12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Эдуард Дубянецкі

_____________________
Шызафрэнізацыя культуры ў эпоху глабалізацыі


Гістарычнае развіццё як сусветнай, так і кожнай нацыянальнай культуры яскрава пацвярджае наяў­насць перыядаў культурнага росквіту і заняпаду, што неаднойчы прыходзілі на змену адно аднаму. Ніводная культура ў свеце не можа пастаянна развівацца дынамічна, паспяхова, не зведваючы пры гэтым момантаў запаволенага, замаруджанага развіцця і нават больш-менш працяглага рэгрэсу. Безумоўна, і айчынная беларуская культура не магла абыйсці гэтую ўсеагульную тэндэнцыю-заканамернасць.
І калі пачынаць гаворку пра сучасны стан культуры і грамадства, то адразу ўзнікае мноства пытанняў, якія аб’ектыўна патрабуюць знайсці на іх хоць якія-небудзь адказы. Прычым сярод найбольш істотных пытанняў можна назваць наступныя. Ці сапраўды сёння ў сферы культуры назіраецца відавочны, татальны крызіс? І, калі апошні мае месца, то, уласна кажучы, чым ён абу­моўлены? Чаму ў сённяшнім свеце застаецца мала запа­трабаванай высокая, элітарная культура? Колькі яшчэ будзе працягвацца культурны крызіс і ці існуюць рэальныя шляхі, метады і сродкі выйсця з яго? І ці меў, скажам, рацыю выдатны нямецкі філосаф і псіхолаг Карл Ясперс, калі ў сваёй кнізе “Духоўная сітуацыя часу” яшчэ восемдзясят гадоў таму з вялікай трывогай папярэджваў, што “духоўнасць гіне”, а “мастацтва становіцца гульнёй і задавальненнем (замест таго, каб быць шыфрам трансцэндэнцыі”? [1, с.359, 365]. А цяпер паспрабуем даць у нашым эсэ свае асабістыя, чыста суб’ектыўныя адказы на гэтыя і, мажліва, на некаторыя іншыя складаныя пытанні.

