12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вячаслаў Дубінка

_____________________
Крывавы крупнік.
Два апавяданьні



Амерыканка

Для простага люду нашага мястэчка Ева Пацыкайлік – курва. А не, дык больш абразьлівае: амерыканка (насіла гумавыя боцікі з кутасікамі – “амерыканкі”). Сучасныя каляжанкі Евы – жрыцы каханьня, інтэр­дзяўчаты, прастытуткі, дзяўчаты па выкліку, хеўра з групы рызыкі – амаральныя асобы. Няма ім месца ў савецка-камуністычным раі. Праўда, да яго ўга як далей, чым да Бога.
Шмат было ў Евы ухажораў, але ўсе драбната, шпана замусоленая: рамесьнікі, шаўцы, байцы мясакамбінату, жаўнеры-навабранцы з кішлакоў узьбекскіх і та­джыцкіх, шафярня аўтакалоны, хлопцы-падшыванцы пад васемнаццаць. А вось першы ліхтар пад Евіным вокам навесіў намесьнік камандзіра па палітдурылаўцы сотай стралковай дывізіі Рыгор Марымоля.
Дывізія стаяла ў мястэчку ў дні верасьнёўскай збройнай кампаніі трыццаць дзявятага. Дружбакі-крывасмокі Сталін і Гітлер сьпяшаліся ўрваць свой кус ад панскае Польшчы. На золку чырвоная браня, абчапляная дужа ваяўнічай чырвонай пяхотай, памчала вызваляць з-пад панскага ярма сваіх братоў, каб і тыя шчасьлівым рылам сербанулі сталінскага крывавага крупніку.
Стралковая дывізія напярэдадні гістарычнага кідку за Брэст доўга кватаравала ў мястэчку. Чырвоны камісар “па палітыцы” баляваў па-купецку. Выжлукціў дзьве каністры самагонкі, якую па-стаханаўску гнаў сусед Стась Гузік, спойваючы савецкае жаўнерства. За тыдзень Рыгор Марымоля абкусаў да крывавых пісягоў Евіны мядовыя грудзі, а перад тым, як сігануць у бок Баранавічаў, пабіў шыбы ў яе хаце і ледзь не застрэліў кабана ў суседа, заехаў жрыцы каханьня ў вуха, а каб не скуголіла і не стуканула камдывізіі, высыпаў жменю патронаў для нагана і моўчкі кінуў пашкуматаны чырвонец, – усё, што засталося ад месячнага “давольствія” бальшавіцкага камісара-агітатара.
Харошы конь без хамута не бадзяецца, а харошая дзеўка без таптуноў засумуе. Праз тыдзень у Евы новы пастаялец. Інтэндант, тылавік, забесьпячэнец. У добрым шынялі з ангельскае сукні, пры файных хромавых ботах, якія штодня шмараваў да бляску нізкарослы баец Хвядос Крыванос. Таўшчэразны партфель гвардыі небаявы маёр насіў пад пахай. А ў скураным трыбуху грэліся дзьве пляшкі “рускагоркай”, добры заварот каўбасы, бохан хлеба, жменя цукерак і заныканы ў анучку партбілет.
Евін таптун меў неблагі голас, бо сьпевы чуліся і ўраньні, і ўвечары, якраз перад утомнай вахтай. Асабліва пранікнёна ў сьпевака выходзіла “Когда нас в бой пошлёт товарищ Сталин”... Але згаданы таварыш пасылаў сваіх ваяроў і іх “карміцеляў” ня толькі ў бой, але і ўга куды далей. Інтэндант прасадзіў нямала казённага дабра, якога Краіна саветаў чырвонаму байцу накляпала. Па сьлядах сьпевака-гулякі, як зграя галодных ваўкоў, кінуліся ганчакі-сьпецбайцы Лаўрэнція. Энкавэдэшнікі аблажылі Евіну хату якраз пад наглядам маўчуна-месячыка. А Ева не дурніца з Ячава. Яна тыдзень таму да сваячкі аж на хутар пад Старобін воз дабра адвезла. Усё тое, што зарабіла няўтомнымі начамі. Не шукайце, хлопчыкі прыгожыя, пагончыкі залаценькія. Я баба гаротная, бедная, голая, босая, адной ватовачкай цешуся, бацьку нашага, роднага Сталіна славячы...
