12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімер Дубоўка

_____________________
Проэкт літар для згукаў «Дз» і «Дж»


Слова ад “Дзеяслова”
Відавочнае адрозьненьне чалавека ад іншых Божых стварэньняў – пісьменства. Калі «адзежаю» ягонай душы зьяўляецца мова, дык ейны візуальны «дакумент», пашпарт – альфабэт. У тых пашпартах-альфабэтах за доўгія тысячагоддзі (ад невядомых нам цывіліза­цыяў, ад шумераў, егіпцянаў, грэкаў, кітайцаў, армянаў і г.д.) закадыфікаваныя ня толькі мастацка-культурныя катэгорыі, ня толькі народная самабытнасьць, але і грамадска-палітычныя, нават веравызнальныя складнікі. Альфабэт – гэта нацыянальная самастойнасьць, гэта духоўная мяжа-граніца, гэта тыя соты, у якіх і захоўваецца мова ад пакаленьня да пакаленьня.
Беларускі альфабэт у новым часе ўнармаваўся надзвычай эфектыўна і хутка – бадай, ніводная сучасная мова не мае падобных прыкладаў натуральнага зьліцьця гутарковага з пісьмовым (не зважаючы на штучныя калькі і запазычваньні). Толькі ў 1904 годзе выйшаў царскі ўказ аб дазволе ўжываць беларускую мову ў друку – і праз два дзесяцігоддзі мы ўжо мелі па-навуковаму распрацаваны правапіс, граматыкі (Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Лёсіка), элементары-буквары і чытанкі (Каруся Каганца, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Якуба Коласа і інш.).
Вялікае значэньне ў той імклівасьці мела нашая гістарычная рукапісная і друкаваная традыцыя (на стагоддзі перарваная імперскай забаронай), аднак вялікую ролю адыгралі і самі творцы беларускага адраджэньня (і па сумяшчэньні першыя газетныя і кніжныя выдаўцы): браты Луцкевічы, Аляксандр Уласаў, Вацлаў Іваноўскі, Вацлаў Ластоўскі...
У 20-я гады мінулага стагоддзя беларускі правапіс праз актыўныя рэформы ўзыходзіў да агульнасусьветнай практыкі. Падобнае, па сутнасці, мы перажываем і цяпер. Аднак у сучасным беларускім пашпарце-альфабэце – ажно некалькі прапісак: «наркамаўская», «клясычная», «лацінка»...
Запозьненае рэфармаваньне нашага правапісу ператвараецца ў хістаньні: колішнія актыўныя апалагеты «тарашкевіцы» пачынаюць агітацыю за «наркамаўку» і нават надаюць ёй іншую – больш далікатную – назву: «школьны правапіс».
Ісьціна ж у тых пошуках, на нашую думку, як і заўсёды – «па сярэдзіне». Гэты «сярэдзінны» варыянт беларускага правапісу – «дзеясловіцу» – вось ужо восьмы год прапагандуе нашае выданьне: зьядноўвае дзьве практыкі – «наркамаўку» і «тарашкевіцу». «Дзеясловіца» як уніфікаваны падыход да асэнсаваньня законаў мовы і пісьма прапануе з класічнага правапісу абазначэньне мяккасьці гукаў ды напісаньне а (або я) у першых складах перад націскам і ў прыназоўніках, напісаньне канчатку -у ў родным склоне, аднак адмаўляецца ад састарэлай пазнакі запазычаных слоў (лічачы іх ужо засвоенымі і «роднымі» беларускаму вуху: не філялёгія – а філалогія). Не перадае «дзеясловіца» (ідучы за «наркамаўкай») і падвойнасьць гукаў дз і дж: і таму ў «Дзеяслове» знаходзім «стагоддзе», а не «стагодзьдзе».
