12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Зьміцер Дзядзенка

_____________________
Апалогія правакацыі. Водгук на кнігу "Щит и меч Отечества"


Водгук на кнігу «Щит и меч Отечества».
Минск, Международный центр интеграционной информации.
Общественный пресс-центр Дома прессы. 2006. — 340 с.



Кніга “Шчыт і меч Айчыны” займела гучную славу, ледзь сышоўшы з друкарскага варштату. Найперш таму, што аналізаваць яе многія сталі, нават не трымаючы ў руках. Найбольшы розгалас атрымала заява кіраўніка Камітэту дзяржбясьпекі, нібыта ў кнізе вядзецца размова пра тысячагадовую гісторыю беларускіх сьпецслужбаў. Пра гэта гаворыцца і ў прадмове кіраўніка КДБ Сьцяпана Сухарэнкі: “Нам падавалася важным засьведчыць свой прыярытэт у комплексным дасьледаваньні станаўленьня і разьвіцьця беларускіх сьпецслужбаў, паказаць усю глыбіню тысячагадовай таемнай вайны, закрануць невядомыя раней старонкі гісторыі”.
Зазірнем і мы ў гэты шыкоўны таўшчэзны том, выдадзены на якаснай паперы, з каляровымі ілюстрацыямі й фотаздымкамі. Ад падарункавага альбому кніга розьніцца тэкстам: ён дазваляе кваліфікаваць выданьне як навукова-папулярнае. Што ж хоча паведаміць чытачам КДБ?

