12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Дзічэнка

_____________________
Розум калектыўнае свядомасці. Аповед


Вучаніца старэйшых класаў Антаніна Кіршман адным красавіцкім днём раптам адчула сябе прастуджанай. Гэта было звычайнай справай – як ні дзіўна, сярэдзіна красавіка выдалася непрыемна халоднай і непрыгожа дажджлівай, таму большая частка Мінска хадзіла саплівая, чыхала і злавалася.
Глытаючы ртом паветра, Тоня зайшла ў сваю кватэру і адразу ж уладкавалася на канапе. На сценах пакою месціліся каляровыя постэры і часопісныя калажы. Хацелася ляжаць з заплюшчанымі вачыма і марыць аб тым дні, калі з-за свінцовых аблокаў выгляне сонца і сваімі промнямі выцясніць хваробу з яе цела.
Недзе на стале стаяла бутэлечка са спрэем для носу. Тоня любіла адчуваць, як прадукт-выратаванне айчыннай фармацэўтыкі хваляй праходзіць па ноздрах і дае некалькі выратавальных гадзінаў свабоднага дыхання.
Не расплюшчваючы вачэй, Тоня пачала навобмацак шукаць выратаваль­ны цюбік, які стаяў на стале.
Балела галава.
[Дотык (кінестэтыка, тактыльнае пачуццё) — адзін з відаў пачуццяў, на якія здольны чалавек. Заключаецца ў здольнасці адчуваць дотык, успрымаць што-небудзь рэцэптарамі, размешчанымі ў скуры, мышцах, слізістых абалонках.]
Знайшоўшы пластмасавы цюбік, Тоня сунула яго ў нос і націснула. Аднак замест гаркаватага “Нафцізіну” там аказалася іншая вадкасць. Крыху збянтэжаная, Тоня расплюшчыла вочы і ўбачыла белы цюбік клею ПВА, што незразумела як апынуўся на стале замест лекаў. Можа, малодшы брат нешта клеіў і паставіў маленькую белую тубу побач?
[Пластыкавыя тубы вырабляюць з поліэтылена розных тыпаў экструзійным працэсам. Такія тубы могуць быць аднапластавыя і мнагапластавыя (каэкструзійныя тубы)]
Тоні раптам зрабілася агідна. Ёй падалося, што ўся носавая слізь маланкава ператварылася ў кіпячую лаву, гатовую выплюхнуцца на яе васпаваты твар. Але замест таго, каб інстынктыўна высмаркацца, яна чамусьці ўцягнула сумесь глыбей, і ў яе галаве пачалі мільгаць каляровыя малюнкі.
[Дысперсія полівінілацетата ў вадзе, з пластыфікатарам і спецыяльнымі дабаўкамі. Прымяняюць для склейвання разнастайных матэрыялаў.]