Узнікненне феноменаў глабальнай шызафрэнізацыі
і шызафрэнічнай глабалізацыі

Як вядома, глабалізацыя аб’ектыўна накіравана на паступовую ўніфікацыю, нівеляванне эканомікі, палітыкі, культуры большасці краінаў на ўсіх кантынентах. Таму не выпадкова польска-брытанскі сацыёлаг Зігмунт Бауман адзначаў, што глабалізацыя для ўсіх людзей – гэта “непазбежная фатальнасць нашага свету, незваротны працэс; акрамя таго, працэс, які ў роўнай ступені і роўным чынам закранае кожнага чалавека” [2, с.9].
У той жа час уведзены мной тэрмін “шызафрэнізацыя культуры” таксама азначае ў пэўным сэнсе ўніфікацыю, паколькі тут маецца на ўвазе, што асобныя рысы характару і паводзінаў шызафрэнікаў (напрыклад, прымітыўнасць, цьмянасць і алагічнасць мыслення, абсурднасць і экстравагантнасць паводзінаў, эмацыянальнае збядненне і інш.) нібы пранізваюць усё вялікае “цела культуры”, пранікаюць углыб яго, насычаюць культурную прастору аднатыпнымі элементамі, хваравітымі з’явамі. Увогуле, псіхапаталагічным ядром шызафрэніі з’яўляецца т. зв. “дыскарданнасць” (расшчапленне) псіхічных функцый – г. зн. разузгодненасць мыслення, эмоцый і маторыкі чалавека. Акрамя таго, для хворых на шызафрэнію характэрныя відавочны “аўтызм” (г. зн. замкнёнасць у саміх сабе, у свеце сваіх фантазій і трызнення, адчужанасць ад іншых людзей), а таксама зніжэнне здольнасці перажывання станоўчых і, наадварот, абвостранае перажыванне негатыўных эмоцый і пачуццяў.
Дык ці ж мала мы бачым гэтых псіхапаталагічных праяваў у нашым сённяшнім такім мітуслівым і напаўвар’яцкім свеце? Мне здаецца, што падобных праяваў бадай што ва ўсіх сферах жыццядзейнасці індывіда і соцыума зараз стала не проста многа, а, можна сказаць, крытычна многа, паколькі за гэтай мяжой пачынаецца няўхільная дэградацыя многіх людзей – як саміх дзеячаў мастацтва, так і спажывальнікаў розных артэфактаў культуры, і, урэшце, зусім абыякавых да мастацтва людзей. У сваю чаргу, гэта негатыўна адбіваецца на агульным развіцці ўсёй сферы культуры, абумоўлівае яе відавочны крызісны стан у сучасным свеце.
У цэлым можна сказаць, што глабалізацыя і шызафрэнізацыя маюць пэўныя пункты падабенства, ці, іначай кажучы, своеасаблівыя пункты супадзення, перасячэння. І менавіта гэта спрычынілася да таго, што сёння ўзніклі раней нечуваныя феномены т. зв. “глабальнай шызафрэнізацыі” і адносна блізкай да яе па сваёй сутнасці “шызафрэнічнай глабалізацыі”. Дык якія ж найбольш адметныя, вызначальныя рысы маюць названыя феномены?
Коратка кажучы, “глабальная шызафрэнізацыя” азначае працэс няўхільнага, татальнага насычэння вышэйназванымі шызафрэнічнымі рысамі практычна ўсіх сфераў жыццядзейнасці людзей (палітычнай, эканамічнай і асабліва культурнай) на ўсіх кантынентах і практычна ва ўсіх цывілізаваных краінах свету. Падобнага кшталту шызафрэнізацыя набыла цяпер сапраўды глабальны, планетарны характар і па сутнасці “пранізвае” ўсе чалавечыя супольнасці – этнічныя, сацыяльныя, канфесійныя, прафесіянальныя і інш. З другога боку, паняцце “шызафрэнічная глабалізацыя” выяўляе менавіта нездаровы, хваравіты характар апошняй, а таксама сведчыць пра тое, што паступовае паскарэнне глабалізацыйных працэсаў аб’ектыўна спрыяе ўзнікненню і далейшаму ўзмацненню не столькі ўласна шызафрэніі ў медыцынскім сэнсе слова, колькі адмысловай “соцыякультурнай шызафрэніі”, якая і праяўляецца якраз у этнакультурнай сферы.
У адрозненне ад біялагічна-медыцынскай шызафрэніі (на яе пакутуюць як мінімум 1-2 адсоткі ўсіх жыхароў практычна кожнай краіны свету), “соцыякультурная шызафрэнія” ахоплівае значна большую колькасць людзей і праяўляецца ў сферы іх паўсядзённага жыцця і працоўнай, творчай актыўнасці. Колькасць хворых на гэтую спецыфічную “хваробу”, мяркую, прыблізна на парадак вышэйшая за лік звычайных шызафрэнікаў. Гэта звязана з тым, што “соцыякультурная шызафрэнія” (у адрозненне ад біялагічнай) даволі лёгка і хутка перадаецца ад чалавека да чалавека, ад адной супольнасці людзей да другой, а праз другую – да трэцяй і г. д. Так атрымліваецца няўхільнае (ледзь не ў геаметрычнай прагрэсіі!) павелічэнне агульнай колькасці “сацыяльна-культурных шызафрэнікаў”.
І вось тут варта падкрэсліць, што чым болей праходзіць часу, тым больш інтэнсіўна гэтыя два спецыфічныя феномены – глабальнай шызафрэнізацыі і адпаведна шызафрэнічнай глабалізацыі – пачынаюць збліжацца, узаемапранікаць, непасрэдна ці апасродкавана ўплываць адзін на аднаго. Яны, вобразна кажучы, нібыта “спараджаюць” адзін аднаго, што праяўляецца, напрыклад, у тым, што глабалізацыя з-за сваёй “навязанасці” ўсім людзям і адсутнасці магчымасці ад яе пазбавіцца, дзе-небудзь “схавацца і адседзецца” звычайна прыводзіць да павелічэння ўнутранай напружанасці ў сферы духоўнай дзейнасці чалавека. А гэта ў сваю чаргу няўхільна вядзе да ўзмацнення некаторых распаўсюджаных псіхічных хваробаў – у тым ліку і шызафрэніі. Аднак у той жа час паглыбленне соцыякультурнай шызафрэніі пэўным чынам “падштурхоўвае” і саму культурную глабалізацыю, паколькі творцы з пэўнымі псіхічнымі адхіленнямі, зыходзячы са свайго надзвычайнага эгацэнтрызму і жадання любымі сродкамі і шляхамі пра­славіцца, больш-менш актыўна спрабуюць “прасоўваць” свае мастацкія творы за межы сваёй краіны – найперш на знешнія арт-рынкі.
Акрамя таго, неабходна падкрэсліць, што глабалізацыя гэтаксама як і шызафрэнізацыя, у сучасны перыяд маюць тэндэнцыю (па-сучаснаму кажучы – трэнд) да паступовага ўзмацнення, разгортвання. І яны ж непасрэдна або апасродкавана “спрычыняюцца” да пэўнага “расшчаплення” (падваення) свядомасці многіх людзей. Прычым пры звычайнай шызафрэніі падваенне асобы мае найчасцей прамы сэнс, калі чалавек пачынае сябе адносіць адначасова да некалькіх абсалютна непадобных людзей. У той жа час глабалізацыя вымушае цэлыя народы адначасова спраба­ваць займацца двума супрацьлеглымі праблемамі, што ўжо само па сабе надзвычай складана і даволі небяспечна – г. зн. з аднаго боку, адаптавацца да новых сацыякультурных абставінаў, звязаных з пашырэннем глабалізацыі, а з другога боку, прыкладаць немалыя намаганні па захаванні ўласных этнакуль­турных традыцый, феноменаў. Такая няпростая сітуацыя можа прыводзіць да нарастання ўнутранага інтэлектуальнага і духоўнага дыскамфорту, а праз гэта і да ўзмацнення агульнай хваравітасці ўсяго грамадства, да своеасаблівай “расшчэпленасці” грамадскай свядомасці, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі (напрыклад, калі чалавек адначасова называе сябе беларусам і еўрапейцам, рускім і касмапалітам і г. д.).
У цэлым шызафрэнізацыя, як правіла, у сучасны перыяд не ўзвышае, а наадварот, часцей прыніжае культуру, а часам і спрычыняецца да яе няўхільнага “спрашчэння” – хаця дзеля справядлівасці адзначым, што ў гісторыі сусветнага мастацтва былі і сапраўды вельмі яркія, самабытныя творцы (Блэйк, Гёльдэрлін, Ніцшэ, Хлебнікаў і інш.), якія пакутавалі ад розных псіхічных хваробаў, і ў выніку некаторыя з іх часам траплялі ў вар’ятню. Але ж гэта было ў мінулыя стагоддзі, а сёння, у пачатку 21 ст., калі ў свеце практычна цалкам “перавяліся” сапраўдныя геніі (у тым ліку і геніі-вар’яты), тытаны духу, уласна шызафрэнічная творчасць хаця зрэдку і можа быць больш-менш таленавітай, самабытнай, але ж найчасцей выглядае другаснай, аднастайнай, нецікавай і неглыбокай.
Тады як натуральны шлях высокага мастацтва палягае ў адваротным накірунку – да яго “паглыблення”, пашырэння тэматычнага дыяпазону, пошукаў новых сродкаў мастацкай выразнасці. Дзеля пацвярджэння гэтай думкі можна прывесці хаця б той факт, што ў пачатку 20 ст. узнікла і набыло шырокую вядомасць столькі новых і незвычайных мастацкіх кірункаў, школаў і суполак (сімвалізм, футурызм, сюрэалізм, экспрэсіянізм, кубізм, дадаізм, акмеізм і да т. п.), не кажучы ўжо пра безліч разнастайных мастацкіх аб’яднанняў і суполак. А цяпер паспрабуем параўнаць тую бліскучую культурную эпоху (з вялікай колькасцю геніяльных творцаў) з сённяшнім часам, які ў плане культурных здабыткаў вызначаецца відавочна меншай разнастайнасцю, большай аднатыпнасцю і другаснасцю, а ў плане творцаў – адсутнасцю харызматычных універсальных геніяў і адначасова з гэтым – безліччу графаманаў, эпігонаў і малаадораных творцаў. Сумна, канечне, а часам і скрушна, але што ж тут зробіш. Як казалі старажытныя: “O tempora! O mores!”...

