12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Эдуард Дубянецкі

_____________________
Хаатычна-фрагментарная культура: шлях у бездань або падмурак
для росквіту?


Гэтае эсэ ўяўляе сабой па сутнасці своеасаблівы погляд збоку зацікаўленага чытача і аўтара навуковых і літаратурных тэкстаў на сучасны стан і перспектывы развіцця сусветнага і айчыннага мастацтва. Прычым у большасці выпадкаў ацэнкі будуць давацца, як кажуць, “па гамбургскім рахунку” – г.зн. па магчымасці максімальна шчыра, непрадузята і строга. Хаця, безумоўна, асобныя аўтарскія высновы могуць падацца занадта суб’ектыўнымі. Аднак трэба мець на ўвазе, што практычна ўсе выказванні (асабліва датычныя складаных феноменаў этнакультурнага і духоўнага жыцця) якраз і з’яўляюцца менавіта нашым суб’ектыўным поглядам на розныя з’явы і падзеі. І тут адразу ўзгадваюцца паказальныя словы сучаснага расійскага філосафа і філолага Вадзіма Руднева пра тое, што аб’ектыўнасць – гэта “не бо­лей чым род аўтарытарнай ілюзіі”. У гэтым вызначэнні выклікае пэўныя сумненні і пярэчанні перадапошняе слова, але ў астатнім, відаць, варта пагадзіцца з аўтарам. Сапраўды, на поўную аб’ектыўнасць не можа прэтэндаваць ніводзін чалавек у свеце, паколькі магчымасці нашага пазнання заўжды абмежаваны недастатковай развітасцю нашых органаў пачуццяў і інтэлекту, немагчымасцю быць цалкам бесстароннім з-за наяўнасці ўласных сімпатый, прыярытэтаў, асутнасцю адпаведных ведаў і г.д.
Размова ідзе пра розныя віды мастацтва, але найперш пра літаратуру, якая складае своеасаблівае ядро любой нацыянальнай культуры. Прычым найбольшая ўвага ўдзяляецца сучаснай паэзіі. Спецыфіка тэксту заключаецца яшчэ і ў тым, што ў ім амаль нідзе не будуць называцца прозвішчы тых аўтараў, якія паслужылі своеасаблівымі прататыпамі для дадзеных развагаў. Гэта звязана з тым, што асноўнай задачай аўтара з'яўляўся не агляд творчасці асобных персон, а высвятленне глабальных тэндэнцый у развіцці сусветнага і айчыннага мастацтва. Прычым ніжэйпрыведзеныя вострыя ацэнкі нельга лічыць праявай нейкага ментарства, імкненнем кагосьці павучаць ці перавыхаваць, а выкліканыя найперш маёй шчырай заклапочанасцю крызісным станам сусветнай культуры ў цэлым і сучаснага айчыннага мастацтва ў прыватнасці, а таксама ў нейкім сэнсе дон-кіхоцкім жаданнем знайсці найкарацейшыя шляхі да сапраўднага ўздыму беларускай культуры.

Росквіт здрабнелай “бес-культуры”

У сучасным свеце адчуваецца заўважнае “здрабненне” культуры. Тут маецца на ўвазе тое, што артэфакты культуры сёння сталі больш дробнымі па форме і больш павярхоўнымі па змесце. У выніку атрымліваецца своеасаблівая “здрабнелая культура”. Пра гэта сведчыць мноства фактаў: безліч невялікіх па аб’ёме літаратурных і музычных твораў (кароткія вершы, аповесці, раманы, песні, фільмы, спектаклі, невялікія жывапісныя работы і інш.); зусім нязначная колькасць буйных мастацкіх артэфактаў; распаўсюджанне т.зв. беспрадметнага мастацтва, якое і сапраўды не мае акрэсленай тэмы, прадмета, сюжэта; надзвычай рэдкія “павароты” сучаснага мастацтва да асэнсавання вострых маральна-этычных і грамадска-палітычных праблем і да т.п.
На першы погляд, можа скласціся ўражанне, што нічога кепскага ў гэтым няма – прыгадайма, напрыклад, надзвычай кароткія паэтычныя творы ва ўсходняй паэзіі, асабліва ў японскай, дзе панавалі такія жанры, як хайку і танка.... І сапраўды, аб’ём мастацкага твора звычайна не мае надта вялікага значэння, бо колькі ў мінулыя стагоддзі і дзесяцігоддзі было створана сапраўдных маленькіх шэдэўраў. Але ў сучасны перыяд сітуацыя істотна змянілася, прычым не толькі (і нават не столькі!) ў сэнсе здрабнення памераў, а што больш важна – “здрабнення” сэнсу, зніжэння змястоўнай насычанасці твораў мастацтва. І таму цяпер сталі надзвычай распаўсюджанымі (што раней у такіх маштабах ніколі не сустракалася ў сусветным мастацтве), так бы мовіць, маленькія творы з маленькім зместам, альбо нават творы з амаль поўнай адсутнасцю апошняга.
Больш за тое, вобразна кажучы, сёння практычна ва ўсім свеце сфармавалася т.зв. здрабнелая “бес-культура”. Хтосьці можа падумаць, што аўтар намякае тут, гаворачы па-руску, на “бесноватую культуру”, але насамрэч расшыфроўка тут зусім іншая, а менавіта – бессэнсоўная/бессаромная/беспрынцыповая/бестактоўная культура. Культуру падобнага кшталту можна замяніць і іншым, але па сваім змесце блізкім словам – “без-культура”, якую можна трактаваць як культуру безгустоўную, беззмястоўную, безпачуццёвую. Зразумела, што вышэйпрыведзеныя характарыстыкі здаўна былі ўласцівыя найперш масавай культуры, аднак з цягам часу ўсе гэтыя “бес-/без” пачалі больш актыўна пранікаць, прасочвацца і ў сферу нібыта высокага, элітарнага мастацтва.
І вось такая, выбачайце, культура, якая па сутнасці бывае часта больш падобная на бескультур’е, сёння, на вялікі жаль, падтрымліваецца, прапагандуецца разнастайнымі сродкамі масавай інфармацыі. Чаму падтрымліваецца? Ды таму, што ўзоры такой нізкапробнай культуры значна лягчэй і хутчэй (у параўнанні з сур’ёзнымі мастацкімі артэфактамі) ствараць і адпаведна атрымліваць ад іх “рэалізацыі” большы ці меншы прыбытак. А з другога боку, культура падобнага кшталту зараз запатрабавана большасцю абывацеляў, якія практычна поўнасцю адвучыліся думаць, разважаць і таму з задавальненнем “клююць” на няякасную мастацкую прадукцыю.
