12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Дубавец

_____________________
Кайлюс і Зелба. Зімовая казка


Віталю і Алене

Два ахоўнікі вайсковага стрэльбішча шарагоўцы Кайлюс і Зелба рабілі ранішні агляд тэрыторыі. За лесам яны сышлі ў лагчыну, адкуль сьцежка паміж сумётаў вяла да ракі.
– Ці ты глядзеў, колькі сёньня?.. – спытаўся Кай­люс.
– Мінус сорак, – адказаў Зелба.
Шарагоўцы моўчкі спусьціліся з невысокага берагу на ледзяную паверхню.
– Мінус сорак бывае ў гэтых краях раз на сто гадоў, – сказаў Кайлюс.
– Угу, – адказаў Зелба. – Столькі ж было ў год нашага прызыву.
Пад нагамі ў жаўнераў паўставалі карціны пра­мерзлага наскрозь падводнага сьвету: плаўкія водарась­ці выгіналіся на некалькі крокаў, рыбіны замёрлі ў сваім шустрым бегу, белыя бурбалкі нагадвалі россып зор.
– Юбілей, – стаў на месцы Зелба, – нам паложана падвойная пайка рыбы!
– На паложана х... наложана, – механічна адказаў Кайлюс, не спыняючы хады.
Пад супрацьлеглым берагам, дзе ніцая вярба схілілася да ракі, убачыўшы нешта пад ільдом, Кайлюс раптам адскочыў назад. Тое самае зрабіў і Зелба. Асьцярожна ступаючы наперад, жаўнеры ўглядаліся ў ледзяную паверхню й было відаць, што ўбачанае іх моцна ўражвае.
Пад ільдом паміж водарасьцяў застыла ў руху дзяўчына.
– Зусім не падобная да русалкі, – пасьпяшаўся азвацца Зелба.
Тым часам Кайлюсу ад пераляку яшчэ не вярнулася мова. Ён абаўрэла разглядаў нечаканую відзежу, як нешта жаданае і, разам, забытае назаўжды.
Сапраўды, ані доўгіх косаў, ані рыбінага хваста ў “русалкі” не было.
Лёгкая сукенка, згібы цела, усьмешка на вуснах, заплюшчаныя вочы – усё гэта змушала жаўнераў неадрыўна глядзець пад лёд і хвалявала сэрца.
– Прынцэса, – міжвольна прашаптаў Бівіс Кайлюс.
– Ляля, – азваўся Батхэд Зелба.
Такое “розначытаньне” быццам ацьвярозіла іх, і яны, завядзёна пабраўшы вінтоўкі, рушылі звыклым маршрутам агляду – на супрацьлеглы бераг, з-за якога ўжо падымалася белае марознае сонца.

* * *
У пастарунку – невялікім будынку з сілікатнае цэглы – яны, як заўжды, варылі сабе ежу, як заўжды, елі, пасьля аглядалі амуніцыю й зброю, але пры тым не казалі ні слова ані пра “русалку”, ані пра саракаградусны мароз, ані пра юбілей. Яны маўчалі. Толькі бліжэй да поўдня першы прамовіў Зелба:
– Слухай, Кайлюс. Мы аглядаем тэрыторыю ўдвух дзеля таго, што можа спатрэбіцца прыкрыць адзін аднаго альбо каб адзін, у выпадку чаго, пабег у пастарунак, а другі заставаўся на месцы здарэньня, праўда?
– Так напісана ў рэгламеньце, – пацьвердзіў Кайлюс.
– Толькі ж ніколі не было ў нас ніякіх здарэньняў. Аднойчы лось парваў агароджу, і ўсё. Але каб выявіць той прарыў, зусім ня трэба хадзіць разам.
– Магчыма, – недаверліва пагадзіўся Кайлюс.
– Мы вяртаемся з гэтых аглядаў галодныя, як сабакі, – узвысіў свой голас Зелба. – І пасьля яшчэ колькі часу гатуем ежу.
– Ты прапануеш зьмяніць рэгламент? – выказаў здагадку Кайлюс.
– Мы нічога ня будзем зьмяняць. Проста я буду хадзіць на агляд тэрыторыі, а ты гэтым часам будзеш гатаваць ежу.
Кайлюс задумаўся. Гатаваць ежу яму ня вельмі падабалася. І потым, ён ня менш за Зелбу хацеў яшчэ паглядзець на Прынцэсу. Таму ўрэшце Кайлюс сказаў:
– Лепей мы будзем усё рабіць на зьмену. Сёньня ты гатуеш, а заўтра я.
Так і пастанавілі.

* * *
Вядома ж, яны хітравалі. Нечаканая знаходка на рацэ абудзіла ў іх такое моцнае жаданьне, што яны гатовыя былі пагубляць галовы, думаючы толькі пра сваю Лялю і пра сваю Прынцэсу. Вядома ж, сваёй пастановай яны парушалі рэгламент, які ясна прадпісваў хадзіць на агляды разам. Але яны яшчэ ня ведалі, што адно парушэньне цягне за сабой наступнае, і што ўсе наступныя робяцца ўсё больш цяжкімі й нават фатальнымі.
Ужо назаўтра, калі Зелба, здабыўшы сабе права першым пайсьці на агляд асобна, рушыў ад пачатку перыметру, але, як толькі яго ўжо нельга было бачыць з пастарунку, вобмільгам кінуўся да ракі.
Пад ніцай вярбою ён на каленях рукамі рассоўваў сьнег і леташняе лісьце з ледзяное паверхні, пад якой зусім як жывая застыла Ляля. Уражаны зноў і яшчэ больш, чым учора, Зелба гатовы быў глядзець на яе бясконца – на яе цела пад хвалямі лёгкай сукенкі, і хоць Ляля спала, здавалася, што ўсьміхаецца яна менавіта яму.
Але мароз, нарэшце, пагнаў Зелбу ў пастарунак.
Калі пасьля абеду Кайлюс адправіўся нібыта па дровы, а насамрэч пабег да ракі, ледзяная паверхня пад вярбою была высьлізганая да бляску й нагадвала люстэрка. І Кайлюсу таксама падалося, што Прынцэса ў сьне ўсьміхаецца толькі яму. Але тое, што перад ім тут быў Зелба, прымусіла яго задумацца.
Не, Кайлюс ня ведаў пачуцьцяў рэўнасьці або ўласнасьці або здрады. Ён, як і Зелба, ня ведаў ніякіх пачуцьцяў, апроч натуральных чалавечых патрэбаў. За ўсю іхную супольную службу выпадак з “русалкай” быў першы, што разварушыў у іх жаданьні, ніяк не зьвязаныя з рэгламентам ды сьціплым жаўнерскім бытам.

