12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Галубовіч

_____________________
На вяршыні дзён. Штрыхі да творчага партрэта Алеся Каско


“Удаў гадоў нікім не папярхнецца;
падвольны непазбежнаму суду,
з нас кожны думае: “І я ўвайду
аднойчы ў спрат, што вечнасцю завецца”.”
Алесь Каско.

Доўга не мог прыступіцца да гэтага тэксту, бо дзесяць гадоў таму ўжо даводзілася пісаць пра творчасць вядомага берасцейскага паэта Алеся Каско. Сказаць, што за гэты час у ім, як у чалавеку і паэце, нешта сутнасна змянілася, не выпадае. Хоць, калі быць дарэшты шчырым, то вульгарная грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне лакалізавала яго творчыя магчымасці і ў пэўнай меры паралізавала яго духоўныя намаганні. Аднак мы добра ведаем, што жыццёвыя нягоды, змаганне, перашкоды і іх пераадоленне якраз аку­мулююць і трасфармуюць творчую энергію ў выбітныя мас­тацкія ўвасабленні. Змушаны перыяд беспрацоўя, сямейныя мітрэнгі, страта лепшых сяброў (В. Сахарчук, Н. Мацяш) і як вынік таго – творчы ўпадак, даліся ў знакі натомле­на­му сэрцу паэта... Але, пераадолеўшы гэты своеасаблівы катарсіс, чалавечы і літаратурны негатыў лёсу Алеся Каско неўзабаве праявіўся сваім пазітыўным бокам.
Ужо ў калектыўным зборніку “Трох­персце” (2008) яго кніжка “Свой камень” выявіла яго новыя жыватворныя аб­ры­сы:

Далёка неспакойны бераг,
яго і рэхам не дастаць.
Я тут адзін. Я шчыра веру,
што здатны з чыстага ліста
пачаць жыццё сваё і ваша:
паболей – спраў, паменей – страт...
Мне трэба час быў, каб узважыць
дзве ношы – сумных дзён і свят.

Але то быў усё-ткі “вершаваны збор” з усяго творчага набытку паэта. Адмысловы, дадам, бо як рэдактар і аўтар прадмовы, быў сведкам таго скрупулёзнага і няшчаднага аўтарскага выбару (“а менш нельга?” – умольна пытаўся ён прыглушаным голасам у тэлефонную слухаўку адносна ўласна-выдавецкага аб’ёму зборніка). Ці часта такое пачуеш?!
І вось сёлета Алесю Каско нарэшце ўдалося выпусціць у наш глухі свет сваю чарговую (пасля дзесяцігадовага перапынку, не ўлічваючы, вядома, вышэй абгаворанае выданне) кніжку вершаў “Нічога больш”. Чамусьці паэт любіць падгадваць са сваімі рэдкімі выданнямі якраз да ўласных юбілеяў (папярэднія: “45” і “Трохкроп’е” пабачылі свет адпаведна да яго 45- і 50-годдзяў). Дык вось, даволі аб’ёмны артыкул з нагоды пяцідзесяцігадовага юбілею паэта і яго “Трохкроп’я” я калісьці і выдрукаваў у “ЛіМе”. Што найбольш запомнілася, дык гэта адчайны, не зусім цвярозы, сентыментальны ўсплёск пачуццяў падчас телефоннага званка да мяне сябра Каско паэта Васіля Сахарчука: “Пра мяне гэтак ніхто ўжо не напіша”. Каб жа мог я мець абвостраныя прадчуванні, то напісаў бы тады наўслед і пра творчасць гэтага таленавітага і шчырага майго таварыша з той жа Жабінкі, паспяшаўшыся да яго чорнага ракавога дня 2003 года...
На вячэрнім праменадзе з сабачкам у прылеску Зялёнага Луга чамусьці ўспомнілася мне кароценькая рэцэнзія Міхася Стральцова на вось гэтае чатырохрадкоўе Міколы Федзюковіча:

Я, мусіць, ад чужых турбот адвык –
вунь каня па-над выганам канае;
але мяне чамусьці не кранае
жалобнай кані неўтаймоўны крык.