Праўда, у гэтым няма нічога асабліва дзіўнага і нечаканага, паколькі практычна ва ўсе часы (а асабліва пачынаючы з ХХ стагоддзя) ў розных краінах свету было нямала людзей, арыентаваных у спажыванні артэфактаў культуры не на ўласнае самаразвіццё, самаўдасканаленне, а найперш на бяздумны адпачынак, на ўсялякія забавы і на атрыманне пэўнай пачуццёвай асалоды. Нездарма яшчэ ледзь не стагоддзе таму назад выдатны нямецкі філосаф, тэолаг, музыкант і ўрач Альберт Швэйцар у сваёй фундаментальнай працы “Заняпад і адраджэнне культуры” выказаў вельмі актуальную і сёння думку пра тое, што разнастайныя сацыяльныя і культурныя інстытуты (найперш тэатры, газеты і часопісы), якія замест таго, каб стымуляваць духоўнае жыццё, самі “пранікліся” духам легкадумнасці, павярхоўнасці і пачалі садзейнічаць скочванню (у арыгінале – сползанию. – Э.Д.) грамадства да такога ж стану і накладваць на яго пячатку шэрасці і бяздум’я”. Пры гэтым, на яго погляд, менавіта падобнае бяздум’е “стала для чалавека другой натурай”. Ну, а як вядома, і першая, і другая натуры вызначаюць паўсядзённыя паводзіны людзей, іх светаўспрыманне, іерархію жыццёвых каштоўнасцей.
Прычым асабліва сумна тое, што за прамінулы час пасля вышэйпрыведзенага выказвання сітуацыя, безумоўна, толькі пагоршылася і цяпер з’яўляецца проста крытычнай, нават амаль катастрафічнай. Па маім перакананні, сённяшняя канцэнтрацыя шэрасці, глупства, безгустоўнасці, цынізму, блюзнерства, бязглуздасці і брыдкаслоўя ў сферы культуры сапраўды дасягнула крытычнай масы. І далей натуральным чынам пойдуць (а дакладней, ужо і пайшлі!) незваротныя працэсы маральна-духоўнай дэградацыі, выраджэння сучасных абывацеляў і т.зв. новых геданістаў.
Апошняе словазлучэнне тут выкарыстана невыпадкова, паколькі сёння амаль што ўсе кантыненты свету ахапіў своеасаблівы “новы геданізм”, які не мае нічога агульнага са старажытным этычным вучэннем і разглядаецца мною як непера­адольнае імкненне многіх людзей (найперш маладых) да атрымання пачуццёвай асалоды ўсімі магчымымі шляхамі і сродкамі. Агульнавядома, што найбольш папулярнымі “каналамі” дасягнення асалоды (дакладней, відаць, будзе сказаць псеўда-асалоды) з’яўляюцца ўжыванне алкаголю, наркотыкаў, неўтаймаваны секс ва ўсіх ягоных формах, захапленне псіхадэлічнай музыкай, сумніўнымі містычнымі практыкамі і г. д. І можна толькі гіпатэтычна ўявіць, наколькі б магла быць багацей сусветная культура, калі б сапраўды адораныя людзі замест ужывання наркотыкаў, алкагольных напояў, псіхадэлікаў і безлічы выпадковых інтымных кантактаў заняліся б напісаннем літаратурных, музычных, жывапісных твораў! Але што ж зробіш, калі неадольная цяга да ўцех і забаваў найчасцей аказваецца больш магутнай, чым імкненне да высокага мастацтва...

Узнікненне і пашырэнне фрагментарна-хаатычнага мастацтва

З пэўнай доляй умоўнасці яшчэ можна сцвярджаць, што ў сучасным свеце культура паступова робіцца ўсё больш хаатычнай і фрагментарнай. Такая культура пачынае нагадваць своеасаблівыя аскепкі былой мазаікі, што была, фігуральна кажучы, разбіта ў роспачы якойсьці невядомай нам вышэйшай істотай, якой урэшце рэшт канчаткова надакучыла назіраць зверху за людзьмі-мурашамі і іх няўхільна дэградуючай культурай.
Прыкметнае пашырэнне падобнага фрагментарнага мастацтва можа мець і ўжо, безумоўна, мае пэўныя негатыўныя наступствы для маральна-духоўнага развіцця соцыуму. Гэта звязана з тым, што сучасная культура, няўхільна становячыся ўсё больш і больш хаатычнай, не можа болей закранаць, усхваляваць душу і сэрца гледача/чытача/слухача, не можа выклікаць бадай што ніякіх станоўчых эмоцый і пачуццяў – хіба што за выключэннем адмоўных, негатыўных (напр., раздражнення, адчужэння). У супрацьвагу сённяшняй сітуацыі, у мінулыя стагодддзі і нават тысячагоддзі сапраўдная культура заўжды выклікала суперажыванне, духоўнае хваляванне, часам прыводзіла да своеасаблівага ачышчэння – т.зв. “катарсісу” (паводле старажытнагрэчаскіх уяўленняў пра ролю мастацтва ў жыцці чалавека).
Інакш кажучы, з сучаснага мастацтва актыўна выціскаецца чалавечая душа з яе імкненнем да святла, дабра, хараства, чысціні. І адначасова з гэтым, у мастацтве ў супрацьвагу былому “светламу” відавочна ўзмацняецца “цёмны” пачатак, падваліны якога закладваюцца ў бязмежных глыбінях чалавечай падсвядомасці – дакладней, карыстаючыся тэрміналогіяй Фрэйда і Юнга, індывідуальнага і калектыўнага неўсвядомленага. У выніку мастацкія творы нібы “паднімаюцца” з гэтых падвалінаў падсвядомасці і амаль без ніякай апрацоўкі выдаюцца, як кажуць, “на гара”. Падобныя спантанныя творы найчасцей пішуцца і практычна адразу друкуюцца, выстаўляюцца напаказ, выносяцца на публіку. З-за гэтага ў шырокі свет “выходзіць” мноства твораў, для якіх іманентна ўласцівы нязграбнасць, аляпаватасць, неахайнасць формы, незразумеласць сэнсу, хаатычны набор няўцямных вобразаў, метафар і да т.п. Зразумела, што такія артэфакты нярэдка пакідаюць іх спажывальнікаў абыякавымі або выклікаюць духоўнае непрыманне. Чаму? Ды проста таму, што з даўніх часоў найбольшае эмацыянальнае ўздзеянне на чытачоў, гледачоў аказвалі творы (найперш – паэтычныя) альбо з глыбокім зместам, вытанчанай формай, альбо з яркімі арыгінальнымі вобразамі, альбо з запамінальнымі рытмамі, рыфмамі, непаўторнай “мелодыкай”. Але найчасцей усе вышэйназваныя складнікі высокага мастацтва ўздзейнічалі не паасобку, а адначасова, ствараючы ў выніку незвычайны мастацкі эфект.
