12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Гібок-Гібкоўскі

_____________________
Таямніца скарбаў Напалеона. Беларускі след


Зусім няшмат часу засталося да 200-гадовага юбілею знакавай у гісторыі катастрофы Вялікай
арміі Напалеона Банапарта на беларускай рацэ Бярэзіне, якая адбылася 24 лістапада 1812 года. Гісторыкі сцвярджаюць, што менавіта гэтая падзея
і была рэальнай кропкай у амбітным паходзе Напалеона на ўсход. Тая катастрофа на нашай зямлі пакінула пасля сябе даволі ёмкі шлейф міфаў і легендаў, якія могуць паўплываць і на нашу сённяшнюю рэальнасць, прычым з самага нечаканага боку...

Унікальная канва

Не сакрэт, што сёння нашая краіна не вельмі цікавая для турыстаў, асабліва для разбэшчаных усемагчымай экзотыкай аматараў падарожжаў з заможных заходніх і ўсходніх краінаў. Да прыкладу, супастаўляльная па насельніцтву Чэхія прымае каля 7 мільёнаў турыстаў на год, што амаль у 10 разоў больш, чым Беларусь. Зразумела, што ў нас няма ні “Златай Прагі”, ні выкшталцонай “Бехераўкі”, ні такога выдатнага піва, ды і яшчэ шмат чаго... І ўсё ж ...
Тыя, хто цікавіцца гісторыяй, ведаюць, што нашая Радзіма ў ХV-XVII стагоддзях, кажучы сучаснай мовай, была ў агульнаеўрапейскім рэйтынгу па ўсіх цывілізацыйных і культурных паказчыках на даволі прыстойным узроўні. Было ў нас шмат замкаў, храмаў, палацаў, паркаў і іншых славутых збудаванняў, якія сёння зрабілі б гонар любой еўрапейскай краіне. Таму сведчанне, да прыкладу, цудам ацалелыя Мірскі і Нясвіжскі замкі, шэраг унікальных старажытных храмаў у Гародні, Сынкавічах, Мураванцы ды інш.
На жаль, захавалася тых помнікаў даўніны няшмат. І не дзіва, бо надта ж цяжка было гэта зрабіць у становішчы паміж грувасткімі жорнамі дзвюх розных цывілізацый. Разам з тым, такое вось спецыфічнае, экстрымальнае месцазнаходжанне “Зямлі пад белымі крыламі” сфармавала ўнікальную сюжэтную канву нашай гісторыі, якой не шмат хто можа пахваліцца. Безліч усялякіх вялікіх і малых падзеяў еўрапейскага і сусветнага значэння адбывалася акурат на нашых прасторах і пакінула тут шмат слядоў, у тым ліку і неразгаданых таямніцаў.
Нядаўна нават кніга выйшла пад назваю “Тайны беларуской истории”. Аўтар яе В. Дзеружынскі з сізіфавай апантанасцю спрабуе некаторыя з тых таямніц, прынамсі, стратэгічных, раскрыць. Мяне асабіста гэтая праца ўразіла, бо маштабы закранутых там праблемаў гіганцкія, а магчымасці іх вырашэння – мінімальныя. І ўсё ж Дзеружынскі рызыкнуў, ён змог невялікі інфармацыйны патэнцыял сканцэнтраваць і выдаць на гара твор, які не пакідае абыякавых. Усе закранутыя ў ягонай кнізе моманты нашай эвалюцыі – ад паходжання да найбольш значных падзей найноўшай гісторыі – востра патрабуюць сёння свайго новага асэнсавання. Дзеружынскі менавіта такім шляхам і пайшоў, балансуючы ўвесь час, па-сутнасці, на лязе нажа. Не з усімі ягонымі высновамі можна пагадзіцца, бо, на жаль, яны часам выразна тэндэнцыйныя. І ўсё ж, на маю думку, гэтая таленавітая кніга сваю справу робіць, услед за нашымі лепшымі пісьменнікамі і гісторыкамі (У. Караткевіч, К. Тарасаў, У.Арлоў, Л. Дайнека, Г. Сагановіч і інш.) яна рэальна абуджае цікавасць беларусаў да сваіх каранёў, да асэнсавання свайго месца ў свеце. Асабліва на фоне сённяшняй, новай пасля пачатку 90-х гадоў, хвалі цікавасці да нацыянальнай гісторыі. Разам з тым, кніга “Тайны беларуской истории” яшчэ раз пацвердзіла, што наша гісторыя застаеццца пакуль што шмат у чым тэра інкогніта.
І вось тут – вялізнае поле для дзейнасці нашых нацыянальна свядомых гісторыкаў, сярод якіх шмат таленавітых і сур’ёзных даследчыкаў. Хто з нас, да прыкладу, не памятае, якога шуму ў нашым “балоце” нарабіў у свой час згаданы Генадзь Сагановіч сваёй “Невядомай вайной”? Чаго толькі не прыпісвалі яму ўсемагчымыя “каментатары”! Зусім нядаўна гісторыку нават давялося даваць тлумачэнні ў СМІ наконт некаторых палажэнняў тае даўняе кнігі...
Зразумела, што вялікая роля ў новым асэнсаванні беларускай гісторыі зноў будзе належаць і нашым лепшым майстрам слова – людзям найлепш здольным інтуітыўна, нават па нязначных рэштках гістарычных слядоў і фактаў рэканструяваць у сваіх мастацкіх тэкстах мінуўшчыну. Так як зрабілі гэта палякі напрыканцы ХІХ стагоддзя, стварыўшы сваю практычна новую гістарычную міфалогію. Ды ўжо і сёння ў нас ёсць выразныя зрухі ў гэтым плане.
Не буду рабіць аналіз усіх нашых здабыткаў за апошні час, але назаву толь­кі некалькі мастацкіх твораў, якія публікаваліся адносна нядаўна ў часопісе “Дзеяслоў”. Парадваў адзін з “апошніх магікан” – тых, што яшчэ поруч з Караткевічам пачынаў ствараць славу гістарычнаму жанру нашай новай беларускай літаратуры – Л. Дайнека – сваім раманам “Пра лісоўчыка, злога хлопчыка”. Батальныя сцэны ў гэтым творы выпісаны настолькі бліскуча, настолькі аб’ёмна, што ўяўляеш іх абсалютна рэальна.
З вялікай асалодай прачытаў у “Дзеяслове” некалькі новых, на мой погляд вельмі таленавітых, гістарычных раманаў маладзейшых аўтараў – “Гульня ў Альбарутэнію...” і “Сутарэнні Ромула” Л. Рублеўскай (гэтыя два творы ўвайшлі і ў новую кнігу пісьменніцы) – і “Сим победиши” А. Пашкевіча. І Рублеўская, і Пашкевіч ужо не першы раз паспяхова звяртаюцца да гістарычнай тэматыкі. Абодва аўтары па-майстэрску карыстаюцца прыёмам паралельнага рамана, што заўсёды дае новыя магчымасці для раскрыцця вобразаў герояў. У выніку атрымалася сапраўдная і вельмі цікавая літаратура, якую чытаеш на адным дыханні і да слёз шкадуеш, калі твор завяршаецца. Рублеўская на грунце рэальных дакументаў здолела стварыць вельмі ўдалы вобраз беларускага інтэлігента 30-х гадоў мінулага стагоддзя – своеасаблівага героя таго часу – прычым у самым наўпроставым сэнсе гэтага слова. Пашкевіч смела сягае ў значна больш аддалены час, зрабіўшы галоўным героем не чалавека, а кнігу, дакладней, той раздзел з Евангелля, які меў, мае і мецьме каласальны ўплыў на ўсё развіццё нашай цывілізацыі. Мастаку заўсёды не проста звышзадачу такога кшталту абгрунтаваць, бо на яго аказвае каласальны ўплыў рэальнае сённяшняе жыццё і акружэнне, процьма спакусаў, што збіваюць са шляху. Да гонару Пашкевіча, яму тую звышзадачу вырашыць удалося. Тэма вельмі цікавая і перспектыўная, і тут пісьменніку і карты ў рукі.
На мой погляд, усе пералічаныя вышэй творы – гатовы добры сцэнарны матэрыял для новых гістарычных кінапастановак беларускай нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Перакананы, што гэта рана ці позна здзейсніцца!..
Відавочна, што традыцыі У. Караткевіча жывыя і ў нас ёсць яркія яго наступнікі. Бо толькі праз таленавітае і смелае асэнсаванне свайго мінулага мы зможам нарэшце ўсвядоміць і сваё рэальнае месца ў сённяшнім свеце, ды, зрэшты, і ўвогуле ацалець як нацыя ў сучасных геастратэгічных глабалісцкіх віхурах. Да таго ж, гэта абавязкова паўплывае і на цікавасць іншых народаў да нашай зямлі і народа, які яе насяляе.