Нешта мяне ў ім тузанула, асацыятыўна прывязваючы да творчай постаці берасцейскага паэта Алеся Каско. Стральцоў дамагаўся гармоніі ў паэзіі. Ён хацеў, каб правінцыяльны паэт быў у меру інтэлектуальным, а гарадскі не губляў адпрыроднай натуральнасці (помнае яго “сена на асфальце”). Адносна вышэй працытаванай страфы Міхась Лявонавіч пісаў: “Верш, магчыма, трохі супярэчлівы (і гэта па-свойму добра), але ён гучыць не інакш як адыходная традыцыйнай вясковай ідыліі. (...) І ўсё ж... “дзіця горада” ці “дзіця вёскі”? Пажадаем аўтару суладзіць у сабе і тое, і другое, калі гэта магчыма, вядома...”
Мне здаецца, падобная альтэрнатыва неаднойчы паўставала і перад Алесем Кас­ко. І важна, што ён вырашыў яе гарманічным спалучэннем: не растраціўшы паляшуцкай пароды (натуры), паступова нарасціў “урбаністычны” досвед і інтэлект.
І вось тут, мабыць, варта перапыніцца з літаратурнай крытыкай і для не над­та абазнаных, найперш маладзейшых чытачоў пункцірна пазначыць біяграфію паэта. Нарадзіўся Алесь Каско ў 1951 годзе ў дзіўна-казачных палескіх мясцінах, у вёсцы Чудзін, куды (як і ў суседнюю Будчу) летам на цэлы тыдзень ездзілі касіць, а зімой вывозіць адтуль, за дваццаць кіламетраў, сена мой бацька і мужыкі-аднавяскоўцы, распавядаючы пасля ў вясёлай хмельнай кампаніі розныя тамашнія байкі і страшылкі). Бацька казаў, што “чудзінцы – дзівакі”. А дзівакі, я думаю, па натуры павінны быць паэтамі. Нездарма збіраў тут казкі, выдаўшы ў 1911 годзе фальклорны зборнік “Сказки и рассказы белорусов-полешуков”, і супрацоўнік пецярбургскага Расійскага музея А. Сержпутоўскі. У старэйшых класах мясцовай сярэдняй школы Алесю пашэнціла быць вучнем вандроўнага настаўніка і ўжо тады вядомага (выклятага) паэта Міколы Купрэева, а падчас вучобы ў Брэсцкім педінстытуце імя А. С. Пушкіна кантактаваць з апальным, выгнаным з БДУ за беларушчыну, паэтам Алесем Разанавым. Лёс, калі хоча цябе пазначыць, абы з кім не зводзіць. Пасля пайшлі працоўныя будні і запойна-творчыя святы. Настаўнічаў, быў карэспандэнтам райгазеты, рэдактарам на абласной студыі тэлебачання ў Брэсце. Кіраваў Берасцейскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў. Цяпер зноў у той жа раёнцы адбывае змушаную радоўку ў чаканні пенсіі... Выдаў няшмат кніг, але ўсе яны заўважныя: “Вестка” (у калектыўным зборніку “Нашчадкі”, 1979), “Скразная лінія” (1982), “Набліжэнне” (1989), “Час прысутнасці” (1994), “45” (1996), “Трохкроп’е” (2001), “Свой камень” (2008, у калектыўным зборніку “Трохперсце”) і вось гэтая, пакуль апошняя, “Нічога больш” (2011). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, прыватнай берасцейскай Мядовай прэміі...
Паэт прыклаў шмат намаганняў, каб на магіле ў вёсцы Федзькавічы паўстаў помнік паэту В. Гадульку, а ў Жабінцы яго імем назвалі вуліцу, як крыху раней тое сталася з увекавечваннем памяці паэта В. Сахарчука. Дапамагаў Ніне Мацяш (праўда, тут сувязь была зваротнай і Ніна Іосіфаўна шмат у чым, прынамсі, і ўладкавацца на цяперашняе яго месца працы, дапамагала яму). Больш турбот, чым задаволенасці, прыносіла праца ў аддзяленні пісьменніцкага саюза, адбірала шмат часу падрыхтоўка і арганізацыя літаратурных выступленняў і выдавецкая дзейнасць, у тым ліку выпускі альманаха “Жырандоля” і рэдагаванне кніжак сяброў абласнога аддзялення СБП... Але не абміналі і радасці, калі там-сям тады-сяды выяўляліся маладыя літаратурныя таленты. Да іх (мясцовых талентаў), трэба зазначыць, яшчэ з часоў Уладзіміра Калесніка на берасцейшчыне заўжды было трапяткое стаўленне. Яно і адчуваецца: А. Разанаў, Я. Янішчыц, М. Рудкоўскі, М. Купрэеў, І. Лагвіновіч, В. Гардзей, М. Пракаповіч, З. Дудзюк, У. Марук, А. Шушко, В. Гапееў, А. Паплаўскі, А. Белы, А. Наварыч, Я. Дашына, С. Прылуцкі... Называю найбольш вядомыя рэспубліканскаму чытачу імёны. Насамрэч іх значна больш. Некаторыя з іх у свой час не былі абдзелены ўвагай і падтрымкай А. Каско.
Што тычыцца ўласна творчасці, то Каско ўжо ад пачатку літаратурнай працы быў адмысловым версіфікатарам. Кожнае слова ў яго займала сваё месца, звязвалася і цесна сумоўнічала з папярэднім і наступным. Класічны традыцыяналіст. Так ён пачынаў. У 1987 годзе пісаў, можа, трохі па-маладому ўзнёсла, але адчувальна пафасна:

О лёс мой, выказацца дай,
не забяры мяне заўчасна
у тую далеч, дзе так часта
мне будзе сніцца любы край.
................................................
Не стане моцы – і няхай! –
у памяці, руцэ, у зрэнцы...
Усё вазьмі – і толькі сэрца
пакінь і выказацца дай.

