12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вольга Гапева

_____________________
Кардыяграма: гісторыя адной нязгоды. Казка-фарс


Д З Е Й Н Ы Я А С О Б Ы:

Р о з у м – асоба мужчынскага полу
С э р ц а – асоба мужчынскага полу
П а ш т а л ь ё н – асоба мужчынскага полу
А м у р – асоба жаночага полу
Д о к т а р – асоба мужчынскага полу
Ч ы р в о н а я а к с а м і т н а я с у к е н к а – асоба ніякага полу

ДЗЕЯ І

На сцяне нацягнуты экран, на які праектуецца відарыс поля і будоўлі. Чуваць, як працуюць будаўнічыя краны і іншыя пры­стасаванні. Да гледачоў спінамі сядзяць дзве асобы Сэрца і Розум. Яны пацягваюць віно з пляшкі і маўчаць. Да іх падыходзіць Паштальён.

П а ш т а л ь ё н. Калі не памыляюся, Вы — Сэрца.
С э р ц а. Ну, я…
П а ш т а л ь ё н. На Вашае імя прыйшоў канверт. Вось, стаўце подпіс.
Р о з у м. Подпіс? Пад што?
С э р ц а. Ды супакойся, якая розніца.
Р о з у м. Якая? Там можа...
С э р ц а. Хм, я думаю...
Р о з у м. А ты ўмееш думаць?
С э р ц а. Як быў нахабнікам, так ім ты і застаўся. Чапляешся за словы, ні­бы­та за каханку.
Р о з у м. Зазвычай гэта ты не можаш адступіцца, вядома ж, жораў у небе – гэта не сініца.

Сэрца хоча нешта адказаць, яны амаль гатовыя кінуцца адно на аднаго.

П а ш т а л ь ё н. Кх. Кх. Дык вы падпішаце?

Сэрца і Розум узгадваюць, што яны не адны, азіраюцца на паштальёна быццам і не збіраліся сварыцца.

С э р ц а. Ну так, а дзе мая асадка? (Шукае па кішэнях, Розум працягвае яму асадку, Сэрца недаверліва паглядае на яго.) Дзякуй.

Паштальён сыходзіць.

С э р ц а. Што, ужо крадзем асадкі?
Р о з у м. Ды ладна, не крыўдуй. Лепш паглядзі, што ўнутры. Зваротны адрас ёсць?
С э р ц а. (круціць канверт з розных бакоў). Няма.

Калі Сэрца разрывае канверт, рэзка знікае святло, бачная маланка, чуюцца гукі ўсіх прыродных катаклізмаў. Потым святло вяртаецца, Сэрца і Розум сядзяць тварам да гледачоў. Сэрца з няшчасным выразам твару трымае ў руках стралу.