А хлопчыкі-няверы штыхамі гострымі ўсе соткі перапаролі, падлогу ўзламалі, нават усіх курэй у хляве перамацалі, а на падстрэшшы трое начэй са стрэльбамі ў сакрэце хаваліся. А самы галоўны трасун пагнаў сваіх байцоў, каб тыя па-суседску пашныпарылі. А сам рашуча падступіўся да Евы:
– Выкладвай, сьцерва! Гавары праўду, а не... – паклаў на стол варанёны наган, расшпіліў гузікі на камандзірскім каўнерыку гімнасьцёркі, – памаўчаў, прагаварыў надта сурова, як жалезны Хвеля з-пад Дзяржынава, контру варожую дапытваючы:
– Грамадзянка Пацыкайлік Е. Бэ, як дайшлі да жыткі такой. Абакралі ваяроў нашай роднай непераможнай Чырвонай арміі. А за гэта ў нас па галоўцы ня гладзяць.
– А вось так і дайшла, мой камандзірчык, – Ева хораша ўсьміхнулася, як толькі магла яна адна ва ўсім мястэчку, адшпіліла адзін гузік сваёй белай кофты, затым другі, трэці. А там ледзь трымаліся ў няволі тугія Евіны смакалыкі, напоўненыя пяціфунтовым мядком спакусы. Дакранешся гарачымі вуснамі – захмялееш імгненна.
Чэкіст раённага ахопу, любаньскімі балотамі ўзгадаваны, Іван Махорац успацеў, нярвова пакусваючы папяросу. Такога павароту ён не чакаў.
– Вось так і дайшла, мой камандзірка, – Ева скінула кофту, кранула гузік спадніцы, і тая лёгкім парасонам упала на падлогу.
– Ды я цябе, гадаўка, пад трыбунал падвяду, прыгразіў Махорац, – чуеш, контра, гадаўка... Ды такія на Беламорскім канале...
– Падводзь хутчэй свой трыбунал, камандзірка баявы, хутчэй падводзь. І няхай трыбунал пастараецца, бо я даўно сумую па камандзірскаму трыбуналу. Я дзеўка маладая, гарачая, даўно нячэпаная.
І чэкісцкі трыбунал вой як ударыў па гадаўцы, па Евіных мядовых варотах…
З таго дня ўсім іншым таптунам да Евінай брамкі дарога была перакапаная. Навошта цьвяліць чэкісцкага ганчака, кусане і ой як балюча. У лепшым выпадку на Кемераўскі лесапавал закіне, вялікай краіне дроў трэба.
Махорац сядзеў у Евінай хаце, як мядзьведзь, смокчучы мядок з кадкі. Прагна піў самагон, сьпяваў песьні, а яны ў тыя часіны – скрозь узьнёслыя, патрыётам самы смак. А як маркоціўся, страляў з нагана па крумкачах у агародзе і гразіўся ўсіх ворагаў запрэгчы ў працоўна-гужавы хамут і адправіць пехам на Беламорканал.
Зьехаў Махорац раптоўна, ноччу, сігануў убок Баранавічаў вызваляць ад польскага прыгнёту вядома каго.
І пабеглі дні за днямі. Не палічыць, колькі ж байцоў і камандзіраў ашчасьлівіла Ева перад баталіямі 41 году. Ваяры сьпяшаліся сербануць Евінага смакалыку, нібыта ведалі, што спакойным дзянькам гамон. За Бугам салдаты верхмату нярвова смаляць цыгарэты, чакаючы жаданага чэрвеньскага сьвітанку.
...І пачалося. Наляцелі немчыкі ў шэрых накідках на матацыклетах, сьпешная страляніна па курчатках, гвалт, маўкліва-напружанае чаканьне самага горшага.
Людзі забыліся пра ўсьмешку, ветлае слова. А Ева, крыху перачакаўшы, выйшла на людзі. У прыгожай сукенцы, якая шчыльна аблягала яе шчодрыя формы. Бачыце, людзі, як курва Ева красуецца. А Ева ведае, што зласьліўцам адказаць. Чырвоныя байцы не змаглі такое дабро ад ворага абараніць, дык дулю вам з макам на нішчымніцу ў чацьвер. Прыгожай жанчыне жыць не забароніш.
А ўвечары каля Евінага церамка каханьня пачуліся гукі губнога гармоніка. Жрыца Ева натхняла жаўнераў вермахту, якія сьпяшаліся на парад у Маскву.
Пабеглі дні за днямі. На зьмену прахалоднай начы сьпяшаўся росны ранак. Евіны вароты ў рай амаль не зачыняліся, яна працавала як адзіная на ўвесь калгас амерыканская малатарня ў збуцьвелым гумне. Адчувала Ева па настроі сваіх ухажораў германскага вермахту, што маланкавая вайна захлынулася, ачуняў Язэпка Сталін, заглохлі нямецкія маторы каля Маск­вы. А некалі шчодрыя Гансы, Фрыцы, Гельмуты сталі жмоцістымі.