Смутная нячуласць стваральнікаў і спажывальнікаў культуры

Як было сказана раней, сённяшні стан нашай культуры можна вызначыць як даволі незайздросны, крызісны. І, на мой погляд, адной з найважнейшых прычынаў такой сітуацыі з’яўляецца паступовае, але няўхільнае нарастанне “дэпачуццёвасці” грамадства – г. зн. відавочнага змяншэння праяў разнастайных эмоцый і пачуццяў як у паўсядзённым жыцці, так і ў сферы культурнай дзейнасці. Хіба што толькі адмоўныя, негатыўныя эмоцыі і пачуцці выяўляюцца параўнальна больш часта, і прычына гэтаму заключаецца не толькі ў тым, што іх у некалькі разоў больш, чым станоўчых пачуццяў, але найперш ва ўзмацненні ціску разнастайных неспрыяльных фактараў на псіхіку сучасных людзей. Таму невыпадкова, што характарызуючы агульны маральна-духоўны стан чалавецтва, сучасны нямецкі псіхолаг Гаральд Браэм адзначае наступнае: “Традыцыйныя каштоўнасці не адыгрываюць ужо былой ролі. У межах грамадства не існуе агуль­напрынятых нормаў, правілы жыцця арыентаваны на асобныя мэтавыя групы. Паўсюдна ўладарыць эстэтычная недарэчнасць, і можна з упэўненасцю сказаць, што чуласць большасці людзей у апошні час моцна прытупілася” [3, с.156].
Сёння ў сферы культурнай дзейнасці відавочна пашыраецца т. зв. “дэперсаналізацыя” ці псіхічная анэстэзія (літаратурная назва гэтай хваробы – “смутная нячуласць”, або па-руску – “скорбное бесчувствие”), якая выяўляецца ў пэўным разладзе свядомасці і нярэдка выступае як суправаджальны сіндром пры іншых псіхічных захворваннях – шызафрэніі, афектыўным псіхозе і інш. Асноўным праяўленнем псіхічнай анэстэзіі з’яўляецца поўная ці частковая страта эмацыянальнага рэагавання на падзеі асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця, што нярэдка мае месца на фоне пакутлівага перажывання чалавекам сваёй духоўнай спустошанасці. Паколькі з гісторыі мастацтва вядома, што на гэтую хваробу (гэтаксама, як і на іншыя псіхічныя захворванні) пакутавалі многія дзеячы культуры, то ёсць падставы казаць пра існаванне дэперсаналізаваных жывапісу, музыкі, літаратуры і нават навукі.
Аднымі з найважнейшых прычынаў дэперсаналізацыі можна лічыць пастаянныя цяжкія стрэсы (дакладней, дыстрэсы), шматгадовыя інтэлектуальныя і духоўныя перагрузкі, выкліканыя ў першую чаргу масіраванай, агрэсіўнай і бясконцай візуальнай і аўдыяльнай атакай на псіхіку чалавека праз розныя СМІ (тэлебачанне, радыё, Інтэрнэт). У выніку ў пэўны момант многія людзі проста не вытрымліваюць такога празмернага ціску і пачынаюць няўхільны дрэйф у бок інтэлектуальнай і духоўнай дэградацыі, а ў скрайніх выпадках – нават і поўнага вар’яцтва. І ў такой сітуацыі сапраўды ў многіх людзей (прычым як у стваральнікаў культурных каштоўнасцяў, так і ў спажыўцоў) пачынае ў большай ці меншай ступені праяўляцца “смутная нячуласць” як своеасаблівая ахоўная рэакцыя на магутныя стрэсы, працяглыя шокавыя сітуацыі. [Дарэчы, гэты адмысловы псіхічны стан вельмі добра і па-мастацку яскрава паказаны ў аднайменным фільме выдатнага расійскага рэжысёра Аляксандра Сакурава, які ў арыгінале мае назву “Скорбное бесчувствие” (1986)]. У выніку сёння мы маем вялізную колькасць “нячулых” людзей, якія ўжо страцілі ці паступова страчваюць магчымасць перажываць пэўныя пачуцці і эмоцыі, хаця апошніх існуе мноства – магчыма, нават каля сотні.
Таму невыпадкова, што і ў сферы мастацтва сёння таксама заўважаецца няўхільнае “выхалошчванне” эмоцый і пачуццяў – у тым сэнсе, што з большасці артэфактаў культуры (найперш паэтычных і празічных твораў, жывапісных работ, кінафіль­маў, спектакляў, песень і інш.) нібыта “знікаюць” многія эмоцыі, пачуцці, і ў выніку такія творы становяцца, так бы мовіць, бяздушнымі, пазбаўленымі эмацыянальнасці, пачуццёвасці. А гэта, у сваю чаргу, нярэдка прыводзіць і да пэўнай “выхалашчанасці” зместу, бо многія арыгінальныя ідэі, думкі якраз і ўзнікаюць, “прарастаюць” на глебе глыбокіх перажыванняў і эмацыйных рэакцый.