* * *
– Ну, што мы будзем як дзеці хадзіць да яе... – пачаў за вячэрай Кайлюс.
– Мне таксама здаецца, што ў гэтай гісторыі павінен быць нейкі працяг, – пагадзіўся Зелба. – Але што мы можам зрабіць?
Што яны могуць зрабіць? Заўсёды, калі жаўнерам спатрэбвалася нешта зрабіць, яны думалі пра рыштунак, якога ў іх у прыбудове было шмат. Ня раз яны абмяркоўвалі: а што, калі ў дратах агароджы заблытаецца лось – якім чынам прыцягнуць яго ў пастарунак. І хоць лось так ані разу й не патрапіўся ім на вочы, але за часы службы іхны план – што з ім рабіць – абгаварыўся і склаўся ў цэльную карціну, дзе былі ўлічаныя ўсе нечаканасьці й дробязі. Згадаўшы пра ўсё гэта, Зелба сказаў:
– Давай яе – дастанем!
– А ты думаеш, доктар Блюм ня сочыць за ёй гэтаксама, як за намі? – перасьцярог Кайлюс.
– Вядома, сочыць. Але наколькі нам дадзена вырашаць самім, настолькі далёка мы й зойдзем. Там, дзе будзе ўжо нельга, доктар Блюм нас абавязкова спыніць. А пакуль... Пакуль мне вельмі хочацца Лялю.
– А мне Прынцэсу.

* * *
Мінус сорак трымалася й назаўтра, калі жаўнеры пастанавілі забраць “русалку”. Пра ранішні агляд нават ня ўспомнілі.
Раніцай Кайлюс згатаваў пад’едак, а Зелба выцягваў з прыбудовы рыштунак – лябёдку, санкі, трасы з крукамі, ледаруб і бензапілу.
Кожны думаў пра тое, на колькі ім удасца прасунуцца ў задуманай справе, пакуль не аб’явіцца доктар Блюм – тады ўсё гэта страціць сэнс. Але пакуль доктар Блюм не аб’яўляўся, і можна было самім пісаць працяг гэтай гісторыі. Гэта натхняла. І досьвіткам, натхнёныя, яны рушылі да ракі.
Пакуль дайшлі з санкамі, лябёдкай ды іншым рыштункам, над супрацьлеглым берагам пачало ўзыходзіць незвычайнага колеру мякка-ружовае сонца. Моцны мароз паддаваў жаўнерам імпэту.
“Русалка” чакала іх пад высьлізганым іхнымі каленямі й локцямі лёдам. Яна была ўсё такая ж лёгкая й жаданая. На хвіліну яны спыніліся ў здранцьвеньні, дакладна гэтак, як тады, калі пабачылі яе ўпершыню. І тут зараўла ў руках Зелбы бензапіла, зацёхкаў Кайлюсаў ледаруб.
На тле ружовага сонца, што пафарбавала ў свой колер усё навакольле, два мужчыны ў нягнуткіх вайсковых бушлатах улягалі на рачной паверхні, занятыя цяжкай працай. Сцэна цягнулася доўга, але, калі б некаму выпала назіраць яе, ён бы ня здолеў адвесьці вачэй, так гэта ўсё было дзіўна. Заставалася толькі ўявіць сабе музыку – велічную і сьцьвярджальную, з далёкай трывожнаю нотай.
Яны не абмяркоўвалі, што й як рабіць, хоць рабілі кожны сваё й паміжсобку зладжана. Гэта зусім зразумела, калі ўлічыць, што яны ўсё робяць разам ужо сто гадоў.
Зелба абпілоўваў лёд вакол “русалкі”, а Кайлюс выдзёўбваў лункі з бакоў. Калі Зелба закончыў, Кайлюс яшчэ выбіваў чацьвертую лунку, і Зелба пачаў ладкаваць крукі ў гатовыя тры.
Ружовае сонца асьвятліла іх поўным сьвятлом, калі Зелба налёг на педаль лябёдкі, і прастакутная глыбіна льду з “русалкай” пачала аддзяляцца ад паверхні ракі.
Яна павольна ўздымалася ўгару, і бракавала толькі анёлаў, якія б уструбілі яе прыход. Але можа гэта й былі анёлы, а не сама рака ўзвыла ўсім сваім целам, якім чаплялася за тую глыбіну з апошніх сілаў.
Тут жаўнеры ўпершыню загаварылі міжсобку.
– Ці чуеш музыку, Кайлюс? – спытаўся Зелба, і на вуснах яго зьявілася ўсьмешка.
Сьмяяўся і Кайлюс – хто яшчэ бачыў яго такім?
– Я чую, чую музыку!
Фантастычная сімфонія ружовага сонца захапіла ўсё навакольле – засьнежаныя лясы, палі, рэчку й нават чэзлую траву, што сям-там прабівалася з-пад сьнегу. Усё – трымцела! Гэтую музыку можна было ня толькі чуць і бачыць, але й асязаць і ўдыхаць разам з марозам.

* * *
Цягнулі глыбу ў свой сілікатны дом вельмі цяжка. Забылі й пра ружовы сьвітанак, і пра музыку. Сьцяўшы зубы, цягнулі невядомы груз, ня ведаючы, для чаго. Дакладней, Кайлюс цягнуў, а Зелба штурхаў. Колькі было вагі ў тым лёдзе, не задумляліся. Ня згадвалі й пра доктара Блюма, які ў кожны момант мог спыніць хаду іхняга прадпрыемства. Бо ведалі – штосьці яны робяць насуперак, бо ад пачатку ўсё гэта прыдумалі самі. І таму даставілі глыбу да свайго пастарунку. І толькі тут заўважылі, што на дарогу ім спатрэбіўся цэлы дзень.
У будынку яны ўсьцягнулі свой груз на стол. Ні слова ня мовячы, распалілі печку – узьнялі тэмпературу, а пад сталом зрабілі сьцёк для вады, якую вёдрамі выносілі за парог.
Доўга ці каротка тое цягнулася, але вада сышла, пакінуўшы на стале бездыханнае цела “русалкі”, якая ад таго ня страціла ані сваёй прывабнасьці, ані ўсьмешкі.
Кайлюс дастаў з аптэчкі той “на скрайні выпадак” чып, далучыў яго да рукі Прынцэсы, і тая ажыла.
“Доктар Блюм, доктар Блюм, – круцілася ў галаве ў Зелбы, – гэта ж доктараў чып... Што з намі будзе?”
Ну, пакуль нічога такога й не было, апроч таго, што бывае з чалавекам, калі яму да рукі далучаюць чып. Ляля і сапраўды ажыла, села, агледзелася й сказала (пытаньне, адказу на якое патрабаваў чып – як табе?): “Мне добра... Няўжо скончыўся ўвесь гэты кашмар? Чаго глядзіце? У вас тут цёпла, і я хачу есьці”.
– Э-э-э, – азваліся Кайлюс і Зелба, – у нас цэлая рандэля кашы з тушанінай!
– І што? – спыталася яна роблена-няшчасна, – можна папрасіць?
Ясна! Абодва жаўнеры кінуліся да рандэлі – калі ласка!
– А ты хто? – спыталіся пры тым у адзін голас.
Бачна было, што пытаньне яе азадачыла, але, шукаючы выйсьця, яна зірнула на бушлаты шарагоўцаў на вешаку і знайшла адказ:
– Жанчына.
Гэтага адказу было дастаткова, каб Кайлюс і Зелба здаволілі сваю цікаўнасьць, толькі б ведаць цяпер, што з ёй, жанчынаю, рабіць?
Жаўнеры любаваліся яе прыгажосьцю, пры тым разумеючы, што ўся сітуацыя знаходзіцца пад кантролем доктара Блюма. Але той пакуль што ня ўмешваўся. Яны ўжо зрабілі нямала дзеяньняў насуперак ягоным устаноўкам. Ім нават хочацца рабіць нешта насуперак яшчэ, далей. Вось яна, іхная Ляля Прынцэса, перад імі. І што ж?
– А вы, відаць, салдацікі, у гэтым сэнсе заклапочаныя? – працягвала знаёмства “русалка”.
– Мы – Кайлюс і Зелба – ахоўнікі вайсковага стрэльбішча, – сказаў Кайлюс. – Мы заўсёды гатовыя, калі агароджу прарве лось... – і запнуўся.
– А як цябе завуць? – раптам знайшоўся Зелба.