А тут і партызаны асьмялелі, некалькі разоў падымалі нежартоўны гвалт у мястэчку. І пад гэты шухер са стралянінай Ева авалодала афіцэрскай скураной планшэткай з дакументамі. Не пустым быў для Евы і баявы заплечны трыбух маладога камандзіра фрыцаўскай танкавай часьці. А ў канцы лютага на местачковую чыгунку быў зроблены авіяналёт. Прачнуліся людзі ад стрэлаў, ракеты вогненымі нажамі распорвалі коўдру чорнага неба. Загарэлася нямецкая казарма на ўскраю, партызаны падпалілі. Ведайце, фрыцы, ёсьць у іх і гранаты, і кулі спраўныя. Немцы хутка ачомаліся, выкурылі лясных гвардзейцаў. У той жа вечар каля Евінай хаты ўзарвалася граната. А ў яе хаце пасьля ўтомнае вахты хроп обер-лейтэнант, якому заўтра на перадавую з тэрміновым данясеньнем да начальства. Обер, умазаўшы первачка “тры бульбачкі і адзін бурак”, захмялеў, захроп. А пасьля раптоўна прачнуўся, ногі ў хромавыя халявы, кіцель на плечы і хутчэй з гэтага пекла. Да Евіных трафеяў, а гэта – палкоўнічы нямецкі шынэль, партупея з кабурой і наганам, планшэтка са штабнымі дакументамі, – яшчэ сакрэтны пакет да высокага нямецкага чына. Па шэры пакет з сургучнымі пячаткамі маладзенькі обер-лейтэнант так і не вярнуўся, у вайны свае неспадзяванкі.
...А далей такое, што і верыць ня хочацца, але ж як хочаце. Паджгаў фрыц туды, адкуль прыпёр. У мястэчку зьявіўся Іван Махорац і порсткім крокам рушыў да Евінай хаты. Пры залатых пагонах, ужо гвардыі маёр непераможнага чырвонага ваярства. А Ева ж не дурніца з хутару, яна ж для перамогі над акупантам здароўя не шкадавала. І ўручыла чэкісту фрыцаўскія трафеі. Іван Махорац ціскануў рапарт куды трэба. І Пацыкайлік Е. Бэ. (Еву Барабульеўну) узнагародзілі медалём “За баявыя...” А за “баявымі” пайшлі і іншыя ўзнагароды. Радзіма шануе сваіх герояў.


Гэбельс

У родныя Байкі-Манчыкі Панас Варывонька вярнуўся не адзін, а з Гэбельсам – магутным канякам, мо паўтоны вагой з пароды знакамітых нямецкіх гарматавозаў. Жыві і радуйся спагаднаму красавіцкаму сонцу, прытуліся да любае матулі, ухапі жменю пачарнелага сьнегу, які бруднымі лапінамі хаваецца па зацішных закутках хвойніку.
Дзіўнае нечаканае вяртаньне да роднае хаты “шпіёна”, хаўрусьніка нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ворага нашага сонейка, што сьвяціла на ўсёй зямной кулі – бацькі Сталіна. Шпіён і дыверсант калдыбаў па гразкай вуліцы, цяжка абапіраючыся на самаробна-няўклюдную драўляную нагу, якая глыбока мясіла вясковую гразюку. Дый магутны каняка, які пакорліва брыў за калекам, быў далёка ад сваёй найлепшай формы. Было, было... Утомна ж працаваў на доблесны вермахт. Не, гэта не нямецкі каняка, худы, адны рэбры, гразь на сьцёгнах, зьнясілены цяглавік. Тое, што ягоны гаспадар зьняможаны аднаногі хадок – франтавік, сьведчыла баявая ўзнагарода. На расхрыстанай выцьвілай гімнасьцёрцы салдата сіратліва пагойдвалася мядалька “За адвагу”. За плячыма прыліп рэчмяшок. Інтэндант гераічнага чырвонага войска і шыняля лепшага не знайшоў для зьнявечанага баявога пяхотніка. Выправілі ў лапленым-пералапленым. Вось і мясьціна родная, пачарнелы дубовы крыж з расьпятым Хрыстом, выцьвілым рушніком і засохлай галінкаю хвоі. Гайня бадзяжных сабак шуснула ў рэдкі бярэзьнік. А дзе ж людзі, куды падзеліся, а ні душы?