Гэты «сярэдзінны» варыянт паміж двума беларускімі правапісамі бачыцца нам найбольш арганічным і матываваным у сучасных умовах функцыянаваньня беларускай мовы. Ён інтуітыўна выявіўся падчас правядзеньня леташняй Агульнанацыянальнай дыктоўкі, праведзенай грамадскімі аб’яднаньнямі: дазвалялася ўжываць два правапісы, аднак у большасьці ўдзельнікаў на паперы выявілася іхняя мяшанка. Прычына таго, натуральна, найперш недастатковае веданьне ні «клясычнага», ні «школьнага» правапісу, аднак які гэта паказальны факт!
Хтосьці можа папракнуць: ну вось яшчэ адны разумнікі! Тут і так неразьбярыха з правапісамі, а яны даўмеліся штосьці трэцяе падсунуць! Зусім не, шаноўныя аднамоўнікі: мы шчыра спрабуем разгледзець усе магчымыя варыянты. Пакуль ёсьць такая магчымасьць. Паводле новапрынятага заканадаўчага акту 2009 год стане апошнім у беларускамоўным легальным друку «вольным» ва ўжываньні правапісаў. Будзе ўведзены чарговы – «дзяржаўназацьверджаны». Ягоную жыцьцёвасьць засьведчыць толькі час. Ды – гісторыя, урокі якой немагчыма забываць. Да прыкладу, праведзеную ў 1926 годзе ў Савецкай Беларусі Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу (агульнадзяржаўную, агульнанацыянальную, якая сабрала ў Менску і метраполію, і дыяспару, і навукоўцаў, і творцаў, і чыноўнікаў-бальшавікоў, і іхніх ідэалагічных апанентаў-эмігрантаў). Ці магчыма ўявіць падобнае сёньня – у Стабільнай Беларусі? На жаль...
Яшчэ адзін складнік пасьпяховага ўдасканальваньньня правапісу – ягонае творчае асэнсаваньне, стаўленьне да літары як да вобразу. Зьмешчаны ніжэй артыкул беларускага паэта Уладзімера Дубоўкі – адзін з узораў падобнага падыходу, прыклад думаньня наперад (адыход ад ь без страты нацыянальнай сутнасьці), прыклад арганічнага паяднаньня старажытнай рукапіснай практыкі з... сялянскай існасьцю.
...У 1928 годзе ў беларускім правапісе склалася ў многім падобная да сёньняшняй сітуацыя (больш груба – раздрай). І на гэтым фоне літаратурнае згуртаваньне «Узвышша» ды аднайменны часопіс прапанавалі свае новаўвядзеньні, агучаныя артыкуламі У. Дубоўкі «Праект літар для згукаў “дз” і “дж”», а таксама двума іншымі: «Беларускі згук “2” і літара “sело”» («Узвышша», 1928, №5 (11)) і «Падоўжаныя (або падвойныя) зычныя і спосаб іх азначэння на пісьме» («Узвышша», 1929, №2).
Узвышэнская стыхія творства ўлівалася і ў сферу фармальнага мовавыяўленьня. Навукова-тэарэтычнай асновай Дубоўкавых графічных распрацовак стала яфетычная моўная тэорыя, пачынальнікам якой быў акадэмік Н. Я. Марр. Назва тэорыі паходзіць ад біблейскага імя Яфет (ад братоў якога – Сіма і Хама – у навуковай класіфікацыі ўжо былі «сіметычныя» і «хамітычныя» канцэпцыі.
Яфетычная тэорыя абвяргала падзел моў сьвету на сем’і, пры класіфікацыі ня мелі значэньня ні геаграфічныя, ні расавыя адзнакі. Выводзілі тры асноўныя моўныя групы: «флексійныя» (інда-еўрапейская моўная група), «прылепныя» (мовы з лексікай без арганічных частак, словы будуюцца праз далучэньне г.зв. функцыянальных частак: напрыклад, турэцкая, грузінская) і мовы без формаў (напрыклад, кітайская).