А ўжо гэты, пакуль апошні зборнік (праз дваццаць пяць гадоў), паэт пачынае змушаным скрушным прызнаннем:

Сябе я выказваў –
нічога не выказаў болей.

Хоць, зноў жа, следам спрабуе даць тлумачэнне як свайго паэтычнага прызвання, так і выраку агульнага зямнога чалавечага лёсу:

Былінку слова, каліва пяшчоты
пакіну вам, і гэта дасць вам сілы
змяёй не віцца ў кроку ад магілы
і ўдзячнасць прашаптаць нямоглым ротам.
Але – што потым?

Пагодзімся, пытанне, занатаванае ў апошнім радку, пераважвае ўсе спробы адказаў на падобныя запытанні. (Просьба не дапасоўваць сюды шырокавядомае аналагічнае, але псеўдалірычнае пытанне Я. Яўтушэнкі.)
Зазвычай у большасці рэцэнзій прасочваецца адна і тая ж метода: паэт піша пра прыроду (цытата), пра патрыятызм і любоў да Радзімы (цытата), пра каханне (цытата) і г. д. Наіўна і занадта празаічна было б так пісаць пра творчасць выбітнага паэта, якім сёння з’яўляецца ў беларускай літаратуры Алесь Каско. Калі б я вызначаў яго месца ў берасцейскай паэзіі, то паставіў бы яго паміж А.Разанавым і Н. Мацяш: Алесь – мысляр, Ніна – лірык, а Каско спалучыў гэтыя два літаратурныя разгалінаванні, батанічна кажучы, прышчапіў іх. Безумоўна, што гэта няпроста яму давалася, і перш чым займець вынік, былі пошукі, страты, ломка паэтычных прыхільнасцяў. Гэта не асабліва праяўлялася знешне і не заўсёды візуальна выдавалася ў яго версіфікатарскай практыцы, але ўнутры вялася няспынная цяжая праца выношвання адмысловага паэтычнага плёну. Як у вершы “Ніва”, дзе і над пусткай неўтаймоўна лунае дух творчасці і перастварэння:

Дол спапялёны, і ў чэзлай траве
конік зялёны і той не жыве.
Неба пустое – без жаўрукоў,
жыта сухое – без васількоў.
.................................................
Што сёння ёсць – дык надзея на рунь.
Мёртвае поле нанова ўзару,
з ліраю выйду, нібыта з сяўнёй:
ёсць яшчэ зерне не мёртвае ў ёй...

Вершы А. Каско нярэдка маюць пункцірную псіхалагічную аснову, тым самым як бы падмяняючы сабой прыхаваную сюжэтную лінію, накірунак якой і падводзіць чытача да той ці іншай маральнай высновы. У сэрцавіне кожнага яго верша ідзе няўвідная, але карпатлівая інтэлектуальная і мастакоўская праца. Зазвычай, абіраючы тэмы высокія (паднебныя), паэту даводзіцца пераадольваць зямное (нізкае) прыцягненне, на што яму не заўсёды стае сілы. З гэтай прычыны нярэдка з’яўляюцца кампрамісныя рашэнні, што даюць магчымасць знаходзіць пункты ўнутранага і знешняга замірэння і праявы мастацкай гармоніі...
На тым і трымаецца кніжка – паміж зямлёй і небам – на разрыве душы і сэрца (між прагай да жыцця і прадчувальным развітаннем з ім)... Натуральнасць стылю, балючасць чалавечага існавання ў гэтым свеце, калі паэт з усім сваім зямным-крэўным па-рубцоўску адчувае “самую кровную, самую смертную связь”... Мажліва адсюль і шчымлівыя прызнанні ў сваёй чалавечай і творчай недасканаласці:

Самота – на вяршыні дзён самота,
дагэтуль імітацыя была:
ты цемрай заварожваўся, а ўпотай
душа шчымела ў шчылінцы святла.
...............................................................
І так далёка ўсе, каму б ахвотна
на споведзі душа распавяла
пра гэтую – праўдзівую – самоту,
што колісь імітацыяй была.