Р о з у м. Табе не падабаюцца амура стрэлы? Зламі.
С э р ц а. Ён пусціць новую.
Р о з у м. Ну, так, гарбатага, як кажуць, выправіць магіла. (Даволі працяглая паўза.) Паслухай, а гэта добрая ідэя...
С э р ц а. Што, выправіць???
Р о з у м. Не, магіла.
С э р ц а (здзіўлена і вусцішна). Ты думаеш...
Р о з у м (не дае Сэрцу скончыць думку, абдымае яго за плечы). Я думаю, што ты стамілася кахаць, (убок) а як стаміўся я, (Сэрцу) і ці не здаецца Вам, спадар мой Сэрца, што ўсім было б прасцей, калі б наш сябра Амур сышоў бы ў іншы свет?
С э р ц а (з дурнаватым, але шчырым выразам твару). Ты хочаш, каб грамадзянства ён змяніў?
Р о з у м (бачыць наіўнасць Сэрца). Ну, метафарычна, скажам, так. Галоўнае на асцярожнасць не забыцца. Забіць Амура і сухім застацца не так і проста.
С э р ц а. Забіць???
Р о з у м (супакойваючы). Забіць, забыць, запіць. Мы выкінулі літару ды іншую знайшлі, і слова засталося словам, мо нават лепшым сталася яно, дык што ж з таго, калі замест Амура паветрам дыхаць будзе нехта іншы? Само ты ведаеш, гэтая зараза псуе і нервы, і настрой, і часам вядзе да самагубства. А ўсё праз што? Што ў Амура праблемы са зрокам.
С э р ц а. Ты што-о-о-о??
Р о з у м (спакойна падпілоўваючы пазногці). Даўно ўжо чуткі ходзяць. Ды што там чуткі. Статыстыку паслухай. На дзесяць шлюбаў адзінаццаць развядуцца, са ста выпадкаў смерці прычынай дзевяноста дзевяці — каханне. Ты ведаеш, як адказалі на пытанне: ці ў каханні шчасце? Сто чалавек са ста сказалі НЕ. І мелі рацыю. А ты не маеш... Але нічога, цяпер мы будзем разам і ўсю заразу выкінем з цябе. Пачнём трэніравацца ж заўтра.
С э р ц а. Дзякуй дружа, ты, я бачу, мяне ніколі не падманеш. Святло тваіх вачэй надзею дорыць мне, але як змагу аддзячыць?
Р о з у м. Пра што ты кажаш, супакойся. Няўжо не ведаеш, што для мяне галоўнае, каб сябра не хварэў, (убок) і мне не замінаў нармальна думаць, (да Сэрца) і каб жыццю ягонаму нішто не пагражала, (убок) і адпаведна майму.... ну, можа толькі...
С э р ц а. Кажы. Нічога для цябе мне не шкада.
Р о з у м. Мм... Чырвоны... – твой любімы колер?
С э р ц а. Ну так. А што?
Р о з у м. Я чуў, што ў цябе сукенка ёсць.
С э р ц а. Ты да чаго вядзеш?
Р о з у м. Я???
С э р ц а. А-а-а (быццам здагадаўшыся), ну ты б даўно сказаў, ёсць у мяне адзін знаёмы...
Р о з у м. Я не ў гэтым сэнсе. Чырвоная сукенка з аксаміту.
С э р ц а. А, гэтая, ну, зараз яна не ў мяне.
Р о з у м. А дзе?
С э р ц а. Амур забраў. Я ж зараз не кахаю. А табе яна навошта?
Р о з у м. Мне? А-а, я збіраю рэчы даўніны і прыгажосці. І толькі кахання мне не стае. Усе кажуць пра яго, нібы пра цуд. Хоць на цябе зірнуўшы, ніколі б не сказаў. А так як мы дамовіліся, што для твайго ж здароўя лепей будзе пазбавіцца вось гэтага пачуцця, табе сукенка ўжо не спатрэбіцца.
С э р ц а. Напэўна рацыю ты маеш. Але як нам яе дастаць?
Р о з у м. Ну, ты можаш закахацца? Не, што кажу я. Мы знойдзем іншы спосаб. Дарэчы, вось і нагода будзе пабачыцца з Амурам, а потым развітацца назаўсёды.
С э р ц а. Дамовіліся.
Р о з у м. Згода.
З а с л о н а

ДЗЕЯ ІІ

Пакой Амура, яна ляжыць на ложку і нешта натхнёна піша. Чырвоная сукенка вісіць на вешаку. Намаляваныя дрэвы падвешаныя галавой долу. Уваходзіць Паштальён.