* * *
– Маё імя Зоя. Хоць ніколі, апроч як Зоінька, мяне ніхто не называў.
– Зоінька, – прамовіў Зелба.
– Зоінька, – прамовіў Кайлюс.
Увогуле русалак у гэтым краі ніколі ня клікалі Зоямі. Называлі Сафійкамі або Зосямі. Але гэта было сто гадоў таму.
– Які цяпер час? – раптам спыталася Зоя.
– Самая поўнач, – адказаў Кайлюс.
– Стагоддзе нашага прызыву, – сказаў Зелба.
Зоя задумалася, саскочыла са стала на падлогу й стала марудна хадзіць па пакоі, разглядаючы рэчы вакол. Асабліва яе ўвагу прыцягнулі бушлаты.
– Я памятаю свой апошні дзень нараджэньня, – сказала яна. – У нас дома сабраліся мае сябры. Было так дзіўна! Усе чамусьці прынесьлі кавуны. Мы аб’ядаліся кавунамі. Потым гулялі па горадзе. Але штосьці павінна было адбыцца. Проста ў паветры вісела нейкае чаканьне нейкіх пераменаў. І было трошкі трывожна. Бо паўсюль мы сустракалі жаўнераў у гэткай вось форме. На тварах у іх не было ні радасьці, ні страху, ні жаданьняў... Амаль як у вас. Вы хочаце сказаць, што прамінула сто год? Але ж я не зьмянілася.
– Вы добра захаваліся, лежачы ў лёдзе ракі, – Зелба нават і не заўважыў, што перайшоў з ёю на “вы”, бо пра сябе падумаў: гэта доктар Блюм цябе так захаваў.
– Кіно нейкае, – усклікнула Зоя. – Так не бывае. Вы – звычайныя жаўнеры ў звычайных бушлатах і каша ў вас звычайная.
– А як ты папала пад лёд?
Зоя няўцямна паглядзела на Кайлюса, бо ягонае пытаньне гучала цалкам сур’ёзна – бяз ценю жарту або заігрываньня.
– Ну, мы знайшлі цябе ў зьледзянелай рацэ, прыцягнулі сюды й ажывілі.
– Ажывілі... – паўтарыла Зоя. – Як?
– У нас маецца адмысловы чып, – сказаў Кайлюс. – Праўда, ён прызначаны на тое, калі нешта здарыцца з адным з нас.
– Мы парушылі рэгламент, – з гонарам сказаў Зелба, але зараз сумеўся, – пайшлі супраць волі доктара Блюма.
– Доктар Блюм... – паўтарыла Зоя. – Сто гадоў... ажывілі... І гэта ня сон?
– Не, гэта ня сон, – сказаў Кайлюс.
– Здаецца, што я нешта згадваю, але я думала, што гэта проста сон, нейкі дурны кашмар...

* * *
Наша звычайнае жыцьцё складалася пераважна з медыя-прасторы: тэлевізія, кіно, інтэрнэт, глянцавыя часопісы з каляровымі газетамі, мабільнікі з тэлекамерамі – маса падзеяў і жарсьцяў, але колькі сярод іх было нашых уласных? Няшмат. Некаторыя нават цалкам акунуліся ў гэтую прастору і па-за ёю ня мелі нічога й нікога. Такія дзялы. Нават у газетах сталі пісаць, што мы зашмат аддаем увагі ўсялякім медыйным зоркам ды іхняму жыцьцю. Але нічога не зьмянялася. Абсалютна. Пакуль аднойчы раптам ня скончылася ўсё. Як усё адно нехта адключыў ток. І ўсе нашыя прылады радасьці патухлі. Нават ня ведаю, што гэта было – ці то крызіс, ці то вайна, ці падзеньне метэарыта. Проста зьнікла сьвятло. Уяўляеце? Ты ўвесь час жывеш у медыя-прасторы й думаеш, як шмат усяго на сьвеце ёсьць, а тут – бац! – і нічога няма. Толькі ты сам. Ну й вялікае мноства такіх самых, як ты.
Мы ўсе апынуліся ў нейкіх транзітных пунктах. Гэта было так брыдка, што нават ня ведаю, навошта пра гэта распавядаю. А якраз пачыналася зіма. Казалі, што гэта глабальнае пацяпленьне, але выйшла наадварот – абледзяненьне. Апошнім часам, здаецца, усё, што ні прадказвалі, выходзіла наадварот.
Ну вось. У нашым транзітным пункце было моцна нацеплена, амаль як у вас тут. А сам пункт быў звычайнай бальніцай з калідорамі й палатамі, дзе сьмярдзела лекамі. Там я й пабачыла доктара Блюма. Гэта праўда ня сон?
– Не, ня сон, – у адзін голас сказалі Кайлюс і Зелба.
– Ня сон... – паўтарыла Зоя й працягвала. – Але чамусьці доктара таго звалі Заяц. Доктар Заяц. Хоць усе неяк ведалі, што ён Блюм.
Мяне ўразіла тое, што доктар Заяц насамрэч быў мядзьведзем. У яго на плячах была драўляная мядзьвежая галава, невялікая такая, пафарбаваная чорным лікам.
– Гэта Блюм, – разам усклікнулі Кайлюс і Зелба.
– Ну вось. Мядзьвежая галава, белы халат... І адна нага ў яго была касьцяная, не згіналася, таму ён хадзіў з палкай, кульгаючы. Ён ніколі нічога не казаў і быў вельмі суворы. Здаецца, ён і дачыняўся з іншымі толькі гэтай сваёй палкай – тыцкае ёй, штурхае або б’е. Гэта быў страшны сон...
– Доктар Блюм мутант, – сказаў Зелба. – Адзін з першых мутантаў, ня вельмі ўдалы, але ўсё адно больш дасканалы, чым людзі.

