12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ніл Гілевіч

_____________________
Між роспаччу і надзеяй.
Абрыс пройдзенага шляху ў сьвятле адной мары. (Працяг)

Працяг.
Пачатак
у №2-5 (21-24).


l l l
Тым часам у «створаным воляй народаў» непарушным Саюзе пачало адбывацца штосьці незвычайнае. Пачалі ажыцьцяўляцца рашэньні першага Гарбачоўскага пленума ЦК КПСС, які абвясьціў курс на «перабудову», перш за ўсё — на дэмакратызацыю ўсёй палітычнай сістэмы. «Больш дэмакратыі — больш сацыялізму» — лозунг Гарбачова, які мне асабіста імпанаваў надзвычай. Бо я быў за сацыялізм — як ужо казаў раней: за «сацыялізм з чалавечым абліччам» — і, вядома ж, за дэмакратызацыю, за ўсталяваньне дэмакратычных нормаў у грамадскім жыцьці краіны. Вельмі хутка, каб не сказаць імгненна, адчулася, што наступае, і наступіць, вялікае рэфармаваньне саміх асноў грамадска-палітычнага ладу, у тым ліку і ў сферы міжнацыянальных адносін. Аб гэтым давала знаць перш за ўсё усесаюзная маскоўская прэса (не беларуская ж, вядома!). Заварушылася інтэлігенцыя, якая ўжо даўно зачакалася пары істотнага абнаўленьня духоўных пошукаў, магчымасьці ўзьняць інтэлектуальнае жыцьцё грамадства на новы ўзровень. Узьніклі надзеі на адраджэньне нацыянальных моў і культур, на вызваленьне з засільля догмаў гуманітарных навук, а найперш — гісторыяграфіі, дзе мы, беларусы, несьлі асабліва цяжкія страты. Шмат чаго добрага, вабнага, канструктыўнага нара­джалася ў думках і помыслах па меры асваеньня матэрыялаў Пленума, па меры ўсё больш глыбокага ўдыханьня вяснова-сьвяжыстага ветру пераменаў.
Расіяне віталі набліжэньне дэмакратызацыі ў самым шырокім значэньні гэтага панятку: свабода слова, друку (адмена цэнзуры), свабода прадпрыймальніцкай дзейнасьці, правы асобы, гарантыя абароны гэтых правоў, шматпартыйная палітычная сістэма, свабодныя, дэмакратычныя выбары і інш. Мы, беларусы, таксама ўсё гэта віталі, бо таксама пра гэта марылі, але было ў нашых марах і адно несупадзеньне з расейцамі. Гледзячы наперад, самым жаданым і жыватворным вынікам блізкіх пераменаў мы бачылі ўздым нацыянальнай самасьвядомасьці беларускага народу, бачылі пачатак новай эры беларускага нацыянальна-дзяржаўнага і культурна-духоўнага адраджэньня. Разам з многімі іншымі непагаслымі суайчыньнікамі я ўспрыняў перабудову як шанц нацыянальнага выжываньня, як паратунак ад поўнай русіфікацыі і асіміляцыі беларускага этнасу, ад канчатковага нашага растварэньня ў рускай культурна-моўнай стыхіі. Бо цягам апошніх дзесяцігоддзяў беларускай душы ў Беларусі рабілася ўсё больш душна і ўдушна. Шпаркім тэмпам набліжалася нацыянальная катастрофа, прадухіліць якую маглі толькі рэвалюцыйныя падзеі ўсесаюзнага маштабу, у адной рэспубліцы, сваімі сіламі, зрабіць гэта было немагчыма. Можа стацца, што перабудова ўрэшце рэшт дасьць магчымасьць нашаму нацыянальнаму духу, нашаму роднаму беларускаму слову вырвацца з «турмы-астрогу» на волю, на прастор — гэтай думкай-надзеяй загаралася ў першую чаргу і поўнілася ўся мая істота. Літаральна з кожным днём я адчуваў, як нарастае ў грамадстве, найперш — сярод інтэлігенцыі, ажыўленьне, узбуджаньне, узрушаньне. Ды якое ўзрушаньне! Тое, што ўздымаецца з глыбіняў самага запаветнага, з крыніцаў нацыянальнай духоўнасьці, з жывой і незаглушанай гістарычнай памяці. Нельга было ня бачыць, як паўсюдна забілі, забулькалі крыніцы і крынічкі свабоднага творчага духу. Калі такое было раней? За маёй памяцьцю — ніколі. Хіба ў далёкія 20-я было пачалося нешта падобнае? У такой незвычайнай, густа насычанай прадчуваньнямі радасных пераменаў, грамадскай атмасферы рыхтаваўся і праходзіў чарговы IX зьезд пісьменьнікаў Беларусі (23—24 красавіка 1986 г.) Другі «мой» зьезд, на які я ўскладаў не малыя надзеі — у тым сэнсе, што размова на ім адбудзецца звышсур’ёзная і падпарадкаваная адной вялікай мэце — настроіць і мабілізаваць усю армію літаратараў на актыўную дзейнасьць пад лозунгамі Перабудовы. Трэба арганізаваць работу зьезду так, каб як мага больш прамоўцаў засьведчылі разуменьне галоўнай на сёньня задачы — прадстаўлены праграмай Перабудовы шанц скарыстаць на абу­джэньне нацыянальнай самасьвядомасьці ў народзе, на пашырэньне і ўкараненьне ў душах беларусаў ідэі адраджэньня роднай мовы, гістарычнай памяці, мастацкай і духойнай культуры. Ад дакладу, які зачытае на зьезьдзе старшыня СП, нічога цікавага, ясная рэч, чакаць ня трэба, бо яго зноў напішуць вядомыя апаратныя «пісцы» («сядзяць пісцы, як гною кучкі, скрыпяць іх пёры, ходзяць ручкі»). Па тэксту, які згарбузуюць літкансультанты, пройдуцца жанравыя сакратары СП — каб сям-там выразьней абазначыць «праблемы», а найперш — каб каго не ўпусьціць у пераліку, каб ахапіць увагай літаральна ўсіх, бо такія ўпушчэньні могуць дорага абысьціся: пакрыўджаныя няўвагай абавязкова прагаласуюць на выбарах праўленьня супроць кіраўнікоў Саюза. Мой клопат, пры такой сітуацыі, — пастарацца, каб на зьезьдзе выступілі таленавітыя, аўтарытэтныя майстры пяра, а ня людзі ў літаратуры выпадковыя, і не запісныя ідэйна-верныя крыкуны-пустасловы. Давялося сяго-таго з сур’ёзных мужоў паэзіі, прозы, драматургіі, крытыкі папрасіць выступіць, загадзя падрыхтавацца да зьезду. Ну, а некаторыя з такіх мужоў, не сумняваўся я, і самі своечасова пададуць заяўкі на выступленьне. Так і сталася.
Не сумняваўся, што неабходную запеўку, ці камертон для размовы, дасьць сваім словам Васіль Быкаў, які будзе адкрываць зьезд. Так, дайшла чарга на гэты высокі гонар і да яго. Натуральна: Народны пісьменьнік Беларусі, Герой сацыялістычнай працы, лаўрэат Дзяржаўных прэміяў СССР і БССР... А ў ЦК КПБ ўжо ведалі, што практычна вырашана ў Крамлі пытаньне і аб прысуджэньні Быкаву Ленінскай прэміі — за аповесьць «Знак бяды». Пастанова ЦК КПСС і СМ СССР аб гэтым была апублікавана перад самым зьездам, так што адкрываў наш форум, у дадатак да ўсяго вышэй пералічанага, і лаўрэат Ленінскай прэміі. Вядома ж, пра задачы беларускай літаратуры і місію пісьменьніка на сучасным этапе В. Быкаў гаварыў так, як мог і павінен быў гаварыць В. Быкаў — сур’ёзна, заклапочана, удумна. Але — за ўсё на гэтым сьвеце трэба плаціць, і за высокую ласку таксама, — як бы ты ні хацеў стаяць убаку і па-над мітусьнёй вернападданых, паслухмяных, сэрвільных. Уяўляю, як было пасьля «прыемна» Быкаву чытаць-перачытваць вось гэты пасаж свайго зьездаўскага слова:
«Так, сёньня мы зьяўляемся сьведкамі небывала разьвітой эканомікі нашай рэспублікі, багатай сельскай гаспадаркі, зьяўляемся ўдзельнікамі бурнага разьвіцьця нацыянальнай культуры. Мы маем поўнае права ганарыцца дасягнутым, але дух часу, велічныя задачы пераўтварэньня, якія стаялі перад краінай, нарэшце гістарычныя рашэньні XXVII зьезда КПСС абавязваюць нас найбольш гаварыць пра нашыя недахопы, якіх у нас таксама нямала».
І зьместам, і духам, і стылем — нешта зусім ня быкаўскае, зусім яму чужое.
Помню сваё першае ўражаньне і горкае засмучэньне. «Ну а гэта навошта? Ну «разьвітая эканоміка», ну «багатая сельская гаспадарка», вельмі багатая... А дзе ж — «бурнае разьвіцьцё нацыянальнай культуры»? Там, дзе дадушваюцца апошнія беларускія школы? Дзе аснова асноваў культуры — мова народу, мова карэннай нацыі, загнана ў рэзервацыю, знаходзіцца ў становішчы падчаркі папялушкі? Пра якое бурнае разьвіцьцё беларускай культуры можна заікацца? Напэўна, Быкаў разважаў, што разумныя паклоньнікі яго творчасьці, а тым больш сябры, зразумеюць, чаму ён у выдатным слове пусьціў гэтага «пеўня». Зразумеюць, вядома. І зразумелі. І аднак жа — дзе бурнае разьвіцьцё беларускай культуры?
Вось і выходзіць...
Даклад старшыні СП на зьезьдзе называўся: «Беларуская савецкая літаратура, яе дасягненьні і задачы ў сьвятле рашэньняў XXVII зьезда КПСС». З таго часу прайшло ўсяго паўтара дзясятка гадоў, а як далёка адышлі мы ў сваёй сьвядомасьці ад убоства і прымітыву гэтай жалезнай партыйнай метадалогіі, якой недарэчнасьцю ў размове аб літаратуры і мастацтве здаецца сёньня гэты неадменны штамп «у сьвятле рашэньняў»! Колькі дзесяцігоддзяў прывучалі да яго нашае вуха, а жыцьцё адвучыла так хутка! Менавіта па прычыне недарэчнасьці, ненатуральнасьці, абсурднасьці.
У доўгай (хвілінаў на дваццаць) прамове першага сакратара ЦК КПБ М. Слюнь­кова было, бадай, усё, чым заняты, якімі клопатамі жывуць партыя і народ, а значыць і павінны жыць пісьменьнікі, але — ні слова, ні нават намёку не было на такія архіважныя жыцьцёвыя праблемы, як становішча беларускай школы, як лёс беларускай мовы, як асьвятленьне і вывучэньне гісторыі Беларусі. Затое зусім не фармальнымі, не параднымі, а зьмястоўнымі і досыць вострымі — у духу задач перабудовы — былі выступленьні многіх пісьменьнікаў (А. Адамовіча, Дз. Бугаёва, Г. Бураўкіна, А. Грачанікава, У. Дамашэвіча, А. Дударава, В. Каваленкі, А. Карпюка, А. Клышкі, Я. Лецкі, А. Мальдзіса, М. Матукоўскага, А. Петрашкевіча і інш.). Зьбіраўся выступіць з сур’ёзнай прамовай і я, але, як і на мінулым зьезьдзе, І. Анта­новіч ад імя ЦК забараніў. «Вам, — сказаў ён, — выступаць ня трэба. Вашы думкі як сакратара праўленьня павінны быць у справаздачным дакладзе старшыні СП». — «Але там маіх думак няма — я ў напісаньні даклада ўдзелу не прымаў. Таму і хачу выказацца». — «Гэта будзе некарэктна — вам як першаму сакратару ісьці ў разрэз з дакладам. Не рабіце гэтага. Я вам не рэкамендую».
Ну, што ж! Можа, і сапраўды не зусім карэктна — браць мне слова, якое так адрозьніваецца ад дакладу. Выкажу свае думкі ў артыкулах.

l l l
А праз два дні пасьля зьезду здарылася і ў найгоршых снах нясьнёная трагедыя: у выніку аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі амаль трэць Беларусі аказалася засыпанай радыёактыўнымі рэчывамі. Трэць — гэта на пачатку, на першым этапе, а вучоныя фізікі ведалі, што з цягам часу — з дажджамі, з пылам, з ветрам, з транспартам — сьмертаносныя выпады радыяцыі перакінуцца і на сумежныя тэрыторыі. На няшчасьце сваё, у пытаньнях радыяцыі наш народ быў зусім недасьведчаны, начальства — таксама, і яно не дапамагло мільёнам простых людзей зразумець жахлівы маштаб таго, што здарылася. Памятаю, у самым пачатку траўня мы з Максімам Танкам былі на прыёме ў М. Слюнькова — са сваімі рабочымі пытаньнямі, і калі выйшлі з кабінету, убачылі ў пярэдняй вядомага фізіка-ядзершчыка В. Б. Несьцярэнку, — у чарзе да Першага. Я пасьпеў спытаць: «Вы, відаць, наконт Чарнобылю?..» — «Так, на нас абрынулася страшнае бедства. Прыйшоў, каб уталкаваць гэта кіраўніцтву рэспублікі, час ідзе, а нічога ня робіцца...» На вуліцы кажу Яўгену Іванавічу: «А што ж ён не назначыў прыняць паперадзе нас Несьцярэнку? Аж неяк няёмка». — «Ну, так! Мы са сваімі козамі на торг пасьпелі б».
У пачатку чэрвеня некалькі дзён — у складзе афіцыйнай дэлегацыі БССР — прабыў у Эстоніі. Там атрымаў з дому вестку, што Урад Балгарыі прысудзіў мне міжнародную Літаратурную прэмію імя Хр. Боцева. Быў, прызнаюся, нямала ўсьцешаны, бо прэмія — вельмі прэстыжная, прысуджаецца раз у пяць гадоў «за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку». Сярод яе першых лаўрэатаў — Ніколас Гільен, Рафаэль Альберці, Ласла Надзь, П’ер Сегерс, Расул Гамзатаў. Гэтым разам гонар выпаў Дзьмітру Паўлычку і мне. У Эстонію я прыехаў праз 25 гадоў пасьля першага наведаньня ў 1961 годзе. Шмат чаго зьмянілася ў гэтай ціхай зялёнай краіне, пабагацелі і папрыгажэлі рыбацкія пасёлкі, папаўставалі новыя карпусы фабрык, інстытутаў і школ, тэатраў, але не зьмянілася галоўнае — усенародная ахова роднай мовы і культуры. У адным з раённых цэнтраў кароткая афіцыйная сустрэча адбылася ў бібліятэцы. Пакуль іншыя дэлегаты слухалі аповяд пра дасягненьні раёну, я пайшоў у вялікую залу, застаўленую доўгімі кніжнымі паліцамі. Нясьпешна праходзіў між іх, глядзеў-прыглядаўся і — што такое? — усе кнігі спрэс на эстонскай мове! Расчытваў знаёмыя імёны — замежныя, рускія, савецкія... Бібліятэкарка заўважыла, што госьць як бы нечага шукае, і я запытаўся: «А дзе ж кнігі на рускай мове?» І яна паказала на адным з рыфтоў самую ніжнюю, ля падлогі, паліцу. «Гэта і ўсё?» — «Усё... Знаеце, наш раён сельскі, амаль усе жыхары — эстонцы, і кнігі чытаюць на роднай мове, на рускай ніхто не бярэ. Дык мы і не камплектуем, няма патрэбы. Усе лепшыя кнігі сьвету ў нас перакладзены на эстонскую мову...»
«Вось што такое Эстонія!» — казаў сабе ў думках, выходзячы з бібліятэкі. — Маленькая, на мільён народу, рэспубліка. Усе кнігі сьвету выдадзены на эстонскай...» Ішоў, ківаў сабе галавой, як гэта мы, беларусы, звычайна ў такіх выпадках робім, і было сорамна... За што? За сваю беларускую долю, за свой народ, за сваю інтэлігенцыю, за сваё начальства... А назаўтра адвячоркам давялося зьведаць яшчэ і пачуцьцё няёмкасьці, і якойсь вінаватасьці, ці, зноў жа, сораму, але ўжо іншага кшталту. Сталася гэта на востраве Муху, у вёсцы Когува, каля хаты-музея Юхана Смуула. Пасьля таго. як мы агледзелі роднае котлішча бадай ці ня самага савецкага з усіх эстонскіх пісьменьнікаў, гаспадары (партыйныя функцыянеры) прапанавалі нам невялікую мастацка-забаўляльную праграму, а менавіта: паслухаць эстонскія народныя песьні і затым... патанцаваць са сьпявачкамі, тутэйшымі вясковымі дзяўчатамі. Народныя песьні для мяне — як гэта кажуць: хлебам не кармі, а дай! — і я ўважліва слухаў сьпявачак. І ўважліва праз увесь час глядзеў на іх: каб хоць адна хоць на адным твары ўсьмешка! Строгія, нават суворыя, замкнутыя ў сабе пагляды. Дочкі эстонскіх рыбакоў! Калі, паводле праграмы, музыка зайграў нешта танцавальнае, дзябёлыя беларускія дзядзькі (ніводнага маладзей за пяцьдзясят) пачалі запрашаць і выводзіць на «круг», г. зн. на парослы травой падворак, суворых сьпявачак. Звыклыя да банкетных танцулек, дзядзькі бадзёрыліся, маладзіліся і штосьці, відочна кампліментнае, усьмешліва гаварылі партнёршам. А ў адказ — каб хоць адна хоць на адным твары ўсьмешка. Хоць бы намёк на ўсьмешку! Як бы і ня чулі тых кампліментаў, і не рэагавалі на іх, і не адказвалі. Не танцавалі — ад душы і сэрца, а — павіннасьць адбывалі, па прымусу. Папрасіла начальства, патлумачыла, што так трэба, — ну мы і прыйшлі, і выконваем просьбу, а ўвогуле — а ўвогуле... мы вам ня рады, вы — чужыя для нас, вы прыйшлі гвалтам у Эстонію, каб адабраць у нас наша, і адбіраеце, ужо сорак пяць гадоў адбіраеце, дык чаго ж усьміхацца...
«Надта ж маўклівыя вашы дзяўчаты!» — сказаў свайму калегу з ЦК КП Эстоніі кіраўнік нашай дэлегацыі. — Рэч у тым, што яны кепска валодаюць рускай мовай, і таму саромеюцца гаварыць. Ну, а ўвогуле — нашы жанчыны негаваркія. Асабліва вясковыя...»
«Вось гэта і ёсьць Эстонія! Маленькая, на мільён народу, рэспубліка. Плошчай і колькасьцю насельніцтва маленькая, а духам, а чалавечай годнасьцю — вялікая! А вернасьцю роднай мове і роднай песьні — вялікая! А пашанай да сваіх нацыянальных звычаяў і традыцый — вялікая!.. А хто ж мы? А дзе ж нашая годнасьць, нашая вернасьць, нашая пашана? Вось ужо колькі дзён езьдзім, а па-беларуску дзябёлыя дзядзькі між сабой не гавораць, толькі са мною, — згодна прынятага правіла: да пісьменьнікаў трэба зьвяртацца па-беларуску. Каб зрабіць ім прыемнае. Ім. Бо нам гэта ня трэба...»
Куды, у якую краіну, у якую рэспубліку ні закіне мяне выпадак — думкі мае, пачуцьці мае ўсюды адны і тыя ж. Адны і тыя ж... Тыя, нязводныя, што атручваюць і атручваюць сэрца, — аж дзіўна, колькі яно, гэта сэрца, можа трываць... Быў у Балгарыі, у Польшчы, у Славеніі, у Чэхіі і Славакіі, быў у Таджыкістане, у Азербайджане, у Грузіі, у Армені, быў у Эстоніі, у Летуве, у Латвіі; і цяпер вось ізноў у Эстоніі... І ізноў, і ізноў — на душы гарката і скруха. «Кінь вечны плач свой аб старонцы!» — прасіў-заклікаў Багдановіч. Вядома, плачам бядзе не дапаможаш. Але ж і як стрымаць гэты плач? А можа ж плач аднойчы перарасьце ў гнеў, які выбухне?
25-га чэрвеня я атрымаў слова на 8-м усесаюзным зьезьдзе пісьменьнікаў, які праходзіў у маскоўскім Крамлі. І, апрача іншага, у сваёй прамове сказаў: «У нас, у Беларусі, усё больш выходзіць кніг, напісаных кепскай мовай — беднай, канцылярскай, поснай, нацыянальна ненатуральнай, калькаванай.
<...> Паколькі добрая літаратура на кепскай, беднай мове немагчымая, гэта — аксіёма, то натуральнае пытаньне: у чым жа справа, дзе прычына гэтай трывожнай зьявы? Бо калі прычыну не ліквідаваць — ня будзе далей разьвівацца літаратура. А прычына — галоўная прычына — вядомая: моцнае звужэньне сферы ўжываньня роднай мовы ў рэспубліцы, у масах насельніцтва і асабліва — у школах, ужо ня толькі ў гарадскіх, але і ў вясковых. Пісьменьнік жыве не ў бязлюднай прасторы, ён жыве ў асяроддзі пэўнай мовы, якая непазьбежна ўплывае на мову яго твораў, мову, якою ён піша...
Па маім пераконаньні, настаў час, калі разгляд гэтага пытаньня на самым высокім узроўні далей адкладаць нельга».
У кулуарах, на перапынку і пасьля сябры мне сказалі: «Такога пра нашу мову ў Крамлі яшчэ не гаварыў ніхто, ніводзін прадстаўнік Беларусі — ні член ЦК КПСС, ні пісьменьнік...» Я гэта ведаў, што — ніхто і ніколі, што такая праўда аб становішчы беларускай мовы ў Беларусі прагучала тут — перад высокімі дзяржаўнікамі і творчай інтэлігенцыяй усяго Саюзу, — упершыню. І я быў удзячны тым, хто даў мне слова. Вядома ж, яны і думаць ня думалі, што літаратурны чыноўнік гэтак адкрыта і прынцыпова выкажацца па такім непажаданным пытаньні, — непажаданым для гэткага высокага форума...
Прамова мая была ў тыя ж дні надрукавана ў тыднёвіку «ЛіМ», і, хачу думаць, з увагі на тое, што яна прагучала ў Крамлі, як бы паслужыла штуршком для публічнага прарыву ў гэту тэму многіх і многіх патрыётаў беларускага слова. У верасьні «ЛіМ» апублікаваў выдатны артыкул настаўніка (пахвалюся: майго былога студэнта) Франца Сіўко «Прашу вызваліць» і такі ж выдатны да яго каментар Кастуся Тарасава «Закон і вакол закона». І колькі адразу ж пасыпалася водгукаў — сьмелых, гарачых, нецярплівых, прасякнутых заклапочанасьцю, крыўдай і болем, абурэньнем. Ды што ж гэта такое ў нас, у Беларусі, робіцца з роднаю мовай? Гэта ж зьдзек і насьмешка! Гэта немагчыма і нельга трываць! — Такі быў лейтматыў і агульны пафас водгукаў, зьмешчаных у двух нумарах «ЛіМа» ў канцы кастрыч­ніка. Выказаліся дзясяткі людзей (многія лісты — калектыўныя) самых розных прафесій: навукоўцы П. Садоўскі, З. Санько, Т. Граковіч, журналісты С. Дубавец, Л. Вашко, Т. Сапач, настаўнікі В. Войцік, Ю. Сухорская, Я. Мурашка, Ж. Саленік (і дзясяткі яшчэ), мастакі Р. Сітніца, В. Сьвентахоўская, А. Фінскі, А. Беразень­нікаў (і дзясяткі яшчэ), студэнты С. Сыс, А. Сом, С. Мігалевіч (і дзясяткі яшчэ), рабочыя А. Сярожкін, М. Вераціла і іншыя і іншыя.
Гэта быў пачатак бліскучага дзесяцігадовага (1986-1996) этапу ў гісторыі змаганьня пісьменьніцкай газеты за беларускую мову і культуру, за нацыянальна-дзяржаўнае адраджэньне Беларусі. Хачу верыць, што аднойчы нашчадкі яшчэ ацэняць гэтае дзесяцігоддзе ў жыцьці «ЛіМа» і аддадуць належнае яго тагачасным рэдактарам — Анатолю Вярцінскаму (1986-1990) і Міколу Гілю (1990-1996). О, калі б хто знайшоўся і перавыдаў сёньня лімаўскую публіцыстыку той пары! Якое б гэта было чытаньне для тых, хто тады па малалецтву публіцыстыку не чытаў, і якое было б зьдзіўленьне, што такое ў беларускай газеце друкавалася, — такое праўдзівае. сумленнае, мужнае, разумнае, палымянае — і ўсё ў абарону роднага слова, у абарону Беларусі.
Але было ў друку і іншае — зусім іншыя публікацыі пра гэта — пра наша набалелае. Адна з іх здалася мне проста страшнай і нізрынула мяне ў прорву горкага расчараваньня, бо належала аднаму з тых сьвядомых беларускіх навукоўцаў-гуманітарыяў, пра якіх я думаў: мы — паплечнікі, мы ў адным шэрагу, і за роднае слова мы будзем змагацца разам — да перамогі. Змагацца ж за беларускую мову сёньня — гэта перш за ўсё гаварыць праўду пра яе становішча. «Роўная сярод роўных» — назваў сваю публікацыю ў «Звяздзе» акадэмік М. Б. (адказы на пытаньні супрацоўніцы газеты). Не хацелася верыць вачам сваім: «Тыя, хто кажа аб так званай русі­фікацыі, якая быццам праводзіцца ў СССР у галіне культуры і ў тым ліку аб русіфікацыі беларускай мовы, — людзі мала дасьведчаныя ў гэтай галіне <...> або знарок пускаюць у прапагандысцкі абарот гэта фальшывае сьцьвярджэньне». Вось як, аказваецца! Недасьведчаныя прапагандысты фальшу і хлусьні. Ня мае ў нас руская мова «якіх-небудзь прывілеяў і пераваг, а тым больш ня мае мэтай выцясьненьне нацыянальных моў». Брава, дасьведчаны акадэмік, брава! «Больш за 40 народаў <...> набылі пісьменнасьць у савецкі час і маюць сёньня разьвітую літаратурную мову». Гэта ён пра чукчаў, нанайцаў, ніўхаў... Як быццам нічога ня ведае. Ня ведае, што ўсё гэта — «ліпа», паказуха, іх літаратурная мова, што яны гінуць і зьнікаюць, пагулялі — у прапагандысцкіх мэтах — і годзе, і кранты! Іх ужо практычна няма. «Моўнае жыцьцё народаў нашай краіны будуецца на пасьлядоўна дэмакратычных асновах». (Брава!) «Кожны савецкі грамадзянін можа вучыцца ці даваць адукацыю дзецям на той мове, якой ён аддае перавагу» (Брава яшчэ раз!). «Школьны статут, вельмі дэмакратычны па сваёй сутнасьці, дае магчымасьць, скажам, небеларусам вызваліць сваіх дзяцей ад вывучэньня беларускай мовы». (Сто разоў брава!) Але сто разоў у тыя дні я пытаў беларускага акадэміка: «А як яны, вызваленыя, будуць жыць і працаваць у Беларусі, сярод беларускага народу? Да якой жа мяжы ачмурэньня ці сьвядомага цынізму вы дайшлі, акадэмік? Ну добра: ну прадаў душу, ну радуйся, ну еш хлеб, зароблены такім коштам. Але — чаму так подла, так цынічна? Ці тут ужо закон, ступіў на шлях запраданства — усё! Выйсьця няма! Хіба што ў пятлю палезьці? Дык жа жыць хочацца».
Восеньню я паехаў у якасьці дэлегата ў Сафію на Сусьветны Кангрэс пісьменьнікаў «Мір — надзея планеты». Я спадзяваўся, што мне як прадстаўніку найбольш пацярпелай ад Чарнобыля краіны дадуць слова на пленарным пасяджэньні, дзе я змагу расказаць пра жахлівую трагедыю Беларусі, пра новую эру ў гісторыі беларускай літаратуры — пасьлячарнобыльскую. Але ўсё ўжо было распланавана і расьпісана паміж дзяржавамі, а Беларусь — не дзяржава, а часьціна дзяржавы, якая называецца СССР, а ад СССР прамоўцы ўжо даўно вызначаны. Ад СССР на пленарным выступаў і нават вёў пасяджэньне масквіч І. Шклярэўскі. «Так што вам, выбачайце, адведзена выступленьне на адной з дзесяці секцыяў». Давялося зьмірыцца і сказаць сваё горкае слова перад жменькай дэлегатаў на секцыі. А што ты, таварышок, хацеў? Хіба ўпершыню пераконваешся, што дзяржава СССР — гэта Масква, ну яшчэ трошкі Ленінград, ім і трыбуна, іхняе слова і гучыць. Так было, так ёсьць і так будзе, аж пакуль... аж пакуль не наступяць карэнныя перамены ў нацыянальнай палітыцы Крамля. Пра большае — пра поўную незалежнасьць ад Крамля — я тады яшчэ падумваў нерашуча, яшчэ лічыў, што гэтых самых пераменаў можна дабіцца і ва ўмовах шматнацыянальнага дзяржаўна-палітычнага адзінства. Сорамна, што так кепска ведаў расейскую бюракратыю, расейскіх генералаў, расейскіх папоў і дапускаў, што яны самі, па добрай волі, з павагай да правоў чалавека і народа, аддадуць аднойчы заваяванае, захопленае, прысвоенае. Сорамна, вядома; але да вызваленьня ад гэтай аблуды заставалася ўжо зусім нядоўга. Перабудова набірала тэмп і дзейнічаў уласьцівы для такіх пераломных эпох закон паскарэньня.

