12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ларыса Геніюш

_____________________
"Не любіла ў жыцьці я ценяў...".
Вершы

* * *

Вершы мае захаваныя
У сэрцы на сто замкоў,
Вершы мае закаваныя
За праўду і за любоў.

Вершы мае вы, шэрыя,
Птушкі з-пад аблакоў.
Песьні мае вы, верныя
Скарбам маіх дзядоў,

Спадчыне недаацэненай,
Мудрасьці глыбіні,
Выбеленай цярпеньнямі,
Загартаванай ў агні.

Вершы ды доля зрэбная —
Як летуценьні з зары,
Голас мой, сьцюжай цярэблены,
Зломаны без пары.

Песьні на поўнач гнаныя,
Песьні з-пад ланцугоў.
Песьні непрадаваныя,
Песьні – цярпеньня кроў.

Вершы мае падбітыя,
Водгульле маіх дум.
Вы, як і я, забытыя,
Крыкі мае ў бяду.

Дзе пазьбіраць разгубленых,
Як у вянок сплясьці...
Песьні – мой хорам, зрублены
З родных бярвён у жыцьці.

ПАЭТ

Ўсё з турмою, ўсё з тугою
Праз няроўны шлях.
Ад прыбояў і адбояў
Сэрца у рубцах.

Той налева, той направа —
Сыцейша б куцьця.
А паэт шукае праўды
За цану жыцьця.

І для твараў, і для маскаў
Дарам шчодрых жмень
Ён гатоў асыпаць ласкай
Свой апошні дзень...

У цярпеньні, бы ў прадоньне
Кінуты, ідзе.
У натруджаных далонях
Сэрца для людзей.

Зводзіць дзень канцы з канцамі...
Б’е яму ў дакор
Клоун-месяц бубянцамі
Бесканечных зор...

* * *

Прыляцела сінічка пад малое акно,
Быццам знаемся з ёю мы аднекуль даўно,
І махае галоўкай, і глядзіць на мяне,
Аж трапеча галінка на замёрзлым акне.

Я прыяцельцы рада, маленькі мой госьць,
Ты глядзіш на мяне, як мая маладосьць.
Вабіш лётам свабодным, песьняй з хат і для хат,
Аж з вачэй непагодных мне пасыпаўся град...

МАШЫНЫ

Машыны грымяць, стракочуць,
Альбо паўзуць бясшумна.
Машыны есьці ня хочуць,
Машынам ніколі ня сумна.
Ня сыдуцца на параду,
Не абмяркуюць лёсу,
Паслушныя тупа загаду,
Круцяць свае калёсы.
Раны цяплом мы гоім,
Словам, усьмешкай любай.
Там, дзе ў нас сэрца жывое,
Ў машынаў драты і трубы.
Тупасьць глухой пакоры,
Ці траскатня чужая.
Машыне ня скажаш аб горы,
Машыны не пакахаеш.
Ні босай, ні ў лес, ні ў рэчку —
Толькі дарогай на шынах.
Без каханьня парываў вечных
Машынаў родзяць машыны.
Сэрцы б’юцца, лякочуць,
Уздым і апад няўпынны.
Ні волі, ні сонца ня хочуць
Толькі адны машыны.
Калёсы ў пякельным руху,
Дзе мозг – чужыя пружыны,
Ня думаць, а слухаць, слухаць –
Пракляцьце бяздушных машынаў.

* * *

Чало у поце, далоні ў працы,
У сэрцы туга.
На душах нашых, як на сабацы –
Сьлед ланцуга.
У цела народу ўпіліся вякамі,
Пара скідаць!
Ланцуг сабачы, яго клыкамі
Не разарваць...
Чорныя брацьця: Гвінея, Гана
Ў свабоды час
З сумам у сэрцах, ужо раскаваных,
Глядзяць на нас.
Мова народу ў аковах гіне,
Годзе душыць!
Калі іх з рук ужо нам ня скінуць —
Скіньма з душы!

* * *

К чорту гарэлку, шэйкі і твісты,
Юную голаў хлусьнёю кружыць!
У сэрца народу скірованы выстрал,
Жыць яму заўтра, альбо ня жыць...

Мовай ня нашай заплавілі горад,
Ціхіх сялянак ня лічаць людзьмі,
Нельга ўлівацца ў чужацкае мора
Юнасьцю нашай, крывёю, дзяцьмі.

Нельга. Мы ўдома свае, а ня сьведкі.
Няпрошана злыдні абселі сталы,
Кідаюць «з ласкі» свае нам аб’едкі,
Плодзяць халуйства на нашай зямлі.

Мы — стража ля нашай народнай калыскі.
Вораг суровы і лёс наш круты,
У нас за плячыма крычаць абеліскі,
З крыўдаю ў сэрцы падходзяць браты.

