12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Эрых Фрыд

_____________________
Ты і я.
Вершы

Пераклад
з нямецкай
Арцёма
АРАШОНКА.




Куст з лісьцем у форме сэрцаў

Танка на стараяпонскі матыў

Цёплы летні дождж...
Калі падае буйная кропля
трымціць цэлы ліст
Так кожны раз трымціць маё сэрца
калі яго кранае тваё імя


Падрыхтоўчыя практыкаванЬні для цуда

Перад пустой глебай
чакаць з заплюшчанымі вачыма
пакуль стары дом
ня зьявіцца зноў і расчыняцца дзьверы

Зламаны гадзіньнік
разглядаць так доўга
пакуль секундныя стрэлкі
ня зрушацца зноў

Думаць пра цябе
пакуль каханьне
да цябе
ня стане шчасьлівым

Тады
абуджэньне
памерлых
вельмі лёгкае


Без прыстанку

Не хаваюся
ад рэчаў
нашага часу
ў каханьні

Але таксама
і ад каханьня
ў рэчах
нашага часу


Зімні сад

Твой канверт
з двума жоўтымі і чырвонымі маркамі
я пасадзіў
у вазон

Я хачу штодзённа
яго паліваць
каб потым мне вырасьлі
лісты ад цябе

Мілыя
і самотныя лісты
і лісты напоўненыя
тваім водарам

Я мусіў зрабіць
гэта раней
а не калі
надышла зіма

Трыпціх

(Франкфурт — Некаргэмюнд — Дыльсберг)

1.
Выразныя карціны
ўспамінаў
і самоты

Твая рука якая чакае
позірк тваіх вачэй
і віхуры
што прыхінулі левае вока

Альбо дрэвы
дрэвы абапал
нашага маста праз Майн
быццам вырасьлі з вады
(але стаяць на востраве
на надзейнай глебе)

2.
І я пасярэдзіне
на гэтай адлегласьці ад цябе
думаю ў адлегласьці
думаю пра тваю блізкасьць
думаю пра твой подых
пра маё жыцьцё пасярод вады
(на маім востраве
што ня мой
і не на Майне)

Зашмат лініяў было ў маёй руцэ
Зашмат людзей было на гэтым кірмашы
Зашмат “павінна” і “мець”
Зашмат часу без цябе

3.
У Некары люструецца
Сонца восені без цябе
Бліскучыя плямы
вандруюць час ад часу
па рацэ і асьвятляюць палацы
далёкія схілы

Павольна схаладнелае сьвятло
на балконе без цябе
І ў пакоі кнігі
на кухні імбрык
без цябе
і счырванелы пясчана-камяністы лапік
па якім я яшчэ раз узыйду
да “Сонца” і сыйду
ў хату без цябе

Зараз паразважаць
зараз супакоіцца
без цябе

Вывучыць самоту
Гэта будзе не адзіным
Вывучыць восень
Вывучыць унутраны холад
Глядзець на даліну
без цябе


Напрыклад

Многае
Можа быць сьмешным
Напрыклад
Цалую
Свой тэлефон калі
Твой голас
Чую ў ім

Але больш сьмешнае
і трагічнае
было б
калі б я не цалаваў
калі б не цябе мог
пацалаваць


Прытулак

Часам шукаю прытулку
ў цябе
ад цябе і ад сябе

ад лютасьці на цябе
ад нястрыманасьці
ад стомленасьці

ад майго жыцьця
якое адхіляе спадзяваньні
бы сьмерць
Я шукаю аховы
ў цябе
ад занадта спакойнага спакою

Я шукаю ў цябе
свае слабасьці
Якія павінны прыйсьці мне на дапамогу

супраць моцы
якую я
не хачу мець


Я

Што іншыя называюць голадам
насычае мяне
Што іншыя называюць няшчасьцем
шчасьце для мяне

Я — ня кветка
ня мох
Я — лішайнік
Я на працягу тысячы год утравіў сябе ў камень

Я хацеў бы быць дрэвам
Я хацеў бы ўсё жыцьцё
варушыць твае карані
і піць удзень і ўначы

Я хацеў бы быць чалавекам
і жыць як жывуць людзі
і памерці як паміраюць людзі
Я кахаю цябе


Ты

Дзе няма свабоды
ты — мая свабода
Дзе няма годнасьці
ты — мая годнасьць
Дзе няма цеплыні
і блізкасьці між людзьмі
ты — мая цеплыня і блізкасьць
Сэрца ў бессардэчным сьвеце

Твае вусны і твой язык —
Пытаньні і адказ
У тваіх руках і ўлоньні
нешта ад спакою
Кожны сыход ад цябе
азначае вяртаньне
Ты — пачатак будучыні
Сэрца ў бессардэчным сьвеце

Ты — ня верш з Запавету
не філасофія
не інструкцыя не ўладаньне
якіх трымаюцца
Ты — жывы чалавек
ты — жанчына
можаш быць памылковай спрэчнай і добрай
Сэрцам у бессардэчным сьвеце


Незапланаванае

Што я
вельмі стары
для цябе
альбо ты
вельмі маладая
ўсё гэта
важкія аргументы
яны былі б вырашальнымі
ў майстэрнях вучоных
дзе дасьведчаныя людзі
сваю будучыню
разьлічваюць
строга па памерах


Што такое жыцьцё?

Жыцьцё
гэта цеплыня
вады ў маёй ваньне

Жыцьцё
гэта мае вусны
на тваім адкрытым улоньні

Жыцьцё
гэта лютасьць
да несправядлівасьці ў нашых краінах

Цеплыні вады
недастаткова
я мушу купацца ў ёй

Маіх вуснаў на тваім улоньні
недастаткова
я мушу яго цалаваць

Лютасьці да несправядлівасьці
недастаткова
мы павінны разабрацца ў ёй

І тое
што робіцца супраць
гэта і ёсьць жыцьцё


Інскрыпт

Скажы
на чым
накрэсьліць мне
тваё імя?

На небе?
Яно занадта высока
На аблоках?
Яны занадта імклівыя

На дрэве
якое ўнядбаюць і спаляць?
на вадзе
якая ўсё змые?

На зямлі
якую растопчуць
і ў якой
ляжаць пахаваныя?

Скажы
на чым
накрэсьліць мне
тваё імя?

На сабе
на сабе
і ўсё глыбей
у сабе

Апошняя добрая парада

За агароджай сядзяць яны:
Жыцьцё і Сьмерць.
Разам клічуць мяне
разам жадаюць даць мне парады.

За агароджай
чую я іх галасы
За агароджу мне нельга
нельга ўбачыць іх

“Кінь любіць няшчасьце сваё
і кахай шчасьце сваё
Толькі сёньня! Ты болей ня маеш часу!”
кліча першы голас

Другі кажа:
“Захавай пяшчотна што кахаеш
І няшчасьце можа быць шчасьцем
зьмена каханьня прыносіць няшчасьце”

Потым яны разам кажуць: “Ідзі!”
і я іду і ведаю
Адна з іх — мая Сьмерць
Другая — маё Жыцьцё


Перад тым як памру

Яшчэ раз кажу
пра цеплыню жыцьця
каб некаторыя сказалі:
Ня цёпла
але магло б быць цяплей

Перад тым як памру
яшчэ раз кажу
пра каханьне
каб некаторыя сказалі:
Гэта было
гэта павінна быць

Яшчэ раз кажу
пра шчасьце і надзею на шчасьце
каб некаторыя спыталі:
Што гэта было
калі вернецца гэта?