У мінулым і ў пачатку 21 стагоддзя адмысловая “цьмянасць”, неахайнасць і “непрасветленасць” літаратурных твораў пачалі лічыцца знакам мастацкай каштоўнасці, праявай нібыта элітарнай культуры, адлюстраваннем “літаратурнай моды”, тады як творы ясныя, празрыстыя па зместу, прыгожыя па форме ўспрымаюцца як праява больш нізкапробнай, неглыбокай культуры, увогуле як з’ява ў сучасным свеце надзвычай старамодная, архаічная, кансерватыўная. У гэтым сэнсе варта прыгадаць выдатнае эсэ Рыгора Барадуліна “Не разбіць, не спыніць, не стрымаць...” (1991), прысвечанае творчаму шляху Максіма Багдановіча. У ім народны паэт Беларусі слушна адзначаў, што ў класічнай паэзіі традыцыйнага кшталту нават і коска мае велізарнае значэнне, у той час як у процівагу ёй “у мадэрновай паэзіі, дзе не патрабуецца ні думкі, ні пачуцця, дзе толькі паток альбо падцёк свядомасці, дастаткова валодаць машынапісам”.
У гэтым кантэксце ўяўляецца цікавай і паказальнай пазіцыя аднаго з найбольш адораных англамоўных паэтаў мінулага стагоддзя Дылана Томаса, якога некаторыя лічылі сюррэалістам, але сам ён не пагаджаўся з такім меркаваннем і абгрунтаваў сваё непрыманне гэтага мастацкага кірунку наступным чынам: “Задача паэта – зрабіць зразумелым тое, што сыходзіць з яго падсвядомасці. Адна з асноўных вялікіх функцый інтэлекта – адбіраць (падкрэслена мною. – Э.Д.) з аморфнай масы народжаных падсвядомасцю вобразаў тыя, якія лепш за ўсё спрыяюць дасягненню творчай мэты”.
У цэлым, сучасная хаатычна-фрагментарная культура, на мой погляд, з’яўляецца бадай заканамерным вынікам, з аднаго боку, нарастаючай інфантылізацыі (інфантылізму) асобы ў сённяшнім свеце, а з другога – узмацнення адчужанасці паміж людзьмі ў іх паўсядзённых стасунках. Прычым дзве гэтыя тэндэнцыі, як ні парадаксальна гэта можа гучаць, даволі цесна паміж сабой узаемазвязаны. Такую сітуацыю можна патлумачыць тым, што інфантылізм (духоўная і інтэлектуальная “няспеласць” асобы) пачынае больш праяўляцца з-за ўзмацнення адчужанасці, а апошняя, у сваю чаргу, становіцца распаўсюджанай з’явай часткова з-за наяўнасці асобаснай інфантыльнасці.
Падобная адчужанасць і ўзаемная непрыхільнасць сярод прадстаўнікоў мастацтва ўзрастаюць яшчэ і з-за таго, што творцы часта бываюць “падзелены” на шматлікія арганізацыі, суполкі і групоўкі. (Зразумела, што тут гаворка не ідзе пра здаровую творчую канкурэнцыю, якую ў цэлым можна лічыць станоўчай з’явай для любога віда мастацтва). Акрамя таго, пэўная адчужанасць існуе таксама і ўнутры гэтых творчых супольнасцяў. Пра вышэйназваную тэндэнцыю сведчыць таксама і такі адмысловы феномен, сутнасць якога можна вызначыць як непрачытанасць/непрагледжанасць/непраслуханасць мастацкіх твораў.
Прычым асабліва насцярожвае той факт, што не прачытваюць паэтычныя і празаічныя творы, не праглядаюць жывапісныя работы, не праслухоўваюць музычныя творы не толькі звычайныя, шараговыя чытачы/гледачы/слухачы, але і самі творцы, якія, здавалася б, як ніхто іншы павінны добра ведаць творчыя здабыткі сваіх калег (сяброў, знаёмых і незнаёмых людзей), уважліва сачыць і абмяркоўваць іх новыя опусы. Але ж не! Выглядае на тое, што сёння большасць творцаў “зацыклена” толькі на стварэнні ўласных “шэдэўраў”, а на творчасць іншых майстроў (між іншым, часцяком больш таленавітых, чым яны самі) пазірае або высакамерна, або паблажліва-абыякава, або з непрыхаваным сарказмам. У выніку атрымліваецца своеасаблівая дэзарыентацыя творцы, калі ён з-за падобнай “неазнаёмленасці”, (маўляў, “навошта ж чытаць, слухаць творцу X або Y, калі я іх на дух не пераношу!”) часта бывае проста не ў стане больш-менш адэкватна ацаніць сваё рэальнае месца ў айчынным мастацтве.
І вось такія адчужаныя і ўнутрана ў большай або меншай ступені інфантыль­ныя асобы ствараюць мноства хаатычна-фрагментарных мастацкіх твораў, практычна поўнасцю пазбаўленых глыбокіх думак і пачуццяў. Прычым паколькі падобныя опусы сёння часта актыўна друкуюцца, агучваюцца падчас публічных выступленняў, то гэта ўмацоўвае веру аўтараў ва ўласнай таленавітасці, велічы, геніяльнасці і яны нібы пачынаюць “падбухторваць” іншых неафітаў хутчэй далучацца да іх багемнай суполкі.
У сучасны перыяд гэтая сітуацыя становіцца ўсё больш і больш характэрнай не толькі для мадэрнісцкага мастацтва, але і традыцыйнага, у якім таксама відавочна заўважаецца “крызіс жанру”, здрабненне тэм і вобразаў, своеасаблівая інфляцыя абясцэньванне зместу. Пры гэтым і ў тым, і ў другім выпадку заўважаецца нарастаючая “дэпрафесіяналізацыя” мастацтва, дыскрэдытацыя “рамяства літаратара”, арыентацыя на ўжо даўно вядомыя ва ўсім свеце падыходы, стылі, творчыя напрацоўкі. Строга кажучы, галоўная розніца паміж традыцыяналісцкім (рэалістычным) і мадэрнісцкім мастацтвам заключаецца ў тым, што калі першае арыентавана пераважна на свядомае захаванне агульнавядомых прыкмет літаратурнага твора (напр., у вершах – традыцыйных рыфмаў, строфікі, метрыкі, тэматыкі), то другое – адпаведна на разбурэнне тых жа самых знешніх прыкмет мастацкіх твораў.
Іншымі словамі, калі першых можна назваць адоранымі або бяздарнымі “захавальнікамі”, то другіх (па аналогіі) адоранымі або бяздарнымі “разбуральні­камі”. У абодвух выпадках няма, па сутнасці, нічога прынцыпова новага, па­коль­кі “захавальнікі” вядомы ўжо як мінімум некалькі тысячагоддзяў, а “разбуральнікі” – не менш чым стагоддзе. Калі казаць вобразна, то адмысловая “літаратурная стужка” традыцыяналістаў вельмі доўгая, а мадэрністаў – яшчэ адносна кароткая. Толькі і ў першых, і ў другіх гэтыя стужкі з былых яркіх, шматколерных і тоўстых паступова пераўтварыліся ў даволі бледныя, аднастайныя і тонкія.
У сваёй знакамітай кнізе “Скуты розум” (1951) выдатны польскі паэт, эсэіст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш дае цікавае тлумачэнне істотным зменам у стылі і змесце сваіх твораў да пачатку Другой сусветнай вайны і падчас апошняй. Ён адзначае, што да 1939 г. ягоная паэзія (як і ўлюбёная ім французская) была малазразумелая і набліжаная да сюррэалізму, але досвед вайны і акупацыі заўважна паўплывалі на яго творчасць і светаўспрыманне. Тады аўтар больш выразна ўсвядоміў грамадскае значэнне літаратуры і ў выніку, па ягоных словах, “мая паэзія стала больш зразумелай – як здараецца звычайна, калі паэт хоча пераказаць нешта важнае сваім чытачам”.
