12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Дубавец

_____________________
Стагоддзе НН.
Эсэ


У “Нашай Ніве”, якой споўнілася сто гадоў, – мноства нерасчытаных і няяўных кодаў.
Пачынаючы ад самога скароту – НН,
які з лацінкі можа быць прачытаны як ХХ, што,
у сваю чаргу, ёсьць рымскай лічбаю мінулага, дваццатага стагоддзя. У Беларусі яно
“Нашай Ніваю” пачалося і адноўленай
“Нашай Нівай” завяршылася.

Паміж нянавісьцю і любоўю

Скажу адразу, што я ня ведаю, што такое “Наша Ніва”. Магу толькі з пэўнасьцю сказаць, што гэта – не газета. Газеты не перавыдаюцца праз сто гадоў і праз пяць эпох не чытаюцца з першапачатковым захапленьнем. Так можна чытаць паэму або раман. Значыць, “Наша Ніва” – і ёсьць паэма?
Газеты не даюць сваю назву эпохам, як гэта адбылося ў беларускай гісторыі, дзе пачатак дваццатага стагоддзя мы называем “нашаніўскай парой”. Звычайна назвы эпохаў паходзяць ад імя, якое пранізвае ўсё жыцьцё народа наскрозь па гарызанталі й вертыкалі – ад самае страшнае бяды да вышыняў культу. Урэшце, газеты не кананізуюцца, што на практыцы адбылося з “Нашаю Нівай”, імя якой для кожнага беларускага культурніка гучыць як пароль.
У прынятых сёньня ўяўленьнях слова “ніва” тлумачыцца як поле дзейнасьці або поле творчасьці. Так і ёсьць, калі толькі мы добра разумеем, што такое творчасьць і калі творчасьцю можна што-небудзь патлумачыць. Этымолаг Фасмэр, кажучы, што ніва – гэта поле, раскручвае нітку паходжаньня да значэньня “ніз”. Ніва – тое, што ўнізе. А беларускае слова “нівеч”, якое азначае – нішто, дзякуючы гэтаму спалучэньню нівы і вечнасьці, прымушае згадаць вырай, а за выраем – рай. Новае неба і новая зямля, абяцанае адкрыцьцё і сьвятло ў канцы тунэлю для схаваных у вязьніцах, загнаных у падпольле, скручаных унутранай эміграцыяй прагных душ.
Вядома, што назва выданьня ўзятая з верша Янкі Лучыны:

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю,
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй – доляй шчасьліваю!..

Аднак хто ведаў, што ўрэшце атрымаецца з задумы, пазначанай абрэвіятурай НН? Апостал Ян у Апакаліпсісе кажа пра Рай:
«І ўбачыў я Новае Неба і Новую Зямлю, бо першае неба і першая зямля зьніклі, і мора ўжо няма. І ўбачыў я сьвяты горад, Новы Ерузалем, які зыходзіў з Неба ад Бога, як нявеста, убраная для мужа свайго [...]. І абатрэ Бог кожную сьлязінку з вачэй іх, і сьмерці ўжо ня будзе, ані плачу, ані галашэньня, ані болю ўжо ня будзе, бо гэта ўжо мінула» (Ап 21, 1–4).
“Кінь вечны плач свой аб старонцы...” – напіша Максім Багдановіч у “Нашай Ніве”.
Нашы дасьледнікі і паэты заўсёды з пожадам глядзелі на “Песьню пра Нібелунгаў” ці “Калевалу”. Гэх, нам бы, беларусам, свой такі ўсеабдымны, такі праніклівы і раскручаны нацыянальны эпас! Тады ніхто й ніколі не паставіць пад сумнеў сам факт таго, што мы ёсьць, што мы як усе і ня горшыя за іншых.
Найчасьцей эпасам называлі “Новую зямлю” Якуба Коласа. Але Коласу не пашанцавала з эпохай – ён выступіў тады, калі аўтарства ўжо стала фіксаванай інтэлектуальнай каштоўнасьцю і не дазваляла напісанаму табой абрынуцца ў акіян народнае творчасьці. Фармальныя літаратурныя прыёмы пры ўсім нежаданьні аўтара пераважылі тое, што называюць “кардыяграмай нацыі”. Але і апроч Коласа былі ахвочыя выканструяваць, выстылізаваць тое, што магло б называцца беларускім эпасам.
“Нашу Ніву” дасьледнікі як эпас не разглядалі. Газета сабе й газета, хоць і вельмі важную ролю адыграла. То яе дробнабуржуазным выданьнем у сталінскія часы называлі, то рэвалюцыйна-дэмакратычным – пасьля, у часы рэабілітацыі. Так і жылі з недаацэненай культурнай зьявай, з аднаго боку, і бяз так патрэбнае цэнтральнае зьявы культуры – з другога.
Адна з дэфініцыяў кажа: эпас – найбольш поўная і дакладная мадэль гістарычнай самаацэнкі народу. Другая дадае: у часы заняпаду эпас абуджае нацыянальную самасьвядомасьць і спрыяе фармаваньню нацыі. Увогуле існуе шмат розных азначэньняў нацыянальнага эпасу і ўсе яны надаюцца для НН. Найважнейшае – у эпасе і праз стагоддзі мы знаходзім адказы на запыты дня сёньняшняга.
Трэба дадаць – і ўчорашняга таксама. Напрыклад, шматлікія карэспандэнцыі з судовых працэсаў у гарадах і мястэчках нашаніўскае Беларусі – нібы жывыя фрагменты сярэднявечных метрыкаў Вялікага Княства Літоўскага: тыя самыя калізіі, прозьвішчы і праявы тэмпераменту, хоць ты адсюль бяры і ўстаўляй туды, ці адтуль – сюды, – будзе зусім арганічна.
У нацыянальнага эпасу – таямнічае ці, дакладней, фенаменальнае паходжаньне. Як і ў фальклору, які таксама ёсьць у сукупнасьці – эпас. Але як гаварыць пра таямнічае або фенаменальнае паходжаньне газеты? Былі ж у яе канкрэтныя заснавальнікі і аўтары, дата выхаду ў сьвет – і з гэтым поўная яснасьць. Але гэта толькі бачныя бакі справы. Па-першае, нарадзілася НН у эпоху мадэрнізму, таму, калі хочаце, гэта мадэрны эпас. А па-другое, ні прозьвішчы стваральнікаў, ні даты ці іншыя факты самі па сабе не тлумачаць нам, чаму газета ператварылася ў паэму.
Перадумовай таго, што так сталася, была пачынальніцкая роля НН і яе заснавальнікаў. Практычна ўсё, што рабілася, рабілася з нуля. Пры гэтым не стаяла мэта – стварыць газету. Газета павінна была стварыць Беларусь – краіну і сучасную нацыю.
Калі ў 1991-м годзе мы з сябрамі пераехалі ў Вільню, каб пачаць тут рабіць адноўленую газету, я таксама ня ведаў, што гэта такое – “Наша Ніва”, як ня мог і ацаніць таго, што ў нас атрымлівалася. Магу толькі з пэўнасьцю сказаць, што гэта была безаглядна натхнёная творчасьць. Цяпер я разумею, што мы спрабавалі патрапіць у гэты самы рытм спрадвечнае нацыянальнае кардыяграмы і дыхаць у тахт. Нічога не рабілася паводле нейкага вызначанага абавязку, над намі не дамінавалі законы жанру або палітычная кан’юнктура, нічога не было руцінай... І гэта не была газета.

