12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Дубавец

_____________________
Баль.
Практыкаваньне

З новай кнігіПрактыкаваньні”.
Пачатак
у №1-2 (38-39).



Што падумалі пра ўцёкі Зоі Кайлюс і Зелба, мы, напэўна, не даведаемся ніколі, бо яны, як і ўсе вечныя людзі, — мёртвыя. Сама ж Зоя пра гэта нічога ня думала, бо ляцела як на крылах ад гэтай сваёй прыгоды і ад думак пра яе, быццам ад страшнага сну.
Скончыўся бярэзьнік, за ім трэба было перайсьці шашу і за лясістым узгоркам перасекчы поле. Усё сапраўды так і было, як яна сабе ўяўляла, толькі чамусьці спалохана ўскрыкнуў драч. Звыклая да неспадзяванак Зоя, калі падыходзіла да знаёмага з дзяцінства лецішча, ужо гатовая была пабачыць там усё, што заўгодна.
Дзяўчынка-падлетак стаяла пасярод двара, і ў яе вострым позірку Зоя, толькі дакрануўшыся да весьніцаў, прачытала цьвёрдае – “Не заходзь!”
У гэтым жыцьці мы кепска ведаем сябе наперад. Зусім іншая справаведаць сябе назад. Таму Зоя адразу й пазнала, і адчула, што дзяўчынка-падлетакгэта яна сама, толькі колішняя.
Дзесьці ў далёкай памяці яна адшукала гэты эпізодможа быць, адзіны такі брыдкі з усіх яе згадак пра лецішча.
Яна сапраўды стаяла пасярод двара, была раньняя вясна, думалася пра сокі, што бруяцца-сьпяваюць у дрэвахяна нават чула гэты гук. І тут да яе дайшло, што такі самы сьпеў яна чуе і ў сабебыццам дробныя бурбалкі паветра падымаюцца ад стоп да галавы. Гэта было невыказна радаснае пачуцьцё! Асабліва моцна ўражвала яе тое, што янаяк дрэвы, быццам адна з іх.
І раптам за плотам зьявілася гэтаябамжыха ў заношаным бушлаце і з папрашальніцкім поглядам.
Не заходзь! – крыкнула Зоя, але тая яшчэ хвіліну вагалася каля весьніцаў, нібы падбірала свае папрашайніцкія словы.
Зоя насамрэч вагалася. “Спытайся ў яе: тыЗоя?” – нашэптвалі на вуха гераіні ўсходняе класікі. “Скажы ёй: тыгэта я!” – настойвалі заходніцы. “Прайдзі міма”, — падказвала ўласная існасьць.
Позірк дзяўчынкі рабіўся ўсё больш калючым, а з позірку жанчыны зьнікла просьба. Засталася адно туга. І зусім не ад прыкрага выпадку, а ад здагадкі, што й далей цябе будуць чакаць неспадзяванкі, быццам ты выпала з часу і цяпер спрабуеш вярнуцца, але ніяк не трапляеш у свой.
Зайшоўшы за шашу, Зоя скінула бушлат і нагавіцы ды засталася ў сваёй колішняй сукенцы, надала сабе свой уласны выгляд. Але ісьці да дзяўчынкі зноў яна не схацела. Ты-старэйшы звычайна знаходзіць словы, калі да яго завітвае ты-малы, але не наадварот.

