12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Хадановіч

_____________________
Беларусь у еўрапейскай пясочніцы.
Два кароткія эсэ

Гандлёўцы паветрам

Беларусь – краіна на скразьняках Еўропы.
Сны пра страчаную радзіму й вечнае вяртаньне да яе падарожнікам-Адысеем – у крыві беларусаў. Прынамсі, у тых з нас, хто хоць нешта чуў пра гэтага мараплава. Таго самага, што, як вядома, аднойчы ледзь не даплыў да сваёй Ітакі, ды ня ў час заснуў, паклаўшы пад голаў мех з вятрамі. Спадарожнікі разьвязалі мех – і вяртаньне на радзіму зацягнулася. Так і беларускія інтэлектуалы: сьняць айчыну на самым фінішы свайго вяртаньня, а пад галавою – шумяць скразьнякі.
Беларусы – нацыя паэтаў выразна паветранай стыхіі. Кіданьне словаў на вецер, ловы ветру дый іншыя марныя марнасьці даўно зрабіліся ў нас калі не нацыянальным спортам, дык сталым заняткам. З будаваньнем паветраных замкаў справа выглядае нашмат лепей, чым з адбудоваю якіх іншых. І нават прафесійныя лірыкі – людзі, якія па азначэньні маюць дазвол на рызыкоўныя палёты, – пакрысе становяцца аб’ектамі жартаў. Маўляў, усе мужыкі – казлы, а паэты – казлы з крыламі.
Дарэчы, пра казлоў. Беларускаму літаратару, калі ён ня надта лаяльна ставіцца да сёньняшнага палітычнага рэжыму, за рэдкім выключэньнем амаль няма дзе друкавацца, а чытачу, адпаведна, амаль няма чаго чытаць. Таму такім важным робіцца фактар паветра. Таму надзвычай вырастае значнасьць жывых выступаў. Больш за тое, гэтыя імпрэзы зьбіраюць надзвычайную колькасьць публікі. 500-600 чалавек у бітма набітай зале пад час вечарыны паэзіі для сёньняшняга Менску – далёка не мяжа. Такая публіка шмат да чаго гатовая: напрыклад, слухаць паэзію без мікрафонаў, калі іх ня знойдзецца з тэхнічных прычынаў. Альбо слухаць чытанае ці сьпяванае слова на пленэры, калі чыноўнікі забароняць пускаць у памяшканьне. Магчымая зьліва пад час выступу, як ні дзіўна, ня стане перашкодай ні паэту, ні публіцы, а сяму-таму нават дадасьць энтузіязму (унікаю­чы галаслоўнасьці, кажу толькі пра здарэньні з уласным удзелам).
Але такая сітуацыя вымагае й іншай паэзіі – больш уважлівай, скажам так, да стыхіі паветра. Катэгорыя лёгкасьці, колісь апяяная яшчэ Італа Кальвіна, – вызначальная характарыстыка такіх твораў. Павышаную ролю выконвае анахранічная ў Заходняй Еўропе, але абсалютна натуральная ў нас традыцыйная версіфікацыя. Але традыцыйнасьць гэтая кампенсуецца цэлым шэрагам прыёмаў «завядзеньня» публікі. Вусны выступ вымагае віртуознасьці ў рытміцы. Нечаканая рыфма, адмысловая інструментоўка, гульня словамі, усякая фармальная вынаходлівасьць і ўсякае парушэньне чаканьня слухачоў – якасьці, неабходныя нашай сёньняшняй паэзіі; неабходныя, перапрашаю, як паветра.