Міфы на экспарт

Як вядома, адгалоскі даўніны часцей за ўсё даходзяць да нас у выглядзе міфаў, якія затым уседлівыя гісторыкі даводзяць да навуковападобнага выгляду і прадстаўляюць як уласна гісторыю. Ніхто сёння дакладна не ведае, што насамрэч адбывалася некалькі тысячагоддзяў таму ў Грэцыі і Рыме. Але, патрапіўшы сёння ў месцы, дзе знаходзяцца старажытныя разваліны, мы, раскрыўшы рот, слухаем экскурсаводаў, якія распавядаюць нам... не, не пра рэальную хаду падзеяў, якія там адбываліся і якіх ніхто сёння не ведае, а ўсё тыя ж… міфы.
На міфах грунтуецца і нашая гісторыя, незалежна ад таго, вусныя яны ці пісьмовыя. Але і сярод іх ёсць свая іерархія. Некаторыя міфы займаюць у той іерархіі прыярытэтнае месца, бо закранаюць галоўнае, а ёсць і такія, якія падаюцца нам другаснымі. Яны больш прыземленыя, а часта, нават і “заземленыя”, але і яны цярпліва чакаюць сваёй чаргі на разгадку нашчадкаў. Частка з іх мае выразную сенсацыйную афарбоўку, несучы ў сабе элемент таямніцы. Часам па глыбіні інтрыгі, якую такія лакальныя таямніцы-сенсацыі ў сабе заключаюць, яны значна пераўзыходзяць нашыя рэгіянальныя магчымасці іх разгадкі.
Менавіта такія міфы-таямніцы, калі іх крыху ажывіць, “прапіярыць”, могуць сыграць вялізную ролю ў стварэнні турысцкай прывабнасці нашага краю. А рэзкае павелічэнне турысцкай прывабнасці нашага краю, можа стаць якраз тым самым рэальным “паравозам”, што… выцягне і ўсю астатнюю, не вельмі зайздросную пакуль, нашую эканоміку з застарэлай багны.
І вось тут ізноў самы час вярнуцца да тэмы 200-годдзя юбілею катастрофы арміі Напалеона на Бярэзіне. Тая падзея якраз і ёсць крыніцай такіх вось міфаў-таямніцаў. Адзін з іх быццам бы даўно і добра вядомы ў свеце – лёс так званых “скарбаў Напалеона”. Гаворка ідзе пра нарабаваную ў 1812 годзе ў Маскве і вывезеную адтуль напалеонаўскім войскам каласальную колькасць розных каштоўнасцяў. Таямніцы той ужо два стагоддзі, але яна дасюль яшчэ нікім не разгаданая. Доўгі час усё звязанае з ёю мы спакойна аддавалі на водкуп нашым суседзям – расейцам, палякам, летувісам, ці тым жа нашчадкам напалеонаўскіх заваёўнікаў. І не да таго нам было, а, магчыма, і не бачылі беларусы, якія некалькі стагоддзяў не мелі сваёй дзяржавы, у гэтай тэме для сябе нічога важнага. На маю думку, сёння якраз і надышоў час нам разабрацца як след і з гэтай спадчынай.
Чытач тут скептычна пасміхнецца, маўляў, ізноў пра стары заезджаны міф! І насамрэч, пра скарбы Напалеона не пісаў толькі лянівы. Але адразу адзначу, сёння толькі беларусы могуць пісаць пра гэта найбольш прадметна, бо, па сведчанні шмат­лікіх адмыслоўцаў, скарбы тыя рэальна захоўваюцца менавіта на нашай зямлі…