– Панасачка! Божа ж ты мой! Але ж ты, вой жа!
Старэнькая нямоглая цётка Тэкля выцерла сьлязу, яе хата была побач, вакно ў вакно.
– А што сівенькі ўвесь, як дзед Мікола? А ён жа дзевяноста па зямельцы тэпаў. Куды ж цябе хлапчуком на казённай машыне?... Некаму сустракаць цябе, сыночак, ля хаціны роднае. Бацьку твайго вывезьлі перад самай вайной. А хаткі вашай дык і няма. Адзін комін закопчаны застаўся. Няма дамочка – разабралі на дровы. Чырвоныя салдаты кватаравалі тут, грэліся, босыя, у крывавых ранах. І грэліся не адну ноч. Вялікі начальнік, мо сам генерал распарадзіўся, а наш старшыня і не пярэчыў. Бурыце хату, тут ворагі народу жылі.
Пакінем Панаса каля роднага папялішча, перагорнем горкія старонкі, вернемся ў перадваенны ліпень.
Раскоша лета, сонейка ласкавае, зеляніва песьні сьпявае, калі вясёлы ветрык падчупырвае. Бог не пакрыўдзіў Байкі-Манчыкі. Навакольле на мастакоўскае палатно просіцца. Дзівосны малюнак упрыгожыць і ўзгорак з маладзенькім дубам на самай пупавіне, і азярцо з белымі гарлачыкамі. Ветлы хвойнік пільнуе шырокі, як ахапіць вокам, луг. Ці не ў чаканьні таго слыннага мастака расквяціўся луг, гукнуўшы на сваё сьвята рамонкі, “гусіныя лапкі”, дзьмухавікі…
Але не мастак зьявіўся ў тое незабыўнае лета, а нямецкі лётчык. Пасадзіў свой лёгкакрылы самалёт якраз на рамонкавае поле. Дый не наўмысна: тэхніка – як пераборлівая кабета. Што ні па ёй, губы надзьмула. Не пасьпела астыць гарачае сэрца ў лёгкакрылай прыгожай птушкі, як сюды кінуліся ці ня ўсе хлопцы Байкаў-Манчыкаў. Яны ж упершыню бачаць такую дзівосную машыну, да якой можна нават дакрануцца рукамі. Самалёты бачылі толькі ў кіно, калі іх прывозілі ў мястэчка. Там сталінскія сокалы ў скуранках сядзелі ў самалётах і ўсьцешваліся ад таго, што недзе за імі назірае сам бацька Сталін.... А тут нейкі чужы, з крыжамі на крылах...
Лётчык не заўважае хлопцаў, у яго свой клопат. Пакорпаецца ў маторы, бяжыць у кабінку, што прыкрыта бліскучым, празрыстым парасончыкам. Матор чыхнуў, прапелер варухнуўся, і лётчык пабег уперад, неяк дзіўна прабуючы нагамі, ці ня багна. Не турбуйся, два тыдні сонца пячэ, – цьвёрда, як на гравейцы.
Корпаецца ў вантробах жалезных, ня дужа клапоцячыся, што ня ў той рай патрапіў. А чаго яму нервавацца? Немцы народ гаспадарлівы, працуюць, не пасьпяшаючы. Дый хіба гэта чужая зямля? Молатаў і Рыбентроп гарачымі абдымкамі замацавалі мір і згоду. СССР і Нямеччына – да скону разам! І сам Сталін, макаючы вус у ігрыстую шампань, падзяліў Еўропу па-брацку. Там брат Гітлер, а нам – гэта. Ты шастай па сваёй парафіі, да камуніі ў нас свая дарога.
...Прайшло колькі часу, і лётчык нарэшце заўважыў хлапчукоў, загаварыў па-нямецку, а пасьля паказаў рукой: давай сюды, дапамагайце зрушыць машыну. Дзе ж ты адмовішся? Дапаможам з радасьцю і з вялікім стараньнем. Хлопцы, абляпіўшы самалёт, зрушылі яго з месца. І – дзіва, матор завуркатаў, запрацаваў. А лётчык, перахрысьціўшыся, гучна крыкнуў:
– Харашо.
І самалёт, адбегшы яшчэ мо паўкіламетра, адарваўся ад поля, ад рамонкаў, ад Байкаў-Манчыкаў. А з боку мястэчка, якраз ад Варшаўскай брукаванай шасейкі, пыліла палутарка, якую абляпілі ўзброеныя людзі. Машына спынілася, і стралкі, пэўна ж, варашылаўскія, бо іх перад вайной было больш, чым стрэльбаў, адкрылі па самалёту агонь. Бачыш, раённы энкавэдыст які пільны. За гадзіну сабраў ствалы, стралкоў, спыніў палутарку на дарозе, павыкідваў харч у канаву і загадаў:
– Імем рэвалюцыі! І ня пікні – застрэлю, як сабаку ...