l l l
На маю вялікую радасьць, усё больш і больш публікацыяў аб лёсе нацыяў і нацыянальнасьцяў, нацыянальных моў і культураў у СССР пачало паяўляцца на старонках усеагульнага друку, перш за ўсё — у галоўных афіцыйных газетах («Правда», «Известия», «Советская культура», «Литературная газета» і інш.)
Заўважаў, што аўтары гэтых публікацыяў у асноўным — прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з рэспублік і аўтаномных абласьцей. Ну, вядома, у іх артыкулах, хоць і пісаліся па заказу рэдакцыяў, — на першым месцы боль, неўразуменьне («Чаму так? Як магло стацца?») і просьба-патрабаваньне — выпраўляць становішча («Трэба нешта рабіць!»). Вядома, усё гэта выказвалася ў межах дазволенага. Бяруць слова і «разважлівыя», «памяркоўныя» сьпецыялісты па нацыянальным пытаньні з Масквы (навукоўцы, журналісты, партыйныя ідэолагі). Прызнаюць, што, канешне, шмат зроблена ўпушчэньняў і недаглядаў, асабліва, што датычыць мовы, але, але, але!.. Галоўнае — дбаць пра наш агульны дом, помніць пра выключную станоўчую ролю рускай мовы ў культурным жыцьці ўсіх этнасаў на тэрыторыі Саюза, не выстаўляць празьмерных прэтэнзій — што датычыць школ і ўвогуле адукацыі на мове карэннага насельніцтва, бо гэта шкодна скажацца на інтэлектуальным разьвіцьці асобы і г. д., і г. д., і г. д.
Па маіх спадзяваньнях, што з разгорненьнем перабудовы будзе паляпшацца становішча беларускай мовы ў Беларусі, раптам быў нанесены гламаздоўскі ўдар з самага верху — з трыбуны Пленуму ЦК КПБ (сакавік 1987 г.). Новы першы сакратар ЦК Я. Я. Сакалоў у сваім «перабудоўчым» дакладзе заявіў: «У апошнія гады ў выніку свабоднага волевыяўленьня працоўных рэспублікі намецілася некаторае звужэньне прымяненьня беларускай мовы». Як кіпнем ашпарыла, калі прачытаў гэта ў газеце. «У выніку свабоднага волевыяўленьня працоўных»?.. Які цынізм! Удумацца толькі! Адабралі ў народа ўсе магчымасьці грамадскага карыстаньня мовай, адсеклі-абрэзалі ўсе персьпектывы яе разьвіцьця — і абвяшчаюць вінаватым яго ж самога! Але чытаю даклад далей: «Ніхто нікому не ўказвае, на якой мове зьвяртацца да таварышаў, выступаць з трыбуны. Ніхто нікому не ўказвае, на якой мове пісаць вершы і раманы». Зноў жа — які цынізм! Які адкрыты, нахабны зьдзек над праўдай! Ужо ня першы дзясятак гадоў чую гэтую подлую, жульніцкую, сьпекулятыўную гульню пад сьцягам дэмакратыі. «Хто вам забараняе? Пішыце!»
Дзякуем, шаноўныя! Пішам! Але — для каго? Хто будзе чытаць, калі заўтра зачыніцца апошняя беларуская школа? Ня толькі школа, але і апошні беларускі клас? Колькі яшчэ, панове-таварышы, будзеце рабіць выгляд, што вы гэтага не разумееце? Ці што гэтага не разумеюць мільёны беларусаў? Чытаю даклад далей: «У рэспубліцы створаны ўсе ўмовы для разьвіцьця беларускай мовы, беларускай нацыянальнай культуры ў цэлым». Ну гэта ўжо, выбачайце, толькі ў сабакі вачэй пазычыўшы, можна сьцьвярджаць такое! Усе ўмовы створаны! Усе! Разьвівайце на беларускай мове вышэйшую адукацыю — да вашых паслуг усе універсітэты і інстытуты рэспублікі, карыстайцеся ёю вусна і пісьмова ва ўсіх дзяржаўных установах — усе чыноўнікі толькі гэтага ад вас і чакаюць, і г. д., і г. д. Разьвівайце, карыстайцеся! Усе ўмовы створаны! Помню, як чытаў гэты пасаж даклада. Адчуў: трэба перавесьці дыханьне і крыху супакоіцца, бо ад гневу сэрца можа спыніцца. Або разарвацца на часткі. Такія дозы хлусьні і цынізму для маленькага чалавечага сэрца — звышнебясьпечныя, ня менш страшныя, чым яд.
Рашыў дакладчык, для большай пераканаўчасьці, і лічбамі пакарыстацца. «За апошнія 10 гадоў на беларускай мове выпушчана 1761 назва мастацкай літаратуры». Рашыў уразіць шырокую (на 80% зрусіфікаваную) публіку і прысарамаціць незадаволеных «нацыяналістаў»: маўляў, што вам яшчэ трэба? Хіба гэта мала. Мала, шаноўныя! Настолькі мала, што ні пра якую аптымістычную персьпектыву разь­віцьця нашага краснага пісьменства гаварыць не выпадае. Падзелім названую лічбу на 10 — атрымліваецца: у год выходзіць на беларускай мове ўсяго 176 кніг мастацкай літаратуры (у т. л. для дзяцей і мастацкія пераклады). А ў суседняй, утрая меншай Летуве — 1000 кніг на летувіскай мове ў год; а ў братняй славянскай Балгарыі, роўнай па насельніцтву Беларусі, — 5000 кніг на балгарскай мове ў год.
Вось такія лічбы і такая высокатрыбунная «праўда». У разгар Перабудовы. Ужо столькі сказана генсекам М. Гарбачовым аб неабходнасьці больш удзяляць увагі нацыянальнаму пытаньню, а тут — ані шум баравы! Як і ня чулі і ня ведаюць нічога.
Дарэчы, ужо адбылася, перад самым Новым годам, страшная — з крывавымі сутычкамі і пагромамі — падзея ў Алма-Аце, з’ініцыяваная маладымі казахскімі патрыётамі, перш за ўсё студэнтамі (пагромшчыкі, як гэта бывае заўсёды, да іх далучыліся, і правакатары, несумненна, таксама). Пісьменьнік Ануар Алімжанаў ацаніў гэты бунт як «спробу ўчыніць пажар у нашым агульным доме» і абазваў яго маладых удзельнікаў «палітычна няграматнымі юнцамі» («ЛГ», 1.1.1987). Вядома, ні пажары, ні бунты не патрэбныя, лепш абысьціся без сацыяльных ператрусаў, лепш да выбуху не даводзіць, а рашаць набалелыя пытаньні спакойна, дзелавіта, мудра. Але ж — рашаць, а не замоўчваць, не заплюшчваць вочы на іх, не рабіць выгляду, што іх няма! Алмаацінскія «юнцы» выйшлі на маніфестацыю аднак жа не з анархічнымі і не з антысавецкімі лозунгамі, а з зусім законнымі, канстытуцыйнымі патрабаваньнямі — даць магчымасьць дзецям Казахстана вучыцца ў сваёй рэспубліцы на роднай казахскай мове! Годзе русіфікацыі і асіміляцыі, годзе! Што ж у гэтых патрабаваньнях несправядлівага, а тым больш — злачыннага? Нічога! А вось жа і не падумалі неадкладна выправіць становішча, даць казахскім дзецям школу (і тэхнікум, і універсітэт) на іх роднай мове, і наогул спыніць у рэспубліцы русіфікацыю — неразумную, гвалтоўную, пагібельную для самога ж Крамля і для «Саю­за непарушных». Наадварот, усё, што ўбачылі і зразумелі «власть предержащие», — гэта «неабаснаваныя прэтэнзіі» і «нацыянальны эгаізм». У адной з перыферыйных газетаў Казахстана вядомы паэт напісаў: «Ганарыцца роднай мовай, клапаціцца аб яе чысьціні, спрыяць яе разьвіцьцю — адзін з галоўных абавязкаў кожнага казаха, кожнай казахскай сям’і, кожнага, хто лічыць сябе казахам, усяго насельніцтва. Сіла народа — сіла мовы. Мы павінны зрабіць родную мову адной з самых аратарскіх, самых пісьменных і самых багатых моў. Гэта — наш абавязак сёньня, а таксама наступных пакаленьняў». Залатыя словы і надта-надта ў пару сказаныя! Хто з патрыётаў роднага беларускага слова не падпісаўся б пад імі? Усе да аднаго. А які ж вердыкт газеты «Правда» (11.2.87)? «У гэтых словах... праглядваецца нацыянальны эгаізм». Другая газета — «Вячэрняя Алма-Ата» — паведаміла радасны факт. «Усё навучаньне і выхаваньне ў гэтым дзіцячым садку будзе весьціся на казахскай мове — так захацелі самі дзеці і іх бацькі. (...) І так, у сталіцы рэспублікі Алма-Аце адкрыўся яшчэ адзін казахскі дзіцячы сад». Божа, з якой іроніяй абрынулася «Правда» на гэта паведамленьне! Ну як жа: двух-, пяцігадовыя дзеці самі выбралі, на якой мове будзе працаваць садок! Хіба ня сьмешна! Да якога абсурду даходзіць! Адкрылі казахскі садок! «Вось ужо сапраўды гістарычная падзея!» — высакамерна зьдзекуецца «Правда». А падзея, выходзіць, і насамрэч гістарычная. Помню, як прыкладна тады ж быў адчынены ў Менску першы беларускі дзіцячы садок (заг. Г. С. Прыма). І мы, зусім не жартуючы, таксама гаварылі: гістарычная падзея! Бо так яно і ёсьць. Бо і адзін нацыянальны дзіцячы сад можа аказацца вяхой на гістарычным пераломе.

l l l
Цынічная хлусьня Я. Сакалова пра становішча беларускай мовы ў Беларусі, выказаная ім на пленуме ЦК КПБ, дапамагла мне належным чынам мабілізавацца на напісаньне свайго дакладу, які я акурат тады пачаў рыхтаваць да пленуму СП Беларусі. Няйначай як дадала мне неабходнай у гэтым разе злосьці, душэўнай энергіі, прымусіла завастрыць акцэнты на некаторых выключна важных пытаньнях, перш за ўсё такіх, як лёс беларускай мовы і гісторыя Беларусі.
Але сталася так (лёс пайшоў насустрач), што абуджаная ў душы справядлівая злосьць спатрэбілася мне раней і на больш высокай трыбуне. Неспадзявана прыйшло запрашэньне ў Маскву — на пленум праўленьня Саюза пісьменьнікаў СССР, з прапановай выступіць («Абавязкова! Ваша прозьвішча ўжо ў сьпіску!») Ну, што ж, выдатна! Некаторымі думкамі свайго даклада падзялюся з цьветам усёй савецкай літаратуры (вядома, з «цьветам» — у праўленьне абы каго не выбіралі!). І з ідэолагамі ЦК КПСС, якія несумненна на пленуме будуць. Падсыплю і фактаў. І просьбы некаторыя выкажу.
Пленум адбыўся 27 красавіка. У «ЛГ» слова маё было пададзена фактычна ў пераказе, а цалкам апублікавана ў «ЛіМе». Падам некалькі пасажаў, за прагучаньне якіх у Маскве я тады, прызнаюся, быў вельмі ўдзячны тым, хто даў мне слова.
«Бессчетное число раз я задавался вопросом: может ли быть подлинным интернационалистом и вообще полноценным гражданином национальный нигилист, неуважающий язык и культуру своего народа? Я обращался к мыслям многих умнейших, образованнейших людей мира, но приведу слова лишь одного из них — одного из самых культурных русских писателей советской эпохи К. Г. Паустовского: «По отношению каждого человека к своему языку можно совершенно точно судить не только о его культурном уровне, но и о его гражданской ценности. Истинная любовь к своей стране немыслима без любви к своему языку. Человек, равнодушный к родному языку — дикарь. (Аплодисменты). Он вредоносен по самой своей сути. Потому что его безразличие к языку объясняется полнейшим безразличием к прошлому, настоящему и будущему своего народа» (Аплодисменты).
Месяц назад мы в Союзе писателей БССР подводили итоги «книжкиной недели», и там почти все выступившие гости высказались по поводу одного весьма огорчившего их открытия. Они узнали, что ни в столице Белоруссии Минске, ни в одном областном центре, ни в одном городе и даже городском поселке республики нет ни одной белорусской школы. Есть английские, французские, испанские — а белорусских нет. Гости высказали глубокое сожаление и великое недоумение: «Кому и зачем это нужно? Кому и зачем нужно, чтобы из жизни уходил древний, литературно прекрасно разработанный, по мнению специалистов — один из благозвучнейших славянских языков?» (Аплодисменты).
«Есть непреложная истина: без языка нет и не может быть литературы. Художественный уровень произведения прямо зависит от языкового мастерства писателя, от богатства и живости его лексики, натуральности звучания фразы. Где и как может белорусский писатель обогащать и совершенствовать свой рабочий язык? Ведь национальный язык развивается в естественных условиях — в быту, в семье, в производственных отношениях людей... Ну, а если этих естественных условий для его развития нет? Какова же перспектива большой национальной литературы да и всей белорусской культуры в целом, поскольку язык — первоэлемент культуры? Как вы, надеюсь, понимаете, для нас сегодня это — вопрос вопросов, мы глубоко озабочены сложившейся в Белоруссии языковой ситуацией.
В 1988 году в Белоруссии выйдет из печати одна-единственная первая книжица поэзии. Одна — на всю 10-миллионную Беларусь! А могли бы издать свои стихи десять молодых — как минимум! И из этих десяти — смотришь — два-три выросли бы в настоящих поэтов! Но нет места этим десяти молодым, начинающим. Нет! Чтобы дать им место — надо потеснить десять известных, или даже именитых. Но разве такое бывает? Да и разве это решение вопроса? Почему молодого надо издавать за счет именитого, книга которого тоже новая, и ее ждут читатели? Чтобы найти выход из трудного положения, еще 25 лет назад родилась у нас идея — издавать библиотечку журнала «Маладосць»: двенадцать маленьких первых книжечек поэзии, прозы, драматургии в год. Казалось бы: как просто и как дешево! Увы! Не было за 25 лет ни одного съезда или пленума писателей республики, где бы не говорилось о необходимости этого издания, где бы не принималось постановление — просить соответствующие инстанции... 25 лет! — а библиотечки все нет как нет! По сей день — такой «грандиозный» вопрос не решен! Кто-то где-то противится — объясняют нам. Согласитесь, что это более, чем странно. И как тут не вопросить еще раз: кто же вы, почтенные товарищи, и почему вы так не желаете, чтобы в белорусскую литературу быстрее входили молодые таланты?
Или вот еще — другой факт. Лет десять назад сократили листаж наших журналов — изданий Союза писателей Беларуси. С бумагой было трудно в стране. Это отрицательно сказалось на качестве печати и художественном оформлении журналов, что в свою очередь привело к падению их тиражей: мелкие шрифты читать тяжело, неприятно. Решилась в стране проблема с бумагой, но никак не решается проблема с возвращением прежнего объема нашим журналам. А ведь нам давно нужен новый журнал! Союз писателей республики за последних 35 лет вырос в три раза, а толстых литературных журналов на белорусском языке за эти 35 лет у нас не прибавилось.»
Так удалося мне агаліць нашу страшную беларускую праўду — агаліць перад усёй літаратурнай і культурнай грамадскасьцю краіны, само сабой — перад палітычным кіраўніцтвам дзяржавы. Помню: самаадчуваньне было — нібы споўніў наканаваны лёсам свой галоўны доўг. А ўжо цяпер хоць на эшафот цягніце! Дарэчы, праз 17 гадоў у кнізе геніяльнага кампазітара Георгія Сьвірыдава «Музыка как судьба» я прачытаў такі яго дзёньнікавы запіс: «Пленум Союза писателей СССР.» («Литературная газета» 6 мая 1987 года). Ценные выступления. 1) Нил Гилевич — о национальной несознательности, отсутствии интереса к истории, культуре. О невнимании к родному языку, искоренении его из школьных программ — дикость какая то!» Хоць і праз 17 гадоў, але ўспрыняў ацэнку Георгія Васільевіча як узнагароду, тым больш уцешную, што яе выказаў вялікі чалавек рускай культуры.
У час пленума, вядома ж, пасьля выступленьня, я наважыўся папрасіць аўдыенцыю ў намесьніка загадчыка аддзелу культуры ЦК КПСС Альберта Бяляева, з якім былі знаёмы яшчэ з паездкі ў Баку восеньню 1980-га. Згода была дадзена адразу ж, і назаўтра надвечар я ўжо быў у партыйным доме на Старой плошчы. Гутарка цягнулася ня менш паўтары гадзіны (двойчы падавалася гарачая гарбата з пячэньнем). Я быў падрыхтаваны да размовы, бо ішоў з зусім канкрэтнымі заданьнямі і просьбамі — з тымі, пра якія гаварыў у сваім выступленьні. Па-першае, спакойна, дэталёва праінфармаваў уплывовага партыйнага апаратчыка аб г. зв. «беларускім нацыяналізьме» і змаганьні з ім у рэспубліцы. Паўтарыў ужо агулам вядомае яму — аб стане беларускай мовы і беларускай школы, падкрэсьліўшы, што нічога добрага з такой нацыянальнай палітыкі не прарасьце. Слухаў уважліва, сёе-тое аспрэчваў, але рэдка. Па-другое, выказаў яму абурэньне, што кіраўніцтва рэспублікі не ідзе насустрач літаратурнай моладзі, а менавіта — ня хоча выдаваць «Бібліятэку часопіса «Маладосць», што гэта скоўвае станаўленьне маладых паэтаў і пісьменьнікаў і што гэтаму няма ніякага апраўданьня. Ён запісаў гэту маю скаргу і сказаў: «Паспрабуем умяшацца». (Да ведама: з новага, 1988 году, «Бібліятэка «Маладосці» пачала выходзіць). Па-трэцяе, папрасіў яго паставіць пытаньне перад сакратарыятам ЦК аб тым, каб беларускім літаратурным часопісам «Полымя» і «Маладосць» вярнуць ранейшы лістаж (аб’ём), які быў значна ўрэзаны гадоў дзесяць назад. «Пісьменьнікам няма дзе друкавацца, СП вырас больш чым на сто чалавек, самы раз бы адкрыць новы часопіс, а тут і гэтыя абкарнаны — «Полымя» на 3 аркушы, «Маладосць» на 2. Урад Рэспублікі нам тлумачыць, што нічога ня можа зрабіць, бо аб’ёмы часопісаў скарочаны па рашэньні ЦК КПСС». Гаспадар прасторнага кабінету, закончыўшы нейкую паметку ў сшытку, націснуў на кнопку апарата і ў маёй прысутнасьці стаў выясьняць акалічнасьці ў справе скарачэньня лістажу часопісаў. «Добра, буду чакаць», — сказаў суразмоўцу. Хвілінаў праз пяць, ня больш ён падняў трубку і — я пачуў нешта неверагоднае: «Дык, гэта Беларусі не датычыла? Яны самі скарацілі, па ўласнай ініцыятыве? Цікава! Ну, дзякую». Паклаў трубку і паглядзеў на мяне: «Усё зразумелі? У рашэньні Сакратарыяту ЦК КПСС пералічаны канкрэтна тыя рэспубліканскія часопісы, аб’ём якіх неабходна паменшыць. У пераліку няма ні «Полымя», ні «Маладосьці» — беларускіх часопісаў рашэньне ЦК не датычыла. Увогуле яно датычыла пераважна не літаратурна-мастацкіх часопісаў. Вось такі прафесіяналізм у працы вашых беларускіх бюракратаў: прачыталі агульны загаловак рашэньня ЦК — і ўсё. І разанулі.» Я горка ўсьміхнуўся і сказаў: «Альберт Андрэевіч — па-мойму, наадварот — яны зрабілі вельмі прафесійна». Бяляеў зрабіў выгляд, што ў маёй рэпліцы ён нічога не ўлавіў. (Да ведама: лістаж «Полымя» і «Маладосці» беларускія партакраты не вярнулі, ого, не для таго скарачалі, каб вяртаць!) Праўда, са студзеня 1988-га году ў Менску пачаў выходзіць тонкі грамадска-літаратурны часопіс «Крыніца», але кампенсаваць страты гэта не магло, тым больш, што ён быў двухмоўны: беларуска-рускі.