* * *
Трэба сказаць і пра характар Зоі, якая з гэтай сітуацыі вынесла ня толькі засмучэньне, але й інтрыгу, і была гатовая разглядаць усё, што з ёй адбываецца, як жарты лёсу.
Вы ўжо здагадаліся, што, прыехаўшы ў горад, Зоя не пайшла адразу ў сваю кватэру, а спынілася ў агромністым двары і прысела на лаўку насупраць свайго падезду.
Дзіўна, – думала яна, – мяне заўсёды так натхняў гэты горад, але ніколі я не магла з ім паразумецца. Людзі, якія атачалі мяне, былі марсіянамімілымі й недасяжнымі. І я, пры ўсім сваім жаданьні, не магла ўявіць сябе адной з іх. І не магу. Дзе-небудзь у Варшаве ці Маскве ты проста зьліваешся з натоўпам. Няма праблемы. А тут, дзе ты вырасла й перажыла ўсе свае ўзрушэньні…”
Можа быць, гэта любоў? Найбольш ведаеш і найменш атаясамліваеш сябе з тым, што любіш?
Чалавек, які прамовіў гэтыя словы, аказваецца, сядзеў на другім канцы лаўкі.
Я сказала гэта ўголас? – асьцярожна спыталася Зоя.
Магчыма… – завагаўся незнаёмец. – Вы казалі гэта нібы з-за сьця­ны. У мяне за сьцяной так гавораць суседзі. Адну з іх, суседку я некалькі разоў сустракаў на вуліцы. Яна падобная да вас. Толькі гадоў ёй, відаць, болей.
Так я й думала, – зьвяла на нішто рамантыку выпадковага знаёмства Зоя. – Яна жыве ў гэтым падезьдзе на чацьвёртым паверсе
У яе ёсьць муж маёр і двое дзяцейКай і Герда.
І вы да яенеабыякавы?
Угу.
Тады, выходзіць, і да мяне? Ба ягэта яна, толькі шмат гадоў раней.
Вы ўсё ж такі паміж стылістыкай усходніх і заходніх гераінь абралі заходніх... Брава! – усклікнуў незнаёмец.
А вы й гэта ведаеце. Мабыць, філолаг.
Пісьменьнік. Дон Катаяма. А вы Зоя, праўда?
Зоя-ЗояІ што, у яе насамрэч муж маёр і двое дзяцей?
Ес, мэм, – какетаваў Дон Катаяма. – Калі з нейкіх прычын вы ня хочаце завітаць да іх зараз, хадземце да мяне. Яны за сьцяной, і я запісваю іхнія гісторыі.
Зоя замарудзіла з адказамтрэба было ацаніць сімпатычнасьць гэтага чалавека. Але ён быў бездакорны. Дон Катаяма нагадаў ёй знанага мастака Артура Клінава ў часы яе чалавечага жыцьця. Хто ж ня пойдзе на покліч такога чалавека!

* * *
За сьцяной, аднак, панавала ціша. І Дон Катаяма павёў Зою ў кавярню, каб пазнаёміць яе са сваімі прыяцелямі.
А ў доктара Зайца не мядзьведжая галава? – спыталася Зоя.
Ды не, – зьдзівіўся Дон Катаяма. – Якраз ён абяцаў сёньня зрабіць нам сюрпрыз.
Менавіта сюрпрыз! – сказаў доктар Заяц пасьля таго, як ён і прафесар Солад пазнаёміліся з Зояй, і ўсе разам прыселі да століка з кавай. – Наш калега Эдвард Пастарнак запрашае нас усіх на баль у гонар нашага гораду.
Але ж аднаногі пенсіянер Эдвард жыве на хутары! – усклікнуў Дон Катаяма.
Але з якой нагоды Вы, шаноўны доктар, назвалі старога селяніна-інваліда нашым калегам? – усклікнуў прафесар Солад.
Але такі баль зусім не ў традыцыях насельнікаў нашага гораду! – усклікнула Зоя.
Я й сам гэтага не разумею, – прызнаўся доктар Заяц. – Учора, ідучы па вуліцы, я вырашыў зазірнуць пад Ваш, шаноўны прафесар, камень. І знайшоў там вось гэтую цыдулку. – Доктар Заяц дастаў з кішэні паперу, складзеную ў чатыры столкі. – Дазвольце я вам прачытаю. “Дарагія калегі доктар Заяц, прафесар Солад, Дон Катаяма і Зоя! Запрашаю вас да сябе на баль у гонар нашага гораду. Эдвард Пастарнак”.
Цяпер усё зразумела, – сказала Зоя, – баль будзе на хутары й таму не парушыць гарадской традыцыі.
Цяпер усё зразумела, – сказаў прафесар Солад, – калі Эдвард лічыць нас калегамі, я нічога ня маю супраць.
Цяпер усё зразумела, – сказаў Дон Катаяма. – Думаю, нішто не перашкодзіць нам прыняць запрашэньне Эдварда і адправіцца да яго на баль.
І сапраўды, што магло ім перашкодзіць? Час? Але ж іхні час і быў заняты пераважна падобнымі авантурамі, падарожжамі й эксьперыментамі. Асоба Пастарнака? Дык яны заўсёды з радасьцю завітвалі да аднаногага Эдварда на ягоны хутар пад вялізным дубам адразу за гарадской рысай. Адлегласьць? Дык, добрыя знаўцы гораду, яны амаль не карысталіся транспартам і знаходзілі кароткі шлях. Яны ведалі, што дварамі дойдуць да хутара за гадзіну, ня больш. Таму, не марудзячы, усе чацьвёра адправіліся на баль.

