12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Зьміцер Дзядзенка

_____________________
Аршанскія здані.
Вершы

Папяровы самалёцік

Самалёцік — са сшытку аркуш, —
праляці, праляці нада мной.
Праляці праз дворык, праз арку,
дзе нічога і ўдзень не відно.

Самалёцік, пустая забава...
(Дзе была мая галава?)
На клятчастым крыле, на правым,
чырванее адзнака «два».)

Ды назло будзённай нудоце,
што паводкаю спрэс цячэ,
самалёцік мой, самалёцік,
праляці нада мной яшчэ.

* * *

Маю кантрабанду
ня знойдзе айчынная мытня.
Мая кантрабанда —
забытыя сны і лятункі.
Мая кантрабанда —
абліччы людзей незнаёмых
і тых, з кім сустрэцца ня мог,
але марыў пабачыць.
У скарбе маім,
што ня знойдзе ніякая мытня,
аршанскія здані
блукаюць па вуліцах менскіх,
і там, дзе спадзеву няма,
узрастаюць легенды...


* * *

Пакінь мяне на вуліцы, пакінь,
дзе ліхтароў маўклівыя сузор’і
ні лёсу не прадкажуць, ні надвор’я
і расплывуцца ў змроку гарадскім.

Пакінь мяне, ні слова не кажы,
маўчы — я у далонях твар схаваю,
так явар твар лістотай закрывае
на даўнім каляровым вітражы.


* * *

На тэлефонным дыску месяцовым
дашчэнту пасьціраліся ўсе лікі —
і не набраць цяпер ніводзін нумар,
нікуды не датэлефанавацца
і не закончыць колішняй размовы.
Начны раённы цэнтар невялікі
бясконца цягне вуліцы, як гуму...
І як цяпер мне да цябе дабрацца?


* * *

Сарвецца з-пад страхі крыклівы верабей —
зладзюжка, скандаліст, абарыген паддашкаў...
Ён нечым неўпрыкмет нагадвае цябе
наівам у вачах, нахабствам у замашках.

Я, бабнік і плэйбой, гляджу на вераб’я,
а ён глядзіць на штось
у пыле прыдарожным.
Ён, як і я, адзін, а ты... ў цябе сям’я,
і тут мы з вераб’ём нічым не дапаможам.


* * *

Наш «Арго» адплывае ў вырай
з берагоў пажоўклай лістоты.
Наш «Арго» адплывае ў вырай,
быццам птушкі і самалёты.

Наш «Арго» адплывае ўпрочкі –
да чужых Калхідаў і Трояў.
Наш «Арго» адплывае моўчкі,
не пакінуўшы тут герояў.

Наш «Арго» цішком адплывае.
Наш маршрут – у Кудысьці праз Дзесьці.
Наш «Арго» ніхто не чакае,
нас ніхто ня прыйдзе правесьці.

Наш «Арго», дзе шматкроп’е вёслаў –
быццам сьлед кулямётнай раны...
Наш «Арго» — наш кліч безгалосы.
Папяровы ветразь парваны.