12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аксана Данільчык

_____________________
Сон, які немагчыма забараніць.
Вершы


* * *
Конь
не заўсёды ратуе,
меч
не заўсёды заб’е.
Мудрасьць з разьлікам мяжуе,
лёс толькі сродак дае:
змушанае падарожжа,
ўсьмешку,
атруты глыток...

Так асьляпляльна прыгожа —
крок і яшчэ адзін крок.

Вось ён, парад чэмпіёнаў,
вось яны, рожкі тырчаць,
вось яны, чуюцца стогны
тых, хто ня ў стане трываць.
Вось яна, чорная зграя,
вось ён, змаганьня накал,
кодэксам самурая
выпісаны фінал.

Сколькі
загадкавых “можа”,
сколькі
таемных “калі б”…

Так асьляпляльна прыгожа
чорныя макі ўзрасьлі.

Так асьляпляльна прыгожа
зьнічка згарае ўначы,
у рэшце рэшт,
пераможа
той,
хто павінен перамагчы.


Першы сьнег на Ракаўскай вуліцы

На вузкіх прыступках сыходзяцца сінія промні
І так нерэальна, што горад пакуль існуе.
Бязмэтныя крокі мае напаўняюцца музыкай поўні
І поўняцца музыкай сьнега бязмэтныя рухі мае.
Ад зоркі да зоркі, ад вечнасьці і да імгненьня,
Ад песьні да суму, ад радасьці і да журбы.
Трымціць на марозе і мне пасылае натхненьне
Зялёнае лісьце засыпанай сьнегам вярбы.


* * *
безьліч выканаўцаў
таленавітых і ня вельмі
імкнуліся прымусіць мяне
выконваць
іх мелодыі

гучы – да страты голасу
гучы – да страты сьвядомасьці

БО ТАДЫ МОЖНА ЎСЁ

а я – не саксафон
ня скрыпка
ня флейта
і тым больш
не жалейка

я ўвогуле не інструмент

і мая музыка
мая ўласная музыка
crescendo diminuendo
diminuendo crescendo
вырываецца на паверхню
прарастае ў паветры
вібруе нацягнутымі струнамі
стварае электрамагнітнае поле
і б’е па руках

ПРЭЧ РУКІ


* * *
такая бязмоўная сьмерць

вочы яе то шырока расплюшчаныя
з неба ў неба
то закрытыя блакітнай цыратай
ад восьмай раніцы да чацьвёртай апоўдні
толькі шэры анёл-ахоўнік
у форме міліцыянта
час ад часу зьвярае гадзіньнік
час ад часу зьвярае твар пад цыратай
з партрэтам на надмагільлі
пасьля нябожчык зьнікае
і нішто не нагадвае пра яго наяўнасьць

плынь яе рэчкі такая павольная
але цела не жадае ўсплываць
і дну паколатаму баграмі
Міністэрства Надзвычайных Спраў
нічога не застаецца
як схаваць у скаламучанай вадзе сваю здабычу

кроў яе цёмная-цёмная
плямай на шэрым асфальце
сярод бульбяных абіркаў
рассыпаных сьмецьцявозам
а рукі белыя-белыя
хацелі дакрануцца да сонца
а дакранаюцца да бездані

мама мама там дохлы груган
ляжыць на зямлі пад дрэвам
амаль Пітэр–Брэйгель старэйшы
“Пейзаж з падзеньнем Ікара”

бо тут бязмоўная сьмерць
такая бязмоўная сьмерць

Made in Serabranka

а горад падумаў вучэньні ідуць


* * *
у крышталях зялёных застыла мая зямля
колер бутэлечны іншыя колеры глушыць
дрэвы ўздымаюць неба як вечка труны
у моры шума ну хоць бы кропельку сушы
і тым ня менш
пакінем слабым іх слабасьць

так не хапае паветра ад вечных пагроз
хто мы такія на беразе гэтым крывавым
то здрыганецца падзем’е то перакуліцца мост
цягнуцца рукі з варонкі тут сьмерць забірае
выключна
дзеля забавы
аднак
пакінем слабым іх слабасьць

кожнае слова маё можна супраць мяне
кожную ўсьмешку маю быццам бездапаможнасьць
можна
тлумачыць
але апускаецца змрок
сон
і мой вораг
абдыме ашчадна прытуліць пяшчотна
прашэпча ня бойся
я побач з табою
я твой спадарожнік

я — твой

пакінем слабым іх слабасьць


* * *
Заўважыць тваю прысутнасьць –
быццам адкрыць
нованароджаную галактыку.

Гэты пробліск у антрацытавым небе –
пільнасьць вачэй ці здагадка?..

Заўважыць –
і спыніцца ў нерашучасьці,
баючыся,
што ад майго неасьцярожнага позірку
яна можа зьнікнуць.

Асэнсаваньне цуда…


* * *
Краявід зьледзянелых аблокаў
формай – тым, што навідавоку, –
выяўляе адну з варыяцый
на тэму майго існаваньня,
перажыўшы дзень авуляцыі,
можна месяц спакойна дыхаць,
адчуваць летаргію гармонаў
да зімы рыхтавацца паціху,
і падчас непазьбежных бадзяньняў
спачуваць галубам і варонам.

Па нахіленай -- у іншую плоскасьць,
дзе губляе сусьвет сваю боскасьць.
Першым планам -- вочы, а фонам --
дзьве працягнутыя рукі,
і пачуцьці мае напрасткі,
не зважаючы на гламурнасьць,
падзяляюць прастору і топчуць газоны...

Па-над намі ледзь бачным сьвячэньнем
выглядае праз неба пахмурнасьць
сонца, бы зайчанятка з кішэні.


* * *
Я засынаю на німфеях белых
вяду глыбокадумныя размовы,
а ты з сабою носіш парабелум,
а ты заўжды да барацьбы гатовы.
Ты назіраеш стрымана і пільна
за зьменамі ў настроях навакольля,
аналізуючы бесьперапынна
учынкі, рухі, выклікі і ролі.
А я лічу сябе даволі здольнай,
каб разумець, што дзеецца з табою,
і вось таму маім чытвом настольным
становіцца Сун Цзу: “Мастацтва бою”.
Якая моц, якая абаяльнасьць,
халоднай зброі цьмянае мірганьне,
мая рэальнасьць і твая рэальнасьць
сплятаюцца ў адзінстве існаваньня.
Мы – вочы ў вочы між празрыстых сьценаў,
мы -- сэрца ў сэрца паміж магаў чорных.
Каханьне – не прысуд і не збавеньне,
а шлях у неба да абсягаў зорных.


Сон, які немагчыма забараніць

Будзе ціхая ноч,
песьнясьпевы цыкад
не парушаць трымценьня паветра.
Будзе ціхая ноч,
каб вярнуцца назад,
на адлегласьць у некалькі метраў.

На адлегласьць прыступак
зямля -— самалёт,
як апошняй мяжы паміж намі,
і адбудзецца ўсё,
што дагэтуль было
толькі думкамі, вершамі, снамі…

Восемсот… дзевяцьсот…
вышыню набіраць
пачынаюць сталёвыя крылы,
і ты будзеш мяне
цалаваць, цалаваць
над азораным небасхілам…

Будзе ўзрушана поўня
на небе дрыжаць,
і нарэшце я стану шчасьлівай,
а сакрэтныя службы
саюзных дзяржаў
толькі глянуць усьлед нам тужліва...