Яфетычная тэорыя прапаноўвала свой альфабэт, адзін з прынцыпаў якога сьцьвярджаў, што «ніводзін просты гук не можа быць выяўлены складаным ці складзеным з некалькіх напісаньнем і ніводзін складзены (ці складзены з некалькіх) гук не можа быць выяўлены простым напісаньнем без парушэньня сістэмы».
Натуральна, цяпер можна знайсьці шмат і спрэчнага, і ненавуковага, і «рамантычнага» ў навацыях Уладзімера Дубоўкі, аднак немагчыма аспрэчыць яго апантанага жаданьня ўдасканаліць і ўзвысіць нацыянальны правапіс.
Урэшце, узвышанае ўяўнае станавілася і рэальным – у 1929 годзе з чацьвёртага нумару «Узвышша» перайшло да абноўленага альфабэту...




<…> У шэрагу многіх задач паўстае перад намі адна: утварэньне унівэрсальнага, інтэрнацыянальнага альфабэту. Такі альфабэт не заслоніць асабістасьцяў паасобных народаў.
«На фоне раскрепощенного от внешних условностей единого людского общежития только и возможно выявление человеком своей индивидуальной сущности в наиболее полном и ярком виде. При движении по этому неизбежному пути условия взаимообщения народов всего мира не в меньшей степени требуют единства письма, т. е. тождества основных начертаний алфавита и тождества приемов воспроизведения сложных звуков, исходящего от основных или простых звуконачертаний».
Так гаворыць Н. Я. Марр, угрунтоўваючы тэорыю унівэрсальнага альфабэту.
Мікола Марозаў, які запрапанаваў свой проэкт, дадае з большым энтузыязмам: «Наступит время и раздастся голос более громкий, чем мой. Могучий язык будущего пробудит к новой, неизмеримо высшей жизни сознание грядущих поколений, и жалкими тогда покажемся мы им со своим современными сумбурными и хаотическими терминологиями и номенклатурами». («Христос», т. III, б. 38).
У гісторыі быў такі кругабег, калі народы імкнуліся да найвялікшага адмяжаваньня адзін ад аднаго. Кітайскія муры зьяўляюцца векапомным сымболем гэтага адмяжаваньня. Выяўлялася яно і ў стварэньні сотняў альфабэтаў, якія, уласна кажучы, усе паходзяць ад аднаго, першатворнага. Даволі перагледзець іх, каб пераканацца ў гэтым. Нават кітайскі альфабэт, які вылучаўся ў асобную групу, паводле свайго цьвёрдага перакананьня, мае агульнае пахаджэньне з нашымі.
Але ў гісторыі зьявіўся такі кругабег, калі творчая думка пачала шукаць шляхі да злучэньня. Пачалі зьяўляцца проэкты унівэрсальных альфабэтаў. З найбольш цікавых проэктаў гэтага кірунку трэба адзначыць проэкт Дзюбуа-Рэймона, агалошаны ў 1862 г.
Пасьля гэтага, як ужо адзначалася мною, зьявіліся ўгрунтаваныя два: проэкт Міколы Марозава і акад. Н. Я. Марра.
Трэба і можна спадзявацца, што належныя культурныя цэнтры БССР паклапоцяцца, каб абодва гэтыя проэкты былі даведзены да ведама шырокіх мас. Гэтага можна дасягнуць вельмі проста: згаданая праца акад. Н. Я. Марра і адпаведныя разьдзелы з працы Міколы Марозава трэба пералажыць на беларускую мову і распаўсюдзіць. Яны павінны быць у кніжніцы кожнай нашай школы. Паступова будзе падбірацца матар’ял, высьвятляцца адмоўнае і станоўчае, падрыхтоўвацца грамадзкая думка.
