12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Хадановіч

_____________________
Начная свабода.
Вершы

Латэрэя

«Білеты на заўтра! Білеты на заўтра!» –
заклікае прадавачка на выхадзе з метро,
а ты не ўрубаешся:
гэта як – «білеты на заўтра»?

Разумееш там, на канцэрт, на футбол…
Цікавае, мабыць, відовішча гэтае «заўтра».

Альбо: на цягнік, на аўтобус…
Заўтра што – канец месяца,
і яны распрадаюць праязныя,
сапраўдныя адзін дзень?
А пазаўтра прыйдуць кантралёры, і –
лепш бы ты купіў на футбол!

Так што, заяц, глядзі ў каляндар,
сачы, колькі жывеш бясплатна
і ці не пара набыць
адваяваны ў безьбілетнага нябыту
кавалак жыцьця –
сапраўднага
адзін дзень.

Вось так пачуеш нешта,
і ўрубішся, ня ўрубішся –
латэрэя!

Большасьць метафараў сьвету –
рэкламныя слоганы,
у якія ты ня ўрубіўся.


Абменьнік

Я прыходжу ў «абмен валюты»:
памяняць на верасень люты,

памяняць на грошы гады,
каб – ня бедны і малады,

каб яшчэ раз пабыць дзіцёнкам,
памяняцца з табой пярсьцёнкам,

каб жадалі каханьня ў тосьце,
каб – жывыя ўсе нашы госьці…

Па якім мяняеце курсе?
Толькі дзеўчына зноў ня ў курсе.

З нізкі «Аб кавярнях менскіх праўда»

Двухпавярховая краіна

Кавярня «Лондан» – двухпавярховы омнібус,
на другі паверх якога
доўгі час не пускалі пасажырак –
дзеля высокай ангельскай маралі.
(Хто ведае, што бачаць зьнізу юнакі?)
Сьпецыяльная служба нават адказвала за тое,
каб не прапускаць ніводнай спадніцы.

Таму, заходзячы сюды,
ты мімаволі касавурышся на сяброўку,
але ўсё ОК, спадніцы яна не надзела –
на ёй нагавіцы
рэвалюцыйнага колеру й прызначэньня.

Але другі паверх вам усё адно ня сьвеціць,
бо месцы для пасажыраў з дзецьмі –
унізе, а вышэй п’юць ня толькі гарбату.
(Хто ведае, што бачаць зьверху дарослыя?)

Трыньдзёж у кавярні –
не найгоршы з тваіх твораў,
кніга, якую ты гатовы пісаць у любы дзень,
без выходных і выходных дадзеных,
у атачэньні папяровых кніжак на паліцах,
чые аўтары трыньдзелі й дагэтуль трыньдзяць
у іншых кавярнях.

Неяк знайшоўшы на гэтых паліцах
і сваю кніжку вершаў,
ты амаль заганарыўся,
але кніжка своечасова зьнікла…
Хутка ты суцешыўся,
падумаўшы, што яе скраў
нейкі шанавальнік літаратуры,
а вось кнігі тваіх калег стаяць дагэтуль.

Дарэчы, пра коўдры.
Іх вам прапануюць толькі тут,
ды яшчэ ў «Старым Менску»,
які – насуперак геаграфіі –
знаходзіцца ўсяго ў пары сотняў метраў адсюль.

Так што халодным вечарам,
не знайшоўшы вольнага месца на радзіме,
ты заўсёды можаш эміграваць
на тэрыторыю,
дзе ня мае сэнсу зьмена гадзінаў,
зрабіўшыся пасажырам двухпавярховай краіны,
дзе заўсёды час піць гарбату.


Ад смагі паміраю ў «Экс-Крыніцы»

А магчыма, проста піва
Прагнуў выпіць насупроць
Камітэту дзяржбясьпекі…
У. Арлоў

Аднойчы ў Сярэднія Вякі
ў адным шыкоўным замку на Луары
перасохла крыніца.
Вось было радасьці паэтам,
што апявалі сваю смагу ў баладах
і нават зрабілі з гэтага спаборніцтва.
Тры з гэтых баладаў я нават чытаў:
адна, як водзіцца, належала спонсару імпрэзы,
другая – паэту-злачынцу,
імя трэцяга вечна забываю.

