12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генрых Далідовіч

_____________________
Рурыкавічы і Рагвалодавічы.
Раман у апавяданнях з прадмовай і пасляслоўямі

Прысвячаецца моладзі, ахвотнай
да нацыянальнай годнасці

Annotatio (заўвага)

...Так склаўся лёс, што больш за 1000 гадоў таму па-свойму, па тагачасных норавах парадніліся “па мячы” (па бацьку) Рурыкавічы і “па кудзелі” (па маці; кудзеля – валакно лёну, канапель, апрацаванае для пражы нітак) Рагвалодавічы. Вось і пайшло новае пакаленне за пакаленнем – сыны і дочкі, унукі, праўнукі вялікага князя кіеўскага Уладзіміра і полацкай князёўны Рагнеды, якія ў згодзе ці ў варажбе-забойствах рашалі лёс не толькі ўсходнеславянскіх зямель не адно стагоддзе. У Полацку з карэнных Рагвалодавічаў апошнім летапіс за 1237 год упамінае князя Брачыслава; пасля Кіева ў Маскве княскі род з кропелькай крыві Уладзіміра і нашай зямлячкі дацягнуўся да 1598-га і абарваўся са смерцю сына Івана Жахлівага Фёдара Іванавіча.
Каб напісаць пра ўсе адгалінаванні таго роду больш чым за 600 гадоў, не хопіць і некалькіх чалавечых жыццяў (многія ж князі, а таксама і іхнія сыны ды дочкі мелі не па адным, а і па дзясятку нашчадкаў...). Аўтар спрабуе расказаць найперш пра дзяцей Уладзіміра і Рагнеды. А іх (па Нестару) было таксама нямала, не адзін толькі Ізяслаў...
...Ціха ступім ва ўяўлены праколішні свет, што працягваўся далей з 6495 года стварэння яго Богам ці з 987-га па новаму адліку... То – у гэты, 987-ы, а з ім і бліжэй да нас...

Ты жыў, ты панаваў у краі родным,
Cцярог ад чужака й законы ўкладаў;
Звон вечавы сход склікаў народны,
І сход аб шчасці Бацькаўшчыны дбаў.
Янка Купала. “Свайму народу”

Прадмова. Рукапіс, знойдзены на гарышчы

Мне не раз прыходзілася дапамагаць перавозіць з аднаго месца на іншае сялянскія дамы. Сама раней – бацькоўскую хату з хутара ў вёску. Пры разборы яе ні пад застрэшшам, ні на гарышчы ці між сцен нічога цікавага не знайшлося. Толькі ў адным кутку, пад першым вянком на вялікім камені ляжаў савецкі пятак (бацька паклаў яго туды, каб у доме заўсёды вяліся грошы. А мо і на іншае, не толькі грашавітае шчасце). Нашы Янкавіны былі спаленыя ў вайну, похапкам вывезеныя з невялічкім скарбам; люд, вярнуўшыся з Германіі, адбудоўваўся нанова, дык нічога такога незвычайнага даўняга проста не магло быць у новых дамах.
А вось пазней, калі ў іншых мясцінах дапамагаў сябрам раскідваць купленыя сялянскія даваенныя хаціны, каб перавезці і зладзіць з іх лецішча, то неаднойчы знаходзілі шмат цікавага – з царскіх, кайзераўскіх, польскіх, савецкіх часоў кнігі, часопісы, стосы лістоў ці газет, вучнёўскія сшыткі і дзённікі, беларускія заходнебеларускія і за нямецкім часам газеты, розныя акупацыйныя дакументы і грошы, храмавыя абразы (набожныя гаспадары ратавалі і прыхоўвалі іх, калі пры Хрушчову чамусьці вельмі заўзята нішчыліся, закрываліся цэрквы і касцёлы). Пры гэтым, найбольш трапляліся старыя ступы, капылы, калаўроты, самавары і прасы, запыленыя, з кутасовым павуціннем ды з павукамі куфры, што даўно ўжо не ўжываліся, але чамусьці гаспадары іх зберагалі, мо і не думаючы, што гэта магло стаць адмысловым музеем. Знаходзілі і зброю – найчасцей паіржавелыя шаблі, наганы. Аднаго разу на гарышчы дома ў Ашмянскім раёне я натыкнуўся на драўляную скрыначку ў куфэрку, а ў ёй нечакана ўбачыўся таўшчынёй з далонь скрутак. Калі развязаў незразумелага колеру, выцвілую ад часу тасьму, распрастаў згортак, то ў вочы кінуліся старыя, пажоўклыя аркушы паперы, а на іх штосьці напісанае па-ўсходнеславянску роўнымі радочкамі, але са спрытнымі ўзорамі-завіткамі. Краі паперын былі бляклыя, а вось пасярэдзіне чарніла толькі крыху зчэзла. Каб як след разбіраўся ў даўнім рукапісным пісьме, то можна было б выразна ўсё прачытаць.
Яшчэ меней за мяне мог спазнаць напісанае новы гаспадар хаціны, фізік. Але ён заўважыў маю знаходку, мой успламянёны позірк, зацікавіўся і па праве ўладальніка забраў яе сабе: “Потым разбяромся, што тут такое”. Пазней я прасіў яго даць мне на нейкі час той рукапіс, каб паказаць яго знаўцам, ды ён муляўся. Канечне, шкадаваў выпусціць з рук свой рэдкі дар(набытак?). Я пакаяўся, што тады, калі напаткаў знаходку, хціва не сунуў скрутак сабе за пазуху. Але пра яе больш не напамінаў: ашчадны гаспадар пісьмовай даўніны ведаў, што гэта – не простая рэч, а немалую цану мае, дык мог ціхенька яе некаму прадаць. А праз гадоў дзесяць, калі яго не стала, ужо сын за літр гарэлкі дазволіў мне з ёю азнаёміцца.
Па маёй просьбе адзін з мовазнаўцаў-”старажытнікаў” толькі абмацаў позіркам першую старонку, як адразу вызначыў: няма некаторых грэчаскіх літар, ёсць “е”, “я”, “э” – значыць, тут грамадзянскі шрыфт, які на аснове кірыліцы і лацінскай антыквы (закругленыя формы) заявіўся ў Расіі і які мог параіць Пятру І наш зямляк, вельмі адукаваны чалавек, кнігавыдавец з пакручастым чалавечым лёсам Ілля Капіевіч (мсціславец, скончыў Слуцкую кальвінісцкую школу, быў вывезены ў Цвер, адтуль уцёк у Маскву, вярнуўся дамоў, але езуіты абвінавацілі яго ў шматлікай здрадзе, забралі яго родавы маёнтак, дык мусіў ратавацца ўцёкамі за мяжу). Ён з Пятром І сустрэўся ў Амстэрдаме. У 1698–1706 гадах па царовай просьбе пераклаў на рускую мову, склаў і выдаў каля 20 кніг. Сярод іх тое, што асабліва цікавіла рускага ўладара: першыя падручнікі, вучэбныя дапаможнікі па гісторыі, арыфметыцы, вайсковай і марской справе, а таксама розныя слоўнікі на рускай і замежных мовах, першую на рускай мове карту неба. Якраз там, у Нідэрландах, былі адлітыя літары для новага рускага шрыфта, вельмі падобнага да шрыфта адной з кніг самога Капіевіча. Яшчэ, мабыць, менавіта ён па аплаце Пятра І у 1705-м выдаў таксама незвычайную і для многіх недаступную рэч – альбом эмблем і сімвалаў, дзе на пачатку быў адлюстровак царовага партрэта, а потым змешчана 9 царскіх эмблем (той альбом быў перавыдадзены ў Санкт-Пецярбурзе ў 1788 г. Да ранейшых эмблем былі дададзеныя новыя. Сярод апошніх з’явілася эмблема двухгаловага каранаванага арла з сімваламі ўлады). Перад рэформай рускай пісьменнасці наш зямляк, прысягнуўшы Пятру І, працаваў у Маскве ў Пасольскім прыказе – гэта значыць, у цэнтральнай дзяржаўнай установе. І далей знавец, як той следчы, вызначыў: калі ёсць літара “и”, дык пісана пасля 1735 года.
Гэта быў ліст, складзены ў Расіі свайму апекуну нашым земляком, бібліятэкарам, памочнікам пісара і перапісчыкам дзяржаўных папер ВКЛ, урэшце, як па-сённяшняму, акрэдытаваным журналістам у Маскве і Санкт-Пецярбурзе мо яшчэ і з іншымі, патаемнымі намерамі, пра якія ён не ўпамінаў. Канечне, пасады яго былі невысокія, але і, гэтак жа безумоўна, ён і на іх шмат чаго спазнаў, дык пакінуў не проста свае мемуары. Тут, у рамане, будуць асобныя ўрыўкі з таго паслання (яго я назваў “Рукапісам, знойдзеным на гарышчы” альбо коратка – “Рукапісам”) з падпраўкай на сучасную беларускую мову. Асучасненыя і тагачасныя рускамоўныя аўтаравы ўстаўкі.
На жаль, і я, і іншыя з лепшымі ведамі пакуль што не можам больш сказаць пра аўтара, чым ён сам распавёў пра сябе. І само па сабе зразумела: я не магу падпраўляць яго думак і поглядаў, таму застаецца адно з двух: іх прымаць ці не. Я пакідаю ўсё так, як ён напісаў, толькі часам устаўляю, як кажуць, “свае два грошы”.

З “Рукапісу”

Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,
Свой век канчаю я у манастырскіх мурах
І пільна летапіс другі ўжо год пішу...
..........
...Апавядаю тут. Так рупная пчала
Умее ў соты мёд зыбраць і з горкіх кветак,
І бачанаму мной – я годны веры сведак.
Хай тыя ведаюць, што з’явяцца па нас,
Ўсю праўду пра жыццё у наш і пройшлы час.
...
Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!..
Максім Багдановіч. “Летапісец”, 1912.

