12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Федарэнка

_____________________
Сечка-11. Запісы


Раней усё стараўся, каб была хоць якаясь лейт­матыўная лінія, адзін скразны герой (Пісьмянкоў, Ракаў, Варановіч, Рубанаў, Ленін, Сыс, Асташонак, Дамашэвіч, Быкаў...), каб існавала хоць нейкая “глабальная” думка, на якую, як пацеркі, нанізваліся б разьдзельчыкі... А цяпер проста хочацца вольнага пісьма, хаатычнага россыпу развагаў, абагульненьняў-высноваў, эпізодаў-выпадкаў – тых, што некалі, ці нядаўна, ды і цяпер падаюцца асабіста мне цікавымі.

1.
Сябар, каб прывучаць да роднай мовы свайго дзесяцігадовага сына, дае яму – не дае, нават загадвае, каб той чытаў хоць патроху “Шчарбаты талер”. Бедны малы! Бывае, спатыкнуўшыся на якім слове ці каструбаватым сказе, адкідвае ненавісную кніжку і ледзь не ў сьлязах крычыць:
– Гэта пісаў не Андрэй! (Ён мяне ведае, канешне). Андрэй такога не напіша!
А вось ужо іншы, не малы – тэлефануе: “Што ты пісаць стаў так нецікава, сечкі нейкія прыдумаў – слова калхознае, на Абрамовіча наехаў, яўрэем яго абзываеш (?) – і не баішся, ты што, зусім ужо...”
Бедная, бедная наша літаратура і культура. Як плакала некалі ў часы “Лысай гары” ціхенька ў кутку, так і будзе ўсхліпваць. Ну чаму ў ёй столькі ідыётаў, чым мы перад іншымі народамі прагнявіліся?..
І не паваюеш жа, ня зьменіш нічога – няма супраць дурня ні лома, ні прыёма; нездарма ж кажуць – хворы вылечыцца, злачынца пакаецца, п’яны прасьпіцца, а дурны – ніколі.
Хаця... (Напісаў, а цяпер сам сабе буду супярэчыць.) Мо гэта ўвогуле тэндэнцыя, незалежная ад часу, узросту і нацыянальнасьці? Антон Чэхаў – Авілавай:
“Горький... в последнее время начал писать чепуху, чепуху возмутитель­ную, так что скоро я брошу его читать”. І годам пазьней – жонцы, пра таго ж беднага Аляксея Максімавіча: “Что-то удивительно дикое. Если бы написал это не Горький, то никто бы читать не стал”.
Як афіцыйны рэдактар публічна я не магу дазволіць сабе падобнай раскошы ў ацэнках. А так, бывае, хочацца!
“Не, вы растлумачце, чаму мяне не друкуюць, не чытаюць, не перакладаюць, а калі друкуюць, чытаюць і перакладаюць, дык няма водгукаў, прэміяў, аддачы...”
Таму, дарагі, што пішаш ты “чепуху, чепуху возмутительную”.
І кропка.

2.
Гогаль, выбранае месца з “Выбраных мясьцін з перапіскі з сябрамі”.
“Калі пісьменьнік пачне апраўдвацца якімі-небудзь абставінамі, што паслужылі прычынай яго няшчырасьці, ці неабдуманасьці, ці хапатлівай неахайнасьці слова, тады і кожны несправядлівы суддзя можа апраўдвацца тым, што браў хабар і выносіў несправядлівыя прысуды, складаючы віну на абставіны, жонку, сям’ю – ды ці мала на што можна спаслацца. Нашчадкам ня будзе справы да таго, хто вінаваты, што пісьменьнік сказаў глупства ці абсурд, альбо выказаўся прымітыўна. Нашчадкі ня стануць разьбірацца, хто штурхаў яго пад руку: ці блізарукі хцівы сябрук, ці рэдактар часопісу, які клапоціцца толькі пра выгоды свайго выданьня. Нашчадкі ня прымуць да ўвагі ні кумаўства, ні блату, ні цяжкага матэрыяльнага становішча пісьменьніка. Яны ўпікнуць толькі аднога пісьменьніка. Чаму зламаўся, чаму нявыстаяў супраць усяго гэтага?!”

3.
...Прыязджаў некалі да мяне ў госьці Алесь Асташонак, мы пілі, не разводзячы вадою, сьпірт, закусвалі чырвонай мурманскай рыбкай, ружовай беларускай паляндвічкай, і я, на правах гаспадара, ведаючы, што ў чужой кватэры Алесь наўрад ці скарыстаецца сваім разрадам па боксе, абдымаючы яго за плечы, чытаў-сцябаўся:

Я то хоть бульбаш обычный,
Ты же, извини, еврей.
Что ж так плачем неприлично
Над Радзімаю своей?

