12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ярына Дашына

_____________________
Мне патрэбныя крылы...
Вершы

КАЛОДЗЕЖ

Ён быў бяздонны і пусты,
абвіты павутой і пылам.
Яго адвечнай сьлепаты
на тысячы сьляпых хапіла б.

Парослы цьвільлю ды іржой –
там кожны гук здаваўся Г У К А М...
А я была яго душой,
калодзежным вярхоўным Духам.

Страх нараджаецца нутром,
калі ўглядаешся раскоса
у перавернуты ўверх дном
аскепак сонечных нябёсаў.

* * *

Мне патрэбныя крылы,
каб лётаць з паверхаў высокіх.
Мне патрэбныя крылы
вар’ятаў усіх адзінокіх.
Мне патрэбныя крылы,
як іншым трэба адзеньне,
каб схаваць галізну
і ня ведаць зямлі прыцягненьня,
прыцягненьня жыцьця
і шурпатага падваконьня.
Мне патрэбныя крылы,
калі пад нагамі б
я
з
д
о
н
ь
н
е

* * *

Пакіньце мяне ў спакоі,
і я абярнуся ракою
глыбокай і неўміручай
за небакрай бягучай...

Я ведаю, за небакраем
па-іншаму паміраюць,
шчасьліва і звонкагалоса
ўліваючыся ў нябёсы...

Магчыма, за небакраем
ёсьць брама раю?..


* * *

Вершы як і чалавекі
паміраюць паіменна...

У цішы бібліятэкі
я рыфмую ўнутрывенна.
Унутрыслыхава сьпяваю,
ўнутрызрокава малюю.
У сабе ператрываю,
у сабе пераначую.

Стану вершыкам маленькім,
правільным аксюмаранам,
паміраючы ціхенька
недарыфмаванай...


* * *

Тысячамі ножак
шлёпае дожджык.
Неба мярэжкай,
твая усьмешка
у кроплях неба...

Цалую ў неба...


ЖМУРКІ

Я ўмею маўчаць
з адзінотаю ва ўнісон.
Я так доўга жыла,
што нарэшце забыла ўсё,
нават сэнс. Успамінаю імя
і ня помню імя.
Я так доўга жыла,
што здавалася праўдай хлусьня.
Што здавалася мне знаёмым
толькі адно:
траекторыя ценяў-падзеньняў
на самае дно.
Можа стацца, мяне пакуль
яшчэ не было.
Я гуляю ў жмуркі –
жмуруся на сьвятло.


* * *

Хварэю пад небам Менску
хваробаю суб’ектыўнай...
Успамінаю нізкі
зморшчынак твару – дзіўнай
пяшчотаю тэмпературу.

Прэм’еры, сьпектаклі, фэсты...
У горадзе касавурым
гэтым ня маю месца
свайго
і ня маю мэты
сваёй.
Ліхаманкава нешта
рыфмую – дым цыгарэтны.

нават уласным вершам
недаступна, як неба,
як лінія абанента.

раблюся патрэбай
чужога жыцьця, фрагментам...

Жыву – галаву ў калені,
хаваюся за далоні –
паўсюль як да нараджэньня
цёмна,
быццам ва ўлоньні.


ДУМКІ Ў МЕТРО

Ведаю, чым гэта скончыцца:
ад безвыходнасьці скурчыцца
месяц і цемра абрушыцца,
і цалкам Сусьвет аглушыцца...

Стаю над Пустэчаю нейкаю
з падфарбаванымі вейкамі,
з падфарбаванымі слушнымі
думкамі ВэНэУшнымі.

Мне да прыпынку канечнага,
самага небясьпечнага,
ад станцыі Незалежнасьці
да станцыі Непазьбежнасьці
лёсу.
Мае дзіцячыя
гульні пераіначылі,
думкі мае перадумалі,
стала чужой задумаю. –
Боскай? –
дай Бог адважыцца.
Нітка крыжыкам вяжацца
покуль раптоўна ня скончыцца.
Хочацца, хочаццца, хочацца
выжыць...


ЛІСТ ДА ЛЕАНІДА ГАЛУБОВІЧА

Гэтак раптоўна зьведала Вас
цалкам – нібыта ўнутрана-зьнешне...
Неяк на днях чытала якраз
Вашыя вершы.

Я ня ўмею проста чытаць
і вар’яцею пад небам Мінску.
Мне захацелася Вас абняць
па-мацярынску.

Не атрымалася так, было б,
можа, крыху па-жаночы спакусна.
Вы цалавалі б мяне ў лоб,
я Вас – у вусны.

Чула я недзе, што акрыляць
нельга крылатых.
За нейкай коскай
Вы захацелі б мяне абняць
не па-бацькоўску.

Не па-бацькоўску, ну і няхай,
Можа, крыху са спакусай мужчынскай.
Я зазірнула б за небакрай
Мінску...

P.S.
Вершы амаль спрабавала на зуб
(быццам на смак), вар’яцела і сурда-
перакладала паўзы у
рамкі абсурда.