12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк.

_____________________
Горад Боны і Давіда.
Альбомная проза


Песьня пра Давыд-Гарадок
Сьвет шырокі і вялікі,
Не кароткі – доўгі шлях…
Йшлі вандроўныя музыкі
Па гарынскіх берагах.
І як толькі завіталі
У Давыдаў Гарадок, –
Засьпявалі, заігралі
Хто на скрыпцы, хто ў ражок.

Слава князю і дружыне,
Слава месту, а яшчэ
Слава вечная Гарыні,
Што да Прыпяці цячэ.
Са сваёй і Божай ласкі
Будзем жыць, гарадчукі!..
Кветкі – тое, што і краскі;
Краскі – тое, што й краскі!

Струны звонам загучалі,
Бо музыкі-песьняры
Засьпявалі, заігралі
Ля Царкоўнае гары…
Хто заможны – той нябедны!
Сумаваць няма калі!
Дзеўкі з Радзічаў прыбеглі…
Хлопцы з Мэльнікаў прыйшлі…

Слава князю і дружыне,
Слава месту, а яшчэ
Слава вечная Гарыні,
Што да Прыпяці цячэ.
Са сваёй і Божай ласкі
Будзем жыць, гарадчукі!..
Кветкі – тое, што і краскі;
Краскі – тое, што й краскі!

Не пакіне нас надзея,
Як і сонца на шчыце!
Наша цынія квітнее;
Наша сальвія квітнее;
Наша кларкія квітнее;
Наша шольсія квітнее,
Аквілегія сінее,
Хрызантэма залацее,
Хінацэя чырванее,
Агератум лілавее
І петунія цьвіце!
На гарынскім на Палесьсі
Век свой сеем агарод
І “на вэсну”, і “на вэсну”
Будзем езьдзіць з году ў год!

Слава князю і дружыне,
Слава месту, а яшчэ
Слава вечная Гарыні,
Што да Прыпяці цячэ.
Са сваёй і Божай ласкі
Будзем жыць, гарадчукі!..
Кветкі – тое, што і краскі;
Краскі – тое, што й краскі!

1. Давыд Ігаравіч, Бона Сфорца...
Ці ня ўсе энцыклапедыі сьведчаць: Давыд-Гарадок узьнік у пачатку 12 стагоддзя.
Летапісцы ж пра места Давыдава зьвестак не пакінулі і тым самым толькі паглыбілі фантазіі будучых дасьледчыкаў.
Заснавальнікам горада, на думку гісторыкаў, зьяўляецца ці адзін з тураўскіх князёў, які пасьля хрышчэньня стаў называцца Давыдам, ці валынскі ўладар Давыд Ігаравіч...
Аўтары часу Пілсудскага Р. Харашкевіч, М. Марчак, А. Ваньтоўскі наогул лічылі, што Гарадок паўстаў не ў 12-ым, а ў канцы 14 стагоддзя, і тады ж, на іх погляд, і акрэсьлілася ягоная назва – яна быццам бы пайшла ад імя Давыда Гарадзецкага.
Гэта відавочна палітычны падыход.
У канцы 14 стагоддзя, як вядома, была падпісаная Крэўская унія – гэта значыць, пачалося пашырэньне на нашую зямлю польскіх уплываў, таму вышэй згаданыя аўтары і аднесьлі час утварэньня Гарадка на 200 гадоў пазьней, каб такім чынам сьцьвердзіць няхай прывідную, але затое юрыдычна-законную польскасьць яшчэ аднаго заходнебеларускага мястэчка.
Зрэшты, у кожнай версіі заўсёды ёсьць свая рацыя – у гэтай, назаву яе польскай, таксама; асабліва ў той яе частцы, дзе згадваецца імя Давыда Гарадзецкага.
Трэба думаць, сапраўды паселішча заснаванае невядомым тураўскім князем (невыпадкова ж так пашырана ў Гарадку прозьвішча Туравец!) і гэтае паселішча заставалася безыменным да той часіны, пакуль не апынуўся ў ім бунтоўны і няўрымсьлівы ўнук Яраслава Мудрага Давыд Ігаравіч.
Атрымаўшы ў 1100 годзе Пагарыньне, вечна вандроўны Давыд паспрабаваў зрабіцца аселым гаспадаром – 12 стагоддзе якраз жа і было эпохай аселасьці князёў у самастойных удзелах.
Праўда, памяняць меч на арала Давыду ня надта ўдалося: праз некалькі гадоў ён ужо выпраўляецца ў паход на полаўцаў; аднак яму ўдалося іншае і, мусіць жа, самае галоўнае – выступіць эпанімам.
Існуе легенда, паводле якой амбітны валадар прамовіў:
– Я прыйшоў сюды аднойчы, каб назаўсёды ўславіць тут сваё імя!
Аднак яго імя ў якасьці тапоніма адразу не прыжылося, і яшчэ доўга гарадок называўся проста Гарадком.
А можна сказаць і так: пра само імя Давыд людзі нібыта забыліся і ўспомнілі пра яго толькі тады, калі ў канцы 14 стагоддзя над ніжняй Гарыньню заняў пасад памяркоўны князь Давыд Дзімітравіч Гарадзецкі.
Два Давыды з розных стагоддзяў, як дзьве прарочыя зоркі, сышліся ў маленькай геаграфічнай прасторы, – і для ўсіх і кожнага, нібыта ў адно імгненьне, Гарадок стаў Давыдавым.
Імя спакойнага, памяркоўнага князя абудзіла ў памяці гарадчукоў імя князя непамяркоўнага, душа якога, мяркуюць гісторыкі, ніколі ня мела спакою...
Пракаветныя запісы гавораць: Давыд Ігаравіч быў скрытны, жорсткі, бязьлітасны, карысьлівы – словам, зьяўляўся палітыкам візантыйскага тыпу; свая выгада была для яго вышэй за чужое жыцьцё.
Зрэшты, за малым адхіленьнем, ці не такімі былі й астатнія князі?!
І калі мы ведаем нешта пра іхнюю ўстойлівую хрысьціянскую дабрыню, то хіба што дзякуючы ўгодлівым летапісцам, якія служылі гэтым правіцелям...
Давыд Ігаравіч удосталь ап’яняў сябе віном гісторыі – крывёю; ён кіраваўся ня словам, а зброяй; у пошуках багацьця імкнуўся ад Азова да Валыні, ад дняпроўскага вусьця да вусьця гарынскага – Нырчы, а пры няўдачы ў пошуку ратунку схіляў галаву перад польскімі каралямі і палавецкімі ханамі.
Ягоны дзед Яраслаў быў разважлівы і набожны, шанаваў асьвету і мастацтва, а ён шанаваў толькі свой меч.
І ўсё ж у гісторыі гарынскага краю Давыд Ігаравіч застаецца перш за ўсё будаўніком, бо ў падмурак Гарадка ім пакладзены залаты камень – уласнае імя...
Горад паволі вырастаў на правым беразе Гарыні прыблізна за 14 кіламетраў ад Прыпяці.
Было б, вядома, лепей пабудавацца на Нырчы – гэта значыць, на самой Прыпяці, тады можна было б непасрэдна валодаць дзьвюма вялікімі рэкамі.
Але так ня сталася.
Мой настаўнік М. У. Шэлехаў у цудоўным дасьледаваньні “Давыд-Гарадок. Час і людзі” тлумачыць гэта тым, што тураўскі князь Сьвятаполк Ізяслававіч не дазволіў свайму небясьпечнаму канкурэнту Давыду Ігаравічу будаваць замак на Прыпяці.
Верагодна, такая забарона існавала, як і верагодна тое, што асесьці на жаданай Нырчы не дала сама наравістая мясцовасьць.
І сапраўды!
На дрыгвяным абшары, які ў кожнае, нават у невялікае разводдзе, шырока і глыбока затапляўся, ці магчыма было насыпаць гару, каб узьвесьці на ёй абарончую пабудову?!
Старажытныя дойліды заўсёды ўлічвалі законы тактыкі, таму Давыд-Гарадок пачаў сваё доўгае жыцьцё на самым бліжэйшым да Прыпяці і прыдатным для будоўлі месцы – на грудзе, які з захаду ўзвышаўся над правым берагам Гарыні...
Да слова сказаць, такое месцазнаходжаньне часам дапамагала гарадчукам пазьбягаць лішняга клопату – напрыклад, не адбываць вясьлярную павіннасьць.
Так, у 1555 годзе войт Пінску Андрэй Рошчына ад імя “всихъ мещанъ Пинъскихъ» паскардзіўся каралеве Боне на мяшчанаў з Давыд-Гарадку, што яны ня хочуць мяняць весьляроў на чаўнах, у якіх праплываюць па Прыпяці каралеўскія паслы.
У адказ на гэта войт Давыд-Гарадка Піліп Грыневіч прыбыў у Варшаву, каб вызваліць “...вольных мещанъ городецкихъ водлугъ стародавного обычаю от… змены гребъцовъ пинъскихъ…” – бо “...тая река Припеть, которою до Киева с Пинъска ездять, не идет под замокъ и местечко нашо Городокъ...”
26 ліпеня таго ж 1555 году Бона задаволіла просьбу давыд-гарадоцкіх мяшчанаў.
Выкажу здагадку: слаўная каралева дапамагла Піліпу Грыневічу ня толькі таму, што геаграфічная праўда была на яго баку (бо й сапраўды ж “...река Припеть... не идет под замокъ и местечко... Городокъ...”), але яшчэ і таму, што ў Давыд-Гарадку нарадзіўся яе каханак – мастак Навоша.
М. У. Шэлехаў у сваёй кнізе піша, што ў каралевы і мастака быў раман.
Можна дапусьціць, што Бона з асаблівай чуласьцю ставілася да Гарадка, бо неаднойчы спрыяла ягоным жыхарам.
Так 24 траўня 1549 году разгледзела на карысьць гарадзецкага зямяніна Хведара Шчапы яго скаргу на пінскую зямянку Фяліцыю Чаркоўскую.
Гэтая жанчына мела ўжо трэцяе замужжа і марнавала маёмасьць сваіх дзяцей, народжаных у першым шлюбе з Іванам Шчапою (нябожчык Іван быў пляменьнікам Хведара).
Каралева пастанавіла, што Фяліцыя Чаркоўская: “... именя детинного пустошити не маеть… имене в целости а неспустошоное маеть детемъ ховати, а кгды до летъ своихъ прийдуть, имъ то отдати...”
Можна таксама дапусьціць, што Бона спрыяла Гарадку і ў атрыманьні граматы на магдэбургскае (нямецкае) права.
Існуе меркаваньне, што такой граматы Гарадок ня меў, аднак жа гарадчукі паводле вышэй цытаванага дакументу – вольныя мяшчане, то-бок: тыя рамесьнікі і гандляры, якія падначальваліся законам самакіраваньня і “...звальняліся ад прыгонных павіннасьцей” (В. Ластоўскі).
Па сваёй сутнасьці Гарадок адпавядаў магдэбургскаму зако­напа­ла­жэньню.
Нямецкае права дзейнічала, калі ня цалкам, то, пэўна, часткова, бо ў мястэчку існавала рада, пра што сьведчыць і назва адной з вуліцаў – Ра­дзічы (вуліца захавалася); быў свой суд, а ўлада належала выбарнаму войту – войты ж, як вядома, узначальвалі магдэбургскія абшчыны.
Дарэчы, сьляды войтаўства ў Гарадку таксама захаваліся – ёсьць мясьціна, якая так і называецца Вайтаўшчына; захавалася ж і характэрнае для гарадчукоў прозьвішча – Вайцешка...
Давыд-Гарадок меў шмат гаспадароў.
У першай палове 12 стагоддзя тут мог валадарыць адзіны сын Давыда Ігаравіча Усевалодак, а пазьней Барыс, Глеб і Мсьціслаў – Усевалодкавы сыны.
У 13 стагоддзі, ня маючы надзейнага валадара, Пагарыньне паступова страціла сваё значэньне; прыкладна ў гэты ж перыяд назаўсёды згубіў палітычную моц і славуты Тураў.
Гісторыкі пішуць пра крывавую варажнечу, якая ў гэты перыяд панавала паміж удзельнымі славянскімі княствамі, што ўрэшце і аслабіла іх...
Гарадок апынаецца пад крылом Пінску і пры Гедзіміне ў пачатку 14 стагоддзя, як уладаньне Нарымонта Гедзімінавіча, далучаны да Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ).
Як вядома, сэрцам ВКЛ была Новагародская зямля і рака Нёман, а на гарынскіх берагах у гэты час гаспадарылі тутэйшыя правіцелі – Дзімітры, Іван і Юры...
Гісторык А. С. Грушэўскі нагадвае, што гарадзецкім князем апошняй чвэрці 14 стагоддзя быў Давыд Дзімітравіч.
Ягоны сын Мітко Давыдавіч уступіў у змову (іншая версія: на яго ўзьвялі паклёп), і па загадзе Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 годзе ён, Мітко, апошні (!) гарадзецкі князь – быў пакараны сьмерцю.
Тады ўжо Гарадком завалодаў Сьвідрыгайла, а па сконе Сьвідрыгайлы – ягоная ўдава княгіня Ганна...
У 1456 годзе ў маскоўскай дзяржаве адбылася падзея, вынікі якой мелі ў далейшым непасрэднае дачыненьне да жыцьця Гарадка: быў арыштаваны князь Васіль Яраславіч Серпухоўскі-Бароўскі; яго жонка з сынам Васіля Яраславіча Іванам, ратуючыся, уцяклі ў Літву.
І вось менавіта яму, лагоднаму Івану Васільевічу Яраславічу, па адыходу Сьвідрыгайлавай Ганны, Казімір Ягелончык дорыць Гарадок на Гарыні.
У 1498 годзе пінская княгіня Марыя Сямёнаўна аддае сваю дачку Алену за сына Івана Васільевіча Хведара – так Гарадок і Пінск апынуліся ў руках Яраславічаў.
Праз год вялікі князь ВКЛ Аляксандр пацьвярджае падараваньне Казімірам Ягелончыкам Івану Васільевічу Гарадка...
Варта згадаць і гэтую дату, а менавіта 1508 год, калі памёр Іван Васільевіч, які запомніўся тым, што дараваў сваім людзям дворышчы, спрыяў мастакам і сьвятарам, – і вось па яго сьмерці Гарадок стаў уласнасьцю бязьдзетнага князя Хведара.
Неўзабаве Жыгімонт Стары ўстанаўляе апеку над Хведарам і Аленай і над іх уладаньнямі, а калі Алены ня стала, ён, Жыгімонт, задавальняе просьбу Хведара пацьвердзіць ранейшую апеку.
Таксама ж з ласкі Жыгімонта на карысьць Боны, ягонай жонкі, праве­дзены запіс уладаньняў Хведара на выпадак яго сьмерці; гэтак умацоўвалася становішча маладой каралевы, аднак жа да асобага пацьвярджэньня гэтыя ўладаньні належалі каралю.
Калі ў 1521 годзе Хведар сканаў, ягоная спадчына спала на Жыгімонта Старога, што значыла: Гарадком паступова (у дакументах сказана: у 1523 годзе) заўладала Бона...
Так, места мела шмат гаспадароў, і кожны з іх пакінуў свой бачны і пакуль нябачны сьлед – спадзяюся, паглыбленыя археалагічныя і архіўныя пошукі пакажуць які гэта быў сьлед; новыя пошукі, упэўнены, шмат новага скажуць і пра “каралёў Нясьвіжа” Радзівілаў – Гарадок быў адпісаны ім у 1551 годзе.
Як вядома, у сястру Мікалая Радзівіла Чорнага Барбару закахаўся сын Боны Жыгімонт Аўгуст і вось у ліку іншых дыяментаў ён падараваў свайму шаноўнаму швагру і наш, гарынскі, дыямент... Заўважу, “каралі Нясьвіжа” ў Гарадку не абыходзіліся без сама­ўпраўнасьці.
Пра гэта сьведчыць вынятка з рапарту Веляміцкага Благачыннага сьвятара Стэфана Каржанеўскага: “...Земли фундушевой при Давид-Городской Воскресенской Церкви прежде было уволок две и 20 моргов с лишком, но вся почти забрана экономиею Князя Радзивилла в первый раз в 1798 году, о чем дело производилось, но чем кончено неизвестно, во второй раз в 1837 году, о сем так же дело производится, но окончание оного по медленности течения неизвестно когда последует…»
Свой рапарт сьвятар Каржанеўскі накіраваў 27 верасьня 1839 году ў Пінскае Духоўнае Праўленьне пасьля пажару, які зьнішчыў амаль увесь Гарадок і саму Васкрасенскую царкву са званіцай.
Каржанеўскі хацеў, каб яго начальства ведала, што згаданая зямля ворная і, калі б яе вярнулі, то яна вельмі б дапамагла пагарэльцам: і прыхаджанам, і прычту...
У канцы 18 стагоддзя з наплывам расейскага панаваньня Гарадок, можна сказаць, занепадае – з вольнага гораду ператвараецца ў заштатны.
Польскія каралі і вялікія князі літоўскія ў сваіх граматах упаміналі пра Гарадок Давыдаў з гаспадарчым толкам; расейскія ж цары і камуністычныя генсекі калі і ўпаміналі, то толькі не на карысьць месту – згадаем хоць бы Указ Прэзідыуму Вярхоўнага Савету СССР, прыняты 19 студзеня 1961 году, паводле якога скасоўваўся Давыд-Гарадоцкі раён.
Польскія афіцэры з 17-га пагранічнага батальёну, казарма якога ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя знаходзілася ў мястэчку, пісалі пра Гарадок этнаграфічныя нарысы; савецкія ж афіцэры, артылерысты і авіятары, якія з 1962 году таксама служылі ў Давыд-Гарадку, не напісалі пра старажытнае места ніводнага навуковага радка...
Заштатнасьць – біч гораду.
Ён вырываўся з яе, станавіўся то павятовым, то раённым цэнтрам, аднак жа ненадоўга.
За апошнія дзесяцігоддзі 20 стагоддзя горад стаў ахвярай міграцыйных працэсаў, а з сярэдзіны 90-х сьмяротнасьць у ім перавысіла нараджальнасьць.
Калі ў 1993 годзе нарадзілася 115 чалавек, а памерла 109, то ўжо ў 1994-ым нарадзілася 91, а памерла ажно 125 чалавек; у 1995-ым жа суадносіны склаліся такія: 83 на 105, у 1996-ым адпаведна: 79 і 132, у 1997-м: 70 і 97, у 1998-м: 77 і 107, у 1999-м: 77 і 112...
На жаль, за апошняе дзесяцігоддзе дэмаграфічныя зьвесткі да лепшага не зьмяніліся, сьмерць пакуль узвышаецца над жыцьцём...
У 2000 годзе да 900-гадовага юбілею ў Гарадку зьявіўся новы аўтавакзал, музей, Давыдаўская крама і базар Давыдаўскі(!); архітэктар Л. Левін спраектаваў пляц Давыда, скульптар А. Дранец узьвёў на гэтым пляцы помнік Давыду, і шчасьлівыя бацькі народжаных хлопчыкаў пачалі называць Давыдамі.
На апошняе варта зьвярнуць асаблівую ўвагу, бо хлопчыкаў у Давыд(!)-Гарадку ва ўсе часы як толькі не называлі, але толькі не Давыдамі, і вось гэта дзіўная завядзёнка на шчасьце перапынілася...
Давыд Ігаравіч заслужыў на такое шчодрае ўшанаваньне, бо ён усё ж самы адметны гарадзецкі ўладар, як, дарэчы, і Бона Сфорца.
Давыд, як ужо было сказана, упрыгожыў места сваім імем, а італьянская арыстакратка пакінула пра сябе добрую памяць.
Невыпадкова ж тая гара, з якой пачалося паселішча і над якой узвышаўся замак, завецца ня толькі Замкавай і ня толькі Царкоўнай, а яшчэ і гарой каралевы Боны.
“...в Литве чуть не каждый замок называют замком Боны”, – пісаў гісторык Адам Кіркор.
Значыць, так было і ў Гарадку, гарадзецкі замак таксама называлі замкам Боны, і пазьней, калі ён зьнік, імя любай каралевы гарадчукі перанесьлі на саму гару.
Вядома, што ў Гарадку было два замкі – Горны і Дольны, якога ўзьвялі ў канцы 16 стагоддзя.
Тапанімія ж падказвае – магчыма, быў і яшчэ адзін.
Прыблізна за два кіламетры ад гары ніжэй па Гарыні на правым яе беразе знаходзіцца ўрочышча Кролёва Займа.
Гэту назву можна прачытаць, скажам, так: нейкі мешчанін Кроль заняў тут зямлю; а можна й так: Кролёва – перайначанае польскае Крулёва (Каралёва), а Займа – значыць, замчышча.
“...место, где был… замок… изьвестно под именем Замчища, или Займища…” – так этнограф Павел Шпілеўскі ў кнізе “Путешествие по Полесью и Белорусскому краю” згадаў пра адзін з белавежскіх замкаў.
Тут бачна, як белавежскае Займішча сэнсава пераклікаецца з гарадзецкай Займай.
Я не сьцьвярджаю, але мяркую: наша Кролёва Займа – гэта месца каралеўскага замка, сьляды якога, магчыма, схаваныя глыбока ў зямлі.
Словам, загадак маем даволі, і яны цешаць душу сваім усё яшчэ нязвыклым хараством, як і радуе тое, што ў Давыд-Гарадку ёсьць помнік Давыду; пэўна ж, будзе помнік і слаўнай Боне.