* * *
Зоя не зьвяртала ўвагі на іхнія рэплікі, быццам баялася згубіць нітку сваіх успамінаў. Было бачна, што для яе вельмі важна чым хутчэй узнавіць тое, што было, і зразумець, як і чаму яна апынулася тут.
– Так ці йнакш, але доктар Заяц наводзіў на ўсіх вусьціш. Асабліва калі мы чулі ягоныя кульгавыя крокі, стук ягонае палкі ці ягонае шыпеньне: Экш! Экш!
Зоя задумалася. Нягледзячы на позьні час, яе слухачы не драмалі, а з нецярплівасьцю чакалі працягу.
– Аднойчы, – пачала яна асьцярожна, быццам зьбіралася дакрануцца да агню, – аднойчы я ўбачыла, як доктар Заяц гнаў сваёй палкай па падлозе ў калідоры... Гэта быў кавалак чалавека, сплюшчаны, як барэльеф. Толькі галава і грудзі. Барэльеф мужчыны, маладога, з бародкай. Такіх паказвалі ў фільмах пра рэвалюцыю. Адразу мне падалося, што гэта кавалак нейкага дыванка ці ліноліуму. Але ён стагнаў. А доктар прыкрыкваў: Экш! Экш!.. Слухайце, чаму ў вас так халодна?
– Зараз, – ускочыў са свайго ўслончыка Зелба, – пашукаем чаго-небудзь надзець.
– Зараз, – падняўся Кайлюс, – запарым гарбаты.
Зелба адчыніў падсобку. Кайлюс адправіўся на двор па дровы, бо ў печцы датлелі апошнія вуглі.
Зелба знайшоў у падсобцы цёплыя спартовыя нагавіцы й такую ж майстарку, а таксама чысты бушлат. Кайлюс наладаваў дровамі пліту, запаліў агонь і паставіў кіпяціць ваду.
Жаўнеры корпаліся кожны пры сваім занятку, адвярнуўшыся ад жанчыны.
Зоя тым часам хуценька нацягнула на сябе цёплыя рэчы й выглядала цяпер адной з іх, цяпер ужо траіх.
Дасьпела гарбата і ўсе трое, пасеўшы на ложках, былі гатовыя да працягу размовы.

* * *
– У той час шмат пісалі пра кланаваньне, перасадкі органаў, пра разумных робатаў. Але я ня надта за гэтым сачыла, – прамовіла Зоя, грэючы рукі аб кубак з гарбатай. – Напэўна, рана ці позна ўсё гэта мусіла перавярнуць увесь наш сьвет. Калі любую частку чалавека можна замяніць на іншую, дык гэта ўжо нейкае вечнае жыцьцё атрымліваецца.
– Так і ёсьць, – пагадзіліся Кайлюс і Зелба.
Зоя ўпершыню паглядзела на іх уважліва, быццам вывучала.
– Выходзіць, што й вы – робаты?
– Мы не мутанты, – уздыхнуў Зелба. – Мы людзі, хоць і сапраўды шмат разоў пералепленыя.
– Але мы ня трапілі ў катэгорыю дасканалых – на мутацыю, як, напрыклад, доктар Блюм, – удакладніў Кайлюс.
– Цікава, у якую катэгорыю патрапіла я? – разважала ўголас Зоя. – Напэўна, у нейкі адсеў – каму вечнасьць не пагражае.
– Напэўна, – пагадзіліся Кайлюс і Зелба.
Адказаць нешта дакладнае гэтыя дзецюкі з нутром стогадовых дзядоў не маглі, бо нічога ня памяталі дый толкам ня ведалі. Колькі часу сплыло пасьля іхнага прызыву на вайсковую службу, а што было да таго – даўно заменена ў іхнай трансплантаванай памяці. Адзінае, што цяпер у іх раптам абудзілася цікавасьць да таго сьвету, з якога зьявілася Зоя. Калі ўвесь той сьвет такі, як яна, значыць, і сапраўды цікава, якім чынам ён скончыўся. А можа й ня скончыўся? Пакуль ёсьць Зоя.
– Тады шмат казалі пра гендэрную дыскрымінацыю, – разважала далей яна. – Але ніхто з гэтым не лічыўся, бо жанчын стала ў некалькі разоў больш за мужчынаў.
– Мы гэтага ня ведаем, – разам прамовілі Кайлюс і Зелба.
– А тых, каго адсеялі, нашы гуманныя кіраўнікі, каб не забіваць, сталі замарожваць, – зрабіла дапушчэньне Зоя. – І каб ня траціць сродкі, марозілі іх у рэках, бо ўсё адно настала глабальнае абледзяненьне. Так?
– Магчыма, – сказаў Кайлюс.
– Ты разумная, – заўважыў Зелба. – Толькі мы ніколі ў нашай рэчцы нікога, апроч цябе, не знаходзілі.

* * *
За сьляпым акенкам пастарунку ахоўнікаў стрэльбішча пачынала сьвітаць. І жаўнеры зазьбіраліся на агляд тэрыторыі. Цяпер ім і ў галаву не прыходзіла думка, што пойдзе нехта адзін, а другі будзе гатаваць сьняданак.
Папрасілася разам з імі і Зоя – каб паглядзець тое месца, дзе яны яе знайшлі. На тое ёй выдалі цёплыя ватныя штаны й валёнкі. Яна апраналася і не пераставала зьдзіўляцца іхняму ўбогаму быту. Маўляў, куды падзяваліся ўсе тыя кампутары, бытавыя прылады й сродкі сувязі, ды наогул – усё, чым было напоўненае жыцьцё сто гадоў назад? Тады многія нават уявіць сабе не маглі існаваньня без тэлевізару, газавай пліты або цёплага клазету й душу. Няўжо з дасягненьнем вечнага жыцьця ўсё гэта страчвае сэнс? Прыгажосьць і зручнасьць быту?
Жаўнеры, відавочна, не разумелі, пра што яна кажа, але згаджаліся з ёю аднаслоўнымі адказамі “магчыма”, “відаць”, “напэўна”. Ім тое было ня толькі незразумела, але й нецікава.
Мароз у той дзень зьменшыўся напалову – да мінус дваццаці.
Калі ўсе трое спускаліся ў лагчыну, Зоя спыталася, якім чынам доктар Блюм сочыць за ахоўнікамі стрэльбішча? Як ён даведваецца, што нехта з іх захварэў ці што камусьці трэба зрабіць трансплантацыю?
– Усё адбываецца само сабою, – адказалі яны. Уся інфармацыя – у паветры. І лекаваньне і трансплантацыя – усё робіцца праз паветра. Ім нават і думаць пра гэта ня трэба. Іх задача – ахоўваць тэрыторыю.
“Ага! Вось куды падзявалася ўся кібернетыка – у паветра! – усклікнула Зоя. – Але ж вы самі зазірнуць у паветра ня можаце? Што-небудзь там падгледзець, падправіць, як доктар Блюм?”
“Не, – адказалі яны, – мы ў гэтым нічога не разумеем, ды нам і ня трэба. Мы простыя людзі, а гэта справа дасканалых мутантаў”.
Калі перад самай ракой яны спыніліся, Зоя казала пра свае пачуцьці – як гэта дзіўна пастаяць над уласнай магілай!
Але ўчорашняе прастакутнае яміны пад ніцай вярбой не было.

