12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Надзея Данішэўская

_____________________
Кавалачак сонца ў канверце. Вершы


Colors

Вось стол. Ён круглы. На стале
Стаіць зялёная гарбата.
Малююць прыцемкі на шкле
Выяву чорнага квадрата.

На срэбным люстры ля вакна –
Адбіткі жоўтага кіліма.
У імавернасці святла
Гляджу разгублена “Навіны”.

Ад кволай шэрасці падзей,
Ад стомы бледнае – зялёнай,
Ад чорнай марнасці надзей
Раблюся я
некаляровай.

* * *

Глядзі, як аблокі кідаюць накідкі
на кідкі ў вочы,
ахвочы да волі,
даволі нязграбны па сэнсу радок.


* * *

Ноччу ў Менску не бачна зорак.
Як ні глядзі — няма іх.
А ты так проста кідаеш пад ногі мне
назоўнік
“Каханне”.

Ты са сваім светлым тварам
Здаешся мне дзівам.
Такі чаканы ды такі прывабны,
як шагалаўская
карціна.

Узяўшыся за рукі, паляцім мы разам
Над горадам снежным, белым.
Там усе жыхары спяць даўно
па сваіх
кватэрах.

А ранкам прачнуцца і будуць смяяцца,
І кпіць з мяне.
І будзе ўсё тая ж штодзённая праца
ды горкая кава
ў абед.

Я буду лічыцца вар’яткай ці проста
Дурной фантазёркай.
Сяброўкі будуць тыцкаць у неба
і крычаць:
“Ёсць зоркі!

Ёсць зоркі! Ёсць неба!
А яго няма й не трэба!
Ён у тваёй дурной галаве
ды на гэтай
паперы!”

Крычыце й рагачыце да віску!
Мне ўсё адно. Я веру.
Бо б’ецца настойліва той назоўнік
да мяне
ў вокны й дзверы.


Рэквіем

Сто рэк – там, дзе гучыць
рэквіем.
Словы кідаю ў рукі Вам.
Смутак хаваю на белым –
Белым карэктарам.
Вочы хаваю – ды дзе там!

Вунь – бераг,
Ды нікога няма,
Толькі хвалі веерам.

Гучыць, гучыць рэквіем.


* * *

Ты быў адзін, і я адна…
І што? І больш нічога.
Тваё жыццё, маё жыццё,
І розныя дарогі.


* * *

Ад спякоты хаваюся на поўначы.
Хутка еду па шэрай шашы.
У самотным савецкім аўтобусе
Я пакіну кавалак душы.


* * *

Ты жалішся на дажджы,
Што йдуць, здаецца,
бясконца.
Не смуткуй! Я дашлю табе
Ў канверце
Кавалачак
Сонца.