12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генрых Далідовіч

_____________________
Рурыкавічы і Рагвалодавічы.
Раман у апавяданнях з прадмовай і пасляслоўямі. (Працяг)

Апавяданне другое. Ізяслаў



Воскреснет храбрый Рогволод
В делах и в чадах Изяслава,
И пролетит из рода в род
Об нем, как гром гремящий, слава.
К. Рылееў

Ён (Ізяслаў. – Удакладненне, пераклад з
рускай, вылучэнні мае. – Г.Д.),
будучы па маці Рагнедзе з роду карэнных
крыўскіх князёў, быў крыўскай зямлёй
і дапушчаны як родавы князь, свой, спадчынны.
В. Іваноў, раман “Русь Великая”

1.

– Князь, – узрушана сказаў старэйшына яго дружынніцкай аховы, – да нас госці.
Час быў позні, прыночны. Хоць цяпер, калі снежань сапраўды азіміўся – амацнеў марозам, што сцяў сырасць, глыбока аскарыніў зямлю, аблёдзіў азёры і рэкі, аснежыўся, – яшчэ не ўцёмнілася, як такое было нядаўна, у дажджлівую, ветраную і завыўную познеасеннюю непагадзь. Цяпер нябеснай цемені не давала набраць моц зямная беласць.
Ізяславава жонка, “варагіня” ці “нурманка” Ізольда, а цяпер, у праваслаўі Соф’я, па-простанароднаму Соня (яны сямейнічаюць яшчэ толькі пару месяцаў, днём, закаханыя, абое цешачыся няведаннем родных моў адно аднаго, спазнаюцца з тлумачом, а ўночы – рукамі, губамі), канечне не зразумела, што сказаў вадар іх ахоўнікаў, але па ўстурбанасці таго перавяла на мужа занепакоены позірк.
Госці – найперш тыя, хто нешта прадаваў-перапрадаваў і купляў-перакупліваў, – як казала яму, малому, маці, заяўляліся ў Полацку амаль штодня і раней, яшчэ і да Рагвалодавага княжання: ужо і тады здалёку ведалі, што ёсць рака Заходняя Дзвіна (“Duna”), а пры ёй – “град Полотеск, Полотьск, Полтеск” ці, як пісалі ў паўночных сагах, “Palteskja”, “Palltesjuborg”. Пасля, лічы, спустошання яго наўгародскім князем Уладзімірам, нейкі час госці абміналі гэтую абвугленую і попельную мясціну, дзе, не маючы гаспадароў, гайнямі бегалі беспрытульныя сабакі ды вішчэлі каты, ці яны, госці, вялі дробны гандаль з ацалелымі, найбольш заможнымі прыполацкімі насельнікамі. Ды вось пры ім, Ізяславе, калі горад не толькі як след уваскрос, ажывіўся, але і стаў на ногі, пачаў акузнівацца, амайстэрнівацца, рамеснічаць, а вакольныя землі агароднічаць, жытнявець, – дык вось у Полацку зноў стала шмат прыезджага па рэках і сушы люду, загучэлі розныя мовы, павёўся бойкі гандаль. Радзей, але былі і іншыя госці – князі, баяры з суседніх памяркоўных зямель, падарожныя рамеснікі, розныя дапытнікі да незнаёмых краёў.
– Што за незвычайныя госці? – спакойна запытаў Ізяслаў.
– Тайных слоў умоўных нашых не ведаюць, князь. Значыць, чужыя. Але не называюцца. Толькі... – Грыдзь ступіў бліжэй. – Толькі адзін з іх з палянскім вымаўленнем запатрабаваў перадаць якраз табе ў рукі вось гэта і сказаць: “Гэта – я”.
Ізяслаў ажно ўздрыгнуў: да яго патрапіў срэбнік, што выпусціў “Ён” – ягоны бацька, вялікі князь кіеўскі Уладзімір – у гонар ахрыстасавання ў Кіеве і сваёй жаніцьбы з візантыкай Ганнай. “Гэта – я” азначае, што перад агародай полацкага пасада нечакана заявіўся сам “Ён”. Але чаму і чаго на гэты раз, больш чым праз дваццаць гадоў? Зноў з мячом? Але ён жа, Ізяслаў, ні ў чым не наступіў на нагу Кіеву! Нават словам непрыстойным альбо абразлівым не зачапіў! У гэты час насцярога яшчэ з юнымі рысамі прадаўгаватага, мілавіднага і ўвогуле ўсёй постаці светлавалосай Ізольды пабольшала.
– З якой сілай “Гэта – я?”
– Здаецца, з невялікай, князь, – быў адказ. – Дзясяткі тры вояў і два вазкі.
“Вазок” – гэта цяпер, узімку, канечне ж, княскія сані, а на іх пабудова для некалькіх чалавек з абчасаных на два ці чатыры канты плашак, з дошак, абабітая знадворку вырабленымі скурамі, усярэдзіне – дыванамі, з дзвярыма і акенцамі. Сані запрагаліся некалькімі коньмі. Наперадзе вазка была адашкаваная з бакоў і зверху лаўка для возніка, па-за вазком – накрытая скрыня для рэчаў.
Сіла прыбыла невялікая. Значыць, яна не для нападу. Ізяслаў падняўся, знакамі паказаў Соф’і, каб не хвалявалася, а яму трэба адлучыцца. Пацалаваў яе ў свежанькую шчаку. І грыдзю:
– Каня.
– А колькі вояў? – запытаў той.
– З паўдзясятка.
– Мо больш, князь? А раптам злая сіла заманьвае цябе ў сіло?
– І хто ж, па-твойму, можа быць раптоўны вораг для Палацеска? – падбадзёрваючы, усміхнуўся.
– Усё роўна, князь, не лішне паасцерагацца. Кажу ж, нейкія вельмі скрытныя прыбыльцы.
Неўзабаве Ізяслаў з воямі (грыдзь-старэйшына загадаў усёй старэйшай дружыне ўпотай быць напагатове) зімовай паўзмрочнай ноччу выехаў з дзядзінца, дзе яшчэ там-сям блішчэлі балонкі ад лучніц, з ужо заціхлага пасада і непадалёку за варотамі горада ўгледзеў адзіночнага вершніка ў цёмным футры. За ім стаяла двое саней-вазкоў, запрэжаных тройкай коней, а за санямі застыў гурт вояў-коннікаў. Паколькі пэўная светласць была не нябесная, а зямная, то ценю ад усіх іх не было. Запахла конскім потам. Значыць, “Ён” ужо нямала часу ў дарозе. Няспешна наблізіўся да пярэдняга вершніка і параўняўся з ім.
– Здраствуй, сын, – павітаў той. Даўнавата ўжо не чуў бацькавага голасу, але прыглухаватасць яго адразу ж успомнілася.
– Вітаю, вялікі князь кіеўскі, – гэтак жа ціха адказаў.
– Канечне, ты здзівіўся, што я тут, – бацькаў голас быў невясёлы. – Мо і насцярожыўся. Будзь спакойны: я прыйшоў да цябе не з мячом, а з мірам. Ды патлумачу ўсё пазней. На санях – вялікая княгіня Ганна, твае сёстры Прадслава і Праміслава, мае малодшыя сыны. Толькі ніхто, апроч цябе і тваёй жонкі, самых верных тваіх мужоў знатных, грыдзяў, не павінен ведаць, што мы тут... Упусціш у горад, найперш абагрэеш жанчын і дзяцей? Ці не верыш мне, лічыш нас за вераломнага траянскага каня?
– Прашу, – Ізяслаў больш не сумняваўся ў бацькавай праўдзівасці, павярнуўся і паказаў рукой грыдзям даць гасцям шлях у горад, яшчэ больш здзіўляючыся: што ж усё-такі змусіла пагрозніка Візантыі, ляхаў, пераможцу вяцічаў, яцвягаў, радзімічаў папрасіць у іх прытулку? І якраз у яго, у нялюбага адлучэнца? Ды яшчэ ўпотай, уночы?!

2.