СУПРАЦЬ НЕМЦАЎ І МАСКАВІТАЎ

Беларускія сьпецслужбы шукаюць сваё месца ў гісторыі. Старая савецкая генеалогія іх ужо не задавальняе, бо савецкі міф аджыў свой век і не выконвае ранейшай функцыі. У пошуках радаводу “рыцары плашча і кінжалу” ўзіраюцца ў гісторыю. Нельга сказаць, што гэта ня цешыць: мы маем першую спробу паглядзець на беларускую гісторыю праз прызму таемных сьпецаперацыяў. І не віна стваральнікаў, што ў іх атрымалася гісторыя з ухілам у кансьпіралагічную тэорыю: законы жанру вымагаюць менавіта такога сюжэту. Праўда, на карысьць аўтараў трэба зазначыць, што першая гісторыя айчынных сьпецслужбаў пісалася пераважна з беларусацэнтрычных пазіцыяў (натуральна, у іх дзяржаўніцкай версіі).
Як і належыць усялякай гісторыі пра змаганьне “добрых і кепскіх хлопцаў”, “нашы” ў кнізе заўжды на вышыні. Гэта яны ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы штурмаў і контраатакаў, гэта яны супрацьстаяць усім суседзям-агрэсарам. У трактоўцы абароны Полацкага Княства і Вялікага Княства Літоўскага кніга “Шчыт і меч Айчыны” можа сьмела стаяць на паліцы побач з выданьнямі Сагановіча, Краўцэвіча, Арлова...
Не абышлося без адпаведнай рамантызацыі сваіх. Ідэалагічнай падставай для стварэньня ВКЛ называецца супрацьстаяньне нямецкай агрэсіі. Перашкаджалі ўзьнікненьню беларускай імперыі “падступныя” жмудзіны, якія ўсё імкнуліся схаўрусавацца з немцамі: “Часьцей за ўсё сярод “агентаў” ордэну (Нямецкага. — аўт.) былі прадстаўнікі жмудзінскай знаці, якія па-здрадніцку адчынялі перад крыжакамі брамы замкаў і ўмацаваньняў. Праўда, гэтыя агенты былі часовымі і пасьля чарговай “аперацыі” свае дзеяньні спынялі, бо з здраднікамі ў Вялікім Княстве рабілі проста — іх вешалі, а балты палілі такіх жыўцом”.
Другім ворагам нашых продкаў (а значыць — і іх сьпецслужбаў) у кнізе называецца Маскоўскае княства. Менавіта ў супрацьстаяньні з ім разьвіваліся сьпецслужбы Вялікага Княства, гартаваліся айчынныя шпегі й віжы. Гісторыя ВКЛ — гэта некалькі стагоддзяў змаганьня на ўсходнім напрамку: “Сярэдзіна і ўся другая палова XVII ст. сталі для ВКЛ часам найцяжэйшых выпрабаваньняў: дзьве Паўночныя вайны са Швецыяй (1600-1629 і 1655-1660 г.), жорсткае змаганьне з казацкімі палкамі, якія засылаў Багдан Хмяльніцкі на землі Беларусі, масавыя збройныя выступы сялянства і нізоў мяшчанства падчас антыфеадальнай вайны 1648-1651 г. і крывавая вайна з Расіяй у 1654-1667 г., якая стала нацыянальнай трагедыяй беларускага народу. /.../ У агні вайны практычна былі зьнішчаныя ўсе структуры выведніцкай і контравыведніцкай службаў, загінула амаль уся агентура.”
Але гэта было пазьней. У 1549 г. у Маскоўскім Княстве ўзьнік Тайны прыказ — папярэднік усіх пазьнейшых расейскіх сьпецорганаў: ён кіраваў усімі таемнымі акцыямі за мяжой. Айчынныя органы ў гэтым сэнсе былі слабейшымі, на думку аўтараў “Шчыта і мяча”: “Айчынная “сакрэтная служба”, адрозна ад “сьпецслужбы” Маскоўскай дзяржавы, ня мела самастойнай арганізацыйнай структуры, і кіраўніцтва таемнымі акцыямі ажыцьцяўляла вялікакняская канцылярыя”.
Сьпецслужба вымагала асаблівых высілкаў ад дзяржаўных установаў ВКЛ. Тлумачыцца гэта слабой роляй манарха ў Вялікім Княстве: “Праз асаблівасьці дзяржаўнага ўладкаваньня “сакрэтная служба” ВКЛ, у адрозьненьне ад падобных службаў іншых еўрапейскіх дзяржаваў, не падначальвалася манарху ці нейкай адказнай асобе, а была дэцэнтралізаваная, што накладала свой адбітак на яе працу. Паспяховасьць дзеяньняў “сакрэтнай службы” цалкам залежала ад талентаў яе ачольніка — кіраўніка дзяржаўнай канцылярыі”. То бок, сакрэтнай дзяржаўнай структуры папросту не існавала. Кожны новы канцлер Вялікага Княства ствараў сваю выведную сетку, якая зьнікала разам з ягонай сьмерцю.
Асаблівую ролю ў разьвіцьці вонкавай выведкі адыграў кіраўнік вялікакняскай канцылярыі Астафей Валовіч. Кансьпіралагічная візія гісторыі дапамагае складальнікам кнігі “Шчыт і меч Айчыны” вызначыць ягоную ролю ў летапісе ВКЛ. Канцлер Вялікага Княства спаборнічаў са сваім калегам па той бок усходняй мяжы, чым і тлумачацца ўсе падзеі “залатога веку” беларускай гісторыі: “На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў Валовіч і Віскаваты дырыгавалі нітамі таемных дыпламатыяў Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы”.
Агулам жа, XVI стагоддзе падаецца як перыяд росквіту выведкі й шпіянажу: “Толькі праз прызму таемных акцыяў дыпламатыі ВКЛ можна зразумець і вызначыць унутраную логіку драматычных падзеяў аднаго з найскладанейшых перыя­даў у гісторыі народаў Усходняй Еўропы”. Да прыкладу, таемная аперацыя ў маскоўскім кірунку дазволіла пазьбегчы нападу з усходу падчас першага бескаралеўя 1572-1574 гг.: “З гэтай мэтай дыпламатыя Вялікага Княства запусьціла ў дзеяньне дэзінфармацыю пра магчымасьць абраньня маскоўскай кандыдатуры на стальцы Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. У Маскву былі накіраваныя ганец Хведар Зенка, а таксама “сьпецыяліст па маскоўскіх справах” Міхайла Гарабурда”.
Зрэшты, самі супрацоўнікі сёньняшняга беларускага КДБ у гэтую сваю тысячагадовую гісторыю вераць слаба — прынамсі, пакуль што. Іначай цяжка патлумачыць, чаму разьдзел, прысьвечаны асобе Фелікса Дзяржынскага, называецца “Заснавальнік”. Якая ж тады тут тысячагадовая гісторыя?..