П а ш т а л ь ё н. Вы паглядзіце на яе. Лайдача. Я цэлы дзень лісты разносіў, завязваў кантакты з кліентурай, ні на хвілінку не прысеў і нават не абедаў. А ты? Ляжыш?
А м у р. Працую. Таксама. Вось паслухай.
Хвіліна без цябе не мае сэнсу.
Нашто майму дурному біцца сэрцу?
Ты не са мной, і вочы засціць змрок.
Усе крокі без цябе – да смерці крок. (Пстрыкае пальцамі і пачынае гучаць музыка).
П а ш т а л ь ё н. Усё б’еш на жаль.
А м у р. А то ж. Стратэгія не з лепшых, але даволі часта дапамагае.
П а ш т а л ь ё н. Ты б лепш практыкавала стрэл, а вершы з інтэрнэту накачаем. Дзе лук і стрэлы? (Амур не звяртае ўвагі, занятая справай складання верша. Паштальён азіраецца навокал, потым зазірае пад ложак і дастае адтуль запылены лук і стрэлы.) Трымай. (Кладзе прылады Амуру на жывот).
А м у р (незадаволена бярэ лук і пачынае цэліцца ў мішэнь). Ну што, аддаў?
П а ш т а л ь ё н. Аддаў.
А м у р. І што яно, узрадавалася навіне? Забілася хутчэй ад шчасця? Ад радасці было гатовае расцалаваць увесь свет? (Пускае стралу.)
П а ш т а л ь ё н. Хто? Сэрца?
А м у р. Ну не ты ж! (Бярэ наступную стралу.)
П а ш т а л ь ё н. Узрадавалася? Я б не сказаў. Забілася? Ну так, але ад гора. Ад безвыходнасці было гатовае акамянець.
А м у р. Хто? Сэрца?
П а ш т а л ь ё н. Ну не ты ж.
А м у р. Ты з кімсьці блытаеш яго. Няўжо канверт ты іншаму аддаў? (Хапае яго за грудкі).
П а ш т а л ь ё н. Мяне ў чым хочаш можаш вінаваціць, але ў тым, што працы я не ведаю сваёй, за столькі год сумеснай справы, ці памыліўся я хоць раз?
А м у р. Прабач, я не хацела крыўдзіць. Але ж занадта непадобным падаўся твой расповед. Да Сэрца Сэрца не падобна. (Задумваецца).
П а ш т а л ь ё н. Хварэе можа? Ды не грузіся. Яно там не адно, а з сябрам. Ён дапаможа.
А м у р. З сябрам? Што яшчэ за сябра?
П а ш т а л ь ё н. Ну, шэранькі такі і ў акулярах.
А м у р. Р-О-З-У-М? (не верыць сваім вушам, губляе прытомнасць).
П а ш т а л ь ё н (у паніцы). Розум? А-а-а-а!!! Дзе???? Калі??? (Бачыць, што нікога няма і паварочваецца да Амура. Яна ляжыць беспрытомная на падлозе.) Амур, жывая ты? Пульс ёсць? Уся збялела. Без доктара не абысціся. (Дастае тэлефон, набірае нумар). Алё. Банжур, мес’ё доктор. Ну так, выпадак выключны. Так, так мы вас чакаем.

Амур прыходзіць у сябе.

А м у р. Дык значыцца ў Сэрца лепшы сябра Розум. (Хоча падняцца).
П а ш т а л ь ё н. А можа пачакаем спецыяліста?
А м у р. Каго?
П а ш т а л ь ё н. Доктара.
А м у р. Якога доктара?
П а ш т а л ь ё н. Ну, ты звалілася тут, пульсу не было, амаль памерла, я і паклікаў доктара.
А м у р. О, не.

Уваходзіць доктар.