І сапраўды, больш-менш працяглае жыццё творцы ў экстрэмальных ці проста ў складаных умовах, як правіла, спрыяе яго хуткаму сталенню (па-руску – “возмужанию”), імкліваму пераадоленню сваіх інфантыльных поглядаў. Улічваючы гэта, становіцца зразумелым, чаму найбольш глыбокія, пранікнёныя, па-сапраўднаму гуманістычныя творы ў айчыннай літаратуры (як, між іншым, і ў большасці іншых нацыянальных літаратур) былі створаныя менавіта тымі творцамі, хто прайшоў немалыя жыццёвыя выпрабаванні, пакуты. Падобныя творы найчасцей напісаны яснай, зразумелай мовай па той прычыне, што іх аўтары прыкладалі ўсе інтэлектуальныя сілы дзеля таго, каб данесці да самага шырокага чытача-суразмоўцы свае патаемныя перажыванні, найбольш важныя ідэі, думкі, падзяліцца сваімі пачуццямі, трывогамі.
Нярэдка ў сучасным свеце сустракаецца і, на жаль, часта вітаецца, не толькі здаўна вядомая музычная, але і т.зв. “літаратурная какафонія” – па сутнасці, набор выпадковых, амаль нічым не звязаных паміж сабой слоў/фразаў, якія тым не менш выдаюцца за нібыта глыбакадумныя і завершаныя літаратурныя творы. Зусім верагодна, што аўтары падобных опусаў альбо часцяком і самі амаль нічога не разумеюць у сваіх адмысловых “гульнях розуму”, альбо, наадварот, спецыяльна пішуць такія знешне нібыта найскладанейшыя, надзвычай мудрагелістыя (узгадаем тут “заумь” Веліміра Хлебнікава) творы, якія на самой справе нярэдка не нясуць заўважнай сэнсавай нагрузкі і часам, строга кажучы, з’яўляюцца па сутнасці простай бязглуздзіцай/ахінеяй/лухтой/мурой.
Сёння мне ўяўляецца вельмі актуальнай задачай хутчэйшае пераадоленне гэтай какафоніі ў сферы культуры і стварэнне на яе падвалінах новай гармоніі – хай сабе і “пранізанай” асобнымі нотамі ці акордамі дысгармоніі. Хаця і здаецца, што хаатычна-фрагментарная культура “цягне” ўсіх нас у культурную бездань, альбо ў мастацкі тупік, аднак яна ў перспектыве ўсё-такі можа стаць своеасаблівай “пляцоўкай” паспяховага развіцця культуры на новым вітку яе гістарычнай эвалюцыі.
З такой хаатычнай культуры, як з рассыпаных шкельцаў, мажліва, калісьці можна будзе скласці новую, больш прыгожую культурную мазаіку. Праўда, для гэтага неабходна найперш “вылушчыць” з вялізных масіваў мастацкага “шлаку, смецця” сапраўдныя каштоўнасці, жамчужынкі мастацтва і захаваць іх для наступных пакаленняў. Акрамя таго, спатрэбяцца яшчэ проста тытанічныя высілкі многіх надзвычай адораных творцаў, якія змаглі б за больш-менш кароткі час інтэграваць, сінтэзаваць у сваёй творчасці найлепшыя здабыткі розных мастацкіх кірункаў, стыляў і на аснове падобнага сінтэзу вытварыць нешта сапраўды арыгінальнае і непаўторнае.

Мітусліва-тусовачная творчасць
і дэпачуццёвасць грамадства

У сучасным свеце відавочна заўважаецца арыентацыя не столькі на ўнутранае (у сэнсе – на сам змест мастацкага твора і яго мастацкія вартасці), а больш на знешняе – г.зн. на атрыманне грошай, прызнання, славы, пасад, званняў, прэмій і г.д. Сучасны творца зараз (мажліва, як ніколі раней) хоча як мага хутчэй дабіцца славы, прызнання, але ў наш жорсткі час дасягнуць гэтага стала надзвычай складана. Многія аўтары хочуць напісаць, намаляваць што-небудзь істотнае, але паколькі на гэтым шляху паўстае мноства ўсялякіх перашкодаў, то творцы пачынаюць адчуваць псіхалагічны дыскамфорт, што ў сваю чаргу сказваецца на немагчымасці ажыццявіць, здзейсніць задуманае.
Адной з прычын такога адмысловага феномену (яго можна ўмоўна вызначыць як “няздольнасць стварыць завершаны мастацкі твор”) з’яўляецца, на мой погляд, нечуваная раней “разбэрсанасць” нашага часу, усеагульная сумбурнасць, мітуслівасць паўсядзённага жыцця, калі чалавеку сапраўды прыходзіцца (найперш у гарадах) вельмі шмат мітусіцца, нямала высілкаў траціць на малазначныя, несур’ёзныя справы і дзеянні. Таму ў такой мітусні бадай не застаецца часу для заняткаў сур’ёзнай творчасцю, для глыбокай унутранай засяроджанасці і спакойнай працы, а потым для дапрацоўкі і шліфоўкі сваіх опусаў. У выніку створаныя ў падобных неспрыяльных абставінах творы таксама нібыта “насычаны” гэтай мітуснёй, разбэрсанасцю, што, як правіла, прыкметна зніжае іх мастацкія вартасці.
Можна нават сказаць, што ў выніку ўзнікае т.зв. “мітуслівая культура”, якая з аднаго боку адлюстроўвае, спасцігае не метафізічныя пытанні быцця, а яго павярхоўны, знешні пласт, а з другога, у саміх творцаў у выніку паўсядзённага існавання ў такой сітуацыі паступова фарміруецца “мітуслівае мысленне” (ментальнасць), што накладвае адпаведны адбітак на змест і форму мастацкіх твораў. Пры гэтым апошнія становяцца падобнымі на серыю своеасаблівых ментальных “ласкуткоў” (фрагментаў), дзе часам немагчыма зразумець змест твора, дзе няма адчування завершанасці і магчымасці чытацкага суперажывання.
У выніку навідавоку своеасаблівая “дэпачуццёвасць” мастацтва – г.зн. надзвычай слабая ў ім выяўленасць або поўная адсутнасць практычна ўсялякіх пачуццяў. А ў кожнага ж чалавека эмоцый і пачуццяў вялікае мноства – мажліва, каля сотні, прычым большасць з іх адмоўныя, негатыўныя! Так ствараецца своеасаблівая дэпачуццёвая паэзія, дэпачуццёвае выяўленчае мастацтва і да т.п.