Ізяслаў быў князь-дамасед. Рэдка калі адлучаўся з Полацкай зямлі (час ад часу рабіў толькі патаемныя выезды да радзімічаў (у Прупой (Слаўгарад), Гарадзец (Крычаў), Чачэрск ды асабліва ў імкліва ўзрослы Гомій (Гомель), да дрыгавічоў (за Менск, у Капыль, Клецк, Слуцк; як не хацелася, але мусіў не паказвацца ў падуладжаным бацькам Тураве), яцвягаў, літвы, у Панямонне і ў прываражскія землі; адтуль таксама наведваліся да яго на сакрэтныя перамовы). Гэтыя ягоныя і да яго адведкі пакуль што не шмат чаго давалі, але, канечне, знаёмства, назіркі, размовы з паўнамёкамі збліжалі Полацк з суседзямі на больш даверлівай аснове, а яно, збліжэнне, павінна спатрэбіцца калі не дзецям, то ўнукам. За дзясяць гадоў аб’ездзіў яе, вотчыну, уздоўж і ўпоперак. Не столькі выбіраўся на палюддзе ў тыя мясціны, дзе былі пагосты з селішчам для князя, клеці і адрыны для сабраных двароў, гандлёвая плошча, – збіраць даніну ці суд радзіць. Упарадкаваў падзел на воласці, дзе гаспадарылі назначаныя ім пасаднікі і іхнія памочнікі-цівуны, у сёлах – мужы знатныя, а ў весях з вольнікамі (“смерды” ці найчасцей з назовам “людзі” – у той час яшчэ свабодныя насельнікі, якія перадавалі зямлю па спадчыне (“дзедзічы”) і падпарадкоўваліся толькі князю; як па-савецку, “шырокія сялянскія масы”) ці з чэляддзю – закупамі (найміты), радовічамі (залежны ад “знатных” люд; заключаў “рад” (дамову) з гаспадаром і спаўняў за плату розную работу), прошчанікамі (ад паняцця “прошча” – крыніцы, незвычайныя камяні, нібыта надзеленыя магічнай сілай), ізгоямі (тыя, хто ўсё страціў) – старасты. На памежных суседзяў не нападаў, не захапляўся ловамі і распуснымі гульбішчамі, рознымі дзікунскімі выбрыкамі, чым цешыліся іншыя князі і баяры. Любіў заязджаць да рудаплаваў, лоўчага люду і асабліва да агнішчанінаў – надта да тых, што выпальвалі лес, выраблялі зямлю і станавіліся заможнымі, “князевымі мужамі” (палі ўсё больш станавіліся ворыўныя – гэта значыць, люд пачаў усё часцей аседлівацца, усё больш жыць не толькі вялікімі і малымі родамі, але і асобнымі сем’ямі), ладзілі там селішчы звычайна па 7– 10 “дымоў” (пры дарогах і на гандлёвых шляхах яны, гаспадаркі, былі значна большыя), ухваляў тых багатых, хто браўся рабіць на ўзвышках пры рэках ці блізкіх некалькіх узгорках умацаваныя селішчы-градцы са сваімі аховай, нявольнікамі, ратаямі, кавалямі, камне і кастарэзамі, ювелірамі (радаваўся, што яны добра засвоілі рабіць рэчы з эмалі і чэрні, што не саступаюць іншаземным); там у новых пабудовах былі не толькі адкрытыя ці аслоненыя сценкамі агнішчы, а і печышчы з каменю і гліны, а ў самых самавітых вокны свяціліся празрыстым кіеўскім шклом; некаторым заможнікам наказваў сяліцца па межах Полацкай зямлі, як падмозе іхнім старожам ад нападнікаў. Са сваіх паездак прывозіў шмат самых розных падарункаў і іх збіраў у асобнай палаці свайго хорама. Марыў, каб у селішчах-градцах ці гарадзішчах былі, як на заходніх землях, малапрыступныя замкі-крэпасці. І яны, калі падоўжацца мірны час і багацце, канечне ж, будуць. Пазбавіўшыся ад “апекі” Дабрыневага сына Касцяніна (Канстанціна), загадаў адшукаць тайныя пахаванні дзеда Рагвалода і бабулі Прадславы, перазахаваць іх на выспе на возеры Дрыса і насыпаць высокі курган (радая маці папрасіла: “Пахаваеш і мяне тут, сын”). Як і вучыла маці, да людзей здольных і працавітых быў з ласкай, а да лянотных, марнатраўных, зладзюжных суровы. Старэйшы люд гаварыў, што ён – “у дзеда Рагвалода”, “спакойны, разумны, гаспадарлівы, моцны, як камень”, “дык і пры ім няма бязладзіцы”.
Тое, што ён не весялун, не гуляка, тым больш не блазан альбо блюзнер які, не дзіва: рана шчаслівае пры маці ягонае маленства абрынулася горасным падлецтвам, а з ім – ужо іншы цяжар, нялёгкая ношка княскай улады. Спачатку яна была паднявольная пад насіллем уладалюбнага, незгаворлівага, распуснага і насмешлівага з яго няпрошанага пестуна, Дабрыневага сына Касняціна (яго потым перавялі ў Ноўгарад), а цяпер не менш лягчэйшая з націску на яго, таксама прагнага да вяршэнства, хітрага і жорсткага епіскапа (не выпадкова ўсё-такі ў грэчаскай мове слова “епіскап” азначае паняцце “назірач”). Гэты візантыец не зусім лічыцца з іхняй Палацескай Праўдай, Радай, умешваецца ва ўсё і мірское, патрабуе “наданне” – зямельныя надзелы, дзясятую долю княскай казны (Ізяслаў адмовіўся аддаваць яму ўвесь скарб. Уга, аддай у хіжыя рукі – будзеш сваё ж выпрошваць у яго, які дбае не толькі пра веру Хрыстову, але – больш пра зямныя выгоды; цярпеў і пры люднасці падхвальваў) і права на свой суд не толькі за “идолопоклонство”, чарадзейства, але і за дробную тузаніну паміж сабой рамеснікаў або купцоў, сваркі і нявернасць мужа і жонкі, незаконныя шлюбы. Ледзь што не па ім – скарга мітрапаліту ў Кіеў, а той – да яго бацькі. Таму, бывае, Ізяславу прыходзіцца цярпліва сціскаць зубы, калі епіскап, скажам, дазваляе сабе і без парады з ім загадаць сваім служкам схапіць “богохульника” і наладзіць таму “епитимию” – запраторыць у цёмнае, сырое падзямелле царквы (пакуль што драўлянай, невялікай) і начапіць на руку ці на нагу ланцуг, прыкаваны да крука ў куце мураванай сцяны. Люд па-свойму ацаніў гэта, пачаў называць гэтую царкоўную кару пакутай, а няшчасных падзямельнікаў – пакутнікамі. Епіскап жа, дачуўшыся пра такія гутаркі, пераіначыў назоў “пакута” на іншае – на “пакаянне”: маўляў, грэх вялікі памерці без яго... Хоць ён асуджае “земную алчность”, “питие” і іншыя грахі, ды найперш дарункамі ўдаецца ўціхамірыць яго. А калі і праявай цвёрдасці – пагрозай скаргі мітрапаліту, просьбы прыслаць замест яго іншага, болей духоўнага...
...Сёння, пасля неспакойнай ночы, Ізяслава (Ганна хуценька звяла з сабою яго сясцёр, не дала нават як след пабачыцца з імі – маўляў, “стаміліся за доўгую дарогу”) паланіла незвычайнае хваляванне. Што да бацькі, то яго, сына, ажыўляла толькі цікаўнасць (ён, сын, таксама меў сваіх віжоў як у Ноўгарадзе, у самага старэйшага па бацьку брата Вышаслава, так і ў Кіеве, але тыя не паспелі?, не змаглі? перадаць яму пра раптоўны бацькаў прыезд). Да цяперашняй бацькавай жонкі была абыякавасць. А вось усе іншыя ягоныя думы мроіліся пра сясцёр. Самай маленькай, Праміславе, проста не выпадае помніць яго: ён з маці пакідаў Кіеў, калі яе толькі што адвучылі ад грудзей. Прадславе тады споўнілася восем гадоў, цяпер ёй сямнаццаты. Дык што сыйшлося, жыве з дзіцячай памяці і цяперашняй свядомасці ў той, што магла б ужо не першы год сама быць жонка і маці?
Канечне, няварта непакоіць здарожаных, але яго чэлядзь гатовая была ў любую хвіліну паўстаць перад тымі і перадаць яму іхні наказ. Але паколькі такога не было, дык ён, узбуджаны, чакаў, не ведаў, што... Што Уладзімір, Ганна, іхнія дзеці, Праміслава пасля доўгай халоднай дарогі, смачнай вячэры ў палоне сну ў цёплых палацях, а вось Прадслава абудзілася, агледзелася ў святліцы і адразу ж спазнала, што яна, гэтая святліца, не такая ўжо і чужая ёй. Яна – у матчыным Палацеску, дзе цяпер князіць яе старэйшы па іхніх бацьках брат! Яна ўчора, адхіліўшы край занавесу на акенцы, намагалася агледзець яго. Ды што ўбачыш уночы! Дык ён помніўся як маўклівы і зацяты падлетак, які падняў руку на бацьку. А які ён цяпер, у дваццаць гадоў? А якая сёння, здаецца, трыццацічатырохгадовая маці, ужо не вялікая княгіня Рагнеда, а чарніца Анастасія? Бацька не толькі не дазволіў хоць бы раз наведацца сюды і пабачыцца з ёю і братам, але нават забараніў ўспамінаць матчына імя!.. Няма яе, Гарыславы-Рагнеды – і ўсё! І за вялікую княгіню кіеўскую, і за маці ім – Ганна. А з ёю ў яе любові не выйшла. Можна не гаварыць уголас пра маці, але калі запомніла яе, то з памяці, з сэрца можна мацярынскае, а значыць і даччыное, вырваць толькі праз душэўную глухату. Таму яна, Прадслава, яшчэ летась, калі і гутаркі не заводзілася пра гэтую паездку ў непрыязны для многіх Полацк, і Праміславе паслала праменьчык у душу, зернейка для парастка на веданне пра тую, хто іх нарадзіў, хто, канечне, кожны дзень думае пра ўсіх сваіх дзяцей...
...Пакаёвы ўпусціў у святліцу бацьку.
– Вітаю цябе, вялікі князь кіеўскі, – схіліў галаву ў паклоне і прыклаў руку да грудзіны Ізяслаў.
Цяпер, у светлы дзень, яны пільна акінулі адзін аднаго позіркам. Звыкламу да ўсіхняга пакланення бацьку, канечне ж, не спадабалася, што ён, сын, паводзіцца з ім найперш як з вядомым уладным госцем і не выяўляе родасных пачуццяў, а яшчэ зазначае, што ён, сын, – тут гаспадар вольнай Полацкай зямлі і зусім лёгка абыходзіцца без магутнага Кіева і яго, бацькі.
Уладзімір паблажліва пасміхнуўся замест прывітання. У ёй, гэтай усмешцы, была свая загадкавасць. Мо і крыўда. Хоць епіскап усім тут не прамінае хваліць найперш яго “добродетели”: нібыта ён, некалі прагны на чужую, нават на братнюю кроў і на ўцехі з чужымі жонкамі, “на растлевание девиц”, глухі да горасных чалавечых слёз, славалюбны, любіцель п’янак, з хрышчэннем зусім змяніўся. Стаў “кроток, аки праведник”. Набожны, вялікі міласэрнік, асветнік, будаўнік гарадоў і цэркваў. Ладзіць багатыя пачастункі не толькі пасля вялікай збройнай перамогі, а і кожную нядзелю – для верных баяраў, дружыннікаў, нават для жабракоў і калек. Тым, хто не можа дайсці да яго хорама, пасылае ежу, грыўны. Нават забойцаў мілаваў, толькі караў бірай – штрафам. Ахаладнеў да войнаў, праліцця крыві. Быццам з-за боязі Божага гневу. Праўда, гаварыў епіскап, “духоўныя пастыры вывелі яго з аблуды, настроілі строга распраўляцца са злачынцамі, абудзілі воінскі дух, быць жахам для ворагаў вялікай дзяржавы”.
Дзе тут была праўда, а дзе прыкраса пашанотна і шчодра абласканых святаслужнікаў, цяжка было сказаць пра гэта. Скажам, воінскі дух мог страціць і па іншай прычыне: пазалетась яго, здавалася непераможнага, люта здубасілі раней не раз бітыя кіеўлянамі ваяўнічыя печанегі, і ён з купкай целаахоўнікаў выратаваўся цудам, уночы схаваўшыся з тымі пад мостам. Казалі, таіўся, слухаў, як па мосце скачуць варожыя коннікі і шаптаў: “Ратуй, новы наш Бог адзіны! Застануся жывы – пабудую табе новую царкву!” А хіба на самай справе святасць вялікая, што былой жонцы, яго, Ізяслававай, маці, не дазваляе пакінуць невялічкую паўзямлянку-келлю з гліняным долам, з простарубленым сталом і ложкам, дзе не пярыны, а напхнутыя саломаю сяннік і падушка ў глушэчным “граде Изяславле” і перабрацца ў Полацк? Якая тут не толькі хрысціянская міласэрнасць, а хоць бы чалавечая спагада?
Хвіліну-другую бацька і сын азіралі адзін аднаго. Уладзімір не вызначаўся ростам, здароўем і сілай (яго колішнія “жаночыя подзвігі” мо былі ўсяго толькі наўмысна прыдуманымі пагалоскамі), дык цяпер не ў яркай княскай апратцы, а ў каптане з простага сукна і без аздобы са срэбра альбо золата, сівавалосы, памаршчынены, сутулаваты, быў зусім не падобны на вялікага ўладцу. Раней ён, Ізяслаў, рэдка бачыў яго, бацьку (яшчэ радзей цвярозага), ды падлеткам не мог спазнаць характар таго, а цяпер нават па абліччы здагадваўся пра гэта. Ягоны лекар падказаў: калі ў чалавека высокі лоб, то гэтая асоба ў развазе ўзвешвае і кожную дробязь, круглыя вочы з хітрым прыжмуркам – на эмоцыі, запальчывасць і на тое, што носьбіт іх сваю выгаду не ўпусціць, тонкі, амаль сціснуты рот – нервовасць і жорсткасць, падоўжаны падбародак – рашучасць і настойлівасць. Пэўна, і без гэтых прыкмет бацька якраз такі.
– Здраствуй, сын, – як і ўчора, сказаў той. – Ты не хочешь обняті отца?
Казалі, бацькаў дзед-вараг не ведаў палянскай гаворкі, гаварыў з кіеўлянамі праз тлумача, бацька, Святаслаў, нарадзіўшыся сярод палян, навучыўся ёй, а вось ён, Уладзімір, ужо ведаў яе, як і драўлянскую – найперш праз драўлянку-маці, спасціг і наўгародскую. А што да Ізяслава, то ён засвоіў полацкую. Названыя гаворкі былі не чужыя, зразумелыя, але і адметныя.
Абняць! “Яго!” Адкуль узяць такое жаданне? Таму ад такога бацькавага запыту ён сумеўся і несвядома ступіў таму насустрач. Той – яму. Парукаліся, а потым абняліся; бацька тры разы пацалаваў яго, парадаваўся:
– Бравый! Способный державній владар! Рады за цябе.
Нязвыклая для Ізяслава была такая бацькавая чуллівасць. Ён і раней ужо адчуваў, што з душы пачынае спаўзаць цяжкі камень: жыццё ёсць жыццё, трэба жыць – тым больш у вернутым ім, бацькам, прадзедавым Полацку. Цяпер незнаёмая цёплая хваля да бацькі агарнула яго маладое, але ўжо нямала агоранае сэрца.
– Сядай, нечаканы госць, – запрасіў ён.
Уладзімір агледзеў гэтую княскую святліцу на другім паверсе драўлянага хорама – навошчаны паркет, мядзведжыя скуры пад лавамі і сталом, накрыты белым ільным абрусам стол, ахінуты белай наміткай з каймой абраз Хрыстовай маці над ім на покуці, лучніцу – карытца з вадой нападобе азярка, стаўбунок у форме чалавека, перакладзінку-”руку”, паміж пальцамі якой прыладжваліся лучыны ці свечкі так, каб агаркі з іх падалі ў ваду. Акінуў паліцы з кнігамі (іншыя, як і розныя граматы, былі ў сховах). І нешматслоўна:
– Не гардавіта жывеш, князь палацескі.
– А я не люблю раскошы, – сеўшы ўслед за бацькам, адказаў Ізяслаў і стрымаўся дадаць, што не можа шыкаваць тады, калі яго маці жыве зусім не ў хораме. Дык яму, сыну, грэх вялікі і прыклад баярам паказваў: менш майце прагі да свайго багацця, а кожны па-свойму больш дбайце пра багацце Полацка і яго зямель. Канечне, не ўсім падабалася сціплічаць, але асцерагаліся яго і рэдкага гневу.
Ён ад маці, мудрых баяр дый сам рана спазнаў, што Полацк не абжывецца войнамі, набегамі на чужыя землі, дык настроіўся на дбайныя гаспадаранне і гандаль. Сачыў, клапаціўся, каб з далёкай Сканіі (Скандынавіі) прыбывала чым болей паковак жалеза з горных парод, што было нашмат лепшае за мясцовае з балотнай руды (гэта дазваляла ажалезіць сошнікі, рабіць добрыя сякеры, косы, сярпы, мячы, нажы, наканечнікі коп’яў і стрэлаў, конскую збрую). Адтуль жа прывозілі яшчэ гаршкі, катлы з жыравіка – вапны, што лёгка здабывалася, а пасля апрацоўкі моцна цвярдзела. Улічыўшы, што заняпаў гандлёвы шлях Харэзма, Самарканда, Бухары – Булгара да Ладагі і Ноўгарада, стасункаў з Ноўгарадам не пакінулі, але пачалі шукаць і іншыя гандлёвыя пуцявіны. Да Гняздова (паблізу Смаленска, дзе асела нямала рознамоўнага гандлёвага люду), да прываражскіх абшараў з бурштынам і вырабы з яго, да тавараў з фрызскіх краёў – сукно, збаны для віна, з Рэйланда – віно для багатых дамоў. Шмат было купцоў з Кіева (цаніліся адтуль шкло і белыя гліняныя пасудзіны з зялёнай палівай, а з далейшага поўдня – соль). Наведваліся з Візантыі, з Арабіі, адкуль можна было займець сукно, шоўкі, каптаны і сарафаны, дываны, жаночыя ўпрыгожанні (простыя, з бронзы, з косці ды бурштыну, рабілі і самі або набывалі ў суседзяў: у дрыгавічоў – металічныя пацеркі, пакрытыя зерню, у радзімічаў – сяміпрамянёвыя ды пярсцёнкападобныя скроневыя колцы, дробны бісер, шкляныя пазалочаныя пацеркі, круглыя падвескі, якія сімвалізавалі нябесныя свяцілы). Адтуль, з-за мора Панційскага (Чорнага) цешыліся гваздзікай, карыцай, перцам, а яшчэ ўпадабалі персідскія баявыя сякеры, аздобленыя срэбрам і меддзю. З персідска-сасанідскіх зямель палюбіліся прылады мер і вагаў – вагі і гіркі. Пачаў зноў збірацца запас арабскага срэбра, а да яго дадавацца манеты са Сканіі (на жаль, Рагвалодаў скарб арабскіх дырхемаў і візантыйскага срэбра не адшукалі). Не вярталіся на радзіму тавары з краін, што за морам Варажскім, з зямель цюрынгаў, франкаў.
З Полацка купцы таксама не выязджалі з пустымі санямі і павозкамі, не ўлегцы на конях і вярблюдах, у розныя бакі вывозілі скуры з мя­дзведзяў, ласёў, аленяў, лісаў, рысяў, баброў, зайцаў, а таксама ўпадабаныя добра вырабленыя і аблямаваныя сукном і шоўкам мужчынскія і жаночыя кажухі і кажушкі, футры розных памераў і формаў (ці не выпадковая блізкасць гучання: “кажух” – па-лацінску “crusna”, па-старанямецку “kursinna”, па-старафрызску “kersua?”), аблавухі, боты. Усё гэта найперш ішло ў заходнія краі, дзе таксама магла быць суровая зіма; яшчэ больш даражэйшая пушніна і футры з яе былі за Панційскім морам. Не залежваліся полацкія мёд, воск, арэхі, бяроста. А Сканія ўпадабала тут купляць жыта, што ў іх не вельмі пладзіла. Калі раней многія купцы, пакупнікі разлічваліся скуркамі ці мордкамі-галоўкамі, лапкамі куніц і вавёрак, то цяпер іншаземныя купцы з задавальненнем бяруць за свае тавары полацкія льняныя тканіны: марскія краіны ўпадабалі рабіць з іх парусы для лодак і караблёў Часам праз купцоў траплялі тавары з такой далечы, назвы якой ведалі толькі лічаныя людзі (як па-сённяшняму, Кітай. Ад яго, да слова, плямёны за плямёнамі навучыліся карыстацца дугамі і хамутамі, а таксама мелі розныя лекі; Індыя, адкуль прывезлі зерне палюбленых агуркоў. – Г.Д.). Як і яшчэ задоўга да Рагвалода прадавалі на поўдзень, у стэпы, лес, драўляны вугаль. Менш за іншых, але і Полацк прадаўжаў весці такі высокааплатны гандаль, як продаж рабоў – як хцівых чужынцаў, так і сваіх, каго лавілі на крадзежы і рабаўніцтве ў лесе, на дарогах і па рэках, а куплялі майстроў, маладых жанчын, дзяцей. Тут была дарагоўля: скажам, у Сканіі за аднаго раба давалі 200-300 грамаў срэбра, а ў Полацку можна было купіць-прадаць каня за 150 грамаў срэбра, меч і аздобленую конскую збрую – за 125, карову – за 80, вала – за 50, аброць і свінню – за 10. Іншы кошт: пацерка (шкляная зялёная) – 3 грамы срэбра ці скурка куніцы. Яшчэ даражэйшыя былі скуркі куніц і зайцаў за Понтам: там, скажам, заечымі шкуркамі лячылі боль у паясніцы (разлікі цэнаў на ўсходнеславянскіх землях з даследавання “Славяне і скандынавы”, М., “Прогресс”, 1986, с. 80-82. – Г.Д.).
