12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Джон Дон

_____________________
Разьвітаньне, што забараняе тугу.
Вершы



Пераклад
з ангельскай –
Андрэя
ХАДАНОВІЧА.


Жаночая вернасьць

Мяне кахаеш цэлыя паўдня!
А што як заўтра – здрада і хлусьня?
Што скажаш мне? Што верная, таму
Што здрадзіла пакуль мне аднаму?
Што мы былі ня тыя, як цяпер,
Калі давалі клятвы напавер?
Што вернае каханьне – люты зьвер?
Што толькі сьмерць разлучыць (але сон –
Як скон, бо сьмерць падобная да сну),
І ўся любоў памрэ за ноч адну?
Што здрада і мана жывуць спакон
Вякоў, таму няма тваёй віны:
Мы ўсе – ахвяры здрады і маны?
Але ці стану дакараць дарма,
Бо пэўнасьці няма
Ў пытаньнях вернасьці і здрады:
Мо заўтра сам я здрадзіць буду рады?

Блыха

Зірні, у гэтай скочкі на сьцяне
Ёсьць тое, ў чым адмовіла ты мне!
Піла з мяне, а потым, уяві,
Пакаштавала і тваёй крыві,
Замест адной, напіўшыся дзьвюма.
Але кровазьмяшэньня тут няма,
Ні ганьбы, ні распусты, ні граху:
Кроў, што не дасталася жаніху,
Патрапіла ў маленькую блыху.

Спыніся, неразумнае дзіця,
Не абрывай майго – твайго! – жыцьця,
Бо гэтая блыха ёсьць я і ты,
І нашае любові храм сьвяты,
І ложак, дзе тваім бацькам на злосьць
Спачылі мы і нашая мілосьць.
Мы – болей чым сям’я: загіну я,
І самагубствам будзе сьмерць твая.
Забойства – грэх, а ў храме – утрая!

Бязьлітасная! Выбухнуў твой гнеў,
Пазногаць ад крыві пачырванеў.
У чым яе злачынства, апрача
Крыху крыві з каханага пляча?
Ты кажаш, каб ня браў да галавы,
Бо кожны з нас здаровы і жывы.
А я дык зьнемагаю пакрысе,
І мой імпэт бяды не прынясе:
Ня больш, чым кроў, зьмяшаная ў блысе!


Ідучы ў ложак

Хутчэй да справы, госьця дарагая!
Бяз працы, як ад стомы, зьнемагаю –
Нібы ваяр, што не ўступае ў бой,
Хоць бачыць ворага перад сабой.
Скінь гэты пас, зіхоткі, як сузор’е,
Што зьзяе незалежна ад надвор’я.
Пасьля нагруднік. Так яму, здымі,
Бо любавацца не дае грудзьмі!
А потым расшнуруйся – на дарожку,
Якая проста прывядзе да ложку.
А вось і чорнай зайздрасьці прадмет –
Бо я яму зайздрошчу! – твой карсет.
Паўзе сукенка з плеч – спаўзае гэтак
Цень ад пагорку з лугавіны кветак.
Здымі вянец, каб не хаваў красы:
Твая карона – самі валасы.
Скінь туфлікі хутчэй, бо толькі босы
Ступае на любоўныя нябёсы.
Нібы анёл, што ў беліні адзеж
Сыходзіць да людзей, у Рай вядзеш,
Што мусульманам дадзены па сьмерці.
Гавораць, носяць белае і чэрці,
Ды вусьцішы няма – зірні сама –
Не валасы, а плоць стаіць тарчма…
Рукамі вандраваць прашу дазволу
Паміж і за, і перад, і наўкола.
Мой вечны скарб, імперыя мая,
Краіна, дзе ўладар адзіны – я,
Дзяржава, дзе пакліканы ў цары я,
Амерыка – і я цябе адкрыю.
Мне твой палон – свабода на вякі,
Кладу пячатку дотыкам рукі.
Аголенаю будзь! Хіба ж надзела
Душа твая апратку? Так і цела.
У дыяментах з ног да галавы,
Як Аталанта з яблыкамі, – вы
Падманваеце нас усім, што звонку.
Ды толькі дурні любяць абалонку.
Ці ж рамай ачароўвае абраз?
Так і жанчыны спакушаюць нас
Тым, што глыбей, і толькі дылетанты
На вокладку мяняюць фаліянты.
Хутчэй адкрыйся мне, як чытачу;
Як павітуха, знаць цябе хачу!
Скінь белую кашулю, строй астатні,
Адно нявіннасьць не хавай у шатні:
Я распрануўся для цябе адной.
Саромеешся – то накрыйся мной.


Мой рахунак

З учорашняга дня я дваццаць год
Ня мог у твой паверыць адыход.
Год сорак трызьніў той, якой няма;
І сорак верыў: вернешся. Дарма.
У плачы сотня год, ва ўздыхах – дзьве,
І тысячу – ні думкі ў галаве,
Апроч як пра цябе, ды пакрысе
Праз тысячу забыў я іх усе.
А боль і пасьля сьмерці не патух.
Я мёртвы й несьмяротны: помніць дух.


Разьвітаньне, што забараняе тугу

Як праведнік сваёй пары
Шапне душы: “Ляці дадому!”,
І завагаюцца сябры:
Жывы ці мёртвы – невядома,

Так мы, расстаўшыся бяз сьлёз,
Мілосьці не атруцім смуткам:
Ці ж аддамо супольны лёс
На ганьбаваньне брудным чуткам?

Калі хістаецца зямля,
Трасуцца з жаху малаверы,
Ды не палохае здаля
Нябачны зрух нябёснай сферы.

Зямных любоўнікаў трасе
Ад страху змарнаваць каханьне,
Бо іх пачуцьці пакрысе
Разлука вынішчыць дазваньня.

А мы з табой кахаем так,
Што душы праз гады разлукі
Мацнейшыя за вуснаў смак
І прагныя любошчаў рукі.

Бо нашых душаў больш ня дзьве,
А – зьлітак золата адзіны,
Якога ўдар не разарве,
А толькі вытанчыць пласьціну.

Як ножкі цыркуля, мы круг
З табою крэсьлім, дарагая;
І хоць адна на месцы, рух
Няўзнак ёй надае другая.

Адна ў сярэдзіне знарок,
Але схілілася ў чаканьні,
Каб чуць тае, далёкай, крок
І выпрастацца на спатканьні.

Будзь мне апораю ў хадзе,
Каб на кругох ня схібіў квола,
І шлях зваротны прывядзе
Туды, дзе пачынаў я кола.