***
Усё пачалося з царскага ўказу аб адмене “ўсялякіх абмежаваньняў адносна ўжываньня мясцовых моваў”. Гэта было штосьці падобнае да гарбачоўскай галоснасьці. Адкрылася брама турмы, у якой сядзелі нацыянальныя культуры.
Кароткі досьвед радыкальнае “Нашае Долі”, з якой пачалі браты Луцкевічы ў 1906 годзе, паказаў яе стваральнікам, што змагацца з царскім рэжымам – справа, вядома, прагрэсіўная, але малаперсьпектыўная. Кінуць бомбу ў цара альбо падняць сялянаў на бунт – гэта ўжо праходзілі іхнія папярэднікі. Але бяз выніку. Ініцыятары першай беларускай газеты Іван і Антон Луцкевічы дэкларавалі сацыялістычныя погляды, але былі людзьмі шырокага кругагляду і здаровага авантурызму. Аўтарытарны рэжым нельга перамагчы тады, калі ты заб’еш цара альбо падымеш бунт і пасееш усеагульную дэструкцыю. Таму што галоўнае апірышча рэжыму – народная цемната, якая ад кінутай табою бомбы не прасьвятлее. Вось чаму інструментам змаганьня з аўтарытарызмам павінна стаць не рэвалюцыя, а – пабудова сучаснае нацыі.
Нічога ўнікальнага ў гэтай беларускай сітуацыі не было. Гэтаксама паўставалі побач літоўцы, якія мала нагадвалі старажытную Жмудзь, альбо палякі – зусім непадобныя ў новым сьвеце рэінкарнацыі колішніх гістарычных народаў-фігурантаў. Як тыя ж сучасныя італьянцы быццам нічым не нагадваюць старажытных рымлянаў. Можа быць, толькі адна нацыя, якая пачала стварацца пазьней за іншых, захавала свой першапачатковы вобраз да нашых дзён. Маю на ўвазе ЗША. Амерыканцы пачалі фармавацца пазьней за еўрапейцаў, але фармаваліся ад пачатку ў сучасную нацыю – паводле тых законаў, якія ў Еўропе запрацуюць пасьля. А ў выніку акажацца, што канстытуцыя самых маладых сёньня самая старая ў сьвеце.
Луцкевічы разумелі або вычувалі гэткую сутнасьць гістарычнага працэсу. Таму яны адмаўляюцца ад радыкальнай “Нашай Долі” і пачынаюць выдаваць НН. Іх сучасьнікі былі папросту ўражаныя такой мэтамарфозай. Здавалася, што не Луцкевічы вядуць сваю справу, а што гэта справа ў нейкі момант павяла іх саміх. Нехта з раманістаў-класікаў казаў пра свой творчы працэс: мне важна выпісаць абстаноўку і герояў, а там яны ўжо пачынаюць дзейнічаць і гаварыць самі – я толькі пасьпяваю за імі запісваць.
У сваіх успамінах Антон Луцкевіч называе “Нашу Ніву” органам Беларускай Сацыялістычнай Грамады – гэта значыць, партыйнай газетай. Але тое, што мы трымаем у руках, у цэлым відавочна па-над палітыкай. Гэты феномен яшчэ ў часы НН патлумачыў у “Tygodniku Illustrowanym” Войцех Бараноўскі: “Перад намі, як бачым, зьява нечувана цікавая: перараджэньне рэвалюцыйна-грамадскага руху ў рух нацыянальны. І гэтая трансфармацыя адбываецца незалежна ад волі яе ініцыятараў. Сацыялістычны агітатар ішоў “у народ” абуджаць нянавісьць да пана і пратэст супраць дзяржаўнага ўладкаваньня... Сеяў нянавісьць да іншых, а ўзышла з яе любоў больш сьвядомая да сваіх”.
Іншымі словамі, інтэлектуалы і арыстакраты духу Луцкевічы мелі выбар: бунтаваць народ супраць уладаў ці будаваць нацыю, якая ўжо сама не захоча аўтарытарнага рэжыму.
Шукаючы адказу на запыты дня сёньняшняга, я часам міжволі згадваю гэтую цытату і думаю, ці не падказвае феномен НН нам сёньняшнім пэўны шлях з той сітуацыі, у якой мы апынуліся.
Першае, што прыходзіць у галаву – мясцовыя выбары, вакол якіх цяпер так шмат размоваў. Сто гадоў таму выбары былі адной з галоўных тэмаў “Нашае Нівы”. У нас аўтарытарная краіна – гэта кепска, і мы супраць гэтага. У нас Лукашэнка дыктатар – і мы таксама супраць гэтага. На месцах у нас сядзяць стаўленікі рэжыму. Але ў працэдуры мясцовых выбараў задзейнічаныя дзясяткі і сотні тысячаў чалавек, галоўным чынам, з мясцовай інтэлігенцыі. Ня могуць жа яны ўсе быць такімі адназначнымі ворагамі беларушчыны і дэмакратыі. Можа быць, тут якраз той выпадак, калі з нянавісьці да рэжыму можа вырасьці сьвядомая любоў да сваіх? Можа быць, “сацыялістычны агітатар” мусіць пераацаніць сваё атачэньне і сваю непрымірымасьць, знайсьці тыя базавыя каштоўнасьці, якія ў яго і ў ягоных “ворагаў” – тыя самыя. Людскасьць, дабрабыт, прыгажосьць... Зацыкленасьць толькі на негатыўных адносінах да рэжыму многіх сёньняшніх апазіцыянераў саміх ператварыла ў хадзячы негатыў, з якім ня хочуць ані вітацца, ані мець нічога агульнага. Бо бальшыню паўсюль складаюць у прынцыпе нармальныя людзі. І нават калі яны недастаткова адукаваныя ці недастаткова празарлівыя і адважныя, іх базавая жыцьцёвая праграма складаецца з пазітыўных памкненьняў. Проста сярод іх павінны зьяўляцца пазітыўныя людзі, пры тым больш адукаваныя, празарлівыя й сьмелыя. Лукашэнка можа кіраваць яшчэ вельмі доўга, і галоўная задача – каб грамадства за гэты час рабілася ня ўсё менш, а ўсё больш гатовым жыць нармальна, па-людску, дэмакратычна, якасна, прыгожа.
Немагчыма ўявіць сабе, каб “Наша Ніва” разглядала варыянт байкоту. Па-першае, яна не пачувалася настолькі моцнай, каб верыць, што байкот удасца. А па-другое і галоўнае, гэта быў яе народ, які мусіў вучыцца падставам самакіраваньня, а не ажыцьцяўляць фігуру вышэйшага пілатажу высокасьвядомай нацыі, чым уласна і зьяўляецца байкот.
“Няхай жа знаюць гэта ўсе працуючыя і ўсе, хто ім спагадае, няхай выбіраюць СВАІХ дэпутатаў, бо іначай чорныя сотні і іншыя ворагі шчасьця і свабоды народнай запануюць над усім краем”.
Чаму мужыкі галасавалі не за тых, хто сапраўды на іхнім баку? – такім пытаньнем задаецца “Наша Ніва”, а ты разумееш, што ў справе засваеньня першаснага інструменту дэмакратыі – выбараў – “мужыкі” за гэтыя сто гадоў калі й прасунуліся наперад, дык зусім нязначна.
Пакінуўшы радыкальную “Нашу Долю”, браты-заснавальнікі кардынальна зьмянілі ня толькі свае тактычныя й стратэгічныя планы. Гэта была зьмена сьветапогляду і ўсёй жыцьцёвай праграмы. Яны перасталі быць рэвалюцыянерамі-бамбіс­тамі з адпаведнай гэтаму кшталту тэорыяй і практыкай, а ператварыліся ў будаўнікоў, у муляраў метафізікі, у архітэктараў будучага нацыянальнага палацу. НН сапраўды выглядала больш асьцярожнай у параўнаньні з “Нашай Доляй”. Але гэтая зьнешняя асьцярожнасьць не была простай асьцярогаю, гэта і была іншая праграма. У параўнаньні з бамбісцкай гэта была праграма жыцьця.
Для НН пачатку стагоддзя не надаюцца сучасныя вызначэньні “апазіцыйнай” альбо “недзяржаўнай” ці нават “незалежнай” газеты. Яна стаяла на пазіцыях патэнцыйнае беларускае дзяржавы і кансалідавала для гэтай дзяржавы беларускую нацыю – служыла цалкам выразным мэтам і патрэбам канкрэтнага народу. У адрозьненьне ад “Нашай Долі”, НН не вяла агонь на паражэньне існага палітычнага рэжыму. Яе крытыка і прапаганда “супраць” мела дэталізаванага адрасату. Скажам, пэўны дэпутат або чыноўнік, пэўнае грамадскае таварыства або пэўная газета вядуць лінію супраць нашых сацыяльных і нацыянальных інтарэсаў, і мы пра гэта распавядаем. Але шмат болей мы распавядаем пра тых, хто дзейнічае на нашу нацыянальную і сацыяльную карысьць. Увогуле “за” на газетнай плошчы займае нашмат больш месца, чым “супраць”. З улікам таго, што “супраць” мы выказваемся ня толькі на палітычныя тэмы, але й супраць п’янства, антысанітарыі, невуцтва...
Цяперашні палітычны рэжым можна ўспрымаць як дадзенасьць і ў дадзеных умовах вырашаць свае задачы. Так сталася, што ў незалежнай Беларусі, пра якую Луцкевічы маглі толькі марыць, гэта безальтэрнатыўная ўлада. І большасьць беларусаў галасуе за яе не таму, што яна такая добрая і ўдалая, а таму, што большасьць ніколі так добра, як пры ёй, не жыла. Што там пералічваць чыстыя вуліцы і поўныя крамы. Той паўглыток свабоды, што выявіўся ў магчымасьці зьезьдзіць за мяжу, выбіраць сабе месца працы і жыльлё, купіць машыну, для большасьці – пасьля працадзён, беспашпартоўя і безграшоўя – аказаўся аж занадтым дарункам лёсу. І толькі хіба наступнае пакаленьне, якое ўжо ў гэтым усім вырасла і гэта ўжо мае, захоча да таго паўглытка дадаць свабоду прэсы, рэальных выбараў і шматпартыйнае сістэмы.
Гэта эвалюцыя, якую нехта праходзіць аксамітнымі, сьпеўнымі ці аранжавымі скачкамі, а нехта – біялагічным парадкам зьмены пакаленьняў. Скача той, хто ўжо ўстаў на ногі як нацыя. Тым часам станаўленьне адбываецца зусім не ў палітычнай сферы – а недзе ў роднай хаце пад матчынаю апекай, з кніжкай у руках, з першым запалым у душу вершам...
Вось жа такую атмасферу апякунчае любові й навукі стваралі браты-заснавальнікі ў НН для тых людзей, якім належала стаць у будучыні беларускай нацыяй. Прамінулі часы тостаў за снайпера, заклікаў да альянтаў (“Ратуйце!”) і палымяных выступаў на фабрычных стачках. І ў сэрцах будзільшчыкаў да нянавісьці зарадзілася любоў.
Цікава, што ўсё гэта адбываецца з братамі Луцкевічамі тады, калі іх шукае паліцыя, і яны існуюць на нелегальным становішчы, пад чужымі прозьвішчамі, гэта значыць, у негатыўным вымярэньні. Замест проста так сабе газеты ці палітычнай агіткі, яны бяруцца пісаць паэму – так і хочацца сказаць – міма сваёй волі. Хіба што нейкая вышэйшая воля схіліла іх да такога рашэньня. Але галоўнае тут тое, што яны гатовыя былі схіліцца.
Самы першы дыскусійны радок у “Нашай Ніве” зьявіўся ў першым жа нумары і ў першым жа артыкуле. Ах, колькі ж ён выкліча пасьля зьнішчальных каментароў савецкае прапаганды! Газету сотні разоў абзавуць буржуазнай ды памешчыцкай. Вось гэты радок:
“Ня думайце, што мы хочам служыць толькі ці панам, ці адным мужыкам. Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцьця, каб ад нас, як ад люстра, сьвет падаў у цёмнасьць...”
Пазьней высьветліцца, што гэта і не Луцкевічаў радок – тут сапраўды нейкая вышняя воля.