Могуць пачуцца і такія захаваныя гутаркі, што ўвядзеньне унівэрсальнага альфабэту нявыгадна для т. зв. малых народаў, што яно дапаможа дэнацыяналізацыі. Я ўважаю патрэбным прыгадаць у зьвязку з гэтым наступныя словы акад. Н. Я. Марра: «Мы, пожалуй, рекомендовали бы нечто обратное – смелее и решительнее связаться, по крайней мере, в такой чисто технической части культуры, как письмо, с будущим. И чем малочисленнее народ, тем он больше нуждается в этой связи с будущим, которое иначе безжалостно задавит колесом своего неизбежного движения вперед в первую очередь их, эти народы, когда они окажутся в тупике». (Згаданая вышэй праца, б. 25.)
Пра гэта ўсё я нагадваю беларускай грамадзкасьці для таго, каб узьняць самое пытаньне на разгляд і абмеркаваньне. У гэтым таксама знаходзіцца пэўнае значэньне.
Але пакуль мара і акад. Марра і Міколы Марозава ня зьдзейсьнена, пакуль яна пройдзе пэўныя стадыі абмеркаваньня, нам трэба ўпарадкаваць свой сёньняшні альфабэт, правесьці ў ім самую неадкладную рэформу.
Вядома, што наш альфабэт не дасканалы. Дасканалага альфабэту ня мае ніводзін народ. У некаторых выпадках у гэтых альфабэтах бываюць лішнія літары. Прыгадайце, напрыклад, гісторыю з літараю «ер» і падобнымі да яе ў расейскім дарэволюцыйным альфабэце.
Часам-жа ў гэтых альфабэтах няма патрэбных літар для азначэньня вельмі пашыраных гукаў. Такое зьявішча бачым і ў беларускім альфабэце. У нас няма некаторых патрэбных літар, у нас ёсьць некаторыя дрэнныя з навуковага пункту погляду літары. Пра гэта гаварылі, гавораць і будуць яшчэ доўга гаварыць. Тым часам, справа не чакае адкладу: наша павольнасьць з кожным днём павялічвае шкоду, якая становіцца прыкметнай у агульным разьвіцьці культуры.
Найбольш радыкальныя сродкі для пазбаўленьня ад зазначаных хібаў мы здолеем знайсьці, прыняўшы унівэрсальны альфабэт. Але гэта — справа будучыны. Зараз-жа трэба правесьці самыя неадкладныя дапаўненьні альфабэту, а менавіта — у дачыненьні да згукаў “дз” і “дж”.
<...> Да апошняга часу на Беларусі галоўная ўвага зьвярталася на літары для згукаў “дз” і “дж”. Рэшта выпадкаў высьвятлялася і разглядалася ўсё ж між іншым. Прычына ў тым, што перадача гэтых згукаў дзьвюма літарамі ў кожным выпадку мае не адну, а некалькі хібаў.
Перш за ўсё паўстае пытаньне эканоміі. Неразумна друкаваць дзьве, ці нават тры літары там, дзе можна абысьціся аднэй. Гэта датычыць асабліва згуку “дз”, як больш пашыранага.
<...> Усё вышэйпаданае сьцьвярджае, што пытаньне наконт згукаў “дз” і “дж” зьяўляецца вельмі патрэбным, жыцьцёвым і неадкладным.
Сапраўды, які сорам: расейскія вучоныя зьбіраюцца ўвесьці літару для “дз”, напрыклад, каб правільна вымаўляць у сваёй мове беларускія словы, а мы так павольна клапоцімся, каб перадаваць іх правільна на Беларусі…
Ды і наогул — дзіўнае становішча нейкае! — суседзі больш уважна ставіліся да асаблівасьцяў нашае мовы, чымся мы самі. Так, усім вядомы факт, што беларускія татары ўвялі былі ў ужываны імі арабскі альфабэт адмысловую літару для нашага згуку “дз” (бо для “дж” у іх адпаведная літара была) яшчэ ў ХVІ-ХVІІ стагодзьдзях . А мы да гэтага часу марнуем сродкі, маем страту і моральную з прычыны нейкай клясычнай пасыўнасьці.