* * *
Прыцярушаны сьнегам лёд уяўляў сабою роўную паверхню, зусім непразрыстую, шэрую й каламутную. Нават водарасьцяў у замерзлай рацэ разгледзець было нельга.
Кайлюс пачаў мітусьліва аглядацца, думаючы, што яміна можа быць у іншым месцы, крокаў дзесяць туды-сюды. А Зелба выказаў дапушчэньне, што рэзкі перапад тэмпературы мог згладзіць яміну ды зрабіць каламутнай падлёдную відзежу.
Зою адсутнасьць “магілы” зусім не зьдзівіла. Яе зьдзівіла іншае: рачны краявід раптам падаўся ёй знаёмым. Ён нагадаў ёй мясьціну каля іхняга лецішча пад горадам, дзе яна гадавалася. Праўда, ужо шмат гадоў на тым лецішчы яна не была й ніколі не бывала там узімку, таму ўражаньне можа быць памылковым. Хаця...
На зваротным шляху яна спыталася, ці адбываюцца на стрэльбішчы вучэньні? Напэўна, калісьці адбываліся. Але з часоў свайго прызыву Кайлюс і Зелба ня могуць прыгадаць ані стрэлаў, ані каб нехта тут муштраваўся.
Ясна, – зрабіла выснову Зоя. – Мабыць і войска ніякага ўжо сто гадоў няма. Мабыць, – пагадзіліся жаўнеры. Але іх задача – не страляць, а сачыць за парадкам. Усё, што ім трэба для службы й быту, дастаўляе сюды вялікая вайсковая машына.
Значыць, і на танцы вы нікуды ня ходзіце, і з дзяўчатамі не сябруеце, – працягвала Зоя. – Зразумела. Хіба можа быць любоў, калі жывеш вечна? Дакладней, хіба можа быць любоў, калі няма сьмерці.
Але ж і жыцьцём вашую несьмяротнасьць не назавеш. Чалавечым жыцьцём. Няўжо, каб стаць несьмяротным, трэба ператварыцца ў целюка, – падумала яна, але, натуральна, гэтага не сказала. Яна сказала: Хлопцы, а што б вам не задацца думкай, чаму вы нічога такога ня ведаеце й вам нічога такога ня хочацца? Вы ж ужо парушылі рэгламент, калі дасталі мяне з ракі, калі ажывілі, калі перасталі хадзіць на агляды й цэлую ноч, замест сну, правялі за гутаркай. Так? І нябёсы ад гэтага на зямлю ня рухнулі. Значыць, можна й яшчэ нешта зрабіць такое, свавольнае.
– У прынцыпе, можна, – сказаў Кайлюс.
– Чаму б і не, – пагадзіўся Зелба. – Хоць мы зможам нешта рабіць толькі да той мяжы, да якой дазволіць нам доктар Блюм. Але гэта сапраўды цікава. Пабачым.

* * *
За сьняданкам Зоя пачала прыдумляць свой план.
– Вось глядзіце. Таму, што мінула сто гадоў, я ўжо не зьдзіўляюся. Бо нічога істотнага не зьмянілася. А гэта значыць, што сто гадоў, што тысяча, што адзін год – няважна. І чаго тады вартая ваша несьмяротнасьць? Таго, каб нікуды ня ймкнуцца, нічога не жадаць, ні пра што ня марыць? Таго, каб жыць, усё адно як памёршы? Такая несьмяротнасьць насамрэч вельмі нагадвае сьмерць, якая ўжо наступіла. Вы існуеце не ў нармальным сьвеце, а ў нейкім прыдуманым “тым сьвеце”. Так?
– Так, – сказаў Зелба. – І што нам цяпер, адмовіцца ад вечнага жыцьця, якое, па-твойму, напавер – вечная сьмерць?
– Вядома! Бо імкнуцца, жадаць, марыць – вось што такое жыць. Рабіць нейкія карысныя штукі, а не хадзіць як завядзёны вакол гэтага дурацкага стрэльбішча, купляючы сабе такім чынам вечную магчымасьць хадзіць вакол стрэльбішча. Наадварот, увесь сэнс у тым, каб пасьпець адчуць каштоўнасьць жыцьця, каб сьпяшацца, рызыкаваць, рабіць нестандартныя ўчынкі. Сьмерць у тысячу разоў важней за несьмяротнасьць.
– Ты прапануеш нам забіць сябе? – спытаўся Зелба.
– Не.
– Яна хоча, каб мы забілі доктара Блюма і такім чынам зламалі ўсю схему, – азваўся Кайлюс. – Але доктар Блюм несьмяротны.
– Ды не! Я хачу сказаць, што вы са сваім стрэльбішчам існуеце ў іншым вымярэньні. Сёньня на рэчцы не было ўчорашняй яміны, з якой вы мяне дасталі, праўда? І краявід падаўся мне знаёмым. Калі ўскараскацца на супрацьлеглы бераг, там будзе поле, так?
– Так.
– А за полем – бярэзьнік. Так?
– Так.
– Маладыя бярозавыя пасадкі. Так?
– Так.
– І што, усе сто гадоў там маладыя пасадкі?
– Так.
– А ў бярэзьніку пачынаецца дарога.
– Гэтага мы ня ведаем, бо ніколі туды не даходзілі. Поле ўжо за межамі нашай тэрыторыі.
– Ну правільна! І тая дарога вядзе да пасёлку, у якім нашае лецішча.
– Ты прапануеш, каб мы туды пайшлі?
– Чаму б і не? Праўда, трэба мець на ўвазе, што гэты паход будзе азначаць канец вашае несьмяротнасьці.

