12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Гібок-Гібкоўскі

_____________________
Парадоксы геапалітыкі-2.
Другая сусветная вайна і Беларусь...


Сёлета 22 чэрвеня споўнілася 70 гадоў
з дня пачатку вайны паміж Германіей і СССР –
або Вялікай айчыннай – як называла яе з лёгкай рукі Іосіфа Сталіна савецкая гістарыяграфія.
Вайны, якая адыграла ў лёсе беларускай нацыі
надзвычай драматычную ролю...

Аблом

Вялікая айчынная вайна была часткай адной з найбольш значных геа­палітычных падзей гісторыі чалавецтва – другой сусветнай вайны якая – пачалася крыху менш чым за два гады да гэтага ў верасні 1939-га нападам немцаў на Польшчу. Тады беларусы атрымалі нават нечаканы “бонус” – была вернутая заходняя частка тэрыторыі, страчанай па Рыжскай дамове 1921 года паміж бальшавіцкай Расіяй і Польшчай. Большасць беларусаў лічылі тады факт далучэння заходніх зямель справядлівым і шчыра радаваліся аб’яднанню Айчыны. Але адначасна нашыя землякі, па сведчанні старажылаў, адчувалі, што сур’ёзна запахла гарэлым, што непасрэднае суседства з немцамі смяротна небяспечнае.
Так яно і сталася. Людажэрка-вайна, як міфічны Малох, прагла для сябе ўсё большай і большай спажывы, і ўсё, што паўставала перад яе тварам, было асуджанае на згубу. 22 чэрвеня 1941 года немцы перайшлі мяжу СССР і Беларусі, то бок той Рубікон, які вёў іх да самых вялікіх у гісторыі тэрытарыяльных заваёваў і да самай вялікай нацыянальнай ганьбы.
Хаця падзеі сусветнай гісторыі маглі пайсці і зусім па іншым сцэнары. Амаль два гады перад гэтым дзве самыя магутныя на той момант ваенныя сілы Еўропы Германія і СССР вялі між сабой актыўны флірт, пачаты ў жніўні 1939-га, і ў іх яшчэ была рэальная магчымасць знайсці кампраміс. Сцверджанні многіх даследчыкаў другой сусветнай, што знайсці такі кампраміс было немагчыма, не зусім карэктныя. У палітычных элітах Германіі і СССР хапала людзей, якія цвяроза глядзелі на магчымы вынік сутыкнення двух ваенных гігантаў – узаемазнішчэнне! Зразумела, на карысць трэцяй сіле. Яны лабіравалі іншы варыянт развіцця падзей і ў жніўні 1939-га пасля складаных перамоваў дасягнулі-такі поспеху.
Пасля гэтага працягваліся настойлівыя спробы замацаваць той кампраміс. У лістападзе 1940 года (хоць у сейфе Гітлера ўжо ляжаў “план Барбароса”, праўда, яшчэ не зацверджаны ім), быў адмыслова арганізаваны візіт Молатава ў Германію. Той візіт чамусьці называюць фармальным, маўляў, Молатаў ехаў у Берлін у шыкоўным урадавым экспрэсе са світай ў 80 чалавек ледзь не на экскурсію і нічога ўжо не мог змяніць... Мог, бо ехаў у Берлін не з пустымі рукамі – Молатаў вёз новыя прапановы Сталіна, якія датычылі вайны Германіі на Захадзе, зонаў Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў і лёсаў Фінляндыі і Турцыі – на той час, па сутнасці, саюзнікаў рэйха. Мог, бо і Гітлер у сваю чаргу падрыхтаваў да візіту савецкага прэм’ера нешта накшталт другога пакту Молатава-Рыбентропа, дзе падзяляліся сферы ўплыву не толькі ва ўсходняй Еўропе, але і ў цэнтральнай Азіі.
