12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Тэд Х'юз

_____________________
Кветкі Эдэму.
Вершы




Пераклад
з ангельскай –
Вальжыны Морт.

ДЗЬВЕ ЛЕГЕНДЫ


1.
Чэрань была замест вачэй
Чэрань роту зьмест
Чэрань – чэрава
Чэрань печань чэрань дых
Усмактаць сьвятла ня мог
Чэраняй была ў тунелях кроў
Чорнай кіпаю гальля палалі вантробы
Чэрань – мускулаў аглоблі
Да сьвятла рваліся з ног
Чэрань мозг, чэрань розум
Пахаваў зрок і сон
Чэрань была душою, зрывам
Крыку, што як чорт завыў, ня ў стане
Вымавіць сваё сонца.

2.
Чэрань – пыса цельпука над вадою.
Чэрань – мыс па самую вяршыню ў пене.
Чэрань – кішкі на крывавым пакрывале.

Чэрань – сьвет, сама зямля, а пад ёю
Яйка чарнаты
Там дзе сонца з месяцам мяняюцца надвор’ем

Каб вылупіўся крумкач, чорная вясёлка
Перакінутая ў пустэчу
над пустэчаю
Да таго ж з навыкамі лётаць.



КРУМКАЧ НА ПЕРШЫМ УРОКУ

Бог хацеў навучыць Крумкача размаўляць.
«Каханьне», казаў Бог, «Скажы: Каханьне».
Крумкач разявіў дзюбу
і белая акула вывалілася ў мора
І безаглядна панеслася, адкрываючы для сябе
новыя глыбіні.

«Не, не»,— сказаў Бог. «Паўтары –
Каханьне. Слухай. КА-ХАНЬ-НЕ».
Крумкач разявіў дзюбу і маскіт, авадзень і цэцэ
Загойсалі тут і там па навакольлі
У пошуку загарэлай скуры.

«Апошняя спроба»,— вымавіў Бог.
«Калі ласка, КАХАНЬНЕ».
Крумкач ашалела закалаціўся,
разявіў дзюбу, званітаваў і
Галава мужчыны, бяз цела,
выляцела стрымгалоў
На зямлю, вочы круціліся ў вачніцах,
Пратэстуючы сабе пад нос.

І пакуль Бог пасьпеў яго спыніць,
Крумкач званітаваў другі раз.
І вульва абвілася вакол шыі
і пачала яе душыць.
Яны змагаліся адно з адным на сьмерць.
Бог намагаўся іх разьняць, плакаў і слаў праклёны –

Крумкач вінавата паляцеў прэч.


ПОЎНЯ І МАЛЕНЬКАЯ ФРЫДА

Чарговы вечар чарнее ў брэху сабакі
й бразгаце брамы –
І ты чакаеш.
Цяжэе раса на руцэ павуціньня.
Поўная кадзь, яе роўнядзь – люстэрка –
Спакуса для зоркі да мільгаценьня.

Каровы вяртаюцца з поля
і пасьлядоўна карануюць вароты
Вянкамі дыханьня,
Чорныя плыні крыві, праз валуны
Плыве вымя поўнае малака.
«Поўня!» – ты раптам выгукваеш, – «Пооўня!», «Пооўня!»

Поўня адступае на крок, як мастак,
што дзівіцца на сваю працу,
А праца паказвае на яго ў зьдзіўленьні.


ДЗІЦЯЧЫ ЖАРТ

Целы мужчыны й жанчыны ляжалі бяздушныя,
Нерухомыя, утаропіўшыся ў нікуды,
На кветках Эдэму.
Бог думаў.

Праблема здавалася невырашальнаю, і ён задрамаў.

Крумкач зарагатаў.
Ён разадраў Чарвяка, адзінага сына Божага,
На дзьве паловы.

Хвост запхнуў у сярэдзіну мужчыны
Так каб паранены канец вісеў звонку.

Затым запхнуў галаву чарвяка ў жанчыну,
І яна паўзла глыбей і вышэй,
Каб глядзець праз жаночыя вочы,
І клікаць сваю другую палову
злучыцца хутчэй, хутчэй,
Таму што
О як было балюча.

Яны прачнуліся.
Нешта само цягнула мужчыну па траве.
Жанчына назірала за яго набліжэньнем.
Ніхто з іх ня ведаў што здарылася.

Бог усё спаў.

Крумкач усё рагатаў.


МІЛОСНАЯ ПЕСЬНЯ

Яны кахалі адно аднаго.
Яго пацалункі смакталі з яе ўсё што будзе й было
І іншага не хацелі
І яна ашалела смактала і грызла
Яна прагла яго ў глыбіні свайго цела
Жывога і цэлага ад сёньня й навекі
Іх кароткія ўскрыкі блыталіся ў фіранках

Яна й не хавала, што яе вочы
Праціналі цьвікамі яго плечы далоні рукі
Ён сьціскаў яе так моцна каб жыцьцё
Ня здолела вырваць яе з гэтага імгненьня
Ён хацеў каб уся будучыня сканала
Каб ён абхапіўшы яе абваліўся з абрыву
Цяперашняга й падаў у нішто
Альбо у нешта спрадвечнае, у абы-што

Яна абдымала яго так моцна
Каб яго адбітак адціснуўся на яе костках
Яго ўсьмешкі ахоўвалі подступы
У чароўны палац ад звычайнага сьвету
Яе ўсьмешкі кусалі як павукі
Ён ляжаў нерухома пакуль яна не адчуе голаду
Яго словы былі акупацыйнымі войскамі
Яе сьмех быццам спроба забойства
Яго позіркі ляцелі кулямі помсты
Яго погляды –
здані што хавалі ў куце жудасныя таямніцы
Яго шэпт быццам падэшвай па шыі
Яе пацалункі як адвакаты крэмзалі бесьперапынна
Яго ласкі былі рэштай караблекрушэньня
Яе мілосныя гульні былі скрыгатам замкоў
Іх стогны поўзалі па падлозе
Нібы жывёліна патрапіўшы ў пастку
Яго абяцаньні як хірург разьдзіралі ёй рот
Яе абяцаньні зьдзіралі яго скальп
І яна змайстравала з яго для сябе кулон
Яго клятвы рвалі яе нервы
Ён паказаў ёй розьніцу між вузамі й ланцугом
Яе клятвы апускалі яго вочы ў фармалін
У далёкім кутку сакрэтнай шуфляды
Іх лямант біўся аб сьцяну

Іх галовы правальваліся ў сон нібы дзьве паловы
Зрэзанага кавуна але каханьне спыніць немагчыма

У сьне іх пераплеценыя целы
абменьваліся рукамі й нагамі
А пасьля абмену
яны бралі розум адно аднаго ў закладнікі

Зранку твар аднаго ўжо належаў другому