Капітал таямніцаў

Пра існаванне скарбаў Напалеона і менавіта беларускі іх след ёсць нямала пісьмовых сведчанняў: прыватная перапіска французскіх афіцэраў з Парыжам падчас паходу 1812 года ў Расію, мемуары шматлікіх яго ўдзельнікаў. Але, напэўна, самыя вартыя даверу успаміны блізкіх да Напалеона людзей: маршала Берцье – начальніка штаба напалеонаўскага войска і асабістага ад’ютанта імператара графа Сегюра. Абодва яны сярод сваіх калегаў мелі вельмі добрую рэпутацыю. Для шукальнікаў скарбаў іх ўспаміны ёсць на сённяшні дзень найболей інтрыгуючымі даведнікамі ў таямнічым лёсе “скарбаў Напалеона”.
Даследчыкі з розных краін свету, якія грунтоўна прааналізавалі вышэйзнаданыя дакументы, зрабілі кароткія, але даволі ёмкія высновы:
а) абоз, нагружаны скарбамі, з Масквы насамрэч выйшаў;
б) пераважная частка абозу дайшла да Беларусі;
в) ні адзін з тых вазоў, якія везлі скарбы з Масквы, так і не з’явіўся на тагачаснай заходняй мяжы Расіі;
г) як вынік, ні адна, нават самая маленькая калымага з каштоўнасцямі, у Францыі так і не з’явілася, і ніхто там так і не ўбачыў нічога са згаданых нямераных маскоўскіх скарбаў...
Адна з найбольш вядомых версій знікнення скарбаў Напалеона звязаная якраз з пераправай войска Напалеона праз беларускую раку Бярэзіну. Зрэшты, нямала знойдзецца сёння месцаў у Беларусі, жыхары якіх згадваюць “найсапраўдныя факты” таго, што менавіта ў іхніх мясцінах і схаваў Напалеон свае нарабаваныя ў Расіі скарбы. Прачытаў, да прыкладу, зусім нядаўна надзвычай цікавыя, часам проста сенсацыйныя, успаміны вядомага беларускага пісьменніка і драматурга Алеся Петрашкевіча “Крыніцы і каламуць”. (Дарэчы, незаслужана незаўважаную грамадскасцю кнігу, якая проста бліскуча асвятляе цэлы пласт нашай гісторыі!). Дык вось, жыхары Талачыншчыны, адкуль родам пісьменнік, і да сёння абсалютна перакананыя, што свае скарбы Напалеон прыхаваў менавіта ў адным з іхніх азёраў.
Я мяркую, што чытач ужо зразумеў, куды я хілю. Пры належным інфармацыйным забеспячэнні гэтай тэмы ў свеце – прасцей кажучы, яе піяры – цікавасць да нашага краю сёння можа ўзрасці неймаверна. Зразумела, найперш у суседняй Расіі, дзе да тэмы скарбаў заўсёды ставіліся вельмі сур”ёзна і па-расейску маштабна. Але і не толькі. Сёння, у звязку са згаданым юбілеем паходу Напалеона ў Расію, цікавасць да пошуку ягоных скарбаў у астатнім свеце пачынае імкліва ўзрастаць. Зноў пачало з’яўляцца нямала публікацый на гэты конт у замежным, асабліва ў французскім друку. У Францыі гэтая тэма будзе заўсёды актуальнай, бо нашчадкі тых, хто застаўся назаўсёды ў нашых лясах і балотах 200 гадоў таму, спяць і мараць вярнуць тыя згубленыя ў Беларусі скарбы.
Што гэта менавіта так, што сляды напалеонаўскіх скарбаў існуюць на нашай зямлі, сведчыць і адзін рэальны выпадак з майго жыцця, пра які я і хачу распавесці чытачам.

Зніклы егер

Скажу шчыра, асабіста я доўгі час да “фактаў” наяўнасці ў Беларусі якіх бы там ні было скарбаў, а тым больш скарбаў Напалеона, сур’ёзна не ставіўся. Лічыў іх найперш плёнам багатай творчай фантазіі шматлікіх аматараў сенсацыяў, якіх спрадвеку безліч у чалавечым асяродку, і, вядома ж, плёнам высілкаў маіх калегаў-журналістаў і белетрыстаў. Але нядаўна ў маім жыцці здарылася падзея, якая моцна змяніла мой скептычны погляд.
Патэлефанаваў неяк стары прыяцель, аднакурснік па маёй першай адукацыі – машынабудаўнічым тэхнікуме, які працаваў егерам у Бярэзінскім запаведніку, Уладзік Шышко. Паведаміў, што знаходзіцца ў сталіцы і тэрмінова хацеў бы са мной сустрэцца. За вячэрай у адной з кавярняў аднакурснік распавёў мне гісторыю, якая была больш падобная на сюжэт крутога прыгодніцкага рамана. Мне нават спачатку падалося, што Уладзік разыгрывае мяне – балазе, у часы нашай маладосці ён быў вялікім аматарам такіх справаў. Але, мяркуючы па яго сур’ёзным і нават усхваляваным выразе твару, я зразумеў, што чалавеку не да жартаў …
Уладзімір на той час працаваў егерам ужо каля чатырох дзясяткаў гадоў. Пайшоў на гэтую службу якраз неўзабаве пасля заканчэння “машынкі” па прыхільнасці сэрца. Бо яшчэ падчас навучання ён вылучаўся невычарпальнай любоўю да ўсяго жывога. Да прыкладу, у нашым цесным інтэрнацкім пакоі ён умудраўся трымаць сапраўднага хамячка, што было катэгарычна забаронена. Нашая камендантша Марыя Іванаўна мела дакладныя “агентурныя” звесткі, што Шышко трымае жыўнасць, але “накрыць” парушальніка рэжыму так і не змагла – Валодзя быў фантастычна вынаходлівым.
Доўгі час пасля заканчэння тэхнікума мы з Шышко не бачыліся, і калі сустрэліся аднойчы выпадкова ў сталіцы напачатку 90-х, абодва моцна расхваляваліся. Тая сустрэча падарыла нам процьму прыемных настальгічных успамінаў пра цудоўныя часы нашага юнацтва. Затым Уладзік не раз запрашаў мяне да сябе ў госці на Бярэзіншчыну, дзе я спыняўся ў ягонай экзатычнай леснічоўцы, і ён з гонарам знаёміў мяне са сваімі ляснымі ўладаннямі. Уражанні мае былі проста неверагоднымі, бо хто ж не ведае, наколькі маляўнічыя тыя мясціны Беларусі.
І вось цяпер заўсёды флегматычны Уладзік быў проста непазнавальны, ён быў не толькі ўсхваляваны, але і, як мне падалося, нават напалоханы. Хутка ўсё праяснілася – Шышко з таямнічым выгладам паведаміў мне пра дзіўнае знікненне ягонага калегі па працы, як і ён, егера суседняга ўчастка Бярэзінскага запаведніка. Знік Марк (так звалі ягонага калегу) абсалютна нечакана, без усялякага папярэджання і без нейкіх слядоў, як быццам бы растварыўся. Калі я слушна нагадаў Уладзіку пра “кампетэнтныя органы”, якія мусяць займацца такімі справамі, ён толькі паблажліва ўсміхнуўся:
– Ды ўжо ж, я адразу і заявіў... Але там толькі рукамі развялі!.. Хутчэй іголку ў стозе сена знойдзеш, чым егера ў лесе, асабліва, калі ён сам там схавацца вырашыў...
Па словах Уладзіміра, Марк жыў у сваёй леснічоўцы таксама адзін, калі не лічыць ягонага ганчака з дзіўным імем Каркас, што шмат гадоў быў ценем гаспадара. Дарэчы, наўрад ці ўвогуле хутка хто-небудзь спахапіўся б шукаць адзіночку-егера ў лесе, калі б не згаданы Каркас, які нечакана аб’явіўся ля Уладзікавай леснічоўкі. Прычым, што падалося майму аднакурсніку вельмі дзіўным, Каркас паводзіў сябе падкрэслена спакойна, нічым не выдаючы свайго хвалявання з нагоды драматычнага знікнення гаспадара.
Але факт заставаўся фактам – Марк знік з канцамі! І Уладзік быў глыбока перакананы, што здарылася гэта ў наўпроставым звязку з гісторыяй, якую ягоны калега распавёў яму незадоўга да свайго знікнення, прычым пад найвялікшым сакрэтам! Было відно, што цяпер Уладзіка проста распірала, каб з некім падзяліцца сваімі думкамі. Па ягоных словах, гаварыць пра ўсё гэта ў міліцыі, ці каму б там ні было, ён проста не рашыўся, бо тэма была “надта ж небяспечная”. А звярнуўся да мяне, бо ведаў пра мой немалы прафесійны журналісцкі досвед, і, безумоўна, разлічваў на нейкую параду, ці дапамогу.

