12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Федарэнка

_____________________
Сечка-15.
Запісы

1.

Хто мае хоць якое дачыненне да літаратуры, канечне ж, будзе ведаць выдатнага рускага пісьменніка (цяпер жыве ў Ізраілі; копія анекдатычнага энцыклапедыйнага радка: “Вялікі рускі мастак Ілья Рэпін нарадзіўся ў беднай яўрэйскай сям’і) – Сяргея Каледзіна.
Яго нашумелы “Будбат”, “Поп і работнік”, “Заміраныя могілкі” (“Смиренное кладбище”)... Паводле апошняга зняты фільм.
Цікавая гісторыя стварэння і ходу да чытача гэтых “Могілак”. Пісаліся яны замест дыплома. Сяргей адлічыў 50 чыстых старонак, унізе апошняй напісаў “П...ц”, вярнуўся да першай старонкі і ўсяго за месяц стварыў маленькі шэдэўр.
Стварыў, бліскуча абараніўся. Аднак што далей? Пачаў рассылаць твор па рэдакцыях – дзеля цікавасці.
“...Мы прачыталі аповесць. Напісана добрай моваю. Але ў партфелі часопіса ёсць больш моцныя творы на падобную тэматыку” (“Нева”).
“...Мова аповесці неахайная, засмечаная жарганізмамі, рэкамендаваць да надрукавання нельга” (“Наш современник”).
“...Рэкамендаваць аповесць не ўяўляецца магчымым – яна далёкая ад задач, якія перад сабою ставіць наша выдавецтва” (“Молодая гвардия”).
Карацей, старая гісторыя. Ніхто ў Расіі не ацаніў і не падтрымаў маладога аўтара. І тут ад старэйшага сябра прагучала: “Нужно в Минск, к Василю!”, – як да апошняй, самай справядлівай інстанцыі.
Каледзін едзе ў Мінск. Хвалюецца, доўга шукае дом, адцягваючы сустрэчу.
Быкаў папрасіў пакласці папку з рукапісам у куток, на кіпу вышынёй з паўметра.
– Пра што твор?
– Пра могілкі, я працаваў там.
– Свежая тэма. Усяго добрага.
І неўзабаве вось ён, той каштоўны лісток паперы ў канверце:
“...Я з асалодаю прачытаў Вашу аповесць і магу сказаць, што яна цудоўная ў многіх адносінах. Праўда, яна пачатая з нешчаслівым лёсам, і ў суцяшэнне аўтару хай будзе толькі ўсведамленне ўласнага таленту, які несумненны, значны і шчыры.
Вельмі зычу Вам удачы. В. Быкаў”.
Прыемна! Гонар за Беларусь! Нібыта і цябе асабіста датычыцца...
Але вось на якія думкі ўсё гэта наводзіць. Ці знайшоўся б у нас у Беларусі пісьменнік, які не змясціў бы падобны ліст, як ахоўную грамату, паперадзе свайго твора? (Калі б, вядома, такі ліст атрымаў.)
Каледзін жа проста мімаходзь згадвае гэты эпізод у адной са сваіх біяграфічных аповесцяў.
Якая ўсё ж вялікая розніца паміж двумя літаратурамі. Або так – розніца паміж дзвюма катэгорыямі пісьменнікаў: вялікім і малым, самадастатковым і тым, каму абавязкова трэба падстрахоўка, чужое плячо.

2.