Калі б Сталін і Гітлер знайшлі тады кампраміс, то цалкам развязвалі б сабе рукі. Гітлер змог бы спакойна давесці да ладу распачатую ім на той час аперацыю “Марскі леў”, а Сталін, у сваю чаргу, змог бы, як дасюль ва Украіне, Беларусі, Прыбалтыцы і Бесарабіі, без вайны атрымаць жаданыя тэрытарыяльныя саступкі ад Фінляндыі, Турцыі, Ірана. Ды і надалей бакі маглі яшчэ не раз заключаць “пакты”. Гісторыя ведае нямала прыкладаў, калі палітычным драпежнікам, якія аднойчы зладзілі між сабой саюз, удавалася дасягнуць і больш складаных мэтаў.
Гітлер і Сталін, паразумеўшыся, мелі рэальную магчымасць не пакінуць шанцаў англасаксам, цалкам выцесніўшы іх за акіян. І тады гісторыя чалавецтва магла пайсці па зусім іншым рэчышчы. Па вялікім рахунку абодвум драпежнікам на той момант хапала здабычы і па-за сферамі ўплыву свайго візаві. Але яны ўсё ж не змаглі дамовіцца і з таго моманту вайна паміж Германіяй і СССР стала непазбежнай.
Сёння называюць шмат прычынаў такога трагічнага для абодвух бакоў “аблому”. Адна з іх, што Гітлер на паўгода спазніўся са сваімі прапановамі і расклад картаў, які ён прад’явіў Молатаву ў лістападзе 1940 года быў ужо непрымальным для Сталіна. Пасля лёгкіх тэрытарыяльных набыткаў той быў на небывалым уздыме. Пакуль усё складвалася надзвычай удала і менавіта па ягоным геапалітычным сцэнары. Сталін быў перакананы, што і надалей зможа заграбаць вуголле чужы­мі рукамі. Забыў, што ў свеце ёсць значна больш вопытныя майстры такой справы...
Зрэшты, тагачасная сталінская эйфарыя – не дзіва... На той момант Іосіф Вісарыёнавіч – некаранаваны цар новай Расіі – стаў у гісторыі гэтай імперыі адным з галоўных “збіральнікаў земляў”, практычна без вайсковых стратаў вярнуўшы яе амаль да межаў 1914-га году. Болей за тое, упершыню ў гісторыі Расіі ў яго з’яўляўся рэальны шанц рэалізаваць грандыёзныя патаемныя мары яе кіруючых эліт яшчэ з часоў Івана Жахлівага – стратэгічнае ўмацаванне пазіцый на Балтыцы і выхад на пралівы Басфор і Дарданелы з ператварэннем Чорнага і Каспійскага мораў ва ўнутраныя вадаёмы Расіі. Зразумела, з перспектываю выхаду да ўзбярэжжа Індыйскага акіяна...
Прычынай няўдачы лістападаўскага візіту Молатава лічыцца таксама адмова Гітлера “здаць” сваіх сяброў – Фінляндыю і Турцыю. Але наўрад ці справа тут у высакароднасці фюрэра. Інтарэсы “сяброў” мала хвалявалі амбітнага Адольфа Алаізавіча – яму, у сваю чаргу, здавалася, што ўсё ідзе якраз па ягоным плане, у выпадку поспеху якога Трэці рэйх чакаў неверагодны куш.
Зрэшты, усе вышэйзгаданыя моманты лёгка ўкладваюцца ў канфліктную парадыгму, што была дамінуючай ў знешняй палітыцы як Германіі, так і СССР. Далейшы ход гісторыі толькі пацвердзіў гэта. І хоць існавала здаровая – выратаваль­ная для абодвух бакоў – логіка кампрамісу, якую ім настойліва падказваў розум, але была яшчэ і сфера ўзаемадачыненняў, якая розумам не кіруюцца апрыоры. Хто ж не ведае вядомую мудрасць пра тое, што два мядзведзі не ўжываюцца ў адной бярлозе...

