12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Франц Салес Грыль

_____________________
"Коткі" і "жрыцы каханьня".
Руслан Вашкевіч - мастак новага авангарду з інтэлектуальна-іранічнай інтуіцыяй

Пераклад
з нямецкай –
Галіны СКАКУН.

Публікацыя
падрыхтаваная
адмыслова
для «Дзеяслова».

Так званае наватарства – новае ў мастацтве, здольнае вызначыць накірунак яго далейшага разьвіцьця, – не абавязкова зьяўляецца прыкметаю геніяльнага, але можа быць ёю. На думку Томаса Мана геній праяўляецца там, дзе ўзьнікае штосьці нечаканае, дзе сапраўды ствараецца нешта такое, што раней і не ўяўлялася, яно выказвае сябе ў ажыцьцяўленьні магчымасьці нечага ў сваім гатунку новага, таго, што толькі дзякуючы сіле і прывабнасьці асобы можна зрабіць устойлівым і дзівосным, нават пераможным; геніяльнае ў мастацтве і ёсьць тое неспадзяванае і чароўна прывабнае, рызыкоўнае, магчымасьць чаго становіцца бачнай толькі праз ажыцьцяўленьне. У гэтым сэньсе карціны Руслана Вашкевіча безумоўна належаць да тых твораў, што ўсталёўваюць новыя маштабы як у беларускім, так і ў замежным мастацтве. Яны вызначаюцца такой сьмеласьцю ідэі, такім высокім узроўнем выкананьня, што вымагаюць нясьпешнага знаёмства з імі. Для таго, каб стварыць з дапамогай карцінаў уласны космас, Вашкевіч выпрацоўвае сваю, асаблівую мастацкую мову. Яго творы грунтуюцца на інтэлекце, яны шматпланавыя, і ў аснове кожнай – тонка прадуманы план. Яны жывяцца ідэямі надпачуцьцёвага характару, у іх яскрава праяўляецца інтэлектуальнае пачуцьцё гумару і глыбінная іронія, яны паказваюць Руслана Вашкевіча як майстра інтуітыўнага.
Руслан Вашкевіч – адзін з самых вя­домых беларускіх мастакоў сучаснасьці. Яго творы завалодваюць увагай гледача дзякуючы сваёй манументальнасьці. Мас­така зачароўваюць найперш жанчыны, ім належыць цэнтральнае месца ў ягонай творчасьці. У шэрагу працаў, прысьвечаных аналізу творчасьці Вашкевіча (а ён пасьпеў ужо зрабіць вель­мі многа), гэтае эсэ зьяўляецца першым аналітычным артыкулам, які абмяжоў­ваецца выключна пазначанай вышэй тэматыкай. Праўда, у ім будуць разглядацца толькі творы, выкананыя на паперы, г.зн. малюнкі або эскізы да кар­цінаў, і таму эсэ не прэтэндуе на сістэмнасьць і паўнату апісаньня жаночых партрэтаў Вашкевіча.
Каб забясьпечыць сістэмны падыход і даць вычарпальнае апісаньне, неабходна было б зьвярнуцца і да іншых ключавых твораў мастака, тых, што знаходзяцца ў калекцыях іншых уладальнікаў. Але аўтар эсэ вырашыў зрабіць невялікую выбарку найбольш цікавых і прыцягальных сюжэтаў з ліку тых твораў, якія ёсьць у яго асабістым распараджэньні, і паспра­баваць знайсьці для іх сваю інтэрпрэтацыю, знайсьці ўзаемасувязі паміж імі.
У Платонавым “Піры” Арыстафан распавядае міф аб пра-родзе чалавечым. У даўнія часы, гаворыць міф, мужчына і жанчына былі аб’яднаныя ў адным целе. Гэта былі людзі “неверагоднай сілы і моцы, да таго ж надзвычай разумныя”, таму нават богі баяліся іх. Тады Зеўс падзяліў іх на палавінкі, і з таго часу “кожны з нас – толькі палавінка чалавека”, якая ўвесь час знаходзіцца ў пошуку, спадзеючыся знайсьці сваю другую палавінку. Міф мае глыбокі сэнс і, нібы прытча, адлюстроўвае тугу чалавека па сваёй “толькі яму адпаведнай палавінцы”. Гэтая патрэба вымушала, напрыклад, Дон Жуана, спакушальніка жанчын, безупынна кідацца ад адной каханай да другой. А хіба ж ня тое самае жаданьне зьяўляецца вытокам памкненьняў Руслана Вашкевіча, калі ён з нястомнай руплівасьцю стварае вобразы жаночай прыгажосьці і непаўторнасьці, што вызначаюць сутнасьць жанчыны?
У карцінах, якія Вашкевіч прысьвячае вобразу жанчыны, адлюстроўваецца, як правіла, мужчынскае бачаньне жаноцкасьці. Ён, падобна Паблу Пікаса, выкарыстоўвае зроблены ў сьценах майстэрні партрэт як падставу дзеля мноства надз-вычай зьмястоўных канстатацыяў, у якіх адлюстроўваецца ягонае стаўленьне да жанчыны і да мастацтва. Сімваліч­ныя жаночыя постаці на карцінах Вашкевіча часта вызначаюцца падвойнай вартасьцю. У вобразе жанчыны для яго найбольш прыцягальнымі зьяўляюцца ўзае-маадносіны паміж яго зьнешнім праяўленьнем і ўнутранай сутнасьцю, паміж абалонкай-целам і характарам, што ўрэшце рэшт абумоўлівае перанос суб’ектыўнага фізіягнамічнага досьведу ў мастацт-ва. Адыход Вашкевіча ад традыцыйных жаночых партрэтаў “рэалістычнага” мастацтва непазьбежны. Адчуваньні і пачуцьці, страхі і ўяўленьні, грамадска-па­літычныя зьявы і перамены ў грамадскім становішчы жанчыны, атрыманьне ёю незалежнасьці ад прымусу ці апекі, – усё гэта патрабуе новай публічнасьці. З дапамогай інтэлекту і іроніі мастак імк-нецца наглядна паказаць гэтыя фактары, выкарыстоўваючы ў якасьці пераканаўчага выяўленчага сродку геаметрычныя формы – такія, як квадрат, куб, паверхня вады.