Радзей, але заяўляліся ў Полацк і іншыя госці – конунгі і ярлы са Сканіі (адзін з іх і прывёз Ізяславу спачатку намаляваную выяву Ізольды, а потым і яе самую), князі і баяры з суседніх славянскіх і іншамоўных зямель, наёмнікі, падарожныя рамеснікі, цікаўныя дапытнікі (сярод іх былі і віжы-выведнікі, з імі трэ было трымаць вуха востра. Не адзін з іх таксама быў строга дапытаны, але не скалечаны, прададзены за патрэбнае срэбра ці выменены за запалоненага палачаніна).
Вось крыху з таго, што было Ізяслававым назіркам і клопатам, што выяўлялася яго, кажучы бацькавымі словамі, “прастатой”.
– Бачыш, журній (маркотны) я. Турбота важкая пагнала мяне з Кіева, – пасля нядоўгага маўчання пастукаў вялікім пальцам па стале Ула­дзімір. – Напасць вялікая насоўваецца на мяне і хутка наляціць хмарай чорнаю...
– Зноў– печанегі? – здагадаўся Ізяслаў. Яны вось ужо каля ста гадоў трымаюць Кіеў у напрузе. То нападаюць, то саюзяцца, але саюзнікі ненадзейныя. Цяпер ярыя Уладзіміравы ворагі. Першы раз маглі расправіцца з ім, калі яго бацька заваёўваў балгарскія землі (каля 968 г. – Г.Д.) і яны асадзілі ў Кіеве княгіню Вольгу з унукамі. Праз гады чатары яны па нашэпце і подкупу візантыйцаў падпільнавалі яе мужа, Святаслава, калі ён вяртаўся дамоў, і загубілі яго. Ужо некалькі разоў уступаў з імі ў бой і Уладзімір.
– Печанегі, сын. Восем іхніх каленаў збіраецца на нас, каб расправіцца са мной. Ворагі даўнія, воі смелыя і лютыя. Вось еду ў Ноўгарад сілы збіраць для адпору. Можа, і ты падсобіш? Хоць дружынай?
– Ты добра ведаеш: сілы вялікай мы не трымаем, – адказаў Ізяслаў. – Ды нам ніхто не пагражае, і мы вайны ні з кім, як ты даў наказ, пачынаць не будзем. Мы – аратыя, дойліды, кавалі, гарбары, ткаллі, каменшчыкі, рыбаловы, паляўнічыя, купцы. Дзетак кемных вучым чытаць і пісаць.
– Ты – дбайлівець, добра агаспадарыў Палацеск. За кароткі час ён стаў і людны, – згадзіўся Уладзімір, змоўчваючы, што той, стары, Полацк разбурыў і папаліў ён. А каб не спустошыў, не абязлюдзіў, то сёння ў ім мо было б каля 10 000 насельнікаў, што зрабіла б яго ў ліку вялікіх гарадоў нават на далёкіх пространях. – Спраўна гаспадарыш, разумна з суседзямі ладзіш. І з варагамі дружбуеш. З радні Олава Труггвасона жонку ўзяў. – І пакрыўджана: – На вяселле бацьку не паклікаў...
“Думаў паклікаць, але маці і баяры адгаварылі, – мог адказаць Ізяслаў. – Сказалі: не трэба тут ён. Не будзем кланяцца яму. Ды тады, на гулянні, што магло б быць? Ці абышлося б без помсты, без нажа якога-небудзь смельчака альбо без атруты кухара?! А гэта – новая бітва...”.
Іначай апраўдвацца Ізяслаў не стаў.
– Ладна, – незласліва прамовіў Уладзімір. – Не будзем жыць толькі з крыўдай і помстай! Але ведай: не будзе мяне (па-вашаму, ліхадзея для Палацеска) – цяжка стане і табе, сын... Ты – адрэзаная скіба, ды я берагу і цябе... Ты – усё ж мой сын, Рурыкавіч. І дзеці твае будуць Ізяславічы-Рурыкавічы. Адно дрэва. Ці мо і ты лічыш: ты, як і Святаполк, – не мой, а Яраполкаў?
– Не, я так не лічу. Я, як нікому, веру маме. Выбачай, яна сказала мне, што хацела выйсці замуж за Яраполка, але дасталася табе цнатлівай... Таму дазволь выказаць табе просьбу запаветную, вялікі князь-бацька, – Ізяславу мільгнула думка спажыць бацькаву лагоднасць( а той ажно павесялеў, калі нарэшце пачуў жаданае слова). – Вярні нам Віцепск і Усвяты. Цяжка нам без іх. Замінка вялікая па шляху з варагаў у грэкі. Клянуся: ні Ноўгараду, ні Кіеву перашкоды ад гэтага не будзе.
Уладзімір лагодна ўсміхнуся, пахітаў галавой:
– Во-во! Не зусім дарэмна перасцерагаюць мае баяры: ты ўжо асмакаваўся княжыць, набіраць сілу. І хочацца ўсё больш і больш. Грозен, сын, становішся! Ды з палацескімі памяццю і гонарам! Усвяты і Віцьбеск цябе яшчэ больш амацуюць, адкрыюць шлях на Смаленск... Ды і небяспека Пляскову (Пскову) і Ноўгараду...
– Нам трэба ўсяго толькі звязаць канцы разарванага.
– Разумею, усё разумею, сын, – уздыхнуў Уладзімір. – Як ужо сам ты пераканаўся, я не проста саслаў цябе на край крывіцка-палацескай зямлі, дазволіў там мець свой град – Ізяслаўль. Я хацеў пабачыць, як на цябе паглядзяць вольналюбівыя дрыгавічы. Калі ўпусціў цябе ў Палацеск, то ты ўзвысіўся – пад тваёй рукой апынулася нямала дрыгавіцкіх зямель уніз па Свіслачы, за Менеск і Нямігу, па сушы (Лагойск. Тут і далей тлумачэнне маё. – Г.Д.), па Бярэзіне (Барысаў). У іншы бок – да Дняпра (Орша, Копысь), па лясы з аўкштайтамі і па азёры з латгаламі (найперш Браслаў). І табе мала гэтага? Святаполк з Турава вушы мне прагудзеў: ты прагна і на некаторыя іншыя дрыгавіцкія абсягі ўжо замахваешся! А хіба ты з маімі даннікамі, радзімічамі, не шэпчашся? – паківаў перад ім пальцам. – Асцярожна, сын! Не перабольш! Ты і так немалую дзяржаву маеш! Пакінь мроі, каб злучыць палацескіх, а то і ўсіх крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў насуперак Кіеву! Буду я жывы ці не, а гэтага Кіеў ніколі не дапусціць!
– У мяне няма такіх мрояў, – апраўдаўся Ізяслаў.
– Калі няма ў цябе, то будуць у тваіх наступнікаў, – пераканана сцвердзіў Уладзімір. – Я табе скажу больш: мае баяры былі не супраць даць табе Палацеск, але яны скрыгочуць зубамі, што ён не ў нашых руках, а сам па сабе і расце, мацуецца. Дык май тое, што маеш: іначай страціш і яго. Не скажу, спраўны гаспадар, але будзь яшчэ і спраўны палітык. А што да Віцьбеска і Усвят, то... Не пра іх мне цяпер баліць галава, а пра вайну з печанегамі. Дык пакіну сям’ю ў цябе, а сам паімчуся да наўгародцаў, чудзі, весі, каб набраць там сілы. Ды і з маімі “любімымі” варагамі трэба паразумецца... А за гэты час, думаю, прыйдзе падмога з Растова, ад мурамы, вяцічаў, куды паслаў баяраў.
“І ты, бацька, не такі ўжо дальнабачны палітык, – не цярпелася сказаць Ізяславу. – Пралічыўся ты. І не раз. З варагамі не паладзіў яшчэ тады, калі яны памаглі табе ўзяць Палацеск, сесці ў Кіеве на вялікакняскім пасадзе, а ты іх падмануў. Меўся даць ім па дзве грыўны з кожнага кіеўляніна і не даў. Столькі цягнуў ката за хвост з абяцанкамі, што яны са злосці плюнулі і сыйшлі ў Візантыю. А ты наўздагон паслаў грамату базілеўсам: асцерагайцеся гэтых ваўкоў, не пакідайце іх гуртам, а падзяліце іх і разашліце па розных мясцінах! Мог мець падмогу і ад ляшскага Баляслава, але той у крыўдзе: ты адмовіў таму ўзяць за жонку дачку Прадславу. А шлюб гэты быў бы вельмі выгадны табе. Дый Ноўгараду будзе няпроста памагчы: на паўночныя яго землі хлынулі нарвежцы і ці не скарылі ўжо Ладагу”.
– Вось што, сын, – папрасіў Уладзімір. – З “маімі” варагамі буду сам дамаўляцца, а ты складзі грамату да Олава Труггавасона. Папрасі пакінуць Наўгародскую зямлю ў спакоі і памагчы мне. Калі не самому, дык сілай іншых конунгаў і ярлаў (як пазначаюць даследчыкі, новая вырашальная бітва Уладзіміра з печанегамі адбылася ў 997-ым. Значыць, ён мог наведацца ў Полацк у снежні 996-га. – Г.Д.).
– Напішу, – не мог не згадзіцца Ізяслаў і заадно падступіўся да яшчэ адной з запаветнай сваёй мары. – Дазволь, князь-бацька, папрасіць у цябе яшчэ пра тое, што ад цябе не патрабуе ніякіх турбот... Табе трэба сказаць толькі адно слова: “згодзен”...
Той схмурыў бровы: мабыць, адчуў, якая яго просьба.
– Пра хрысціянскую міласэрнасць тваю шырока ходзяць легенды, – пачаў захвальваць Ізяслаў. – Дык праяві яе і да мяне з маці. Не супярэч, каб яна жыла ў Палацеску.
Уладзімір незадаволена памаўчаў, а затым пазлараднічаў:
– А хіба ты не парушаеш мой наказ? Хіба не часта бачышся-шэпчашся з ёю?
– Які быў бы я сын у вачах палацескага, ізяслаўскага і іншага люду, каб занядбаў гаротную маці? – У Ізяслававым запытанні быў і схаваны папрок. – Які чалавек? Хрысціянін?
– Яна ненавідзіць мяне?
– Зусім не. Яна і за цябе моліцца.
Уладзімір ажно ўстрапянуўся ад такой нечаканасці, зноў, але на гэты раз задумліва памаўчаў, а затым раптоўна перакінуў віну на яго:
– А чаму ты пра гэта ў мяне просіш? Чаму не ў вашага епіскапа? Яна – манашка. А дзе жыць ёй, тут альбо ў Ізяслаўлі, пра гэта найперш рашае ён, яе пастыр... Выбачай, але мне няма часу на размовы з ім... Нават выслухаць яго скаргі на тое, што ты не зусім шчырун новай веры...
– Я не насаджаю яе гвалтам, – не столькі апраўдаўся, колькі патлумачыў Ізяслаў. – Ды нельга ж так – узяць і ўсё па-жывому перасекчы. Трэба ж, каб і засталася нейкая повязь з даўнім.
– Але нібыта шмат патураеш старавернікам.
– Як каму, – спакойна, са знакам нязгоды адказаў Ізяслаў, бачачы, што цяпер бацьку мала цікавіць, як ён адносіцца да новай веры. Тым больш ведае, што новую веру прапаведуе больш за іншых маці. – Ну, як быць супраць вешчуноў? Яны не толькі моляцца, пяюць песні старым багам, але і стараюцца прадказаць ліха і бяду. З ім, як ведаю, раяцца і ўсе хрысціянскія ўладары. Канечне, яны не ўратуюць ад засухі ці ліўняў, ад чорных хвароб. Ды чалавеку лягчэй, калі яму нехта хоць паспачувае. А як не паважаць зялейнікаў, якія ведаюць сакрэты лекавых зёлак і, бывае, добра лечаць? Не бачу бяды вялікай ад варажбітоў, баянаў, абярэжнікаў. Без іх сумней жылося б. А вясёлыя і сумныя святы – Каляды, Масленіца, Гуканне вясны, Сёмуха, Купалле, Дзяды? Хіба гэта горш, страшней, чым некалі ў Рыме, дзе цешыліся крывавымі баямі, забойствамі гладыятараў?! Ну, а пра ведзьмакоў, ваўкалакаў – гэта найбольш паданні і казкі. Але і яны трэба. Епіскап наш прапаведуе пакорлівасць, а сам нецярпімы, абзывае дзікунамі...
– І мяне, думаеш, Канстанцінопаль усё яшчэ не лічыць дзікуном? – усміхнуўся Уладзімір. – Лічыць. Бо для яго ўсе славяне цёмныя і адсталыя. І няхай сабе фанабэрыцца. А мы яму ўцерлі нос. А далей – яшчэ больш... – Усміхнуўся: – Хоць і мы – не лепшыя... Не лічым, апроч Кіева, Палацеска і Ноўгарада, не толькі язычнікаў, але і іншыя плямёны нявартымі людзьмі? Бо нават не нашымі дзядамі заведзена: калі хочаш каго падуладзіць, спачатку пачынай яго знеслаўляць, прыніжаць, а сябе ўзвышаць... А раз ты вышэйшы, то і маеш права на іх. Каб абчалавечыць... Вось таму і ваш епіскап нецярпімы... Хоча хутчэй стаць пастухом над паслухмяным статкам...
Ізяслаў пасміхнуўся таксама, мог сказаць: “Ты, бацька, каб падуладзіць булгараў, таксама шмат гаварыў пра іх дзікунства. Але твой дзядзька Дабрыня табе мудра падказаў: адчэпімся, не ўтрымаць іх нам: яны – не лапатнікі, а боты носяць... Значыць, і без цябе, “дабрадзея”, багаты, спраўны і годны люд! А такі, хоць і будзе заваёваны насіллем, рана-позна падыме галаву супраць захопніка-прыгнятальніка, пакажа сваю годнасць... Ты Палацеск заваяваў летаў 20 таму, але не скарыў яго, праз 10 з хвосцікам летаў мусіў аддаць дзедаву вотчыну мне і вярнуць ёй волю...”.
Бацька не мог не заўважыць: сын няпроста так пасміхаецца і зноў, малады ды ранні, не ўсё дагаворвае. Але ўсё ж падказаў:
– Такая наша, княская, доля, сын. Трэба ўмець усё лоўка спажываць. І епіскапаў таксама. Надта іхнія клікі да цярпення, пакорлівасці, веры вялікай у рай на тым свеце... Спачатку, як і сам ведаеш, гэта было суцехам для галоты, а потым стала моцнай зброяй Рымскай імперыі... Дык не зусім выпадкова мая бабуля, а твая прабабуля Вольга не толькі скарыла драўлян, адбіла печанегаў, мудра “устави... погосты и дани на Руси”(Вольга ў малалецтва сына Святаслава правяла дзяржаўную рэформу: дакладней падзяліла Русь на воласці і ўдасканаліла змястоўнае і форму даніны. – Г.Д.), але і сама прыняла хрост ды ўгаворвала бацьку майго ахрысціцца і ахрысціць Русь...
– Не чапаю тых, хто па-старому звычаю спальвае цела нябожчыка і попел у скрыначцы выстаўляе на перакрыжаванні дарог. – Ізяслаў перавёў гутарку на іншае: – Але строга караю многажэнцаў. Тых, хто забівае жонку нябожчыка і спальвае разам з ім. Не дазваляю кроўную помсту, біць удаву, калі яна ў плакальніцу мала налье слёз. Забараніў дзецям і ўнукам вывозіць у пушчу і пакідаць там састарэлых, нямоглых бацькоў і дзядоў. Натхняю адступіцца ад такога дзікунства, а шанаваць старых. Як магу, стараюся, каб было чым болей пісьменных людзей. І іх ужо нямала. Ужо не толькі я ці многія баяры, але і нямала мужоў знатных пішуць адзін аднаму на бяросце граматы. А навучаным напісанню отракам загадваю запісваць ад мудрых старцаў пра знакі начнога неба, зорак, прыкметы надвор’я, пра тое, што і калі трэба сеяць ды садзіць (Ян Ермаловіч зазначаў у “Рукапісе”, што полацкі летапіс пачаў весціся з часоў Ізяслава-кніжніка.). А каб новая вера глыбей укаранялася, епіскапу патрэбныя не столькі нараканні, гнеў, садзіць люд ў цёмным і сырым падзямеллі на ланцуг, а больш праяўляць цярпімасць, спагаду, любоў душой і словам Божым... Хоць калі ведзьмяру ці вядзьмярцы звязваюць за спіной рукі, начэпліваюць на шыю цяжкі камень і кідаюць у ваду, то ён гэтага нібы не бачыць... А гэта ж – самасуд, чаго не павінна быць у дзяржаве... А што да новых храмаў, то ідзем яму насустрач: хутка пачнем будаваць дзве царквы святой Багародзіцы: адну – у Друцеску, другую – тут.
Уладзімір нічога асобна не сказаў пра аднаго са сваіх назірачоў-даносчыкаў. Пасля дастаў з сярэдзіннай кішэні каптана аксамітны бурачковага колеру каптурык і з гарэзным бляскам у вачах падаў яго яму.
– Пацягні за гэтыя шнурочкі, – паказаў вачыма.
Ізяслаў тузнуў за шаўковыя повязкі – каптурык раскрыўся, а там – пячатка. Дастаў яе, а на ёй пацеркамі абазначана колца, а ў ім – княжацкае клейна і яго імя па-грэчаску, напісанае кірылаўскімі літарамі. Значыць, адобранае ў самім Царгорадзе.
– Вось цяпер, сын, ты – паўнапраўны князь, – хацеў парадаваць Ула­дзімір. – І нашчадкі твае будуць паўнапраўныя. Значыць, любімая табой з маці Палацеская зямля – вольная, паўнапраўная дзяржава: вы ўжо не на словах, а вось доказам для ўсіх краёў прызнаныя і Кіевам, і Візантыяй! Я хацеў перадаць гэта табе перад усёй знаццю ў Кіеве, але ты не пажадаў наведацца... Так што, папраўдзе, пакіньце нянавісць да мяне: як бачыш, грэх свой яшчэ раз замольваю... Толькі... – схмурыўся. – Толькі, паўтаруся, не алчнічай на суседнія землі, што на ўліку ў Кіева...
Уладзімір, абапіраючыся на стол, цежавата падняўся. Хутка стаў на ногі і Ізяслаў. Бацька цяпер адмыслова, па-новаму прытухлымі вачыма агледзеў яго – нібы не ўзнёсла, як, бывае, без слоў, але ўсцешліва радуецца бацька за сынаву ўдаласць. Не, ён не раўнуе, але ведае: зайздросціць, шкодзіць будуць іншыя, каму яна, гэтая ўдаласць маладога, нажом у сэрца.
– Я веру табе, сын, – прамовіў Уладзімір. – Сам убачыў: не жывеш помстай...
– Дзякуй, – схіліў галаву Ізяслаў. – А я рады, што мы пабачыліся і пагаварылі. Што адсунуўся ён, недавер... А што да помсты, то яе ўжо даўно няма. Ты ў 6495-м (987-м) зрабіў правільны выбар. Хрысціянства ўжо само ішло да нас...
– І табе дзякуй, – таксама пакланіўся Уладзімір. – За разуменне тваё...
– Усё будзе добра, – нязмушана ўсміхнуўся Ізяслаў. – А печанегаў адаб’еш. Ужо адно тваё імя шмат значыць.
Бацька, здаецца, размякчэў. Ёсць такая рыса ва ўладных, жорсткіх людзей – чуллівасць у пэўныя, асабліва пяшчотныя хвіліны. Вось і ў таго нагарнулася на вочы слёзная павалока.
– Палацеск будзе ганарыцца табой, – прызнаў Уладзімір. – Канечне, найперш як Рагвалодавічам, хоць і па кудзелі. І ты ўжо заслужыў гэта. Ты і вялікім князем кіеўскім спраўным быў бы. Старэйшы з вас, Вышаслаў, не мае таго, што маеш ты.
– Ён быў, ёсць і будзе першым. Я на Кіеў не пасягаю і не буду пасягаць.
Ясней яснага: ісці туды – весці за сабой, як цяля на вяровачцы, і Полацк. Памрэш – будзе іншы вялікі князь, хай сабе і твой сын, а вось Полацк застанецца пад уладай Кіева. Усяго толькі як удзельнае яго княства. А вось сённяшні яго падмурак можа быць і для свайго вялікага гмаху...
– Давай, сын, абдымемся на развітанне.
Прытуліліся. І па паніклых бацькавых плячах, слабым поціску рук Ізяслаў найбольш адчуў: той – таксама зямны, ужо аслабелы чалавек.
– Беражы сябе, пра сыноў дбай, – адхіліўшыся, даў наказ Уладзімір. – А маці твая... Зямля нас памірыць... А судзіць будуць там... – Паказаў пальцам на столь. – Яна – вялікая жанчына... Ва ўсім... Я такой красы жаночай і моцы духу чалавечага больш не ведаю... Калі цяпер ёсць праведныя на грэшнай нашай зямлі, то яна – з іх. А Саламон сказаў: “Праведницы в веки живут, и от Господа мзда (узнагарода) их, и строение (клопат) их (пра іх) от Вышнего...”.
...Што да Рагнеды, то епіскап адмахнуўся ад Ізяслававых назойлівых просьбаў: не я ссылаў тваю маці ў Ізяслаўль, а вялікі князь кіеўскі як злачынніцу вялікую. Дык няхай у паўзямлянцы-келлі адмольвае свае грахі. А супраць яго волі я не пайду...