Французскі госць

Некалькі месяцаў таму да Марка ў ягоную леснічоўку, размешчаную ў вельмі маляўнічым месцы непадалёк ад ракі Бярэзіна, нечакана завітаў вялікі начальнік з лясніцтва, чаго, зрэшты, не здаралася ўжо шмат гадоў. Заехаў не з праверкай, а з асабістай просьбай – прыняць на пэўны час на пастой замежнага госця – французскага арнітолага. Француз, па ягоных словах, меў за мэту ў Беларусі вывучэнне арэала пералётных птушак. Паколькі Марк, калі не лічыць Каркаса, даўно жыў адзін, то адразу пагадзіўся – парадаваўся нават, маўляў, хоць будзе вечарамі з кім слоўцам перакінуцца...
Француз прыехаў назаўтра раніцай. Беларускай мовы ён не ведаў зусім і амаль не разумеў, але рускай мовай валодаў нядрэнна, і ўсё ж наконт “слоўцам перакінуцца” Марк моцна памыліўся. Раніцай Поль, так звалі госця, скупа вітаўся, хутка снедаў і адразу пасля гэтага сыходзіў у лес, прыхапіўшы з сабою заплечнік і нейкую металічную прыладу, падобную да тэлескапічнай вуды, і невялікую сапёрную лапатку. Тым усе зносіны і абмяжоўваліся. Вяртаўся Поль амаль зацемна, заўсёды моцна запэцканы і стомлены і, наспех павячэраўшы, тут жа ўладкоўваўся спаць. Яму было не да размоваў “па душах”. На настойлівыя прапановы гаспадара прыняць па чарцы беларускай самагонкі, трымаў стойкую абарону, маўляў, пакаштуе, калі справу скончыць...
Але неяк адвячоркам француз у леснічоўку не з’явіўся. Ужо добра сцямнела, і Марк пачаў трывожыцца – ці не патрапіў ягоны кватарант у бяду? Тым больш, што надвор’е выдалася не лепшым – пайшоў дробны аблажны дождж – і заблу­дзіцца немясцоваму чалавеку ў чужым лесе было вельмі проста. Марк вырашыў выправіцца на пошукі госця, спадзяючыся ў першую чаргу на праверанага Каркаса. І той даволі хутка надзею спраўдзіў – ён раптам насцярожыўся і, надрэсіраваны не палохаць дзічыну, нягучна гыркнуў, і Марк зразумеў, што ягоны госць знайшоўся. І сапраўды, наперадзе ў прагаліне паміж дрэвамі мільганула слабое святло, і перад вачамі егера адкрылася дзіўная карціна, якая і насамрэч нагадвала сцэну са старых прыгодніцкіх раманаў.
На ўчастку запаведніка, які знаходзіўся ў веданні Марка, расло некалькі вельмі старых, па сутнасці рэліктавых, дубоў, аднаму з якіх было больш за паўтысячы гадоў. І акурат пад гэтым дубам яго зніклы госць пры святле ліхтарыка корпаўся ў вялікай свежараскапанай яме. Было відно, што ён наскрозь прамок, але ў сваёй апантанасці не звяртаў на дождж ніякой увагі. Марк знакам спыніў сабаку і стаіўся за дрэвам. Неўзабаве француз падняў з ямы на паверхню невялікую скрынку. У гэты момант егер разам са сваім Каркасам і выйшаў з-за дрэваў, трымаючы напагатоў стрэльбу... Француз, які відавочна не чакаў сведкаў, моцна зніякавеў...
У леснічоўцы Марк загадаў госцю адкрыць скрынку. У ёй быў загорнуты ва ўжо добра сапрэлую матэрыю скрутак, унутры якога аказалася нейкая карта.
– Што гэта? – спытаў Марк у француза. У адказ той здзіўлена паціснуў плячыма. Было відно, што і сам ён разлічваў на іншую знаходку. Госць моўчкі цяжка апусціўся ў крэсла. Разгаварыўся ён як след толькі тады, калі гаспадаром разам з госцем была выпіта да донца бутэлька самагонкі…
Поль быў у далёкай камандзіроўцы ў Тайландзе, калі паміраў у прытулку для старых ягоны вельмі сталага веку бацька. На пахаванне хлопец не паспеў, а па вяртанні яму перадалі бацькавыя асабістыя рэчы. У асноўным гэта былі асабістая перапіска і некаторыя справавыя паперы, якія ў большасці сваёй ужо ні для каго не ўяўлялі цікавасці. Некалькі дзён Полю было не да іх, але калі ён усё ж пачаў іх праглядаць, то на вочы патрапіла невялікая скураная папка, у якой ён знайшоў нейкую старую карту і пажоўклы ліст. Аўтарам ліста быў яго прапрадзед Жэрар – капітан французскага войска, удзельнік паходу войска Напалеона ў Расію ў 1812 годзе. І адрасаваны ліст быў ягонаму сыну Люсьену – прадзеду Поля. Змест ліста, у якім ішла размова пра падзеі амаль 200-гадовай даўніны, ашаламіў...
У лісце прадзеда распавядалася пра адступленне Вялікай французскай арміі ад Масквы восенню 1812 года і звязаныя з гэтым падзеі. Але самым сенсацыйным у тым лісце была згадка пра лёс часткі вядомых усяму свету “Напалеонаўскіх скарбаў”, якія везлі тады французы з Масквы.