Каб не быць галаслоўным, ніжэй прывядзём найбольш тыповыя прыклады такога дэперсаналізаванага, дэпачуццёва-шызафрэнічнага мастацтва. Прычым будзем разглядаць тут толькі паэтычнае мастацтва, арыентуючыся ў такім выбары віду мастацтва на меркаванне вядомага нямецкага мысляра Марціна Хайдэгера, які сцвярджаў, што “сутнасць мастацтва ёсць паэзія, а сутнасць паэзіі ёсць усталяванне ісціны”. Спачатку (у першым блоку) будуць разгледжаны паэтычныя творы традыцыйна-рэалістычнай скіраванасці, а ў другім блоку будуць пададзены ўзоры авангардысцка-мадэрнісцкага паэтычнага пісьма. Адразу хачу адзначыць, што апошнія ў параўнанні з ніжэйпрыве­дзенымі традыцыяналісцкімі вершамі выглядаюць больш арыгінальнымі і свежымі, пазбаўленымі таннай пафаснасці, агульнавядомых клішэ і стэрэатыпаў. Прычым гэта абумоўлена як тым, што рэалістычная прафесійная паэтычная творчасць даволі паспяхова і плённа развіваецца на нашай зямлі ўжо больш за стагоддзе, а мадэрнісцкая – значна больш кароткі час (часовы яе ўздым меў месца ў пачатку 20 ст. і больш заўважны ў канцы мінулага стагоддзя), і менш плённа, так і тым, што асобныя творцы-мадэрністы па сваім таленце і творчаму патэнцыялу пераўзыходзяць большасць творцаў-традыцыяналістаў. Натуральна, тут не ідзе гаворка пра айчынных “жывых класікаў” (Барадуліна, Бураўкіна, Някляева, Гілевіча, Законнікава...), творчасць якіх заўсёды была і з’яўляецца сёння ўзорнай і ў плане выдатнага валодання ўсімі сакрэтамі паэтычнага майстэрства, і ў сэнсе глыбіні асэнсавання складаных грамадскіх праблемаў, і ў плане самабытнага выяўлення ўласных эмоцый і пачуццяў.
Нарэшце, пачнем цытаваць фрагменты тых паэтычных твораў, якія, з майго суб’ектыўнага пункту гледжання, у той ці іншай ступені нагадваюць узоры дэперсаналізавана-шызафрэнічнай творчасці. Аўтары гэтых вершаваных радкоў вызначаюцца розным узростам, прафесійнай прыналежнасцю, месцам пражывання і, натуральна, рознай ступенню паэтычных здольнасцяў (альбо, іх амаль поўнай адсутнасцю). Прыведзеныя фрагменты з вершаў беларускамоўных і рускамоўных паэтаў Беларусі знойдзены пераважна на старонках часопісаў “Полымя” і “Нёман”, а таксама на сайце www.lim.by.
Анатоль Аўруцін: ”Не согрел кипяток / Да и водкой уже не согреться / Тепловозик угрюмый / В тупик мой вагон отволок… / Что-то ноет в груди / Но не сердце, а около сердца / Сердцу вроде не сроки… / Хоть, впрочем, а где этот срок?..”; “Всё, как всегда... Скрипят ступени / Аккорды строятся не в лад / И гипсовый Сергей Есенин / С челом, уткнувшимся в салат…”.
Міхась Башлакоў: “Засумую па родных мясцінах / Белым лебедзем закрычу / На радзіму сваю, на радзіму / На радзіму сваю палячу…”.
Навум Гальпяровіч: «Ноч асенняя дыктавала / Незнаёмыя вершы мне… / Еўфрасіння і Янка Купала / Адлюстроўваліся ў акне…».
Казімір Камейша: “Няма на цяпло аніякіх прыкмет / І дровы не хочуць гарэць, бо сырыя / Ну чым ён пацешыць, стары гэты свет?/ Стары ён, і песні яго ўсе старыя; “Не фанабэрысты, не горды / На ўвесь Валожынскі раён / Такія мілыя акорды / Той выдаваў акардэон...”.
Ізяслаў Катляроў: “Да здравствует дыхание строки / Где совесть только совести подсудна!../ Осталось время только на стихи / На остальное — нет его как будто…»; «Все зависит от первой строки / Ею стала (случайно ли?) эта… / Коль поэт выявляет стихи / То стихи выявляют поэта..».
Тамара Краснова-Гусачэнка: “Мои стихи не могут не меняться / Пока дышу я, радуюсь, живу / Они растут, мужают и искрятся / Резвятся, как кораблик на плаву / Им всё позволено — жива хозяйка! / Без страха, вольно пусть себе поют / Мороз ударит? Их туда, где жарко / Отправлю — в Ялту, там и отдохнут...”; “Лес шумел, утопая в сугробах:/ Если сердце молчит, не пиши / Столько брат ваш бумаги угробил… / Песни — раны кричащей души...”
Уладзімір Мазго: “У промнях вячыстага сонца / Бліжэй і бліжэй да людзей / Адкрыецца бераг надзей / У роднай акутнай старонцы...”; “Бярэзнікі і хвойнікі / Світаюць пакрысе / Вітаюць свята Хойнікі / У выспелай красе..”.
Міхась Пазнякоў: “Радзіма, малая радзіма / А вёсачка ўсцяж нелюдзіма / Асінай, хмызом зарастае / Калыска мая залатая…” / “Узіраюся ў сонечны дзень / Працавітай маёй Беларусі / Штораз, як нічым і нідзе / Светлым імем яе ганаруся...”.
Валянціна Паліканіна: “Еще немного лихорадит / Еще не выстужен соблазн / Еще невинности тетради / Так далеко до грешных глаз..”; “Живем не так, встречаемся не с теми / Не то творим, душою не горим / Не те умом затрагиваем темы / Не те слова друг другу говорим”.
Павел Саковіч: “Божественно сияет солнце / Нет даже пятнышка на нем! / Не прячась, в каждое оконце / Оно заглянет этим днем...”
Святлана Яўсеева: “Если голосу хочется петь / Песню надо уже начинать / Я прошла азиатскую степь / Чтобы корни свои отыскать” ; “Мне открыли свои имена / Пашня, ягодник, поле, родник… / Здесь века, создавая меня / Подарили мне русский язык...”

