12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Галіна Дубянецкая

_____________________
“А найлепшыя – сарматкі”.
З нагоды спаткання з “Душой Лістападу” Ірыны Багдановіч


Адклаўшы кніжку, думаеш:
Паэты – патрыёты? Яшчэ якія! Жарсныя. Пяшчотныя. Патрыёты сваёй стыхіі. Мары. Улюбёнага надвор’я ці сузор’я. Краіны, часіны, мясціны, планеты – не заўсёды пазначаных у біяграфічнай даведцы. Зачараваны кут: вобраз радзімы ў творчасці паэта.
А што наконт вобразу паэта? О, тут багатая традыцыя!.. Прарок, мысляр, ганчар, званар, штукар… Гаротнік, самотнік, сухотнік, адлётнік, залётнік… Ласун, цынік, вернік, вершнік, воўк… Вядзьмак, святар, анёл, кніжнік, вандроўнік, прайдзісвет, ніхто… Сабака, птушка, не-паэт, раб, цар, бог, дзівак, нямко… Актор, трубадур (пясняр, дудар, гусляр, лірнік), зорка, сонца, блазан, карпеч… Ваяр, вар’ят…
Намацаўшы радзіму сваёй душы, яны вызнаюць яе скрозь. Беларускія паэты: афрыканцы, германцы, эліны, рымляне, ліцвіны, яцвягі, даосы, тыбетцы, самураі…

“Ды найлепшыя – сарматкі”, – чытаем у новай кніжцы Ірыны Багдановіч “Душа Лістападу”, выдадзенай сёлета Кнігарняй пісьменніка. Гадоў колькі таму аматары паэзіі атрымалі ад Ірыны “Сармацкі Альбом” (2004). Вось жа, душа паэткі ўдакладняе свае каардынаты.

Я ж, даўніх сарматаў нягеглы патомак,
Сабе выбіраю да густу пярсцёнак –

з гэткаю сціпла-какетлівай годнасцю зазначае гераіня верша “Сармацкі бурштын”.
Дарэчы, хто яны, тыя сарматы? Напаўказачныя качэўнікі, тыя, што напачатку нашай эры насілі аздобленыя бурштынамі, перламі ды бісерам строі? Ці гэтыя, што згадалі пра тых у пазамінулым стагоддзі ў Рэчы Паспалітай – і натхніліся шляхотнымі продкамі?.. Як бы там ні было, мы прымаем ласкавае запрашэнне шаноўнай пані адведаць ейны “самаробны”, як яна кажа, “светамір”.
…А тут, апроч нас, “Яснавяльможныя госці”: вітаем шаноўных Дануту Бічэль, Галіну Тварановіч, Аляксея Каўку… Ларысу і Зоську… Ну, вядома ж, Максіма Кніжніка, якому нашая гаспадыня, таксама не абы-якая кніжніца, даводзіцца раднёй па прозвішчы… І Скарына, і Багушэвіч з Купалам, і Адам Міцкевіч, падобна, завіталі сюды невыпадкова… Гаспадыня апавядае пра месца, дзе часта гасцюе сама – “архіўнае жытло” ўнебаўзятых Паэтаў – узвышаўцаў, маладнякоўцаў, чые лёсы яна чытае, то плачучы, то смеючыся…
Дзеля пачатку яна прапануе нам – не, не каву і пакуль не віно – “Кароткі канспект паэтыкі” з “Тэорыяй” і “Хрэстаматыяй” верлібру, “Апраўданнем футурызму” і “Развагай трубадура”, дзе герой, праштудыяваўшы “Канспект”, вырашае “звярнуцца зноў да звыклага радка”:

хоць гэта не сучасна
не “гламурна”
затое традыцыйна
трубадурна

Зрэшты, паэт не можа не быць кніжнікам. Заўважаем на старонках яшчэ дагэтуль ніколі не ўжываныя альбо трывала забытыя, нядбайна згубленыя “на раздарожжах падзей” слоўцы, якія Ірына, ведаючы, дзе шукаць, пазнаходзіла і, умеючы, павынаходзіла: да прыкладу, памянёны ўжо шматзначны “светамір”, гжэчныя “васпан” і “васпані”, нязмушана-сцвярджальнае “АГА”, шыкоўныя “вінагроздзя” ды іншыя.
А цяпер наспеў час падаваць віно. Гасцей атуляюць “Вінагроздзя кахання”, і гучаць узнёслыя тосты за “Маладосці вечны дар”, за “ліхтарні Сяброўства і Кахання” і, безумоўна, за Айчыну:

Узнімем іскрыстыя шклянкі
з чароўным напоем,
віваты ўрачыста прамовім,
панове ліцвіны,
на славу айчыны,
якую шляхетна адновім,
свае і чужыя адкупім
грахі і правіны…

У гэтым кантэксце “вінагроздзевай гронкай //…у клопаце Пана”, здаецца, апякуецца не хто іншы як антычны бог Пан, апякун усяе прыроды, імя якому “Усё”.
Але ж і “вада, налітая з мяхоў, // віном стаецца з ласкі Пана”, а мы памятаем эпізод у Кане Галілейскай, і разумеем, што маецца на ўвазе Госпад Евангелля.
Рука гаспадыні бессвядома адсуне фіранку, і калі з-за яе, быццам стомлены вандроўнік, зірне “сумны запознены лістападаўскі дзень”, прысутным зашчыміць сэрца і няўзнак надыдзе хвіліна шчырай споведзі. Простыя дакладныя словы “без лоску і маны” пра ўзаеміны душы з Богам, пра пошукі прыгажосці “не ля святых дароў”, пра памылкі й расчараванні.

Іду, дарожніца ў імгле,
Ружанец як ліхтар.

Штодзённая выправа ў “шлях дасканаласці”, намаганні “быць добрым і справядлівым, міласэрным і споўненым любові” прыводзяць да неабходнасці “змірыцца з тым, што заўсёды знойдзецца прычына для пакаяння”.
Але на гэтым шляху асягаецца мудрасць.

Я не ёсць цела,
а той, хто клапоціцца пра цела,
той, хто існуе ў чашы,
але не сама чаша,
той, каго можна выплеснуць,
і будзе жыць,
але чаша не будзе.

Чые гэта словы? Хто падказаў іх паэтцы? Можа, у сне?..
Побач з намі заўважаецца постаць, якое не заўважалі раней. У ёй пазнаецца той, хто кагадзе зірнуў “з-за адсунутае фіранкі”.
Здагадка працінае:

А можа, гэта
той самы Госць
па дарозе
на Эмаус?..

Праяснёны пагляд прыкмячае ў згалелым садзе “ліловы ліхтарык позняй скукарчанай слівы”. Каля яго грэецца душа Лістападу…
…Адведзіны “светаміру” Ірыны Багдановіч працягваюцца на ягоных крэсах заходніх, дзе гучыць “Старапольскае рэха Беларусі” – пераклады паэтаў “беларус­ка-польскага культурнага памежжа” новасармацкіх часоў (18 – 19 стагоддзяў): Францішка Багамольца, Францішка Князьніна, Францішка Карпінскага, Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Габрыэлі Пузыні ды Зоф’і Манькоўскай. Менавіта адсюль паходзіць радок Уладзіслава Сыракомлі, прысвечаны сарматкам, што даў загаловак гэтай зацемцы.
Зацытуем трошкі болей:

Хто хоць раз яе прыкмеціць,
Захавае ў сэрцы згадкі…
Хоць кабет нямала ў свеце,
Ды найлепшыя сарматкі.