СПАДЧЫНА РАСЕЙСКАЙ АХРАНКІ

Назва выданьня адсылае да савецкай класікі — раману Кажэўнікава й зьнятага паводле яго кінафільму. Але ў беларускай кнізе ўсё выглядае больш прыземлена і рэалістычна. Герояў няма. Прынамсі, рамантычных герояў, вартых перайманьня. Гісторыя сьпецслужбаў — гэта хроніка крыві, здрадаў і падману. У гэтым нас (вольна ці міжвольна) пераконваюць аўтары кнігі.
Пачатак таемных сьпецаперацыяў у Беларусі яны выводзяць ад часоў Брачыслава. Да яго ад кіеўскага князя Яраслава Мудрага перайшла нарманская дружына на чале з конунгам Эймундам. Нарманская дружына дапамагла Брачыславу перахітрыць ворагаў: полацкі князь захапіў у закладнікі жонку Яраслава, тым самым перамогшы кіеўскага князя бяз бою. Нарманы, уласна, і паланілі княгіню... Неблагі пачатак для радаводу — захоп закладнікаў! Што праўда, часы ВКЛ абыходзяцца амаль бяз прыкладаў падобнага кшталту. Выглядае, што складальнікі ня здолелі адшукаць нічога падобнага, апроч справы Рыгора Осьціка (які “аказваў таемныя паслугі” расейскаму цару Івану IV і нават абяцаў забіць Сьцяпана Батуру): ані маштабных здрадаў, ані захопу закладнікаў...
Больш “персьпектыўным” у дасьледаваньні метадаў і нораваў выглядае перыяд Расейскай імперыі. Уласна беларускага матэрыялу ў гісторыі ХІХ ст. бракуе: аўтары празьмерна захапіліся расейскай тэматыкай. Так, адзначаецца, што пры Аляксандры І у Расейскай імперыі ствараліся першыя міністэрствы. Узьнікла і Міністэрства паліцыі. У 1819 г. яно ўвайшло ў склад Міністэрства ўнутраных справаў. Яго міністр граф Качубей адмоўна пісаў пра “нованабытае” ведамства ў справаздачы цару: “Горад закішэў шпіёнамі рознага кшталту: тут былі і замежныя, і расейскія шпіёны, якія стаялі на жалаваньні, шпіёны добраахвотныя, практыкавалася пастаяннае пераапрананьне паліцэйскіх афіцэраў, запэўніваюць нават, што сам міністр карыстаўся пераапрананьнем. Гэтыя агенты не абмяжоўваліся тым, што зьбіралі весткі й давалі ўраду магчымасьць запабегчы злачынству, яны імкнуліся заахвочваць злачынствы і падозраньні...” Аўтары кнігі падкрэсьлі­ваюць: “Метад правакацыі, на які ўказаў Качубей, трывала ўвайшоў у практыку царскіх органаў палітычнага вышуку”.
І тут пачынаецца самы цікавы й складаны момант. Схаваць сваю прыязнасьць да гэтых самых метадаў (як і наогул сімпатыю да царскай “ахранкі”) аўтары ня могуць: яны ж лічаць яе сваёй папярэдніцай. Але даецца ў знакі абвешчаны дзяржавай курс на рэстаўрацыю савецкай спадчыны. Складана спалучыць у адзін унутрана несупярэчлівы расповед дыфірамбы ахранцы й гісторыю пра герояў-рэвалюцыянераў, якіх лавіла тая ж самая ахранка. Таму пра рэвалюцыянераў і змаганьне з імі гаворка ідзе вельмі пабежна, бяз лішніх падрабязнасьцяў. Хіба што адзначана пра пачатак ХХ ст.: “У Менскай губерніі агітатары сацыял-дэмакратаў зьбіралі з сялянаў грошы на патрэбы партыі, а тым, хто адмаўляўся, пагражалі расправай”.
Ні слова няма пра тэракт, падрыхтаваны эсэрам Пуліхавым пасьля Курлоўскага расстрэлу, хаця пра Грынявіцкага распавядаецца даволі падрабязна. Няўжо толькі таму, што Грынявіцкі ўзарваў цара ў Пецярбургу, а Пуліхаў — менскага гораданачальніка? Але чаму ж тады няма ні слова пра рэвалюцыйныя “эксы” й тэракты ды барацьбу паліцыі супраць іх? Чаму не гаворыцца пра выкрыцьцё разнастайных падпольных майстэрняў, дзе вырабляліся бомбы (напрыклад, менская аптэка заснавальніка Баявой арганізацыі партыі эсэраў Гершуні спакойна існавала некалькі гадоў, але ж былі й іншыя прыклады)? Не знайшлося ніводнага слова ў складальнікаў кнігі й для народжанага ў Беларусі Еўна Азефа — агента ахранкі й адначасова кіраўніка эсэраўскіх баевікоў… І прыклад Азефа не ўнікальны: загнаныя ў падпольле рэвалюцыянеры й тэрарысты настолькі шчыльна перапляліся з ахранкай, што часам цяжка было вызначыць, каму больш карысьці прыносіць “двайны агент”, і хто распрацаваў схему тэракту — баевікі ці ахранка...
Прычыны замоўчваньня, як здаецца, у тым, што сучасныя супрацоўнікі сьпецслужбаў надта часта прымяраюць на сябе сітуацыю стогадовай даўніны. “Толькі ў Віленскай ваеннай акрузе за перыяд з 1901 г. па 1911 г. выяўлена 150 замежных агентаў. Аднак праз недасканаласьць крымінальнага заканадаўства да крымінальнай адказнасьці прыцягнулі толькі 33 чалавекі, 4 апраўдалі. А ў дачыненьні да 113 асобаў сьледства даказала факты збору інфармацыі на заданьне замежных выведак. Але, на думку эксьпертаў, сабраныя імі зьвесткі не былі сакрэтнымі, і згодна з тагачаснымі законамі дзеяньні гэтых асобаў не ўтваралі склад злачынства”. Якое шкадаваньне гучыць у гэтых словах!
Другая прычына замоўчваньня — тое, што створаная бальшавікамі й левымі эсэрамі ЧК ў вялікай ступені пераняла спадчыну царскай ахранкі. Напрыклад, з гонарам паведамляецца, што каля вытокаў таемнай службы Дэпартаменту паліцыі стаялі людзі, чый лёс зьвязаны з Беларусьсю: “Адзін з іх, ураджэнец Беларусі І. Манусевіч-Мануйлаў, пасьля вяртаньня з замежнай камандзіроўкі напісаў дакладную, у якой абгрунтаваў неабходнасьць стварэньня арганізацыі для барацьбы з міжнародным шпіянажам. Начальнікам таемнай контравыведкі Дэпартаменту паліцыі стаў выпускнік Полацкага кадэцкага корпусу ротмістр М. Камісараў, адкамандзіраваны з Пецярбуржскага ахоўнага аддзяленьня. Знамянальна, што пасьля кастрычніка 1917 г. жандарскі генерал Камісараў аказаўся запатрабаваным ВЧК, а потым АДПУ. У якасьці агента савецкіх органаў дзяржбясьпекі яго прыцягвалі для працы па замежных антысавецкіх эмігранцкіх цэнтрах”.

