_____________________ Перажыткі.
Аповед |
Прыгожая , шырокая рака ціха , з нейкай незвычайнай лагоднай годнасьцю , несла свае празрыстыя воды кудысьці наперад , потым заварочвала ўбок і зьнікала за лесам … Дарэчы , лес абступіў раку з усіх бакоў : пекна асьвечаныя сонейкам дрэвы хіліліся да вады як казачныя жывёліны , што прыйшлі на вадапой . Лістота навісала над люстэркавай рачной гладдзю , амаль дакранаючыся да самой сябе , толькі больш замутненай , той , што адбілася ў рухомым “люстэрку ”.
Ля берагоў – пакатых , прыемных воку на сушы , ды карчакаватых , рэзкіх альбо слізкіх адразу пад халоднай паверхняй – шапацеў сваю спрадвечную калыханку чарот . Раз -пораз чулася ў яго шоргаце сумная мелодыя , у гучаньні якой самі сабой нараджаліся словы : “Гнуткія трысьцінкі , тонкія націнкі …”
Вецер сціхаў – сьціхала і песьня . Чарот быў , бачна , вельмі стары , бо хутка забываў , на чым спыніўся – і песьню трэ было пачынаць нанава …
Вялікія рудыя камякі аблокаў плылі па небе , часам прыпыняючыся , каб перавесьці дых . Зрэдку яны так стамляліся , што кроплі поту даляталі ажно да самай зямлі . Але так моцна пацець ім было нельга , бо тады яны страчвалі сваю пыхлівую пышнасьць . А воблаку , як пану , худым быць няможна ...
Надвячоркавае неба пакрыху страчвала свой ясны блакіт – цяпер яно было цьмяна -матавым , падобным да падсыхаючых валошак – гэтакага адмысловага бела -сіняга колеру . Прычым не блакітнага , які яны звычайна даюць разам , у сумесі , а менавіта бела -сіняга : перад рознакаляровым пасам захаду – крыху бялейшае , а дзесьці ўсярэдзінцы – крыху цямнейшае . І вельмі пахучае …
Пахучае жнівеньскае неба , падобнае да лапікавай коўдры : паўсюль бела -сіняй і толькі бэзава -рудой ля самага краю . Ад яго прыемна і смачна цягнула леташнімі кветкамі , былой паўдзённай цеплынёй і будучай начной прахалодаю , цягнула чымсьці ядомым – магчыма , тут некаторы час таму смажылі мяса альбо шашлык даводзілі да гатоўнасьці , бо чулы нос ажно разьдзірала ад сакавітага цьвелечага паху . Яшчэ , зразумела , несла сьвежай і чыстай вадой і – зусім трошкі – цінаю …
Вада ў рацэ была празрыстая ля берагу – пакуль ніхто не каламуціў яе , узьнімаючы глей з дна – і крыху брудней і цьмяней у глыбіні . Колеру добрай гарбаты , напэўна .
Людзі па -рознаму тлумачылі гэтакае раптоўнае зьмяненьне колераў , толькі да праўды яны ніяк не маглі дадумацца , бо ня памяталі больш казак сваіх дзядоў …. А тлумачэньне было зусім простым : русалкі ўвесь час каламуцілі глыбокую ваду сваімі дзявочымі гульнямі , а да берагу ўдзень не падплывалі – сьцерагліся надта злых і нядобрых людзей . Вось як проста . Незразумела было толькі адно – чаму гэта людзі сталі такімі злымі і агіднымі ? Такімі недаверлівымі ды зьедлівымі ?.. Не , не – не былі яны такімі раней , не ! Няўжо яны так звыклі да сваёй злосьці ? Русалкі б усе нанава ператапіліся , каб жылі яны сярод такіх крыўдна -абыякавых і хамаватых людзей !..
Ля самага густа зарослага берагу вада глуха , вантробна булькнула , быццам выпускаючы з сябе нейкую вялікую жабу .
