12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Грышкевіч

_____________________
Несуцяшальны дыягназ, альбо
У пошуках страчанай радзімы.
Штрыхі да партрэту Юры Станкевіча



Творчасьць Ю.Станкевіча прымаюць ня ўсе. У сэнсе: як можна любіць прозу пісьменьніка з ужо трывалым у пэўных чытацкіх колах “дыягназам” – “чарнушнік”, які з “маніякальнай” асалодай і зайздроснай пасьлядоўнасьцю “закопвае” мараль і гуманізм, ня бачыць ніякіх аптымістычных персьпектываў для далейшага існаваньня чалавецтва, ня кажучы ўжо пра асобных прадстаўнікоў роду homo sapiens? Але кожны аўтар мае права на ўласнае бачаньне сьвету і акаляючай яго рэчаіснасьці, бо ўсякі негатыў ці пазітыў маюць у сваёй аснове першапрычыну, ад якой і варта адштурхоўвацца пры аб’ектыўным разглядзе мастацкага твору.
На сёньняшні дзень Ю.Станкевіч фактычна адзіны ў сучаснай беларускай літаратуры пісьменьнік, які, не баючыся вострых тэмаў, імкнецца зрабіць яе чытэльна-масавай, пазбавіўшыся класічна-састарэлай “вясковасьці”, традыцыйнай апалітычнасьці і кан’юнктурнай зададзенасьці. Зразумела, што творчая методыка аўтара ў паказе непрывабнасьцяў жыцьця далёка не адназначная і вельмі часта выклікае палеміку, становячыся аб’ектам не заўсёды апраўданых папрокаў і абвінавачаньняў. Лічу: падобная скандальнасьць і нават пэўная варожасьць вакол асобы пісьменьніка і ў адносінах да яго “змрочных опусаў” толькі дадаюць цікавасьці да іх і зьяўляюцца відавочнай рэкламай для далейшай “раскруткі” аўтара.
За эвалюцыяй творчасьці Ю.Станкевіча сачыць прыемна. Яго прозу пазнаеш адразу. Як адразу і вызначаеш яе ідэйны настрой. Гэта філасофска-змрачнаватая спроба асэнсаваньня рэчаіснасьці. Мінулай і сёньняшняй. У залежнасьці ад мастацкай задачы. Зьліцьцё часавых планаў адчуваеш інтуітыўна. І яно заўсёды набывае сумна фінальную персьпектыву. Пацьвярджэньнем таму – кнігі пісьменьніка: “Луп” (1989), “Анёлы на бальшаку” (1993), “Армагедон – 1895” (2000), “Любіць ноч – права пацукоў” (2000), “Сатырыкон” (2003) і “Апладненьне ёлупа” (2005). У гэтым артыкуле мы зьвернем увагу на аповесьці і раманы, напісаныя празаікам за апошнюю “пяцігодку” і зьмешчаныя пераважна ў апошняй па часе выданьня кнізе. Выбар твораў абумоўлены іх важным і актуальным палітычным гучаньнем у сучасных рэаліях. Акрамя таго, проза Ю.Станкевіча апошніх гадоў дазваляе зірнуць на ягоную мастацкую манеру ў новым ракурсе, які высьвечвае розныя грані пісьмень­ніцкага таленту, даючы магчымасьць найбольш поўна ўявіць творчы партрэт цікавага і адметнага літаратара.

Зьнішчаючы ідалаў
Аповесьць “Апладненьне ёлупа” (2003) – гэта мастацкі дакумент быцьця народу, праз асобу галоўнага персанажу аўтар дасьледуе яго духоўны пульс, гістарычную сьвядомасьць. Таму зусім заканамерна, што такія паняцьці, як “чалавек і гісторыя”, “чалавек і сістэма”, набываюць тут першаснае значэньне. У кароткай, як заўжды, форме пісьменьнік здолеў закрануць актуальныя праблемы Часу.
Для сюжэту аповесьці Ю.Станкевіч узяў цікавы факт з нашага савецкага мінулага. Як вядома, у канцы 30-х гадоў ХХ стагоддзя побач з Масквой меркавалася ўзьвесьці грандыёзны гмах з велічнай фігурай Правадыра наверсе. Задума па тым часе была адыёзная і, зразумела, цяжка ажыцьцявімая. Тым ня менш будоўля пачалася – для рамантычных будаўнікоў камунізму няма нічога непераадольнага. Але потым карэкціроўку ўнесла вайна. Каб не яна (хто ведае?), можа б, і сёньня гэты сімвал савецкай пампезнасьці ўзвышаўся над расейскім мегаполісам.
Крыху пра зьмест твору. Восеньню 193... году на “тэрыторыю гіганцкай будаўні­чай пляцоўкі” ўехала нкусаўская “хуткая дапамога”. За “падрыўную дзейнасьць” быў арыштаваны інжынер-канструктар па металакаркасах Марк Ласкоў, беларус, з сям’і “ворага народу”. На яго месца хутка прыязджае маладая жанчына, якая ў вагончыку свайго папярэдніка знаходзіць ягоны дзёньнік. Ён і становіцца прадметам увагі чытача. Такім чынам, ацэнку падзеям тагачаснага абсурду дае, так бы мовіць, незалежны эксьперт.
Марка разумее, што дзяржаве не патрэбныя людзі, якія ўмеюць самастойна думаць, яна будуецца на сьляпым, фанатычным падпарадкаваньні нейкай звышрэальнай ідэі-фікс, сутнасьць якой выпрабоўваецца вядомым лозунгам: “Здай пяць разумных і можаш быць свабодным”. Як бачым, быць разумным нявыгадна...