l l l
У тым жа крытычным настроі, з якім выступіў на пленуме ў Маскве, пісаў я і свой вялікі (на дзьве з гакам гадзіны) даклад для беларускага пленуму СП (адбыўся неўзабаве — 5 чэрвеня).
Нарэшце мне была дадзена магчымасьць выйсьці, кажучы вайсковай мовай, і на «аператыўны прастор». Рэч у тым, што на двух апошніх зьездах пісьменьнікаў (1981 і 1986) мне партбюракраты з ЦК выступіць забаранілі. І правільна, з іх пазіцыяў, з іх разуменьня, «хто ёсьць хто», — зрабілі. Выпускаць на трыбуну зьезда «неуправляемого» небясьпечна. Ну, што ж, паспрабуем сёе-тое сказаць у дакладзе на пленуме; народу будзе крыху менш, чым на зьезьдзе, але багата: пісьменьнікі прыйдуць амаль усе, будуць і госьці. Партначальнікі, відаць, купіліся на тэму пленума: «Сацыяльна-маральныя праблемы ў жыцьці і літаратуры». Не палітычная (мова, культурара, гісторыя) а — «сацыяльна-маральная». Значыць, пытаньні мовы і гісторыі на першы план выйсьці не павінны. Пралічыліся апекуны-ідэолагі: менавіта гэтыя пытаньні сталі галоўнымі, вузлавымі арганізоўчымі нервамі дакладу. Становішчу і наогул лёсу нашай мовы ў дакладзе прысьвечана шмат старонак, некалькі пасажаў з іх дазволю сабе тут падаць — для засьведчаньня, якія задачы на тым пачатковым этапе беларускага нацыянальнага адраджэньня мною ставіліся.
«Першае: ёсьць няпісаны маральны закон, паводле якога, як натуральна для чалавека дыхаць, піць і есьці па нараджэньні — гэтак жа павінна быць натуральна, каб дзіця, нарадзіўшыся на гэтай зямлі, пачынала гаварыць на мове гэтай зямлі. Гэта — у інтарэсах самога дзіцяці, у інтарэсах яго маральнага і наогул духоўнага разьвіцьця, дзеля станаўленьня яго чалавечай асобы. І гэта зусім ня значыць, што пазьней дзіця не авалодае іншымі мовамі. Другое: зямля і мова, у сэнсе — уся навакольная прырода і мова, зямля і душа народу, мова і душа народу, мова і гісторыя народу, гісторыя яго культуры, — усё гэта існуе ў цэласнасьці і непарыўнасьці, гэта нельга разрываць, таму што іначай — крах патрыятычнай сьвядомасьці, крах маралі, крах культуры, а замест усяго гэтага — бездухоўнасьць, цынізм, пошласьць, спажывецкая псіхалогія, корць разбурэньня, дыктат нізкіх жывёльных інстынктаў. Трэцяе: мова, якая ня ўдзельнічае ў арганізацыі працы, у арганізацыі грамадскага жыцьця, больш таго — нават у арганізацыі сямейнага быту, — траціць жыцьцёвую сілу, драхлее, кансервуецца, пераходзіць у разрад музейнай экзотыкі. Іншымі словамі — спыняецца ў разьвіцьці. Што ж яе чакае? У элементарных падручніках па дыялектыцы напісана: тое, што не разьвіваецца — памірае».
«Такі рэальны стан рэчаў і такім яго трэба цьвяроза ўспрымаць — з тым, каб не сядзець склаўшы рукі, а шукаць выйсьце са становішча, рабіць канкрэтныя захады да выпраўленьня сітуацыі. І першае, з чаго мы павінны пачаць, гэта — рашуча адкінуць той песімізм у паглядах на будучыню нашай мовы, які, на маё бясконцае зьдзіўленьне і засмучэньне, публічна выказваюць некаторыя нашы ж калегі — самі пісьменьнікі. Я зьвяртаюся да іх з просьбай: дарагія таварышы і сябры, усё што хочаце — толькі не песімізм! З песімізмам мы, як-то кажуць, і з месца не скранёмся. Сацыяльны песімізм увогуле штука паршывая — і не для нас. Нам патрэбна вера, і толькі вера. Тым больш у такі час, калі грамадства знаходзіцца на гістарычным пераломе. І гэта ня танны казённы аптымізм. Гэта — адзінае, на што мы маем маральнае права. На песімізм такога права ў нас няма. За нашымі плячамі — тысяча гадоў разьвіцьця нашай пісьменнасьці, літаратурнай мовы, самой літаратуры і ўсёй духоўнай культуры народа. Гэта прызнана ўсім сьветам. Як жа мы, беларускія літаратары, павінны пачувацца, ведаючы, што за намі — тысячагадовы шлях пакутаў і барацьбы многіх пакаленьняў, ведаючы, якая велізарная духоўная спадчына нам дасталася? Ня толькі — з якою гордасьцю мы павінны думаць пра гэта, а перш за ўсё — з якою адказнасьцю! Тысячу гадоў зьбіраўся, накопліваўся, нарастаў духоўны скарб народу — і цяпер нехта мае права паставіць на ім крыж? Нікому з нас, сёньня жывучых, такога права ня дадзена — нікому! Ня намі пачалося — і ня намі кончыцца. Наш абавязак — прадоўжыць і перадаць наступнікам, нашчадкам. І менавіта перад лёсам нашчадкаў амаральна думаць: на мой век, маўляў, хопіць, а там — хоць трава не расьці».
Крыху нечаканай, мабыць, была для ўдзельнікаў пленуму мая рэзкая крытычная ацэнка стану гістарычнай навукі ў Беларусі. Яе нявызваленасьць ад пэўных догмаў савецкай (па сутнасьці — імпер-шавінісцкай) гістарыяграфіі ўжо даўно ўспрымалася мною як недарэчны атавізм, асабліва нясьцерпны цяпер — на вятрах перабудовы. «Галоўная наша бяда ў тым — гаварылася ў дакладзе, — што беларускія вучоныя-гісторыкі ў большасьці сваёй усё яшчэ сядзяць пад каўпаком абэцэдаршчыны і баяцца высунуць з-пад гэтага каўпака галаву. Спадзявацца на іх падмогу нам, пісьменьнікам, на вялікі жаль, пакуль што не прыходзіцца. Трэба самім церабіць сьцежкі да гістарычных фактаў і адкрываць іх народу». І далей: «У Беларусі нядобрыя сілы стараліся нашу гістарычную памяць усыпіць. Вядома, песенькай: люлі-люлі, баю-бай. Ну, а калі песенька не памагала і ў «нянькі» канчалася цярпеньне, тады і злосным вокрыкам: «Сьпі, а то дам! Сьпі, кажу табе!..» Але гістарычная памяць народу — не дзіцятка, яна спаць ня можа і не павінна. І яе трэба не ўсыпляць, а будзіць. Без гістарычнай самасьвядомасьці цяжка вырашаць усе іншыя жыцьцёва важныя для нацыі і нацыянальныя культуры пытаньні».
Як і трэба было чакаць, аўтар даклада трапіў у няміласьць акадэмічных гісторыкаў. Двое з іх (В. Мялешка і З. Капыскі) выступілі на старонках «Советской Белоруссии» з водпаведдзю. Дужа пакрыўдзіліся за «каўпак абэцэдаршчыны»: маўляў, такой іх залежнасьці ад поглядаў і пазіцыі Л. Абэцэдарскага няма, яны твораць і рухаюць гістарычную навуку самастойна. Гэта была, канешне, абарона гонару мундзіра. Дзе ж яно самастойна, калі пад дыктоўку гісторыкаў расейскіх. Літаральна праз чатыры-пяць гадоў сітуацыя ў Інстытуце гісторыі АН БССР істотна памянялася — навукоўцы, ужо грамадзяне незалежнай Беларусі, ступілі на шлях аб’ектыўнага асьвятленьня гістарычнага лёсу беларускага народу. А праз 9-10 гадоў сітуацыя зноў пачне мяняцца — і — на зьдзіўленьне ўсяго сьвету — у процілеглым кірунку — г. зн. да таго, ад чаго толькі што вызваліліся.
Ніколі раней я, здаецца, так не задумваўся над пытаньнем гістарычнай самасьвядомасьці народу, як цяпер у разгар гэтак званай перабудовы. Зразумела, чаму. Надышоў час, калі ўсе мы, верныя сыны і дочкі Бацькаўшчыны, хто мацней, хто слабей, адчулі ў сэрцах покліч да абуджэньня, да ўзрушэньня і дзейнасьці — да ўзыходжаньня на шлях нацыянальнага адраджэньня. Гэта сталася само па сабе, з натуральнай непазьбежнасьцю. Клопат пра лёс роднай мовы, беларускай культуры і пра гістарычную памяць народу — усё зьвязалася ў адно і ўсьвядомілася як непарыўна цэлае — як агульны вялікі клопат пра лёс нацыі. Гістарычная самасьвядомасьць — гэта разуменьне непарыўнасьці гістарычнага шляху народу, гісторыі яго культуры, яго духоўнасьці, яго літаратуры таксама. А нашу гісторыю разрывалі і рвалі, як хацелі, а то і зусім закрэсьлівалі. Купала і Колас да 1917-га і — пасьля 1917-га. Беларусь да паглынаньня Расейскай імперыяй (1773-1795) і — пасьля па­глынаньня. Гібельнае дзяленьне, разрыў па жывому таго, што ёсьць непарыўным!
Яшчэ ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя нашы дзяды-прадзеды і ў Менску, і ў Вільні, і ў Беластоку ведалі і помнілі: у нас ёсьць і Міндоўг, і Вітаўт, і Канстанцін Астрожскі, і Леў Сапега — і яны ўсіх нас і ўсе нашы землі аб’ядноўваюць у адно, у адзіны народ ліцьвінаў-беларусаў. Мы, унукі-праўнукі сваіх дзядоў-прадзедаў, ужо гэтага ня ведалі, канчалі школу і універсітэт, а гэтых вялікіх імёнаў і ня чулі, іх адабралі ў нас, іх замянілі ў падручніках імёнамі заваёўнікаў, якім і прымусілі пакланяцца, як сьвятым. Яшчэ маё пакаленьне ў гады дзяцінства ведала, што вось гэтыя кавалкі Беларусі адрэзаныя, але іх патрэбна вярнуць, бо яны нашыя. З цягам часу гэта веданьне, гэта ўсьведамленьне трацілася, і мы пачалі звыкацца, а ўрэшце і звыкліся, што абкарналі нас назаўсёды, і што тое нашае — ужо ніколі нашым ня будзе. Ды што казаць пра адрэзанае, калі ў людзей наогул траціц­ца інстынкт прыналежнасьці да сваёй роднай зямлі, да ўсяго таго, што перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне як спадчына. Значыць, гістарычную сьвядомасьць народу трэба жывіць і ўмацоўваць, бяз гэтага не ўкультывуем пачуцьця нацыянальнай годнасьці. Калі гістарычная памяць народу слабее, усыхае і выветрываецца — гэта трагедыя, гэта сьмерць нацыі. Чалавек траціць памяць перад сьмерцю. Памяць і мову. Дык што — прымем гэта як наканаванае, як лёс?..
З пісьменьніцкім пленумам 1987-га году зьвязаны пачатак цэлай паласы пуб­лічнай траўлі Ніла Гілевіча з боку некаторых ваяўнічых «дэмакратаў», да паслугаў якіх былі ня толькі асобныя рэспубліканскія выданьні, але і ўсесаюзныя («ЛГ», у прыватнасьці). Адсутнасьць у характары дыпламатычных здольнасьцяў, уменьня схітраваць, недагаварыць, прамаўчаць, асабліва ў пытаньнях, што датычаць лёсу мовы і нацыі, спрычынілася таму, што я раптам нажыў вельмі небясьпечных ворагаў з зайдзроснымі магчымасьцямі помсты. Помсты — за нішто, толькі за тое, што не пагадзіўся з імі і ў ветлівай форме запярэчыў. У прыватнасьці, не пагадзіўся з літаратарам С. Букчыным, што ўмовы, у якіх апынулася наша родная мова, склаліся натуральна, і што сама сёньняшняя моўная сітуацыя ў Беларусі — натуральная; а ў непрэстыжнасьці беларускай мовы вінаваты беларускія пісьменьнікі, бо кепска пішуць («ЛГ» за 3.VI.87). Мяне гэты цынізм абурыў, і ў дакладзе я, натуральна, даў водпаведзь: «У народзе ў такім выпадку кажуць: і б’юць і плакаць не даюць. Тым, хто разьлічвае на наіўных і хоча зацямніць справу, адкажу зусім ясна: прэстыжнасьць беларускай мовы будзе вернута тады, калі ёй будзе вернута законнае дзяржаўнае становішча ў рэспубліцы. Вось да гэтага, думаю, дадаць няма чаго. І яшчэ — у сувязі з праблемай маралі і маральнасьці. Калі сёньняшні боль беларускай інтэлігенцыі за сваё роднае слова некаму не баліць, калі некага зусім не хвалюе, што ў нашых гарадах англійскія школы ёсьць, а беларускіх няма, дык элементарная маральнасьць павінна падказаць гэтаму некаму — ня сыпце соль на чужыя раны, ня можаце ў бядзе дапамагчы — дык хоць памаўчыце».
О, як мне дорага каштавала гэтае несумненна слушнае, справядлівае пярэчаньне! Колькі (і з якіх трыбун!) гваздалі мяне ў наступных гадах як нацыяналіста і, мякка кажучы, ксенафоба! Шмат зразумеў я з гэтага прыватнага эпізоду, нават вельмі шмат. Аказваецца, калі нехта вярзе відочнае глупства ды яшчэ і плюе табе ў твар — ты павінен цярпець, абцірацца і маўчаць. Бо гэны «нехта» — несумненны і ваяўнічы дэмакрат, змагар за агульналюдскія ідэалы, а ты — нацыяналіст, змагар за дзяржаўнае панаваньне беларускага слова, ты патрабуеш, каб і мы, дэмакраты, валодалі і карысталіся тваёй прымітыўнай, недасканалай мовай. Ну не, гэтага мы не дапусьцім! Тут мы — разам з Крэмлём! Адною сьцяной чырвонакаменнай!...
Аўтары рэпартажу пра наш пленум адмыслова вылучылі і падкрэсьлілі «ксенафобскую» пазіцыю дакладчыка, першага сакратара СП Беларусі: забараняе небеларусам выступаць па пытаньнях беларускай мовы і літаратуры, гісторыі і культуры, маўляў: гэта «ня ваша» — дык і ня лезьце, бяз вас разьбяромся. Вось такім махровым нацыяналістам, ворагам інтэрнацыяналізму аказаўся Ніл Гілевіч! На ўвесь СССР абвясьцілі! Ды нават і на ўвесь сьвет: «Литературная газета» ідзе амаль ва ўсе краіны планеты. Усюды будуць ведаць (каму гэта цікава), што ў Беларусі ёсьць і дзейнічае... гэта самае... дык майце на ўвазе. Разумеючы, што начэплены ярлык садраць з сябе я не змагу, — для гэтага трэба трыбуна, роўная «ЛГ», — усё ж напісаў на імя членаў рэдкалегіі «ЛГ» ліст, у якім катэгарычна адрынуў выстаўленае мне абвінавачваньне. Вядома, было б звышнаіўнасьцю чакаць, што ліст будзе апублікаваны, я і не чакаў гэтага, але няхай хоць ведаюць кіраўнікі і супрацоўнікі «ЛГ», што я не праглынуў моўчкі іх «жабу», што я лічу сябе абражаным, але не растаптаным, і што хоць некалі гэты ліст будзе прачытаны і праўда ўсплыве. У лісьце, між іншага, гаварылася:
«Мае пярэчаньне расцэнена Вамі, паважаныя члены рэдкалегіі «ЛГ», як спроба... зрэшты працытую Ваш адказ: «Яму, не беларусу, вы ў сваім дакладзе на пленуме проста адмовілі ў праве ўдзельнічаць у гэтай размове...» Вось як?! Пазбаўляю яго права — таму што ён не беларус? Гэта Вам так хочацца — каб так было? Ці — каб я не пасьмеў запярэчыць крытыку, паколькі ён не беларус? Але чаму ж я не «пазбавіў» гэтага права С. Міхалкова, С. Залыгіна, А. Малдоніса, С. Куняева, Б. Алейніка, Ю. Мушкеціка і іншых, што гаварылі пра беларускую мову на пленуме СП СССР? Таму, што яны гаварылі з разуменьнем, са спачуваньнем, з жаданьнем дапамагчы. У гэтым уся справа.
Для мяне зусім ня мае значэньня, хто па нацыянальнасьці той, што пра маю родную мову гаворыць хлусьню і глупства. Прашу паверыць, што больш за ўсё падобнага на тое, што сказаў у «ЛГ» не беларус, я чуў і чую ад беларусаў па пахо­джаньні. Але, канешне ж, не беларусу варта быць у размовах аб нацыянальнай беларускай культуры і мове асабліва асьцярожным і далікатным — каб ня сыпаць соль на раны. Аб гэтым я і сказаў у дакладзе, аб гэтым жа гаворыцца ў пісьме сакратарыята СП БССР.
Я — інтэрнацыяналіст, паважаныя члены рэдкалегіі «Литературной газеты». З маладых гадоў і назаўсёды. І ніякая сіла мяне з гэтага не саб’е. Што датычыць маёй грамадзянскай і палітычнай пазіцыі, — то заяўляю з усёй рашучасьцю: мая пазіцыя — інтэрнацыяналісцкая.
Іншая рэч, што для многіх людзей, у тым ліку і для многіх адказных таварышаў, інтэрнацыяналіст — гэта або тып без пачуцьця роду-племені або проста варты жалю халуй, у якога нічога не засталося ад нацыянальнай годнасьці. Асабіста я ўсё жыцьцё стаўлюся да такіх з пагардай.» (3 жніўня 1987 году).
Крыху пазьней не спадабалася сяму-таму і мая «абарона» беларускіх пісьменьнікаў, празаікаў сярэдняга пакаленьня, якім прышылі ярлык «хутаранства». На маё разуменьне, пытаньне гэта было (ды і цяпер ёсьць) больш складанае, чым яго трактавалі літаратурныя публіцысты. Вельмі дружна і пафасна загаварылі яны пра гэту нібыта найбольшую бяду сучаснай беларускай літаратуры. Хутаране! Вартыя жалю правінцыялы, якія хочуць грэцца каля свайго «нацыянальнага цяпельца» (па іх лексіцы — «агеньчыка»). А трэба выходзіць у шырокі сьвет, па скрыжаваньне ўсіх сямі вятроў, арыентавацца на глабальныя маштабы. Чалавецтву пагражае ўсеагульная сусьветная катастрофа, жыцьцё на планеце можа зьнікнуць, а вы — чапляецеся за свой беларускі «хутар», за сваю мову, за сваю нацыянальную гісторыю!..
Вось такія папрокі-закіды «хутаранам». Канешне, трэба ў вялікі сьвет выходзіць, хто ж ня хоча і не разумее гэтага. Але, выбачайце, з чым выходзіць? Па чым нас, беларусаў, у тым сьвеце пазнаюць? Хіба не па нашым уласным абліччы, не па нашым гістарычным лёсе?.. І думалася мне (і аб гэтым — у маіх тагачасных артыкулах): што вы хітруеце, калегі? Калі ўсім нам трэба чакаць сусьветнай катастрофы (даруй, Усявышні!), то чаму вы ня зьвернецеся да ўсіх народаў планеты: «Людзі! Адрачыцеся ад сваіх моў і культур! Ад сваіх «нацыянальных цяпельцаў»! У імя выратаваньня!..» Дык жа — не, не зьвяртаецеся. Толькі ад беларусаў патрабуеце гэтага. Чаму? А чаму не зьвярнуцца з гэтым да палякаў, венграў, чэхаў, славенцаў, фінаў, што сядзяць ля сваіх «цяпельцаў», пішуць пра свае «хутары»?
Тым часам пытаньне лёсу нацыянальных моў і культур пачынае займаць усё больш шырокае месца на старонках усесаюзнай прэсы. Пільна чытаю і зьвяртаю ўвагу перш за ўсё на вядомыя і выдатныя імёны савецкай літаратуры і мастацтва, у чыіх артыкулах, часам хоць між радкоў, знаходжу разуменьне і падтрымку. Эвенк Алітэт Нямтушкін («Литературная Россия», 10.IV.87), армянка Сільва Капуцікян («Правда», 7.V.87), нанаец Грыгорый Ходжэр («Литературная Россия», 11.IX.87), латыш Яніс Петэрс («Правда», 16.IX.87, «ЛГ», 18.XI.87), летувіс Марцэліус Марцінайціс («ЛГ», 23. IX.87), эстонец Юло Туулік («ЛГ», 17.2.88), і інш . Некаторыя з іх — мае добрыя знаёмыя. Божа, як я іх разумею! І ў тым, што насьмеліліся сказаць, і ў тым, пра што не сказалі, і нават у тым, дзе відочна пакрывілі душой (Петэрс: «Бо мы не што іншае, як дабравольны саюз пятнаццаці дзяржаў — сацыялістычных рэспублік». А можа, гэта ў артыкул Янеза «праўдзісты» ўставілі? У апошні момант — калі ўжо і ўмяшацца позна?) Дарэчы, Ю. Туулік (з ім мяне пазнаёміў у Маскве В. Быкаў) у сваім артыкуле спаслаўся на Украіну і Беларусь, падкрэсьліў­шы, што працэс узаемаадносінаў моў трох усходне-славянскіх народаў «стаў прымаць негатыўныя тэндэнцыі, якія праявіліся ў забыцьці моў украінскага, беларускага народаў». Так маленькая Эстонія, ці ня першая сярод сясьцёр-рэспублік, публічна заступілася за вялікую Беларусь. Нацяжка заўважыць, што ўсе пералічаныя імёны гэта — «нацыяналы», гэта іхні зразумелы нам, беларусам, боль, іхні клопат. А што — пісьменьнікі рускія, нават скажам так — ісконна рускія? Што яны пішуць? Як яны глядзяць на праблему?
Выказаўся, і зусім пэўна, адзін С. Міхалкоў («ЛГ», 6.V. 87). Пэўна і неспадзявана для мяне досыць прагрэсіўна. «Калі мы хочам захаваць нацыянальныя літаратуры, мы павінны тэрмінова прыняць самыя рашучыя меры па вывучэньню ў школах дзьвюх моў — рускай і роднай. Пачынаючы з першых класаў. Першай мовай па­вінна быць свая, родная...» Дарэчы, выказаўся ён так пад сьвежым уражаньнем ад паездкі ў Беларусь (на Дні дзіцячай кнігі) і ад размовы ў СП Беларусі. Прагрэс яго — адносны, бо не пастаўлена пытаньне: а якія гэта «самыя рашучыя меры» трэба прыняць? Павялічыць колькасьць гадзінаў у школах на вывучэньне мовы карэннага насельніцтва? І што — гэта дасьць жаданы вынік: адбудзецца пералом? І ўсе ВНУ пачнуць працаваць у Беларусі на беларускай мове? Вельмі важна, вядома, каб першай мовай у пачатковай школе была родная. Але... а што далей? У пачатковай — родная, а з універсітэту выходзіць ужо нацыянальны нігіліст з пагардай да сваёй роднай мовы і з разуменьнем, што яна — нідзе ня будзе яму патрэбная.
Тым ня менш, Міхалкоў выказаўся. Хоць гэтак. Іншыя — не сказалі. Нічога і ніяк. Замест іх на старонках газетаў замількалі ідэолагі, палітолагі, сацыёлагі, педагогі, журналісты. Куды яны ўсе хіляць — зразумела. Усе іх развагі зводзяцца да аднаго: трэба, вядома, пайсьці на пэўныя ўступкі, што датычыць нацыянальных моў і культур, але ў прынцыпе агульны статус-кво — не мяняць. Ні ў якім разе!
Паказальны ў гэтым сэнсе прыклад — публікацыя ў газеце «Советская Латвия» за 7 жніўня 1987 году (нумар мне прыслалі з Рыгі сябры) над назвай «Глубже овладевать языками». Гэта рэпартаж з пасяджэньня ідэалагічнай камісіі ЦК КП Латвіі. Квінтэсенцыя пазіцыі — у загалоўку: латышы павінны глыбей авалодваць рускай мовай, а рускія і іншыя не латышы ў Латвіі — латышскай. Значыць, курс зусім пэўны і ясны — на «мэтанакіраванае разьвіцьцё двухмоўя». Трэба паралельна і на роўных — падтрымліваць вывучэньне абедзьвюх моў: і рускай, і латышскай. Агідна і сьмешна было чытаць гэту палітычную эквілібрыстыку там, дзе трэба гаварыць праўду і толькі праўду. Чаму ж за 40 з гакам гадоў толькі адзінкі з 2-х мільёнаў аселых у Латвіі перасяленцаў авалодалі латышскай мовай? Чаму? Хіба іх раней не заклікалі вось гэтак жа «глыбей вывучаць абедзьве мовы»? Ды заклікалі, канешне. Але — выдатна ведалі: калі латышскую мову не зрабіць адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы — ніякія іншыя загады-меры спыніць русіфікацыю ў Латвіі не дапамогуць. Як і ў Беларусі.
Прыкладна з сярэдзіны 1987-га мяне пачалі моцна радаваць некаторыя беларускія газеты: найперш «Літаратура і мастацтва», канешне, таксама афіцыйная «Звязда», а нават і «Настаўніцкая», і «Чырвоная змена».
Патокам пайшлі публікацыі — артыкулы, нататкі, допісы — пра становішча беларускай мовы ў Беларусі. З адкрытымі заклікамі бараніць яе, ратаваць ад гвалтоўнай русіфікацыі. Нічога падобная раней у нашым беларускім друку і ўявіць было немагчыма. Аўтарамі гэтых публікацый былі людзі самых розных прафесіяў, часам зусім не філолагі і ўвогуле не гуманітарыі, што мяне асабліва цешыла. Значыць, у нетрах народных масаў пачуцьцё патрыятызму не адмёрла, здольнасьць пастаяць за сябе, за сваю нацыянальную годнасьць засталася, жыве. Вельмі важна было тое, што ў многіх допісах падаваліся зусім канкрэтныя факты, як напрыклад: «У самой Вілейцы жывуць вясковыя перасяленцы. Амаль усе жыхары размаўляюць на беларускай мове, а вось школы ў нас на роднай мове няма. Калісьці была адна, але яе перавялі на рускую мову навучаньня, не спытаўшы згоды бацькоў». («Звязда», 15.XI.1987, аўтар допісу — будаўнік В. Ляошка). Вядома ж, апору і падтрымку пры гэтым шукалі ў выказваньнях высокіх для савецкага грамадства аўтарытэтаў, у тым ліку і ў самога У. І. Леніна, «У нас ёсьць, напрыклад, у Камісарыяце асьветы ці вакол яго камуністы, якія гавораць: адзіная школа, таму ня сьмейце вучыць на іншай мове, акрамя рускай! Па-мойму, такі камуніст — гэта вялікадзяржаўны шавініст. Ён сядзіць у многіх з нас і з ім трэба змагацца» (там жа, паводле артыкулу А. Клышкі). Што і казаць: не падабаліся такія спасылачкі на Леніна сучасным вялікадзяржаўным шавіністам, ой не падабаліся! Яны гатовы былі і гэткага Леніна забараніць — загнаць у так званы «сьпецфонд», каб ня шкодзіў ажыцьцяўляць у СССР... ягоную ж інтэрнацыяналісцкую палітыку.
У наступныя 1988-1989 гады падобных публікацыяў у абарону беларускай мовы зьмяшчалася на старонках рэспубліканскай прэсы яшчэ больш. У «ЛіМе», напрыклад, яны былі літаральна ў кожным нумары ды часам і па некалькі адразу (назавём у дужачках, як у партыйных дакладах, імёны адказных: рэдактар — А. Вярцінскі, намесьнік рэдактара — М. Гіль, сакратар рэдакцыі — А. Ганчароў, загадчык аддзелу публіцыстыкі — М. Замскі, карэспандэнт — П. Васілеўскі). О, тыя публікацыі! Як яны дапамаглі падрыхтаваць грамадскасьць і дзяржаўнікаў да вялікіх акцыяў 1990-1991 гадоў!..
1-2 сакавіка 1988 году адбыўся пленум праўленьня Саюза пісьменьнікаў СССР — адзін з самых памятных у маім жыцьці. З дакладам «Удасканаленьне нацыянальных адносін, перабудова і задачы савецкай літаратуры» выступіў першы сакратар праўленьня Ул. Карпаў (між іншым, Герой Савецкага Саюза, і ня ліпавы; бясстрашны франтавы разьведчык). У спрэчках выступіла больш за сорак чалавек. Ня ведаю, хто складаў сьпіс і парадкаваў чаргу прамоўцаў, але — паздароў таго ці тых божа!.. — я атрымаў слова, можна сказаць, у самым пачатку — чацьвёртым, пасьля РСФСР, Масквы і Украіны. Гэта было вельмі важна — бо я ведаў, з якой прамовай выйду на трыбуну. Тэма пленуму была што называецца «мая». А яшчэ ведаў, паводле ўсіх папярэдніх пісьменьніцкіх форумаў, што разьлічваць на асаблівую сьмеласьць кагосьці ў абмеркаваньні гэтага пытаньня не прыходзіцца: надта шмат страху загнаў у душы жупел «нацыяналізму». Таму завастрыць размову — уваходзіла ў маю задачу. І, здаецца, мне гэта ўдалося. Ва ўсякім разе прамоваў шчырых і небаязьлівых было шмат, многія непасрэдна спасылаліся на маё выступленьне і горача падтрымалі як яго агульны крытычны пафас, так і канкрэтную прапанову для выніковага дакумента пленуму.
Якія думкі, факты, тэзы я хацеў найперш агучыць з трыбуны усесаюзнага пісьменьніцкага форуму? Цытую: «Тым, хто хітруе і хлусіць, трэба сказаць: дарэмна стараецеся, сьляпых ужо няма і няўцямных ужо няма таксама — усё ўсім бачна і ўсё зразумела. Марная справа — хітраваць, замоўчваць, недагаворваць і гэтую непрыгожую гульню выдаваць за шчырае імкненьне ўдасканальваць нашы міжнацыя­нальныя адносіны.
У сферы, пра якую мы сёньня гаворым, трэба рашуча спыніць самападман, паказуху і пусканьне туману, адкінуць звычку агульнымі валавымі паказчыкамі змазваць канкрэтную і даволі нярадасную карціну. Растлумачу гэта прыкладамі.
Робім у адной школе Менску адзін першы клас — з пяці паралельных — беларускамоўным і на ўвесь голас заяўляем: ёсьць беларуская школа ў сталіцы БССР! І калі трэба — прывядзём у гэты адзіны клас на экскурсію дэлегацыю, асабліва замежную. Альбо: аб’яўляем, што ў Беларусі амаль палова школаў — беларускія; як быццам ня так ужо і кепска, але колькі дзяцей вучыцца ў гэтых беларускіх школах — мы не гаворым, а іх у пяць разоў меней, чым у рускіх школах, бо гэта маленькія пачатковыя і васьмігадовыя вясковыя школкі. Альбо: пахваляемся шматмільённымі тыражамі выдадзеных у рэспубліцы кніг, а колькі з гэтых мільёнаў на беларускай мове? Мізэрны працэнт. Сказаць сорамна. Таму і замоўчваем.
Вось так і хлусім, і падманваем — і сябе, і іншых. І да якога ж часу? Як доўга будзе гэта яшчэ працягвацца? Спынім мы нарэшце гэтую хлусьню і крывадушша, ці, як спытаў герой апавяданьня С. Залыгіна «Чэхаў у нашы дні»: «...ці чарнобылям ня будзе канца да самага Канца?»
«Пакуль мы не прызнаем, што адымаць у дзяцей з раньняга ўзросту магчымасьць жыць у стыхіі роднай мовы — гэта амаральна, гэта ідзе супраць вышэйшага распарадку самой прыроды, супраць законнага і натуральнага права чалавека, — пакуль мы гэтага не зразумеем і не прызнаем, гармоніі ў наладжваньні ўзаемаадносінаў нацыянальнага і інтэрнацыянальнага мы не дасягнем. Бо гармонія — гэта не уніфікацыя, ня страта народам свайго аблічча. А такое абезаблічваньне ідзе, працягваецца, і вельмі інтэнсіўнымі тэмпамі, і калі гэты працэс не спыніць, то аднойчы мы, не пазнаўшы сябе, усклікнем: «Дык ці народ мы?» Дзясяткі гадоў хаджу і езджу па роднай Беларусі і, дзе ні ўзіраюся ў сацыяльна-культурны побыт, у духоўнае аблічча горада ці вёскі, — амаль усюды і заўсёды мяне гняце адчуваньне, што жыцьцё губляе сваю прыродную душу, прыродныя колеры і гукі, душэўную цеплыню і сьвятло, быццам і не жыцьцё ўжо, а нейкае суцэльнае выкананьне службовых абавязкаў».
«За апошнія дзесяцігоддзі мы звыкліся, што калі з трыбуны гаворыцца пра дружбу народаў, то гэта будуць агульныя, абкатаныя, зьбітыя словы і фразы. Таму што прамоўцы ішлі не ад жыцьця, не ад рэальнай рэчаіснасьці, а ад лозунгаў, а гэта значыць таксама ад фразы. Фраза нараджала фразу. А на самой справе тым часам паступова ішло зьніжэньне культуры міжнацыянальных адносінаў, якая залежыць ад узроўню маральнай культуры грамадства.
Як часта можна назіраць, што вельмі адукаваны таварыш вяшчае з трыбуны прыгожыя лозунгі пра дружбу і брацтва народаў, а ледзь падаўся за кулісы — здымае з сябе маску інтэрнацыяналіста і пачынае са смакам расказваць анекдатычныя пошласьці ў адрас братняга народу або народнасьці, не баючыся адказу за зьнявагу нацыянальнай годнасьці і тым больш не чырванеючы ад сораму. Больш за ўсё зьдзіўляе натуральнасьць вось такога пераходу ад высокіх словаў з трыбуны, ад цытаты з А. Пушкіна: «Друзья, прекрасен наш союз...» — да досьціпаў на ўзроўні сальнага салдафонскага анекдоту. Ах, салдафонская дасьціпнасьць — люстэрка душы грамадскай! Як і калі наступіла тваё панаваньне?..»
«Зьвярніце ўвагу, якой скорагаворкай, адным абзацам, у дакладах і прамовах з высокіх трыбунаў гаворыцца пра нацыянальную культуру і мову. А гэта ж адно з самых галоўных палітычных пытаньняў у шматнацыянальнай краіне. Усёзнаючыя і непахісныя таварышы раз і назаўсёды засвоілі адзін тэзіс: культуры ў нас збліжаюцца, а мовы зьліваюцца і ў хуткім часе ўсё будзе прыведзена да адной роўніцы. Гэтым «збліжальнікам» і «зьлівальнікам» амаль немагчыма растлумачыць беспадстаўнасьць, ненавуковасьць і абсурднасьць іх тэзісу. Немагчыма хоць бы таму, што многім з іх у такім выпадку давядзецца ў сталым узросьце вывучыць сваю родную мову, ад якой яны даўно адракліся і забылі, бо ў іх уяўленьні найбольш культурны чалавек той, хто далей за ўсіх ад роднай мовы аддаліўся. І яны ніяк не рэагуюць на голас, на крык, на лямант сумленнай і ўдумнай інтэлігенцыі аб тым, што захаваньне і разьвіцьцё нацыянальных моў і культур — на карысьць і на радасьць усяму чалавецтву. І яны прыкладаюць намаганьні, каб і далей па ўсёй краіне ішла уніфікацыя культурнага жыцьця, каб рознакаляровае мноства культур зьвесьці да адной масавай культуры, а больш дакладна — да аднаго ўсесаюзнага бескультур’я».
Чыноўнікам у прэзідыуме слухаць маю прамову было недасмаку, гэта зразумела, але яны ня ведалі, чым я сваё выступленьне закончу — якою канкрэтнай прапановай. А менавіта ў ёй месьціўся выбуховы зарад, гатовы ўзарваць падрыхтаваны імі выніковы дакумент. Вось апошні абзац майго тэксту: «У пастанову гэтага пленуму СП СССР прапаную ўнесьці такі параграф: пленум зьвяртаецца ў Вярхоўны Савет СССР з просьбай прыняць закон аб тым, што ў кожнай рэспубліцы дзяржаўнай мовай зьяўляецца мова народу, які даў назву рэспубліцы». Прапанова была падтрымана гучнымі і доўгімі воплескамі залы — вядома ж братоў-«нацменаў». Заданьнем партчыноўнікаў было — не дапусьціць параграф аб мовах у такой рэдакцыі. Ні ў якім разе! І калі пасьля ўсіх прамоваў быў зачытаны праект пастановы — нічога падобнага на маю прапанову ўдзельнікі пленуму ў ім не пачулі. Я тут жа ўзяў слова (седзячы ў прэзідыуме, зрабіць гэта было ня цяжка) і настойліва па­прасіў увесьці ў пастанову прапанаваны мной параграф.
Першым мяне падтрымаў украінскі калега Ю. Мушкецік, усьлед — некаторыя іншыя «нацыяналы». У цэнтры прэзідыуму нахмурана зашапталіся, зашамацелі лісткамі з праектам пастановы, памочнікі забегалі туды-сюды. Разгарэліся спрэчкі. Актыўна выходзілі на трыбуну абаронцы абвешчанага праекту. Выпусьцілі цяжкую — самую цяжкую! — артылерыю. Двойчы да мяне ў прэзідыуме падыходзіў Чынгіз Айтматаў з іншымі варыянтамі параграфу аб статусе нацыянальных моў у рэспубліках. Я зразумеў: адно — вельмі высокі аўтарытэт, другое — нацыянал, ня рускі, значыць, больш шанцаў на паразуменьне. Першы раз ён паказаў мне варыянт, у якім гаварылася, што трэба больш увагі ўдзяляць мове карэннай нацыі ў кожнай рэспубліцы. «Чынгіз Таррэкулавіч, гэта агульныя, даўно зьбітыя словы, навошта ж іх паўтараць?..» Праз колькі хвілінаў ён падышоў зноў — з новым варыянтам: значэньне і роль мовы карэннага народу ў рэспубліках павінна вызначацца адпаведным законам. «Гэта ж тое самае, — сказаў, — што прапануеце вы». — «Не, Чынгіз Таррэкулавіч, ня тое самае: выхалашчана галоўнае. Мова карэннай нацыі павінна быць у кожнай саюзнай рэспубліцы дзяржаўнай». Спрэчкі зацягнуліся да вечару, бачна было, што з прэзідыуму бегаюць званіць у ЦК: як быць? «Нацыяналы» ня ўступяць! І мабыць, там нарэшце хапіла розуму пагадзіцца з параграфам аб мовах у рэдакцыі ўпартага беларуса. Гэта было для мяне найвялікшае — за ўсе апошнія гады — сьвята. Упершыню адчуў радасьць перамогі ў імя справядлівасьці і сапраўднае пачуцьцё гонару. І чорт з ім, што «Литературная газета» панявечыла тэкст майго выступленьня і маю прапанову подла перарабіла на свой лад. Пастанова была прынятая (і пайшла, як водзіцца, у ЦК) з параграфам у маёй рэдакцыі.