Смерць “Марскога ільва”

Вялікая вайна ў стратэгічным плане ўлетку 1941-га была больш выгаднай Сталіну. “Правадыр усіх працоўных” выдатна разумеў, які шанц у яго з’явіўся. Германія на заходнім накірунку баявыя дзеянні на той час не спыніла, таму, па яго меркаванні, у выпадку канфлікту з СССР Гітлеру давялося б ваяваць на два франты. Сталіну абсалютна відавочным падаваўся факт – тыя краіны, якія знаходзяцца ў стане вайны з Германіяй, аўтаматычна стануць саюзнікамі СССР. Логіка была жалезнай, але савецкі кіраўнік нават і ў дурным сне не мог тады ўявіць, што пасля пачатку яго вайны з Гітлерам да акрыцця другога фронту саюзнікамі пройдзе цэлых тры гады!..
Далёка не ўсё дакументы, якія датычаць 1941 года, сёння адкрытыя ў Расіі, але нават і тое, што вядома, безумоўна сведчыць – Сталін сам збіраўся пачаць вайну супраць немцаў і іх саюзнікаў. Тэрмін – ліпень-жнівень 1941 года. Было відавочна, што да гэтага часу Гітлеру не паспець разабрацца з брытанцамі.
І насамрэч, Гітлер, паводле бісмаркаўскай устаноўкі, ніяк не хацеў пакідаць у сваім тыле хоць і параненага, але вельмі небяспечнага бытанскага ільва і пачынаць вайну на два франты. Ды і вельмі прадметнымі былі ўрокі першай сусветнай. У рыхтуемай аперацыі супраць Брытаніі былі задзейнічаныя велізарныя сродкі і сканцэнтраваны магутныя сілы. Па меркаванні ваенных гісторыкаў, пры тых імпэце, рэсурсах і маштабах рыхтуемай з боку немцаў атакі супрацьстаяць ёй шанцаў у англічанаў было не шмат. І ўсё ж фюрэр раптоўна спыніў ход аперацыі “Марскі леў”, якая была ў поўным разгары. Гэтае здавалася б дзіўнае рашэнне Гітлера – надзвычай папулярная тэма ў гістарыяграфіі. Расійскія гісторыкі, да прыкладу, у сваёй большасці традыцыйна сцвярджаюць, што Гітлер адклаў аперацыю “Марскі леў” таму, што раптам вырашыў спачатку разабрацца з “дахадзягаю” СССР, які прадэманстраваў сваю мізэрную баяздольнасць у вайне з Фінляндыяй.
Але ў “дахадзягі” была амаль 6-ці мільённая сухапутная армія, 23 тыс. танкаў (двайная перавага над немцамі!), 24 тыс. самалётаў (трайная перавага!), магутная артылерыя (перавага ў 2,5 разы). Брытанія на той час пра такія рэсурсы магла толькі марыць. Прызнаючы, што Сталін сам рыхтаваўся да атакі, тыя ж расійскія даследчыкі сцвярдждаюць, што бедны фюрэр і чуць не чуў пра такія планы візаві і пачаў сваю акцыю без усялякай сувязі з імі. І гэта гаворыцца пра адну з лепшых ў свеце разведак, якая напярэдадні 22 чэрвеня ведала ў раёне заходняй граніцы СССР месцазнаходжанне практычна кожнай агнявой кропкі Чырвонай арміі!
І ўсё ж іншага выйсця ў Гітлера проста не было... Калі аперацыя “Марскі леў” ужо ўваходзіла ў апошнюю фазу, ён атрымаў бясспрэчныя доказы таго, што Сталін, парушаючы пакт Молатава-Рыбентропа, канцэнтруе ля заходняй мяжы СССР стратэгічныя наступальныя сілы. І для Гітлера пачаўся зусім іншы адлік часу...