Амерыканская тэма

Шуканьне Новага Неба і Новай Зямлі пранізвае ўвесь беларускі эпас пад назваю “Наша Ніва”. Гэты ўнутраны настрой мала стасуецца з агульнай гнятлівай атмасферай, што панавала тады ў Расейскай імперыі ці з атмасферай тагачаснай наэлектрызаванай Еўропы. Каб адшукаць гэты настрой, я пераводжу погляд за акіян. І згадваю атмасферу Кландайку і залатое ліхаманкі ў творах Джэка Лондана або гісторыі пра Тома Соера ў Марка Твэна, дзе ўсе героі ўвесь час жывуць на парозе прывабнай і жаданай Будучыні. У абсалютных велічынях гэта – прадчуваньне шчасьця. Вось той настрой, які ахопліваў братоў-заснавальнікаў Івана і Антона Луцкевічаў, і які я параўнаў з настроем айцоў-заснавальнікаў ЗША. У кожным разе і тыя, і тыя стваралі новую нацыю. Паміж суседніх адраджэнскіх рухаў, якія арыентаваліся на гістарычныя прататыпы сваіх сучасных народаў, беларусы сапраўды ўсё рабілі з нуля – пачынаючы з назвы. Іх нацыя мусіла ня столькі адрадзіцца, колькі нарадзіцца.
Якраз пра гэта гаворыць згаданы мною дыскусійны радок. Ён выразна перагукаецца з іншым радком, які мы знойдзем у маніфесьце амерыканскае культуры і які належыць пяру іншага першапраходца – Уолта Уітмэна, што напісаў гэтыя словы за паўстагоддзя да беларускай паэмы пад назваю “Наша Ніва”: “Амерыканскі бард ня будзе апяваць толькі нейкі адзін клас людзей або толькі некалькіх з гэтага класу...”
Пра тое, як нарадзіўся радок у перадавіцы НН, Антон Луцкевіч у сваіх успамі­нах праз шмат гадоў напіша: “Выдавецтва ўзяў на сябе нейкі безработны лясьнічы, абураны на ўладу за звальненьне яго са службы як каталіка, – Зыгмунт Вольскі. Кіравала ім жаданьне закласьці нейкае даходнае прадпрыемства, якім – судзячы паводле велізарнае папулярнасьці “Нашае Долі” – і магло б быць выдаваньне беларускае газеты... У першым складзе рэдакцыі “Нашае Нівы” былі: Іван і Антон Луцкевічы, Людвік Кучэўскі і Зыгмунт Вольскі – як адказны за яе перад уладай. Пры выпуску першага ж нумару газеты выявілася ідэйнае разыходжаньне паміж першымі двума і апошнімі. У перадавіцы пачаткова было напісана, што “мы будзем служыць усяму беларускаму працоўнаму народу”. Проці гэтага выступілі непартыйныя сябры рэдакцыі – Кучэўскі і Вольскі, і голас апошняга, як адказнага рэдактара і ўласьніка выдавецтва, пераважыў: перадавіца была перапраўлена, і ў ёй слова “працоўнаму” народу аказалася замененым словам “скрыўджанаму” (...) Матывавалася гэта патрэбай паказаць перад уладай, што газета стаіць не на класавым становішчы, а на агульнанацыянальным, ды так уратаваць яе быт, адмежаваўшыся фармальна ад “Нашае Долі”.
Сітуацыя нагадвае мне адносна нядаўнюю – 1990 году. Тады з прадпрымальні­кам Жуком я як рэдактар пачаў выдаваць незалежную газету. Я насіўся з ідэяй адрадзіць “Нашу Ніву”, але “для разгону” ўзяўся... не, не за “Нашу Долю” – гэтая назва была ўжо занятая, пад ёй выходзіў орган Таварыства інвалідаў. Я ўзяў ранейшую – “Свабоду”, адзіны нумар якой быў падрыхтаваны ў 1902-м годзе. Дык вось “Свабода”, якую мы пачалі выдаваць з Жуком, сапраўды была вострай апазіцыйнай газетай і мела наклады ў некалькі дзясяткаў тысячаў. Праз год я зразумеў, што гатовы ўжо да выданьня “Нашае Нівы” і да пераезду ў Вільню, а таму “Свабоду” перадаў свайму сябру і тады дэпутату Вярхоўнага Савету журналісту Ігару Герменчуку. “Наша Ніва” мела наклады ў дзесяць і дваццаць разоў меншыя за “Свабоду”, і я бачыў, што Жук як выдавец, падобна таму Вольскаму, так і не зразумеў, чаму я газету масавую і даходную памяняў на нешта, што і да газеты было падобна мала, ня кажучы ўжо пра бізнэс.
Служыць усяму беларускаму народу... Такім чынам Луцкевічы прынялі на сябе місію і былі самі ўражаныя ды акрыленыя веліччу задачы. Яны не былі нацыяналістамі найперш – прагматычнымі будаўнікамі нацыянальнага хутару. Гэта кідаецца ў вочы, калі мы параўноўваем іх, напрыклад, з літоўцамі. Пачынаючы паралельна з беларусамі, у адным горадзе і з аднолькавымі стартавымі магчымасьцямі, літоўцы нарошчвалі і разьмяркоўвалі рэсурс, цагліну за цаглінай будуючы сваё незалежнае грамадства, яны ведалі сваё месца ў рэйтынгу сучасных нацыяў, і іх амбіцыі вышэй гэтага месца і мэты прыйсьці да ўлады, стварыць нацыянальную дзяржаву – не сягалі. Тым часам у беларусаў ад усьведамленьня свае місіі вырасталі крылы. Іх ня надта вабіла прагматыка, і таму яны не маглі зразумець літоўцаў, якія адмаўляюцца адрадзіць разам з імі ВКЛ. Каб адчуць розьніцу, дастаткова згадаць, што гэта ў друкарні сьведамага літоўца Марціна Кухты друкавалася “Наша Ніва”, і што адваротны варыянт – каб сьведамы бізнэсовец-беларус друкаваў літоўскую газету-пачынальніцу – быў цалкам выключаны.
Але і ў дачыненьні да самой Беларусі прагматычныя мэты нашых пачынальні­каў далей аўтаноміі ў складзе Расеі пакуль не сягалі. На іхнім экране ішло бясконца захапляльнае кіно ўласнай гісторыі, культуры, мовы. І найвялікшым здабыткам НН стала тая плеяда паэтаў, якіх гэтая газета прывяла ў сьвет. Пазьней мы скажам, што “Наша Ніва” стварыла сучасную беларускую нацыю, і што беларусы – нацыя паэтаў.
Амерыканскі прыклад свабоды і ўсеагульнай роўнасьці ды братэрства быў нашым ідэолагам, відавочна, больш зманлівы, чым прыклад уладкаваньня свайго кавалку зямлі альбо, скажам, расейскага сацыялізму. Яны проста не маглі апеляваць ні да чаго, апроч найвышэйшае справядлівасьці. Гэтаксама як айцы-заснавальнікі ЗША, якія пастанавілі, што ў іхняй краіне ніколі ня будзе тыраніі. Дадайце сюды чыньнік нацыянальнае цярпімасьці беларускага насельніцтва, у якога – па самым вялікім рахунку – быў (і застаецца) толькі адзін і этнічны, і сацыяльны, і ўсялякі іншы крытэр грамадскае ацэнкі: абы чалавек быў добры, – і вы атрымаеце з усіх паралеляў найбольш блізкую якраз да амерыканскай.
Зусім невыпадкова Купалаў Янка Здольнік у п’есе “Тутэйшыя” скажа праграмныя словы: “Калісь амерыканцы, змагаючыся з Англіяй за сваю незалежнасьць, напісалі на сваім сьцягу несьмяротныя словы: “Амерыка для амерыканцаў”. І гэта памагло: сягоньня Амерыка вольная. Павінны пайсьці і мы па яе сьлядох і напісаць агністымі рунамі на сваім сьцягу: “Беларусь...”