Д о к т а р. А вось і я. Чакалі? Хто тут хворы?
А м у р (атрасае з сябе пыл). Вы памыліліся адрасам.
Д о к т а р (дастае з кішэні паперку і чытае). Чырвоная 17, корпус 3?
П а ш т а л ь ё н. Кватэра 20.
Д о к т а р (глядзіць на паперку, дзе і запісаны адрас). Ну так, усё правільна.
Д о к т а р (падыходзіць да паштальёна, яны паціскаюць рукі). Доктар.
П а ш т а л ь ё н. Паштальён.
Д о к т а р (падыходзіць да Амура, працягвае руку). Доктар.
П а ш т а л ь ё н (адказваючы за Амура). Хворы.
Д о к т а р. Каб высветліць агульную карціну вашага здароўя, адкажам на пытанні тэсту, добра? Так, значыцца, пачнем. Які ў нас зараз год?
А м у р. 2010, ну для будыстаў 2553, для мусульман — 1432, а для іудзеяў 5771 год.
Д о к т а р (запісваючы ў нататнік). Ага, свядомасць блукае. А галасы вы чуеце?
А м у р. Вядома ж, я ж не глухая.
Д о к т а р. Ага (запісвае ў нататнік), і што яны Вам кажуць?
А м у р. Хто што. Да прыкладу, вось Вы пытаецеся пра гады.
Д о к т а р. Кх-кх. Ну добра. А якія асацыяцыі ў Вас выклікае слова “малако”?
А м у р. Прамазала, мазіла... (паказвае жэстам як яна страляе з лука).
Д о к т а р (запісвае ў нататнік). Так-так, агрэсія ў латэнтным стане.
А м у р. Што?
Д о к т а р. Сяброў у Вас шмат?
А м у р. (паглядае на Паштальёна). Ну так сабе...
Д о к т а р. А ворагаў?
А м у р. Яны паўсюль..
Д о к т а р (радасна хапаецца за асадку і запісвае). Псіхоз паранаідальны.
А м у р (да Паштальёна). А ты ўпэўнены, што гэта доктар?
П а ш т а л ь ё н. Ну так.
Д о к т а р. А што пра Віні Пуха можаце сказаць?
А м у р. Пра каго? Не, з ім я не знаёма. А вось Сатыр да нас бывае і заходзіць. Раскажа показку другую.
Д о к т а р (глядзіць зацікаўлена). Акцэнтуацыю такую яшчэ не бачыў у практыцы сваёй. Так, ладна працягнем тэст. (Разгортвае скрутак паперы і ён разварочваецца недзе на метр.)
А м у р (пабачыўшы памер тэсту). Доктар, там людзі паміраюць без кахання.
П а ш т а л ь ё н. Ці праз.
А м у р. Я не магу хварэць.
Д о к т а р. А можа Вам таксама закахацца. Некаторым дапамагае. Хоць навукова патлумачыць не магу, але былі выпадкі, калі там нейкі... забыўся на імя – бадун? таптун? Не істотна, працяў стралою сэрца, так бы мовіць, і ўсё прайшло. Яно забілася нібыта новае, нібы матор.
А м у р. А вы даўно абследвалі яго?
Д о к т а р. Каго?
А м у р. Ну, Сэрца.
Д о к т а р. А што, праблемы?
А м у р. Я думаю што, так. Здаецца, з’ехаў з глузду.
Д о к т а р. Вы што? Чаму?
А м у р. Вы чулі, каб Сэрца з Розумам заводзіла сяброўства?
П а ш т а л ь ё н (закрывае ёй рот). Я думаю, ёй трэба адпачыць, расслабіцца, паспаць. Ёй нельга нервавацца. (Выправаджваючы доктара). Яна перажывае за сябра аднаго. Напэўна, у яго праблемы са здароўем. Вы, можа, зойдзеце і да яго? Вось і адрас. (Дае яму паперку.)
Д о к т а р. Выпадак выключны?
П а ш т а л ь ё н. О, выключней не бывае.
Д о к т а р. Ну добра. Усяго вам, і па-болей, а болю меней. Ха-ха.

Доктар сыходзіць, Амур і Паштальён.