Ю.Станкевічу ўдалося некалькімі штрыхамі абмаляваць “філасофію” той эпохі: “Неяк незаўважна паўсюдна надышоў ужо зусім варты жалю час – час баязьліўцаў, зайздросьнікаў, стукачоў і паклёпнікаў, і людзі навокал існавалі вартыя жалю: баязьлівыя і драбезьлівыя – можна было толькі са скрухай гадаць, якое патомства яны дадуць на будучыню, і чаго яна будзе вартая, тая будучыня, пасьля засьмечваньня навакольля такімі вось прабывальнікамі. Гэта быў час адзіноты... час амярцьвеньня людзей і адпаведнага станаўленьня ёлупаў”. А яны ўзвышаліся паўсюль, гранітныя, мармуровыя, бронзавыя. Сапраўдныя ж паганскія ідалы “гнілі і прэлі ў балотах”. Але яны нашмат саступалі новым...
Марка памятае каменнага ёлупа, знойдзенага некалі паблізу ягонай вёскі. Сцэна сустрэчы з ім мае сімвалічнае значэньне. Менавіта тады герой зразумеў, што пад гранітнай абалонкай можа цепліцца... жыцьцё. Так, людзі самі “апладняюць” іх, сваёй наіўнай верай адухаўляюць камень, надаюць яму магічныя сілы, і ёлуп, атрымліваючы магутную энергетыку чалавечай пакоры і прыніжанасьці, пачынае валадарыць іх розумам, рэшткамі здаровай сьвядомасьці. Усьвядоміўшы гэта, Марка прыйшоў у жах. Апладнёныя ёлупы робяць з людзей замбаваны натоўп. І вырвацца з яго могуць толькі такія, як ён. Аднак у гэтым выпадку ім наканавана адзінота, адчуваньне пустаты вакол сябе, а ў той сістэме, дзе жыў Марка, яшчэ і сьмерць.
Аўтар рашуча паўстае супраць любых ідалаў, бо нават ненаўмыснае іх стварэньне, а тым больш – наданьне ім уяўнай велічы, духоўнай сілы гіпнозу, абарочваецца супраць чалавека, робіць з яго служку-выканаўцу пачварных ідэяў-фантомаў. І гісторыя, упэўнівае сваім творам Ю.Станкевіч, яскравае таму пацьвярджэньне. Асабліва тая, нядаўняя, якая, як заўсёды, нікога нічому ня вучыць.
Праз усю аповесьць скразной лініяй праходзіць нямое пытаньне: “Дык хто ж робіць гісторыю?” Апладнёныя людской верай ёлупы, а можа, іх двайнікі ў чалавечым абліччы? Ці народ, які сам іх стварае, а пасьля ім верыць і баіцца іхняга гневу? Доўгая паўза...
Адметна, што ўвесь дзяржаўны абсурд падаецца вачыма звычайнага чалавека, які разабраўся, што да чаго, і моўчкі зьдзекуецца з грандыёзнай ідэі. Ён вырашае абрынуць узьведзенага ў будучым ёлупа ўніз, паказаўшы тым самым сілу звычайнага “вінціка” сістэмы. З гэтай мэтай Марка паціху ўносіць праўкі ў чарцяжы...
Паколькі Ю.Станкевіч увёў у кампазіцыю аповесьці дзёньнік, відавочна, што разам з сур’ёзнымі думкамі будуць суседнічаць чыста бытавыя, інтымнага, так бы мовіць, плану. І гэта натуральна. Аўтар умее апісаць працэс каханьня. Але загваздка ў тым, што часты паўтор інтымных сцэнаў, апісаньне механізму сексу адцягвае ўвагу чытача ад асноўнай, прычым даволі маштабнай, праблемы. Верагодна, нехта са мною не пагодзіцца. Але Станкевічаў выраз “і я выліўся ў яе”, неаднаразова выяўлены ў творы, моцна засеў у галаве. І “глушыць” сур’ёзнасьць узьнятых пытаньняў. Магчыма, гэта зроблена сьвядома, магчыма, так і павінна быць, бо нішто чалавечае, як вядома, нам не чужое, я ня ведаю. Падкрэсьлю: гэта ўражаньне чытача, а ня крытыка. Не хацелася б, каб у першага ў галаве толькі і засталіся гэтыя неаднаразовыя ўліваньні: “Хвіліны праз тры я, здрыгаючыся, бурна выліўся ў яе”;
“Мы ляжалі голыя на ложку... Клаўдзія закінула на мяне сваю доўгую нагу, потым села, ашчаперыўшы мае сьцёгны і сьціснуўшы зубамі вялікі палец маёй левай рукі, які пачала смактаць... урэшце яна ўся затрымцела, ловячы аргазм, вочы яе зьлёгку прыжмурыліся і заслаліся пажадлівай павалокай, я неўзабаве зноў выліўся ў яе...”;
“...у свае “крытычныя” дні яна з задавальненьнем ужывае аральны кантакт...”;
“Ногі яе рассунуліся, я перамясьціўся паміж іх і ўвайшоў у яе. Праз некалькі хвілінаў яна сутаргава затрымцела ў маіх абдымках, а пасьля мы зьмянілі позу...”;
“...Клаўдзія павярнулася сьпінай і падкурчыла калені да жывата, і я ўвайшоў у яе вільготную гарачыню... я ніяк ня мог спыніцца... яна часта мяняла позы, і ўрэшце спынілася на аральным варыянце – я так і выліўся ў яе” і г.д.
У-у-х! Добра, што хоць ужо ня бурна, я больш ня вытрымаў бы такой празьмернасьці...