Вялікае абрабаванне

Як вядома, падчас свайго знакамітага паходу ў Расію 1812 года войскам Напалеона крыху больш чым за месяц вайны ўдалося захапіць яе другую сталіцу – Маскву. Тады гэты горад з насельніцтвам каля 300 тысячаў чалавек, быў адным з самых вялікіх гарадоў у Еўропе. Багатае радавое гняздо маскоўскіх князёў і рускіх цароў, Масква з’яўлялася буйным культурным і адміністрацыйным цэнтрам Расіі, яе другой сталіцай. Менавіта тут на тэрыторыі маскоўскага Крамля ў велізарным сховішчы каштоўнасцяў – так званай Аружэйнай палаце – і знаходзіліся на захаванні галоўныя спадчынныя каштоўнасці рускіх цароў.
Масква, дзе налічваліся сотні раскошных цэркваў і манастыроў, была і бясспрэчным рэлігійным цэнтрам Расійскай імперыі, а яе Успенскі сабор лічыўся ці не самым багатым у свеце. Унутранае ўбранне маскоўскіх храмаў здзіўляла сваім фантастычным багаццем. Чуткі пра іх залатыя купалы хадзілі далёка за межамі Расійскай імперыі. Менавіта праз іх і ўвайшоў ва ўжытак выраз – “Масква золатагаловая”...
Акрамя Аружэйнай палаты, храмаў і дамоў багатых гараджан, значныя каштоўнасці знаходзіліся ва ўрадавых установах – казначэйстве, асігнацыйным банку, горным упраўленні і іншых. Словам, для любых заваёўнікаў Масква ўяўляла з сябе надзвычай ласы “кавалак”. Не стала выключэннем і “Вялікая армія” Напалеона. Тым болей, што з-за разявацтва маскоўскіх граданачальнікаў пераважная большасць маскоўскіх скарбаў не была эвакуяваная.
Пасля паразы ў Барадзінскай бітве войска Кутузава Масква была па сутнасці кінутая на рабаванне захопнікам. Пераможцы, увайшоўшы ў гэты горад у вераснёўскія дні 1812 года, усчалі ў ёй сапраўдны баль. Па сведчанні відавочцаў, прыход “Вялікай арміі” з цывілізаванай Еўропы нагадваў уварванне дзікіх орд гунаў. Масква была нечувана нават па тых часах абрабаваная. З неверагоднай сквапнасцю ліхаманкава хапалі ўсе: ад генералаў да апошніх абозных прастытутак. Асабліва пацярпелі храмы, дзе азвярэлыя “заваёўнікі Еўропы” абдзіралі срэбнае і залатое пакрыццё купалоў, рызніцаў, абрывалі аклады з каштоўных абразоў, многія з якіх тут жа ламалі на кавалкі і палілі, каб сагрэцца. У згаданым Успенскім саборы вандалы нават усталявалі плавільныя гораны, дзе пераплаўлялі ў зліткі каштоўныя вырабы з серабра і золата, унікальныя па прыгажосці творы мастацтва. Шматлікія цэрквы былі ператвораныя ў казармы, бойні для скаціны, склады, стайні і г.д.
Не адставаў ад свайго ваярства і імператар, які імкнуўся адзначыць знаходжанне ў заваяванай краіне трафеямі, што ўяўлялі для расейцаў сімвалічную каштоўнасць. Ён загадаў зняць са званіцы Івана Вялікага адну з галоўных рускіх святынь – залаты крыж, а з Аружэйнай палаты забраць шэраг галоўных гістарычных рэліквій Расіі. Гэтыя трафеі мусілі стаць пры вяртанні ў Парыж важкім сімвалам пакарэння Расіі.
Фіналам “балю пераможцаў” у Маскве стаў страшэнны пажар, які ў лічаныя дні ператварыў горад у котлішча.
Напалеон нейкі час чакаў у разгромленай Маскве капітуляцыі, як яму здавалася, загнаных у кут ворагаў, але, так і не дачакаўся. Смяротна абражаны Аляксандр І ніяк не адказаў на адпаведнае пасланне Напалеона. І той 19 кастрычніка 1812 года змушаны быў разам са сваім войскам пакінуць Маскву. Але на той момант усе прымальныя для французаў шляхі адыходу ўжо былі шчыльна перакрытыя праціўнікам. І ў Банапарта заставаўся толькі адзін шлях вяртання на захад – па спустошанай Смаленскай дарозе…
За адступаючым з Масквы войскам вялізнай шматкіламетровай змяёй пацягнуўся абоз, цяжка загружаны нарабаванымі каштоўнасцямі. Лік вазоў у тым абозе быў амаль што роўным колькасці вояў са стрэльбамі, бо практычна кожны афіцэр і салдат мелі ўласны воз, а то і не адзін, дзе былі ўпакаваныя нарабаваныя ў Маскве трафеі.
Чаго толькі не было на вазах і фурманках: скрынкі і бочкі з золатам і срэбрам у злітках і манетах, дыяменты і жэмчуг, вышыванае золатам і каштоўнымі камянямі адзенне, дарагая старадаўняя зброя, каштоўныя карціны, багатае царкоўнае начынне! Канчатковым пунктам маршруту гэтага гіперабозу была, зразумела, Францыя, дзе заваёўнікі разлічвалі пры дапамозе нарабаванага паправіць сваё матэрыяльнае становішча. Гэтыя шчаслівыя сваёй багатай здабычай людзі яшчэ не ведалі, што хутка іхнімі касцьмі будзе спрэс усцеленая Смаленская дарога, што да Францыі дабяруцца лічаныя тысячы з іх, а ўвесь фантастычна багаты абоз пад час доўгай дарогі да мяжы з Расіяй бясследна знікне...
Адступленне “Вялікай арміі” было надзвычай складаным, ад голаду і моцнай сцюжы, якая ўсчалася неўзабаве, войска несла велізарныя страты. Напрыканцы лістапада рэшткі яго выйшлі да ракі Бярэзіны, дзе патрапілі ў сапраўдны “кацёл”, арганізаваны расейцамі. Здавалася, што войска Напалеона ў пастцы, з якой няма выйсця. Блізкі паплечнік Напалеона маршал Ней заявіў тады, што калі імператар здолее з яе выблытацца, то ў ім сядзіць сам чорт…
Ці сядзеў насамрэч “рагаты” ў імператару – гісторыі дакладна невядома, але ў той крытычнай сітуацыі ён ізноў паказаў сябе чалавекам неардынарным. Праз мясцовае насельніцтва рускім падкінулі “дэзу” пра меркаваны ўчастак пераправы. А тым часам асноўныя сілы скіраваліся ў зусім іншае месца, дзе сапёры і пачалі ўзводзіць масты. Зрабіць гэта было няпроста, бо ў Маскве, каб вызваліць месца пад скарбы, было выкінута практычна ўсё сапёрнае абсталяванне, таму атрымалася пабудаваць толькі два масты. Для шматтысячнага войска гэта быў мізер, і каб паменшыць напружанне падчас пераправы, імператар загадаў спаліць вялікую частку экіпажаў, фурманак і вазоў, нагружаных нарабаваным у Маскве дабром. Нягледзячы на моцнае процідзеянне, загад імператара ўсё ж выканалі, для чаго спатрэбілася расстраляць нямала незадаволеных.
Мяркуючы па ўсім, менавіта гэты момант быў адным з ключавых у лёсе большай часткі нарабаваных у Маскве скарбаў. Тысячы амаль звар’яцелых людзей, зразумеўшы, што гінуць усе іх надзеі, сталі ліхаманкава закопваць сваю здабычу ў таемных месцах на беразе Бярэзіны і ў бліжэйшых лясах, спадзеючыся калісьці вярнуцца па яе...