АД САВІНКАВА ДА КУЦЕПАВА

Апісаць савецкі перыяд, відавочна, для аўтараў кнігі было ня менш складана, чым перадрэвалюцыйны. Тут ужо хуткамоўем не абыдзешся: пра гісторыю ВЧК-АДПУ-МДБ-КДБ даводзіцца гаварыць падрабязна. Аднак аўтарскі “погляд знутры” ставіць свае абмежаваньні: усе гісторыі КДБ, пераказаныя ў ім, — гэта расповеды пра перамогі. Правалы, заганы, злачынствы згадваюцца мімаходзь: “На пачатку 1920-х гг. чэкісцкі апарат зрабіў важкі ўнёсак у стабілізацыю ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў рэспубліцы. Дзякуючы працы чэкістаў удалося ліквідаваць узброенае антысавецкае падпольле на тэрыторыі Беларускай ССР і забясьпечыць надзейную ахову дзяржаўнай мяжы з Польшчай, з тэрыторыі якой да таго актыўна дзейнічалі ўзброеныя антысавецкія групы Булак-Балаховіча, Моніча, Паўлоўскага і інш., якія зьнішчалі народна-гаспадарчыя аб’екты, забівалі партыйных і савецкіх актывістаў. Разам з цэнтральнымі органамі ВЧК-АДПУ чэкісцкі апарат рэспублікі паралізаваў падрыўную дзейнасьць заходніх сьпецслужбаў і антысавецкіх эмігранцкіх цэнтраў на тэрыторыі БССР. /.../ Разам з тым чэкісцкі апарат Беларускай СССР актыўна ўдзельнічаў у зьнішчэньні і ліквідацыі па­літычнай апазіцыі ў рэспубліцы, задушэньні сялянскіх выступаў, якія адбываліся падчас суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі БССР і раскулачваньня”. Пра тое, што ў “антысавецкія групы” Моніча, Паўлоўскага й дзясяткаў іншых прыходзілі ўдзельнікі якраз тых самых “сялянскіх выступаў”, не гаворыцца. Дый гэта ня дзіва, калі ў сьпісе літаратуры няма кнігі Юркі Віцьбіча “Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі”...
Спадчынай ахранкі для чэкістаў сталі ня толькі кадры, але і спосабы дзейнасьці. Правакацыі, захоп закладнікаў — метады, якімі вельмі шырока карысталася новая ўлада, асабліва ў першыя гады свайго існаваньня. Праўда, у кнізе “Шчыт і меч Айчыны” інфармацыю пра гэта знайсьці складана. Няма тут ні слова пра ЧОНы, “часьці асаблівага прызначэньня” — варыянт рэвалюцыйнага сьпецназу. (Гэтаксама як у апісаньні падзеяў Другой сусьветнай вайны няма ні слова пра заградатрады.) Затое з гонарам згадваюцца “засланыя казачкі”: “У Віцебску ў траўні 1920 г. чэкісты ўкаранілі свайго агента ў арганізацыю, створаную сакрэтнай службай Польшчы. З ягонай дапамогай выявілі, што ўдзельнікі арганізацыі займаюцца шпіянажам, падрыхтоўкай дыверсійных актаў, распаўсюдам контрарэвалюцыйных чутак. Неўзабаве 27 шпіёнаў, дыверсантаў і тэрарыстаў былі арыштаваныя і аддадзеныя пад суд ваенна-рэвалюцыйнага трыбуналу”.