“Дарагая Тоня! Я звяртаюся да цябе з іншага свету! Толькі што ты з’яднала матэрыю гэтага свету з матэрыяй свайго мозгу, які належыць агрэсіўнаму свету людзей. Прымі ж гэты светлы дар вялікага правадніка ПВА” – прамовіў механічны голас у яе галаве. Тоня села і абхапіла галаву рукамі. Але, як ні дзіўна, болю не было – толькі незразумелае адчуванне хаосу, гатовага вызваліцца, разарваўшы на шматкі чарапную каробку.
– Хто тут? – вымавіла ў адчаі дзяўчына. Пасля таго, як яна сказала гэта ўслых, адчуванне хаосу некуды знікла. Насмарк прайшоў, а на змену галаўному болю прыйшла незразумелая лёгкасць. Але за першым пытаннем адразу ж прыйшло другое:
– Што са мною адбываецца?
Адказу не было. Таямнічы голас, які ўзнік аднойчы, болей не з’яўляўся ў галаве школьніцы, таму мог падацца галюцынацыяй, выкліканай, магчыма, высокай тэмпературай. Але Тоня не адчувала павышанай тэмпературы. Каб упэўніцца, яна ўзяла з кніжнай паліцы градуснік, дзяўчынка прысела на канапу і, здзіўленая адсутнасцю прастуды, пачакала крыху болей за хвіліну. 36.6
– Значыць, я абсалютна здаровая? – спытала Тоня саму сябе і накіравалася на кухню – падагрэць абед. Паеўшы, Тоня збіралася ўжо сесці за ўрокі, як раптам адчула вяртанне агіднага прастуднага стану. Яна вярнулася ў пакой і быццам зачараваная глядзела на пластыкавы цюбік з цудадзейным клеем ПВА. Нядоўга думаючы, яна зноў уцягнула ў нос цягучую белую вадкасць.
На гэты раз яна адчула ўнутры – недзе вельмі далёка – дзіўны цёплы шар агню, які не падпарадкоўваўся законам трохмернага свету і выпраменьваў выключна дабро. Ён быццам быў вандроўнікам, які перабіраўся паэтапна з аднаго свету ў іншы.
«Прывітанне, Тоня! Мы працягваем перамяшчэнне матэрый, пра якое так доўга марыла калектыўная свядомасць чалавецтва. Будзь асцярожная, цёмныя сілы могуць імгненна авалодаць табою. Асцерагайся іх, жоўта-чорных вершнікаў “Моменту”, чый розум даўно ўжо паглынулі дэструктыўныя думкі.”
На гэты раз Тоня выслухала іншародны ўнутраны голас і ўпэўнілася, што ўсё гэта далёка не трызненне. Яна паклала дзіўны цюбік у кішэню і вырашыла прайсціся пад пахмурным мінскім небам. Калі яна абувалася, у кватэру зайшла маці.
– Ты куды, Тонечка? – спытала яна. – Ты ж прастуджаная, дачушка…
– Я ўжо здаровая, матуля! – бадзёра адказала Тоня. У адказ мама прыклала далонь да ілба дзяўчынкі і, упэўніўшыся, што тэмпературы сапраўды няма, вымавіла:
– Ну, ты ж толькі не гуляй доўга!
Тоня кіўнула галавою і, зачыніўшы за сабою дзверы, пабегла ўніз па лесвіцы. Каля ўваходу стаяла некалькі хлапчукоў з суседняга пад’езда. Яны нібы чакалі Тоню. Дзяўчынка, заўважыўшы некалькі злосных твараў, не адразу зразумела, што можа адбыцца. Яна вырашыла прайсці міма, але адзін з хлопчыкаў цвёрдым голасам сказаў: “Стой”. Тоня падпарадкавалася. Нягледзячы на тое, што яна часта бачыла гэтую шпану ў сваім двары і яны здаваліся звычайнымі бяскрыўднымі школьнікамі, пачуццё страху абвастрылася.
Чацвёра хлопцаў сталі ў кола і паклалі рукі адзін аднаму на плечы, быццам збіраліся танцаваць грэчаскі танец “сіртакі”.
І тут яны ў адзін момант расплюшчылі вочы і хорам прамовілі: “Яна!” Адзін з іх абедзвюма рукамі схапіў Тоню і пацягнуў у падвал. Астатнія суправаджалі палонную. Тоня ж проста адчувала, што цяпер ёй не вызваліцца – думаць пра ўцёкі трэба было раней. У апошнія секунды яна вырашыла скарыцца свайму лёсу. У падвале хлопчыкі паклалі яе на брудную падлогу, засыпаную пабітым шклом і іншым смеццем. Адзін з хлопцаў агаліў Тонін локаць.
– А мне не будзе балюча? – спытала дзяўчынка.
– Болю не існуе! – адказаў ёй хлопец, які нёс яе. – Альбо ўвесь свет – боль.
[Боль — непрыемнае сэнсарнае і/ці эмацыйнае перажыванне, звязанае з існуючым або патэнцыяльным пашкоджаннем тканак]
Астатнія хлопцы дасталі жоўта-чорны цюбік клею “Момент” і шпрыц. Выцягнуўшы поршань, яны выціснулі ў шпрыц клей. Пасля поршань быў уладкаваны на ранейшае месца і падвальны медбрат прысеў побач з Тоняй.
– Проста яно нам загадала, – сказаў хлопчык і ўсадзіў іголку пад тонкую скуру дзяўчынкі. Тоня заплюшчыла вочы і адчула, як унутраны шар дабрыні раптам пачырванеў і пачаў выпраменьваць боль. Але прыкметаў фізічнага болю не было, таму боль зрабіўся яе часткай, элементам антыматэрыі, у якой спрацоўваюць супрацьлеглыя законы матэрыі.

...Калі мясцовы бомж па мянушцы Сіплы зайшоў у падвал, ён адчуў смурод (нягледзячы на тое, што сам смярдзеў горш за любы смеццевоз). Паставіўшы бутэльку таннай гарэлкі на зямлю, ён падпаліў запалку і ўбачыў лужыну зялёнай слізі, якая сваімі абрысамі нагадвала чалавека. Адчуўшы нядобрае, Сіплы падняў бутэльку і жвава пакрочыў ў іншы пад’езд.