Выбух

Пра тое, хто насамрэч першым планаваў напасці ўлетку 41-га, сёння напісана шмат даследванняў і папулярных бестселераў. Па вялікім рахунку цяпер гэта няважна. Зразумела адно – дзве велізарныя ваенныя машыны, пачаўшы ліхаманкава разварочваць свае стратэгічныя сілы, “затармазіць” ужо проста не маглі. Атмасфера накалялася і ўсялякая, нават самая нязначная іскрынка магла ў любы момант падпаліць гіганцкі бензінава-порахавы пограб.
Тут, як і ў паядынку звышцяжкіх баксёраў, вялізнае значэнне мела тое, хто паспее нанесці ўдар першым. Больш спрытны атрымліваў шанц вырвацца на аператыўную прастору... Дагэтуль у Еўропе немцы перамагалі менавіта такім чынам. Менавіта такую раскладку падзей прагназаваў план “Барбароса” і вынікі апошніх перадваенных штабных вучэнняў Чырвонай арміі. Праблема была толькі ў тым, хто каго апярэдзіць. Такія разлікі былі і ў Гальдэра, і ў Жукава – кіраўнікоў Генштабаў дзвюх краін.
Гісторыя дала нам адказ на гэта – апярэдзіла Германія, ударыўшы СССР проста пад “дых”! Месца “пад дыхам” у СССР аказалася акурат у нашай Беларусі. Тут Чырвоная армія мела хоць і вялікія, але ўсё ж “успамагальныя” групоўкі, бо сама яна прымервалася неўзабаве ўдарыць (і ўжо нават шырока замахнулася асноўным сваім “кулаком”) паўднёвей – у раёне Кракава, І немцы злавілі яе акурат на замаху...
Перамалоўшы першы рубеж стратэгічнай абароны Чырвонай арміі, немцы хоць і сутыкнуліся на другім і трэцім з жорсткім супраціўленнем, але па вялікім рахунку амаль што ўкладваліся ў “нарматывы” бліцкрыгу. І гэты факт проста акрыліў Гітлера, тым больш што аперацыя на ўсходзе адразу стала прыносіць неверагодныя дывідэнты. За нейкія два месяцы былі захоплены вялізныя тэрыторыі, большыя памерамі за рэйх, узятыя ў палон некалькі мільёнаў чырвонаармейцаў і нечуваныя ў гісторыі трафеі. Можна ўявіць сабе, з якой асалодай перастаўлялі ў тыя чэрвеньскія дні 1941-га сцяжкі на картах нашчадкі Фрыдрыха Вялікага, рэалізоўваючы спаконвечную мару тэўтонаў – праглынуць багатую ўсходнюю “жыццёвую прастору”! Кажучы сучасным слэнгам, перад вачыма адкрывалася неверагодная “халява”! Было ад чаго страціць галаву!
І страцілі! Лёгкія перамогі прымусілі вокамгненна забыць пра апрыоры авантурны і вымушаны характар усёй усходняй кампаніі. Падмяўшы Прыбалтыку, Беларусь, частку Украіны, немцы працягвалі ірвацца на ўсход без усялякіх тармазоў. І тут для Гітлера ізноў настаў момант ісціны. Можна было ісці далей, рызыкуючы галавой, а можна было спыніцца і пайсці з агаломшаным праціўнікам на перамовы. Тым больш, што і сам Сталін, адчуваючы блізкую катастрофу, ліхаманкава шукаў дыпламатычныя каналы для перамоваў, да прыкладу, праз саюзніцу немцаў – Балгарыю. Аднак Гітлер спыніцца не змог: немцы ўжо разглядвалі Маскву ў біноклі... Здавалася, яшчэ крыху намаганняў і...
І як вынік, да зімы 1941 года, калі працягнуць аналогію паядынку Германіі і СССР 1941 года з паядынкам баксёраў, абодва бакі ўжо нагадвалі двух смяротна стомленых байцоў, якія здавалася, не маюць ніякіх сілаў нанесці рашаючы ўдар, і віснуць адзін на даным, чакаючы або выпадковага моманту для нанясення такога удару, або пакуль сапернік вычхнецца зусім... Але да канчатковага “гонгу” было яшчэ амаль чатыры даўжэзныя раўнды-гады. Наперадзе СССР чакалі страшныя ўдары немцаў. Пасля кожнага з іх краіна небяспечна хісталася, але ўсё ж выстойвала. Малавядомы факт, што пад тым жа Курскам удар немцаў быў такім моцным, што здавалася, у вялізнага карабля чырвоных, як і праз 60 гадоў ў вядомай падлодкі “Курск”, утварылася смяротная прабоіна. Адзін Бог ведае, якой цаной затыкалі тую “прабоіну” савецкія стратэгі. Страты ў “пераможцаў” Курскай бітвы былі ў некалькі разоў большыя, чым у “пераможаных”. І каб толькі ў ёй!..
А самыя страшныя страты, як сцвярджаюць гісторыкі, Чырвоная армія панесла ў “невядомай” бітве пад Вязьмай. Давялося чытаць успамін аднаго ветэрана верхмахта – удзельніка тае бітвы. Ён і пра дзесяцігоддзі ніяк не мог уцяміць, навошта “рускія” бесперапынна некалькі сутак запар ішлі на іхнія кулямёты ў лабавую, губляючы тысячы і тысячы (!) байцоў, калі немцаў лёгка можна было абыйсці збоку! Потым тыя самыя “стратэгі”, якія пасылалі чырвонармейцаў на кулямёты падчас бойні пад Вязьмай, атрымалі маршальскія і геройскія зоркі, і ўвекавечаныя ў бронзе, як самыя вялікія пераможцы! Іх жа, кажуць, не судзяць!
І ўсё ж пасля Курска пачаўся імклівы заход зоркі Адольфа Гітлера. Немцаў паступова заганялі ў кут, адкуль яны ўжо так і не здолелі выйсці...

