Лісьце пад нагамі
Божа, падаруй мне верасень! Я з задавальненьнем прыму твой дарунак. Ты маеш рацыю сказаўшы, што я не заслужыла яго. Але ж кожны мае права на шчасьце! Простае чалавечае шчасьце…
Сяджу на прыступках у восеньскім парку, сьціскаю ў руках сухі жоўты кляновы лісток з чырвонымі прожылкамі. А дрэвы не перастаюць губляць лісты, якія засыпалі ўжо ўвесь дол мяккай рознаколернай коўдрай. Хочацца доўга-доўга глядзець на сумнае восеньскае неба, да якога ўжо не заходзіць у гасьціну сонца, але яно яшчэ прыгажэйшае, чым улетку: здаецца, глядзіць на цябе сваімі сумнымі вачыма-хмарамі. Такое самотнае і ў той жа час мілае і прывабнае.
Надвор’е стаіць вельмі цёплае. Цёплыя нават прыступкі, на якіх сяджу ў задуменьні. Вакол шумяць восеньскія дрэвы. Пад маімі нагамі ляжыць безьліч лісточкаў. Яны ўсе аднолькавыя і ў той жа час такія розныя: жоўтыя, чырвоныя, радзей зялёныя і самыя, на мой погляд, цікавыя лісточкі колеру моцнай кавы. Гэта яны толькі з выгляду такія сухія ды цёмныя... Мне здаецца, яны самыя прыгожыя з усіх лістоў у гэтым парку. Чаму? Таму, што яны адны такія.
Яны вылучаюцца з няхай і рознаколернага агулу. Іх можна параўнаць з людзьмі. Самастойнымі асобамі, якія думаюць, жывуць так, як лічаць патрэбным, не зьвяртаючы ўвагі ні на што, ні на каго. Са свабоднымі людзьмі. З сапраўды вартымі асобамі. А такіх, на вялікі жаль, вельмі мала. Можна пазайздросьціць гэтым лісьцікам. Яны ўмеюць вылучыцца. А людзі... Яны ўсе такія аднолькавыя. Чалавек павінен прайсьці пэўны шлях, дзеля станаўленьня сваёй асобы. Свабоднай і незалежнай. Непадобнай ні на кога. Ісьціннай. Адзінаю. Кожны чалавек павінен мысьліць самастойна. Няхай яго думка і няправільная, часам, нікому не зразумелая, але ж яна яго, уласная, індывідуальная, ні на чыю не падобная.
Пачало зьмяркацца. Вершаліны дрэваў апынуліся ў змроку. Іх не відаць. Падняўшыся з прыступак, я пайшла і пачула лёгкі шоргат лісьця пад нагамі. Дрэвы моўчкі праводзілі мяне – дзяўчыну ў чорнай кофтачцы, з зялёнымі вачыма і самотным позіркам.
Восень у душы маёй
Восень сышла. Нечакана і прыгожа. Я шкадую, што не пасьпела сфатаграфаваць гэтую восень, тое лісьце, дрэвы, якія стаяць ужо голыя, страціўшы сваё рознакаляровае ўбраньне. Больш такой восені ня будзе. Бо хутка, ужо вельмі хутка, яе зьменіць зіма, якая цягнецца за ёй па пятах і перашкаджае дапаліць апошнія восеньскія ліхтарыкі, што засталіся б у памяці кожнага. Але ж... Усё ў прыродзе адбываецца своечасова. Зіма ўжо можа браць уладу ў свае магутныя, ледзяныя рукі. Мабыць, некаторыя чакалі зімовага марознага паветра і... сьнегу! Хутка будзе, не сьпяшайцеся, бо не пасьпеем мы і азірнуцца, як неба пачне сыпаць белыя зорачкі, і яны будуць кружыцца ў паветры і падаць нам на далоні. Зіма знойдзе ў шаліках нашыя твары і пакіне нам у сэрцы агеньчык, які начніком будзе асьвятляць нашыя сны.
А цяпер восень разьвітваецца з намі, махаючы апошнімі лісточкамі, як далонямі. Здаецца, без яе і горад апусьцее, апусьцее без сьвяточнага дывану, бяз яркіх фарбаў, без рознакаляровых лістоў, якія кружацца вакол вежаў нашага замку, нібыта абуджаючы іх ад векавога сну. Не чуваць ужо сьпеваў птушак. І гэта ня дзіўна. Людзі і тыя пахаваліся па сваіх «норках». А восень... Восень адыходзіць. Мне будзе яе вельмі не хапаць, яе красак, кветак, лісточкаў, і асабліва сапраўднай восеньскай казкі, дзе дрэвы ў прыгожым убраньні стаяць нерухомыя, а лісьцікі, як чараўнікі, варожаць вакол, вецер падхоплівае іх і нясе далёка-далёка, туды, дзе яны знаходзяць сабе прытулак і чакаюць, калі мы зноў пазавем іх, калі ў нашай душы зноў зьявіцца месца для гэтых маленькіх лісьцікаў…
А пакуль яшчэ… у паветры кружацца, нібы ў танцы, лісьцікі – гэтыя маленькія кавалачкі шчасьця. Чаму кавалачкі шчасьця? А я адкажу: у свае 15 гадоў я ўжо такая багатая! Дрэвы, кусты, будынкі, паркі, скверы, нарэшце горад, краіна – гэта ўсё маё. А што чалавеку патрэбна для шчасьця? Лічу толькі адно: ісьці па родным горадзе, адчуваць, што ён твой, неадрыўны кавалачак тваёй душы, які напаўняе сэрца сапраўднай любоўю да Бацькаўшчыны, да роднага краю, слухаць шоргат лісьця пад нагамі і марыць, марыць..