Каралева Бона любіла мёд,
І таму для яе, як лёду,
Вазілі ў Варшаву, двойчы на год,
Па восем пудоў з дваццаці калод
Давыд-гарадоцкага мёду.

Каралеву Бону адольваў сум,
Што ні сон – на Мілан дарога…
Тут – балоты, валокі, інтрыгі, тлум;
Там – радзіма, вясны кіпарыснае шум,
Закаханасьці першай зьнямога.

Каралеве Боне спрыяньне было
На радзіме жаданай памерці…
Адпускаючы з вуснаў паволі цяпло,
Пакідаючы ў сэрцы Гарыні сьвятло –
Чару з мёдам трымала на сэрцы.


2. Гандаль. Весьняніцтва.
На мяжы 15 і 16 стагоддзяў Давыд-Гарадок уваходзіў у вобласьць так званага пінскага гандлю, на шляхах якога стаялі мытныя каморы ў Чарнобылі, Мазыры, Тураве, Дубровіцы, Луцку, Чартарыйску, Берасьці, Слоніме і ў самім Пінску.
У 1529 годзе і ў Давыд-Гарадку паставілі камору (мыта галаўное і саляное), а 5 сакавіка 1530 году Жыгімонт Стары пацьвердзіў Боне свой дазвол на ўстанаўленьне ў Давыд-Гарадку мыта галаўнога: “Чинимъ явно симъ нашим листом: жадала нас королевая наша и великая кнегини Бона ее милость, абыхмо дали и дозволили ее милости установити мыто головное великое для пожитку ее милости в замку ее милости городецкому. Ино мы з ласки нашое на жадане ее милости то вчинили, тое мыто великое головное к тому замку городецкому еи милости есмо дали: мает ее милость там мытников своих з моцы своее установити, которыи ж мытники мают мыто брати тым обычаем: вси купцы турецкие и волоские и всякии иныи наших и чужих которых колвекъ земль, которыи бы мели с товары своими ходити по панствех наших, а шли бы через городок и через повет городецкии сухимъ путемъ и воднымъ, то есть рекою припетю, ветлицею и горинею, ты вси мают от товаров своихъ ошацовавши отъ каждое копы давати по два гроши...”
Грамата засьведчыла: па рэках давыд-гарадоцкага навакольля праходзілі міжнародныя гандлёвыя шляхі і, вядома ж, яны існавалі яшчэ задоўга да панаваньня Жыгімонта Старога – ці ня з часу Давыда Ігаравіча?!
Спрадвеку жыхары Гарадка займаліся гандлем, але ня проста прадавалі, абы прадаць, і куплялі, абы купіць, а рабілі ўсё з толкам – былі ў гэтай вельмі клапатлівай справе сапраўднымі ўмельцамі.
Тое, што давала больш прыбытку, лічылася ганаровым заняткам.
Пры любой уладзе, дома і ў далёкім сьвеце гарадчукі ўмелі зарабляць грошы і пры гэтым варушылі галавой, засьцерагалі сябе: у гандля ж авечыя вочы, але воўчыя зубы, таму, каб не загубіць душу, трэба, гандлюючы, шанаваць людскасьць і хрысьціянскую мараль.
Калі ж таму ці іншаму гандляру нешта замінала стаяць на вышынях духу, тады ён абачліва трымаўся простага даўняга наказу: як ня ўмееш рабіць дабра, то хоць не рабі зла!
Вядома, грошы былі мэтай (а як жа бяз гэтага!), аднак жа і сам базарны дух дапамагаў жыць, рызыка заўсёднай канкурэнцыі маладзіла кроў, абарот зробленых сваімі рукамі тавараў цешыў ясным празаічным хараством, а само гэта агароднае паняцьце гандаль успрымалася, як нешта таямнічае, часам нават сьвятое.
Место – так у Гарадку яшчэ зусім нядаўна называлі і цэнтр гораду, і сам базар, і ня знаць, што ў пятніцу і ў нядзелю ў Гарадку базар, усё адно як ня знаць, што алфавіт пачынаецца з літары А...
Нешта блізкае да рэлігійных пачуцьцяў узьнікала ў душы, калі гаворка заводзілася пра гандаль.
– Куды ідзэш! – пыталася, напрыклад, суседка Маня ў суседкі Адаркі.
– На место! – з мяккай урачыстасьцю ў лагодным пакорлівым голасе адказвала Адарка і тут жа хрысьцілася...
Вясновы продаж кветкавага насеньня вёў да большай заможнасьці і задавальненьня сабой, таму гэты від сезоннага гандлю (назаву яго весьняніцтвам!) стаў у Гарадку ці не асноўнай работай, а таксама ж займеў апісальную назву: ехаць на вясну, ці, кажучы па-мясцоваму – на вэсну, і самі гарадчукі пачалі называць сябе весьнянікамі, або васьнянікамі.
Спачатку весьняніцтвам займаліся толькі мужчыны, але вось у 1933 годзе на вэсну паехала мяшчанка Ганна Ткачык і яна стала першай гарадзецкай весьнянічкай.
Ці не пра яе гэта песьня:

На базары я стаю
І насеньне прадаю –
Не праходзьце, людцы дарагія!
А купіце... Ну, хоць раз...
І пасейце... Толькі ў час...
Кветкі вырастуць у вас
Залатыя!

Аж дзівуецца базар –
Самы лепшы мой тавар!
І ярчэйшыя мае цікеткі!
Падыходзьце, ваш прашу,
Да зярнятка пакажу
І як сеяць раскажу
Дзіва-кветкі.

Весьнянічкай стала я,
Бо вясна пара мая,
І зімою стол мой не мінайце...
Лёгка сыдземся ў цане,
Вас не падману я – не!
Кветкі сеяць у мяне
Выбірайце!

Бальзаміна, цынія
І валошка сіняя;
Шольсія, мальва, павой...
Флёкса і петунія,
Зорка і ляўконія, –
І другое ўсё пад рукой!
Кларкія, нямезія –
Гандаль і паэзія!

