голас. Што скажа грозная немка?
Фрау Ізольда, седзячы на высокім крэсле, трымала ў руках пазалочаную ларнэтку і раз-пораз пазірала праз яе на маладзенькіх шляхцяначак, што знямелым дрыготкім ручайком цяклі праз палацавую залу. Было вельмі ціха. Толькі чулася трапятлівае, як лёгкі бярозавы ліст пад ветрам, дзявочае дыханне. Альжбэта і Анэля, счакаўшы сваю чаргу, узяліся за рукі, пайшлі параю. У іх аж падкошваліся ад хваляванняў ногі.
– Чаму ідуць адразу дзве? – рэзкім адрывістым голасам спытала раптам у княжага тлумача фрау Ізольда.
– Яны родныя сёстры-блізняты, – адказаў той.
Немка ямчэй прыціснула да вока сваю ларнэтку. Альжбэта і Анэля ўжо даходзілі да супроцьлеглых дзвярэй, каб знікнуць за імі, як патрабавальна пачулася:
– Няхай гэтыя сёстры пройдуць яшчэ.
Яны прайшлі праз залу яшчэ раз. Слізкі бліскучы паркет сляпіў вочы.
– Я зараз упаду ад страху, – зашаптала Анэля. Сястра моцна трасянула ёй руку і пацягнула за сабой.
– Бярэм гэтых, – рашуча ўзнялася з крэсла Ізольда, схаваўшы ларнэтку. – Як казалі лаціняне (а ім трэба верыць): «Res judicata pro veritate habetur» – Канчаткова вырашаная справа прымаецца за ісціну.
Разам з тлумачом фрау Ізольда падышла да Альжбэты і Анэлі, што анямелі ад шчасця і яшчэ большага хвалявання, якое, здавалася, выварочвала ў целе кожную костачку і кожную жылку. Немка белымі халоднымі пальцамі пачала дакранацца да іхніх шчокаў, плячэй, грудзей, змушала паварочваць галовы ў розныя бакі, прысядаць, шырока раскрыльваць рукі, кланяцца, какетліва ўсміхацца.
– Ім не хапае грацыёзнасці, – прагучаў строгі прысуд. – Але гэта я бяру на сябе. Гэтаму можна навучыць.
І пачалася вучоба. Цэлымі днямі, амаль ад рання да вечара, Альжбэта і Анэля разам з панам Залівакам, які прыкметна засумаваў ад такога непажаданага павароту падзеяў, не бывалі дома, а нібыта перасяліліся ў пышны радзівілаўскі палац. Фрау Ізольда, натхнёна бліскаючы сваімі чорнымі вострымі вачамі, ляпіла з нясвіжскіх шляхцяначак антычных багіняў. Гэта была вельмі цяжкая праца, у якой хапала месца і поту, і крыку, і слязам.
– Вы паедзеце да царыцы Масковіі, – строга ўнушала немка сваім вучаніцам. – Да самой царыцы. А там, дзе царыца, вядома ж, ёсць і царскі двор са сваім этыкетам. Там ёсць пасланцы ад розных дзяржаваў. Я не магу сабе дазволіць, каб вы з-за маладой дурноты і ленасці, з-за сваіх дзіцячых капрызаў зняславілі наш Нясвіж і вельмішаноўнага князя Радзівіла, дабрадзея і мецэната.
Яна казала «наш Нясвіж» з такой жарсцю, з такой перакананасцю, нібыта сама нарадзілася на зялёным беразе ракі Ушы і змалку бегала па нясвіжскіх вуліцах і плошчах. Альжбэце і Анэлі пасля кіпучага вадаспаду такіх словаў нічога не заставалася, як з усёй цярплівасцю і з усім стараннем, сціснуўшы зубы, забываючы пра стому, зноў і зноў вучыцца далікатна хадзіць, танцаваць, абмахвацца веерам, прысядаць у рэверансе, працягваць мужчынам руку для пацалунку, чытаць-пісаць па-нямецку, італьянску і польску. Ды самае адказнае, што чакала юных фрэйлінаў наперадзе, гэта ж, вядома, шлейф вясельнай царыцынай сукенкі, які яны разам з зусім маленькімі пажамі павінны будуць на вачах шматлікіх удзельнікаў урачыстай цырымоніі пранесці ад храма, дзе адбудзецца вянчанне, аж да царыцынай карэты. <…>
За дзень да ад’езду Альжбэта і Анэля надумаліся схадзіць уначы ў радзівілаўскі палац да Чорнай Пані. Усе дзяўчаты Нясвіжа, асабліва, закаханыя дзяўчаты, ведалі, што яна дапамагае добрай парадаю, бо калісьці з-за кахання сама перацярпела найвялікшыя пакуты і дачасна памерла. Праплыве цёмным маўклівым воблакам па начным замкавым калідоры, паплача, паўздыхае і знікне, так і не прамовіўшы ні слова, ды само ейнае з’яўленне падкажа сэрцу, што рабіць, як жыць. Вось і сёстры вырашылі ўбачыць яе перад далёкай небяспечнай дарогаю.
Пан Залівака, даведаўшыся пра такую задумку Альжбэты і Анэлі, кісла зморшчыўся, незадаволена зачмыхаў у свае пшанічныя вусы. Не раз ужо самымі гняўлівымі словамі кляў ён той дзень, калі згадзіўся апекаваць маладзенькіх пляменніц Антона Даніловіча-Гоцкага. Ціха сядзеў бы зараз дзе-небудзь у піўніцы, смактаў піва і абгрызаў салодкую мясную костачку, ды з-за сваёй дурноты трэба валачыцца аж у Масковію, цярпець цялесныя і духоўныя пакуты, бо не кінеш жа гэтых дужа імпэтных няўседных перапёлачак адных у бязмежным і суровым жыццёвым полі. Пабурчэўшы дзеля прыліку, ён згадзіўся і ў гэтай справе дапамагчы сёстрам. Меў пан Залівака між пяцігорцаў, што ахоўвалі радзівілаўскі двор і замак, добрага сябрука, які служыў у князя ротмістрам. З ім і дамовіўся звадзіць уначы дзяўчатак да Чорнай Пані.
– Яна, пані гэтая, і, праўда, ходзіць, – спалохана сказаў гарбаносы ротмістр, не забыўшыся адразу ж узяць у Залівакі немалую плату за тое, што не заўважыць рызыкоўнае начное падарожжа Альжбэты і Анэлі. – Як толькі гадзіннік на палацавай вежы праб’е поўнач, ужо можна чакаць яе. Неўзабаве з’яўляецца быццам ніадкуль, быццам са сцяны выплывае. І пачынае плакаць.
– Ты сам бачыў? – спытаў пан Залівака ў ротмістра.
– Як цябе зараз бачу. Аж халодны вецер у твар павеяў, калі побач прайшла. Яна нібы саткана з месячных прамянёў, з белага туману, хоць шмат каму з людзей ейная постаць здаецца чорнаю. Глядзіш, і нельга вачэй адвесці.
– Ну й ну. Гэта ж каралева Барбара Радзівіл, што ад невымернага гора счарнела, – узбуджана чмыхнуў у вусы пан Залівака. – Слухай, пане Рафал, прапусці й мяне – я таксама хачу зірнуць на гэткі цуд.
У загадзя абумоўлены час пан Залівака, Альжбэта і Анэля, укутаўшыся ў цёмныя плашчы, прыхіліўшыся да шурпатай халоднай сцяны, затаіліся ў канцы доўгага замкавага калідору і вельмі хваляваліся, асабліва дзяўчаткі. Іхнія сэрцы, здавалася, выскоквалі з грудзей. Сёстры, як, бадай, і ўсе жыхары Нясвіжа, добра ведалі трагічную гісторыю Чорнай Пані або Чорнай Дамы. Ужо на пятнаццатым годзе жыцця яе выдалі замуж за трокскага ваяводу Станіслава Гаштольда, ды ён неўзабаве памёр, і юная прыгожая Барбара зрабілася ўдавою ў дваццаць год. І пакахала каралевіча Жыгімонта Аўгуста. І каралевіч, будучы кароль, вельмі моцна пакахаў яе. Ды каралева-маці італьянка Бона Сфорца не жадала мець такую нявестку, нявестку-ліцвінку з сям’і Радзівілаў. Вось з чаго і пачаліся ўсе няшчасці. Як ні хітравала Бона Сфорца, якую ні пляла злавесную павуціну, перамагло, урэшце, каханне, і з дазволу Папы рымскага Жыгімонт Аўгуст пасля смерці свайго бацькі ажаніўся з Барбарай Радзівіл, і сейм каранаваў яе. Каранацыя адбылася ў снежні 1550 года, а праз шэсць месяцаў каралева польская, вялікая княгіня літоўская, руская, пруская, мазавецкая, жмудская і г. д. Барбара памерла. Здаровая, прыгожая, нібы свежая лугавая кветка, яна нечакана апухла, завяла, а ўсё ейнае маладое цела, створанае для кахання і пяшчоты, пакрылася балячкамі і нарывамі, якія лопаліся, і ад якіх ішоў страшэнны смуродлівы пах. Гэта ўтварыў Монці, асабісты лекар Боны Сфорцы, які замест лякарства ўліў Барбары ў срэбны кубачак смяротную атруту.
Незадоўга да ейнай смерці стаў Жыгімонт Аўгуст на калені перад жончыным ложкам, горка заплакаў, спытаў:
– Ці даў я табе шчасця, каралева мая?
– Даў, даў, незабыўны мой, адзіны мой, – з найвялікшай жарсцю адказала Барбара. – З табой я ўбачыла рай зямны.
Кароль Жыгімонт Аўгуст несуцешна сумаваў без сваёй каханай жонкі і пры дапамозе алхімікаў Мнішака і Твардоўскага вырашыў выклікаць ейную душу з таго свету. У змрочнай зале алхімікі паставілі вялікія люстры, на адным з якіх у поўны рост была выгравіравана постаць Барбары Радзівіл у ярка-белым адзенні. Кароль сеў у крэсла. Яму хацелі прывязаць да падлакотнікаў рукі, каб не дакрануўся да прывіду, калі той з’явіцца. Жыгімонт Аўгуст сказаў:
– Клянуся вам, панове, што я не напалохаю, не спуджу прывід, але не прывязвайце мае рукі. Чым я буду выціраць слёзы з вачэй маіх? Я толькі спытаю ў маёй любай Барбары, як мне жыць без яе далей.
Ды, калі ў густым змроку паплыла над падлогаю белая прамяністая здань, калі таямнічы водсвет ад яе затрапятаў на сценах, ён забыўся пра ўсё, роспачна ірвануўся з крэсла і пакутлівым голасам закрычаў:
– Басенька мая!
Ён хацеў абняць, прытуліць да грудзей прывід. Ён хацеў пацалаваць такія жаданыя вусны. Але грымнуў страшэнны выбух. Запахла серай і трупным тленам. Душа Барбары Радзівіл згубіла, не знайшла дарогу назад у магілу. І вечна ёй самотнай беспрытульніцай блукаць па зямлі.
Пра ўсё гэта ведалі, чулі з людскіх вуснаў Альжбэта, Анэля і пан Залівака, і зараз, прытаіўшыся ў начным калідоры, яны павінны былі пераканацца ў праўдзівасці або хлуслівасці нясвіжскай легенды. Марудліва цёк час. Вось венецыянскі гадзіннік на палацавай вежы звонка прабіў поўнач. Закрычала ў густой цемры бяссонная варта. І зноў цішыня, як сляпы начны туман, навалілася на горад. Пан Залівака, радасна прадчуваючы, што нічога, як ён і думаў, не здарыцца, і хутка яны пойдуць дадому, шырока пазяхнуў і хацеў па сваёй даўняй звычцы перахрысціць рот, каб у яго не ўляцеў нячысцік. Ён ужо ўзняў руку, ды рука раптам застыла, як бы скамянела, бо ў канцы калідора пачуўся ціхі плач, жаночы плач.
Усе трое адначасова ўздрыгнулі і, напружваючы вочы, пачалі ўзірацца ў той бок. І ўбачылі Барбару Радзівіл, дакладней, убачылі няясную цёмную постаць, якая ці то плыла, ці то йшла да іх. Дзяўчаткі затрымцелі ад жаху і прыціснуліся да пана Залівакі. Той, як прыроджаны шляхціц, не падаў выгляду, што спалохаўся, хоць нервова заторгалася левае брыво. Ён пацёр яго пальцамі, матлянуў галавой. Калі гэта сонная відзежа, яна знікне, прападзе. Ды постаць набліжалася, а плач не сціхаў.
– Мой кароль… Мой найкаханейшы Жыгімонт, – далятала да іх. І столькі пакуты, столькі любові было ў гэтых словах!
Вось Чорная Пані апынулася зусім побач – здавалася, працягні руку і дакранешся да яе. Але да чаго дакранешся? Да пустаты ці да чалавечай плоці? Гэта жывая істота ці халодны прывід? Альжбэта і Анэля войкнулі і закрылі свае тварыкі рукамі. Пан Залівака мужна пазіраў перад сабой, мацаваўся духам і запознена шкадаваў, што прыйшоў сюды не з шабляю. Калі быць дакладным, шаблю ён браў, ды па загадзе ротмістра пяцігорцаў Рафала, свайго сябрука, пакінуў яе ў каравульнай вежы.
Усе, каму даводзілася бачыць Чорную Пані, казалі, што яна, не спыняючыся, моўчкі праходзіць і знікае. Само ейнае з’яўленне папярэджвае гаспадароў нясвіжскага замка аб тым, што ім пагражае небяспека – вайна, хвароба ці сама смерць.
«Знікні. Ідзі ў свой саркафаг, ідзі ў падзямелле, туды, дзе вечным сном спяць твае славутыя родзічы Радзівілы», – у думках умольваў Чорную Пані пан Залівака. Ды яна не знікала. Яна (мо ўпершыню!) загаварыла з жывымі людзьмі.
– Адыдзі ад дзяўчатак і стань вунь каля той сцяны, – ціхім халодным голасам загадала яна пану Заліваку. Той, анямеўшы і нібы ператварыўшыся ў маленькага пакорлівага хлапчука, зрабіў усё дакладна так, як яму было загадана.
– Не бойцеся мяне і станьце на калені, – сказала сёстрам Чорная Пані, і калі яны, уздрыгваючы ад невымернага страху, апусціліся на шурпатыя пліты, паклала ім на плечы свае рукі. Яны былі аж ледзяныя.
– Мне так адзінока і так няўтульна, – гаварыла бледнатварая Барбара Радзівіл. – І я зайздрошчу вам. Вы – маладыя. Вы – жывыя. Вы паедзеце ў Масковію. Паедзеце да маскоўскай царыцы Марыны Мнішак. Шмат бядотаў будзе ў далёкай дарозе, але Пан Бог дапаможа вам, зберажэ. Адна з вас стане жонкаю князя, другая – жонкаю паэта. Вы народзіце дзяцей і будзеце жыць да глыбокай старасці. Ды не забывайце гэтую ноч, ніколі не забывайце. Не забывайце Чорную Пані з нясвіжскага замка.
Раптам твар у Барбары Радзівіл пачаў цямнець, потым зусім счарнеў. Яна пакутліва ўздыхнула, амаль адштурхнула ад сябе дзяўчатак і хуценька пайшла па калідоры. І ўсё паўтарала:
– Мой кароль… Мой найкаханейшы Жыгімонт…
Альжбэта ж з Анэляй і з панам Залівакам засталіся на месцы, нібы нехта заліў падлогу калідора густой смалой-жывіцай і яны прыліплі да яе. Пакутліва асэнсоўвалі тое, што пабачылі на ўласныя вочы.