У гэтым жа шэрагу можна разглядаць найбольшы гонар беларускіх чэкістаў 20-х гадоў — аперацыю “Трэст”, зладжаную пад патранажам і кіраўніцтвам Маск­вы. Барыса Савінкава — які стаўся асноўнай прычынай галаўнога болю чэкістаў — выцягнулі на тэрыторыю СССР, арганізаваўшы дзеля гэтага “антысавецкую арганізацыю”. Досьвед “стварэньня” такіх арганізацыяў-фікцыяў спатрэбіўся пазьней — з канца 20-х, калі масава пачалі ўзьнікаць “Саюз вызваленьня Беларусі”, “Беларускі нацыянальны цэнтр”, “Беларуская народная грамада” і г.д.. У выданьні яны згадваюцца (як і рэпрэсіі па гэтых справах), але — літаральна адным абзацам. Згадваюцца і “яжоўскія рэпрэсіі” з адпаведнай фальсіфікацыяй справаў і “выяўленьнем шпіёнаў”: “Ад жніўня 1937 г. па верасень 1938 г. у Беларускай СССР на аснове загадаў, якія паступілі з НКВД СССР, пад кіраўніцтвам наркама ўнутраных справаў Б. Бермана была праведзеная аперацыя па выяўленьні агентуры польскай, нямецкай і латвійскай выведак. Па “польскай лініі” былі арыштаваныя і асуджаныя 15 741 чалавек, па “нямецкай” — 563, “латвійскай” — 1459”.
Дарма кажа гісторык Ігар Кузьняцоў, што тэма рэпрэсіяў у кнізе зусім замоўчаная. Аднак тое, што не яна вызначае гаворку пра 30-я гады мінулага стагоддзя, — бессумнеўна. Рэпрэсіі згадваюцца ў такім кантэксьце: “Пакутаваў народ — пакутавалі й органы”... А галоўнае ў расповедзе пра 30-я — ізноў жа таемныя аперацыі. Таму і асноўнымі дзейнымі асобамі 30-х выглядаюць ня Берман, Наседкін ды іншыя, а выхадцы з Беларусі, якія дзейнічалі ў вонкавай выведцы. Напрыклад, Якаў Серабранскі (Адмысловая група пры старшыні АДПУ) і Сяргей Шпігельглас удзельнічалі ў ліквідацыі генералаў Куцепава і Мілера — кіраўнікоў РОВС (Расейскі агульнавайсковы саюз). Гэтая акцыя паказваецца як вялікі посьпех савецкай выведкі. Маральны асьпект застаецца па-за ўвагай. Тое, што ў цяперашняй Расеі да гэтай аперацыі савецкай выведкі стаўленьне далёка не адназначнае, нашых спадкаемцаў Дзяржынскага не хвалюе. (Як кажа адзін персанаж сучаснай беларускай медыяпрасторы, “я не вінаваты, што станоўчы вынік маёй дзейнасьці стаў бядой для краіны: краіна такая”.)
Выснова, зробленая пры канцы разьдзелу, гучыць прысудам савецкай сістэме і самаапраўданьнем для яе карных органаў: “Стварэньне рэпрэсіўнага механізму — гэта заканамерны вынік усіх рэвалюцыяў, пачынаючы ад Ангельскай буржуазнай сярэдзіны XVII ст. Створаныя карныя органы сьпярша былі нацэленыя на барацьбу з палітычнымі праціўнікамі і контрарэвалюцыяй, затым — проста з іншадумцамі, а пасьля выкараненьня ўсіх вонкавых праціўнікаў сістэма пачала жэрці самую сябе. /.../ І ня так важна, хто ўзначальваў бы гэтую сістэму — Сталін, Троцкі ці хто-небудзь яшчэ. (Хаця, безумоўна, фактар асобы адыгрывае вялізную ролю.) Проста “праскрыпцыйныя сьпісы” былі б крыху іншымі. Сістэма зьменам і трансфармацыям не падлягала”.
Безумоўны плюс гэтага разьдзелу (як і наступнага) — ілюстрацыі. Тут можна ўбачыць старонкі разнастайных дакументаў з справаў КДБ: даносы, адказы, характарыстыкі...