Закладнікі гісторыі

У грандыёзных стратэгічных планах бакоў, якія распрацоўваліся перад вайной, было ўлічана, здавалася б, усё – і колькасць жывой сілы і тэхнікі, і накірункі удараў... Але зусім не былі ўлічаныя лёсы дзясяткаў мільёнаў простых людзей, у тым ліку і нашых землякоў, што апынуліся на шляху навалы. Зрэшты, гэта для палітычных і ваенных стратэгаў было зусім нецікава – тыя лёсы на велізарнай шахматнай дошцы вайны былі для іх неабходным фонам, “статыстычнымі пагрэшнасцямі”...
Зусім іншыя адчуванні былі ў саміх гэтых “статыстычных пагрэшнасцяў” – мільё­наў нашых бабуль і дзядуляў, якія 22 чэрвеня 1941 года апынуліся ў абсалютна іншым жыццёвым вымярэнні. Прычым імклівы ход вайны быў для большасці беларусаў шокам – тое, што “магутная Чырвоная армія” будзе так хутка выцесненая з Беларусі і немцы атрымаюць яе на доўгія тры гады на разарванне, магло прысніцца толькі ў кепскім сне!..
У бязлітаснай мясарубцы вайны апынулася і ўся мая беларуская і украінская (з боку маці) радня. Няшмат хто з іх выйшаў з яе жывым. Лёсы многіх іх – зніклых у віхурах вайны невядомыя і пасюль.
Бацька мой – Сямён Фёдаравіч – у лёсападзельным чэрвені 1941-га быў камандзірам мотапехотнага ўзвода Чырвонай арміі. За некалькі тыдняў да пачатку вайны камандаванне ягонай часткі атрымала аператыўныя карты нямецкіх тэрыторый і руска-нямецкія размоўнікі, а чырвонаармейцаў пачыналі пераабуваць з абмоткаў ў добрыя ялавыя боты. Хадзілі размовы, што чакаюцца “вельмі важныя падзеі”. Зразумела, што не 22 чэрвеня...
Ваеннае злучэнне, дзе служыў бацька, было схоплена немцамі пад Міжэрычамі на Гродзеншчыне ў магутныя “клешчы” і літаральна раздушанае. Мала каму пашчасціла ацалець у тым пекле. Той, хто застаўся жывым, трапіў у палон, у іх ліку быў і мой бацька. Цудам яму ўдалося ўцячы і затым тры гады да прыходу Чырвонай арміі ваяваць у партызанскім атрадзе. Потым ізноў акопы, узяцце Кінігсбергу, дзе быў цяжка паранены...
Бацька не раз згадваў пра неверагодную жорсткасць “партызанкі”: як беларусы ваявалі між сабой. Немцы ўмелі ўсталёўваць “новы парадак” чужымі рукамі. Мяркуючы па ўсім, балючая для нас тэма “партызанкі” сёння ўсебакова і аб’ектыўна яшчэ не даследаваная. Але якія б ні былі вынікі тых даследванняў, адзін факт сёння відавочны – пры ўсёй складанасці і трагічнасці стасункаў з бальшавікамі, якія за два дзесяцігоддзі панавання практычна абяскровілі і абезгаловілі нацыю, большасць нашых землякоў падчас вайны усё ж выступілі на іх баку “саветаў”. Відаць, нашыя дзяды і бабулі, калі і мелі нейкія ілюзіі да прыходу немцаў, дык хутка ўразумелі “цывілізацыйны дысбаланс” з носьбітамі “новага парадку”, і той рэальны імператыў, які неслі на сваіх сцягах “юберменшы”. А ён нічога, апроч хуткага знішчэння, большасці беларусаў не абяцаў...