Мы с тобой, Алесь, по-нову
Тельник на груди рванём!
Ведь вначале было слово,
Пятый пункт – уже потом…

...Даўно ні Алеся, ні мурманскай рыбкі, ні пятага пункта, ні Цімура Кібірава (у сэнсе, дзе ён, хто ён?)... Што гэта, блін, было?! Дзе яно, блін, дзелася?!

4.
У маю медыцынскую картку ў паліклініцы выпадкова патрапіла чужое паведамленьне. Нікому яно не спатрэбілася, і я захаваў яго.

УЗ 2 ц р п-ка
Экстренное извещение
об инфекционном заболевании
1. Фамилия, имя, отчество пациента А…ич Наталья Владимировна
2. Дата рождения: 1956
3. Пол: мужской, женский (нужное подчеркнуть)

Менавіта так – рашуча, упэўнена, безапеляцыйна падкрэсьлена: мужской.
І ўспомніўся мне стары, пахабны і па вялікім рахунку ня сьмешны анек­дот, які, тым ня менш, ідэальна падыходзіць да нашага “извещения”.
Савецкі час. Яўрэй перабіраецца цераз мяжу на захад. «Стой, кто идёт? Фамилия!» – Такі й такі. «Имя!» Такое й такое. «Пол!» – «Женский». – «? – как? почему?» – «П…да я, п…да, зачем не пошёл другой дорогой!»

5.
Куды менш пахабнае, хоць і блізкае па тэме. Сусед па палаце, малады хлопец з пераламаным хрыбетнікам, раптам прамовіў, гледзячы ў жахлівую белату столі:
Страна нуждается в героях –
П...да рожает дураков.
І вось колькі ўжо часу – ці пазіраю ў вакно, ці ў тэлевізар, ці слухаю пра палітыку або сямейныя праблемы, ці рэдагую-перапісваю чужыя рукапісы, ці бадзяюся па вуліцы, ці спрабую пісаць сваё – перад усім усплываюць гэтыя словы – эпіграфам.

6.
Пішуць (часта смакуючы, і гэта так брыдка!) пра душэўную хваробу Гогаля, шукаюць прычыны яе, і чамусьці ніводнаму з дасьледчыкаў (нават выдатнаму Анры Труая) не прыйшло ў галаву задумацца над простым. Бацьку Гогаля было 13, маці – сем месяцаў, і ён, гэты бэйбус, дужа любіў з гэтым, несумненна, прыгожанькім дзіцяняткам нянькацца, гулёкацца, сюсі-пусіцца... Калі ж ёй споўнілася 13, а яму 27, раптам узгарэўся жаданьнем ажаніцца з ёю.
Пачалі адгаворваць Васіля адкласьці вясельле хаця б на год; дзе там! – яно адбылося ўжо праз месяц.
І вось вынік. Само гэтае яшчэ дзіця нараджае (у супярэчнасьці з нашым разьдзельчыкам 5) генія, якіх мала ведаў сьвет, – з аднаго боку, а з іншага – які няшчасны лёс і нядоўгі век быў наканаваны яе беднаму сыну! “Мамачка, зьлітуйся з мяне, забяры мяне адсюль!..”