Блуканні французскага капітана

Прадзеду Поля капітану Жэрару Жакасу на шляху з Масквы да Бярэзіны пашчасціла ахоўваць абоз з асабістым грузам самога імператара. Камандаваў атрадам аховы генерал Боннэр. Дзякуючы ягонай волі і жалезнаму характару імператарскі абоз быў дастаўлены да Бярэзіны практычна ў цэласці. Жэрар да таго часу ўжо ведаў, што ён ахоўвае разам з іншымі гвардзейцамі імператара – на адным з пераходаў адзін добра ўпакаваны воз сарваўся з насыпу, і ўсе скрыні і бочкі з яго разляцеліся ў розныя бакі. Высветлілася, што яны былі набітыя залатымі і срэбнымі ўпрыгожаннямі...
Зразумела, што імператарскі абоз рыхтавалі да пераправы праз Бярэзіну ў першую чаргу. Але ўначы напярэдадні пераправы на яго з лесу нечакана напаў моцны казачы раз’езд рускіх. Напад удалося адбіць, і казакі адступілі. Але ў сутычцы апроч некалькіх гвардзейцаў, загінулі і некалькі коней з абозу – у выніку адзін з вазоў застаўся бясконным. Знайсці цяглавую скаціну ў той сітуацыі было немагчыма ні за якія грошы. Няма чаго было і казаць пра тое, каб перагрузіць каштоўнасці на іншыя вазы – яны і так ледзь рухаліся.
Пасля бою з казакамі генерал паклікаў да сябе Жакаса, свайго ад’ютанта і аднаго з гвардзейцаў з аховы і даручыў падрыхтаваць у бліжэйшым лесе месца, каб схаваць груз з бясконнага воза. Але папрасіў не задзейнічаць дзеля гэтага астатніх гвардзейцаў з аховы, а, паабяцаўшы шчодрую аплату, узяць некалькі дэзерціраў з размешчанага непадалёк бівака.
Уначы дэзерціры выкапалі ў лесе глыбокую яму, паскладалі туды скрыні з каштоўнасцямі, засыпалі і акуратна замаскавалі яе. І ў той жа момант па загадзе генерала капітан Жакас і гвардзеец расстралялі іх. Ад’ютант склаў карту месца захавання скрыняў і перадаў яе Боннэру. Пасля гэтага генерал узяў з прысутных урачыстую клятву, што яны захаваюць убачанае ў таямніцы.
Назаўтра пачалася пераправа праз Бярэзіну. Гэта было адно з самых страшных відовішчаў, якія давялося бачыць Жакасу. Масты не спраўляліся з нястрымнай лавінай вазоў і людзей. Многія з іх падалі ў ваду, некаторыя спрабавалі перабрацца ўплаў, у выніку ў Бярэзіне гінулі цэлыя палкі. Акурат у ноч перад пераправай ударыў моцны мароз, і некаторыя вершнікі, якія са сваімі коньмі спрабавалі рэчку пераплыць, намокнуўшы, хутка пакрываліся лёдам і замярзалі. Многія з іх так і засталіся стаяць, як лёдавыя статуі, разам са сваімі коньмі пасярод Бярэзіны. Але большасці імператарскага абозу ўсё ж удалося перабрацца на левы бераг ракі.
На наступны ж дзень пасля пераправы на маршы нечакана загінуў, быццам бы ад шалёнай кулі, той самы гвардзеец з аховы, што прысутнічаў пры захаванні скарбаў. А яшчэ праз дзень тая ж доля спасцігла і ад’ютанта генерала. Капітан Жакас разумеў, што будзе наступным, але схавацца ад усемагутнага генерала ён не паспеў...
Жакасу неверагодна пашанцавала, ён застаўся жывым, бо яго, паміраючага, падабрала беларуская маладзіца. Яна выхадзіла капітана, і той жыў у невялікай вёсачцы амаль цэлы год, перш чым знайшліся магчымасці і сродкі адправіцца на радзіму. Пасля вяртання капітан доўга шукаў генерала Боннэра і ўрэшце здолеў гэта зрабіць. Але калі, поўны пачуцця справядлівай помсты, з’явіўся ў дом генерала, то заспеў яго ўжо на божай пасцелі.
Боннэр зусім не здзівіўся прыходу капітана, бо Найвышэйшая сіла на той час ўжо пакарала яго спаўна. Па вяртанні ў Францыю ён не знайшоў у жывых нікога са сваёй сям’і – жонка і чацвёра ягоных малалетніх дзяцей памерлі ад нейкай эпідэміі. Генерал не вытрымаў удару і злёг сам. Жакас паспеў як раз да фіналу.
Боннэр падазваў яго бліжэй і ціха вымавіў: “Бог напэўна нездарма захаваў табе жыццё – менавіта табе наканавана цяпер стаць уладальнікам рускіх скарбаў...” З гэтымі словамі ён дастаў з-пад падушкі пакет, перадаў у рукі капітана і хутка адышоў у лепшы свет. У пакеце была карта, спісаная ўнізе дробным тэкстам.
Такім чынам, прадзед Поля стаў аднаасобным уладальнікам таямніцы. Але і яму быў не лёс пакарыстацца рускімі скарбамі. Неаднаразова капітан спрабаваў выехаць у Расію, але абставіны ўсё ніяк не спрыялі. Болей за тое, неўзабаве ў Жакаса здарыўся канфлікт з законам, і каб выратаваць жыццё, ён быў змушаны ў спешцы эміграваць у Канаду. Праз некаторы час капітан ажаніўся там з мулаткаю, і ў яго нарадзіўся сын Люсьен. Менавіта яму ў лісце, знойдзеным Полем, ён і пісаў пра таямніцу скарбаў.
Калі Поль прачытаў ліст прадзеда ў сваёй парыжскай кватэры, ён задумаўся. Чаму ні прадзед, ні дзед, ні ягоны бацька пасля так і не спрабавалі шукаць скарбы ў Расіі? Адказ на гэта пытанне ён атрымаў, калі паспрабаваў прачытаць тэкст, напісаны ўнізе карты. Ён і быў, мяркуючы па ўсім, ключом асноўных каардынат месца пахавання скарбаў, але быў зашыфраваны невядомым шыфрам. Хутчэй за ўсё ён стаўся непадуладным яго блізкім. А падзяліцца сваёй таямніцай з пабочнымі людзьмі яны, відаць, не рашыліся...
Амаль год Поль зацята шукаў ключ да шыфра і аказаўся больш удачлівым за сваіх продкаў. З тэксту на карце ён даведаўся, што скарбы знаходзяцца ў адным з лясоў на левым беразе ракі Бярэзіна. Мяркуючы па геаграфічнай карце, гэтая зямля была цяпер тэрыторыяй суверэннай дзяржавы пад назвай Беларусь.
План паездкі ў Беларусь у Поля выспеў хутка. Нагодай для яе стала яго прафесійная дзейнасць – па спецыяльнасці Поль быў арнітолагам – адмыслоўцам па вывучэнні птушак. І неўзабаве ён звярнуўся ў беларускае пасольства па візу і за дазволам на навуковыя даследаванні ў арэале беларускай ракі Бярэзіны…