А давайце ўзгадаем сцэну ля Маўзалею, калі Марку нясьцерпна захацелася авалодаць маладой дзяўчынай. Жаданьне цалкам зразумелае і нармальнае. Але ці можна пры гэтым “знаходзіцца ў стане эрэкцыі”, нібы нагадваючы сабою самі ведаеце што? Вядома, што эрэкцыя (даруйце за натуралістычныя дэталі) – павелічэньне канкрэтнага (і толькі яго!) органу ў мужчыны ў стане сексуальнай узбуджанасьці...
Але пакінем прыдзіркі за кадрам. Факт той, што аповесьць з яе гісторыка-філасофскай акцэнтацыяй атрымалася. Думаю, пэўную ролю тут адыграла і прадуманая кампазіцыя: падзел на кароткія часткі, што паскарае дынаміку чытаньня. І калі б не прывязанасьць твора да канкрэтнага часу і канкрэтнай краіны, аповесьць Ю.Станкевіча можна было б аднесьці да ліку антыутопіяў (узгадаем творы Дж.Оруэла “1984”, А.Адамовіча “Апошняя пастараль” і інш.).
Неабходнае “рэзюме”. Паводле аўтара, падзеньне краіны пачынаецца тады, калі ня ўлічваць вопыт мінулага, руйнаваць храмы, “апладняць” невядома што... Таму і зьвяртаецца пісьменьнік да чытача эпіграфам, узятым з твора любімага лацінаамерыканца Карласа Кастанэды: “Бог пагражае нам ужо шмат стагоддзяў запар, але гэта нічога не зьмяняе”.
Улічым гэта?..

Чаму маўчыць космас?
Беларускай літаратуры заўсёды бракавала фантастычных твораў. Быў, праўда, сацрэалізм з яго падагнанымі пад агульную схему штучнымі персанажамі ды іх учынкамі, але такіх мастацкіх рэчаў, што нараджаліся, скажам, у тых жа Г.Уэлса, С.Лема, О.Хаксьлі, С.Кінга, братоў Стругацкіх, знайсьці немагчыма – проста няма з чым параўноўваць.
Нельга сказаць, быццам айчынныя літаратары цалкам ігнаруюць падобны жанр. Успомнім “Фантамабіль прафесара Цылякоўскага”(1954), напісаны Я.Маўрам, яшчэ адзінкавыя спробы – і ўсё. Вопыт фантастычнага жанру адсутнічае. Думаецца, зьвязана гэта з тым, што падобныя творы ўзяць, так бы мовіць, са столі нельга. Адной пісьменьніцкай фантазіі тут малавата. Каб твор загучаў праўдзіва і пераканаўча, патрэбна навуковая падрыхтоўка, начытанасьць, бо, пагадзіцеся, навыдумляць можна чаго заўгодна. Але ці ня будзе яно ісьці ўразрэз з хіміяй, астрафізікай, біялогіяй?..
“Даніну павагі” падобным творам аддае і Ю.Станкевіч, мастацкая фантазія якога не абмяжоўваецца толькі зямнымі рэаліямі, сягаючы ў невядомую Вечнасьць. У навукова-фантастычным рамане “Пятая цэнтурыя, трыццаць другі катрэн” (2003). Адчуваецца сур’ёзнае пранікненьне ў абраную тэму, спроба абагуліць назапашаны чалавецтвам вопыт, зьвесьці навуковыя гіпотэзы разам. Магчыма, той-сёй адразу скрывіцца: маўляў, перадыху ўжо няма ад розных “х-файлаў”, “людзей у чорным”, “матрыц” і г.д., глупства ўсё тое – і баста!
Безумоўна, у падобных твораў свой (сьпецыфічны) чытач, як у спажыўцоў бульварных кніжак і бясконцых “мыльных” серыялаў. Таму, адкінуўшы магчымыя папрокі ў банальшчыне, “узброімся” канкрэтным тэкстам, каб выявіць узровень падрыхтоўкі ягонага аўтара ў спрадвечных пошуках няўлоўнай дасюль ісьціны, бо “само наша жыцьцё ў гэтым загадкавым, таямнічым і варожым Сусьвеце ня больш, як лёгкі, імклівы цень, што мільгае між дрэваў, бяжыць па траве і аднойчы зьнікае назаўсёды...”
Аднойчы над горадам зьявіўся гелікаптэр, з якога на зямлю сышлі трое аднолькавых зьнешне прышэльцаў. Што ім спатрэбілася на нашай грэшнай планеце – невядома. Але намеры ў іх, мяркуючы па пачатку, даволі агрэсіўныя. Людзей яны ігнаруюць.
Колькасьць персанажаў у рамане мінімальная. Апроч трох энланаўтаў, гэта рэпарцёр мясцовай газеты Багдан Кайра, які стаў сьведкам таямнічай місіі; аўдытар Пётра Саковіч, які падабраў у час візіту хранальны сінтэзатар невядомцаў; местачковы філосаф Зайцаў, бібліятэкарка Ліда Баркова ды невялікая група пазаасноўных асобаў.
Багдан Кайра пачынае журналісцкае рассьледаваньне. Мэта – сенсацыйны матэрыял. Тым больш, што ў руках – іншапланетны прадмет, здольны прадказваць будучыню. Аднак у планы прышэльцаў тое, вядома, не ўваходзіла. Яны наладжваюць “паляваньне” за зьніклым сінтэзатарам, зьнішчаючы на сваім шляху любыя перашкоды, што чыняць людзі.
