12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ганна Грыдзюшка

_____________________
Не паеду да мора. Вершы


Палёт

Узвышаюся сваёй верай
над стратасферай.
Паўтараю табе пра нябёсы,
заплятаючы аблокі ў косы:
“Родны мой, мілы мой, паглядзі,
як высока ляцім!
Людзі – кропкі, дамы быццам коскі,
рэкі – што пасля тэксту зноскі.
Мы і неба блакітна-белае –
адзінае цэлае,
прахалода дыхае ў вочы,
быццам казку казаць хоча.
Цёплы вецер спяе калыханку,
прачнемся зранку
і патрапім назад, у звычайны стрэс,
так што радуйся гэтай прагулцы, балбес!”
Я наперад лячу апантана,
як куля з нагана,
твая ж постаць павольна пляцецца,
маўляў: “Ды куды гэта неба дзенецца...”
Назіраю за тваёй верай
са стратасферы.
Шкада, што ў цябе яна нават зверху
не дасягае й другога паверху..


Ратунак

Зноў час ляціць з хуткасцю неверагоднай,
Я ў ім як герой без герба і без сцяга.
Як цяжка казаць, што ў мяне усё добра,
Калі на душы ўсё так брыдка і блага.

Абшар мой стаў цесны, ў ім шмат іншых думак,
Што ноччу ўшчэнт гоняць мой сон зноў да ранку.
Я б’юся аб межы, шукаю ратунак,
А ён, нібы птушка, злятае прэч з ганку.

І што застаецца? Сумленне на твары,
Што зноў не спаймала, што зноў не паспела.
Спыняецца сэрца, разбураюцца мары,
Знікае той шлях, якім птушка ляцела.

Вяртацца да свету ўжо так небяспечна,
Таму лячу ў цемру, гайдаю паветра.
І там я, канечне, застануся вечна
І буду спяваць для бязглуздага ветра.


Помста

Стан помсты, смак помсты – усё хлусня,
Бо помсту наогул нельга трываць.
Спачатку прыемна. Ну а пасля
Незадаволенасць, тваю маць.

Паветра празрыстым не хоча быць,
Бо вочы у плямах яго істот.
І хочацца цалкам усё забыць,
І хочацца сэрцу сказаць “стоп”.

І колецца ў душу балюча так
Атрутным аскепкам разбіты свет.
Яго намалюе сляпы мастак,
Забыўшы сказаць помсце слова “не”.

Калі надакучыць нямая злосць,
Я куляй яе са спіны заб’ю.
Як помсту пазбавіць мне стану “ёсць”?
Як знішчыць ушчэнт яе, маць тваю?

Не паеду да мора

Можа я няправільная ці вар’ятка,
бо не хачу да мора.
Там чужыя людзі, там чужыя справы,
там чужая мова.
І як вы не спакушайце гультайнічаць
на беразе салёным,
Але мой сапсаваны розум
так і застанецца шалёным.
Бо мне ўсё ж такі нашмат бліжэй
будуць родныя месцы,
Тут мяне чакае мая зямля,
што навечна ў сэрцы,
Тут мяне паклічуць мае сяброўкі на “пасядзелкі”:
Ўсё пачнецца квасам,
а скончыцца, як вядома, гарэлкай.

Хай у мора на світанак
плывуць кацеры да гарызонту,
А мне добра й на родным возеры,
седзячы без парасону,
Хай сцяной льецца дождж,
і ў лесе хаваюцца вожыкі з трусамі,
А мы будзем з каханым пад ім
абдымацца спякотнымі вуснамі.

Там няхай мясцовыя негры
хваляцца прыгожымі целамі,
А мы тут, як ні былі,
так і не будзем ужо загарэлымі.
Ды затое глядзіце,
як яскрава увесь дзень да ночы
Блішчаць побач з русымі валасамі
зялёныя вочы.

Не паеду да мора, бо засумую там па Радзіме,
Будзе так адзінока,
нібыта ў Антарктыцы на ільдзіне.

Там мяне не сагрэе спякотна-падагрэтае сонца,
Бо люблю свае маразы
нават болей, чым бясконца.