Думаецца мне, што гэтых папярэдніх заўваг выстарчыць для ўгрунтаваньня сваечаснасьці пытаньня. Бо няўжо-ж гэта заўсёды трэба кіравацца нам вядомымі словамі «нас разбудзілі, сказалі, што трэба рабіць»?!.
<…> Да пачатку беларускай акадэмічнае конфэрэнцыі і ў часе яе быў пададзены шэраг проэктаў на літары для згукаў “дз” і “дж”. <...>
Пры самым абеглым аглядзе гэтых проэктаў, мы заўважаем вялікую выпадковасьць іх, а таксама і няўгрунтаванасьць. П. А. Растаргуеў узяў нават такія знакі, якія ў сэрбскім альфабэце перадаюць зусім іншыя гукі. Больш таго, — запрапанаваная ім літара для згуку дз у другіх народаў, як пабачым далей, ужываецца якраз для азначэньня згуку “дж”.
Не адмаўляючы наяўнасьці пэўнай фантазіі ў аўтараў проэктаў (асабліва цікавы проэкт вялікага “дж”, пададзены Я. Бялькевічам), мы ўсё-ж павінны адзначыць, што яны альбо занадта прымітыўныя, альбо занадта складаныя і цяжкія для перадачы на пісьме. Апошняе грае таксама не малую ролю. Апрача таго, у складальнікаў проэктаў ня было правільнага мэтаду. Так, яны дапусьцілі вялікую памылку: пачалі фантазаваць, не праверыўшы магчымасьці скарыстаньня практыкі тых народаў, у альфабэтах якіх ёсьць адпаведныя літары .
Калі вы глянеце на проэкты і пачытаеце абаронныя да іх прамовы, дык знойдзеце такія выразы: «можна і так, можна інакш», «усе роўна, якія гэта будуць літары»; «нам трэба прыдумаць свае літары»; «нашы мастакі дадуць патрэбныя нам літары» і г. д. і да т. п.
Зазначаў я ўжо, што перш, чым абавязкова «прыдумваць» свае літары, варта было глянуць, што ў гэтым кірунку зроблена да нас. Аджа добра вядома, што нічога асабліва орыгінальнага няма ў сучасных нам альфабэтах, бо ўсе яны паходзяць ад аднаго, першатворнага. А гэта прымушае нас больш уважна прыглядацца да іх пры вырашэньні падобных разгляданаму пытаньняў.
Сапраўды, знакі ў сусьветных альфабэтах зьяўляліся не выпадкова. Яны праходзілі пэўную эволюцыю, яны не аднойчы мянялі сваю форму, свой вонкавы выгляд, пакуль затрымаліся больш-менш канчаткова.
Аўтары проэктаў літар для беларускага альфабэту гэтага на ўвагу ня ўзялі.
Як вядома, згукі “дз” і “дж” уласьцівы далёка не аднэй беларускай мове: ёсьць яны ў многіх усходніх і эўропейскіх народаў. Ці ня можна выбраць з гэтых літар патрэбныя нам? Перад гэтым вызначым пэўныя вымогі, якімі мы павінны кіравацца ў сваім выбары:
1. Выбраныя літары павінны гарманаваць з рэштаю літар нашага льфабэту.
2. Яны павінны быць лёгкімі і экономнымі (у часе) для друку і пісьма (без дыякрэтычных знакаў і г. д.).
3. Яны не абавязкова павінны паходзіць з аднага якога-небудзь альфабэту.
Зробім выбарку адпаведных літар, з асноўных альфабэтаў сьвету...
Выпрацаваны на падставе іх проэкт для літары “дз” мае наступны выгляд: (гл. мал. 1.). Бачым, што ў яго ўваходзяць элемэнты літар з некалькіх альфабэтаў: армянскага і грузінскага. За межамі сьціслай формы, мы знаходзім падобныя літары ў многіх альфабэтах: эфіопскім, коптскім, калмыцкім і г. д. Што мае большую цікавасьць — мы знаходзім адменьнік гэтае літары і ў славянскай глаголіцы (старой). Такім чынам, гэтая літара не выпадкова, а вельмі пашыраная.