Мы – прайграем. Пётра Саковіч пасьля кантакту памірае ад незразумелага апраменьваньня. Энланаўты забіраюць згубленую рэч. Рэпарцёр, страціўшы ўсякія доказы, разумее, што ягоная сенсацыя “ляснула”. І нічога не застаецца, як ажаніцца з Лідай Барковай ды “наталіцца нагбом” шматлікімі гіпотэзамі філосафа Зайцава, які сьцьвярджае, быццам наш сьвет віртуальны і існуе, як кампутарная сімуляцыя. Канцоўка заканамерная – энланаўты загадкава зьнікаюць, пакідаючы безьліч неверагодных версіяў у персанажаў раману і яго чытачоў. Ісьціна – недасягальная, хоць, як памятаем з вядомага фільма, і зусім побач. Нібыта паралельны сьвет, аддзелены ад нашага тонкай плёнкай магнітнага поля.
Часам здаецца, што праставаты да прымітыву сюжэт выкарыстаны аўтарам, каб сьвядома “абцяжарыць” уласныя думкі цытаваньнем вядомых вучоных, прывя­дзеньнем безьлічы фактаў, гіпотэзаў... Пісьменьнік пастаянна нешта тлумачыць чытачу. І гэта ня тое, што правільна, а проста неабходна. Без належнай аўтарскай дапамогі разабрацца ў прапанаваных “высокіх матэрыях” можа хіба толькі сьпецыяліст.
На маю думку, Ю.Станкевіч назапасіў даволі шмат цікавага “іншапланетнага” матэрыялу, каб паказаць чытачу маштабнасьць узьнятых пытаньняў, аднак апеляваньне да пэўных навуковых і проста невядомых крыніцаў падчас выходзіць на першы план, робячы сам сюжэт твору другасным, дэкаратыўным. Хаця, відаць, празаік імкнуўся зрабіць тое ўзаемадапаўняльнай кампазіцыйнай канструкцыяй. На самой жа справе атрымалася так, што твор лёгка распадаецца на дзьве часткі: уласна раман і навукова-пазнавальную брашуру паводле тэлеканала Дыскаверы, у якой сабраныя ўсе апошнія факты і гіпотэзы зьяўленьня чалавецтва, існаваньня паралельных вымярэньняў, невытлумачальных зьяваў тыпу НЛА і інш.
Плынь інфармацыі, абрынутая на чытача, уражвае. І ня толькі дасьведчанасьцю пісьменьніка, але і пэўнымі высновамі, напрыклад, наконт сэнсу чалавечага (зямнога) жыцьця-існаваньня.
Зьвернемся непасрэдна да тэксту. Вось як аўтар піша пра “балючую” для кожнага літаратара тэму: “...мозг чалавека ўспрымае думкі аднекуль звонку... Вучоныя дагэтуль ня могуць зразумець механізму творчага працэсу. Чалавекам кіруе НЕШТА, якое знаходзіцца за межамі яго цела. А самі мы – толькі віртуальныя біяробаты з наборам стандартных праграм паводзінаў. Імі кіруе Сьвядомасьць праз мозг, які служыць прыёмнікам і дапаможным сервісным кампутарам, што апрацоўвае інфармацыю. Адсюль выснова – вакол нас толькі субматэрыя, гэта значыць інфармацыя, а наш мозг канструіруе карціну акаляючага нас сьвету, інтэрпрэтуючы выпраменьваньні іншага, першаснага ўзроўню рэальнасьці, які існуе па-за нашым часам і прасторай”. Досыць “завумнае чытво”, ці ня так? Выходзіць, гэтае НЕШТА і падказала Ю.Станкевічу ідэю напісаньня ягонага твору, кіравала, так бы мовіць, рукой з асадкай. І рабілася тое, пэўна, з нейкай мэтай. Таму нават аспрэчваць вартасьць дадзенага раману ня варта. За ім – НЕШТА... А што/хто хаваецца за маёй “пісанінай”? Бо мы, згодна з аўтарскай канцэпцыяй, “маем справу з татальнай віртуалізацыяй і зьяўляемся суб’ектамі Маніпуляцыі ў маштабах усяго нашага Сусьвету”. Значыць, і за ўчынкі свае адказнасьці не нясем... Гэткія “вінцікі” вялікай сістэмы, створанай некалі Гіпергеймерам, Творцам па-нашаму. А тут яшчэ палтэргейст, гомеапатыя, тэлегонія, шаманізм, філіпінскія хілеры... Жах!!! Што рабіць звычайнаму чалавеку, які жыве ў звычайным панельным доме, у гэтым вар’яцкім сьвеце?! Адказ просты: “... жыць так, як нам падказваюць нашыя сумленьне і мараль”. (С.Кінг, напрыклад, пісаў, што “маральна ўсё тое, пасьля чаго мне хораша”.) Лагічна. Бо нічога больш не застаецца. Трэба прыстасоўвацца. Але, мабыць, і гэта нам ужо не дапаможа: “Чалавек саступіў з дарогі да Звышчалавека (паводле Ніцшэ? – заўв. С.Г.) і пачаў імкліва дэградаваць. Чорныя і жукаватыя, як сказана ў Оруэла, сталі запаўняць сьвет. Ня ўлада над матэрыяй і выхад у Космас, а спажываньне стала мэтай чалавека. А гэта тупік. Нас таксама сатруць з твару Зямлі, як і папярэднія няўдалыя цывілізацыі”. І на другой старонцы: “...які сэнс у нашым існаваньні? Чалавек дэградуе. Спажываць – вось што зрабілася для яго дамінантай. Вялікія нацыі выраджаюцца, а іх набыткі спажываюць сквапныя варвары, у якіх мэты ўсё тыя ж: размнажэньне, захоп тэрыторыі і спажываньне. Шлях тупіковы”. Я разумею заклапочанасьць аўтара немінучым канцом нашага прагматычнага сьвету і гэтак жа, як і ён, пісьменьнік, бездапаможна разводжу рукамі. І горка ўздыхаю. Так наканавана. Але цешу сябе надзеяй, што, магчыма, калісьці Асноўны Кантакт з тым, пазаматэрыяльным, пакуль нябачным і неспазнаным усё ж адбудзецца, і космас нарэшце перастане маўчаць. А можа (ідыёцкая думка!), ён нам увесь час нешта нашэптвае, толькі мы не ўслухоўваемся як мае быць? Катэгарычна не жадаем чуць і бачыць, хоць “усе энлэа, якія мы назіраем, і іх вытворныя” ўвесь час “усьвядомлена зазіраюць з іх рэальнага сьвету ў наш віртуальны дзеля, скажам, праверкі”. Чаго? Узроўню маральнасьці, стану прыроды, тэхнічнага прагрэсу? Ці наадварот – паступовага рэгрэсу, самазьнішчэньня?.. Хто мы? “Фантомы, згусткі інфармацыі”, якія ігнаруюць законы Сьветабудовы. Таму – асуджаныя на працяг Іхняга Эксьперыменту.