– Ну й ну, – разгублена мармытаў нан Залівака і няспынна асяняў сябе знакам святога крыжа. Гэтак жа сама рабілі напалоханыя дзяўчаткі. Вярнуў іх да жыцця ротмістр пяцігорцаў Рафал, які гучна кашлянуў у паўзмроку калідора і стукнуў дрэўкам дзіды аб каменную падлогу. З перапуду яны падскочылі ледзь не да столі.
Назаўтра, у дзень ад’езду, толькі й размоў было пра Барбару Радзівіл. Сёстры-фрэйліны ахалі ды вохалі.
– Як ёй жывецца там адной у падзямеллі? – уражана казала Альжбэта, і прыгожыя блакітныя вочы напаўняліся слязьмі.
– Я б не змагла. Я б адразу ж памерла ад страху, – сціскаючыся ў камячок, уздрыгваючы ад незабытых уражанняў мінулай ночы, шаптала Анэля.
І не пра прывід гаварылі яны між сабой, а пра жывую каралеву і вялікую княгіню Барбару, бо паверылі ў ейнае існаванне. Ім зусім не абавязкова было ведаць як і якім чынам ажыла венцаносная прыгажуня. Самым галоўным і самым пераканаўчым для іх было тое, што БАРБАРА РАДЗІВІЛ ПАКЛАЛА СВАЕ РУКІ ІМ НА ПЛЕЧЫ. Потым пачалі ўспамінаць кожнае прамоўленае ёю слова.
– Яна сказала: «Адна з вас стане жонкаю князя, другая – жонкаю паэта», – пазіраючы на срэбныя воблакі, што нястрымна плылі па спакойна-бяздонным ранішнім небе, з рамантычным іскрыстым святлом у вачах прамовіла Альжбэта. – Яна не памыляецца, яна не можа памыляцца. Які ж лёс чакае кожную з нас?
– Князь або паэт. Няўжо Пан Бог урыхтаваў нам такую долю, сястрыца? – горача абняла і пацалавала Альжбэту Анэля. – Князь або паэт. Аж страшна ад такой думкі. Але й радасна. Няхай жа спраўдзяцца ейныя словы.
І тут сёстры адначасова ўспомнілі пра Лявонція Кукарэцкага. І Альжбэта з затоеным сумам уздыхнула:
– Князёў шмат. Паэтаў мала.


XVII

Светлыя дзявочыя мроі перапыніў пан Залівака, які, выціраючы са шчокаў пот, бо дапамагаў служкам пакаваць у фуру неабходныя для далёкага падарожжа рэчы, бадзёра выгукнуў:
– Едзем, паненачкі!
Селі ў фуру на мяккія набітыя гусіным пер’ем падушкі, накрылі ногі цёплай поласцю з аўчыны, раскрылілі над галовамі вялізны скураны парасон ад дажджу і ад сонца. Барадаты фурман, азірнуўшыся на пана Заліваку і на дзяўчатак, перахрысціўся і шлёгнуў коней пугаю з сырыцы:
– Но, воўчае мяса!
Такія словы адразу ж не спадабаліся юным падарожніцам, ды яны добра разумелі, што ад гэтага барадатага сярдзітага чалавека будзе залежыць іхняе самаадчуванне, здароўе і нават жыццё. Таму яны, як і фурман, як і пан Залівака, перахрысціліся і пачалі моўчкі глядзець на дарогу.
Радзівілаўскі абоз кіраваўся ў сяло Тушына, дзе быў лагер шчасліва ўратаванага цара Дзмітрыя Іванавіча і царыцы Марыны Мнішак. Там, за дванаццаць вёрстаў ад Масквы, гуртавалася войска з дружынаў маскоўскіх баяраў і дваранаў, з данскіх і запарожскіх казакоў, з парэшткаў разгромленай раці Івана Балотнікава, з польскай і ліцвінскай шляхты, з лісоўчыкаў, з невядомых жорсткіх бадзягаў, якіх лютая віхура вайны выкінула на паверхню дагэтуль соннага жыцця. Незадаволеныя пакрыўджаныя Васілём Шуйскім баяры і чарнасошныя людзі спляліся, зліліся ў адзін магутны кулак. З сяла Тушына меркаваўся паход на стольную Маскву і на Крэмль.
Пан Сямён Бібуловіч, які кіраваў абозам, стараўся весці яго такім чынам, каб на начлег спыняцца не ў чыстым полі, а ў якім-небудзь мястэчку ці ў вялікай вёсцы. Вельмі баяўся ён нечаканага нападу. А напасці, падпілаваць палі пад мостам і пакласці на халоднае глеістае рачное дно, мог хто заўгодна. Тутэйшы пан са сваімі дворнымі людзьмі. Беглыя халопы. Найміты з Польшчы, Маравіі і Сілезіі, пешцы або вершнікі, што пад началам сваіх ротмістраў служылі пушкарамі ў замках Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя людзі не толькі ваявалі, але й працавалі кавалямі, рабілі і рамантавалі гарматы і стрэльбы-ручніцы, умелі рыхтаваць порах. Грошы ім плацілі нерэгулярна, з затрымкаю, і вельмі часта яны, злыя і бязлітасныя, выходзілі на навакольныя шляхі-дарогі, рабавалі кожнага, хто трапляўся.
Як бы там ні было, але абоз хутка-павольна рухаўся на ўсход. І неўзабаве Альжбэта, Анэля і пан Залівака пазнаёміліся з Эльвірай Скаблінскай і Вітаўтам Гарткевічам. Паміж фурманаў і жаўнераў аховы яны аказаліся адзінымі цывільнымі людзьмі, што, вядома ж, непазбежна зблізіла іх.
Эльвіра з захапленнем глядзела на прыгожых вельмі багата апранутых дзяўчатак. Пра сябе яна назвала іх «лялькамі». У сваю чаргу Альжбэта і Анэля, упершыню ўбачыўшы парывістую засцянковую паненку, што магла гарцаваць на кані і махаць плёткаю, магла ўжыць салёнае мужчынскае слова, дужа здзівіліся поўнаму яе няўменню апранацца і жыць па сучаснай модзе. На іхнія яркія адмысловыя ўборы яна пазірала, як сапраўдная дзікунка, шырока вырачыўшы вочы. Напачатку сёстры нават падумалі, што ніякая яна не шляхцянка, а звычайная чорная мужычка, з тых, у каго пад неабрэзанымі недагледжанымі пазногцямі вечны нязводны бруд. І ўсё-ткі гэтая баявая дзяўчына была шляхцянкаю, адной, так мовіць, з імі крыві. І яны, успомніўшы строгую фрау Ізольду, самі на нейкі час ператварыліся ў дзвюх Ізольдаў – пачалі вучыць Эльвіру, наколькі магчыма было ў дарозе, этыкету і прыгажосці. Збоку гэта магло падацца нейкай несур’ёзнай дзіцячай гульнёй, нейкім дзівацтвам, але Эльвіра Скаблінская з усёй стараннасцю і адказнасцю аднеслася да такой вучобы. Яна разумела: быць шляхцянкаю вельмі няпростая справа. Ты павінна адпавядаць таму жыццю, што цячэ вакол цябе, адпавядаць ягоным строгім, раз і назаўсёды вызначаным патрабаванням. Ты павінна адпавядаць свайму мужчыне – нястомнаму ваяру і працаўніку, для якога вышэй за ўсё гонар і вернасць абавязку. І Эльвіра, заўважаючы, з якой усё большай захопленасцю пазірае на яе Вітаўт Гарткевіч, была ўдзячная маладзенькім настаўніцам.
Пан Залівака і Вітаўт Гарткевіч таксама вельмі хутка знайшлі агульную мову. Як мужчыны, прытым, адукаваныя мужчыны, яны, вядома ж, не маглі не гаварыць пра вайсковыя і палітычныя падзеі, што разгортваліся на іхніх вачах у Рэчы Паспалітай і ў Маскоўскім царстве, і ўдзельнікамі якіх, жадаючы ці не жадаючы, былі яны самі і блізкія, і дарагія ім людзі. Пан Залівака аказаўся надзіва разумным чалавекам. Седзячы ў дрогкай фуры, глянуўшы на шэрае дажджыстае неба над абозам, ён сказаў Гарткевічу, які на Самуме ехаў побач:
– Рымлянін Авідый дарэмна піша, што Бог стварыў усіх нас, людзей, толькі для сузірання нябёсаў, бо – Erectos ad sidera tollere vultus – усе людзі схіляюцца да зямлі. Гэта непазбежна, як бы мы ні супраціўляліся. Такі наш чалавечы лёс.
– І не толькі схіляюцца людзі да зямлі, але й назаўсёды кладуцца ў гэтую самую зямлю, калі праб’е іхні час, – падтрымаў суразмоўцу Вітаўт Гарткевіч.
– Пэўна, пан думае аб тым, што чакае нас у ахопленай вайной Масковіі, бо ў той непрадказальнай зямлі можа знайсціся месца і для нашых шкілетаў, – па-філасофску зазначыў пан Залівака і ўсміхнуўся.
– Я не баюся смерці, – успыхнуў Гарткевіч. – Я толькі трывожуся за нашых жанчын.
– Ніколькі не сумняваюся ў вашай адвазе, – зноў усміхнуўся Залівака. – А мілых кабет будзем, як верныя іхнія рыцары, аберагаць разам. <…>
Вёрстаў за сорак на ўсход ад Дняпра спыніліся ў невялікім мястэчку, што адным сваім канцом упіралася ў парослыя кучаравым жоўта-зялёным хвойнікам старадаўнія курганы. Курганоў тых было каля дзесяці. Ніхто з тубыльцаў не ведаў, хто і калі насыпаў іх, і што ляжыць у іх унутры. Але якраз падчас прыходу абозу мясцовыя дзеці заўважылі сароку, якая нізка ляцела над зямлёй, несучы ў дзюбе нешта бліскучае. Дзеці пачалі сачыць за птушкай, бегчы за ёй. Хутка высветлілася, што яна лётае да аднаго з курганоў, на схіле якога мелася ці то звярыная нара, ці то нейкая вымоіна пасля навальнічнага ліўня. Сарока садзілася каля гэтай нары, хуценька азіралася па баках, і, пераканаўшыся, што нішто ёй не пагражае, знікала пад зямлёй. Праз лічаныя імгненні яна зноў з’яўлялася на паверхні, абтрасала ад жоўтага пяску сваё чорна-белае пер’е. А ў ейнай дзюбе быў або залаты пярсцёнак, або срэбны ланцужок.
– Панская магіла, – вырашылі дзеці і пачалі рыдлёўкаю і проста рукамі раскопваць схіл. Але, як ні дзіўна, нічога не знайшлі. Багацце, якое, пэўна ж, ляжала ў кургане, быццам правалілася скрозь зямлю. Быццам нехта зачараваў яго, каб не аддаць людзям, а аддаць дурной птушцы.
Дужа здзіўленыя мурзатыя ад пяску дзеці селі кружком наўкол нары. На тварах былі разгубленасць і шкадаванне. Так марылі яны разбагацець, выкапаўшы скарб, ды нічога не атрымалася з іхняга капання-старання. Раптам самы старэйшы між іх нешта пачуў, прынік вухам да зямлі, знерухомеў. Потым зірнуў на сябрукоў, спалохана сказаў:
– Там, у зямлі, пан спіць. Храпе.
Дзеці па чарзе пачалі праслухоўваць зямлю. І сапраўды – з зямной тоўшчы даносілася глухое храпенне, нібы там ляжаў і моцна спаў чалавек. У адзін міг як віхор змёў усіх дзяцей з кургану, толькі босыя пяткі заблішчэлі. Наўсцяж па калючым густым хвойнічку яны ірванулі ў мястэчка і напароліся на абоз, ледзь не спудзіўшы коней. Жаўнеры-вершнікі з аховы нават выхапілі шаблі, думаючы, што гэта напад з засады. Але гэта аказаліся ўсяго толькі галаштанныя да смерці перапалоханыя дзеці. Яны й расказалі абознікам пра сароку, пра панскую магілу і падземнае храпенне.
– Ці чысцілі вы хоць калі свае вушкі, дзеткі? – весела засмяяўся, пачуўшы іхні аповед, пан Залівака. – Гэта не пан храпе. Гэта ў вашых вушах бруд разам са страхам варочаецца. А цяпер паслухайце мяне, як знайсці гэты скарб, калі ён толькі ёсць. Не нару капайце, палохаючы сароку, а знайдзіце сарочына гняздо.
– Я ведаю! Яно – на старой дуплаватай бярозе! – адразу ж закрычаў белавалосы, да чырвані спалены летнім сонцам хлапчук.
– Вось там і ваш скарб. На старой дуплаватай бярозе. Лезьце не ў нару, а на бярозу, – зноў засмяяўся пан Залівака. І зноў ўсе паважліва паглядзелі на яго.
Ды ўсё мястэчка, як неўзабаве даведаліся падарожнікі, хвалявала не нейкая сарока, не пярсцёнкі і ланцужкі, якіх ніхто з дарослых не бачыў. Людзей палохалі трывожныя навіны, што кожны дзень, як чорныя навальнічныя хмары, прыплывалі з усходу. Там, на ўсходзе, на мяжы з Маскоўшчынай, дзеялася нешта незразумелае і страшнае.
– Навошта вы туды едзеце? – падыходзячы да абозу, казаў шмат хто з местачкоўцаў. – Ці можа вам абрыдла жыць? Там жа – вайна, разня і грызня. Праглынуць вас і нават не зморшчацца. Там, на памежжы, лютуе разам са сваёй крывавай жорсткай хеўраю Чорны Маскаль – рабуе, забівае, гвалціць, калечыць.
Пачуўшы такое, кіроўца абозу пан Сямён Бібуловіч загадаў ахове бізунамі адганяць гаваруноў. Не дапамогуць бізуны, секчы шаблямі. Яшчэ не хапала, каб ягоныя людзі разбегліся хто куды, як палахлівыя палявыя мышы. Даўшы на спачын у мястэчку толькі адзін дзень, ён зноў пагнаў абоз уперад і, не гледзячы на стому, змусіў усіх рухацца як мага хутчэй, быццам нехта наступаў яму на пяткі.
– Наш ваявода хоча перахітрыць хітрага, – маючы на ўвазе Бібуловіча, нездаволена прамовіў Вітаўт Гарткевіч. – Ён, як тое птушанё, што само шчэміцца проста ў рот удаву.
Нездаволенасць была выклікана тым, што падчас прывалу ў мястэчку Эльвіра на Самуме хацела павучыць Альжбэту і Анэлю ездзіць вершна. Маладзенькія фрэйліны з найвялікшай радасцю згадзіліся, Гарткевіч даў на такую справу каня, ды Бібуловіч сваёй паспешлівасцю зблытаў усе карты.
Зноў пад цяжкімі коламі фураў зарыпела пясчаная мокрая ад частых дажджоў дарога. На ёй было мноства глыбокіх лужынаў, і колы амаль хаваліся ў іх. Бедныя коні выбіваліся з сілаў. Вельмі часта людзі дапамагалі коням – напружваючы ўсе жылы, штурхалі фуры, якія, здавалася, намёртва заселі ў агіднай слізкай земляной кашы.