Як бачна з большасці вышэйпрыведзеных цытат, тут у наяўнасці практычна ўсе самыя распаўсюджаныя хібы і недахопы паэтычных твораў, галоўнымі сярод якіх з’яўляюцца, на маю думку, банальнасць, прадказальнасць, адсутнасць арыгінальнасці, нечаканых, цікавых вобразаў і глыбокага сэнсу, пэўная безгустоўнасць, часам нават вульгарнасць, трывіальныя і проста неахайныя рыфмы, прымітыўныя вершаваная строфіка і рытміка і да т.п. Пры гэтым хочацца адзначыць, што сутнасць паэтычнай банальнасці хораша і з непрыхаваным сарказмам апісаў у свой час знакаміты расійскі паэт Ігар Севяранін. Прывядзём тут толькі першыя дзве страфы з яго верша “Банальнасць” (1918):

Когда твердят, что солнце – красно,
Что море – сине, что весна
Всегда зеленая – мне ясно,
Что пошлая звучит струна…

Мне ясно, что назвавший солнце
Не иначе как красным – туп;
Что рифму истолчет: «Оконце»,
Взяв пестик трафаретных ступ…

У дадзеным кантэксце міжволі ўзгадваецца яшчэ і меркаванне выдатнага чэшскага паэта Вітэзслава Незвала, які не цярпеў любых “пагрэшнасцяў верша” і лічыў, што для паэта выкарыстоўваць “неахайныя” рыфмы ўсё адно што “пляваць у вуха чуйнаму чытачу”. Але ж усё-ткі самае галоўнае, на мой погляд, гэта тое, што падобныя творы не выклікаюць падчас іх прачытання практычна ніякіх станоўчых эмоцый, ніякага эмацыянальнага ўзрушэння і душэўных перажыванняў. У той жа час як адзін з найлепшых амерыканскіх паэтаў Эдгар Алан По ў сваёй вядомай лекцыі “Паэтычны прынцып” (апубл. 1850 г.) слушна казаў, што “твор дастойны называцца паэтычным пастолькі, паколькі ён хвалюе душу, узвышаючы яе”, а паэзію ён вызначаў як “тварэнне прыгожага пры дапамозе рытму, прычым яе адзіны суддзя – густ”.
А колькі яшчэ ў наш час надзвычай слабых, кепскіх, паўграфаманскіх і проста графаманскіх паэтычных опусаў працягвае пісаць вялізная гвардыя тых творцаў (многія сотні ці нават тысячы!), якіх нават з вялікай нацяжкай ніяк нельга назваць сапраўднымі паэтамі. Прычым аднымі з найбольш важных, істотных прычын такой незайздросна-змрочнай сітуацыі можна лічыць не толькі элементарную адсутнасць таленту і паэтычнага густу, пачуцця меры, слабое знаёмства з асновамі вершаскладання, але і недахоп творчай свабоды і ўнутранай раскаванасці творцаў, іх уласную самацэнзуру, свядомае ці неўсвядомленае імкненне абысці ўсялякія “вострыя вуглы” і істотныя сацыяльныя праблемы. Усё вышэйназванае, безумоўна, надзвычай негатыўна адбіваецца на мастацкім узроўні і сэнсавай насычанасці, “напаўняльнасці” абсалютнай большасці паэтычных твораў.
А цяпер пачнём прыводзіць прыклады дэперсаналізавана-дэпачуццёвага (шырэй – шызафрэнічнага) мастацтва, якія адносяцца да мадэрнісцкага кірунку ў айчынай паэзіі. Бясспрэчна, што большасць згаданых тут аўтараў з’яўляюцца неардынарнымі, таленавітымі літаратарамі, якім у гэтых радках удалося, свядома ці неўсвядомлена, адлюстраваць не толькі свой адмысловы ўнутраны псіхічны стан, але і адмысловую “смутную нячуласць”, што пануе ва ўсім сучасным грамадстве. Найбольш паказальныя ў дадзеным кантэксце паэтычныя радкі (тут прыводзяцца або вершы цалкам, або іх асобныя фрагменты) былі ўзятыя пераважна з розных аўтарскіх кніг, якія выйшлі ў свет на працягу 1990-х-2000-х гг. Прычым у мэтах эканоміі месца з творчасці кожнага творцы прыведзены толькі адзін-два тыповыя ўзоры, хаця пры жаданні можна было б прывесці іх значна болей.
Алесь Аркуш: “...Над пожняй плачуць правады / Амаль галосяць / Бэтонны слуп, як правадыр / Выводзіць восень...”; “...І ты, ахвяра ўласнага нахабства / Вар’ятам аглядаеш сьвет фантомаў / Зьняверлівы ва ўсім, ва ўсіх / Бывай, Тантал!...”.
Зміцер Вішнёў: “...але маё амбіцыёзнае вуха-правакатар // зразумее запіша на сваю перапонку / што яно лакатар / я буду глытаць шоргат лісця / і скрыгат зубоў клюста // з задавальненнем вар’ята / Таму дайце! / дайце вушам болей ініцыятывы // і яны ператворацца / у апараты лоўлі гукавых звяроў...”.
Вольга Гапеева: “...я буду ляжаць / пад нацягнутымі дратамі / на ўскрайку / усёдаравальнай электрастанцыі / і як ніякая іншая птушка / схаплюся рукамі / дратоў аголеных...”.
Адам Глёбус: “Пазабаўляцца б / з такiм прывабна-сiнiм / электрадротам”; “...На дварэ халадэча / cвет належыць зiме / котка, цемра i чарка / суцяшаюць мяне...” .
Юры Гумянюк: “...Смала асфальт — якая прыгажосьць! / дык лi на галаву калi ахвота / тады як сьвiньнi прусакi / палезуць па стале i мiсках / ня сьпi яшчэ / я раскажу табе пра трактар / або пра тое што ў газэтах / пануе стомлены «фрэйдызм...”.
Віктар Жыбуль: “...Сутыкнутыя лбамі гмахі / пазіраюць адзін адному / ў твар і з дзікім рогатам / высалопліваюць языкі / патузаных ветрам штораў / Я стаю-слупянею / праколаты промнямі / прыкуты кроплямі / да папяровай каракаціцы / падобнай да Антарктыды / падчас снегавіхрарвальнага / землятрусу...”.
Віталь Рыжкоў: “...Ілбом грукаю ў сьцены / замест дыялёгу зь ценем / Прынцыпова ўсё роўна, скончыцца дождж ці не / тлумачу ілбом сьцяне / бо нікога навокал” ; “Пакуль цябе не было, скончылася вясна / лета, восень, зіма, вясна, лета... / Вусны развучыліся вымаўляць мы, нас, нам / Дзе ты / была? / Усьміхнесься ў сваёй звычайнай манэры / *ля / я – громаадвод, які зазямляе нэрвы”.
Віктар Слінка: “...Мой двайнік адкрывае кран / у ваннай, дзе сохне бялізна / і цыркуль шчыльных дзвярэй / на падлозе пафарбаванай праводзіць / пятую частку кола...”; “...І дзічэе душа як кусты ў недагледжаным садзе / калі на мяне заяўляюць правы мінулыя вёсны / але не адняць у мяне травы прыдарожнай...”.
Віка Трэнас: “...памнажаюцца думкі, выходзяць крывёю з носа / анемія душы, я не ў стане такое зносіць / як з далонню маёй цалаваліся белыя ружы / уцякаў з галавы новы вершык, нервовы і скрушны...”.
Паколькі вышэйпрыведзеныя паэтычныя радкі, на мой погляд, не з’яўляюцца аўтарскімі творчымі ўдачамі і вызначаюцца відавочнай хаатычнасцю, сумбурнас­цю, пэўнымі цьмянасцю і няўцямнасцю, некаторай вульгарнасцю, адсутнасцю глыбокага зместу (а часам, і амаль поўнай бессэнсоўнасцю) і хоць якой-кольвечы прыгажосці, вытанчанасці, то яны і не выклікаюць у мяне практычна ніякіх душэўных узрушэнняў, ніякага эмацыянальнага і інтэлектуальнага водгуку. І таму ў дадзеным кантэксце адразу ўзгадваюцца слушныя словы прызнанага лідэра беларускага паэтычнага мадэрнізму Алеся Разанава, які ў свой час пісаў, што страта сэнсу – гэта “пэўна, страта усяго”. Іначай кажучы, пры шматгадовым напісанні такіх і ім падобных дэперсаналізавана-шызафрэнічных твораў нярэдка можа мець месца не толькі пэўная страта сэнсу, але і відавочная страта мастацкай каштоўнасці твораў, пачуцця меры і густу, etc.