На бераг выпаўзла нешта абкручанае рознакаляровым багавіньнем і вымазанае глеевым ды гліністым брудам з ног да галавы , калі ў яго былі галава з нагамі . З гэтага пудзіла сьцякала вада , а калі яно рухалася – дык наогул разьляталіся пырскі , як ад фантану .
Нешта сур ’ёзна , засяроджана сапанула і пачало страсаць , здымаць , зчосваць ды скалупваць з сябе ўсё багавіньне разам з брудам . Пад брудам хавалася гладкая і бліскучая скура – апошнія прамяні сонейка так моцна заадбіваліся на расчышчаным целе дзівосіны , што ўся рака засьвяцілася ад блікаў .
Праз некаторы час на беразе стаяла незвычайная істота . Дакладней – незвычайны . Гэта быў нізкарослы , каржакаваты стары з расплывістым , нібы апухлым тварам , на якім вылучаліся тлустыя сіне -блакітныя вусны , невялікія пакрыўджаныя вочкі і шырокі мясісты нос , з якога зьвісала падгнілая валасьніца . На галаве яго блішчала б – калі б ня зьзяла так усё астатняе цела ягонае – шырокая пралысіна . Але зьнізу твар быў густа зарослы барадою – калісьці звычайнаю , сівою барадою , але цяпер зусім зялёнаю ад наліплай ціны , якую немагчыма было б ужо змыць . Пульхныя рукі старога таксама былі густа прыкрытыя валасамі – як поўсьцю . А вось астатняе цела было чыстае , з празрыстай бліскучай скураю , пакрытай сьлізьзю . З -за гэтай празрыстасьці было бачна , што азызлае пуза старога напоўненае празрыстаю вадою і ўнутры плаваюць срэбныя малькі і апалонічкі , а там , дзе ў чалавека звычайна знаходзіцца сэрца , у старога мірна спаў , зьвярнуўшыся колам , вялікі вужака . Напэўна , такі ж даўгавечнік , як і ягоны гаспадар . Па празрыстых доўгіх і тонкіх нагах старога , выварачаных у адваротны бок , ішлі блакітныя жылачкі . Што было ды й ці было што , зрэшты , у гэтых жылачках – невядома . Між пальцаў на ступаках , якія нагадвалі ласты , зелянелі брудныя перапонкі . Брудныя не таму , што яны такога колеру , а таму , што іх стары ня чысьціў . Ззаду па зямлі валачыўся каровін хвост .
Захлюпаўшы па беразе , стары пачаў нешта грозна мармытаць . Чым больш ён нахмурваўся – тым больш хвалявалася рака . У рэшце рэшт ён спыніўся , распрастаў рукі і , са страшэнным бульканьнем заваліўшыся на зямлю , закрычаў :
– Усё ! Не магу я так больш ! Жыцьцё скончана , скончана !
Ля берагу зьявілася гнуткая дзявочая постаць з раскудлачанымі зялёнымі валасамі . Адной рукой яна прыціскала да сябе памерлае немаўля , а ў другой трымала касьцяны грэбень . Сурова ссунуўшы бровы , яна шпурнула ў старога грэбнем :
– Ты чаго равеш , стары ты дурань ?! Ты што , ня бачыш – дзіцё з -за цябе ня сьпіць ?..
Стары грозна ўзьняў галаву :
– А каб ты засохла , вар ’ятка ! Зьнікні !..
Расамаха 1, а гэта была якраз яна , неяк адразу панікла галавою . Прывід дзіцяці , які яна начаравала з вячэрняй смугі , зьнік у паветры . Нарэшце і сама яна растала ў вадзе :
– Прабачце , пан Вадзянік 2, не пазнала … Не пазнала , не пазнала … Багатым будзеце ...
Вадзянік ажно расчырванеўся ўвесь ад злосьці – вада ў жываце толькі што не закіпела , так гарачыўся ён .
– Ацьфу на цябе ! – Ён не заўважыў , як прыўзьняўся і затрос кулаком . Прымусіўшы сябе супакоіцца , Вадзянік пачухаў патыліцу , прыпамінаючы – на чым гэта ён спыніўся .