П а ш т а л ь ё н. Ты што, хацела, каб нас раскрылі? Паўсюль шпіёны. Розум, ён не спіць. На нас даўно ён мае зуб.
А м у р. Ты чуў, што ён сказаў? Мне – закахацца? Ён – ідыёт?
П а ш т а л ь ё н. Ды не, ён – доктар. Табе патрэбны ідыёт? Зараз (бярэ тэлефонны даведнік). Так “І” – ідыёт. (Спыняецца, узгадаўшы). Але ж мы вырашылі ў ідыётаў не страляць...?
А м у р. Ты ведаеш чым гэта пахне?
П а ш т а л ь ё н (прынюхваецца). А што, смярдзіць?
А м у р. Адразу бачна з Розумам ты не знаёмы. (Здзекліва). Пра пераносны сэнс нічога ты не чуў?
П а ш т а л ь ё н. Ну, з Сэнсам калісці мы пілі. А пераносны, гэта што, ягоны брат?
А м у р. Амаль што. Карацей, мне, каб закахацца, патрэбна – што?
П а ш т а л ь ё н. Страла.
А м у р. Лагічна. А хто пускае стрэлы кахання?
П а ш т а л ь ё н. Амур.
А м у р. Я.
П а ш т а л ь ё н. Ты.
А м у р. Амур
П а ш т а л ь ё н. Амур. (Пужаецца ад зразуметага і закрывае рот рукамі.) А-а-а-а.
А м у р. І я пра тое ж. Калі сама сабе пачну пісаць лісты і стрэлы выпускаць, падобным да чаго ўсё гэта будзе? Пасля такога, напэўна, з доктарам часцей я буду сустракацца і, думаю, не дома.
П а ш т а л ь ё н. А дзе?
А м у р. За кратамі дурдома. А мо паспрабаваць?...
П а ш т а л ь ё н. Ты што, зусім ужо мазгі адпіла?
А м у р. Я ж не п’ю.
П а ш т а л ь ё н. Ну адмарозіла. Не важна. Калі цябе на працу бралі, сама падпісвалася пад тэхнікай бяспекі. Інструкцыю ўзгадай (кідае ёй паперку). Пункт нумар шэсць.
А м у р (чытае). Аб’ектыўнасць вышэй за ўсё. Ні з Розумам, ні з Сэрцам сустракацца нельга. На правакацыі не паддавацца і нельга закахацца.
П а ш т а л ь ё н. Адказны пост ахвяраў патрабуе. Хоць невядома, каму з нас пашанцавала болей. Ну чым каханне не наркотык? Аднойчы пакаштуеш і едзеш з глузду. І зрэшты ў нечым наркадылерамі можна нас назваць. Галоўны прынцып...
А м у р. Гандлюем, але не ўжываем.

Гучыць вясёлая музыка, яны таньчаць.
З а с л о н а

ДЗЕЯ ІІІ

Сцэна 1.

Сэрца сядзіць за партай, вакол яго ходзіць Розум з указкай.

Р о з у м. Так, значыцца, пачнём заняткі нашы. Асадка? Сшытак? Добра. Задачка першая. На лаўцы ўвечары з дзяўчынай ты сядзіш. І тут ты чуеш, мовіць прыгажуня: “Вой, нешта стала прахалодна, і пальчыкі мае замерзлі.” Твая рэакцыя?
С э р ц а. Я абдыму яе, вядома ж, прыцісну да сябе мацней і пацалункам жарсным сагрэю.
Р о з у м. Адказ няправільны. Два балы.
С э р ц а. А што не так?
Р о з у м. Усё. З пачатку да канца. Яна замерзла? Хлусіць болей хай. Ішла на шпацыр, ведала, не дзень. Чаму не апранулася цяплей? Звычайны хітрык. На жаль цябе бярэ. А ты ўжо і гатовы. Развесіў вушы, сліні распусціў. Халодна, скажа, адказвай: Ну так не травень месяц, ці прапануй пайсці па хатах. У скрайнім выпадку налі гарэлкі. Хай грэецца. Усё запісаў і зразумеў?
С э р ц а. Так, так. Цікава. Ніколі не думаў у ракурсе такім. Давай яшчэ.
Р о з у м. Яшчэ? Ну, слухай. Дзяўчына прапануе ісці ў філармонію, канцэрт класічнай музыкі, гадзіны гэтак на паўтары.
С э р ц а. І ў чым праблема? Часам карысна і класікаў паслухаць.
Р о з у м. Праблема ў тым, што ўвечары як раз паказваюць матч тваёй любімай каманды.
С э р ц а (задумаўшыся). Праблема, вядома ж. Але ж я буду на канцэрце не адзін, а з каханаю асобай. А матч і іншым разам можна паглядзець.
Р о з у м. М-так, я бачу з табой мне давядзецца працаваць не дзень, не два. Ты памыліўся зноўку, мілы дружа. Ісці на нейкі там канцэрт ці гэта рацыянальна? Музыку і дома можна слухаць, прычым бясплатна і сядзець утульней. Ты што не згодны?
С э р ц а. Не ведаю, магчыма што і так.
Р о з у м. Ладна, на сёння хопіць. Дык, значыцца, сукенкаю любуецца Амур?
С э р ц а. Так, менавіта.
Р о з у м. Што ж прыдумаць? Як выманіць Амура?
С э р ц а. Што ж прыдумаць?
Розум прымае задуменную позу. Сэрца глядзіць на яго, імкнецца скапіяваць яго і прыняць такую ж позу.
Р о з у м (пасля працяглай паўзы нечакана ўскоквае). Ведаю.
С э р ц а (амаль заснуўшы, падхопліваецца). А? Што? Дзе?
Р о з у м. Пайшлі, мой сябра, сёння мы пакажам, хто тут галоўны.