БЕЗ РЭАБІЛІТАЦЫІ

Старонкі, прысьвечаныя Другой сусьветнай вайне, адпавядаюць канонам сучаснай афіцыёзнай гістарыяграфіі. Ніякіх сумневаў, ніякіх спрэчных пытаньняў — для гісторыкаў у мундзірах усё ясна і зразумела: “Здраднікі былі на службе ў акупантаў, бралі ўдзел ва ўзброенай барацьбе супраць Савецкага Саюзу на баку ворага, што азначала здраду Радзіме і пераход на боку ўзброенага праціўніка. Паводле законаў ваеннага часу, гэта лічылася цяжкім злачынствам, і асобы, якія актыўна супрацоўнічалі з ворагам, заслугоўвалі цяжкога пакараньня”. Як аперацыі чэкістаў супраць здраднікаў падаюцца забойствы Іваноўскага, Казлоўскага, Акінчыца.
У апісаньні ваеннага і паваеннага часу самае цікавае — ня ў тэксьце, а ў ілюстрацыях. Тут можна пабачыць, напрыклад, упершыню надрукаваныя фотаздымкі школы “Дальвіц”, партрэты Васіля Конюха і Тамары Чарамшагінай — удзельнікаў групы Міхася Вітушкі, старонкі з справаў дэсантнікаў, якія высаджваліся ў Беларусі для змаганьня супраць камуністаў, схемы зямлянак і сховаў, якія ладзілі беларускія, літоўскія, польскія партызаны.
Кніга акцэнтуе ўвагу на посьпехах чэкістаў. Асабліва — што тычыцца пасьляваеннай “зачысткі” Беларусі. Тое, што не ўкладаецца ў канцэпцыю посьпехаў, папросту замоўчваецца. Так, паводле зьвестак гісторыка Сяргея Ярша, з 1949 па 1953 г. на тэрыторыю Заходняй Беларусі былі высаджаныя 5 дэсантаў — ня чыста выведчых, а зьвязаных з беларускім партызанскім супрацівам. Адзін з іх быў скіраваны на Беласточчыну менавіта для ўмацаваньня беларускага партызанскага руху. Шукаць зьвесткі пра гэтыя дэсанты ў кнізе марна, бо некаторыя з іх пазьбеглі савецкага палону.
Затое пра тых, што патрапіліся, гаворыцца ўсмак. Падрабязна расьпісваецца захоп Янкі Філістовіча. Сюрпрызам прагучаць для паспалітага чытача словы пра тое, што Філістовіча зьбіраліся перавербаваць і выкарыстаць у ролі “двайнога агента”. Перашкодзіла тое, што ягоны арышт атрымаў вялікі розгалас: “Філістовіч быў асуджаны і паводле выраку суду расстраляны. І.Лысакоўскі (той, хто яго браў. — аўт.) лічыў, што прысуд быў скрайне суворым. На ягоную думку, Філістовіч ня быў ворагам беларускага народу, ён стаў ахвярай амбіцыяў лідэраў беларускіх эмігранцкіх цэнтраў”. Распавядаецца пра дэсант Цімоха Вострыкава. Многія факты ўпершыню агучваюцца на старонках гэтай кнігі.
Асобна падзякаваць аўтарам кнігі варта за растлумачэньне “справы Берыі”. У публіцыстыцы яшчэ ад часоў ХХ зьезду КПСС за апошнім сталінскім наркамам унутраных справаў захавалася рэпутацыя крывавага ката, які рваўся да ўлады. Але пры гэтым не зважаюць на тое, хто даў яму такую характарыстыку — канкурэнты, якія таксама рваліся да ўлады. Пасьля сьмерці Сталіна, як гэта часта бывае ў гісторыі, пачалася барацьба за ўладу паміж наступнікамі. У гэтым змаганьні наркам унутраных справаў прайграў і надоўга атрымаў таўро. Хаця паміж Берыем і тымі, хто яго арыштоўваў, прынцыповай розьніцы не было...
Менавіта з ініцыятывы Берыі пачалася другая за савецкім часам “каранізацыя” і “нацыяналізацыя” (першую, у 20-х гадах, спынілі рэпрэсіямі): “Было пастаўленае пытаньне пра адмену зацьверджанага яшчэ пры Сталіну сьпісу пасадаў, якія пажадана было аддаваць расейцам ці абруселым нацыяналам. У іх улучаліся пасады камандуючых вайсковымі акругамі, начальнікаў гарнізонаў і памежных атрадаў, кіраўнікоў органаў дзяржбясьпекі і ўнутраных справаў, начальнікаў чыгунак і паветраных лініяў, дырэктараў прадпрыемстваў саюзнага значэньня”. Берыя паставіў пытаньне рубам: “Так, у лісьце Берыі ад 8 чэрвеня 1953 г. пра нацыянальны склад апарату МУС Беларускай ССР указвалася, што ў міністэрстве і яго мясцовых падразьдзяленьнях на кіраўнічых пасадах амаль зусім няма беларусаў. Гаварылася пра такое ж становішча беларускіх кадраў у рэспубліканскіх, абласных і савецкіх арганізацыях. Указвалася, што ў навучальных установах выкладаньне вядзецца толькі на рускай мове”.
Хрушчоўская групоўка адчула небясьпеку для ўласнага існаваньня каля ўладнае кармушкі й прыняла контразахады. Берыю арыштавалі — з удзелам вайсковага кіраўніцтва і партыйнай верхавіны. Пра падрабязнасьці арышту пісалася шмат і паўтарацца лішне.
Берыеўская параза адмоўна адбілася і на распачатых ім палітычных пераменах. “Выступаючы на пленуме ЦК КПСС у справе Берыі, Патолічаў ацаніў ягоныя дзеяньні, накіраваныя на каранізацыю партыйна-дзяржаўнага апарату й вя­дзеньне справаводзтва ў саюзных рэспубліках на роднай мове, як скажэньне ленінска-сталінскай нацыянальнай палітыкі”. Новай беларусізацыі не адбылося, хаця “каранізацыя кадраў” усё ж замацавалася. Менавіта пасьля берыеўскай спробы рэформаў у кіраўнікі Беларусі змаглі прабіцца Кірыла Мазураў і Пятро Машэраў.
Самым пацярпелым ад берыеўскіх перастановак апынуўся намесьнік міністра МУС Міхаіл Дзячко. У рамках каранізацыі кадраў Берыя прызначыў яго кіраўніком беларускага міністэрства ўнутраных справаў. Аднак на гэтай пасадзе Дзячко пратрымаўся нядоўга — толькі 13 дзён (з 9 па 21 ліпеня 1953 г. уключна). Пасьля гэтага Берыю арыштавалі, а Дзячка вярнулі зноў на пасаду намесьніка міністра. Праўда, ранейшага даверу ён, мабыць ня меў і праз 5 гадоў пазбыўся і гэтага месца.