– А ! – ён зноўку заваліўся на зямлю . – А ! Бедны я , няшчасны !.. Жыцьцё маё скончана !
Нарэшце з вады паказалася дзявочая галава з пекным , але незадаволена зморшчаным тварыкам . Мокрыя валасы , якія па колеру супадалі з карычневата -глеістым дном ціхай ракі , струменьчыкамі цяклі з патыліцы (некаторыя пасмачкі ўпалі , канешне , і на тварык ; адна вось так ішла праз шчаку , супынялася ды зьмейкай згортвалася ў прыгожай маленькай лагчынцы -ямцы над ключыцаю ) на белую разьбяную шыю , потым на круглыя плечыкі і сьпіну . Трапіўшы ў ваду , валасы ж адразу распушваліся гожай капой – тая блішчала на сонейку і ледзь адметна рухалася .
Ад самой дзяўчыны зыходзіла нейкае ўзрушаючае сьвятло , бы гэта сьвяцілася яе бялявая скура – мо , так і было ?..
Русалка 1 падплыла бліжэй да берагу і , чапляючыся за чарот , вылезла да дзеда . Уладкаваўшыся на траве , дзяўчына з асалодай выпрастала ногі , адчуваючы нарэшце , што іх у яе ўсё -ткі дзьве .
– Дзядуля , што гэта з табой сёньня ? – Яна прамовіла гэта салодка , бестурботным птушыным галаском . Словы зрываліся з бескаляровых , але вельмі прыгожых вуснаў і раставалі ў паветры з незвычайнай лёгкасьцю , бы ветрык глытаў іх цудоўнымі ласуначкамі . Аднак выраз яе тварыку быў больш сур ’ёзным , чым тон размовы , таму лёгка было зразумець , што такі голас у яе ад прыроды . Русалка на самой справе ніяк не магла перарабіць яго . Але яе рачныя родзічы былі здольнымі адчуваць інтанацыі . Таму і Дзед адразу зразумеў , што яго прыйшлі супакойваць .
Вадзянік сурова змоўк , але ня ссунуўся з зямлі . Енчыць у прысутнасьці сваёй клапатлівай унучкі яму не хацелася . Але ці ж гэта нагода , каб скончыць жаліцца ўсяму сьвету ?
– Усё . Жыцьцё скончана , – сказаў ён гэта сур ’ёзна . Нават на тварыку русалачкі адбіўся смутак , бо надта ўжо шалёныя рэчы казаў яе дзед .
– Кінь , дурны . Што на гэты раз здарылася , га ? Зусім здурэў ты ці як ?
Старэчыя вочы загарэліся ад яе словаў . Ён падскочыў на месцы ад крыўды ды ўтаропіў у яе погляд рыбіных вачэй , напоўненых дакорам .
– Дурны ?! Дурны – ты кажаш !.. Гэта я дурны !.. – вужака ў грудзях злосна сыкнуў , падняўшы галаву з заспанымі вачыма . Дзед завохкаў , схапіўшыся за “сэрца ”, сеў на траву .
– Гой , духі добрыя , гэта ж мая ўнуча кажа !.. Я – дурны ! Здурэў я !.. А ты чула , малая , што гэтыя сёньня пра нас пра ўсіх казалі ? Чула , як яны нас называюць , га ?.. Што ж за жыцьцё гэта ? Аніякай павагі – ні ад іх , ні ад цябе нават !
Русалачка пужліва падбегла да вадзяніка ды перанесла яго ў ваду , бо ад бліскучай скуры ажно пара ішла .
У вадзе старому адразу ж палягчэла , вужака суцішыўся і зноў задрамаў . Малькі ў жываце крыху павольней зарухаліся – не параўнаць з тым жахам , які сярод іх момант таму ўладарыў . І нават барада неяк пухнацей стала .