“Дзяньдобры, Спадар, Ваша ягамосць пане Удальрык Крыштаф Радзівіл, канюшы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, стараста менскі!
Нізка кланяецца Вам (можа, яшчэ не забыліся), шляхціц, былы Ваш у кароткім часе службоўца Ян Ермаловіч. Пасля доўгага перапынку пішу з далёкай Масковіі, куды меў ласку і спрыянне Ваша прыехаць. Адарваны ад Бацькаўшчыны мілай, пішу той мовай, што цяпер мне незвычайна дарагая і якой Вы хораша валодаеце, толькі мусіце ўжываць іншую, паколькі па змусе ап’янелых перавагай палякаў у сойме Рэчы Паспалітай напрыканцы таго стагоддзя нам з 1696 года забаранілі нашу культурную тутэйшую, ліцьвінска-беларусінскую мову і ўзаконілі польскую, хоць перад гэтым яе, сваю, не дапускалі да каралеўскіх папер праз лацінку. Але Вы, чым цешыцца маё спакутаванае сэрца, не ў прыклад нашым апалячаным з-за бядоты-гаркоты, а часамі і з-за разліку, а то прыкрай угодлівасці мову родную не толькі добра ведаеце, але і ў сваё польскамоўнае прыгожае пісьменства ўстаўлялі наша, тутэйшае (па-беларуску гаворыць адзін з персанажаў пераробкі тым Радзівілам (1712 – 1770) твора Э. Бурселя “Камедыя Эзопа”. – Г.Д.). Больш – я шчыра дзякую, што якраз Вы захоплена прывілі мне цікавасць да многіх моў, любоў вялікую да кніг, да гісторыі. Рады, што змог памагчы Вам тое-сёе складаць для “Апісання ўсіх нацый у Еўропе”, для “Універсальнай гісторыі”, а таксама для іншых кніжак. Я шчыра захапіўся Вашай парадай паехаць у Маскву і пашукаць клад духоўны вялікі таго нашага, што асела тут, а ў нас цяпер мала ведама. Таму, меўшы ягамосьці Вашай фундацыю, прыбыў сюды, пакінуўшы ціхую і вольную працу ў Вільні і Варшаве, дзе па Вашай і Яна Фрыдэрыка Сапегі пратэкцыі перапісваў пацярпелыя ад часу кнігі Метрыкі Вялікага княства Літоўскага (спісы з маскоўскіх дыпламатычных дакументаў і інш.).
Каб я меў Божы дар ці забароненым родным, ці змусовым польскім словам пісаць займальна і пекна, то па знойдзеных скарбах склаў бы свае быліцы. І мо найперш пра нашых... жанок. У свой час, гадоў 200 таму, нашы многія пісьменныя прадзеды захапляліся перакладнымі на мову нашую аповесцямі пра Трою, Атылу, Баву, пра Трышчана і Ізольду. І надта многія з іх пралілі шмат слёз над аповесцю нашага, тутэйшага невядомага творцы пра моцнае, лічы, нябеснае, але няшчаснае каханне Жыгімонта і Барбары Радзівіл. Цяпер, у век наш больш асветны, але і звышсуровы, канечне, многіх ужо проста так не зацікавіш прыпавесцямі пра геройскіх рыцараў і іхнія прыдуманыя неверагодныя подзвігі, пра верных ім цудоўных целам і душой паненак, якія, не выходзячы з дому і з сумам пазіраючы ў акно, цярпліва чакалі іх з доўгіх паходаў. Цяперашняму ўмельцу слова мастацкага трэба пісаць па-новаму – не столькі легенды, міты розныя, а праўдзівыя творы. Праўды той у нашай пакутлівай гісторыі шмат і праўды часамі вельмі як велічнай, так і гораснай. І гэта тычыць не толькі нашых князёў, баяраў, вояў, аратаяў простых, але і жанок таксама розных саслоўяў. Бальшыня дзяўчат, мацярок, бабуль, ясна, ліла пот і слёзы, мела радасць або адгаравала, множыла край, пайшла ў зямлю ў сябе дома, але многія ўраджэнкі краю, як і мужчыны, таксама хадзілі ў свае, часамі ў далёкія “паходы” – хто палонніцай-рабыняй, а хто па ахвоце ці па прымусе камусьці каханкай альбо і жонкай.
Скажам, як пакінула родны дом полацкая князёўна Гарыслава-Рагнеда? Як напісана ў летапісах старых, найперш з-за прымусу і гвалту дзікунскага наўгародскога, а потым кіеўскага князя Уладзіміра. Ды не зусім: былі на тое і іншыя прычыны... Як і многія, скарылася, але... Не толькі з сынам старэйшым вярнулася, каб ён прадоўжыў дзедаў род “па кудзелі”. Яшчэ так выйшла, што спачатку яе дочкі, а потым унучкі, праўнучкі не проста, як кажуць, разбрыліся па многіх краінах Еўропы. Трапілі ў палацы каралеўскія! Нямала чаго добрага там зрабілі для люду тамтутэйшага, за што шанаваліся і шануюцца. Але... не ў нас, а там. Як іхнія каралевы і маці, бабулі, прабабулі ўладароў іхніх. І таму, і па горшых прычынах (абмеленай цікавасці да памяці нашай спрадвечнай) мы цяпер не толькі амаль нічога не ведаем, не гаворым пра тое, а нават падумаць не можам: а яны ж, тыя наступніцы па маці і дабрадзейкі вялікія для іншых народаў, – таксама ж у чымсьці нашы. Бо – Рагнедзіны па яе высакародных крыві і духу!!!
Хоць... І цяпер, калі ў Еўропе ўжо насміхаюцца са слёзных рыцарскіх раманаў, усё роўна ёсць і будуць тыя, хто і ў былой манеры будзе чытаць пра мужчынскія подзвігі, пра шчаслівую і гаротную жаночую долю. А тут, у блізкай нам Расеі, асаблівы адбітак следу жанок зямелькі нашай любай. Што праўда, то праўда: тут яны не проста папоўнілі новым людам новы для іх край, але і па-свойму прыклаліся да лёсу тутэйшай дзяржавы – сёння вялікай і моцнай. Да слова, Аляксандра (Праскоўя), дачка іншага, пазнейшага полацкага князя, Брачыслава (мусіць, апошняга па жаночай, Рагнедзінай, повязцы з Рагвалодавым родам) мела шчаслівейшы за Рагнеду лёс: здаецца, без прымусу ніякага ў 1239 годзе стала жонкай князя наўгародскага, а потым вялікага князя уладзімірскага, будучага Аляксандра Неўскага. Хоць мо і іх жанілі найперш з-за разліку. Каб Палацеск наш памог Ноўгараду засцерагчыся ад шведаў у Неўскай бітве і ад крыжакоў у Лядовым пабоішчы (дапытлівыя гісторыкі ведаюць імёны некаторых тых герояў-палачан). Аляксандра-Праскоўя сталася маці ... – першага маскоўскага князя (Маскоўскае княства было ўтворана ў 1276-м, сама меней на 30 гадоў пазней, чым ВКЛ), прапрабабуляй Дзмітрыя Данскога. Ужо не толькі полацкія, але і іншыя дружыны ВКЛ разам з ім лілі кроў і ў бітве на полі Куліковым. Як Альгерд у 1362-м, так і Данскі ў 1380-ым спрытка спажыў варажнечу мангола-татарскіх ханаў, пазамінаў ім злучыцца ў адну сілу. Не пазбавіў свой люд ад татара-мангольскага іга яшчэ на сто гадоў, але падбадзёрыў: ардынцаў можна біць! Канечне, смешна, што яго-пераможцу сечы збаяўся наш Ягайла са свежымі сіламі, уцякаў так, што нібыта ажно конксія капыты мільгалі. Лухта! Ягайла-хітрун саюзіўся з Мамаем ды наўмысна паблізу затрымаўся, не кінуўся яго ратаваць і зусім не меўся браць голымі рукамі рэшткі ацалелага войска Данскога (гэта было б не славай, а вераломнасцю!). Яму было даволі таго, што два грозныя супернікі зняможаныя (не ён першы, не ён апошні, хто вёў такую сабе патрэбную, а для іншых паўзагібельную гульню). Пазней і Вітаўт умяшаецца ў татарскую міжусобіцу, захоча падмацаваць Тахтамыша (пасля пагібелі Мамая хан Арды, але няўдачнік у вайне з сярэднеазіяцкім эмірам Цімурам-Тамерланам, бежанец у ВКЛ), рызыкне ў 1399 годзе даць новы бой яго праціўнікам на Ворксле, але яго і Тахтамыша моцна паб’е крымскі стаўленнік непераможнага тады Цімура-Тамерлана (сам Тахтамыш будзе ратавацца ўцёкамі ў Сібір, дзе яго заб’е тамтутэйшы хан. Многія яго воі з сем’ямі папросяцца на службу да Вітаўта і будуць несці яе спраўна, як і многія гаспадарыць. А вось з крымскімі татарамі, падбухторанымі турэцкім султанам, нашым продкам прыйдзецца весці крывавыя бітвы яшчэ доўга, нават пасля збіцця іх у 1506-м пад Клецкам. Пазней – у войсках ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Ваяўнічае Крымскае ханства не адно стагоддзе будзе ірваць многім “падбрушша”, таксама і вялікай Расеі – яна паб’е крымчакоў толькі ў 1771 годзе, ушчэнт зруйнуе ўсе іхнія гарады, а падуладзіць надоўга крыху пазней.
Але, васпане, ёсць такая праўда, якую не зацьміш: Данскі ўпершыню без згоды Арды перадаў вялікае княжанне сыну Васілю. Чакаючы ад яе помсты, маскоўская знаць абачліва папрасіла помачы ў ВКЛ – калі не па любові, то па ўзаемнай дамове жонкай Васіля І стала Гедзімінаўна. Соф’я, дачка Вітаўтава. Яна шмат зрабіла як для Масковіі (да прыкладу, словам палымяным, дзеяй мужнай паказала прыклад мужчынам, як трэба абараняць Маскву ад крымскіх татараў), так і для зямель родных. Надта пасля 1410 года, калі стрымала мужа і баяр яго нападаць на аслабелае пасля бітвы з тэўтонцамі ВКЛ. Пры малалетнім сыне Васілі ІІ (і пасля таго, як яго асляпілі родзічы-супернікі) больш двух дзесяткаў гадоў ачольвала... Маскоўскую дзяржаву! Мы неяк гэтым не вельмі ганарымся, а туттутэйшыя знаўцы пра тое наўмысна ўмоўчваюць! Для іх і яна, і яе родзічы – дзедаў брат Альгерд, першы, паўтару, з зямель славянскіх пераможца татар, але і грозны нападнік на Масковію, – ліхадзей з ліхадзеяў. А яшчэ больш настойлівы ў наступе на маскоўцаў сынавец яго Вітаўт Вялікі, які з Ягайлам пераламаў хрыбет тэўтонцам, – драпежнік з драпежнікаў! Так было, ёсць і будзе: адзін і той жа чалавек, найперш палкаводзец альбо кароль-цар для свайго люду можа быць героем, славай, а для іншага, нават суседняга – злыднем са злыдняў! Бо свайму люду – набыткі, багацце, а чужому – страты і гора вялікае!..
Каб Вы пабачылі, якая радасць і цяпер тут у прыдворні, што палякі пазбавілі Вітаўта нашага каралеўскай кароны, з-за чаго мо ён і раптоўна памёр! Радаснаванне вялікае ад таго, што Вітаўт ужо як кароль вялікай дзяржавы мог бы з палякамі і іншымі еўрапейцамі, з яшчэ моцнымі татарамі ды крыжакамі такое Масковіі ўчыніць, што яе магло б і не... быць! Ды гэтае “каб” у гісторыі паўтаралася і будзе паўтарацца тысячы разоў... Колькі чаго змарнела, узнікла з-за таго, што тое ці іншае павярнулася менавіта вось так! Але, васпане, цяпер я тут больш уведаў пра страшную долю той жа Соф’і Вітаўтавай: яна – мудрая, мацнейшая духам за мужчын многіх – нагаравалася дык нагаравалася ж за сваю спагадную для бацькі палітыку. Яе, баючыся гневу ВКЛ, паасцерагаліся звесці са свету, але ссылалі з абароненай ёю Масквы. Незадоўга перад смерцю яна стамілася ад, мякка сказаць, нягод розных і падалася ў манастыр, дзе ўзяла слаўнае імя нашай Еўфрасінні.
Дасталося і яе мужу, а таксама сыну Васілю ІІ за любоў вялікую да жонкі і маці (“Гедиминовичи – пришлые, чужие нам. Василий І предал дело отца, и сын его не достоен славного деда”). Соф’інага і Васілёвага ўнука, Івана ІІІ, баяры настроілі ўжо ў сваім, найперш ваяўнічым, захопніцкім духу. Ён не дапусціў саюзу Ноўгарада, Цверы з ВКЛ, скарыў названыя гарады і люта расправіўся з імі. Яму ўдалося скінуць татара-мангольскае, як тут кажуць, “иго” – г. зн. “чужеземное владычество и порабощение”. Яго войскі ўпершыню з поспехам вялікім рушылі за Уральскія горы. Калі другім разам ажаніўся з пляменніцай апошняга візантыйскага імператара Соф’яй Палеолаг (яе яшчэ называлі Зояй), то аб’явіў сябе нашчадкам тых базілеўсаў і “государем всея Руси”, увёў свой герб – візантыйскага двухгаловага арла. З апраўданнем змагання з каталіцтвам павёў жорсткія войны з бабулінай радзімай. Карацей, уладанне Масковіі павялічыў у чатыры разы. Соф’я Вітаўтаўна сталася прабабуляй Васілія ІІІ (1479 – 1533; пры ім Вялікае княства Маскоўскае, пазней – Русь, пачало набываць новае найменне – Расія ці Расея), прапрабабуляй Івана Грознага, у нас празванага Жахлівым.
Тут больш даведаўся пра цікавую показку пра Соф’ю – не нашу, а візантыйскую: бежанка, яна была мо і не зусім бедная, але бяспраўная. Ды яшчэ з імперыі-разваліны, да чаго давялі яе Візантыю туркі-асманы. Дык не толькі сынкі еўрапейскіх каралёў, але і знатных графаў і баронаў не хацелі браць яе замуж. На ёй запыніла позірк праваслаўная Масква – канечне, не на ёй, малодцы, а на тым, якую велькую карысць яна можа прынесці для ідэі адужэлай Масковіі. Нібыта ў падзяку яна прывезла вельмі дарагі на той час тавар на 70 падводах з акаванымі скрынямі. “Ліберыю” – вялікі збор – даўніх рукапісаў (быццам 800 велізарных фаліянтаў, а ў іх напісанае яшчэ Гамерам, Арыстоцелем, Платонам, сапраўдныя Евангеллі), ратуючы яго ад туркаў. Нібыта пазней Іван Грозны, хаваючы такі рэдкі дар-скарб, у таямніцы вялікай нават для многіх блізкіх так затаіў яго пад зямлёй, што цяпер таго неацэннага спрату аніяк не знайсці. А ў ім – быццам не толькі проста вельмі даўнія кнігі розныя, але і тайны пра Хрыста ды першых хрысціян, пра апосталаў, якія былі далёка не святыя людзі, але па словах свайго настаўніка склалі евангеллі, пра рымскага імператара Канстанціна І, які блаславіў хрысціянства, але не забараняў і старую веру. Урэшце, кажуць, у тым кнігазборы было і нямала праўдзівых звестак пра нашых праславянскіх продкаў, пра што ўжо не адно стагоддзе суцэльная блытаніна, безліч выдумак, падробкаў найперш з часу Соф’і Палеолаг і яе мужа Івана ІІІ, “візантыйскага спадкаемцы”.
Канечне, той кнігазбор быў. У Канстанцінопалі. Але іншая рэч, ці выпусцілі яго ў 1453 годзе са сваіх рук туркі-заваёўнікі (была, ёсць думка, што яны, якім слаўны і багаты горад быў аддадзены на тры дні на суцэльнае разрабаванне, здзіралі з кніг срэбра і золата, а ўцалелае на незнаёмых ім мовах прадавалі за бесцань альбо кідалі ў вогнішчы). Да ўсяго і Рым, адкуль падалася ў Масковію Соф’я, наўрад ці дазволіў бы ўсё вывезці. Каб не выявіць асобны таямніцы хрысціянства. У папскай “ліберыі”, як і я чуў у Варшаве, многае асела і не ўсё сёння даступнае нават тым, хто знаходзіцца паблізу папы.
Хацелася б мне напісаць і пра нашу зямлячку Алену Глінскую – другую жонку Васіля ІІІ, маці Івана Грознага. Пры ёй мяцежнікі, уцекачы з ВКЛ і прыслужнікі Івана ІІІ Глінскія не толькі прывіліся да новага дрэва, а на пэўны час, як раней Соф’я Вітаўтава, заўладарылі ўсёй Расейскай дзяржаваю. Ды цяжкі лёс перабежчыкаў, здрайцаў. І некаторыя з Глінскіх, хоць і прадажліва спусташалі Бацькаўшчыну, тым не менш усё роўна не дагадзілі, паплаціліся жыццём (да слова, Алену Глінскую нават звінавацілі за велькі маскоўскі пажар, што ў 1547 годзе бушаваў тры месяцы, спапяліў не менш 25 тысяч дамоў, а з імі палацы цара ды мітрапаліта. Маўляў, яна загадвала даставаць сэрцы з нябожчыкаў, вымочвала іх у вадзе і абпырскавала ёю ўсе вуліцы, ездзячы па Маскве. “Вот от чего мы сгорели!”). Мо была і атручаная з-за новай прычэпкі – нібыта па яе віне няўдалую новую вайну з ВКЛ. Без бацькоў у юным узросце яе сына, Івана ІV, туманілі плёткамі, нацкоўваннем на іншых, і ён вырас недаверлівым, вельмі лютым. Пры ім “скарылі” гордыя Казань, Астраханскае ханства, “падначалілі” Сібірскае і Вялікую Нагайскую арду. Іван не шкадаваў і сваю Расію. Вы, Ваша ягамосць, гаварылі, што каталіцкія інквізітары загубілі шмат невінаватых, але ім няўгодных. Як у сваёй Гішпаніі, так і па ўсёй Еўропе. Дык вось “особое войско, телохранители и каратели” Івана ІV – так званыя апрычнікі, што падуладжваліся толькі аднаму яму, таксама расправіліся з тысячамі, пры гэтым бязлітасна вырывалі з карэннем многія даўнія роды, хціва прысвойвалі і рабавалі іхнія землі. Царскі любімец Малюта, нават вокам не міргнуўшы, задушыў самога мітрапаліта за гнеў таго супраць гэтых нелюдзяў. Урэшце іх, ашалелых ад крыві чалавечай, пачаў ужо асцерагацца і апякун іхні. Мо і яго выратавала ад гэтых катаў тое, што яны, смелыя з безабароннымі, былі ў душы баязлівыя, зусім не ўмелі ваяваць супраць навучаных чужацкіх вояў. Цар скарыстаў гэта і іх разагнаў, а многіх нялітасціва “предал казни”. Тады Расія пабольшала, але і была знясіленая сваім жа правіцелем-тыранам, які ў гневе неўтаймоўным і сына роднага забіў (М. Карамзін пра гэта пісаў так: “Одним словом, Иоанн достиг наконец высшей степени безумного своего тиранства; мог еще губить, но уже не мог изумлять россиян никакими новыми изобретениями лютости”, “Унижаясь перед врагом, Иоанн как бы обрадовался новому поводу к душегубству в бедной земле своей”). І што за страшнае дзіва: тыя, хто сам мог трапіць на дыбу, у вогнішча, быць пасечаны заўтра, гатовы былі знішчаць іншых сёння (“Пусть царь укажет нам своих изменников: мы сами истребим их!” (Тут і далей задвухкоссенае таксама належыць М. Карамзіну. – Г.Д.). Кажуць, што стаць “образцом государя и чудовища” Івана Грознага паштурхоўваў і вылучаны ў апрычніну Барыс Гадуноў: ён нібыта раз’ятрываў шаленства цара, а потым атруціў, падаслаў забойцаў да яго сына Дзмітрыя, давёў да смерці “блаженного и бесчадного”, нямоглага, прыхільніка жыцця “тихого и благостного” Фёдара Іванавіча, чым абарваў Рурыкаў род, саслаў у манастыр Фёдараву жонку, сваю сястру Ірыну, каб яна не стала царыцаю, і ўрэшце праз хітрыкі сам зацараваў. Але завёў у дзяржаве Смуту... (Тут Ян Ермаловіч запыніўся менавіта на шматкроп’і: яго апякун, канечне ж, добра ведаў, што пры Гадунове Польша і ВКЛ спажылі імя быццам уратаванага царэвіча Дзмітрыя і замест яго падаслалі рускага “попа-расстригу”. – Г.Д.).
Мо не толькі наш зямляк, баярын Андрэй Кабыла, але і яго жонка сталася “па кудзелі” родапачынальніцай першага рускага цара Раманава, а значыць, і далёкай родзічкай Пятра І. Ды, на жаль, не змог штосьці пэўнае адшукаць пра яе: не вельмі дазваляюць абы-каму корпацца ў сховішчах дакументаў старых, тым больш па царскіх радаслоўных. Калі спраўлюся, то, Ваша ягамосць, мо і напішу пра тое, што хоць крыху адкапаў у вялікім кладзе. Хоць... Божа мілы, колькі і чаго нашага тут, у зусім не казачным кладзе! Колькі не толькі плёну, смеху, радасці нашых землякоў, але і іхніх слёз, крыві тут! То намерыўся даследаваць, запісваць усё , што толькі трапіцца пад руку, пра наш люд. Калі не цяпер, то,можа, некалі і гэта спатрэбіцца нашым летапісцам, умельцам слова пекнага.
Канечне, хацелася б больш уведаць пра розныя дыпламатычныя стасункі, войны малыя і вялікія ВКЛ з Масковіяй у 1368–72, 1534–37 гадах, Масковіі з ВКЛ у 1406–08, 1492–94, 1500–03, 1507–08,1512 – 22-х, Рускай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у1632– 34, 1654–67-х і Рэчы Паспалітай з Рускай дзяржавай у 1609-18-х ды і пра бліжэйшы час – Паўночную вайну 1655-60 і Паўночную вайну 1700-21 гадоў. Ды пра многае не засталося запісаў падрабязных ці да таго-сяго (пра апошнія войны, дзе вялікая палітыка) не дапускаюць. Нават штосьці новае ўведаць пра лёс люду паспалітага, хто падаўся сюды ваяваць ці лепшай долі шукаць альбо і гвалтам быў выведзены з зямлі нашай у палон. А палоны былі вялікія. Асабліва люду пісьменнага і рамеснага. Да слова, у вайну 1654–67 гадоў “тишайший” Аляксей Міхайлавіч быў на самай справе “ціхі” дык “ціхі”: ён, як гаварыў, “браў пад абарону адзінавернікаў” (дзеля чаго, як ведаеце, даслаў спакушальную грамату да нашага люду праваслаўнага, заклікаючы іх нават апранацца і стрыгчыся на маскоўскі лад), але хіба бараніў? Хіба, нацкаваўшы на нас казакоў з поўдня, не сплюндраваў, не папаліў і не разрабаваў наш край, а насельнікаў нашых не скараціў напалову – ці не на паўтара мільёна? Хіба самых маладых здаровых, майстравітых, ажно 300 тысяч, не вывеў, каб імі папоўніць нашмат скарочанага за войны і хвароб свайго люду і каб прымаскоўскіх неславян-язычнікаў разбавіць славянамі-хрысціянамі? Нямала зла зямлі нашай прычынілі і новыя саюзнікі Аляксея Міхайлавіча – казакі з поўдня, хоць і самі шмат пацярпелі ад крымскіх татараў, туркаў і ад “уціхамірвальных” атрадаў з Польшы і нашага ВКЛ. Казакі мусілі папрасіць Аляксея Міхайлавіча ўзяць іх пад абарону. Ён жа, падакляраваўшы заступніцтва праваслаўным і вялікую моц незалежнасці іх, на што спакусіўся Багдан Хмяльніцкі, як паказаў час, не даўшы клятвы на Бібліі, зусім не збіраўся спрыяць, а найперш глядзеў на іх як на новых сваіх халопаў. Вось такім чынам скараючы Украіну (Маларосію) у змове з іншымі, нават з лютымі ворагамі палякамі, Аляксей Міхайлавіч, а пасля яго больш ваяўнічы і хіжы сын Пётр І і спарадзілі Мазепу, якога і цяпер тут лічаць здраднікам са здраднікаў... Хоць каму той здрадзіў? Роднаму люду?
Ды не маглі выцерпець пабораў, гвалту беззаконнага “Цішэйшага” і яго падданыя: скажам, больш за 10 гадоў данскія казакі і іншыя аднадумцы Сцяпана Разіна вялі супраць яго, “роднага”, сапраўдную вайну, каб “чорным людзям даць волю” (паўстанні вялікія супраць тыраніі былі і ў час Пятра І). Аляксей Міхайлавіч прысвоіў сабе тытул вялікага князя смаленскага, полацкага, віцебскага імсціслаўскага, увогуле “всея Великиа, и малыя, и Белыя Росии самодержец”, шчодра раздаваў нашы паваяваныя ім землі сваім верным баярам і дваранам (рускі гісторык М. Кастамараў пра тую вайну зазначыў так: “Поспех быў бы яшчэ больш замацаваны, калі б маскоўскія людзі вялі вайну з большым устрыманнем і не рабілі бясчынстваў і насілля над насельнікамі.” Гісторык-патрыёт быў праўдзівы: “не вызвалялі”, а “вялі вайну”. – Г.Д.). Карацей, ратуючы нас аб бізуна польскага, Аляксей Міхайлавіч “ціха”, да крыві, захлістаў бізуном сваім!..
Не ўсё святло, што ішло з зямель нашых, спатрэбілася ўладарам тутэйшым. Так, ужо ўпомнены князь вялікі Васіль ІІІ па настойванні баяраў загадаў не дапусціць да сваіх падданых, спаліць “Біблію” слаўнага сына з Полацка Скарыны, а цар Міхаіл Фёдаравіч з бацькам мітрапалітам Філарэтам у 1627 годзе, асцерагаючыся “лацінізму”, выдалі указ, каб “ніхто ніякіх кніг літоўскага друку... не купляў”. У 1639-м не дапусцілі друкара Собаля Спірыдона, а пазней такому вучонаму мужу, майстру ў высокай паэзіі і драматургіі, тлумачу з іншых моў, выхавацелю дзяцей царскіх, як Сімяон Полацкі, зноў жа нібыта “з-за лацінізму” абвясцілі анафему. А яго ж, аднаго з адукаваных людзей свайго часу, сам Аляксей Міхайлавіч учыніў настаўнікам сваіх дзяцей! І ад яго першыя азы асветы пасягаў юны Пётр І!
Паколькі я асеў у Маскве, то для пошукаў сваіх падзяліў яе на 8 мясцін. Абіваў парогі розных уведзеных Пятром І калегій, шукаў сведак. Спачатку хацеў больш уведаць пра Літоўскі пасольскі двор, што завёўся з 1530 гадоў паміж вуліцамі Нікіцінскай і Цвярской, а потым пераводзіўся ў іншыя месцы, урэшце апынуўся ў 3-павярховым будынку з галерэяй і абгароджаным пляцам у Кітай-горадзе, дзе быў у 1650-х закрыты па волі названага Міхаіла Фёдаравіча. Недзе да гэтых часоў быў і Літоўскі купецкі двор. Да 1571 года (да нашэсця хана Даўлет-Гірэя) у першай слабадзе іншаземцаў у Налейцы жылі драбы ВКЛ. Яны абаранялі Маскву ад татарскіх наездаў і мелі за гэта такія-сякія прывілеі (маглі круглы год варыць піва і мёд, таму і назва такая ад просьбы ахвотных да пітва маскоўцаў: “налей-ка”). З часу вайны 1654–67 гадоў у Ганчарнай слабадзе пачалі рамеснічаць запалоненыя з нашых зямель ганчары, цагельнікі, кафляры. Яны і іншыя нашы людзі сталі спраўнымі “дворцовыми мастерами”, праславіліся ў справе паліхромнай кафлі і скульптуры з керамікі. Аздобілі Круціцкі падворак, цэрквы Рыгора Неакесарыйскага, Успення ў Ганчарах, Верхаспаскі сабор у Крамлі. З Інфлянцкай вайны 1558–82-х, а таксама і з пазнейшых войнаў у Броннай слабадзе пачалі працаваць нашы кавалі і збройнікі. Іхняя зброя ахарошвае Крамлёўскую Аружэйную палату. У Старапанскай і Панскай слабодах найбольш у 1638 годзе было вайскога люду Рэчы Паспалітай. Але, як удалося выявіць, сама болей гуртам нашы рамеснікі, пісьменныя людзі з 1672 года засялялі Мяшчанскую слабаду: у 1695-м тут налічвалася 787 двароў нашых землякоў (бяздворных сюды не дапусцілі; іншыя 200 сем’яў люду нашага, каму не хапіла тут зямлі, пасялілі ў іншых слабодах). Як склаў я здабытыя лічбы, то выявіў: у 1676 годзе ў Маскве нашы рамеснікі мелі больш за 60 заняткаў, больш траціны ўмелі чытаць і пісаць, а ў 1680-м яны складалі каля пятай долі ўсіх насельнікаў Масквы. Тут, у Мяшчанскай слабадзе, яны заснавалі сваю школу, багадзельню, тэатр, балетную вучэльню. На жаль вялікі, гэтая адметная мясціна са здабыткам нашым пайшла агнём і дымам у пажар 1712 года (а незадоўга перад гэтым таксама бушаваў агонь вялікі, пасля чаго Пётр І рашыў будаваць воддаль на поўнач новы, найбольш з каменю ды цэглы горад і перанесці ў яго сталіцу). Помніце, васпане, неяк аднойчы я вам расказваў, што напаткаў у віленскіх сховах старых папер рукапіс былога земскага пісара з Навагрудка Самуіла Маскевіча (1580–1642; шляхціц-вайсковец, быў у Маскве ў рэчпаспалітым войску, якое ўссаджвала на трон Ілжэдзмітрыя І. – Г.Д.). Ён, наш зямляк, канечне, апынуўся тут, у Масковіі, не з такой місіяй, як я, а , можна сказаць, злачыннай, але і мне хацелася б па яго прыкладзе апісаць тутэйшыя побыт, норавы і звычаі, да чаго прыклаліся і нашы людзі, гэтак жа спакойна, уважліва да ўсіх дробязей і без ніякіх задзірак, абраз. Але праўдзіва і, з другога боку, без розных умоўчванняў.
Яснавяльможны пане, пра ўсё гэта напішу я яшчэ болей падрабязна. Хоць, Бог сведка, рабіць гэта вельмі і вельмі нялёгка. Мае паходы па канцылярыях і па названых мясцінах маглі дорага абыйсціся мне: хоць я меў засцерагальныя паперы ад шаноўнага канцлера ВКЛ пра мае зусім неварожыя намеры, але мяне зняволілі і строга дапытвалі ў Тайнай розыскных дел канцелярии як ліцьвінскага, а то і польскага шпега. Мог застацца з перабітымі ломам рукамі ці апынуцца з каменем на шыі ў рацэ Маскве або з вырванай наздрынай у страшнай Сібіры, дзе ўзімку марозы надта моцныя, снягі глыбокія, а ўлетку высмоктвае кроў усякая заядзь, дзе пакутлівая праца на казённых заводах, дзе норавы тамтутэйшага як разбойнага, так і простага люду дзікія. Калі я, пакуты вялікія маючы ў падзямеллі, чакаў такога, то не мог не ўспомніць і чытаны мною ў кнігасховішчы рукапісны яшчэ адзін дыярыуш земляка нашага, родам з-пад Нясвіжа Адама Каменскага-Длужыка ці Доўжыка, які ў 1657 годзе патрапіў у расейскі палон, быў вывезены ў Маскву. Потым яго ў складзе вялікага атрада паслалі ў Сібір і на Далёкі Усход памагаць збіраць ясак (даніну), дык ён пабываў у Яраслаўлі, Волагдзе, Перміі, Табольску, Сургуце, Нарыме, Якуцку, на Енісеі і каля Ахоцкага мора. Канечне, ён не быў зусім бяспраўны, кінуты на волю лёсу, але таксама ўсяго нагледзеўся і нацярпеўся. “Край той надзвычай багаты, пекны...”, але: “Было той бяды тры гады з палавінаю, пакуль мы валачыліся па пушчах, па рэчках і моры, мала калі паспытаючы хлеба, харчуючыся толькі зверыною ды рыбаю. А бялізны і знаку не мелі на сабе, апрача аленевых шкур. Апрача неба ды зямлі, нічога не бачылі...”. Было б добра, васпане, каб тыя дыярыушы надрукаваць; калі мы пра Масковію знаем нямала, то вачыма нашага земляка Длужыка-Доўжыка мы можам упершыню зірнуць на такія бязмежныя расейскія прасторы, як Сібір і Далёкі Усход.
Выратаваў мяне Гасподзь наш строгі, але міласэрны (добра казалі ў Рыме першыя хрысціяне, што “Deus est in omnibus rebus” – “Бог усюды”): мной зацікавіўся адзін вельмі важны чалавек – дваранін Васіль Тацішчаў. Ён быў у ваенным паходзе на нашых землях у 1705–06 гадах, у Палтаўскай бітве, спаўняў па вайне і дыпламатыі наказы Пятра І, а потым доўгі час кіраваў заводамі на Урале, быў губернатарам у Астрахані. Калі ў 1745-м выйшаў у адстаўку, то, любіцель рускай і ўвогуле даўніны, рашыў напісаць падрабязнае даследаванне “Историю Российскую с древнейших времен”. Як неяк дачуўся, хто і дзе я, небарака, сам прыйшоў і папрасіў у Тайнай канцылярыі дазволу пагаварыць са мной. Найболей цікавіла яго адно: ці магу я чытаць тое, што некалі пісалася якраз на нашых землях уставам (самае даўняе кірыліцкае пісьмо. У старабеларускай пісьменнасці мела абыходак да пачатку 15 ст. – Г.Д.). Калі я сказаў, што ўмею, тым больш, што, апроч стараславянска-царкоўнай, ведаю яшчэ старагрэцкую, лацінскую, нямецкую, польскую, рускую мовы, выбавіў ад пагібелі вернай і ўзяў да сябе. Вось і я патрапіў калі не ў запалоненыя, то ў лік купленых, цяперашніх падуладных Расейскай імперыі нашых пісьменных людзей (крый Божа, не падумайце, што прадаўся, пяром буду чыніць зло любай і дарагой сэрцу Бацькаўшчыне; кажу ж, закалюты лёсу майго змусілі шукаць паратунку і ў няволі не толькі ацалець, але і неяк дбаць пра зямлю родную). Тацішчаў паспрыяў, каб вярнулі мае запісы таго, што я здолеў спазнаць у тых васьмі слабодах. Але знаёміцца з імі ён не стаў, схаваў іх у скрыню і начапіў на яе замок. Сказаў, што цяпер для яго не яны самае важнае. Больш патрэбнае іншае. А што іменна, скажа пазней. А пакуль што даваў правіць, перапісваць тое, што накідваў пяром для сваёй “Гісторыі...”, дыктаваў новае.
Няволя – цяжкая доля. Больш я не маю права без дазволу хадзіць у розныя канцылярыі і слабоды. Паколькі я – грэшны зямны чалавек, дык суцяшае тое, што ёсць цёплы прытулак і неблагі пракормак (грошай гаспадар на рукі не дае, кажа, што ўручыць пазней, калі працу скончым). Ды яшчэ нямала цікавіць тое, што магу быць з Тацішчавым у дзвюх (во дзіва дзіўнае – дзьве галавы ў адной асобіны!) расійскіх сталіцах – у старой, у Маскве, і ў новай альбо “северной”, у Санкт-Пецярбурзе (некаторыя санавітыя называюць яго на іншы лад – Петербурхом). Масква цікавая мне даўніной, да якой прыклаліся розум ды рукі і нашых землякоў, былымі звычаямі і норавам як заможнага, так і простага люду, нават, як тут кажуць, “затрапезностью” – гэта значыць, знаццю ў вялікіх сабаліных шапках-стаўбунах, доўгіх, да пят, шыкоўных футрах, з вялізнымі, як венік, бародамі, з гонарам вялікім за радню з Рурыкавічамі, цэрквамі (іх тут “сорок сороков”), кірмашамі, піўнымі, рознымі служакамі, п’яніцамі, бадзягамі, махлярамі, “фискалами” (“ад іх усюды царовы вочы і вушы”, – кажа Тацішчаў), “юродивыми – безумными дурачками, отроду сумашедшими, но божьими, с безсознательными поступками да с глубоким смыслом, предчувстимиями, до которых с почетом езжали советоваться даже государи”), рознымі “кликушами” (хворымі на падучку і прытворнікамі, каб “извергнуть правду-матушку”). Ды і гулі-забавы маскоўскія адмысловыя: не толькі піўныя, кірмары-ярмаркі з “балаганом – шарманщиками, фокусниками, акробатами” ці павадзіць на аборачцы пеўня альбо мыш, але і з кулачнымі баямі і бойкамі слабады на слабаду з аглоблямі (расейская прымаўка “лежащего не бьют”, адпаведна, адсюль). Ці з “состязанием”: хто глыне каштан, больш вып’е вады, брагі, піва ці яек альбо хто зубамі падыме багацеем наслінены і прыклеены да лёду сярэбраны пятак. А маскоўская Пыточная башня, дзе ўпотай “истязают” злачынных і невінаватых! (“Один бог без греха”). Асобны аповяд быць можа і пра ўзаконенае яшчэ Аляксеем Міхайлавічам “питейное дело”.
Санкт-Пецярбург уражвае, як тут ганарацца, “изначальной европейскостью” – знаццю з шыкоўнымі парыкамі-буклямі, карункавымі кашулямі, гальштукамі, кафтанамі-камзоламі, панчохамі, ступакамі з пазалочанымі ці пасярэбранымі пражкамі, уладальнікамі не толькі сваіх, але і галандскіх саней у выглядзе лебедзя. І замежнымі мовамі, новымі побытам і этыкетам. Што ні кажы, а Пётр І не проста ўвёў новы год з 1 студзеня, ён не толькі ўгаворамі, але і сілай сваімі “новинами” – зменамі-пераменамі перавярнуў ўсю Расею, зламаў аб калена Маскву з яе ганарыстай візантыйскасцю ды сярмяжным ладам і на суровай паўпоўначы, лічы, на балоце за кароткі час зладзіў нечуваны сталічны бляск, што не саступае і Вільні нашай, Варшаве, і Вене. Прыгнаў мноства свайго люду простага (і з нашых зямель, і з украінскіх ды іншых), не проста запрасіў, а дазволіў хлынуць лавіне замежных майстравітых людзей, купцоў, вайскоўцаў, годным і ілжывым навукоўцам, настаўнікам розным, даў ім пасады, грошы вялікія, землі многія, званні ганаровыя, дык за кароткі час тут паўсталі крэпасць з саборамі і турмой, розныя казённыя дамы, крамы, лаўкі і забаўляльныя месцы, палацы, шырокія дагледжаныя вуліцы, плошчы, сады. Па-за горадам завёў галандскія каровы і, як тут кажуць, “аглицкие” свінні. Пачаў ладзіць, як і ў нас, але цалкам на заходнееўрапейскі ўзор пышныя палацы і сядзібы. Узвысіў як чужаземных, так і сваіх просталюдзінскіх, але здольных людзей, бязлітасна б’ючы дрынам радавітых ды “нерадивых”. Тут ужо новая расейская “белая кость”. На чужой заквасцы. У гэтую сталіцу ляцяць як мухі на агмень. Хто хоча адукавацца ці ўдала займець па пратэкцыі ці за грошы пасаду, ачмурыць багатага жаніха або багатую нявесту, пагуляць (прыезджыя памешчыкі). А яшчэ – віжы, авантурысты, злодзеі, зводні і звадыяшы розныя, маладыя жанчыны, якія хочуць шыкаваць за сваё здатнае для любоўных уцех цела. Калі ў Маскве гонар і гордасць патомных князёў і баяр, то тут – усіхнае моднічанне на замежны лад, форс (“франты” і “бахвалы”). Не толькі саноўныя, але і простыя службістыя намагаюцца апранацца на замежны лад, гаварыць па-замежнаму – раней па-нямецку, а цяпер усё больш па-французску (пра апошняе тое-сёе пазней). Тыя, хто выбіўся ў новыя вяльможы, саромеюцца сваіх нядаўняга простанароддзя і прозвішчаў. Скажам, як цяпер быць Свіньіным, Абалдуевым ці Дураковым! І мой апякун Тацішчаў тлумачыў мне, што яго прозвішча не ад слова “тать” (зладзюган, разбойнік), а і яшчэ ад аднаго слова – “ищи”. Значыць, яго гасударавы продкі вышуквалі злачынцаў. Я толькі пасміхнуўся сам сабе, бо адзін з расейскіх ягоных памочнікаў аднойчы пахмыльнуўся без яго: “Тать не тать, да на ту же стать!”
Пётр І пабурыў баярскія вольнасці, увёў шмат новых законаў, часамі надуманых падаткаў і штрафаў (трэба недзе будаваць, скажам, канал – давай грошы на гэта, не схадзіў на споведзь – адкупляйся; гэтае дае шанец розным начальнікам абіраць просты люд да ніткі, даводзіць іх да адчаю, да самагубства ці да бунту і разбояў). У кожную губерню паслаў даверанага суддзю-наглядчыка, якія мелі права на “правеж” – судзіць і мілаваць, збіраць падаткі, даўгі, пені праз “истязание”. Любіў цешыцца смяротнымі прысудамі і дзеля “поучения” зганяў на гэтае страшнае відовішча натоўпы люду. Больш – часамі яго “увлечения” не стасуюцца да цвярозага розуму. Любіў пасля ваеннай перамогі загадаць і для “черни” выкаціць з падвалаў бочкі моцных напояў, смажыць тушы бараноў і цялят, для радасці і пацехі напаіць ды накарміць усіх да страты прытомнасці, а то і смерці, але мог не толькі саслаць у манастыр сястру і першую жонку, аддаць на загубу сына. Па-дзікунску катаваў стральцоў (пастаяннае войска з выгодамі рознымі, што было не меней 100 гадоў. Калі яно пачало ўмешвацца ў лад дзяржаўны, нават у выбары патрэбнага найперш ім цара, то Пётр І разагнаў іх і завёў замест іх верную яму армію). У 1711-м увёў сваю інквізіцыю (“Кнут – не бог, а правду сыщет”). Мог, ні з кім не раячыся, самахоць “повелеть” адсекчы галаву нявернай каханцы (Марыя Гамільтон), а потым падхапіць яе, гэтую аддзеленую ад цела галаву, і пацалаваць у губы яшчэ нядаўна жывой і пекнай жанчыны. Не толькі простыя, але і саноўныя людзі з жахам баяліся захварэць: калі пра гэта дачуваўся “знаўца навук усіх” цар , то мог тут жа заявіцца са струмантам і лячыць, ажно да пускання крыві (кажуць, ён сабраў ці не мех калецыю вырваных ім зубоў, а сярод іх шмат і зусім здаровых). Ці такое: па ягоным гневе палюбоўніка жонкі, па-просталюдзінску “Катьки”, таксама абязгаловілі, заспіртвалі яго галаву і паставілі посуд з ёю ў яе спальні. Так што, васпане, я зусім веру таму, што ў магілёўскай хроніцы пісалі Сурта (купецкі стараста Магілёва ў 1690-х. – Г.Д.) і Трубніцкі (службоўца гарадской канцылярыі ў Магілёве; даў звесткі за 1701–1746 гады. – Г.Д.) пра, скажам, учынкі гнюсныя Пятра І у Полацку, калі ён з Меншыкавым, абодва п’яныя, сваёй рукой у саборы секлі шаблямі святароў-уніятаў! Праўда, Тацішчаву сказаў пра гэта мімаходзь, асцярожна. “Берсеркиер, опъяенный мухомором, значит – одержимый бешенством, как и побежденный им Карл ХІІ”, – у тую хвіліну шчырасці, сам-насам адказаў ён мне, маючы на ўвазе, што шведы і іншыя паўночныя люднасці, каб набыць несвядомую адвагу, наўмысна елі атрутныя мухаморы. – Но все его грехи перекрывает выдающееся: он великую империю нам оставил!”).
Для Тацішчава – так, ды... Нідзе не бачыў я такіх раскошы і ўбогасці ды галечы, пыхі і ўніжэння, сваволля не толькі ўзвышаных “Табелем по рангам”, але і розных дробных хамулаў – “канцелярщиков, будочников, приказчиков”, подкупу, хабарніцтва, як у Санкт-Пецярбурзе! Без знаёмства са знанымі і без грошай тут ты – ніхто! Таму ўладныя і прыстасаваныя лічаць Пятра І збаўцам і абнаўляльнікам, бацькам вялікай Расеі-матухны – а значыць, і сваім карміцелем. А іншыя (у Маскве і асабліва ў аддаленых мясцінах сярод “раскольнікаў-старавераў”, над якімі па яго волі падуладная яму царква чыніла і чыніць дзікія расправы) не прызнаюць яго, маюць за антыхрыста (і не толькі за тое, што жыўцом вырываў з радавітых бароды ці падпальваў іх або нават не за тое, што загадваў здымаць царкоўныя званы і пераплаўляць іх на гарматы. Больш – многія лічаць, што ён – не сын Аляксея Міхайлавіча, а “жидовин – еврей из колена Данова”, ці што сапраўднага Пятра маглі ў Галандыі падмяніць і замест яго прыслаць у Расею пярэваратня, новага Ілжэдзмітрыя). Яны лічаць Санкт-Пецярбург новым Вавілонам, шэпчуцца, што люд тут ёсць і будзе няшчасны: горад пабудаваны на зямлі, слязах карэнных плямён – чухонцаў ды на касцях сагнаных на будоўлю. Што да шматлікіх рэформаў Пятра І, то, канечне, нямала сярод іх талковых і патрэбных. Скажам, і ў нас не замінала б увесці тое, што ўвёў ён да сем’яў паноў: не дзяліць, не драбніць гаспадарку, а пакідаць яе адному нашчадку; астатнія ідзіце на гасудараву службу, а каб чагосьці дабіцца на ёй, вучыцеся дома, а то і за мяжой! Ды плач стаяў вялікі, калі отракаў забіралі ад бацькоў і змушалі іх, маладых, набыць веды! У нас прасцей, нашы многія пазакончвалі еўрапейскія універсітэты, але нашы шляхецкія гаспадаркі вельмі ж дробняцца і мізарнеюць! Многія нашы шляхцюкі высока задзіраюць нос ад гонару, але ў кішэні – вецер!
...Ды зноў пра нашых землякоў у Санкт-Пецярбурзе, пра тых жа кабецін. Мы з Вамі, васпане, урогат чыталі на лацінскай мове адзін з першых ў Еўропе раман Апулея “Залаты асёл” пра любошчы Амура і Псіхеі, меліся нават перакласці на мову нашу, але хіба не цікава было б прачытаць і пра былую прыгонную Марту Скаўрашчук з-пад нашага Менска, каталічку, сірату, выхаванку лютэранскага пастара, жонку шведскага драба, каханку расейскіх салдат і генералаў, а ўрэшце жонку Пятра І і імператрыцу Расейскай імперыі?!.
Не проста цікавая была асоба наша зямлячка! Ледзь не з халопкі – у царыцы-імператрыцы!!! Ды першай!!! Хай сабе і са спрыяннем былога палюбоўніка Меншыкава (а пасля “працерабіла” дарогу да імператарскага трону іншым жанчынам – Ганне Іаанаўне і дачцы Елізавеце). І хіба толькі за прыродай адоранае цела, за красу, за здольнасці да любошчаў? Мо больш за ўсё – асаблівы лёс яе!!! Да слова, і ў тым, што якраз яна выратавала не толькі Пятра І, яго армію, але мо і ўсю... пятроўскую Расею! Калі цар не давёў да канца вайну са шведамі і рушыў на туркаў (Пруцкі паход у 1711-м), спадзеючыся, што яму памогуць у будучай бітве паўсаюзнікі. Не памаглі. Туркі абкружылі расейскае войска і маглі яго знішчыць, а цара паланіць. Дык вось якраз Кацька-палюбоўніца падказала цару паратунак: да апошняга сабраць ад усіх заможных расейскіх вайскоўцаў каштоўнасці і падкупіць імі прагавітага турэцкага пашу. Удалося. Удзячны Пётр І яе з паходнай уцешлівай жарскай каханкі перавёў у законную жонку, у гасударыню і ў яе гонар учыніў ордэн святой Кацярыны. Вартая яна пашаны, пісанага твора яркага і за тое, што не заганарылася, не выраклася бедных родзічаў і іншых землякоў сваіх, а калі стала імператрыцаю (Расеяй пры ёй “правил” наш зямляк Меншыкаў – у сапраўднасці Меншык альбо Менжык. Той-сёй з нашых ганарыцца гэтым. Я – не. Нават не па-хрысціянску цешуся, што ён і за слёзы нашага люду, полацкіх светароў люта пакараны, калі яго, адурэлага ад улады і нахапанага багацця, зрынулі і саслалі на загібенне). А Кацярыне І – павага вялікая за тое, што пачала выкупліваць у ВКЛ сваіх прыгонных братоў і сясцёр (пазней яе дачка-імператрыца Елізавета, надасць ім і іхнім нашчадкам графскія тытулы), абшлюбіць сваю пляменніцу Соф’ю Скаўрашчук з Пятром Сапегам (як мы з Вамі і меркавалі, з далёкім разлікам: мела намер яго, свайго любімца, пасля смерці польскага караля і вялікага князя ВКЛ Аўгуста ІІ у нас укаралевіць і ўкнязіць. Стаў пецярбуржскім генерал-губернатарам, хоць гэтую пасаду не мог займаць іншаземец. Потым яго паслалі ў Варшаву спаўняць расейскія інтарэсы, але, як ведаеце, там ён перакінуўся да Ляшчынскага), а яго бацьку яна ўзвысіць да звання расейскага генерала-фельдмаршала. Іменна тут, у Санкт-Пецярбурзе, васпане, я пераканаўся: не трэба і нам пасміхоўвацца-пацешвацца з нашай Кацькі! Паўтаруся, яна – таксама па-свойму асоба з жаночага роду, што дала зямля наша ліцьвінска-беларусінская! Жыццё, дзеі яе, нечуванае ўзвышэнне варты пяра творцы таленавітага! Так што ўсяго-усякага нарабілі-натварылі нашы землякі і іхнія нашчадкі ў матухне-Расеі!!!
...Быў я вельмі ўражаны, што нават у Акадэміі навук рэдка чуў рускае слова (аказваецца, у ёй 20 гадоў акадэмікамі былі толькі замежныя вучоныя, першым з рускіх у іх лік патрапіў народны самародак, сын паморскага селяніна Міхайла Ламаносаў, з якім мяне пазнаёміў Тацішчаў). Ламаносаў – поўны, губаты, з вялікімі шэра-блакітнымі вачыма, з басавітым голасам – яшчэ не стары гадамі, яму няма і 40, але яго і ганарлівыя заморскія вучоныя лічаць за вельмі адукаванага мужа па розных навуках, за здольнага вершаскладцу, малявальшчыка, гісторыка, які шчыра і аддана жыве інтарэсамі Расеі. Ён хоча адкрыць універсітэт і ў Маскве, а ў Санкт-Пецярбургу – Акадэмію мастацтваў і Акадэмію рускай мовы і славеснасці, складае рускую граматыку, піша сваю гісторыю Расеі. Мне было цікава слухаць, як і што ён гаварыў пра нямецкіх гісторыкаў-акадэмікаў, “которые засели здесь и перекручивают историю российскую, возвеличивают своих предков, особенно варягов, приписывая только им создание нашего государства. Говоря ихним языком, “Das alles sind Hirngespinste!” – “Усё гэта лухта!” Надо, дружище, – горача, вельмі натхнёна звяртаўся да Тацішчава, – написать настоящую нашу историю, во славу Отечества нашего великого. Непозволительная глупость наша: империю имеем, а написание её истории отдали на откуп всяким выдумщикам и подлецам типа Байера и теперешнего Миллера. Надо нашу историю открывать, как удивительную, но малоизведанную страну-империю!’’.
Што, васпане, да немцаў (надта да курляндскіх, якіх навяла Ганна Іаанаўна), то тут, праўда, нянавісць да іх вялікая. Люта ўпёкся ў печані і знаці, і люду простаму Ганнін палюбоўнік Бірон. Хоць пры ёй быў адзін з трох кабінет-міністраў, але найперш ён правіў Расеяй як сваёй вотчынай. Калі ж падаў голас супраць таксама кабінет-міністр, рускі А. Валынскі, то Бірон дабіўся для таго смяротнай кары. Ды пралічыўся: змоўшчыкі пры новай імператрыцы, Ганне Леапольдаўне, выдалілі яго з палаца, а пасля – і яе, прывялі да трона дачку Пятра І і Кацярыны І Елізавету (яе называюць Елисаветой) найперш з-за таго, што яна дала слова вырваць з коранем “бироновщину”, “спасти Россию от нового чужаземного ига”. Яшчэ адзін штрышок пра тую Ганну. Вельмі цяжка было да яе падступіцца: бывала, нават ад самых вяльможных рускіх яе ўсёўладныя немцы па году не прыймалі прашэння. І вось раптам незадоўга перад маім прыездам да яе лёгка патрапіла наша зямлячка, нейкая Саламея Пільштын – навагародская ўраджэнка, падарожніца (аб’ездзіла паў-Еўропы), лекарка (без дыплома, але ўмела лячыць рэдкія хваробы, скажам, катаракту вачэй) і, як кажуць, рэдкая авантурыстка. І цяпер, калі яе тут няма, не сціхае гамана пра яе: яна апынулася ў царскіх пакоях, зачаравала царыцу сваімі расказамі, надта пра турак і іхнія гарэмы, перапалохала смелым і ўдалым лячэннем нават царскіх замежных лекараў. Шмат каго прыезджага вытурвалі не толькі са сталіцы, але і ўвогуле з Расеі, а яе, тую Саламею, сама імператрыца праводзіла з пашанотай: падаравала некалькі палонных туркаў (значыць, тая зноў падасца ў Турцыю), тысячу рублёў, некалькі срэбраных кубкаў, адрэзаў дарагой тканіны, сурвэтак з імператарскімі гербамі. Дык хіба і яна, зусім не знатная, але рызыкоўная, не вартая прыгодніцкага твора? А сваё цараванне Ганна Іванаўна закончыла ці то дзівотай, ці то дурнотай: па яе волі пабудавалі з вады і лёду вялізны і незвычайна пекны палац, у якім жанілі яе любімага блазна, ды для пацехі жывым замарозілі “малороссийского” двараніна...
Ды хачу, васпане, яшчэ колькі слоў сказаць пра Ламаносава. Што да мяне, “беларусца-лацініста”, то сустрэў з насцярогай, але прызнаў: “кемны, начытаны, з думкай сваёй яснай і цвёрдай”. А калі загаварылі пра нашага Скарыну, то пачціва захітаў галавою: “Зело ученый муж наук и искусств разных!”, “ прывёз з Італіі ўменне пісаць на славянскай мове сілабічныя вершы”. Тут ужо я не ўтрымаўся, як кажуць, пахваліўся, па памяці прачытаў Скарынава:

Богу в троицы единому ко чти и ко славе,
Матери его пречистой Марии к похвале,
Всем небесным силам и святым его к веселию,
Людям посполитым к доброму научению.
“Так, так, так, – пацвердзіў Ламаносаў. – Але Біблію напоўніў духам лацінізму, а ў яго прадмовах і пасляслоўях – паланізмы”.
“Там – не паланізмы, а яго родная крывіцка-полацкая гаворка, – асмеліўся запярэчыць я. – Таму і стаў самым знакамітым беларусцам. У італьянскай Падуі ўшанаваны”.
“Увогуле твае суродзічы шмат зрабілі для станаўлення рускай літаратурнай мовы, паэзіі, драматургіі, – прызнаў Ламаносаў. – Надта Сімяон Полацкі. Скажам, з яго прыездам у нас друкарняў пабольшала ўдвая. – Усміхнуўся: – Была адна, стала дзве... А ў вас тады колькі іх было?”
“Ва ўсёй саюзнай Рэчы Паспалітай іх мелася 134” (лічбы паводле Ул. Арлова. – Г.Д.).
“Але нам трэба рашуча і мову Полацкага пачысціць. Сучасная руская больш жывая, гібкая. А што да вершаскладання, то з Традзьякоўскім увядзём новую сістэму – сілабатанічнасць. Уяўляеш, што гэта такое?”
“Я, Міхайла Васільевіч, не паэт. Не даў Бог мне такога дару, – прыклаў я руку да грудзіны. – Але з вашага дазволу магу лічыць, што і самыя простыя беларусцы ўжо засвоілі і на сваёй роднай мове:

Качарэжку ў лапу ўзяўшы,
Чорт, у печцы памяшаўшы,
Дастаў Еву з жаркай печы.
Абгарэлі яе плечы.
“Гэта – па-польску?”
“Не, Міхайла Васільевіч. Вось такая ў нас, беларусінцаў, родная мова. Па-польску будзе зусім іначай”.
“А па-славянску, па-глыбіннаму! – пляснуў у ладкі Ламаносаў. – Га, Васілій Мікітавіч?!”
“Таму і ў памагатыя ўзяў яго, Міхайла Васільевіч, – усміхнуўся Тацішчаў. – Як ты кажаш, кемны. Толькі і яму, беларусінцу, тым больш лацінісцкаму, трэба новыя мазгі ўстаўляць”.
“Трэба, Васілій Мікітавіч. На нашу свядомасць.”.
“Таму часта і цярплю яго завіхрэнні. Ён – пчала, якая ўмее збіраць нектар...”
“Пчала – мёдатворца, – шугнула мне ў галаву. – Але ж у пчалы век кароткі...”.
“Дарэчы, – аднойчы загаварыў да мяне Ламаносаў, – як ведаеш, назва дзяржавы нашай Расія ці Расея ўзнікла не так ужо і даўно, пры Іване ІІІ, у канцы ХІV стагоддзя. Перад гэтым панавала слова “Русь”, пераемнікам якога ад Кіева і Уладзіміра, Суздаля стала Масква. Як сам бачыш, цяпер мы апантаныя пошукамі, адкуль яно, тое слова, узялося? Версій шмат. Адна з іх тычная і вашых зямель. Палескіх і асабліва тых, што каля Нёмана. Што і там за Рось такая?”
Скажу шчыра, я нічога не ведаў і цяпер не знаю пра тое.
У Санкт-Пецярбурзе, у Маскве, бывае, удаецца пабачыць, а калі-нікалі і пачуць віцэ-канцлера Міхаіла Варанцова, новага канцлера Аляксандра Бястужава-Руміна (ён многіх адпіхвае ад Елізаветы Пятроўны, набірае моц і становіцца самым уладным дзяржаўцам у Расеі), апекуна асветы Івана Шувалава, аднаго з першых сярод роўных пры урадзе Пятра Шувалава. Нават пазіраў у вочы самой імператрыцы, калі хадзіў да яе з дабрадзеем з рукапісамі па вышэйназванай гісторыі (не заўсёды дапускалі ў яе кабінет, а толькі тады, калі трэба было штосьці сказаць маё па гісторыі нашай зямлі).
Яе, васпане, – статную, рыжавата-каштанавую, круглатварую , блакітнавокую, з кудзерамі распушчаных валасоў на плячах красуню, ахвотніцу да французскіх мовы і танцаў – бацька-цар хацеў асямеіць з французскім каралём, але не выйшла гэта. За іншых сама адмовілася выходзіць замуж. Першы раз я пазіраў на яе заварожана, з дваіста-траістым пачуццём. Дачка ж Марты з-пад Менска, першай рускай імператрыцы Кацярыны І! Але... Як пачуў, у маладым узросце не імкнулася ў царскія палацы, захаплялася пекнымі ўборамі, танцамі, яздой на кані і лодцы, канькамі, народнымі танцамі з простымі людзьмі, паляваннем, быццам была бязладная і шалапутная. Але здолела ўхіліцца ад замужжа з сынам усёўладнага Бірона, каб не падоўжыць яго тыранію над Расеяй, а затым, клянучыся ў любові і вернасці, перахітрыць валадарніцу пры неўмаляці-царэвічу Ганну Леапольдаўну – для той быў зусім нечаканы, як гром сярод светлага дня, Лізавецін пераварот. Значыць, хітрая была, умела прыкідвалася і глыбока таіла свае мары. Праўда, Елізавета адбірала ўладу годна: скажам, адмовілася ад ваеннай помачы Швецыі і перадачы той за гэта зямель. “Лепш, – сказала яна, – я не буду царыць, чым куплю карону такой цаною” (М. Кастамараў. – Г.Д.), толькі шчодра і нібы мімаходзь медзякамі падкупляла салдат. Таксама хітра здабыла у іх апірышча ў часіну перавароту: “Знаете, чья я дочь?” Ведалі. На руках паднялі. Жыцця дзеля яе не шкадавалі. І, як хваліліся змоўшчыкі, “через час мирно овладела державою”. Не парушыла слова перад імі за сваё тронацараванне: услед за сасланым раней Біронам выдаліла і іншае нямецкае верхаводдзе (віцэ-канцлера, кіроўцу расейскай палітыкі Остэрмана, які раней інтрыгамі не дапусціў шлюбу дачкі Меншыкава і Пятра ІІ, фельдмаршала Мініха – скаральніка палякаў у 1733 годзе, а затым пераможцу туркаў; іх прысудзілі да смерці, але абыйшліся толькі іхнім ганьбаваннем праз публічную кару і высылкай). Кажуць, у парыве шчырасці Лізавета нават падмелася запыніць у імперыі страшэнныя допыты-катаванні (з-за спачування да брата па бацьку Аляксея, які сканаў лютай смерцю на дыбе). Хоць годнасці той надоўга не хапіла. Даверлівую да яе Ганну Леапольдаўну з мужам таксама саслала, а іхняга маленькага сына Івана VІ з калыскі перасяліла ў муры, дзе ён рос і пакутаваў 24 гады без імені, калі не зусім, то мала ведаючы, хто ён, і загінуў, калі яго захацелі вызваліць і замест яе самадзержцам зрабіць (можна толькі ўявіць, як бы ён, азлаваны, помсціў бы. Мо і новым Іванам Жахлівым стаў бы). З выкрытымі змоўшчыкамі супраць яе, “пазашлюбнай, таму незаконнай” па яе загадзе расправіліся, як і раней, люта. Ды пра гэта баяцца ўголас гаварыць. Хваляць яе, што “яна зноў пабіла шведаў”, што пры ёй “ пачалі квітнець навука і асвета, хораша абладкоўваюцца яе мудрыя новыя рэформы”. Як і бацька, таксама з дзівацтвамі да шлюбу і сям’і: ён ажаніўся з яе маці-сялянкай, а яна, адцураўшыся ад многіх прынцаў і герцагаў, таемна сышлася з украінскім пастухом ці казаком Аляксеем Разумоўскім(ён, “начны імператар”, цяпер граф. Відны мужчына і, кажуць, хораша спявае мілагучныя ўкраінскія песні) і, шэпчуцца, мае ад яго дачку (у дзённіку А. Пушкіна за 4 снежня 1833 года паводле ўспамінаў старых людзей-знаўцаў названа яе прыдуманае прозвішча: Будакова. – Г.Д.).
Вось і пазіраў я на яе з хваляваннем вялікім. Яна не магла не заўважыць гэта, прыязна пасміхнулася: “Вы имете ко мне какую-то просьбу?” Сумеўся, як хлапчук. “Ён, ваша вялікасць, – падратаваў Тацішчаў, – зачараваны вашай красой”. Што не кажы, праўда: красуня. І хоча быць адзінай. Да яе нават у служкі не дапускаюцца прыгожыя жанчыны, ніхто з іх не мае права апрануцца шыкоўней, чым яна. Уразіла мяне і яшчэ адно: ласкавая, прыязная (канечне, з гульнёю), але можа і раптоўна ўспыхнуць гневам вялікім. Аднойчы накрычала і на мяне – за мае скаргі, што ў першую Паўночную вайну загінуў кожны другі чалавек з нашай зямлі, у другую – кожны трэці і што тыя войны ўшчэнт спустошылі ВКЛ. Амаль усе буйныя яго гарады былі калі не зусім спаленыя, то пабураныя і спустошаныя (Праўда, уголас я не сказаў, што як Карл ХІІ, так і Пётр І адзін перад адным наўмысна аддавалі іх агню, каб “не дать пропитания сопернику”). – “У першую Паўночную вайну, – ужо не як дачка Марты Скаўрашчук, а як расейская імператрыца выгаварыла мне Елізавета, – вы не падуладзіліся Аляксею Міхайлавічу, калі ён хацеў выратаваць вас ад паланізацыі і каталіцызму, і калі некаторыя вашы Радзівілы заключылі згодніцкі саюз са Швецыяй. А ў другую не зусім прыхільна сустрэлі гасудара-бацьку майго Пятра Аляксеевіча. Ды таксама асобныя вашы важныя людзі перакінуліся да шведаў. Яны спажылі гэта ў сваю карысць, супраць Расіі. Вось вы і паплаціліся... Рэаліі такія, што цяпер вы павінны адысці ад палякаў і менш трымацца за сваю вотчыну, шукаць уяўных саюзнікаў, а пагарнуцца да нас. А мы ўмеем адданых нам ацаніць і адарыць...” – “Не злуй сваімі беларусінскімі ўздыхамі гасударыню, – перасцярог пасля Тацішчаў. – І дзякуй Богу, што ён не затуманіў твой розум, стрымаў штосьці распытваць пра вашу Марту Скаўрашчук! Ці яе чатырох сясцёр і двух братоў. Іначай ад расправы і маёй апекі табе не хапіла б. Пераможца любіць паслухмянасць, падзяку, ушанаванне, пакланенне, нават абагаўленне, а не папрокі! Самае вялікае – пакорная просьба... А нам, рускім, цяпер яе сам Бог паслаў. Яе бацька-гасудар прасвятліў Расію з замежнікамі, якія потым селі на карак, а пры ёй узбуджаецца наша асветленая народнасць”.
Імператрыца Тацішчава шануе. Аднойчы і пры мне запытала ў яго: ці трэба згаджацца з Ламаносавым у тым, што Рурык быў ніякі не скандынавец, а палабскі славянін, варын ці вэрынг – значыць, вараг, а на востраве Руген жылі русы, дык і карэнне дзяржаўнасці расійскай палабска-славянскае. “Я, гасударыня, – адказаў Тацішчаў, – у гэтым не раіў бы зусім прыслухоўвацца да Міхайлы Васільевіча. Найперш з-за Прусіі. Фрыдрых І быў “фельдфебель на троне”, але пакінуў сыну багатую казну і моцную армію, ідэю з’яднаць нямецкія дзяржавы і княствы. Вядома шырока: цяперашні Фрыдрых ІІ, здавалася, зусім не ўдаўся ў бацьку-караля: не цярпеў вайсковую муштру, інтрыгі, захопніцкія войны, захапіўся навукамі, літаратурай і мастацтвам, марыў пра справядлівы лад у дзяржаве і ў Еўропе, дзеля чаго пасябраваў з Вальтэрам. Але... Армію павялічыў, увёў у ёй дрынавую дысцыпліну, палюбіў вайну. Цяпер не толькі ваюе за аўстрыйскую спадчыну, але хоча падуладзіць многія нямецкія землі, амацаваць Прусію, узвысіцца ў Еўропе. Дзеля чаго мяняе і будзе мяняць саюзнікаў, шэпчучыся з Аўстрыяй, Францыяй і Англіяй. Будзе ў яго полі зроку і наша Расія. Дык яму наш палабскі след можа быць вельмі прыдатны для сваіх мэт”. – “Бадай, так, – згадзілася Елізавета, – з гэтым Фрыдрыхам нам трэба трымаць вуха вельмі чуйна. Задуму дальнюю ён мае і як да майго пляменніка, так і да яго жонкі... “
Хоць і мільгом, удалося мне пабачыць і таго пляменніка – яшчэ зусім маладога нямецкага прынца Карла Пятра Ульрыха, якому прадракаюць будучае імператарства як Пятру ІІІ (Тацішчаў: “прусский сумасброд”), і яго крыху маладзейшую жонку, здаецца, сястру ў трэцяй стрэчы, высакаватую, цёмнабровую і з грэчаскім носам немку Сафію Фрэдырыка Аўгусту Ангальт-Цэрбскую, тут у праваслаўе ахрышчанай Кацярынай. Тацішчаў па сакрэце сказаў, што яна па таемнай змове з прусакамі тайна прывезеная пад чужым імем у Пецярбург, нелюбімая нявестка і жонка, таму яе трымаюць “у чорным целе”. Без дазволу яна не можа ступіць і кроку, усюды і ўсе ў палацы ды ўсяляк з яе здзекуюцца, ад чаго яна, мабыць, у душы адчаілася на самагубства. Калі ўсё ж яе адратавалі, то яна, прыгнечаная (хто ведае добра, праўда гэта ці не?!) нібыта знайшла адну выратавальную ўцеху – сам-насам з кніжкамі (на свае вушы, васпане, чуў, што ўвесь вышэйшы свет быў уражаны, што пры шлюбе (вяселле было нядаўна, цягнулася дзесяць дзён) яна даволі складна прамаўляла ўжо на рускай мове). Сустрэцца з намі, зразумела, найперш з Тацішчавым, яна, мабыць, папрасіла, каб, маючы інтарэс да гісторыі расейскай, пагаварыць пра летапісы. І, прызнаюся, немка ці не ў 16 гадоў, вельмі ўразіла мяне сваім цвярозым разлікам: маўляў, тое-сёе патрэбнае трэба перапісаць альбо падаць па-новаму “для асветы рускага народа па імперскім мысленні”, а тое-сёе нявыгаднае глыбока схаваць, а то і знішчыць (“О, гэта не проста разважлівае і гаспадарліва-ашчаднае племя! О, гэта галодная, скрыўджаная, але, душой адчуваю, пажадная з прагнымі вачыма і вялікімі персямі ваўчыца-самачка! Малады, яшчэ пабачыш: у спрыяльную хвіліну яна пакажа цяпер схаваныя вострыя кіпцюрыкі!”). Не ведаю, васпане, але мне здаецца, што гэтая Кацярына – разумная, дапытлівая, але, праўда, прыгнечаная, без цвёрдага характару і без моцнай апекі асоба, на імператрыцу не асмельваецца падняць вачэй, пры кожнай міласці той рукі яе цалуе (шаноўны Ян Ермаловіч – мо і халасцяк – не вельмі разбіраўся ў жанчынах: зусім не разгадаў будучую Кацярыну ІІ, яе распуснасць, тым больш тое, што і яна будзе здольная на пераварот. Калі пасля вераломнага забойства мужа (гэтага, канечне ж, яна “не хацела!”) амацуецца імператрыцай, то па-свойму адпомсціць Елізавеце яе ж чынам: загадае адшукаць яе і Разумоўскага дачку (Будакову) і, каб не мець суперніцы, запраторыць тую ў заснаваны ж яе маці жаночы манастыр для знатных пад новай чужой прозвай, прышле да яе наглядчыцай-выхавацелькай манахіню з імем... Елізавета. Няшчасная вязніца, унучка нашай Марты, мусіць будзе называць яе, душагубку, “матушкой Елисаветой”. Гэтак жа, як... і родную маці! І ў шмат якіх іншых выпадках Кацярына ІІ стала вялікай і... у зламыснасці ды вераломнасці! Зусім не выпадкова яе ненавідзеў сын Павел: ужо саракдвухгадовага, лічыла яго за недаростка, да самай смерці не аддавала яму законную ўладу, чым таго прыніжала і азлоблівала. (І да ўсяго крывавы ўзыход на трон прадоўжыцца: праз гадоў пяць праз забойства бацькі ўладу возьме ягоны сын Аляксандр. – Г.Д.).
Спадзяюся, Ваша ягамосць, гэтыя мае звесткі не будуць лішнія для Вас і тых, каго зажадаеце азнаёміць з маім лістом: я агледзеў не тую Расею, якую ўяўляў, а новую, з вельмі шырокім замахам на вялікую ролю ў Еўропе, Азіі і нават у далёзнай Амэрыцы, куды неўзабаве збіраецца паслаць новых “атаманов-землепраходцев”, якімі раней былі Ярмак і іншыя. І Тацішчаў прызнае: ермакі гэтыя, як такія ж “землепраходцы” у Іспаніі, Англіі, Францыі, Галандыі, Партугаліі, – ніякія не дабрадзеі, а разбойнікі і рабаўнікі, але без іх не абыйсціся прагным да чужога краінам, якія хочуць яшчэ болей абагацець і ўзвысіцца. Яны падуладжваюць каралям-царам новыя неабдымныя землі і абарыгенаў, багацце вялікае на іх (не выпадкова ж Ламаносаў кажа, што моц Расеі ад Сібіры велізарнай будзе). Цяпер надта спрыяльны для Расеі час. Цяпер, яшчэ раз асекшы Швецыю, яна заможнее і ўважліва назірае, як чубяцца яе супернікі – Прусія, Аўстрыя, Францыя, Іспанія, Англія і спакойна вычэквае і ад гэтага карысць для сябе мае. Грэшны, праз гэтую дальнабачную палітыку прадбачу зыходны лёс і дзяржавы нашай, і Польшчы, якія ад Пятра пад ценем расейскіх штыкоў... Паўтаруся, вельмі ж цяжкай, нават пагібельнай для нас сталася Паўночная вайна 1700–21 гадоў. А пасля яе голад, паморкі вялікія... Ды і шляхецкія вольнасці нашы, наезды цяпер на пагубу вялікую... Хутка не акрыяць, дый не дадуць на гэта часу... Мне, выбачайце, грэшнаму, выпадае думаць, што ўсё ўжо рашылася ў 1733 годзе, калі памёр кароль і вялікі князь наш Аўгуст ІІ і калі Мініх з войскамі не дапусціў да ўлады Ляшчынскага і аддаў яе іншаму, паслухмянаму... Душа мая плача: спачатку ці не два стагоддзі крыжакі хцівыя, а затым каля трох стагоддзяў маскоўскія вялікія князі і цары ў подкупе з хцівымі суседзямі бясконцымі войнамі знясілілі, давялі да пагібелі дзяржаву нашу слаўную. Далейшая доля наша будзе горасная: не гаспадарамі заможнымі і культурнымі, а цёмнымі, бяспраўнымі парабкамі ў сваім доме станем... Цяжка мне, вяльможны пане, пра гэта нават думаць, але, шмат чаго пабачыўшы тут, мушу гаварыць праўду горкую. Чакае нас нешчаслівы лёс... Як і суседзяў нашых блізкіх, якія апынуліся пад хцівым назіркам хай сабе і адной пары вачэй двухгаловага арла...Прайгралі мы спрэчкі з моцнымі, пераможаныя, скораныя, трацім дух Рагвалода, яго ўнука Ізяслава, Усяслава Чарадзея, Глеба Менскага, Альгерда і Кейстута, Вітаўта Вялікага, Канстанціна Астрожскага. Апалі душой, апусцілі галаву. Нішто так не абядняе, не апустошвае і не аббяссільвае, як страта веры, гонару, самапавагі. А яшчэ страшней – не столькі чужаземныя заваёва і скарэнне, а самаўніжэнне. Канечне, я – не знаўца задум патаемных, але, дазволю назваць сябе рэалістам. Іменна адсюль бачу добра: нечуванае новае чакае і ўсю Еўропу. Англія, Прусія, Аўстрыя і Францыя клапаціліся сваімі турботамі, прагавіта засяродзіліся на іспанскай спадчыне, нібы дазволілі знясільвацца ў зацяжных войнах Рэчы Паспалітай, Швецыі, Расеі і Турцыі і, можа, як у нас кажуць мудра, праваронілі. З войнаў гэтых выплавілася, узяла разгон на сушы, на морах новая імперыя з асяродкам у Санкт-Пецярбурзе і зусім не з ціхамірнымі намерамі, а з далёка наступным замахам, што, нашчадкі пабачаць, зменіць лёс усёй Еўропы... Наперадзе – куды не зірні, новыя і новыя іншыя крывавыя паляванні, паглынанні слабых і новыя, жудасна страшныя бітвы дзяржаў-атлантаў...
...Толькі праз некалькі месяцаў даверыў Тацішчаў, што цяпер для мяне “самае важнае”. Аднойчы з таямнічым выглядам паказаў у сваім кабінеце вялікую акаваную жалезам скрыню, дзе стосам ляжалі рукапісы ў драўляных і скураных вокладках. Узяў верхнюю тоўстую старую кнігу з пацямнелымі акладкамі і меднымі зашпількамі, з абламанай прывясной пячаткай і кавалкам шнура і зноў жа з загадкавай усмешкай разгарнуў – у вочы мне кінуўся пракавечны, жаўтаватага колеру пергамент, спісаны ўставам. Падаў: “На, патрымай у руках тое ваша, пра што ў вас ужо і гаварыць перасталі”. Летапіс? З нашых зямель? “Ваш, ваш, – хітра пасміхаўся гаспадар. – Будзеш па-свойму тлумачыць мне асобныя падзеі. Я хачу ведаць, як пра іх цяпер думаюць у тваёй айчыне, а заадно прадбачыць, як могуць гаварыць пра іх у маім пераказе. Знаёмся, але для сябе не падумай нават што-небудзь перапісваць. Тлумач так, як я скажу ці як мне скажуць Іван Шувалаў, а то і яе вялікасць царыца-матухна. Чым хутчэй забудзеш тое, пра што прачытаць змог, тым будзе для цябе лепш. Іначай – кара бязлітасная, нават не зважаючы на тое, што ты мне патрэбен!”
Вяльможны пане, я чуў і не чуў гэтыя словы. Асцярожна, з хваляваннем вялікім разгарнуў пададзенае – сэрца замлела: не проста былы, а вельмі даўні летапіс, пісаны кірыліцкім пісьмом, што заявілася ў нас з хрысціянствам! Прыкладна так, як пісалася Тураўскае евангелле 11 стагоддзя!
“Гэта – полацкі летапіс, – патлумачыў Тацішчаў, – мо і адзін з самых ранніх спісаў яго”.
О, Божа! Полацкі летапіс! З яго засталіся ж толькі ўрыўкі, узятыя ў іншыя хронікі! Не мог запытаць, як ён трапіў у рукі Тацішчава, нават красамоўна дыхнуць баяўся, каб гаспадар не забраў пісанае і больш ніколі не дапусціў да яго! Я чуў, што былі ў нас даўнія летапісы з Палацеска, Віцебска, Новагародка, Слуцка, Турава-Пінеска, Магілёва , што тое-сёе з іх было перапісана, але каб патрымаць у руках тыя, асновапачатковыя! Тое ж лічыцца калі не знішчаным навек, то згубленым! Многія з нас, дасведчаных, пра полацкую даўніну тое-сёе ведаюць найбольш з “Повести временных лет”, з пазнейшых летапісаў ды з “Повести жития и преставления святыя и блаженныя и преподобныя Еуфросинии...” (спіс 14 ст.). Скажам, знаюць, што яна, гэтая мудрая жанчына, яшчэ ў 12 гадоў уцякла з бацькоўскай сям’і “под иго Христово”, звабіла да сябе ў манастыр малодшую сястру Гардзіславу і пляменніцу Звеніславу, дзе яны перапісвалі царкоўныя кнігі, складалі летапіс. Дык вось я пераканаўся, што запісы ў Полацку вяліся яшчэ болей за 100 гадоў да святой Еўфрасінні. Мо яшчэ і з часоў яе прапрапрабабкі Рагнеды (“прекрасной невесты Христовой” – Анастасіі) і яе сына, полацкага князя Ізяслава, бо невыпадкова яго называлі князем-кніжнікам (“прилежаша прочитанию книг”).
Прагна чытаў я той летапіс днямі і начамі, часта забываючыся пра яду і сон. Перакушу, падрамлю – і зноў за чытанне. Уведаў я, вяльможны пане, што Полацк быў задоўга да 862 года і што былі ў ім князі перад Рагвалодам, з часоў міфічных калі не Бая – першанасельніка зямлі нашай крывіцка-радзіміча-дрыгавіцкай, то Крывіі. Ды і адкрылася мне па-новаму, хто ён, той Рагвалод, што значыць тое, што ён ‘’прыйшоў з-за мора”. Мае доступ гаспадар мой і да вялікай бібліятэкі, якую вывезлі з полацкага Сафійскага сабора, калі Іван ІV у Інфлянцкую вайну ў 1563 годзе Полацк праз аблогу ўзяў. Але вось чаму і калі, амаль праз 200 гадоў, спатрэбілася дастаць з сакрэтных спратаў летапіс полацкі! Як і кіеўскі, які цяпер таксама ў руках Тацішчава.
Варта быць справядлівым: ён, любіцель даўніны, шмат знае і мне нямала ведаў дае, дазваляе сам-насам спрачацца. Толькі ўпарта гне сваё. Каб быць больш вольным у поглядах сваіх, ён, да слова, бярэ за аснову не толькі запісы інока манастыра кіеўскага Нестара – першага летапісца зямель кіеўска-полацка-наўгародскіх і іншых, але і невядомы мне летапіс Іаакіма, які нібыта прыбыў з Візантыі з царэўнай Ганнай, жонкай Уладзіміра, Святаслававага сына, і стаў першым наўгародскім епіскапам і быццам апісаў не толькі наўгародскую даўніну (праўда, аднойчы ўсміхнуўся: ніякіх запісаў таго Іаакіма не знойдзена, але іх трэба “сочинить для дела”).
Тацішчаў таксама не можа пэўна праясніць, адкуль і як прыйшлі на свет, заявілі пра сябе славяне, якія мелі карані, калі і як у іх узніклі плямёны, княствы, хто былі самыя першыя князі. Мне не так цікава, што дзеелася ў Ноўгарадзе да ўкняжання там варага Рурыка і пасля яго (у скандынаўскіх сагах, здаецца, няма ні слова пра таго Рурыка на землях крывічоў); гэта няхай даследуюць зацікаўленыя, мяне больш вабіла іншае – погляд Тацішчава на скарэнне Рурыкавічамі палян, драўлян і іншых, на ўзвышэнне імі Кіева і ўтварэння там таго, што мы ведаем пад паняццем “Русь” ці “Руская зямля”, іх стасункі з нашым Полацкам. Як да ўварвання туды Уладзіміра (Тацішчаў лічыць, што тое адбылося ў 975 ці самае позняе ў 976 годзе, з чым я зусім згодзен), так і пасля яго.
Пра Полацк таго часу вялі мы доўгія і зацятыя спрэчкі. Хоць мелі пад рукамі запісы пра ранніх полацкіх князёў, але Тацішчаў настойваў, каб першым запісаным там князем лічыць Рагвалода, які “прыйшоў з-за мора з Рурыкам і займеў пасад у Палацеску”. Яму надта хацелася лічыць, лепш сказаць, сцвярджаць: і Палацеск, Палацеская зямля не былі самі па сабе, таксама адзяржавіліся варагамі – значыць, таксама былі Руссю. Не было ў мяне моцы супрацьстаяць гэтаму націску. Толькі мог у душы пазлараднічаць. Як пазначыў першы кіеўскі летапісец Нестар, Рурык памёр у 879 годзе. Дык колькі ж было нібыта яго сучасніку Рагвалоду праз ледзь не 100 гадоў, у 975 ці 976-м, калі яго забілі? Пад 120! І ў колькі гадоў ён прыдбаў Рагнеду? У 100? Дык яна стала жонкай Уладзіміра ў 80 і нарадзіла яму столькі дзяцей? Ды не стаў выяўляць свае довады. Наўмысна змаўчаў. Няхай учэпістыя ўбачаць намерную падтасоўку! Злаваў я моцна Тацішчава і тым, што гаварыў: а нідзе не запісана, што Палацеск Рурыку ў Ноўгарадзе і Рурыкавічам у Кіеве даніну плаціў! Значыць, быў моцны і ні перад кім не гнуў галаву, быў сам па сабе! Тым больш, што зазначана іншае: пабітая і палацескімі воямі сама магутная Візантыя ў адзін час яму плаціла даніну! “Быў-быў гардавус твой Палацеск, – мусіў згаджацца ён. – Бурыў еднасць Русі”. Тады мы счапіліся па паняццях “Русь”, “Кіеўская Русь”, “Русь Белая”, “Русь Чорная”, “Русь Чырвоная”, ‘’Русь у ВКЛ”: паняцце “Русь” ці раней “Рось” з”явілася зусім не на славянскай зямлі, а прыйшло зводдаль. Тацішчаў і слухаць не хацеў, што была Славія, Крывія (“племя адной крыві”), згаджаўся толькі, паўтару, на запісное, што была непакорлівая і ганарлівая Палацеская зямля. Я яму: “Вы ж добра ведаеце: не былі ўсходнія славяне адной Руссю. Яны вылучыліся амаль у 15 плямён. Скажам, крывічоў так упаміналі яшчэ да 1162 года, дрыгавічоў – да 1162-га, радзімічаў – да 1169-га! А ў гэтым, 1169-м, Кіеў ужо, лічы, паў! Пачалася новая эпоха – эпоха Суздаля і Уладзіміра, а потым Масковіі”. Ён – у адказ: “А хіба ты не ведаеш: кожныя амацнелыя народ, дзяржава вышукваюць, нават выдумляюць сваю старажытную, знатную радаслоўную. Канечне, лухта вялікая, калі некоторыя нашы апантаныя і з найлепшых памкненняў на поўным сур’ёзе даказваюць, што паняцце “Русь” – ажно з самой Бібліі! Там, сказалі мне знаўцы старажытнаяўрэйскай мовы, няма такога імя , ёсць толькі найменне пасады начальніка. А вось, як не злуе наш слаўны Міхайла, трэба запыніцца на падзеі 862 года, на Рурыку, які і ўкараніў у нас назву “Русь”. І пры гэтым падкрэсліваць: Рурык – не проста немец ці датчанін, нарвежац альбо швед, ён – нашчадак у 14-м калене рымскага імператара Аўгуста, які быў унукам сястры самога Юлія Цэзара і якога называлі “бацькам Айчыны”! Версію такую можна падтасаваць для інтарэсаў імперыі. Не удалося ні Кіеву, ні твайму любімаму Вітаўту Вялікаму сабраць Русь пад сваёй рукой, падрэзаць карані нашай сённяшняй Расіі: яна – што ні кажы, даўно ўжо ёсць і вечна будзе пераемніцай Кіева, Ноўгарада, Смаленска, Разані, Уладзіміра-Суздаля і вашага гордага Полацка! Як гэта золатам адчаканіў гасудар наш Васілій ІІІ, давёўшы ўсім, што ён, яго наступнікі – не толькі ўладары маладой Маскоўскай дзяржавы, а іменна пераемнікі як названых зямель, так і візантыйскіх імператараў, дык, значыць, збіральнікі найперш усіх рускіх зямель, а Масква – не проста сталіца яго краіны, а славянскі і праваслаўны цэнтр”.
І далей, падняўшы палец, горда: “Цудоўна! Мудра: “Масква – Трэці Рым. Чацвёртаму не быць!” Вось на гэтую ідэю, дружа, і будзем прысвячаць працу сваю!” – “Але ж гэта – нават не паўнавука! – усклікаў я. – Гэта – найперш, як і пруская, разліковая палітыка! Кіеўская дзяржава з Рурыкавічамі – гэта асобная старонка гісторыі. Адзін з яе вялікіх князёў, Юрый Даўгарукі, заклаў Маскву як сваю калонію, таму і не затрымаўся ў ёй.” – “Значыць, паслужым “усердно” палітыцы! Будучыні нашай! Пакажам, што ўсё да ўзвышэння Масквы-цэнтра – няпросты, міжусобны – адрэзак “отроческого” перыяду станаўлення цяперашняй Расіі вялікай! Яна споўніла і будзе далей спаўняць сваю місію! Няўжо табе не гонар, што і твой Полацк даўні быў таксама ў аснове сусветнай славянскай імперыі?! Ці табе даражэй быць “со смутьянами, полячишками подлыми? Разорвать империю нашу на части?” – “Добра, – адказаў я. – Тады чаму вы стагоддзямі змагаліся, столькі пралілі крыві і слёз сваіх, выцерпелі гора, каб пазбавіцца ад татара-мангольскага іга?! Пакорліва засталіся б пад уладай Арды, дык былі б падмацункам не толькі славянскай, але і ўвогуле сусветнай імперыі!” Дабрадзею ажно не хапіла паветра. Зазяхаў, а потым выдыхнуў: “Ну, сравнил!..”
Грэшны, я тады ажно ўскіпеў душою: усё ж “тать” ты, Тацішчаў!
Што тут скажаш?! Ягняці, якое становіцца харчам для ваўка, каб ён не толькі выжыў, але і яшчэ больш драпежнічаў?! Ганарыся, што патрапіў у страўнік пераможцы! Больш – часамі майго адукаванага і даволі стрыманага гаспадара раптоўна душыла ўспышка гневу, здавалася б, ад дробязі. Вось адна з такіх “драбніц”: “ Ваша чэсць, – не мог не пайсці на задзірку я, – вы адмаўляеце, што была, ёсць беларусінская мова, сцвярджаеце: яна – дыялект рускай і польскай. Але як тады зразумець, што на закладзеным у 1037-м (больш 700 гадоў таму!) Сафійскім саборы адзін з майстроў надрапаў, што ён – “полоцянинь”? Значыць, з Полацка. Яго “ц” ужо тады было ў полацкай гаворцы, а потым ураслося і ў беларусінскую!” – “Пусцяковіна, – адмахнуўся той. – Хіба цяжка ваша “ц” замяніць на наша “т”?
Бачыце, васпане, што і як спазнаю тут. Цярплю з усіх сіл. І для Вас, і, даруйце за нясціпласць, для нашчадкаў. Каб веджалі і помнілі, каб не згаснуў у іх дух нашых продкаў.
Ягамосць, мушу быць справядлівым да канца: Тацішчаў нямала чаго праясняе і для нашай гісторыі – ён, лічу, пранікліва вызначыў месца бітвы князя Ула­дзіміра, сына Святаслававага, з братам Яраполкам (р. Друць), па-свойму цікава патлумачыў намер менскага князя Глеба ў 1119 годзе заваяваць Навагародскую і Смаленскую землі, а таксама ацаніў стасункі Уладзіміра Манамаха і полацкіх князёў у 1121-м, помсту Войшалка за забойства бацькі (хоць Войшалк, калі меркаваць па Галіцка-Валынскім летапісе, дзе найбольш звестак пра ўзнікненне прыкладна ў 1246 годзе ВКЛ, не столькі помсціў за смерць нялюбага бацькі, колькі пашыраў і ўмацоўваў новую дзяржаву), пазначыў час заснавання Навагародка 1044 годам (калі Яраслаў Мудры дзеіў паход на летапіснуў Літву і мог закласці Навагародак як свой фарпост супраць яе), а Барысава – 1102-м. Праўда, што да паняццяў найбольш блізкім нам такіх, як “Белая Русь” і герб “Пагоня”, то застаўся непахісны: “яны ўзятыя з рускіх зямель”. Праўда, я заікнуўся сказаць, што ў нас пад паняццем “белы” маглі мець тое, што землі (найперш полацка-віцебскія) былі вольныя ад мангола-татараў і даніны ім, а пад русінамі, Руссю мелі на ўвазе, што тут люд праваслаўны, але Тацішчаў абарваў мяне. Як і не паслухаў у тым, што азначае летапіснае паняцце “Літва”. Болей – намагаўся яго, гэтае паняцце, усяк зацямніць. Асабліва тое месца ў вядомым Галіцка-Валынскім летапісе, дзе гаворыцца, што тая, летапісная, Літва была побач з Навагародкам па мяжы ракі Нёман, гэта значыць – сярод між сённяшніх Маладзечна, Менска, Навагародка, Слоніма. Ён апантаны перанесці найменне “Літва” найперш на Аўкштайцію і Жамойць. Нібыта аўкштайцка-жамойцкая Літва заваявала славянскія землі, якія былі “исконно русскими”, ваявала з Масковіяй, а мы, заваяваныя прыбалтамі, “постоянно тяготели к общерусскому братству”, плакалі, прасілі-умольвалі, каб нас уратавалі ад каталіцызму і паланізацыі. “А дзеля гэтага, – пстрыкаў мне па лобе, – мы ратуем вас, беларусінаў, ад папрокаў. Усе вашы грахі перад намі спісваем на палякаў і літоўцаў!” Зразумела, многія усе такія вось “навуковыя высновы” патрапяць у яго кнігу. А з яе як аксіёма – у іншыя кнігі. Тым больш цяпер і ў хуткім часе, калі мы “нарэшце” станем прышчэпленай галінкай на вялікім дрэве.
Ашаламіўшыся полацкім летапісам, я, васпане, паразважыў так: цікава было б паспалітаму адукаванаму люду прачытаць пра землякоў у Маскве, пра названых нашых слаўных жанчын, але пра гэта можа і лепш за мяне напісаць і іншы. Тым больш, што пачуў страшны вырак: “Ты, ліцьвін-беларусін, апошні, хто трымаў у руках першыя летапісы з вашых зямель. Павер мне: больш ніхто не толькі з вас тых “сведак” не пабачыць! Яны будуць знішчаныя альбо складуцца ў яшчэ больш патаемны куток. А калі ты выжывеш (знішчаць асабіста я цябе не збіраюся, паколькі ты міжволі неацэнна паслужыў мне) і па памяці нешта напішаш пра ўведанае, то, знай, цябе аб’явяць выдумшчыкам-шарлатанам. І нашы, і палякі. Значыць, шаноўны мой Яне, ты – незвычайны беларусец. Паколькі больш ты гэтых пергаментаў, запісаў на бяросце не пабачыш, то на табе абрываецца ваша даўняя прадзедаўская памяць”.
Дык вось, Ваша ягамосць, рашыў цвёрда: калі я апошні, хто трымаў у руках полацкі летапіс, то я не проста магу, а павінен аднавіць тое, што ўжо, а пазней яшчэ больш будзе зламысна з памяці даўняй нашай выдрана. І, можа, навек! З галавой мы то застанемся, але з якімі мазгамі ў ёй! Божа, якая будзе неймаверна цяжкая доля ў тых, хто будзе несці крыж Бацькаўшчыны нашай: я, грэшны, бачыў на свае вочы сляды, працы продкаў нашых у асобах полацкіх не менш чым з 862 года, за які пазначыў Полацк вышэйнапомнены Нестар, то іншыя нашчадкі-даследчыкі зямлі нашай не будуць ведаць таго, што ведаю я. Не маю права панесці скарб наш усіхны з сабой у дамавіну! Няхай абуджае ён чулае крывіцка-беларусінскае сэрца... Як сказаў некалі слаўны Авідзій, мо “Forsan et haes olim memenisse invabit” – “Можа быць, калі-небудзь прыемна ўспамінаць і гэта” – некаму будзе.
Ды... Усё ж нідзе, васпане, не дзецца мне ад маіх глыбока пашанотных думак пра жанок зямлі нашай роднай! Мо, кажу, не паспею ці не змагу як след расказаць больш пра тых, каго называў, але не запыніць увагу сваю на адной. На нашай, бадай, Прамаці – на той, каго першай паіменавалі ў летапісе і якая ў даўнім нашым Полацку, у Кіеве, а пасля зноў на Бацькаўшчыне па-свойму споўніла сваю, не толькі жаночую місію і для сваіх сучаснікаў, і для наступнікаў... Так, паспрабую больш уведаць і расказаць пра нашу Гарыславу-Рагнеду. Яна, як па-цяперашняму, па маіх падліках пабачыла свет у 962 годзе ў слаўным Полацку. І пачаць з таго, што першае, славянскае яе імя зусім не ад яе гаротнасці, а ад – мары бацькоў бачыць яе ў славе вялікай. У нас, як казаў вышэй, некаторыя крыху ведаюць пра яе лёс, пра прымусовае ўзвышэнне да вялікай княгіні кіеўскай, пра яе выгнанне адтуль з сынам і што ён тут заклаў род Ізяслававічаў. Але ж у яе было і яшчэ пяць дзяцей! Яны – не толькі Рурыкавічы па бацьку, але па ёй, “па кудзелі”, – Рагвалодавічы!!! Двое з іх – гонар вялікакняскіх і царскіх Рурыкавічаў ды Раманавых. Але ж два тыя слынныя вялікія князі кіеўскія – яе сыны і ўнукі Рагвалодавы!!! А колькі знакамітых было яе ўнукаў і ўнучак, іншых шматлікіх нашчадкаў, якія парадніліся з многімі еўрапейскімі каралеўскімі сем’ямі!!! Яна, папраўдзе, адгаравала для ўсіх іх – і хто помніў, шанаваў яе, і хто ішоў насуперак яе помыслам. Не столькі муж яе Уладзімір, хоць і ўвёў хрысціянства, а Яна – ВЯЛІКАПАКУТНІЦА, СВЯТАЯ для нас!!!”