У палоне ілюзій

Вайна на Ўсходзе для немцаў у выніку аказалася зусім іншай чым на Захадзе. Проста несувымернымі, параўнальна з Еўрапейскай кампаніяй, былі маштабы. Несувымернымі ў выніку аказаліся і страты – людскія і матэрыяльныя. А самае галоўнае, адразу выявілася зусім іншая філасофія выйны, чым на Захадзе. Там немцы былі ў звыклым для сябе асяродку, ва ўмовах ледзь не камфортных: іх сустракала звыклая цывілізацыя, дзе ўсё можна было пралічыць да дробязяў. Сеўшы на танкі ў Берліне ці Мюнхене, яны так і ўехалі, амаль не злазячы з іх, у Брусель ці ў Парыж.
У Еўропе ўсходняй лоб у лоб давялося сутыкнуцца не толькі са значна большай баявой сілай праціўніка, але і з зусім іншай духоўнай цывілізацыяй, дзе панавалі абсалютна незнаёмыя “правілы гульні”. Зразумець іх немцам часта было проста немагчыма, бо гэта была іншая матрыца культуры. Яна стварыла процьму лабірынтаў, з якіх педантычныя “юберменшы” спрабавалі шукаць лагічныя выхады і... не знаходзілі! Гэта быў іншы свет, які не ўкладваўся ні ў план “Барбароса”, ні ў дасканалыя аператыўныя распрацоўкі, ні ў скрупулёзныя даследванні нямецкіх вучоных-антраполагаў аб непаўнавартасных абарыгенах. Горшы ён быў ці лепшы, гэта ўжо не мела значэння. Ён быў проста іншы, а значыць, чужародны і літаральна выштурхоўваў акупантаў. З гэтым немцам давялося сутыкнуцца ўжо з першых дзён вайны. Як калісьці Напалеону... Ды хто ж калі вучыўся на чужых памылках!
Занадна вялікім, а ўрэшце проста непад’ёмным, урэшце аказаўся і сам спакусны заваяваны “кавалак”. Дарэчы, тое, што тэўтоны са сваёй невымернай гістарычнай пыхай мусяць ўрэшце “падавіцца”, было ў Германіі многім зразумела нават у эйфарыйныя дні 1941 года. Але хто тады пра гэта гаварыў услых! Болей за тое, пасля лёгкіх перамог першых месяцаў, нават у такіх – цвярозых – немцаў з’явілася спакуслівая думка: а раптам пранясе і насмрэч удасца Гітлеру праглынуць гэтую дзікую Расію! Маўляў, вар’ятам часта шанцуе!
Такія настроі ў Германіі былі, можна сказаць, масавымі. Яшчэ б! У выпадку перамогі адкрывалася проста неверагодная перспектыва – пры мяркуемым каласальным маштабе здабычы задаволеныя былі б, безумоўна, практычна усе без выключэння насельнікі рэйху! О як жа давялося горка расплочвацца народу Германіі за тыя ілюзіі 41-га праз чатыры гады!