Весьняніцтва канчаткова перарабіла гарадчукоў з людзей хатніх у людзей дарожных і навечна пасяліла ў душы трывожнае шанаваньне дарогі.
Калі ў хаце ніхто не заставаўся, то апошняе, што рабілі перад тым, як выбрацца ў дарогу – перавозілі на схаванку да надзейнага чалавека куфар з дабром.
І вось управіўшыся з куфрам і на ўсіх дзьвярах замкнуўшы ўсе замкі, ці ня кожны гаспадар з чутным неспакоем у голасе і, нібыта самому сабе, роздумна казаў: “До-ро-га-а...”
І пры гэтым глядзеў за свой плот і крыху вышэй – за суседскія хаты – некуды туды вельмі далёка, пад край неба, быццам хацеў убачыць, што яго чакае ў чужым сьвеце.
У такія хвіліны дарога з геаграфічнай меры пераходзіла ў міфалагічную, набывала рысы паганскага бажка, якому, каб уласкавіць яго, трэба ж было паказаць сваю пакору і страх...
Весьняніцтва гнала ляноту, вучыла аскетызму, умацоўвала цярплівасьць, змушала да вандроўнага жыцьця, рабіла думкі рухавымі, а вочы быстрымі, абуджала кемлівасьць і спрыт, настройвала на знаходлівасьць, а часам схіляла і да надзеі на выпадковы посьпех...
Кветкавае насеньне ня важылі, а мералі – гэта значыць, прадавалі не на вагу, а на лыжачкі.
І тут весьняніцтва мела свае хітрасьці – металічную лыжачку, якой з торбы ў папяровы кулёк насыпалі насеньне, назнарок сточвалі напільнікам, рабілі зусім маленькай, каб як найменш у яе набіраць дарагога тавару.
Насеньне ж гародніны адпускалі чарачкамі, якія выточвалі на такарным станку з бярозы, ліпы ці яблыні і называлі іх яшчэ мерачкамі ці келішкамі.
Яны таксама былі з сакрэтам – з выгляду, здаецца, ёмістыя, але ў сярэдзіне з неглыбокім, а то нават і ледзь пазначаным дном.
Тавар “не шкадавалі”, набіралі з верхам, і стваралася ілюзія, што зерня ў такой бярозавай чарачцы багата.
І што цікава – як толькі чарачку выпаражнялі, яе тут жа ставілі ў торбачку дагары дном, каб кліент ня ўбачыў, якой яна “глыбіні”.
З гадамі ж склалася яшчэ і такая метода: самым большым келішкам адмервалі салодкі гарох, а таксама кармавыя і цукровыя буракі; сярэднім келішкам прадавалі буракі чырвоныя, а меншым адпускалі моркву, гуркі, радыску і сеянку (насеньне цыбулі).
А вось у самую маленькую, ці кажучы па-гарадзецку, мэценькую чарачку набіралі круглае чорнае насеньне капусты...
Так, весьняніцтва штурхала на хітрасьць; яно ўплывала на звычкі, характар, нават на сьвяткаваньні – скажам, той жа Радаўніцы.
Каб не зрывацца з далёкіх базараў, гарадчукі прылаўчыліся адзначаць гэта веснавое сьвята восеньню – на Пакровы і ператварылі яго ў кветкавае шэсьце.
І па сёньняшні дзень заўсёды 14 кастрычніка з вялікімі букетамі позьніх красак, пераважна бардовых астраў, людзі ў Давыд-Гарадку ідуць на могілкі...
А вось на Вялікдзень кідалі таргаваць, ехалі дадому – уваскрасеньне Хрыста абавязкова сустракалі за родным сталом, а пасьля зноў вярталіся на свае базары.
За ім, весьняніцтвам, не было асабліва калі адпачываць – адпачывалі хіба што ў дарозе ды на вялікія сьвяты...
Само сабой, з гадамі такое неспакойнае жыцьцё давалася ў знакі, бо слабела здароўе, а дарожная маладая ідылія міналася, ператваралася ў непераадольную змору, і тады з учарнелых вуснаў якога-небудзь старога васьняніка можна было пачуць:
– А коб Ціх зарэзаў гэту жытку!
А іншы стомлены стары мог паслаць і такі праклён:
– А коб Дох яе ўзяў!
Усьлед жа неслалася й жаночае:
– А шоб Рэзьля яе вуразала!
Ціх, Дох і Рэзьля – персанажы давыд-гарадоцкай дэманалогіі, нешта сярэдняе паміж чортам, сьмерцю і прахам; іх заўсёды згадвалі і ўсё яшчэ згадваюць, калі бывае нявыкрутка якая, калі, напрыклад, да сэрца падступае злосьць і апаноўваюць прыкрыя думкі.
Я не скажу, што гандаль не схіляў маіх землякоў да сквапнасьці, не затуманьваў розум празьмернай прагнасьцю – усякае здаралася.
Аднак жа пераважала ня прагнасьць, а неабходная скупасьць, заўсёдны разьлік і разумная беражлівасьць, паводле якой, вобразна кажучы, хлеб кусалі раз, а бульбу два разы, таму невыпадкова даўней у бяднейшай хаце за абедзенным сталом часам чулася:
– Холера на цабэ, хлеб ні еш! Еш бульбу з кіслым молоком!
Гэта зусім ня значыць, што дзецям шкадавалі хлеба; не, не шкадавалі – проста напаміналі, што хлеб куплёны, а бульба з малаком свая, і гэтым самым вучылі ўсё той жа разумнай беражлівасьці, якая дапамагала ў любых умовах ашчаджаць грошы, спрыяла дабрабыту і гаспадарчай незалежнасьці.
Словам, гарадчукі патрохі багацелі, бо ўмелі абмяжоўваць свае патрэбы...
Бог абдзяліў нашае места чыгункай, і такая прыкрая акалічнасьць, вядома ж, не магла станоўча паўплываць на гандаль, аднак жа і ня зьменшыла яго ранейшы рух.
Гарадчукі заставаліся гарадчукамі – любая цяжкасьць, здавалася, толькі маладзіла іхнюю агародную кроў.
Калі яшчэ не хадзілі аўтобусы, то да бліжэйшых станцыяў Лахва, Сінкевічы і Гарынь весьнянікі дабіраліся хто як – і пяшком, і на падводзе, і на параходзе, а часьцей за ўсё на лодцы спускаліся ў Прыпяць, а далей у раку Лань, калі кіраваліся на Сінкевічы, ці ў раку Сьмердзь, калі меркавалі сесьці на цягнік у Лахве...
Яшчэ да вайны 1914 году мой прадзед па бацьку Васіль Андрэеў Дранько езьдзіў на вэсну ў Варшаву; ён меў шасьцёра дзяцей – дзьве дачкі Полю і Ганну, і чатыры сыны – Сьцяпана, Мікалая, Міхалка і Андрэя.
У Варшаве гаспадару Васілю шанцавала.
Распрадаўшы насеньне і з шыкам вытрусіўшы пустыя торбачкі, дахаты не сьпяшаўся, там жа, у польскай сталіцы, на ўсё лета заставаўся на лёдах – гэта значыць, наймаў работнікаў, арандаваў будыніну і арганізоўваў у ёй выраб марожанага.
На здымках давыд-гарадоцкага фотамайстра Міхала Зубея можна ўбачыць колішніх прадаўцоў марожанага – у белых халатах пры двухколых вазках, на якіх добра чытаецца надпіс па-польску Lody.
Калі даўжэй паўзірацца ў зьмястоўныя фота М. Зубея, то, здаецца, нават можна пачуць зазыўныя галасы гэтых старанных марожаншчыкаў: “Лёды – для пані млоды!”
Толькі восеньню прадзед Васіль прыбываў у Гарадок, але доўга, склаўшы рукі, не сядзеў – наладоўваў лодку вэнджаным мясам, бобам, цыбуляй, сухімі сьлівамі, аўчынамі, кавальскімі, бандарнымі і шавецкімі вырабамі і з двума вольнымі ад работы сынамі плыў у Тураў і далей.
Скрозь – у Тураве, Перарове, Петрыкаве, Скрыгалове, Мазыры, Нароўлі – вёў бойкі гандаль, паволі спускаўся да самога Кіева, дзе па сходнай цане прадаваў пустую ўжо лодку і дадому, на станцыю Гарынь, вяртаўся чыгункаю...
І мой прадзед па маці Андрэй Есіпаў Шапецька таксама меў шасьцёра дзяцей – сына Івана і дочак Юлю, Ганну, Параску, Просю і Вольгу.
Гаспадар Андрэй на вэсну езьдзіў у Кіеў, летам на Валыні прадаваў сярпы і косы, потым перабіраўся ў Крым таргаваць сырамі, а восеньню вазіў у Вільню мярлінскія журавіны...
Колішнія гарадзецкія весьнянікі, здаецца, не даязджалі са сваім таварам да Афінаў і не патраплялі ў Рым, але я ўпэўнены – ім спрыяў і Гермес, і Меркурый, слаўныя багі еўрапейскага гандлю.

3. Цікеткі
Каб паехаць на вэсну, трэ было сабраць ношку, і кожны весьнянік мусіў яе зьбіраць...
Ураджай свайго агароду, а таксам ж і прыкуплены (перш за ўсё тое, што ў сябе ня вырасла ці не было пасеяна), гарадчукі зьбіралі, церабілі, сушылі, білі пранікам, палалі, ссыпалі ў торбачкі, надзейна завязвалі іх матузком-кітайкай і беражліва складалі ў мяшок – туды ж далікатна ўмошчвалі большую торбу з цікеткамі і меншую – з драўлянымі чарачкамі.
Весьняніцкія рукі ўсё рабілі акуратна і якасна, яны мелі асаблівую чуйнасьць.
Да слова сказаць, бывалы весьнянік мог навобмацак з заплюшчанымі вачыма і нават ноччу, ня палячы сьвятла, вызначыць, дзе завязаная кампанула, а дзе настуркі, дзе схаваная зорка, а дзе павоі.
Адно дакрануўшыся да тканіны, ён ужо ведаў, якое насеньне лашчыць яго далонь і пальцы; цудоўна адчуваў сыпкасьць, гушчыню і падатлівую цвёрдасьць любога зерня.
А мог нават і не дакранацца – разьбіраў, дзе што ляжыць, па насенным паху.
Дык вось, паклаўшы ў мяшок чарачкі й цікеткі, ён ужо мог сказаць сабе:
– Ношка готова, за гічку яе, на плечы і ў дорогу!
Думаю, што сёньняшнія нашы гандляры, выхаванцы кампутарнай дрыгвы, нават забыліся на само гэта канаплянае слова – ношка.
І нядзіва, бо замест раднянага меха ў іх зручны дыпламат, а заместа торбачак, пашытых дома з простай рудаватай дачкі ці з даражэйшай белай коленшчыны, – гатовыя бліскучыя, зробленыя з цупкай паперы, пакеты.
І ніякіх чарачак ня трэба, бо ўсё ўжо наперад разважана ў гэтыя пакеты, і цікетак таксама ўжо ня трэба – замест іх на пакетах друкарскім спосабам зьмешчаныя рэкламныя выявы кветак.
Словам, прагрэс, рух у будучыню, яшчэ адна перамога цывілізацыі, ці кажучы па-гарадзецку: “Новэ сітцэ на колок, а старэ под лаву!”
Што ж, няхай старое сітца валяецца сабе пад шырокай сасновай лавай, аднак шкада, вельмі шкада, што з базарнага ўжытку выйшлі цікеткі – творы мініяцюрнага маляваньня, адмысловыя дошачкі-фанерынкі, якія вельмі добра спрыялі продажу.
На кожнай такой стараннай работы плакетцы зіхацела на блакітным полі кветка, а ўверсе друкаванымі літарамі пазначалася яе назва – напрыклад, Лісі хвост.
Калі весьнянік разьвязваўся (рыхтаваўся таргаваць), то цікетку з гэтай назвай ніжнім краем усоўваў у бліскучае, як памытая вішня, дробнае і ліпкае насеньне Лісяга хваста, а, скажам, цікетку Кларкія апускаў у сыпкае рудаватае насеньне кларкіі, а цікетку Аргіна – у доўгае чорнае насеньне аргіны і г.д.
Словам, кожная такая дошачка ўпрыгожвала, рэкламавала свой тавар.
І калі нейкі пакупнік хацеў для сеяньня ўзяць тую ж аргіну, то спачатку, вядома ж, ён вывучаў цікетку і бачыў, што гэта краска ў ягоным летнім гародчыку будзе выглядаць гэтак жа файна, як і на цікетцы...
Цікеткі – шчырая плынь прастадушнага жывапісу; даверлівая радасьць даступнага мастацтва; празрыстае маляваньне, поўнае непадманнага дзіцячага сьвятла і каляровага палескага сьвята.
І яшчэ адно адметнае выяўленьне росьпісу па дрэву, зразумелая паэзія якога спрадвеку бытавала на гарынскіх берагах.
Ва ўсе часы ў Гарадку жылі ўмельцы, якія пісалі іконы, расьпісвалі інтэр’еры драўляных цэркваў, размалёўвалі таямнічымі расьлінамі скрыні, куфры і хаты.
Калі ж гарадчукі шырока рушылі на вэсну, і ня толькі самі, а “пацягнулі” за сабой (што значыць: паказалі, як гэта робіцца) і жыхароў навакольных вёсак, тады і ўзьнік масавы попыт на цікеткі – іх пачалі заказваць у Барыса Сысы, Васіля Тукіна, Дзьмітрыя Цубера, Мікалая Шамрылы, Кастуся Рымара, Алеся Харашуна і ў іншых мастакоў; словам, іх пачалі маляваць, прадаваць і купляць.
Цікетка з любой намаляванай кветкай каштавала прыблізна 50 капеек, а з гурком ці рэдзьчынай – капеек дваццаць.
Пазьней, у 80-ыя гады мінулага стагоддзя, зьявіліся рэкламкі з пластыку, тады ўжо штука йшла па два рублі, і гэтыя, пластыкавыя, напроці фанерных былі ямчэйшымі, бо займалі ў ношцы мала месца...
Базарныя сталы гарадчукоў рабіліся вабнымі і вельмі прыцягальнымі; на ўсіх больш-менш значных рынках былога Савецкага Саюзу гэтыя сталы адразу пазнаваліся, бачыліся здалёк.
Разам з практычным і эстэтычным зьместам, цікеткі мелі яшчэ і дашкольна-выхаваўчы зьмест, прынамсі, для мяне – яны былі маёй першай дзіцячай чытанкай.
Неаднойчы ў свае пяць-шэсьць год, па-татарску седзячы на падлозе, я перабіраў гэтыя краскі-дошачкі; яны цьвёрда і суха пастуквалі; я нібы гартаў старонкі самай цікавай на сьвеце кніжкі, і з дапамогай бабы Просі, бацькі або маці чытаў па складах амаль казачныя назвы: саль-ві-я, ме-лі-са, коў-ры-кі...
У той час мая пастрыжаная пад бокс галава, маё адзеньне і нават маё старанна-выразнае вымаўленьне пахла густым насенным духам!
Асабліва добра помняцца тыя дні, калі перад ад’ездам на вэсну правяралася ношка, калі неабходна было вельмі ўважліва ўсё перагледзець: ці хапае ўсяго, ці не бракуе чаго, ці не праточана, ня дай бог, дзірка дзе-небудзь.
Тады з хаты выганялі ката – і не таму, што кот носіць у сабе нячыстую сілу, а таму, каб не зрабіў якой раптоўнай шкоды; шчыльна завешвалі вокны, а дзьверы ў сенях замыкалі, каб раптам ня ўпёрся хто чужы...
І вось без ніякай сьпешкі і мітусьні, па-царкоўнаму стрымана, чытаючы ў душы малітву, вымалі з мяшка торбачку за торбачкай, кожную разьвязвалі, ставілі лодачкай на падлогу і каранавалі сваёй цікеткай.
Неўзабаве яркім цікетачным хараством у некалькі радоў застаўлялася ўся падлога.
У хату нібыта адразу заходзіла сем вясёлак, і на нейкую хвіліну, здавалася, столь набліжалася да падлогі, а падлога да столі, нават фіранкі на вокнах і то набіраліся нейкім нязвыклым сьвятлом.
Было на што паглядзець і чаму парадавацца, а пасьля пачыналася гаданьне на кветкавым насеньні.
Я быў навучаны, што дзецям няможна лезьці рукамі ў разьвязаныя торбы, але гэта ў іншыя разы было няможна.
А тут...
А тут баба Прося сама прасіла мяне апусьціць пальчык у флёксу і пыталася, ці добра мне.
Добра, заварожана плюскаў я вачыма.
Тады ўсё ў цябе будзе добра, казала баба і загадвала, каб я ўзяў у пучкі мальву.
І я браў у пучкі (трыма пальцамі) вялікае кругла-рудаватае насеньне мальвы.
Ты будзеш і надалей “добрачы, як божы грак”, хваліла мяне баба і паказвала, каб я дакрануўся кулачком да петуніі.
Я дакранаўся.
Ты паедзеш у вялікі сьвет і будзеш там вучыцца, Прося лагодна ўсьміхалася і абірала з майго сьціснутага кулачка на сваю сухую далонь ліпкія дробна-карычневатыя зернеткі петуніі і струшвала іх у тарбінку.
Далей, ужо адкрытай далоньню, я паслухмяна датыкаўся да каменца, курортнікаў і камбанёраў, і ўсё гэта само сабой значыла, што мяне чакае шчасьце, што некалі ўдала ажанюся і што ў мяне будзе сын...
“А зараз, унучку, моцно лапні за торбу з простым бобом!”
І я моцна лапаў за торбу з простым бобам, і тут жа даведваўся, што ў чорта, які захоча напужаць мяне, адваляцца рогі...
Так сьветла паводле Просінай варажбы складалася маё будучае жыцьцё!
Варажба гэтая нагадвала гульню і доўжылася нядоўга, спынялася на сёмай ці восьмай торбачцы і прыпадала раз на год, якраз на тыя клапатлівыя сакавіцкія дні, калі пільна аглядалася перад вялікай дарогай ношка.
Праз год баба магла пачаць варажыць зноў з флёксы, з яе пурпуровай цікеткі, ці з нейкай іншай краскі; тут выбар быў выпадковы, залежаў, мусіць, ад настрою і ад таго, які быў дзень – ясны ці хмурны, а хутчэй за ўсё ад таго, якая торбачка бялела бліжэй да мяне.
Ня быў устойлівы й зьмест варажбы, ён мяняўся, як мяняўся і “адрасат” чараўнічага ўзьдзеяньня таго ж простага бобу – праз год ад яго чараў ужо ня ў чорта рогі адвальваліся, а ў злой трасцы зубы выпадалі.
Нязьменным жа заставалася адно – заўсёды бабіна варажба паказвала мне на дабро.
Кожнае насеньне і цікетку Прося ўзбагачала багатай прыдумкай, і, падуладны Просінай волі, як закалыханы, я то апускаў указальны палец, то браў у пучкі, то дакранаўся кулаком, то датыкаўся далоняй, то па-мужыцку лапаў, а то проста слухаў...
Слухаў, напрыклад, што скажуць маёры – іхняе цьмяна-жаўтавата-зялёнае, падобнае на дробныя крылцы, насеньне.
Маёрамі ж у Гарадку называлі цынію.
Дык вось, я нахіляўся над блакітнай цікеткай, на якой зіхацелі дзьве краскі – бардовая і жоўтая, і маёры (шаптала мне баба Прося) казалі, каб я запомніў тое, што бачу.