* * *
На трамвайных рэйках блішчэла сонца позьняй вясны, галубкі ў дэкоры дамоў ляцелі на ўсход, крутыя падёмы й спускі ландшафту хаваліся пад строгай геаметрыяй вуліц і двароў, памяць, якая спрабавала зачапіцца за месца колішняга ўзрушэньня, сасьлізгвала з будынка, са скверу, з узьбярэжжа, бо на будынку даўно не было той шыльды, у скверытой лаўкі, а на ўзьбярэжжытаго травяністага ўзгорку, з якімі нітаваўся прадонны вобраз вечнага жыцьця.
Гэты стары паводле свайго ўзросту горад цалкам мяняў сваё аблічча, свой стыль і свой дух на працягу аднаго пакаленьня.
Ах, халера! – ускрыкнуў прафесар Солад. – Зьнесьлі! Тут была прыгожая пажарная бакшта мінулага стагоддзя! Як можна зносіць тое, чаго не будаваў! Ды што ж ім усё не сядзіцца, герастратам гэтым!
А можа, вечны горад, як і вечны чалавек, – мёртвы? – думала пра сваё Зоя. – І таму наш горад з усіх сілаў змагаецца са сваёй вечнась­цю, каб заставацца жывым? І тут хаваецца прычына нашай любові й нашага непаразуменьня? Марсіяне, якія засяляюць горад, якія яго разбураюць і будуюць, робяць нам найвялікшы падарунакгорад вечна новы, жывы, і таму натхняе жыць нас саміх? Мы сварымся на іх, а яны толькі загадкава пасьміхаюцца ў адказ. Маўляў, вы ставіце нам у прыклад Рым або Кракаў, а ці хацелі б вы там жыць? Пажыцьтак, а жыцьЖыць вы вяртаецеся сюды. Вось у чым рэч. Хто ня хоча зазірнуць за рысу жыцьцякаб толькі бяз шкоды і з гарантыяй вяртаньня? Вось і думайце, чаму, калі б можна было памераць любоў гараджан да свайго места, ваша аказалася б найбольшай у сьвеце…”
Гм, – азваўся раптам Дон Катаяма, – цікавая версія.
А што, не герастраты? – працягваў прафесар Солад.
Я зноў падумала ўголас? – спыталася Зоя.
Магчыма, – сказаў Дон Катаяма. – Гучала нібы з-за сьцяны, – ён зрабіў паўзу й пасьля сказаў. – Падумаўшы, ня можа пажарная бакшта стаяць вечна. А колькі яна прастаіць? Сто гадоў? Пяцьсот? Тысячу? І рана ці позна яе ўсё адно зьнясуць. І нехта абавязкова будзе абурацца, што зносяць ня тыя, хто будаваў. Але тыя й ня могуць, пакуль не пачнуць жыць сто гадоў, пяцьсот, вечна
Жыць вечнатое самае, што памерці, – сказала Зоя.
Чым больш жывеш, тым больш у гэтым сумняешся, – сказаў прафесар Солад.
А чаму б і не? – шматзначна заўважыў доктар Заяц.

