12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аксана Данільчык

_____________________
Паўночны анёл.
Вершы

Адзін дзень

тым сумным днём ляцелі птушкі
у недасяжныя вышыні
падманвала пяшчота сонца
адных, другіх – каханьне гнала,
і траекторыя палётаў
сярод абшараў вечнай сіні
і непрычэсаных аблокаў
у плынях ветру раставала

тым сьветлым днём гучалі крокі
па лесьвіцах, што ўніз ліліся,
і над вадой у пацалунках
увасабляліся жаданьні
і ля Траецкага прадмесьця
паміж сабой перапляліся
сьвятло і цень, смугі карункі,
былых палацаў згадкі-здані

тым дзіўным днём на клейкім лісьці
дрыжалі дажджавыя сферы
і навакольле люстравалі
халоднай плацінай паверхні,
а паміж імі праплывалі
спадарыні і кавалеры,
і з годнай стрыманасьцю ценяў
яны ішлі праз горад верхні.

і я сама зачаравана
на іх павольны рух глядзела,
мой цень сваёй ядвабнай сукняй
між іншых строяў вызначаўся
ад блізкасьці часоў мінулых
паветра гулкае трымцела,
і колер воднае прасторы
з высокім небам спалучаўся.


* * *

Што значыць стацца самадастатковай?
Здаволіцца адной сваёй прысутнасьцю
між кіпарысавых алей і не шукаць
другой душы,
каб праз яе мембраны
імкнуцца сьвету сутнасьць спасьцігаць?

Або лавіць і выпускаць каханьне,
бы жоўтакрылых матылёў дзяцінства?

А на далонях – толькі жоўты пыл...


* * *

Вясёлы бог смарагдавых акацый
пакінуў богаўкам спусьцелыя галіны
і, ахінуўшыся туманным змрокам,
ціхутка сплыў кудысьці ўсьлед за сонцам,
і сьмех яго на вінаграднай гронцы,
на голках піній я знайсьці павінна,
ён зазьвініць у мностве варыяцый
і вернецца ў зямлю сваіх вытокаў.


* * *

сексуальнае паветра па-над плошчамі лунае,
неба зьдзекліва праменіць
мройнай сонечнасьці дым,
і бяз дотыкаў і словаў цела з целам размаўляе,
і нябачныя флюіды напаўняюць гарады,
а парою вечаровай
на старых прыступках лесьвіц
у сьцішэлых раптам парках запавольваю хаду,
ні фантазій, ні ўспамінаў
мне ня хочацца закрэсьліць,
я ізноў цябе шукаю, я ізноў цябе знайду.


* * *

Хочацца зноў у расчыненай далечы
бачыць гуканьне вясновага позірку,
дзе надзімаюцца сьветла-зялёныя
ветразі лісьця над грэбнямі радасьці,
там, дзе вясёлка – чароўнаю брамаю
да дзьмухаўцовага мяккага покрыва,
да мурагоў у бязьмежжа расьсьцеленых,
травеньскім сонцам лагодным напоўненых.


* * *

Мяне ўсе кінулі, усе палеглі спаць,
а я вышукваю ў начных пакоях
той прывід, што параіўся б са мною,
якую зорку сёньня назіраць,
якім віном напоўніць цёмны час,
якою музыкай люляць пяшчоту,
а прывід не сьпяшаецца і ўпотай
зьдзяйсьняю ціхі паварот ключа.
Якая дэпрэсіўная вясна,
і вецер, вецер, вецер беспрытульны,
і холадна, і так пакуль няўтульна
між голых дрэў ля цёмнага вакна.
І я цяпер магу паспачуваць
самотнікам, што не заснуць паўночы,
і так, напэўна, будзе не аднойчы –
мяне ўсе кінуць і палягуць спаць.
Маіх жыцьцёвых дасягненьняў стос
ураз здрабнеў ад дум такіх тужлівых,
анёл нячутна з крылаў пыл абтрос
і рушыў прэч па вуліцы маўклівай.


* * *

І вось яна – жыцьця майго палова
гарою паўстае з-за далягляду.
Ўваходу не відно пакуль. Я крокі
наўмысна запавольваю, ды толькі
зямля здаецца мноствам вострых голак.

А на шляху да непазьбежнай брамы
кладуцца лісьцем дробныя правіны,
мінулых жарсьцяў белае каменьне,
і пачынаюць рухацца насустрач
краіны, гарады і кантыненты.

Каханы мой! У пошуках адзінства
і сэнсавызначальных накірункаў,
я пакідаю верную сьцяжыну,
і рушу ў сьвет, дзе высахлы атрамант
захоўвае пульсацыю пачуцьцяў,
дзе злучаная з фонам папяровым
няўлоўнасьць і быцьця, і сузіраньня, –
матыль, насаджаны на вастрыё мастацтва.

Скажы мне толькі: «Лёгкае дарогі».