12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Эдуард Дубянецкі

_____________________
Беларуская планіда. Вершы


Знядужаны вечар

Знядужаны маўклівы вечар,
паклаўшы
ў свой вялізны заплечнік
усе самыя яркія фарбы
і пахі дня,
і зняўшы з неба
згасаючы сонечны каганец,
кладзецца спаць
на чыстую пасцель
сваёй каханкі
чорнабровай – ночы...

Ранак-валацуга

Ціхенька ранак
коткай паўзе
ў маю хату.
Разгортваецца,
бы папірус, на сцяне
дзівосны сонечны малюнак –
ад каго
такі мне
незвычайны падарунак?!.

...Злятае з вейкаў сонная напруга –
што ж,
прывітанне,
ранак-валацуга!


Зруйнаваная прастора духу

Зруйнаваная
прастора Духу...

Я цішыню яе бяздушша
не парушу.

Дай моцы, Божа,
вырвацца з яе!

Сваіх мне сілаў
болей
не стае…


Адсутнасць

Адсутнасць тваіх слоў,
дыхання.

Бяссонне – з ночы
і да рання.

І сэрца –
на крыжы расстання…


Баліць...

Душа мая
Птушкай ляціць
Над морам жыцця, ў вышыні.
А сэрца баліць і баліць
Ад здрады, падману, хлусні...

Санет пра палёт душы паэта ў дзівосны край

Туды, дзе мора сінім аметыстам
Ляжыць ля прыбярэжных шэрых скал,
І дзе апошні хваль марскіх прычал,
І вецер дзе гуляе ў небе чыстым,

І забаўляе хмаркі сваім свістам
Лагодным і ледзь чутным; дзе карал
Блішчыць ў вадзе, бы сонца, і дзе шквал
Шалёны гойсае зрэдчас па камяністым

Сцяжынам горным, – вось туды, туды
Ляціць душа паэта птушкай вольнай,
Шукаючы паўсюль твае сляды,

І ўжо у роспачы крычыць табе – свавольнай:
“Дзе ж ты, каханая, прашу-малю – скажы!”
Маўчанне. І ў душы боль ранай незагойнай...


Беларуская планіда

О, Беларусь – ты зорка шматпакутная,
Бо столькі зелля ты ўжо выпіла атрутнага,
Прыгатаванага з нянавісці, маны
(Яго далі табе вар’яты-ўладары!).

Так, табе цяжка, зорачка, і крыўдна,
І плачаш ад бяссілля ты ўначы.

Але ж ты вер,
што колісь замест зелля
Нап’ешся ўдосталь ты жывой вады,
Адужаеш, ўсміхнешся,
Ну а пакуль
Трымайся, зорачка,
Не падай і свяці!...


Спяшаецца...

Душа мая – горны ручай,
Што змейкай бяжыць ўніз,
Спяшаецца...
Бяжыць,
І урэшце ўліваецца
Ў рачулку пад назвай – Адчай...

Не спяць...

Самота мая не спіць – працуе! –
Атручвае крозы ў душы...

І радасць мая не спіць – святкуе! –
Дзень ўцёкаў тырана-нуды...

Самота і радасць не спяць, не спяць
Каторы ўжо дзень і год...

Стаміўся я,
Але
Калі б спалі яны, –
Не меў бы я
столькі ў жыцці
Вясёлых і сумных прыгод...


Чалавек

Душа – ледзь бачны след каметы.
А грэх твой цвёрды, бы гарэх.
У нетрах суму дрэмле смех.
Ты – радасць і праклён планеты!