О накруціў! Адчуваю, як паступова-няўхільна пачынаю зьязджаць з глуздоў. Лішні раз пераконваюся: менш ведаеш – лепш сьпіш. А тут начытаўся та-ко-га, ад чаго не пакідае “пачуцьцё штучнасьці, хуткаплыннасьці і недасканаласьці жыцьця”. Амін.
Ці было нешта падобнае дасюль у беларускай літаратуры? Прыгадаць цяжка. “Мадэль пачатку, разьвіцьця і канца нашага Сусьвету”, сканструяваная Ю.Станкевічам, вядома, недасканалая, як недасканалыя ўсе веды, якія чалавецтва з цягам гадоў працягвае нястомна назапашваць. Мы ведаем, паводле Сакрата, што нічога ня ведаем. І гэтае нічога будзе доўжыцца да бясконцасьці. Як вечнасьць у абдымках касьмічнай бездані.
Вас зацікавіла маё дылетанцкае іранічна-эмацыйнае падарожжа па старонках рамана Ю.Станкевіча? Калі так, то жадаю прыемных хвілінаў яго прачытаньня. Твор варты таго, каб ведаць, што і мы, аказваецца, нешта ўмеем на ніве фантастыкі. Якая традыцыйна папярэджвае, не пакідаючы чалавеку аніякага спадзеву на паратунак ад сябе самога.

Куды ідзе ecce homo?
У вядомага амерыканскага пісьменьніка Сьцівена Кінга, які ў сваіх творах аддае перавагу містычнаму пазнаньню сьвету і чалавека, ёсьць раман “Лавец сноў” (2001). Індзейскі амулет з падобнай назвай увасабляў абярэг ад усялякага зла і разнастайных страхаў. Чаго-чаго, а гэтага ў нашым нестабільным жыцьці больш чым дастаткова. Чалавечых фобіяў шмат: скажам, боязь памерці, страціць прэстыжную працу і г.д. Але сустракаюцца і даволі сьпецыфічныя: напрыклад, страх страціць сваю Радзіму ці быць яе вечным шукальнікам. Непераадольны і ўсёпаглынальны страх. Хаця, для каго як... У некаторых ён наогул адсутнічае, бо ўяўляецца абсурдным. А бывае, што сама гістарычная рэальнасьць абумовіла яго ўзьнікненьне – для нацыі, канкрэтнай дзяржавы. Аб гэтым – ніжэй.
Аповесьць Ю.Станкевіча “Лавец сьвятла поўні” (2004) ўяўляе сабою дарожныя нататкі невядомага вандроўніка. У сучаснай беларускай літаратуры рэдка калі сустрэнеш твор, каб той аднолькава цікава і займальна (!) чытаўся як у падзейным, так і ў зьместавым планах. Часта белетрызавана-прыгодніцкі сюжэт зусім ня мае сэнсавага падмацаваньня, звыш-ідэі, але нават пры яе, здавалася б, уяўнай прысутнасьці напісанае ўсё роўна выглядае прымітыўнай падробкай пад лепшыя класічныя ўзоры. Дасягнуць адпаведнага майстэрства ва ўзаемапранікальнасьці задумы і шляхоў яе ўвасабленьня даволі складана і па сілах ня кожнаму. Куды прасьцей па старой завядзёнцы “кляпаць” “глыбінна філасофскую” вясковую прозу ды жыцьцёвую бытавуху ва ўсёй яе непрывабнай “арыгінальнасьці”. З прэтэнзіяй на мастацкае адкрыцьцё.
Прозу Ю.Станкевіча ня зблытаеш з іншай. Няхай у ёй падчас эксьперыментальных пошукаў і трапляюцца недакладнасьці і мастацкія агрэхі, аднак аўтару, на мой погляд, даравальна ўсё, акрамя бесчалавечнасьці і адкрытага хамства, калі ён знаходзіцца ў нястомным руху спасьціжэньня ісьціны быцьця.
Аповесьць пісьменьніка закранае малавядомыя старонкі айчыннай гісторыі і ставіць актуальныя пытаньні сучаснасьці. З першых радкоў чытач апынаецца ў палоне бязьмежна-таямнічай фантазіі аўтара, які здолеў жыцьцёвыя рэаліі не адарваць ад праўды, зрабіўшы тое доказна, абгрунтавана і запамінальна.
У словах, узятых эпіграфам, закладзены сэнсавы стрыжань твору: “...Нікому не пажадаю сваёй Радзімы. Толькі сабе...”. Ад гэтага і адштурхнёмся.