Ад аўтара

Можна ўсё: пусціць каханне дымам,
Ўзяць і занядбаць мінулы шлях.
Але толькі – не любіць Радзімы
З чорнаю павязкай на вушах,
З чорнаю павязкаю на вуснах,
З чорнаю павязкай на вачах.
Уладзімір Караткевіч
Мой утрывалы,
Мой добры, пад Богам, народ!
Ніл Гілевіч

На гэтым на час перапыняю знаёмства з “Рукапісам...” Яна Ермаловіча, але далей буду браць яго ў рукі яшчэ не адзін раз, падаваць асобныя ўрыўкі: многае, што ён спазнаваў і намагаўся занатаваць, сёння вядомае, але і нямала чаго па-ранейшаму адкрытае ці спрэчнае. Да слова, пра яго палеміку з Тацішчавым пра паняццце “Русь”. Здавалася б, можа, і ўсё пазней праясніў іншы рускі гісторык, М. Карамзін-імпершчык, калі пазначыў наконт гэтага такое ў “Истории государства Российского” (кніга І, т. І, с. 69): “Частка цяперашняй С.-Пецярбургскай, Эстляндскай, Ноўгарадскай і Пскоўскай губерній была названа Руссю, па імені князёў варага-рускіх”, “Смаленск, населены таксама Крывічамі, і сам Полацк заставаліся яшчэ незалежнымі і не мелі ўдзелу ў пакліканні варагаў (вылучана мной. – Г.Д.)”. Ды палітыка ёсць і будзе патрэбная, але праклятая рэч. Дзеля яе і малолі, і цяпер некаторыя мелюць языкамі, што “мы, усходнія славяне, з аднаго кораня”, “маем адну гісторыю”, але ў нас “ёсць старэйшы брат”, што “мы павінны быць у адной сям’і”, дзе таму па праве моцы і сярод іншых народаў належыць уладарыць, заводзіць свой лад са сваімі звычаямі ды норавамі, мовай... І злосць вялікая, калі браты хочуць быць роўнымі, нават крыўда, што нібыта няўдзячныя... Гэта значыць, непаслухмяныя...
Што да Яна Ермаловіча, на жаль, не магу сказаць, ці патрапіла напісанае ім пра Рагнеду да адрасата, чаму і як знайшло яно прытулак, як звычайна, не ў сховішчах Масквы, Пецярбурга альбо Вільні, Кракава, Варшавы, а на гарышчы сялянскай астравецкай хаты. Нічога не вядома мне і пра тое, ці напісаў ён і яшчэ тое-сёе пра тое, пра што марыў. Урэшце нават цяпер хвалюе, які быў ягоны жыццёвы зыход: вярнуўся на любую Бацькаўшчыну альбо скончыў жыццё на чужыне? І як? Сваёй смерцю або ад бязлітаснай чужой рукі? Пра яго можна толькі крыху праясніць. Скажам, паколькі ён упамінае Ламаносава-акадэміка (ім той стаў у 1745 годзе) і паколькі вядома, што мецэнат нашага земляка Васіль Тацішчаў памёр у 1750-м, то няцяжка вылічыць: першая частка Ермаловічавых нататак, пра якую ідзе гаворка, пісалася ў 5-годдзе таго азначанага часу. Ды ён нагадваў яшчэ пра вяселле будучай Кацярыны ІІ з будучым Пятром ІІІ, сведкам чаго быў. Шлюб той адбыўся 21 жніўня 1745 года. Значыць, мы знаёмімся з яго запісамі праз больш чым чвэрць тысячагоддзя і, на шчасце, яго праца не зніклая ў сырой зямлі альбо ў попеле! Ён, як і іншыя задоўга да яго, якія пакінулі на паперы слова пра свой час, пра розныя падзеі, канечне, варты за гэта пашаны і падзякі нашай глыбокай: пакінулі свой унёсак у тое, каб наш люд быў не безымянны, стаўся вядомы як са сваімі радасцямі, так і са сваімі бядой і пакутамі, не пакідаў веры і надзеі і на сваю будучыню. І наказ ягоны пра творы пра жанчын, ураджэнак зямлі нашай, якія зрабілі столькі дабра для вялікай суседкі нашай Расіі, зусім не састарэў. Як цікавыя, значныя былі б творы і пра нашчадак іх “па кудзелі”, якія і ў славянскіх краінах, і ў Заходняй Еўропе бачны след пакінулі. Паўторым, “абкудзеленыя” Рагнедай. Пра яе ў нас нямала ўжо напісана, але і мяне, грэшнага, вабіць сказаць сваё слова і пра яе, і пра яе дзяцей: зусім нечакана натхніў на гэта з 18 стагоддзя пісар, бібліятэкар і журналіст Ян Ермаловіч, рукапіс якога мо і не выпадкова патрапіў мне на вышку вясковай будыніны. Хоць, канечне, нямала знаёміўся я і з іншымі даўнімі і новымі гістарычнымі творамі, асабліва ўважліва чытаў гістарычныя эсэ сённяшніх беларускіх пісьменнікаў і гісторыкаў (загорнеш апошнюю старонку новай кнігі, а там пад загалоўкам “Літаратура” названыя дзясяткі, сотні крыніц, а ў Міколы Ермаловіча ў “Старажытнай Беларусі” – звыш за 900!).
Вось і ад іх, тысяч светачаў, святлее памяць і душа...

Апавяданне першае. Слёзы Гарыславы-Рагнеды


Аднойчы, калі ён прыйшоў да яе і заснуў, яна хацела яго зарэзаць нажом. І надарылася яму (у той момант) прачнуцца, і схапіў ён яе за руку. І сказала яна з жалем: “Ты бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў дзеля мяне, а цяпер не любіш мяне з гэтым дзіцём”. І загадаў ёй прыбрацца па-царску, як у дзень шлюбу, і сесці на белай пасцелі ў палацы, а ён прыйдзе і заб’е яе... Яны (баяры) ж параілі яму: “Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе бацькаўшчыну і дай ёй са сваім сынам...”
(Важныя дзеясловы вылучаныя мной. – Г.Д.).
Паданне пра Рагнеду з Лаўрэнцеўскага летапісу.
Пераклад В. Чамярыцкага
Как месяц утренний, бледна,
Рогнеда в горести глубокой,
Сидела с сыном у окна
В светлице ясной и высокой.
К. Рылееў

1.

Цяпер, напрыканцы сакавіка, неба было як часта і ў познюю восень: па ім з халоднага краю нізкавата плылі адна за адной цяжкія сіза-цёмныя хмары, раз за разам засланялі высь, а ў перапынках яна, вышыня, праяснялася, нават паказваліся молада блакітныя лапіны, а неўзабаве зноў хутка насоўваліся шэрасць і змрочнасць. Дык і цяжка было зразумець: неба вось так і будзе праз некалькі хвілін мяняць свае колер і аблічча ці, паколькі няма моцнага марозу, густа пацярусіць мокрым снегам, што тут, сярод лясоў і балот – скопішчы ценю і холаду, быў і цяпер, увесну, стылы. Ужо залівала палі, дарогі і двары снежніца – талая вада, ёй апаласнуліся, напіліся птушкі і ўдосталь здаволілася маці-сыра-зямля, адбіраў вочы дыван руні, ужо цурчэў кляновік, капаў бярозавы сок, а моладзь гэтых прысвіславіцкіх мясцін “спаліла зіму” і “пагукала вясну”, дзеці пацешыліся не толькі салодкім печывам-”жаўрукамі”, а і спевам над праталінамі на полі гэтых любімых раннепрылётных птушачак, ды, як верылі тубыльцы, адагнаны веснавым цяплом Зюзя зноў выскачыў з лесу, затрос булавой і белым футрам, каб узвіхурыць вецер і снег, непагаддзю засланіць высокага і гарачага Дажбога, не дапусціць Лялю і Перуна.
Рагнеда – у доўгай сукні з дарагой візантыйскай тканіны, аблямаванай залатой і сярэбранай вышыўкай, каштоўнымі камянямі, з накінутым на плечы футрам, аздобленым гарнастаевымі скуркамі, – стаяла тут, на другім паверсе баярскага церама, каля невялікага акенца, затуленага даволі празрыстым здалёку прывазным шклом, несвядома ўзіралася ў надворную прастору і не толькі як след не разумела, што ў яе на душы, але нават і таго, чаму нечакана апынулася тут, у далёкім, невялікім, абгароджанымі завостранымі бярвёнамі гарадзішчы (яго пабудавалі прадзеды на мяжы з дрыгавіцкай зямлёю), у асобна абкружанай плашкамі сядзібе багатага баярына Мудраслава. Тут, у святліцы, стаялі скрыні з яе “державою” (маёмасцю) – з адзеннем, абуткам, посудам, грашыма – візантыйскімі солідамі, кіеўскімі срэбранікамі і залатнікамі, але найбольш з мордкамі і лапкамі куніц ды вавёрак, пергаментнымі кнігамі. Гэтыя рэчы напоўнілі цёплы пакой (ёй сказалі, што ў гэтай будыніне адзінае ў паселішчы некуродымнае ацяпленне, падлога незаглінаваная, а з расколатых, аплазаваных і нацёртых воскам бярвёнаў) сваім нязвычным тут, пахкім кіеўскім духам. А яшчэ тут былі стол, лавы, сынаў ложак (за шырмай з ядвабу меліся столік, ложа і для яе). Сын, Ізяслаў, таксама ў княскай апратцы – у пазалочанай жоўта-рудой туніцы, у сінім пасярэбраным падцепленым сукном расхінутым плашчы, зашпіленым на шыі залатой фібулай, – цяпер сядзеў каля стала. Як і ўсе дзеці, спаўняючы нейкую марудную работу, цярплівіўся, ад чаго крыху высунуў язык і кончыкам яго паводзіў па губах.
Вось лавіна сырой хмары сплыла за рэчачку Свіслач і лес, але на прагале не зусім асвятлелася: туды кінулася плойма варонаў. Яны закружыліся і так зайшліся крыкам, што і тут, у будыніне, праз вузкае акенца ўкулілася іхняе трывожнае ці нават злавеснае галёканне.
“Бяда нейкая будзе. Мо і пажар”, – міжволі падумалася ёй. А калі ў вароннім ляманце замест “кар-кар” ёй здалося “ук-раў, ук-раў”, то мільганула думка пра нейкую пакражу. Яна змалку, як і халопы, чэлядзь, таксама лічыла, што свойскія і дзікія птушкі, якія жывуць паблізу чалавека, многае пераймаюць ад яго: куры, гусі, індыкі – гаспадарлівасць, галубы і лебедзі маюць добрыя людскія душы, шпакі – вясёлыя, ластаўкі – чыстыя і святыя, вераб’і – хітрыя, а вось вароны і крумкачы – паганыя. І яшчэ пэўны знак: на дварэ, мо седзячы на загародзе, застракаталі сарокі. “На гасцей і на нейкую навіну вялікую. Ці надвор’е зменіцца. Пара ж: хутка будзе ўжо камаедзіца, калі час мядзведзю з бярлогі выпаўзці і шукаць па першым часе маладую сакавітую траву”.
Здаецца, сын ціхенька аклікнуў. Не, ёй не здалося, сапраўды падае голас:
– Мама, паглядзі.
Яна павярнулася:
– Што, чада маё?
– Што і як я напісаў.
Яна падышла, зірнула на адчыненую васкоўку – скрыначку, запоўненую воскам і выгладжаным да бліскучасці. Па ім Ізяслаў пісаў заточаным металёвым шылам (другі канец шыла быў пляскаты, каб сціраць напісанае, зноў раўняць воск). Потым, калі яна ўхваліць альбо скажа, што і як паправіць, ён перанясе напісанае на пергамен.
Уладзімір-муж, бацька і яе дзяцей, найбольш часу траціў на паходы і гульбішчы, мала глядзеў за нашчадкамі, але хацеў, каб яны былі пісьменныя. Паколькі за ёй у прыкіеўскай Лыбедзі асабліва сачылі яго віжы, яна схітравала: падмелася, калі яны навучацца грамаце, параіць ім апісаць яго род па бацьку Святаславу. Ёй галоўнае было займець пергамен, чарніла і стыло. Затым яна папрасіла тую родавую і іншыя кнігі дазволіць ёй прывезці сюды, у Свіслач (каб Ізяслаў, тое-сёе саскрэбшы, па чыстым запісаў імёны князёў з яе роду Рагвалодавічаў). Там, у Лыбедзі, не паспела дый не вельмі магла заахвоціць Ізяслава запамінаць хоць па памяці: толькі да юных гадоў сямі быў з ёю, а пасля яго забралі ў кіеўскі княскі палац. Цяпер яму ішоў дванаццаты год – узрост больш прыдатны да разумення і запамінання.
– Малайчына, добра ўсё запісаў.
– Ясная, але і чужая гэтая азбука, – паскардзіўся Ізяслаў. – Пішаш пра сваё, але і як пра чужое.
– Гэтая азбука новая. Нялёгкая, але найбольш зразумелая нам, бо старая была зусім цяжкая. Новую таксама склалі славяне па азбуцы грэцкай, але па складзе мовы балгараў. Дабіліся, каб на яе перакладаць хрысціянскія кнігі. Балгарская мова далёкая ад нашай, ды ўсё ж даступная. Егда (калі) і ў нас па дзясніцы (сіле, уладзе) бацькі твайго будзе адзін Бог, вера ад сына яго Хрыста, то па гэтай азбуцы будуць пісаць усе навучаныя ад хрысціянства людзі. Сваёй азбукі мы не намыслілі. Раней, як казала табе, у нас, у Палацеску, былі толькі “черты” (рыскі) і “резы” (засечкі). Іх высякалі на камянях і дрэве ці выціскалі на гліняных плітках. Ды меліся яшчэ патаемныя знакі – руны. Іх яшчэ прадзеды нашы далёкія прынеслі. Малой спазнала азбуку славянскую і я, дык спазнаеш і ты, бо не мутны розумам і не нішчы духам, а мыслісты. Дый ізвол (жаданне) да навук маеш. Цяпер прыходзіць такі час, што ўжо грэх лічыць пісанне і чытанне чарадзействам вялікім...
Сын супакоіўся. Разбіраецца, куды і да чаго маці раней хіліла нашэптам, а цяпер асаблівы ізвол мае. Спазнае, што ён цяпер адзіны з Рагвалодавага роду. Таму і сталее рана.
– Нам з табой, сын, выпаў лёс і для тых, хто яшчэ будзе на гэтым свеце праз шмат сонцаваротаў, памяць пакінуць пра зямлю нашу родную, пра слаўнага дзеда Рагвалода і яго прашчураў... А без запісанай памяці не будзе святла ў галаве і на душы. Дык не будзе і языка (народа)...
– А мы доўга тут будзем, мама? – запытаў са скрухай. Бедны, перажывае, што не бачыцца з братамі і сёстрамі, што ссыльны ў глухамань: можа выйсці са свайго двара толькі з дазволу прысланых з імі Уладзіміравых дружыннікаў-прыстаўнікоў (надзіральнікаў). Нават у паездцы да блізкіх святых капішча, дуба і агню, што на Лысай гары каля паселішча Валоўшчына, іх адных не адпускаюць ды замінаюць, каб да іх хто з тубыльцаў наблізіўся. Дружыннікі, якія жывуць у прыбудове да іхняга дому, па чарзе заўсёды стаяць пры варотах у іхні двор, а калі вольныя, дык ці валочацца па паселішчы, шукаючы медавухі і маладых уцех, ці балабоняць-шумяць, храпуць у сваёй бакоўцы. Нялепшая і прысланая з імі ключніца: калі прыстаўніковая варта віжуе па-за домам, то яна – і тут. Да ўсяго абкрадае іх нават з таго, што самахоць прыносяць ёй і сыну людзі. Не ў цямніцы ці ў порубе яны з Ізяславам – яна за тое, што на п’янага і соннага Уладзіміра руку падняла, Ізяслаў за тое, што, прыехаўшы з бацькам у Лыбедзь, змог заступіцца, але ўсё роўна ў высыльным зняволенні.
Ды што яна магла сказаць пра іхні далейшы выгнанніцкі лёс? Што рошаць у Кіеве (цяпер найперш візантыйка, новая жонка Уладзіміра), тое і стане. Толькі пастаралася не ўздыхнуць цяжка:
– Не ведаю, сыне.
– І мы з табой будзем адны?
– Чаму адны? – усміхнулася, але нявесела. – З людам родным, крывіцкім, і блізкім дрыгавіцкім. І з сілай стрымліваючы цяжкі ўздых: – А вось з меншымі братамі і сёстрамі мо і не будзеш бачыцца. Не захацелі твой бацька і баяры адаслаць іх з намі.
– Ніколі не будзем бачыцца?
– Не ведаю, сын, – зноў прызналася ў сваім няведанні. – Мы з табой “гардавусы” і “горкасердыя” (злыя) есі, на жывот князя вялікага замахнуліся... Ці мо каешся, што заступіўся за мяне, ад расправы выратаваў?
– Не.
– Дзякуй, – прытуліла, села непадалёку. Ён, адчуваючы яе ласкава-пяшчотны позірк, жаноча-матчыную цеплыню, пачаў па памяці далей выводзіць прыгожыя літары. Ёй па-мацярынску было прыемна, што яе першынец такі здатны, вартны, хораша адменны сын, згодны з ёй цярпець усе высланніцкія нягоды, але мацярынскае яе сэрца не знала спакою і ўцехі. І за пакінутых далёка малодшых дзяцей, і за Ізяслававы ўзрушэнне, нездароўчасць. За апошняе не магла не дакараць і сама сябе.
...Калі ачуняўшы, зірнула на яго пасля родаў, прыклала да грудзей, адразу ж пільна агледзела: на каго падобны? Запыніла позірк і цяпер. Як у бацькі і яго маці Малушы, цёмныя, з адценнем сінізны валасы, высокі лоб, роўны прыгожы нос, ад яе, маці, – не валявыя, а лагодна шараватыя, з тамлівай павалокай вочы, пухлаватыя губы. Можа быць гаваркі, гарэзны, але і можа раптоўна пабялець, абвянуць і надоўга стаць абыякавым. Вось гэта і прыносіць ёй пакуту: бадай, і Уладзімір, і яна абое вінаватыя ў сынавай мо і хворасці. Ён – у тым, што даў жыццё дзіцяці неправедна: па падбухторванні дзядзькі Дабрыні з помаччу яго слуг (трымалі за рукі і ногі) браў яе, ледзь не звар’яцелую ад страху і ганьбы, на доле перад вачыма бацькоў, братоў і баяраў, якіх потым закалолі яго дружыннікі. А яе віна мо ў тым, што са змусам, са слязьмі і пракляццем ехала ў Кіеў жонкай не любага ёй Яраполка, а ненавіснага гвалтаўніка і, пакуль не нарадзіла, мела, мала сказаць, непрыязнь да нежаданага дзіцяці. Палюбіла толькі тады, калі яно прыпала да яе грудзей і прагна ўцягнула яе яшчэ тады невялікі смактунок: адразу ж адчула сябе маці палюбленага хлопчыка.
Усцешыўся ім і Уладзімір, хоць любоў яго да яе і іншых іхніх дзяцей была дзіўная, а то і дзікаватая. Мо і ад успыхвальнага характару ці ад таго, што меў дзяцей і ад іншых жонак. Вяртаючыся з паходу, часта кіраваў не ў Кіеў, а да яе ў Лыбедзь – то ўміляўся ласкамі незвычайнымі, то ўзрываўся грубасцю і папрокамі, што любіла Яраполка і мо Ізяслаў ад таго (маўляў, ён загадаў забіць таго, зводнага брата, найперш з-за рэўнасці). А калі напіваўся, вымольваў на каленях дараванне, называў яе і іхніх дзяцей самымі прыгожымі на свеце. Вельмі шкадаваў, што іхні Яраслаў не можа хадзіць (калі і яго прынеслі развітвацца з ёю, то ірвануўся з рук нянькі і... паімчаў нават ад страху за тое, што быжыць. Пасля гэтага пачаў хадзіць, толькі моцна кульгае). Уладзімір, як і першы раз, браў яе сілай. А потым і па пакоры, а то нават і згодзе: не, не прыходзіла каханне вялікае да яго, але па-свойму ўладарыла яе моцнае і пышнае цела – страсцю да мужчынскага цела. Маладосць, жаноцкасць бралі сваё. За кароткі час абсыпаўшыся дзецьмі (за дванаццаць гадоў шасцёра; іншыяУладзіміравы жонкі-суперніцы, зайздросцячы за яе красу і любоў-цягу да яе мужа, кпілі з гэтага па-жаночаму непрыязна), змірылася са сваёй жаночай доляй: павінны ж быць у нашчадкаў і маці, і бацька – ды не проста заступнік і карміцель, а бацька-князь.
– Калі стаміўся, то адпачні, – бачачы, што сын вяне, пагладзіла яго па галаве. – Толькі сёння схавай васкоўку ў тайнік. Я таксама прылягу, – але не дадала, што сёння чамусьці вельмі трывожна на яе душы.

2.

Паводле Яна Ермаловіча Рагнедзін расказ сыну пра іхні род “па кудзелі”