3.

Сюды, у княскую сталоўку, пакаёвая прывяла дзве маладыя жаночыя асобы. Ужо дарослую дзяўчыну і падлетка – Прадславу і Праміславу. Абедзве, як і іхні бацька для чужога вока, не ў княскім убранні, а кожная ў незвычайным – не зусім святочным персідскім зялёным, з чырвонымі вышыўкамі сарафане паверсе ліловай паддзеўкі, у зялёна-чырвоных скіндачках. А вось на валасы і твар яны былі даволі розныя. Старэйшая сястра – русявая, з глыбокім блакітам вачэй, ужо з расквітнелай жаночай грацыяй і красой – праўда, “выкапаная маці”. Толькі з юначай гібкасцю, свежасцю яркіх вуснаў і поўненькіх шчок, жвавасцю позірку, яснасцю лоба, хораша ўзнятых грудзей і акругленых клубоў. І вельмі харашыў яе твар якраз падабраны да яго маці-прыродай роўны прадаўгаваты нос. Канечне, зусім не выпадкова ляшскі Баляслаў закахаўся ў Прадславу і занудзіўся, затаіў глыбокую злосць, калі Уладзімір не выдаў замуж яе за яго. Малодшая сястра, як і трэба для свайго ўзросту, была гонкая, тоненькая, з чарнявымі валасамі, каса якіх пачала ўжо апускацца за шыю, як і ў бацькі, з круглымі вачыма, але без хітрага прыжмурку, з тонкімі губамі, крыху з выцягнутым падбародкам. Як кідалася ў вочы, яна поўнілася цікаўнасцю да незнаёмага ёй старэйшага брата па адных бацьку і маці. Як пазней увазнае Ізяслаў, ведала, што ў розных мясцінах ёсць браты Яраслаў, Мсціслаў і Усевалад, але да Прадславінага пасвячэння лічыла: іх і яе маці – Ганна, як і Барыса, Глеба, Станіслава.
– Сястрычкі! – ад хвалявання і радасці ў Ізяслава зайшлося сэрца: быў вельмі чуллівы па маці.
– Брацік! Кревнік! – першая рушыла насустрач Прадслава. – Яка давноочікувана зустріч! Які ты взрослый вже! Бравій! Чоловік!
Прыпалі адно да аднаго. Шчака да шчакі. Спрытна пакатыя Прадславіны плечы ўздрыгнулі і яго шчаку абвільготнелі яе хуткія слёзы. Канечне, яна была ўжо здольная глыбока ўсвядоміць, перажываць іхні такі няпросты сямейны лёс – долю іхняй гордай і абяздоленай маці і яго, спакойнага, разважнага ды бунтоўнага брата, а таксама глыбока ўсхвалявацца ад іхняй жаданай, але неспадзяванай сустрэчы.
Адхіліліся і, трымаючыся за рукі, зірнулі адно аднаму ў вочы.
– Кажуць, – светла ўсміхнулася і яшчэ незвычайна ахарашэла, – я – выкапаная наша маці. А мне здаецца, што і ты крошкі падабраў ад яе. Красній-красній!
Ізяслаў яшчэ больш зарадаваўся – не ад пахвалы яму, а ад таго, што Прадслава гэтак помніць, шануе маці:
– Ты помніш нашу мамульку?
– Запомніла, Ізяслаў. Бывае, уночы заплюшчу вочы – і бачу яе. А то і сасню. Яна, смутная, паўстане, я – да яе, а яна адыходзіць. Я – услед, бягу, крычу-плачу: “Мама! Мамачка! Не пакідай нас!” Ды яна знікае... – А потым, бачачы, што і ён можа заплакаць, да сястры: – Праміслаўка, абдымі нашага старэйшага браціка.
Тая зрушылася і ішла так, як змалку вучаць хадзіць юных княжнаў, з высока паднятаю галавой, лёгка, дробненька перабіраючы нагамі. Ізяслаў пяшчотна прытуліў яе:
– Маленькая наша!.. Па ўсіх вас, адлучаных, гаравала і гаруе маці, а па табе, меншанькай, – найбольш... – Новы прыліў чуллівасці ў Ізяслава.
Гэтак жа сталася і з прысутнай тут Соф’яй – Прадслава, амаль яе аднагодка, ашчыравала яе абдымкам і пацалункамі (“Рада бачыць цябе, братавая!”), а Праміслава толькі прытулілася, а Соф’я першая пацалавала яе, як дзяўчынку.
Як было бачна, Соф’я (яе, нявестку, цёпла блаславіла іхняя маці) сёння зноў была ўражаная – раней ад жаночай вялікаснасці Рагнеды, а цяпер ад стройнасці і красы яе старэйшай дачкі, палюбаванай, асвечанай нябесным і зямным дарам. У Рагнеды і Прадславы абвысакародзілася кроў паўночных конунгаў і полацкіх князёў. У іх хораша спалучыліся жаночая прастата і зграбнасць.
– Прашу падсілкавацца, – запрасіў Ізяслаў сясцёр, паказваючы на доўгі стол з рознай ежай, дзе былі тушаная капуста з гускай, маладыя баравічкі, ржаны хлеб і пшанічная булка з макам, смятана, малако, мёд, кісель і сыта да яго, журавінавы напітак, ачышчаныя арэхі, засушаны вінаград .
– Мы не галодныя, брацік, – адказала Прадслава, – а рваліся сюды найперш дзеля таго, каб пабачыцца. Пагаварыць. Мы ж – адна кроў! Каб ты ведаў, як я радая нават зірнуць на цябе!
– І я, сястрычкі мае. Тады давайце хоць прысядзем.
– Як яна, мама наша? – калі селі, нецярпелася ўведаць Прадславе.
–У смутку глыбокім, у малітвах. Адна яе радасць, што ўсе мы жывыя і здаровыя. Ад таго і яна моцная целам ды духам.
– У Палацеск “Ён”, – Прадслава хітравата ўсміхнулася (значыць, дайшло да Кіева, што ён, Ізяслаў, і маці так называюць Уладзіміра), – мяне не пускае... А вось у Растове ў Яраслава, у Цьмутаракані ў Мсціслава, ва Уладзіміры ва Усевалада і ў Тураве ў Святаполка была.
Не сказаць, каб Ізяслаў зусім нічога не ведаў пра сваіх далёкіх ад яго братоў і сясцёр, пра тое-сёе дачуваўся ад розных гасцей і сваіх віжоў ды зусім іншае – не чужы пераказ, а сястрын аповяд.
– У старэйшага з вас, Вышаслава з Ноўгарада, не была, дык нічога пра яго не магу сказаць. Малодшыя твае браты маюць розныя характары, – расказвала тая. – Яраслаў – не па гадах сур’ёзны, смелы, нават дзёрзскі і прагны да ўлады. Перахоплівае ўжо яе ў пестуна Будага, змушае сагнуцца перад ім растоўскую знаць. – Усміхнулася: – Не дарэмна кажуць, што рыжыя і кульгавыя злыя, а то і ліхія...
– Ён моцна кульгае? – спачувальна запытаў Ізяслаў.
– Даволі.
– Дзякуй Богу, што хоць ходзіць. Як помню, ён жа да трох гадоў не мог сам стаць на ногі. Мама гаравала, што будзе лежань, а значыць можа быць князь-ізгой. Ускочыў і пабег, калі... – І не дагаварыў.
– Мне ўпотай расказалі пра тое... – Прадслава дала знак, што разумее яго недамоўленасць. – Яраслаў крыху помніць маму і цябе. Цябе – тады, калі ты засланіў сабой маці... Яго гэта вельмі ўразіла... Ён пра вас многа распытваў. Адказала, што ведала. І ён заплакаў... А Мсціслаў кажа, што нібы ў густым тумане бачыць вас. Цяпер, як мо і ведаеш, чатырнаццаць яму, на чатыры менш чым Яраславу, яшчэ толькі прабіваюцца вусікі, але ўжо раславаты, моцны, старэйшых отракаў і грыдняў валяе, калі схопяцца дужацца накрыжкі. Кемны. Бярэцца ў рожкі з цьмутараканскімі вяльможамі. Дык і ён, як і ты, Яраслаў, будзе спраўны князь. – Уздыхнула. – Хоць яму мо будзе сама цяжэй з усіх вас: абкружаны морам і ворагамі. Адным словам, “Ён” (без усмешкі ўжо) задаволены вамі: “Па мне пайшлі”. Праўда, калі хтосьці з баяраў асмеліцца падаць голас, што ён дарэмна па­дзяліў дзяржаву паміж сынамі, сам сабе зменшыў “единовластие”, бывае, і зморшчыць лоб: “Хоць... Папраўдзе, хто ведае, як потым маладыя арлы будуць паводзіцца са старым, аслаблым арлом... А як пасля смерці маёй паміж сабой?.. Не пераб’юцца ці не разарвуць сабраную прадзедамі і мной славянскую імперыю?..”. А што да Усевалада нашага... – Сумна захітала галавою. – Маленькае княства яго, і ён... Падлетак ужо, павінен інтарэс свой мець, а ён гуляе ў дзіцячыя забавы і з меншымі за сябе. А баярам гэта толькі і трэба. Зусім не гадуюць у ім княскі дух, спажываюць і будуць спажываць яго слабавольнасць.
“Разумная Прадслаўка, – пацешыўся Ізяслаў, – і душу вялікую ды глыбокую мае”.
– Я, сястрычка, – прамовіў уголас, – ні супраць бацькі, ні супраць братоў ніколі не пайду.
– Многія кажуць, што ты – “мірны князь, будаўнік”. Хоць, брацік, ёсць і незадаволеныя, што бацька (і яна цяпер пазбегла слова “Ён”) адасобіў вас ад славянскай імерыі, аднавіў палацескае вольнае княства. Ды ўгледжваюць у табе дзеда Рагвалода хітра задуманы далёкі намер... Якраз праз вашу мірнасць...
– Як і бацьку, табе таксама скажу: мяне асцерагацца не трэба. Самы вялікі мой намер зусім адкрыты: паставіць на ногі Дзедаўшчыну. Каб люд яе не жыў у норах і не хадзіў у звярыных скурах, каб ён быў такі, як і люд У Кіеве, Ноўгарадзе. Каб многаму навучыўся і ад Візантыі, і ад заходніх земляў. Каб усе пабачылі: мы нічым не горшыя за іншых, многае і нам па сіле нашай, па розуме і ўмельстве!
– Цяжкая, прыкрая была мая паездка ў Тураў да Святаполка, – вяла далей свой расказ Прадслава. – Яго маці гудзе і яму, і тураўцам у вушы: яе сын – Яраполкаў, дык не Вышаслаў з Ноўгарада, а якраз ён па даўнім праве некалі павінен быць на вялікакняскім кіеўскім пасадзе. А цяпер павінен быць, як і ты, асобна ад Кіева... Не падуладжваецца яму Рагвалодаў Палацеск, дык такое права мае і град брата Рагвалода Тура... Усіх вас, “малодшых, Уладзіміравых сыноў”, люта ненавідзіць, жадае вам зла вялікага. Шэпчацца з ляхамі, мае намер ажаніць Святаполка з іхняй князёўнай. Я не магла не перасцерагчы бацьку пра гэта. Хоць Святаполкавы мары могуць быць і марныя. “Яна” (Ганна) нашэптвае нашаму бацьку, каб запераемнічаў не былы язычнік, а іхні, “хрысціянскі” першы сын. Барыс. І яго змалку навучае на вялікага князя.
Ізяслаў чуў і пра апошняе сказанае Прадславай.
– “Яна” будзе рвацца пагаварыць з табой, – дадала да сказанага, узяла яго за рукі. – Асцерагайся. Яна зусім не тая, за каго сябе падае. Нібы за маці нам, малодшым, але была б радая, каб мы ўсе разам пазгіналі і каб засталіся ды ўзвысіліся яе сыны. Горш горкай рэдзькі мне яе “любоў”. Яна і цяпер раўнуе бацьку да нашай маці, бо ён...
Не паспела дагаварыць зразумелую яму, Ізяславу, сапраўдную рэч і перасцярогу адданая як маці, так і яму сястра: пачуўся постук у дзверы. Пасля Ізяславага дазволу на ўваход сюды зайшоў яго верны грыдзь:
– Княжа, цябе кліча да сябе вялікая княгіня кіеўская...
Прадслава, Ізяслаў тут жа перазірнуліся: пачалося! Але Ізяслаў быў спакойны. Раней, калі з маці выкідвалі яго, хлапчука, з Кіева, ён і ў тым узросце моцна ўзненавідзеў новую бацькаву жонку-хрысціянку – разбуральніцу, як тады ён, малеча, лічыў, іхняга сямейнага шчасця. А пасля яны прыглушылі свае крыўду і боль, аспакайнелі: што ж, “Ён” мусіў пайсці якраз на такое, каб сюды хрысціянства прыйшло па яго закліку. Каб сама адукаваная і культурная Візантыя ўшанавала яго! І не абы-кім, а сястрой базілеўсаў! Ды і ўсё ва ўсіх шасцярых Рагнедзіных дзяцей уладзілася. Усе жывыя, здаровыя, дагледжаныя. За гэта чалавечую і мацярынскую вялікую плату трэба плаціць ёй. У паўзямлянцы-келлі!
Той міг, пакуль Ізяслаў міжволі перавёў свае думкі пра Ганну, Прадслава пільна назірала за ім і, канечне ж, з уцехай бачыла: ён засяродзіўся, ніяк не выяўляе пачуццяў. У гэтым, палічыла, на яго падобны юны Мсціслаў. Не рэзкай выяўнасцю, а ўпэўненай стрыманасцю і душэўнай моцай. Мірг­нула яму: ідзі і будзь якраз вось такі, самастойны і годны.
– Соф’я, – паказваючы рукой на стол, папрасіў Ізяслаў, – будзь гаспадыняй, частуй братавых.