І не дагаварыў. Каб ненаўмысна не пакрыўдзіць нікога.
Але пачынальнікі марылі менавіта ў такім рэчышчы – не пра чысьціню крыві, натуральна, а пра такую вось амерыканскую бязьмежнасьць магчымасьцяў. Здаровы дух авантурызму натхняў іх на стварэньне цуду. І яны гэты цуд стварылі.
Нацыяй паэтаў беларусы таксама назвалі сябе ня першымі. За паўстагоддзя да іх гэта зрабіў той самы Уолт Уітмэн: “Амерыканцы ўсіх эпох і ўсіх народаў Зямлі, напэўна, мелі найбольш паэтычную натуру. Па сутнасьці сваёй самі Злучаныя Штаты – найвялікшая з паэм”.
Вось што заводзіла нашаніўцаў. Не палітычная самарэклама й інтрыгі, не падзел рэсурсаў і будаўніцтва структураў – гэтым яны зоймуцца пазьней і, можа быць, запозна, – а сёньня яны пісалі Беларусь як паэму, і ўсё ў ёй выглядала, нібы ўпершыню.
Непасрэдна пра Амерыку “Наша Ніва” пісала таксама. Найперш гэта тэма працоўнае эміграцыі. Вось ці ня першая “амерыканская” нататка ў самым канцы 14-га нумару за 1907 год: “Аб Амерыцы. Нядаўна, як падаець амерыканская газета (з подпісу ўнізе вынікае, дарэчы, што называлася газета “Свабода”), туды не дапусьцілі колькі хахлоў дзеля таго, што яны там заявілі, што ім дзядзька пісаў, каб прыехалі, бо ёсьць для іх работа. Такім правам іх палічылі заняўшымі месца па кантракце ўжо з хаты; а гэта па тых законах не дазваляецца. Кожнага, хто прыехаў па лісьце знаёмага, лічаць кантрактовым работнікам ды высылаюць. Таксама і таго, хто абмовіцца, што сядзеў у арышце”.
Намёк адрасны і зразумелы. Калі вы, шаноўны чытач, сабраліся на заробкі ў Амерыку, крый Бог, не кажыце, што вам пра гэта нехта напісаў. Ну і асуджаных у сьвеце чыстагану, аказваецца, не любілі яшчэ ў часы НН.
Далей болей: як жыве амерыканскі рабочы: “Пэўне, няма такіх людзей, што ня чулі аб Амерыцы. У Амерыку штогод то з той, то з другой вёскі нехта выбіраецца шукаць там сабе лепшага, свабаднейшага жыцьця (сачыце за міжвольнымі ацэнкамі – С. Д.); часта можна спаткаць і такіх людзей, што праз колькі гадоў жылі і працавалі тамака і, сабраўшы грошы, вараціліся ў родную старонку. Дык вось і раскажам цяпер аб тым, як жыве ў той Амерыцы рабочы народ.
Яшчэ ня так даўно – гадоў 50-60 таму назад – так званыя Амерыканскія Злучаныя Штаты былі саўсім мужыцкім гасударствам. Свабодных зямель было тутака так многа, што кожны, хто хацеў, браў сабе кавалак зямлі і заводзіў там гаспадарку, не сказаўшы нікому і “дзякуй!” Але з году ў год народу ўсё больш прыбывала, сяліліся ўсё гусьцей і гусьцей, і, у канцы, свабоднай зямлі асталося мала, дык і дастаць яе – трудна”.
Каму яшчэ, апроч паэта, магло прыйсьці ў галаву назваць ЗША “зусім мужыцкай дзяржавай”. І ў таго, хто гэта пісаў, і хто чытаў, мусіла перахапіць дых ад захапленьня ня столькі Амерыкай, колькі тым, што такое ўвогуле магчыма – мужыцкая дзяржава, а значыць, магчыма і ў нас.
“Некаторыя амерыканскія рабочыя (напрыклад, муляры) зарабляюць у месяц больш, як у нас рабочыя могуць зарабіць праз цэлы год”.
“У Амерыцы чорную работу чалавека ўважаюць таксама, як далікатную; праца ня ганьбіць нікога!”
“У Расеі на тысячу людзей у школу ходзіць усяго 32, а тым часам у Амерыцэ з кожнай тысячы жыхароў вучыцца ў розных школах 230 чалавек”.
У наступныя гады ў “Нашай Ніве” пачне друкавацца і адмоўная інфармацыя, маўляў, ня едзьце ў Штаты, бо вы, якія ня ведаеце ані мовы тамтэйшай, ані звычаяў, а тым больш, не гатовыя да цяжкай і акуратнай пры тым працы, нікому там непатрэбныя. Прападзеце, як ужо да вас прападаюць там тысячы падобных. А вось яшчэ звальненьні там пачаліся – цэлыя заводы выкідаюць рабочых на вуліцу, рабочыя зьбіраюцца на дэманстрацыі, пратэстуюць, а супраць іх выходзіць паліцыя, нават страляюць, ужо колькіх проста забілі...
Але праходзіў год, і амерыканская адмоўная інфармацыя зноў зьмянялася станоўчай. Тым часам у Беларусі набіраў сілу інсьпіраваны ўладамі працэс эміграцыі сялянаў у Сібір, а паколькі такіх перасяленцаў было шмат болей, чым эмігрантаў у ЗША, “Наша Ніва”, адпаведна, болей пісала пра гэтых, сібірскіх. Хоць непасрэдны зварот да амерыканскае тэмы – гэта ўжо сьведчаньне журналістыкі, мяне ж больш цікавіць агульны настрой і агульная матывацыя, што кіравала стваральнікамі НН і маніфесту амерыканскай культуры, Беларусі і Злучаных Штатаў Амерыкі.
У “амерыканскай паралелі” нашых пачынальнікаў захапляла і тое, што можна адкінуць груз старых і бясконца зблытаных перашкодаў у выглядзе сацыяльных, рэлігійных, ідэалагічных стэрэатыпаў – пісаць сваю новую паэму выключна сілаю духу і інтуіцыі. Нездарма ж кіраўнікі НН апынаюцца ў шэрагах вольных муляраў, сярод заснавальнікаў віленскай масонскай ложы “Еднасьць”. Не таму, што “масоны кіруюць сьветам” (хоць і гэтага выключаць было ня варта), а таму, што ўвесь уплывовы сьвет становіцца такім чынам табе даступны і зьяўленьне тваёй краіны на масонскай карце сьвету – шмат чаго значыць.
Не апошнюю ролю ўва ўсім гэтым, думаю, адыгрываў вобраз Тадэвуша Касьцюшкі – сына беларускае шляхты, змагара за незалежнасьць Бацькаўшчыны і нацыянальнага героя ЗША.
Касьцюшка ўвасабляў тую частку беларускага дваранства, якая не зьмірылася з падзеламі Рэчы Паспалітай і з далучэньнем Беларусі да Расеі. Як правіла, гэта была бяднейшая частка шляхты, якая з пагардаю пазірала на багацеяў, пастаўленых кіраваць краем, што фактычна кінулі гэты край і заняліся ратаваньнем сваіх уласных скарбаў, якія ўмыкалі ў Заходнюю Еўропу. Гэта быў ганебны працэс. Асабліва ганебны ў вачах маладых ідэалістаў, для якіх паняткі радзімы й годнасьці стаялі ў шэрагу найпершых каштоўнасьцяў. Магутны пратэст гэтых маладых ідэалістаў на ўсё 19-е стагоддзе ператворыць Беларусь у арэну войнаў і паўстаньняў супраць расейскае акупацыі. Гэты пратэст датрывае аж да пачаткаў наступнага, 20-га стагодзьдзя і без усякага сумневу будзе кіраваць думкамі й дзеяньнямі стваральнікаў першай беларускай газеты – “Нашай Нівы”. Але важна для нас тое, што самым першым увасабленьнем, адпраўным вобразам і носьбітам гэтага пратэсту ў іхніх вачах быў такі ж, як і яны выхадзец з беларускага дваранства Тадэвуш Касьцюшка. Невыпадкова й тое, што Касьцюшка таксама быў масонам.