Пры гэтым важна падкрэсліць, што практычна ва ўсіх з названых тут паэтаў (якія ў паўсядзённым жыцці з’яўляюцца найчасцей прыемнымі, добразычлівымі людзьмі, не схільнымі да экстравагантных паводзінаў і ўчынкаў) ёсць, безумоўна, удалыя, яркія вершаваныя радкі і асобныя вершы, што ў цэлым сведчыць пра іх большую ці меншую літаратурную адоранасць, самабытнасць. І яшчэ неабходна дадаць, што ўсё-ткі рэальнае месца, якое зоймуць гэтыя творцы ў беларускім прыгожым пісьменстве ў бліжэйшай гістарычнай перспектыве, найбольш дакладна змогуць вызначыць не канкрэтныя чытачы, гледачы ці літаратурныя крытыкі, а яго Вялікасць Справядлівы і Бязлітасны Час.
Увогуле, такое дэперсаналізава-шызафрэнічнае паэтычнае мастацтва ўскосна можа сведчыць не толькі пра “смутную нячу­ласць” саміх аўтараў-стваральнікаў, але таксама і пра адпаведны псіхалагічны стан многіх нашых суграмадзян, якія з’яўляюцца, скажам так, спажывальнікамі мастацкіх каштоўнасцяў. У той жа час усім аўтарам літаратурных опусаў і чытачам, гледачам пажадана было б заўсёды памятаць мудрыя словы Артура Шапэнгауэра пра тое, што “творы ўсіх па-сапраўднаму адораных галоў адрозніваюцца ад астатніх характарам рашучасці і пэўнасці і вынікаючымі з іх акрэсленасцю і яснасцю, таму што такія галовы заўжды дакладна і ясна ўсведамляюць, што яны хочуць выказаць, – усё роўна, будзе гэта проза, вершы ці гукі. Гэтай рашучасці і яснасці не хапае астатнім, і яны адразу ж распазнаюцца па гэтаму недахопу”.
Так што, уяўляецца, стваральнікам многіх паэтычных і празаічных твораў нельга ўзвялічваць сваю натуральную ці штучную цьмянасць, алагічнасць, празмерную ўскладненасць і дэпачуццёвасць, і пры гэтым лічыць дадзеныя рысы праявай высокамастацкай і надта арыгінальнай творчасці. У цэлым, многія з падобных твораў можна ўявіць у выглядзе своеасаблівага калодзежа, у якім цёмная, непразрыстая вада часам стварае ўражанне глыбіні, тады як насамрэч там зусім плытка і на дне гэтага калодзежа, вобразна кажучы, не знойдзеш па-мастацку каштоўных каменьчыкаў-твораў, якія б уразілі цябе прыгажосцю, мастацкай дасканаласцю і нейкай невытлумачальнай загадкавасцю, таямнічасцю.
У той жа час у сэнсе адмысловага параўнання сучаснага стану нашай паэзіі з сітуацыяй у гэтай сферы сто гадоў таму, відаць, варта было б прыгадаць вельмі самабытную і разнастайную творчасць аднаго з найбуйнейшых паэтаў 20 ст. Гіёма Апалінэра. Сапраўдная веліч і геніяльнасць Апалінэра (які, дарэчы, быў унукам беларускага шляхціча, удзельніка паўстання 1863-64 гг. Апалінарыя Кастравіцкага) заключаецца ў тым, што ён практычна з самага пачатку свайго творчага шляху не абмяжоўваў сваю творчасць рамкамі пэўнага мастацкага кірунку, а ў выніку своеасаблівага сінтэзу апошніх вынайшаў свой уласны ўнікальны стыль, які ўрэшце рэшт назваў “новым рэалізмам”. Ён адначасова быў і традыцыяналістам-класіцыстам (напісаў мноства адносна “простых” і празрыста ясных, дасканалых вершаваных твораў у розных класічных відах і жанрах паэзіі – санеты, трыялеты, тэрцыны, элегіі, балады і інш.), і мадэрністам-наватарам – напрыклад, ствараў графічныя вершы (т. зв. “каліграмы”), у позні перыяд творчасці цалкам адмовіўся ад знакаў прыпынку, напісаў шмат цудоўных верлібраў і белых вершаў, выкарыстоўваў надзвычай смелыя, нечаканыя і дзіўныя метафары і да т. п.
Пры гэтым адна з галоўных прычынаў непахіснага аўтарытэту і сусветнай вя­домасці Гіёма Апалінэра заключаецца, на мой погляд, у тым, што ў сваіх шмат­лікіх творах ён ніколі не баяўся быць розным (амаль адначасова “простым” і “складаным”, вытанчаным і грубаватым, добразычлівым і абураным, наіўным і схільным да філасофскіх разважанняў) і заўжды спрабаваў свае разнастайныя эмоцыі і пачуцці выказаць максімальна поўна, адкрыта і зразумела для сваіх патэнцыйных чытачоў і слухачоў. У выніку атрымалася ўнікальная сітуацыя, калі Апалінэра шануюць ледзь не ўсе больш-менш адукаваныя чытачы – умоўна кажучы, людзі традыцыяналісцкіх паэтычных схільнасцяў яго цэняць як аўтара твораў пранікнёнай любоўнай лірыкі (напр., знакамітага верша “Мост Мірабо”), а мадэрнова-арыентаваныя чытачы – як аўтара наватарскіх па форме і дзёрзкіх па змесце твораў (напрыклад, невялікай паэмы “Зона”).
І таму зусім невыпадкова, што славуты французскі паэт з беларускімі каранямі ў сваім адмысловым паэтычным маніфесце, які па сутнасці стаў і ягоным паэтычным запаветам, “Новая свядомасць і паэты” (1917) адзначаў наступнае: “Паэзія і творчасць тоесныя, паэтам павінны называць толькі таго, хто вынаходзіць, таго, хто творыць – настолькі, наколькі ўвогуле чалавек здольны тварыць. Паэт – гэта той, хто знаходзіць новыя радасці, няхай нават пакутныя”. Акрамя таго, Апалінэр усё новае, незвычайнае хацеў бачыць адначасова і дастаткова “простым” (г. зн. што ў ягоных вершах, прозе маглі суіснаваць побач і прывідныя фантасмагарычныя вобразы, складаныя метафары і зусім незамыславатыя карціны, самыя простыя словы, фразы) і даваў усім творцам слушную параду наконт таго, што заўсёды “трэба быць натуральным, не баяцца ні фантомаў, ні надта простых рэчаў”.
Інакш кажучы, веліч Апалінэра-паэта якраз і заключалася ў натуральным аб’яднанні, спалучэнні розных галасоў, у шырыні творчага дыяпазону і ў глыбіні, дакладней, “стэрэаскапічнасці” ўспрымання і асэнсавання жыцця (якія грунтаваліся на яго надзвычай багатым і драматычным жыццёвым вопыце) ва ўсіх яго магчымых станоўчых і адмоўных праявах. А цяпер, шаноўныя чытачы і аўтары, пасля выкладзеных фактаў і палажэнняў паспрабуйце самі, так бы мовіць, “наклас­ці “матрыцу Апалінэравай творчасці” на саміх сябе і, мяркую, адразу зразумееце рэальны (а не штучна абвешчаны вашымі калегамі-сябрамі і ангажаванымі літаратурнымі крытыкамі) ўзровень і маштаб сваёй літаратурнай творчасці. Таксама думаю, што ў значнай ступені павінны самі сабой “адпасці” любыя існуючыя ў асяродку айчынных літаратараў самавызначэнні сябе як геніяльных творцаў. Увогуле, сярод усіх дзейсных паэтаў больш за астатніх наблізіліся да ўзроўню геніяў нашыя найбуйнейшыя сучасныя паэты – Барадулін, Някляеў, Разанаў...