– Дзядулечка , любанькі , ты ня злуйся . Я ж цябе толькі супакоіць хацела , а ты !.. Вунь у нас там пад вадой усё -усё чутна , Матулька Вадзяніца 2 раззлавалася , па цябе выслала . Расамаху спачатку выгнала , бо думала там нейкі вар ’ят раве , а тая да нас – валасы ва ўсе бакі , як іголкі , тырчаць , зыркае гэтак жахліва , кажа : Водны Тата сябе загубіць хоча , лёг на беразе ды крычыць . Мамка як зьвядзе бровы , як прыкрыкне на яе – тая і зьбегла кудысь у чарот хавацца … Насварыліся вы на яе абое – а што яна вам зрабіла ?..
Тут русалачка , якая па маладосьці сваёй паўсюль за справядлівасьць была , цяжка ўздыхнула – ёй шкада было Расамаху . Зразумела , што яна яшчэ ня ведала ні як , ні чаму гэтая Расамаха такой стала – ды й пра астатніх сваякоў яна яшчэ нічога дрэннага даведацца не пасьпела . Сьцераглі яе водныя духі , Вадзянік за родную ўнучку лічыў , на зьверствы не дапушчаў – ды й ня так ужо часта гэтыя зьверствы былі , бо новыя людзі вадзянікоў не страшыліся … Што там – увогуле ня верылі ў іхняе існаваньне ….
Дзед пагладзіў русалачку па валасах :
– Ты , гэта , не журыся . Расамасе ад нас покрыкі чуць неўпершыню , яна ўжо звыклая . А пужаецца так сьпецыяльна . Для такіх як ты : дурніц справядлівых .
Русалачка ўздрыгнула і нахмурылася . Але потым заўважыла , як хітравата касавурыцца на яе Дзед .
– Ты гэта сьпецыяльна , так ?! Жартаўнік знайшоўся … І лямант наўмысна ўзьняў , га ?..
Стары прыкрыў рыбіныя вочы , а між броваў зноў залягла зморшчынка – маленькая , поўная тугі .
– Не , родненькая . Якія тут жартачкі , калі больш у нас ніхто – чуеш , НІХТО ня верыць …
– Дык ты з -за гэтага ? – дзяўчына прысела побач і пачала плесьці сабе вянок з чароту . Але выгляд у яе таксама быў паніклы – не аднаго дзядулю турбавала гэтая думка …
– З -за гэтага таксама … Вось чула ты , чула – як яны сёньня пра нас ? Я нават слова гэтае добранька запомніў ! Як гэта яно … А , вось : “пережиток ”. Што ж за слова гэта такое , а , унуча ?
Дзяўчына не адрываючыся ад вянка адказвала настолькі сур ’ёзна і ціха , наколькі дазваляў ёй голас :
– Гэта па -нашаму інакш гучыць . Перажытак …. Яны мелі наўвазе , што мы – перажытыя . Забабоны . Старыя , запамятаваныя , не патрэбныя ці нешта накшталт гэтага …
Дзед зноўку вохнуў ды ўхапіўся за сэрца . Дзяўчына спрытна пырснула на яго вадою .
– Якія пачварныя словы ты кажаш …. Няўжо яны сапраўды лічаць , што нас няма ?!
Русалка вырашыла не адказваць на гэты раз . Стары працягваў :
– Учора Лесавік 1 прыходзіў . Ён ужо з тых Дабрахочых 2, якіх рэдка дзе сустрэнеш , і таксама скардзіўся . Казаў , што езьдзяць яны ў лес ягоны на такіх жахлівых пудзілах , што яму нічога не застаецца , як на балота да Кікімары 3 ўцякаць , бы баязьліўцу . А пудзілы гэтыя гыркаюць , бурчаць ды дымам дыхаюць – а кранеш іх незнарок , пакуль выйшаў чалавек , дык адно змаўчыць , а другое як зараве ! Кадуку 4 аднаму так ледзь вушы ня вырвала ад іхняга крыку зьдзічэлага . Бррр !..
– Яны і да нас на такіх прыязджаюць , – дзяўчына была спакойная , бо яе не палохалі чалавечыя машыны . Бо да таго , як яна русалкай стала , такія ўжо былі , і яна бачыла іх на зямлі .
Дзед нібыта ня чуў яе . Да таго ж ён іх ня бачыў , бо кожны раз пачуўшы рык закопваўся ў глей ды сядзеў там амаль да самага вечару .