l l l
Тыдні праз тры новы сакратар па ідэалогіі ЦК КПБ В. Пячэньнікаў правёў нараду адказных работнікаў Міністэрства асьветы БССР і Саюзу пісьменьнікаў. Як я зразумеў, гэта было рэагаваньне (дакладней — пачатак рэагаваньня) у беларускім бастыёне «антынацыяналізму» на тыя зрухі, якія абазначыліся ў нацыянальнай палі­тыцы Крамля і найперш — у моўнай палітыцы. Было несумненна, што з Масквы паступіла пэўнае распараджэньне, — накшталт: «пераціснулі шрубкі», адпускайце хоць трохі назад. Ад Мінасьветы паведамленьне зрабіла міністр Л. Сухнат, ад СП — першы сакратар праўленьня. Мэтай нарады — гэта стала зусім ясна адразу ж — было заспакоіць пісьменьнікаў: маўляў, наступаюць добрыя перамены. З 1989 году беларуская мова пачне вывучацца ў рускіх школах з 2-га класу,— так запраграмавана. Чаму толькі з 89-га, а ня з гэтага, 88-га? Павялічваецца колькасьць школаў з «паглыбленым вывучэньнем беларускай мовы і літаратуры». Трэба ж прыдумаць такі казуістычны выверт: «паглыбленае вывучэньне»! Замест элементарна яснага «нармальнае вывучэньне па нармальнай школьнай праграме». На нарадзе прагучалі лічбы, якія для мяне не былі новымі, але ўразілі страшэнна як раней ня чутыя. У 1969 годзе ў Менску 90% вучняў рускіх школ не вывучалі беларускую мову (былі вызваленыя ад гэтай «катаргі»). А паколькі ўсе школы былі рускія — значыць, увогуле 90% малых менчукоў вырасталі бяз веданьня беларускай мовы. Тое ж і ў іншых гарадах. Дзе яны, вырасшы, працавалі: у навуцы, у культуры, на вы­творчасьці? І як яны ў сваю чаргу выхоўвалі нашчадкаў — якімі патрыётамі беларушчыны? Куды кацілася наша нацыянальная культура, нашая самасьвядомасьць? Больш правільна: куды кацілі нас і нашу Бацькаўшчыну правадыры?
На хвалі змагарскага настрою паддаўся ўгаворам карэспандэнта «Сельской жизни» і напісаў для гэтай адной з самых масавых усесаюзных газетаў востры артыкул «Родное слово». Быў амаль упэўнены, што калі і «пойдзе», дык моцна парэзаны-пакалечаны, у лепшым выпадку — абстрыжаны і прыгладжаны так, што замест «вожыка» пабачу «парасятка» (колькі ўжо за жыцьцё я перажыў такога!). На маё вялікае зьдзіўленьне артыкул паявіўся ў газеце (30. IV.) аніяк не зачэплены рэдактарскім алоўкам, і гэта яшчэ раз пераканала мяне, што перабудова ў сферы міжнацыянальных адносінаў, у тым ліку — у сферы мовы, становіцца рэальнасьцю. Невядома, як далёка пойдзе, ці не спахопяцца і не дадуць задні ход, але надзеі дужэюць і нарастаюць, на душы весялее.
У гэтым жа настроі падрыхтаваў і даклад для чарговага пленуму праўленьня СП БССР (адбыўся 20 траўня 1988-га). Нават і назваў даклад «Перабудова і задачы пісьменьніцкай арганізацыі Беларусі» (у друку было — «Пад знакам перабудовы»). Спыніўся на многіх, на мой погляд, вельмі важных надзённых праблемах жыцьцядзейнасьці творчага саюзу, а найперш — канешне ж зноў і зноў на тым, што мы, пісьменьнікі, павінны рабіць, каб павярнуць грамадскасьць рэспублікі на выратаваньне ад франтальнай русіфікацыі роднага слова, каб абудзіць і акрыліць у народзе дух этнічнага процістаяньня асіміляцыі, дух нацыянальнай самаабароны.
«У нас яшчэ моцна трымаецца ўсталяванае за дзесяцігоддзі ТОЕ, што тармозіць посьпехі перабудовы ў літаратуры і шырэй — ва ўсёй нацыянальнай культуры і што неабходна рашуча пераадолець. Гаворка ідзе перш за ўсё пра глухую, сытую абыякавасьць, якая даўно агарнула душы некаторых дзеячаў у сферы мастацкай творчасьці, — абыякавасьць да лёсу роднай мовы, культуры, імёнаў і помнікаў нацыянальнай гісторыі, да лёсу роднай прыроды і зямлі, на якой мы жывём, а гэта значыць урэшце — да лёсу нацыі, лёсу самога нашага народу. Хіба не абыякавасьць дазваляла ім спакойна глядзець, напрыклад, на тое, як траціць сваё народнае нацыянальнае аблічча ўвесь наш побыт, гарадскі і нават вясковы ўклад жыцьця, як дэнацыяналізуюцца адна за адной беларускія школы, дзіцячыя садкі, педагагічныя і іншыя сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, як пераводзяцца на рускую мову часопісы і газеты, як рэзка зьніжаюцца тыражы беларускамоўных кніг і перыядычных выданьняў, як задыхаюцца і нямеюць нацыянальныя тэатры?.. Могуць мне запярэчыць: ад іх, гэтых дзеячаў культуры, маўляў, мала што залежала. Як сказаць! Можа, ня так і мала. Ва ўсякім разе адкуль ведаць, колькі і чаго залежала, калі і спробы не было зроблена падаць голас пратэсту, узрушыцца, устрывожыцца і зьвярнуцца са сваёй трывогай да грамадскасьці. А не было спробы таму, што... можа, прызнаемся нарэшце? Што хацелася захаваць дасягнутае вальготнае становішча і больш таго — падняцца па іерархічнай лесьвіцы яшчэ вышэй? Што згод­ніцкае маўчаньне высока цанілася, а гаварыць праўду — небясьпечна?
Хто-хто, а пісьменьнік павінен разумець, што за зьдзелку з сумленьнем з яго абавязкова аднойчы спытаюць. Рана ці позна. Спытаюць новыя пакаленьні, якія ня прымуць згодніцкай маралі баязьліўцаў-маўчальнікаў. Зрэшты, такія пытаньні задаюцца ўжо. Нядаўна, у час гутаркі з маладымі літаратарамі, у адрас старэйшых прагучала: «Мы вам не давяраем! Гэта пры вас і з вашай згоды нашая школа і нашая мова апынуліся ў такім стане!..» Што і казаць: папрок — непрыемны, балючы, абвінавачваньне — цяжкае. Але трэба мець мужнасьць яго прыняць. Не хапіла мужнасьці ў свой час гаварыць праўду і абараняць справядлівасьць, дык хай яна знойдзецца хоць цяпер, каб з годнасьцю выслухаць дакоры.
(...) Трэба дасягнуць становішча, каб партыйна-савецкія чыноўнікі і беларуская інтэлігенцыя перасталі гаварыць між сабой на розных — у прамым сэнсе слова — мовах. Пакуль ня прыйдзем да гэтага, вырашаць кардынальныя праблемы разьвіцьця нацыянальнай культуры будзе цяжка. І беларуская літаратура будзе ў сваёй жа рэспубліцы ў становішчы дзіўным, ненатуральным. У такім становішчы, як нацыянальная зямляцтва за мяжой, культурная дзейнасьць якога патанае ў моры іншамоўнай культуры». («ЛіМ» за 27.V. 88.)
Я кідаў з трыбуны гэтую горкую, балючую праўду («і кідаў сэрца на шындзёлы» — Ул. Хадыка) — і ня ведаў, што ў зале тым часам варыцца нешта зусім іншае, а менавіта: ідзе змова, як захапіць у СП уладу — скінуць дзейных сакратароў праўленьня і ўзяць лейцы ў свае рукі. Ідэя высьпела ў коле пераважна саракагадовых. Яны ж, у асноўным, і палезьлі на трыбуну (Т. Бондар, М. Тычына, У. Някляеў і інш.). Ні пра якія сур’ёзныя пытаньні, пастаўленыя ў дакладзе, «змоўшчыкі» не гаварылі, іхнім клопатам было — як мага мацней счарніць і збэсьціць першага сакратара і давесьці ў зале крытычную атмасферу да непазьбежнасьці «арганізацыйных высноваў» — да перавароту. Я хутка зразумеў іх мэту і разьлік і слухаў іх інсінуацыі з вялікаю гаркотай у душы, часам — з агідай, часам — з іранічнай усьмешкай. Найгарчэй было пачуць сёе-тое вельмі неспадзяванае ад аднаго з блізкіх сяброў: «На вялікі жаль, ні ў Ніла Сымонавіча, ні ў Івана Гаўрылавіча, ні ў іншых не дабавілася за гады працы ў Саюзе ні сьветлыні, ні шчырасьці, ні прынцыповасьці...» Тут ужо мне забалела ня жартам. Хацелася крыкам закрычаць: «Ці помніш ты, што гаворыш, брат! Ну ты ж то ведаеш, у каго з сакратароў СП якая шчырасьць і прынцыповасьць, і хто з іх чым перш за ўсё заклапочаны!..» Не закрычаў, вядома, адно запісаў на лістку нататніка — спантанна, агаломшаны такім нечаканым ударам у сьпіну: «Якая праклятая доля! Жыць, жыць і дажыцца!..»
Скарыстаўшы права на заключнае слова, я самакрытычна прызнаў сур’ёзныя таварыскія заўвагі аб недахопах у працы (а такія заўвагі былі), ну, а аўтарам інсінуа­цыяў даў водпаведзь. Цытую сваё слова па стэнаграме:
«Наконт некаторых выступленьняў, скіраваных супроць мяне асабіста. Апраўдвацца ня буду, не лічу патрэбным. Хай абразьлівыя словы пра мяне як пісьменьніка і чалавека застануцца на сумленьні Бондар і Тычыны. Тычына сказаў, што ён і яго сябры расчараваліся. Я разумею: сёй-той, відаць, разьлічваў, што я буду служыць пэўным асобам ці групам. Ня думаю, што гэтак можна сказаць пра мяне, што гэта можна даказаць фактамі. Спазьніліся мае апаненты і крытыкі ў сваіх разьліках. Даўным-даўно, калі мне было ўсяго гадоў 15, я зразумеў, што ёсьць зямля, на якой я нарадзіўся, ёсьць народ, якому я належу, і што яго лёс зьяўляецца маім лёсам, і што служыць я буду толькі свайму народу! І ніякая хітрая дэмагогія не саб’е мяне з гэтага шляху. Забіць — можна, але зьбіць — ніколі! З гэтага шляху я не сыду, а буду да канца жыцьця служыць нашай літаратуры і народу. І хай Тычына і Бондар запомняць гэта.
Сёмуха сказаў, што я выступаю супраць маладых. На чым пабудавана гэтае абвінавачваньне? Ні на чым. Галаслоўнае. Больш дваццаці пяці гадоў я працаваў у БДУ, вучыў моладзь, аддаваў ёй веды, сілы, выхоўваў. І зараз няма ў мяне іншага да маладых стаўленьня, як падтрымліваць іх, дапамагаць ім. Паспрачаўся з маладымі наконт адной пазіцыі ў друку? Ну і што? Яны лічаць так, а я — іначай. Няўжо звычайная нязгода, крытычнае ўшчуваньне такія страшныя для маладых? І як могуць маладыя сьцьвярджаць сябе, працаваць, расьці, калі ў іх будзе хваравітая рэакцыя на звычайную крытыку? Работа пісьменьніка вельмі цяжкая. Дык няўжо крытыка можа выбіць іх з каляіны? Не павінна! Толькі ня трэба слухаць тых, хто хоча на гэтым сьпекуляваць. Я не ішоў супраць маладых і ніколі не пайду. Таварыш Сёмуха сказаў, што ў СП быццам бы непрыязныя адносіны да «Тутэйшых». Але я быў за тое, каб гэта таварыства маладых было пры нас, пры Саюзе. Ну, а тое, што ў нас сёньня выходзіць дадатак да часопіса «Маладосць», хіба не заслуга сакратара? Даводзілася і крычаць, і сэрцам даказваць, што ён патрэбен, да таго часу, пакуль мне не сказалі: лічыце, што пытаньне вырашана.
Калі верыць словам Т. Бондар, дык уся бяда, прычына ўсіх недахопаў заключаецца ў сакратарах Саюзу, найперш — у першым сакратары. І нешта не зразумець: то Саюз зусім не патрэбен, як сказаў Някляеў, то годзе замяніць першага сакратара, як сказала Бондар, — і ўсё будзе добра! Дзе ж логіка? Канцы з канцамі не сыходзяцца ў маіх крытыкаў. А логіка ім і не патрэбна. У іх ёсьць мэта, якой яны хочуць дасягнуць. І я іх гэту мэту бачу вельмі выразна. Сёньня гэта праясьнілася яшчэ лепш.
Хачу дадаць вось што. На работу ў Саюз я не прасіўся. Наадварот. У мяне была добрая работа, зарплата амаль удвая большая. Мяне тройчы запрашалі на размову — я адбіваўся, пакуль не дайшло да П. М. Машэрава. І тады я мусіў згадзіцца на гэту пасаду.
Тым, хто лічыць усьлед за Тычынам, што ў мяне «доўгая рука», хачу сказаць, што за сем гадоў, як я на гэтай пасадзе, я ня выдаў ніводнай кнігі ні ў адной рэспубліцы. У Маскве — толькі невялікі зборнік артыкулаў і летась кнігу вершаў, якая чакала свайго выданьня з 1976 г. Колькі на маім месцы мог бы выдаць сябе за межамі Беларусі другі, хай мае крытыкі ўявяць самі. Адзінаццаць кніг — манаграфіі, зборнікі артыкулаў, фальклору — я выдаў за сваё жыцьцё безганарарна. Можа, хто выдаў хоць палавіну гэтай колькасьці безганарарна? Буду рад пазнаёміцца, братам родным назаву. Ганарар за дзьве кнігі цалкам пералічыў у Фонд міру. У капіталістычны сьвет за ўсё жыцьцё наогул зьезьдзіў адзін раз — на 10 дзён у Францыю — і то не па лініі Саюзу пісьменьнікаў. Гэта — наконт маёй «доўгай рукі». Так бы мовіць інфармацыя для роздуму.
Вельмі хацелася б, каб усе мы думалі пра лёс нацыі, свайго народу, сваёй культуры. Час — прыйшоў.
Дзякую за ўвагу».
Вядома, мяне падмывала «бразнуць дзьвярыма» — Наце! Бярыце! — і пайсьці прэч з гэтай залы, з гэтага будынку, ад гэтай хлусьні і паклёпаў, ад крывадушша сяброў, ад хцівасьці зайздросьнікаў, ад сьлепаты і глухаты раўнадушных... Але я вытрываў і стрымаўся. Па-першае, гэта азначала б, што я, хоць і агрызнуўся, але віну ўсё-такі прызнаў. Па-другое, заклік «путчыстаў» зала не падтрымала, наадварот, ніякавата сьцішылася. Асабліва пасьля такога аўтарытэту, як У. А. Калесьнік, які ня проста прысарамаціў «незадаволеных» працай першага сакратара, але пераканаўча і па вялікім рахунку паказаў беспадстаўнасьць іх выпаду, іх прэтэнзіяў.
Можа быць, назаўтра, калі не памыляюся, запрасіў мяне ў ЦК загадчык сектару літаратуры А. Бутэвіч і даў пачытаць адзін дакуменьцік — ліст у ЦК з патрабаваньнем зьняць Н. Г. з пасады першага сакратара СП. Па аналогіі з дакументамі партыйнай барацьбы, я назваў яго «Лістом сямнаццаці». Так, падпісантаў было 17, начале з Т. Бондар. Яна ж і зьбірала подпісы. Як гэта рабілася — расказаў мне, прышоўшы праз колькі дзён з пакаяньнем, драматург А. Дзялендзік. «Заходжу ў «Беларусь», а Бондар, нават не павітаўшыся як сьлед, пытае: «Толя, ты — сапраўдны мужчына? — Дагэтуль не сумняваўся. — Тады падпішы гэты ліст.» Я глянуў, што подпісаў ужо больш дзясятка, у тым ліку нават адзін Лаўрэат, і, не чытаючы тэксту, паставіў подпіс. Вельмі шкадую, што паддаўся на правакацыю, і прашу дараваць.»
Некаторымі імёнамі з ліку «сямнаццаці» я быў моцна ўражаны: ну ніяк не чакаў убачыць іх у сьпіску! Не таму, што лічыў іх сваімі сябрамі, а таму, што меў іх за людзей прынцыповых і надзейных у справе абароны беларушчыны, а значыць — мог разьлічваць на іх падтрымку, асабліва цяпер, у разгар перабудовы. Зрэшты, ведаючы менталітэт беларускага інтэлігента, мог бы і не зьдзіўляцца. Яшчэ ня раз у блізкім часе горка пераканаюся, што наш брат паперадзе ўсякіх высокіх прынцыпаў можа лёгка паставіць свой прыватны інтарэс ці сваю амбіцыю. Ды які, іншым разам, брат!
Перажытае на пленуме і «Ліст сямнаццаці» спалучыліся з яшчэ адным ударам: давялося праглынуць і «жабу» з ласкі ЦК КПБ. У друку было абвешчана аб тым, што склікаецца XIX Усесаюзная партыйная канферэнцыя з такім парадкам дня, які ставіць яе не ніжэй, а можа, і вышэй за партыйны зьезд. Будуць абмяркоўвацца кардынальныя пытаньні перабудовы і прымацца адпаведныя рэзалюцыі, у тым ліку і аб міжнацыянальных адносінах у СССР. У партарганізацыях краіны ідзе тэрміновае абраньне дэлегатаў на гэты незвычайны форум. І. Антановіч запрашае М.Тан­ка і мяне ў ЦК. Чаго — я ня ведаю. Пытаю ў Я. І. «Відаць, у сувязі з партканферэнцыяй...» — няпэўна адказаў «шэф». Ну вядома, «у сувязі»!
«Падымаецца статус творчай інтэлігенцыі, — урачыста абвясьціў Антановіч, — і таму з беларускай квоты дэлегатаў на XIX партканферэнцыю Саюзу пісьменьнікаў выдзелены аж два месцы. Неадкладна зьбярыце партыйны сход і выберыце — тайным галасаваньнем — дэлегатаў.» — Тут Антановіч зрабіў паўзу, і я пасьпеў падумаць: «Калі на партарганізацыю СП два месцы — дык ёсьць рэальны шанц трапіць у лік дэлегатаў: маю кандыдатуру пісьменьнікі напэўна падтрымаюць». Ня стану хлусіць: захваляваўся і адчуў, як неспакойна затахкала сэрца. Пабыць на такім форуме ў такі пераломны момант гісторыі — прыняў бы ня толькі за гонар, але і за высокую ўзнагароду. Тым часам паўза Івана Іванавіча кончылася. «ЦК КПБ рэкамендуе вашаму партсходу, — прадоўжыў ня зводзячы з мяне вачэй Антановіч, — выбраць дэлегатамі Яўгена Іванавіча і Івана Чыгрынава.» Ледзь не сарвалася з языка наіўнае пытаньне: «А за якія заслугі Чыгрынава? Самы вялікі перабудоўшчык у нас?» На душы стала паскудна. «Вы зразумелі, Ніл Сямёнавіч?» — «Зразумеў, але... галасаваньне — тайнае, гарантыяў няма». — «Для гэтага мы і паклікалі вас сюды, каб вы — і да сходу, і на сходзе — папрацавалі з камуністамі і забясьпечылі абраньне названых кандыдатур.» Гляджу на Танка. Упёрся вачыма ў стальніцу, унурыўся і маўчыць — ні слова. І ў мяне — як мову адняло. «Дык гэта я павінен яшчэ і арганізаваць на выбарах перамогу Чыгрынаву? Ну, не, шаноўныя! Гэта ўжо чорт ведае што! Чаго ня будзе — таго ня будзе! Хай выбіраецца, хай праходзіць, але — пазьдзекавацца з мяне я не дазволю».
З будынку выходзіў моўчкі, коўтаючы і ніяк ня могучы пракаўтнуць «жабу». Ісьці разам з «шэфам» у Саюз рашуча расхацелася, схлусіў, што трэба заглянуць дадому (дом побач). «Хоць бы дзеля прыліку назваў маё імя, з пачуцьця павагі хоць бы... Гэта ж бы нічога не каштавала. Ах, Яўген Іванавіч! Дарагі і шаноўны Яўген Іванавіч!..»
У сваіх прагнозах я не памыліўся. На сходзе была вылучаная і ўнесеная ў сьпіс для тайнага галасаваньня і мая кандыдатура. Па бальшыні галасоў дэлегатамі на XIX партканферэнцыю былі абраны: Н. Гілевіч (43 — «за») і М. Танк (42 — «за»). Рэкамендаваны І. Чыгрынаў з трэскам праваліўся. Ну, а паехаў на Канферэнцыю адзін М. Танк. Н. Гілевіча, хоць і заняў першае месца на выбарах, ЦК КПБ «зарэзаў». Уздумалі пісьменьнікі па-свойму зрабіць, дэмакратычна! У перабудову паверылі. Ах, ідэалісты саплівыя!..
Дарэчы, на Канферэнцыю ўскладалі вялікія надзеі многія лепшыя людзі беларускай нацыянальнай эліты. Спашлюся толькі на адзін прыклад. 3.VI.1988-га «ЛіМ» друкуе артыкул кампазітара А. Рашчынскага «Другой перабудовы ў нас ня будзе». Помню, я быў проста ў захапленьні, калі чытаў гэта разумнае, сьмелае, палымянае слова. «Ня можа адзін народ адначасова разьвіваць дзьве мовы, дзьве культуры — гэта супярэчыць самой прыродзе. Але што прырода для авантурыстаў! Мовы роўныя толькі кожная на сваёй зямлі. Лозунг «разьвітога двухмоўя» спатрэбіўся бюракрату. Яму ўвогуле патрэбна толькі адна мова — мова загаду. Я прапаную надаць беларускай мове статус дзяржаўнай у Беларусі, увесьці яе ў справаводства». І на заканчэньне — яго наказ беларускім дэлегатам Канферэнцыі: «Паважаныя таварышы! Помніце, што другой перабудовы ў нас ня будзе. Гэта апошні наш шанц. Ад вашых слоў і ўчынкаў на канферэнцыі будзе залежыць наша з вамі далейшае жыцьцё».
Спадзяваньне мілага Алеся Рашчынскага было, вядома, наіўнасьцю: ніводзін беларус, здольны сказаць патрэбнае слова, туды не паехаў. Паехалі толькі здольныя «гагакаць» ва ўнісон з «гагакаламі» Крамля. Але мяне надзвычай цешыла, што ў нас ёсьць такія людзі мастацтва, такія інтэлігенты з вялікай літары. У наступныя гады Алесь Уладзіміравіч Рашчынскі яшчэ скажа сваё важкае слова неаднойчы, і асабліва — ужо на пачатку новага стагоддзя.