У ПОШУКАХ ТЭРАРЫСТАЎ

Перыяд гісторыі ад Сталіна да Гарбачова пазначаны ня толькі барацьбой з дэсантнікамі-антысаветчыкамі ды ўнутранай калатнечай у барацьбе за ўладу. З гонарам распавядаецца пра тое, як КДБ займалася прамысловым шпіянажам. Так у 1972-1973 г. супрацоўнікам Віцебскага УКДБ удалося атрымаць ад ангельскага сьпецыяліста, які прыбыў на Наваполацкі камбінат “Палімір”, зьвесткі па тэхналогіі вытворчасьці сінтэтычных валокнаў. Укараніўшы яе ў вытворчасьць, завод атрымаў эканамічную выгаду ў 64 мільёны рублёў (у цэнах таго часу).
Другім кірункам працы быў пошук унутраных ворагаў. Праўда, ні слова няма ў кнізе ані пра перасьлед інтэлігентаў-дысідэнтаў, ані пра справу Міхася Кукабакі. Затое ёсьць маляўнічая гісторыя, што стала вядомая праз газетную публікацыю яшчэ летась. У 1955 г. дом старшыні калгасу “Першае мая” ў Рудабельскім (Акцябрскім) раёне быў узарваны, сам старшыня загінуў. Дваіх падазраваных асудзілі да расстрэлу, але Прэзідыум Вярхоўнага суда адмяніў вырак праз недахоп улікаў. Кіраўнічыя пасады ў калгасе ніхто займаць не хацеў. Праз 5 гадоў (!) была створаная сьпецыяльная сьледчая група ў КДБ. Толькі ў 1969 г. яны знайшлі й арыштавалі калгасьнікаў гэтай жа гаспадаркі — бацьку і сына Стасёнкаў. Бацьку перад вайной раскулачылі, праз што ён і меў нянавісьць да саветаў. Дома кадэбісты знайшлі цэлы арсенал: аўтамат, пісталет, патроны, выбухоўку, вогне­праводны шнур, гранаты і капсулі-дэтанатары да іх. Варта адзначыць, што Стасёнак-сын быў членам кампартыі ды ўдзельнікам вайны, але цалкам падзяляў бацькавыя погляды.