Знішчаў старыя запісы, перавярнуў аркушык і ўбачыў, што гэта “палымянская” гранка з тэкстам Янкі Брыля. Некалі я быў дзяжурны па нумары і вычытваў яе, паправіў “радзіску” на слоўнікавую “радыску”. Івану Антонавічу не вельмі спадабалася, але ён змоўчаў.
На гэтай адной староначцы можна знайсці многа Янкі Брыля. Тут і яго творчая візітная картка – слова “хораша” ў значэнні рускага “хорошо”, і асалода ад піцця (“а вы пайдзіце да збанка ў цянёчку ад снапоў, хлебаніце сабе”), і любімыя пісьменнікам сакавітыя простанароддзі:
“Грубка халодная, як мёртвая дупа”, а ў Валодзі Караткевіча яшчэ лепш – радыска з белымі дупкамі”.
Ну і параўнаннейкі... Яшчэ разбіраюцца, у каго лепш, у каго горш... Ва ўсіх лепш.
Анатоль Сыс падпісаў яму свой “Агмень” так: “Бога малю, каб даў сто гадоў Янку Брылю”.
Не без долі падхалімства я сказаў Івану Антонавічу, што лічу гэта адным з самых лаканічных і цёплых у беларускай літаратуры аўтографаў.
– Глупства, – быў адказ. – Нашто мне сто гадоў? Пажыў, і хопіць, трэба другім даць месца.
“Паміж смерцю ў 45 гадоў ці пазней – усяго толькі колькасная розніца”, – пісаў любімы Брылём Талстой. Інакш кажучы – або жыць вечна, або няважна колькі.
Янка Брыль нейкім чынам змог стварыць для сябе своеасаблівы міні-залаты век у літаратуры, здолеў усё, што трапляла ў поле яго зроку, падпарадкаваць любімай справе.
І праўда, як гэта здорава і зайздросна: пахадзіць па свежай пакошы, папіць у спёку халоднага малака нагбом з паліванай гладышкі, паслухаць рып маладога снегу пад падэшвамі, пасумаваць разам з жоўтым восеньскім лістом, памацаць у пальцах клейкую пахкую веснавую пупышку, пачытаць любімую кнігу, няспешна, роўным прыгожым почыркам запісаць усё гэта...
Не жыццё, а песня! А песні хіба можна адмераць мяжу, хіба не кашчунна акрэсліваць яе канкрэтыкай, нават такой спаважнай, як цэлых сто гадоў?

3.

Неяк Машэраў склікаў аўтарытэтных пісьменнікаў на раду.
“Чаму ў вашых рэдакцыях працуюць усяго тры гадзіны, з 14 да 17? І то называецца гэта не праца, а сустрэчы з аўтарамі?”
На што Янка Брыль расказаў Пятру Міронавічу, як у іх у польскай арміі быў надта шкадлівы, прыдзірлівы капрал, які тым не менш не стамляўся паўтараць:
“Мне ўсё роўна, дзе, чым, у які час вы будзеце чысціць боты – абы яны блішчэлі!”
– Так і мы, Пятро Міронавіч, думаем, што абсалютна няважна, колькі пісьменнік працуе – абы вынік быў. А ён ёсць – добрыя часопісы выходзяць, новыя выдатныя імёны з’яўляюцца, і ў выніку нашая літаратура квітнее.
Машэраву так спадабалася, што ён рассмяяўся і махнуў рукой: рабіце што хочаце, “абы боты блішчэлі!”
Разумею, што мы цяпер жывем у іншым часе, пры іншых умовах і нават у іншым фізічным вымярэнні. Нашых гісторыяй з капралам не праб’еш. І ўсё ж круціцца ў мазгах і на языку простая арыфметыка: чаму раней, калі рэдакцыі працавалі 3 гадзіны ў дзень, былі Мележы, Шамякіны, Брылі, Быкавы, Караткевічы, Стральцовы, Танкі, Макаёнкі?.. Пачалі працаваць па-стаханаўску, як на рэжымна-стратэгічным аб’екце (ледзь не па зменах: “Сёння мне ў начную – рэдагаваць новага Караткевіча”), – зніклі Мележы і Брылі...
Рэдактарства – гэта творчасць. Талент рэдактара ніколькі не меншы, чым талент пісьменніка. І, як любы талент, падуладны ён натхненню, але ніяк не рэжыму. Толькі людзі, самі да смешнага чужыя і творчасці, і натхненню, могуць не разумець гэтага. Або наадварот, вельмі добра яны разумеюць, а ўся справа ў тым, што:

Нам, товарищи, нужны
Подобрее Мележы,
И такие Быковы,
Чтобы нас не трогали…

4.