* * *
Яны перайшлі праз чыгунку, за якой пачынаўся прыватны сектар.
Яшчэ нядаўна наш горад атачалі гэтыя мілыя, утульныя воку раёны, што патаналі ў квецені садоў, – працягваў сваё абурэньне прафесар Солад. – А цяпер паглядзіце, што робіцца. На месцы дамкоўкатлаваны, хаос жалеза з бетонам і гліняная гразь...
Новабудоўлі, – сказаў без інтанацыі доктар Заяц.
У мілых раёнах сярод садоў заўсёды стаялі чароды цяжкіх вайсковых машынаў, запоўненых людзьмі ў касках, – іранічна заўважыў Дон Катаяма і ўжо па-філасофску дадаў. – Вечная знаніца вечнага гораду. Фалангі, кагорты, вайна...
Гэта ўжо, мабыць, лёс такі, – сказала Зоя. – Горад вядзе сваю гісторыю ад спаленьня самога сябе ў яраснай сечы.
Як запражэш, так і паедзеш, – уставіў доктар Заяц.
Пасьля гэтага ўсе сьціхлі.
Вуліца, якой ім выпадала ісьці, была шчыльна застаўленая цяжкімі вайсковымі машынамі, з якіх пазіралі на іх жаўнеры ў касках.
Прафесар Солад, доктар Заяц, Дон Катаяма й Зоя ішлі праз шыхт гэтых маўклівых позіркаў, адчуваючы, быццам ідуць не на баль, а на страшны судстолькі нязбыўнае пустаты было ў вайсковых вачах. Сказаць што-небудзь яны ўжо й не магліад боязі, нібы апынуліся ў атачэньні зграі зьдзічэлых сабак, дзе ніколі ня ведаеш, які міжволі ўключыш рэфлекс.
Асабліва непрыемна было тое, што канец гэтай вуліцы й быў канцом гораду, адкуль рукой падаць да мэты іхняга падарожжада хутара Эдварда Пастарнака. А машыны ўсё не сканчаліся.
Звычайна чалавек, які йдзе на баль і сутыкаецца з нечым страшным ці непрыемным, пасьля за колькі хвілінаў мабілізуе сваю існасьць на станоўчае самапачуваньне. У сталых людзей нават пэўны расклад выбудоўваецца ў галаве. Ішоў на баль і раптам пабачыў трупкагосьці зьбіла машына, і вакол мітусіцца дарожны патруль. У цябе ёсьць яшчэ трыста метраў да мэты, каб унутрана пераналадзіцца.
У нашых падарожнікаў трохста метраў не было.
Машыны стаялі да самага хутару.

* * *
Што далей, што далей будзе з нашымі героямі? – Зоі раптам згадаўся цыркавы канферансье з яе колішняга сну. Толькі гэтым разам ён крычаў у залу іншыя словы:
Яны прыйшлі на баль! Вы думаеце, што зараз штукар выцягне з цыліндра за вушкі іх усіх па адным, і яны стануць удзельнікамі нашага дзейства?
Га-га-га... – крычаў у адказ цыркавы натоўп шырока разяўленымі ратамі.
Але вы памыляецеся! – спакойна сказаў канферансье, і аркестр чамусьці грымнуўтуш”. – Нашы героі ідуць да Эдварда Вальсінгама Пастарнака! Яны ўжо зусім блізка! Яны ўжо адчыняюць дзьверы! Яны ўжо заходзяць у сьвятліцу!
Га-га-га-га-га... – у шалёным прадчуваньні зароў з новай сілай цыркавы натоўп”.
За сталом у сьвятліцы сядзелі прафесар Солад, доктар Заяц, Дон Катаяма і Зоя. На чале застольля мясьціўся Эдвард Пастарнак.
Як? Мы? Ужо? Прыйшлі? – зьдзівіўся Дон Катаяма.
Знаёмая гісторыя, – сказала Зоя.
Чучундра, – з веданьнем справы канстатаваў прафесар Солад.
Калі мы ўжо прыйшлі, дык навошта нам рабіць гэта другі раз? – спытаўся доктар Заяц.
Эдвард Пастарнак выйшаў насустрач гасьцям, кульгаючы на сваім пратэзе, і па-гаспадарску прамовіў:
Шчыра вітаю дарагіх калегаў на нашым балі. Насамрэч усе гэтыя людзіня вы, яны толькі надзелі вашыя маскі, каб прывітаць вас.
Вітаем! Вітаем! – у адзін голас закрычалі тыя, што за сталом.
Ах! – уздыхнулі ў адзін уздых госьці.
Але навошта вакол так шмат войска? – спытаўся Дон Катаяма.
А што такога? – зьдзівіўся Эдвард. – Яны дапамогуць вам ажыць­цявіць ваш выбар.
Які наш выбар? – разам спыталіся госьці.
Гэта мы зараз і даведаемся, – адказаў Эдвард. – На нашым балі-карнавалі кожны надзявае маску таго, чыё імя напісанае на сакрэтнай цыдулцы.
Гападар кульгавым крокам рушыў да стала і ўзяў з яго чорны капялюш-цыліндар.
Тут ляжаць лёсы, і кожны з вас выцягне свой.
Госьці прыціхлі, пасьля пачалі пасоўвацца назад, да дзьвярэй. Але дзьверы былі зачыненыя.
Чаго вы раптам спалохаліся? – найграна зьдзіўлена спытаўся Эдвард. Вочы яго глядзелі ў розныя бакі. – Лёс, гэта ж ня страшна. Гэта ж тое, што мусіць быць.
Я не хачу, каб мой лёс вяршыўся з дапамогай войска, – рашуча сказаў Дон Катаяма.
Я не хачу ўдзельнічаць у такім сумным балі, – рашуча сказала Зоя.
Я не хачу цягнуць ніякіх цыдулак, – рашуча сказаў прафесар Солад.
І я таксама, – пацьвердзіў доктар Заяц.