Масонская інтрыга

Завяршаючы “амерыканскую тэму”, варта згадаць і наўпроставую паралель паміж айцамі-заснавальнікамі ЗША ды амерыканскае мадэлі разьвіцьця і братамі-заснавальнікамі беларускага руху Іванам і Антонам Луцкевічамі. Будучае ўладкаваньне сваёй краіны яны бачылі ў выглядзе садружнасьці з суседзямі, якую яны назвалі Злучанымі Штатамі ад Балтыйскага да Чорнага мора – гэткае адроджанае, мадэрнізаванае ВКЛ.
Зробім выснову. Амерыка, пастанавіўшы некалі будаваць сваю нацыю і дзяржаву без тыраніі, апынулася ў гэтым сэнсе наперадзе ўсяго старога сьвету. Спакваля менавіта яе мадэль сучаснае нацыі запанавала ў тых краінах, дзе таксама пазбавіліся ад тыраніі. Гэтая мадэль найбольш прывабна выглядала і для стваральнікаў беларускага руху пачатку ХХ ст., люстэркам якога стала газета “Наша Ніва”. Фактычна выбар будучага разьвіцьця Беларусі выглядаў і выглядае так: або тыранія, або амерыканская мадэль. Натуральна, многія ідэалогіі ў сьвеце бачаць у такой “амерыканізацыі” неўласьцівы для сябе спосаб існаваньня і рызыку страціць ідэнтычнасьць, а напавер атрымліваецца – бароняць тыранію, таталітарызм і аўтарытарны рэжым. Бо наша беднае чалавецтва пакуль яшчэ не прыдумала нейкай іншай, апроч амерыканскай, мадэлі існаваньня – без тыраніі.
У тыранічных грамадствах афіцыйная прапаганда звычайна поўніцца тэорыямі змоваў і таемных інтрыгаў, скіраваных на падкоп існуючага рэжыму. Скажам, у царскай Расеі малады беларускі рух разглядаўся як “польская інтрыга”, а сёньня дзейнасьць нацыянальна-дэмакратычных сілаў характарызуецца як “інтрыга амерыканская”. Цяперашнія афіцыйныя ідэолагі ўслаўляюць дзейнага прэзідэнта, у прыватнасьці, за тое, што “не дапусьціў у краіну масонаў”, хоць наяўнасьць масонскіх ложаў якраз і сьведчыць пра адсутнасьць тыраніі.
Калі мы кажам, што масонамі або “вольнымі мулярамі” былі і стваральнікі першай беларускай газеты “Наша Ніва”, а па сутнасьці, і самой Беларусі – краіны і нацыі, ці значыць гэта, што “Наша Ніва” і Беларусь – плён нейкай змовы? Пытаньне рытарычнае, бо пазітыўны вынік непараўнальна пераўзыходзіць любую падступную змову.
Тым ня менш, я распытаўся пра гэта ў дасьледніка беларускага масонства гісторыка Алеся Смаленчука. Найперш – пра тое, адкуль вядома, што браты Луцкевічы ў 1910 годзе сталі заснавальнікамі першай у Вільні масонскай ложы “Еднасьць”? Натуральна, пра гэта не пісалі газеты, дый мемуарысты, якіх абавязвала масонская таямніца, не маглі пакінуць такіх сьведчаньняў.
Насамрэч, такія зьвесткі пакінуў у сваіх дзёньніках юрыст Міхал Ромэр. Ён вёў запісы з 1911 году, калі сам быў прыняты ў “Еднасьць”, і да канца жыцьця ў 1945-м. А ініцыятарам стварэньня першай ложы быў Ежы Ром, жыдоўскі лекар, вядомы дзяяч канстытуцыйных дэмакратаў.
Навошта спатрэбілася Луцкевічам станавіцца масонамі? Уявім сабе, 1910-ты год, уздым беларускага адраджэньня, “Наша Ніва” выходзіць чацьверты год, ствараюцца выдавецтвы й гурткі, адбываюцца тэатральныя вечарыны – усё ідзе на выхад, на людзі, на раскрыцьцё, напаказ. Тым часам масонства – гэта адваротны працэс – таямніца, закрыцьцё, жорсткі адбор сяброў...
На думку Алеся Смаленчука, Луцкевічы адчувалі слабасьць сацыяльнае базы беларускага руху і тое, што рух ня мае масавай падтрымкі. А масонскае кола зьбірала ўплывовых людзей краю і дазваляла трансьляваць беларускую ідэю шырэйшым чынам. Менавіта масонскія кантакты дазволілі Луцкевічам паралельна з “Нашай Нівай” выдаваць яшчэ дзьве газеты: “Kurjer Krajowy” па-польску і “Вечернюю газету” па-расейску, дзе беларуская ідэя даносілася да дэмакратычна настроенай польскамоўнай і ліберальнай рускамоўнай публікі.
Луцкевічы прывялі ў ложу і іншых беларусаў, напрыклад, сакратара рэдакцыі НН Вацлава Ластоўскага ў 1912 годзе. Сярод “вольных муляраў” згадаем таксама віленскага прадпрымальніка Зыгмунда Нагродзкага, які, між іншым, і сам пісаў беларускія вершы, але ўвайшоў у гісторыю як сябра Францішка Багушэвіча і фундатар “Нашае Нівы”. Шмат пазьней Антон Луцкевіч у сваіх успамінах пісаў: “У 1893 ці 94 г. атрымаў Нагродзкі, які жыў тады ў Вільні, першае выданьне вершаў Багушэвіча “Дудка беларуская”. Кніжачка выйшла за граніцай і прыходзіла ў Вільню кансьпірацыйнай дарогай. “Дудку” прынёс Нагродзкаму Язэп Пілсудзкі. Кніжка зрабіла на Нагродзкага велізарнае ўражаньне. Яму ўдалося хутка пазнаёміцца і з аўтарам яе, Багушэвічам, каторы ўжо жыў тады ў Вільні і працаваў, як адвакат. З паэтам Нагродзкі вельмі здружыўся, і яны бачыліся прынамсі раз у тыдзень”.
Упершыню ў “Нашай Ніве” імя Нагродзкага згадваецца ў 1907 годзе, на гада­віну існаваньня газеты. Акурат тады віленскі генерал-губернатар сваім загадам за­крыў друкарню Марціна Кухты, дзе друкавалася НН, і рэдакцыя на адзін нумар мусіла зьмяніць месца друку. У Кухты “Наша Ніва” друкавалася, як правіла, авансам. Ясна, што іншы друкар, а гэта быў нехта Блюмовіч, патрабаваў аплаты адразу. І вось менавіта ў гэтым нумары ў газеце зьяўляецца рэклама Зыгмунта Нагродзкага, ягонага складу гаспадарскіх машынаў і прыладаў. Пазьней плугі Нагродзкага будуць рэкламавацца ў “Нашай Ніве” часта.