Яны сыходзяць. Зацямненне.


Сцэна 2.

Пакой амура. Паштальён і Амур гуляюць у шахматы. У гэты момант звоніць мабільны тэлефон. Амур дастае яго, чытае sms.

П а ш т а л ь ё н. Ну, што там? Выклікаюць?
А м у р. Так. тэрмінова. Бярэцца парачка адна, таму лепш паспяшацца.
Амур Бярэ кейс і сыходзіць. Зацямненне. Чуюцца гукі транспарту, кіроўца аб’яўляе розныя прыпынкі.

Сцэна 3.

На лавачцы сядзяць Сэрца і Розум. Сэрца з букетам у руках, Розум апрануты як дзяўчына, у руках веер. Вядуць какетлівую размову.

Р о з у м. Ах, цудоўнае надвор’е сёння.
С э р ц а. Мг, і неба ў зорках.
Р о з у м (падсоўваецца бліжэй, Сэрца дзіўна глядзіць на яго, Розум тлумачыць шэптам). Дурань, мы ж павінны прыкідвацца закаханымі. (Гучна) Напэўна зоркі, што на небе ззяюць, па прыгажосці падобныя да...
С э р ц а. Да..?

Розум паказвае двума пальцамі на свае вочы.

С э р ц а (зразумеўшы). А-а. Да шэрых Вашых вочак.
Р о з у м. О, малайчынка, давай-тка па-актыўней, ты што, кваліфікацыю згубіў? З такімі заляцаннямі ніводзін Амур не паквапіцца на цябе. Вось што звычайна кажуць закаханыя асобы пра вусны, вочы, пра фігуру? Ну?
С э р ц а. Ну… вусны чырвоныя суніцы, блішчаць нібы (прыглядаецца да вуснаў Розума) ты чабурэкі еў?
Р о з у м (выцірае вусны). Якія чабурэкі? Што ты вярзеш? Чытай лепш верш, пакуль не правалілі мы заданне.
С э р ц а. Верш? Добра.
Хвіліна без цябе не мае сэнсу
Нашто майму дурному біцца сэрцу?
Ты не са мной і вочы засціць змрок
Усе крокі без цябе – да смерці крок.
Р о з у м. Пры чым тут смерць? Прасіў я пра каханне, а ты пра суіцыд.
С э р ц а. Пакуты і самаахвярнасць складаюць частку таго пачуцця, якое называеш ты каханнем.
Р о з у м. Які абсурд. І некаторыя яшчэ перажываюць, што не кахалі, што Амур зрабіў такую ласку і пазбавіў іх пакутаў? Яны што, з адхіленнямі ці як?
С э р ц а. Такое зразумець не кожны зможа, дакладней, той, хто не кахаў.
Р о з у м. Ты без намёкаў тут. І верш давай чытай, і каб без мёртвых.
С э р ц а. Ну добра, паспрабую:
Душа спявае, квітнее ўсё навокал,
Як толькі ты ў маё жыццё ўвайшла
каханне ў сэрцы свой сплятае кокан
шчаслівы я, сярод зімы вясна прыйшла.

Пакуль Сэрца чытае верш ззаду падкрадаецца Амур. Розум заўважае Амура падміргвае Сэрцу і яны накідваюцца на Амура, звязваюць яе. Залепліваюць рот. Чап­ляюць ёй мех на галаву.

С э р ц а. А ты ўпэўнены, што гэта ён, хацеў сказаць, яна?
Р о з у м. Ну, шчыра прызнацца, таксама не чакаў. Але ж ты ведаеш, эмансіпацыя такая рэч...
С э р ц а. (заўзята, нібы на дэманстрацыі). Мужчынаў прэч!! Мужчынаў прэч!! (Розум глядзіць на яго як на дзівака.) Жартую гэтак я.
Р о з у м. Так, а што ж у кейсе? (адчыняе кейс, там падпісаныя прабіркі з вадкасцю. Розум бярэ, праглядае прабіркі і чытае). Кася, Маша, Мікола. Так, так. А вось і доказ. Яна – Амур, самы што ні на ёсць. Мяне, напэўна, пазнала?