Пэўна, сам Бог дапамог лётчыку: самалёт зьнік за вёсачкай... А ўсіх, хто дапамагаў лётчыку, пагрузілі ў палутарку і пад вартай павезьлі ў мястэчка. Забралі ўсіх хлапчукоў, каму споўнілася 12 гадоў. А старэйшаму з іх – Панасу Варывоньку – 17... Вось так абыходзіўся бацька Сталін і яго сокалы з тымі, хто дапамагае “агентам і прочай антысавецкай сволачы” – як трапна выказаўся местачковы Берыя ў пратаколе допыту.
Хто ты, нямецкі лётчык? Дзе ты цяпер? Ці жывы? Ці памятаеш ты перадваеннае лета саракавога? Які ж лёс прынёс цябе да някідкай мясьціны – Байкі-Манчыкі? Чым жа ўгнявілі Бога бацька і маці Панаса Варывонькі ды іншых арыштаваных гаротных хлапчукоў.
Білі ж іх сытыя, адкормленыя сталінскія арлы-энкавэдысты... Зірніце на свайго сына-падлетка і ўявіце, што яму заціскаюць далоні пад дошку, на якой стаіць бамбіза ў вайскавой форме чырвонага ваякі... І, праўда ж, неверагодна... Білі, катавалі. Прызнавайся! Што перадалі лётчыку? Дакументы? Малюнкі ўмацаваньняў? У вас падпольная арганізацыя. Каму служыце, ублюдкі?
Былі ў хлопцаў і рэчдоказы сувязі з “імперыялістамі ўсіх масьцей”. Некалькі нямецкіх цукерак. Лётчык, адлятаючы, кінуў хлапчукам жменю. Нямецкая ўдзячнасьць – казыры ў руках энкавэдыстаў... І пагудзелі хлопчыкі хто куды. “Агент нямецкіх капіталістаў”, “шпіён”, дыверсант з падпольнай групоўкі Панас Варывонька – у слаўны горад Кіраў. Адтуль праз год у Кемерава. Лес пілаваць, сталінскія пяцігодкі за паўтара года пляжыць, сплёўваючы крывавую сьліну.
Пашчасьціла Панасу: прыставілі да лагерных коней, якіх прывезьлі з Туркменіі для парадных выездаў высокага начальства.
– Панас, папярэджваю. Ня думай авёс красьці. То жрачка не для нас, браток! Ведаеш, што было тыдзень таму? У аднаго заморанага шкета жменьку аўса ў кішэні знайшлі, дык маёр Ігрывых, начальнік лагеру, сваёй рукой, са свайго нагана... Адвёў падалей, каб коней не напалохаць, дый проста ў вуха і ўсмаліў ... – вучыў лагернік са стажам, сівы, худы Гнат Пачэпкін.
– Каня кармі зернем добра сушаным на сонцы, каняка не ператравіць.
У конскім памёце асьцярожна зьбіралі па зярнятку. Два каменьчыкі ў рукі – мука будзе.
Новая старонка жыцьця Панаса Варывонькі – вайна 41 году. Немец пёр па Краіне саветаў, палячы, зьнішчаючы, зьмятаючы гарады і вёскі. Дзе ж вы, удзельнікі сумеснага з немцамі параду на Брэсцкім пляцы? Ці ня вас выкурвалі фрыцы агнямётамі? Вайна – усім вайна.
А што казаць пра лагер, дзе праца – справа доблесьці і гонару! І пайка ўдвая паменела, а норма выпрацоўкі ўдвая павялічылася. Начальства азьвярэла. Наган у маёра Ігрывых не астываў. Цяпер ужо расстраляць маглі, калі не дапіліў хаця б адно дрэўца да плану... І хвароба касіла людзей... У люты мароз сабралі на лагерным плацы ўсіх лагернікаў, якія яшчэ маглі трымаць стрэльбу. Праўда, калі дасі перад гэтым добрую пайку. І аб’явіў маёр Ігрывых, граючы сваім наганам:
– Ворагі народу, кулакі, дыверсанты, пасобнікі імперыялістаў, лагерная сволач. Па мне, дык вас усіх жывымі і ў яму, – патронаў шкода. Але ўрад і таварыш Сталін вам апошні шанец даюць. Крывёй змыеце віну перад Радзімай. На фронт, свалата!