Саюзнікі

Ніяк не абыйсці і тэму згаданай трэцяй сілы – так званых “саюзнікаў”. Яна асабліва актуальная ў апошнія дзесяцігоддзі, калі геапалітычны пасьянс набыў даволі пэўную канфігурацыю, у якой, дарэчы, сённяшняя Беларусь пачувае сябе, мякка кажучы, не зусім ўтульна.
Трэцяя сіла – англасаксонскі блок – бліскуча скарысталася няздольнасцю Гітлера і Сталіна дамовіцца, здолеўшы ў сваю чаргу, нягледзячы на вялізныя супярэчнасці, усё ж знайсці лад паміж сабой. З гэтага моманту ЗША брала на сябе адказнасць за вайну Велікабрытаніі з Германіяй, а “Уладычыца мораў” назаўсёды губляла права быць вялікай дзяржавай. Але яе лідэры, якія пайшлі на тыя дамовы і ў выніку ўратавалі жыцці мільёнаў сваіх грамадзянаў, таму такая ахвяра ў гістарычным кантэксце аказалася цалкам апраўданай... Ужо ў чэрвені 1941-га году, пасля нападу немцаў на СССР, калі англасаксы парушылі планы Сталіна, упэўненага, што яны рынуцца на немцаў праз Ла-Манш, стала зразумелым, што сцэнарысты гэтай вайны жывуць не ў Берліне і не ў Маскве. Што ж, магчыма, саюзнікі і кінуліся б (каб па законах джунгляў дабіць слабейшага!), калі б танкавыя арміі Сталіна праз тыдзень – як і планавалася ў савецкім Генштабе – стаялі пад Берлінам. Але дзе яны былі праз тыдзень? У рэальным раскладзе падзей, якія складваліся тады на Ўсходзе, спяшацца на дапамогу СССР было для заходніх саюзнікаў проста абсурдна. Асабліва калі да зімы 1941 года стала зразумелым, што план “Барбароса” праваліўся. Сітуацыя, якая стратэгічна склалася на той момант, сведчыла, што вайна паміж Германіяй і СССР будзе працяглай – занадта гіганцкія ўцягнутыя ў яе сілы і рэсурсы.
Дарэчы, пра рэсурсы. Тыя ж пастаўкі па ленд-лізу ў СССР былі, безумоўна, каласальнымі, але... У бяздонным жэрле вайны яны згаралі вокамгненна – занадта вялікай была ў ім тэмпература. Да таго ж яны жорстка рэгуляваліся ў залежнасці ад кан’юнктуры на савецка-германскім фронце. Дзіўнымі былі падчас вайны і многія ваенныя рашэнні саюзнікаў. Да прыкладу, гісторыя з нафтавымі промысламі Румыніі – адзінай сыравіннай крыніцай фашысцкай Германіі. Саюзнікі мелі рэальную магчымасць іх знішчыць яшчэ ў 1941 годзе і чатыры гады пастаянна бамбілі! Але гэта ім не ўдалося ажно да ўступлення ў Румынію савецкіх войск...
Яшчэ прыклад. Усю вайну амаль бесперабойна караблі пад рознымі сцягамі дастаўлялі ў Германію з нейтральных краінаў неабходныя металы і іншую сыравіну. Быццам бы нейкі нябачны лоцман пракладваў для тых караблёў бяспечныя маршруты. І калі іх нехта і пускаў на дно, то памылкова!
Зрэшты, нічога дзіўнага тут не было. Англасаксы ўжо даўно расклалі свой уласны пасьянс с пралікам на дзесяцігоддзі наперад і былі аб’ектыўна зацікаўленыя любым коштам і як мага надаўжэй захаваць адносны баланс сілаў на ўсходнім фронце. Менавіта таму і не выступілі 3 верасня 1939 года Англія і тады яшчэ пыхлівая Францыя супраць Гітлера, даючы яму магчымасць зрабіць “жывы калідор” да ўсходніх межаў СССР... У цяжкай сітуацыі, якая склалася пасля гэтага для іх саміх, англасаксы (у які ўжо раз у гісторыі!) выявілі свой абсалютны палітычны слых, бліскуча, амаль ювелірна, сыграўшы ў 1941-м на не самых радыкальных супярэчнасцях сваіх візаві і майстэрскі сутыкнуўшы іх ілбамі! Дык ці маглі яны быць зацікаўленымі адначасова са Сталінам атакаваць Германію ў чэрвені 41-га?
А драматычная для СССР трохгадовая зацяжка з другім фронтам каштавала яму не аднаго мільёна чалавечых жыццяў... (Высадка ў Італіі ўлетку 1943 года выпадала з галоўнага геапалітычнага плана саюзнікаў, таму доўга не мела стратэгічнага развіцця). Што ж, варта прызнаць, што разлікі заходніх саюзнікаў СССР былі практычна бездакорнымі. Яны яшчэ раз прадэманстравалі свету свой велізарны гістарычны геапалітычны досвед – не толькі здольнасць цягаць каштаны з агню чужымі рукамі, але і “падзяляць і ўладарыць!