Амур бурчыць нешта праз мех.

Р о з у м. Пазнала. Хацелася б даведацца, дзе сукенка? (Здымае мех з ейнай галавы).
Амур адмоўна матляе галавой.
Р о з у м. Не скажаш? (Амур адмоўна матляе галавой). Па-добраму не хочаш... (бярэ шпрыц і з кожнай прабіркі набірае патрошку).
С э р ц а. Ты што, такая доза заб’е.
Р о з у м. О, ты чула? Такая доза заб’е. Так што кажы, дзе сукенка.

Амур упарта адмоўна матляе галавой.

Р о з у м. Як хочаш, тады пяройдзем да плану Б.

Розум уводзіць шпрыц Амуру пад лапатку. Святло то знікае, то з’яўляецца. Грыміць. Амур губляе прытомнасць.

Р о з у м. Трэба абшукаць яе. Ключы знайдзі.
С э р ц а (з жахам). Што ты зрабіў?
Р о з у м. Нічога кепскага, (амаль крычыць) ключы шукай, у нас не так шмат часу.
Яны абшукваюць яе.
Р о з у м (выцягвае ключы). Знайшоў, хадзем хутчэй.

Яны сыходзяць і цягнуць пад рукі за сабой Амура. Зацямненне.

Сцэна 4.

Кватэра Амура. Пагром, сукенкі на вешаку няма. Сцены распісаныя наступнымі фразамі:
«цысоіда Дыяклеса»
«доўбня, кніжкі пачытай.»
Амур і Паштальён на падлозе, прачынаюцца, азіраюцца вакол. Амур павінен сядзець так, каб не было бачна спіны.

А м у р. Нас правялі, як апошніх ідыётаў. (Чытае надпісы) здзекуецца. Ну ладна, я табе адпомшчу. Сукенку скраў. Ён думае, сукенку апране і будзе ўсё пра пачуцці ведаць. Байбус, спачатку скончы ўніверсітэт сенсуалізму. Аа-аа, такім як ён усё адно не дапаможа. (Паварочваецца спінаю да Паштальёна і гледачоў і ўсе бачаць, што са спіны тырчыць страла.)

Паштальён ускрыквае.

А м у р. Чаго ты?
П а ш т а л ь ё н (анямеў ад таго што пабачыў). А мг, а, там.
А м у р. Ну што, кажы.
П а ш т а л ь ё н. Ты толькі не хвалюйся.
А м у р. А з чаго?
П а ш т а л ь ё н. Там у цябе...
А м у р. Ну што?
П а ш т а л ё н. Страла.
А м у р. Ха-ха. Страла, адкуль? (Пачынае варушыць плячыма, адчувае нешта не тое. Дацягваецца рукой да спіны, дастае стралу).

Зацямненне


ДЗЕЯ IV

Амур сумная сядзіць на падлозе, Паштальён паказвае ёй слайды са здымкамі людзей. Яны праектуюцца на сцяну, каб гледачы таксама іх бачылі. Магчымы шэраг: твары хлопцаў, мужчынаў, дзяўчат, знакамітасцяў. П а ш т а л ь ё н падчас дэманстрацыі: Ён? А можа гэты? вось паглядзі... Ну, сканцэнтруйся...

А м у р. Не ведаю... я не ўпэўнена..., здаецца, але,.. не,..

Твар дзяўчыны.

П а ш т а л ь ё н. А можа яна?
А м у р. А-а

Далей твары знакамітых людзей.