Сёньня я пачуваюся
болей злачынцам, чым паэтам:
накладае свой адбітак суседства
з камітэтам дзяржаўнай бясьпекі,
чый вялізарны гмах
проста навісае над нашымі кухлямі
на другім паверсе кавярні
з падазронай назваю «Экс-Крыніца».

Сёньняшні напой
таксама мог бы называцца «Экс-Крыніца»,
бо слабаалкагольны трунак,
абвешчаны ў меню,
яўна разбавілі чымсьці мацнейшым,
і я выглядаю Танталам,
што пакутуе па горла ў гарэлцы
і прагне звычайнага піва.

Мудрыя людзі кажуць:
«калі ў цябе манія перасьледу,
гэта яшчэ ня значыць,
што за табою ня сочаць».
Але з кожным глытком і кухлем
злачынцы ўва мне застаецца ўсё меней,
а паэта ўсё болей…

Вось толькі хто,
таварыш маёр,
спатоліць нашу смагу,
ад якой мы паміраем
над маленькім столікам,
на другім паверсе,
«насупроць камітэту дзяржбясьпекі»?
Мы – гэта, як водзіцца, спонсар імпрэзы,
паэт-злачынца…
Трэцім будзеш?


Дзьве гадзіны ў рэзервуары

У кавярні «Акварыум»
да халеры беларускіх інтэлектуалаў.
Прыходзіць у «Акварыум»
са сваім беларускім інтэлектуалам –
усё адно што ехаць у Тулу
са сваім самаварам
альбо, скажам, даваць на гарбату
афіцыянткам у «Лондане»,
дзе гэтай гарбаты і так хоць заліся.

Інтэлектуалы прыходзяць сюды як на працу.
Часам завітваюць зранку –
і сядзяць, сядзяць: хто на самоце,
сарамліва спажываючы мукі творчасьці,
недаступныя простым сьмяротным;
хто па двое, даючы адно аднаму інтэрв’ю
(пасьля, як на трэніроўцы па адзінаборствах,
актыўны й пасіўны партнёр мяняюцца месцамі);
хто па трое –
такі сабе атрад інтэлектуалаў са здраднікам,
які не вытрымлівае да канца тостаў,
а таму раней за ўсіх трапляе ў кантэкст.

Ім добра гамоніцца разам:
беларускі паэт нешта дэкламуе,
дэманстратыўна якаючы,
госьць з Украіны натуральна ікае,
здраднік натуральна ікае.

Навокал вялікая прадуктовая крама
і проста прахадны двор
з метро ў «Макдональдз»,
а яны, адгароджаныя шклом,
не купляюць ані гамбургераў,
ані «крувасанаў»
(тэрміналогія мясцовых прадавачак),
не стаяць у чарзе ў бясплатную прыбіральню –
сядзяць.

Яны – прафесійныя беларускія інтэлектуалы,
узорна-паказальныя экспанаты,
выстаўленыя ў вітрыне,
акварыумныя істоты,
ну чым вам не залатыя рыбкі,
хіба што не выконваюць жаданьняў
навакольных менчукоў і гасьцёў сталіцы.

Стаміўшыся ад ударнай працы, яны засынаюць –
проста за сваімі працоўнымі столікамі.
Магчыма, ім сьняцца
красуні з плаўнікамі й жабрамі,
што лена дрэйфуюць
у чатырох шкляных сьценках,
а ў снах бачаць сябе
беларускімі інтэлектуаламі
з кавярні «Акварыюм».


* * *

Я ведаю адрасок,
дзе п’юць не гарэлку, а сок;

ня паляць у ботах у ложку –
хіба што трошку;

ня поўзаюць па канапе з
надзеяй знайсьці канабіс;

ня стануць шукаць бухла
сярод пабітага шкла…

Прынамсі так будзе з раніцы:
стамляюцца нават п’яніцы.


* * *

Верш прыйшоў лістом нечаканым,
нібы герпес перад спатканьнем,

скарыстаўшы начны тарыф мой
трансвесьцітнай жаночай рыфмай.