* * *
Жаўнеры задумаліся, і Зоя ня стала перабіваць іхнага здумленьня. Яна разважала пра сваё.
Як жа шмат высілкаў людзі патрацілі на тое, каб дасягнуць вечнага жыцьця. Ведалі б яны, якая гэта нецікавая штука – несьмяротнасьць!
– І што мы будзем там рабіць? – раптам спытаўся Кайлюс.
– Ну, хоць бы запарым кавы, агледзімся і пойдзем на аўтобус. Сядзем і праз паўгадзіны будзем у горадзе.
– Самаволка, значыць, – прыгадаў забытае слова Бівіс Кайлюс.
– Пяць сутак губы, – падыграў яму Батхэд Зелба.
– Але ня факт, што ўсё так і ёсьць насамрэч, як ты кажаш, – засумняваўся Кайлюс, – дарога ў бярэзьніку, лецішча, аўтобус, горад. Дый што нам у тым горадзе рабіць? Нам і праўда нічога ня хочацца, бо ўсе жаданьні паніклі за гэтыя сто гадоў пасьля прызыву. Калі ты ўзбудзіла ў нас цікавасьць да сябе, дык... Нічога добрага я ў гэтым ня бачу.
– Спроба не хвароба, – сказаў Зелба. – Толькі я таксама ня ведаю, што нам рабіць у тым горадзе. Ты там жывеш і цябе туды цягне. А мы з нашай шмат разоў пералепленай сьвядомасьцю таксама цягнемся туды, дзе прывыклі. Гэта значыць, сюды.
– Тады я пайду адна!
– З іншага боку, – сказаў Кайлюс, – ня факт, што мы можам адпусьціць цябе. У нашым рэгламеньце сказана толькі пра затрымку жывёлаў. Але ж і чалавек у нейкім сэнсе жывёла...
– Хадземце ўсе разам, – пастанавіў Зелба. – Прынамсі, да бярэзь­ніка.

* * *
Калі за высокім супрацьлеглым берагам ракі яны ступілі на засьнежанае поле, пачало шарэць. Нечакана Зоя адчула, што не пазнае гэтых мясьцінаў. Але жаўнерам яна нічога не сказала. Наперадзе сапраўды бялеўся бярэзьнік. Толькі быў ён дзесьці вельмі далёка, бо вельмі вялікім аказалася поле.
Падарожнікі ішлі моўчкі, гатовыя да любога павароту падзеяў. Жаўнерам зноў падабалася іхняе свавольства, але ні на хвіліну не забываліся яны й пра доктара Блюма.
Зоі патроху рабілася страшнавата – яна ўжо зразумела, што гэта ня той краявід. Поле напраўду было агромністым, а бярэзьнік па меры набліжэньня ператвараўся з маладых пасадак у векавечны гай. Імкліва цямнела. У дадатак пасыпаў сьнег і падняўся вецер.
Няўжо гэта тыя, знаёмыя з дзяцінства мясьціны, толькі – праз сто гадоў? Няўжо ўвесь гэты час яна насамрэч праляжала ў скутай ільдом рацэ? Няўжо гэта ўсё не кашмар, а рэчаіснасьць? І ня будзе ніякай дарогі, ніякага лецішча, ніякага гораду?
Ніякай дарогі ў бярэзьніку не было.
Велічэзныя дрэвы матлялі даўгімі патламі сваіх кронаў, атрасаючы з іх ледзяшы, якія шротам-бісерам рассыпаліся па корцы сьнежнага насту. Сьцямнела зусім.
Зоя калацілася, ня могучы справіцца са сваім страхам. Жаўнеры пераміналіся з нагі на нагу. Што ім станецца, калі ў іх наперадзе вечнае жыцьцё? Ім то ніякі страх невядомы.

* * *
Так ці йнакш, нешта прыдумаць павінна была яна. А яна не магла, ня ведала, што. І яны гэта бачылі. Таму ўрэшце сказаў Кайлюс:
– Нам трэба вяртацца. Будзем лічыць, што эксьперымент ня ўдаўся. Ня ведаю, што нам будзе, калі адпусьцім цябе, але ў рэгламеньце пра гэта нічога не сказана. Таму ідзі на сваё лецішча й едзь у свой горад. А мы пойдзем у свой пастарунак.
Гледзячы на Зою, можна было адчуць, што нічога горшага для чалавека гэты бессардэчны робат прыдумаць і ня мог. Зоін адчай гатовы быў дасягнуць найвышэйшага пункту. У такіх выпадках звычайна жаночая інтуіцыя раптоўна знаходзіць выйсьце.
Кайлюс ужо памкнуўся быў рушыць назад, але яго прыпыніў Зелба:
– Чакай. Але куды яна пойдзе? Ніякай дарогі няма!
– Можна ісьці паміж дрэваў, – адказаў Кайлюс. – Я падумаў, што яшчэ невядома, калі мы больш парушым рэгламент: калі адпусьцім яе ці калі затрымаем.
– Трэба, каб яна сама вырашыла, што ёй рабіць, – сказаў Зелба. – Нам то заўсёды доктар Блюм падкажа, а ёй... Можа быць, спытацца ў доктара Блюма? Ён усё чуе.
Гэтага іх дыялогу было дастаткова, каб Зоя канчаткова ўзяла сябе ў рукі ды справілася са сваімі пачуцьцямі.
– Ня трэба, – сказала яна. – Я гэта ўсё прыдумала, я й буду вырашаць. Мы чаго хацелі? Жыць, рухацца, шукаць. Ну й няхай цяпер цёмна. Ну й нічога, што бярозы старыя. Але самае апошняе глупства – вяртацца ў ваш пастарунак і працягваць хадзіць на агляды. Трэба ісьці наперад, а не кругамі. І нічога не баяцца. Я магла б пайсьці далей адна, але я жанчына, і мне страшна. Вы мусіце ісьці са мною.
Апошнія словы прагучалі як загад.
– І куды мы пойдзем?
– Не бывае лесу без сьцяжынаў. Пойдзем ускрайкам, пакуль не пабачым сьцяжыну.

* * *
Досыць хутка і сапраўды ім адкрылася сьнежная палоска з прыцяруша­­ны­мі сьлядамі чаравікаў. Яна вяла ў бярэзьнік і гублялася паміж дрэваў.
Ішлі павольна, бо ня ведалі, нават не ўяўлялі сабе, што іх чакае наперадзе.
Цяпер ужо й гай выглядаў не такім страшным, як перад тым. Белыя ствалы дрэваў, белы наст на зямлі быццам наўмысна асьвятлялі іхны шлях уначы.
На душы ў Зоі зрабілася ня так маркотна, бо ўсё ж такі быў нейкі рух і яна была не адна. Можна было далей выпытваць пра што-небудзь у гэтых “целюкоў”.
– Цікава, а што праз сто гадоў адбылося з асваеньнем космасу? – кідала яна пытаньне ў паветра.
– Яго асвоілі, – адказалі жаўнеры.
– А з тэлебачаньнем, з інтэрнэтам, з гламурным шоў-бізам ды мас-культам?
– Ня ведаем, нічога такога няма.
– А дзе жыве доктар Блюм?
– Мы ня ведаем.
– Мне здаецца, што ён жыве ў вас, у нас у галаве. У кожным чалавеку жыве доктар Заяц. З драўлянай мядзьвежай галавой пад чорным лакам, з кавенькай і крыкам: Экш! Экш!
– Мы ня ведаем.
– Магчыма, я пераблытала краявіды, але нешта мне падказвае, што ўсё адно мы выйдзем да нармальнага сьвету.
– Чаму ты так думаеш?
– Бо цяпер вы жывяце ў маім жыцьці, а ня я ў вашым.
– Мы страцілі несьмяротнасьць?
– Думаю, так. Што вы цяпер адчуваеце?
– Ты нам падабаешся.
Трэба сказаць, што гэта яны адчувалі ад самай першай сустрэчы з ёю. Але калі ты жывеш вечна, твае пачуцьці ня маюць ані значэньня, ані сэнсу. Цяпер жа, у гэтым бярозавым гаі, калі жаўнеры пазбавіліся несьмяротнасьці, іх сэрцы ёкалі ад аднае прысутнасьці Зоі побач з імі.