На ўзбочыне дарогі пад разбітым скарэжаным маланкаю дубам убачылі сляпога старца з хлопчыкам-павадыром, абвешаных шэрымі палатнянымі торбамі. Торбы былі пустыя. Усюды лютаваў голад, і людзі ашчаджалі кожны кавалак хлеба для сябе і для сваіх дзяцей. Не да жабракоў было, не да іхніх слёзных малітваў.
Накармілі няшчасных. Стары, даведаўшыся куды ідзе абоз, склаў на падпалым жываце сухія змарнелыя рукі, заспяваў, як сам сказаў, былінушку пра сяло Тушына:

Выязджае вор-сабачачка на добрым кані,
На добрым кані ў чыстае поле.
Супыніўся вор-сабачачка пад сталіцаю,
Пад сталіцаю ў сяле Тушыне.
Распінае ўздымае ён бел-тонкі намёт,
Рассцілае ў намёціку шаўковы дыван,
Рассыпае на дыване залатыя бабы.
Па бабах стаў вор-сабачачка адгадваці:
«Ці скараюць нас тут, ці павесяць нас?
Ці заплоцяць нам тут срэбрам-золатам?».

– Для іх ён вор, для нас цар, – раздумліва сказаў Гарткевічу пан Залівака, калі рушылі далей, пакінуўшы пад дубам старца з павадыром. – Вор па-ангельску – вайна. Вялікую вайну прынёс ён у Маскоўшчыну. Ды не было б яго, вайна гэтая ўсё роўна б усчалася, бо дужа шмат тут бедных, галодных і пакрыўджаных. Як мяркуеце, васпане – павесяць вора-цара ці насыплюць паўнюткую меру срэбра-золата?
– Можа атрымацца і так, і гэтак, – паціснуў плячыма Вітаўт Гарткевіч. – Маскоўшчына – дужа непрадказальная краіна. Там раніцою галоўку гладзяць, а ўжо ўвечары тую ж самую галоўку адсякаюць.
– Цалкам згодзен з васпанам, – разгладзіў свае пацямнелыя ад дажджу пшанічныя вусы Залівака. – Але думаю, што ў любым выпадку нам будзе ой як нялёгка. Па чутках, пляменнік Васіля Шуйскага князь Міхайла Скопін-Шуйскі, адважны дваццацітрохгадовы маладзён, дамовіўся са шведамі. Масква аддае ім горад Карэлу з ваколіцамі, а ўзамен за гэта шведскі ваявода Дэлагардзі ўжо ідзе са сваёй пяцітысячнай раццю на дапамогу маскавітам убок Тушына. Шкада, што шведы сёння не нашыя саюзнікі і не даруюць нам паразу пад Кірхгольмам, ніяк не могуць забыцца пра яе.
– Шведы – народ ганарысты. Такі ж, як і нашая ліцвінская шляхта. А значыць, сіла сутыкнецца з сілаю, і толькі Пан Езус вырашыць, хто пераможа, – уздыхнуў Гарткевіч і пачаў суцішваць Самума, якога напалохала нечаканым рэзкім карканнем варона, што імкліва ірванулася з прыдарожнай яліны.
А наўкол усе сустрэчныя-папярэчныя людзі толькі й казалі з найвя­лікшым страхам пра Чорнага Маскаля. Калі верыць, яго бачылі і тут, і там. І ўсюды ён з’яўляўся пад покрывам ночы, за што й празвалі яго Чорным, і рабіў сваю чорную справу: забіваў, катаваў, нявечыў, да драбніцы выграбаў харч, адзенне і грошы.
Наступны прыпынак пан Сямён Бібуловіч дазволіў абозу пасля доўгага знясільваючага пераходу па ўшчэнт сапсаванай моцным пранізлівым дажджом дарозе. Адмахалі вёрстаў пяцьдзесят і нарэшце ўвайшлі ў вялікае сяло Білібіна, з прыгожай зрубленай са свежага жоўтага дрэва царквою і апусцелымі баярскімі харомамі. Мясцовы баярын знік – пабег ці ў Тушына, ці ў Маскву да Васіля Шуйскага. У ягоных харомах і на ягоным двары атабарыліся на начлег.
Эльвіра, Альжбэта і Анэля, што паспелі зрабіцца сяброўкамі падчас падарожжа, заначавалі ў шыкоўным абстаўленым італьянскай мэбляю пакоі, дзе была спальня баярыні. Тут на сценах, абабітых залатым узорыстым галуном, гарэлі ўваткнутыя ў галіністыя ласіныя рогі свечкі, віселі два вялізныя люстры. <…>
Залівака з Вітаўтам начавалі па-паходнаму: леглі на дубовыя лавы каля сталоў, умасціўшы пад галовы конскія сёдлы. Не трэба было нічым накрывацца, бо камін грэў, як шчодрае ліпеньскае сонца ў самы поўдзень. Ды сон напачатку не йшоў. Усё-ткі лавы гэта не пярыны. Цвёрдыя, мулкія. Але галоўным віноўнікам бяссоння быў аброслы доўгімі дужа густымі валасамі стары дрывакол, які сядзеў на нізенькім чурбанчыку бліз каміну, варушыў жалезнай качаргой чырвонае іскрыстае вуголле і, не даючы агню патухнуць, час ад часу падкідваў новыя паленцы. Ён тут жа й наколваў іх, цюкаючы невялічкай вострай сякеркаю. Са згоды новапрыбылых пастаяльцаў стары глухаватым шурпатым голасам вёў бясконцы аповед пра сваё жыццё-быццё, называючы Заліваку і Гарткевічу гасударамі.
– Значыць, у Тушына едзеце, гасудары? – пазіраючы на варухлівыя касмылі полымя, казаў ён. – Быў я ў тым сяле. Багатае было сяло. Мужыкі былі багачы, і баярын іхні Аляксандр Барысавіч Гарбаты на мяшках з золатам сядзеў. Ды мы іх за вялікія здрадныя справы, за злую нелюбоў іхнюю да цара-бацюхны Івана Васільевіча ў адначассе ўсіх пасеклі, як шалёных псоў. А сяло падпалілі – і хаты, і хлявы, і гумны. Імчышся па вёсцы на кані з паходняю ў руцэ, тырк паходню ў страху, у сухую салому – і адразу ж агонь узвіваецца, як дзікі звер, гудзе, раве, трашчыць. Люблю агонь. Вось таму на старасці гадоў маіх і служу тут дрываколам каля баярскага каміну.
Ён весела-шчасліва закашляўся, паднёс кулак да вуснаў і гаварыў далей:
– Мяне крамешнікам тутэйшыя людзі клічуць, а я й не крыўдую. Крамешнік дык крамешнік. Так у часы маладосці маёй патаемныя царскія ворагі, гадзюкі падкалодныя называлі нашае апрычнае войска, лічылі нас пачварамі крамешнай цемры. От быў час! Вясёлы! Залаты! З вялікай ахвотаю я, тады яшчэ зусім зялепуха, у апрычнікі запісаўся да самога Малюты Скуратава. Нас напачатку ўсяго пяцьсот семдзесят чалавек было. Потым тысяча. А потым пяць тысячаў. Выдалі нам на царскім двары ў Аляксандравай слабадзе чорныя, як у манахаў, плашчы, падбітыя футраю з авечкі. Ды гэта толькі зверху мы былі падобныя на нікчэмных жабракоў. Знізу ж апраналі, як баяры, шытыя золатам сукні з сабалямі і куніцамі. Цар Іван Васільевіч не шкадаваў для нас, сваіх верных слуг, нічога, самыя дарагія сукні жалаваў – сінія і чырвоныя.
Расказваючы, назіраючы за камінам, крамешнік (так адразу пра сябе назвалі гаваркога даўгавалосага старога пан Залівака і Вітаўт Гарткевіч) трымаў у руках нож і валэндаўся з нейкай жоўтай косткаю.
– Што ты робіш? – спытаў ў яго Гарткевіч.
– Святыя крыжыкі выразаю з косткі, – адказаў крамешнік. – У мяне іх шмат ужо нароблена. Вось паглядзіце, гасудары.
Ён развязаў палатняны мяшэчак, які ляжаў каля ягонай нагі, зачэрпнуў адтуль з касцяным халодным хрустам поўную жменю невялічкіх крыжыкаў і нейкіх кружочкаў. Пра кружочкі сказаў, што гэта будуць завушніцы для прыгожых маладзіц.
– Баба любіць чапляць на сябе розныя бразготкі, як якое-небудзь неразумнае дзіця ці лясная малпа, – патлумачыў крамешнік і засмяяўся тонкім вострым смехам. Полымя з каміну асвятліла ягоны твар, і твар падаўся крывавым.
Некалькі разоў у трапезную ўваходзілі два маладыя здаравенныя дзецюкі, прыносілі па бярэмю дроў і не клалі, а з грукатам высыпалі каля каміну, змушаючы ўздрыгваць пана Заліваку. Яны шапталіся аб нечым з крамешнікам і хмура пазіралі на лавы, дзе ляжалі, ніяк не могучы заснуць, госці-ліцвіны.
– На шыі сваім коням мы прывязвалі сабачыя галовы, на ручкі бізуноў сабачую поўсць, а збоку, каля сядла, утыкалі мятлу, – расказваў між тым стары апрычнік і ўсё рэзаў, рэзаў костку. – Гэта азначала, што мы спачатку кусаем, як сабакі, а потым вымятаем царовых ворагаў са Святой Русі. Між нас былі дужа радавітыя людзі – сыны князёў Баратынскіх, Адоеўскіх, Пронскіх, Трубяцкіх і Шчарбатавых, баярскія дзеці – Бутурліны, Варанцовы, Гадуновы, Колычавы. І немцы былі – Штадэн і Шліхцінг. Зверху ж сам цар-бацюхна быў. Ён у нас лічыўся ігуменам. Афанас Вяземскі быў келарам, а Малюта Скуратаў панамаром. Яны заўсёды хадзілі з манашскімі завостранымі кульбамі і доўгімі нажамі. Нажы хавалі пад епанчой. Ледзь хто ўгневае цара, ён дастае нож – чырык, і выцягвай за ногі свежаніну на вуліцу.
Крамешнік засмяяўся. Ад ягонага смеху пан Залівака пакутліва зморшчыўся і ціхенька шапнуў Гарткевічу:
– Баюся, пане Вітаўт, што гэтая ноч можа быць для нас апошняю. Як там нашыя жанчыны?
– Пан Бібуловіч паставіў каля іхніх дзвярэй варту. Я сам правяраў, – шэптам адказаў Вітаўт, не зводзячы вачэй з крамешніка.
Нібы пачуўшы іхнія словы, крамешнік сказаў, зноў засмяяўшыся:
– Ды вы не бойцеся, гасудары. У нас, у Білібіне, усё спакойна. Нікога тут няма – ні апрычнікаў, ні людзей Ванькі Балотнікава. Спіце, як у сябе дома. А ўсё-ткі шкада, што цар Іван Васільевіч распусціў апрычнае войска. Наш народ любіць, каб быў страх, каб быў ва ўсім парадак. Без страху Масковія не Масковія, а нейкая бязбожная Басурманшчына ці Лаціншчына. Добры тады быў час. Пасля кожнага пакарання злыдняў-супастатаў мы, апрычнікі, збіраліся за багатымі сталамі, і Малюта Скуратаў казаў, высока ўздымаючы кубак:
– Каб у нашых ворагаў засталося крыві не болей, чым віна ў гэтым кубку.
І выпіваў віно да апошняй кропелькі.
Ён пазяхнуў, пачасаў валасатую расхлістаную грудзіну, пачаў завязваць мяшэчак з касцянымі крыжыкамі і кружочкамі. Яны тоненька пазвоньвалі-храбусцелі. Гэты непрыемны гук драпаў Гарткевічу слых, не даваў заснуць.
Вітаўт ляжаў на лаве, чуў, як пачынае засынаць пан Залівака, пачынае крактаць, варочацца, уздыхаць, нешта мармытаць. Вось засвістаў носам, сцішыўся. Сам жа сабе Гарткевіч пакляўся ўсю ноч не змружваць вачэй. Ляжаў, шаптаў малітву, не выпускаў з рукі эфес шаблі.
Начная цішыня паступова ўзяла ў сваю абладу баярскія харомы. Толькі на двары каля канавязей час ад часу фыркалі коні, але фыркалі спакойна, без трывогі. Водбліск ад каміннага полымя, як нейкая таямнічая ружовая здань, танцаваў на цёмных сценах трапезнай, на сталешніцах. Ды й полымя пакрысе слабела, чэзла, знікала. Ад згарэлых дроў заставаўся толькі шэры цёплы попел, у якім яшчэ дзе-нідзе прадзёўбваліся чырвоныя калючыя іскрынкі. Неўзабаве патухлі і яны.
Вітаўт Гарткевіч прачнуўся ад ледзь улоўнага шэпту. Як ні мацаваўся, ўсё-ткі на нейкія імгненні не вытрымаў і нібы праваліўся ў цёмную яміну. Але, пэўна, дапамагла святая малітва, у якой ён прасіў Езуса не затуманьваць сном галаву, бо прахапіўся ад найцішэйшага шэпту.
– Бярэм абодвух, – шапталіся ў цемры.
– А ты расклаў у яры вогнішча?
– Расклаў. І саган з вадою павесіў на крывулю.
Абміраючы сэрцам, Вітаўт слухаў гэтую начную размову і пакуль слаба што разумеў. Якое вогнішча? Які саган? Што за крывуля? Ён, стараючыся нават радзей дыхаць, прыўзняўся на локцях, да болю ў вачах узіраўся ў абсалютную сляпую цемру. Праз некаторы час даўмеўся, што шэпчуцца трое: крамешнік і тыя хмурыя здаравілы, якія цягалі яму дровы.
– Мне – рука, – ціхутка-ціхутка прамаўлялі недзе каля каміна.
– А мне – нага.
– А я мазгі вып’ю. Яны цёпленькія.
І тут Гарткевіч аж скалануўся ад страшэннай здагадкі – гэта ж яго разам з панам Залівакам дзеляць, як кабанчыка, людажэры! Ён чуў пра такіх, ведаў пра дзікі голад у спустошанай разрабаванай Маскоўшчыне. Але, каб ён сам, каб ягонае цела зрабіліся ежаю для нейкіх людзей-звяроў, не мог нават падумаць. І вось яго дзеляць людажэры! Заб’юць і звараць у сагане, які вісіць у яры на крывулі!
– Але ж на двары жаўнеры. Як мы пройдзем? – зашалясцела ў змроку.
– Жаўнеры спяць. А калі хто й запытае, скажам, што мы дрываколы і носім бярвенні для каміну і баярскіх печаў.
– Уначы?
– А чаму й не? Запазніліся. А дроў трэба шмат. Вось і цягаем. Цягаем з баярскай трапезнай у суседні флігель. Там таксама ёсць камін і ёсць печ.
– Я хацеў бы пакаштаваць жаночага. Кажуць, яно саладзейшае. Мякчэйшае і саладзейшае.
– Дурань. Каля жаночай спальні стаіць ахова. Бярэм гэтых.
Жахоцце нейкае, ды й толькі! Яго, Вітаўта Гарткевіча, патомнага шляхціца, жывога чалавека, дзялілі! Як дзеляць на часткі нейкую рэч. Што ж рабіць? Іх трое. Яны ведаюць тут усе хады-выхады. У трапезнай цёмна, хоць вока калі. Не відно, куды бегчы, дзе ратавацца. Зачэпішся за стол або за лаву, упадзеш, а яны ўзваляцца зверху і прыкончаць, ператвораць у нерухомае бервяно. І панясуць міма варты ў лес, у яр. І жаўнеры ні аб чым не здагадаюцца.