П а ш т а л ь ё н. М-м?
А м у р. Бессэнсоўна. (Знаходзіць паперку, на якой раней пісала вершы, чытае):
Хвіліна без цябе не мае сэнсу
нашто майму дурному біцца сэрцу?
Ты не са мной і вочы засціць змрок
Усе крокі без цябе да смерці крок. (Пачынае голасна рыдаць).
Але хто ты і як тваё імя?
Я ведаю – кахаю, але каго?
Ва ўсіх я бачу рысачку цябе,
Але яны ўсе нішто, падробка бляклая.
Адкрыйся, падкажы, дзе цябе шукаць
Хоць sms дашлі. Ды што там, прысніся, каб вобраз твой запомніць
І з ім памерці.
Павольнае зацямненне, сыпле снег.

ДЗЕЯ V

С э р ц а. Амур, Амур, гэй тут ёсць хто-небудзь? Гэта Сэрца. Я прынёс сукенку. Ты, напэўна, заўважыла, што яна знікла. Амур. Я хацеў сказаць, што гэта была ідэя не мая, а Розума. Ён абяцаў, што без кахання будзе лепей, але як толькі скралі мы сукенку, я не знаходжу месца. Не ведаю, што і рабіць, дзеля чаго жыву? Промні сонца не саграюць і радасці нішто мне не прыносіць, а часам, ведаеш, паралізуе нават, і кроку не зрабіць, амаль што скамянеў. Амур, Вось вазьмі. (Кладзе сукенку на падлогу).

З’яўляецца Амур. Яна ідзе, хістаючыся, ускудлачаныя валасы. Позірк вар’яцкі.

А м у р. О, каго я бачу. Панове Сэрца, ці пашпарт Вы змянілі і зараз завецеся Камень?
С э р ц а (працягвае рукі, каб абняць яе) Амур.
А м у р. Прэч баязлівец, ад лёсу ад свайго адрокся, пакутаў не хацеў? Ты спадзяваўся атрымаць спакой, каб ніхто не замінаў твайму размеранаму ладу.
С э р ц а. Я стаміўся. Ты можаш зразумець? І што тут кепскага?
А м у р. Не, для цябе нічога.
С э р ц а. Мяне ў жорсткасьці абвінаваціць хочаш?
А м у р. Хачу. Ах, ён стаміўся. А ты хацеў як ныркі, вадкасьць фільтраваць і тупа ляжаць каля пячонкі? Ты сэрца, ты перажываць павінна, пакутаваць і радавацца і кахаць. (Падыходзіць да сукенкі). І не ў сукенцы справа, калі вось тут пустэльня (стукае па грудзях), які не апрануў бы строй, глухім ты застанешся да пачуццяў. І не ў сукенцы справа, а ў табе.
С э р ц а. Дык значыцца, то мая правіна? Дык ведай, каханне гэта ўсё падман. Мне Розум так сказаў, ён вочы мне раскрыў і на цябе і хітрыкі твае.
А м у р. Ах, Розум. Тады і заставайся з розумам, ды толькі памятай, аднойчы скамянеўшы, пяшчоты ніколі больш не зведаеш.

Амур у белай сукенцы з доўгімі рукавамі. На тыльным баку рукавоў ёсць адпаведныя дзірачкі, праз якія Амур па адной рэзка пачынае выцягвае чырвоныя доўгія стужкі. З кожным ейным рухам у Сэрца камянее частка цела.
Гучыць музыка. Зацямненне.

ДЗЕЯ VI і апошняя

Дзейныя асобы чытаюць па чарзе наступны тэкст:

Мы вам згулялі гэты фарс,
каб кожная і кожны ведаў з вас,
што ёсць Амур, які пускае стрэлы
і сэрца, што бясконца то хварэе,
а то шалёнае ад радасці заб’ецца,
і Розум на яго за ўсё злуецца, не разумее
тое, што пачуццямі завецца,
не падуладнае законам глуздаў.
Злавацца тут не мае сэнсу.
Стралу кахання можаш ты зламаць
І скараціць на дзень ці год жыццё амура,
А можаш і падараваць
І ўсмешку на вуснах
напаткаць,
Якія, можа, будзеш цалаваць
Усё жыццё, ну, ці хаця б палову.
Галоўнае – кахай і кожны дзень нанова.

У канцы п’есы гледачам раздаюцца канверты, да якіх прымацаваныя стрэлы.

З а с л о н а.