(Наступны эпізодзік чакаў свайго часу роўна 10 гадоў, з самай першай “сечкі”, ды ўсё не надаралася магчымасці ўплішчыць яго куды-небудзь. Хай ідзе цяпер.)
Грамадзянскі подзвіг далёкага ад палітыкі Чэхава – адмовіўся ад звання ганаровага акадэміка ў знак пратэсту, што не прынялі ў тыя ж акадэмікі Горкага.
Заўсёды цікава было, як ён адважыўся? Ён, які так сярдзіта выгаворваў захопленаму рэвалюцыйным уздымам Лугавому: “Студэнты бунтуюць, каб стаць героямі і падабацца паненкам: вось уся рэвалюцыя!”
У школе і ВНУ нас вучылі: “Перапоўніўся святым гневам да царызму”. Ніколькі не збіраюся прыніжаць учынак вялікага пісьменніка, проста хачу разабрацца – а што ён губляў?
“Белетрысты могуць быць толькі ганаровымі акадэмікамі, – піша Чэхаў Суворыну, – а гэта нічога не значыць, усё адно як ганаровы грамадзянін горада Вязьмы ці Чарапаўца; ні грошай, ні права голасу. Скажыце: дзеля чаго трэба было прыдумваць званне ганаровага акадэміка?”
Усё ж доўга яны з Караленкам раіліся, абмяркоўвалі, узважвалі, быў цэлы падрыхтоўчы перыяд, паўпадпольныя сустрэчы, зашыфраваная перапіска...
Вырашылі падстрахавацца Талстым, каб ён таксама напісаў заяву з адрачэннем. Чэхаў паехаў на перамовы.
“Я не лічу сябе ніякім акадэмікам”, – буркнуў Талстой і ўнурыўся ў чытанне. (З такою ж лёгкасцю двойчы, у 1897 і 1906 гг., адмовіцца ад вылучэння яго на прэмію, зацверджаную Альфрэдам Нобелем.)
У Караленкі лопнула цярпенне, ён падаў заяву ў Акадэмію адзін.
Толькі праз месяц (!) Чэхаў, які “пасля пакутлівых роздумаў змог прыйсці да высновы, вельмі для мяне цяжкай і сумнай”, нарэшце напісаў славуты ліст, з такой мілай канцоўкай, што рука не падымаецца перакладаць:
“С чувством глубокого уважения имею честь пребыть Вашим покорнейшим слугою”.

5.

“Пераглядаючы самыя сварлівыя крытыкі,
я знаходжу іх настолькі
забаўнымі, што не разумею, як мог на
іх крыўдаваць; здаецца, каб хацеў я з іх пасмяяцца,
дык нічога не мог бы лепшага прыдумаць,
як толькі перадрукаваць без усялякіх каментароў”.
А. Пушкін.

“…Меня и моих друзей, прочитавших в журнале «Молодость» № 8 за 2009 г. «произведение» «писателя» А. Федоренко «Уночы», настолько возмутила и разгневала эта публикация, что мы не выдержали.
Просим Вас, кто причастен к вопросам идеологии, прочесть этот «шедевр» автора, если сможете без омерзения дочитать его до конца.
Сразу возникает масса вопросов и проблем. Как и где в нашей стране могут быть такие преступники-«герои»? Они могут быть только в бредовом сознании больного «писателя», а скорее врага нашей страны, нашего народа. А если ты враг, то почему ты печатаешься в государственном журнале? Что можно сказать о населении нашей страны, прочитав этот провокационный рассказ? Это преднамеренное очернение наших людей, всего государства. Таких выродков в нашей стране нет и никогда не было. Тогда куда же были направлены силы и воспитательные средства нашего государства, если у нас выросли такие люди?
Это оскорбление всего народа, государства и Президента в том числе. Что будут разные читатели думать о Белоруссии?
Почему главный редактор Боровикова это печатает? Кстати, с постоянным размещением своего портрета в каждом номере журнала! И это не первое подобное такое произведение в этом журнале! Страшно, что заставляют студентов подписываться на него.
Такой журнал надо закрывать или переориентировать. А указанного автора и редактора нужно привлечь к отвественности, даже судить за подобные публикации. Их нельзя даже близко подпускать к литературной деятельности. Думаем, что есть в кодексе необходимые статьи и положения, а у Вас хватит власти, чтобы не повторялось больше ничего подобного.
SOS! Спасите наши души от подобных публикаций и «произведений»!

2011г.