Іх доўга везьлі ў цяплушках, набіўшы шчыльна ў вагоны, руку не падымеш. Уначы выгрузілі на глухой станцыі і пад аховай пагналі, памылі ў лазьні, выдалі абмундзіраваньне... Некалькі тыдняў падрыхтоўка... Вучыся калоць штыком, біць прыкладам. І толькі ўперад... Крок назад – кулямётчык чаргу – і бывай, мама ...
Пасьля артпадрыхтоўкі і пачалося. Панас бег і адчуваў, як цяжка дыхаць. Замінае кажушок армейскі, дый стрэльба адрывае рукі. А тут яшчэ некалькі гранат пачапілі, запасныя пяцьдзясят патронаў, рэчмяшок за плячыма. І з нямецкага боку цёмная шарэнга, а за ёй другая, трэцяя. Нямецкія доўгія шынялі. Стрэлу амаль не чуваць, дый і крыкі сьціхлі. Чаго крычаць, трэба хутчэй пускаць у справу штых, як вучылі інструктары. Уваччу цёмна. А мо скінуць кажушок, дый гранаты мо цішком сунуць у сьнег. Ага, сунеш. Застрэляць на месцы. На вуліцы ж мароз, але Панас адчувае, як кроплі поту засьцілаюць вочы. Сто крокаў, пяцьдзясят. І нямецкія шынялі зьмешваюцца з кажухамі. Крыкі, стогны, мацяршчына. Панас кідаецца да худога ў нямецкім шынялі і неяк няўдала б’е яго прыкладам збоку, у вуха... І чуе злосную лаянку па-руску;
– Ах, бля…бальшавіцкая! Ублюдак сталінскі!
І Панас на імгненьне аслупянеў. Немцы так добра па-руску брэшуць? І па матушцы чысьцяць? Адкуль жа Панасу было ведаць, што савецкія доблесныя палкаводцы сьпешна зьбяруць стомленых лагернікаў у батальёны і кінуць на армію Уласава. І тым няма чаго губляць, і гэтым усё адно. Падыхаць на нарах ці вось тут на засьнежаным полі ў навакольлі Бабруйска. Ай ды маршал Жукаў! Сьветлая твая галава! Стрэлаў не было. Калолі штыхамі, білі прыкладамі, душылі рукамі і ў зьвярыным немым адчаі грызьлі зубамі вушы, насы, перакусвалі глоткі...
Дзікі боль працяў Панаса: непадалёку разарвалася граната, пэўна, свая, савецкая. На нейкія імгненьні ён страціў прытомнасьць. Ачуняў і пачуў:
– Э, браток, дый у цябе нага адарваная, ня бачыш... На жылах трымаецца... Вазьмі нож і адчыкні, усё адно не спатрэбіцца... А давай лепей я табе... – з такімі словамі невядомы яму баец адсёк жылу фінкай...
І нага засталася на сьнезе. Болю Панас не адчуў... Крыху апасьля яго, зьнясіленага, акрываўленага, бязногага падабралі санітары, прывезьлі на санях разам з іншымі байцамі ў нейкую вёсачку, зацяглі ў халодную хату, апрацавалі рану... А ўраньні – група чысьценькіх вайсковых начальнікаў: цікава ж, такі ўнікальны эксперымент. І цеснай генеральскай купай скіравалі ў хату, каб на свае вочы ўбачыць учарашніх лагернікаў. І сярод гэтае купы начальнікаў худы, у акулярах, раптам спыніўся каля Панаса. Даведаўшыся, што яму яшчэ няма і дваццаці, дастаў хусьцінку, нярвова высмаркаўся, цішком выцер сьлязу. І, пакорпаўшыся ў кішэнях генеральскага бялюткага, што сьнег, паўшубка, вынуў медаль і нязграбна пачапіў на акрываўленую гімнасьцёрку байца Панаса Варывонькі:
– Вазьмі, салдацік! Вазьмі, браток! Прабач, салдацік... Жыві шчасьліва, салдацік...
...Панас сышоў на паўстанку Некрашы і, цяжка абапіраючыся на драўляную нагу, рушыў у бок сваёй вёскі... А яму ж яшчэ тэпаць больш дваццаці вёрстаў... Адмераўшы дзьвесьце крокаў, сеў зьняможана на пачарнелы камень і заплакаў...
– Салдат! Купі Гэбельса, – пачуў ён і падняў вочы.