Сучасны паэт можа быць постмадэрністам альбо можа ім ня быць, можа актыўна гуляць з творчасьцю папярэднікаў, а можа старанна ўдаваць наіўнасьць (ці нават быць такой «сьвятой прастатою»), можа выклікаць альбо не выклікаць сваімі тэкстамі камічны эфект, – але сама яго паэзія проста ня можа быць па­збаўленая гульнёвай стыхіі, яскравасьці й запамінальнасьці добрага рэкламнага слогану. Я ведаю маладога творцу, які лічыць галоўным крытэрам сапраўднай лірыкі здольнасьць добра запамінацца, адразу класьціся на памяць, – і цалкам яго разумею. Ня здолееш прагучаць у дрэнных акустычных умовах і запомніцца з першага праслухоўваньня – другой магчымасьці можа ня быць.
Добра яшчэ, што паэтам дапамагаюць пэўныя тэхнічныя вынаходніцтвы. Так, «сродкамі вытворчасьці» для маладых літаратараў сталі пэйджэр, а пазьней мабільны тэлефон з магчымасьцю дасылаць і атрымліваць «эсэмэскі» – яны й шлюць, зьбіраючы потым гэтыя пасланьні ў больш-менш традыцыйныя паэтычныя кніжкі. Кніжкі, якія рэдка трапляюць у нас на паліцы кнігарняў, часьцей трапляюць да чытачоў на прэзентацыях і паэтычных вечарынах – з рук саміх паэтаў, што навучыліся пасьпяхова гандляваць паветрам.
Няцяжка заўважыць, што гэта – нішто іншае, як удасканаленая галубіная пошта, якая здаўна выкарыстоўвала ў міжлюдскіх сувязях паветраную стыхію. І канкрэтная форма напаўненьня гэтай стыхіі – верлібрычная размова па ма­більніку альбо інтэрнэтам кінутае хайку – рэч другасная. Родавая ж яе адзна­-ка – дзіўнае спалучэньне амаль неспалучальнага: поўная свабода пераадоленьня прасторавых, часавых, якіх-кольвечы іншых бар’ераў – і жорсткая самадысцыпліна чалавека, які ведае, што за кожнае слова даводзіцца плаціць.
Так, паэзія – гэта дужаньне ў найлягчэйшай вагавай катэгорыі, і найлягчэйшая стыхія – яе матэрыял і, адначасова, законная тэрыторыя. У сьвеце прадказальнай даросласьці напісаньне верша выглядае досыць інфантыльным учынкам. Тут не спрацоўваюць звыклыя законы логікі, а навуковыя прагнозы бываюць яшчэ менш годнымі веры за прадказаньні сіноптыкаў. Паэт, які піша верш, нагадвае дзіцё, што запускае ў неба паветранага зьмея: наіўная рызыка адрыву ад зямлі – а далей ад цябе ўжо мала што залежыць. Далей – спрыяльныя ці неспрыяльныя паветраныя масы, у якія трапіш альбо ня трапіш; тое, што яшчэ называецца цудам альбо натхненьнем.
Ад цябе залежыць толькі трымаць нітку, трымацца за павадок з аднаго канца, выразна ня ведаючы, хто торгае з другога, хто тут гаспадар, а каго проста вывелі на прагулянку.
Ты, як герой не табой зьнятага кінафільму, вісіш на вяровачнай лесьвіцы, скінутай з верталёту, і яшчэ не вядома, ці здолееш ты па ёй падняцца, затое паверхня зямлі дакладна ўсё далей і далей. Хутка зьнікае й верталёт, і застаецца адно нікуды не прычэпленая лесьвіца, і ты караскаесься па ёй, покуль яна ляціць у паветры.