– Я, отракавіца, больш пры маці, Любцы, была. Яна гадавала, змалку вучыла быць князёўнай, каб, як і яна, потым, калі косы да паясніцы дастануць (тагачасны знак, што гэта ўжо нявеста, дзетародная. – Г.Д.), стаць жонкай князя, маці княжнаў і княжычаў, даць свой род “па кудзелі”. Бабуля твая была са знатнага роду Харальда Шэрай Скуры – далёкія паўночныя людзі, вікінгі ці варагі-нурманы, ужо здаўна, мо і болей двух вякоў таму, пачалі спазнаваць пуцявіну з Варажскага мора ў Панційскае, дык уведалі і наш Палацеск. Але яго не бралі сілай, у нас не князілі, як у Ноўгарадзе і Кіеве, дык і не было, няма тут іхняй Русі. Яны толькі спыняліся, мелі прытулак. Адзін час сядзела тут іхняя дружына, ахоўвала, каб на рэках і волаках (суша; па ёй перацягвалі лодкі з цяжарам ад адной вады да іншай) не чынілі шкоды іхнім гасцям і воям. Мусіць, не пасягалі на Палацеск і яго зямлю таму, што не зусім упадабалі нашу увесну і ўвосень сырасць – лясы, рэкі, балоты, а ўзімку – холад. Сырасці, халадэчы ў іх саміх было ўдосталь. Іх больш цягнула ў Кіеў, у заможную Візантыю. Да багатых рынкаў, да срэбра, золата, шоўку, дываноў, пасуды, шкла, зброі, віна, прыпраў усякіх. Іхняя мара запаветная была такая: пабыць у іншых краях, займець здабычу ды славу! Часамі любой цаною! Ды калі пазней іхнія ўнукі ці праўнукі пабачылі твайго дзеда Рагвалода, то дужа ўпадабалі. Самі прывезлі яму нявесту – дачку ярла Ізольду; яе бацька Любкай назваў. І, праўда, любая і яму, і нам, дзецям, была. І люду палацескаму. Адным словам, ваяры, уладнікі, прагнікі да скарбу вялікага, яны, варагі, як і іхнія прадзеды, з Палацескам з мірам паводзіліся. Я не чула пра тое, каб калі нашы князі з імі якія бітвы ці войны мелі...
Ізяслаў, лежачы пад цёплай коўдрай, уважліва слухаў маці: яна шмат чаго ведала і магла расказваць яму так, што ён заслухоўваўся. Праўда, калі яе аповяд быў доўгі (вечарамі ды начамі яна не магла толькі “размаўляць” сама з сабой у думках, ёй хацелася і штосьці сказаць уголас. Тым больш сыну), ён часамі і засынаў. Яна ўтульней накрывала яго і сядзела пры ім, любуючыся, што сын спакайнее і ўжо, не маючы трывожных думак нават пра заўтрашні дзень, спіць моцным сном падлетка. Бывае, нібы спрабуе адплюшчыць вочы, стогне, ускрыквае, нават падхопліваецца. Тады яна суцішае яго, і ён ад яе лагоднага голасу, мяккіх рук зноў апускае голаў на падушку і ўжо да раніцы ў палоне сну. Пасля гэтага яна ідзе да сваёй пасцелі і спрабуе таксама заснуць. Ды не заўсёды тое ўдаецца. Ці можа задрамаць, сніць страшныя сны, а потым прачнуцца з ясным розумам і да світання не самружыць вачэй.
– Маці мая не хутка навучылася гаварыць па-палацеску, – баяла сёння Рагнеда. – Дык я змалку шчабятала па-дваякаму: па-матчынаму і так, як гаманіла са мной нянька. Чула: госці іншаземныя паміж сабой нібы муркаюць зусім іначай, па-свойму. То вось пакрыху і спазнала: свет не толькі ў нашым хораме, ён вялікі, а на ім безліч плямён розных і моў іх. У леты, калі мне іх стала болей за дзесяць, пачала дапытвацца ў бацькі: госці – з іншых краёў, а мы – хто? Адкуль? Спрадвеку тут былі? Ён жартаваў: дачка, не абцяжарвай сваю галоўку мужчынскімі грузнымі думамі! Тады я крыўдзілася: а чаму Усяслаў і Рагвалод павінны тое ведаць, а я – не? Браты – ведама, маладыя былі, пацяшаліся, што хачу надта разумніцай быць, а бацька ў вольную хвіліну расказваў. Не ўсё яшчэ разумела, яшчэ менш запомніла. А потым, у Кіеве, больш нічога не магла ўведаць: твой бацька забараніў, каб ніхто нават не напомніў пра твайго дзеда Рагвалода і яго сыноў! Нібы іх і не было! Нібы Палацеск заўсёды быў пад уладай Кіева і там правяць пасаднікі вялікага князя!
Уздыхнула:
– Ты хоць крыху можаш штосьці ўведаць ад мяне пра дзеі палацескія. А малодшыя браты твае і сёстры і гэтага “штосьці” знаць не будуць... Дык вось бацька расказваў: некалі – мо і паўтысячы летаў таму ці і болей альбо меней – нешта змусіла славян (а іх называлі па-усякаму) рушыць у наш і іншыя бакі з поўдня і захаду. Яны дзе выцяснялі тубыльцаў або разумеліся з імі, а дзе проста займалі вольныя мясціны. На правым беразе Прыпяці, Дняпра, каля Нёмана і аж пасюль, па Менск і наш град асеў блізкі па родзе люд, і яго назвалі дрыгавічамі. У іх былі свае князі. Імён іх не магу назваць. Ведаю толькі дзядзьку Тура і тых, хто ўладзіў у Тураве пасля яго.
Зямля, дзе цяпер мой родны Палацеск, здаўна была абжытая: даўнікі для яго выбралі добрае месца. Пры Дзвіне (Заходняй), а па ёй і Дняпры вёўся гандаль з хазарамі, Кіевам, нават з далёкімі Візантыяй і Арабіяй, а таксама з варагамі. Палацеск, казаў бацька, назвалі па рэчцы Палаце, а насельнікаў – палатчанамі (палачанамі). А раней ад люду, што спрадвеку жыў там, раку нібыта называлі Палтэ ці Палтс, а першага князя – Палтэс. Ад крывічоў, што прыйшлі туды, на правы бераг Дзвіны, а потым перабраліся і на левы, нібыта першым князем стаў Крыў, а княства сваё ён называў Крывіяй.
Цёпла ўсміхнулася:
– Як цяпер, чую бацькавы словы: “Над Палацескам з цемры выплыла яркае сонца, заззяла над ім і асвяціла вакол яго вялікія абшары!” Канечне, ён так гаварыў пра тое, што палачане-крывічы да свайго града далучылі шмат новых зямель. На заход сонца і крыху на поўнач яны дзе адпіхнулі, а дзе зрасліся з тамашнім людам (маюцца на ўвазе балты, некаторыя з якіх пазней, адступіўшы да Балтыйскага мора, паспрыялі згуртаваць плямёны, народы літоўцаў і латышоў. – Г.Д.). А вось тут паблізу, каля Менска і Лагожска яны, тыя палачане-крывічы, пачалі перамешвацца з дрыгавічамі, што ад Прыпяці купкамі зайшлі сюды, а па Дняпры да радзімічаў, да смаленскіх крывічоў. Увішныя палачане-крывічы рушылі яшчэ і ў дрыгавіцкую Панямонь. Канечне, варажскія князі ў Кіеве ўбачылі гэтыя палацескія захопы і паасцерагаліся іх. Таму не раз і не два асаджалі Палацеск, хоць, запомнілася мне, ні Вользе, ні Святаславу ён даніны не плаціў. Значыць, быў сам па сабе. А бацька мой... Цяпер раскажу...
– Хто ён такі быў? – зацікавіўся Ізяслаў. – Пра дзеда Святаслава мне расказвалі нямала, а вось пра яго – не. Я нават не ведаў, як яго звалі.
– Мяне перавезлі ў Кіеў, калі мне трынаццаць сонцаваротаў было. Значыць, нарадзілася ў лета 6470-е (962). Старэйшы (на два сонцавароты) мой брат, Усяслаў, і малодшы (за мяне на тры), Рагвалод, як толькі на кані навучыліся ездзіць, рэчку нашу вялікую пераплываць і – чуеш? – запомнілі дзеі зямлі палацескай, яе княскі род самае малое па пятае калена, хадзіць у далёкія паходы, умець мечаваць, болей часу пры бацьку былі. Дык яны і больш ведалі пра вотчыну нашу. Бацька жыў ці не 35 сонцаваротаў, маці была маладзейшая на сонцавароты чатыры (іх забілі ў лета 6483-е, дык сам падлічы, калі яны нарадзіліся). Усяслаў быў ужо ў отракавай дружыне, аднаго разу яго паранілі ў памежавай Ноўгарадскай зямлі. Бацька скупіўся хваліць сыноў, а да мяне быў ласкавы. Але пры размове з нашай маці, чула я, ганарыўся імі, казаў, што стануць яму добрымі памочнікамі, яго наступнікамі. Не сталі... І пакуль што слаўная зямля Палацеская без вадара свайго, пад рукой кіеўскага пасадніка-нягодніка. Бедны бацька мо і ў сне не сніў, што так выпадзе, што Палацеск будзе мець такую горкую долю...
– “Ён” гэтак без літасці табе адпомсціў? – падаў голас Ізяслаў.
– Не столькі “Ён”, колькі яго нелітасцівы дзядзечка. За сястру сваю. Я яе рабыняй назвала, а “Яго” – рабынічам...
Яна запыніла на ім позірк: сын пасля таго, калі мячом загарадзіў шлях разгневанаму Уладзіміру да яе, святочна ўвабранай дзеля смяротнага пакарання (каб яе, забітую рукой самога мужа, усё ж убачылі па-свойму прыўкраснай) і калі і яго залічылі ў зламыснікі, пачаў бацьку называць толькі найменнем “Ён”.
– Дзед твой, як і прадзеды, быў рослы, дужы (мог меч рукамі пераламаць), меў лоб высокі, негустыя і кароткія жаўтаватымі, як жыта, валасы. Праўда, яны раптоўна сталі як снег, калі ці не шэсць Дабрыневых дружыннікаў трымалі яго за вывіхнутыя рукі, а мяне на яго вачах, як ты кажаш, “Ён” ганьбіў... Потым мне сказалі, што скусіў да крыві губы і плакаў, хоць дагэтуль не ведаў, што такое адчай... А мужнасць сваю загартаваў, калі бацька, Ізяслаў, паслаў яго і брата Тура з дружынамі памагаць паморскім людзям, як раней ён і яго бацька, блізкіх і далёкіх нападнікаў адбіваць. І навуку ваенную спасцігаць, паколькі Палацеск доўга ўжо не вёў войнаў, апошні раз Ізяслаў з кіеўскім Ігарам на Візантыю хадзіў (паход Ігара быў у 941-м. – Г.Д.). Ізяслававым бацькам быў Усевалад, а яго – Мсціслаў, а Мсціслававым – Яраслаў. Што да таго твайго далёкага продка Яраслава, дык я толькі запомніла, што яму такое новае імя далі за адпор кіеўскім князям Аскольду і Дзіру (нашэсце тых было ў 865-м. – Г.Д.), пасля чаго Кіеў больш на Палацеск не пасягаў ужо і даніны не патрабаваў.
Усміхнулася, бачачы, што Ізяслаў слухае, варушыць губамі і загінае пальцы – нібы ўгінае памяць.
– Запомні, запішы хоць гэта. Ага, яшчэ: першы пачаў на далёкую, гордую і грозную Візантыю хадзіць Мсціслаў. З кіеўскім князем Алегам. Палацеск нават ад Візантыі даніну меў! Мо і з таго часу (Алегавы паходы на паўднёвую імперыю былі на пачатку 900-х гадоў. – Г.Д.) пра наш Палацеск больш і здалёку ўведалі. Чаму – “больш?”. Маці ведала нямала варажскіх саг. Калі пачала збірацца ехаць сюды, то завучыла тыя, дзе было і пра Палацеск. Дык і расказвала пра тое мне. Праўда, казала: ручацца за іхнюю праўдзівасць няварта. Сагі не запісваліся, перадаваліся ад старых маладым, а пераказчыкі тое-сёе тлумачылі па-свойму, дадавалі ад сябе і часамі нямала чаго блыталі. І, канечне, найперш хвалілі подзвігі сваіх землякоў. Але калі ўпаміналі наш Палацеск, то не выдумлялі ж яго, не прадбачвалі, што ён будзе. Значыць, быў і ў няпомнай ужо даўніне. Яшчэ ў часы грознага вадара гунаў Атылы (маецца на ўвазе ў свой час шырока вядомая ісландская сага пра Цідрэка, дзе, можа, і ўпершыню ўпамінаецца пра асаду і ўзяцце Палацеска гунамі ў першай палове 5 ст. Калі давярацца логіцы, то можна палічыць: раз горад асаджвалі, то ён быў умацаваны, а калі было амацаванне, то ён узнік яшчэ раней. Значыць, на сёння Полацку больш за 1550 гадоў. – Г.Д.).
– А чаму ты імем дзеда Рагвалода нікога не назвала?
– “Ён” не дазволіў вас, сыноў, называць яго імем і імем маіх братоў. Дык я дала кожнаму з вас імя ранейшых нашых палацескіх князёў. Ізяслаў – узяць меч і славу. – Усміхнулася: – Ты і ўзяў меч (хоць і на бацьку). А слава твая – наперадзе. Яраслаў – яркая слава. Мсціслаў – помста непрыяцелям. Усевалад – усяладны.
– З дзедам пяць родаў, – паказаў сагнутыя пальцы левай рукі Ізяслаў. – А хто ў шостым і сёмым калене князем быў?
– Кажу ж, сын, пра гэта больш ведалі мае браты. Прыпамінаю толькі, што нібыта былі перад імі Светавід, Мяцеліца, Гром. А самым першым з крывічоў, як казала ўжо, нібыта быў Крыў. Мо той, хто прыйшоў з-пад Дунаю. Што яшчэ, сынок, магу сказаць пра дзеда Рагвалода і яго брата Тура? Яны сіл і ваеннага ўмельства набіраліся, як чуў, каля Варажскага мора. Бацька з памаранамі адбіваў саксаў і данаў, а Тур – з бодрычамі і люцічамі германцаў. Іх хвалілі, Палацеску дзякавалі. Ды памёр прадзед твой Ізяслаў, крыху пакнязіла яго жонка Прадслава, а потым кліч падала: вяртайцеся, сыны. Рагвалод, ты сядзеш у Палацеску, а цябе, Тур, з баявой тваёй дружынай просяць да сябе на княскі пасад дрыгавічы, што паблізу драўлянаў, палянаў і бужанаў жывуць.
– І Прадслава была ўжо!
– Была. Прабабуля твая. А Праміславе дасталося імя прапрабабулі. Як бачыш, усіх вядомых мне прашчураў ушанавала. – Усміхнулася гарэзна: – А ты доўж род па маёй “кудзелі” і свой пачынай... Каб Ізяслававічы пайшлі...
Ён, канечне, тое-сёе – з дарослага свету – ужо адчуў. Сумеўся.
– А цяпер, сын, пра тое, што нядаўна адбылося. Пра бяду вялікую палацескую... Пра нашую з табой нядолю... За сонцавароты чатыры да таго, як твае дзед і бабуля, дзядзькі былі забітыя, я зганьбаваная і забраная ў Кіеў, а Палацеск спалены (помніце, В. Тацішчаў тыя полацкія падзеі абазначыў прыкладна 975 годам. – Г.Д.), у Палацеск прыехалі паслы з Кіева ад князя Святаслава. Ён меўся зноў ісці ў вялікі паход па Дняпры ўніз, дык прасіў помачы дружынамі. Раней Палацеск меў карысць ад такіх паходаў, бо, як ты чуў, Візантыя і яму казну папаўняла. Такое было яшчэ і пры бабулі Прадславе, калі пасля смерці мужа княжыла. Рагвалод паклікаў на раду спачатку вешчуноў, а потым склікаў веча: парайце, дзяды мудрыя, мужы знатныя і дзяржаўныя, што рабіць мне. І вешчуны, і веча сказалі: цяпер не варта шукаць грабежнага шчасця ў далёкай Візантыі, траціць там сілы дзеля Русі ці Рускай зямлі – так ці не з часу Алега пачалі называцца раней зямля палянаў, Кіева, а потым і тыя краі, што яны заваявалі. Палацескія інтарэсы больш тут, паблізу. Мабыць, яны былі пра тое, пра што я табе пераказвала. Тады кіеўскія пасланцы папрасілі хоць міру. Каб Палацеск не ўдарыў ім у спіну, не спустошыў зямлю северскую, драўлянскую і кіеўскую (значыць, цанілі ўжо моц палацескую і пабойваліся яе!). Мір зладзілі, кленучыся Вялесам і іншымі багамі. Калі паслы ад’ехаліся (а яны тады мяне агледзелі, сказалі, што будуць раіць мяне ў жонкі сыну Святаслава Яраполку) і калі потым дайшлі весці пра Святаполкаву загібель, бацька зноў запрасіў да сябе вешчуноў і склікаў веча: ці не выпаў нам цяпер шчаслівы шанец? Ці не павінны мы паціснуць на Ноўгарад, каб не замінаў мець вольны доступ да шляху “варагаў у грэкі?” Ці не можам самі мець над ім назірк ад Ршы (Оршы) да Прыпяці? Ці не мусім пачаць больш цесна яднацца з Туравам, каб нашы землі злучыць у Палацеска-Тураўскую дзяржаву?
Вешчуны і веча сказалі: толькі так трэба рабіць, пакуль князі ў Кіеве і ў Ноўгарадзе яшчэ зусім маладыя дый тыя гарады цяпер не маюць сілы пазамінаць Палацеску. А мяне папрасілі пайсці за Яраполка: той, Рагвалодаў зяць, не будзе ўпарта супярэчыць цесцю, каб да яго далучылася дрыгавіцкая зямля. Я не бачыла таго Яраполка, але згадзілася пайсці за яго: гэта трэба было найперш бацьку, Палацеску. А тут як тут – пасланцы з Ноўгарада. І з падлашчваннем: Рагвалод, аддай дачку за Уладзіміра, будзь яму бацькам і памажы зяцю сесці ў Кіеве... Добра ведалі: калі бацька пасаюзіцца з Яраполкам, то Кіева ім не бачыць, як сваіх вушэй... Спыталі нашы мужы знатныя: а дасцё вольны, без пошлін, доступ да Дняпра і вольнае плаванне па ім? Тыя пачалі паціскаць плячыма і мармытаць штосьці невыразнае: яны не маюць права даваць такі адказ... Дык ім сказалі: тады не дадзім вам нашай князёўны і не пойдзем з вамі на Кіеў, тым больш, што ў нас мір з ім. Тады я толькі краем вуха, з гутарак бацькі і маці, чула, што і як рабілася далей. А потым перадумала ўсё і цяпер лічу так. У Кіеве рэй вялі варажскія ваяводы і баяры; яны не хацелі мацаваць Палацеск, прыстрашылі вайной, калі ён злучыцца з Туравам (і там не ўсе баяры былі за гэтую еднасць). Больш – варажскія ваяводы запатрабавалі вайны Яраполка супраць брата Алега. Яраполк выйграў, але застаўся маласільны. У Ноўгарадзе правіў хітры, бязлітасны да непрыяцеляў Дабрыня. Ён падгаварыў веча, каб туманіць Палацеску галаву, а сам адправіў Уладзіміра да варагаў па наймітаў. Разлічыў: Палацеск і Кіеў трэба разбіць паасобку. Некаторыя ляпечуць, а то і дакараюць: не абражала б я Уладзіміра, што ён “рабынін сын”, выйшла б за яго, дык і Палацеск быў бы цэлы і бацька ды браты былі б жывыя! Лухта! Хто-хто, а Дабрыня на сваёй скуры адчуў, як трэба паводзіцца з непакорнымі, залішне вольнымі і гордымі! Калі яго бацька Мал, драўлянскі князь, дазволіў сваім людзям разарваць коньмі прагнага кіеўскага паборніка Ігара, то Ігарава хітрая і жорсткая жонка Вольга нібы нават не засмуцілася, прыймала драўлян з ласкай, падмелася прызнаць вярхоўным Мала і стаць яго жонкай, але... Кажуць, неміласэрна знішчыла 5 тысяч драўлян, а Мала запраторыла ў сыры поруб, каб ён жыў, чуў пра яе дзеі, але жывым гніў. Дабрыня знаў гэта, сцярпеў. Нават і тады, калі яго сястра стала другой жонкай Святаслава, а той не аддаў яму драўлянскі сталец. Калі самае вялікае яго паставілі быць пестуном і ваяводаю сынаўца... Не толькі дзеля яго, але яшчэ і з-за сваіх крыўд, абраз, набранай злосці і ярасці за лёс свой ён уздумаў расправіцца з Палацескам без ніякай літасці... “У маім княстве выкаранілі мой род, а я выкараню род палацескі! І тут сядзе мой сын! Хоць бы пасаднікам!”
“Ён” кланяўся варажскім конунгам, ярлам, ажаніўся з варажкай. Пакляўся, што дасць цесцю вялікую плату, калі той падсобіць яму сваімі баявымі дружынамі. Больш – даваў ім на разрабаванне Палацеск! То – чаму не. З Дабрынем прывёў полчышчы варагаў, чудзі, наўгародцаў. Бацька перастрэў яго, даў бой. Але не ўстояў. Мусіў схавацца за сценамі града. І тут Дабрыня прыслаў варага, матчынага сваяка. І той пачаў угаворваць яе, бацьку: не трэба нам гэтай вайны. Хай Палацеск застаецца Палацескам, а дачка ваша выходзіць замуж за каго хоча. Давайце мірыцца, а ў знак міру прыміце нашы дары... Яны былі... Але з імі прыплялася, уварвалася лютая сіла... Цяпер ніхто не прасіў мяне стаць жонкай “Яму”, ёй мяне, паўтару, зрабілі пад гвалтам...
Рагнеда апомнілася, убачыўшы, што Ізяслаў апанураны. Можа, і ад таго сёння не можа заснуць пры яе аповядзе.
– Сынок, – прытулілася да яго. – Людзі добра кажуць: не было б ліхадзейства – не было б і шчасця... А я маю яго, гэтае зямное шчасце: цябе, Яраслаўку, Мсціслаўку, Прадслаўку, Усеваладку, Праміслаўку! Аж шэсць шчасцяў! А што да Палацеска, то глыбока веру: люд яго не апанурыцца за няўдачу, устоіць, амацуецца і яшчэ скажа сваё слова вагавітае! Яго аніяк не прыспяць зламыснікі!.. Якія б чары не ўчынялі, чым бы апаіць не намагаліся! Былі, ёсць тыя, хто знойдзе жывую ваду ад гэтага!..

3.