l l l
І ўсё ж нешта добрае-добрае, сьветлае-сьветлае адбываецца ў сферы нашай нацыянальнай адукацыі, асьветы, культуры. І ўсё ж сёе-тое патроху-паціху праклёўваецца, прабіваецца, прарастае на ўжо задзірванелай ніве беларускага слова.
Аказваецца, не адзінкі, не дзясяткі, ня сотні, а тысячы, сотні тысячаў беларусаў трымалі і цеплілі ў душы надзею, вугельчык, іскрынку і — чакалі пары, моманту, сігналу. І дачакаліся! І пайшло разварушэньне! Па ўсёй Беларусі! Ды якое напорнае, інтэнсіўнае разварушэньне!.. Вядома, яно не было б такім бяз высілкаў людзей-асобаў— энтузіястаў, важакоў, ці, кажучы звыклай мовай газетаў, — актывістаў. Дакладней — без «апантаных». Апантаныя павінны быць у такіх гістарычных сітуацыях — абавязкова! Апантаныя вялікай ідэяй, поў­ныя невычэрпнай духоўнай энергіі. Гэта вакол іх — больш ці менш яркіх, выбітных — гуртуюцца іншыя, звычайныя, сьціплыя, але перакананыя і самаахвярныя працаўнікі, заступнікі і абаронцы роднага слова.
Думаю пра аднаго з «апантаных» — непахіснага і няўрымсьлівага Алеся Белакоза з Гудзевічаў — ужо ветэрана беларускай школы, педагога з вялікай літары, да якога прыязджаюць набірацца вопыту, а галоўнае — сілы духу, маладыя. Якое зыркае патрыятычнае вогнішча распаліў ён на школьнай сядзібе, стварыўшы і унікальны літаратурны музей і аж некалькі этнаграфічных (лёну, лекавых зёлак і інш.). Думаю пра маладую менскую настаўніцу Вольгу Кузьміч, выхаванцы якой любасна выбіраюць сваёй прафесіяй беларускую філалогію, — думаю з тым большай уцешнасьцю, што помню яе студэнткай нашага факультэту, што пераемнасьць любові і веры, адданасьці і абавязку — ёсьць, вось яна — навідавоку. А колькі такіх настаўніц і настаўнікаў, выкладчыкаў роднай мовы і літаратуры адчулі атмасферу Перабудовы і набылі, так бы мовіць, другое дыханьне — для больш плённай працы над душою і абліччам нашай нацыянальнай будучыні! Куды ні прыеду, у які горад ці раён — паўсюды сустракаю і пазнаю іх — пазнаю па натуральнай прыроднай шчырасьці адносін да сьвятая сьвятых — да роднай мовы. Гэта яны цяпер пішуць і пішуць у «ЛіМ», у «Настаўніцкую газету», у «Звязду» і іншыя выданьні пра больш чым трывожнае становішча беларускай мовы ў Беларусі. Канстатуюць — і патрабуюць!
Можа быць, і пад напорам іх галасоў у рэспубліцы пачаў выходзіць — са сту­дзеня 1988-га году — новы часопіс «Беларуская мова і літаратура ў школе» (праз чатыры гады ён атрымае назву «Роднае слова»). З першага ж нумару ён заняў актыўную наступальную пазіцыю — і гэткім ёсьць аж па сёньняшні дзень. Выдатны часопіс — і з гледзішча прафесіянальнага, навукова-метадычнага, і ў плане агульнай патрыятычнай платформы. На вялікі жаль, ён і дагэтуль належным чынам не ацэнены. Ну, а мне — як ня ўспомніць зноў пра «асаблівую ўцешнасьць»: ад заснаваньня і да сёньня галоўным рэдактарам выданьня зьяўляецца мой былы студэнт Міхась Шавыркін. Заўсёды — ветлівы, дабрадушна-усьмешлівы, лірычна-вясёлы, і ў той жа час — які сур’ёзны, які патрабавальны, які клапатлівы рэдактар! Што называецца — на сваім месцы чалавек.
Дарэчы, мне выпаў гонар сказаць прывітальнае слоўца нованароджанаму, якое было зьмешчана ў першым жа нумары выданьня. Канешне ж, я паставіў акцэнт у сваіх зычэньнях на самым галоўным — на вернасьці традыцыям вялікіх беларускіх асьветнікаў і майстроў слова, волатаў нацыянальнага духу.
Не магу не сказаць і пра тую выключную ролю ў справе прапаганды і пашырэньня роднага слова ў грамадскім ужытку, якую адыгрывалі ў гэты час беларускае радыё і тэлебачаньне. Нарэшце электронныя СМІ ў Беларусі станавіліся са­праўды беларускімі. Неаднойчы, помню, пасьля чарговай перадачы «Роднае слова», мы з Нінай Іванаўнай выгукалі: «Малайчына, Бураўкін! Хвала і яго супрацоўнікам — Вользе Іпатавай, Уладзіміру Содалю і іншым!» Згадаў пра тэлечасопіс «Роднае слова», але гэтае слова, ягоны дух і ягонае сьвячэньне пачалі авалодваць і ўсімі іншымі тэлеперадачамі рэспублікі, і ўсімі каналамі радыё. А значыць — авалодваць троху-патроху і сьвядомасьцю мільёнаў грамадзянаў. Гэта была папраўдзе сьвятлістая паласа ў гісторыі беларускага радыё і тэлебачаньня; скажам мацней — у гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэньня канца XX стагоддзя.