У эсэ-успаміне Барыса Пятровіча “Нічый Чарнобыль” (2009) аўтар, гаворачы пра надзвычайныя нашыя бесклапотнасць, бестурботнасць і абыякавасць (да саміх сябе, сваіх блізкіх, нашчадкаў, да сваёй роднай зямлі і ўсёй Планеты), галоўную прычыну такой сітуацыі бачыць у тым, што “мы даўно ўжо не абыякавыя, мы – пачуццёва мёртвыя”. Безумоўна, гэтае сцвярджэнне надзвычай вострае, горкае, але ж па глыбіннай сутнасці (прызнаемся шчыра!) слушнае.
Мне здаецца, што адлюстраваннем (а мо, натуральным следствам?!) падобнага стану грамадства з’яўляецца і стварэнне своеасаблівага “мёртвага ці змярцвелага мастацтва”, у творах якога, на вялікі жаль, амаль што не сустрэнеш (за рэдкім выключэннем) выяўлення яркіх пачуццяў, перажыванняў, не знойдзеш глыбокіх думак, свежых ідэй, запамінальных метафар. Тут адразу ўзгадваюцца словы з лекцыі “Музыка паэзіі”, прачытанай класікам сусветнай паэзіі 20 ст. Томасам Эліётам яшчэ ў 1942 г. у адным з брытанскіх універсітэтаў, дзе ён падкрэсліваў, што кожны верш можна лічыць значным і вартым публічнай увагі толькі тады, “калі ён паведаміў нам нешта важнае, чымсьці нас закрануў; калі ж ён (верш. – Э.Д.) нас нічым не закрануў, то паэтычна ён бессэнсоўны”.
Абсалютная большасць тых твораў, што сёння друкуюцца ў персанальных і калектыўных зборніках, на старонках перыядычных выданняў і Інтэрнэце, вызначаецца або відавочнай банальнасцю, прымітыўнасцю, або (другая крайнасць!) надзвычайнай цьмянасцю, няўцямнасцю, за якімі нярэдка хаваецца ўнутраная пустата, духоўная спустошанасць аўтара. Але ў той жа час пры ўсіх мастацкіх недасканаласцях падобных опусаў іх аўтары звычайна вызначаюцца завышанай самаацэнкай (ажно да ўспрымання саміх сябе выдатнымі творцамі і нават геніямі), фанабэрыстасцю, няздольнасцю зірнуць на свае творы больш-менш аб’ектыўна і непрыняццем любой крытыкі ў свой адрас.
На мой погляд, у наш час мастацтва ўсё больш пачынае нагадваць своеасаблівыя багемныя клубы па інтарэсах. Культура стала па сутнасці тусовачнай з’явай. Інакш кажучы, сёння ўзнікае адмысловае “тусовачнае мастацтва” – г. зн. як створанае ў межах пэўнай нешматлікай тусоўкі, так і прызначанае пераважна для яе ж прадстаўнікоў. Прычым у такія творчыя суполкі ў асноўным уваходзяць людзі маладога і сярэдняга ўзросту, аб’яднаныя дзейнасцю ў галіне канкрэтнага віда мастацтва. Але кожны творца, хто пачынае ствараць сапраўды выдатныя мастацкія каштоўнасці, звычайна вельмі хутка “перарастае” гэтую тусоўку і выходзіць на больш шырокія абсягі.
Гаворачы пра багемна-тусовачны лад жыцця маладых мастакоў, паэтаў, празаікаў, класік французскай літаратуры Анарэ дэ Бальзак у сваёй аповесці “Прынц багемы” (1840) з пэўнай доляй сарказму адзначае, што амаль усе яны “ў сваім родзе геніяльныя, хаця пакуль яшчэ мала вядомыя” і пры гэтым “сапраўдны дух багемы перадаецца словам бахвальства”. Як жа трапна выдатны знаўца чалавечай душы сказаў пра светаўспрыманне і паводзіны большасці прадстаўнікоў мастацтва! Прычым гэтая характарыстыка не страчвала і, відаць, ніколі не страціць сваёй актуальнасці. Хіба ж яшчэ сто семдзесят гадоў таму Бальзак сказаў гэта і не пра многіх сучасных беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, музыкантаў?! Мне здаецца, што ён, як кажуць, “патрапіў у яблычак”. І сёння сярод айчынных творцаў заўважаецца нямала праяваў славалюбства, бахвальства, цынізму, зайздрасці, непрыхаванай непрыязі адзін да аднаго і да т.п. Мяркую, што калі б нашыя творцы (а сярод іх нямала і сапраўды таленавітых людзей) скіроўвалі ўсю сваю энергію і ўвагу не на “заганныя” думкі і ўчынкі, а на ўласную творчасць, на імкненне да няспыннага інтэлектуальна-духоўнага самаўдасканалення, то было б створана значна больш высокаякасных, дасканалых мастацкіх твораў.

Сапраўдны творца – канатаходзец і... “моцны арэшак”

Дык з чым ці з кім у сённяшні час можна параўнаць сапраўднага Мастака, сапраўднага Творцу? Для гэтага, здаецца, можна падабраць шмат больш-менш яркіх, запамінальных вобразаў, метафар, але мы тут спынімся толькі на некалькіх. Адзін з магчымых адказаў на пастаўленае пытанне можа заключацца ў параўнанні сапраўды адоранага мастака з травой, якая насуперак усяму ўсё-ткі “прабіваецца” праз асфальт. Таксама і творца – спачатку нікому не вядомы расце, сталее, а затым урэшце “прабіваецца” праз нагрувашчванні паўсядзённага хаосу, сумбуру, глупства да вяршыняў майстэрства, да прызнання і славы.
У наш жорсткі і нелітасцівы час любы творца заўжды павінен быць свое­асаблівым “моцным арэшкам” (прыгадаем тут аднайменную назву вядомага філь­ма), здольным вытрымліваць адначасова як пакуты і супярэчнасці сваёй душы, так і ўсведамленне недасканаласці сваіх уласных твораў, а з другога боку, больш-менш вострую крытыку з боку калег па пяру, літаратурных крытыкаў і ўсялякіх неафітаў ад літаратуры. Толькі тады можна плённа, паспяхова тварыць на працягу многіх гадоў і дзесяцігоддзяў, няўхільна ўдасканальваючы сваё літаратурнае майстэрства і адпаведна павышаючы мастацкі ўзровень сваіх твораў. У адваротным выпадку, калі гэты “арэшак” не вытрымае і ўрэшце ад удараў з розных бакоў расколецца, гэта будзе азначаць па сутнасці канец (ці, прынамсі, пачатак канца) яго ўласнай творчасці і ў перспектыве можа прывесці яго да творчага здранцвення, духоўнай дэградацыі.