Разгледзім-жа больш уважна проэкт. Перш за ўсё — наконт проэкту вялікае літары. Як бачым, літара гэтая, узятая з армянскага сучаснага альфабэту, мае вялікую падобнасьць да грэцкай дзеты, нашага “Д” вялікага. Апрача таго, яна не зьявіцца новаю і па форме для беларусаў, бо ў нас ёсьць цыфра “2”, вельмі падобная на гэтую літару.
Наўдачу, ці знойдзецца хто-небудзь супрочь гэтае літары. Усё гаворыць за яе: лёгкая для ўспрыманьня, лёгкая для напісаньня, яна і з навуковага боку мае пэўнае і трывалае ўгрунтаваньне. Тым больш, што як друкаваная, так і рукапісная яна аднолькавая.
Адзінае, што можна сказаць «супроць», гэта тое, што яна падобна на цыфру “2”. Але адразу-ж можна адказаць, што ў нашым альфабэце ёсьць некалькі літар, якія нагадваюць цыфры. Тымчасам, мы ніякай перашкоды ў гэтым не адчуваем, ніякай блытаніны гэта ня робіць. Больш таго — бадай, што і не заўважаем гэтай падобнасьці. Зразумела, што ня зробіць ніякай блытаніны і “дз”.
Армянскае малое “дз” <...> не зусім добра як рукапіснае. Яно будзе блытаць нас з іншымі літарамі. Дзеля гэтага я падаю ў якасьці малога “дз” грузінскую анолёгічную літару.
На першы погляд яна розьніцца ад вялікае. Але гэта толькі на першы погляд. Сапраўды-ж грузінскае “дз” зьяўляецца часткаю армянскаго “дз”, узятага адпаведным чынам... Пра гэга сьведчыць і тое, што грузінскі альфабэт быў створаны пазьней, чымся армянскі. Ёсьць зьвесткі, што ў ліку створцаў грузінскага альфабэту быў і створца армянскага — Мэсроп. Можна было-б разам устанавіць падобнасьць грузінскага “дз” на латынскае “й”. Але, каб унікнуць шкоднае тойсамасьці, я прапаную прыняць у беларускі альфабэт якраз першае.
Апошняе (з лацінікі) патрэбным і мэтазгодным можа зьявіцца ў якасьці рукапіснага малога тады “дз”, калі патрабуецца вязь літары з літараю.
Застаецца яшчэ адно пытаньне: наколькі новыя літары гармануюць з нашым альфабэтам наогул. Дазволю сабе прыгадаць чытачом, што яшчэ ў ліку эгіпецкіх гіерогліфаў мы бачым адзін рыс[унак], падобны на літару “д” вялікае рукапіснае. Ён <...> выяўляе сабою чалавека, які стаіць укленчыўшы і трымае палец ля роту. Ня будзем ухіляцца ў бок і строіць гіпотэзы наконт гукавога значэньня гэтага гіерогліфу ў яго першатворы. Зазначым толькі, што ў многіх альфабэтах сьвету якраз літары “д”, “дз” маюць вялікую падобнасьць як да пададзенага вышэй гіерогліфу, так і да нашага вялікага рукапіснага “д” <...>
Праглядаючы гэтыя рысункі, заўважаем, што з агульнага тону выбіваецца толькі грэцкая “дзета”. Ня будзем разьвіваць з гэтага ніякай тэорыі наконт пахаджэньня альфабэтаў наогул. <...> прапанаваныя мною літары маюць пэўную сувязь бадай з усімі альфабэтамі сьвету ў сваім вонкавым выглядзе.
15 ліпеня 1928 г., с. Студзянец, Магілеўшчына.