l l l
Даўно не чытаў гэтак уважліва партыйныя дакументы, як рэзалюцыю XIX партканферэнцыі «Аб міжнацыянальных стасунках», і даўно ня зьведваў такога горкага расчараваньня. Зноў тая ж самая прыгожая, гучная рыторыка і тая ж самая праімперская палітыка, закамуфляваная нібыта дэмакратычнымі і справядлівымі фармуліроўкамі. Чытаю (параграф 4): «Праяўляць больш клопату аб актыўным функцыянаваньні нацыянальных моў у розных сферах дзяржаўнага, грамадскага і культурнага жыцьця. Заахвочваць вывучэньне мовы народу, імем якога названа рэспубліка, грамадзянамі іншых нацыянальнасьцяў, якія пражываюць на яе тэрыторыі... Усё гэта не павінна проціпастаўляцца дэмакратычным прынцыпам свабоднага выбару мовы навучаньня». Вось і ўсё, чаго я дачакаўся ад канферэнцыі, у якой так хацеў паўдзельнічаць: «праяўляць больш клопату...» Ды сотні разоў чуў я гэтае настаўленьне, але ж клопат чамусьці не праяўляўся. «Заахвочваць вывучэньне мовы народу...» І якім жа чынам? Дарослым — плаціць, а дзецям — даваць цукеркі? Уяўляю: у Венгрыі заахвочваюць вывучэньне венгерскай мовы, а ў Польшчы — польскай, а ў Балгарыі — балгарскай... Абсурд! «Зрабіць абавязковым вывучэньне мовы народу!» — вось што трэба было напісаць у Рэзалюцыі, панове. Зрабіце мову адзінай дзяржаўнай — і ня трэба будзе ўся гэта слоўная эквілібрыстыка, усе гэтыя подлыя імпершавіністычныя хітрыкі. Бачыце: «Свабода выбару навучаньня!» У дзяржаўных школах, тэхнікумах і ВНУ — свабода выбару? Дык а як рыхтаваць кадры для ўсіх галін нацыянальнай гаспадаркі, каб яны працавалі на мове народа, «імем якога названа рэспубліка»?
Але што шукаць істотныя зьмены ў моўнай палітыцы, калі ў першым абзацы Рэзалюцыі сказана: «Стала рэальнасьцю новая гістарычная супольнасьць — савецкі народ». Ані ценю сумненьня, што гэта ўжо рэальнасьць. Ну, а калі адзін савецкі народ — то, напэўна, і адна мова. Можаце яшчэ трохі пагуляць і ў свае нацыянальныя гаворкі, і ў свае літаратуры, — можаце. Але, самі разумееце, у адной дзяржаве моўнага разнабою быць не павінна, ён замінае нармальнаму функцыянаваньню дзяржаўнага арганізму, ён шкодзіць справе яднаньня народаў у гэту самую гістарычную супольнасьць, і таму — мусіць быць пераадолены.
(Праз тры гады — усяго праз тры гады! — размовы пра «новую гістарычную супольнасьць» раптам страцяць сэнс і абарвуцца. На ўсёй велізарнай тэрыторыі былога СССР).
Нешта дзіўнае-незразумелае творыцца ў нашым літаратурна-грамадскім жыцьці: супраць «ЛіМа», які найбольш пасьлядоўна і мужна змагаецца за беларускую мову, і супраць яго найбольш пасьлядоўных у гэтых адносінах аўтараў, выступаюць ня толькі партыйна-савецкія рэтраграды, адкрытыя ворагі Перабудовы, але і некаторыя гучна самазаяўленыя дэмакраты, змагары за палітычныя свабоды, за грама­дзянскія правы, за галоснасьць. Прычым, менавіта апошнія выступаюць неяк асабліва подла і сьмярдзюча, кусаюць асабліва злосна. Да гонару «ЛіМа», ён увесь час дае такім «кусакам» водпаведзь. Зьмяшчае і мае артыкулы гэтага ж накірунку, у якіх я спрабую выкрыць небясьпечныя для нацыянальнага адраджэньня выпады і правых і левых. У адным з іх, напрыклад, гаварылася: «Вось чаму да ўсіх, каму сапраўды дорага Перабудова, каму сьвятая справа адраджэньня нашай нацыянальнай культуры, а па сутнасьці — адраджэньня нацыі, да ўсіх, хто хоча, каб мы, беларусы, жылі і былі, я зьвяртаюся з заклікам: не ашукайцеся! Не паддайцеся дэмагогіі! Трэба помніць, што супраць перабудовы ў нацыянальным пытаньні ідуць дзьве сілы: першая — яўныя сталіністы, палітычныя рэакцыянеры; другая — псеўдаінтэрнацыяналісты, ілжэдэмакраты, фразёры-палітыканы, якія хочуць скарыстаць Перабудову ў сваіх эгаістычных мэтах. Зьвярніце ўвагу, як гэтыя нібыта палярныя сілы змыкаюцца і аб’ядноўваюцца між сабой на пагардзе і нянавісьці да беларускай нацыянальнай культуры, да нашай мовы, як яны гуртуюцца ў страху перад ростам нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў. Яны ўсё табе даруюць: пусьці з малатка фабрыку, вынішчы лес, загубі раку, прапі калгас, — усё даруюць гэтыя аб’яднаныя сілы, усё, але тваёй любові да роднай мовы, тваёй вернасьці ёй — не даруюць табе ніколі! Але клопату пра ўздым беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці — ніколі!
Чым хутчэй усе сумленныя беларусы гэта зразумеюць — тым лепш. Часу адпушчана ня шмат. Гэта трэба зразумець сёньня, заўтра, бо пасьлязаўтра можа быць позна. Ня будзем наіўнымі. За наіўнасьць мы ўжо не аднойчы дорага заплацілі». («ЛіМ» за 17.6.1988).
Наогул, «ЛіМ» — хачу гэта падкрэсьліць яшчэ і яшчэ раз — з нумара ў нумар друкуе вострыя і моцныя артыкулы ў абарону беларускай мовы і ў падтрымку дэмакратычных пераменаў у грамадстве. Іншы раз я наўмысна езьдзіў у рэдакцыю тыднёвіка, каб паціснуць руку рэдактару, майму сябру са студэнцкіх гадоў А.Вярцінскаму і яго намесьніку М. Гілю. Якія ішлі тады ў «ЛіМе» выдатныя, магутныя матэрыялы! У. А. Калесьнік у артыкуле «Чалавек чалавеку, народ народу...» піша: «Беларускі бюракрат ад ідэалогіі, навукі і культуры часта сам па добрай волі чыніў «подзьвіг» манкурта, адмаўляючыся ад роднай мовы і духоўных каштоўнасьцяў народу...» І далей: «З пункту гледжаньня нацыянальных адносінаў у СССР гады застою фактычна былі гадамі маўклівага зацісканьня і руйнаваньня нацыянальных суверэнітэтаў рэспублік і краёў.» І яшчэ: «Беларусь стала ня проста чэмпіёнкай, але краінай цудаў па тэмпах бюракратычнай «інтэрнацыяналізацыі». Беларуская мова зьнікла з усіх публічных форумаў, была выціснута з гарадскіх школ, ВНУ». («ЛіМ», 18.XI. 88).
Артыкулам У. Калесьніка адкрылася рубрыка «Перабудова і міжнацыянальныя адносіны». Амаль усьлед Ан. Сідарэвіч публікуе грунтоўны, тэарэтычна глыбокі артыкул «Пачынаць з падмурка» («ЛіМ», 9.XII.88), з такімі датычнымі беларускага нацыянальнага адраджэньня пасажамі: «Перад беларусамі зноў стаіць задача адраджэньня. Адраджэньня тых традыцыяў, якія закладваліся працай нашых руп­ліўцаў у нашаніўскую пару і ў 20-я гады. Гісторыя дала нам яшчэ адзін шанц наладзіць паўнакроўнае нацыянальнае жыцьцё.» Наконт беларускай мовы ён піша: «У пасьляваеннай Беларусі ўсталёўвалася аднамоўе. Спачатку ў навучальных установах, а потым і ў прэсе. Двухмоўныя «Камуніст Беларусі», «Сельская гаспадарка Беларусі», «Калгасная праўда», «Фізкультурнік Беларусі», брэсцкая «Зара», «Гродзенская праўда» сталі выдавацца на адной мове — на рускай. Нацыянальнай культуры нано­сіўся ўдар. І гэта трэба прызнаць.» Так «ЛіМ» выносіў прысуд рэжыму, які яшчэ быў у сіле (1988!) і зусім не зьбіраўся здаваць сваіх «інтэрнацыяналісцкіх» пазіцыяў.
Далей пад гэтай лімаўскай рубрыкай матэрыялы зьмяшчаліся ў кожным — бяз вынятку — нумары тыднёвіка, і ўсе — ва ўнісон, у адзін голас «За Беларусь!»
Якую неацэнную службу саслужылі тады такія артыкулы (нататкі, інтэрв’ю) справе дэмакратызацыі грамадскага жыцьця, справе абуджэньня духу беларускасьці! І, мабыць жа, невыпадкова, што наклад «ЛіМа» падняўся ў тыя гады да найвышэйшай рыскі за ўсю гісторыю выданьня.
На працягу году-паўтара, па артыкулах і допісах у друку, па размовах пры сустрэчах пераканаўся, што ў масах беларускай інтэлігенцыі і ня толькі інтэлігенцыі гарачых патрыётаў роднага слова больш, чым мне дагэтуль здавалася. Проста яны зазвычай нідзе асабліва не падкрэсьлівалі гэта — найперш таму, што было страшна, а яшчэ — і па нашай дурной беларускай сьціпласьці. Гэта іншыя могуць заяўляць, і вельмі голасна, пра сваю любоў да роднага слова, а нам, беларусам, хваліцца і ганарыцца ну як бы няёмка, будзем любіць-кахаць сваю родненькую ціхенька, моўчкі. Трэба памагчы людзям пераадолець у душы гэты недарэчны сорам. Але як? Кожнаму ў адзіночку дасягнуць гэтага цяжэй, чым побач з іншымі, у грамадзе, у суполцы. Ісьціна даўно вядомая: разам, гуртам дабівацца праўды і справядлівасьці больш надзейна. Прыгадалася дзейнасьць ТБШ (Таварыства беларускай школы) у былой Заходняй Беларусі: як мужна сябры гэтага згуртаваньня ратавалі слова ад палані­зацыі! Успомніў, колькі мне расказваў пра гэта кіраўнік ТБШ Рыгор Рамановіч Шырма. Дык ці не паспрабаваць згуртавацца ў падобнае таварыства і нам тут, цяпер, — калі час пайшоў насустрач, калі ўсё больш набірае сілу Перабудова?
Пакуль раздумваў над узьніклай ідэяй, прыкідваў — што і як, лёс пайшоў, як гэта кажуць, насустрач. У газеце «Літературна Украіна» (1988, № 29) прачытаў публікацыю, якая мяне страшэнна ўзрушыла: «Палажэньне аб Таварыстве шанавальнікаў украінскай мовы імя Т. Р. Шаўчэнкі». Брава! Дык на Украіне гэта ўжо робіцца! Ужо ствараецца такое Таварыства! Якая, помню, хваля зайздрасьці накаціла на мяне! Дык а мы? А мы — што? Будзем маўчаць і сапці ў дзьве дзіркі? Ну не! Будзем і мы ствараць Таварыства. Ініцыятыву вазьму на сябе — спадзявацца на нашых «Герояў працы» не прыходзіцца: сто гадоў будуць сядзець і не паварушацца. Зразумела, што гэту задуму трэба праводзіць праз ЦК — бяз згоды апошняга такую рэспубліканскую арганізацыю ня створыш, нечага і кратацца (на Украіне, вычытаў, было гэтаксама). Карыстаючыся палажэньнем аб Таварыстве імя Т. Р. Шаўчэнкі, прадумаў усе прынцыпы, на якіх будзе стварацца Таварыства беларускай мовы, усе аргументы і доказы, чаму яно нам вельмі патрэбна, і папрасіўся на прыём да сакратара ЦК КПБ па ідэалогіі В. Пячэньнікава. «Як-небудзь пасьля, пакуль ня маю магчымасьці», — адказаў Пячэньнікаў. Адказ гэты паўтарыўся і тыдні праз два і пасьля ізноў тыдні праз два. Пазьней зразумеў прычыну: новы сакратар, тэхнар па адукацыі, увогуле пабойваўся сустрэчаў з кіраўнікамі творчых саюзаў, а тым болей з тым, што зарэкамендаваў сябе «неуправляемым».
Чаканьне маё зацягнулася, а тым часам у грамадскім жыцьці Беларусі пайшлі падзеі надзвычайнай важнасьці, якія захапілі і ўцягнулі ў свой вадаворот і мяне.

l l l
Нарастаньне адраджэнцкіх настрояў у асяроддзі дэмакратычнай інтэлігенцыі дайшло да такой мяжы, за якою размовы пераходзяць у арганізаваныя формы дзейнасьці. Тады, вядома ж, з прыкладу суседзяў — летувісаў, латышоў, украінцаў, і ўзьнікла ідэя разгарнуць у рэспубліцы шырокі народны рух за нацыянальна-дзяржаўнае адраджэньне Беларусі. Ведаючы, што партыйныя ўлады ваяўніча настроены супроць і пастараюцца сарваць арганізацыйны момант вялікай грамадскай ініцыятывы, яе застрэльшчыкі (З. Пазьняк, М. Ткачоў, М. Дубянецкі, М. Купава і інш.) абачліва рашылі скарыстаць для выйгрышу справы ўстаноўчы сход гісторыка-асьветніцкага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралог Беларусі». На арганізацыю гэтага таварыства, заснавальнікамі якога былі Саюз пісьменьнікаў, Саюз мастакоў, Саюз кінематаграфістаў і газета «ЛіМ», улады, хоць і з кіслай фізіяно­міяй, дазвол далі. Сход «Мартыралога» быў назначаны на 19 кастрычніка ў офісе Саюза кінематаграфістаў у Чырвоным касьцёле, які тады называўся Домам кіно. На гэтым — сёньня ўжо можна казаць пэўна — гістарычным сходзе і быў выбраны арганізацыйны камітэт Народнага фронту «Адраджэньне», увайсьці ў які, яшчэ напярэдадні, даў згоду і я.
Дні за два, а можа і за дзень да сходу, да мяне ў Саюз пісьменьнікаў, патэлефанаваўшы папярэдне, зайшла нешматлікая дэлегацыя на чале з М. Дубянецкім. Дубянецкага я ведаў па выдавецтву, дзе ён як дырэктар прыхільна ставіўся да просьбаў і прапаноў Саюзу пісьменьнікаў, што датычыла выданьня беларускай літаратуры. Нечаканы візіт моцна ўсхваляваў мяне, калі я пачуў, што іх прывяло. «Будзем абвяшчаць стварэньне Беларускага народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне», просім вас (як аўтарытэтнага і г. д.) узначаліць арганізацыйны камітэт». Я, вядома, разумеў, што людзі прыйшлі па нейкай сур’ёзнай справе, але што з такой прапановай — ніяк не чакаў. Са шчырым шкадаваньнем, што мушу іх засмуціць, падзякаваў за высокі гонар і — ад прапановы адмовіўся. Занадта добра ведаў ся­бе — слабы бок свайго характару — каб даць згоду на выкананьне абавязку надзвычайнай грамадскай значнасьці, дзе будуць патрэбны (апрача таго, чаго і мне не бракуе) прыродны талент арганізатара і воля асобы харызматычнай. За жыцьцё пераканаўся, у тым ліку і на працы ў СП, што роля камандзёра-начальніка — не для мяне. Адна рэч кіраваць навуковым ці творчым калектывам і мець справу з інтэлігенцыяй, і зусім іншая рэч — арганізоўваць і браць пад сваю каманду «палкі і дывізіі апалчэнцаў» народнага руху. Разумеў, што было б з майго боку безадказнасьцю — у такі, можа быць, лёсавызначальны гістарычны момант праяўляць празьмерную саманадзейнасьць. Так я і патлумачыў сябрам-адзінаверцам сваё адмаўленьне, паабяцаў пры гэтым, што буду, колькі хопіць сіл, падтрымліваць рух і ахвотна даў згоду ўвайсьці ў аргкамітэт. Ня ведаю, ці былі пераканаўчымі мае довады, можа, і не для ўсіх. Бо гады праз чатыры, калі БНФ быў у апагеі славы, адзін з лідэраў Фронту мастак М. Купава паблажліва і са спачуваньнем аднойчы мне выпаліў: «Вы цяпер разумееце, якую вялікую памылку зрабілі, калі адмовіліся ўзначаліць аргкамітэт? Вы мелі магчымасьць стаць нацыянальным героем Беларусі. Не захацелі!» Так і сказаў: «нацыянальным героем». — «Не, — адказаў я сябру Міколу, — памылкі не было. Я ведаю сябе і ўсе жыцьцё стараўся рабіць тое, да чаго быў больш-менш здатны. І на іншае не прэтэндаваў...»
19-га, дзесь ужо ў канцы дня, да мяне ў кабінет падняўся, відочна чымсьці ўсхваляваны, Максім Танк. «Званілі з ЦК, патрабуюць, каб мы з вамі схадзілі ў Дом Кіно на сход «Мартыралогу», там змагары нібыта задумалі ўтварыць беларускі «саюдзіс» Давай, браток, сходзім, хоць, папраўдзе кажучы... Але ж што зробіш?..» — «Дык мяне хлопцы запрасілі, кажу, я паабяцаў ім прыйсьці.» — «Ага, дык тады разам пойдзем» — як бы трохі з палёгкай сказаў Яўген Іванавіч: відаць, баяўся, што давядзецца ісьці аднаму.
Сход сабраўся на другім паверсе, у зале, і народу было багата. Мы з Танкам селі на тым радзе лавак, што стаялі наўзбоч, перпендыкулярна да залы і блізка да сталоў прэзідыуму. З тых, што занялі месца ў прэзідыуме, запомніліся мне З. Пазьняк, М.Дубянецкі і В. Быкаў, іншых не прыгадаю. Пытаньне па «Мартыралогу» было разгледжана ў тэмпе і спакойна, без ускладненьня была выбрана кіраўнічая рада з З. Пазьняком начале. Сапраўдны шум-гам-гвалт пачаўся, калі вядучы сходу М.Дубянецкі абвясьціў: «Цяпер нам трэба выбраць аргкамітэт Народнага Фронту за перабудову «Адраджэньне». Абвешчаньне было сустрэта дружнымі воплескамі, воклічамі «Жыве Беларусь!», уся зала, як па камандзе, паднялася. У нашым радзе застаўся сядзець толькі Яўген Іванавіч — і не зварухнуўся і не запляскаў. Да яго падбегла ззаду вядомая ў той час дэмакратка, загадчыца адзінага ў Менску беларускага дзіцячага садка Галіна Прыма, прасунула рукі яму пад пахі і намагаючыся падняць, залапатала: «Танчык, устань! Устань, Танчык, устань!» Я павярнуўся да яе і прыкрыкнуў: «Перастаньце хаміць! Які ён вам Танчык? Што вы сабе дазва­ляеце?» Прыма апомнілася і падалася прэч.
Яўген Іванавіч увогуле вельмі насьцярожана ставіўся да пераменаў, што адбываліся ў грамадска-палітычнай атмасферы краіны, тым больш дыскамфортна чуўся тут на сходзе, куды прыйшоў як член ЦК КПБ і дэпутат ВС СССР (і тое, і другое — з вялікім стажам), і бачыў, што на яго ўвесь час зіркае з першага раду прадстаўнік ЦК, — сочыць за ім і напэўна спадзяецца, што Танк возьме слова і ўдарыць па гэтай шкоднай «антысавецкай і антыкамуністычнай» акцыі. Спадзяваньне яго было марнае: Яўген Іванавіч, па-мойму, і ў думках ня меў браць удзел у спрэчках. затое сам ён, той прадстаўнік, некалькі разоў захопліваў трыбуну і кляйміў ганьбай і саму акцыю, і яе ініцыятараў. Нарэшце, бачачы, што вядучы сходу кепска спраўляецца з сітуацыяй, мікрафон узяў Васіль Быкаў і сказаў сваё важкае слова так, што «прадстаўнік» ужо больш не палез. Кароткім выступленьнем падтрымаў стварэньне аргкамітэту БНФ і я — на страшнае незадавальненьне цэкоўца: ну як жа — кіраўнік СП не за пазіцыю ЦК, а — за бунтароў. Зноў гаварылі Пазьняк, Дубянецкі і нарэшце, аргкамітэт БНФ, у колькасьці 32-х чалавек, быў створаны. На маю вялікую радасьць, у яго ўвайшло аж 12 (адна трэць складу) пісьменьнікаў, у тым ліку — два народныя: П. Панчанка, В. Быкаў. Быць з імі разам у адной кагорце — я лічыў за гонар. Між іншым, на некаторых сяброў аргкамітэту адразу ж пачаліся ганеньні на працы. Так А. Мальдзіс неўзабаве з аргкамітэту выйшаў: у АН, дзе ён працаваў, яму ультыматыўна заявілі: ня выйдзеш — выганім з Партыі. Пазіцыя партыйнага кіраўніцтва АН у сваю чаргу тлумачылася страхам перад ЦК КПБ, хоць, здавалася б, ніякага страху не павінна было быць, бо ў адозьве «Да грамадзян Беларусі», якую тады ж прыняў аргкамітэт, гаварылася, што БНФ «падтрымлівае распачатую лепшымі сіламі КПСС перабудову грамадства на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму». Беларуская партыйная «эліта», відочна, да лепшых сіл КПСС сябе не залічала. Ну а без іроніі і папраўдзе — як чорт крыжа баялася іншага ў той самай адозве аргкамітэту: БНФ «выступае» супраць манаполіі ўлады бюракратычных сілаў, «за рэальны суверэнітэт Беларусі», «за адраджэньне і дзяржаўнасьць беларускай мовы». А вось гэта ўжо яе мэтай не было ніколі — у адрозьненьне ад партыйнага кіраў­ніцтва Летувы, Латвіі, Эстоніі. Ніхто з партыйных правадыроў БССР, беларусаў паходжаньнем, ня быў нацыянал-камуністам, як, напрыклад, летувіс А. Бразаўскас, для якога на першым месцы — Бацькаўшчына, Летува і летувісы, родная мова і культура, а тады ўжо — сацыялізм, камунізм, ці яшчэ што іншае, бо ўсе сацыяльна-эканамічныя сістэмы і палітычныя рэжымы раней ці пазьней мяняюцца, а Бацькаўшчына — калі ня страціць яе мову — вечная, яна можа і павінна перажыць любую сістэму і любы рэжым. Нацыянал-камуністы гэта выдатна разумелі — у адрозьненьне ад камуністаў-манкуртаў, камуністаў-запраданцаў, Іванаў бяз роду-племені.
Неўзабаве пасьля стварэньня аргкамітэту БНФ да мяне на кватэру, ужо вечарам, прыйшла група (чалавек 5-6) актывістаў руху на чале з М. Ткачовым. Пася­дзець за чаем адмовіліся: няма часу. Прыйшлі з просьбай: даць дазвол аргкамітэту зьбірацца і працаваць у Доме літаратара, мець там свой штаб («Танка прасіць — справа марная, усе надзеі на вас. Тым больш, што вы — член аргкамітэту.) Адказаў ні хвіліны не вагаючыся: «Пакуль ня скінулі мяне з пасады ў Саюзе, я гэту магчымасьць аргкамітэту гарантую.» Так і было. Амаль паўгода паседжаньні аргкамітэту праходзілі ў канферэнц-зале ДЛ, а штаб разьмяшчаўся ў 306 пакоі — у кабінеце літкансультанта А. Емельянава (аж пакуль міліцыя не ўзламала ноччу дзьверы гэтага пакою і не ўчыніла пагром). Колькі мне было выматана нерваў і папсавана крыві за гэты час — ведаю толькі я сам. Партыйныя органы (райкам, гаркам, ЦК) рашуча патрабавалі спыніць «зборышчы бэнээфаўцаў» у будынку Саюзу пісьменьнікаў і забараніць выкарыстоўваць ім 306-ы пакой. Нейкі час я адбіваўся абяцаньнем: «скора ўжо, скора БНФ адсюль пераселіцца», але помнячы, што я сам член аргкамітэту, яны мне ня верылі і населі на Максіма Танка — старшыня ж усё-такі! Але старшыня і тут заставаўся асьцярожлівым. Найменш раз на тыдзень Яўген Іванавіч прасіў мяне: «Ніл Сямёнавіч, ну слухай, дружа, ну трэба ўжо з гэтым канчаць, ну звоняць жа і звоняць з ЦК, і з гаркаму! Скажы Емельянаву, хай гоніць гэтых візіцёраў прэч! Чорт ведае ў што ператварылі Дом літаратара: цэлы дзень бегаюць нейкія патлатыя па лесьвіцы туды-сюды!.. Ужо на сьценах знадворку пачалі лозунгі пісаць! Ну куды гэта варта?.. — заканчваў сваю тыраду Я. І. ужо ў вялікай злосьці. І яму я адказваў: «Скора ўжо, Я. І., скора. Емельянаў сказаў: скора». Выклікаю да сябе Алеся і кажу: «Заўтра на сакратарыяце буду цябе ўшчуваць, што не вызваляеш кабінет ад бэнээфаўцаў. І Яўген Іванавіч ушчыпе. Пагаджайся і кажы: скора ўжо, скора!»
На першым пасяджэньні аргкамітэту з маёй згоды прысутнічаў і сакратар гаркаму па ідэалогіі П. Краўчанка (у блізкім будучым — першы Міністр замежных спраў незалежнай Беларусі). Гэта ня ўсім спадабалася, але ў аргкамітэце было нямала членаў КПСС (тыя ж П. Панчанка, М. Ткачоў, М. Дубянецкі, У. Конан, А. Мальдзіс), і ніхто не пратэставаў. Былі і іншыя, не знаёмыя мне асобы — не з аргкамітэту. З.Пазьняк адсутнічаў. Вёў пасяджэньне В. Быкаў. Адно з пытаньняў, што абмяркоў­валіся, — аб назве руху, які мае быць усенародна шырокім. Запомніўся адзін вясёлы эпізод. Падскочыла з крэсла нейкая, як напісаў бы Адамчык, «мажная ў паясьніцы кабеціна» і запратэставала: «Но почему отречение? Почему народный фронт за перестройку вы хотите назвать «отречение»? Это не логично!» Нехта здагадаўся, на чым спатыкнулася «кабеціна», і патлумачыў: «Не «отречение», а «адраджэньне», ад слова «адраджацца». Помню, я сумна ўсьміхнуўся і сам сабе мовіў: «Ну, такія дамы забясьпечаць нам адраджэньне і нашай мовы, і нашай дзяржавы. Ой, забясьпечаць!..»
На гэтым пасяджэньні я ўнёс прапанову замяніць у назве слова «фронт» якім-небудзь іншым, напрыклад, словам «рух», як у украінцаў. І горача даказваў чаму: у старэйшых узростам беларусаў, а гэта мільёны людзей, са словам «фронт» асацыіруецца вайна і ўсе перажытыя імі жахі, пакуты, нягоды, і яны гэтага слова ня прымуць, а значыць, па сутнасьці, ня прымуць і самога руху, масава не падтрымаюць. Дзе фронт — там бітвы, кроў, сьмерць, там — супрацьстаяньне і канфрантацыя; у Беларусі акцэнт на гэтым рабіць нельга, бо — пройгрышна, акцэнт павінен быць на «за», а не на «супраць». Трэба помніць пра менталітэт народу, калі мы хочам рух за адраджэньне зрабіць сапраўды маштабным, далучыць да яго як мага больш сумленных людзей. Мы — не прыбалты, не летувісы і не латышы, — падкрэсьліваў я ў сваім слове, — у нашага народу характар зусім іншы, непараўнана больш памяркоўны і талерантны, калі хочаце — больш інтэрнацыяналісцкі, а палітычная сьвядомасьць — больш савецкая і камуністычная, чым у каго б то ні было на прасторах СССР. Так сталася ў сілу гістарычных умоў нашага існаваньня, і з гэтым абавязкова трэба лічыцца, распрацоўваючы тактыку разгортваньня шырокага народнага руху за адраджэньне. У прыватнасьці, у нас нельга адкрыта і з выклікам ставіць на антырускую карту — апрача шкоды руху гэта нічога ня дасьць, у нас не такія адносіны да рускіх і да Расеі, як у прыбалтаў, значыць, да стратэгічнай мэты руху — да нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі — давядзецца ісьці сваім шляхам і ён, напэўна, будзе больш доўгі і цяжкі, больш пакутны, чым у іншых народаў, бо ў нас нашмат далей і глыбей, чым у іншых, зайшла русіфікацыя і асіміляцыя, нашмат мацней і страшней забіта нацыянальная і гістарычная самасьвядомасьць.
На вялікі жаль, маю перасьцярогу прысутныя сябры аргкамітэту, а найперш В.Быкаў, не прынялі і пастанавілі пакінуць у назьве руху слова «фронт». Кажу «на вялікі жаль», таму што і сёньня перакананы — гэта была драматычная памылка, далейшая хада падзеяў пацьвердзіла гэта адназначна. «Фронт» масавым народным рухам ня стаў, хоць яго заслугі ў дэмакратызацыі грамадства, у адраджэньні нацыянальна-гістарычнай сімволікі, у абароне беларускай мовы, нарэшце — у станаўленьні суверэннай незалежнай дзяржавы Рэспубліка Беларусь — бясспрэчныя.
Пра тое першае пасяджэньне аргкамітэту ўспамінае ў кнізе «Доўгая дарога дадому» В. Быкаў. На жаль, ня маючы за мяжой дакументаваных матэрыялаў, паспа­дзяваўся на памяць і дапусьціў крыўдную для мяне памылку (не хачу думаць горш). Напісаў, што я выступіў супраць стварэньня БНФ, ды яшчэ і «рашуча». Па якой жа гэта логіцы член аргкамітэту БНФ мог пайсьці супроць стварэньня БНФ? Абсурд! Па нармальнай логіцы я заявіў бы спачатку аб сваім выхадзе з аргкамітэту: але такой заявы не было, у аргкамітэце я заставаўся аж да яго самароспуску на Устаноўчым зьезьдзе БНФ у чэрвені 1989-га. Чытач ужо зразумеў, што я «рашуча выступіў» не супроць стварэньня народнага руху «Адраджэньне», а супроць слова «фронт» — усяго і толькі. Дык я і сёньня перакананы, што праўда была на маім баку, што слова «фронт» трэба было замяніць іншым, не такім «ваяўнічым». Абышліся ж бяз гэтага слова нашы суседзі — ня толькі украінцы («Рух»), але нават і палякі («Салідарнасьць») і летувісы («Саюдзіс»), а ўжо з іх ваяўнічасьцю ў змаганьні за сябе мы параўнацца ня можам.
Трохі пазьней, пры першай жа сустрэчы з Пазьняком у ДЛ, я выказаў сваю засьцярогу і Зянону Станіслававічу, але і ён са мной не пагадзіўся — адказаў мне штосьці накшталт таго, што мы пачынаем вялікае змаганьне і нам патрэбен менавіта фронт. Мяне гэта, прызнаюся, моцна засмуціла, тым больш, калі я яшчэ і яшчэ раз прыгледзеўся да складу аргкамітэту. Мала сталых, дасьведчаных у грамадска-палітычных справах людзей, зусім мала выдатных дзеячаў навукі, адукацыі, культуры, і гэта на этапе, калі распрацоўваецца статут і праграма Руху. Мяне пачаў забіраць неспакой, што з такім слабым аргкамітэтам разгарнуць рух на ўсю рэспубліку справа не рэальная, трэба яго неадкладна папоўніць новымі аўтарытэтнымі людзьмі, ператварыць у магутнае ідэалагічна-арганізацыйнае ядро, вакол якога пачне гуртавацца ўся больш-менш сьвядомая беларуская інтэлігенцыя. Іначай шырокі, масавы рух створаны ня будзе — такі нацыянальна-вызваленчы рух арганізоўвае і разгортвае толькі інтэлігенцыя. Для гэтага, прыйшоў я да высновы, трэба склікаць адмысловую канферэнцыю. Параіўся з сакратарамі СП В. Зуёнкам і Б. Сачанкам — і яны мяне падтрымалі, як і многія іншыя аўтарытэтныя, перабудоўча настроеныя літаратары, з якімі я меў гаворку. У выніку — ва ўсе творчыя саюзы і ў многія установы, такія, як Акадэмія Навук, Белдзяржуніверсітэт і інш., на імя іх кіраў­нікоў быў пасланы ліст наступнага зьместу:
«Творчыя саюзы мастакоў, кінематаграфістаў і пісьменьнікаў рэспублікі разам з рэдакцыяй штотыднёвіка «ЛіМ» зьяўляюцца заснавальнікамі гісторыка-асьвет­ніцкага таварыства «Мартыралог Беларусі». На тым жа сходзе 19 кастрычніка 1988 году намі ўтвораны аргкамітэт Народнага фронту за перабудову і адраджэньне грамадства на сацыялістычных асновах. Саюз пісьменьнікаў БССР адчувае на сабе адказнасьць за стан спраў у аргкамітэце і лёс руху наогул. На наш погляд, насьпела патрэба ў правядзеньні канферэнцыі прадстаўнікоў творчых саюзаў, а таксама найбольш зацікаўленых прадпрыемстваў і ўстаноў, дзе былі б разгледжаны праекты Праграмы, Статута народнага руху, абмеркаваны альтэрнатыўныя прапановы па яго назьве. Акрамя таго, ёсьць неабходнасьць умацаваць аргкамітэт. На агульным сходзе СП БССР ужо выбрана група ўпаўнаважаных на канферэнцыю, тэрмін правядзеньня якой будзе вызначаны ў рабочым парадку.
Праўленьне СП БССР просіць падтрымаць нашу ініцыятыву і выбраць на канферэнцыю па абмеркаваньню дакументаў народнага руху сваіх прадстаўнікоў у колькасьці 10-15 чалавек.
Першы сакратар праўленьня СП БССР Ніл Гілевіч.»
Канферэнцыя, на якую я ўскладаў такія вялікія спадзяваньні, не адбылася. Задума пацярпела поўны правал. Яе падтрымаў толькі адзін Саюз кінематаграфістаў (старшыня В. Нікіфараў). А больш ніхто, ніводзін Саюз, ніводная установа. Чаму, якая прычына — мне стала зразумела пасьля тэлефоннай размовы са старшынёй Саюза кампазітараў І. Лучанком. Пазваніў Ігар Міхайлавіч і — што называецца павесяліў: «Ніл Сямёнавіч, прашу прабачыць, але я з вашым лістом хадзіў да Пячэньнікава, каб сказаў, што рабіць, бо мне самому разабрацца цяжка. І ведаеце, што сказаў Валерый Андрэевіч? «Выкіньце гэту паперку ў кош». Чэснае слова! Не крыўдуйце, але супроць сакратара ЦК я пайсьці не магу».
Відаць, не адзін І. Лучанок насіў тады ў ЦК падпісаны мною ліст. З чыйго экземпляра былі зроблены там копіі — ужо ня высьветліш (бо зроблены яны бяз прозьвішча адрасата, каб не было бачна, хто прынёс).