– Яшчэ казаў , што грыбніц шмат сапсавалі . Ня ўмеюць асьцярожна зьбіраць падарункі лясныя . Некаторыя нават сьпецыяльна палкамі зямлю калупалі – каб іншым нічога не засталося . Злыдні . Ён на іх за гэта цяпер кляшчоў напускаць будзе …. Кікімара таксама лемантавала , але яна заўсёды лемантуе . З таго часу , як пайшлі балоты асушаць . Цяпер не асушаюць , але на адным балоце па пяць кікімарак сядзіць – вымушаны , месца не хапае . Нават да мяне сюды прасіліся , але зараз ! Ведаю я іх – зробяць з ракі гаць , а потым у балота ператвораць … Нас яшчэ са сьвістам выганяць …. Досыць таго , што і так я ніякай плыні амаль што не адчуваю . Зноўку людзі нешта робяць – ці што ? Ня ведаеш ?
– Здаецца чула , што яны тут нейкае “вадасховішча ” зрабілі . “Базу адпачынку ”, як яны кажуць .
– Каты . Вадасховішча ? А што , у простай рацэ вада дрэнна захоўваецца ?! Не , ну якія пачвары ! А як яны самі выглядаюць ! Гэта ж жах : дзе дзяўчына , дзе хлопец – не разьбярэш . Апранаюцца абы -як ! Жалеза паўсюль – як іх толькі іржа не бярэ ? Малюнкі па целе . Цыгаркі ў іх нават дзяўчыначкі малыя смаляць . П ’юць нешта хмельнае . Хаця … п ’юць яны заўсёды , гэта я ўжо чапляюся . Заілгаўся . – Ён па -старэчы загігікаў . Потым прыпомніў нешта і зрабіўся куды сур ’ёзней , чым раней . – А як размаўляюць … Хіба б толькі мацюкаліся так чорна … а мова – мова ў іх якая ?..
Дзяўчына не дачула з якім жалем былі сказаны апошнія словы . Таму адказала проста і , няўмысна .
– Звычайная . Руская . З англазайманьнямі . Яны на ёй з дзяцінства размаўляюць .
– Маўчы ўжо , дурнічка . “Звычайная ”! – цяпер дзед сапраўды раззлаваўся , бо ніякай іншай мовы акрамя сваёй , беларускай , ён тут за мову не прымаў . Ні польскую , ні рускую , бо хай у Польшчу сваю ці ў Расею едуць ды там размаўляюць , а тут , будзьце ласкавы , па -свойму кажыце .
Твар вадзяніка перакрывіўся , нават стаў менш расплывацца ад гневу . Русалка маўчала , бо спрачацца з ім – што шчупаку пальцы ў рот засоўваць .
– “Звычайная ”! – Зноў уздрыгнуў дзед . – Як ты толькі можаш такое казаць ? Яны ж на гэтай зямлі жывуць , дык чаму яны на гаворцы гэтай зямлі размаўляць не жадаюць ? Прэч гэтакіх патрыётаў . Шчанюкі , трасца ім у розум ды ў цела !.. Адразу !..
– Досыць , дзядуля . Вунь да нас некалькі дзён таму прыходзілі – усе маладыя , а добра размаўляюць па -твойму . І пешыя прыйшлі . І апранутыя амаль усе больш -менш гожанька . Дык ты ня гэта … ня надта ўжо …
Дзед замоўк на хвілінку :
– А пра нас яны мо хаця б што -небудзь казалі ?..