Побач мірна, як дзіця, спаў пан Залівака. Выводзіў носам бесклапотныя меладычныя рулады. Не чалавек, а флейта! Яго трэба нейкім чынам разбудзіць, але разбудзіць незаўважна для людажэраў.
Вітаўт Гарткевіч, правай рукой моцна сціскаючы шаблю, пругка выставіўшы ейнае вострае лязо ў сляпую цемру, левай рукой стаў ціхенька біць Заліваку па мяккіх пульхных шчоках, шаптаць, падрабляючыся пад голас панскай кухаркі:
– Уставай, пане. Яечня ўжо на стале. Уставай. Яечня на стале.
Пан Залівака замармытаў спрасоння, павёў туды-сюды носам, уздыхнуў і пачаў павольна ўздымацца з лавы. Толькі б не зачапіў сядло – упадзе, наробіць грукату, узбударажыць людажэраў, і тады не здабраваць – па костачках разбяруць. Гарткевіч у думках прасіў Бога, каб усё абышлося ціха-мірна. Трэба ж неяк ратавацца ад гэтых звералюдзей. Ён успомніў пра свой пісталет. Пераклаў шаблю з правай рукі ў левую, узяў яго ў правую руку, пачаў узводзіць.
– Дзе яечня?! – раптам грозна гаркнуў ва ўвесь голас пан Залівака. Гэты нечаканы крык паміж сляпой цемры, пэўна ж, агаломшыў крамешніка і ягоных памагатых. Ды й для Вітаўта стаўся ён поўнай неспадзяванкаю.
– Пан Залівака! Пад стол! – крыкнуў Гарткевіч, схапіў шляхцюка за каршэнь, рэзка прыгнуў яго. І ў той жа міг па дубовай сталешніцы з усяго маху ўдарыла сякера, аж пошчак пайшоў па трапезнай. Секануў, цэлячыся на голас, крамешнік. Потым яшчэ й яшчэ. Сякеру падтрымала жалезная качарга, якой узброіўся адзін з людажэраў. Трэці ж, мяркуючы па ўсім, ворсаў і ворсаў у сталешніцу нажом. Тут ужо было не да цішыні.
– Дапамажыце! – як мага мацней закрычаў Вітаўт, закрычаў на ўсё горла, стараючыся, каб пачулі жаўнеры на двары.
– Ратуйце! – енчыў пан Залівака, схаваўшыся пад сталом.
Гарткевіч стрэліў з пісталета і, пэўна ж, пацэліў некаму з нападнікаў у нагу. Рэзка залемантаваў паранены, мацюкаючыся, клубком пакаціўся па падлозе. Двое ягоных сябрукоў у шаленстве білі й білі па сталешніцы. Яна пачала трашчаць. Вось-вось дабярэцца востры смяротны метал да безабароннага чалавечага цела, і тады – канец. Уся надзея была на жаўнераў Сямёна Бібуловіча, якія начавалі на двары каля вазоў. І жаўнеры, дзякаваць Пану Богу, пачулі. З дзесятак іх з яркімі паходнямі ў руках уварваліся ў трапезную. Дзіўную карціну ўбачылі яны. Вітаўт Гарткевіч і пан Залівака хаваліся пад сталом, які быў падобен на рэшата. Двое маладых людажэраў з качаргою і нажом у руках стаялі каля гэтага стала. Твары былі перакошаныя нянавісцю і страхам. Стары крамешнік, трымаючыся за параненую нагу, сядзеў на залітай крывёю падлозе. Ды ён быў зусім непадобны на таго, каго ўсе бачылі ўдзень. Той быў змарнелы сівы і безбароды. Зараз жа на жаўнераў і на Гарткевіча з Залівакам гнеўна і пыхліва пазіраў чарнавалосы чарнабароды чалавек.
– Чорны Маскаль! – здзіўлена ўсклікнуў адзін з жаўнераў, падышоў да крамешніка і тузануў за бараду. Барада адвалілася. Усе міжволі зрабілі крок-другі назад.
– Ён самы, – задаволена засмяяўся крамешнік і паглядзеў на Гарткевіча: – Можа ты й добры, можа ты й хрысціянін, ды ты, цела тваё – турма. І я хацеў выпусціць на волю з гэтай турмы вязня, якога ты трымаеш сам у сабе – твой шкілет. Хацеў крыжык выразаць з тваёй косткі. Не паспеў. Але й пагуляў, эх, як соладка пагуляў ва слаўную памяць дарагога ўсяму нашаму апрычнаму воінству Малюты Скуратава! А яны, – ён зірнуў на сваіх сябрукоў, якім ужо ланцужылі рукі, – хацелі мяска твайго пакаштаваць. Што паробіш? Вечна галодныя і вечна злыя.
Зноў голасам драпежнай начной птушкі заклекатаў у трапезнай смех старога апрычніка-крамешніка, смех людажэра. Ад такога смеху ўсім, хто яго чуў, зрабілася холадна і дужа няўтульна.
У трапезную забегла ўсхваляваная Эльвіра, а следам за ёю Альжбэта з Анэляй. Твары бялелі ад страху. Эльвіра кінулася на шыю Вітаўту, пачала цалаваць і, з апаскаю азіраючыся на людажэраў, распытвала:
– Ці цэлы ты? Ці ўбярогся ад гэтага звяр’я?
– Як можна не ацалець побач з адважнейшым панам Антоніем Залівакам? – туліў яе да сябе, весела ўсміхаўся Вітаўт Гарткевіч, краем вока паглядаючы на шчаслівага Заліваку, якога ў дзве шчакі цалавалі ды цалавалі Альжбэта з Анэляй.
Жаўнер, што пазнаў Чорнага Маскаля, убачыў між тым палатняны мяшэчак старога крамешніка з касцянымі крыжыкамі і кружочкамі, узяў яго, трасянуў і, гідліва зморшчыўшыся, шыбнуў мяшэчак у камін. І хоць камін даўнавата астыў, з-пад халоднага попелу адразу ж вытыркнулася чырвонае лязо агню.
Вельмі ўзрадаваліся білібінцы запаланенню Чорнага Маскаля. У лузе над ракой моладзь запаліла вогнішча, пачала вадзіць наўкол яго карагод і весела спяваць:

Сыру, сыру,
Дзеўкам сыру,
Дзеўкам сыру з малаком.
Жабу, жабу,
Хлопцам жабу,
Хлопцам жабу з чарвяком.


XVIII

У гэты ж самы час у сяле Тушыне панавала поўнае бязладдзе. Польскія аддзелы, якія падышлі ў сяло, сказалі што нікому болей непатрэбныя Дзмітрый Іванавіч з Марынай Мнішак, а на маскоўскі трон павінен сесці каралевіч Уладзіслаў. Такая навіна была, што ўдар грому для ўсяго царскага двара. Яны ўжо бачылі сябе ў заваяванай Маскве, у іхніх вушах ужо ўрачыста гучаў святочны гуд усіх званоў, якімі сустрэне іх сталіца, велічальныя крыкі-славасловіцы натоўпу, а тут раптам такая суровая неспадзяванка. Гэтых людзей называлі пералётамі. Раніцой яны былі ў Васіля Шуйскага, абедалі ў дваранскім апалчэнні разанца Пракопія Ляпунова, на начлег жа імчаліся ў Тушына да Дзмітрыя Іванавіча. І ўсё вынюхвалі, выцікоўвалі, хто ўрэшце пераможа, да каго трэба своечасова і беспамылкова прыхіліць галаву. У большасці сваёй гэта было радавітае памеснае баярства і новыя (з часоў Барыса Гадунова) дваране. Сяляне ж і казакі не хацелі падпарадкоўвацца Маскве, называлі яе лютай баярыняй прыгонніцай. Яны гатовыя былі ісці пад тушынскага “вора”, пад каралевіча Уладзіслава, нават пад турэцкага султана і крымскага хана, абы толькі не пад Маскву. Усеагульная нянавісць да царскай Масквы і ейных слугаў была вельмі вялікая. Яе можна хіба ахарактарызаваць словамі Жанны д’Арк, сказанымі прыкладна ў той жа час. Руанскі суддзя спытаў запалоненую Жанну:
– Ты ненавідзіш сваіх ворагаў?
– Не ведаю, – адказала адважная Жанна. – Але я ведаю, што ўсіх іх мы выганім з нашай зямлі, акрамя тых, якія ўпадуць на яе мёртвымі.
І ўсё-ткі першую трэшчыну дала не нелюбімая шмат кім Масква, а тушынскі лагер. Дваране, якія прыйшлі туды са сваімі атрадамі, разумелі: спачатку тушынцы прыкончаць Васіля Шуйскага, а потым возьмуцца й за іх. І яны пачалі слаць патаемных ганцоў у Крэмль, пачалі перамаўляцца з Шуйскім.
Не вытрымалі нервы і ў самога Дзмітрыя Іванавіча. Перад гэтым загінуў ягоны верны ардынарац шклоўскі шляхціц Андрэй Букаты. Касімскія татары, што ваявалі за цара Шуйскага, падпільнавалі Букатага непадалёку ад Тушына і зарэзалі, як авечку. Калі прывезлі скрываўлены труп, Дзмітрый Іванавіч глуха застагнаў, абхапіў твар рукамі, пачаў, седзячы за абедзенным сталом, хітацца збоку ўбок, нібы дрэва пад парывамі моцнага ветру. Царыца Марына і цалавала яго, і нешта шаптала на вуха, ды ніяк не магла супакоіць. І тады знайшоўся ў сяле Тушыне манах Арсеній, які нядаўна прыбег з Троіца-Сергіевай лаўры. Манах сказаў, што ажывіць Букатага. На вуліцы насупраць адзінай у сяле камяніцы, дзе месціўся царскі двор і жылі Дзмітрый Іванавіч з Марынай Мнішак, цесляры хуценька змайстравалі драўляны памост. На памост паклалі мёртвае цела Андрэя Букатага. Манах, даўгавалосы і худы, у чорнай хламідзе, узышоў на гэты памост, пакланіўся ва ўсе бакі народу (а наўкол было мора лю­дзей!), стаў на калені, пачытаў святую малітву, а затым лёг на нябожчыка. Тысячы людзей затаілі дыханне, сталі на дыбачкі, выцягнулі шыі. Усе з хваляваннем чакалі – вось зараз на іхніх вачах здзейсніцца найвялікшы цуд. У небе з-за цёмных воблакаў паказала свой твар чырвонае сонца, нібы й яно хацела ўбачыць тое, што неўзабаве адбудзецца.
Арсеній клаўся на нябожчыка раз-другі, але той не падаваў аніякіх прыкметаў жыцця. Манах пачаў хвалявацца, бо пачуў вакол памосту незадаволены гул натоўпу. Хто-хто, а ён ведаў, якім хуткім на ярасць і на крывавую расправу бывае мясцовы люд. Яшчэ міг, і толькі ашмоцце паляціць ва ўсе бакі ад яго, Арсенія.
– Зоркі не спрыяюць ажыўленню, – глухім голасам прамовіў ён. – Хоць месяц і не ваюе супроць сонца, але сёння ягоная сіла значна зменшылася, аслабела. Трэба пачакаць яшчэ адзін дзень.
Кажучы такія словы, Арсеній з вялікай апаскаю пазіраў на Дзмітрыя Іванавіча, які ў пышным царскім убранні сядзеў на кані непадалёк ад памосту. Побач з ім была Марына Мнішак, таксама пышна ўбраная і таксама на кані.
– Гэта нейкі шарлатан, – шапнула Марына цару і грэбліва ўсміхнулася. Яна з самага пачатку адгаворвала мужа дазваляць такое дзікунства, ды той у чарговы раз захацеў спадабацца народу, а народ, як вядома, хлебам не кармі, а дай падзівіцца на цуд. Цар і сам не верыў у ажыўленне Букатага. І вось – канфуз.
Дзмітрый Іванавіч нервова грыз вус і думаў: «Што змусіла гэтага манаха аб’явіць сябе тым, хто ажыўляе мёртвых, аб’явіць сябе, па-сутнасці, Богам? Пэўна ж, ён вар’ят. А калі не вар’ят, дык хто ён?». Цар бачыў вочы Арсенія, вялікія напружаныя чорныя. Гэтыя вочы ва ўпор пазіралі з памосту на яго, цара. «Мы з ім падобныя, – думаў цар. – Мы з тых, хто ўзвальвае на сябе такія глыбы, такія цяжары, якія б раздушылі і расцёрлі любога іншага, ды толькі не нас. Гэты чалавек родзіч мне па духу і па адвазе, але яго патрэбна знішчыць, бо два мядзведзі не могуць ужыцца ў адным берлазе».
Арсеній імгненна прачытаў думкі Дзмітрыя Іванавіча, пабялеў у твары і скокнуў з памосту ў натоўп, закрычаўшы:
– Народ праваслаўны, прашу тваёй абароны! Прашу абароны! Мяне ў Троіца-Сергіевай лаўры спакусіў д’ябал! Уначы ён прыходзіў у маю келлю і нашэптваў на вуха небывальшчыну!
Пры напаміне аб д’ябле густы шчыльны натоўп ахнуў, адразу ж пачаў раздавацца ўшыркі, даючы дарогу манаху. Ніхто не хацеў, каб гэты страшны чалавек хоць пальцам датыкнуўся да яго. Людзі лезлі адзін на аднаго, душыліся.
– Не трэба яго даганяць. Ён сам сканае дзе-небудзь у лесе пад кустом, – сказала Марына Мнішак цару, убачыўшы, што той хоча загадаць сваёй варце схапіць манаха.
Цар згадзіўся. І гучнагалоса аб’явіў ёй і ўсяму двару:
– Едзем у Калугу. Неадкладна едзем у Калугу.
Такое рашэнне – перабрацца з сяла Тушына ў Калугу – выспявала ўжо некалькі тыдняў. І вось гэты ідыёцкі манах, сам таго не ведаючы, стаўся той апошняй кропляй, што перапоўніла келіх. Толькі ў Калугу! Далей ад Масквы. Далей ад Шуйскага. Далей ад праклятага Тушына, дзе на яго, цара Дзмітрыя Іванавіча, усё болей глядзяць як на нейкую ляльку, як на няўдалага скамароха. Калуга бліжэй да Дона і да Запарожжа, якія вераць яму, ісціннаму цару, даюць хлеб, зброю і, галоўнае, даюць шматлюднае лютае на бітву войска. Ён яшчэ вернецца, увойдзе ў Маскву і сядзе на трон. А пакуль – грызіце адзін аднаго ляхі, ліцвіны, баяры і дваране, шведы і лісоўчыкі, звар’яцелыя ад крыві халопы і ваяводы Васюткі Шуйскага!
– Марына, за мной! – амаль вясёлым голасам крыкнуў цар і крута развярнуў застаялага каня. Ён ведаў, што ўвесь царскі двор, усе ягоныя прыхільнікі, усе тыя, хто звязаў свой лёс з ягоным лёсам, гатовыя па першым знаку рушыць за ім. Яны й рушылі з радасным і ярасным крыкам. Гэта была разведачная паездка ў Калугу. Цар яшчэ два разы вяртаўся ў Тушына, каб зімою канчаткова пакінуць сяло, ускочыўшы ў звычайныя сялянскія сані, накінуўшы на плечы грубы сялянскі кажух.