* * *
Эдвард Пастарнак стаяў пасярод сьвятліцы з цыліндрам у руках і разгублена пазіраў то на гасьцей, то на тых, што за сталом.
Мы выцягнем цыдулкі замест вас, – разам прамовілі тыя, што за сталом.
Правільна! – узрадаваўся Эдвард. – Яны ж гэта й ёсьць вы на нашым балі-карнавалі. Дык урачыстасьць пачынаецца!
Аднекуль загучала сімфанічная музыка з далёкай трывожнай нотай, і шыбы афарбаваліся ў колер мякка-ружовага сонца. Толькі зараз госьці заўважылі, што шыбы літаральна залепленыя тварамі ў касках. Але ў вачах жаўнераў не было цікаўнасьці, аднобяздумная пустата.
Тым часам прафесар Солад, які сядзеў за сталом, першы выцягнуў з цыліндру цыдулку і перадаў яе Эдварду. Той урачыста абвясьціў:
Прафесар Солад! На нашым балі з гэтага моманту выжаўнер-шараговец, ахоўнік вайсковага стрэльбішча Кайлюс!
Я ніколі ня меў ніякага дачыненьня да войска, – прамармытаў прафесар Солад. Але Эдвард не зьвярнуў увагі на ягоныя словы і чытаў чарговую цыдулку, якую выцягнуў з цыліндру маска доктара Зайца:
Доктар Заяц! Вы цяпердоктар Блюм! І ў вас павінна быць драўляная мядзьведжая галава, пакрытая чорным лакам!
Асаблівы дзякуй за лак, – прамармытаў доктар Заяц.
Дон Катаяма! – чытаў Эдвард. – Вы таксама ахоўнік стрэльбішча і жаўнер, напарнік Кайлюса, і завуць вас Зелба!
Зелба-белба, – перадражніў Дон Катаяма.
Зоя! – абвяшчаў Эдвард. На хвілю ўсе прыціхлі. – Русалка!
Стоп-стоп-стоп! – цьвёрда сказала Зоя. Я ўжо была. Нядаўна. Русалкай. Патрабую перагляду! Напэўна, у вас, Эдвард, выйшла нейкая накладка.
Была? – разгублена спытаўся Эдвард у тых, што за сталом.
Была, – у адзін голас пацьвердзілі яны.
Зоя шматзначна паглядзела на Дона Катаяму.
І мне здаецца, – сказаў той, – што некалі я ўжо апісваў ахоўніка, якога звалі Зелба, а гэта значыць, паводле законаў пісьменьніцтва, мусіў пераўвасобіцца ў таго ахоўніка. Жартам я называў свайго героя Зелба-белба.
А я зусім нядаўна сьніў сябе з мядзьведжаю галавою, – сказаў доктар Заяц. – У тым сьне ўсе зьвярталіся да мянедоктар Блюм.
І ў мяне такое адчуваньне, што ў колішнім жыцьці я быў Кайлюсам, – сказаў прафесар Солад.
Чым дакажаце? – абрушыўся на яго ягоны двайнік за сталом.
Ну, там былі яшчэ ласі ўсякія, – няўпэўнена прамовіў прафесар Солад.
Гэта праўда? – спытаўся Эдвард у маскі.
Праўда, – уздыхнулі за сталом.
Напэўна, – сказаў разгублены Эдвард, – я пераблытаў цыліндры. Бо калі баль паўтараецца такі самы, якое ж гэта сьвята...
Некалькі хвілін ён стаяў у задуменьні, пасьля вярнуўся на сваё месца за сталом і вінавата прамовіў:
Ну што ж, дарагія сябры. Мабыць, і праўда, выйшла накладка. Мне нічога не застаецца, як папрасіць прабачэньня ў вас усіх...
Што вы! – радасна прамовілі госьці. – Мы ні пра што не шкадуем!
Сьціхла музыка, згасла сонца ў шыбах, і жаўнерскія твары таксама зьніклі, шчоўкнуў замок у дзьвярах.
Іншым разам, дарагія калегі, я запрашу вас на новы баль, яшчэ больш грандыёзны, чым той, які меўся быць сёньня. Толькі ні ў якім разе не адмаўляйцеся!
Дзякуй, дзякуй, мы абавязкова прыйдзем! – ускрыкнуў док­тар Заяц. Госьці пакінулі Эдвардаў хутар і выправіліся ў зваротны шлях.