Русалачка прамаўчала , бо ня ведала – як яму лепей адказаць , з такой дзіцячай надзеяй , з такой роспаччу ён пытаў . Нарэшце вырашыла :
– Ня ведаю , я ж не зусім побач з імі была . Напэўна што нешта казалі , я так лічу . Бач , ня зьніклі яшчэ зусім людзі …
Стары пачухаў пуза ды ўздыхнуў :
– Вось раней …. Раней ведаеш як было ? Мне кожную весну , як лёд сыходзіць пачынаў , па каню прыводзілі . Упрыгожвалі стужкамі там усялякімі , чысьцілі , адкормлівалі . Два жораны з мельніцы бралі , прывязвалі да каня і тапілі яго , як падарунак , каб я на іх не злаваўся . А калі не тапілі – я потым , па звычаю , не са злосьці , рыбу пужаў , вуды блытаў ім , людзей у поўдзень за пяткі лавіў ды шлакатаў , каб захлыналіся …
– Гэта ж дзіка ! На што яны жывёліну забівалі , яна ж такая прыгожая , такая добрая ! Ды й ты – таксама дзед … нічога не скажу !
– Маўчы ўжо . Больш жа не забіваюць ! І я нікога не чапаю … – дзядуля пакрыўдзіўся . Невядома – на каго больш : на яе ці на сябе , што прагаварыўся ёй пра адзін са звычаяў .
– Вось і добра . Лепей , каб ня верылі , чым , каб забойства рабілі .
Дзед быў зусім ня згодзен з русалачкай , але цяпер ягоная чарга маўчаць была . Пра ахвяраваных гусакоў ён вырашыў нават не пачынаць размовы .
– Чорт з ім , са звычаем гэтым – прабач , рагаты . Але як яны мяне шанавалі ! Увечары сюды не прыходзілі , апоўдні не плёхаліся . Дазволу пыталі на ўсё , што вады дакранаецца . Тапельцаў ратаваць баяліся , давалі мне нацешыцца …
– Дык ты і людзей тапіў за так ! – Русалачка ўскочыла . Падсохлыя валасы разьвяваліся на ветры , вочы блішчэлі гнеўна і з дакорам .
– І тапіў ! Хто я – Вадзянік ці расьліна якая ?! – Стары прытупнуў нагою , паляцелі гожыя пырскі ў розныя бакі – прыгожыя , празрыста -бліскучыя .
Русалцы было не да гэтага . Яна зноў уладкавалася на месца , але дыхала яна цяпер гучна , ярасна – выказвала крыўду . Вадзянік у каторы ўжо раз назваў сябе ў думках старым ідыётам , аднак вырашыў больш на яе дакорлівасьць не зьвяртаць увагі .
– А якія ў іх жанчыны былі … Прыгажуні ды й густ мелі – ня тое што зараз . Нейкія шчэпкі ў лахмоцьцях ды й годзе !.. І хлопцы добрыя , сам калісьці хлопцам быў , памятаю . А як размаўлялі яны – сакавіта , смачна ! Хіба ж магчыма было ад іх пачуць такія непрыгожыя словы , як зараз гэтая моладзь кажа ?!
Вадзянік не заўважыў , як з вады выйшла яшчэ адна дзяўчына . Хаця яна , хутчэй , была не русалкай -маладзіцаю , а дарослай жанчынай – здароваю , з доўгай тоўстай касой , пераплеценай істужкай з рознакаляровай рыбінай лускі . У жанчыны былі грозныя і прыгожыя чорныя бровы , пякучыя вочы і чырвоны рот , якія разам асабліва вылучаліся на бялюткім , як сьнег , твары яе . Упэўненая , урачыста -гаспадарская мелодыя яе голасу палілася па -над навакольлем :
– Ты пра што гэта там размову вядзеш , ёлуп , га ? Пра якіх гэта дзяўчын я там чую , бабздыр трухлявы ?
Русалка засьмяялася – ох , як любілі цешыцца такімі спрэчкамі Дзед Вадзянік і ягоная жонка . Вадзянік вылупіў свае й без таго круглыя вочы яшчэ больш :
– Якіх дзяўчын ? Ты што , Мамка Вадзяніца , якіх гэта ты дзяўчын сярод маіх словаў пачула ? Ніводнай не было ...
– Глядзі ты як ён выкручваецца . Вось вазьму ды й сьвісну , каб цябе разьнясло ! А яшчэ лепей попелу пад нос суну , чуеш ?!
Вадзянік задрыжаў , бо ні сьвісту , ні попелу ён не жадаў , бо паміраць яшчэ па -сапраўднаму не зьбіраўся .