“Something More”
Асабліва займальнае ўражаньне пакі­дае іранічна-рэалістычная карціна Вашкевіча “Something More” (2001 г.), задуманая мастаком як даніна павагі да Казіміра Малевіча. У левай палове дыптыху, які ўтвараецца двума квадратамі, ён цытуе “Чорны крыж” супрэматыста, скла­­дзены з двух прастакутнікаў; але тут ён уяўляе сабою не суцэльную паверхню, а структуру з дзьвюх частак. Чорны крыж вызначаны не ў паняцьцях хрысьціянства, па форме гэта хутчэй два роўных па паверхні брусы, пакладзеных накрыж. Чорны колер Малевіч і Вашкевіч успрымаюць як “адчуваньне рытму” – у адрозьненьне ад хрысьціянскай традыцыі, дзе чорны колер сімвалізуе зло, цем­ру і д’ябальскія сілы. А белы колер у або­двух мастакоў – тон містычны, чыстае ўзбуджэньне, а таксама дадатак да непрадметных асноўных дэталяў, якія бяз зьместу застаюцца ўсяго толькі мастацкімі формаэлементамі.
Новым у творы Вашкевіча зьяўляецца тое, што ў правай палавіне карціны паказаныя дзьве жанчыны – неапранутыя, яны сядзяць, нагадваючы грэчаскіх гетэр, на чырвонай канапе; мастак паказвае іх з усімі іх будзённымі радасьцямі і бедамі, дробязнымі драмамі і інтымнымі звычкамі. Адносна паняцьця “гетэра” варта адзначыць наступнае: словам heteros старажытныя грэкі называлі тое, што мы называем добры сябар, друг; «гетэра» – жаночы эквівалент гэтага паняцьця. Грэкі, гарэзьлівы народ, які для ўсяго любіў знаходзіць зьмякчальныя наз­вы, ня мог знайсьці больш прыстойнага найменьня для дзяўчат, што жылі за кошт заробку ад сваіх жаночых чараў і па-майстэрску валодалі дарам падабацца і прыносіць уцеху – у звычайнай форме ці на ўзроўні сапраўдных “жрыц каханьня”.
У сваёй карціне Вашкевіч інтэрпрэтуе чорны крыж супрэматыста як матэматычны знак плюс, і па ягонай волі жанчыны нібыта патрабуюць ці, прапануючы, пытаюцца: “Something more”, што азначае “Яшчэ трохі!” або “Можа, яшчэ?” І выяўленчая манера, і багацьце думак – тыповыя для Вашкевіча, які шукае такія тэмы і любіць іх. У класічнай ураўнаважанасьці паўстае аптычная форма ўвасабленьня вобразу, дзякуючы якой становіцца зразумела, што хаця гэтыя цалкам “жывыя” і жыцьцярадасныя да­мы ў прысьвечаным Малевічу творы маюць цалкам “супрэматычны” выгляд, аднак глядач не павінен забываць і пра гістарычны фон.
Спрактыкаваныя прафесіяналкі з за­хапленьнем дэманструюць, як трэба заваёўваць паклоньнікаў. Шырокі па задуме твор “Something More” наскрозь прасякнуты іроніяй. Тым не менш экзальтаваныя жэсты і словы дам падпарадкоўваюцца пазнавальнаму прынцыпу кампазіцыі. Арнаментальная структура чорнага крыжа і голае жаночае цела зьмякчаюць строгасьць. Мімалётна згадваюцца Малевіч і гетэры старажытнай Грэцыі, але адразу заўважаеш мэтаўстаноўкі Вашкевіча – дасьціпныя, вытанчана-насьмешлівыя. Ён стварыў карціну на сваёй уласна выяўленчай мо­ве. Дзякуючы прыёмам стылізацыі твор набывае асаблівую ментальную сьвежасьць і выразную ажыўленасьць, што дакладна адпавядае тэме.