* * *
Тым часам бярэзьнік скончыўся, і сьцяжына вывела іх на іншае поле, што дыбілася высокім засьнежаным узгоркам. Што там, за ім? Пытаньне рытарычнае. Рэч у тым, што чаканьне невядомасьці стамляе, як і любое чаканьне, і ператвараецца ў манатоннае нішто. Гэтае нішто паступова апанавала Зою, дадаліся бяссонныя ночы й нясьпешная разьмераная хада. Зоя нібы заснула, ідучы. У галаве круціліся ўсякія відзежы, што прапаноўвалі свае працягі гэтай гісторыі.
Быццам голас цыркавога канферанса крычаў у залу: Што? Што далей будзе з нашымі героямі? Пра гэта напісана вялікае мноства кніг! Безумоўна, іх чакаюць новыя, яшчэ больш захапляльныя прыгоды! Ім не аднойчы давядзецца абхітрыць злога Карабаса-Барабаса доктара Блюма, пераадолець вялікую колькасьць самых неверагодных перашкодаў, прайсьці праз агонь, ваду й мядзяныя трубы, перш чым адмысловая камісія вярхоўных камісараў прызнае іх трох годнымі для пераводу ў найвышэйшую катэгорыю дасканаласьці, і яны нарэшце стануць мутантамі! Кайлюс атрымае замест ног самаходнае шасі, Зелба – новую драўляную галаву і будзе падобны да насарога, а Зоі дастанецца русалчын хвост! Аркестар – туш!
Усё навакольле ашчэрылася залівістым сьмехам мноства чалавечых ратоў. Зьвінелі трубы й літаўры музыкаў, а канферанс працягваў свой узвышаны маналог. Фокус-покус! Цяпер кожны з іх паселіцца ў кімсьці з нас і будзе найвялікшаю засьцярогаю ад свавольства. Доктар Кайлюс сочыць за мной, – шапну я табе на вуха. А за мной, – адкажаш ты, – доктар Зелба! Гэта што, – скажа трэці з нас, – за мной назірае сама доктар Зоя!
Некалі так будзе абавязкова! І нам таксама, каб пазбавіцца ад сваіх дактароў трэба будзе разьвітацца з думкамі пра несьмяротнасьць, – гэта ўжо не канферанс, бо словы прамоўленыя голасам Зоі ў яе ж галаве. Яна машынальна перастаўляе ногі й пры тым дрэмле, і адна відзежа ў яе сьне зьмяняецца іншай.
Яны ідуць між маленькіх хвоек і цяпер ужо ня Зоі, а жаўнерам краявід падаецца знаёмым. І нічога дзіўнага, бо яны выходзяць да свайго пастарунку на стрэльбішчы.
Каля будынку з белага сілікату стаіць вялізная вайсковая машына. Кіроўца ня глушыць рухавік, бо, відавочна, грэецца ў кабіне.
У пастарунку гарыць сьвятло, і падарожнікі зазіраюць у шыбку. Пасярод пакою стаіць маленькі чалавек у белым халаце з чорнай мядзьвежай галавою. Ён стукае палкай у падлогу і, гледзячы проста на іх, крычыць: Экш! Экш!
– Цяпер дакладна ня стаць нам мутантамі, – расчаравана кажа Бівіс Кайлюс.
– А мы так спадзяваліся, што не цяпер, дык гадкоў праз сто... – азываецца Батхэд Зелба.
І толькі Зоя маўчыць. Жаночая інтуіцыя падказвае ёй, што гэта ня так, што насамрэч усё наадварот, што яны на верным шляху. Бо, праўду кажучы, хто ж ня хоча жыць вечна?
Толькі ня ўсім дадзена. Азірнуўшыся, Кайлюс і Зелба нікога побач з сабой ня бачаць. І яны ў адзін голас крычаць:
– Зоя!

* * *
Крык абудзіў яе якраз у той момант, калі яна гатовая была ўпасьці на сьнег. Небясьпечна спаць ідучы.
Сьцяжына, што вывела іх да ўздыбленага поля, павярнула ўлева і стала спускацца ў нізіну, парослую хмызьніком. Неўзабаве перад імі паўстала вялікая пустка, на ўскрайку якой стаяў невялікі будынак з сілікатнае цэглы.
– Кола замкнулася, – сказала Зоя.
– Але гэта ня наш пастарунак, – насьцярожыліся жаўнеры.
Не згаворваючыся, усе трое рушылі да будынку, у вакенцы якога гарэла сьвятло. Спачатку ім захацелася зазірнуць у шыбку.
У звычайным вайсковым пакоі два жаўнеры сядзелі за сталом і елі кашу. Зоя пазнала ў іх Кайлюса і Зелбу, дакладна такіх самых, як стаялі поруч з ёю.
Напэўна, самі Кайлюс і Зелба нічога такога не падумалі й моўчкі чакалі каманды.
– Ну што, – спыталася Зоя. – Хадзем знаёміцца?
Яна пагрукала ў дзьверы, і праз хвіліну ёй адчыніў той, які быў Кайлюс.
– Здароўцека, – павіталася Зоя. – Мы да вас на агеньчык.
Той, які Кайлюс, моўчкі адступіў убок, даючы дарогу гасьцям.
– Ну вось, – пачала знаёмства Зоя. – Мяне завуць Зоя, гэта мае сябры. А вас як завуць?
– Кайлюс, – адказаў той, які Кайлюс.
– Зелба, – адказаў той, які Зелба.
Зоіны кумпаны пераглянуліся:
– Нас таксама завуць так.
– Нічога дзіўнага, – сказаў той, які Кайлюс. – Мы ахоўваем вайсковае стрэльбішча і кожны дзень абходзім яго тэрыторыю, каб раптам у агароджу ня ўбіўся лось.
– І мы таксама.
– Нічога дзіўнага, – сказаў той, які Зелба. – Напэўна, вас таксама даглядае й апякае сваім клопатам доктар Блюм.
– Доктар Блюм, – пацьвердзілі тыя, якія нашыя.
– Нічога дзіўнага, – разам сказалі тыя, якія тыя. – Год таму, абходзячы тэрыторыю, мы пабачылі ў рацэ дзяўчыну. Мы ажывілі яе. Яе таксама клікалі Зоя й яна ня ведала, што прамінула сто гадоў.
Не пасьпела Зоя звыкнуцца з дзіўным множаньнем Кайлюсаў і Зелбаў, як новы сюрпрыз зусім зьбіў яе з панталыку.
– І... і што вы зрабілі з той Зояй?
– Нічога, – адказалі яны. – Вось ты стаіш перад намі жывая й здаровая.
– Але мінуў цэлы год!
– Нічога дзіўнага, – сказалі тыя. – Год туды, год сюды. А куды вы ідзяце?
– Мы шукаем выхад з таго сьвету, – сказала Зоя.
– Мы ўцякаем ад вечнага жыцьця, – сказаў Кайлюс.
– Мы пазбавіліся несьмяротнасьці, – сказаў Зелба.
– Цікава, – прамовілі гаспадары. – І вы думаеце, што такі выхад ёсьць?
– Цяпер я засумнявалася, – адказала Зоя. – Калі за вашым стрэльбішчам будзе чарговае стрэльбішча і там будуць новыя Кайлюс і Зелба, а далей – зноў тое самае...
– Магчыма, усё так і будзе, – сказалі гаспадары.
– Нецікава, – прамовілі нашы.
– Але ці можна ў вас заначаваць? – папрасілася Зоя. – Цяпер позьні час і мароз...
– Чаму ж не, – адказалі яны. – У нас знойдуцца тры раскладанкі, і месца хоць і няшмат, але хопіць на ўсіх.
– Пераначуем, больш пачуем, – падсумавала гаворку Зоя.