– Ну што ты на самой справе ? Нічога я такога -гэтакага …
– Мармычы -мармычы , боўдзіла . Не па цябе я … Ласачка , родненькая , – зьвярнулася яна да русалачкі , – мо ты дзе мой таўкачык бачыла ? Я ўжо паўсюль шукала – якая гадзіна яго пад свой корч засунула – ня ведаю .
Русалачка , сьмяючыся , глянула на Вадзяніцу і , разам усё зразумеўшы , нырнула пад ваду . Жанчына цяжка ўздыхнула ды й прысела ля Вадзянога Дзеда . Больш яны не рабілі выгляд , што спрачаюцца , гледачоў побач не было , а самім сабе ня сьмешна , а сумна выходзіць .
– Ну што , бацюхна Вірнік , не падабаецца табе жыцьцё Ціхоні ? Чаму ж ты роў сёньня так адчайна ? Ну ня вераць – дык і чорт з імі ! А то падняў енк на ўсю раку .
Стары распластаўся ў вадзе , гультаявата водзячы з боку ў бок хвастом .
– Разумееш , амаль усе духі ўжо скардзіцца прыходзілі . Усіх людзі забылі , усіх . Як яны жывуць бяз нас – не разумею .
– Дрэнна жывуць . Вось табе маё слова . Бо калі так яны адзін аднаго не паважаюць , як я бачу гэта , калі яны так між сабою размаўляюць , калі яны паводзяць так сябе , дык як яшчэ яны могуць жыць , як ня дрэнна ?..
Ва ўсіх яе доказах Дзед адчуў упэўненасьць незвычайную .
– Я нават чула , як яны пра Радзіму сваю казалі . Што гэта за людзі , якія не шануюць зямлю , на якой яны жывуць ? Я ж іх усіх бачу – больш за ўсё іх грошы хвалююць , а сапраўдныя пачуцьці , калі і ёсьць , дык такія вар ’яцкія , такія выварачаныя , што жахліва робіцца .
Вадзяніца ўздыхнула .
– Я там табе марской капусты прыгатавала . З прыпраўкамі . З гэтымі , як іх , крыветкамі . Смачная , сьвежая – толькі -толькі Вазёрніцы 1 ад Ядзер кі 2 перадалі . Вось хто ўжо добрая дзяўчына – колькі яна нам марскіх гасьцінцаў перадае ...
– Перажыткам яны нас лічаць … Усе скардзяцца . Хутка Пан Бог скардзіцца прыйдзе .
– Ён ня прыйдзе . Гэты адразу ім усім пакажа – хто тут чый перажытак . Перажытак ! Сьмешна мне – мы іх сто разоў перажылі … Перажыткі перажыткаў …
– А мо сапраўды мы нікому не патрэбныя больш , забабоны неіснуючыя ?..
Вадзяніца дакранулася да старэчага пляча . Той прыўзьняўся – жаночыя вочы вельмі ўважліва , вельмі сур ’ёзна глядзелі на яго . Нарэшце Вадзяная абняла старога , супакойваючы .
– Ніколі мы ня будзем перажыткамі , чуеш ? Мы ўсе адзін аднаму патрэбныя . Чаму ж ты такі дурны , га ? Стары – як малы … Няўжо будзеш верыць усяму , што кажуць ? Бязглузьдзіца гэта : вось назавуць цябе гаршком , дык што – ты ў вогнішча сунешся ? А калі скажуць , што ты анёл – крыльле вырасьце адразу ?..
Старому было сорамна й прыемна , бо яго шкадавалі . Вужака ў гру дзях мірна спаў . Над зямлёю блішчалі зоры . Халодныя , як рачная вада , яскравыя , як маленькія рыбкі ў вадзяніковым пузе .