“Маладая жанчына на подыуме”
На карціне “Маладая жанчына на подыуме” (2003 г.) мы бачым не дэбютантку, а дасьведчаную ў пытаньнях ка­ханьня, упэўненую ў сабе „даму“, здольную коштам сваёй прывабнасьці забясьпечыць сабе вельмі нават прыемнае жыцьцё. Хваляй разьлятаюцца яе валасы, што адлюстроўвае зьменлівасьць характару і выяўляе ілжывасьць яе ні­бы­та сьвецкага і да грэблівасьці ганарыстага выразу твару. Адначасова мастак з уласьцівым яму інтэлектуальна-іранічным дарам назіральніка спрабуе зразумець разнастайныя індыві­дуаль­ныя іпастасі жанчыны ва ўсіх праявах яе жыцьця. Таму жанчына на подыуме, упрыгожаным пушыстымі руч­нікамі і ін­шымі сімваламі летняга адпачынку, асаб­ліва жаданая яму ў якасьці мадэлі. Стройная пастава фанабэрыста аголенага цела, прычоска і грудзі гэтай маладой жанчыны з народу даюць падставу дзеля меркаваньня, што перад намі, магчыма, асоба ня надта строгіх паво­дзінаў. Бачна, што гэтая весялуха пачу­вае сябе ў прывычным асяроддзі вельмі ўтульна, што яна заўсёды знойдзе дасьціпны адказ на непрыстойны жарт. Ва ўсёй яе зьнешнасьці адлюстроўваецца нязмушанасьць, з вынаходлівай непа­срэднасьцю яна зьдзекуецца з народнай маралі і добрапрыстойнасьці. Круглявы твар з кірпатым носам і дурасьлівым позіркам сьведчыць пра неўтаймаваны тэмперамент і жыцьцёвую сілу кабеты, не абцяжаранай будзённымі клопатамі. Надзвычайная рэалістычнасьць – Вашкевіч дасягае яе з дапамогай сьмелых сродкаў, часта абыходзячыся эскізнай замалёўкай, – праяўляецца з асаблівай відавочнасьцю. Тут ра­зумееш таксама, што мастак разглядае рэчаіснасьць як адзіна варты адлюстраваньня матыў, бачыць сваю задачу ня ў тым, каб паказаць ідэальны вобраз прыхарошанай жаноцкасьці.
Паказаны Вашкевічам жаночы персанаж зусім ня мае намеру адмаўляцца ад свайго паходжаньня “з народу”, бо мастак, далёкі ад традыцыйных уяўленьняў аб прыгажосьці, імкнецца паказаць, што чароўнасьць маладой жанчыны – у яе натуральнай прывабнасьці і ў індыві­дуальных, падслуханых у самога жыцьця праявах яе быцьця. Такое напоўненае жыцьцёвай сілай адлюстраваньне рэчаіснасьці становіцца прыемнай забавай, усе матывы зьнешняга праяўленьня нейтралізуюцца, ні адзін “рэзкі гук” не перашкаджае сустрэчы з мастацтвам, а ў маўчаньні, прасякнутым павагай з боку мастака, здаецца, чуеш адно толькі біцьцё яе сэрца, яе пульсуючую радасьць. Гэты твор Вашкевіча – звычайная прачулая выява, якая ўстрымліваецца ад непасрэднага выказваньня пэўнай пазіцыі, аднак, тым ня менш, прызнае за жанчынай права і на ролю раскошнай “коткі”.

“Water Line”
На карціне “Water Line” (2003 г.) пяшчотная блакітнаватая вуаль мяккіх хваляў адкрывае больш, чым хавае, яна падкрэсьлівае галізну, акруглыя грудзі, тонкія кісьці і пальцы, якімі жанчына эратычна кранае чырвоныя смочкі, далі­катнасьць белай скуры, – усе прыкметы жаночага полу. Гэта выклікае настолькі ж замілаваную, як і іранічна-абаяльную згадку пра эратычныя карціны сімвалістаў, пра “грэх” мадэрністаў. Супрацьпастаўленьне адбываецца тут толькі ў межах карціны. І нават у гэтых межах раптам узьнікае дыстанцыя. Здавалася б, адлегласьць тут стварае шкляная сьцяна, па якой жанчына, нібы гуляючы, пе­рабірае пальцамі абедзьвюх рук, але на самай справе гэта дыстанцыя паміж узроўнем проста выявы і “выявы ў выяве”, якую Вашкевіч вызначае ватэрлініяй, разьмешчанай у прасторы гарызантальна. Акт – не рэчаіснасьць, а рэалізацыя фантазіі намаганьнямі разважлівай дакладнасьці мастака.
Задумлівы настрой, што перадаецца ўсяму целу, надае жанчыне пяшчотную тужлівую прыгажосьць. Для Вашкевіча яна з яе выразным целаскладам і пазнача­ным задуменнасьцю тварам дае магчымасьць адлюстраваць жаночыя пачуцьці. Хаця ў варыянтах агульная танальнасьць трохі слабее, аднак прыгнячальная манатоннасьць як вынік адсутнасьці раўнапраўя жанчыны знайшла тут ня менш кранальнае нагляднае выяўленьне. Абліч­ча маладой жанчыны сьведчыць пра амаль абсалютную адсутнасьць шанцу на станоўчыя перамены ў яе грамадскім становішчы, пра яе стомленую, маўклівую пакорлівасьць і нямы адчай, і тым ня менш гэтая бледнатварая істота асьветленая чарадзействам глыбіннай прыгажосьці, якая ўзвышаецца над любым душэўным болем. Вашкевіч, нястомны шукальнік новых шляхоў у мастацтве, зноў і зноў зьвяртаецца да адлюстраваньня жаночых трывог. Пра геніяльную здольнасьць мастака спасьцігнуць феномен жанчыны праз нешматлікія сітуацыі настолькі ж дасьціпна, як і жыва, сьведчаць шматлікія малюнкі і эскізы, якія ён зноў і зноў прысьвячае гэтаму сюжэту.