4. Лодка
У 1937 годзе ў час раскопак замчышча была знойдзеная дзіцячая цацка – драўляная лодачка.
Гэта па сваёй сутнасьці самая гарадзецкая знаходка, бо лодка – асноўны сімвал Давыд-Гарадка.
Мяне могуць паправіць: сонца – асноўны сімвал, невыпадкова ж гарадчукі любілі каранаваць сваё жытло сасновымі “сонечнымі промнямі”; нават асьвятлялі сонцам і крыжы на могілках!
На дубовых крыжах яно ў выглядзе простага кружка, а на металічных – у выглядзе кветкі.
Усё гэта так; праўда, жылыя будынкі пад знакам сонца стаяць і ў суседніх вёсках – у тых жа Лісовічах, напрыклад, ці Харомску...
Цікавая асаблівасьць: у Гарадку жылыя пабудовы падзяляюцца на зробленыя домам і зробленыя хатай (пра новамодныя катэджы не кажу) – дык вось, на шчыты дамоў прыладжвалі сонца, а на шчыты хат – крыж...
З нейкага даўняга часу такая традыцыя ў мясцовым будаўніцтве замацавалася, людзі з ёю звыкліся, пра яе бачную сімволіку асабліва ня думаюць, таму ня варта з гэтага рабіць выснову, што ў дамах жывуць сонцапаклоньнікі, а ў хатах – хрысьціяне.
Так, сонца – любімы ў Гарадку знак, але не асноўны і ў параўнаньні з сімвалам лодкі – знак малады; сонца для гарадчукоў было песьняй, але ня хлебам; лодка ж была і песьняй, і хлебам...
Па-тутэйшаму на лодку казалі дуб; адсюль, трэба думаць, і пайшла назва прафесіі – дубовік.
Некалі гэтым напаўзабытым словам ушаноўвалі старшага на плыце; у Гарадку ж дубовікамі часам называлі і лодачных майстроў.
Яшчэ на маёй памяці ці не для кожнага гарадчука (акрамя хіба тых, што жылі на вуліцы Альшанскай – гэта значыць, у сухім цэнтры), лодка зьяўлялася другой хатай, хатай на вадзе!
Гэта не мастацкі вобраз – жыцьцёвая праўда.
Лодку й мылі, як падлогу ў хаце – дзеркачом; шаравалі, адчышчалі ад наліплага пяску, і заходзілі ў яе таксама ж, як у хату – абтрасаючы ці абмываючы з ботаў усё той жа пясок...
Лодку шанавалі!
Па-іншаму ж і быць не магло: Гарадок жыў у вялікай прасторы марудных, а вясною бурлівых рэк.
На карце Польскага каралеўства, надрукаванай у Амстэрдаме ў 1680 годзе, можна ўбачыць ня толькі саму Гарынь, але нават і яе рукавы (напрыклад, Вятліцу) – рукавы былі шырокія!
А на карце князя Радзівіла, што пазначана 1613 годам, віецца і рачулка Рубэльле, рэшткі яе і сёньня існуюць у Гарадку, а Вятліца на гэтай карце (во якое дзіва!) шырэйшая за Гарынь.
У кнізе “Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами генерального штаба. Минская губерния. Часть 1…”, якая пад рэдактарскім наглядам падпалкоўніка І. Зяленскага выйшла ў Пецярбурзе ў 1864 годзе, сказана, што Гарынь “...течет чрезвычайно извилисто по Пинскому уезду и, пройдя по сему последнему около 60-ти верст, подходит к границе Мозырьского уезда, где и разделяется на два рукава, впадающие в Припять. Левый… длиною около 20-ти верст, течет… по границе Пинского и Мозырьского уездов, и называется Ветлицею; правый же, длиною около 28 верст называется Неправдою, течет в Мозырьском уезде…”
Хочацца тут сказаць, што падначаленыя падпалкоўніка Зяленскага, здаецца, памыліліся, назваўшы правы рукаў Гарыні Няпраўдаю; ён меў іншую, прынамсі, у самім Гарадку, цяпер ужо забытую назву Копанец, а вось якая рэчачка называлася менавіта Няпраўдаю, скажу крыху ніжэй.
Што ж да Вятліцы, то па дарозе паміж вёскамі Угалец і Беражное можна ўбачыць яе, але не раку, а магілу ракі...
Краявід, на жаль, зьмяніўся.
Шмат якія рэкі, што працякалі праз Гарадок і паблізу яго, зьніклі назаўсёды ці ператварыліся ў старыкі; засталіся адно ледзь прыкметныя іхнія рэчышчы і дзівосныя назвы – Бутня, Рубэльле, Язда, Касерка, Лукі, Чартарыя; пра Чартарыю неаднойчы пісалі, што яна, сьціснутая запрудай, стала Няволяй, а калі перасохла, то (да ведама колішніх афіцэраў генеральнага штабу!) зрабілася Няпраўдай.
Не гідронімы, а паэзія скананьня!
Варта яшчэ згадаць і безназоўны тысячагадовай даўніны водны шлях, які, мінаючы Прыпяць, напрасткі злучаў Гарадок з Туравам.
Акадэмік Радзім Гарэцкі паясьніў мне: пра існаваньне гэтага шляху сьведчаць рэлікты старажытнай рачной сеткі, знойдзенай пры дапамозе сьвідраваньня і касьмічных здымак.
Так, шмат рэк зьнікла – Гарынь, дзякуй Богу, засталася, аднак яе вывелі за межы места, пусьцілі па экскаватарнай канаве, і такая Гарынь ці пазнае ў сабе Гарынь ранейшую, калі вада была празрыстая, і на берагі вымываўся бурштын, калі мноства самых розных грузавых суднаў упрыгожвалі яе валынскую плынь...
Гартаю старыя дакументы, чытаю: “...1810 г. Вскрытие реки произошло в начале 8 марта (стыль захоўваю. Л. Д.-М.); отправлено в Кенигсберг 7 барок… 1813 г. Вскрытие 22 февраля; из Горыни отправилось 7 судов и 476 плотов с колодами, досками, латами, гонтом, разного рода мелким лесом, хлебом, водкою, маслом, медом, поташем, стеклом и салом… 1817 г. Вскрытие 25 февраля, замерзание 20 ноября; грузилось 13 барок и полубарок и 74 лодки. На плотах отправлено леса, ржи, дегтю, водки, изразцов и гляняной посуды на сумму 284. 785 рублей. Из Припяти прошло 3 барки, 31 лодка с водкой и солью на 86. 252 рубля. Из Случи в Горынь пришло грузу на 121. 170 рублей… 1818 г. Вскрытие 25 февраля, замерзание в декабре. Грузилось 20 барок и 96 лодок. Леса отправлено на 187. 905 рублей. Из Припяти пришло 7 судов с солью на 12. 240 рублей. Из Случи привезено поташу на 203. 700 рублей и леса на 27. 200 рублей…”
Вось такая эканамічная паэзія!
Чыгунак не было, рэкі скарыстоўваліся на поўную моц; на Гарыні, у межах Беларусі, працавала яшчэ й 11 вадзяных млыноў і яны, калі верыць усё тым жа афіцэрам, нават рабілі небясьпеку суднаходству.
Ранейшая (сапраўдная!) Гарынь была наравістая, таму рабіла ж і багата шкоды – затапляла палі, сенажаці, вуліцы, двары, адрыны, а часам і зусім шалела – зносіла масты і хаты.
Вядома, не кожнай вясной рака была такой шалёнай, але кожнай вясной яна вымывала з гародаў усялякую нечысьць.
Цяпер грады не затапляюцца, але зноў жа бяда – людзі ня могуць адбіцца ад кратоў і точак (так званых мядзьведак)...
Рачное судна, Гарынь і тавар для перавозкі ці на продаж – з такога прыродна-гаспадарчага адзінства вырастаў Гарадок Давыдаў і, пэўна ж, такім ён быў і ў сваю дагістарычную эпоху...
На маёй жа памяці панавала ня проста рачное судна, а ёмкі дуб, у якім вазілі рыбу, сена, дровы, віш, перку і гаваз (вішом падсьцілалі кароў, перку пускалі ім на корм, а лапушысты гаваз давалі сьвіньням)...
У лодцы-дубе перавозілі худобу і куфры, цэлыя дружыны і вя­­сельлі...
Словам, вобраз гружанай лодкі быў самы адметны ў нашым краявідзе, таму ён і адлюстраваны на колішняй меставой пячатцы, а таксама ж і на гербе.
Герб Давыд-Гарадка мае эканамічную атрыбутыку, узбагачаную архітэктурным (вежы прыстані) дэкорам і гаворыць нам пра гандлёва-рамесьніцкую дзейнасьць гарадчукоў; ягоная сімволіка зьвязаная з ракой, а сюжэт з лодкай, таму ён тэматычна блізкі гербам Друі, Дзісны, Полацка, Вілейкі, у якіх і рака, і рачное судна таксама выконваюць асноўную ролю...
Вацлаў Ластоўскі ў сваёй “Кароткай энцыклапедыі старасьвеччыны” паведамляў: “...імпэратар Канстантын Багранародны называе Дрыгвічоў здольнымі майстрамі ў будаваньні лодак і наогул водных судзён, якія вывозіліся на продаж у Грэцыю па Прыпяці і Днепру...”
Нашчадкі майстравітых дрыгавічоў гарадчукі здаўна займаліся суднабудаваньнем, умелі зладзіць і вялікую барку, і маленькі човен, і гонкую барліну, і ёмкую камягу.
З 1830-га па люты 1952 год у Гарадку існавала верф – знакаміты судовэрх, на якім працавалі сапраўдныя карабельшчыкі; у іх і навучыліся сваёй тонкай рабоце Гаўрыла Румэн-Ярко, Якаў Куст, Аляксей Куст, Гаўрыла Куст, Іван Місюра, Міхалко Петравец, Грыцко Калько, а таксама ж іншыя майстры.
Яны будавалі дубы ад сямі да дванаццаці аршынаў, і кожны іхні выраб меў сваю, заўважную толькі пільнаму воку, форму.
Гонкасьць чоўна залежала ад днішча; калі яно было з толкам выведзена, тады човен ляцеў, калі ж спартачана, тады поўз, як па смале.
Самымі хадавымі, зручнымі лічыліся дзевяціаршынкі, і найбольш цанілася работа Якава Куста – гэта, па чутках, быў найвыдатнейшы майстар...
Горка пра тое казаць, аднак жа лодачная справа ў Гарадку загінула; старыя дубы дагніваюць на беразе, а на вадзе трафарэтна пагойдваюцца канвеерныя “казанкі”; словам, і тут прагрэс пакінуў свой непапраўны сьлед...
Пагінулі ж і такія ўласна гарадзецкія вобразы, як прымкнутыя вясло і пераносная “трэцяя” лаўка – калі лодку ненадоўга пакідалі, то вясло, каб хто чужы не прыхапіў, абланцужвалі і бралі на замок, “трэцюю” лаўку таксама (яе даўжыня, дарэчы, раўнялася шырыні лодкі ў самым шырокім месцы; па краях лаўка мела рэйкі, якія шчыльна прыставалі да верхніх бартавых дошак, і шчыліну, праз якую прапускаўся ланцуг)...
Давыд-Гарадоцкая лодка – праўдзівая мадэль сьвету; яе вымайстроўвалі з сямі дошак, і гэта невыпадковая лічба, нібыта сімвал сямі дзён, за якія Бог стварыў усё жывое.
І што цікава: гарадчукі стараліся лодку завяршыць за тыдзень, усё за тыя ж біблейныя сем дзён...
Работу пачыналі з днішча – з трох шырокіх стрыжнёвых трыццатак, выпіленых з 80-гадовай сасны; на легарах іх прыпускалі адну да адной, замацоўвалі скобамі, пражагоўвалі шпары (стыкі) – гэта значыць, ушчыльнялі, зразалі нажоўкай няроўнасьці.
Далей разьмячалі, дзе павінны стаяць на днішчы какоры – дубовыя дугі (“рэбры”лодкі).
Іх загатоўвалі загадзя – выпілоўвалі з тоўстых, крывых галінаў, падчэсвалі сякерай, дзе трэба – падгаблёўвалі і праразалі тры працёкі – два ў нізе какорыны і адзін на яе згібе ля борту; кожную ж какорыну выштукоўвалі паводле асобнай модлы (шаблону) і ўсутыч да процілеглага борту не даводзілі, каб пакінуць яшчэ адзін працёк.
Усё гэта рабілася для таго, каб вада, якая магла прасачыцца пад час руху ў лодку, не зьбіралася ў адным кутку, а разыходзілася па ўсёй даўжыні, і што характэрна: гэтыя чатыры працёкі супадалі з чатырма шпарамі днішча.
У какорах разам з днішчам пракручвалі дзіркі і тэблявалі – што значыць, забівалі ў іх смалістыя тэблі; для большай моцы ў кожны тэбель зьнізу днішча заганялі яшчэ і сасновы клінок.
Тады ўжо пад неабходным нахілам ставілі (“уразалі”) дубовы нос (“носок”); яго прымацоўвалі да днішча цьвікамі і выводзілі ніжнія бартавыя дошкі; іх зьвязвалі (каб не рассунуліся!) вяроўчынай, прасьвідроўвалі разам з бакавінамі какораў і зноў жа тэблявалі.
Такім жа спосабам прышывалі і верхнія (гнутыя) дошкі, яны былі крыху даўжэйшыя за ніжнія; перад гэтым жа шпары ў бартах, як і ў днішчы, таксама пражагоўвалі.
Далей ставілася задняя частка лодкі – дубовая пуха; яе, як і нос, прыбівалі цьвікамі.
Краі бартоў, што вылазілі за пуху, і астрыўцы тэбляў па ўсёй даўжыні судна сьпілоўвалі нажоўкай; прыбівалі дзьве лаўкі, а таксама ж каля першай лаўкі пад правую руку прыладжвалі планку на кочаты.
У даматорныя часы бяз гэтага няхітрага прыстасаваньня немагчыма было абысьціся.
Калі трэ было плысьці хутчэй ці супраць вады, то ў кочаты ўстаўлялі другое вясло; да слова сказаць, гружанае судна проці плыні праводзілі яшчэ й гэтак – за трэцюю какору прывязвалі вяроўку і на ёй, ідучы па кручы, і цягнулі судна; такая работа называлася: цягнуць дуба на бічоўку, ці браць лодку на гольку.
Словам, адзін цягнуў, а другі веславаў...
Лодку канапацілі лазовым мохам.
Перад канапачаньнем з моху выбіралі сьмецьце, нават самае дробнае, бо інакш, калі па недаглядзе што застанецца, ну хоць якая-небудзь карынка, то пад ліштвай яна загніе, і дуб тады пацячэ.
Зьлёгку пастукваючы дубовай чакухай па ясеневай канапатцы, мох уміналі ў шпары, шчыльна закрывалі вярбовай, а часьцей смалістай ліштвай і прыблізна праз кожныя 10 сантыметраў прыбівалі яе да днішча і бартоў бляшанымі, а лепей – меднымі жабкамі.
Пад какорамі ў працёках, куды канапатка не даставала, канапацілі адмысловым жалезным круком.
Апошняе, што заставалася – прыладзіць на носе прабой для ланцуга з замком, зрабіць пад задняй лаўкай палічку і абабіць верхні край бартоў рэйкамі, каб засьцерагчы барты ад пашкоджаньняў, якія магчымы на прычале, калі прымкнутыя лодкі гайдаюцца на хвалях і б’юцца адна аб адну...
Калі заказчык быў малады і гарачы, то майстар клапатліва мог напомніць яму, каб ня ўладзіў (не папсаваў) лодку першым піліпаўскім лёдам, які хоць і тонкі і ломкі, а езьдзіць па ім ня варта, бо гэты лёд угрызаецца ў барты, як гострае жалязка гэбля...
Перад спускам на ваду лодку мазалі машыннай алівай, а пасьля трох-чатырох гадоў язды пераканапачвалі – зьнімалі ліштву, на стары мох накладалі новы, а калі ўжо трэ было барты і днішча смаліць, то й смалілі...
Скажу напасьледак пра вясло і в’ялку, бо лодка бяз іх, як хата без дзьвярэй.
Вясло выстругвалі з ясеню і клёну, часам з дубу, а ручка – муліца – была вярбовая ці лазовая.
Каб ня сьлізгала па ледзяным дне, вясло акоўвалі: набівалі на лопасьць двухзубую кавальскай работы жалезінку.
Увогуле ж, вёслы былі рознай даўжыні – большае на чалавечы спрыт, меншае на жаночы, а проста малое на дзіцячую сілу.
Цікава й тое, што на базары іх прадавалі разам з тапарышчамі, граблямі, навілочнікамі, качалкамі і касільнамі...
Часам вяслом карысталіся як жазлом – з нагружанай лодкі ім падавалі сігналы буксірнаму цеплаходу, каб сьцішыў ход і не натапіў, а таксама ж сігналілі і хуткаплыўнаму пасажырскаму катэру на падводных крылах – гэта значыць, прыпяцкай “ракеце”, каб таксама сьцішылася і не імчала, як трапна заўважыў У. Караткевіч, вядзьмаркай на мятле, а то і наогул, каб спынілася і забрала з лодкі пасажыра на Пінск ці на Мазыр.
Вячэраючы над ракой, іншы раз на вясло выкладвалі звараную ў задымленым казане рыбу; праўда, перад гэтым, каб пасьля ня мучыцца жыватом, вясло спаласквалі вадой і абавязкова прасушвалі на агні...
Берасьцейскі бібліёграф, гарадчук Уладзімір Сухапар якраз да тэмы напісаў мне, што ў лодку звычайна бралі два вяслы, і адно ў наску клалі муліцай наперад, а другое ў пусе муліцай назад – лопасьці вёслаў сыхо­дзіліся ў сярэдзіне дуба.
Паясьню: калі вёслы ляжаць менавіта так, то іх пры пільнай патрэбе можна хутчэй і зручней пусьціць у ход; ці мала што на рацэ можа стацца – скажам, лодачны матор заглухне паблізу буксіра ці той жа “ракеты”, ці яшчэ якая трасца прычэпіцца...
Паводле ж міфалагічных уяўленьняў, пад вяслом хаваўся маленькі Лоднік – дух лодкі; барада ў яго была чорная, як прыпяцкая вада, а вусы жоўтыя, як вада гарынская.
Не, Лоднік – ня злы дух, аднак жа, каб лодка не перакулілася, яго трэ было задобрыць – пакінуць на какоры рыбіну сківіцу...
Так, удзень Лоднік хаваўся пад вяслом, а ўночы спаў пад в’ялкай.
Пра в’ялку ў сваім лісьце Уладзімір Сухапар напісаў гэтак:
“...файная рэч, якою вылівалі ваду з лодкі! А дзіцяці трэ было яшчэ навучыцца, як правільна сесьці на борт і з якога боку, і як дзеля зручнасьці нахіліць лодку; нават трэ было вызначыць напрамак ветру, каб не абліцца... Пасьля дажджу ўладальнікі дубоў выходзілі з в’ялкамі на бераг, і я таксама браўся за в’ялку. Але ёю ня толькі ваду вылівалі, на Прыпяці ў яе складвалі начышчаную рыбу і несьлі да агню, дзе кіпела вада... Памятаю, як колісь на базары майстры прадавалі в’ялкі, а пакупнікі кожную ўзважвалі ў руцэ – ці ня цяжкая, прымерваліся – ці зручная і аглядвалі з усіх бакоў – ці ня трэснутая...”
Сапраўды, в’ялка – неабходная штука, без яе ніколі не адчальвалі; калі ж, адплыўшы недалёка ад дому, раптам бачылі, што забылі яе – тут жа вярталіся.
В’ялка была такою ж патрэбнай, як, напрыклад, жэрдка і мост; да жэрдкі, убітай у дно, прывязвалі лодку, каб яе ня зьнесла вадой, калі трэ было вудзіць рыбу пасярод ракі ці стаць, скажам, на начлег, каб вельмі не даймалі камары, дзе-небудзь пасярэдзіне возера, а мост (насьціл, зьбіты з рэек) клалі на днішча, каб не падмакалі дарожныя рэчы; на ім жа і спалі, паслаўшы сена...
В’ялку выдзёўбвалі з вярбы і ліпы, каб, вычэрпваючы ваду, ня счэсваць днішча і барты; зробленая з мяккай пароды, в’ялка з часам сама счэсвалася; яе дзяржальна вымервалі з такім разьлікам, каб яго можна было прадзяваць на вясло.
Так, пад ёю спаў уночы Лоднік, ёю вылівалі дубы, у ёй насілі да агню рыбу, а яшчэ, – ня глушачы лодачны матор, – з в’ялкі пілі на хаду і прыпяцкую і гарынскую ваду.