ЗАМЕЖНЫЯ ШПІЁНЫ Й ПРАФСАЮЗ КДБ

Асобны разьдзел прысьвячаецца Чарнобылю: КДБ удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Праўда, празьмерны пафас і адсутнасьць густу робяць гэтую частку кнігі не трагічнай, а трагікамічнай. Напрыклад, згадваецца вёска Баршчоўка ў Хойніцкім раёне. Маёр КДБ Л. Кузьменка так апісвае эвакуацыю жыхароў з гэтага паселішча Чарнобыльскай зоны: “Прыехаў я ў Баршчоўку. Адносна спакойна, панікі няма, народ рыхтуюць да эвакуацыі, грузяць скаціну. Мужыкі тамтэйшыя сядзяць на траўцы. Я да іх з жартам, маўляў, не сядзіце на зямлі, небясьпечна. А яны мне: “Мы па чарцы выпілі, і нам цяпер ня страшна”. Вось так, дзе з гумарам, а дзе з усёй сур’ёзнасьцю, працавалі з насельніцтвам”.
Падзеі, зьвязаныя з гісторыяй Рэспублікі Беларусі, бадай, ці ня самае цікавае: шмат чаго адбывалася на нашых вачах, шмат чаго можна ўспомніць і параўнаць апісаньне ў кнізе з тым, як асьвятляліся дзеяньні КДБ падчас саміх акцыяў. Праўда, усе акцыі блякнуць перад адным з сумленных і ганарлівых прызнаньняў: “Чальцы прафсаюзу работнікаў органаў дзяржбясьпекі ўнесьлі больш за 3 млн. рублёў на будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі, рэканструкцыю Берасьцейскай крэпасьці і вайсковых пахаваньняў”. Во як! У КДБ ёсьць свой прафсаюз. Праўда няясна, каму падначальваецца ягоны старшыня — кіраўніку КДБ ці Федэрацыі прафсаюзаў, і ці маюць чальцы прафсаюзу права на страйкі...
Найбольшую цікавасьць выклікаюць, натуральна палітычныя акцыі: колькі ні кажы, што КДБ змагаецца таксама з арганізаванай злачыннасьцю, таўра палітычнага веламства яму не пазбыцца. Дый само яно ня дужа імкнецца зьмяніць імідж, хоць і згадваюцца ў кнізе й каналы перакрыцьця нелегальнай міграцыі, гандлю зброяй, змаганьня супраць узброеных бандаў…
Што праўда, акцыі супраць апазіцыі ў кнізе практычна не асьвятляюцца — больш гаворка ідзе пра “шпіёнаў замежных дзяржаваў”, выяўленых у Беларусі. “У прыватнасьці, за дзеяньні, несумяшчальныя з статусам дыпламата, закрыты ўезд на тэрыторыю краіны былому другому сакратару палітыка-эканамічнага аддзелу амбасады ЗША Э. Годфры, а таксама былому кіраўніку беларускага аддзяленьня фонду Сораса П. Бірну (sic! так у арыгінале!)”. Між тым, усе тэлегледачы Беларускай тэлевізіі сярэдзіны 90-х памятаюць, як абвяшчалася, што Пітэр Бёрн парушыў пашпартны рэжым. А афіцыйнага (ад дзяржаўных чыноўнікаў!) тлумачэньня высылкі Бёрна тады так і не прагучала.
Асобнай згадкі вартая гісторыя пра Крыштафа Леца. У ёй, як у люстэрку, адбіліся маральныя й тактычныя прыярытэты сёньняшніх кадэбістаў. Гісторыя з Лецам вельмі падобная да выцягваньня на савецкую тэрыторыю Барыса Савінкава: “Зыходзячы з палітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы, а таксама ўлічваючы ўзмацненьне контравыведнага рэжыму, нямецкая выведка, разумеючы, што Лец дзякуючы актыўнай шпіёнскай дзейнасьці мог патрапіць у поле зроку органаў бясьпекі Беларусі, рэкамендавала яму ўстрымацца ад паездак у краіны СНД. Выконваючы гэтыя рэкамендацыі, пачынаючы з 1999 г. замежнік адмовіўся ад наведваньня Рэспублікі Беларусь. Улічваючы гэтыя акалічнасьці, было прынятае рашэньне пра завяршэньне контравыведнай аперацыі праз вывад шпіёна на тэрыторыю Беларусі ці адной з краінаў СНД для яго далейшага затрыманьня і прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за шпіянаж”.
З натуральных храналагічных прычынаў у кнігу не патрапілі гісторыі пра дохлых пацукоў. (Дый, відаць, у ніводзін варыянт гісторыі беларускіх сьпецслужбаў гэты эпізод ня ўвойдзе, калі пісаць сваю гісторыю будуць яны самі.) Аднак зусім абмінуць працэс “змаганьня супраць унутраных ворагаў” аўтары выданьня не маглі. Асабліва дасталося “ўпырхлікам”: “У апошнія гады намецілася тэндэнцыя выезду беларускіх грамадзянаў за мяжу па так званых “палітычных матывах” з мэтай атрыманьня на гэтай падставе статусу палітычных уцекачоў у краіне знаходжаньня, а ўрэшце — віду на жыхарства і грамадзянства”. Далей ідзе гісторыя пра кобрынца А.Казарэза, які імітаваў перасьлед рэжымам за рэлігійныя перакананьні і выдаваў фальшывыя даведкі з гэтай нагоды...
Па структуры кніга атрымалася “кальцавой”: адна з апошніх частак прысьвячаецца старадаўняй і адначасова такой сучаснай гісторыі — пошукам крыжа Еўфрасіньні Полацкай. “Закальцаванай” кніга атрымліваецца ня толькі ў гэтым сэнсе. Адпаведную структуру стварае і выбар фактаў для апісаньня гісторыі. Прыгадаем: ад закладнікаў, якіх бралі варагі для Брачыслава, праз Савінкава і да Леца — спрэс гаворка ідзе пра здрады й правакацыі. Але ці можна пабачыць сьвет інак­шым з вакна кабінету КДБ?