“Партрэт маладой жанчыны”
“Партрэт маладой жанчыны” выхо­дзіць за межы перадачы індывідуальнага. Строгай кампазіцыі адпавядаюць спакойныя лініі і надзвычай стрыманы позірк жанчыны. Твар яе павернуты да гледача, позірк самаўпэўнены, ён нібыта дае ацэнку бачанаму. Вашкевіч здолеў пераканаўчым чынам паказаць жаночую годнасьць, аднак узьнікае ўражаньне, што партрэт жанчыны, у якой рот заклее­ны, а смочкі прыкрыты кірылічнымі лі­тарамі Н і Ю (з іх складваецца французскае слова “ню”, што азначае “неапра­нуты”, “голы”), у большай ступені аддае належнае дасягненьням «слабога» полу ва ўсіх сферах быцьця. Стрыманая г­а­лізна набывае ўражлівы эфект, аблічча і сутнасьць жанчыны зачароўваюць. І хаця рот і грудзі жанчыны “закрытыя”, яна амаль адкрыта дэманструе перад гледачамі сваю прывабнасьць. Партрэт выражае жаночую самасьвядомасьць, духоўную сілу асобы і мэтанакіравана падкрэсьлівае напоўненую жыцьцёвай сілай праяву быцьця.
Выстаўленая напаказ элегантнасьць падгледжаная, безумоўна, у вялікіх майстроў выяўленчага мастацтва, творы якіх Вашкевіч уважліва вывучае пад час сваіх замежных паездак. Скура твару і верхняй часткі цела халодная і гладкая, быццам мармур. Высакародна ўсхваляваная галізна няздольная ўдыхнуць ў постаць жыцьцёвае цяпло, таму што дзеяньне застывае, ператвараецца ў позу, а прыгажосьць вынікае з ментальнага канструкту.
Лагоднасьць і высокую маральнасьць выпраменьвае гэты стрыманы жаночы партрэт. Маладую жанчыну, што маўклі­ва, сьціпла раскрываецца ў жаноцкай рэ­чаіснасьці, здаецца, не закранаюць на­дзённыя падзеі і буйныя сацыяльныя пе­равароты, якім наканавана зьмяніць твар пакуль яшчэ юнага стагоддзя. І ўсё ж гэтая духоўна ўзьнёслая жанчына прымае зусім не малазначны ўдзел у распаўсюджаньні перадавых ідэй, бо сваёй аголенай прысутнасьцю яна патрабуе свабоды асобы і для жанчыны, дамагаецца раўнапраўя з мужчынам. Як дастаткова выразна сьведчыць партрэт маладой жанчыны, мастацтва Вашкевіча цесна спалучанае з рэчаіснасьцю, яно пранікае ў сферы псіхікі глыбей, чым гэта звычайна бывае пры паказе вобразу жанчыны ў сучасным мастацтве. Незалежны ад павеваў часу, Вашкевіч робіць вобраз жанчыны адлюстраваньнем індывідуальных думак і адчуваньняў.

“Дзяўчына з бантам”
Дзяўчына – дзівосна прывабная істота, у яе зьнешнасьці – годнасьць і чароўная прыгажосьць, да якіх дадаецца ня проста сьціплая самапавага, а нешта накшталт уважлівай стрыманасьці. У яе тонкі целасклад, высокая шыя і правільныя рысы твару, прамяністыя карыя вочы з прыгожымі павекамі і адкінутая назад грыва медна-залацістых валос. Гэта тая непадробная пластычная прыгажосьць і прывабнасьць, тая чыстая непрытворнасьць і натуральнасьць, якая не пакідае Вашкевіча абыякавым. Ён малюе бант дзяўчыны-падлетка ў камедыйным ключы, у выглядзе віньеткі з тэат­раль­най праграмкі. Пачуцьці, істоту і характар дзяўчыны ён паказвае з дапамогай красамоўных сімвалаў – банцікаў, што ператвараюць вялікі бант у яе валасах у арнамент з розных твараў дзяўчыны. Вашкевіч паказвае яе чырвонашчокай ад эмацыянальнага здароўя, ён бачыць у ёй ня сьціплае і непатрабавальнае дзяўчо з народу, а жанчыну будучага пакаленьня, якая “ўрастае” ў сьвет, каб з новай этыкай і юнымі ідэямі прыйсьці на зьмену традыцыйнаму грамадству. Дзяўчына ўвасабляе таксама сілу сваіх равесьніц, якая толькі-толькі пачынае раскрывацца і абуджае дзяўчат з іх непаўналецьця. І таму гэтую простую выяву дзяўчыны наўрад ці можна назваць партрэтам ва ўласным сэнсе слова, таму што дзявочая галава робіць уражаньне дакладнай фізіягнамічнай і псіхалагічнай акрэсьленасьці, а таксама арыентаванасьці ў будучае.