Адной з найбольш сумных прыкметаў сённяшняга этапу развіцця літаратуры (найперш паэзіі) з’яўляецца таксама пэўная творчая абмежаванасць сённяшніх мастакоў слова – узгадаем тут у якасці яе антыподу апалінэраўскую адкрытасць усім павевам, пра што ўжо гаварылася вышэй. Сёння міжволі складваецца ўражанне, што адны паэты (традыцыяналісты) не хочуць, баяцца выходзіць за межы даўно вядомых і ўсталяваных нормаў, традыцый, а другія – наадварот, практычна цалкам парываюць з гэтымі традыцыямі і, усталяваўшы свае штучныя ўласныя крытэрыі і арыенціры, таксама не хочуць выходзіць ужо за іх межы. Іншымі словамі, паэты нярэдка самі накладаюць на сябе “творчыя цуглі” і лічаць, напрыклад, што, каб заўжды апраўдваць свой статус “традыцыяналіста” або “мадэрніста”, не варта выходзіць за пастаўленыя самім сабе межы. А вядома ж, што чалавечае жыццё значна шырэй і разнастайней, чым тое, што апісваюць у сваіх творах мастакі, прыналежныя да розных мастацкіх плыняў, кірункаў. Таму пажадана, каб творцы мэтанакіравана шукалі свой адмысловы стыль, свой мастацкі шлях, сваю “паэтычную дарогу”, прычым было б вельмі добра, каб з цягам часу (па меры духоўнага сталення аўтара і набыцця ім жыццёвага вопыту) гэтая дарога станавілася ўсё больш шырокай – у сэнсе пашырэння творчага дыяпазону, павелічэння кола па-мастацку асэнсаваных праблем і адлюстраваных эмоцый, пачуццяў.
Акрамя таго, някепска было б і сёння большасці айчынных літаратараў уваж­­ліва прыслухацца да слушнага меркавання нашага выдатнага літаратурнага крытыка Сяргея Палуяна, які яшчэ стагоддзе таму, разглядаючы творчасць Янкі Купалы, дакладна вызначыў як яе слабыя, так і моцныя бакі. Дык вось, у сваім літаратурна-крытычным артыкуле “Беларуская літаратура ў 1909 г.” С.Палуян, аддаючы належнае таленту Я. Купалы, падкрэсліваў, што ў яго ранейшай творчасці сустракалася, на жаль, яшчэ нямала вершаў “неабдуманых, неабробленых” і мелі месца “перапевы” адных і тых жа тэм, сюжэтаў, аднак яго новыя творы “акуратна абдуманы, тэм розных многа, форма лёгкая, усюды артыстычна апрацаваная” [4, с.105-106]. І сапраўды, калі б нашыя аўтары заўжды кіраваліся ў сваёй творчасці падобным падыходам, то айчынная літаратура была б, мяркую, нашмат больш багатая на сапраўдныя бясспрэчныя шэдэўры, на паэтычныя і празаічныя “залацінкі”. А так... маем тое, што маем...
Інакш кажучы, толькі тады можа ўзнікнуць, “нарадзіцца” і “спраўдзіцца” сапраўды вялікі Паэт, калі абсягі ягонай мастацкай творчасці будуць няўхільна пашырацца, а тэхнічнае майстэрства, падмацаванае вострым розумам, эрудыцыяй і, вядома ж, натхненнем, будзе паступова ўдасканальвацца. У адваротным выпадку, калі творца практычна ніяк не імкнецца (не на словах, канечне, а на справе!) да творчых вяршынь, да мастацкага росту і самаўдасканалення, ён не можа мець маральнага права называць сябе выдатным, вялікім паэтам ці тым болей геніем. Такі творца хутчэй за ўсё застанецца ў лепшым выпадку таленавітым паэтам, які да канца не раскрыў свой творчы патэнцыял або ў горшым – можа і ўвогуле “разбазарыць” свой талент і скаціцца ў прорву безгустоўнасці, банальнасці і таннай пафаснасці.
Увогуле, што датычыцца паэзіі традыцыйнага кірунку, то варта адзначыць, што за некалькі тысячагоддзяў было створана столькі шэдэўраў ва ўсіх магчымых паэтычных жанрах і формах, што вынайсці ў гэтым рэчышчы штосьці прынцыпова новае па сутнасці не ўяўляецца магчымым. З другога боку, у галіне мадэрнісцкай паэзіі, якая мае значна больш кароткую гісторыю развіцця, здавалася б, больш верагоднымі могуць быць творчыя знаходкі, удачы, але... Але ж, паклаўшы руку на сэрца, трэба з жалем канстатаваць, што ўлічваючы неверагодны ўздым мадэрнісцкай паэзіі ў пачатку ХХ ст. і яе дынамічнае развіццё на працягу ўжо больш чым ста гадоў, магчымасці здзейсніць хоць які кольвечы мастацкі прарыў і тут уяўляюцца бадай што прывіднымі.
У дадзеным кантэксце хацелася б яшчэ ўзгадаць унікальную творчасць выдатнага паэта (які, праўда, поруч з геніяльнымі творамі напісаў нямала і слабых, малакаштоўных, нават кепскіх), аднаго з заснавальнікаў рускага футурызму, вынаходніка паэтычнай “зауми” Веліміра Хлебнікава. У святле яго дзёрзкіх творчых эксперыментаў, пошукаў і знаходак (здзейсненых на працягу менш чым паўтара дзесяцігоддзя!) даволі заўважна блякнуць амаль усе паэты-мадэрністы, якія прыйшлі ў літаратуру пасля ягонай заўчаснай смерці. Дарэчы, відаць, невыпадкова ў нашы дні лідэр беларускага літаратурнага мадэрнізму выпусціў сваю новую кніжку пад назвай “З Вяліміра Хлебнікава”, якая складаецца з перакладаў часткі твораў слыннага расійскага паэта. Гэта яшчэ раз даволі яскрава пацвердзіла меркаванне пра тое, што вытокі сучаснай беларускай мадэрновай паэзіі трэба шукаць найперш у творчасці авангардыстаў пачатку ХХ ст. (у тым ліку і ў надзвычай самабытнай спадчыне В. Хлебнікава)...
Акрамя таго, відавочнай стала і своеасаблівая “страта натуральнасці”, характэрная для многіх сённяшніх мастакоў – бо ў іх творах заўважаецца менш шчырасці, спантаннасці, духоўнай адкрытасці і адпаведна больш штучнасці, схільнасці да ўсялякіх “гульняў” і надуманасці. Затое паралельна з гэтым узрастаюць эгаізм (дакладней, эгацэнтрызм) і нахабства многіх творцаў, узмацняецца іх недавер і нават непрыхільнасць да прадстаўнікоў іншых творчых арганізацый, іншых пакаленняў. І гэтыя асаблівасці паводзінаў увогуле характэрныя не толькі для мастакоў, але, відаць, і для многіх “простых” людзей ва ўсім свеце. Нездарма французскі філосаф Рэнэ Генон у сваёй кнізе “Крызіс сучаснага свету” (1927), гаворачы пра ўзвядзенне цывілізацыі на чыста негатыўных падставах, з трывогай падкрэсліваў, што “менавіта гэтая ўсеагульнасць адмаўлення надае сучаснаму свету зусім ненармальны характар, робіць яго сапраўды жахлівым” [5, с.134].
Увогуле, сёння ў сусветнай і айчыннай літаратуры ўсё часцей заўважаюцца праявы шматаблічнага эпігонства, а зрэдку нават і прыхавана-неўсвядомленага плагіяту, што ў сваю чаргу істотна зніжае мастацкую якасць новаствораных опусаў і адмоўна ўплывае на стан і дынаміку развіцця нацыянальных літаратур. Яшчэ адной распаўсюджанай бадай ва ўсім свеце негатыўнай тэндэнцыяй стала тое, што ўласна паэзія ўсё болей пачынае нагадваць прозу (прычым асобныя ўзоры апошняй часам па сваёй вобразнасці могуць быць нават больш паэтычнымі, чым уласна паэтычныя творы), а проза няўхільна “скукожваецца” ў сэнсе аб’ёмаў твораў і ўсё болей набліжаецца да больш ці менш якаснай эсэістыкі. У цэлым, відаць, не будзе перабольшваннем сказаць, што практычна ва ўсім свеце (і Рэспубліка беларусь тут не выключэнне) мае месца зацяжны крызіс мастацтва, хаця, безумоўна, ва ўсіх відах мастацтва былі і ёсць сапраўды цікавыя, змястоўныя творы таленавітых аўтараў, але не пра іх зараз вядзецца гаворка...