Аповесьць складаецца з трох частак, якія існуюць як бы паралельна. Твор нібы распадаецца на два часавыя вымярэньні, мастацкія ўзроўні, прычым зьнешні і ўнутраны бок суадносяцца на аснове агульных развагаў пра лёс краіны, чалавецтва і месца асобы ў гісторыі. Рэальны (падзейны) план аповесьці перамяжоўваецца з навуковымі гіпотэзамі, у прыватнасьці, антрапалагічнага кшталту. На першы погляд можа падацца, што робіцца гэта аўтарам штучна: маўляў, арыгінальны сюжэт плюс дзясятак афрыканскіх “баек” пра побыт тубыльцаў – і посьпех забясьпечаны. Але... Я ўжо адзначаў, кажучы пра раман Ю.Станкевіча “Пятая цэнтурыя, трыццаць другі катрэн”, гэтую заканамернасьць. Праўда, там яна была больш істотная, і твор сапраўды распадаўся на дзьве часткі, дзякуючы безьлічы спасылак і цытатаў з навуковых крыніцаў. У аповесьці падобны “паралелізм” таксама прысутнічае, хоць ужо ў меншай ступені. Аднак некаторая нацягнутасьць у паказе “беларуска-афрыканскай тэмы” ўсё ж адчуваецца.
У кампазіцыйных адносінах твор уяўляе дзёньнік, які прапануе ўвазе чытачоў навуковец Севярын Перагуд. Падчас эксьпедыцыі па адным з рэгіёнаў Паўднёвай часткі Цэнтральнай Афрыкі ён сустрэўся ў тропіках з “вядомым палеантолагам, этнографам, натуралістам і шукальнікам прыгод Майклам Ракфелерам”, рэальным чалавекам, які таямніча зьнік некалькі гадоў таму. Аказваецца, ім была знойдзеная запісная кніжка невядомага вандроўніка і навукоўца, напісаная кірыліцай на славянскай мове. Яна і складае зьмест аповесьці.
У першай частцы “Праваднік “Сплюшка” падзеі разгортваюцца ў 40-х гадах мінулага стагоддзя, падчас Вялікай Айчыннай вайны. На старонках дзёньніка ягоны аўтар не рассакрэчвае свайго сапраўднага імя, бо гэта ў тагачасных умовах магло каштаваць яму жыцьця. “Сплюшка” (начная птушка з атрада савіных) ці “Лунатык” уваходзіў у склад “бульбашоў”, якія ставілі мэтай незалежнасьць сваёй краіны – ад немцаў і бальшавікоў. Адстойваючы нацыянальныя інтарэсы, “бульбаўцы” змагаліся і з тымі, і з другімі. Цудам ацалелым у час сталінскіх рэпрэсіяў “ворагам народу” нічога не заставалася, як моўчкі, церпячы паразу за паразай, змагацца за родную зямлю.
Сплюшка расказвае пра сваю сям’ю, знаёмства ў турме напярэдадні вайны з капітанам Янам Шэстакам, службу ў ягоным атрадзе, удзел у разнастайных партызанскіх акцыях і дыверсіях. Герою пастаянна даводзіцца змагацца за ўласнае жыцьцё, імкнуцца не загінуць у ваеннай калатнечы дзеля высокай мары. І гэта яму, спрактыкаванаму і знаходліваму (няйнакш персанаж паўночных апавяданьняў Дж.Лондана), удаецца. Ён дзейнічае пераважна ноччу. Лес і поўня – яго лепшыя сябры.
Без залішніх эмоцыяў (што за характар!) Сплюшка апісвае непрывабныя бакі ваеннага часу: марадзёрства, недарэчныя сьмерці, зьдзекі з мірнага насельніцтва; можа, занадта завастрае ўвагу на натуралістычных дэталях забойстваў, але пры гэтым мы адчуваем унутраную напружанасьць героя, псіхалагічную апраўданасьць многіх яго ўчынкаў.
У рэшце рэшт з-за шматлікіх правалаў Сплюшка вымушаны быў перабрацца ў горад і ўжо там працягваць сваю дзейнасьць.
Другая частка аповесьці – “Зялёнае пекла” – знаёміць нас з новым перыядам у жыцьці персанажу. Дзеяньне ў запісной кніжцы адбываецца ўжо ў 50-х гадах і пераносіцца на Афрыканскі кантынент. Напрыканцы вайны Сплюшка ўступіў у шэрагі Краёвай Абароны і з баямі адступаў на захад. Надзеі на незалежнасьць ня спраўдзіліся. Прыйшлося ратавацца ад карнай савецкай машыны далёка ад Радзімы.
З цягам часу жыцьцё занесла непрыкаянага Сплюшку ў Афрыку, дзе ён разам з Жакам Дэлізам удзельнічаў у навуковай эксьпедыцыі, падчас якой наладжваў гандлёвыя зьдзелкі з абарыгенамі і займаўся дасьледчай работай.