Ён ляжыць, загорнуты ў сэрца,
як цукерка ў сваёй паперцы,

бо натхненьне не прадаецца:
верш псуецца, аўтар плюецца.

Верш бяз кепкі і чорнай тачкі –
выбачайце, чытачкі!


* * *

дзяўчынка натуе сны
і піша на yahoo.com
хлапец на сьцяжыну вайны
выходзіць мудак мудаком

шукае цыцкі дзіцё
змагаецца барацьбіт
віруе быццам быцьцё
пасьля нібыта нябыт

нябёсы вісяць – узваж! –
і бачацца ўсё ярчэй
як дрэды і татуаж
калі ня помніш вачэй

і кожны мінак – манах
бо ў сэрцы неба і Бог
і ты ім патрэбны нах…
але й табе яны пох…


* * *

у горадзе горача быццам у ложку вясною
любы камплімент загарэлым гучацьме фальшыва
пахмельнік на досьвітку давіцца пастай зубною
а ў лесе пайшлі сыраежкі і пляшкі ад піва

а сэрца выпісвае сальта – куды акрабату!
а думкі хістае – куды там старыя трамваі!
пра тую якая бяз цукру ўжывае гарбату
і без алказэльцэру зранку ваду спажывае

сьвітаньне павісьне над плотам цьвярозае ў дошку
нябесны мабільнік зайграе на зорнай трубе
а ў горадзе горача горача быццам у ложку
з табою і пуста бы ў ложку калі без цябе


* * *

недалёка з гульнямі да бяды
гульні ж алімпійскія як рубель
е2-е4 – і ў тры хады
патапіў трохпалубны карабель
а яна пад ветразем без вады
падарыла позіркам як рублём
крочыла і ты ад яе хады
патануў трохпалубным караблём


* * *

ён гаварыў ёй дурноты ён дарыў ёй канвалі
немагчымыя гэтай парою ў іншым сюжэце
яны абдымаліся так часта нібы іх увесь час
фатаграфавалі
толькі вочы казалі: майму (маёй) не кажэце

балтыйскія дні і ночы пражываліся наўздагад
ды вочы ад недахопу сну не зьліпаліся ні на ёту
там дзе месца сустрэчы неба і мора
цнатліва прыкрыў плакат
рэкламуючы па-над пляжам аўтамабіль таёту

а калі джэніз джоплін перакрыквала
гданьскі прыгарадны цягнік
і зрывалася на цішыню што наступала пасьля яе
ён зразумеў што цуд незваротна зьнік
калі хутка дыхаеш неба ня ў тое горла трапляе

і можна казаць як дрэнна страляюць п’яныя амуры
як цяжка ў сучасным шоў з меладрамай старою
а проста свая кашуля бліжэйшая да апаленай скуры
немагчымай у гэтым сюжэце іншай парою


начная свабода

начную свабоду сустрэну ў далёкай вандроўцы
а потым вязу праз мяжу кантрабандны тавар
начная свабода ня ведае правілаў руху і нават кіроўцы
вялікіх зялёных машын яе помняць у твар

начное свабоды ня знойдзеш у краме і храме
а той хто надумаў шукаць – адмарозак і псіх
начное свабоды ў прагнозах і тэлепраграме
няма бо свабода – начное кіно не для ўсіх

начная свабода ня гульні ў лядовым палацы
начная свабода ляціць міма кортаў у аўт
начная свабода з табой замярзае ў палатцы
а ты не сагрэеш бо ты не найлепшы бойскаўт

агонь запальнічкі асьвеціць свабоду начную
захочаш сказаць ды запнешся губляючы ніць
яна пачастуе гарбатаю і цыгарэт прапануе
і я ўпершыню пашкадую што кінуў паліць

начная свабода сьпявае паскудзе й герою
і той хоць ня ведае словаў паўшэптам пяе
начная свабода прысьніцца аднойчы і кожнай парою
і кожнаю пораю году чакаеш яе

над змрочнаю зонай лунае пакуль безназоўнай
адно выпадковы самнамбула выгукне: «ваў!»
прыўкрасная жабка ці зробіцца ўрэшце князёўнай
зьдзяйсьняючы мары таго хто чакаў і трываў?