Жаночыя партрэты, прасякнутыя рэфлексіяй
і іроніяй

Мы вядзем гаворку менавіта пра жаночыя партрэты Вашкевіча, таму што гэта вызначана тэмаю эсэ. Але ж як можна глядзець на жанчын і захапляцца імі, ня ведаючы, што за імі стаіць, што хаваецца за іх жаноцкасьцю, за грамадскім кантэкстам – або, дакладней кажучы, ня ведаючы агульных перадумоваў? Кожнае эсэ пра мастацтва, прысьвечанае, як і гэтае, жанчынам, павінна займацца глыбінным пытаньнем становішча жанчыны ў грамадстве, якое вызначаецца мужчынскім бачаньнем сутнасьці жаноцкасьці яшчэ з антычных часоў – тады адкрыта, а сёньня завуалявана. Па-за сексуальнасьцю і задачай працягу роду Арыстоцель ставіцца да жанчыны адмоўна. Магчыма, за дасьведчанымі вобразамі Вашкевіча з іх шырокай натурай, якія ў духу заходніх канцэпцыяў жаночага пачатку пазначаныя падвойнай стыгмай годнасьці і заганнасьці, стаяць і біблій­ныя Адам і Ева. Магчыма, гэтыя стыгмы не адразу заўважыш, але яны ёсьць. Пазначаныя імі жанчыны зьяўляюцца ў творах Вашкевіча паасобку або ў суправаджэньні іншых жанчын, гэта можа быць мадэль або дзяўчынка-марыянетка ў раньнім падлеткавым узросьце з грыўкай ці доўгімі валасамі, якія хваляй спадаюць на плечы, жанчына празрыстая нібы шкло або закрытая для чужых позіркаў, – але ўсе яны ёсьць “жанчыны гэтага эсэ”. Але жаночыя вобразы Вашкевіча – гэта яшчэ і спроба пераадолець абумоўленыя гістарычным разьвіць­цём прымхі.
Розныя плоскасьці і асьпекты, якія Вашкевіч закранае ў сваіх карцінах з выявай жанчыны – гэта ўспаміны пра іранічныя рэфлексіі адносна традыцыяў, абставінаў часу і зьяваў у барацьбе за раўнапраўе і сацыяльную роўнасьць жан­чыны і мужчыны, што вядзецца яшчэ з пазамінулага стагоддзя. Гэта дае мастаку мноства аптычных імпульсаў і ключавы дэвіз, які чырвонай ніткай праходзіць праз ягоныя творы і аб’ядноўвае ўсё ў іх. Вашкевіч рэалізуе свае ідэі з уражвальнай лёгкасьцю. Яго мастацкія ідэі можна было б назваць графічнымі афарызмамі, унёскам мастака ва ўслаўленьне жанчыны і данінай пакланеньня прыгажуням, якіх ён абагаўляе. Не пераходзячы на інтэлектуалізацыю ці гістарызацыю, ён у сваіх прысьвечаных жанчыне карцінах улічвае правільнае бачаньне сучаснай жанчыны, якое існуе ў простым народзе. Прастата забаўнай мовы яго карцін і той факт, што ён канцэнтруе ўвагу на самым неабходным, каб у пытаньні раўнапраўя жанчыны ў грамадстве патлумачыць самыя разнастайныя сітуацыі і яе пазіцыю ў гэтых сітуацыях, магчыма, абумовілі пераканаўчае супадзеньне ідэі, інтэнцыі паведамленьня і вобраза. Нема­г­чыма не заўважыць ненавязьлівую тонкую іронію адлюстраваньня працэсаў у жыць­ці жанчыны і адначасова асьцярожнае набліжэньне да крытыкі.
У жаночых партрэтах Руслана Вашкевіча напачатку няма і намёку на нейкае бунтарства, таму што паказаныя ў іх вобразы належаць да сьвету вобразаў традыцыйных. У Вашкевіча і яго жанчын ня трэба шукаць абавязковай сувязі з традыцыяй. І ўсё ж у іх часта заўважаеш традыцыйную рэакцыю на традыцыйныя паводзіны сёньняшняга грамадства. Сярод ягоных жаночых вобразаў раптам бачыш і служанку каханьня, і чыстую юную дзяўчыну, прывабны вобраз спакушальніцы і маральны ідэал жаноцкасьці. Жанчыны на карцінах Вашкевіча голыя крочаць па подыуме, падцягваюць як мага вышэй спадніцу ці сукенку. Вашкевіч падміргвае гледачу: яго жанчыны не адчуваюць сарамлівасьці, аднак рэпрэзентуюць чысьціню, сапраўднасьць – гэта значыць арыгінальнасьць, непаўторнасьць, якія для мастака цесна спалучаюцца з рэчаіснасьцю. Але ён лічыць, што традыцыю трэба шукаць у сучаснасьці. Гісторыя мінулага мае сэнс толькі тады, калі яна дапамагае асэнсаваць сучаснасьць. Вашкевіч не імкнецца закансерваваць ізаляваную недаўгавечную ідэнтычнасьць, ён хоча разарваць “сучасную ізаляцыю” грамадства. Сучаснасьць, кажа нам Вашкевіч сваімі жаночымі вобразамі, яшчэ трэба адкрыць, а зрабіць гэта можам толькі мы самі. Таму для яго ў жаночых партрэтах важна не агучыць крытыку. Магчыма, “чысьціня” ў карцінах Вашкевіча раўназначна цішыні. У іх адсутнічае крык, адсутнічае і рух. У гэтых карцінах ёсьць спакой. Ён абавязкова павінен прысутнічаць, каб глядач мог бяз сьпеху, сканцэнтравана ўспрымаць мастацкае пасланьне, да якога Вашкевіч імкнецца прыцягнуць увагу ў сваіх прысьвечаных жанчыне творах.
Яны вызначаюцца дасьціпнымі ідэямі, жартам, сур’ёзнасьцю, але найперш – прадуманай пачуцьцёвасьцю. Для гледача яны выяўляюць мноства акцэнтаў, здаюцца пацешнымі, ён не адчувае сябе непасрэдна закранутым. Іронія гэтых жаночых партрэтаў не пазбаўленая гумару. Вашкевіч – адзін з нешматлікіх мастакоў, хто умее пікантна і разам з тым любоўна акцэнтаваць эратычны кампанент.
Разам з тым, карціны Вашкевіча вылучаюцца глыбокім суперажываньнем лёсу жанчыны. Ён настойліва паказвае яе сітуацыю. Яго персанажы змагаюцца за сваю сацыяльную роўнасьць, чалавечую годнасьць, яны спрачаюцца і ў імя ўласнага шчасьця адстойваюць свае інтарэсы. Але яны ўвасабляюць і радасную ўпэўненасьць у жыцьці, якая грунтуецца на веры ў перамогу прагрэсу. Яны прадстаўляюць сябе з пачуцьцём уласнай годнасьці. Жанчына на карцінах Вашкевіча – гэта і арганізатар грамадскага жыцьця, будаўнік самога грамадства, а ня толькі лагодная каханка мужчыны, якой яе паказвалі на жаночых партрэтах еўрапейскія мастакі мінулых эпохаў. Гэты аптымістычны і жыцьцесьцьвярджальны вядучы акорд вызначае пераможнае гучаньне карцінаў Вашкевіча.