* * *
У горадзе наставала шарая гадзіна. З прыватнага сектару зьнікла вайсковая тэхніка. І будаўнічых катлаванаў не было відаць.
Чаму вы паабяцалі прыйсьці на экзекуцыю, якую ён называе балем? – спытаўся прафесар Солад у доктара Зайца.
Для літаратуры гэта хутчэй тыпова, калі баль ператвараецца ў экзекуцыю, – уставіў Дон Катаяма.
Бо гэта будзе іншы раз і, магчыма, у іншым жыцьці, – адказаў доктар Заяц. – Чалавеку ўласьціва забываць гісторыю з кепскім канцом, і тады ён зноў пападаецца на прынаду. А таму ўсё заўсёды й паўтараецца.
На месцы зьнесенай старой пажарнай бакшты падарожнікі пабачылі тую самую бакшту.
Што гэта значыць? – абурыўся прафесар Солад.
Вашаму абурэньню не дагодзіш, прафесар, – заўважыў Дон Катаяма.
Падман зроку, – сказаў доктар Заяц.
Магчыма, гэта значыць, што я ўрэшце вярнулася ў свой час, – прамовіла Зоя.
Тады ў нас ёсьць шанец пазнаёміцца да таго, як вы станеце жонкай маёра і народзіце дваіх дзяцей, – пачаў флірт Дон Катаяма, але раптам задумаўся. – Чакайце, але што ж гэта? І мы таксама вяртаемся ў ваш час?
Хочаце сказаць, што ў маім часе вы не жывяце ў мяне за сьцяною, і таму вам прыйдзецца вяртацца на ранейшы адрас? – пытаньнем на пытаньне адказала Зоя.
Насамрэч, структура прыватнага часу не настолькі вывучана, каб мы маглі нешта казаць напэўна, – разважаў прафесар Солад. – У кожнага часу можа быць сваё месца на зямлі і свой тэмп. Ці розныя часы могуць спалучацца, ці незагадка.
Ідучы да цэнтру, яны то тут, то там заўважалі нейкія нязначныя перамены ў абліччы гораду. Быццам горад зрабіў паўкроку назад. І самае дзіўнае, што іх гэта радавала, натхняла, забаўляла, але ні разу не засмуціла. Іх агульны настрой быў бясхмарны й лагодны, нібы ў юнацтве.
Калі неба над горадам стала зусім цёмным, доктар Заяц раптам спыніўся і спытаў:
Гэта ваш камень, шаноўны прафесар?
Прафесар Солад дзеля жарту падняў кавалак бардзюра.
Мой!
Пад каменем бялела папера, складзеная ў чатыры столкі. Прафесар прачытаў цыдулку й задумаўся. Астатнія нецярпліва накінуліся на яго: што, што там напісана, ад каго цыдулка?
Гэта Эдвард, – прамовіў прафесар Солад. – Ён дзякуе нам усім за ўдзел у балі. Піша, што на большае ён ня мог і разьлічваць... – прафесар на імгненьне зрабіў паўзу. – Гэта значыць, што бальадбыўся?
Як адбыўся? – усклікнуў Дон Катаяма.
Чаму адбыўся? – усклікнуў доктар Заяц.
Толькі Зоя не прамовіла ні слова. Ёй здалося, што зноў недзе спалохана крыкнуў драч.

27-28 сакавіка 2009 году,
Лысая Гара.