Эпілог

У гісторыі быў чорны для нас дзень 22 чэрвеня 1941-га, але і быў дзень 9 мая 45-га – дзень Вялікай Перамогі. Яна і насамрэч была Вялікай тая Перамога, бо 30 мільёнаў грамадзянаў СССР, у тым ліку і нашых землякоў, бязлітасна кінутых на яе алтар, заслугоўваюць самай вялікай павагі і вечнай памяці. Гэта была і іхняя перамога...
Але перамога мела для пераможцаў розныя наступствы. Як ні сумна прызнаць, але для СССР яна стала па сутнасці піравай. Страшэнныя страты смяротна падарвалі сілы геапалітычнага калоса, і гэта, у ліку іншых абставінаў, таксама было прычынай яго развалу напачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя.
Многія гісторыкі сёння пішуць, што і пераможаная ў другой сусветнай Германія і пераможца – СССР, у выніку абое яе прайгралі – адна раней, другі пазней. Што да Германіі, то яна здолела пасля страшнае паразы не толькі “выздаравець” і вярнуць частку былой сваёй тэрыторыі, але ізноў стаць адной з самых моцных дзяржаваў свету, маючы сёння выдатныя геапалітычныя перспектывы.
Для Беларусі вынікі Вялікай айчыннай былі яшчэ больш трагічнымі, чым для СССР. Нашыя наўпроставыя ваенныя страты аказаліся прапарцыйна значна вышэйшымі, чым любой іншай дзяржавы свету, што ўдзельнічала ў другой сусветнай: каля траціны (!) насельніцтва, больш за палову нацыянальнага багацця... І калі да гэтага дадаць даваенныя страты ад бальшавікоў, то для Беларусі яны, па сутнасці, сталіся неўзнаўляльнымі...
Выраз, што на Беларусі ад вайны пацярпела кожная сям’я, які ўжо даўно стаў прапагандысцкім штампам, на жаль, абсалютна слушны. Так яно і было. Моцна пацярпеў і мой род. Так і не ачуняў да канца сваіх дзён мой родны бацька – віхуры вайны моцна пакалечылі не толькі ягонае здароўе, але і жорстка паламалі лёс. Я заўсёды думаю пра тое, што ён, са сваёй любоўю да беларускага, са сваім фенаменальным дарам апавядальніка і выдатнай памяццю – ведаў напамяць многія дзесяткі вершаў і аповедаў на беларускай мове – мог стаць добрым пісьменнікам. Прынамсі менавіта ён у дзяцінстве шчодра адчыніў мне дзверы ў беларушчыну, якая стала маім лёсам...
Бясследна зніклі на фронце ў першыя ж дні вайны два мае родныя дзядзькі. Ніякіх слядоў не засталося і ад шмат якой іншай радні, як беларускай так і украінскай. Ім – незнаёмым мне дарагім маім сваякам – так і не пашчасціла пабудаваць сабе дамы, нарадзіць дзетак!
Відавочна, што дзень 22 чэрвеня 1941 года стаў для беларусаў адзін з самых трагічных у гісторыі, бо менавіта ён запусціў страшны механізм вынішчэння апошніх рэшткаў генетычна перспектыўнага матэрыялу для будучага яе росквіту. Але ў гісторыі ўсё пабудавана на парадоксах – разам з тым менавіта ў той дзень быў запушчаны няўхільны гістарычны таймер адліку дзён і да вельмі важнага ў нашай гісторыі моманту. Хутчэй за ўсё, менавіта 22 чэрвеня 1941-га пачыналася новая гістарычная эпоха, якая завершылася праз 50 гадоў вяртаннем уласнай дзяржаўнасці, страчанай здавалася б беззваротна калькі соцен гадоў таму.
Хто ведае, можа і меў рацыю адзін з расійскіх гісторыкаў, які пісаў, што пачатая улетку 1941 у Беларусі вайна скончылася не ў Берліне, у маі 1945-га перамогай СССР, а ўзімку 1991 – таксама ў Беларусі – ягонай паразай.
Зрэшты, можа яна яшчэ для нас і не скончылася? Як для таго беларускага партызана з вядомага анекдоту, што 20 гадоў дарэмна пускаў пад адкос цягнікі? Зрэшты, гэта тэма для асобнай размовы...