Пакутлівыя пошукі выйсця з крызісу

І тым не менш, якія ж можна прапанаваць магчымыя шляхі выхаду з такога крызіснага становішча? І ўвогуле, калі такія сродкі, метады існуюць, то ці могуць яны даць належны станоўчы эфект, прынесці якую-небудзь карысць асобным індывідам і ўсяму грамадству? Адказ на гэтыя пытанні таксама падаецца мне вельмі няпростым, неадназначным і пакутлівым.
У цэлым можна сказаць, што пры надта актыўных і вялікіх намаганнях можна знайсці выйсце нават, здавалася б, з безнадзейных сітуацый. І тут напаўжартам узгадаем вядомыя словы Андрэя Хадановіча з аднаго са шматлікіх ягоных лімэрыкаў пра тое, што “няма безвыходных становішч”. На маю думку, аднымі з найбольш эфектыўных шляхоў (пры некаторай іх, мажліва, наіўнасці і рамантычнасці) у гэтым накірунку могуць быць, напрыклад, наступныя.
1. Увядзенне практыкі падрабязнага і шырокага абмеркавання (з удзелам пісьменнікаў, літаратурных крытыкаў і чытачоў) не толькі цэлых паэтычных і празаічных зборнікаў, але і асобных вершаў, апавяданняў, аповесцяў, раманаў і п’ес вядомых творцаў. Прычым у выніку востра-крытычнага калегіяльнага абмеркавання павінны быць вызначаны як найлепшыя, так і найгоршыя творы кожнага аўтара, не зважаючы на ягонае рэнамэ, вядомасць у Беларусі і ў замежжы. Прычым для кантрасту можна было б паставіць на абмеркаванне і творы малавядомых ці зусім невядомых аўтараў – і паглядзець, дзе і ў чым такі творца нашмат прайграе Мэтру, а ў чым ён, наадварот, трымаецца на вельмі добрым узроўні.
2. Наладжванне чытанняў і затым абмеркаванняў твораў найвыдатнейшых пісьменнікаў розных эпох і народаў пры адпаведным параўнанні іх мастацкіх здабыткаў з творчымі здзяйсненнямі сучасных майстроў мастацкага слова. Падрабязны публічны разгляд творчасці славутых творцаў патэнцыйна мог бы даць шмат надзвычай важнай, каштоўнай інфармацыі не толькі для ўсіх неафітаў, але і для вопытных творцаў-прафесіяналаў.
3. Вызначэнне найлепшых і найгоршых літаратурных твораў па выніках кож­нага, скажам, паўгоддзя, года і ўрэшце дзесяцігоддзя на аснове шырокага апытання ўсіх зацікаўленых асобаў. Пераможцаў у гэтых намінацыях можна было б узнагароджваць прэміямі і антыпрэміямі – няхай сабе нават і сімвалічнымі.
4. Больш шырокая і ўсебаковая прэзентацыя ў неабсяжнай Інтэрнэт-прасторы (на розных спецыялізаваных літаратурных сайтах і парталах, якія яшчэ трэба стварыць!) творчых здабыткаў самых таленавітых майстроў слова. А то сёння атрымліваецца парадокс, калі, скажам, многія пасрэдныя, не вельмі адораныя паэты і празаікі шырока прадстаўлены ў віртуальнай прасторы, а “жывыя класікі” нашай літаратуры – зусім слаба, недастаткова.
5. Аднаўленне практыкі літаратурнай вучобы, як гэта колісь практыкавалася ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве, а таксама больш частае правядзенне майстар-класаў найлепшых творцаў для пісьменнікаў-пачаткоўцаў. Было б пажаданым таксама стварыць адмысловы “Інстытут паэзіі” (або шырэй – “Акадэмію прыгожага пісьменства”) ў выглядзе недзяржаўнай прыватнай арганізацыі, дзе б на грамадскіх пачатках выкладалі асновы літаратурнага майстэрства вядомыя айчынныя Майстры слова.
6. Можна было б у мэтах хутчэйшага выяўлення найбольш адораных творцаў і іх далейшай “раскруткі” ўвесці своеасаблівую праверку пісьменнікаў на ступень мастацкай адоранасці. Дзеля гэтага ўсе ахвотныя творцы (як вядомыя, так і зусім невядомыя) маглі б ананімна прайсці праверку на адмысловым “дэтэктары таленту”. Сутнасць падобнага “дэтэктара” коратка можна апісаць наступным чынам. Спецыяльная камісія (у якую ўваходзяць найлепшыя і неангажаваныя літаратурныя крытыкі і карыфеі айчыннай паэзіі) дае заданне ўсім удзельнікам “праверкі” напісаць тры вершаваныя творы – адзін з іх у выглядзе санета (на зададзеную тэму), другі ў выглядзе верлібра, а трэці ў любой форме, якую выберуць самі паэты. Затым на спецыяльным адкрытым пасяджэнні гэтай камісіі абвяшчаюцца вынікі “праверкі”, пасля чаго ўпершыню “расшыфроўваюц­ца” прозвішчы пераможцаў. І так можа стацца, што які-небудзь правінцыйны (і зусім невядомы) паэт выявіць большую творчую адоранасць, большы талент, чым “раскручаны” вузкім колам сваіх прыхільнікаў вядомы сталічны паэт...
7. Вяртанне ў сферу айчыннай літаратуры тых таленавітых асобаў (напрыклад, Л. Галубовіч, А. Мінкін, М. Баярын), якія па розных прычынах і ў розны час “пакінулі” паэзію, а таксама тых, хто з’ехаў за межы Бацькаўшчыны і зараз практычна не прадстаўлены ў айчыннай літаратурнай прасторы (напрыклад, В.Морт). Усе гэтыя пісьменнікі яшчэ б змаглі напісаць мноства цудоўных твораў, тым самым павялічыўшы свой унёсак у беларускае прыгожае пісьменства. Іначай кажучы, нам трэба, відаць, кінуць такім “аціхлым” творцам палымяны заклік аднавіць уласную творчасць і болей не пераставаць займацца той справай, якая калісьці атрымлівалася ў іх надта хораша!..

***
Мяркую, што ўсе вышэйназваныя шляхі і сродкі патэнцыяльна могуць быць даволі эфектыўнымі, дзейснымі ў плане выпраўлення агульнай неспрыяльнай сітуацыі. Аднак дзеля справядлівасці трэба прызнаць, што рэалізаваць на практыцы падобныя методыкі ў нашай краіне зараз надзвычай складана, а часам і практычна немагчыма найперш з-за фінансавых, матэрыяльных цяжкасцяў, а таксама з-за, мякка кажучы, не надта спрыяльнага для развіцця літаратуры маральна-духоўнага клімату ў сённяшнім соцыуме.
Улічваючы ўсё гэта, сёння спадзяванні на хуткае змяненне складанага становішча ў лепшы бок выглядаюць даволі сумніўнымі і нават трошкі наіўнымі. Але ж, як вядома, надзея памірае апошняй, а таму ніколі не будзем яе губляць і ў той жа час у глыбіні сваіх душаў будзем заўсёды спадзявацца на нейкі культурны цуд, духоўны прарыў, а таксама на мастацкі ўздым, патэнцыяльныя магчымасці для якога ўсё-ткі пакрысе выспяваюць (на гэта даюць пэўныя надзеі самыя адораныя маладыя празаікі і паэты). Праўда, чакаць такога літаратурнага ўздыму можна будзе, відаць, толькі ў больш-менш аддаленай гістарычнай перспектыве. А што датычыцца прыведзенага ў самым пачатку нашага эсэ меркавання Карла Ясперса, то адзначым, што на працягу ХХ-пачатку ХХІ ст. духоўнасць (шырэй – высокая культура) і сапраўды працягвала гінуць, гібець, але ж, на шчасце, усё-ткі не загінула канчаткова, і мастацтва працягвае жыць, нягледзячы на шматлікія неспрыяльныя абставіны. Ars longa, vita brevis…



Л і т а р а т у р а:
1. Ясперс К. Духовная ситуация времени / Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2-е изд. – М.: Республика, 1994. – 527 с.
2. Бауман З. Глобализация. Последствия для человека и общества / Пер. с англ. – М.: Изд.-во «Весь мир», 2004. – 188 с.
3. Браэм Г. Психология цвета / Гаральд Браэм; пер. с нем. М.В.Крапивкиной. – М.: АСТ: Астрель, 2009. – 158 с.
4. Палуян С. Лісты ў будучыню: Проза. Публіцыстыка. Крытыка. – Мн.: Маст. літ., 1986. – 215 с.
5. Гл.: Апокалипсис смысла: Сборник работ западных философов XX-XXI вв. – М.: Алгоритм, 2007. – 272 с.



Слова ад “Дзеяслова”:

Спадзяемся, артыкул Эдуарда Дубянецкага выкліча водгук у чытачоў і жаданне паспрачацца з аўтарам... Друкуем яго ў якасці палемічнага, абсалютна разумеючы і ўсведамляючы, У які час і ў якой краіне жывем. А таму прымаем прапановы аўтара па “выхаду з крызіса” як пажаданне на будучыню. Магчыма, прыйдзе час, калі мы з удзячнасцю імі скарыстаемся...