А манах Арсеній усё бег, праломваючы сабе сцяжыну ў натоўпе, апусціўшы вочы долу. І раптам натыкнуўся на нешта дужа цвёрдае, непарушнае. Узняўшы вочы, ён убачыў Аляксандра Лісоўскага, праслаўленага водцу грозных лісоўчыкаў. Той сядзеў на кані, упёршы рукі ўбокі і ўсміхаўся.
– Куды бяжыш, Божы чалавек? – весела спытаў Лісоўскі. – У Троіца-Сергіеву лаўру? Дык нам з табой па дарозе.
– Выратуй мяне, ваявода, і я буду тваім слугой да магільнага тлену, – прыпаўшы да стрэмені ягонага каня, папрасіў перапалоханы манах і пакланіўся па-маскавіцкім звычаі нізка-нізка, аж кранаючыся рукой зямлі.
– Бяру цябе пад сваю абарону, бо ты неўзабаве спатрэбішся, – уладна сказаў Аляксандр Лісоўскі і, вырваўшы з похваў шаблю, крыкнуў тым, хто хацеў схапіць Арсенія: – Назад, варожае семя! Ён мой!
У гэты самы час у сяло Тушына ўязджаў радзівілаўскі абоз. Нарэшце скончылася доўгая шматдзённая дарога. Абознікі на ўскраіне сяла маглі сутыкнуцца з царом Дзмітрыем Іванавічам і ягонай світай, ды цар праімчаўся ўбок Калугі крыху раней, і яны ўбачылі толькі воблакі шэрага пылу з-пад імклівых конскіх капытоў.
Даведаўшыся, што царыцы Марыны Мнішак ужо няма ў Тушыне, кіроўца абозу Сямён Бібуловіч разгубіўся. Незразумела было, што рабіць далей. Не кінешся ж даганяць цара з царыцаю – людзі і коні ўшчэнт стаміліся. Пакуль Бібуловіч шкроб, як нейкі затурканы цёмны хлоп, патыліцу, шумлівы ваяўнічы люд, што застаўся ў сяле, пачаў прагавіта падбірацца да багатых вазоў. Вось-вось пачнецца лупежства-рабаўніцтва. Ледзь паспеў пан Бібуловіч на плошчы перад царквою паставіць усе вазы кругам, стварыўшы цытадэль. Жаўнеры аховы і абознікі, узяўшы ў рукі зброю, сталі на вазы і каля вазоў, чакаючы ярасную атаку.
– Прэч з дарогі! – крычаў ім азвярэлы згаладалы натоўп. – Гэта ўсё дабро царскае, а, значыць, наша! Цар Дзмітрый Іванавіч, ад’язджаючы ў Калугу, аддаў яго нам!
Крыкуны, вядома ж, хлусілі – ніхто, ні цар, ні Марына Мнішак, ні слова ні казалі нікому пра радзівілаўскі абоз, бо, магло стацца, у калатнечы апошніх дзён проста не ведалі пра яго. Але ж перад вачыма былі вазы, па завязку напакаваныя самым адмысловым харчам, самымі дзівоснымі ўборамі, і натоўп з ярасным дзікім лямантам пайшоў на штурм. Заскрыгатала жалеза. Заіржалі коні. Палілася першая кроў.
Пан Залівака з Вітаўтам Гарткевічам і пяццю жаўнерамі абаранялі свой воз, стоячы каля яго. Эльвіра і Альжбэта з Анэляй былі ўнутры кола, за мужчынскімі спінамі. Трэба зазначыць, што яны не вельмі спалохаліся. Эльвіра Скаблінская, дзіця глухога ляснога маёнтка, змалку зведала і нечаканыя ўзброеныя наезды суседзяў-шляхціцаў, калі трэба было бараніцца ўсёй сям’ёю, і пагром, што ўчынілі казакі Севярына Налівайкі. Толькі рашучасць і вытрымка ратавалі і выратавалі ў тыя часы. Маладзенькія ж фрэйліны, начытаўшыся ў Нясвіжы французкіх раманаў, пачувалі сябе абранніцамі адважных рыцараў. Яны абавязаны былі цярпліва чакаць сваіх герояў з далёкага суровага паходу, захоўваць вернасць. Калі ж Бог пашле выпрабаванне, яны павінны былі стаць поплеч з імі на крапасную сцяну. Што й зрабілі вось зараз Альжбэта з Анэляй. Разам з Эльвірай яны ўзялі ў рукі доўгія дзіды і, хаваючыся за вазамі, білі дзідамі ў твар наступоўцам.
Ды бой раскручваўся яўна не на карысць пана Сямёна Бібуловіча. Тых, хто атакаваў, было значна болей, і ў іх мелася канкрэтная мэта – любым коштам узяць чужое дабро. Здавалася, толькі працягні руку, і яно тваё. Вось чаму яны ішлі напралом, як бязлітасны крывавы таран.
– Пан Бібуловіч! – зваліўшы ўдарам шаблі барадатага здаравяка, што замахнуўся на яго сякерай, закрычаў Вітаўт Гарткевіч. – Трэба прасіць лісоўчыкаў, каб дапамаглі нам! Яны тут, у Тушыне!
Ды лісоўчыкаў непатрэбна было прасіць. Яны ўжо ўбачылі, як на іхніх землякоў прэ й прэ ўзлюцелая ап’янелая ад крыві брыдота.
– Гэй, ліцвіны! – гаркнуў Аляксандр Лісоўскі.
– Бог нам раіць! – па старадаўнім звычаі галасавіта крыкнулі ў адказ лісоўчыкі, крыкнулі, як адзін чалавек.
– Што рабіць будзем?!
– Ратаваць сваіх братоў!
І рынуліся на дапамогу абознікам. Закіпеў такі бой, які нават у самым жахлівым сне не мог убачыцца тым, хто хацеў паласавацца радзівілаўскім дабром. Ад магутных удараў яны разлётваліся ўбакі, як разлётваецца птушынае пер’е пад вострай дзюбай бязлітаснага каршуна. Вельмі хутка тушынскі зброд пачаў разбягацца. Не прывыклі ды й не ўмелі яны ваяваць супроць сапраўднага праціўніка. Гэта не дзяцей і старых палохаць ды жанчынам спадніцы задзіраць.
– Добра б’яцёся, панове! – задаволена пахваліў сваіх людзей Аляксандр Лісоўскі.
– Добра б’емся таму, што маем добрых настаўнікаў! – крыкнуў у адказ расчырванелы і ўзмакрэлы Марцін Жабыка-Жэмба.
– І што за настаўнікі?
– Першы настаўнік – гетман Канстанцін Астрожскі, які пад Воршаю маскаля разбіў. Другі настаўнік – ты, пан палкоўнік!
– Ну-ну, – заліхвацка падкруціў вус Лісоўскі. Каму не спадабаецца такая пахвала? Яна як мёд для суровага рыцарскага сэрца.
Бой аціхаў. Енчылі параненыя. Пранізліва іржалі коні, якіх не аўсом пачаставалі, а гарачым жалезам. Эльвіра Скаблінская перавязвала Вітаўту Гарткевічу левы плячук. Альжбэта і Анэля, сціскаючы ў руках дзіды, асцярожна высунулі з-за воза галовы. І тут іх убачыў Ян Юрый Радзівіл. Малады князь адважна, як і належыць нашчадку славутых Радзівілаў, біўся ў пярэдніх шэрагах лісоўчыкаў, паклаў на зямлю трох-чатырох тушынцаў. Яшчэ ўзбуджана бухала ў грудзях сэрца, мільгацела ад стомы і хвалявання ўваччу, і раптам, як нябесныя анёлы, з’явіліся перад ім цудоўныя сястрычкі. Напачатку яму падалося, што гэта нейкі прывід, нейкая хваравітая відзежа, бо падчас бою яму даволі моцна стукнулі дубовай булдавешкай па галаве.
– Хто вы? – здзіўлена-радасна спытаў ён.
– Я – Альжбэта Ірэна Даніловіч-Гоцкая, – звонкім галаском адказала першая паненка.
– Я – Анэля Канстанцыя Даніловіч-Гоцкая, – адказала другая.
– Гэта не сон? – ушчыкнуў сябе за руку Ян Юрый Радзівіл.
– Не, пане, гэта не сон, – чароўна ўсміхнулася Альжбэта.
– Гэта сяло Тушына, – падміргнула ёй Анэля, і абедзьве яны весела засмяяліся, пазіраючы, як злазіць з каня малады прыгожы рыцар, як пачціва падыходзіць да іх, каб пацалаваць іхнія рукі.
– А Чорная Пані сказала праўду, – прамовіла раптам Альжбэта і густа-густа пачырванела. І ў гэты самы час на сваім аднавухім кані прымчаўся да возу Лявонцій Кукарэцкі. Вочы іскрыста ззялі, вусны шапталі нешта натхнёнае, напэўна, новы верш.
– Пан пісарчук! – радасна ўсклікнула Анэля і, адкінуўшы ўбок дзіду, ірванулася яму насустрач. Ён яшчэ не паспеў злезці з узмакрэлага каня, яшчэ стомлена пахістваўся ў сядле. Анэля высока падскочыла і пацалавала Лявонція ў шчаку.
Пабыўшы месяц-другі ў Тушыне, гетман Ян Пётр Сапега і палкоўнік Аляксандр Язэп Лісоўскі павялі сваіх людзей на Троіца-Сергіеву лаўру, на ейныя кляштары, або, як кажуць маскавіты, манастыры. Манах Арсеній, што гібеў тут калісьці чарняцом, а зараз пачаў верай і праўдай служыць Лісоўскаму і лісоўчыкам, ведаў пра яе ўсё. Лаўра была ў свой час збудавана святым Сергіем, тым, хто натхніў князя Дзмітрыя Данскога на пераможную бітву з татарамі, за шэсцьдзесят чатыры вярсты на поўнач ад Масквы ў глухім лясным зацішку. Стаяла яна паміж гор пад аховаю каменнай сцяны таўшчынёй у тры сажані, вышынёй – у чатыры. Сцяну абвіваў глыбокі роў. З двух бакоў цякла імклівая халодная рака Канчура, на якой меліся тры прасторныя зарыбленыя сажалкі. У сцяне манахі нарабілі вялікае мноства двухпавярховых скляпенняў-байніцаў. З іх абстрэльваліся ўсе падыходы да лаўры. Па ўсім перыметры абароны грозна і непадступна ўзвышаліся восем вежаў з амбразурамі. На паўднёва-ўсходнім баку ад галоўнай цвярдыні асобна стаяў невялікі складзены з шэрага каменю кляштар. Яго называлі Падольны. Ён строга кантраляваў палявыя дарогі і лясныя сцяжынкі, якія вялі да Троіца-Сергіевай лаўры.
На лаўру вырашылі ісці зусім невыпадкова. Манахі разам з гарнізонам, які засеў там, прысягнулі Васілю Шуйскаму, верай і праўдай служылі яму. Пры першай аказіі адпраўлялі ў Маскву хлеб і грошы. Нападалі з-за тоўстых сценаў на польскія і ліцвінскія атрады. Перахоплівалі ганцоў, якія ехалі ў Тушына або з Тушына. Зланцужаных палонных вялі ў лаўру і знясільвалі цяжкімі работамі. Але самае галоўнае было тое, што на Троіцка-Сергіеву лаўру, якую цар Дзмітрый Іванавіч назваў вароннім гняздом, кіраваліся Скопін-Шуйскі і швед Дэлагардзі. Патрэбна было любым чынам перагарадзіць ім дарогу ў Маскву.
Лаўра здавён славілася сваім багаццем. Шмат срэбра, золата, каштоўных упрыгожанняў, хлеба і аўса захоўвалася ў ёй. У спальні архімандрыта Іясафа ў старадаўнім дубовым куфры ляжалі Залаты човен Палямона і Ключ ад Трох Рэкаў, захопленыя падчас Лівонскай вайны ў Полацку. Пра гэта ведалі толькі манах Арсеній, Аляксандр Лісоўскі і Марцін Жабыка-Жэмба. Нават Сапегу не сказаў Лісоўскі пра палеманісцкія святыні, якія надумаў вызваліць з палону.
Сцены ў лаўры былі моцныя. Ейныя абаронцы былі моцныя духам. Праўда, пад началам у ваяводаў Грыгорыя Даўгарукага і Аляксея Галахвастага меўся не дужа вялікі гарнізон – каля трох тысяч чалавек разам з інакамі і сямейнымі пасадскімі людзьмі, якія прыбеглі сюды хавацца ад ляхаў і ліцвінаў. 23 верасня 1608 года церусіў кволы восеньскі дождж. Сапега і Лісоўскі пачалі асаду Троіца-Сергіевай лаўры, прывёўшы з сабою трыццацітысячнае войска.
Манах Арсеній, які зрабіўся галоўным дарадцам Аляксандра Лісоўскага, люта ненавідзеў абаронцаў лаўры. Можна было беспамылкова вызначыць, што сталася прычынаю такой пякучай нянавісці.
– Мы стараліся жыць па запаветах блажэннага Аўгусціна, – пазіраючы на грозныя сцены і вежы цытадэлі, казаў ён любому з лісоўчыкаў, хто на тое імгненне быў побач з ім, – Блажэнны ж Аўгусцін павучаў: «У галоўным – адзіныя, у спрэчным – свабодныя, і ва ўсім – любоў». Ды не было ніякай хрысціянскай любові. Нас, малодшую брацію, келар з архімандрытам трымалі ў чорным целе, трымалі як сваіх рабоў. Малоць зерне, капаць агароды пад капусту, насіць на ўласным гарбу дровы з лесу, рамантаваць сцены і вежы, падсыпаць пяском дарогі, выломваць са скалы камяні для будоўлі – усё гэта клалася на нашыя плечы. Іясаф жа з Аўрааміем Паліцыным святыя кнігі чыталі ды мёд у манастырскай трапезнай пілі. Яны вельмі мудрыя і вельмі хітрыя – аж за вярсту чуюць, хто не так, як яны, дыхае. Не ўзлюбілі мяне, бо зразумелі, што я не іхні чалавек. Пачалі на кожным кроку прыдзірацца і пасадзілі ўрэшце ў падземную турму-яму, дзе на дзень даюць адзін сухарык чорнага хлеба і адзін кубачак халоднай вады. Я не вытрымаў і збег адтуль. Астатнія ж і сёння цягнуць гэты воз. І, калі будзе загадана, стануць на манастырскія сцены, каб біцца супроць нас. Такі ўжо там пакорлівы народ.
На другі дзень пасля прыходу, вывучыўшы мясцовасць, паставілі вакол лаўры свае войскі – Сапега на Дзмітраўскай дарозе, Лісоўскі за Цярэнцьеўскім гаем. Станы абкружылі высокімі насыпамі з пяску, каб зберагчы людзей ад гарматаў, мушкетаў і лукаў праціўніка. Адразу ж паслалі ў абіцель грамату ад імя цара Дзмітрыя Іванавіча. «Мы вам дабра хочам, – пісалася ў той грамаце. – Лепш адразу аддайце сцены. А не аддасцё, ведайце, што мы затым прыйшлі, каб не адыходзіць, аж пакуль не возьмем кляштар і не пераб’ем усіх вас да апошняга».