7.
У іншых народаў, у нармальных нацыяў: “Як справы, як жыцьцё, сям’я, бізнэс?
– “Ол райт! Окей!”
У нас: “Як справа?”
– “Як зьлева, так і справа”...
“Ну, а так, як яно, жыцьцё?”
– “Магло б быць лепш...”; “Ні то ні сё, ні два ні паўтара, ні пяць ні дзесяць...”; “Абы дзень да вечара...”; “Жызьнь бекава: пая...аў бы – ды некава”, або, як выказаўся мой стары настаўнік беларускай мовы і літаратуры: “І не жывецца, і не я...цца”...
“Ну, тады – як дзела?”
– “Дзела ў пракурора, у нас дзялішкі...”
У самога не кватэра – катэдж, машыны дзьве-тры, жонка-красуня, палюбоўніца (не адна), пасада (не адна) грашовая, прэстыжная, а ўсё ўздыхае, усё яму “бекава”...
Беларуская адвечная перастрахоўка, абы не пазайздросьцілі, не сурочылі. Народзіцца немаўля – не хваліць яго, яшчэ і плюнуць на яго. Карова ацеліцца – “а каб гэтае цяля да лета не дацягнула!”... Калі хто жадае на словах дабра – нешта тут ня так, значыць, у душы штось нядобрае мае.
І вось яна – выпаўзае з глыбіні стагоддзяў – замова ад сурокаў:
На “Добры дзень!” – “Штаны зьдзень”. – “Добрага ранку!” – “Сьпіну табе ў абаранку”. – “Здароў!” – “Здаравейшых бачылі”, або “Пасі кароў!”
На “Добры вечар” – “Дзячыць нечым!”, на “Дзякую” – “Па сьпіне ламакаю”...
А гэта што, бадай, самае і паўсюль распаўсюджанае: “Памагай Бог!”
– Казаў Бог, каб ты памог.
У нашай вёсцы жыў некалі камуніст, у вайну яго забілі, дык ён звычайна, калі падыходзіў да талакі, жадаў (ня скажа ж атэіст: “Бог у помач”):
– Слава труду! – на што абавязкова якісь дасьціпнік, не адрываючыся ад работы, буркаў: “Пацалуй бабу ў п...у”, і камуніст ня крыўдзіўся.

8.
“Як людзі кажуць” (друкавалася мною ў 1993 годзе ў газеце “Наша слова”, нават Анатоль Клышка хваліў); тэма – правільна каты ці кошкі? Усе слоўнікі, якія ўдалося перагледзець, даюць кальку з расейскай: “дарогу перабегла кошка”, “сямейства кашэчых, кашачых”, “кашэчы канцэрт”, “гульня ў кошкі-мышкі”, “кошкі на душы скрабуць” (дарэчы, чаму не шкрабуць?), “ведае кошка, чыё мяса зьела”, казка “Кошчын дом”, і г.д., таксама ў слоўніках замацаванае дыялектнае слова “котка” жаночага роду.
Між тым у жывой народнай беларускай мове слова “кошка” ўжываецца ў адным-адзіным значэньні – калі трэба падкрэсьліць, што гэта менавіта кошка, а ня кот, калі, груба кажучы, зазірнуць ёй пад хвост. Ва ўсіх астатніх выпадках: каты – зборнае значэньне, выразы – каціны бацька, ведае кот, чыё мяса зьеў, як кот наплакаў, кот дарогу перабег, каціны канцэрт (ва ўспамінах П. Мядзёлкі – “... у касьцёле запраўды каціны канцэрт, хоць вушы затыкай”). Гульня “в кошки-мышки» па-беларуску заўсёды звалася “квач”...
Во праблемы былі 15 гадоў назад! Цяпер бы іх нам.

9.
– А нужен ли слепым свет?
– Нет.

Часта думаю: каму гэта трэба? Тое, што я столькі часу (з 2002 года) таўку ваду ў ступе? Сто разоў пісаў і тлумачыў, што пад час і падчас – розныя часьціны мовы, што ёсьць лёгкае правіла: калі можна замяніць на “ў час”, тады і “пад час” пішацца асобна. Усё адно пасьміхаюцца і робяць па-свойму, г.зн. ва ўсіх выпадках пішуць злучна, тлумачачы – “так па слоўніку”. Дык будзьце прынцыповымі да канца, пішыце, як па слоўніку – гарком, камунізма, сацыялізма...
Прапанаваў некалі прыгожае слова “занізкі” замест польскага “каралі”, і што – узяў яго хто-небудзь, скарыстаў дзе-небудзь, адзначыў хоць бы?
Спрабаваў даказаць, што пісаць Фінляндыя і Грэнландыя ў абодвух выпадках варта было б ці праз я, ці праз а – і што? Нуль на масу.
Толку, што разьбіваў лоб, каб давесьці, што і прыгажэй, і па-народнаму – на лобе, а не на ілбе, на лёдзе, а не на ільдзе, чацьверкам, а не чацьвяргом, – і што? “Пофіг дым”.
І ўсё ж!.. Вада камень точыць. Натыкнуўся ў тым жа “Арфаграфічным слоўніку” 1990 г. в., які для нашых афіцыйных карэктараў і пісьменьнікаў ёсьць Евангельлем, на сказ, які крыху пагрэў мне душу; вось гэты:
“Пры падрыхтаваньні шостага выданьня слоўніка ўлічаныя слушныя заўвагі чытачоў”... Не сумняваемся, што наперадзе будзе яшчэ і шаснаццатае выданьне.
1993, 2008 гг.