У 1937 годзе часопіс “Калосьсе” надрукуе некралог па Зыгмундзе Нагродзкім, дзе будуць і такія словы пра “Нашу Ніву”: “Нагродзкі быў у блізкіх зносінах з сябрамі рэдакцыі, даваў у газету добра платныя абвесткі аб сваім складзе с/г машын, друкаваў і рассылаў пры газэце свае каталогі ў беларускай мове і ў патрэбе заўсёды гатоў быў дапамагчы выдавецтву пазыкай усьцяж нехапаўшых грошай”.
Традыцыі масонскай талеранцыі і ўдзелу беларусаў у ложах вольных муляраў працягваліся і пасьля першай сусьветнай вайны – у Заходняй Беларусі 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя. У прыватнасьці пра гэта згадвае ветэран беларускага руху ў ЗША Антон Шукелойць у кнізе Зянона Пазьняка “Гутаркі з Антонам Шукелойцем”. Спадар Шукелойць прыгадвае часы свае вучобы ў Віленскім універсітэце: “Гэта адзін з тых вечаровых жартаў, якія расказваў Ян Пазьняк вечарам для нас, студэнтаў. Антон Луцкевіч, як ведама, быў масонам і належаў да масонскай ложы ў Вільні. Адзін раз ён вырашыў зацягнуць у ложу ксяндза Станкевіча, бо гэта ж выдатны дзяяч, і там, відаць, у ложы, вельмі хацелі б яго мець. І вось ён ужо дамовіўся з ім, і яны пайшлі. Але ён ня кажа ксяндзу Станкевічу, куды яны йдуць. Вось, маўляў, ідуць адведаць там некага, ня памятаю ўжо каго, магчыма, што рэктара універсітэту Станевіча. Ну і прыйшлі ўжо, і падымаюцца па сходах перад дзьвярыма ложы. Луцкевіч кажа: «Ведаеш, мы з табой прыйшлі ў ложу масонаў». І тут ксёндз Станкевіч даў драла. Адразу, адмовіўся ісьці туды і сыйшоў назад”.
Аўтар кнігі “Гутаркі з Антонам Шукелойцем” Зянон Пазьняк пытаецца: “Ці гэта было зьвязана з сацыялізмам?”
Антон Шукелойць адказвае: “Не. Ложы масонскія былі самы па сабе. І Тарашкевіч належаў да масонскай лёжы; ня ведаю, хто там яшчэ. Але наагул сацыялізм з масонствам не хадзіў у пары. Масонства – гэта такі лібералізм у шырокім маштабе”.
Зразумела, што далучэньне братоў-заснавальнікаў да масонства не магло не адбіцца і ў тэкстах першай беларускай газеты.
Ці ня першае такое сьведчаньне знаходзім у “Нашай Ніве” напрыканцы 1911 году. Палемізуючы з вершам Янкі Купалы “Кожын год, што мінаў, штосьці нам не дадаў”, Антон Луцкевіч піша артыкул “Наш доўг”, дзе настойліва паўтарае назву віленскай ложы: “Толькі ў еднасьці – сіла, і тую сілу прыдбаць можам мы самі”, “патрэбен жывы прыклад еднасьці”, “ня толькі гаварыць аб еднасьці ўсіх беларусаў, але жыцьцём сваім шырыць згоду і братнюю любоў у народзе”. Галоўная тэма артыкулу – раскол беларусаў на праваслаўных “рускіх” і каталікоў “палякаў”. Шукаючы спосабу злучыць гэтыя дзьве часткі ў еднасьць, браты Луцкевічы рабілі стаўку і на “механічнае” злучэньне – грэка-каталіцызм і на злучэньне бяз зьмены сваёй канфесійнай прыналежнасьці – а такую магчымасьць і давала масонства, якое патрабуе, каб сябра ложы верыў у Бога, але пры тым ён можа быць любой канфесіі. Усе маюць права на братнюю любоў.
Адна з асаблівасьцяў масонства ў тым, што пры ўсёй сваёй таямнічасьці яно ня можа існаваць нелегальна. Гэта значыць, што з прыходам бальшавіцкае ўлады вольныя муляры зьніклі ня толькі ў Вільні, але і па ўсёй савецкай і сацыялістычнай прасторы. Аднак ужо ў першыя гады дэмакратыі “вольныя муляры” зноў пазьяўляліся ва ўсіх без выключэньня постсавецкіх і постсацыялістычных краінах. Сёньня ў сеціве можна бяз цяжкасьцяў адшукаць сайты вялікіх нацыянальных ложаў Літвы і Польшчы, Расеі і Украіны. Толькі беларускага сайту з падобным зьместам няма – што ёсьць прыкметай адсутнасьці ў Беларусі масонства, а ў выніку і адсутнасьці Беларусі на масонскай карце сьвету.
Як бы мы ні ставіліся да масонаў, якімі так любяць запалохваць свой народ усе без выключэньня дыктатары і тыраны, але даводзіцца прызнаць, што тут нашае грамадства, грамадская думка і грамадзянская сьведамасьць у параўнаньні з тым, што было ў часы “Нашае Нівы”, зрабіла за гэтае стагоддзе крок назад. Прычым адносіны да рэлігійна-філасофскага руху паляпшальнікаў жыцьця – масонаў – гэта ўсяго толькі адзін прыватны прыклад у доўгім шэрагу іншых.
Цяпер самы час зьвярнуцца да асобаў братоў-заснавальнікаў – Івана і Антона Луцкевічаў.
Выглядае, што ў адрозьненьне ад прагматычных палякаў або літоўцаў, рамантыкі-ідэалісты беларусы... маглі нічога й не рабіць. Іх проста магло ня быць. І тады гісторыя распрацавала б нейкія свае шляхі засваеньня гэтай зямлі і гэтага насельніцтва. Але зьяўляюцца браты Луцкевічы, якія пачынаюць свой персанальны, аўтарскі праект – Беларусь. І як геній паэта падказвае яму жывучыя ідэі, так і ім іх геній падказаў іхную паэму пад назваю НН.