Мы сёньня лёсу Радзімы зарука,
Выканаць нам, што бацькі не змаглі.
У нас запытаюць з дакорам унукі
Аб волі, аб мове радзімай зямлі.

Сёньня ж на пласе родная мова,
Вырваць жывую належыць з агню,
Слова «кахаю» – слабае слова,
Мужнае слова – абараню!!!
14 верасьня 1968 г.

СЬВІТАНАК

Жыцьцё ўскалыхнула зноў водгульле дум,
Аб другім сёньня думаць ня хочацца,
Нават месяц свавольна адбіўся ад рук,
Без канвою між хмараў валочыцца.

Ці недзе сугробам па тундры брыдзе
Сьлядамі нявольных калонаў
І лічыць гады: колькі хто адсядзеў –
Губляецца недзе ў мільёнах...
Йдзе чорная маса па белым сьнягу.
Загад даў вусаты і «мудры»... –
Сабачыя морды, канвою разгул
І крык замярзаючы ў тундры.
Нат у суровы, у каменны век,
Тупы, у пячоры жывучы,
Яшчэ вузкалобы, як зьвер, чалавек
Жанчын так нялюдска ня мучыў...

* * *

Сьмелая праўда выходзіць з цямна
І шуміць, як страшная аповесьць.
Праўда на сьвеце ёсьць толькі адна,
Як і зло на сьвеце адно ёсьць.

Хочацца верыць ў шлях новага дня,
Што другам прыходзіць, бяз зьдзекаў.
Бо так жа, як сьвет ратаваць ад агня,
Трэба ў ім ратаваць чалавека.
Дзе каму страх аглянуцца назад,
Зьняць маску з вачэй невыгодна...
Сумленьне і праўда — ёсьць больш, як загад,
Народ – больш за ўсе нагароды.
Судзіць не умею. Дароўваць тым больш.
Гэта зноў гадаваць бесхрыбетных,
Якія за страшны, за юдавы грош
Будуць мучыць па турмах паэтаў.

* * *

Сьвітае. Нявінныя ўсталі з калень.
І мёртвыя выйшлі на лаўры,
А зьбітыя праўдай схаваліся ў цень,
Апошнія сталіназаўры.

* * *

Вечар сумны апаў мне на вейкі,
Будзе роздум да ночы глыбінь,
Як жа жыць, як стрываць чалавеку
У варожую, грозную стынь?
Вера ў сэрцы, малітва на вуснах,
Ды нястрымныя сьлёзы падчас,
Як устояць жа нам, беларусам,
Калі хмарамі зло супраць нас?
Лусту за лустай ад бохана рэжуць,
Вякі Беларусь нашу мілую тнуць,
Перапалавінілі нат Белавежу,
На межах зубры неспакойна равуць.

* * *

А на зямлі падняволенай толькі
Замкі старыя ў руінах стаяць,
Сьпяць на курганнай зямлі валатоўкі,
Ды ў валатоўках і волаты сьпяць.
У народу старыя і новыя раны,
Мову карчуюць чужыя паны.
Панура глядзяць і маўчаць партызаны –
Што ж, не народу служылі яны.
Сеюць у душах нянашае семя,
Пытаньне прад намі: быць ці ня быць?
Мы, беларусы, хрышчонае племя,
Цяжка з хрышчоных іудаў зрабіць!
Даўно на палетках вайна адгрымела,
А ўсё над магіламі роспач і енк.
Адрэзалі нам ад народнага цела
Ўсю Беласточчыну, Вільню, Смаленск.
І харошую нашу, у сьвеце адзіную
Пад славутае пушчы зялёным крылом
Падзялілі надвое сямейку зубрыную,
Паласнуўшы народу па сэрцы нажом.
Ад нялюдскасьці гэтай і сумна, і страшна,
Няма дзіва, што кожнае сэрца дрыжыць,
Бо вякі непадзельная, родная, наша,
Пакрамсаная недругам пушча ляжыць.
У нас кожны чацьвёрты ляжыць у магіле,
Ён сваю галаву недарэмна злажыў,
Нас няволілі, ў турмах гнаілі, глумілі,
Але пушчы дагэтуль ніхто не дзяліў.

* * *

Хоць даўно ўжо ў сьвеце вайна адгрымела,
Даўні недруг наш сёньня – другі чалавек,
А у нас ўсё пакуты. Бясконца падзелы
Ды чужацкая хітрасьць навокал і зьдзек.
Ўжо ня раз падцялі нам свабодныя крыльлі,
Што ж, бяскрылых, вядома, няволіць лягчэй,
Ад народу загоны, зямлю аддзялілі,
Думы продкаў, мінуласьць і душы дзяцей.

