12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Галубовіч

_____________________
“Бяссільны шчэбет веры”.
Рэцэнзія на кнігу Яна Твардоўскага “Разам з табою”


Ян Твардоўскі. Разам з табою. – Пер. з польскай мовы Дануты Бічэль і Крыстыны Лялько. – Мінск: “Pro Christо”, 2012. – 316 с.+16 с. іл.

любоў знятая з крыжа
Ты ёсць – бо адкуль яшчэ столькі надзеі

Ян Твардоўскі


Гэтая прэзентаваная мне кніга прыўнесла гармонію ў маё збаламучанае “творчае жыццё”. Паколькі мне, у звязку з абавязкамі перад некаторымі выданнямі, даводзіцца шмат чытаць сучаснай паэзіі і мастацкай літаратуры агулам, то скажу адкрыта, тыя нагрувашчаныя колькасцю, але разрозненыя па сваёй форме і сутнасці публікацыі падобныя на растрывожаны пчаліны рой, які трэба перанесці ў вулей, каб наладзіць жыццё гэтых божых істот. Памятаеце, яшчэ Ф. Цютчаў пісаў пра сутнасць паэта, які “змиею сердце жалит, но, как пчела, его сосет”?.. Адным словам, каб здабываць паэтычны мёд, трэба лётаць, шукаючы кветкі з нектарам.
Пачаўшы азнаямленне з творчасцю Яна Твардоўскага (а напершапачатку, гады чатыры таму, мне патрапіў яго зборнік, выдадзены ў Маскве ў рускім перакладзе) я заўважыў, што вершы польскага паэта (ксяндза) паступова ўжываюцца ў маю душэўную сутнасць і блізкія маёй натуры. Хоць яны асабліва і не ўражвалі мяне ні пачуццём, ні эмоцыяй, ні інтэлектам – але нейкім чынам уздымалі над уласнымі праявамі жыцця – жарсцямі, горам, радасцю, расчараваннямі… Яны сталі маімі спагадлівымі спадарожнікамі па звілістай і абрывістай дарозе жыцця.
Ян Твардоўскі ў сваіх паэтычных тэкстах не чытае ні малітвы, ні тым больш казанні і не змушае мяне іх выслухваць. Ён разважае над жыццём пра сябе, але слушным шэптам, ідучы як бы наводдаль, з такім падсвядомым разлікам, каб пры жаданні ты ўсякі раз мог пачуць яго… А пачуўшы, – спыніцца, супакоіцца і азірнуцца на сказанае і пачутае… Ні вялікіх адкрыццяў, ні прапісных ці царкоўных ісцінаў і настаўленняў няма ў яго скупых і ашчадных радках. Ёсць толькі дух Слова і вобмаль неабходных слоў пры Ім, нібы тых трынаццаць апосталаў пры Хрысту… Адно з якіх, у рэшце рэшт, можа выкрыць яго… як паэта свецкага, але так і не знаходзіць нагоды для такой здрады… Бо свецкі чалавек (чытач) сам заўважае і вылучае яго з шэрагу хрысціянскіх храмавых творцаў і прызнае сваім. Гэта значыць – Паэтам.
І вось сёлета беларускае выдавецтва “Про Хрысто” выпусціла ў свет гожую ва ўсіх сэнсах кнігу выбраных вершаў Яна Твардоўскага “Разам з табою” ў перакладах Дануты Бічэль і Хрысціны Лялько. Да ўсяго кніга двухмоўная, бо паралельна кожнаму перакладзенаму вершу даецца і яго арыгінал па-польску. Таму большасць чытачоў мае магчымасць для параўнання.

Пішу пра чапляў што ўстаюць як раннія зоркі
пра вожыка з пукатымі вачыма
пра абрыкосы што паходзяць ад дзядулі міндалю
смеючыся што ёсць у іх гінекалагічнае дрэва
пра слана ў якога – праблема бо сесці не можа
пра дварняка блізкага сэрцу бо вые патроху
Бога найлягчэй знайсці не пішучы пра Бога

Паэт і святар Ян Твардоўскі ніколі не апярэджвае і не папярэджвае чытача, а заўсёды ідзе з ім на дыстанцыі дыхання і становіцца яму роўняй ва ўсім, хіба толькі як больш вопытны і старэйшы паказвае на адметныя ў сваёй звычайнасці праявы людскога свету пад Божым небам. Не маралізуе, не выслаўляецца, але і не панібрацтвуе…
У нас таксама ёсць праваслаўны беларускі паэт-мніх Алег Бембель. Праўда, на мой погляд, ён усё ж больш свецкі, і яго хрысціянская паэзія заўжды з падсветкай гэткага “настаяцельнага” праваслаўя… Скажам, бел-чырвона-белы сцяг у яго параўноваецца з Хрыстовай плашчаніцай… Паэт Алег Бембель – святар грамадскі (нацыянальны праваслаўны асветнік). Ксёндз Ян Твардоўскі – паэт Божы. Вершы каталіцкага святара ксяндза Яна Твардоўскага перадусім не маюць ярка выяўленага свецкага характару альбо, скажам так, гэтыя вершы маюць толькі ўнутраную падсветку свецкасці. Таемнасць чалавечага жыцця на мяжы зямлі і неба (нізкага і высокага, сярмяжнага і духоўнага).
Вось што кажа ён сам у кароткай прадмове (1998), якая падаецца ў кніжцы: “Як святар я жыву ў двух светах: у знешнім – паводле мас-медыя, заражаным, фальшывым, жудасным свеце людскіх грахоў; і ва ўнутраным – свеце людскіх прызнанняў і споведзяў. Ведаю, што нават калі чалавек адыходзіць ад Бога, ён мучыцца. Ёсць крыж веры і крыж бязвер’я.
Вершы ратуюць тое, што зневажаецца”.
Так як піша ён пра траву, не кожны з сучасных паэтаў здольны напісаць пра чалавека:

Бо яна затаптаная нізкая
без ніякіх пладоў, без коласа
трава – сястрычка мая
кармелітка босая

Часам ксёндз Ян Твардоўскі спавядаецца ў сваіх вершах, часам паказвае сябе і сваю душу не ў роспачы і ў пакаянні, а ў суцяшэнні і вызначанасці, якія прыходзяць праз цяжкі і выпакутаваны духоўны вопыт:

не прыходжу я па суцяшэнне
як па талерку супу
хацеў нарэшце абаперці сваю галаву
на камень веры

Дзіўна, што вершы маладога і сталага паэта (прынамсі тыя, што ўвайшлі ў гэтую кніжку) не вызначаюцца вялікай рознасцю ў тэматыцы і літаратурным майстэрстве, але святло і цені вобразнасці ў пазнейшых творах нібы раствараюцца адно ў адным, як зямны час у вечнасці…
І ўвогуле, што да літаратурнай тэхнікі і паэтычнага майстэрства Яна Твардоўскага, то віднай карпатлівай працы ў гэтым аспекце творчасці ў яго вершах амаль не заўважаецца. Не памятаю ўжо, хто з расейскіх паэтаў пісаў: “моё мастерство избежать мастерства”, што вельмі блізка адносна характарыстыкі “паэтычнай кухні” польскага паэта. Хоць бы вось гэты верш:

Езус які не браў у рукі алоўка
Не схіляўся над чыстай паперай
І не пісаў Евангелля

Чаму не пішацца так як чуецца
Не пішацца так як кахаецца
Не пішацца так як трываецца
І не пішацца так як маўчыцца

Пішацца крыху не так як жывецца

Я не думаю, што Ян Твардоўскі не задаваўся падобнымі “лабараторнымі” пытаннямі, падсвядома не працаваў у гэтым кірунку, аднак наўрад ці можна западозрыць яго ў фармалізме, метадалогіі і пагоні за сучаснымі павевамі ў мастацтве і за літаратурным працэсам увогуле. Ён рана адчуў сваю ўнутрана выспелую самасць (не самадастатковасць), сваё пакліканне (і святарскае, і літаратурнае), і няспешна пачаў таптаць уласную сцежку да Гасподняга гасцінца (да Высокага).
Чытаючы сёння ва ўжо згаданай прадмове: “Я пішу так, быццам размаўляю з кімсьці блізкім. Для мяне верш – гэта пошукі кантакту з іншым чалавекам. Хацелася б “знайсці” кожнага”, – думаеш, што за сваё доўгае жыццё (1915-2006) Ян Твардоўскі, нарэшце адшукаўшы свайго “кожнага”, адкрыў і знайшоў у іх і сябе самога.

У крыку любоўных лістоў
і чулых прызнанняў
не паэзіі прашу
а простага слова
звычайнай людской дабрыні
большай за каханне

Колькі мудрасці і ненавязлівай глыбокай філасофіі ў яго простых будзённых радках, запісаных, відаць, адразу пасля вяртання з людской вуліцы:

Паглядзі на сабаку каля брамы прывязанага
ён думае пра свайго гаспадара
і рвецца да яго
на дзвюх лапах яго чакае
гаспадар для яго і надворак і поле і лес і дом
вачыма за ім бяжыць
і сумуе хвастом

пацалуй яго ў лапу
бо ён вучыць як чакаць Пана Бога

Іншым разам у іншага паэта радкі, якія я працытую зараз, падаліся б грамадзянскім водгукам на пэўную прагматычнасць сучаснага ладу жыцця:

Люблю касцёл убогі
Які знаходзіцца пад пагрозай
…………………………………….....................
Калі гаварыць усур’ёз то Езуса
Цяжка знайсці ў касцёле багатым

Але ў кантэксце паэзіі Яна Твардоўскага гэта гучыць натуральна і гарманічна кладзецца на партытуру чытацкай душы, і неагучаны падтэкст ён можа выканаць на свой лад, але суладна з пададзенай аўтарам запеўкай. Відавочна, што ў вершах Твардоўскага няма і каліва пафасу, у тым ліку і царкоўнага. А найперш ёсць шчырасць і поўны давер у дыялогу (і маналогу) з чытачом. Няма нават і ў паміне паказной ці стылёвай прэтэнзіі на верш (паэзію) як і на само званне Паэта. Так заўжды бывае ў тых, хто мае прызванне Звыш.
Вядома, што касцельны паэт можа быць не толькі дабрадушным, але і ў меру іранічным, здавалася б, у зусім нестасоўнай для таго сітуацыі:

задрыжэлі дзверы – хто там?
– смерць
увайшла малая і дробная з касой як запалка
здзіўлена вылупіў вочы
а яна
– прыйшла па канарэйку

Нездарма водгукі пра творчасць і асобу Яна Твардоўскага з’яўляюцца ад шырока вядомых у свеце людзей мастацтва. Да прыкладу, выбітнага кінарэжысёра Кшыштафа Занусі. Вось як ён згадвае (2010) пра паэта: “Я добра ведаю ксяндза Твардоўскага і як святара і як паэта – і гэта два розныя досведы. Бо сапраўдны святар стараецца не парушаць дыялогу з Богам, у якім ён з’яўляецца толькі пасярэднікам. Паэт жа, хоць і гаворыць пра ўсё, што яго акружае, перадусім гаворыць, прапускаючы праз сябе, інакш ён не быў бы паэтам. Ксёндз Ян цудоўна выконвае абедзве гэтыя ролі. Як паэт ён захапляе мяне незвычайнай здольнасцю спалучаць простасць з вытанчанасцю. Гэта паэзія высокага палёту і адначасова непрэтэнцыёзная, простая. Можа, таму яе так ахвотна чытае таксама моладзь.”
Прачытаўшы кнігу прыходзіш да высновы, што Ян Твардоўскі – гэта чалавек (паэт-вернік), які мяжуе паміж светам і храмам, жадаючы іх прымірыць ці хоць бы схіліць да паразумення, бо жыццё – спазнанае, а смерць – невядомая…
калі жыць не выходзіць а нельга памерці
ёсць удзячнасць такая калі хочаш падзякаваць
за што трымаюць цябе нябачныя рукі
а чаго ты не хочаш найбольш прыдалося б
шукаеш у небе і там не відаць

І калі ён піша, што “смерць – хвіліна найбольшай надзеі”, ты, як чытач і спадарожнік, які працягвае яшчэ ісці той жыццёвай сцяжынай пасля яго сыходу, не можаш не разумець яго несмяротных зямных паклонаў і высокіх паднебных парыванняў. Бо нішто не губляецца і не прападае ў высокім нябёсным воку, нават калі яно парушынаю ў ім. Не кожны пачатак мае свой канец, а – кожны канец мае свой пачатак…

Не гавары да пустой сцяны
але крычы да сонца
нават грэх часам бывае добры
калі не хоча быць бясконцым

Безумоўна, нельга не адзначыць працу ўжо згаданых вышэй перакладчыц. Абедзве выбітныя паэткі, добра валодаюць польскай мовай і выдатна ведаюць суседнюю літаратуру. Да ўсяго ж – каталічкі і людзі касцельныя. Іх любоў да паэзіі не навіна. Таму пераклады іх творчыя, высокамастацкія, назваць іх прафесійнымі было б казённа і нават грубавата ў адносінах да такой адмысловай паэзіі. Казаць наўпрост, што ў каторай атрымалася лепш, а ў каторай горш, не выпадае, бо і Данута Бічэль, і Хрысціна Лялько тонка ўлавілі аўтарскі голас і танальнасць слоў паэта, не кажучы ўжо пра не сфальшыўленую метафорыку і вобразнасць. А самае галоўнае, што яны не толькі перанеслі на нашу нацыянальную прастору змест і сэнс, але і змаглі “ідэнтыфікаваць” і як можна дакладней перадаць беларускаму чытачу светлы і чысты дух высока пабожнай і глыбока чалавечнай паэзіі Яна Твардоўскага. Я проста для сябе параўнаў гэтыя беларускія пераклады з рускамоўнымі (“Стихи”, издательство Францисканцев, Москва, 2006), да якіх спрычынілася вялікая група перакладчыкаў, у тым ліку такіх знаных, як С. Аверынцаў. Кідаецца ў вочы, што мова наша мякчэйшая, больш пластычная і меладычная, шматслойная і шматсэнсоўная – і як вынік больш цёплая і шчырая, што ў праекцыі да вершаў Яна Твардоўскага фактар немалаважны.
Кніга выдадзена шыкоўна ў паліграфічным плане, шмат тэкстаў (артыкулаў, успамінаў), якія дапамагаюць чытачу азнаёміцца з творчым і жыццёвым шляхам паэта, а таксама ўводзяць у шырокі свет яго творчай паэтычнай спадчыны. Апроч гэтага, у кнізе шмат чорнабелых і каляровых фотаздымкаў з уласнага архіва паэта, і тых, што захоўваюцца ў яго сяброў і блізкіх яму людзей. Ды і наклад (1000 асобнікаў) па сучасных беларускіх мерках даволі прыстойны. Ні на ёту не сумняваюся, што знойдуцца і ўдзячныя чытачы. Як знайшоўся Твардоўскаму я. Выпадкова і трохі запознена.
Але – назаўсёды з любоўю.