Безумоўна, Алесь Каско паэт нацыянальны, з балючымі праявамі грамадзян­скай адазнасці. Асабліва вобразна і ярка выявіў ён патрэбу чалавека, як непаўторнай асобы ў грамадстве, у вершы “Човен”. Таксама не наўпрост, хоць пры неабходнасці і выпукла-публіцыстычна, а найперш выразна метафарычна акрэслены ім прывід цяперашняга беларускага часу ў вершы “Асацыяцыя”:

Уздоўж вуліцы Леніна – плот,
дзе-нідзе над варотамі дрот,
ля падваротні – ваўчысты сабака,
на скрыжаванні – плячысты “ваяка”
ў партупеі, з дубінкай і рацыяй.
На вуліцы вусцішна, бы ў канцэнтрацыі, –
так апынаешся сёння міжволі
ў няволі
гэтакай асацыяцыі.

Але мяне-чытача смутак адольвае і пры больш шырокім поглядзе, туды – у пространь, за край нашага рэжымнага краю. І там таксама адчуваецца вострая паэтычная недастатковасць. Як ні дзіўна, і ў саміх вершах нашых усё менш паэзіі. А, галоўнае, усё менш паэзіі ў кожным канрэтным чалавеку... Гэта непакоіць і насцярожвае. Аднак вышняя сіла не дазваляе чалавеку пазбегнуць свайго кону:

Скрозь сумніў, у азарэнні,
спасцігаеш: неадольны
камень слова – важкасць долі,
сутнай у незамірэнні.
Верыш вераю адною:
толькі гэта слова скажа,
толькі гэты камень ляжа
над магілаю тваёю.

Ды, дзякаваць Богу, даастатку не перавёўся яшчэ паэтычны род. Вось і слынная постаць таленавітага берасцейца Алеся Каско пра гэта гаворыць. Перачытайце яго лепшыя вершы і нічога больш, апроч душэўнай чытацкай удзячнасці яму, вы не выкажаце... Як і за ўвесь яго трыццаціпяцігадовы творчы плён. Прынамсі я на тое спадзяюся і раю прыхільнікам паэта прыпыніцца на такіх выбітных вершах з яго новай кніжкі: ***“Сваю – даснаваў я да спадчыннай долі...”, ***“Травою быў – а нехта ў небе сінім...”, ***“За паўвеку ўжо далёка чалавеку...”, ***“Чым менш застаецца да роднага дому...”, ***“Зямной непаўторнасці мала...”, “Ніва”, “Памкненне”, “Човен”, “Вандроўнік”, “Змяіны кароль”, ***“Звіняць і травы ўсе, і дрэвы – Спас...”, “На руінах”, “Дзве зары”, ***“Дзень так пакорліва сыходзіць...”, ***“Ступаецца асцярожна...”
На днях давялося сутыкнуцца з наступным. Час ад часу я тэлефануюся, мабыць з самай старэйшай (у наступным годзе ёй споўніцца 90 гадоў) нашай вядомай пісьменніцай Аленай Васілевіч. Перапыніўшыся ў напісанні гэтага артыкула, таксама набраў яе нумар, каб перавесці дух. Яна адразу ж спыталася, ці пішацца мне што сваё? Стаў іранічна апраўдвацца, маўляў, усё іншых фіміямам абкурваю... Каго? Ды во, пішу пра новы зборнік Алеся Каско, якому неўзабаве шэсцьдзясят стукне... “То чаго ж жаліцца, якраз у гэтым выпадку ў вас выдатная місія: Алесь вельмі таленавіты паэт, натурысты, вылучны з усяго Палесся... Люблю яго вершы. Калі маеце якую сувязь з ім, дык перадавайце маё вітанне і віншаванне”.
Перадаю. І гэтым падкрэсліваю, што ў Алеся Канстанцінавіча не толькі шы­рокае кола чытачоў, але і адметны шэраг знатакоў яго творчасці.
А напрыканцы працытую вось гэтую страфу паэта, якая адкрывае, на мой погляд, самую сакраментальную сутнасць яго творчай асобы:

Які сёння хцівы свет,
якія ў ім ходзяць чуткі!..
Чысцюткія незабудкі
пакіне, між тым, паэт.

Радкі прысвечаныя Міколу Купрэеву – дзіваку з таго ж племені, што і Алесь Каско. Здароўя, Канстанцінавіч! Натхнення і ўдачы табе!


“Дзеяслоўцы” далучаюцца да гэтага віншавання
шаноўнага Алеся Канстанцінавіча Каско
і ад сябе зычаць яму плёну і доўгіх гадоў працы
на карысць роднай Беларусі!