Сёння Рагнедзе не ўдалося пасля полудня ні падрамаць, ні паляжаць з заплюшчанымі вачыма і думаць-перадумліваць пра ўсё, што навалілася вялікім цяжарам за апошнія паўсонцаварота (паўгода). Толькі скінула візантыйскія боцікі, прылегла на засланы прасцірадлам і посцілкай пухавік, накрылася футрам і прымружыла павекі, звыкаючыся з ціхім звонам увушшу, як да слыху данесліся тупат, штурханне і злосныя галасы ў двары. Канечне, ахоўнікі зноў чэпяцца да непажаданых ім гасцей і не пускаюць сюды, у церам. Калі хто па загадзе ці па спагаднасці прыходзіць з клункам, дзе хлеб, мяса, яйкі, малако, то дружыннікі ўсё перагледжваюць, штосьці смачнае бяруць сабе (хоць іх па змусе кормяць ды пояць свіславіцкія людзі), а астатняе перадаюць яе ключніцы. За гэты месяц, што тут, так і не сустрэлася сам-насам з нікім з мясцовых людзей. З сынам – церамныя пустэльнікі.
Надакучыла гэтае дружынніцкае сваволле, паднялася, абулася і, накінуўшы на плечы футра, выйшла з будыніны на двор, што і ў шары час асвятляўся ад снегу, што зноў убельваў зямлю. Сапраўды, каля варот адзін з маладых дружыннікаў (а тут, у зацішным месцы крывіцка-дрыгавіцкай зямлі, яны хадзілі не толькі без шчытоў, але і без цяжкіх нагалоўнікаў, нашыйнікаў і наплечнікаў – шлемаў з барміцай, – без нагруднікаў-кальчуг, без рагацін, паліц і сякер, толькі з мячамі, апранутыя былі ў мясцовыя аблавухі, кажухі ды боты), – дык вось чарнявы і кучаравісты дружыннік груба выштурхоўваў за вароты трох старцаў – сівабародых мужчын у лапцях, старых кажушках, аблавушках, а дваіх з паўпустымі торбамі на грудзіне, з жабрачымі посахамі.
– Ды пусці ты, акаянны, да княгіні!
– Кажу, пайшлі прэч, валацугі!
– Мы хочам пакланіцца княгіні, жонцы вялікага князя кіеўскага і сыну яго. З намі сам старэйшы валхвец!
– Добры моладзец, – Рагнеда падышла, прыкінута ласкава загаварыла да дружынніка, – пусці святых людзей. Я папрашу іх памянуць крэўных, памаліцца за здароўе ўсіх нас, за прыплод скаціны гэтых мясцін, на пакаранне злоснікаў жытла чалавечага.
– Ім месца не ў цераме, – той не меўся саступаць. – Іх слухай, частуй не далей парога.
– Холадна ж. Ды яны, моладзец, мо і табе пашлюць лепшую долю, чым гібець тут. Мо зноў вернешся з гэтых балот і лесу ў стольны Кіеў. Ды пабойся за знявагу святых людзей бед і нястач розных – пажару, на што і сёння каркалі вароны, няўроду ці мору скаціны.
Той цяпер прымхліва паслухаў, адступіў. Як мо згадзіўся б нарэшце ўшанаваць яе і яго старэйшына.
– Скажу ключніцы, каб з майго запасу віна грэцкага дала табе, – спакусай падзякавала яна і запрасіла нечаканых гасцей зайсці ў дом. Яны, зняўшы аблавухі і схіляючы галовы, патупалі да ганку з накрытым – ад дажджу – прыдашкам. Іх яна, здаецца, нядаўна бачыла. Каля капішча ў Валоўшчыне. На першым паверсе ў цераме, дзе вісела верхняе адзенне, былі паліцы з посудам, хлебам, стаялі розныя кадоўбчыкі (пад гэтым паверхам яшчэ была клець, дзе стаялі скрыні з жытам, пшаніцай, ячменем, просам, лёнам, з рэпай, капустай, буракамі, а таксама былі ступа і жорны; воддаль ад церама знаходзіліся хлеў і прыхлеўнікі для коней, кароў, авечак, свіней і курэй, азярод з сенам – Мудраслаў быў багаты чалавек, ён і цяпер валодаў усім гэтым), дык вось тут, на першым паверсе, звычайна гаспадарыла ключніца, таму і густа пахла вараным ды смажаным. Госці пасталі адразу за парогам. Спусціўшыся сюды, уніз, іх тут ужо чакаў цікаўны на новых людзей Ізяслаў.
– Сядзьце, людзі добрыя, – кіўнуўшы на шырокую, нацёртую людзьмі да бляску лаву, запрасіла Рагнеда, радая, што нарэшце бачыць не проста мясцовых, а мудрых людзей. – Няхай адпачнуць вашы старыя ногі.
– Не, не, княгінька, – загаманілі. Тут жа апусціліся долу, а адзін, сляпы, з даўнавата скалечаным тварам, сашчапіў рукі з душэўным плачам: – Мы адпачнем, княгінька, на каленях. Гонар наш! Гарыславачка! Рагнедзька!
Голас яго здаўся ёй знаёмы – яшчэ з тых часоў, калі была ў Палацеску. Прыгледзелася, але не пазнала. Канечне, з-за ягонага калецтва.
– Хто ты, дзядуля? Ты не чужы мне чалавек.
Ён заплакаў, хоць слёз з аплылых вачэй не было відаць. Толькі затрэсліся яго і цяпер шырокія плечукі.
– Я, княгінька, баярын Вярнідуб. Падваяводак твайго слаўнага бацькі Рагвалода. Калі цябе ў Кіеў забіралі, тысячы жанок і дзяцей у нявольніцкі палон пагналі, а мужчын многіх пазабівалі, тады на мне жывога месца не пакінулі. Лічылі: забілі. Але я выжыў... Хаваўся ў лесе ды па воўчых логавах... Добрыя людзі раны залячылі...Потым старцам-жабраком пачаў хадзіць, слухаць, што і як людзі гавораць... Як дачуўся, што ты з сыночкам тут, паспяшаўся сюды з вешчуном і святым чалавекам, што не толькі вушы, але і вочы маюць...
– Дык ты, выходзіць, зусім яшчэ не стары... І не дзед яшчэ...
– Я не буду дзедам, княгінька. Маю Любку і дзетак маіх звялі. Мо цяпер нявольнікі-рабы за Понтам...
– Падыміцеся, сядзьце, – на яе вочы нагарнуліся спачувальныя слёзы. – Прашу. Я хачу ў вас многае запытаць, часу ў нас на размову можа быць мала. І так вы першыя, каго дапусцілі да мяне.
З крэктам падняліся. Былы баярын-ваявода наблізіўся да яе.
– Вачмі, княгінька, не бачу, дык дазволь пальцамі паглядзець... – Падняў рукі і з пояса абвёў імі яе ўздоўж цела вышэй галавы. – Высакаватая, поўненькая, статная. І малая была ўся з красы, а цяпер, у яшчэ маладыя леты жаночага веку, мусіць, ярка расцвіла! Здаецца, і сынок твой тут?
– Тут.
– А можна і яго пальцамі пагляджу?
Яна хітнула галавой Ізяславу – ён падышоў да сляпога. Той, як і яе, абвёў сына рукамі і, мабыць, прыкідваючы па сваім росце, прамовіў усцешана:
– Рослы. Значыць, ужо не падлетак, а дзяцюк. Хутка ўжо можа і сам па сабе князем быць... – А затым скрушліва: – Саслалі вас, княгінька?
– Саслалі, баярын.
– За гордасць тваю?
– Так і не так. Уладзімір надумаўся панішчыць старую веру, багоў нашых і замест іх прызнаць аднаго, хрысцінскага. А хрысціяніну, як ведаеце, можна толькі адну жонку мець. Дык цяпер такой яго жонкай, можа, будзе сястра візантыйскіх базілеўсаў. Калі ён прыйме хрысціянства з рук Візантыі і візантыйскі патрыярх будзе мець хрысціян тут за новых сваіх паслушнікаў. Праўда, пры гэтым ён хоча паказаць, што не столькі просіць, колькі робіць Візантыі гонар.
– Але ж ён у Кіеве гэтак ушанаваў нашых багоў! Срэбрам, золатам ухарошыў іх! – падаў голас святар зніча.
– Ён нават дазволіў кіеўскім жрацам прынесці ў ахвяру хрысціян. Але “дазвол” яго зусім не просты: ахвяравалі дзядзькам маім, князем Турам і яго сынам Іванам. Уладзімір рукамі жрацоў дарэшты высек наш мужчынскі род. І каб помснікаў не было, і каб забраць Тураў. Таму падаслаў цёмных людзей, каб яны забілі Туравага сына Уладыку. Той быў для яго страшны і тым, што дазволіў хрысціянства не толькі на візантыйскі, але і на рымскі лад. Лічыў: яны роўныя, дык люд сам мог выбіраць, як пакланяцца адному богу. Яшчэ меней князіў яго брат Камар. Пасля яго пагібелі люд папрасіў сесці на пасад ўдаву-язычніцу. Люд яе любіў, быў ёй адданы. Падасланых да яе забойцаў пакаралі. Тады Уладзімір рашыў скарыць яе і Тураў сілай, паслаў туды дружыну. Тураўцы пабілі яе. Але неўзабаве не стала і княгіні. Уладзімір казаў: памерла. Ды наўрад ці сваёй смерцю. Новы напад кіеўскай дружыны Тураў без мудрага і моцнага ўладара не адбіў, быў скораны, пачаў, як і Палацеск, быць пад рукой і воляй Уладзіміравага пасадніка.
– Грэшнік вялікі ён. Не толькі чужая, але і братавая кроў на яго руках, –горасна пахітаў галавой Вярнідуб. – Забівае яго душу прага ўлады вялікай.
– Тут ён не першы і не апошні, – адрачона сказала Рагнеда. – Колькі было і некалі, хто вёў вайну за вайной, ліў мора чалавечай крыві, каб захапіць як мага болей. Не толькі заўладарыць, але дабіцца ад усіх пакоры і пакланення. І з-за гэтага многія вакол ужо прынялі хрысціянства. І Уладзімір загарэўся ўзвысіцца яшчэ больш, чым яго бацька. – І, ведаючы, як у Кіеве спрачаліся пра тое, якую новую веру прыняць і як урэшце пагадзіліся пра выбар, патлумачыла: – Хрысціянства будзе яму спрыяць: адзін бог, адна вера. Па ёй, кожны чалавек – усяго толькі раб, а люд – усяго толькі паства, статак, а ўлада князя – улада ад бога. Толькі трэба будзе дабіцца, каб новыя светары служылі не толькі богу нябеснаму, але і богу зямному. Ці трэба будзе ўмець з імі ладзіць... Мяне ва ўсім гэтым не так пакрыўдзіла тое, што Уладзімір адракаецца ад веры даўняй і мяне. Зняважыла яго “дабрыня”: у новыя мужы ён падшукаў мне старога баярына-ўдаўца. Каб не аддаць маладому. Хіба так ужо трэба мне новы муж, тым болей грыб сапшэлы? Ускіпела адпомсціць яму за сваю і Палацеска крыўду, знявагу вялікую – зарэзаць п’янага і соннага. Як на тое, прачнуўся і перахапіў нож. Са злосці ён таксама ўскіпеў: “Як любіў і люблю, так і сам заб’ю!” І мо загубіў бы, каб не стаў Ізяслаў перад ім з мячом. Ды і баяры адгаварылі: суціш гнеў, даруй ім, іначай Візантыя палічыць дзікім язычнікам, не годным для хрысціянства. А іх вярні на зямлю прадзедаў. Але не ў Палацеск, каб ён не падняў галавы!..
– Як без Сварога? – за сваё зажаліўся святар зніча. – Ён жа свет утварыў! А без яго дзяцей? Перуна? Дажбога? Светавіта? А без Ярылы? Купалы? Багача? Каляды? Яны ж – святло, крэсь (агонь), без чаго мы не жылі б! Усё гэта будзе апаганена!
– Будзе. Кажу ж, і ў іншых краях гэта апаганьваецца, абзываецца дзікунскім, паганьскім. Такі час наступіў... І Уладзімір не хоча адставаць альбо быць убаку. Прагне выйграць, як выйграюць іншыя. І не даць, скажам, ляхам скарыстацца, нападаць нібыта для таго, каб прынесці новую веру дзікім язычнікам... – А потым без крыўды і злосці: – Як мо і ведаеце, веру Хрыстову ўпадабала бабуля Уладзіміра. Ахрысцілася ў Канстанцінопалі трыццаць сонцаваротаў таму і стала Аленай. Угаворвала ўзяць хрост і сына Святаслава і ахрысціць усю Русь. Але таму было не да таго. Ён любіў паходы, новыя заваёвы ды хацеў пакінуць Яраполку Кіеў, а самому асесці на зямлі балгараў. А мо і жадаў марокі, што меў князь Мешка, калі ахрышчваў сваіх ляхаў. Наколькі помню, пра старую, новую веру думаў і мой бацька. Брат яго, Тур, чулі ж, ахрысціўся, а вось ён – не. Не хацеў змушаць палачан адракацца ад веры прадзедаў. Ведаў: цяжка пакінуць з калыскі ўзятую з малаком маці веру і перайсці на новую, нязнаную...
– О, Рагнедзька! – усклікнуў былы бацькаў вой. – Рагвалод быў мудры князь! Гаспадар! Бацька ўсім!
– Але скажу шчыра: цяпер і ён наўрад ці адмаўляўся б прыймаць хрысціянства. Яно рушыла і яшчэ больш рушыць не толькі на ўсе славянскія землі.
– У цябе ж, княгінька, пяцёра дзетак? – запытаў Вярнідуб.
– Шасцёра.
– Чулі, іхнімі імёнамі ты прадзедаў сваіх ушанавала.
– Бацьку – не. Не змагла. Як і братоў. А іншых ушанавала. Во ён, старэйшы, Ізяслаў. Яму 11 сонцаваротаў, малодшыя – Яраслаў, Прадслава, Мсціслаў, Усевалад. А самая малодшанькая – дачушка Праміслава. Ёй няма яшчэ і двух сонцаваротаў.
– Сюды Уладзімір больш нікога не адпусціў? Нават дачок?
– Не. Выгнаў са старэйшым, бо ён за мяне заступіўся...
– Цяжар, боль вялікія на матчыным сэрцы тваім, Рагнедзька, – уздыхнуў Вярнідуб. – Малыя яшчэ твае крывінкі. Без цябе іх на свой лад гадаваць будуць. Канечне, не ў павазе да Палацеска нашага.
Што яна магла сказаць пра сваю жаноча-мацярынскую горыч несусветную? Заплакаць, заліцца слязьмі? Гэта ні ў чым не ратавала яе. Ды была надзея, што ўсё ж Уладзімір верне ёй калі не старэйшых іхніх атожылкаў, то хоць малечу. Каб з маці раслі, з ёю свет, дабро спазнавалі. Дык і перавяла цяжкую гутарку на іншае:
– Чула, Палацеск наш абудаваны.
– Абудаваны. На новым месцы. Паўнапраўны гаспадар Уладзіміраў пасаднік, люты сын Касцяцін лютага Дабрыні. Веча наша забараніў, усё чыніць па сваёй прыхамаці. Яго дружына акі зверы. Ніякай непакоры не дапускае. Таму вось і ажывіліся ўсе, калі ты з сынам тут апынулася. З надзеяй... Можа, выкрасці нам твайго Ізяслава ды схаваць? Калі паб’ём прыхадняў, яго – на палацескі пасад... Падлеткі нашы, што пры табе былі, цяпер спраўныя воі... Гатовы для ўнука слаўнага Рагвалода жывата не пашкадаваць...
– Не трэба, – папрасіла. – Моц ва Уладзіміра большая. Самі візантыйскія базілеўсы папрасілі ў яго помачы, калі ваяводы супраць іх паўсталі. Цяпер ён у паходзе. І з яго ўжо вернецца з візантыйскай ухвалой. Дык трэба чакаць лепшага часу... – І зноў перамяніла размову: – А кніжніца (бібліятэка) наша захавалася?
– Не, княгінька, – горасна пахітаў галавой Вярнідуб. – Кнігі дараваныя, пергамен чысты вывезлі, гліняныя дошчачкі з запісамі пабілі. А камень вялікі, дзе даўняя памяць пра Палацеск была высечаная, абклалі агнём, палілі, а потым вадой аблівалі... У агонь пакідалі і драўляныя дошчачкі з рунамі, рэзамі і рысамі... Навучальня адна ёсць, але ў ёй толькі дзеці пасадніка і яго верных людзей вучацца...
Рагнеда красамоўна перавяла позірк на Ізяслава: чуеш? Так што трэба нам, ох як трэба чыніць тое, што тут рабіць пачалі!
– Уся надзея на нашых багоў-апекуноў, – уздыхнуў Вярнідуб. – Трэба ім заўзяцей маліцца.
– Але, кажу ж, баярын, што і ў Палацеску, і ў Ноўгарадзе, ва ўсіх землях, над якімі Уладзімір уладу мае, будзе адзін хрысціянскі бог.
– А мы, княгінька, і сваіх, дзедаўскіх, шанаваць будзем. Выбачай, родная, а ведаеш, чаму тады Уладзімір гэтак лёгка ў Палацеск увайшоў, бацьку твайго знянацку захапіў?
– Аднаго разу, п’яны, ён сам расказаў пра тое, – адказала яна. І цяпер яшчэ адзін боль быў іменна і за тое. Уладзімір прыйшоў з Ноўгарада і з варажскай дружынай, дзе быў сынавец яе маці, Олаф. Вось ён і стаў іх не толькі госцем: варагі напаілі палачан сваім пітвом (у яго загадзя падсыпалі штосьці тое, што хіліць на сон), а ўночы перабілі варту, адчынілі вароты і ўпусцілі ў горад схаваныя іншыя Уладзіміравы дружыны. Олаф за падман і здраду займеў не адну маладую палонніцу-палачанку (апроч любімай, астатніх з дзецьмі і без іх прадаў на нявольніцкім рынку ў Візантыі, і яны патрапілі ва ўсходнія гарэмы ды рабыні) і шмат грыўнаў... Пасля, ужо ў Кіеве, і яго Уладзімір выдаліў з горада, і ён падаўся шукаць шчасця ў Візантыі...
– Мы, княгінька, гадалі, – загаварыў вяшчун. – І выгадалі: будзе твой Ізяслаў князем у Палацеску...
Яна не паспела нічога адказаць: сюды ўварваўся дзесяцкі дружыннікаў. Пажылаваты, цяпер п’яны, дык з чырвонымі шчокамі і налітымі злосцю вачыма. Як і яго дружына, ва ўсім абарыгенскім адзенні. Толькі ў новым і дарагім: аблавуха і кажух былі аблямаваныя шоўкам. Аблавуха – па-заліхвацку набакір, рука – на поясе, а з яго звісаў меч у скураных, вышытых срэбнымі ніткамі похвах.
– Прэч адсюль, збродні (валацугі!) – закрычаў з парога.
Старцы спалохана падхапіліся: агонь у вачах дзесяцкага быў пагрозлівы, нават бязлітасны. Рагнеда ледзь паспела схапіць з паліцы і падаць сляпому баярыну бохан хлеба.
– Княгіня! – пасля таго, калі госці адзін за адным шпарка пакінулі пакой, ужо на яе зайшоўся крыкам дзесяцкі. – Ты!.. Ты парушаеш забарону князя Уладзіміра! Ні сама – за тын церама, і ніхто – нагой у церам! Ты!.. Ты за празорства (гордасць) заслужыла такую кару! Дык і сядзі хоць у залатой, але ў клетцы! Хіба не ведаеш, што я маю права і на пагубу цябе аддаць?! Князь, баяры не маглі, а я магу! І звестку падам: памерла! Ела, задыхнулася...
Яна не пачала ні апраўдвацца альбо штосьці тлумачыць, адвярнулася і, падаўшы знак рукой Ізяславу, падалася на другі паверх, выявіла да ненавіснага назірача толькі адно – маўклікую гордую пагарду.

4.

...Праз некалькі дзён Рагнеда зноў ўздрыгнула ад знадворнага лаянкавага голасу. Рэзка-грубавата-уладны, ён быў ёй добра знаёмы і, мала сказаць, непрыемны. Гэты тон запомніўся ёй яшчэ ў дзявоцтве, калі ім, зусім не напевам, было прамоўлена, каб Уладзімір па-мужчынску ўзяў яе пры бацьках. А пазней, у Кіеве, ён стаў ёй прыкры. Калі яна толькі ўчувала яго, ёй адразу прыпаміналася полацкае: “Коршак прыляцеў”. Гэты чалавек і быў у яе ўяўленні каршуном-шкоднікам, служкай Цмока, таму яго трэба гнаць прэч ад сядзіб. Цяпер знаёмец за штосьці выгаворваў падуладным яму дружыннікам.
– Хуценька хавай васкоўку, пергамен, – тут жа загадала сыну.
Падскочыўшы з лаўкі ад прачування блізкай небяспекі, Ізяслаў мігам затаіў усё на сваёй пасцелі пад падушкай і сеў паблізу яе. Як пачулася, непажаданы госць зайшоў у церам, у чорную хату, спаважна; перад ім там лісліва залепятала ключніца – прыстаўленая Уладзімірам да яе гаспадыня-пакаёўка, хітрая і выкрутлівая жанчына. Ён не затрымаўся і сюды, на другі паверх, падымаўся досыць па стромкай лесвіцы не спяшаючыся, нават цежкавата: быў ужо не малады уростам. Можа, і дзеля прыліку пастукаўся. Не чакаючы запросін, зайшоў. Вышэй сярэдняга росту, плячысты, з густымі навіслымі бровамі, сагнутым носам, як у драпежных птушак, таўстагубы, з сіваватымі вусамі і барадой. У дарагім візантыйскім кафтане, па чырвонай сукні якога залатымі і срэбнымі ніткамі былі вышытыя дзвівосныя кветкі і птушкі, на галаве – высокі стаўбун з чырвонага сукна, аблямаваны чорным собалем, на нагах – боты з зялёнага саф’яну. Абвёў яе цяжкім, спадлобным позіркам вялікіх жаўтаватых, як у лоўчага звера, вачэй. Не павітаўся, зноў не пачакаў запрашэння, сам прысеў пры стале, паклаў рукі на яго, пальцамі адной пастукаў па ім. Дабрыня. Уладзіміраў дзядзька па сястры Малушы. Тую яна, Рагнеда, у свой час назвала “рабыняй”, а Уладзіміра, не жадаючы выходзіць за яго замуж, – “рабынічам”. Хоць Малуша была не проста, як кажуць, чорная нявольніца: усё ж – дачка драўлянскага князя Мала. Кіеўская княгіня Вольга, звёўшы з гэтага свету таго за расправу над яе мужам Ігарам (за лішнія данінныя паборы), прыладзіла яе сваёй ключніцай. А сын Вольгі Святаслаў, закахаўшыся ў прыгожую чарняўку, зрабіў яе жонкай, маці Уладзіміра.
Рагнеда прысела каля сына. Як магла, супакойвала моцна заштуршкаванае сэрца: пазірай і ты Дабрыні ў вочы смела, нават задзірыста, не паказвай, што табе цяжка на душы, што ты зноў чакаеш ад яго новай злыбеды! Не трэба даць непрыяцелю пацешыцца з тваіх не толькі гора, але і асцярогі!
– Чаму парушаеш князеў наказ? – схмурыўся ён.
– Якую-такую забарону я парушаю? – Не павіталася з ім і яна. Як, лічы, не прывячаліся яны і ў Кіеве ды Лыбедзі. Ці абыходзілі адно аднаго, ці пры стрэчы не падымалі вачэй.
– Адлучалася. І прыймала пасланцоў з Палацеска.
– Адлучалася да свяцілішча, каб пакланіцца багам, святому дубу і каменю.
– Ты ж яшчэ ў Палацеску болей у царкву хадзіла, чым да капішча! –хмыкнуў. – Мы з Уладзімірам нават лічылі, што князь Рагвалод – патайны хрысціянін.
– Я зналася з хрысціянамі, вучылася ад іх грамаце, мудрасці кніжнай. Яны ўгаворвалі нас прыняць хрост. Але бацька-князь сказаў: люд палацескі сумеецца. А то і незадаволіцца. Здрадзіць сваім багам-аберагальнікам і прадзедамі заведзенаму ладу спрадвеку? Ды яшчэ бацька сумняваўся, што хрысціяне маюць міласэрнасць, зычлівасць, дабрадзейства вялікія... “Пастырь и овцы...” Нават на паслухмяных авечак ёсць бізун і нож... Хоць бацька ўгадаў, што і на нашых землях будзе хрост. Змусовы, канечне. Не столькі на карысць пастве, а пастырам-пастухам...
– А пасланцы Палацеска? – перавёў гутарку на сваё Дабрыня. – Выпадкам тут заявіліся? Не на нейкі пошапт?
– То былі старцы. Бедныя людзі. Прыйшлі адведаць і пайшлі. А я, як была, так і засталася тут. Дык у чым мая такая вялікая віна перад вамі? У тым, што яшчэ жывая?
– Распрануцца дазволіш? – нібыта падлагодзіўся. – Гутарка ў нас будзе доўгая.
Яна хітнула толькі галавой. Ён падняўся, зняў з сябе стаўбун, кафтан, потым адчыніў дзверы і гукнуў уніз, на першы паверх:
– Заносьце.
Неўзабаве сюды два дружыннікі ўвалаклі па пакоўным клунку, сшытымі з валовай скуры. Дабрыня нагнуўся, рассупоніў адзін з іх, пакорпаўся і дастаў шаўковы скрутак. Развязаў яго – яна ўбачыла знаёмую рэч. Вышыты ёю залатымі ніткамі пояс, з княскімі сімваламі – падарунак для жаніха-князя. Не толькі сярод князёў, баяр, але і паміж чэлядзі, смердаў і зямлі полацкай была такая завядзёнка – дарыць нявестай па поясе жаніху і яго сваякам. Каб тыя былі здаровыя, мелі сілу, былі ўратаваныя ад розных няшчасцяў (“без пояса быць грэх, а падперазанага чалавека і хатнік асцерагаецца, і лясун абыходзіць” або на няўдаліцу ці на зламысніка: “ён расперазаны...”).
– Уладзімір вяртае табе гэты дар, – Дабрыня паклаў пояс на стол. – Тым болей, што яго ты вышывала для Яраполка. Таго ён не ўбярог, а Уладзіміру даваў сілу. Я і Малуша паясы твае пакінулі сабе на памяць. Усё ж ты – маці нашых унукаў.
Яна пазірала на свой пояс калі не абыякава, то спакойна. Не трэба ён Уладзіміру, не патрэбен і ёй. Хоць мо будзе абярэгам для Ізяслава.
– А гэта, – Дабрыня кіўнуў на торбы, – табе падарункі ад вялікай княгіні Ганны. Яна, праўда, па-хрысціянску міласэрная. Хвалюецца за цябе, узяла на сябе клопат пра тваіх дзяцей.
Значыць, за гэтыя месяцы, што яна тут, у Кіеве ўжо многае змянілася: Уладзімір памог візантыйскім базілеўсам Васілю і Канстанціну адбіцца ад нападнікаў і задушыць паўстанне супраць іх, ахрысціўся і ўзяў шлюб з іхняй сястрой.
– А якое цяпер тваё будзе слова? – запытаў Дабрыня.
– Што ты хочаш пачуць?
– Вялікая княгіня Ганна хоча ведаць, што ты не запакінутая. Чакае ад цябе граматы, што дзеля дзяржавы нашай адмаўляешся ад шлюбу з Уладзімірам і ладзішся з іншым.
– Давай пагаворым пра гэта не пры дзіцяці.
– О, тваё гэтае чада! Як ты на мужа, так ён на бацьку меч падняў! Дык і не малы ўжо.
– Ён бараніў невінаватую маці.
– Маці-грэшніцу!
– Скрыўджаную і паганьбаваную вамі!
– Цяпер позна пра гэта гаварыць. Ты красна, велмі лепа (прыгожая) есі, да цябе і малады князь будзе рады пасватацца. Скажам, з ляхаў.
– Раней аддавалі за старога баярына, а цяпер ужо і за маладога князя гатовы спіхнуць!
– Вось гэтае тваё кічэнне (гонар!) – пакруціў галавой Дабрыня. – З-за яго ты мяне, маю сястру абразіла! Ды і з-за яго твае бацькі, браты пацярпелі!
– І ў чым жа была іх віна? – як і раней, не сцерпела яна і цяпер папікнуць Дабрыню ў злачынстве. – У тым, што мне, дачцы, сястры, жадалі шчасця?
– Не прыкідвайся авечкай нявіннай, – не саступаў са свайго і Дабрыня. – Ашуклівы Рагвалод хацеў абхітрыць Кіеў, каб узвысіцца над Ноўгарадам! Святаслаў быў спраўны палкаводзец, але не мудрэц вялікі. Ён нават сталіцу сваю хацеў перанесці ў зямлю баўгарскую! Не слухаў маці сваю, не хацеў прыймаць хрост. Не бачыў, што і праз яго можна дзяржаву амацаваць! Палацеску вялікую волю даў! І Яраполк быў не мудры, таксама Палацеск не меўся асадзіць. Вось Уладзімір і мусіў скарыць як яго, так і Кіеў. Ды так, каб яго і сябе ўзвысіць над многімі землямі блізкімі і далёкімі. І шмат новых краёў узяў пад сваю руку. Візантыйскія базілеўсы яго за роўнага сабе прызналі! Як ніхто да яго, цяпер ён тут сам базілеўс! Ды ладна. Ты – не дурная, але і не разумееш, што Уладзімір хоча... Давай мне яснасць: напішаш грамату, што хваліш хрысціянскі шлюб яго?
Зірнуў на яе зноў цёмна:
– Іначай пойдзе ад мяне грамата, што ты “прастудзілася каля капішча і памерла...”.
– Табе не першы раз чыніць загубу, – не збаялася. – Ты адурманены злосцю, помстай. Ты – з княскай сям’і, бацькоў тваіх загубіла княгіня Вольга. Вас пашкадавала. Ты пакутаваў, але разлічыў: калі твая сястра стане хоць бы толькі палюбоўніцай Святаслава, то ён верне табе бацькаў пасад. Не вярнуў. Ці не паспеў: па зламыснасці візантыйскай і па іхняй падказцы яго загубілі печанегі. Тады ты стаў хітры і злы. Захацеў Уладзіміра ў руках трымаць. Зноў нічога ў цябе не выйшла. Уладзімір змусіў цябе, дзядзьку, яму служыць. А ў Кіеў не буду пісаць, што хвалю гэты шлюб. Скажу толькі: не супраць яго і перастаю лічыць сябе жонкай Уладзіміра.
– Я еду ў Ноўгарад з дружынай вялікай і візантыйскім епіскапам, – сказаў той. – Будзем, калі трэба, і сілай нішчыць старыя ідалы і гнаць люд у ваду на хрост. Каб застацца жыць, ты і Ізяслаў таксама павінны ахрысціцца. Ужо днямі. А потым ахрысціць зямлю палацескую. І пра гэта павінна напісаць. А мужа табе падбярэ ўжо Ганна наша.
– Болей замуж не пайду, – цвёрда сказала яна.
– Дык хто вас будзе карміць?
– Люд не дасць прапасці з голаду.
– Ладна. Парадую: візантыйскія базілеўсы, Уладзімір і Ганна, баяры нашыя рашылі лёс Ізяслава. Ён паедзе князем у Палацеск і па бацьку падоўжыць род Рурыкавічаў, а па табе, па кудзелі, – род Рагвалодавічаў.
Нарэшце не толькі за месяцы, але і за многія гады шчасліва ўстрапянулася сэрца: хоць з адным дзіцем ды будзе ў родным Палацеску! Ізяслаў – яго дзедзіч-князь! Хай сабе не ганарова “па мячы”, а “па кудзелі”, але род палацескіх князёў, гісторыя Палацеска падоўжацца! Зірнула на сына: ажывіўся, асвятлеў тварам і ён. Адчувае тое, што ведае яна.
Дабрыня назіраў то за ёй, то за Ізяславам, паблажліва пасміхаўся з зіхоткага бляску ў іхніх вачах. І раптам ужо са злараднай насмешкай:
– Ізяслаў паедзе ў Палацеск адзін. Без цябе.
О, хрысціянская міласэрнасць! Льнулі, як з бадні ледзяной вады! Больш – ткнулі шылам у сэрца! Як? Адзін? А яна?
– Ён жа малалетні яшчэ, нікога там не ведае, – усё ж не стрывала, зажалілася.
– Пры ім пасаднікам будзе мой сын, – “супакоіў” ужо вясёлы Дабрыня. – Сталы, кемлівы, разважны, здольны пеставаць юнага князя і памагаць кіраваць княствам.
Рагнедзіна сэрца адстрапянулася ад радасці, зайшлося мо і самым занылым за ўсе часы болем. Ужо зусім не мела сіл стрымацца, не толькі дала волю слязіне – душа, вочы затуманіліся, аплылі слязьмі, і яны пацяклі па шчоках.
– Што ж вы, міласэрнікі, дабрадзеі, чыніце? – адчаілася. – Вы рвяце мне сэрца! Адбіраеце ад мяне ўсіх дзяцей! – Яна ўставіла позірк у Дабрыню, дык не бачыла, што Ізяслаў анямеў і стаў белы-белы. – Як мне жыць-быць адной, як персту?!
– Паўтараю, ты можаш выходзіць замуж, мець яшчэ дзяцей, – яе слёзы Дабрыню не кранулі.
– Як бяздушна! Нелітасціва! Бязлітасна!
– Так? Дурная, табе будзе вялікі падарунак – тваё жыццё... Базілеўсы візантыйскія, іх любімая сястра добра ведаюць: ты – стрэмка Уладзімірава. Яны мала вераць, што ты проста так адмовілася быць вялікай княгіняй. Напішы, што гэта так. Тады твае дзеці будуць дагледжаныя. Яраслаў паедзе князем удзельным у Растоў, Мсціслаў – у Цьмутаракань, а Усевалад – ва Уладзімір-Валынскі, што, як ведаеш, на мяжы з ляхамі. Іншыя Уладзіміравы сыны паедуць у іншыя гарады. Вось я вязу Вышаслава ў Ноўгарад, а Святаполк паедзе ў ваш любімы Тураў.
Вышаслаў – самы старэйшы сын Уладзіміра з варажкай Алогіяй; яе бацька даў сілу зяцю, каб ён вярнуў сабе Ноўгарад, узяў там падмогу і рушыў на Палацеск і Кіеў. Уладзімір і Алогія, як казалі, толькі кароткі час жылі як муж і жонка. І з-за яе, Рагнеды, і з-за таго, што Уладзімір падмануў яе землякоў-вояў: кляўся, што шчодра заплаціць ім за паслугу, але пасля сваёй перамогі плату адкладваў, дык урэшце пакрыўджаныя памагатыя сыйшлі на службу ў Візантыю. Святаполк – сын Яраполкавай жонкі, балгарыні Мілалікі. А вось хто яго бацька – пра гэта рознае гаварылі. Адны называлі Яраполка, іншыя – Уладзіміра. Святаполк рос злым ваўчанём. Мо і па настроі маці. Святаслаў хацеў зрабіць сваёй сталіцай у паваяванай ім балгарскай зямлі; казалі, балгары згадзіліся і на гэта, і на тое, каб ён, язычнік, узяў за жонку іхнію манахіню. Ды штосьці не выйшла, сталіца засталася ў Кіеве, а Мілаліку Святаслаў перадаў як жонку... сыну Яраполку. Пасля яго забойства Уладзімірам яна, нашмат старэйшая, нялюбая, па тагачасным звычаі дасталася яму, Уладзіміру. Да яе і Святаполка той быў абыякавы. Цярпеў па законе таго часу.
– Уладзімір не зусім жадаў укняжваць сыноў, – патлумачыў Дабрыня. – Пазней, пасля яго, яны могуць не паладзіць, перасварыцца, пайсці адзін на аднаго вайной. Як ёю вызначалі сваё месца на кіеўскім пасадзе Алег, Яраполк і ён, Уладзімір. Ды ён мусіў услед за бацькам Святаславам парушыць “единодержавие”. На гэта настояла Візантыя. Каб не надта ўмацоўваць Кіеў, Русь. Таму і яна настаяла даць найбольшыя правы твайму Ізяславу...
– Хоць дачок пакіньце пры мне, – Рагнеда, канечне, прыслухоўвалася да ўсіх гэтых навін, ды мусіла папрасіць пра іншае. Пра крэўнае. Мацярынскае.
– Не. Імі будзе апекавацца Ганна. А потым яны стануць жонкамі тых князёў, што будуць патрэбныя Кіеву, – як адсек Дабрыня, а пасля забадзёрыўся да Ізяслава: – Ну што, княжыч? Рады?
Ізяслаў змаўчаў. Яго мо не столькі ўсцешыла, што ён будзе ўзвышаны, колькі засмуціла тое, што ён апынецца без апірышча – любімай маці.
– Едзь і помні пра вялікую ласку да цябе, – вёў сваё Дабрыня. – Без матчыных пяшчот, пры розуме і моцнай руцэ, кажу, сталага пасадніка ты станеш сапраўдным князем. Але помні: ты – не толькі ўнук Рагвалода, але і Святаслава. То слухайся парад свайго мудрага бацькі-базілеўса, будзь яму верным сынам. Не гардавусся Палацескам. І не настройвай яго на нязбытнае. Мо і ведаеце, Палацеск ужо не трымае ў сваіх руках многія валокі па шляху, што вядуць з варагаў у грэхі. Дык не надумайся адбіраць іх у бацькі. Іначай ён строга пакарае цябе. А жаночую ласку табе скора дасць жонка. Ганна падбярэ табе годную князёўну.
Калі Дабрыня пакінуў іх, Рагнеда шпарка кінулася да кута святліцы, узяла венік-дамавік і падмяла да таго ж кутка ўсю мясціну, дзе ступалі ногі страшнага для яе чалавека. Каб вымесці яго і адсюль, і з памяці.