Першы зірк на незнаёмага чалавека, бывае розны. Як праўдзівы, так і падманлівы. “Яна”, візантыйка, была зусім непадобная на іконы святых жанчын, якіх малявалі ў Візантыі – звычайна з цёмнымі валасамі і вялікімі смутнымі, безжыццёвымі вачыма, з доўгім тонкім носам і амаль зведзеным у нітачку ротам, з вузкім падбародкам і часта з гэтакім жа амаль не зямным дзіцем на руках. Ганна была сярэдняга росту, чорна валосая і вокая, смуглявая, з выразнымі цёмнымі вусікамі над верхняй адагнутай губой, а ў выпуклаватых вачах жывілася жаночая гуллівасць. Маршчыны каля вачэй былі шчодра замазаныя, мазь была і на худых шчоках. Але хараства гэта ёй не большала: яго псаваў падоўжаны нос з завысокім пераноссем. Таўсматая ў шырокім сарафане: зноў была цяжарная.
“Як кажуць, гонару, пыхі шмат, але красы жаночай мала. І старэйшая за нашу маці.”
Не падданы, то не ўкленчыў, толькі прыклаў руку да грудзіны і схіліў галаву ў паклоне і сказаў па-грэчаску:
– Вітаю цябе, вялікая княгіня кіеўская, дачка і сястра вялікіх базілеўсаў візантыйскіх.
“Яна” таксама пільна агледзела яго. Як былая гулюня (дзеля плоцевых уцех жыцця доўга не хацела асямейвацца і, як хадзілі чуткі, жыла зусім не па рэлігійных запаведзях). Казалі, Святое пісанне толькі слухала ў пераказе граматнага пры ёй слугі, як і апісанне жыцій святых са збору Метафраста, з “Іліяды” асобныя ўрыўкі, больш – з “Адысея”. Тым, што шмат пісалі манахі, а таксама рознымі хронікамі, багаслоўнымі спрэчкамі, літургічнымі вершамі, не цікавілася. Больш да спадобы ёй былі жывыя эпіграмы. Любіла даўнія і новыя застольна велічальныя песні, сама ў вольны ад баляў час чытала тое-сёе з выбранага гістарычных твораў (асабліва пра розныя любоўныя паданні пра Далілу і Самсона, царыцу Саўскую і Саламона, Клеапатру і Цэзара, пра Пандору і інш. ). Найчасцей гартала два выданні: “Мірыябібліён” (мноства кніг) Фоція, дзе былі расказы пра свецкія (літаратурныя, гістарычныя, медыцынскія) і царкоўныя кнігі грэчаскіх і візантыйскіх аўтараў ды “Суду” – тлумачальны слоўнік з 30 тысяч нататак па пракаветнай і новай літаратуры, пра вядомых і забытых аўтараў, а таксама былі ўрыўкі са знойдзеных твораў. Хто ведаў гэтыя дзве кнігі, лічыўся высокаадукаваным чалавекам. Паколькі Уладзімір мала цікавіўся гэтым, то яна тут, у Кіеве, дабілася, каб ён у вольныя часіны хоць слухаў трактат “Пра ўпраўленне імперыяй” яе бацькі Канстанціна Багранароднага ў вусным перакладзе знаўцы грэчаскай мовы (названы базілеўс-пісьменнік памёр у 959 годзе – значыць, Ганна нарадзілася раней гэтага часу і, сапраўды, у цяперашнім сане маладой жонкі была старэйшая за Рагнеду, маці шасцярых дзяцей). Дык вось як былая гулюня не стрымалася, пагарэзавала:
– Які прыўкрасны малады мужчына! Але давай гаварыць па-славянску. Я хачу пачуць і вашу гаворку.
Ён зусім не сумеўся.
– Як спалася, вялікая княгіня ў нашым Палацеску? – спакойна запытаў і тут жа падумаў, што яна ў яго слове “нашым” можа адчуць дваякі сэнс – тое, што яго маці з Полацка і што цяпер ён тут княжыць, і тое, што князь ён вольны.
– Дзякуй, – тым не менш таксама спакойна прамовіла госця. – Здарожылася, дык сон быў моцны. Дзеці і яшчэ спяць.
– Як скажаш пра сняданак-абед? Падаць яго сюды?
– Пазней. А цяпер, калі можна, пачастуй напіткам з журавінаў. Ён у вас вельмі смачны.
Затым, калі сядзелі і яна пацягвала з іншаземнага прыгожага шклянога келіха ўпадабанае кіславата-салодкае пітво, хітравата ўсміхнулася:
– Прызнайся: маці і ты ненавідзіце мяне?
– Не, – шчыра адказаў ён.
– Але ненавідзелі?
– Было, – зноў зашчыраваў. – Але час залячыў рану: дзеля хрысціянства, новага аблічча нашых славян патрэбен быў твой і бацькаў шлюб.
“Яна” зірнула на яго з непрыкрытым здзіўленнем.
– І яшчэ паспрыяла тое, што нас пакінулі жывымі, а мне далі вольнае княжанне. Ды было да душы тое, што ты не стала злой мачыхай, а ўзяла пад апеку матчыных малодшых сыноў і дачок. Дзякуй табе за гэта. Канечне, тваю жаночую міласэрнасць запаважаюць далёка за межамі Кіева і Палацеска.
– Прызнаюся, – прыклала руку да грудзей, – я не чакала такога ад цябе. Думала: будзеш глядзець на мяне маладым пакрыўджаным воўкам. І маці твая такой жа думкі пра мяне?
– Такой.
– І ні кроплі злосці?
– Ні кроплі.
– А на “Яго?” – пацвелілася. – Я не такая ўжо вінаватая перад вамі, мусіла паслухацца братоў, а вось ён... Як муж і бацька...
– Маці і я жадаем вялікаму князю кіеўскаму доўгіх летаў жыцця і шчаслівага княжання. Калі бацька, Кіеў будуць моцныя, то ніхто з нашых суседзяў не асмеліцца напасці на Палацеск, – адказаў у думках даўшы слова, што больш не будзе ўжываць найменні “Ён” і “Яна”.
Ганна асачыла ягоныя вочы асабліва ўважліва, вывучаючы ягоныя не словы, а думкі:
– Але ж ты зусім не хілішся да бацькі, да Кіева. У цябе дух найперш дзеда Рагвалода з яго вольніцай.
– Я не хачу надакучаць рознымі просьбамі. Самі спаўняем свае вялікія і малыя турботы.
– Бацька ганарыцца табой. Хоча, каб такія, як ты, былі і ўсе яго сыны. Скажу табе нават больш: ён зайздросціць, што ўмееш не толькі чытаць па-славянску, па-грэчаску, але і пісаць. Ды абдумана, ясна. Як, можа, ні адзін цяпер князь на Русі. Дык я вельмі хацела пабачыць, пагаварыць з табой. З уладаром Палацескай зямлі і, як многія кажуць, шчырым хрысціянінам, кніжнікам, асветнікам. Ты тут, сярод, як кажаш, вашых славян, пачынаеш ладзіць новую эпоху...
– Рад чуць такое, вялікая княгіня, – сказаў ён, усведамлючы, што былая, нібыта бесклапотная гулёна на самай справе зусім не такая, а дасведчаная і разважлівая. Зусім не выпадкова трапіла ў язычніцкі Кіеў. Але дадаў тое, што мог агаласіць: – Хоць і перабольшаныя мае спробы граматнасцю, асветніцтвам перанесці да нас усё тое высокае, чаго ўжо даўно дасягнула Візантыя ў навуцы гістарычнай, у пісьменстве красным, у мелодыях і спевах, у градабудоўлі, помніках розных. У нас усё гэта яшчэ далёка наперадзе, – нявесела хітнуў галавою. – Ды калі ты хацела пабачыцца са мной, не пустынным, а палацескім “отшельником”, то дазволь выказаць табе маю просьбу. Адну, але запаветную.
– Слухаю цябе, князь. Рада буду зрабіць для цябе тое, што мне па сіле.
– Паспрыяй хоць на кароткі міг сустрэцца маёй маці з дочкамі. Бацька ўхіліўся ад такога дазволу. – І свядома паліслівіў: – А на твой, глыбока чалавечны, канечне ж, не зазлуе. Зразумее: маці зразумела маці.
– Просьба твая не цяжкая. Праўда, мне, маці, зразумелы матчыныя боль і жаданне, – Ганна гаварыла і ўсцешвала ягонае сэрца. – Я таксама хачу сустрэцца з ёю. Ды, бачыш, чаму асцерагаюся зноў адправіцца ў некароткую дарогу. Па маёй просьбе бацька твой ужо даў згоду, каб ваша маці прыехала ў Палацеск. Сёння ж пагавару пра гэта і з вашым строгім епіскапам.
Такі Ганнін ход быў даволі нечаканы для Ізяслава, хоць і даволі зразумелы: той, канечне ж, хацелася спадабацца Полацку яшчэ больш пасля таго, калі ўзяла апеку над Рагнедзінымі малодшымі дзецьмі.
– А яшчэ якія просьбы ёсць?
– Іншая мая просьба пра кнігі, – сказаў Ізяслаў. – Я нямала маю іх на грэцкай мове. Але вось “Мірыябібліён” Фоція ў мяне няпоўны. А так хацелася б прачытаць яго ўсяго.
– А “Пра ўпраўленне імперыяй” майго бацькі маеш?
– Прывезлі госці. Хоць гэтая навука больш для бацькі з яго вялізнымі ўладаннямі.
– Ён – не вялікі любіцель кніг, лічыць, што мудрасці ў яго і так хапае. А сам напісаць можа толькі самае простае.
– Калі можаш, памажы мне набыць твайго бацькі і “Пра цырымоніі”, а таксама жыццёпіс Васілія І.
– Бачу я: ты – рэдкасць сярод князёў славянскіх і баяраў. Разумнік! Кніжнік!
...Епіскап – хмурны, незадаволены – пасля доўгіх угавораў нарэшце згадзіўся, каб Рагнеда пабыла ў Полацку. Але настойваў, каб яна прыехала не адкрыта, удзень, а ўночы...