5. Вера
Сьляды першых культавых збудаваньняў (дзьвюх капліцаў) былі знойдзеныя падчас усё тых жа археалагічных раскопак Замкавай гары ў 1937-м і ў 1938 годзе.
Археолаг Раман Якімовіч зрабіў выснову: другая капліца ўзьведзеная пасьля пажару на месцы першай; пра тое, як называліся гэтыя багоўні – невядома...
Першая вядомая нам імянная бажніца – царква сьвятога Дзімітра; яна згадваецца ў гістарычных крыніцах у 1501 годзе і, на думку таго ж Р. Якімовіча, заснаваная ў канца 14 стагоддзя Дзімітрыем Гарадзецкім.
Адносна яе ў 1507 годзе Іван Васільевіч Яраславіч прадыктаваў сыну Хведару сваю апошнюю грамату.
А. С. Грушэўскі так пераказаў гэты слаўны дакумент: “При Городецкой церкви св. Димитрия устанавливается два придела и назначается штат – три сьвященника и диакон, которые и должны служить ежедневно, сьменяясь неделями: в воскресенья и праздники они все должны служить соборне, в приделах служится ежедневно по очереди ранняя служба. Сверх того выговаривается условие – петь каждое воскресенье молебен пред образом св. Дмитрия, что на воротах, и ежедневно дважды петь литию за упокой души жертвователей. Причту назначены земельные участки – 8 земель, плата деньгами – главным образом – из сбора татарщины и натуральная – хлебом: на церковь придано 3 землицы, десятина с пашни и с огородов, мед с Хотомля, ладан с мыта, вино и свечи с княжеского погреба. В общей сумме – деньгами 15 кп. гр. И хлебом 26 бочек – ежегодно...”
А. С. Грушэўскі адзначыў, што грамата адметная ня толькі сваім цікавым зьместам, але яшчэ й тым, што пры яе складаньні прысутнічалі сябры рады Івана Васільевіча – у дакуменьце названыя дваранін гаспадарскі К. А. Тур, а таксама баяры Д. Андрэевіч, М. Д. Шарап, Г. І. Бруяка, Ф. П. і О. П. Шчэпы...
У 1559 годзе, гавораць энцыклапедыі, у Гарадку было чатыры царквы: Дзімітраўская, Мікалаеўская, Казьмадзям’янаўская і Васкрасенская.
Інвентар 1675 году называе ўжо толькі дзьве і адзін касьцёл – трэба думаць, што неназваныя ў інвентары цэрквы згарэлі ў верасьні 1655 году, калі места было спаленае войскам маскоўскага князя Валконскага.
У грамаце караля Яна Казіміра, што ад 2 чэрвеня 1663 году, згадваецца нейкая давыд-гарадоцкая царква, якой 22 лютага 1657 году Ян Есіп Дубянецкі запісаў дваццаць залатых; на жаль, у дакуменьце ня сказана, якая гэта царква...
На мяжы 17 і 18 стагоддзяў будуецца Юраўская; яна ж – Георгіеўская і Закаморская; апошняя назва празрыста падказвае нам, што знаходзілася бажніца за мытнай каморай.
У 1751 годзе ў Закаморскай усталявалі іканастас, апісаны У. Караткевічам у эсэ “Званы ў прадоньнях азёр”: “...Верх ягоны – 18 стагоддзе, цяжкаваты, мясцовы жывапіс з фарбамі зьлёгку пажухлымі, але затое па-беларуску грунтоўнымі. А ў ім дзьве рэчы 17-га, ну, можа, самага пачатку 18 стагоддзя. Маці божая і Спас. Адвечная жаноцкасьць маці і адвечная туга за людзей. Гэта здорава! На жаль, аклад скрывае ўсё, акрамя абліччаў і тонкіх, любоўных рук, і разгледзець гэта больш дакладна не ўдаецца. Але ўсё адно гэтыя твары, гэтыя рукі, гэтую вялікую цішыню і вялікі спакой закінутага будынка, гэтую драму і пыльнае сонца – немагчыма забыць...”
На цьвінтары Закаморскай заўсёды рос бэз і высозныя хвоі; бэз расьце і сёньня, а хвояў няма – зімой 1944-га немцы пусьцілі іх на свае абарончыя збудаваньні.
Стаіць тут і званіца; яна закрывала фасад храма, таму ў 1993 годзе яе перанесьлі на паўтара метра ўлева і паставілі на новы падмурак. Цьвінтар быў багаты яшчэ й бетоннымі, рознае формы, кры­жамі-расьпяцьцямі.
Летам 2000 году на адным з такіх крыжоў мой сын Васіль знайшоў надпіс:

Алексей Николаевичъ Матусевичъ
Род 17 марта 1887 г.
Убитъ Григоріем Тукиномъ
4 февраля 1908 г.

На адным помніку імёны забітага і забойцы!
Незвычайная эпітафія!
Уяўляю навальнічнае зьдзіўленьне Караткевіча, калі б толькі ён убачыў менавіта гэты крыж...
У закінутай Закаморскай меркавалі адкрыць атэістычны музей “Палеская ікона”, і вельмі добра, што гэта задума засталася толькі задумай; сьвятыню не сапсавалі музейнымі пераробкамі, яна захавала сваё першапачатковае аблічча і засталася бажніцаю для памінальных набажэнстваў.
Ад пачатку свайго Закаморская была могілкавай царквой, у ёй адпявалі і адпяваюць нябожчыкаў, і служаць двойчы на год – на Юр’е і на Пакровы; яна была прыпісаная да Васкрасенскага, а цяпер да Сьвята-Казанскага храма...
У яе архітэктуры, дарэчы, праглядваюць заходнія, барочныя рысы, якія ў прастамоўі называліся ўніяцкімі, таму, пэўна ж, невыпадкова, што менавіта ад яе нябесных сьценаў пры Пілсудскім вернікі неаднойчы хадзілі хрэсным ходам у вёску Альпень, дзе тады існавала грэка-каталіцкая парафія.
І, пэўна ж, хадзілі сустракаць папскага візітатара; у сваёй кніжцы “Унія на Палесьсі”, прысьвечанай душпастыру альпенскіх уніятаў айцу Вячаславу Аношку, Вінцук Адважны (ксёндз Язэп Германовіч) у вершы “Госьць з Рыму” даў такі малюнак:

...званы радасна б’юць,
Тут сабралась аўчарня Хрыстова;
Праваслаўны також тут сабраліся тож,
Каб пачуць архірэйскае слова...