Закапаная прыгажуня

На жаль, пасьля абвяшчэньня вынікаў рэферэндуму 17 кастрычніка Еўропа з беларускага гледзішча выглядае ўсё больш казачна, міфічна й метафарычна. А само гэтае гледзішча робіцца ўсё болей анекдатычным. Вось жа, няма чаго дзівіцца, што я, гаворачы пра Беларусь і Еўропу, буду злоўжываць зьвяртаньнем да казак, міфаў, метафараў і анекдотаў.
Першы такі анекдот – чыгуначны – я пачуў яшчэ ў дзяцінстве. Расейская імперыя. ХІХ стагоддзе. Будаўніцтва чыгункі. Кіраўнік «праекту» генерал Клейн­міхель пытаецца ў імператара, як класьці чыгуначныя рэйкі: як у Еўропе альбо шырэй? «На хер шырэй?» – разгублена запытаўся імператар. Але сумленны служака зразумеў рытарычнае пытаньне даслоўна, адзін “хер” быў прыняты за адзін­ку вымярэньня – і шырыня рэек такі выйшла сантыметраў на 15 большаю, чым у Еўропе.
Гэтая розьніца праіснавала й да сёньняшніх дзён, пра што ведае кожны, хто спрабаваў перасякаць польскую мяжу на ўсход ці захад. А пасьля апошняга беларускага рэферэндуму ў мяне не засталося сумневаў, што час, калі на нашай мяжы ня трэба будзе гадзінамі чакаць зьмены цягніковых колаў, прыйдзе вельмі няхутка. Беларускі палітычны сьпектакль, як звычайна й бывае са сьпектаклямі, скончыцца апусканьнем заслоны. Шкада, што ў нашым выпадку гэтая заслона будзе жалезнаю. І Беларусь канчаткова ператворыцца ў такі сабе лабі­рынт, пазбаўлены вокнаў у Еўропу.
Дарэчы, пра лабірынты. Трэба нагадаць, што, мабыць, адзін з самых антыдэмакратычных афарызмаў усіх часоў і народаў – «Што дазволена Юпітэру, не дазволена быку» – мае прамое дачыненьне да Еўропы. Еўропы, якая ўпершыню губляла сваю цнатлівасьць – у постаці гераіні старагрэцкага міфу. Што праўда, афарызм дайшоў да нас у выразна імперскай, рымскай рэдакцыі. Магчыма, лацінская катэгарычнасьць замінае ўбачыць у ім і адваротны, значна аптымістычнейшы бок: усім новым спробам, далікатна кажучы, стратэгіяў Юпітэра наканаваны правал. Што й даводзіць прыклад іншай гераіні старагрэцкай міфалогіі, царыцы Пасіфаі, якая паквапілася на славу сваёй папярэдніцы Еўропы, але нарадзіла на сьвет жудасную пачвару. Вось жа, забываньне гэтай антычнай мудрасьці, якая вучыць нас, што эпоха супергерояў і напаўбагоў незваротна мінула, пагражае зьяўленьнем новых і новых мінатаўраў, лішняе пацьверджаньне чаму – сёньняшняя Беларусь.
Узаемныя стасункі Беларусі й Еўропы нагадваюць мне вядомую казку Шарля Перо «Прыгажуня ў сонным лесе». Той яе эпізод, калі злую фею не запрасілі на агульнае сьвята. З боку феі былі вялікая крыўда й вялікі праклён, у выніку чаго прынцэса ўкалолася (я маю наўвеце – верацяном) і заснула разам з усім царствам. У дзяцінстве мне кідалася ў вочы яўная несправядлівасьць: фею пачалі дэманізаваць яшчэ да таго, як яна зрабіла зло. Мне здавалася: калі б запрасіў кароль з каралеваю тую занадта крыўдлівую фею на сьвята па добраму – і сюжэт казкі разьвіваўся б іначай, хоць, магчыма, і ня так паэтычна.
Як бы цяжка было сёньня не дэманізаваць лукашэнкаўскую Беларусь, рабіць гэтага не выпадае. Бо Беларусь нельга намаляваць ні адной, ні нават дзьвюма фарбамі. Бо цяперашняя Беларусь – гэта ня толькі прэзідэнт, як на мяне, даўно нелігітымны, і ня толькі ягоны электарат, суцэльна ачмураны сродкамі масавай інфармацыі. Нарэшце, гэта ня толькі нашая апазіцыя, што, даўно паразітуючы на сваім супрацьстаяньні рэжыму, ужо ня ў стане ўсьвядоміць сябе без яго. Я кажу пра беларусаў, якім няма калі паддавацца ні пралукашэнкаўскай, ні антылукашэнкаўскай істэрыі, бо яны маюць іншы занятак, яны спакойна робяць справу (кожны – сваю), закладаючы фундамент будучай еўрапейскай дзяржавы.
Гэтае пакаленьне з вядомых прычынаў ня мае пунктаў судакрананьня з рэжымам, але, здаецца, яно нецікавае й Захаду, які мае свой, досыць спрошчаны, стэрэатып беларускага інтэлектуала-апазіцыянера. Гэтаму пакаленьню на сёньня наканаваная роля маргіналаў як у сябе на радзіме, так і ў агульнаеўрапейскім кантэксьце. Гэтаму пакаленьню застаецца адно слаць у нікуды скіраваныя па­сланьні – а раптам нехта прачытае. Менавіта пра гэтае пакаленьне й апавядае ніжэйшы паэтычны тэкст, які сам ёсьць такім у нікуды скіраваным пасланьнем:

Чэмпіянат Еўропы*

З кім толькі
ні параўноўвалі Еўропу,
дзяўчынку-каўбоя,
што ўседзела на бычынай сьпіне
максімальна доўга,
аж да самага канца радэа.

Я неяк назваў яе пясочніцаю,
куды не пускаюць беларускіх дзетак
іх нацыянальна непрасунутыя бацькі.
Сёй-той абразіўся параўнаньнем,
хоць, мяркую,
каўбоям і матадорам спадабалася б.

Але я тады думаў
не пра пясочную арэну
палітычнай карыды,
а пра досыць нявінныя дзіцячыя забавы
з саўком
(я пра маленькую рыдлёўку),
пластмасавым самазвалам
ды алавянымі жаўнерыкамі,
калі кожны з нас быў генералам,
які толькі пачынаў сваю
пясчаную кар’еру.

Што да дзяўчатак, то яны
пераважна рабілі «сакрэты»,
выкопваючы ў пяску ямінкі
і аздабляючы гэтыя дамавінкі
жывымі кветкамі
і (нежывымі) паперкамі ад цукерак і жуек.
Галоўнай часткаю інсталяцыі
быў каляровы кавалачак шкла,
што клаўся паўзьверх –
і атрымлівалася красиво;
потым «сакрэт» закопваўся,
старанна хаваўся, але так,
каб лёгка было знайсьці,
асабліва іншым.

Толькі праз шмат гадоў я зразумеў,
што гэта былі правобразы
нашых будучых інтэрнэт-сайтаў,
вершаў і порназдымкаў,
што мятлікамі ляцяць на сьвятло
і заблытваюцца ў сусьветнай павуціне,
у душы прагнучы
зьвярнуць на сябе хоць якую ўвагу,
ды ўпарта хаваючы
свае сумнеўныя «сакрэты»,
нібы тая Еўропа,
чэмпіёнка радэа,
старая панна,
што так і ня зьлезла з бычынае сьпіны
для чаго іншага.

Валянцін Акудовіч некалі ўвёў панятак «архіпелаг Беларусь», маючы наўвеце суму асобных выспачак беларускасьці ў моры іншароднай культуры. Я казаў бы пра Беларусь як пра брацкія могілкі згаданых дзіцячых «сакрэтаў», талентаў, уласнаручна закапаных у пясок, патэнцыйна цікавых любому еўрапейцу, але надта ж старанна закапаных. Казаў бы пра цэлую цывілізацыю мінатаўраў – спадкаемцаў Еўропы, схаваных у сваіх лабірынтах. Сусьветная практыка паказвае, што варта толькі капнуць гэтыя лабірынты – і на паверхню выходзіць чарговая крыта-мікенская культура. Вось толькі слова «савок» у вачах бальшыні па-ранейшаму выклікае асацыяцыі зусім не з рыдлёўкай.
Тым ня менш, паўтаруся, пакаленьне, здольнае да такіх «земляных работаў», ужо вырасла. Магчыма, гэта першае пакаленьне, гатовае раскрываць і тыражаваць беларускія «сакрэты», робячы сябе больш угледнымі ў вачах астатняга сьвету. Гэтае пакаленьне па меры сілаў спрабуе ламаць усякага роду стэрэатыпы: як афіцыйна ў нас насаджаныя антыеўрапейскія, так і пашыраныя на Захадзе антыбеларускія. Уся яго дзейнасьць – гэта суцэльная прапанова як афіцыйнаму Менску, так і беларускай апазіцыі, а таксама людзям на Захадзе па-новаму, шырэй зірнуць на Беларусь і яе месца ў Еўропе. Але пакуль што ад кожнага з іх яно атрымлівае адказ: «На хер шырэй?»

2004 г.