Сэнс і выразнасьць
жаночых вобразаў

Працы Вашкевіча можна было б назваць “элітарна-дэмакратычным мастацт­вам”. Яны зьяўляюцца вынікам меланхалічнага роздуму пра непазьбежна элітарнае ў сучасным мастацтве. Сфармуляваць гэта можна такім чынам: мова мастацтва трансфармуецца ў зразумелы толькі яму жаргон інсайдэраў.
Як і Вітгенштэйн ў сваёй тэорыі моўных гульняў, дзе робіцца спроба апісаньня натуральных моваў, Вашкевіч разглядае ўзаемасувязі паміж сюжэтам і рэчаіснасьцю як моўны нексус або дасканалае “адлюстраваньне” сьвету з дапамогай медыума пад назвай мова. Праўда, часам адлюстраваньне нібыта затойваецца са зьдзеклівым прысмакам, і тое, што бачыш, ператвараецца ў нешта супрацьлеглае. Для Вашкевіча імя, назва – галоўнае зьвяно гэтай узаемасувязі. Здаецца, што вобраз у ягоных творах замяняе імя як сродак выказваньня асэнсаванасьці досьведу – нібыта табе кажуць: “Ня думай, глядзі!” Сам Вашкевіч фармулюе сваю праграму так: “Мне няма чаго сказаць, я магу толькі паказаць.” Што азначае гэтая замена імені вобразам і гэтая адмова ад логасу – слова, маўленьня, мовы? Што можна паказаць, ня ўмеючы сказаць? Якая парадаксальная сувязь аб’ядноўвае філасофію – як сферу агульнага, істотнага, умовы – з вобразам? Аналіз жаночых партрэтаў Вашкевіча дазваляе ўбачыць магчымую ўзаемасувязь паміж паняцьцямі “бачная выява”, “бачнасьць” і “дыялектычны вобраз”.
Вашкевіч падзяляе мэты авангарду, ад пачатку скіраваныя супраць традыцыі ў мастацтве. І самае важнае для яго ­– гэта прадстаўленьне абстрактных ідэяў, вытокі якіх ў візіянарнай карціне сьвету і ў спрэчцы з грамадствам пра сацыяльную роўнасьць жанчыны з мужчынам і прыймальнасьці новых жыцьцёвых формаў, а таксама поглядаў, што адпавядаюць духу часу і дапасуюцца да рэчаіснасьці.
І вось так Вашкевіч пачынае карыстацца іншымі формамі выражэньня і метадамі: тымі, што вызначаюць накірунак у мастацтве. У вытоку многіх яго твораў – зьдзіўленьне, выкліканае ўласным імкненьнем тварыць, зьдзіўленьне ад самой выявы, здольнасьці дапамагчы нечаму ўзьнікнуць на чыстым аркушы паперы, стварыць ілюзію. І тады разумееш, што ўсё можна адлюстраваць самымі разнастайнымі спосабамі. Адсюль і цікавасьць мастака да праблемаў прадстаўленьня, ілюзіі, фікцыі, да якіх потым дадаецца ўсьведамленьне таго, што любая выява зводзіцца да абсалютна канкрэтнай абмежаванай сістэмы ўмоўнасьцяў, да пагадненьня паміж мастаком і гледачом. Мастацтва Вашкевіча сваёй адмовай ад ілюзіянізму і рэпрэзентацыйнасьці як прадстаўленьня сьвету, у якім яно нараджаецца, імкнецца задавальняцца самім сабою. Цікавяць мастака канфлікты, сутыкненьні, абмен ролямі ва ўзаемаадносінах паміж фікцыяй і рэальнасьцю і паміж ілюзіямі, пад якімі ён разумее самыя розныя выяўленчыя сістэмы. Па сутнасьці, гэта – праблемы мовы, у дадзеным выпадку візуальнай. Сьвет існуе для гледача толькі ў мове. Калі зьмяніць мову, то зьменіцца і сьвет.
Магчыма, выяўленчае поле жаночых вобразаў Вашкевіча можна параўнаць з механізмам гадзіньніка. Кожны вобраз паасобку адпавядае пэўнаму колцу, і толькі ўсе разам яны прыводзяць механізм мастацкага пасланьня творцы ў дзеяньне. Так нараджаецца энергія, якая ўносіць у выявы жыцьцё, пранікае ў паперу, стварае магічнае актыўнае поле. Гэтыя жаночыя вобразы складаюць сістэму, якая дазваляе наглядна ўявіць сабе значэньне і сэнс вобразаў і ў роднаснай адпаведнасьці духу і ментальнасьці мастака надае ім новы выраз бескарысьлівай творчасьці пры адлюстраваньні істотных якасьцяў жанчыны. З другога боку, жаночыя вобразы Вашкевіча ствараюць метасістэму ідэальных сэнсаў са сваёй логікай, сваімі законамі, характэрную для гэтай мастацкай сістэмы гульню, якая можа ажыцьцявіцца толькі ў зададзенай прасторы карціны.