– Ну , хадзі на дно , татка . Мы ж ня людзі , мы ў сябе яшчэ верым ды старыя звычаі памятаем – там зараз ніхто да ежы не дакрануўся , усе цябе чакаюць . Зачакаліся , напэўна , забабоны неіснуючыя . Галодныя ж . Дык хадзі -хадзі , “перажытак ”…
Яна ласкава ўсьміхнулася . Дзядок прымружыў вочы , абдумваючы нешта , потым крыху расправіў плечы ды ўвайшоў у ваду – якраз па месяцоваму бяляваму ручнічку . Як толькі яго вялізарны ступак дакрануўся да срэбнай ад месячнага зьзяньня вады , Вадзянік разам зьмяніўся , выцягнуўся . Плечы ягоныя сталі шырокімі , як печ . Рукі моцнымі , валатоўскімі . Стан стаў куды больш зграбным , на галаве замест лысай плямы зьявіўся шчытны клін з жорсткіх чорна -срэбных валасоў . Ногі сталі доўгімі , трэніраванымі . Ды наогул цяпер ён больш нагадваў волата -хлопца – адно толькі з сівой доўгай барадой . І так ён кожную ноч – дзеля чаго толькі ўдзень прыкідваецца , калі ўсё роўна няма каго палохаць ? Звычаі … Не зьмяніліся таксама вужака ў грудзях ды каровін хвост , бо там не было чаму зьмяняцца . Вадзянік заходзіў у ваду ўсё глыбей і глыбей . Калі вада дакранулася плячэй , ён нырнуў . Апошнім зьнік каровін хвост , ляпнуўшы разок па паверхні , з -за чаго бліскучая месяцовая “тканіна ” прарвалася ў гэтым месцы . Але месяц хутка латае дзіркі ў сваім рызьзі ….
…Вадзяніца сядзела адна , слухаючы шоргат чароту .
“…над зямлёй-балесьніцай тонкі чоўнік месяца,
у небе месячык скакаў, з плаўня чоўнік выплываў…
…люлі-люлі… люлі-люлі… люлі-люлі…”
– яна схавала твар у далонях, пачала церці вочы, бы спрабуючы выцерці нейкі смутак, што засеў у душы. Потым яна ўзьняла вочы, разглядаючы зоры. Неба было вельмі прыгожым. І яно зноў пахла, але інакш. Вельмі смачна пахла – жыцьцём і казкамі. Зоркамі пахла. І лістотай.
Ля твару Вадзяніцы праляцеў маленечкі сьвятляк. Яна мімаволі заглядзелася на яго – гэты чароўны агеньчык у начной паўцемры. Ці ў начным паўсьвеце?.. Кожнаму па-свойму, толькі што сьвятло, што цемра – абодва прыгожыя такімі начамі. Такімі цудоўнымі зорнымі начамі.
Далёка ў лесе закукавала зязюлька. Жанчына на хвілінку прыслухалася, а потым ўсьміхнулася, бо зязюлька кукавала спачатку павольна і працавіта, а потым ажно захлебваючыся – “…ку-ку, ку-ку, ку-ку…” – і ўсё ніяк не магла спыніцца, бо не магла зьлічыць вадзяніковае жыцьцё.
Казачная рачная жанчына, жывы забабон, накіравалася ўглыбіню, бо яе таксама чакала смачная вячэра. А потым яны з дзяўчатамі пойдуць танчыць на беразе, хавацца сярод дрэваў і бясконца сьмяяцца ў карагодах, а яе любы муж будзе сьпяваць альбо, прыгадаўшы маладосьць, калі ён быў яшчэ зусім зялёным вадзяным хлопчыкам, залезе на камянюку ды зайграе на жалейцы ім што-небудзь вельмі даўняе.
Яна спынілася, калі вада даходзіла ёй да плеч, узьняла руку ды гульліва пагразіла небу сваім прыгожым пульхненькім пальчыкам:
– Бач ты, “перажыткі”. Ух, якія мы перажыткі! Усіх перажывем!..
Пачуўся лагодны звонкі сьмех, потым пляск. Бліснулі над вадой белыя пяткі.
Калі і чуў хто гэта ці бачыў – напэўна, не паверыў.
І мы не паверым – гэта ж усё перажыткі. Няма іх, нікога няма. Магчыма, і нас няма….
|