І тут для чытача пачынаецца самае цікавае. Прабіраючыся па густых джунглях, атрад знаёміцца са шматлікімі плямёнамі, іх побытам, звычаямі. Аўтар падрабязна (з непадробнай уедлівасьцю) спыняецца на экзатычным матэрыяле, ад чаго, у ідэале, пазнавальнае значэньне твору толькі выйграе. Аднак гэтым “сумніўным” захапленьням межаў няма. Захапіўшыся “тэхналогіяй” канібалізму, пісьменьнік незаўважна пераносіць яго ледзь не на першы план. І я ў прадчуваньні нязвыклага меню ўжо пачынаю аблізваць ад нецярпеньня пальчыкі. Прапаную досыць “апетытны” кулінарны рэцэпт з “кухоннай кнігі” Ю.Станкевіча: “... чалавечае мяса асабліва сакавітае, а самай вялікай прысмакай лічацца далоні, пальцы рук і ног, а ў жанчын – іх грудзі (у іншых – смажаныя мазгі і плоць з галоў, заўв. С.Г.)... людаеды племені бафумбанса перад сьмерцю катавалі сваіх палонных. Яны кіпяцілі пальмавы алей і з дапамогай тыквы, якая выкарыстоўвалася ў якасьці клізмы, вылівалі вар ці праз горла ахвяры ў страўнік, ці праз задні праход у кішэчнік... пасьля такой папярэдняй працэдуры мяса вязьняў станавілася больш сакавітым і мяккім. Целы памерлых яшчэ доўгі час ляжалі, пакуль не прапітваліся алеем наскрозь, пасьля чаго іх расчлянялі і прагна паядалі”. Яшчэ я даведаўся, што чалавечая кроў – гэта сапраўдны дэлікатэс, асабліва зьмяшаная з мукой маніёкі. А ўжо, чаму аддаць перавагу – сьвежыне ці закапанаму ў зямлі на некалькі дзён мясу, залежыць ад вашага густу і схільнасьцяў.
Асабліва ўразіў працэс рытуальнага забойства: “... ад цела жывой ахвяры пачалі адразаць кавалкі мяса. Адзін выбраў сабе частку нагі (як у гастраноме, заўв. С.Г.), другі – біцэпс на руцэ, трэці выразаў кавалак з грудзей, а чацьвёрты – з паха [...] Адзін з хеўры нацадзіў у кацялок крыві з ран, другі нажом зьдзёр усю плоць з твару да касьцей – ад ілба да горла, выразаў язык і выкалаў ахвяры вочы. Увесь гэты час вязень быў жывы і жалобна мыкаў праз заткнуты рот. Памёр ён толькі тады, калі яго паласнулі нажом па горлу”. Вас яшчэ не ванітуе? Пасьля такіх яскравых і пераканаўчых хірургічных падрабязнасьцяў для гэтага самы час. Чалавека рэжуць – а ён толькі жалобна мыкае. Ня веру!
А ўжо пра крайнюю плоць у хлопчыкаў і клітар у дзяўчынак, якія адразаюць у час ініцыяцыі, я ўвогуле маўчу, як, дарэчы, і пра павальнае захапленьне мастурбацыяй і распаўсюджанасьць педэрастыі з аральным сексам. Скажу шчыра, многае з пералічанага ўразіла сваім непрыхаваным “выхаваўчым” пафасам. Будзе што на схіле гадоў расказаць унукам нанач або настаўніку на ўроку. Жах!!! А можа, гэта нармальна, і я памыляюся? Рэалізм без тармазоў, адным словам! Заморскі экстрым. Ці патрэбны ён у такой празьмернасьці? Дапусьцім, напрыканцы твору аўтар як быццам і апраўдвае гэта задумай і многае тлумачыць. Але пытаньні наконт крывава-эратычнай разьняволенасьці ўсё ж застаюцца...
Разам з тым цалкам натуральна выглядаюць апісаньні незвычайнай прыроды Афрыкі і яе насельнікаў-жывёлаў. Тут станоўчая пазнавальнасьць дамінуе за папярэднюю.
У аповесьці Ю.Станкевіча шмат развагаў навуковага, філасофска-быційнага плану. Некаторыя з іх ён укладвае ў вусны персанажаў, пад канец прамаўляе сам, падво­дзячы выснову напісанаму.
Падчас падарожжа скрозь джунглі аўтара дзёньніка апаноўвае невылечная настальгія па Радзіме, далёкаму, няхай і непрывабнаму, мінуламу, “няшчаснай краіне”, у якую ня суджана больш ніколі вярнуцца... Сплюшка заўсёды (з гонарам!) падкрэсьлівае сваю нацыянальную прыналежнасьць і такія рысы менталітэту, як трывушчасьць і цягавітасьць: “Мы такі народ – індзейцы Еўропы”. І ў гэтым прысутнічае вялікая доля горкай праўды. Толькі неяк сумна становіцца, калі ўзгадаць, чым скончылася для індзейцаў татальная каланізацыя... Прымусовыя рэзервацыі і паступовае выміраньне. Старажытнай культуры і цэлага этнасу...
Ключавою часткаю аповесьці зьяўляецца... апошняя – “Імя”, – у якой максімальна сканцэнтраваная аўтарская пазіцыя і асноўныя навукова-філасофскія абагульненьні сучаснага этапу разьвіцьця чалавецтва і яго далейшых персьпектываў.
Севярын Перагуд сьцьвярджае, быццам паходжаньне чалавека больш старажытнае, чым лічаць прыхільнікі дарвінізму, але тыя наўмысна не прызнаюць яго, паколькі гэта “ставіць пад удар усю тэорыю эвалюцыі”. Што, бясспрэчна, пагражае вялікім грамадскім узрушэньнем: маўляў, трэба ж, “чалавек існаваў на Зямлі значна раней ўзьнікненьня першых прыматаў”! І гэта пацьвярджаюць неверагодныя артэфакты і знаходкі, паводле якіх мы існавалі дзясяткі, сотні (!) мільёнаў гадоў таму. А “тэорыя Дарвіна можа быць увогуле зваротнай, гэта значыць, што чалавек паходзіць не ад малпы, а наадварот – малпа паходзіць ад яго, і ў сувязі з гэтым можна гаварыць не аб эвалюцыі, а пра дэградацыю...”