Цэлы дзень з лаўры не было адказу. Там раіліся, што рабіць, і ліхаманкава рыхтаваліся да абароны. Усіх здольных трымаць у руках зброю падзялілі на два разрады. Вояў першага разраду, якія павінны былі непасрэдна змагацца за лаўру, разбілі на сотні. Сотні гэтыя аддалі пад начал інакам і дваранам ды абавязалі, калі спатрэбіцца, весці бой на сценах, у вежах, каля брамаў і каля амбразураў. Воі другога разраду абавязаны былі ў любы момант рабіць нечаканыя вылазкі за сцены, а таксама імгненна закрыць сабою, сваімі целамі раптоўную дзірку ў абароне. Пасля такіх падрыхтаванняў паслалі трубача з адказам, у якім не шкадавалі высокапышлівых слоў: «Дарэмна вы нас спакушаеце! Хіба можна нам пакінуць нашую святую, ісцінную, праваслаўную веру і скарыцца ерэтычным законам? Ні за якія шчадроты ў гэтым свеце не адмовімся мы ад свайго хроснага цалавання і застанемся, як адзін, вернымі цару нашаму Васілю Іванавічу!»
– І тут маскаль не змог абысціся без сваёй звычнай самаўпэўненай пахвальбы, – прачытаўшы разам з гетманам Сапегам адказ абаронцаў лаўры, кісла ўсміхнуўся Аляксандр Лісоўскі. – Няхай мне па валасінцы выдзеруць мае вусы, калі неўзабаве гэтыя ж самыя пісары не выкінуць на сметнік свайго вельмі любімага Васіля Іванавіча і не будуць горача лізаць боты новаму цару, яшчэ больш любімейшаму. Але мы ўпартыя, мы ўпёртыя, і не адступім ад лаўры, пакуль не возьмем яе. Яшчэ й таму не адступім, – тут ён шматзначна хмыкнуў, – што ёсць у нас да ейных келара і архімандрыта адно вельмі важнае пытанне.
Пры такіх словах гетман Ян Пётр Сапега ўважліва і са здзіўленнем паглядзеў на Лісоўскага. Ды той вытрымаў ягоны позірк, спахмурнеў, нічога болей не сказаў, а заспяшаўся да сваіх лісоўчыкаў.
Лаўра не захацела капітуляваць. І тады пачалася асада. Пілавалі елкі і сосны, рабілі з іх вежы-туры. У ноч на Пакровы прыкацілі і паставілі гэтыя прыстасы ўздоўж сценаў кляштару, пачынаючы ад Чырвонай гары. Пад прыкрыццём бярвеністых тураў уладкавалі дзевяць батарэй, у якіх было шэсцьдзесят тры гарматы. Спехам выкапалі глыбокую і шырокую траншэю ад Келаравай сажалкі да Глінянага яру. У траншэі села пяхота з мушкетамі і лукамі, узяла на прыцэл лаўру.
На сваім участку, які межаваў з Цярэнцьеўскім гаем, палкоўнік Аляксандр Лісоўскі загадаў прыкаваць гарматы ланцугамі да дубоў. Паміж намётамі нацягнулі вяроўкі, каб падчас магчымай начной вылазкі ў іх заблыталася варожая конніца. Было дажджыста і вільготна, і кожнаму лісоўчыку строга наказалі берагчы ад вады порах, трымаць яго сухім.
Мокры вецер шкуматаў дрэвы, распранаў іх. Чорная восень крочыла па халоднай ззалелай зямлі. Лісце, сарванае ветрам з дрэў, шумлівым чырвоным клубком кацілася над траншэяю. А ўначы над лаўрай, над ейнымі вежамі і купаламі ўрачыста ўсплывала агніста-медная поўня, а глыбіннае неба пярэста і таямніча свяцілася безліччу зорак.
Нарэшце распачала ўраганную страляніну артылерыя. Білі па лаўры напаленымі і звычайнымі ядрамі. З вуркатаннем і рэзкім свістам праносіліся яны над галовамі атакоўцаў, удараліся ў сцены, праломвалі дахі, залётвалі ў келлі. Там манахі хапалі іх абцугамі, а то й проста голымі рукамі і з ярасным крыкам (пякло рукі!) хуценька выкідвалі на вуліцу. Пажары ў лаўры, на якія спадзяваліся Сапега з Лісоўскім, не ўсчаліся, і артылерыя, нібы папярхнуўшыся, на нейкі час змоўкла.
Тады лісоўчыкі вырашылі захапіць млын, што туліўся да Падольнага кляштару. Там манахі нейкім чынам умудраліся малоць зерне – прасочваліся туды, як мышы, і пад грукат бою круцілі й круцілі цяжкія жорны.
– Пакінем святых айцоў без пірагоў – хутчэй здадуцца, – весела сказаў Аляксандр Лісоўскі і сам ачоліў штурмавую групу з трыццаці чалавек. Разам з ім пайшлі Іван Мастоўскі, Антон Даніловіч-Гоцкі, Вітаўт Гарткевіч, малады Радзівіл, Мацвей Караба і Лявонцій Кукарэцкі. Ноч надарылася цёмная, з вялізнымі купамі хмараў у вятрыстым неспакойным небе.
Нягледзячы на дужа позні час, на млыне ва ўсю моц кіпела праца. Натужна рыпелі вялізныя шурпатыя цяжкія камяні жорнаў, з-пад якіх у палатняныя мяхі няспынна цяклі й цяклі ручайкі цёплай мукі. Маўклівыя манахі ў чорных сутанах, з шаблямі і пісталетамі на паясах, абліваючыся гарачым потам, ускідвалі мяхі на плечы і валаклі па рыпучай драўлянай лесвіцы некуды ўніз – пэўна, у падзямелле.
Іван Мастоўскі з Мацвеем Карабам бясшумна знялі вартавога, накінуўшы яму парожні мяшок на галаву. Бедалага і пікнуць не паспеў, толькі захроп з нажом у горле. Уварваліся ў млын. Ён быў двухпавярховы. Паверхі, ніжні і верхні, злучаліся між сабой вузкай драўлянай лесвіцай-насцілам, што прагіналася пад цяжарам людзей. Яна аж затрашчала, калі лісоўчыкі, секучы шаблямі манахаў-грузчыкаў, няўтрымна рынуліся туды, дзе круціліся камяні жорнаў.
– Пакарай мяне, Божа, блінцом, ды яшчэ з масельцам і піўцом! – весела крыкнуў Антон Даніловіч-Гоцкі, зачэрпнуў з латка поўную жменю мукі і пляснуў ёю ў твар манаху, што спрабаваў выхапіць з-за поясу пісталет, а затым падсек манаха шабляй. Вітаўт Гарткевіч з усяго маху пырнуў барадатага тоўстага млынара дзідаю ў жывот. Той грузна асеў на каменную падлогу.
Агаломшаныя напачатку манахі неўзабаве пачалі ярасна супраціўляцца. Іхнія шаблі звонка сутыкнуліся з шаблямі лісоўчыкаў, высякаючы ў паўзмроку цэлыя раі калючых чырвоных іскраў. Было цесна, не хапала прасторы для добрага размаху. Наўкол ляжалі груды набітых мукой мяхоў. Лёзы шабляў не-не ды й секлі па іх, і белая мука ручаямі ляцела ўніз, на галовы тым, хто атакаваў. Некаторыя з лісоўчыкаў, засыпаныя мукой, былі, як снегавікі. Даводзілася адплёўвацца і церці кулакамі вочы, каб убачыць праціўніка. Гэта напоўніцу выкарысталі абаронцы млына. Яны ўзмацнілі напор, пачалі цясніць лісоўчыкаў, змушаючы іх адступаць уніз па лесвіцы. І ў гэты час з падзямелля, куды перад гэтым цягалі мяхі з мукой, ударыла ў спіну атакоўцам падмацаванне, што на шум бою прыбегла да манахаў. Рабілася зусім нявыкрутна. Вось ужо ўпала некалькі лісоўчыкаў. Вось самога Лісоўскага хвастануў шабляю па левай руцэ манах. Праўда, удар вытрымала жалезная кашуля, якую была на палкоўніку.
– Стаяць! – салёна мацюкнуўшыся, загадаў сваім людзям Аляксандр Лісоўскі. – Хіба можа сапраўдны рыцар баяцца падземнага чарвяка, што жыве ў келлі?! Вера і перамога!
– Вера і перамога! – падхапілі лісоўчыкі ягоны баявы кліч і, сашчаміўшы зубы, што ёсць моцы, ударылі па ворагу, двума групамі адначасова рынуліся ўверх і ўніз па лесвіцы. Толькі крывавае ашмоцце паляцела ад манахаў. Манахі не чакалі такога выбуху злосці і няўтрымнай сілы ад людзей, якіх яны, як думалася ім, ужо перамаглі. Малітоўнікі паказалі зад, ратаваліся, хто як мог.
Вітаўт Гарткевіч, захапіўшыся атакай, ад якой, здавалася, кіпела кроў, грудзі ў грудзі сутыкнуўся з манахамі, якіх было аж трое. Яны выскачылі аднекуль збоку. Два былі ўзброены алебардамі. Трэці шырока размахнуўся вялізным зубчатым каменем, пэўна, з паламаных жорнаў, хацеў грукнуць ім Гарткевічу па галаве. Ды лісоўчык з засыпаным мукою тварам у адзін скок апынуўся побач, секануў шабляй. Камень і разам з ім манах пакаціліся па лесвіцы. Тады, цэлячыся ў самае сэрца, варсанулі ў Гарткевіча алебардай. Не здабраваць бы яму, але й гэты ўдар адбіў сваёй шабляю падобны на снегавіка лісоўчык. Разам з Вітаўтам ён прыкончыў алебардніка. Ды неўзабаве сам упаў, захрыпеў, канаючы. З твару асыпалася мука, і Гарткевіч пазнаў Мацвея Карабу, успомніў, як жорстка барукаліся яны на лясной дарозе, як пранізліва зірнуў на яго Караба з радзівілаўскай гансёры.
– Ты?! – здзіўлена ўсклікнуў Гарткевіч.
– Я, – адказаў Караба і адразу ж спусціў дух.
Поўная перамога была на баку лісоўчыкаў. Хуценька падабралі сваіх забітых і параненых і, адступаючы ў Цярэнцьеўскі гай, падпалілі млын. Той успыхнуў размашыста і траскуча, здалося, на паўнеба,
– Пакаштуйце вогненных блінцоў, панове манахі, – смачна плюнуў сабе пад ногі Антон Даніловіч-Гоцкі і сярдзіта пагразіў лаўры кулаком.
Калі назаўтра пачалі адпяваць і закопваць у халодную восеньскую зямлю мёртвых лісоўчыкаў (а іх было пяцёра), Вітаўт Гарткевіч расказаў Аляксандру Лісоўскаму пра тое, як загінуў Мацвей Караба. Палкоўнік адразу ж загадаў паставіць труну з целам Карабы на лафет гарматы, загадаў усім лісоўчыкам злезці з коней, спешыцца, крыкнуў звонкім голасам:
– Крокам руш!
Амаль тысяча людзей, схіліўшы ў жалобе галовы, маўкліва прайшла каля труны. Калі спыніліся, Лісоўскі ўсхвалявана сказаў:
– Сёння мы аддаем сырой зямлі нашых баявых сяброў, нашых пабрацімаў. Загінулі яны, і ў кожнага з нас сэрца пачарнела ад гора. З імі мы дзялілі апошні кавалак хлеба і апошні глыток вады. З імі неаднойчы глядзелі ў твар смерці. Нам пашанцавала. Нас Пан Бог пакуль што збярог ад магільнага пяску. Але некалі сыйдзем у вечны змрок і мы. І ўсе мы (я цвёрда ведаю гэта!) не баімся тлену, бо мы – мужчыны, мы – жаўнеры, мы – шляхціцы і мы – ліцвіны.
Ён на імгненне змоўк, паглядзеў на хмурае восеньскае неба, на шэрыя непрыступныя сцены лаўры. Звонкай цішынёй поўнілася наваколле.
– Мы народжаныя для вайны і для вернасці, – натхнёна гаварыў палкоўнік сваім лісоўчыкам. – Няма вернасці больш ісціннай, чым вернасць самому сабе. А калі ты верны самому сябе, ты верны й зямлі, што нарадзіла, што ўзгадавала цябе. Так было спрадвеку. Так будзе й пасля нас. Дык вышэй галовы, панове! Там, дзе сёння плынь слёзаў, заўтра заблішчыць радасць, нібы цёплае вясновае сонца. Гэты чалавек, цела якога мы апускаем у магілу, быў чалавекам простага стану. Пакутваў у гансёры на двары ў князя Радзівіла. Займаўся грубай хлопскай працаю. Я выбавіў яго з няволі, запісаў у лісоўчыкі. Я паабяцаў яму – калі ён не будзе шкадаваць у бітве жывата свайго, не змаладушнічае, не затрымціць, надаць яму годнасць шляхціца. Гэты чалавек загінуў, як герой, выратаваўшы ад смерці пана Вітаўта Гарткевіча, знішчыўшы некалькі нашых ворагаў. І ўладай, дадзенай мне каралём і вялікім князем Жыгімонтам, я пасмяротна ўзводжу яго ў шляхецкі стан.
Аляксандр Лісоўскі дастаў з похваў шаблю, падышоў да труны Мацвея Карабы, над якой схіляўся бел-чырвона-белы сцяг з выяваю двух вершнікаў на адным кані, і тройчы дакрануўся да яе баявым не раз купаным у варожай крыві лязом.


XIX

Бітва за Троіца-Сергіеву лаўру ўсё болей абвастралася і забірала ўсё болей жыццяў. Ніхто не хацеў саступаць. З двух бакоў было безліч прыкладаў самаадданасці і самаахвярнасці, якія варты таго, каб іх памяталі будучыя людскія пакаленні. Нездарма сказаў калісьці мудрэц: «Прырода нараджае людзей, жыццё іх хавае, а гісторыя ўваскрасае, блукаючы па іхніх магілах».
Увесь гэты час, удзень і ўначы, людзі гетмана Сапегі і частка лісоўчыкаў рабілі падкоп пад Круглую вежу лаўры. Поўзалі ў цемры, як краты, патаемна выносілі зямлю ў кошыках і знятых з плячэй кашулях у навакольны лес. Паляны ў гэтым лесе былі скрозь у жоўта-бурых гурбах пяску. Каб адцягнуць увагу асаджаных ад сваёй няспыннай падземнай працы, рабілі як мага болей шуму. Спявалі, ігралі на трубах і лютнях, грукалі ў барабаны, з шалёнай хуткасцю насіліся на конях вакол кляштару, раз пораз страляючы па сценах з мушкетаў.
Над покрывам наступнай ночы пайшлі на чарговы штурм. Цягнулі доўгія лесвіцы, кацілі перад сабою на колах зрубленыя з сасны і елкі асадныя вежы, беглі, прыкрываючыся шчытамі з тоўстых дошак. З лаўры няшчадна ўдарыла артылерыя, змяшала крывавае чалавечае мяса з пяском і брудам. Цяжкую рану ў грудзі атрымаў Ян Юрый Радзівіл. Маладога князя, што беспрытомна ўпаў непадалёк ад сцяны, ледзьве не растапталі. Выратавала яго тое, што побач бег у атаку Лявонцій Кукарэцкі. Паэт узваліў Радзівіла на спіну, вынес у бяспечнае месца. Ян Юрый, штохвілінна трацячы прытомнасць, харкаючы крывёю, папрасіў Аляксандра Лісоўскага паспрыяць, каб яго як мага хутчэй везлі ў Нясвіж.
– І няхай вось гэтая паненка едзе разам са мной, – паказаў паранены князь на Альжбэту і зноў праваліўся ў забыццё.