Татарскі сьлед

Калі напачатку мінулага стагоддзя Іван і Антон Луцкевічы задумалі стварыць сучасную беларускую нацыю, дык, хрышчаныя каталікамі, яны не маглі дэклараваць сябе такімі, бо гэта значыла б устаць на бок толькі адной часткі народу. А яны мусілі быць сваімі для ўсіх.
Асяродак “Нашай Нівы” меў даволі стракаты рэлігійны выгляд. Рэдактар Аляксандр Уласаў і літаратар Гяльляш Леўчык былі метадыстамі, драматург Францішак Аляхновіч – кальвіністам. Спачуваў кальвінізму і Антон Луцкевіч. Нарачоная Івана Луцкевіча Юліяна Мэнке была лютаранкай. З лютаранскай сям’і паходзіла і жонка Якуба Коласа Марыя. Калі дадаць сюды каталікоў, праваслаўных, мусульманаў, юдэяў і згадаць захопленага будызмам Ігната Канчэўскага, – атрымаем стракатую карціну. Але гэтая стракатасьць найчасьцей была якраз вынікам пошуку рэлігійнага адзінства адраджэнцаў.
Гісторык Алег Латышонак піша, што Антон Луцкевіч, які пазьней перайшоў у кальвінізм, насамрэч быў атэістам, які інтэлектуальна ўдзельнічаў у стварэньні беларускай нацыянальнай царквы на глебе пратэстантызму пасьля таго, як расчараваўся ў спробах адрадзіць унію.
Іван Луцкевіч таксама ня быў вельмі набожным чалавекам. Пра што згадвае ягоная нарачоная Юліяна Вітан-Дубейкаўская (у дзявоцтве Мэнке) у сваіх успамі­нах, дзе яна кажа яму: “Хоць ты й забыўся маліцца, але ты добры хрысьціянін, бо маеш сэрца, поўнае любові да сваіх бліжніх”.
З успамінаў Дубейкаўскай вынікае, што Іван быў каталіком і яе лютаранства стала перашкодаю для ксяндза, які прапанаваў ёй даць шлюб з Іванам перад самай ягонай сьмерцю ў 1919 годзе. Фармальнасьці запатрабавалі б шмат часу.
Гэткі эксьперыментатарскі падыход да стварэньня беларускай царквы ўжываўся Іванам Луцкевічам і ў дачыненьні да беларускай палітыкі. Толькі царква мусіла быць адзінай, а палітыка павінна была распадацца на сьпектар плыняў, партыяў, поглядаў. Натуральна, у часы рэвалюцыяў пачатку мінулага стагоддзя стаўка рабілася на сацыялізм. Але, калі Антон Луцкевіч ці не праз усё сваё жыцьцё лічыў сябе марксістам, дык Іван усё ж такі свой палітычны выбар ставіў пасьля задачы збудаваць нацыю. Вось як гэта адлюстравалася ва ўспамінах Антона Луцкевіча: “1905 год – год Першае расейскае рэвалюцыі – адбіўся на агульным кірунку беларускае працы, якая прынімае больш чырвоны колер. І тут Іван Луцкевіч выказвае сябе як неўтамімы агітатар, езьдзячы па правінцыі, арганізуючы мітынгі і выступаючы на іх з гарачымі прамовамі, у каторых элемент нацыянальны ўсё ж пануе над палітычным і сацыяльным”.
У гэтым “усё ж” – ці то шкадаваньне, ці простая канстатацыя. Але й сацыялізм самога Антона Луцкевіча быў не зусім такі, як мы яго прывыклі ўспрымаць у абгортках расейскага рэвалюцыянерства. На гэта зьвярнуў увагу гісторык Антон Шукелойць: “Бацька братоў Луцкевічаў, Іван Луцкевіч, браў удзел у Студзеньскім паўстаньні 1863 году ў сацыялістычнай плыні, а сыны ягоныя павялі справу далей. Гэта ды іншае паказвае, што сапраўдны сацыялістычны рух і сьветагляд прыйшлі да нас з Захаду, а не з Масквы”.
Івану Луцкевічу на момант выхаду першага нумару газеты было 25 гадоў, Антону – 22. Іх род – з Менску, але нарадзіліся і гадаваліся браты на тэрыторыі цяперашніх Літвы і Латвіі. Іван з дзяцінства быў захоплены гісторыяй і калекцыянаваньнем. Далей – зноў Антон Шукелойць: “Менская частка жыцьця Луцкевічаў неяк мала дасьледаваная. А тут шмат цікавага. Гэта гербавая шляхта. Жылі ў Менску здаўна. Бацька братоў Луцкевічаў, якога звалі Ян, удзельнічаў у паўстаньні Kастуся Kаліноўскага. Пасьля здушэньня паўстаньня яму неяк удалося пазьбегнуць рэпрэсіяў і замаскавацца. Служыў у расейскім войску. Пахаваны ў Менску на Kальварыі. Помнік падпісаны па-польску, дзе сказана, што Ян Луцкевіч быў афіцэрам расейскага войска (...) Дамы Луцкевічаў (іх было два, стары і новы) стаялі на вуліцы Хрышчэнскай, унізе, каля Сьвіслачы. З другога боку на гэтай вуліцы стаяў дамок Янкі Kупалы. У 1944-м, калі вярталіся саветы, увесь бок вуліцы, дзе стаяў дом Kупалы, згарэў. Дамы Луцкевічаў ацалелі, але пасьля вайны саветы іх разбурылі. (...) У Яна Луцкевіча было пяцёра дзяцей: сыны Іван, Антон, Стафан, дочкі Амілія і Вікторыя, якая памерла ў два гады. Жонка Яна Луцкевіча, Зоф’я, была з роду Лычкоўскіх, вельмі прыгожая жанчына (як відаць на фатаграфіі яшчэ ХІХ стагоддзя). Стафан быў лекарам. Выглядаў вельмі шляхетным чалавекам, праўда, цікавіўся больш паляваньнем, сваёй прафесіяй і сьвецкім жыцьцём. У беларускім руху не адзначыўся”.
Жыцьцё Івана Луцкевіча ахоплівала гэты сьвет максімальна шырока. Атрымаўшы выдатную адукацыю юрыста і археолага, ён меў прызнаньне як у асяродку піцерскай ды венскай прафесуры, так і на сялянскіх зьездах, паміж падпольшчыкаў-тэрарыстаў у Менску і на кансьпірацыйных кватэрах у Вільні. Ён матляўся па сьвеце, ладзіў страйкі на заводах і выступаў на мітынгах, а пры тым умудраўся займацца археалагічнымі раскопкамі, вывучэньнем знаходак і зьбіраньнем антыкварыяту. Здаецца, яго ведалі ўсе. Вось што пісаў пра яго Максім Гарэцкі: “Першы раз увідзіў я Івана Луцкевіча ў пачатку жніўня 1913-га году ў віленскай беларускай кнігарні на Завальнай, 7. У цёмным пакойчыку за крамаю, сярод усякае старадаўнае беларушчыны, рупліва і рухава нахіляўся ён над трэснутаю вазаю, меркаваў з вялікай любасьцю, як заляпіць шчэрбіну. Пачуўшы маё імя, адарваўся ад свайго інтарэсу, сказаў мне колькі дужа ласкавых слоў і зараз клапатліва зьвярнуўся да свайго чалавека ў справе здабываньня паперы на чародны нумар «Нашае Нівы». За паўмінуткі яго ўжо не было... Дзьве асаблівасьці кінуліся мне ў вочы на беларускім полі: еўрапейскасьць выгляду і энергічнасьць Івана Луцкевіча. Вока, прызвычаенае да беларускай дэмакратычнай, казаў той, нядбайнасьці ці проста нічым незакрытай неахайнасьці ў вопратках і апрананьні, было прыемна заваблена еўрапейскай, скажу я, акуратнасьцю ў яго скромным касьцюме. Тое самае было і ў манерах, і ў абыходжаньні з людзьмі. Вуха, прызвычаенае да славеснае размазьні, бясконца-нуднай гутаркі ці маркотнай маўклівасьці замучаных ідэйнасьцю грамадзян Беларусі, было прыемна заваблена сьціснутай, кароткай і цэннай, а галоўнае энергічна-рашучай гутаркай гэтага правадыра беларускага руху.
І ўжо ў лістападзе 1914-га году сустрэліся мы ў віленскім гошпіталі «Мішмерас Хойлем», дзе я ляжаў цяжка паранены, з аскялёнкам нямецкае гранаты ў назе. Няблізкі сьвет і мокрае надвор’е, а Йван Луцкевіч даведаўся мяне пры першай магчымасьці, прынёс вінаграду, разгаманіў мяне, быццам дыхнуў сьвежай струёй няўміручага жыцьця”.
Далей Гарэцкі згадвае нашага знаёмага – доктара Рома, канстытуцыйнага дэмакрата, разам з якім у 1910 годзе браты Луцкевічы стварылі ў Вільні масонскую ложу: “Загадчык «Мішмерас Хойлема» доктар Ром быў блізкі друг Івана Луцкевіча. Тут жа працавала міласэрнаю сястрою і клала пад падушкі «Нашу Ніву» нябожчыца Цётка, наша незабытная пясьнярка і рэвалюцыянерка Алёізія Пашкевічанка. Гэны гошпіталь быў наогул самы лепшы з усіх, якія відзіў я за час вайны; посьле-ж таго, як мяне даведаўся Іван Луцкевіч, я ляжаў там як у сваёй хаце пад апекай маткі і добра лепшаў”.
Антон быў дыпламат, прамоўца, публіцыст, літаратурны крытык, выкладчык. Яго дэфініцыі пішуцца лёгка. У параўнаньні з дэфініцыямі Івана. Хто ён, Іван Луцкевіч? Археолаг, антыквар? Але так выглядае сёньня – вось што цікава. Яшчэ перад мінулай вайной усё бачылася наадварот. З Іванам было ўсё ясна, а Антон... Вось як пісаў у сваёй паэме “Падарожжа” тагачасны віленскі паэт Міхась Машара:

Іван, Іван! – Сяйбіт наш слаўны!
Яна прачнулася – жыве,
Зярняты сеяў Ты нядарма,
Ня марны мукі ўсе Твае!

Хоць там далёка ў Закапаным
Сумуе Твой магільны крыж –
Дзе Ты, наш слаўны і каханы,
Адзін пакінуты ляжыш.

Прывет Табе! – Прывет Краіны
Табой ўзварушанай, жывой,
Ад вёсак, ніў і даляў сініх,
Ад ўсіх разбуджаных Табой.