5.

Пры Дабрыні Рагнедзе і Ізяславу дазволілі выходзіць з церама не толькі на двор, але і па-за яго. Дык яна бачыла ўжо, як свіслачане святкавалі камаедзіцу. Іх запрашалі не ў адну драўляную будыніну і паўзямлянку, палівалі ім рукі з глінянага гляча, што наверсе меў форму разяўленай мядзведжай зяпы (мядзведжая галава на адным са слупоў пасярэдзіне была і на капішчы ў Валоўшчыне), частавалі вараным рэпнікам, аўсяным кісялём, гарохавымі камамі. Пасля, калі старыя і малыя паляжалі на тапчанах ці на ложках, паварочаліся (каб было лягчэй устаць у бярлозе мядзведзю), пацешыліся забаўкай аднаго з гаспадароў з прыручаным мядзведзем. Праўда, калі затым ушаноўвалі адну з маладзіц, Дабранегу, як самую дужую сярод жанчын, якая магла паваліць долу не аднаго мужчыну (значыць, яна волатаўскім ростам і сілай, водалюбствам, апякунствам маладых і парадзіх, ваярствам удалася ў сяброўку бога Вялеса), засмуцілася. Ёй успомнілася стрыечная сястра, дачка дзядзькі Тура Настасся. Яе таксама называлі волаткай: яна спрытней за многіх мужчын-ваяроў вершнічала на кані, страляла з лука – магла зводдаль стрэліць ва ўваткнуты касяком у дрэва нож так, што стралу расколвала аб лязо. Было паданне: аднойчы гэтым пасаромела перад воямі свайго маладога мужа-асілка, і той, падпіты, не выцерпеў насмешак за свае няўдалыя стрэлы і новую стралу паслаў не на нож, а ў любімую жонку. Самалюбец-гарачун, загубіў і яе, і ненароджанае дзіця. Ад жаху вояў апомніўся, увагнаў меч сабе ў грудзі...
Рагнеда і Ізяслаў сузіралі, як прыляцелі буслы – марудна веславалі парамі, плаўна кружыліся над паселішчам, а пасля велічна апусцілся на старое гняздо, на яшчэ летась накрытую барану. Прынеслі люду не адну радасць: і ўшанаваннем, і знакам, што некаму “будзе ўкінутае дзіця”, і дабравесцем, што ўжо зямля перастала быць цяжарнай, пачынае свае роды, дык можна араць і тое-сёе сеяць. Скажам, у сонечным і загадзя ўгноеным месцы зерне капусты на расаду, а неўзабаве – авёс, пасля пшаніцу, проса. Услед за прылётам буслоў наваколле асвятлелася, нібы разгарнулася, водарна і п’янка запахла – вясенняй сырасцю, сухім удзень паветрам, падцепленай зямлёю, авесялым жытам ды маленечкімі вяршочкамі маладой травы.
Сёння, у сонечны, з высокім блакітным небам, ацеплены, нават гарачаваты красавіцкі дзень, Рагнеду і Ізяслава падвялі да нешырокай, ужо з даволі празрыстай вадою ракі, толькі яшчэ з голымі алешынамі, лазой і з набухлымі пушыстымі кветкамі на вербах абапал берагоў (нямала галінак на вербах было адламана – на пляценікі (кошыкі). Тут, на лузе яшчэ з леташняй, шэрай травой, але ўжо і з адростачкамі новага, зялёнага пустазёлу, з вырытымі кратамі ўзгорачкамі чорнай зямлі, сабраўся прысвіславіцкі люд. Усе, хто мог хадзіць, – старыя, маладыя, дзеці. Яны з цікавасцю азіралі незвычайную працэсію – яе з сынам, Дабрыню, трох незвычайных візантыйцаў, свайго Мудраслава і дружыннікаў, – што кіравалася да грудка каля рэчкі.
Гэтае прысвіславіцкае паселішча было невялікае, усе добра ведалі адзін аднаго, дык раней мігам разышлася погаласка пра тое, што тут заявіліся былая полацкая князёўна, цяпер вялікая княгіня кіеўская і яе старэйшы сын. А цяпер таксама птушкай абляцела навіна: прыезджым, іхняму Мудраславу і ім усім трэба будзе прымаць новую веру. Вось і загадалі ўсім сабрацца тут. Незадоўга да таго часу, калі тут і воддаль звычайна збіраліся грамадою вітаць Ярылу – бога сонца і плоднасці. Як Рагнеда добра помніла, звычайна раней вось гэтак жа сыходзіліся людзі, да белага каня падводзілі і садзілі на яго маладую прыгожую дзяўчыну ва ўсім белым і ўхарашаванай першымі вясновымі кветкамі. Вакол Ярылы моладзь карагодзіла, спявала. Цяпер не было ні слупа, ні белага каня і дзяўчыны на ім. Таму люд быў не проста насцярожана сціхлы, а разгублена- ашаломлены. Тым больш, што яго абкружыла дружына ў баявых даспехах.
– Крывічы і сем’і дрыгавіцкія, – на грудку наперад іх выйшаў Дабрыня ў сваіх шыкоўных стаўбуне, кафтане і ботах, уладна падняў руку. – Глаголеці буду ад імя вялікага кіеўскага князя Уладзіміра, мітрапаліта кіеўскага Міхаіла і па просьбе епіскапа Іаакіма, – кіўнуў галавою таму, пажылаватаму, выпешчанаму тварам, строгаму, які пазіраў на ўсіх звысоку (быў у цёмнай рызе, але з багата ўпрыгожанымі яркімі накладніку на плячах, мітры і падвесцы на грудзіне, з посахам у руцэ; тыя візантыйцы, якія стаялі абапал яго, былі маладзейшыя і нібы на адзін твар і ўбор – у чорнай рызе і клабуку на галаве, з падвесным крыжам на грудзіне). – Бачыце, які сёння яркі, светлы і цёплы дзень! Вы па-старому лічыце: такую радасць дае нам нейкі Ярыла. Не! Не было і няма ніякага Ярылы! Гэта – выдумкі старых, цёмных людзей! Як і пра іншых стодаў ці, як яшчэ кажуць, ідалаў. Яны – ад нашай старой веры, а яе ўжо многія языкі (народы) палічылі паганскай. (Як вядома, слова “паганства” па-лацінску мела абразлівы сэнс, як прыкладна ў нас вымоўе “дзеравеншчына”. Хоць старая вера ў шматлікіх народаў шчыра была язычніцкая – г. зн. шматбожная, ідалапаклонніцкая, калі не толькі прыносілі крывавыя ахвяры, але і бераглі кожныя раслінку, жывёлінку, норавы і звычаі сваіх прадзедаў. – Г.Д.).
Дабрыня вёў сваю казань далей:
– Амаль усе нашы суседзі адмовіліся ўжо ад ідалаў, перайшлі на новую веру. Яны параілі зрабіць гэта і нашаму Уладзіміру. Ён паслухаў магаметанаў, іўдзеяў, хрысціян ад Царграда і ад Рыма. Потым паслаў у тыя краі мудрых людзей: паглядзіце і скажыце сваё слова пра тыя рэлігіі. Затым сабраў многіх мудрых людзей і ўсе разам паслухалі ім пасланых. І амаль усе пагадзіліся: нам найбольш падыходзіць хрысціянская вера з Візантыі. Такое слова сказаў і вучоны муж з Палацеска Іаан. Яго ведае і Рагнеда, што во за маімі плячыма, – не азіраючыся, на яе паўз плечука толькі тыцнуў вялікім пальцам. – Вялікі князь, баяры паслухаліся яго. Гэта во, – паказаў на неба, – сонца, святло і цяпло наступіла пасля непагадзі. Ад новай веры. Яна – не ад зямнога нейкага бажка – ад нябеснага Бога! Ён утварыў Сусвет, ён і ўладар яго! Ён – трыадзіны: бог-бацька, бог-сын і святы дух. Бог-сын, Хрыстос, узяў на сябе кару за грахі чалавечыя, прыняў смерць на крыжы, то наш усіхны выратоўца. Яго ўмярцвілі ворагі і рымляне, ды ён уваскрос, узняўся ў неба. Вучні-апосталы перадалі нам яго наказ. Ён так і называецца: Новы запавет. Калі мы пачнем слухацца яго і нашага вялікага князя (а ён будзе са слугамі Хрыстовымі спаўняць яго волю тут, на зямлі), то будзем жыць не толькі на цвердзі зямной, але і ўвысі, на небе. У пакоях нябесных. Ураі. У Богу і праз Бога. Калі ж хто не прыме святога Новага запавету, падоўжыць жыць з сілай грэшнай, па старых забабонах, у непаслушэнстве і не раскайванні, то яго чакае пасля смерці пекла – гарачая смала ў катле. Ад веры Хрыстовай нам будзе і яшчэ вялікае святло – храмы божыя, духоўныя вучылішчы, грамата, кнігі боганатхнёныя. Самыя разумныя, душой адданыя новай веры, праведнікі навучацца чытаць і пісаць, яны будуць шмат ведаць, а з імі і мы ўсе перастанем быць цёмнымі. Праўда, цяпер многім можа не спадабацца тое, што хрысціяніну трэба мець толькі адну жонку. Адна яна будзе і ў вялікага князя Уладзіміра – візантыйская царэўна Ганна. Рагнеда, – зноў непачціва, не павярнуўшы галавы, патыкаў тым жа пальцам паўз плечука, – згодная з гэтым. Як і згодная з сынам сёння ж і асвяціцца хростам. Яна сама можа сказаць тут жа пра гэта. А хрост дасць ваш свяціцель, святы айцец візантыйскі епіскап. Канечне, не так як яго давалі вялікаму князю Уладзіміру. А так, як можна тут, у вашай глушы. Ад аднаго майго кіўка гэтай рукі... – Замаўчаў на некалькі хвілін, вытрымаў паўзу. Пасля: – Глядзець буду пільна, дзе ваша згода, а дзе непакора! Вялікаму князю кіеўскаму Уладзіміру! Ён так і сказаў: хто не са мной, той супраць мяне!
Канечне ж, бадай, усе не зразумелі, тым больш не пахвалілі ў душы, пра што ён, грозны Дабрыня, гаворыць пра новую веру, але ўсе, старыя і малыя, кожнай жылкай адчулі іншае – баявых Дабрыніных дружыннікаў перад сабой і за плячыма. Яны тут не для пацехі і забаў!
Названы епіскапам (у грэчаскай мове “наглядчык”) Іаакім нечакана са строгасці змяніўся нібы на міласцівасць і, мабыць, крыху разумеючы палянска-кіеўскую гаворку, не зусім чужую да крывіцка-дрыгавіцкай, хітнуў Дабрыні ў знак падзякі галавой, павярнуў галаву да праваручнага сусвяціцеля – той шпарка са срэбным глечыкам рушыў да Свіслачы, зачэрпнуў там вады і зноў паўстаў каля свайго старэйшыны. А той быццам безуважна павярнуўся да яе, Рагнеды, Ізяслава, Мудраслава з сям’ёй. Леваручны памагаты епіскапа паднёс да іх ікону.
– Рагнеда, – спаважна прамовіў Іаакім помессю славянскай мовы. –Знаю добра: хто– хто, а ты ведаеш: гэта – абраз Найсвяцейшай Багародзіцы, маці Хрыстовай. Яна нарадзіла яго, Хрыста, ад духу святога сабе і на радасць, але і на гора вялікае. Каб яе сын адзіны і любімы праз пакуты пайшоў на подзвіг вялікі. Подзвіг яго адбыўся. Ты – зямная жанчына вялікая, маці дзяцей многіх. Ці згодная ты ўшанаваць боль матчын, пакланіцца той маці, Хрыстовай?
– Я любой маці пакланюся нізка, – звышспакойна адказала яна незнаёмаму ёй візантыйскаму свяціцелю. – Але і вы зразумейце мяне: у той Маці было адно дзіця, а ў мяне іх – шасцёра! Значыць, і боль мой большы.
– Але яно, тое адно дзіця, пайшло на такія нечуваныя пакуты і смерць дзеля людзей на ўсім свеце. А твае дзеці будуць дагледжаныя! Укняжаныя! Дык ты супраць іх шчаслівай долі? Ты можаш хоць крыху ўзяць на сябе сваю асабістую горыч мацярынскую? Адмовіцца ад звання вялікай княгіні і стаць простай рабай божай? Божай авечкай у божым статку?
– Магу. Калі гэта трэба дзеля маіх дзяцей і ўсіхнага людскога дабра, – ужо ахвяруючы ўсім сваім душэўным, адказала Рагнеда гэтаму Іаакіму, які з магутнай дружынай Дабрыні прыбыў менавіта сюды – дзеля яе скоранасці. А там далей – паслухмянасць усяго гэтага годнага для жыцця чалавечага, духоўнасці яго люду, які цяпер замёр: а як павядзецца яна, былая князёўна полацкая? Яна можа ахвяраваць сабой, але яна не мае ніякага права ахвяраваць гэтым людам. Самага лепшага з яго сёння ж выб’юць, і за гэта віна ляжа на яе. І мо на яе дзяцей. А маленечкай з іх няма яшчэ і двух гадоў! Згодна біблейскіх паданняў, тая Маці змірылася, аддала на пагубу адзінага, лёгка народжанага ад Духу сына, але як абыякава аддаць у чужыя рукі на жыццёвыя турботы з зямным болем спароджаных шасцярых дзяцей?! І што яна цяпер павінна тлумачыць роднаму крывіцкаму люду? Пакланяйцеся Уладзіміру і ім пакліканых свяціцеляў, кайцеся перад новым Богам? Не будзьце самімі зямнымі, а толькі спадзявайцеся на рай на тым свеце?!
Праваручны святаслужка паказаў вачыма ёй, Ізяславу і Мудраславу працягнуць далоньмі рукі. Кожнаму тры разы льнуў на іх, каб яны апалосквалі вадой твар. А потым паказаў стаць на калені. А калі яны апусціліся, то епіскап паводзіў перад імі крыжам, гаварыў і спяваў ужо на, можа, толькі ёй і Ізяславу зразумелай грэчаскай мове.
– Вось яны– першыя тут хрысціяне, – калі яны зноў сталі на ногі, сказаў Дабрыня. – У Кіеве, у Ноўгарадзе хрост будзе іншы. Там ідалы будуць патопленыя, а люд амыецца ў рацэ. А цяпер, тубыльцы, слухайце іншае! Вялікі князь Уладзімір ласкава пасылае князем у Палацеск сына Ізяслава, – як па-бацькоўску прытуліў таго да сябе. – Ён становіцца і вашым князем. А паселішча ваша з сённяшняга дня – хрыстаносны град Ізяслаўль. Дык прысягніце свайму князю, сыну Уладзіміраваму, унуку Святаслава на вернасць! І таксама прыміце хрост.
Усе збянтэжыліся; старэйшыя пачалі абменьвацца позіркамі адзін з адным. Канечне, уражвала, што акленчыліся былая полацкая князёўна і яшчэ нядаўна вялікая княгіня кіеўская, яе сын, іхні Мудраслаў, але...
– Вы – што?! – прыкрыкнуў Дабрыня. – Супраць волі Уладзіміравай? Супраць сына яго Ізяслава?! Супраць свайго Мудраслава, які будзе тут мо і пасаднікам?
Людскі гурт разгубіўся; Рагнеда сэрцам адчула: бадай, ніхто не быў супраць таго, каб тут закнязіў Ізяслаў, але зноў жа “але...” Вера! Здрада хоць сабе і “старой”, як кажа Дабрыня, але дзедаўскай!
– На калені! – уладна загадаў Дабрыня. – Хто не паклоніцца, хай не наракае на мяне! Кажу ж, загад! Калі аслухаецеся, з кожнай сям’і выберам па чалавеку і...
І выхапіў з похвы меч, ускінуў руку з ім уверх:
– Хочаце спазнацца з ім, вострым і смертаносным?
Люд бухнуў вобзем. Візантыйскі епіскап, канечне, цяпер, можа, і не мог не адной сотні чалавек па тры разы ваду на рукі ліць(колькі трэба было бегаць па яе); ён зноў прачытаў сваю незразумелую людзям малітву, бласлаўляў усіх крыжам, а потым у паднесены памочнікам глечык апускаў кадзіла і акрапляў ім каленнасхілены люд. Пакуль ён хадзіў сярод паствы, а Дабрыня з уцехам назіраў за гэтым, адбылася такая размова:
– Я нічога не зразумеў з малітвы гэтага Хрыстовага слугі, – улучуўшы момант, шапнуў Рагнедзе Мудраслаў. – Чужая нам мова.
– Але такой яна будзе для нашых асветных людзей, – шэптам адказала яна. – Гэтай веры трэба не столькі, каб просты люд у чымсьці разбіраўся, а каб найперш верыў, пакланяўся... І Хрыстоваму слузе, і князю...
– Не хутка, княгінька, люд паверыць чужаземнаму, адрачэцца ад свайго, роднага... Калі ты едзеш у Палацеск?
– Мяне туды не пусцяць. Змушаная застацца тут, пры табе.
– Як?
– Вось так... Не трэба я там, пры сыне і людзях сваіх... Але пра гэта пазней. Калі адсюль выберацца гэты коршак...
– Мы цябе ў бядзе не пакінем.
– Дзякуй. Тады папрашу: я дам табе куны, грыўны – пабудуй для мяне паўзямляначку. А сам вяртайся ў свой церам.
– Што ты, княгінька?
– Я не магу больш жыць у харомах і церамах... Не магу жыць у палатах-святліцах, сытна есці, весяліцца, моцна спаць...

... Дабрыня падаўся хрысціянізаваць Ноўгарад; Рагнеда мусіла выпрасіць у яго некалькі дзён, каб пабыць на развітанне з сынам.
“Дык што ж усё-такі ты будзеш рабіць тут, у гэтых лясах і балотах?” – запытаў ён.
“Жыць, – як заўсёды дзёрзка адказала яна. – Ці дажываць”.
“Не хітруй. Калі ты толькі паспрабуеш неяк трапіць у Палацеск альбо перадаць свае павучэнні Ізяславу, цябе чакае верная смерць!..”
“Што ж, памучуся тут. А потым, можа, пайду ў чарнарызніцы. Я ведаю, што гэта такое, – манашка.”
“Але ж і ў Кіеве яшчэ не хутка будзе манастыр”.
“Значыць, я стану першай манашкай на землях гэтых. Без манастыра”.
“Усюды ты хочаш быць першай!”
“Памыляешся. Я не першая нявеста Хрыстова. Але ад імя Яго буду маліцца за дзяцей, за люд гэты...”

...Ізяслаў жа пры развітанні, калі выходзілі з Мудраслававага церама, каб яму сесці на каня і з Дабрыневымі дружыннікамі ехаць у Палацеск, утуліўся ёй у грудзі:
– Мама! Мамачка! Родненькая!
– Едзь, сынок, – сказаўшы ціхенька, каб не пачула чужое вуха, папрасіла. – Такі ўжо выпаў якраз табе лёс. Цяпер адному паслужыць і прадзедам нашым, і ўсяму люду палацескаму, іхнім дзецям, унукам. Больш назірай, слухай, чым гавары. Мацуй Палацеск. Паволі спазнавайся з усімі суседзямі палацескімі, старайся зрабіць іх не ворагамі, а сябрамі. Потым ох як гэта спатрэбіцца! Калі – на тое прыйдзе свой час...
– А мы бачыцца будзем?
– І на гэта пакажа час, – а пасля зноў ціхенечка яму на вуха: – Яшчэ – пра час. Прыйдзе ён – ты пасталееш, жэнішся. Як казаў Дабрыня, знойдзеш ласку жаночую. З жонкай. Радуйся, калі табе трапіць пекная, пяшчоты і дабрыні вялікай. І я цешыцца буду за гэта. Але толькі прашу цябе сардэчна: не называй свайго сына Уладзімірам. І каб твой сын не называў свайго сына так. Чуеш?
– Чую, – прашаптаў таксама Ізяслаў. І ўжо зусім стала: – Так і будзе, мама.

З “Рукапісу...”

“Божа, як засвяцілася мне наша даўніна, калі я прачытаў старажытны полацкі летапіс!
Як я па-новаму спазнаў кароткі век жыцця лёс і сёння для многіх загадкавага Рагвалода! Лёс для яго, чалавека і князя, трагічны, а для нас... шчаслівы! Шчасны тым, што быў Ён, гэты багамі старымі пасланы нам Рагвалод! І сваёй смерцю Ён напрарочыў ацалелым ад Уладзіміравага мяча, нават нам, цяперашнім, годнасць Людзей, Народа, Дзяржавы!
Які па-чалавечаму высокаўзнёслы, але і не па-чалавечаму звышпакутны Рагнедзін шлях! Колькі чаго яна выцерпела! Але як адуховіла, наладзіла быць у вялікім сэнсе Будаўніком старэйшага сына, Ізяслава! Якія іншыя былі б пры ёй малодшыя сыны і іхнія дзеці ды ўнукі, некаторыя з якіх Полацку ўчынілі шмат зла!..
Розны лёс Рагнедзіных дзетак, ёй так аплаканых, што, можа, і ад выплаканага яе чалавечае сэрца не вытрывала, спынілася, каб яна больш не пакутавала на гэтым свеце, дзе ёй было забаронена нават бачыцца са сваімі крывінкамі!.. Калі пра Ізяслава найбольш напісана ў полацкім летапісе, то, скажам, пра яго малодшых братоў Яраслава і Мсціслава, нямала напісана і ў іншых хроніках, у тым ліку і замежных, з часу першага гісторыка ўсходнеславянскіх і суседніх зямель Нестара.
Паселішча, куды з Кіева перабраліся Рагнеда і Ізяслаў і названае ў гонар Ізяслава, полацкі летапіс спачатку называў па-рознаму – Изяславль, Жеславль, Жаславль, але затым прыжылося іншае, апрошчанае, ахарошанае, як кажуць, просталюдзінамі: Заслаўе.
Ізяслаў аднавіў і павёў далей лад дзеда Рагвалода. Праўда, спачатку не меў ад гэтага вялікай радасці... (далей пра гэта ў апавяданні “Ізяслаў”. – Г.Д.). На жаль, мне не ўдалося шмат вычытаць, як жыла ў Заслаўі ў глыбокай самоце ўжо не вялікая кіеўская княгіня Гарыслава-Рагнеда, а манашка Анастасія і што ды як яна дзеела. Таксама, на жаль, маю зусім скупыя звесткі пра Рагнедзіных дачок, Ізяслававых сясцёр Прадславу і Праміславу, хоць яны ў свой час былі вядомыя. Яшчэ раз паўтаруся: калі не першыя, то адны з першых з дачок усходнеславянскіх князёў сталі жонкамі замежных уладароў, дык і самі розумам, высакароднымі дзеямі, і дзецьмі, унукамі спрыялі іншым краінам. Яшчэ менш магу штосьці сказаць пра самага малодшага Рагнедзінага сына Усевалада: ён і не вызначыўся, як Ізяслаў, Яраслаў ды Мсціслаў, і мусіў ратавацца ўцёкамі са свайго княства, рана скончыць сваё жыццё за мяжой (тое-сёе з Ермаловічавых доследаў пра Прадславу, Праміславу і Усевалада ў творах з такімі назвамі таксама будзе далей. – Г.Д.)”.

(Працяг будзе)