Калі Альжбэта даведалася пра такое жаданне маладога Радзівіла, то вельмі напалохалася і вельмі ўзрадавалася. І невядома было, якое пачуццё пераважвае ў ейнай душы. Яна чырванела, хапалася за сэрца, штохвілінна прыкладвала да скроняў нярвовыя тонкія пальцы. Часам ёй здавалася, што вось-вось яна абамрэ і ўпадзе на зямлю пад смех і кпіны ўсіх лісоўчыкаў. Ды лісоўчыкі ў пераважнай большасці сваёй паважалі маладзенькую прыгожую шляхцяначку, жадалі ёй толькі дабра.
– Едзь, Альжбэтка, – сказала сястры Анэля і пацалавала яе ў халодную шчаку. – Няхай беражэ цябе Езус. Едзь, а я пакуль што застануся тут. Тут пан Антон і ўсе нашы. Тут Лявонцій. У Нясвіжы сустрэнемся.
Фурманка, запрэжаная паркай коней, накіравалася па шэрай восеньскай бездаражы з Маскоўшчыны ў Нясвіж. Следам за ёю вершна паімчаліся тры радзівілаўскія пахолкі. У фурманцы акрамя чарнабародага крыклівага фурмана былі Ян Юрый Радзівіл, які ляжаў на напханых сенам падушках і стагнаў, французскі лекар месье Буржуа, запалонены пад Каломнай, і Альжбэта, сэрца якой трапятала, нібы крылатая паднебная птушка.
Асада лаўры тым часам доўжылася. Не здолеўшы захапіць лаўру з наскоку, Сапега і Лісоўскі вырашылі ўзяць яе ў шчыльныя абцугі. Голад і холад, асабліва цяпер, калі наступала суровая зіма, павінны былі дапамагчы ім.
Непадалёк ад сцяны быў кляштарны агарод з буйнымі бела-зялёнымі качанамі апетытнай салодкай капусты. Манахі не паспелі зрэзаць качаны і, аблізваючыся, пазіралі з вежаў і байніцаў на такую смакату. Нарэшце не вытрымалі. Спусціліся на вяроўках са сцяны, пачалі латашыць агарод, напіхваючы хрумсткую капусту ў мяхі і кошыкі. Тут іх і заўважылі лісоўчыкі з сапежынцамі. Узвіхурыўся бой. Проста на агародзе, на круглых слізкіх качанах. Яны нечакана падкочваліся пад ногі, і жаўнер, узмахнуўшы шабляй альбо дзідай, паслізнуўшыся, падаў на мёрзлую зямлю. Збоку, калі не ўлічваць рану ці смерць, усё выглядала даволі смешна. Манахі, так і не разжыўшыся капустай, уцяклі ў лаўру. Але паспелі ўзяць у палон ротмістра Брушэўскага. У лаўры пачалі люта катаваць яго агнём і жалезам. Пан Брушэўскі, не вытрымаўшы, расказаў пра ўсё, што ведаў. Расказаў і пра падкоп, які вёўся ў напрамку Круглай вежы. Ваяводы Грыгорый Даўгарукі і Аляксей Галахвасты адразу ж загадалі майстру па горных работах Уласу Карсакову выкапаць слыхавыя калодзежы пад вежамі і ніжнімі камерамі. Насупраць Круглай вежы ўзвялі сценку са зрубаў, напоўненых цвёрдай, як жалеза, мёрзлай зямлёй, прыкрылі гэтую сценку вастраколлем і зверху на яе паставілі гарматы. Сядзелі ў калодзежах, прытуліўшы вушы да самай зямлі, слухалі.
Між тым пачаўся сёмы тыдзень асады. Напярэдадні свята Архістраціга Міхаіла ўсчалася вельмі лютая перастрэлка паміж гарматнікамі з абодвух бакоў. Ядры ляцелі так густа, так часта, што, здавалася, яшчэ імгненне, і пачнуць сутыкацца ў паветры. Велізарная гармата гетмана Сапегі, якая называлася «Трашчэры» і страляла з Цярэнцьеўскага гаю, шпурляла ядро за ядром у лаўру. Вось адно цяжкое ядро ўшчэнт разбіла срэбны падсвечнік у калябрамнай царкве. Другое ўдарылася ў абраз Мікалая Цудатворцы. Трэцяе разнесла на дробныя медныя аскялепкі звон у Траецкім зборы. Але абаронцам лаўры ў гэты дзень вельмі пашанцавала – ейныя гарматнікі пасля шматлікіх промахаў уляпілі нарэшце ядро проста ў ненавісныя «Трашчэры». Крыкі ўсеагульнай радасці скаланулі лаўру. Людзі на сценах цалаваліся і плакалі ад найвялікшага шчасця.
Адразу ж ваяводы Даўгарукі і Галахвасты, каб замацаваць поспех, арганізавалі начную вылазку. Праз патаемны ход, замаскаваны жалезнай брамай, іхнія ратнікі начале з пасадскім галавой Ходыравым прабраліся ў парослы густым кустоўем яр і з крыкам «Святы Сергій!» рынуліся ў атаку на ліцвінскую батарэю. З другога боку насустрач ім ударылі пешцы і вершнікі баярына Унукава. Яны хацелі знянацку захапіць гарматы, што не давалі жыцця лаўры, а заадно адшукаць падкоп, які людзі Сапегі ўжо пачалі набіваць бочкамі з порахам.
Надвор’е быццам бы спрыяла ім. Цёмныя кашлатыя хмары засцілалі неба. Сеяўся-матляўся над скалелай зямлёй панылы восеньскі дождж. Па гарматных ствалах беглі ручаіны. Пра такое надвор’е гарматнікі, абматаўшы галовы башлыкамі, узняўшы каўняры кажухоў і світак, казалі, пазяхаючы:
– Ну й сыпіць, ну й сячэ. Хай яго кадук. Холад. Халепа.
І раптам на іх наваліліся нечаканыя, быццам нячысцік з пекла, атакоўцы. Спакойнае жыццё-бытво скончылася. Пачалася жорсткая разня.
– Гэта вам за Мікалая Цудатворцу! Гэта за звон з Траецкага збору! А гэта за срэбны падсвечнік! – крычалі ходараўцы і ўнукаўцы, доўгімі вострымі нажамі выпускаючы на мокры пясок кішкі батарэйнікам. Стаяў жахлівы крык. Шмат чалавечых галоў упала ў тую крывавую ноч.
Ускрыленыя поспехам людзі з лаўры дабеглі да таго месца ў лясістым яры, дзе пачынаўся падкоп. Два маладыя мужыкі Мікіта Шылаў і Карп Слотаў, што прыйшлі ў лаўру са спаленай Кляменцьеўскай слабады, прашчаміліся ў падзямелле і ўзарвалі парахавы зарад. Магутны выбух не пашкодзіў кляштарныя сцены. Мужыкоў жа разнесла на дробныя кавалачкі.
З вялікай напругаю адбіўшы начную атаку, Сапега і Лісоўскі яшчэ тужэй сціснулі вакол лаўры пятлю асады. На штурм людзей вырашылі болей не вадзіць.
– Сама здохне, – бліскаючы халоднымі вачамі, сказаў пра лаўру Аляксандр Лісоўскі і паслаў лісоўчыкаў падчышчаць ваколіцы лаўры, сачыць каб ні чалавек, ні звер, і ні птушка не маглі прабрацца ў яе. У гэты самы час да яго прывялі перабежчыкаў – двух дзяцей баярскіх з Пераяслаўля. Яны сказалі, што ўзяць кляштар можна даволі лёгка – трэба перахапіць трубы з пітной вадой. І паказалі месца на дне сажалкі, дзе пачыналіся гэтыя трубы.
З канца лістападу на Троіца-Сергіеву лаўру навалілася цынга. Усё гэта, вядома, ішло ад вялікага цясноцця, ад голаду і смагі. Цывільныя людзі, жанчыны, дзеці і старыя начавалі проста на голай зямлі, у лёгкіх буданчыках сплеценых з галінак рачной вярбы. На іх ліўся дождж і ляцеў снег. Халодны вецер астуджваў знясіленыя целы, скура на якіх здавалася жоўтай павуцінай, накінутай на косткі. «Цяжка нам насіць цялёсы нашы», – пакорліва казалі людзі і паміралі адзін за адным. Спачатку за дзень памірала дваццаць-трыццаць чалавек, затым пачалі паміраць сотнямі. З раніцы да глыбокай ночы ў лаўры адпявалі нябожчыкаў. Інакі, якія вялі такія службы, зусім выбіваліся з сілаў, і іх даводзілася трымаць пад рукі. Ад мёртвых людзей і ад мёртвай жывёлы быў вялікі смурод. Часам акутая цёмным жалеззем брама лаўры павольна адчынялася, але лісоўчыкі і сапежынцы адразу ж адбягалі ад яе, бо з лаўры выязджалі вазы, на якіх гурбамі ляжала заразнае адзенне нябожчыкаў. Яго закопвалі ў лясных ямах.
– Не, не за гэтым мы сюды ішлі, – усё часцей хмура казаў Аляксандр Лісоўскі. – Не тое мы робім.
– Пан палкоўнік, мы прыйшлі сюды, каб выбавіць з палону нашыя святыні, – напамінаў Марцін Жабыка-Жэмба. – Калі немагчыма адбіць сілай, трэба ўзяць іх хітрасцю.
І яны ў паходным палкоўніцкім намёце, падалей ад чужых вушэй, у каторы ўжо раз меркавалі, як зладзіць гэтую справу. І надумалі мудрагелісты план.
Тым часам зіма пачала бяліць першым лёгкім снегам наваколле. На яркай пушыстай белі выразна азначыліся ваўчыныя, лісіныя і заечыя сляды. Скідвалі апошняе іржавае лісце ўкамянелыя ад холаду дрэвы. Эльвіра з Анэляю і Лявонцій Кукарэцкі, які ў вольны час круціўся каля іх (вядома ж, круціўся каля Анэлі) сядзелі ў цёплай зямлянцы, дзе ў печцы-каменцы сакавіта палалі смольныя карчы, і па загадзе Лісоўскага шылі-вышывалі парадныя стужкі для ўсіх лісоўчыкаў. Стужкі гэтыя павінны былі адзявацца праз правае плячо і служыць адметаю менавіта лісоўчыкаў, бо на іх вышываўся іхні баявы герб-кляйнот – два вершнікі на адным кані.
– Прыгожа будзе, – задуменна казала Анэля, разглядваючы вышытую тканіну, і аднойчы, хітра засмяяўшыся, прапанавала Эльвіры:
– А што калі я вышыю вось на гэтай стужцы не двух вершнікаў, а вершніка і вершніцу?
– Сябе і пана Кукарэцкага? – адразу здагадалася Эльвіра.
– Хай сабе будзе й так, – кіўнула ў знак згоды галавой Анэля. – А вы, пані Эльвіра, можаце вышыць сябе і пана Вітаўта Гарткевіча.
Яны па-змоўніцку зірнулі адна на адну і заліліся звонкім шчаслівым смехам. Чаму й не пасмяяцца, калі ты маладая выкшталцоная паненка і калі цябе кахае гжэчны фарсісты пан з прыгожымі пяшчотнымі вусамі і вострай шабляй на поясе?
А лісоўчыкі, якім болей не трэба было штурмаваць лаўру, раз’ехаліся-разбрыліся па наваколлю ў пошуках дроў, фуражу, хлеба і ўсяго, што патрапіцца пад руку. Забіралі з хлявоў свіней, кароў і авечак, са стайняў коней. Каб чужы конь не брыкаўся, не гарцаваў, прывязвалі яму да хваста камень. Але вельмі мала свойскай жывёлы было ў разрабаваным бясконцай вайной краі. Затое нечувана распладзіліся ваўкі, бегалі белым днём па вёсках, вырываючы з рук у мацярок дзяцей.
На бярозе, што расла побач з намётам Аляксандра Лісоўскага, вісеў паходны звон. Калі ўзнікала неабходнасць, ягоны звонкі трывожны голас ляцеў праз лугі, праз палеткі, праз балоты, збіраў усіх у адзіны кулак. Тады імчаліся назад да лаўры праз дождж, снег і вецер, праз сляпы туман.
Падчас адных рабункаў у наваколлі вельмі не пашанцавала Андрэю Пратасевічу. Лядашчы мужычок, абараняючы сваю аблепленую жоўтымі каўцюхамі худую кароўку, схапіў вілы і рынуўся на яго, разрываючы дзікім крыкам чорны бяззубы рот. Шчаслівы Рок хацеў заступіцца за гаспадара, кінуўся насустрач, і вострыя вілы з усяго маху пранізалі яго. Сабака завішчаў, закруціўся на зямлі, ад вялікага болю рыючы яе пысай, і неўзабаве заціх, спусціў дух. Толькі лапы яшчэ ўздрыгвалі, трапяталі.
Ашалелы ад гора Пратасевіч засек шабляю мужычка, потым адкінуў шаблю ўбок, упаў на калені, пачаў туліць да сябе Шчаслівага Рока, гладзіць яго, цалаваць і ўсё паўтараў:
– Ну, уставай, ну, паднімайся, сабачка мой. Ну, чаму ты маўчыш і не гаўкаеш?
Але сабака, колькі імгненняў таму жывы, вясёлы, цёплы і нястомны, паступова пруцянеў. Шклянелі, рабіліся невідушчымі прыгожыя карычневыя вочы. У бяссільным горкім аскале паказаліся з шырока расчыненага роту белыя вострыя іклы. Ім ужо ніколі нічога не грызці, ніколі нікога не кусаць.
– Хлопчык мой, пястунчык мой, ну, ажыві, ну, паглядзі на мяне, – калаціўся, плакаў Андрэй Пратасевіч, трымаючы на руках Шчаслівага Рока.
– Чаго ты так усхадзіўся? – дзівіліся лісоўчыкі. – Гэта ж не чалавек. Гэта звер. А ў звера няма душы.
Туманнымі ад слёз вачыма глянуў на іх Пратасевіч, ціха прамовіў:
– Можа, й няма. Але ў ім часцінка маёй душы. І сёння я закапаю ў зямлю гэтую часцінку. <…>
Аляксандр Лісоўскі, прачуўшы пра здарэнне з Пратасевічавым сабакам, уздыхнуў, задумліва пацерабіў вусы, сказаў:
– Быў сабака. І няма сабакі. Вось і ўсё. І ён болей не ажыве. Нас жа, людзей, па Хрыстоваму запавету чакае ўваскрашэнне з мёртвых. Думаю, гадоў праз пяцьсот з Божай дапамогаю ўваскрэснем усе мы, паны-брацці, на сваёй роднай зямлі. На зямлі, якую любілі, якую баранілі ад ворага. Хацелася б ведаць, хто і што сустрэне нас тады, якімі вачыма будуць глядзець на нас тадышнія людзі.