У трэцім радку гэтай страфы бачацца мне мае землякі...
Пра такую неартадаксальную акалічнасьць з рэлігійнага жыцьця праваслаўных гарадчукоў расказаў мне настаяцель Сьвята-Казанскага храма протаіерэй Рыгор Кажаноўскі...
Уніяцтва спрабавала прыжыцца ў Гарадку; вось пра што пісаў з гэтай прычыны 23 кастрычніка 1892 году епіскап Менскі і Тураўскі Сімяон менскаму губернатару Трубяцкому: “... в самом Давид-Городке (как и в соседних местностях)… устроен был униатский приход, впоследствии обращенный в католический…”
Але ў асноўным браты-уніяты жылі побач, у суседніх вёсках, і ўжо з канца 18 стагоддзя іх праўдамі і няпраўдамі выводзілі з уніі, але незаўсёды тое ўдавалася.
Вось якое сьведчаньне ў 1798 годзе склаў у Давыд-Гарадку іерэй Яўхім Сянкевіч: “Ведомость Давидгородского десятоначальства о присоединенных из унии на благочестие церквей, священников, присоединенных и не присоединенных, и где оные находятся... 1. В селе Ремель Михайловской церкви священник Иосиф Илькевич присоединится к благочестию не пожелал, по отделении онаго прихода жил в селе Симогостичах на содержании помещика Михаила Гиневича, но по болезни своей отехал в город Пинск, а оттуда куда неизвестно, многие говорят якобы умер... 2. В селе Вересницы Крестовоздвиженской церкви священник Марко Транцевич к благочестию не присоединился, по отделению онаго прихода, живет и поныне в местечке Турове на содержании господина Ивана Потоцкого Старосты Каневского. Служение имеет в Туровском Римском Костеле...” і г.д.
Нягледзячы на непаслушэнства ўніяцкіх сьвятароў, стыль ведамасьці спакойны – гэта гаворыць пра тое, што 1). Яна складалася пры імператары Паўлу, які запаволіў палітыку Кацярыны II адносна хуткага пераводу ўніятаў у праваслаўе, і 2). Мабыць, характар правіцеля давыд-гарадоцкага дзясятаначальства іерэя Яўхіма Сянкевіча быў мяккі...
У канфесійным жыцьці гарадчукоў бывалі і тэхнічныя здарэньні – так у 1814 годзе ў Васкрасенскай царкве разьбіўся звон, які важыў 35 пудоў.
Благачынны протаіерэй Пятро Яфімовіч склаў рапарт у Пінскае Духоўнае Праўленьне з просьбаю дазволіць аднавіць яго; 27 красавіка 1815 года з Пінску паведамілі пра гэта ў Менскую Духоўную Кансісторыю.
І вось 22 траўня 1815 году вышэйшае начальства пастанавіла: “... означенной... церкви колокол... добавив нужного материала за церковную сумму... перелить дозволить...”
Але што тэхнічныя здарэньні ў параўнаньні з вогненным пеклам!
У разьдзеле “Давыд Ігаравіч, Бона Сфорца...” ужо казалася пра пажар, які зьнішчыў Васкрасенскую царкву; яна згарэла 22 красавіка 1839 году, і ўсё той жа протаіерэй Пятро Яфімовіч у сваім прашэньні пісаў архібіскупу Менскаму і Гродзенскаму Міканору: “Ночью в 10 часов с 22 на 23 число... месяца апреля, возникший недалеко моего дома ужасный пожар в местечке Давыдгородок, истребил собственный мой дом, при нем находившееся строение и все имущество мое... Покорнейше прошу... уважив мою старость... дабы и мне, подобно прочим испытавшим подобные несчастия, оказано было какое-либо пособие к содержанию себя с семейством...”
Пажар узьнік перад самым Юр’ем ці, як пісалі пазьней у казённых паперах – “...пред Святым Георгием...”; царква мела 1256 прыхаджанаў і, паводле вызначэньня архібіскупа Міканора, была “...самостоятельная, двуприходная, деревянная... с колокольнею...”
Яе аднавілі на Замкавай гары, а ў 1912 годзе на старой базарнай плошчы, на якой у далёкім мінулым былі праваслаўныя могілкі, малады і вельмі прадпрымальны сьвятар Юхневіч узьвёў цагляную капліцу.
Так ён “заняў” месца, на якое наступалі крамы людзей суботы.
Пад яго ж кіраўніцтвам вельмі хутка на гэтым пляцы змуравалі царкву ў гонар іконы Казанскай Божай Маці.
14 ліпеня 1913 году яе асьвяціў благачынны давыд-гарадоцкай акругі Сергій Пакроўскі ў саслужэньні сьвятара А. Шумаковіча, дыякана Івана Лісіцкага, псаломшчыка Васіля Акаловіча і старасты Трафіма Петраўца.
Да слова сказаць, каб з будоўляй на які год запазьніліся, то гэтага храма магло б і ня быць, бо ў 1914 годзе пачалася вайна, а войны, як вядома, не спрыяюць будоўлям.
Сьвята-Казанскі – летні храм, доўгі час у ім не было падлогі; ён стаіць не на ўзвышшы і, ня маючы высокага падмурку, знаходзіцца амаль на ўзроўні грунту.
У сваёй кніжцы пра Давыд-Гарадок Раман Якімовіч аднатаваў, што храм збудаваны ў сінадальным стылі і пазбаўлены густу.
Адносна адсутнасьці густу не магу згадзіцца, бо каменная бажніца Цімоха Юхневіча архітэктурна не псуе, а толькі ўпрыгожвае Давыд-Гарадок; пры любой уладзе яна не зачыняла сваіх дзьвярэй, была з людзьмі, суцяшала, давала надзею, а ў свой час выконвала яшчэ і сацыяльную функцыю – пры ёй існавалі курсы краўцоў і шаўцоў...
У 1935 годзе ў мястэчку дзейнічалі тры праваслаўныя царквы, невялікая каталіцкая малельня і на новай базарнай плошчы дарабляўся каменны касьцёл (яго асьвяцілі 20 верасьня 1936 году); каталіцкая ж малельня пачала сваю сьвятую працу ў 1903 годзе ў прыватным доме, які зьяўляўся ў Гарадку першым цагляным будынкам...
І зорка іудзейства таксама ж ярка сьвяціла.
Адносіны мяшчанаў-гарадчукоў да мяшчанаў-іудзеяў былі спакойныя – словам, людзі, якія пакланяліся іконам, паважліва ставіліся да людзей, якія іконам не пакланяліся, і ўсё гэта йшло толькі на карысьць мястэчку...
19 кастрычніка 1896 году будаўнічае аддзяленьне Менскага Губернскага Праўленьня ўхваліла праект пабудовы ў Гарадку сінагогі.
У пратаколе Праўленьня сказана, што павераны прыхаджанаў гарадзецкай сінагогі мешчанін Сымон Ліўшыц разам з прашэньнем падаў праект драўлянай сінагогі і сьведчаньне (удостоверение) прыстава.
Далей у пратаколе зьмешчанае характэрнае для чыноўнікаў царскай Расіі ўдакладненьне: “В удостоверении пристава записано... что предполагаемая синагога находится не на одной улице с православной церковью и отстоит от последней, по прямому направлению, в расстоянии 151 сажени...”
Паводле старых фотаздымкаў, у першай палове 20 стагоддзя ў Гарадку існавала Вялікая або Халодная сінагога, сінагога нагідаў (у ёй маліліся багатыя вернікі), сінагога з домам рабіна і хедарам.
Дзейнічаў і малітоўны дом карлін-столінскіх хасідаў; як вядома, хасідскую абшчыну ў нашым краі заснаваў рабін Аарон Карлінскі (або Каралінскі) – ён паходзіў з пінскага прадмесьця Каралін.
Цікава тое, што ў Гарадку таксама ёсьць прадмесьце Каралін (цяперашняя вуліца Лучнікоўская), таму можна меркаваць, што і тут жылі хасіды...
Першыя татарскія сем’і асталяваліся ў мястэчку яшчэ ў 15 стагоддзі, таму хочацца думаць, што ў Гарадку мелася й мячэць.
Аднак жа калі не было мулы, то яе магло й ня быць.
Словам, дакладных зьвестак пра мусульманскую малітоўню пакуль ня выяўлена; тут можна і ўсьміхнуцца: ніякага сьледу ад малітоўні няма, а вось Койданава яма на “Осэліцы” (так называецца адна з гарадзецкіх вуліцаў) захавалася.
Можна ўсьміхнуцца й яшчэ раз, падумаўшы: гэта ж ад іх, жыхароў Крыма, пайшла ў нас і такая завядзёнка – заходзячы ў хату, скідаць абутак...
6 траўня 1936 году на Замкавай гары зноў згарэла (пасьля чаго, на жаль, не адбудавалася) Васкрасенская царква; страхавы фонд выплаціў за яе страхоўку, была закуплена цэгла, іншыя будаўнічыя матэрыялы і пачаліся ўжо земляныя работы па ўзьвядзеньні новага сабору, як 1 верасьня 1939 году выбухнула вайна...
Абразы пакутніцы Васкрасенскай, а таксама яе ўнутранае ўбраньне, “прапоргі” (харугвы) і срэбныя паціры захоўваюцца цяпер у Сьвята-Казанскім храме.
Адзін з паціраў мае вызалачанае дно і дату – 1865 год; надпіс падказвае: гэту чашу змайстраваў Раман Іюўко са сваёй жонкай Маланьняй.
Другі ж пацір, багацейшы на выгляд, аздоблены панагіямі, 1 студзеня 1917 году ахвяравала Васкрасенскаму храму Матрона Казёлка.
Апошнім збудаваньнем на Замкавай гары яшчэ доўгі час заставалася 3-х ярусная званіца.
Мой бацька расказваў мне, як яго, брыгадзіра брыгады цесьляроў, пасылалі разбурыць яе.
Бацька не пайшоў, не пайшла й брыгада; тады раённае начальства пачало згружаць у званіцу соль і паступова давяло гэты цудоўны помнік палескага дойлідства да згубы...
Нягледзячы на тое, што местам уладаў Мікалай Радзівіл Чорны, вядомы прапагандыст кальвінізму, вучэньне “жэнеўскага папы” Жана Кальвіна на берагах ніжняй Гарыні не ўкаранілася; з гэтай прычыны, трэба думаць, і дзейнасьць езуітаў абышла гарадзецкую прастору.
Зрэшты, можа і не абышла, калі ўлічыць, што ў канцы 18 стагоддзя пробашчам давыд-гарадоцкай каталіцкай парафіі быў ксёндз Юзаф Міхалоўскі – былы езуіт...
У час панаваньня Жыгімонта III Вазы, які, дарэчы,спрыяў езуітам, было пастаноўлена пабудаваць у Гарадку рымскі храм; мяркую, ня толькі для малітвы, для змаганьня таксама – і з праваслаўем, і з тым жа (каб ня дай Бог сюды не дайшло!) евангелічна-рэфармацкім вучэньнем.
З паперы ксяндза Якуба Гарбацэвіча, якую ён падаў у 1843 годзе ў канцылярыю менскага губернатара, пра тыя падзеі даведваемся, што князь Ян Альбрэхт Радзівіл у 1624 годзе “... пожертвовал фундуш для основания римско-католического давид-городецкого прихода и костела... постройка... по окончании жизни князя... предоставлена была его наследнику. Воевода троцкий... Христофор Радзивилл в 1649 году построил... приходской костел под названием Божьего тела... простоял он... до времени случившегося... в 1811 году пожара, коим подвергнулся истреблению. Тогдашний владелец давид-городецкой ординации... Иосиф Радзивилл 8 сентября того ж 1811 года вновь построил и существование его простиралось до 1839 года, в коем вторично стал жертвою пламени...”
Ксёндз Я. Гарбацэвіч пачаў адбудоўваць сьвятыню і атрымаў дазвол на завяршэньне адбудовы; пра гэта чытаем у “Журнале Присутствия Минского Губернского Правления” (запіс за 19 траўня 1848 году): “... на основании… разрешения г. Министра Внутренних Дел дозволить… окончить постройку начатой в м. Давид-Городке новой римско-католической церкви вместо сгоревшей…”
Сьвятыня Якуба Гарбацэвіча – сасновая, на дубовых штандарах і пад гонтавым дахам – праіснавала да 19 красавіка 1890 году, да новага вялікага пажару.
Тады ўжо задумалі змураваць касьцёл, і задума гэта мела наступны ход: у красавіку 1901 году ў Варшаве архітэктары Я. Вайцэхоўскі і Ю. Дзержаноўскі склалі праект храма на 500 чалавек, а 30 лістапада таго ж году міністэрства ўнутраных справаў дазволіла за грошы парафіянаў збудаваць гэты храм.
Неўзабаве ўзьнік і камітэт пабудовы.
У студзені ж 1904 году Магілёўская Рымска-Каталіцкая Духоўная Кансісторыя накіравала ў Менскае Губернскае Праўленьне план, каштарыс і табліцу вылічэньняў, і праз месяц, а менавіта 29 лютага, будаўнічае аддзяленьне Губернскага Праўленьня ўхваліла праект і падало яго ў канцылярыю губернатара на подпіс.
Справа рухалася, аднак жа марудна, маліцца ж касьцельным людзям не было дзе, таму магілёўскі архібіскуп дазволіў ксяндзу Гумніцкаму зрабіць у прыватным доме (у тым самым – першым у Давыд-Гарадку цагляным!) часовую капліцу, пра што і паведаміў губернатару 9 жніўня 1902 году...
Што да камітэту, то працаваў ён дрэнна, ня здолеў упарадкаваць фінансы, і гэта яго віна, а не царскай улады, што каменны касьцёл у Гарадку так і не зьляпілі, прынамсі, да пачатку вайны 1914 году.
А шкада.
Паводле варшаўскай задумы, гэта меўся быць высокі і прыгожы будынак у неагатычным стылі, з рызьніцай і капліцай у сярэдзіне, а таксама ж з двума дадатковымі бакавымі ўваходамі; яго планавалі залажыць на пляцы паміж Лучнікоўскай вуліцай і Сасоўскім кутам...
На гэтым месцы (як ужо казалася ў нашым нарысе) касьцёл усё ж такі змуравалі у 30-ыя гады 20 стагоддзя, але паводле іншага архітэктурнага праекту...
Сваім цэрквам гарадчукі дарылі іконы – і асабіста, і грамадой, асабліва пасьля эпідэміяў, пажараў і нараджэньняў.
Так у 1899 годзе з прычыны зьяўленьня на сьвет сына Васіля мешчанін Якаў Петравец падараваў Васкрасенскаму храму дарагі абраз, на якім бачым архангела Гаўрыіла з фінікавай галінкай, багародзіцу Марыю з пергаментным скруткам, белага голуба ў вышыні і чуем вестку аб Вялікім Нараджэньні.
Таксама ж свае багатыя іконы даравалі гэтаму храму цэх цесьляроў і цэх краўцоў.
А вось параходныя службоўцы і шавецкі цэх убралі абразамі За­каморскую.
У шаўцоў была й такая завядзёнка – на Кузьму-Дзям’яна яны заказвалі службу ў памяць былой Казьмадзям’янаўскай царквы.
А вось на Міхайлаў дзень службу замаўлялі цесьляры, і з гэтага можна вывесьці, што колісь у Гарадку быў і Міхайлаўскі храм...
Пільныя ў справе і пераважна разважлівыя ў слове, умелыя гарадчукі шукалі ў веры спакой, таму ніколі не схіляліся да рэлігійнага фанатызму, адбывалі свой хрысьціянскі абавязак па меры магчымасьцяў і заўсёды памяркоўна (яшчэ раз пра гэта скажу!) ставіліся да людзей іншай веры – і да каталікоў, і да іудзеяў, і, скажам, да тых жа пратэстантаў (у Давыд-Гарадку ёсьць абшчына хрысьціянаў веры евангельскай).
Бывала, пеша хадзілі маліцца ў Пачаеў і пасылалі грошы ў Кіева-Пячорскую лаўру – вось перада мною расьпіска ў прыёме пераводу ў Кіеў дзесяці рублёў на імя настаяцеля сьвятой Лаўры; у правым верхнім куце круглая чорная пячатка давыд-гарадоцкай пошты і дата – 17. 4. (19) 17; шкада, што на квітку не пазначана, хто пасылаў грошы...
І ўсё ж пры ўсёй устойлівасьці царкоўнасьць маіх землякоў была рытуальная, абрадавая; рэлігійнае пачуцьцё не ўзвышалася над іх розумам і набожнасьць іх у асноўным вызначалася прадзедаўскім запаветам: “Ідуць у цэркоў, ну дык і я пойду... Моляцца, ну дык і я помолюса, бо, мусіць жа, так трэба...”
І разам з тым ці ня кожны лічыў сябе шчыра праваслаўным, або чалавекам веры грэкарасійскай, а сёньня ці ня кожны марыць: ой, як добра было б, каб на Замкавай гары адбудавалася царква...
Чуў я аднойчы такую пагалоску: у Дзімітраўскай царкве маліліся для князя, у Васкрасенскай для сэрца, у Закаморскай для душы, а ў Казанскай для цара.
Пагалоска – не дакумент, а плён нечай рызыкоўнай творчасьці, аднак жа, вядома, іншым разам творчасьць бывае бліжэй да ісьціны, чым гістарычная грамата.