Вашкевіч – майстар
культурнай інтэрпрэтатацыі пераменлівага часу

Добразычлівым вокам Вашкевіч заўважае самыя ціхія нюансы ў барацьбе за сацыяльную роўнасьць жанчыны з мужчынам; ён услаўляе ў жанчыне найперш усемагутнасьць вечна юнага эрасу. Жанчын мастак паказвае і ў эратычных сітуа­цыях – як, напрыклад, у карцінах “So­mething More”, “Deep Forest Kiss”, – знаходзячы мастацкае ўвасабленьне рызыкоўных момантаў. У Вашкевіча занадта багатая эрудыцыя і занадта дасьціпны розум, каб быць наіўным, але ён захоў­вае дастаткова мастацкай непасрэднасьці, каб стаць адным з вядучых майстроў культурных інтэрпрэтатараў «пераменлівага часу».
Наколькі яны шчырыя, гэтыя чароўныя істоты Вашкевіча, калі яны, кірую­чыся сваім інстынктам і пажадлівасьцю, поўнай мерай цешацца чалавечай свабодай – не здагадваючыся пра гэта, таму што ня маюць уяўленьня пра нейкае “парушэньне этычных нормаў паво­дзі­наў”. І наколькі больш сапсаванымі выглядаюць жаночыя вобразы ў карцінах сучасьнікаў. Жанчыны Вашкевіча – наіўныя і прастадушныя, яны запэўніваюць гледача ў сваёй нявіннасьці, эратычна адводзячы ўгару позірк. Але іх прыстойныя манеры ня могуць увесьці ў зман нікога: ім знаёмыя ўсе тыя патрэбы, якія маюць іх галантныя сёстры, іх пажадлівыя вусны гэтаксама чакаюць пацалункаў, яны ня з меншай ахвотай гатовы радасна скінуць сукенку з плеч ці высока падняць спаднічку, каб даць магчымасьць палюбавацца іх “некранутымі” прывабнасьцямі. Такая падробная прыстойнасьць на справе паўстае як надзвычай пікантная форма фрывольнасьці, што імкнецца да новых і новых сенсацыяў. Нельга не заўважыць, што Вашкевіч, які набыў – найперш дзякуючы сваім збалансаваным жаночым сцэнам – славу мастака раўнавагі, прадстаўляе трансфармаваную праграму: пад узьдзеяньнем новых духоўных плыняў за мастацтвам прызнаецца права на эфект ураўнаважваючага асьвятленьня. Крытэрыем вартасьці жанчыны павінна быць ня толькі фізічная прыгажосьць, але і, у значна большай ступені, жаноцкасьць у сэрцы і пачуцьцях – у самой асобе жанчыны.
Творы Вашкевіча ўяўляюць сабою глыбінную сумесь інтэлекту, ідыліі ды іроніі. Ці не займаецца ён крытыкай су­часнасьці? Ці ня зьдзекуецца ён над жан­чынамі? Такія назвы твораў, як “Партрэт маладой жанчыны”, “Something Mo­re” і нават “Маладая жанчына на подыуме”, што адлюстроўваюць некаторыя з яго тэм, даюць падставу для станоўчага адказу на гэтыя пытаньні. І ўсё ж у ягоных творах усё настолькі шматпластавае, зашыфраванае – можа, гэта толькі іранічны жаночы вобраз беларускага кшталту? Падстаў дзеля такога меркаваньня шмат: Вашкевіча нельга аднесьці да якой-небудзь адной плыні ці школы, яго абсалютна індывідуальныя, суб’ектыўныя творы супярэчлівыя, але яны – па-за палітыкай і вылучаюцца інтэлектуальнасьцю, іранічнасьцю: яны адназначна шматзначныя.
Персанажы Вашкевіча жывуць у сучасным беларускім грамадстве, яны горда і ганарліва крочаць па подыуме, разважаюць пра сваё быцьцё – жывуць так, як і іншыя еўрапейскія жанчыны, пераязджаюць з правінцыі ў вялікія гарады, займаюцца тым, чым там займаліся заўсёды, кахаюць, чакаюць, нешта абдумваюць, радуюцца. Але ў адрозьненьне ад карцін поп-арту жаночыя вобразы Вашкевіча – па-за часам, нішто ў іх не нагадвае пра фрывольнасьць сьвету спажыўцоў, сьвету тавараў. Ніводная дзяўчына не насіла такой прычоскі, такой сукенкі ці капелюша, як гераіні Вашкевіча. Ягоныя жаночыя партрэты – гэта карціны, намаляваныя “па памяці”, гэта ў пэўным сэнсе выява дзяўчыны адпаведна ўяўленьню мастака. Гэта тычыцца большасьці яго жаночых партрэтаў. Свавольная нявіннасьць характэрная для яго твораў, фармальная мова якіх нагадвае пра беларускасьць з яе ціхай паэтычнасьцю – у першую чаргу гэта можна сказаць пра “Жанчыну з куранём”.