l l l
Хацеў бы тут асобна запыніцца на двух эпізодах грамадска-палітычнага жыцьця Беларусі, якія мелі месца напрадвесьні 1989 году. Эпізоды рознага зьместу і мэтавага накірунку, але яны зусім невыпадкова супалі ў часе, бо зьявіліся выявамі і сьведчаньнем досыць напружанага эмацыйнага стану грамадства. Ініцыяваны яны былі рознымі сацыяльна-палітычнымі сіламі і з рознымі задумамі, аднак жа іх зьвязвала між сабой аб’ектыўная логіка «хады падзеяў», дыялектыка рэчаіснасьці. Дапускаю, што другі эпізод быў у нейкай меры інсьпіраваны ці падштурхнуты першым. Што за эпізоды?
Першы — гэта агромністы (40-тысячны?) мітынг менчукоў і прыезджых на стадыёне «Дынама», які адбыўся 19-га лютага. Мітынг быў арганізаваны староньнікамі дэмакратычных пераменаў — на абарону і падтрымку Перабудовы, у праграме якой беларусы-патрыёты на першае месца ставілі задачу нашага нацыянальнага адра­джэньня. Такога маштабнага «веча» на беларускай зямлі бадай што яшчэ ніколі не было, — і яно зрабіла надзвычайнае ўражаньне на ўсё жыхарства рэспублікі. Была выказаная воля абуджанай грамады да актыўнай палітычнай дзейнасьці пад сьцягам Перабудовы — за дэмакратызацыю, за галоснасьць, за поўную і канчатковую дэсталінізацыю грамадства, за наданьне беларускай мове статуса дзяржаўнай. І, зазначым — за «сацыялізм з чалавечым абліччам», што адмыслова падкрэсьліў у сваёй прамове Зянон Пазьняк.
Другі эпізод — прыезд у Беларусь і сустрэчы з грамадскасьцю члена Палітбюро, сакратара ЦК КПСС В. А. Мядзьведзева (27.2. — 1.3.). На завяршэньне візіту госьць выступіў з вялікай прамовай на сходзе «прадстаўнікоў партыйных і грамадскіх арганізацыяў і працоўных калектываў рэспублікі» (слухаў ягоную прамову і я). Паказальная, аднак, дэталь, што папярэдне сакратар ЦК КПСС запатрабаваў суст­рэчы з вядомымі, аўтарытэтнымі дзеячамі беларускай мастацкай культуры, перш за ўсё — кіраўнікамі творчых саюзаў. Старшыня СП Максім Танк па нейкай прычыне (ня помню) на сустрэчу прыйсьці ня змог, і «адтуль» было загадана зьявіцца мне і прыняць удзел у размове. «Аб чым вы будзеце гаварыць, якія просьбы і прапановы выказваць?» — пацікавіліся (ну а як жа! — член Палітбюро ЦК будзе слухаць!) «адтуль». — «Пра нашыя праблемы і клопаты. Да зьвяржэньня рэжыму заклікаць ня буду, — адказаў, — не хвалюйцеся».
І я сапраўды гаварыў пра нашыя праблемы і клопаты. Дазволю сабе працытаваць інфармацыю з тыднёвіка «ЛіМ» за 3.3.1989. «Першы сакратар праўленьня СП Беларусі Н. Гілевіч гаварыў аб неабходнасьці таго, каб Саветы ўсіх узроўняў сьмялей бралі на сябе і больш пасьлядоўна і настойліва вырашалі праблемы мовы, нацыянальнай культуры, экалогіі. Пісьменьнік унёс прапанову вярнуць беларускім літаратурным часопісам іх ранейшыя аб’ёмы, скарочаныя гадоў пятнаццаць назад пад выглядам «часовай» меры...» Як процівага першаму сакратару СП выступіў на сустрэчы былы першы сакратар СП І. Шамякін, гаварыў у асноўным пра Чарнобыль. Бралі слова артыст М. Яроменка, скульптар З. Азгур, кінарэжысёр В. Дашук, мастак У. Стальмашонак, кампазітар І. Лучанок. Гаварылі пра свае прафесійныя клопаты. Пра найвялікшы наш агульны боль — пра трагічнае становішча роднай мовы — не гаварылі.

l l l
Мае клопаты пра стварэньне Таварыства беларускай мовы былі крыху прытарможаныя яшчэ адной неспадзяванай акалічнасьцю: пачалася падрыхтоўка да выбараў у Вярхоўны Савет СССР, назначаных на 26 сакавіка 1989 году. Першыя дэмакратычныя, дакладней — напалову дэмакратычныя выбары ў краіне! Напалову — бо разам з выбарамі па мажарытарнай сістэме былі і «выбары» (па сутнасьці назначэньні ў дэпутаты) ад грамадскіх арганізацыяў. Напрыклад, ад пісьменьнікаў быў «выбраны» В. Быкаў, ад кампазітараў — І. Лучанок, ад прафсаюзаў — М. Захарэвіч, ад жаночых арганізацыяў рэспублікі — М. Карпенка і г. д. Восем установаў Менску вылучылі кандыдатам у дэпутаты мяне — па 563 тэрытарыяльнай выбарчай акрузе. Вельмі хутка я пашкадаваў, што даў згоду на гэта вылучэньне. Ужо на першых сустрэчах з выбаршчыкамі зразумеў, што мяне чакае параза. Дэмакратычныя выбары — гэта змаганьне, бязьлітаснае і брутальнае, на што я зусім ня здольны, для перамогі патрэбна добра падабраная баявая каманда, а ў мяне яна была бездапаможная і бязьдзейная. Людзі з каманды майго спаборніка на кожным сходзе актыўнічалі надзвычайна і стараліся мяне прынізіць, нават абразіць. («Сколько вам лет? Пятьдесят семь? И вам не стыдно лезть в Верховный Совет?» — крывіў міну адзін. «Запомните и скажите всем: этого бюрократа нельзя пускать в Верховный Совет страны, вон его надо гнать, вон!» — пырскаў слюной ужо ў іншай зале другі).
Галоўная ж прычына паразы — мой беларускі патрыятызм, беларускія пункты маёй выбарчай праграмы і мая беларуская мова на сустрэчах. У праграме значылася: «І нарэшце — аб тым, што мяне як літаратара турбавала на працягу ўсяго майго сьвядомага жыцьця і турбуе сёньня. Гаворка — пра лёс беларускай мовы і культуры і пра брацтва народаў нашай краіны. Перакананы, што з інтэрнацыянальнай пазіцыяй ніяк не ідзе ў разрэз клопат пра разьвіцьцё беларускай нацыянальнай культуры і павышэньне статусу беларускай мовы ў нашай рэспубліцы. (...) Я моцна веру ў глыбокі прыродны і выхаваны жыцьцём інтэрнацыяналізм беларусаў, ён у сэрцах у нас і ён будзе трымаць нас на вышыні, вартай імя і славы народу. Але клапаціцца пра лёс нашай цудоўнай мовы ўсім нам, хто жыве ў рэспубліцы, трэба. Гэта справа і сумленьня і гонару кожнага. Што датычыць маіх канкрэтных планаў у гэтай галіне, то я даўно жыву ідэяй стварыць у нас Таварыства беларускай мовы імя Скарыны і цяпер намераны актыўна ўзяцца за яе ажыцьцяўленьне. Упэўнены, што такое Таварыства будзе вельмі садзейнічаць прапагандзе беларускай мовы, выхаваньню любові і павагі да яе, і таму, каб яна гучала ў нас наколькі інтымна, настолькі і дзяржаўна».
Так заканчвалася мая праграма, з якою знаёміліся на ўчастках выбаршчыкі. Не сумняваюся, што гэтым я ў значнай меры «забясьпечыў» сабе вынікі галасаваньня. Такое абяцаць менчукам (радым, што выракліся беларушчыны, — а гэткіх бальшыня) і спадзявацца на перамогу — наіўна і сьмешна. Знайшоў пра што клапаціцца, недарэка! Гаварыў бы і сам «человеческим языком», а то... слухаць брыдка!.. Пазьней я і падзяліўся гэтымі сумнымі думкамі ў адным з артыкулаў, іранічна падкрэсьліўшы: калі хто хоча ў Менску выйграць на выбарах — пастарайцеся мець спаборнікам беларускага пісьменьніка, не намінальна беларускага, а душой і сэрцам.
Праз паўгоду, у канцы лістапада В. Быкаў на старонках «Правды» і «ЛіМа» даў сваё тлумачэньне прычынаў маёй паразы, залічыўшы мяне да тых, каму ўласьцівы «сацыяльны канфармізм, прыслужніцтва перад уладай», хто «дэманструе палітычнае віхляньне паміж разьлікам і ісьцінай», да тых «надзеленых сумленьнем і розумам» мастакоў слова, каму не хапае «сілы характару, каб ва ўсіх выпрабаваньнях лёсу застацца верным сабе, ісьціне і болей нікому». Такога страшнага ўдару ад самага блізкага сябра, аднаверца і паплечніка я ня толькі не чакаў, а і прысьніць ня мог. Пачуцьцё крыўды і абурэньня ўва мне проста ня месьцілася. І хацелася ў гневе крыкнуць: «Так, я — не цьвёрдакаменны, напэўна, ішоў дзесь на кампрамісы, бо такі меў сьветапогляд і перакананьне, бо вырас у сям’і камуніста-ідэа­ліста, але верным сабе заставаўся заўсёды, у самым галоўным верны — у служэньні Беларусі, беларускай ідэі, беларускай мове і культуры.»
Пры першай жа сустрэчы з Быкавым (пасьля нейкага сходу ў Доме літаратара) я выказаў яму сваё абурэньне ягоным інкрымінаваньнем мне бог ведае якіх грахоў. «Дык гэта ты, мой найблізкі сябра, такой думкі пра мяне і маю грамадзянскую пазіцыю? Прабач, але ў такім разе я мушу сказаць: ты мне не суддзя. І ты знаеш — чаму.» (Што я меў на ўвазе — Быкаў зразумеў).
Ясна, што пасьля гэтага нашы сяброўскія ўзаемаадносіны заставацца ранейшымі не маглі. Варожымі і непрыязнымі яны ня сталі, бачыліся мы досыць часта, асабліва на пачатку 90-х, на мітынгах, на розных зьездах і сходах, іншы раз гутарылі, аднойчы нават я заяджаў да яго на кватэру (з міністрам Я. Вайтовічам), але вярнуцца да колішняга было ўжо немагчыма. Тым больш, што сітуацыю звышпасьпяхова скарысталі некаторыя нашы, так бы мовіць, агульныя знаёмыя, зацікаўленыя ў дыстанцыяваньні паміж Быкавым і мною. Балюча перажыў я наш «расхэйдус», вельмі балюча. На маё перакананьне, гэтага не павінна было здарыцца, у нашым становішчы — гэта недазволеная раскоша. Няйначай як нейкае беларускае пракляцьце бачылася мне і ў гэтым і ў іншых падобных выпадках. Вір цяжкіх і горкіх дум паспрабаваў тады ж, адразу, перавесьці ў больш-менш спакойнае рэчышча публіцыстычнага верша.

ПРА НАШУ ГОДНАСЬЦЬ

Што праўда,
То праўда —
Даўно гэта стала:
Віхляньня — багата,
А годнасьці — мала.

Багата юродства,
Блазьнерства,
Крыўляньня,
А мова народу —
На грані скананьня.

Таму і цямнеем,
Чарнеем ад злосьці.
А ж хочацца нават
Ударыць кагосьці.

Каго — зразумела,
Ды чорт яго знае,
Чым кончыцца можа
Адвага такая!

І што тады робім
У злосьці і скрусе
Мы — існыя родам
Сыны Беларусі?

Што робім?
А б’ём-дабіваем заўзята
Свайго
Не дабітага злыднямі
Брата.

У гэтым — і мужнасьць,
І мудрасьць,
І годнасьць.
І нашага гора-гібеньня
Нязводнасьць.

Невытлумачальны для мяне выпад Быкава адыграў тады і станоўчую ролю ў маім жыцьці — ён дапамог мне мабілізаваць сілу волі і неадкладна зрабіць рашучы крок, да якога рыхтаваўся даўно, але ўсё адкладваў і адкладваў. Праз чатыры дні пасьля артыкулу В. Быкава ў «ЛіМе» я, не пытаючы папярэдняй згоды ні ў ЦК, ні ў старшыні М. Танка, пакінуў пасаду першага сакратара СП БССР.

l l l
Але вернемся да выбараў у ВС СССР — у пачатак году. Пасобіў мне праваліцца на тых выбарах і старшыня аргкамітэту БНФ З. Пазьняк. Аднойчы зайшоў да мяне пляменьнік і пытае: ці ведаеце вы, што на перадвыбарчых сходах гаворыць пра вас Пазьняк? «Ніл Гілевіч — вядомы, паважаны пісьменьнік, але ён камуніст, і я за­клікаю вас не галасаваць за яго, а галасаваць за маладога і энергічнага... з якога будзе больш карысьці» і г. д. Зноў засталося толькі горка ўсьміхнуцца: якая дзіўная ідэалагічная зашоранасьць! Хоць бы ўспомніў З. С., што свая родная маці — член КПСС! Куды ж мы з такой «кадравай палітыкай» зойдзем? Якімі ж крытэрыямі ў змаганьні за нацыянальна-дзяржаўнае адраджэньне Беларусі будзем кіравацца? Усіх прыналежных да партыі — пад адзін грэбень?..
Яшчэ за месяц ці крыху менш да выбараў я фактычна сышоў з дыстанцыі — ад разуменьня марнасьці майго ўдзелу ў гэтым марафоне, ад пачуцьця якогасьці яшчэ не ўсьвядомленага расчараваньня, ад нейкай гнеўнай горычы і маральнага дыскамфорту. Каб не палічылі выбаршчыкі за непавагу да іх — «кандыдат на сустрэчу не зьявіўся!» — я папрасіў схадзіць сваіх «давераных асобаў» — паэтаў В. Зуёнка і Г.Дзьмітрыева, гэта дазвалялася Палажэньнем аб выбарах.
У разгар гэтай «перадвыбарчай кампаніі», з радасьцю, што маю аб’ектыўнае апраўданьне майго няўдзелу ў сустрэчах, паехаў у Маскву на ўстаноўчую канферэнцыю Фонду славянскай пісьменнасьці і славянскіх культур. 11-га сакавіка быў выбраны Савет Фонду: яго старшынёй стаў акадэмік М. І. Талстой (унук Л. М. Талстога), сустаршынямі — расіянін В. Р. Распуцін, украінец Б. І. Алейнік і беларус Н. С. Гілевіч. Якія надзеі ўскладаў на гэты Фонд, даўшы згоду працаваць у кіраўніцтве, і якія меў засьцярогі? Надзея была адна: унутры такой паважнай арганізацыі сярод расейскай інтэлігенцыі ўдасца пашырыць разуменьне гістарычнай несправядлівасьці ў адносінах да беларускай мовы і выклікаць пачуцьцё спагады і падтрымкі. Думалася: браты-расіяне канешне ж зразумеюць нас і падтрымаюць! Ня могуць не зразумець! Усё ж такі славяне, кроўна блізкія родзічы, дый па іх жа перш за ўсё віне дайшла наша мова да такога заняпаду, апынулася ў такім трагічным становішчы. Значыць, супольнымі сіламі цяпер, пад сьцягам Перабудовы, паможам сястры Беларусі акрыяць духам і зьберагчы сваю самабытнасьць! А засьцярога была такая: ці ня тоіцца ў гэтай ідэі Фонду старая-старая, хітрая-хітрая тэндэнцыя зьліцьця трох «рускіх плямёнаў» (іменна плямёнаў, а не народаў!) у адно, размываньня этніч­на-культурнай самасьці украінцаў і беларусаў, паглынаньня дзьвюх моў — украінскай і беларускай — трэцяю мовай — рускай. Вельмі хутка пераканаюся, што канешне ж іменна так яно і задумвалася. І наіўных ілюзіяў быць не павінна.
У канцы траўня ў Маскве сабраўся Зьезд народных дэпутатаў СССР — з мэтаю абмеркаваць і вызначыць будучы статус, а значыць і лёс вялікай імперыі, паколькі адкладаць гэта надалей ужо было немагчыма. За працай Зьезду я сачыў — і па тэлевізары, і па друку — штодзённа і з моцна ўзбуджанай цікавасьцю: як будзе трактавацца пытаньне аб статусе моў саюзных рэспублік, і да якой высновы ў выніку Зьезд прыйдзе? Як і можна было чакаць, найбольш грунтоўна, дасьведчана і востра аб моўнай праблеме гаварылі дэпутаты-пісьменьнікі... Ня рускія, вядома, а «нацыяналы». Кіргіз Ч. Айтматаў, украінец Б. Алейнік, малдаванін І. Друцэ, латыш Я. Петэрс, каракалпак Т. Каіпбергенаў... З усімі імі я быў знаёмы асабіста, і цяпер чытаў і перачытваў іх прамовы з пачуцьцём брацкай салідарнасьці, удзячнасьці і захапленьня. «Ай жа і малайцы хлопцы, ну малайцы! — крычаў сам сабе ад радасьці. — Якую праўду-матку «рэжуць» на ўсю краіну!» Чынгіз Айтматаў прысьвяціў пытаньням мовы і нацыянальных узаемаадносінаў палавіну выступленьня. «...Мовы карэнных народаў саюзных рэспублік павінны функцыянаваць у якасьці дзяржаўных» — катэгарычна патрабуе знакаміты Айтматаў. Успомнілася, як усяго год з гакам назад у Маскве на пленуме праўленьня СП СССР Чынгіз Таррэкулавіч спрабаваў пераканаць мяне, каб я адступіў ад гэтага самага патрабаваньня, якое цяпер выстаўляе ён. Выдатна! Значыць, час робіць сваю справу. І вельмі хутка! Руская мова, сказаў далей Айтматаў, «не павінна выцясьняць іншыя, побач існуючыя мовы карэнных народаў. У гэтай сувязі неабходна ўсьвядоміць, што кожны народ да той пары народ, пакуль ён валодае ўласнай мовай, і ў гэтым — яго культурная суверэннасьць. І як толькі па тых ці іншых прычынах ён пазбаўляецца магчымасьці ўжываць і культываваць сваю мову, ён перастае быць тым, кім ён быў і павінен быць». Барыс Алейнік выступіў, па-першае, супраць права бацькоў выбі­раць мову навучаньня для сваіх дзяцей: «На Украіне і ў Беларусі... у некаторых гарадах проста няма з чаго выбіраць — беларускія і ўкраінскія школы цалкам адсутнічаюць»; па-другое — супраць наданьня ў саюзных рэспубліках статуса дзяржаўнай і рускай мове — нароўні з мовамі карэннага тытульнага насельніцтва нацыі; па-трэцяе, заклікаў Палітбюро ЦК і Урад СССР «пакараць тых чыноўнікаў, асабліва на месцах, якія ярасна супраціўляюцца перабудове ў сферы міжнацыянальных узаемаадносінаў, перасьледуюць, скажам прама, членаў Таварыства украінскай мовы імя Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі». Так з прамовы Алейніка я — і ўся краіна, і ўвесь сьвет — даведаліся, што нават члены культурна-асьветніцкай арганізацыі перасьледуюцца. За што? За любоў і пашану да роднае мовы! Значыць, гэта чакае і нашае ТБМ, якое мы толькі ствараем? Ці Палітбюро дасьць каманду — «не чапаць!»?
Вельмі рэзка выступіў у абарону нацыянальных моў Іон Друцэ, з якім мяне па­знаёміў у Маскве А. Адамовіч — і мы крыху на гэту тэму пагаварылі з ім. «Старажытныя іудзеі ўстанавілі, што самым слабым, балючым і далікатным месцам любога народу ёсьць яго мова, г. зн. той масток, ад якога наш зямны пачатак пераходзіць у духоўны. І, вядома ж, наш клопат пра мову дыктуецца перш за ўсё тым, што жывое ніяк ня можа зьмірыцца са сваёй сьмерцю.» І далей: «Сапраўды, для выратаваньня нацыянальных моў трэба ўжыць дзяржаўны механізм. Сёньня іншы сродак не дапаможа. А абвяшчэньне абедзьвюх моў роўна дзяржаўнымі — гэта азначае «привет вашей бабушке». Гэта азначае, на «трасянцы» гаварылі, на «трасянцы» і будзем гаварыць».
Так выступілі на Зьезьдзе народных дэпутатаў СССР кіргіз, украінец, малдаванін і інш... Ну, а як жа выступіў беларус — прадстаўнік рэспублікі, у якой мова карэннага народу знаходзіцца ў найбольш бядотным становішчы? А ніяк! Беларус слова ня ўзяў. Беларусу сказаць няма чаго, няма патрэбы. У Беларусі — усё ў парадку, усё добра. Народныя ад Беларусі, ня толькі жанчыны, але і мужчыны прыехалі ў Маскву, у Крэмль па апельсіны — як прыязджалі дэпутаты-цёткі на сесію Вярхоўнага Савету БССР у Менск, — ладавалі экзатычнымі пладамі авоські і, шчасьлівыя, вярталіся дадому. Абурэньне маё, мушу прызнацца, было вялікае. Чаму прамаўчалі нашыя? Чаму не сказалі, як нам баліць душа ад несправядлівасьці, ад прыгнёту, ад зьдзеку? Пра гэта я досыць іранічна сказаў у друку, чым, як неўзабаве пераканаюся, вельмі раззлаваў некаторых нашых «нардэпаў».
Вось калі я пашкадаваў, што не прайшоў у дэпутаты Вярхоўнага Савету СССР. А ўжо ж бы дабіўся, каб мне слова далі. А калі б не далі — дык беларускі народ ведаў бы: нашаму слова не далі. Як гэта кажуць, запішам для гісторыі.