6. Гарадчук і гарадчанка
Дасьледчыкі неаднойчы адзначалі: у жылах гарадчукоў цячэ і ўсходняя, і заходняя, і нават паўднёвая кроў.
Трэба думаць, ёсьць кропля і яцьвяжскай – невыпадкова ж Адам Кіркор паведамляў, што ў Давыд-Гарадку некалі жыў старэйшына яцьвягаў.
Каб зразумець сёньняшніх жыхароў Гарадку, варта ўспомніць колішніх яго людзей; варта згадаць, што хрысьціянства ўсходняга закону, узбагачанае прымхамі, увайшло ў характар, сталася спосабам іхняга жыцьця.
Татарская культура агародніцтва, габрайскае ўменьне гандлю, украінская песеннасьць, польская хітрасьць і палеская запаволенасьць, спалучаныя з беларускай цярплівасьцю і працавітасьцю, і стварылі гарадзецкі характар.
А яшчэ памагла зямля з вадою: зямлі было мала, вады багата; зямля цанілася так высока, што не пуставала й пядзі, засейваўся кожны лапік, нават кавалак вуліцы і то часьцяком прыразаўся да гароду.
Старыя людзі маліліся на зямлю і казалі, што гэта капітал, які не гарыць і ня тоне; на гарынскую ваду маліліся таксама – калі прыходзілі ў Пачаеў, паблізу ж Пачаеўска-Усьпенскай лаўры якраз і пачыналася родная рака...
Бог, работа, людзі, грошы, свае дзеці і таямніца сьмерці – от што перш за ўсё турбавала гарадчукоў.
Таму засьцерагалі сябе: “З Богом ні в’яжы цыпу!” – што значыла: не гняві Бога!
І настаўлялі дзяцей: “Хоць потрошку, але трэба робіць роботу, бо колі нічого ні робіць, то нічого й ні будзэ!”
І шапталі, як малітву: “Раз людзі нічого ні маюць до цабэ (цябе), то і ты до людзэй ні май нічого!”
І раздражняліся, што заробленае цяжка прыхаваць, калі столькі ўсяго трэба купіць: “Грошы цакуць (цякуць), як сьліна...”
А вось да сьмерці падыходзілі спакойна.
“По одном, по одном ды ўсе помром, бо коб ні ўміралі, то б небо подпіралі!” – складна прыгаворвалі, а маглі й хітрэй пажартаваць:
– Добрэ, шчё людзі ўміраюць, а то б замля (зямля) ні вутрымала ўсіх!
Увогуле ж да людзей (асабліва чужых) ставіліся з недаверам, бо чужы кажа ў сваю руку, дбае пра сваю кішэню і хоча пражыць без клопату, але ня дай Бог так пражыць, бо жыцьцё бяз клопату – пустое.
Родным жа дазвалялася і казаць у сваю руку, і дбаць пра сваю кішэню, і ўсё іншае ў меру дазвалялася, бо яны ж родныя...
“Хто ні вупрацоваў, той вухворае!” – казалі колішнія гарадчукі пра лайдакоў-безрабоцькаў і, шануючы гаспадароў і усё гаспадарскае, па-гаспадарску ж спрабавалі ўявіць тое, што будзе, і хацелі ўгадаць якім яно будзе.
І калі нешта ўжо будзе, доўга маракавалі, то ўжо каб яно лепей было такім, як было.
Праўду пісаў Лукаш Калюга ў аповесьці “Ні госьць ні гаспадар”: “Жаданьне ведаць, што далей будзе, чым скончыцца ўсё – моцны магнэс. Яму ў помачы надзея, што, можа, лепей жыць будзе...”
Бабулі, якія з вудамі стаялі на беразе Гарыні, і якіх увёў у сваю прозу Янка Брыль, ня столькі рыбу вудзілі, колькі зноў жа гадалі: а ці застанецца яно ўсё па-ранейшаму, калі напаўзе што чорнае якое!
Такі ён, даўнейшы давыд-гарадоцкі кансерватызм...
Колішнія гарадчукі ў сваім гародзе і гародчыку, як пад лінейку, вясною выплёсквалі жалезьнякамі раўнюсенькія межы; памятаю, як баба Леся насьмешліва ацаніла маю няўмелую работу: “Зробіў мэжы, як дзэжы!”
Паўсюдна межы проста пратоптваюць, і толькі тут і па сёньня іх старанна перасыпаюць, выплёскваюць, як, да слова сказаць, паўсюль бульбу вясною садзяць, і толькі ў Гарадку яе кідаюць.
Гарадчукі любілі, каб усё было “до вуранду” – гэта значыць, добра зроблена – і ўскапана, і засеяна, і забаранавана, і да зялінкі выпалана, і да зярнятка прыбрана.
І калі ўсё складалася так, як хацелася, то тады задаволены гаспадар мог паказаць трыма пальцамі правай рукі – вялікім, указальным і сярэднім – сьціснутымі як для малітвы, свой спадчынны жэст, імітуючы рух лыжачкі, якою ён, весьнянік, адмерваў насеньне і, дзякуючы якой, і ўзьбіўся на капейку.
“Нас вувала (вывела) у людзі ложачка!” – заключала тым часам гаспадыня.
Так, пахваліцца маглі, аднак жа часьцей жылі схавана, без пахвальбы, а то й зусім духу не ўціскалі, асабліва тады, калі небясьпека навальвалася.
Як за сьцяну, хаваліся за сьціпласьць і вельмі не любілі, калі на іх, пры няёмкай сітуацыі, дзівіліся людзі.
Вядома, скрозь гэтага ня любяць, але іншасьць Гарадка ў тым, што Гарадок назваў такую зьяву ёмкім словам – “дзіволюд”.
Чалавек дзівалюдны – усё адно як няскладны чалавек, таму адно з асноўных гарадзецкіх правілаў: “Ні робі дзіволюду!”
Скажу для памяці: гарадзецкія правілы ўзгадаваныя патрыярхатам; мужчына ў сям’і панаваў, але панаваў таму, што жаніўся, навучаны старой мудрасьцю: як сам гліну месіш, то шукай такую дзеўчыну, якая таксама гліну месіць; словам, малады гарадчук шукаў сабе пару і меру, знаходзіў, таму і жыў з адной жонкай усю сваю жытку.
Я не кажу, што зусім не было разводаў, былі, але вельмі і вельмі рэдкія, бо й дзяўчына хавала свае капрызы і йшла да шлюбу, добра ўцяміўшы: кожная пасудзіна павінна быць на сваёй паліцы...
Даўней на вуліцы можна было бачыць, як разумная жонка знарок адстае ад чалавека, ідзе сьледам – так паказвае сваю залежнасьць ад яго.
А от яшчэ характэрны прыклад: у хаце зьбіраюць у чужы край сына, грошы з куфра дастае маці і перадае бацьку, бо грошы на дарогу сын павінен атрымаць з бацькавых рук...
Гарадчук не казыраў такой перавагай, бо што тут казыраць – жонка заўсёды ж хітрая, падстройваецца пад яго, а ў душы лічыць: у сям’і кіруе яна.
Ну то й няхай...
У сямейным ён спадзяваўся на сваю стрыманасьць, але ня толькі ў сямейным – ці не ва ўсім астатнім таксама ж, таму пад старасьць ціха цешыўся: жыцьцё пражыў, а пад судом і штрафам ня быў.
А яшчэ радаваўся, калі аглядаў двор; гэта для некага дом – крэпасьць, для гарадчука ж двор – крэпасьць!
Непераборлівы на яду і абыякавы да свайго цела, шчыра ганарыўся, што ён мешчанін, што мае ня ўкрадзеныя, а заробленыя грошы; што хоць бярэ часам чарку, але не прапіваецца, бо і хату паставіў, а то і не адну, і сыноў прыстроіў, і дачок замуж павыдаваў.
З лёгкім сэрцам паказваўся на людзях з усёй сваёй “родзіной” (сям’ёй), у новым “хутэрку” (адмысловага крою паўпаліто) і хромавых чобатах.
Па душы яму было, што ягоны Гарадок – сталіца шаўцоў, што тут шыюцца лепшыя на ўсю Пінска-Тураўскую зямлю боты, што прадаюцца яны і ў Варшаве, і ў Вільні, і ўсе, нават польскія прэзідэнты, называюць іх па-гарадзецку – вуцяжкі.
Зноў жа скажу для памяці: мужчынскія вуцяжкі захаваліся ў давыд-гарадоцкага каваля Дзям’яна Цяцюры, а жаночыя (іх называлі зборкамі) можна ўбачыць у музеі разьбяра Івана Супрунчыка, што ў вёсцы Цераблічы...
Як віно, кружыла галаву і свая мова, на якой з самага пачатку сьвядомага жыцьця гарадчук у поўны голас дзэкаў – ідзэ, едзэ, упадзэ, покладзэ і вукаў – вупіў, вубраў, вугнаў, вухвораў; апошні дзеяслоў гучаў часьцей за іншыя, бо ён складаў аснову галоўнага гарадзецкага праклёну: “Ах, пранцоваты, коб ты вухвораў!”
А яшчэ гарадчук шокаў і шчёкаў; нешта не дачуўшы, мог пера­­пытаць:
– Шо ты сказаў?
А праз хвіліну якую ў той жа гаворцы ўжо перапытваў:
– Шчё ты кажэш?
А яшчэ па-птушынаму цікаў і чыкаў; напрыклад, сёньня пытаўся ў жонкі:
– Ці бульбу зварыла?
А праз дзень які гэта сьвятое пытаньне пачынаў, пры чым незаўважна для самога сябе, ужо з часьціцы чы:
– Чы бульбу зварыла?..
Але як бы ён не пытаўся, пра што б ні казаў – заставаўся тым жа і заўсёды ганарыўся, што ён “Городчук”!
Праўда, суседзі, тыя ж альшанцы і столінцы, іншым разам яго цьвялілі гарбузой.
Чаму?
Мо таму, што любіў класьці гарбузы на страху?
А мо з нейкай іншай прычыны...
Але гарадчук асабліва ня крыўдзіўся, што яго так абзывалі і адорваў суседзяў іхнімі ня менш удалымі мянушкамі (ня будзем іх тут успамінаць), а самому гарбузу надаў значнасьць неафіцыйнага герба Давыд-Гарадка.
Суседзі суседзямі, але калі хто нялюдскі заводзіў яго, то тут жа той нялюдскі і правальваўся ў гарадчукоў гнеў, як у молаку; тады ўжо славутая стрыманасьць пакідала нашага героя.
Молака ж – багністая мясьціна на папасе; ёсьцека такая ў Давыд-Гарадку; у свой час яна засмоктвала быдла па самыя рогі...
Колішні гарадчук ня еў яблыкі да Спаса – еў пасьля таго, як іх пасьвецяць у царкве, і любцы сваёй букетаў не насіў, бо ў горадзе кветак кветак ня дораць; любіў тую ваду, якая не размывала, а намывала бераг; хадзіў паўз самы плот, а не сярэдзінаю вуліцы; цьвікі забіваў так глыбока, ажно плешка ў дошцы хавалася; госьця частаваў не пачатай, а поўнай пляшкай.
Калі сьпяваў – жылы на шыі пухлі; калі танцаваў – музыкаў стамляў, не даваў ім спыніцца і па ходу той жа любімай полькі скідваў чаравікі, заставаўся ў шкарпэтках, а пасьля зьнімаў і шкарпэткі і датанцоўваў ужо басанож.
За вечар танцаў, на вясельлі якім, мяняў па тры кашулі!
Адчуваў сябе панам над панамі, бо шанаваў адасобленасьць ад улады, грамады і непатрэбных клопатаў.
Нехта судзіўся, ён – не; нехта раз за разам пазычаў грошы, ён жа кару грыз, а ў пазычкі не залазіў, бо звык жыць сваім, а не чужым, і сутнасьць гэтага выказаў запамінальным базарным выкрыкам:
– Як гэто я буду есьці куплёную бульбу!
Заўсёды сваё цаніў вышэй за куплёнае, і свой гарод шанаваў больш за вуліцу, бо ў сваім гародзе жывуць добрыя духі, а па вуліцы чэрці бегаюць...
І ў роднай хаце жывуць добрыя духі, таму, каб ня спудзіць іх, ня ляпаў дзьвярыма і ня кідаў да грубы дровы, а ціха клаў на падлогу, абабітую бляхай.
І пераступаў парог, каб ня стоптваць яго, і, што цікава, быў упэўнены – у хаце не тады добра, калі падлога памытая, а тады, калі груба напаленая.
– Хорошэ ў хаці! – казаў гарадчук.
– А шчё хорошого?! – зьдзіўляліся. – Онь павута на столі!
– Затэ (затое) цёпло! – адказваў...
Дзяцей жа выхоўваў проста – калі малое не хацела спаць, крычаў: “Ляж, бо дам!”; калі ж не ўціхала, і напраўду даваў яму раз ці два па месту – гэта значыць, па голым азадку.
І не дазваляў сьвістаць у хаце, бо сьвістуны “завадуцца”.
Што гэта за сьвістуны такія, не тлумачыў і наогул асабліва з дзецьмі ня цацкаўся, не даваў на галаве хадзіць і ўсё тут; цьвічыў, прывучаў да парадку, вучыў рабоце, але ня толькі ёй – паказваў і неабходныя забавы.
Зімою майстраваў на рацэ каруселю: на ўмерзлы ў палонцы слуп ставіў рухомае кола, да якога на доўгай жэрдцы прымацоўваў саматужкі.
Кола раскручвалі на ўсю моц, саматужкі са сьвістам набіралі разгон, і ажно дух займала ў таго малога рызыканта, які сядзеў у іх!
А яшчэ рабіў “дзіскало” – прыкручваў да палкі драцяны крук, якім і самы ж дробны хлопчык мог, бегучы, гнаць перад сабою жалезны абруч...
Гульняў дзіцячых у старым Гарадку было даволі – і “опука”, і “гук”, і “карагле”, і “кіцало”, і “цуркі”; паясьню: “опука” па-гарадзецку – гэта футбол, “гук” – хакей, “карагле” – гарадкі, “кіцало” – класікі...
Зімою ж дзеці ня толькі гралі ў гука, коўзаліся на коўзанцы і лёталі на каруселі, а яшчэ (у самым пачатку зімы!) “гнулі рогожу” – бегалі па тонкім лёдзе, які, угінаючыся, страшна рыпеў, ператвараўся ў застылую хвалю...
Дзеці вырасталі і, стоячы ўжо на самастойнай сьцежцы, ведалі: у родным мястэчку існуюць, можна сказаць, царкоўныя адносіны да зьнеш­няга выгляду: скажам, ня дай Бог было зьявіцца кавалеру на людзях непаголеным!
Тады нават чужая цётка магла падступіць і зьедліва папытацца:
– А ты чого ні побрыўса?
Дзяўчына ж найбольш дбала пра сваю выхадную сукенку, баялася яе “покаліць” (запэцкаць) і выходзіла ў горад, завязаўшы на галаве хустачку.
Бяз хустачкі нельга было.
А от яшчэ адна асаблівасьць давыд-гарадоцкага этыкету: у горадзе любы стрэты мог спытацца:
– Куды йдзэш?
І конча трэ было адказваць, так вымагаў усё той жа этыкет, які, дарэчы, й да гэтага часу бытуе.
Калі ж не хацелася казаць праўду, то загадзя, яшчэ ў двары, прыдумваўся “праўдзівы” адказ, і заместа: іду да брата, казалася, напрыклад: іду да свата!
А праўды тым часам ніхто й не чакаў, чакалі проста адказу, каб гаворку завязаць...
Вядома ж, на гаворку асабліва ласыя жанкі; колішняя гарадчанка павінна была ўсё пачуць і ўсё пабачыць, таму яе заўсёдныя пытаньні да таварышкі зазвычай былі такія: “Мо нешчо чула?.. Мо нешчо бачыла?.. Мо з некім говорыла?..”
Колішняя гарадчанка – маладзіца хоць і паважная, і схільная да спакою, аднак жа ў пэўныя хвіліны і ясьменная даволі.
Часам і ў драбязе прагнула першай быць – не ў вілках, а на покуці сядзець; грошы не любіла шындзіць і ўмела далёка наперад бачыць – скажам, пасьцель да вясельля даччынога здалягодзь рыхтавала.
Дачцэ той сем гадоў нейкіх, а гарадчанка ўжо пра яе замужжа думала і гусіны пух на пашы (пушынка да пушынкі!) гадамі зьбірала.
Зробленае і нязробленае мела моду ў два разы прыбаўляць, таму, сабраўшы дзьве жмені, казала: чатыры, а купіўшы за пяць, даводзіла, што купіла за дзесяць.
Такая ўжо яна была...
Яе спальня ясьнела ад мноства падушак і ясікаў і залаціста ярчэла ад вясёлкавых дываноў.
Яе залатыя, па форме як паўмесяцы, “цыганскія” завушніцы і шырокія, таксама ж залатыя, пярсьцёнкі-“обрэнцы”, яе белы хвартух і румынкі на бярозавых корках, і наогул усё яе прыкметнае ўбраньне, якое завяршалася ўмела завязанай хусткай, – заўсёды зьдзіўляла сьвежага чалавека.
Але што адна хустка – не з адной, а з некалькіх тканінаў гарадчанка утварала на галаве неверагоднай формы кампазіцыі.
Этнографы пра гэта шмат пісалі, але, здаецца, ніхто з іх не згадаў, што нашая гераіня яшчэ й рабіла “басана” (ці бесана) – гэта значыць, ражкі хусткі какетліва скручвала на лобе.
Прозьвішча Бесан – чыста гарадзецкае.
Пэўна ж, некалі нейкая Бесаніха ўпершыню гэтак па-ўсходняму завязала хустку і тым самым далёка наперад дала новую моду...
Гарадчанка дбала пра багацьце і сям’ю, згоду і ўдачу; думала пра тое, каб Бог памог і каб чорт які “ні прыробіў” (не начараваў) чаго.
Чараў жа вельмі баялася і ўсе іконы выцалоўвала, каб толькі не пачуць, каб толькі ёй не паабяцалі самае страшнае ў Гарадку: “Я ж тобе прыроблю!”
Проста сказаць: дбала, думала, баялася, як дбаюць, думаюць, баяцца і ўсе негарадзецкія маладзіцы, але была непадобнай на іх у тым, што мала клапацілася пра сваё здароўе; нават калі ўжо трэ было класьціся ў бальніцу, і то шукала прычыну, каб ня здацца лекарам.
– Пойду ў больніцу, як город покопаю і засею! – так сябе на­­­ст­рой­вала.
Але от гарод ужо і ўскапаны, і засеяны.
– Пойду, як пэршэ зельле прополю! – такі сабе новы наказ давала.
Але ўжо й першае зельле вырванае і нават другое...
– Пойду, як бульбу ограбу!
Але вось і бульба агрэблена, а колішняя гарадчанка ўсё ніяк не зьбіралася ў бальніцу і пакуль на нагах стаяла, так і ня йшла туды...
Кажуць, жанчыны больш зайздросьлівыя за мужчынаў.
Магчыма, праўда, магчыма, не, але цікава тое, што жаночая зайздрасьць у Гарадку спрадвек называлася па-свойму – “необольство”.
Ня чуў я такога, каб гарадчук на гарадчука “необоліў”, а от гарадчанка на гарадчанку “необоліла” часта...
“Необольство” пачыналася, калі ў суседкі муж ня піў, хата была і большай і на вышэйшым падмурку стаяла, і ў вокнах новыя фіранкі бялелі; але асабліва тады, калі на базары суседка спраўней гандлявала.
У такія дні, калі гэта спраўнота неабачліва прасіла што, то магла пачуць:
– Духа тобе!
Што значыла: нічога табе ня дам.
Калі ж, не разумеючы чаму таварышка так яе сустрэла, удачлівая суседка спрабавала даўмецца што да чаго, а то й на большы голас гаворку ставіла, то чула й такое:
– Крычыш? А коб ты з гарачкі крычала!..
“Необольство” раптоўна пачыналася і гэтак жа раптоўна стухала, бо сэрца, укушанае злосьцю, больш адыходлівае, чым сэрца, закалыханае хітрасьцю.
Памірыўшыся, жанкі завітвалі адна да адной на аглядчыну – ацэньвалі, якія буракі ці якія гарбузы ўрадзілі на сотках, а ўвечары йшлі трэцім родам глядзець на якое-небудзь вясельле; доўга стаялі пад вясельнымі вокнамі і з цікаўнасьцю назіралі, што робіцца ў душнай хаце: як там гуляе першы род – род маладога, як п’е гарэлку другі род – род маладой.
Трэцім жа родам камандавала самая бойкая жаночына, якую (як і яе сябровак, але перш за ўсё яе!) гаспадар хаты шчодра частаваў, бо менавіта ад гэтай маладзіцы залежала, якая чутка – добрая ці благая – заўтра пойдзе па Гарадку пра жаніха, нявесту, наогул пра вясельле і пра яго самога ж – гаспадара.
Таму напаіць і накарміць трэці род – ня проста даўняя завядзёнка, якую нельга парушаць, а яшчэ й выгадная палітыка.
Бо хіба ж не бывала: і вясельле слаўнае, і малады, як радзівіл, і маладая, як княгіня, але забываліся вынесьці пачастункі начальніцы трэцяга роду, і тады назаўтра нават дзеці ганілі гэта вясельле, абзываючы маладога пастухом, маладую жабрачкай, а гаспадара “путом”.
“Путо” ж – крыўднае гарадзецкае слоўка!
Але калі трэці род вяртаўся дамоў напіты й наедзены, тады ўжо й беднае вясельле ператваралася ў багатае, пра таўкача жаніха гаварылі, як пра арла, пра ступу нявесту, як пра ластаўку, а гаспадар быў чыстым золатам, а не чалавекам: “Сцані (абшукай) увэсь Городок, а такого ні найдзэш!”
На Макавей колішняя гарадчанка з таварышкамі ўпрыгожвала кветкамі вулічныя крыжы, а рэшту кветак несла да царквы; пасьвечаны букет, называючы вянком, клала дома ля іконы, каб на Вадохрышча апусьціць яго ў сьвятую ваду і акрапіць хату.
Іншы раз паміж сьвятам і працай ляжаў зусім кароткі прамежак часу; гарадчанка добра адчувала гэта, таму аднолькава шанавала і сьвята, і працу і на той жа Макавей пасьля абеду, памяняўшы белы хвартушок на чорную запінку, ехала рабіць сена.
Таксама ж любіла з капаніцаю ісьці ў “копачэ”; па-іншаму – у зьбіранку ці ў перакопанку; калі шанцавала, то на чужым бульбянішчы можна было накапаць мяшок бульбы...
Часам, гледзячы ў акно, уголас гадала:
– Дзе ж мой чоловек? Жду ёго, як Бога!
Бога і свайго мужа згадвала разам і ня ведала, што ў яе жылах цячэ і ўсходняя, і заходняя, і нават паўднёвая кроў; ведала пра адну кроў – гарадзецкую і казала гэтак: “Городзецка кроў – поясі і здороў!”