Французскі пацыент

Калі Поль скончыў свой аповед, ён быў увесь у буйных кроплях поту і цяжка дыхаў. Было відавочна, што яму стала дрэнна і што ў яго пачынаецца сапраўдная ліхаманка.
– Але дзе ўсё ж скарбы?.. Вось гэта не вельмі на іх падобна !.., – паказаў Марк на карту і скрутак папер са скрыні, якія ляжалі на стале.
– Вы памыляецеся, – адказаў Поль, – гэтая карта і ёсць скарб, мяркую, што менавіта па ёй і можна адшукаць сапраўднае месца захавання каштоўнасцяў. А карта майго прадзеда была толькі правадніком да яе... Мяркую, генерал Боннэр паспеў пасля захавання скарбу падстрахавацца і не везці карту скарбаў у Францыю. Ён схаваў яе ў гэтую скрынку і загадаў некаму закапаць у прыкметным месцы, спадзяючыся неўзабаве вярнуцца, зразумела, прыбраўшы са свету і выканаўцу гэтага загаду. Вядома, адразу ж была складзена карта новай схованкі, якая і адправілася з Боннэрам у Францыю і потым апынулася ў майго прадзеда... І вось гэтая карта, – паказаў Поль на карту на стале, – цяпер і растлумачыць нам сітуацыю.
Ён стаў уважліва разглядаць новую карту і раптам у раздражненні кінуў яе на стол. “Чорт! Стары Боннэр і тут застаўся верным сабе!.. І гэты тэкст таксама зашыфраваны!..
– Дык у чым справа, расшыфруй! – не вытрымаў Марк.
– На жаль, – праз сілу ўсміхнуўся француз, лоб якога пачаў пакрывацца буйнымі кропляму поту – на гэта патрэбен час, шыфр тут іншы і таксама няпросты...
Ліхаманка ўсё мацней біла француза, ён ледзьве трымаўся ў крэсле.
– Добра, ідзі, кладзіся, ты ўвесь дрыжыш, пра астатняе пагаворым заўтра, – паставіў Марк кропку ў размове. Поль запытальна зірнуў на карту…
– Бяры з сабой – усміхнуўся Марк – гэта ж твая маёмасць...
Але мяркуемай размовы назаўтра не адбылася. У Поля пачалася сапраўдная ліхаманка і ён знепрытомнеў. Марк нейкі час вагаўся, не ведаючы, што рабіць. Адправіўшы француза ў лякарню, была верагоднасць страціць ягоны след, а, значыць, і след скарбаў. Можна было паклікаць мясцовую знахарку – бабулю Кацярыну з суседняй вёскі – яна паспяхова лячыла шматлікія балячкі ў мясцовых людзей… Але, крый Божа, з замежнікам нешта здарыцца!.. Тады начальства не даруе!..
Калі Марк раніцай зайшоў у пакой, дзе ляжаў Поль, той быў без прытомнасці, але моцна сціскаў у руцэ сваю карту. Марк далікатна выцягнуў яе з рук Поля, паклаў побач на стол, пастаяў яшчэ хвіліну ў нерашучасці, але затым, гучна вылаяўшыся, накіраваўся да тэлефона выклікаць хуткую дапамогу...
“Хуткая” спраўдзіла сваю назву і з’явілася даволі аператыўна. Калі машына павінна была ад’ехаць, Марк раптам, папрасіўшы хвіліну пачакаць, збегаў ў леснічоўку, схапіў са стала карту Поля і, вярнуўшыся, усунуў яе ў ягоны заплечнік.
У раённай лякарні, куды праз пару дзён заехаў Марк, француза ўжо не было. Галоўурач – стары знаёмы – толькі развёў рукамі:
– Ды назаўтра прыехалі людзі з французскага пасольства і забралі твайго госця ў сталіцу. У яго малярыя, колісь у афрыканскіх джунглях падчапіў. – Марк моўчкі пакрочыў прэч. Цяпер, каб знайсці Поля, трэба было ехаць у сталіцу.
Бліжэйшы аўтобус у Мінск меўся быць толькі раніцой. Марк хацеў было ехаць на “папутцы”, але перадумаў:
– Куды ён дзенецца ў такім стане …. Заўтра і паеду…
У Мінску Марк адразу ж адправіўся ў шпіталь, куды, як яму ўдалося даведацца, павезлі Поля. Але ў рэгістратуры яму паведамілі, што пацыента – французскага падданага Поля Жакаса – учора ўвечары транспартавалі на самалёце ў Францыю...
Па вяртанні Марк патэлефанаваў Уладзіміру і пры сустрэчы распавёў яму пра здарэнне. Затым праз нейкі час, па сведчанні Уладзіка, Марк зрабіў запыт у французскую амбасаду на Поля Жакаса, але адказу не атрымаў. Француз разам са сваёй картай скарбаў знік бясследна. Некалькі дзён пасля гэтага Уладзік не бачыў Марка, а калі нарэшце сустрэў, то не пазнаў. Той быў страшэнна схуднелы, як быццам бы таксама падхапіў нейкую ліхаманку, і моцна заклапочаны. А яшчэ праз некалькі дзён да леснічоўкі Уладзіка прыбег самотны Каркас...
З Уладзікам Шышко мы праседзелі ў той вечар дапазна. Але я так і не здолеў даць яму нейкай карыснай парады, бо ўся гэтая гісторыя падалася мне надта ж цьмянай. А напрыканцы нашай сустрэчы я настойліва параіў аднакурсніку ўсё ж звярнуцца ў “органы”.