Сапраўднаму пісьменніку, безумоўна, супрацьпаказаныя ўсялякае піжонства і сібарыцтва, бо іначай вельмі лёгка можна адарвацца ад рэальнасці і скаціцца ў прорву бездухоўнасці, пафаснай ілжывасці, інтэлектуальнай апустошанасці. Як вядома, літаратурныя піжоны любяць на шырокай публіцы ці ў прыватных, кулуарных асяродках пахваліцца сваёй нібыта надзвычайнай адоранасцю, геніяльнасцю, сваімі надрукаванымі ў вядомых і прэстыжных перыядычных выданнях Беларусі і замежных краін творамі, сваімі выдатна аформленымі кніжкамі. Але ж, па-першае, многія з гэтых выданняў цяпер ужо наўрад ці можна назваць прэстыжнымі, а па-другое, пра ступень адоранасці творцаў павінны, па майму перакананню, казаць не самі аўтары, а найперш іх удумлівыя і адукаваныя чытачы, незаангажаваныя літаратурныя крытыкі. Прычым сімптаматычным з’яўляецца тое, што такія “геніі” практычна ніколі не гавораць пра змест сваіх “шэдэўраў”. І сапраўды, такімі творамі (па вялікаму рахунку) няма сур’ёзных падстаў ганарыцца, паколькі яны нярэдка з’яўляюцца своеасаблівымі літаратурнымі пустышкамі ці ў лепшым выпадку падробкамі пад глыбакадумныя творы.
Калісьці выдатны французскі філосаф і пісьменнік Жан-Поль Сартр выказаў слушную ідэю пра выключную важнасць для пісьменніка ўмець чакаць да тых часоў, калі нарэшце “вопыт і спеласць не пачнуць свае вялікія дыктоўкі”. І сапраўды, любому сапраўднаму творцу варта навучыцца цярплівасці, чаканню дзеля таго каб няспешна ўдасканальваць сваё майстэрства, выявіць увесь свой талент (натуральна, калі ён ёсць у наяўнасці!) і толькі затым выходзіць на публіку не з “сырымі”, а ўжо набліжанымі да дасканаласці творамі.
Аднак, безумоўна, можна зразумець жаданне маладых аўтараў як мага хутчэй пачаць друкавацца, часцей бачыць сваё імя на старонках кніг, перыядычных выданняў і ў Інтэрнэце, чуць свой голас па радыё і бачыць свой твар па тэлебачанні (праўда, “супрацоўніцтва” з апошнім па агульнавядомых прычынах у абсалютнай большасці сучасных творцаў не атрымліваецца). У цэлым падобнае імкненне творцаў выглядае даволі натуральным і звязана ў першую чаргу з юнацкім максімалізмам або з яго непераадоленымі “рэшткамі” ў сталым узросце.
І ўсё-ткі, на мой погляд, тут больш істотнымі і карыснымі былі б не жаданне найхутчэй апублікавацца, “засвяціцца”, а заўсёднае адчуванне творчай незадаволенасці і нястомныя спробы пераадолець вышэйназваны максімалізм, зменшыць свае надзвычай вялікія амбіцыі і пастаянна займацца самаўдасканаленнем, духоўным узбагачэннем, няспынным “выхаваннем пачуццяў” (узгадаем аднайменны раман Густава Флабэра), набыццём неабходных ведаў і своеасаблівай “выпрацоўкай густу” – у супрацьвагу цяпер даволі пашыранай безгустоўнасці. І ўжо потым набытыя веды і жыццёвы вопыт будуць сапраўды “дыктаваць”, “падказваць” творцу, што, як і чаму трэба пісаць.
Усё гэта дасць магчымасць альбо зусім не друкаваць і не выстаўляць на ўсеагульны агляд свае яшчэ няспелыя, кепскія, дрэнныя опусы, а адразу (хаця і з большым ці меншым спазненнем) выходзіць да чытача з ужо даспелымі, выпакутаванымі творамі. І ад гэтага будзе яшчэ адна карысць – не прыйдзецца ў сталым узросце саромецца мастацкай спадчыны часоў сваёй маладосці. У адваротным выпадку хутчэй за ўсё непазбежным будзе сітуацыя, здаўна вядомая сярод мноства літаратараў усіх часоў і народаў – калі творцы альбо па сутнасці адмаўляюцца ад сваіх няспелых твораў і забараняюць сабе і іншым іх друкаваць, альбо спрабуюць іх перапісаць па-новаму, ужо з вышыні сваіх гадоў і свайго сапраўднага майстэрства.
Яшчэ сапраўднага творцу можна параўнаць з канатаходцам над безданню жыццёвай мітусні і бездухоўнасці. І дзеля таго каб яму паспяхова прайсці ўвесь найскладанейшы шлях ад творчага пачатку/няспеласці/невядомасці да творчага росквіту/прызнання/славы, надзвычай патрэбныя немалое майстэрства, смеласць, вопыт, вытрымка, максімальная канцэнтрацыя, мабілізацыя ўсіх сваіх фізічных і духоўных сілаў, неверагоднае жаданне ісці наперад, да сваёй жаданай мэты. Шляху назад няма, немагчыма нават проста стаць і азірнуцца. Толькі наперад, толькі да мэты! Безумоўна, такі творца-канатаходзец можа з-за розных абставін, прычын аступіцца, упасці ўніз і так і застацца непрызнаным, незразумелым, альбо нарэшце толькі пасля апошняга фатальнага падзення атрымаць большае ці меншае пасмяротнае прызнанне (што, на вялікі жаль, часам мела месца ў гісторыі нацыянальных літаратур).
Літоўскі паэт і перакладчык Томас Венцлава ў сваім эсэ, прысвечаным творчасці польскага паэта Чэслава Мілаша, слушна адзначаў, што апошні, як выдатны творца даволі рана зразумеў, што сапраўдны Паэт – гэта “не столькі пераўтваральнік, колькі сумленне свету”. Дарэчы, гэты класік польскай літаратуры калісьці казаў, што “таталітарызм гатовы дазволіць авангардныя дзівацтвы, каб паэт быў чым-небудзь заняты і не імкнуўся ўздзейнічаць на рэальнасць”. У посттаталітарны перыяд звычайна яшчэ больш-менш працяглы час захоўваюцца ранейшыя метады і практыкі “работы” з дзеячамі культуры – усялякае задобрыванне найбольш лаяльных і яўная ці прыхаваная барацьба з нелаяльнымі, з іншадумцамі. Таму невыпадкова, што яшчэ і сёння сучасныя творцы па сутнасці ніяк не могуць (і ў большасці нават не спрабуюць!) хоць неяк уздзейнічаць на рэальнасць і на нейкія змены ў грамадскім жыцці. І прычын такой з’явы некалькі. Гэта і “выцясненне” сапраўднага мастацтва ў маргінальную зону, на перыферыю ўвагі соцыума, і захаванне пэўных цэнзурных абмежаванняў, і наяўнасць у многіх творцаў уласнай самацэнзуры, абумоўленай у значнай ступені і іх унутранымі комплексамі, страхамі, трывогамі.
А вось як ёміста выявіла сутнасць паэзіі і адметнасць светаўспрымання сапраўдных творцаў наша слынная паэтка Ларыса Геніюш, стогадовы юбілей з дня народзінаў якой літаратурная грамадскасць адзначыла мінулым летам. Прывядзем тут толькі першае чатырохрадкоўе з яе верша “Паэты”:

Поўнае сэрца узнёслых турбот,
Красою зямлі захапленне.
