12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аксана Данільчык

_____________________
Мова памяці. Вершы


* * *

так нечакана – праз мяне –
святлом і даўняю пяшчотай
парэчак гронка каля плота

іх кіславаты дзіўны смак
яшчэ надоўга застаецца
на языку

і цёплаю травою
і сонечнай нагрэтаю вадою
празрыстай лужыны
якая цэлым светам
зялёным жабкам і жучкам здаецца
зямлі ласкавай подых пракаветны
майго дыхання робіцца часцінай

такой жаданай еднасці хвілінай
прасякнуты нарэшце рух сусветны
і фарбамі квітнеючага лета,
і гукамі прыцішанага поля,
што думкі запаветныя міжволі
вяртаюцца ў забыты рай вясковы
парэчкавы агрэставы вішнёвы

дзе я ў бабулінай стракатай хустцы
парэчкі рву і да мяне малой
зямля звяртаецца па-беларуску

сакральнай мовай памяці сваёй


* * *

калі проста ляжаць пад яблыняй
то можна адкрыць закон сусветнага прыцягнення
знайсці скрыжаванне часу і прасторы
а яшчэ супадзенне ўнутранага цэнтра сусвету
што нібы свята заўсёды з табой
са знешнім

і захацець вярнуцца на некалькі стагоддзяў назад
каб зусім іначай адчуваць час
так як яго адчувалі раней
так каб наперадзе вечнасць
а дні адлічваць па світанках
па зменах часінаў году
каб цэнтры сусветаў супадалі
і гайдаліся сінхронна

і магчыма аднойчы
убачыць як плытагоны па Нёмане сплаўляюць лес
як коні хаваюцца ў пушчы
а буслы жывуць каля кожнай хаты
так заўсёды было
і цяпер так ёсць

магчыма гэтае месца
і называецца радзімай


* * *

у пячоры
дзе са столі апускаюцца сталактыты
што зачароўваюць сваёй прыгажосцю
дзе кроплі вады падаюць мерна і гулка
а гукі разлятаюцца з рэхам па бясконцых лабірынтах
жыве драпежнік

звычайна ён спіць і ніхто не ведае калі ён прачынаецца
адкуль выходзіць і калі нападае

для адных ён прымае воблік мінатаўра
для другіх царыцы Тамары
для трэціх...

гэты драпежнік – твой страх

існуе толькі адзін спосаб даведацца які ён

спусціцца ў пячору


* * *

у ноч калі вецер робіцца крыкам
і завісае на правадах
і запаволеным доўгім гукам
калыхае мембраны свету
шкілет выходзіць на бераг
з водарасцямі ў руках
шкілет выходзіць і раптам
ператвараецца ў чалавека

яго імпульсіўныя рухі
поўныя жалю і скрухі

спачатку між бляклых халодных агнёў
ён ходзіць па скалах вільготных
над пенай марской і над доляй людской
спявае аб лёсе гаротным
да кожнай хаціны дзе блісне святло
ён грукаецца ў адчаі
а потым глядзіць на чужое жытло
і слёзка з вачэй выцякае

і разам са слёзкай крыштальнай
ён робіцца непазнавальным

цячэ і цячэ несупыннай ракой
змяняюцца словы і песня
змяняюцца рукі аблічча спакой
павольнаю музыкай песціць
з улоння прамаці-зямлі паўстае
жанчына світальнай парою
б’е ў сонечны бубен і ціха пяе
пра новае цела жывое

ці гэта вядзьмарства замовы
ці проста вяртанне любові

расчэсвае косы жанчына-шкілет
і слухаюць сонныя людзі
чароўныя словы пра зменлівы свет
пра марнасць спрадвечных ілюзій
яна ахінае сівым туманом
свае несмяротныя плечы
нітуюцца ў прыцемках смерць і жыццё
і доўжыцца род чалавечы


* * *
памятаю бусел спачатку прынёс мяне ў лес
і ўжо там мяне падабралі людзі
прынеслі ў вёску і доўга думалі
што ж гэта за дзіцё такое

як толькі я навучылася хадзіць
то заўсёды сыходзіла ў лес
клалася на траву падобнай да якой
больш нідзе не было
глядзела ў вочы суніцам і слухала ўсё
што расказвалі сосны

можа таму і ў словах маіх
не шум марскіх хваляў
не шум жытняга поля
а галасы птушак і лесавікоў

можа таму я адчуваю сябе шчаслівай
на беразе ляснога возера
вада якога так супакаяльна звініць у спёку

бо там мой дом


* * *
лесавік лесавік аддай мне гэтыя ягадкі
а я буду паслухмяна прыходзіць у лес
распавядаць табе розныя казкі і забаўкі
з жыцця чалавекаў з ягадкамі і без
лесавік лесавік аддай мне гэтыя кветачкі
я імі ўпрыгожу свой сціплы будан
а як узыдзе поўня і пазасынаюць дзетачкі
прыляціць на іх водар срэбнакрылы кажан

лесавік лесавік аддай мне травічку гэтую
а я вытку мурожны сабе дыванок
пакладу каля ганку накрыю сурвэтаю
і пастаўлю вужакам ядлоўцавы сок

лесавік лесавік аддай мне гэтую птушачку
каб ззяла сваімі вачыма ўначы
а я дам табе на памяць чырвоную стужачку
каб не забыўся што мяне прыручыў


* * *

застаўся час
яшчэ мая душа вось так
нібы перад паўночным ззяннем
захоплена адлічвае хвіліны
перад безмежнасцю знаёмых краявідаў

там хвалі ўзгоркаў коцяцца паволі
да белага пяску балтыйскіх выдмаў

там ёсць сады дзе выспяваюць дзеці
а час адлічвае сонцазвароты
да той пары пакуль не стане відавочным
і непазбежным пакіданне саду

каб зведаць што такое боль і смутак
і каб адольваючы перашкоды
ніколі больш назад не азірацца

да той пары пакуль не стане відавочным
і непазбежным што пара вяртацца

у сад які ніколі больш не будзе
тым самым цёплым выраем дзяцінства

ды па-ранейшаму спяваюць птушкі
і пад яго раскідзістым шаптаннем
былыя дзеці ўрэшце спасцігаюць
сваю даўгачаканую даросласць

застаўся час


* * *

лён забірае мяне да астатку
ў свой незвычайны зялёны колер
і я пачынаю глядзець на свет зялёнымі вачыма
а калі губляюся ў ільняной прасторы
згадваю тое што здаецца ніколі не ведала

гэта абуджэнне маёй генетычнай памяці
гэта абуджэнне падсвядомага досведу
жанчынаў майго роду і тых
што былі да іх і што будуць пасля мяне

я чую як адцвітаюць суніцы
як шэпчуцца русалкі ў вадзяных касачах
як абуджаюцца навальніцы
і адбіваюць маланкі ў шырока расплюшчаных вачах

хто ты жанчына ільняная
зямлёю гэтай народжаная і ўзгадаваная
зямлёю гэтаю захаваная

тая што ведае