* * *

Толькі бой безупынны вядзецца,
Дзікуны ў наступленьне ідуць,
Аддзяляюць нам мову ад сэрцаў,
Чалавечнасьць ў народу бяруць!
Усё гладка здаецца тут зьнешне,
А, па сутнасьці, крочыць вайна,
Спадцішка забіваюць найлепшых –
Не адзін ужо сьпіць Баразна.
Йдзе вайна, ды ўжо без аўтаматаў,
І ня ліўнямі — нашая кроў.
Забіваюць, здымаюць нам варту
Чалавечых, народных правоў.

* * *

Бой наш няроўны, бо мы не забойцы,
Няма ў нас крыві на шляхотных руках.
Яны жа касілі братоў неаднойчы,
На людскасьць усю наганяючы жах.
Бой ідзе ўпарты, нас б’юць і нявечаць,
Дзеляць нам пушчы, народ і палі.
Усё ж выйграем бой гэты за чалавечнасьць,
Бо з намі ўсе лепшыя людзі зямлі!!!

1976

* * *

Калі хто з нас падаў, дык падаў насьмерць,
Але ніколі — як раб, на калені.
Ня з лёзаў ў нас пушчы і не з бадылёў,
І не адныя блукаюць там цені…
Народ не заплача, ня плачуць па тых,
Хто так нечасьціва к чужым адыходзіць,
Вылеціць болей арлоў маладых
І болей дастойных жанчыны народзяць!
Роўная ненавісьць ў нас і любоў,
І ў небясьпецы – ня страх, а адвага.
У нас, кажуць, у жылах яцьвяжская кроў,
Што ж, калі праўда, дык дзякуй яцьвягам!
На поўначы лютай мы мерзьлі наскрозь,
Бог дасьць, нашым людзям так не давядзецца,
Марозілі старасьць нам і маладосьць,
Хацелі яшчэ замарозіць і сэрцы.
Не, так далёка мароз не пранік,
Не замарозіў змагань і сумленьня,
Мы крыкнем і праўнукі ўчуюць наш крык,
Патоптаных ворагам ўздымуць з каленяў!
Ня тое рабіў з намі люты маскаль,
Мардуючы лепшых ў нявольнай Айчыне,
Нам сёньня зламаных, застрашаных жаль,
Як маці шкада заблудзіўшага сына.
Нас мучылі, гнулі, але не змаглі.
Зноў недруг над намі, над вамі лютуе.
Прыпадзьце ж абліччам да роднай зямлі,
Магчыма, зямля, зразумеўшы, даруе.

1976

ДЗЕД І БАБА

Сеў дзядок на лаве, выпіў чаркі дзьве,
І бушуюць думы ў цёмнай галаве:
«Рана я жаніўся, каб гэта ж пазьней —
было бы на сьвеце многа весялей.
Баба усё ткала, прала гэты лён,
Ня знала панчохаў тоненькіх – капрон.
Хустачку завяжа, андарак даўгі…
Сёньня, каб жаніцца, быў бы я другі.
Выбраў бы такую пасярод дзяўчат –
Ў шоўкавай сукенцы, ў туфельках бяз пят…»
І бабцы ня сьпіцца. Думае ня раз,
Што радзіла маці ня у добры час
І выдала замуж не таму, каб жыць,
А каб веру ў праўду, ў людскасьць загубіць.
Мужык вечна п’яны, грошай не стае,
Нават соль ня танна для таго, хто п’е.
Дзеўкаю б прыгожай ёй сягоньня быць —
Выбрала б такога, з якім варта жыць.
З сэрцам чалавечым, з яснай галавой,
Што кахаў бы працу і ў сям’і спакой,
Каб ня піў гарэлкі, цаніў чужы пот
І шанаваў лапаць, зарабіўшы бот.

* * *

Пахавайце мяне ў гаі,
Дзе зялёна кругом, зялёна.
Няхай злучацца думы мае
З шумам лісьця ў дубовых кронах.
Калі восені пражу спрадуць,
Мо часамі па сьцежачцы вузкай
Да мяне мае ўнукі прыдуць
І акажуцца па-беларуску.
Я да сэрца прамерзла зімой
(Слаўны сьцюжай краі чужыя).
Няхай дрэвы апаўшай ліствой
Цёпла косьці мае накрыюць.
Не прыходзьце сюды са сьлязьмі,
Выпрастоўвайце горда плечы,
Боль і сьлёзы маёй зямлі
Забяру я з сабой у вечнасьць…
Разганеце пад крыжам цень,
Не любіла ў жыцьці я ценяў.
Раскажыце, як край цьвіце
З вашай працы, з маіх цярпеньняў.
Мы з харошай, сьвятой зямлі,
Што канала ад мук вякамі.
Будзьце ж, будзьце заўсёды людзьмі,
Будзьце вернымі Беларусамі!


Публікацыя
Аляксея ПЯТКЕВІЧА.