Перад ім стаяў дзіўны чалавек сярэдняга веку, у атопках, падранай ватоўцы, нібы яго сабакі рвалі, і ў шапцы-аблавушцы, нягледзячы на цяплынь на вуліцы.
– І дорага не вазьму за фрыцаўскага каняку, – паўтарыў ён, – дай банку тушонкі і хлеба лусту. Мне да Ганцавічаў перціся, а ночка халодная калыханкі сьпявае.
– А чаму Гэбельсам каняку назвалі? – ціха спытаў Панас.
– У мясцовы калгас прыгналі хворых коней, у немцаў адбілі, ну і мянушкі ім прычапілі. Быў і Герынг, і Рыбентроп. Усе іншыя падохлі, а гэтага шкода, бачыш, якія ў яго вочы разумныя. Ён жа сам не пракорміцца, а табе падмога будзе, канякі нямецкія, як і самі фрыцы, надта працавітыя...
І патупаў Панас Варывонька з Гэбельсам у Байкі-Манчыкі. Затанна, задарам прыдбаў гэтую худобу, пашкадаваў, бачыш... Панас і Гэбельс туліліся ў ацалелым хлеўчыку, толькі давялося дзьверы перарабіць, як жа гэты грамідла ўвойдзе. Разумеў Панас, што будавацца трэба. Яно і праўда, трэба. А хто дасьць цэглу, лес, цьвікі? Вайна па ўсіх закутках прайшлася.
– Ты хоць і фронту нюхнуў, і раненьне маеш, але для нас ты вядома хто. Улада савецкая вырашыць, як з табой далей жыць. – Словы служакі берыеўскай канторы балюча ўдарылі па Панасу.
Накацілася лета, ажыў той самы луг, на які прызямліўся нямецкі лётчык у перадваенны год. А Гэбельс увачавідкі зьмяніўся, адужаў, папрыгажэў, бліскучай зрабілася скура. Не шкадаваў часу Панас, ледзь не сырадойчыкам адпойваў Гэбельса. Ён жа як лёг на капыты на другі дзень прыходу ў вёску, дык не падняць. Канец фрыцаўскаму бамбавозу... Панас і зёлкі варыў, адпойваў каняку. Гладзіў па шыі, угаворваў, як дзіцё малое. А каняка пазіраў на Панаску, сьлязу хаваючы... І застаючыся з ім сам-насам Панас вёў нясьпешныя гамонкі з Гэбельсам, апавядаў пра жытку сваю нялёгкую, горкую.
Як падняўся Гэбельс на ногі, тут і калгасны старшыня парупіўся. Выбраў момант, пераняў Панаса і наказаў:
– Ты, Панас, прыходзь ураньні да калгаснае канторы, каняку бяры. Што ён у цябе выгульваецца, харч пераводзіць. Трэба за дзела брацца, сена пара вазіць, лес для будаўніцтва. Хочаш, конюхам прызначым, толькі для цябе цяжка будзе. А скацінку ты любіш, такую здыхляціну на ногі паставіў. З нябожчыкаў у кавалеры вывеў.
Упрэглі Гэбельса ў вялікі хамут, наўмысна пашыты вясковым рымарам, добрым сьпяцом, вазок самы вялікі падабралі – і працуй, фрыц. Твае ж былыя гаспадары пастараліся, работу ўсім падкінулі, не на адзін гадок хопіць. І вёска адчувальна акрыяла. Коней на вёсцы амаль што не было.
Гэбельс працаваў, як сьпяваў, а ў ежы быў ня грэблівы. Што даваў Панас, за тое і дзякаваў. А ўвосень вестка, як грымота ў сонечны дзень. Прыляцеў у вёску ганец з райкаму і да старшыні:
– Гарым, як шведы пад Палтавай. Поўны правал сталінскага плану па мясу. Нашаму раёну трэба ўга колькі! А дзе ўзяць? І рашано ўсіх коней пусьціць на каўбасы. І не крывіся, старшыня! Ведаю, што бабы ў плужок упрагаюцца... Партыя ўсё ведае! Сталін ведае пра жытку нашу. Гані сваіх коней у мястэчка. І бяз хітрыкаў. Хлопцы ў галіфэ правераць – будзе табе і чарка, і шкварка! Ня хочаш пад трыбунал, гані коней!