l l l
З прадвесьня ўшчыльную заняўся стварэньнем ТБМ, падрыхтоўкай да першага Устаноўчага зьезду Таварыства. Згода ЦК КПБ на гэта была дадзена лёгка — і ня дзіва: аналагічнае Таварыства на Украіне ўжо было афіцыйна зарэгістраванае і пачало дзейнічаць. Прыклад ёсьць! — значыць і мы можам пайсьці на такую саступку «нацыяналістам». Ды і Крэмль, несумненна, не пярэчыў, там ужо ў такіх таварыствах небясьпекі ня бачылі. Што належала перш за ўсё зрабіць — самае неабходнае? Распрацаваць статут Таварыства і арганізаваць па ўсёй Беларусі, у гарадах і гарадскіх пасёлках, першасныя суполкі ТБМ, якія выберуць дэлегатаў на Устаноўчы зьезд. У працы над статутам актыўны ўдзел прымалі пісьменьнікі і навукоўцы (Б. Сачанка, П. Садоўскі, Г. Цыхун, З. Санько і інш). Па дзяржаўна-партыйнай завядзёнцы, дзеля паважнасьці, арганізацыямі-заснавальнікамі ТБМ афіцыйна запісаны: Саюз пісьменьнікаў Беларусі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Інстытут мовазнаўства АН, Інстытут літаратуры АН, Фонд культуры, Дзяржтэлерадыё, Таварыства «Радзіма», Таварыства Дружбы і культурных сувязяў з заграніцай. У пачатку чэрвеня рэспубліканскія газеты апублікавалі праект Статуту ТБМ. Найбольш цешылі тыя разьдзелы і параграфы, у якіх гаварылася пра самыя важныя мэты і задачы Таварыства. «3. ТБМ — масавая арганізацыя, якая першаступеннай задачай мае адраджэньне ў духоўным жыцьці народа беларускай мовы і праз яе ўсёй нацыянальнай культуры...» «6. ...Лічыць абавязкам праводзіць грунтоўную растлумачальную і прапагандысцкую работу, настойліва фарміраваць грамадскую думку з тым, каб усе жыхары рэспублікі зразумелі жыцьцёвую неабходнасьць наданьня беларускай мове статусу дзяржаўнай мовы БССР». «10. Адной са сваіх галоўных мэт таварыства лічыць адраджэньне ў Беларусі... нацыянальнай асьветы і сістэмы нацыянальнай школы ўсіх тыпаў і забесьпячэньне ўмоваў для бесьперапыннай адукацыі на беларускай мове».
27 чэрвеня адбыўся Устаноўчы зьезд Таварыства. (Цікавая дэталь: днём раней, 26-га, закончыўся Устаноўчы зьезд БНФ). Праз дзень у газетах была апублікавана — пад назвай «Адраджэньне роднага слова» — інфармацыя БелТА аб рабоце Зьезду, у якой гаварылася: «Прадстаўнікі практычна ўсіх раёнаў рэспублікі канкрэтна і зацікаўлена абмяркоўвалі магчымыя шляхі ўключэньня на самай дэмакратычнай аснове ў свой рух мільёнаў людзей, усіх, хто жадае ня проста захаваньня роднага слова, якое за гады культу асобы і застою аказалася на мяжы зьнікненьня, але і яго сапраўднага адраджэньня». І далей: «Удзельнікі зьезду горача падтрымалі выказаную ў дакладзе старшыні аргкамітэту, першага сакратара Саюзу пісьменьнікаў рэспублікі Ніла Гілевіча прапанову аб разгортваньні шырокага прапагандысцкага і арганізатарскага руху за наданьне беларускай мове статуса дзяржаўнай». Помню той незабыўны момант, калі прагучала гэтая прапанова. Што рабілася ў зале — якія грымелі воплескі, доўжыліся авацыі, выгукаліся воклічы! Я глядзеў на ўзбуджаных, ахопленых энтузіязмам людзей і адчуваў, што магу не стрымаць сьлёз. Дык вось жа яна, Беларусь! Вось яна — жывая, сапраўдная, непераможная! Вось як выбухова яна заяўляе пра сваю любоў да роднага слова, пра сваю вернасьць яму, пра сваё сьвятое права надаць яму дзяржаўную моц!..
Выпадкова (само па сабе, ніхто не арганізоўваў прамоўцаў), але ж і зусім не выпадкова (па волі Божай) слова на зьезьдзе ўзялі ня толькі вядомыя літаратары, філолагі, гісторыкі, настаўнікі, — гэта і чакалася, — але палымяна выступілі і рабочыя (П. Зьмітрук, У. Шушкевіч) і аж два ксяндзы (У. Чарняўскі і Я. Матусевіч).
У выбраную на зьезьдзе Раду ТБМ увайшло 58 чалавек (па недагляду — цотны лік). Сярод іх такія відныя постаці нацыянальнай літаратуры і культуры, навукі і адукацыі, як Я. Брыль, Р. Гарэцкі, В. Шаранговіч, У Калесьнік, А. Мальдзіс, Ф.Янкоўскі, Г. Бураўкін, Б. Сачанка, А. Лойка, С. Законьнікаў, Г. Цыхун, З. Санько, А.Падлужны, П. Садоўскі, А. Каўка, М. Купава, А. Клышка, А. Грыцкевіч, Л. Лыч, В. Маслюк, А. Белакоз, міністры А. Бутэвіч, Я. Вайтовіч, М. Дзямчук, сакратар сталічнага ГК КПБ П. Краўчанка. Дзякуючы апошняму ТБМ неўзабаве атрымала досыць прыстойнае памяшканьне, у якім разьмяшчаецца да гэтага часу. У будучым, на наступных зьездах (1991, 1993, 1995) у такім магутным складзе рада ТБМ ужо ніколі не выбіралася. Чаму? Гэтаму спрычыніліся важныя перамены ў грамадска-палітычным жыцьці краіны. Прыняцьце Закону аб мовах, дэмакратычныя выбары ў Вярхоўны Савет рэспублікі, абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі, развал СССР, фактычная ліквідацыя камуністычнага рэжыму, рэзкае ўзмацненьне працэсаў дэмакратызацыі і беларусізацыі — усё гэта адцягвала многіх выдатных дзеячаў ад ТБМ, вымушаючы іх засяродзіцца на значных і адказных участках дзяржаватворчасьці (напрыклад, у пастаянных камісіях Вярхоўнага Савету, у Міністэрствах і выдавецтвах, у палітычных партыях). Спадарожнічала гэтаму ўсьведамленьне (на жаль, заўчаснае), што наконт беларускай мовы пытаньне ў прынцыпе вырашана: яна заканадаўча замацавана ў якасьці дзяржаўнай і шчасьлівы лёс надалей ёй забясьпечаны. Змагацца за яе дзяржаўны статус ужо няма патрэбы, і Таварыства можа заняцца іншымі, больш прыватнымі праблемамі.
На ўстаноўчым зьезьдзе, апрача статуту ТБМ, былі прынятыя і некаторыя іншыя дакументы, у прыватнасьці «Зварот да грамадзянаў Беларускай ССР, да беларусаў, якія жывуць за межамі рэспублікі, да ўсіх прыхільнікаў беларускага слова». У звароце гаварылася: «Горача заклікаем з разуменьнем і адчуваньнем гістарычнай адказнасьці паставіцца да катастрафічнага становішча беларускай мовы ў Беларусі — падтрымаць шматлікія прапановы грамадскасьці аб неадкладным наданьні ёй дзяржаўнага статусу ў рэспубліцы». І такі ж палымяны заклік уступаць у Таварыства, усюды ствараць яго суполкі, растлумачваць яго мэты і задачы, і вядома ж — сваім асабістым прыкладам — заахвочваць, «каб беларуская мова ў будзень і сьвята гучала ва ўсіх сферах нашага жыцьця».
Як жа хацелася верыць, што гэтыя словы будуць пачутыя, што яны дойдуць да сэрцаў мільёнаў і што водгукам на іх будзе вялікае абуджэньне сумленьня і волі народа — волі будаваць сваю свабодную суверэнную Бацькаўшчыну!..
28 верасьня ТБМ як грамадская арганізацыя было зацьверджанае Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР (Тады была такая практыка). Ня гледзячы на мой грунтоўны даклад, зацьвярджэньне прайшло без аніякага энтузіязму — наадварот, з пэўнай насьцярожанасьцю і паблажлівасьцю: маўляў, ну што ж, зацьвердзім, але, але... глядзіце, каб уся праца Таварыства ішла ў рамках закона, адпавядала Канстытуцыі, не падагравала нацыяналізму.
Гэта была апошняя кропка ў працэсе афармленьня арганізацыі. ТБМ тым часам разгарнула актыўную дзейнасьць. У гарадах і пасёлках, пры навучальных установах і на прадпрыемствах пачалі ўзьнікаць першасныя суполкі, якім належала аб’яд­нацца ў гарадскія і раённыя арганізацыі (пазьней былі створаныя і абласныя). На Радзе быў выбраны намесьнік старшыні ТБМ (ім стаў настаўнік Я. Цумараў) і рабочы сакратарыят, былі зацьверджаныя кіраўнікі камісіяў. Кожная з камісій распрацавала канкрэтную праграму дзейнасьці, хоць за працу далёка ня ўсе з іх узяліся аднолькава энтузіястычна. Найбольш плённа з самага пачатку і ў наступныя гады працавалі камісіі: выдавецкая, тэрміналагічная, па ўдасканаленьні правапісу, па сувязях з суайчыньнікамі за межамі рэспублікі, па тапаніміцы. Амаль не разгарнулі працы — ні на пачатку, ні пасьля — камісіі па культуры мовы, па зрокавым і гукавым афармленьні жыцьцёвага асяроддзя, па моўных скарбах народу. Недастаткова актыўна працавала галоўная, у маім разуменьні, камісія — арганізацыйна-прапагандысцкая. У выніку — толькі на палавіне тэрыторыі рэспублікі былі створаныя суполкі ТБМ, ды і з тых, што меліся, многія існавалі намінальна, бо фактычна бяздзейнічалі. Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што і арганізоўваць на перыферыі суполкі было неймаверна цяжка — у многіх раёнах партыйнае кіраўніцтва ня толькі не спрыяла і не падтрымлівала гэты рух, але перашкаджала, не дазваляла яго разгортваць (як пазьней у 1990—1991, сабаціравала выкананьне Закона аб мовах і распрацаванай на яго аснове Праграмы ажыцьцяўленьня ў рэспубліцы Закона аб мовах).
Увогуле, мушу сказаць, што за гады працы ў ТБМ я пераканаўся яшчэ больш у адной сваёй даўняй думцы пра беларускую творчую інтэлігенцыю — пісьменьнікаў, мастакоў, музыкаў, артыстаў: у бальшыні сваёй — безініцыятыўныя і лянотныя ў тым, што датычыць не асабістых, а грамадскіх інтарэсаў. За трыбунай, на сходах, на зьездах, на канферэнцыях і г. д.— гавораць голасна і нават палымяна, і крытыкуюць, і заклікаюць, і разумна разважаюць, а як дойдзе да канкрэтнай практычнай справы — дзе што дзявалася? Дзе той пафас і палымянасьць, тая напорыстасьць і моц духу?..
У сакавіку 1990 года пачаў выходзіць, з перыядычнасьцю — адзін раз у месяц, бюлетэнь ТБМ «Наша слова». Грошы на яго выданьне велікадушна знайшоў Савет Міністраў (дзякуючы падтрымцы намесьніка старшыні СМ Н. М. Мазай і міністра культуры А. Бутэвіча). Гэта было немалое дасягненьне — свой орган друку. Рэдактарам бюлетэня на першай пары быў старшыня Таварыства, «рабілі нумар» практычна Г. Тумаш, А. Траяноўскі, З. Санько, Н. Гілевіч. Сакратаром рэдакцыі і адказным за выпуск быў нястомны руплівец Г. Тумаш.

l l l
У канцы лета таго, 1989-га году адбылася яшчэ адна нязначная, прыватнага парадку ў маім жыцьці падзея, аб якой варта ўспомніць для больш дакладнага разуменьня майго тагачаснага душэўнага стану: я зьняў сваю кандыдатуру са сьпіску прэтэндэнтаў на званьне члена-карэспандэнта АН БССР. Многія ўгаворвалі мяне не рабіць гэтага, што я маю рэальныя шанцы перамагчы канкурэнтаў, (а іх было чацьвёра, усе мае добрыя знаёмыя), але я папрасіў маю кандыдатуру зьняць. Чаму? Бо адбыўся спадман. Яшчэ вясной мне пазваніў прэзідэнт акадэміі У. П. Платонаў, што ў іх ёсьць намер вылучыць мяне на чарговых выбарах у членкоры, — маўляў, як я на гэта гляджу. Я адказаў: дзякую, гляджу добра і пагаджуся, але з адной умовай: па сьпецыяльнасьці не літаратуразнаўства, а літаратура. «Я так і разумею, — адказаў Уладзімір Пятровіч, — як калісьці Максіма Танка. Я скажу сакратару аддзяленьня Навуменку, каб афармлялі іменна па літаратуры». «Пусьцілі» мяне, аднак, па літаратуразнаўству. Спаборнічаць і — хочаш ня хочаш — псаваць адносіны з блізкім сябрам і калегам па кафедры А. Лойкам — найбольш верагодным з прэтэндэнтаў — мне не хацелася. І, здаецца, добра зрабіў. Як і меркавалася, членкорам быў выбраны Алег Антонавіч. То і дзякаваць Богу.
28-га лістапада завяршылася мая кар’ера літаратурнага чыноўніка ў СП БССР. У поўным сэнсе слова — «бразнуў дзьвярыма». Цалкам неспадзявана для ўсіх — і для пісьменьнікаў, і для старшыні СП Максіма Танка, і для ЦК (а гэта ўжо амаль хуліганства, бо пасада — наменклатурная, і ад яе самавольна не вызваляюцца, абавязкова патрабуецца ўзгадненьне). Зрабіў я гэта на чарговым пленуме Праўленьня, выйшаў на трыбуну, прачытаў заяву «Прашу вызваліць...» і сеў. Зала — анямела. У сяго-таго ў прэзідыуме аж сківіца адвісла. Прадстаўнік ЦК пабег званіць начальству: як быць? ЧП! Першы схамянуўся агаломшаны Яўген Іванавіч і пачаў угаворваць, каб я адмовіўся ад заявы, — маўляў, гэта несур’ёзна, выбіраў цябе зьезд — зьезд і вызваліць... Запярэчылі і іншыя, зашумела зала. Я ўзяў слова яшчэ раз: можаце не вызваляць, але з заўтрашняга дня на працу я выходзіць ня буду, я здымаю з сябе гэтыя абавязкі; тым больш, што мяне выбралі старшынёй ТБМ, а там неймаверна шмат работы... Тады з аўтарытэтным словам зьвярнуўся да аўдыторыі Я. Брыль: «Ну што — ён на ўсё жыцьцё наняўся? Дзевяць гадоў адслужыў — мала? Прапаную ставіць на галасаваньне і просьбу задаволіць.» Так і сталася. Бывай, кантора!..
За тыдні тры да гэтага, прадчуваючы разьвітаньне з «канторай», рашыў схадзіць да Пімена Панчанкі — найбольш блізкага мне духам і характарам творчасьці з усіх сучасных паэтаў. Схадзіць, каб, так бы мовіць, трохі паспавядацца, шчыра, даверліва пагутарыць — аб тым, што набалела. Вось што запісаў у сваім дзёньніку Пімен Емельянавіч пра гэты мой візіт да яго: «8-га лістапада прыйшоў Ніл Гілевіч. Зоя і я праседзелі з ім за сьвяточным сталом больш чатырох гадзінаў. Мне было цікава (здаецца, і яму). Я думаў, што ён даўно зьезьдзіў у ААН (ЗША). Аказваецца, ён ня езьдзіў: яму не прапанавалі. Нехта на яго накапаў, як нацыяналіста № 1. І, як быццам, КДБ яго не пускае. Недарэчнасьць!» (Полымя, 1998, № 9). Помню зьдзіўленьне і абурэньне Панчанкі, калі я сказаў яму пра гэта. Як жа так?! — ніяк ня мог паверыць П. Е. А вось так! Членамі беларускай дэлегацыі на сесіях ААН пабывалі бадай ня менш як трыццаць пісьменьнікаў. І ня толькі ваяўніча ідэйным членам КПСС аказалі давер ЦК і КДБ, але і некаторым беспартыйным літаратарам (А. Адамовічу, Р. Барадуліну). А мне — не! Ні членства ў партыі, ні пасада — нічога ня значаць, калі да цябе недавер Там. Калі там ведаюць, што ты нізашто і нідзе не паступіш­ся ў галоўным — у вернасьці Беларусі, беларускаму слову, беларускай праўдзе.
Між іншым, на гэту тэму прамахнуўся са сваім прагнозам вядомы выдавец М.Дубянецкі. У сваім дзёньніку «Трэба рызыкаваць» (запіс за 8.I.1982) г.) ён характарызуе склад выдавецкага Савету, у якім 29 чалавек, з іх — 19 пісьменьнікаў. З гэтых 19-ці — 14 членаў КПСС, якіх Дубянецкі іранічна называе «дваранскай» групай, або групай «першародных» (у адрозьненьне ад «ня поўных савецкіх дваранаў» — В. Быкава, Я. Брыля, А. Адамовіча, Р. Барадуліна і далучанага да іх члена КПСС А. Сабалеўскага). Дык вось аўтар дзёньніка піша, што некаторыя з іх, у тым ліку Н. Гілевіч, «яшчэ не «прадстаўлялі» сваю рэспубліку на сесіях генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Але ж абавязкова ня сёньня-заўтра Палітбюро ЦК КПСС зацьвердзіць іх на гэтую ролю...» Прамахнуўся, паўтараю, Міхал Фёдаравіч. У наступныя гады Палітбюро зацьвердзіла дэлегатамі на сесію ААН А.Адамовіча, В. Адамчыка, Р. Барадуліна, В. Зуёнка, апошнім, у 1990 годзе — А.Мальдзіса. Н. Гілевічу такі гонар не дастаўся, бо, сказала Ніна Іванаўна, «ты гаворыш тое, што думаеш, а ня тое, што ім трэба».
Уражаны быў Панчанка ня толькі сюжэтам пра ААН. Ня менш зьдзівіла яго і яшчэ адно накладзенае на мяне спагнаньне за нацыяналізм. Ён даведаўся ад мяне, што за 9 гадоў працы на пасадзе першага сакратара СП я ні разу ня быў выбраны ня толькі ў ЦК, як мой папярэднік, але і ні ў абкам, і ні ў гаркам і нават у райкам КПБ. (Нядаўна адзін стары сябар па радыё «Свабода» і ў газеце «Вячэрні Мінск» запальна-пераканана абвясьціў, нібыта я быў кандыдатам у члены ЦК КПБ і таму ня мог напісаць дысідэнцкі «Сказ пра Лысую гару». Хлусьня, ды яшчэ і подлая! Ну, калі б я фіглярыў так, як ён, дык, напэўна, мяне б выбралі — калі б не ў ЦК, дык хоць у які з гэтых ніжэйшых «камаў». Але дзякаваць Богу — не заслужыў. Так што — трохі магу і паганарыцца).
Доўгая, шчырая гутарка з Піменам Емельянавічам яшчэ раз пераканала мяне ў думцы: якая шчасьлівая магла б быць Беларусь, маючы такіх паэтаў, калі б ня ліха-нядоля нашая! Ну, але і ўсё адно дзякаваць Богу, што такія паэты, як Панчанка, ёсьць, бо бяз іх Беларусі было б яшчэ цяжэй, яшчэ горш.

(Заканчэньне будзе)