4.

Ізяслаў, само па сабе зразумела, тут жа паслаў у Ізяслаўль свой уцеплены санны вазок (праўда, без уквечанння і без шаламкоў на дузе ды з простай збруяй на цёмнага колеру конях: сама маці паўшчувала б за залішняе для яе сану) і насуперак епіскапу пастараўся, каб шырока апавясціць полацкі люд пра хуткі прыезд Гарыславы-Рагнеды-Анастасіі. А яе папрасіў прыехаць не раней, але і не пазней апоўдня.
І вось настала 1 студзеня – дзень, калі нядаўна нізкае, мала бачнае неба ўдосталь насыпала снегу, калі выскачыла і пагарэзавала ад радасці мяцеліца, а раз’ятраны мароз набраў сілу, ядрыўся і пёк агнём асабліва пад час ачырванелых досвіткаў, а ўдзень хаваўся ў цень. Паколькі не было цяжкіх абвіслых хмар, то неба вышэла, насочвалася яркасцю ды блакітам і пад суцэльным сонечным святлом снег аблегваўся і ад белізны зіхацеў, Ажно адбірала вочы. І вось у гэты дзень, перад апоўднем ужо за драўляную агароджу полацкага пасада, вакольнага горада высыпаў, як пазней скажуць, “стар и млад, даже незрячие и не ходячие”. Наперадзе ўсіх – полацкі ўладар, Ізяслаў у святочным выдрыным, абцягнутым цёмна-чырвоным аксамітам футры і ў бабровай шапцы. Справа яго – Соф’я, Прадслава, злева – Праміслава. У сабаліных футрах, нагалоўніках бела-цёмнага колеру і ў абцягнутых саф’янам белых, з чырвонымі ўзорамі боціках. За імі – палацеская знаць, таксама ў шыкоўных футрах, каптанах, у многіх пакрытых парчой ці, як тут казалі, золата ці срэбратканкай. За ёю – абапал выезджанага санямі і вытаптанага шляху ў горад дружыннікі стрымлівалі рамесны і просты люд – апошні больш у звычайных тут авечых, але аблямаваных вышыўкай (а ў таго-сяго нават і з шоўку) кажухах і кажушках, суконных цёмных і шэрых світках і сярмагах. Хто ў ботах, а хто і ў новых лапцях. Сёння і яму, Ізяславу, было прыемна, што палачане хочуць паказаць: ёсць што апрануць, абуць і з’есці. Пасля не такога ўжо і даўняга ліхалецця. Калі амаль кожны ацалелы ў Полацку лічыўся больш чым пагарэльцам. Сярод амаль усіх, хто высыпаў за горад, не было аднаго з важных у Полацку: епіскапа. Перадалі: ён занядужаў. Шапнулі і іншае: той сёння не дазволіў у царкве ні званіць, ні “возжечь свечи”, ні выйсці разам з вернікамі іншым святаслужнікам ( у гэты час ён быў у палацях Ганны і асцярожна – усё ж вялікая княгіня кіеўская, сястра візантыйскіх базілеўсаў, добра знаёмая патрыярха! – выгаворваў той пра яе абмылку, спасылаючыся на тое, што князь полацкі дазволіў сабе больш, чым дазволілі Уладзімір і яна яму. Маўляў, сённяшняе здарэнне зусім непажаданае: яно ўваскрашае былы полацкі гонар і мацуе цяперашні, бо і звычайныя разявакі сустракаюць госцю найперш як Гарыславу-Рагнеду, маці Ізяслававу, дачку Рагвалодаву! І заадно чарніў Ізяслава: бачыш, вялікая княгіня, які гэты “ціхамірны кніжнік і будаўнік патайны, хітры, як нават на гэтым зручным эпізодзіку гуртуе вакол сябе люд насуперак вялікаму князю кіеўскаму. Ён паводзіць сябе не як Рурыкавіч, а як Рагвалодавіч! Тое, што “па кудзелі”, ставіць вышэй таго, што “па мячы!”
І вось нарэшце ў яркай далечыні паказалася тройка коней, а хутка – і павозка, а за ёй – ахова з адборнай Ізяслававай дружыны. Вознік асадзіў разгарачаных бегам пародзістых маладых бегуноў. Са свайго каня саскочыў старэйшына аховы, адчыніў дзверцы павозкі, падаў руку – і тысячы люду, намагаючыся вышэй задраць галаву за плечы першых перад імі, “лицезрели”, як з вазка па адкінутай лесвічцы саступае высакаватая, стройная жанчына ў чорнай доўгай апратцы (кажух пакінула на сядзенні) і, як адчувалася, лёгкая на хаду. А з першых шэрагаў убачылі: яна белатварая, строга прыгожая, з “иконным ликом”. Спакойна стала на дол, стрымана, толькі на міг зірнула на іх, дзяцей, згледзеўшы, якія цяпер яе дочкі (адзін Бог ведае, што было ў яе душы!), і тут жа пачала пільна акідваць позіркам велізарны людскі натоўп. Упівалася вачыма доўга, нібы не спяшалася падысці з дзясятак крокаў і кінуцца да дзяцей.
“Якая сіла волі!” – зноў і зноў не мог не здзівіцца Ізяслаў, хоць як ніхто, ведаў матчын душэўны, мяккі і ў той жа час цвёрды характар. Моц ягоную загартавалі бяда і гора.
Яна ўсё гэтак жа непарушна падняла руку і асяніла хрысціянскім знакам дарагіх яе сэрцу палачан. Ізяслаў першы, а за імі і ўсе астатнія мужчыны паздымалі розных формаў і колераў вушанкі, апусціліся на калені. Маці рушыла да іх. Перахрысціла яго, Соф’ю (князя і княгіню), а потым – Прадславу і Праміславу (дачок вялікага князя кіеўскага), нізка пакланілася, а тады паказала ім стаць на ногі. Ізяслаў цешыўся за за матчыную простасць і велічнасць, радасна ўсміхнуўся; не толькі Праміслава, але і старэйшая Прадслава зачаравалася. Яны і іх маці некалькі хвілін сузіралі адно аднаго кожны па-свойму хвалюючым позіркам – маці не працягнула да іх рук, але вось з яе нібы незямных, толькі цяпер замутнелых вачэй выплылі і пакаціліся ўздоўж зграбнага, як і ў Прадславы, носа буйныя слязіны.
“Адна па Праміславе, другая па Прадславе”, – падумалася Ізяславу, а ў гэты час маці, жвавеючы, нават без усмешкі асвячаючыся непаўторным мацярынскім шчасцем, не стрымала рук для даўножаданага абдымку дачок.
Сёстры адчулі гэтую чалавечую змену, прыпалі да маці. Прыгарнўшы, яна пацалавала ў шчаку кожную і без звычайнага ў такіх выпадках жаночага галашэння ацяпліла іх выдыхам усёй душы:
– Жывенькія! Здаровенькія! Харошанькія! Самыя красныя, дарагія на свеце! Сёння я самая шчаслівая жанчына, маці на зямлі вялікай нашай!..
Прадслава, прыпаўшы, бясслоўна, але, мабыць, на ўсю моц маладой дзявочай душы заплакала, арасіўшы матчыную шчаку (абедзьве былі амаль аднаго росту):
– Мама! Мамачка любая наша! І мы, дочкі твае, цяпер самыя шчаслівыя на свеце вялікім! Мы можам пабачыць цябе, прытуліцца! Адчуць рукі твае! Пачуць голас твой! Тое, што дагэтуль толькі снілася...
– Ёсць, ёсць Ён, Усявышні, дзеці, – супакоіла, пагладзіла дачок Рагнеда. – Бачыце, звёў нас. Ды тут, у Палацеску. Я прасіла і буду прасіць у яго для вас шчаслівай долі.
А тады Праміславе:
– Маленькая мая! Як ты сёння супакоіла маё мацярынскае сэрца!.. Як яно цяпер жыва, хораша б’ецца!
Бачачы гэта, бадай, усе ўкленчаныя заплакалі: як знатныя, так і простыя бабулі і дзяды, бацькі дый маладыя адчувалі, што гэта значыць – сустрэча змусам разлучаных Маці і дзяцей (плакалі жанчыны і ў Ізяслаўі, лічачы, што яе, іхнюю заступніцу і дарадніцу, забіраюць ад іх).
– Пайшлі, мама, – ціха падаў голас Ізяслаў ды не сказаў, што накіруюцца не ў царкву, дзе яе ніхто не чакае.
– Пайшлі, сын мой, – радасна прамовіла яна і побач з ім, статная, з высока паднятай галавой і замілаванасцю ў вачах, павяла дачок за рукі.
Маўклівы, глыбока ўражаны натоўп ускінуў рукі, загуў на розныя галасы, што і не проста было разабраць асобнае слова ў гэтым вітальным хоры:
– Гарыслава!
– Гарыслаўка!
– Рагнедзька!
– Княгіня наша!
– Заступніца!
Цяжка было дружыннікам стрымаць падхоплены з каленяў і паімкнуты на дарогу люд: ён пад выцягнутымі і накіраванымі на яго рукамі дружыннікаў то неахвотна адступаў, то зноў імкнуўся наперад, каб бліжэй убачыць Рагнеду і хоць пальцам дакрануцца да яе. Ізяслаў падняў руку – усе застылі на месцы.
– Прапусціце наперад калек, сірот, удоў, – загадаў. Пра нястачных не напомніў: заўсёды сачыў, каб ім была помач як ад заможнікаў, так і ад яго ды царкоўнай казны.
Паслухаліся. А нямоглыя, няшчасныя з абодвых бакоў папаўзлі – Рагнеда, адпусціўшы доччыныя рукі, запатрабавальна махнула рукой уверх: падыміцеся, вы і без каленасхілення заслужылі спагаду. Усталі найперш аднаногія, дзеці, састарэлыя. І ўжо яны:
– Маці наша!
– Блаславі!
– Памажы!
Перад шляхам усе зноў упалі на калені – Рагнеда пачала перахрошчваць сляпых, нямых, глухіх, кульгавых, аднарукіх, аднаногіх, гарбатых, дзяцей і яшчэ маладых жанчын, тых, хто не мог хадзіць і каго іншыя прынеслі на руках. Усе прасілі яе дакрануцца да іх (пазней пайшлі пагалоскі, што некаторыя з блаславёных Рагнедаю пачалі бачыць, чуць, гаварыць, сталі на ногі). А пасля, калі яна мінула іх, і здаровыя кінуліся за ёю, каб першымі дакрануцца да яе слядоў.
Царква была зачыненая...