І выканалі загад партыі, падгадалі момант ды Гэбельса разам з іншымі канякамі пагналі ў мястэчка, – ого, колькі каўбасы будзе. І на золку, калі мешчанчукі соладка спалі, тысячагаловы статак пад крыкі паганятых папыліў на сталіцу. Бывайце, Сіўкі, Марусі, Агнявыя, Балты, Будзёнаўцы, Гэбельсы, Рыбентропы. Дарога на эшафот – шчарбатая гравейка, вакол якой туляцца, як сіроты: Бокшыцы, Шышчыцы, Філіповічы, Буда Грэская, Валяр’яны...
...Панас сьпяшаўся ў мястэчка, баючыся спазьніцца. Забралі Гэбельса на каўбасы? Каняка яшчэ добры, моцны. Як жа бяз коней у вёсцы. Трэба ратаваць Гэбельса. Загоняць за вароты, жалязякай па галаве...
Дагнаў конскі статак каля Валяр’янаў, а гэта палова шляху. Сутоньвалася, і коней сагналі ў лагчыну, абкружылі конна, паставілі варту з сабакамі... Панас зьняможана лёг на траву крыху воддаль і доўга ня мог сабрацца з сіламі, страшэнна стаміўся ад тае гонкі. Добра што ўгаварыў аднаго возчыка з мястэчка, аддаўшы пару пекных ботаў. А як выручыць Гэбельса? Панас перабраў усе магчымыя варыянты, але... Гойсаюць на конях узброеныя ездакі. Злосныя, п’яныя, падстрэляць, і рука не задрыжыць. І людзі нетутэйшыя, вайсковыя.
Калі сьцямнела, ён рушыў туды, дзе быў Гэбельс, у рэдкім хвойніку. Сьціхлі вартаўнікі, наглытаўшыся гарэлкі. Цішыня. Ціха прысьвіснуў, склаўшы пальцы да языка – лагерная навука... Божачкі, няўжо ён? Так і ёсьць – Гэбельс. Родны ты мой! Панас прытуліўся да халаднаватае мокрае пысы Гэбельса, пагладзіў шурпатай далоньню, супакоіў, як малога:
– Не тушуйся, Гэбельс! Па лесе павандруем. Не, ня дам у крыўду!
Углядаючыся ў кожнае дрэўца на шляху, Панас і Гэбельс рушылі ў напрамку Буды Грэскай. Ён ведаў гэтую дарогу. Усю ноч аж да самае раніцы Панас і Гэбельс ішлі на захад, да Байкаў-Манчыкаў. Але толькі цяпер Панас уцяміў, што ён нарабіў, на які ўчынак наважыўся. Хто цябе там чакае ў вёсцы? У іх ужо пазначана, што калгас “Савецкія тэмпы” выканаў план па мясу. Супраць каго ж ты папёр, Панас Варывонька? Мала цябе білі, катавалі, але нічому не навучылі. А гэта цягне на пятнаццаць гадоў страгача. А не, дык і вышак! Шлёпне раённы опер – і ў брацкую гаротную яму, папяросу сваю дасмаліўшы. Гані назад Гэбельса і вяртайся ў свае Байкі-Манчыкі.
І спаў Панаска, прытуліўшыся да цёплае шыі Гэбельса. Тут, у глушы, іх ніхто ня знойдзе. А там будзе бачна, як жыць далей. І сьнілася Панаску страшнае. Крыкі, стральба з аўтаматаў. Што гэта? Расстрэльваюць дэзерціраў? Тых хлопцаў, што выйшлі з акружэньня? Што яны робяць? Нельга ж так... Ён нясе сваю адарваную нагу, кідае і нема крычыць...
Усяго і багацьця ў Панаса – Гэбельс і мядаль “За адвагу”. Няўжо гэта адвага – загнаць штых у грудзі параненага ўласаўца, дабіваючы яго па-зьвярынаму прыкладам. Ён жа такі самы гаротнік, як і Панас...
...У Байкі-Манчыкі Панас Варывонька ўжо не вярнуўся. Ніхто і ня ўспомніў пра яго. Прабадзяўся ці ня ўсё лета, часьцяком мяняючы свой прытулак, нібы баючыся, што яго абложаць узброеныя энкавэдысты з сабакамі. Трэба падалей ад людзей, ад начальства, ад разьюшаных ваўкоў-камісараў, зампалітаў, старшыняў калгасных, райкамаўцаў, брыгадзіраў, упаўнаважаных, камсамольскіх актывістаў…
Вясной каля стажка прэлае саломы на лясной палянцы выпадкова адшукалі невялічкі саматужны буданчык. Непадалёку сканаў аграмадны нямецкі гарматавоз, а побач быў труп сівога чалавека з драўлянай нагой. На гімнасьцёрцы ў гаротніка быў мядаль “За адвагу”.