* * *
Раніцою, пасьнедаўшы, яны выправіліся ў дарогу ўпяцярых: два Кайлюсы, два Зелбы і Зоя.
Мароз ізноў памякчэў напалову – да дзесяці градусаў, а дзесяць пасьля сарака ўспрымаюцца амаль як адліга.
Іхняя сьцяжына зноў прамінула ўзьлесак і зноў выходзіла на поле, зноў караскалася на высокі ўзгорак і спускалася ў нізіну.
Можа быць, гэтаму шляху няма канца, і ім спатрэбіцца яшчэ сто гадоў, каб выйсьці нарэшце з таго сьвету? Але ста гадоў у іх, сьмяротных, цяпер ужо не было.
Можа быць, па дарозе іх лік будзе павялічвацца і вырасьце шматкроць, калі ўвесь сьвет і сапраўды ператварыўся ў суцэльныя стрэльбішчы? Можа быць... толькі Зоя між іх будзе такая адна?
Пра гэта яна й думала, ідучы, без усякага задавальненьня.
Каб спынілася гэтая аднастайная бясконцасьць, трэба зусім няшмат. Трэба ўсяго толькі аднойчы выйсьці куды-небудзь не на стрэльбішча і ўсяго толькі сустрэць там кагосьці ня Кайлюса й ня Зелбу.
Але наступнымі днямі гісторыя з дакладнасьцю паўтарылася яшчэ некалькі разоў. І яшчэ наступнымі – таксама. І яшчэ, і яшчэ...
Вядома, справа была ня ў Зоі – яна ведала, чаго ім трэба. Справа была ў Кайлюсах і Зелбах, якія гэтага ня ведалі, і якіх былі ўжо дзясяткі, а гатовыя былі стаць і сотні. Усё паўтаралася гэтаксама як некалі паўтараліся іх штодзённыя агляды тэрыторыі. Але дзе ж канец гэтай бясконцай несьмяротнай вечнасьці?

* * *
Аднойчы Зою наведала надзея. Зоя заўважыла раптам, што ейныя першыя Кайлюс і Зелба – зусім не такія, як апошнія. Яны абрасьлі бародамі, валасы выбіваліся ў іх з-пад шапак, бушлаты знасіліся, выгляд быў змораны, але вочы сьвяціліся так, як яны сьвецяцца ў чалавека, што сам кіруе сваім лёсам. Яны ўжо амаль нічым не нагадвалі чарговых Кайлюса й Зелбу з чарговага стрэльбішча. Можа быць, яны самі сталі тымі іншымі, каго трэба было сустрэць?
Нейкім днём Зоіна войска прыблукала на самае першае стрэльбішча – адкуль усё й пачалося. Усё тут было закінута й занядбана, зусім ня так, як на стрэльбішчах апошніх дзён. Усё было па-іншаму. Прырода наступала на кінутыя пабудовы, агароджа была пашкоджаная ў шматлікіх месцах. А самае галоўнае, што менавіта тут усе ўпершыню заўважылі, што настае вясна.
Сапраўды, на дрэвах ужо паказалася лістота, зазелянела трава, а проста на самім стрэльбішчы пасьвіўся вялікі статак ласёў.
– А што доктар Блюм, – спыталася Зоя ў Кайлюса, – ён даўно не выходзіў на сувязь?
– З таго моманту, як зьявілася ты.
– Можа быць, нешта зламалася ў паветры? – спыталася Зоя ў Зелбы.
– У паветры няма марозу. Напэўна, інфармацыя не перадаецца, калі вясна.
– Гэтую вясну зрабілі мы самі. Мы прагналі Блюма з паветра разам з марозам! – сказала Зоя.

* * *
Назаўтра на колішнім стрэльбішчы быў зладжаны вялікі пікнік. Жаўнеры паскідалі бушлаты й хадзілі пад цёплым вясновым сонцам хто ў чым – хто ў майцы, хто ў спартовым трыко, а хто й наогул голы да пояса. Усе ўсьміхаліся, насьвіствалі й насьпёўвалі. І ад гэтага здавалася, што сонца прыгравае мацней.
У разгары ўсеагульнае бестурботнасьці Кайлюс і Зелба спахапіліся, што няма Зоі. Трэба зірнуць на рацэ – здагадаліся яны й кінуліся да ніцае вярбы.
Рака адтала й цяпер імкліва бегла пад стромым берагам.
Зоя стаяла на тым супрацьлеглым беразе й адкасоўвала калашыны штаноў – яна перайшла рэчку ўброд.
– Што ты там робіш, Зоя? – крыкнуў Кайлюс.
– Гляджу, – крыкнула яна ў адказ. – Тут усё зьмянілася. Поле зусім маленькае і бярэзьнік зусім малады. Ён так блізка, што я бачу ў ім дарогу.
– Ты зусім-зусім ня можаш жыць без тэлевізару і гламуру? – крыкнуў Зелба.
– Без медыйнай прасторы й інтэрнэту? – крыкнуў Кайлюс.
– Я магу жыць без тэлевізару й гламуру, – крычала вясёлая Зоя, махаючы ім рукой. – Магу, бо гэта ня будзе вечна...
Апошнія словы даляцелі да іх, калі Зоі ўжо не было відаць.
19-20 сьнежня 2008 г.
Лысая гара