Вытанчанае ўзьдзеяньне жаночых партрэтаў

Пра істотнае, чароўнае ўзьдзеяньне карціны можна гаварыць тады, калі нам пры сустрэчы з ёю пачынае здавацца, што бачым мы ўжо не чужое жыцьцё, а сваё ўласнае. Карціны могуць выклікаць знаёмыя пачуцьці і даваць пацьверджаньне нашаму ўласнаму жыцьцю: Вось такое яно. Але ёсьць і іншыя карціны, яны паказваюць адлегласьць паміж намі і чужым сьветам і даюць нам магчымасьць далучэньня да чужога жыцьця: Ага, і вось гэтак можа быць? Творы Вашкевіча заводзяць нас у чужыя сусьветы, чужыя жыцьці, у жыцьцё сучаснай жанчыны. Яны дэманструюць радасьць і шчасьце, цьвёрдую веру ў станоўчы будучы вынік разьвіцьця падзеяў, але і адлюстроўваюць нераўна­праўнае становішча жанчыны ў грамадстве, яе клопаты і прыгнячальныя трывогі.
Карціны Вашкевіча даюць дзівосную магчымасьць прасачыць чужыя і знаёма-чужыя жыцьцёвыя шляхі жанчын. Найбольш лаканічна гэтыя жаночыя вобразы можна было б ахарактарызаваць супрацьлеглымі паняцьцямі – “па-за” і “ўнутры”. Такая пазіцыя ёсьць пазіцыя дыстанцыі, але і здольнасьці ўжыцца ў чужую сітуацыю. І яна вызначае спосаб выяўленьня ў яго малюнках і эскізах. У іх можна вылучыць тры пласты: нашую сучаснасьць; час, што стаў гісторыяй; час мэтаў, арыентаваных на станоўчы вынік разьвіцьця. Для Вашкевіча пры стварэньні карцінаў важнае значэньне мае інтэлектуальна-іранічная інтуіцыя, і хочацца думаць, што няхай сабе хоць праз выяву на паперы, праз карціны можна будзе адчуць тыя прынцыпы, якія без усялякіх агаворак дазваляюць мужчыне і жанчыне як раўнапраўным партнёрам далучыцца да радасьцяў грамадскага жыцьця, мець да іх дачыненьне. Але на жаночыя вобразы павінны падаць промні сонца, каб сьвет жанчыны стаў ясьнейшым, прынамсі на карцінах.

Мастак новага авангарду
У Руслана Вашкевіча выразна адчуваецца, што яго акрыляюць думкі і ідэі новага авангарду. У яго творах заўсёды прысутнічаюць інтэлект і іронія. Ён заўсёды карыстаецца імі, разам ці паасобку, у асьпекце зьместу. Тое, што гледачу яго мастацтва можа здавацца недарэчным эксьперыментам, на самай справе патрабуе цэлага шэрагу выяўленчых сродкаў, якія пашыраюць і ўзбагачаюць выяўленчыя магчымасьці. Вашкевіч рэа­гуе на спасьцігнутую ім рэчаіснасьць шматпланава, але вельмі тонка і адухоўлена. Сваю задачу ён бачыць у тым, каб жаночымі вобразамі стварыць нешта такое, дзякуючы чаму мастацтва зможа свабодна разьвівацца ў наватарскіх, пазначаных фантазіяй вымярэньнях. Для яго важна стварыць такі тып прыгажось­ці, якая б адпавядала класічнаму канону гісторыі айчыннага і сусьветнага мастацтва. Мэта жаночых партрэтаў для Вашкевіча – дасягненьне такога ўзроўню стадыі, які б даваў магчымасьць зьдзіўляць і зьдзіў­ляцца. Ён імкнецца знайсьці нешта такое, што пры ўсім мностве грамадскіх канфліктаў і недарэчнасьцяў магло б забясьпечыць мір і раўнавагу. І яшчэ адзін момант мае важнае значэньне ў асьпекце жаночых вобразаў Вашкевіча: праз мастацкае выяўленьне сёньняшніх зьменаў у грамадскім жыцьці творца робіць істотны ўнёсак у распрацоўку новай іканаграфіі сучаснай жанчыны.

Такім чынам, творы Руслана Вашкевіча – гэта ня толькі мастацкія выявы самі па сабе і ня толькі рэалізацыя пэўнай тэмы, але і тое нябачнае, што стаіць за кожным вобразам, кожнай тэмай. Гэта перш за ўсё тая пазітыўная сіла, якую мастак новага авангарду прыводзіць у дзеяньне ў імя сацыяльнай роўнасьці жанчыны, – тая жаночая свабода і прыгажосьць, якую ён стварае ў сваіх кар­цінах і з якой прапануе пазнаёміцца усім блізкім яму па духу людзям.