5.

Ганна зажадала сустрэцца і з Рагнедай. Сам-насам.
І вось яны побач у цяперашнім Ганніным прытулку – другая і шостая жонкі вялікага князя кіеўскага Уладзіміра. Абедзьве замужам за тым не без прынукі; Рагнеда – дык праз гвалт. За сваё няпростае сямейнае, тым больш за адасобленае, напачатку вельмі змрочнае манашскае жыццё Рагнеда нават у самыя нечакана ўзрушлівыя, а то, здаецца, і невыносныя часіны навучылася быць стрыманай, засяроджанай і разважлівай, а вось яе суперніца-пераможца, убачыўшы яе глыбінна ўнутраны позірк і жаночую няскоранасць, прыкметна хвалявалася. Пакуль Рагнеда дні два цешылася сустрэчамі з сынам і дочкамі, не раз хацела зірнуць спачатку ўпотай на яе, “гордую палацескую красуню” – і вось тая перад ёй. Уціхаміраная, нібы безуважная, ды вунь якія моц і годнасць сыходзяць ад яе. А яна ж, Рагнеда, маладзейшая за яе. Ці мо і гэта дае ёй сілы.
Хвіліну-другую жанчыны (Рагнеда ў чысценькім манашскім чорна-белым уборы, што прастатой асабліва надаваў ёй пагляднасці і пэўнай недаступнасці; Ганна ў мірскім, жоўта-зялёна-чырвоным) агледжвалі адна адну.
– Блаславі цябе Бог, вялікая княгіня кіеўская, – як і трэба манашцы, павіталася Рагнеда.
Мо Ганне – раней, да замужжа, асобе вясёлага, гуллівага, нават разгульнага нораву – было і цяжэй. Перад красуняй, маці шасцярых дзяцей, каго і з-за яе выдалілі з Кіева і саслалі, як яна, візантыйка, лічыла ў дзікунскі дрыгавіцкі край (спачатку яна і Кіеў лічыла глушшу). Хоць... Ці вялікая яе віна? Дык неяк і само знайшлося адказаць:
– Рада бачыць і жадаць табе здароўя. Павер, спачувала і спачуваю табе.
– Зусім не трэба спачуваць мне, Ганна, – супакоіла Рагнеда. – Такі ўжо наш з табой лёс...
Тая зірнула няўцямна. Паказала на лаўкі, кожная са спінкай, накрытыя мядзведжай скурай. Прыселі побач, паўбокам. Каб быць тварам адна да адной. Рагнеда пры яркім дзённым святле, што лілося сюды праз зашыбаванае шклом акно, міжволі затрымала позірк на маршчынах, што абраменьвалі знізу Ганніны вочы і асабліва іх куточкі. Замазвай ці не замазвай, а не схаваеш, што яны ўжо не ад маладых гадоў. А каб не бянтэжыць, патлумачыла:
– І я, і ты стала жонкай Уладзіміра не па сваёй волі. Але дзеля хрысціянства я павінна была пакінуць Кіеў, а ты апынуцца ў ім. – Рагнеда, канечне ж, не прадбачыла, што гаворыць прарочае: менавіта хрысціянства пакіне іх імёны ў гісторыі. – Ды як тут кажуць, ніколькі не самотная. Я “была не праздная” (была замужняя), не ўдавіца і не бясчадная (не без дзяцей). Старэйшы сын мой Дзедаўшчыну аднавіў, род свой завядзе. Малодшыя сыны княства сваё маюць, а дочкі – на выданні замуж у іншыя краіны. За гэта найперш дзякуй вялікі табе. Ты не стала для іх злой мачыхай, – зноў схіліла голаў. – Так што, Ганна, я шчаслівая. Ды цяпер!..
– Дзецям, надта малым, трэба не проста жаночая, а мацярынская ласка, – адказала Ганна. – Я наўрад ці давала і даю такую.
– І за тваю дзякую.
– Мяне так, як цябе, не сустракаюць у Кіеве, – пажаласцілася Ганна. – Ты любімая сваім людам. А я і дома не зведвала такога... – Далей ёй цяжка было гаварыць: перабівалася дыханне.
“Позна табе быць зноў цяжарнай. Многія смердкі, знясіленыя працай, у твае леты ўжо канчаюць свой век”, – пашкадавала яе Рагнеда, а ўголас вызначыла па сваіх прыкметах:
– Сына родзіш.
– Я хацела б дачку.
– Тут ужо не наша воля, а Божая, – Рагнеда дазволіла сабе ўсміх­нуцца.
– Скажы, – здаецца, даверліва зірнула Ганна. – а табе, такой яшчэ вабнай, не прыкрыя гэтае во адзенне, келля, пасты, малітвы? Ты ж і яшчэ магла б жыць па-мірску, ашчаслівіць некага...
– Я ўжо і ў Кіеве прывучылася не да ўцех мірскіх... – Зазначыла Рагнеда. – Не, Ганна, манашскае жыццё не апакутвае. Нават ратуе. Ды калі, кажу ж, ведаю, бачу: дзеці мае пры ладзе. Я дзеля іх жыву, а не для сябе. Таму апратка, зямлянка мае, паставанне, малітаванне да Бога – зусім не пакуты, а помач... Таму мо Ён, Усявышні, і суцішыў горыч...
Крыху пазней, ужо за сталом з лёгкімі стравамі, сярод найбольш было малочна-тварожнага, кісялю, пшанічных булачак і журавінавага напою, Ганна дадала:
– Прадслава твая – красуня з красунь. Уладзімір, як нікога з дзяцей, любіць яе. Мо і з-за... цябе.
Рагнеда змаўчала і наўмысна па-маленечкаму піла са шкляніцы кіславата-салодкі напой: хацела разабрацца, дзе тут шчырасць, а дзе славутыя візантыйскія крутня, хітрыкі і ашука.
– Ты стала яму жонкай па яго любові, а я... – Усё больш разгаворвалася тая. – Наш з ім шлюб – гэта шлюб Кіева і Канстанцінопаля. Я хутка ўведала: з усіх яго жонак ты яму самая любімая. У хвіліны, калі... ну, разумееш, калі... ён доўгі час шаптаў ласкава тваё імя... “Рагнедзька”, “мілая”, “любая душы...”. Ён не можа пазбавіцца ад гэтай любові, злуе, наўмысна абы-што нагаворвае на цябе. Ды, як ты кажаш, што ад Бога запала ў сэрца, тое цепліцца там... У Прадславе бачыць нібы цябе, таму і не адпускае ад сябе. А ёй ужо які час трэба замужам быць. І жаніх годны знаходзіўся. Баляслаў-лях. Ды Уладзімір адмовіў яму. А цяпер, калі коціцца на нас печанежская навала, як бы спатрэбілася помач ляхаў!
– У нечым і няшчасны ён...
– Хто? – не зразумела Ганна.
– Уладзмір наш. Як і ўсе тыя, каму Бог нямала даў, але хто прагне ўлады вялікай над людзьмі, а па заваёве іншых плямён, дзяржаў славы Аляксандра Македонскага. Хто з нястрыманымі страсцямі зямнымі. З грахамі незлічонымі. З пакаяннем і тут жа зноў па вушы з віною. Таму ў такіх і розум, і душа адмысловыя...
Любіць то ён любіў, магла дадаць Рагнеда, але недагаварыла. Але якая была яго любоў? Дамагаўся яе змусам. Калі не выходзіла па ім ці не мог вызначыцца як мужчына, то піў, лютаваў, кідаўся на іншых жанчын і дзяўчат. Ды не магутны Саламон ён... Потым каяўся, вымольваў дараванне... А што да “пакут сваіх”, то сам вінаваты быў у іх. Найперш за тое, што абарваў жыццё яе невінаватым родным і братам.
– Ты спачуваеш яму? – здзівілася Ганна.
– Не столькі як мужу былому, колькі як чалавеку. Яму ж бацькі далі жыццё ў любові вялікай. Таму я і за цябе малюся, што ты сцішыла яго, здавалася, неўтаймаваныя жарсці, што ён стаў калі не чалавекалюбны, дык хоць чалавекацярпімы. Што спазнаў: не толькі люд для яго як нешта спадручнае, але і ён для люду! Як заступца, як бацька! Што славу можна заслужыць не толькі войнамі і забойствамі невінаватых. Хоць цяпер яму трэба весці вайну: трэба ратаваць люд свой, Дзедаўшчыну.
– Ты... – мабыць, сапраўды не магла не здзівіцца хораша і ўражана Ганна. – У вас хрысціянства зусім нядаўна, а ў нас, у Візантыі, ужо даўно, калі пра вас, славян, яшчэ амаль нічога не ведалі. Але ў нас не часта знойдзеш такую шчырасць, дабрыню, як у цябе! Ты ўжо свядома жывеш па хрысціянскіх запаведзях! Ты – ісціная першая манашка на вашых землях! Я раскажу пра гэта нашаму мітрапаліту, напішу самому патрыярху.
– Развага, дабрыня, міласэрнасць, Ганна, мелася ў нас і да хросту. Як і ва ўсім свеце вялікім, як і сярод многіх народжаных людзей і плямёнаў. А што да запавядзяў, то яны простыя, але вельмі мудрыя. Ды... – Уздыхнула. – Няхутка яны спраўдзяцца: не ўсе і хрысціяне жылі, жывуць і будуць жыць па іх... Мабыць, прыйдзецца спраўджваць іх увесь час, пакуль будзе гэты свет... Адаму і Еве Бог заклаў у цела і душу сваё праведнае, але яны не вытрымалі, спакусіліся ад д’ябла на новую, ужо найпер цялесную ўцеху, а іхні сын апусціўся яшчэ ніжэй, да братазабойства... Падбіў дзяцей, унукаў, усіх нашчадкаў на зямныя асалоды, зайздрасць, хцівасць, што можна спраўдзіць праз каверзы розныя, забойствы, войны... Калі і не было Госпада нашага з яго запаведзямі, то яго трэба было прыдумаць, – сагнула галаву, перахрысцілася. – Каб хоць крыху суняць чалавечыя каінскія страсці...
– Скажы, – Ганна парывіста апусціла сваю халодную і ў цяпле далонь на верх Рагнедзінай рукі, – што мне дзеля цябе зрабіць? Хочаш вярнуцца ў Палацеск?
– Не.
– Чаму?
– Не трэба гэтага.
– Не разумею цябе. Патлумач. Ці не хочаш быць побач з епіскапам вашым праціўным? Але калі ён цябе прыгнятае, то яго можна прыструніць. Адно маё слова нашаму мітрапаліту...
– Не, не трэба сварак. Я вярнуся туды, дзе мне вызначылі быць і дзе Усявышні праявіў да мяне ласку вялікую. Дык я павінна яму там, у Ізяслаўлі, дзякаваць, а не ў Палацеску.
Ганна, здаецца, нічога больш не магла сказаць, пазірала на яе з захапленнем і, можа, з зайздрасцю да яе моцы духу, а Рагнеда не пажадала больш нічога не тлумачыць. Яна не баялася быць паблізу дробна прыдзірлівага, ахвотнага лёгка абразіць, прынізіць вярхоўнага полацкага святаслужніка, а вось спачатку ўражвала, а потым пачало злаваць, што яна не толькі цярпліва выслухоўвае ягоныя ўшчуванні, але нават прыймае яго як духоўнага айца. І Ганніна нечаканае заступніцтва яе не спакусіла: яе думкі былі найперш пра Ізяслава. Каб яна перабралася сюды, то ён яшчэ больш пакутаваў бы за тое, што сам можа шыкаваць у хораме, а яна, маці, нішчымніцца ў келлі, паслухмянніца-прыслужніца ўладалюбнага злоснага чалавека. А люд полацкі Ізяслаў ужо здолее аберагчы ад епіскавага сваволля. А калі верыць Ганне, то яна гатовая ў патрэбны час заступіцца за ўпадабанага Ізяслава. А застанься яна тут – люд будзе ўшаноўваць яе не як Анастасію, а як Гарыславу-Рагнеду, што дадасць новага разладу... А яго не трэба: не будзе ён на карысць сыну, любай Полацкай зямлі... Дзеля яе дабрабыту не трэба, нават нельга баяцца сваіх нягод, што даліся ёй не толькі як іспыт, але і як дар Божы... Некалі юная, прагная да жыцця, шчаслівая ў шчаслівай сям’і, збіраючыся выйсці замуж за Яраполка, быць княгіняй у Кіеве, нават падумаць не магла пра гэты іспыт і дар, палічыла б іх за кару бацькоў ці багоў, а цяпер... Спазнала тое, што раней спала ў ёй...
– Павер, – прамовіла Рагнеда, – вярнуся я ў мілы мне Ізяслаўль з лёгкай душой. Я зжылася ўжо з яго людам, лясамі, рэчачкамі, балотцамі і зусім не сумую па княскіх палацях.
Яна ведала: Ганна, змушаная ехаць у Кіеў, папікала братоў-базілеўсаў: вы гоніце мяне ў палон да дзікуноў! На марненне і гібенне! Толькі цяпер, стаўшы маці, палюбіўшы дзяцей (а раней пра іх нават думаць не хацела), больш-менш супакоілася. Але каб жыць у зямлянцы сярод глушэчы!, то нават ад думкі пра гэта яе запалоньваў жах!..
Іхняе думнае маўчанне перапыніў стук у дзверы. Увайшоў епіскап. У чорным манашскім адзенні. Высакаваты, пажылы, пад клоубакам бачны круглы, яйкападобны лоб, вялікія вочы, доўгі нос на вузкім твары, тонкія пасінелыя губы сярод сівых вусоў і барады. Навіслыя бровы надавалі яго пранізліваму позірку не проста строгасць, а ўжо адразу дакор. Ганна засталася сядзець, а Рагнеда-Анастасія шпарка паднялася і рушыла пацалаваць епіскапаву руку. Той ухіліўся ад гэтага (канечне ж, перад Ганнай), мінуў, стаў бокам, але пазлараднічаў:
– Ну што, удатвароная?
– Задаволеная, святы айцец.
– Ажыло гардавусіе? – пакпіў. – Зацешылася грэшная душа, што сустракалі не чарніцу Анастасію, а былую полацкую князёўну Гарыславу-Рагнеду? Напомню табе, чарніцы: вся видимая мира сего красна (прыгожае) суть и славна, но вскоре минуют, яко сон, или цвет увядает; вечнаа же и невидимая в веки пребывает, якоже Писание глаголет: око не виде, ни ухо слыша, ни на сердце человеку взыде (прыйдзе), еже (што) уготова (рыхтуе) Бог любящим его.
– Я, святы айцец, не прасіла так мяне сустракаць, – спакойна адказала на яго папрок. – Таму і для мяне ўсё было нечакана. Ды сам бачыш, не ўзбуджаю палацескі люд, паказваю, што трэба болей далучацца да новай веры. Але я, праўда, вельмі радая. Найперш за тое, што пабачыла дачок. Я забываю, што шчасліва жыла ў Палацеску, па-свойму ў Кіеве, але ніколі не забуду: я – маці, у мяне ёсць дзеці. Дык малілася і буду маліцца, каб яны былі жывыя, здаровыя і шчаслівыя. А цяпер буду маліцца і за вялікую княгіню кіеўскую: у яе вялікае і добрае хрысціянскае сэрца. А на тое, што ты мне напомніў, скажу так: хачу верыць, што спазнала сэнс “княжения и славы мира сего”, што часам – “прах и пепел, и яко дым разходится”. А таксама – “печаль мира сего”, “смирение”, “почьвение” (успакаенне). Хачу верыць, што спазнаю тое, калі душа “Святаго Духа наполняшеся”, што ёсць “трапеза нетлеющих брашен (страваў), не иже (не тая, што) гортань услажает и чрево насыщает, но душа весялища и ум укрепляющи на подвиги добрых дел”.
– Мацуй сваю веру, нявеста Хрыстова і раба Божая, – нібыта памякчэў епіскап. – Як сказана: “Не заморит Господь гладом души праведных”.
– Не сярдуй, святы айцец, – звярнулася да епіскапа Ганна. – Нам трэба было пабачыцца, пагаварыць. Цяпер я вярнуся ў Кіеў без каменя на сэрцы. Гарыслава-Рагнеда была высокагодная як вялікая княгіня кіеўская, высокагодная і як манахіня Анастасія. Каб мацней заваяваць думы і сэрцы яшчэ не амацаваных вернікаў, усё яшчэ язычнікаў, ты павінен яе не ганіць, а хваліць. Ганенне будзе табе, хрысціянству на шкоду... Ды яна – першая тут манахіня. Не кожная з нас, жанчын, можа мечам духоўным адсекчы плоцкія ўцехі, аддаць цела пасту, на каленях малітвам Усявышняму. Яна па-свойму паўтарае лёс першых жанчын-хрысціянак, якія клалі галовы і пад іншы меч ці якіх кідалі ў клетку да львоў...
Калі б хто цяпер змог угадаць сапраўдныя Ганніны думкі, то ўведаў бы іх вось так:”Арэол усё новага пакутніцтва толькі дадасць ёй спачування і славы. Дык ці трэба спрыяць гэтаму? Ці не лепш цяпер добра сказаць пра яе, каб менш так гаварылі пазней?..”
Ёй, Ганне, епіскап паасцерагаўся пярэчыць, а вось Рагнедзе з напускной міралюбнасцю запрасіў (як загадам):
– Чакаю цябе, манахіня, на споведзі.
– Назначайце дзень і час, святы айцец, – паслухмяна згадзілася яна. Мне і самой хочацца паспавядацца.
– Прыйдзеш заўтра на заутреню (ютрань; ранішняя царкоўная служба), а ўвечар пакінеш Палацеск. Нават уночы... – вызначыўся епіскап і ўчэпіста ўгледзеўся з-пад калматых броваў, як яна ўспрыймае яго наказ-загад.
– Як скажаш святы айцец, – непарушна адказала Рагнеда. – Ты прамаўляеш тое, на што ёсць воля Божая. Як і на тое, каб я споўніла твой запавет: закончыла перапісваць перакладзеныя Кірылам і Мяфодзіем кнігі Бібліі для люду нашага і ўвогуле славянскага...
Ён, можа, і не паверыў у яе шчырую пакорлівасць, але калючыя ягоныя вочы пацягнуліся павалокай задавальнення, а з твару сплыла пахмурнасць; Ганна змаўчала, не папрасіла, каб епіскап пакінуў яе, Рагнеду, тут, у Полацку; Рагнеда ж, сапраўды, была зусім не засмучаная, схілілася перад Ганнай, пацалавала епіскапаву руку і павольна княжацка-манашскай паходкай пакінула Ганніну святліцу.

