12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Гала Гара

_____________________
Крывыя вулкі.
Вершы

МАЛІТВА

Дзеці мае ненароджаныя, даруйце мне,
Душы пакутныя ў касьмічным куце,
Ваша маці сябе стакротна кляне.
Вы мне даруйце.

Даруйце дзень, у якім жыву,
Даруйце ноч, дзе спатолі шукаю
І з вамі ў Сусьвеце халодным плыву...
Даруйце, дзеці, мне – заклінаю.

Даруйце вясну, якой не было,
І восень з колкімі халадамі.
Даруйце забітае цноты сьвятло –
Думы пакутныя, грэх мой – з вамі.

ІНСУРГЕНЦКІ МАТЫЎ

Сьветлай памяці змагароў 1861-63 гг.
і В.Ластоўскаму прысьвячаецца

Зьдзірванела мая валока,
Абабіліся поршні,
Аборка больш не трымае
Стамлёнай нагі...
Адпачыць бы
Пад сухою адрынай
Зьліву перачакаць
У бок далёка адкінуўшы доўбень.

Як барвяная квецень
Лоб паранены жычка апавіла

Як барвяная вера
Закажанела
Казыча нервы і гонар
Закапёршчыка
Завадатара
Інсургента
Бунтаўшчыка

Чуеш
Гудзе віруе
Сьпявае
Закалат

Як закалец

У хлебе
У лёсе
У сэрцы

Мажны праснак
Ды путра
Наедак
Беднага
Інсургента
Рызьзё
Яго шаты і латы

Зьняў
Абшмуляны
Сурдут
У стадоле
Каня
Прывязаў

Заляскалі
Падковы
Па лядзе
Мільганула
Кучомка

Пастка

І зноў
Няўрымсьлівы гон
Уцёкі
Ад ценю
Цьвяліўся цвыркун
Целяпень
Зацялёпа
Цемрашалы
Ня дрэмлюць
І ў цемры

У возеры ў лесе
Космы распусьціўшы
Водарасьцяў шкумацьцё
Купалкі гайдаюцца
Цьвільлю
Прапахлыя
Дзеўкі

А ну ж
А можа
Наўдалую
Нашармака
Шырокія клубы
Сьцягно
Вэлюм
На галаве
Як вяхотка
У лазьні...

Шалёны разьюшаны
Гон
Не спыняцца
Адскепак смалісты
Апякае
Асклелы твар
Адзін за
Адным
Лятуць
Аскабалкі
Пасечана
Кулямі
Дрэва

Але, як кажуць,
Апуха даражэй кажуха
Воля была б
А дрэваў
Насадзім
Залекуем
Раны
На дрэвах

Людзей бы
Уратаваць

Ну што
Трапіла
Рыбка
На крук?
Джгір
Не шчупак
Ды ўсё адно
Ідзе
Паляваньне
Цягне
Цягнік
На дно

Толькі б выжыць
А тады
Паглядзім
Што
Мацней
Лёска
Ці лёс
Інсургента?
Рымар,
Падцягні
Маю вупраж...

* * *

Алесю Сушу

Не пачуты нікім ціхі голас лунаў
Між аліў Гефсіманскага раю:
Божа мой, Ты ня вер, я цябе не прадаў,
Хрысьце мой, я Цябе кахаю...

Дай абмыю сьлязьмі чыста стопы Твае.
Твае вочы наскрозь працінаюць.
Хай пра здраду салоўка салодка пяе,
Хрысьце мой, я Цябе кахаю...

І калі яны прыйдуць усё ж за Табой,
Я ад мукі нясьцерпнай сканаю,
Ну ці мог я прадаць Цябе, Божа Ты мой?
Хрысьце мой, я Цябе кахаю...

І калі расьпінаць яны будуць Цябе,
Хрысьце мой, я Цябе не забуду...
Нават там, у засьветнай і сьветлай журбе
Ты пачуеш мальбу свайго Юды...

* * *

В.Г.
Калі ты верыш промню – вер яму,
Калі ты помніш дотык той ласкавы.
Не падмані, не падмяні яго
На грошы, бруд і славу,
Калі ты верыш...

* * *

Калі ты хочаш праўду сказаць
Пра сьвет у якім ты жывеш,
Скажы пра яго як ёсьць,
Ня тоячыся
І не баючыся праслыць экстрэмістам.

Гэта – сьвет, у якім шмат падонкаў
І крышачку меней людзей.
Скажы ім, што ты таксама падонак,
Бо зусім не імкнешся нешта зьмяніць,
А забіваць ты ня ўмееш...

* * *

Ахвярую Славаміру Адамовічу
О, ціхі подзіў ночы,
І ціхі сэрца стук,
І ціхі пошум ветру...
Якая бездань часу...
Цячэ рака збавеньня...
Праз попел і праз прысак,
Праз тло і праз турботы,
Праз дзірваны, праз стрэхі,
Праз крыўды, праз нішто...

Якая бездань часу...
Ніхто не замінае
Рукой пакратаць вечнасьць,
Забыцца і заснуць...
Цячэ рака збавеньня...
Якая бездань часу...
Ніхто не замінае...

Цячэ рака збавеньня...
Якая бездань часу...


* * *

Смага сушыць вусны
Не таму, што вады ня стала,
А таму, што ня стала сілы
Супрацьстаяць.

Смага сушыць сэрца
Не таму, што бяды ня стала,
А таму што ня стала моцы
Супрацьстаяць.

Сьпёка сушыць палеткі,
І раку, ля якой ты вырас,
І лясы, дзе зьбіраў маліны,
І зямлю, дзе ты нарадзіўся...
Не таму, што канчаецца час,
А таму, што канчаецца
Чын і ўчынак...