Паэты – зусім не манашаскі род.
Паэты – жывыя стварэнні.

Так, гэта ў ідэале Паэты такімі павінны быць, але ж, шаноўныя чытачы, уважліва прачытайце ўсё тое, што друкуецца сёння на старонках дзяржаўных і прыватных выданняў, на розных Інтэрнет-сайтах і, паклаўшы руку на сэрца, шчыра спытайцеся ў саміх сябе: “Ці ж многа зараз ёсць творцаў (з тых многіх соцень членаў абодвух Саюзаў пісьменнікаў), якія шчыра перажываюць за лёс Беларусі, яе мовы і культурнай спадчыны, хто паказвае нам прыклад высокай духоўнасці, сумленнасці, гуманнасці, у каго сапраўды “поўнае сэрца узнёслых турбот”? Адказ, мяркую, будзе адназначна-несуцяшальны – у сённяшні мітуслівы і цынічны час такіх пісьменнікаў, на вялікі жаль, засталося няшмат, прычым гэта пераважна асобныя паэты і празаікі старэйшага, сярэдняга ўзросту і зусім рэдка прадстаўнікі творчай моладзі.
У адной са сваіх рэцэнзій на вершы Наталлі Арсенневай выдатны беларускі паэт і перакладчык Уладзімір Жылка, даючы ў цэлым станоўчую ацэнку яе творчасці, тым не менш слушна раіў аўтарцы, што ў далейшым “толькі сур’ёзней і стражэй трэба адносіцца да сваіх твораў, толькі больш вымагаць ад сябе, і мы пабачым многа-многа каштоўных і сапраўды мастацкіх рэчаў нашай пясняркі”. Якую ж харошую параду змог даць зусім яшчэ малады дваццацігадовы паэт яшчэ больш маладой паэтцы! Ды, здаецца, гэта была парада не толькі ёй адной, гэтаксама і ўсім маладым (і не толькі) паэтам свайго пакалення і ўсіх будучых часоў. Можна толькі марыць, каб гэтае цудоўнае пажаданне, агучанае яшчэ дзевяноста гадоў таму, узялі на “ўзбраенне” сучасныя айчынныя творцы, каб для іх яно стала своеасаблівай пуцяводнай зоркай на пакручастым шляху да вяршынь літаратурнага майстэрства.
Выдатны беларускі паэт, празаік і эсэіст Міхась Стральцоў калісьці слушна выказаўся пра тое, што сапраўднае высокае мастацтва “не бывае ні бессэнсоўным, ні вычварным”, а найгалоўнейшы “клопат усялякага слова – знайсці найкарацейшы шлях да суразмоўніка, слухача, чытача”. Добрае ўяўленне пра спецыфіку і складанасць творчай працы сапраўднага Творцы дае эсэ “Паэт” (1995) Генадзя Бураўкіна, прысвечанае асэнсаванню выбітнага месца Рыгора Барадуліна на айчынным паэтычным Алімпе. Адзначаючы надзвычайную працавітасць, нястомнасць і апантанасць народнага паэта Беларусі, аўтар выказвае даволі цікавую здагадку аб тым, што, мажліва, Барадулін “не дае сваёй музе ні хвілінкі спачынку, не прыпыняе “творчы працэс” і ў сне”.
Ну што ж, калі гэта і так, то для айчыннага прыгожага пісьменства гэта вельмі добра. Бо дзякуючы такой творчай апантанасці нашага лепшага сучаснага паэта сёння мы маем мноства (дзясяткі? – не! – сотні!) па-барадулінску лёгкіх і нязмушаных, выкшталцоных шэдэўраў практычна ва ўсіх паэтычных жанрах. А прыгадайма яшчэ незлічоную колькасць ягоных непаўторных перакладаў – ды такіх, у якіх перакладчыка можна з поўным на тое правам лічыць сапраўдным су-аўтарам, су-размоўцам выдатных майстроў замежнай паэзіі. Вось што значыць талент ад Бога, памножаны на незвычайную працаздольнасць (а мо, лепей сказаць верша-здольнасць?) і выключную патрабавальнасць да самога сябе! Вось дзе цудоўны прыклад для сучасных маладых творцаў, праўда, толькі для тых, кім не авалодала манія ўласнай велічы і хто яшчэ ў стане зірнуць крытычным вокам на свае літаратурныя спробы!
Безумоўна, у агромністай творчай спадчыне народнага паэта Барадуліна (дарэчы, як і любых іншых Паэтаў – класікаў мінулых стагоддзяў і сённяшняга дня) ёсць геніяльныя, ёсць выдатныя, ёсць добрыя вершы, а ёсць, даруйце, і не вельмі харошыя, не вельмі ўдалыя, хтосьці можа сказаць нават слабыя, што звычайна абумоўлена шэрагам прычын. Калі казаць абагульнена (не маючы тут на ўвазе канкрэтнага аўтара), то прычынамі творчых няўдач нават самых таленавітых літаратараў могуць быць, напрыклад, неспрыяльныя для творчасці знешнія абставіны; жаданне як мага хутчэй адгукацца ў перыядычным друку на ўсялякія грамадскія падзеі; адсутнасць належнага майстэрства і жыццёвага вопыту ў гады юнацтва; напісанне асобных “заказных” твораў (па просьбе партыі, камсамола, сяброў, сваякоў, калег па пяру і інш.) і іх стварэнне не ў лепшым псіха-эмацыянальным і фізічным стане; часам недахоп якіх-небудзь ведаў; адсутнасць пачуцця гумару і самаіроніі (што нярэдка негатыўна ўплывае на мастацкіх ўзровень асобных твораў); выпадковая “здрада” густу ў момант “нараджэння” якіх-небудзь вобразаў ці рыфмаў і да т.п.
Сапраўды, такія творчыя “правалы” заўжды былі і будуць, бадай, ва ўсіх выдатных паэтаў – не гаворачы ўжо пра менш адораных творцаў і проста літаратурных рамеснікаў. Але ж тут трэба мець на ўвазе, што падобныя вершы з’яўляюцца няўдалымі, слабымі найчасцей не з-за таго, што яны проста кепска напісаны, а менавіта ў параўнанні з найлепшымі творамі Майстра. У той жа час для абсалютнай большасці паэтаў сярэдніх і больш нізкіх здольнасцяў стварэнне нават такіх “правальных” (для класікаў) твораў з’яўляецца, як правіла, недасягальнай мэтай.