Назаўтра Рагнеда апошні раз абняла дачок і, стрымліваючы слёзы, папрытульвала іх, адарыла мацярынскім цяплом і выехала з Полацка. Ужо назаўсёды. Познім вечарам, але не вельмі цёмным ад снегу і высыпаных на небе зорак. З Ізяславам яна яшчэ ў горадзе яго імя ўбачыцца і не раз, а вось пра дачок толькі да апошняга ўздыху на гэтай шматпакутнай, але дарагой для яе зямлі будзе ўспамінаць іх у дзвюх іпастасях – здзіўлена-уражаных, хвалююча-радасных пры сустрэчы, доўгіх начных размовах і расплаканых пры развітанні.
А што да Ганны з яе думкамі пра будучую памяць пра Рагнеду, то тая не памылілася. Вось і мы больш чым праз 1000 гадоў пішам, чытаем пра нашу палачанку, будуць пра яе пісаць, чытаць, узгадваць і пазней: сам лёс вызначыў назвацца, быць ёй у многім, паўторым які раз, Першай...

– Соф’я і я хочам, дарагія сястрычкі, – сказаў на развітанне Ізяслаў, стоячы каля стала і паклаўшы руку на адну з драўляных і абкленых рудым аксамітам скрыніц-скарбонак з меднай, хораша аздобленай пераноскай, – падарыць вам на памяць найперш тое, што зрабілі нашы майстры. Яно, можа, і простае для вас, дачок вялікага князя. Але яно палацескае, з любоўю зробленае, каб нашы жанкі былі яшчэ болей прыўкрасныя. Пачнем з цябе, Праміслаўка. Для цябе амаль усё тут завялікае, але няхай будзе навырост.
Адчыніў вечка і пачаў падаваць Соф’і, а тая весела і з мілай усмешкаю брала і ішла да Праміславы. Прыладзіла на галоўцы медную дыядэму з бурштынавымі падвескамі, на шыі – круглую, з загнутымі канцамі (можна прымеркаваць да любой шыі), спераду больш шырокую і з падвескамі-сэрцайкамі грыўну, на левую руку начапіла з некалькіх колцаў (самае шырокае пасярод) бранзалет. На шыю яшчэ павесіла каралі на тоненькай залатой нітцы і з буйнага бурштыну.
– Іх надзенеш, калі будзеш ісці да шлюбу, – патлумачыла. – А потым, калі народзіш дзіцятка, дасі іх насіць няньцы. Неўмалятка не выб’ецца са сну, будзе здаровае і хутка расці.
Праміслава – малая то малая, – але ўспыхнула чырванцом. У знак падзякі развяла рукі і прысела на адной назе.
– І яшчэ падарункі, прывезеныя здалёку, – начапіла малодшай братавай на палец левай рукі залаты пярсёнак з зялёным каменьчыкам, а на сарафан такога ж колеру зашпількі, сагнула далоньку і паклала туды завушніцы. – Тут – нефрыт. Ён усякую боль суцішае. – На другі палец начапіла яшчэ адзін залаты пярсцёнак з ярка-сінім каменьчыкам, а ў далонь апусціла завушніцы з гэтакім жа колерам. – То – сапфір. Ён дае вернасць, цнатлівасць, сціпласць.
Ізяслаў нахіліў скарбонку:
– А тут – выразаныя нашымі майстрамі з косці палацескія птушачкі і звяры, фігуркі дзетак. А з дрэва – наш хорам. Паставіш гэта на паліцы – і Палацеск будзе як перад вачыма.
Пакланілася Праміслава і яму.
– Тое ж наша і табе, Прадслава, – паклаў руку на другую скарбонку Ізяслаў, усміхнуўся: – Праўда, без птушачак і звяркоў. А пра іншаземнае няхай скажа Соф’я.
– Тут таксама пярсцёнкі і завушніцы з нефрытам, сапфірам, брыльянтам і з яхантам, – патлумачыла Соф’я. – Брыльянт проста прыгожы, а вось яхант адганяе сум.
– Дзякуй вам вялікі, – прыклала руку да грудзей і схіліла галаву Прадслава. – Адарылі вы нас вельмі. Мы ў даўгу вялікім перад вамі. Цяпер, калі пабачылі маці, вас, Палацеск, то не будзем смуткаваць, а красавацца ў вашых дарах, весяліцца. І будзем чакаць вас у Кіеве.
Яшчэ адну скрыніцу Ізяслаў і Соф’я ўручылі Ганне. Тая, хоць і бачыла нямала розных, з усяго свету жаночых украс, усё ж засталася задаволенай, таксама запрасіла іх наведаць Кіеў. “На радзіны, – усміхнулася, склаўшы рукі на поўным жываце. – Будзеце хрышчонымі бацькамі”.

З “Рукапісу”

“Вялікі князь кіеўскі Уладзімір сабраў з розных зямель сілу і ў 997-ым адбіў вельмі грозны набег печанегаў. Здаецца, больш пры яго жыцці тыя на яго не нападалі, але пасля ўрываліся яшчэ не раз; Ганна з малодшымі дзецьмі, Прад­слава і Праміслава пакінулі Полацк і вярнуліся ў бяспечны Кіеў.
Новае тысячагоддзе пачалося не проста нешчасліва для акрыялай Полацкай зямлі, а з новымі вялікімі бядой і горам: у 1000-ым не стала Рагнеды (не пражыла і 40 гадоў), у 1001-ым – Ізяслава (век яго звузіўся толькі да 25-ці!), а ў 1003-м – яго юнага сына Усяслава. За тры гады – тры смерці! І якія! Ды амаль запар! Летапісец Нестар пра адыход на той свет Рагнеды і Ізяслава напісаў, што яны “преставися” (памерлі), а вось у полацкім летапісе зазначана, што яны “убиенны...” Праўда, я не знайшоў, кім і чым – мячом альбо атрутаю. Але што гвалтам зведзеныя – няма ў гэтым ніякага сумнення. Няма зачэпкі сказаць, што цяпер вялікі кіеўскі князь Уладзімір завяршыў свае рахункі з былой жонкай, сынам, а заадно і са старэйшым унукам. Але ёсць западозранне, што не ўсе яго блізкія баяры спакойна назіралі, як духоўна Рагнеда-Анастасія і маёмасна-скарбава маўклівец Ізяслаў мацуюць Полацкую зямлю, і ўсё больш ды больш не можа заводзіцца ніякай гаворкі, што яна будзе толькі ўдзельным княствам: ужо цяпер яна зусім не такая. Ды мо і епіскап не надта жадаў ім “многія лета...”, не прамінаў ужываць тое, што мае назоў “хула...” Хоць і ка­жуць, што часамі ганены лепш хвалёнага, але звычайна больш вераць паганьбе, чым пахвале...
Лёс сжаліўся над Полацкам: раз і другі пакінуў яму тоненькую нітачку для выратавання сваёй княскай дынастыі – спачатку Ізяслававага сына, неўмаля Брачыслава (нарадзіўся ў год бабулінай смерці), а пазней яго адзінага нашчадка Усяслава... (Пра Ізяслававічаў, як і аб Прадславе з Праміславай, будзе далей. – Г.Д.).

(Працяг будзе)