7. Конікі
За канём ідуць на ворыве, а яшчэ тады, калі губляецца дарога, і губляецца вера знайсьці дарогу, і застаецца надзея толькі на каня: ён выратуе.
Так некалі й зрабіў Давыд Ігаравіч: у доўгім пераходзе з Валынскай зямлі на Прыпяць ён заблудзіўся з дружынай у пагарынскіх нетрах і мусіў быў сьпешыцца.
Адчуўшы волю, конь вывеў князя якраз да таго паселішча, якое з часам назвалася Давыд-Гарадком...
І ў наш някняжы час таксама йдуць за канём... калі сустракаюць Шчодры вечар; гэта недзе ходзяць за казой (ці водзяць казу!), а ў Давыд-Гарадку ўшаноўваюць каня – пэўна ж, таго самага, які і прывёў сюды знакамітага князя.
Скрозь кажуць: Шчодры вечар, Шчадрэц, Стары Новы Год – у Гарадку ж яшчэ кажуць і: Конікі...
Конікі – гэта і сьвята, і ўдзельнікі сьвята!
Колісь верылі: калі на Конікі пойдзеш да лекара, то ўвесь год будзеш хварэць, таму цярпелі – не йшлі...
“Болото” і “Комора”, “Осэліца” і “Вугонь”, “Мэльнікі” і “Радзічы”, “Закосьцёлье” і “Каралін”, “Лоза” і “Сешка”, “Лужок” і мой родны “Кодак” – кожны гарадзецкі кут меў сваіх Конікаў.
Увечары 13 студзеня пасьля першай зоркі трубіў рог – рог цяжкі, як гладыш, поўны золата, а яго музыка была працяглая, як сам страх.
Чуўся другі рог, а тады ўжо трэці, чацьвёрты – і так па ўсім чыста месту.
Рогі на нейкую хвіліну змаўкалі, давалі разгаварыцца гармонікам і бубнам, а таксама ж вялікім, з добрую кварту, бомам і маленькім, з напарстак, звонікам.
Сьвята пачыналася...
Конікі сьпявалі пра тонкую і высокую сасну, на якой зіхцела залатая “корыца” (кара), віншавалі гаспадароў са Шчадрацом, жадалі ім дабра і “коб за год дождалі”, і мелі за гэта грошы і ня толькі грошы.
З прытупамі, скокамі і прычворамі бегалі ўвесь вечар ад хорткі да хорткі, ад хаты да хаты...
Уздымаючы сьнежны віхор, уздоўж платоў ляцела карнавальнае таварыства, і трэ было даваць дарогу, бо ў хмельнай гарачцы маглі стаптаць, а то і аперазаць пугай.
Паперадзе ўсіх белы Конь – грыва на доўгай шыі хадзіла хадуном; вялізныя вочы, начорненыя вуголінай, поўныя добрага шалу, а на храпе – узорыстая аброць.
Жывейшага каня, чым Гэты, на зямлі не бывала, і зусім ня думалася, што Ягонае тулава сплеценая з вярбовых дубцоў і абцягнутае коленшчынай.
А за Канём – Скарбнік, Бусел, Баран, Дзед, Баба, Сьмерць, Чорт, Казёл і Мядзьведзь...
Скарбнік першы ўваходзіў у кожную хату, Бусел выхваляўся доўгай чырвонай дзюбай, Баран паказваў крутыя рогі, Дзед граў на гармоніку, Баба патрэсвала шанькай, высокая Сьмерць у белым балахоне весела пагражала драўлянай касой, Чорт скакаў на дзеркачы, Казёл біў у бубен, Мядзьведзь штосілы дзьмуў у рог...
Спулка нястомных забаўнікаў, гурт адчайных весялуноў, грамада нястрымных жартаўнікоў, кампанія кручаных пацешнікаў...
Вандроўны тэатр на адзін вечар!
Паганскі збор старажытнага духа!
Усё шчырае і крыху страшнае, знаёмае і кожны раз нязвыклае, зразумелае і поўнае таямніцы.
Усё, як само нараджэньне...
Здавалася, платы падыходзілі бліжэй да вокнаў, і вуліцы рабіліся шырэйшымі; адрыны і хлявы падступалі да ганкаў, а самі ганкі па-сабачы прагнулі з холаду зашыцца ў сені.
Зоркі ж падымаліся вышэй, а дрэвы заставаліся ў цямнейшых кутках – вызвалялася прастора для радасьці і, зноў жа здавалася, гэты вечар будзе вечны...
А вось і тая хвіліна, калі Конікі сустракаліся з Конікамі – “болоцкіе” з “коморскімі”, “осэліцкіе” з “вугоньскімі”, “мэльніцкіе” з “радзіцкімі”, “закосьцёльскіе” з “каралінскімі”, “лужкоўскіе” з “кодацкімі”...
Раней усчыналіся бойкі, і раней на гарачых Конікаў рабілі аблавы, іх лавілі, цягнулі ў міліцыю, штрафавалі.
Але ж і сьмеху часам было.
Адзін кадацкі дзядзька, пераапрануты ў Бабу, вырваўся з міліцэйскіх лапаў і ўцёк дахаты; ранкам ён расказаў пра свае страты: “Уцакці, то ўцёк, але цыцкі погубляў!”
Час прыглушыў дурное.
Сёньняшняя міліцыя разумнейшая за колішнюю, бо ўлада сёньняшняя мякчэйшая; міліцыя ўжо аблавы не наладжвае, наадварот – ахоўвае Конікаў, і мясцовае начальства іх вітае, але яны, Конікі, ужо ня тыя.
Конь, праўда, застаўся Канём, але маскарадная амуніцыя іншых персанажаў, на жаль, зьмянілася; бывае, немагчыма разабраць хто ёсьць хто: Баба гэта або Цыганка, наш беларускі Бусел ці нейкая галівудская пачвара?
Заместа ясных даўніх убораў і масак у ход пайшлі вайсковыя кіцелі, марскія цяльняшкі, салдацкія шапкі і рамяні, а таксама ж морды крака­дзіла Гены і пысы Мікі-Маўса, страусавае пер’е індзейцаў і тэлевізійныя хобаты сланоў, а палескую песьню пра залатую сасну часам заглушаюць эстрадныя дынамікі.
Казка патрохі ператвараецца ў прозу.
І ўсё ж Стары Новы Год не губляе сваю прывабнасьць, бо так яго нідзе не сьвяткуюць, як у Давыд-Гарадку, і так яго нідзе не называюць, як зноў жа ў Давыд-Гарадку – Конікі.

Конікі


Граюць бубны і гармонікі,
Чарка просіцца ў руку, –
Гэта сьвята – сьвята Конікі
У Давыд у Гарадку!

Гэта песьня – песьня звонкая,
Ад якой ня будзе сну,
Пра высокую і тонкую,
Пра палескую сасну:

“Там стояла cосна
Тонка, вусока –
Шчодры вэчор.
Тонка, вусока,
Лісьцейком шырока –
Шчодры вэчор.
А на той сосонцы
Золота корыца –
Шчодры вэчор.
Золота корыца,
Майская росіца –
Шчодры вэчор.
Ой ды наляцелі
Райскія пташкі –
Шчодры вэчор.
Ды тую корыцу
Ўзялі позьбівалі –
Шчодры вэчор…”

Гэта маскі незьлічоныя –
Конь, Баран, Казёл, Мядзьведзь,
Бусел з дзюбаю чырвонаю,
Дзед і Баба, Чорт і Сьмерць…

У віхуры гэтай песеннай,
Кожная душа, скачы!..
Сьмерць касой махае весела!
Чорт ляціць на дзеркачы!

Дзед як Дзед – да Бабы туліцца;
Бабе добра – добры ж Дзед!
Бусел тупае па вуліцы,
А Мядзьведзь за ім усьлед…

От Баран прабег па беразе,
Над ракою – цень Казла…
Конь, як і заўжды, наперадзе,
І таму што Конь наперадзе –
Назва Конікі пайшла!

І ад Мэльнікаў да Радзічаў,
З гэтага і ў той канец –
Гэта вечар лёгкай радасьці;
Шчырай радасьці – Шчадрэц!

Тут адвеку так жадалася
І за грошы, і дарма:
Каб шчадрылася-зьбіралася,
Каб хапіла ўсім дабра!..

Ой вы, хвойнікі-сасоньнікі!
Ой ты, сьнежная Гарынь!..
Пад вакном сьпяваюць Конікі,
З іх у дом ідзе адзін –

І прымае дар нябедную,
І хавае ў рукаве…
А ў тым доме (кожны ведае)
Люба з Васілём жыве!

“Там стояла сосна
Тонка, вусока –
Шчодры вэчор…”

4 студзеня 2009