Парыжскія паштоўкі

Уладзімір з’ехаў назаўтра раніцай і патэлефанаваў мне дзесьці пра месяц. Ягонае паведамленне яшчэ больш заінтрыгавала мяне. Напярэдадні паштальён на сваім уазіку заехаў да яго ў леснічоўку і прывёз адпраўлены на ягоны адрас канверт з замежным штэмпелем. Калі Уладзік ускрыў яго, то там аказалася паштоўка з відам Эйфелевай вежы, проста на выяве якой былі наўскасяк напісаныя словы: “Прывітанне з Парыжу!” без подпісу. Але Уладзік, нават і не будучы экспертам-графолагам, без цяжкасці пазнаў даўно знаёмы яму почырк Марка. Пра ўсё гэта аднакурснік і паведаміў мне па тэлефоне.
Потым за справамі я нейкі час не меў сувязі з Уладзікам Шышко. І калі пазней набраў ягоны нумар, то пачуў у адказ, што “апарат абанента выключаны”... Напрацягу некалькіх месяцаў я рабіў спробы дазваніцца да аднакурсніка, але з тым жа поспехам. Нарэшце я звязаўся з яшчэ адным нашым аднакурснікам па “Машынцы” Сяргеем Масарскім і прапанаваў яму на ягоным аўто наведацца ў Бярэзінскі запаведнік да Уладзіка Шышко ў госці.
Калі даехалі да Уладзікавай леснічоўкі, нас сутрэла цішыня. Леснічоўку знайшлі замкнёнай і без ніякіх прыкметаў жыцця. У лясніцтве мілавідная сакратарка з таямнічай усмешкай паведаміла, што егер Уладзімір Шышко звольніўся па ўласным жаданні і адбыў у невядомым кірунку. Больш мы ніякай інфармацыі пра Уладзіка не знайшлі. “Лясны затворнік”, як мы яго называлі з Сяргеем, даўно разышоўся з жонкай, з якой не нажыў дзяцей, і жыў вольным казаком. А паколькі быў дзетдомаўцам, то ніякіх сваякоў у яго ў наяўнасці не мелася, і мы ні з чым вярнуліся ў сталіцу.
Зрэшты, на тым таямнічая гісторыя пра скарбы не скончылася. Праз некалькі тыдняў у сваёй паштовай скрынцы я знайшоў канверт з замежным штэмпелем, у якім была паштоўку з відам... Эйфелевай вежы і напісанымі на ёй наўскос словамі: “Прывітанне з Парыжу!” Зразумела, без подпісу... Але гатоў паклясціся, ды і Сяргей у тым са мной салідарны, што гэта быў почырк Уладзіка Шышко!

P.S. Вось такая непрыдуманая гісторыя яшчэ аднаго следу “скарбаў Напалеона”. Куды падзеліся Уладзік з Маркам? Ці вернецца Поль у Беларусь па скарбы? І ці рэальна іх знайсці па праходжанні такога вялікага часу? І ці ёсць наогул скарбы ў раёне пераправы войскаў Напалеона праз Бярэзіну або ў іншых месцах Беларусі? Вось такія пытанні паўсталі ўжо ў мяне самога пасля сустрэчы з Уладзікам Шышко.
Я вырашыў пагаварыць на гэтую тэму з некаторымі вядомымі беларускімі археолагамі і гісторыкамі. Не ўсе з іх падзяляюць версію існавання скарбаў. Але нават і песімісты не могуць упэўнена абвергнуць такую магчымасць. Даследчыкі сыходзяцца на меркаванні, што абоз са скарбамі меў месца і што ён паспяхова дайшоў да межаў Беларусі. Ніхто не спрачаецца, што ў Францыю гэтыя каштоўнасці так і не патрапілі. Але вось дзе ён знік, тут шмат пытанняў...
Выкажу і сваё ўласнае меркаванне, бо ўжо шмат гадоў цікаўлюся гэтай тэмай. Мне здаецца, што шанцы знайсці скарбы Напалеона ў Беларусі усё ж даволі высокія. Прынамсі, за мінулыя 200 гадоў інфармацыя пра тое, што хто-небудзь знайшоў такую вялізную колькасць каштоўнасцяў, наўрад магла застацца незаўважанай у свеце. А што да пэўнага месца захавання скарбаў, то яны сапраўды знаходзяцца хутчэй за ўсё ўздоўж берагоў Бярэзіны ці ў адным з яе старых рэчышчаў. Хоць нельга выключаць і іншыя адрасы ў Беларусі, асабліва раён Ашмянаў і згаданага Талачына.
І, як ні дзіўна, шанцы знайсці скарбы з кожным годам усё павялічваюцца. Як растлумачылі мне тыя ж адмыслоўцы, у свеце сёння створаныя прынцыпова новыя сродкі па пошуку скарбаў, здольныя “бачыць” каштоўныя металы скрозь тоўстыя пласты зямлі ці вады. Умовы пошуку, якія прапануюць фірмы, якія валодаюць гэтым абсталяваннем (яго кошт – каля 100 мільёнаў даляраў) простыя: у выпадку поспеху 80 адсоткаў знойдзенага дастаецца ім…
Такім чынам, зусім не выключана, што праз нейкі час мы з вамі станем сведкамі адшукання знакамітых “скарбаў Напалеона” ў Беларусі. Засталося трошкі пачакаць...