Відавочна, насельнікі Заходняй Беларусі глядзелі на Івана Луцкевіча, як на асобу нумар адзін сваёй найноўшай гісторыі. Для іх гэта быў стваральнік дзяржавы – як Пілсудзкі ў Польшчы ці Ленін у СССР. І тут няма перабольшаньня. Калі ў 1918 годзе лідэры Першага Усебеларускага кангрэсу ў Менску схіляліся ў бок абвяшчэньня аўтаноміі ў складзе Расеі, на кангрэсе зьявіліся браты Луцкевічы і адназначна сьцьвердзілі – поўная незалежнасьць!
Праз год пасьля той паездкі з Вільні ў Менск Івана Луцкевіча ня стала. Сябры вывезьлі яго на курорт у Закапанэ, разумеючы, што вязуць схварэлага на сухоты героя не для лекаваньня, а каб даць яму магчымасьць памерці ў спакоі. У сваіх успамінах Антон Луцкевіч напісаў: “У Татрах — у Закапаным — памёр Бацька Беларускага Адраджэньня Іван Луцкевіч. Там скромны драўляны крыж адзначае магілу Таго, хто ўсё жыцьцё сваё аддаў на служэньне Беларускаму Народу, хто так поўна, да канца згарэў за Беларускую Ідэю”.
Летась у траўні мне давялося быць у Закапаным. Малюсенькае курортнае мястэчка, збой кавярняў, вулічныя факіры й рамізьнікі з распрыгожанымі коньмі, жывыя расфарбаваныя скульптуры й музыкі на ўсе лады, уся гэтая рознакаляровасьць і тысячы-тысячы турыстаў – стварала атмасферу карнавалу, за якім, напрыканцы галоўнай праменаднай вулкі, месьцяцца тыя самыя, даўно ўжо мемарыяльныя могілкі. Яны зусім малыя – якая сотня магілаў. Вакол, як сягае вока, – высозныя горы з асьнежанымі вяршынямі. Але скромнага драўлянага крыжа над пахаваньнем Івана Луцкевіча, які мы ведаем з даўняга здымку, няма. У лістах Мар’яна Пецюкевіча, выдадзеных у Беластоку, паведамляецца, што на магіле стваральніка беларускае дзяржавы пахаваная Каміла Зялінская. Гэта і ёсьць арыенцір для ўсіх аматараў беларушчыны.
Брат Івана Антон быў арыштаваны бальшавікамі, якія прыйшлі ў Вільню ў 1939 годзе і памёр у ГУЛАГу.
У 1990-я гады помнік братам Луцкевічам быў пастаўлены на могілках Роса ў Вільні.

***
Углядаючыся ў партрэты братоў-заснавальнікаў, нельга не заўважыць татарскія рысы твараў. Як, між іншым, і ў многіх іншых адраджэнцаў – Багушэвіча, Багдановіча...
Пералічаныя асобы, іх продкі сапраўды паходзілі з татарскіх асяродкаў, што зьявіліся на беларускіх землях яшчэ ў часы Вітаўта. Можа падацца дзіўным, што гэтыя мусульманскія асяродкі дадуць у далёкай персьпектыве найлепшых беларускіх паэтаў і палітыкаў. Усё ж такі, іншая кроў і іншая вера. Але ўсё вырашыла мова.
Вось што паведаміў дасьледнік гэтае тэмы журналіст Вадзім Александровіч:
– Татары досыць лёгка асіміляваліся ў моўным плане. Ужо дзесьці ў 16-м ст. адбываецца пераход (нават часткова ў набажэнстве) на старабеларускую мову. Татары не былі маналітам. Акрамя простых татараў, якія займаліся агародніцтвам, якія і прынесьлі ў Беларусь агародніцтва, былі яшчэ татары-шляхта. Пасьля бітвы пад Грунвальдам татары-шляхта атрымалі роўныя правы з нашай шляхтай, таму моцнай мяжы не было.
На думку Вадзіма Александровіча, беларускі патрыятызм нашых татараў быў прадыктаваны тым, што яны мелі крымскае паходжаньне і выразна адасаблялі сябе ад татараў паволжскіх, якія станавіліся расейскімі дваранамі. Станавіліся ня проста так, а праз гвалт над верай – іх прымушалі пераходзіць у праваслаўе. І гэты прыклад быў перад вачыма беларускіх татараў-шляхты:
– Адсюль і паўстае той татарскі беларускі патрыятызм, які мы бачым у часе паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі. Прафесійныя вайскоўцы-татары былі найлепшымі вершнікамі ў ВКЛ. (Што ня можа не навесьці на думку, а хто ж там скача на кані на гербе Вялікага Княства “Пагоні”, апетай Максімам Багдановічам?..) Як прафесійныя вайскоўцы яны несьлі поўную адказнасьць за паразу паўстаньня Касьцюшкі, а значыць і за страту дзяржаўнасьці на землях сваёй радзімы. А гэта, у сваю чаргу, будзіла думкі пра вяртаньне дзяржаўнасьці ў наступных пакаленьняў татараў-шляхты, якія паступова станавіліся ўжо проста беларусамі. Татарская шляхта пераважна была шляхтай незаможнай. І таму падзяляла агульнанародніцкія тэндэнцыі ў Беларусі. Што ў выніку абярнулася масавым прыходам людзей татарскага паходжаньня да беларускай нацыянальнай ідэі. Мы ж самі бачым па нашым ужо часе, што вельмі багата цяперашніх адраджэнцаў Беларусі – гэта паўкроўкі. Чыстымі мусульманамі, якія выконвалі ўсе абрады, засталіся тыя агароднікі, татарскія сяляне.
Разалія Александровіч, беларуская татарка, філолаг, дасьледніца татарскай культуры кажа, што, на яе думку, татарская кроў у жылах Луцкевічаў надавала іх абліччу шмат чалавечае прывабнасьці:
– Калі глянуць на фотаздымак Івана Луцкевіча – гэта абсалютна мой стрыечны брат. Ён жывы, мой брат, маладзейшы за мяне. І я нават хацела папрасіць у яго фотаздымак, каб іх паставіць побач – Івана і майго брата з Наваградка...
Спадарыня Александровіч прыводзіць яшчэ адзін доказ татарскага паходжаньня Луцкевічаў, філалагічны:
– 10 траўня 1925 году Уладзімер Жылка прыслаў ліст Антону Луцкевічу, дзе пісаў: “Дасылаю абяцаныя “Вершы аб Вільні”. Прысьвячаю іх вам”. І вось гэтыя тры словы – прысьвячаю іх вам – для мяне гэта абсалютны знак. Я прысьвячаю вам вершы аб Вільні і будую іх на мусульманскай сімволіцы і тэматыцы – “О Вільня, крывіцкая Мекка”, “Дзе гоняў рунелыя суры”... “Чытай жа, чытай жа праз цемень, праз гэты бяздольля туман” – туман – гэта цюрскага паходжаньня слова... “Ім доля дала паніжэньне, ды Бога КРЫМ Бога няма”... “Руіна замчышча Кааба”... У кожнай страфе ёсьць татарскае апорнае слова.
У адрозьненьне ад брата Антона, Іван Луцкевіч амаль не пакінуў пісанае спадчыны. Максім Гарэцкі: “Хацелася іногды схапіць крандаш і запісваць за ім, каб ды не згубілася, бо сам Іван Луцкевіч работу свайго пяра ўсё адкладаў на пазьнейшы, вальнейшы ад чорнае працы час – усё адкладаў і забраў ад нас сваё знацьцё з сабою ў труну”.
Іван не пісаў. Выключэньне складае, хіба што, адзін вядомы артыкул, які пасьля шмат разоў перадрукоўвалі розныя выданьні. У 1915 годзе ў вёсцы Сорак Татараў недалёка ад Вільні ў мулы Палтаржыцкага ён знайшоў Кітаб, апісаў яго, і цяпер уся друкаваная спадчына Івана Луцкевіча складаецца з гэтага артыкулу.
Аль-Кітаб – так мы называем мусульманскія тэксты на беларускай мове, напісаныя арабскім пісьмом. Гэты помнік дае магчымасьць узнавіць гучаньне беларускай мовы ў сярэднявеччы, чаго тагачасная кірыліца да нас не данесла.
Татарская кроў і дадзеная ёю прыродная прывабнасьць, бліскучая адукацыя і таленты, рэальная талеранцыя – этнічная і рэлігійная – усё гэта рабіла братоў Луцкевічаў цалкам незвычайнымі персанажамі нашай гісторыі. Але быў яшчэ адзін фактар, які дазволіў усяму гэтаму рэалізавацца. Гаворка не пра час. Гаворка пра месца. Гэта Вільня. Нідзе больш не магла напісацца паэма пад назваю “Наша Ніва”. Сталіца ВКЛ, горад незвычайнай энергетыкі, якому прысьвяцілі свае вершы найлепшыя беларускія паэты...

(Заканчэньне будзе.)