А цяпер, паважаныя чытачы, параўнайце творы нашых лепшых паэтаў мінулых і старэйшых пакаленняў (напрыклад, Л. Геніюш, М. Стральцова, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна і інш.) з вершамі большасці сучасных паэтаў маладога і сярэдняга ўзросту. Ці шмат вы знойдзеце сярод безлічы твораў сённяшніх “прасунутых” (у розных сэнсах гэтага слова) пісьменнікаў такія прыклады, якія б маглі па-сапраўднаму ўскалыхнуць душу і сэрца, выклікаць пачуццё суперажывання, інспіраваць уласныя роздумы? Ці шмат творцаў зараз спрабуюць зразумела-празрыстай і ў той жа час ярка вобразнай мовай (што, між іншага, сведчыць яшчэ і пра павагу да сваіх патэнцыйных чытачоў), без усялякіх надуманых цьмянасцяў і піжонскага сцёбу выказаць свае набалелыя думкі, пачуцці, сказаць нарэшце ўсім аматарам мастацтва сапраўды нешта важнае, істотнае. Не ведаю, як вы, шаноўныя, адкажаце на пастаўленыя пытанні, але на мой погляд, такіх твораў сустракаецца сёння зусім няшмат і яны выглядаюць невялічкімі яркімі каменьчыкамі на беразе мора пасярод мноства цёмных, шэрых камянёў і ўсялякага бруду, выкінутага морам падчас шторму.

Ці скончыцца калі-небудзь заняпад культуры?

Падводзячы папярэднія вынікі, можна канстатаваць, што сённяшняя сітуацыя ў сферы культуры з’яўляецца крызіснай. Прычым гэты крызіс мае татальны характар, паколькі ахоплівае практычна ўсе віды і жанры мастацтва. Здаецца, што практычна ўсё самае істотнае, важнае і па-мастацку дасканалае ўжо напісана, прадумана, прагаворана, выказана дзесяць, пяцьдзясят, сто, тысячу гадоў таму назад у Еўропе, Азіі, Амерыцы, Афрыцы. І што ж далей? А далей, як кажуць, пойдуць і ўжо ідуць усялякія паўторы (таго, што ўжо было калісьці выказана на больш высокім мастацкім узроўні творцамі мінулых часоў) і самапаўторы сучасных аўтараў. Але усё ж такі нам – сучасным творцам – яшчэ застанецца што сказаць ў сваёй творчасці, паколькі новыя абставіны жыцця заўжды будуць “падказваць” нам і нейкія новыя мастацкія вобразы, параўнанні, ідэі.
Думаецца, што ў бліжэйшай перспектыве нас хутчэй за ўсё чакае непазбежнае нарастанне эпігонства, яўнага ці прыхаванага плагіяцтва, а значыць і ўзмацненне крызісных з’яў у розных культурных асяродках. Аднак, безумоўна, нельга ўсё ўяўляць толькі ў змрочных танах. Па справядлівасці трэба прызнаць, што шанец на аздараўленне айчыннага мастацтва поўнасцю яшчэ не страчаны. І дзеля таго патрэбна своеасаблівае сукупнае ўздзеянне многіх чыннікаў. Па-першае, патрэбна каб нашы найлепшыя сучасныя паэты пажылога і сярэдняга веку яшчэ больш-менш доўга трымаліся (у плане фізічнага і духоўнага здароўя) і працягвалі нас радаваць новымі высокамастацкімі творамі. Па-другое, было б пажадана, каб здольныя маладыя творцы больш патрабавальна і самакрытычна ставіліся да сваёй творчасці і пачалі, нарэшце, пісаць менш павярхоўна-неахайных, сцёбна-цынічных, і адпаведна больш глыбокіх па змесце, дасканалых па тэхніцы і выкшталцоных па форме мастацкіх твораў.
Па-трэцяе, айчынным пісьменнікам было б варта больш дэталёва разглядаць, аналізаваць творчасць сваіх калег і засяроджвацца ў першую чаргу на станоўчых (але не заплюшчваць вочы і на адмоўныя) баках іх творчай дзейнасці. Па-чацвёртае, было б карысным перастаць “грызціся” прадстаўнікам розных мастацкіх суполак, арганізацый, і больш думаць пра ўласную творчасць, а не пра тое, каб як мага больш балюча “падкалоць” свайго апанента. Па-пятае, калі зараз казаць пра паэтычнае мастацтва, то надзвычай важна перастаць урэшце рэшт любіць сябе ў паэзіі, а пачаць любіць паэзію ў саміх сябе. Праўда, тут неабходна зрабіць адну важную агаворку пра тое, што для гэтага паэзія абавязкова павінна быць “унутры” чалавека, заўжды “жыць” разам з ім.
У будучым абавязкова адбудзецца пэўная трансфармацыя беларускай культуры, паколькі ёй прыйдзецца “прыстасоўвацца” да новых абставін, да новых рэалій заўтрашняга дня. І вось тады, канчаткова прайшоўшы пакручасты шлях свайго развіцця і няўхільнай дэградацыі, можа ўзнікнуць сапраўды яркае, надзвычай самабытнае “новае мастацтва”. Інакш кажучы, з сённяшняга мастацкага хаосу можа ўрэшце рэшт “нарадзіцца” сапраўдная гармонія, а праз шырокія абсягі творчага пустазелля мусяць прабіцца і ўзрасці прыгожыя кветкі ці нават магутныя дрэвы высокага мастацтва. Прычым “інспіратарамі” такіх пазітыўных зрухаў могуць стаць як тыя таленавітыя творцы, якім зараз дзесьці па 20-30 гадоў, так і яшчэ зусім маленькія, але надзвычай адораныя хлапчукі і дзяўчынкі (у тым ліку і маленькія вундэркінды ў мастацтве). Прычым паступова колькасць такіх вундэркіндаў, верагодна, будзе павялічвацца, узрастаць і яны будуць (дакладней, павінны!) аказваць ўсё большы ўплыў на этнакультурнае і духоўнае развіццё ўсяго грамадства. І яшчэ тут варта падкрэсліць, што ў бліжэйшай перспектыве будзе няўхільна пашырацца прысутнасць жанчын у сферы элітарнай і масавай культуры. Менавіта больш ці менш адораныя жанчыны ўсё часцей і часцей выходзяць у авангард сусветнага і айчыннага мастацтва, а ў будучым гэты адмысловы трэнд стане яшчэ больш відавочным. Акрамя таго, мяркую, што калісьці ў высокае мастацтва вернецца своеасаблівая мода на сацыяльна значныя сюжэты, на мастацкае асэнсаванне вострых праблем грамадскага жыцця.
Праўда, чакаць падобных радыкальных, глабальных зрухаў спатрэбіцца, магчыма, яшчэ вельмі доўга ў межах жыцця аднаго чалавека, але зусім няшмат у маштабе гістарычнага Часу – верагодней за ўсё, гэта адбудзецца не раней чым праз некалькі дзесяцігоддзяў. Прычым для такога ўзлёту павінны, як гаворыцца, “быць у наяўнасці” спрыяльныя знешнія і ўнутраныя ўмовы – напрыклад, павінна мець месца сапраўдная свабода творчасці, павінна ўзмацніцца падтрымка культуры з боку дзяржавы і мецэнатаў, павінна палепшыцца якасць мастацкай адукацыі і да т.п. У цэлым жа ёсць пэўныя (і небеспадстаўныя) спадзяванні на тое, што калісьці беларуская культура ўсё ж зойме пачэснае, ганаровае месца ў вялікім суквецці высокаразвітых нацыянальных культур не толькі Еўропы, але і ўсяго свету.