Самы раз было ажыццяўляць новы план, які надумалі Лісоўскі, Жа­быка-Жэмба і Арсеній для таго, каб выбавіць з маскавіцкага палону палеманісцкія святыні. Першая задума правалілася. А было ўсё так. Трубач гетмана Сапегі Марцьяш згадзіўся пранікнуць у лаўру і нейкім чынам пастарацца завалодаць там Залатым човенам Палямона і Ключом ад Трох Рэк. Ён падышоў да сцяны, папрасіў у абаронцаў лаўры прадаць яму самага п’янага мёду. Выпіў збанок, выпіў другі, што спусцілі на вяроўчыне, зрабіў выгляд, быццам страшэнна ап’янеў, і даў сябе зняволіць. Там, у палоне, пачаў прылюдна хаяць лацінскую веру, спадабаўся ваяводам, пасябраваў з імі. Шальмуючы палякаў і ліцвінаў, загадзя ведаў усе іхнія дзеянні. Хадзіў па сцяне кляштару і паказваў гарматнікам, куды трэба страляць. Так упадабалі маскалі Марцьяша, што бралі з сабою ў начныя вылазкі, падчас якіх ён хвацка секся шабляю. Ваявода Грыгорый Даўгарукі зрабіў палоннага сваім дарадцам, спаў разам з ім у адным пакоі, апранаў у найлепшае адзенне. Радаваўся Аляксандр Лісоўскі, бачачы такое. Ды ўсё паблытаў глуханямы ад нараджэння пан, які таксама здаўся абаронцам лаўры і знакамі, зразумелымі далёка не кожнаму, патлумачыў ім, што Марцьяш – засланы шпіён. Доўга яму не верылі, адмахваліся ад ягоных знакаў, але нарэшце ваявода Даўгарукі аддаў свайго ўлюбёнца ў рукі катам, і пад гарачым агнём і вострым жалезам той прызнаўся, што планаваў закляпаць гарматы, падпаліць порах і ўпусціць у лаўру людзей Сапегі і Лісоўскага. Сканаў Марцьяш на маскальскай дыбе.
Трэба было дзейнічаць больш асцярожна і больш нечакана. На гэты раз праведалі лісоўчыкі, што на падмогу лаўры цар Васіль Шуйскі паслаў з Масквы шэсцьдзесят казакоў пад началам атамана Астанкава і дваццаць пудоў пораху. Казакоў падпільнавалі ў лесе каля ракі Канчуры, усіх да аднаго выразалі, перапрануліся ў іхняе адзенне. Дзеля таго, каб у лаўры нічога не западозрылі, манах-уцякач Арсеній вырашыў дабраахвотна вярнуцца ў яе і здацца архімандрыту Іясафу. У ягонай келлі (ведаў Арсеній) ляжаць сімвалы, вывезеныя з Полацка.
– Не баішся? – спытаў у яго Аляксандр Лісоўскі.
– Баюся, – шчыра прызнаўся манах. – Але мая нянавісць да архіманд­рыта і ягоных служак мацней за мой страх.
Усё атрымалася гладка і праўдзіва. Учынілі фальшывы бой са страляні­най і густым дымам, з казацкім гіканнем, нават з трупамі-лялькамі, якія падалі з коней, прарваліся праз польскія і ліцвінскія пазіцыі. Дазорцы з лаўры хуценька апусцілі пад’ёмны мост, і шэсцьдзесят казакоў-лісоўчыкаў, атаман Астанкаў-Мастоўскі, аблудны манах Арсеній і дваццаць пудоў сухога вельмі якаснага пораху пад радасныя клікі тых, хто мог стаяць на нагах і трымаць зброю, уварваліся ў лаўру. Арсеній з Мастоўскім адразу ж пайшлі да архімандрыта. Былы манах ведаў тут усе хады-выхады, і вельмі хутка яны апынуліся перад светлымі вачыма самога Іясафа. Той, худы, бледны і злы, адразу ж з кулакамі кінуўся на Арсенія:
– Шалудзівы пёс! Як ты пасмеў прыйсці сюды?! Пасаджу на ланцуг у цямніцу, і пацукі сажруць цябе і нават не абліжуцца! Пан атаман, – звярнуўся ён да Івана Мастоўскага, – закуй гэтага нікчэмнага чалавека ў самую лютую калодку з вострымі шыпамі, а на шыю ўздзень яму калючую рагатку! І ўсып яму добранька – пачастуй бярозавай кашай з раменным маслам!
Архімандрыт узбуджана ўзмахнуў правай рукой, нібы ўжо сам лупцаваў Арсенія. Вочы ззялі гневам.
Ды адбылося тое, чаго ён аніяк не чакаў. Арсеній, выхапіўшы з-пад сваёй доўгай зашмальцаванай хламіды востры бліскучы кінжал, у адзін скок апынуўся каля яго, прыклаў кінжальнае лязо да ягонага горла.
– Толькі пікнеш, прырэжу, як авечку, – злавесна прашаптаў манах.
На Іясафа нібы напаў слупняк. Ён ніяк не мог удыхнуць, набраць у грудзі паветра – і ўвачавідкі сінеў. Разгублена пазіраючы на Мастоўскага, архімандрыт ніяк не мог уцяміць, чаму гэты казацкі атаман, які прыбыў з Масквы, не пакліча сваіх станічнікаў, каб яны схапілі супастата-здрадніка за каршэнь і павалаклі ў цёмнае падзямелле…
Арсеній жа ўпэўнена гаспадарнічаў у ягонай келлі. Знайшоў за шырмаю патаемныя дзверы, націснуў рычажок і адчыніў. Крыху павагаўшыся, засунуў у нішу руку, палэпаў ёю, сказаў задаволена:
– Тут.
На белы свет з’явіўся даволі аб’ёмісты, пакрыты срэбнай фарбаю куфэрак. Манах адчыніў і яго, паглядзеў, што знаходзіцца ўнутры, асцярожна зачыніў, зноў сказаў адно адзінае слова:
– Тут.
Заставалася вынесці святыні спачатку з келлі, а потым з лаўры. Усё адбылося хутка і проста, нават вельмі проста, калі толькі не ўлічваць тое, што манах Арсеній застаўся дабраахвотным закладнікам у келлі архімандрыта. Іван Мастоўскі, ён жа атаман Астанкаў, трымаючы ў руках куфэрак, разам з усімі сваімі казакамі-лісоўчыкамі спакойна выйшаў на вуліцу, спакойна сеў на каня, каб зноў прабівацца за сцены лаўры. Тлумачылася гэта тым, што на супроцьлеглым беразе ракі Канчуры, вёрстаў за дзесяць ад лаўры, рухаецца да асаджаных царскі абоз з правіянтам. Зноў загрымелі мушкетныя стрэлы, узвіўся дым, пачалі валіцца з сёдлаў людзі. Лісоўчыкі аказаліся неблагімі акцёрамі-камедыянтамі.
У намёце Аляксандра Лісоўскага з вялікім хваляваннем чакалі, чым скончыцца напружаная дзея. Калі ж Іван Мастоўскі, радасна ўсміхаючыся, узняўшы на выцягнутых руках куфэрак, з’явіўся ў дзвярах, усе прысутныя дружна крыкнулі віваты. А потым людскія позіркі скіраваліся на Залаты човен Палямона і Ключ ад Трох Рэкаў. Мяккае высакароднае святло старадаўняга золата змусіла затаіць дыханне. Марцін Жабыка-Жэмба ўкленчыў з вільготнымі вачыма. Аляксандр Лісоўскі, склаўшы на грудзях рукі, задумліва глядзеў на палеманісцкія святыні і нешта шаптаў.
А ў гэты самы час развітваўся з жыццём манах Арсеній. Зразумеўшы, што лісоўчыкі бесперашкодна выйшлі з лаўры разам з куфэркам, ён апусціў кінжал. Архімандрыт Іясаф крутнуў шыяй, пачаў расціраць яе сухімі белымі рукамі.
– Ты не заб’еш мяне? – асцярожна спытаў Іясаф. – Я ж маўчаў.
– Не заб’ю, – адказаў Арсеній, – бо ты маўчаў.
Ён адкінуў ад сябе кінжал, хуценька рвануў з грудзей малюсенькі мяшэчак, які боўтаўся на шнурку, хуценька развязаў яго і ўсё змесціва высыпаў сабе ў рот. Праз імгненне-другое ён ужо курчыўся на падлозе. З вуснаў скочвалася белая смяротная пена.
– Варта! – люта закрычаў архімандрыт Іясаф і нагою стукнуў халодны труп. – Варта, хутчэй да мяне!
Ян Пётр Сапега і Аляксандр Лісоўскі думалі, што хоць яны і не ўзялі лаўру, але зрабілі тое, што было задумана. Цар Васіль Шуйскі не атрымаў ад манахаў ніякай дапамогі, бо манахі, як у мяшку, пятнаццаць месяцаў прасядзелі ў асадзе. Швед Дэлагардзі са сваімі жалезнымі ландскнехтамі таксама не прабіўся на Маскву. А незадоўга да Спаса падышлі людзі пана Збароўскага разам з дружынамі баяраў Льва Пляшчэева і Фёдара Хрыпунова і абвясцілі, што цар Шуйскі ўжо не цар, а знаходзіцца ў польскім палоне, і што ў Маскву маскоўскія баяры запрасілі цараваць або каралевіча Уладзіслава, або ягонага бацьку Жыгімонта.
– Дадому нам трэба, паны-брацці, – сказаў Аляксандр Лісоўскі, які разам з Марцінам Жабыкам-Жэмбам, разам з усімі лісоўчыкамі вельмі ганарыўся, што вырваў з варожых рук палеманісцкую і ліцвінскую святыню. – У роднай хаце і качарга маці.
І ён павёў сваіх лісоўчыкаў на захад. Але хуткага маршу не атрымалася. Вёрстаў праз трыццаць у глухіх балоцістых бярозава-яловых лясах у іх мёртвай хваткаю ўчапіліся атрады князя Скопіна-Шуйскага і шведа Дэлагардзі. Учапіліся з двух бакоў, а неўзабаве і зусім абкружылі. Скончыўся порах. Скончыліся хлеб і вада. Падалося, што канчаецца само іхняе жыццё.
Яны зашываліся ў глыбіню лясоў, галодныя, мокрыя, знясіленыя. А следам неадчэпна ішлі шведы і людзі Скопіна-Шуйскага. Усе паціху вар’яцелі ад бяссілля і адчаю. І толькі Лявонцій Кукарэцкі, ловячы закаханыя позіркі Анэлі, якая разам з Эльвірай ехала на амаль што адзіным кані, які ацалеў у лісоўчыкаў, натхнёна шаптаў верш:

Лес, люблю тваіх лісцяў зялёны шоўк,
Шум люблю без канца і без краю.
Я – твой воўк.
Я – зялёны твой воўк.
У тваёй зеляноце знікаю.

У дуплах дрэў або пад мохам часам знаходзілі кучкі спелых арэхаў, якія на зіму запашвалі сойкі, і прагна елі іх. Голад рэзаў жываты. Дайшлі да таго (праўда, не ўсе), што пачалі спажываць дажджавых чарвякоў. Паляваць на іх навучыў наваградскі пан Пятро Пятрыла. Сухадрэвінай ён раскопваў кратовыя звілістыя хады. Аднойчы знайшоў у такой кладоўцы каля тысячы чарвей. Яны былі жывыя, але не рухаліся, бо крот укусіў кожнага за пярэдні канец цела.
Ды аднойчы прыйшло нечаканае збавенне ад пакутаў. Шведы пачалі крычаць, нешта паказваць рукамі, запрашаць да сябе на абед. Дзіва ды й толькі! Пэўна ж, пастку рыхтуюць. Але, махаючы белым сцягам, проста на лісоўчыкаў, якія дрогкімі рукамі ўжо ўзнімалі мушкеты і лукі, рушыў чалавек.
– Я – Макар Бабок! – галасіста крычаў ён. – Я – Макар Бабок, казак з Дону! Пан палкоўнік, я знайшоў Залатую Бабу! Я яе знайшоў!
– Пачакай, – адвёў рукою дула мушкета Івана Мастоўскага Аляксандр Лісоўскі і ўзняўся ў поўны рост. За ім узняліся знясіленыя, але нязломныя лісоўчыкі.
Над лесам бліснула маланка. У суровых чорна-сініх воблаках успыхнуў пякучы нябесны агонь. Ударыў гром, раскаціста і сярдзіта. Зашыпеў дождж, разбіваючыся аб ствалы дрэў. Навальніца разгаралася, набірала сілу.
– Пан палкоўнік, гэта я! – падбег да Лісоўскага данчак Макар Бабок, смуглы і чарначубы. – Нічога вам не пагражае. Я заплаціў шведам золатам. Я даў ім галаву Залатой Бабы. І яны болей не ваююць супроць вас, бо Шуйскі тры месяцы не плаціў ім абяцанае жалаванне. Яны адкрылі вам праход з гэтага лесу і нават запрашаюць вас да сябе на абед.
– Я памятаю цябе, казак, – з заўсёднай упэўненасцю разгладжваючы вусы, сказаў Аляксандр Лісоўскі. – Ты малайчына. Усё-ткі знайшоў тую Залатую Бабу над ракой Об’ю. Дзякуй табе, што дамовіўся са шведамі. Але ж золата ў цябе няма.
– Як няма? – беручыся за жывот, весела засмяяўся Бабок. – Я ж шведам аддаў толькі галаву. Адпілаваў і аддаў. А тулава ейнае залатое ў мяне. А вы ведаеце, якія яны магутныя, гэтыя Залатыя Бабы! Во! – ён шырока развёў рукамі.
Надзвычайная радасць успыхнула ў сэрцах у лісоўчыкаў. Яны абды­маліся, смяяліся, танцавалі. Потым рынуліся з глухога змрочнага лесу на шырокую паляну, што разгарнулася наперадзе. І раптам нібы праламалася, з гулам-стогнам рухнула на мокры сагнуты цяжкім ліўнем лес неба. Бязмежная надзвычай яркая сліпучая маланка затапіла ўсё наўкол, верх і ніз, праглынула ўсё. Затым яна расчлянілася на мноства вогненных ручайкоў, нітачак, вяровачак, як бы спляла ў нябёсах велізарную жахлівую сетку і бязлітасна шпурнула, кінула яе на зямлю, на людзей, што беглі пад дажджом і пад громам.


Эпілог

Яны амаль адначасова, як па камандзе, усхапіліся з зямлі. Агледзеліся. Зірнулі адзін на аднаго.
– Што гэта было? – спытаў Лявон Кукарэка і пачаў тармасіць свой мабільны тэлефон – баяўся, што паламаў.
– У самую-саменькую макаўку кожнага з нас, спадары і спадарыні, пацалавала неба, – гарэзліва ўсміхнулася Эльвіра Скаблінская. – Нельга бегаць у навальніцу. Сядайма ў мой аўтамабіль.
– Куды паедзем? – заклапочана спытаў Вітаўт Гарткевіч, калі селі ў «Шкоду».
– Куды дарога выведзе, – весела і энергічна прамовіў Аляксандр Лісоўскі.
Паімчаліся па шашы. Толькі мільгалі слупы і свістаў вецер.
– Янаў-Палескі, – прачытаў на дарожным указальніку Іван Мастоўскі.
Гарадок быў чысты, утульны, дагледжаны, а людзі надзіва ўсмешлівыя і прыветлівыя. Над прыгожым будынкам гарвыканкама свежы вецер раздзімаў два сцягі – бела-сіні сцяг Еўразвязу і бел-чырвона-белы сцяг дакладна такога ж колеру, як ленціі на парадным убранні Маскоўскага праваслаўнага Патрыярха. На пытанне, дзе тут гастраном, малады шчыгульны міліцыянер эфектна казырнуў і на чысцейшай беларускай мове падказаў дарогу. Ужо ў гастраноме Антон Даніловіч-Гоцкі, узяўшы тры бутэлькі «Крамбамбулі», пацікавіўся, колькі рублёў яна каштуе.
– Якія рублі? – весела здзівіўся сімпатычны вусаценькі прадавец. – Ужо восем гадоў, як жывем у Еўразвязе, у Еўропе. Дзе ты бачыў тыя рублі? Гані еўрыкі!

2009 год. Узгор’е-2.