Некаторыя лічаць, што існуе альбо існавала звышраса (аўтаномна ад іншых цывілізацыяў), якая акружыла сябе “непрыступнымі бастыёнамі з першабытных плямёнаў”, скажам, у той жа Афрыцы, куды цягнула шматлікіх дасьледчыкаў. Але пры чым тут Беларусь, спытае цікаўны чытач. “Глабальныя метафізічныя мутацыі кшталту камунабальшавізму, які пераўтварае калектыўны розум цэлых рас і цыві­лізацый у інструмент самазьнішчэньня”, – вось адказ на гэтае пытаньне. “Чарговы збой у працуючай Праграме”, што “заклаў сам Творца”, абарочваецца трагедыяй для народу і ставіць пад сумненьне яго гістарычную неабходнасьць.
Ю.Станкевіч недвухсэнсоўна дае зразумець, што для таго, каб выжыць у гэтым жорсткім сьвеце (і прыклад Афрыкі тут невыпадковы), дзе ідзе бясконцая барацьба за “месца пад сонцам”, “трэба навучыцца адзінству і супрацоўніцтву, інакш надзеі няма”. Таму народы і расы, ня здолеўшыя выстаяць у зацятым змаганьні, гінуць.
Найбольш цяжка прыходзіцца народу-донару, які напрацягу пэўнага часу жывіць шматлікіх драпежнікаў і паразітаў, сваёй душэўнай (ад прыроды) шчырасьцю і талерантнасьцю дазваляе “ўрывацца ў іх прастору і адцясьняць” на ўзбочыну сусьветнай гісторыі, паступова дэградуючы і самаліквідоўваючыся. Заражаныя сьмяротным вірусам бяспамяцтва і духоўнага канібалізму – паміраюць назаўжды. Цікавая паралель з раманам кітайскага пісьменьніка Лао Шэ “Запіскі пра Кашэчы горад” (1933): “.. людзі, якія не паважаюць саміх сябе, ня могуць разьлічваць на чалавечае стаўленьне... У іх не было будучыні, а іх сёньняшняе ўвасобіла ў сабе ўвесь сорам чалавецтва... яны да самага канца не навучыліся дзейнічаць разам”.
Усе гэтыя “эмпірычныя” развагі ў рэшце рэшт зводзяцца да наступнага, даўно вядомага, але так і не засвоенага: “Калі нашая няшчасная краіна ў мінулым пазбавіл­ася такіх, як ён [Сплюшка], і яго аднадумцаў, то лёс яе прадвызначаны. Вартая жалю зямля, на якой не знаходзіцца месца такім людзям, і вартыя жалю людзі, якія на ёй жывуць”. Параўнаем з Б.Брэхтам: “Няшчасная тая краіна, у якой няма герояў. Якая мае патрэбу ў героях”.
Паказальнай, па-мойму, зьяўляецца тут і пераклічка з вядомым творам нямецкага філосафа Ф.Ніцшэ “Ecce Homo” (1888), дзе на першы план выступае культ моцнай, нескаронай асобы – звышчалавека, – які ў сваіх дзеяньнях кіруецца інстынктам свабоды і незалежнасьці ў адносінах да ідэалогіі масавай сьвядомасьці натоўпу. Як вядома, Ф.Ніцшэ прадказваў распад еўрапейскай духоўнасьці і дэвальвацыю яе каштоўнасьцяў, узьнікненьне таталітарызму з яго нівеліроўкай чалавека пад усеагульную роўнасьць. Супрацьстаяць гэтаму, на думку філосафа, мог толькі звышчалавек, своеасаблівы этычны ідэал будучыні ўсяго чалавецтва: самаахвярны, сумленны, бясстрашны, непахісны ў поглядах і цьвёрды ў гераічных учынках.
Вядома ж, Сплюшка ніякі не супергерой кшталту Рэмба ці Тэрмінатара, але гэта несумненны прыклад жыцьцёвага крэда. Персанаж аповесьці з уласьцівай яму апантанасьцю мог стаць у шэраг Амундсэна, Хеердала і Скота, вялікіх падарожні­каў і навукоўцаў, з гучным імем, але так і застаўся нерэалізаваным, безыменным, неўтаймоўным лаўцом-шукальнікам сьвятла Месяца, далёкай, няўлоўна-прывіднай Радзімы, якая яго нават ня ведала і наўрад ці калісьці прыме.

Хто сьмяецца апошнім
Што патрэбна для таго, каб напісаць сатырычны твор? Думаю, па-першае, мець пад рукой “удзячны” матэрыял, які сам просіцца на паперу, пераўвасобіўшыся ў мастацкай форме ў нешта надзвычай яркае і запамінальнае. Па-другое, валодаць адпаведным майстэрствам у ажыцьцяўленьні задумы, літаратурнай “тэхнікай”. Па-трэцяе, быць неабыякавым, прынцыповым чалавекам, які ніколі не прамаўчыць, калі на вачах будуць зьнішчаць другога, рабіць паскудства і інш., прыкрываючыся маскай ілжывай дабрыні, сумленнасьці і прыстойнасьці. А галоўнае – не забываць, што сатырычная абмалёўка рэчаіснасьці і яе “персанажаў” мала каму падабаецца. “Бач які крытыкан знайшоўся! – пачуеш гнеўную водпаведзь раззлаваных кар’ерыстаў, хабарнікаў, псеўдавучоных і прайдзісьветаў. – Сам хіба сьвяты? Памаўчаў бы...” У адказ, як правіла, варта чакаць непрымірымую нянавісьць, зайздрасьць і імкненьне адпомсьціць любой цаной: зьнішчыць крыўдзіцеля незаслужана выкрытых у амаральнасьці раз і назаўсёды. Калі такі сцэнар разьвіцьця падзеяў вам даспадобы, то вы “закончаны” сатырык, які не баіцца дзеля ўласных прынцыпаў і перакананьняў страціць прэстыжную працу, павагу пэўных людзей, атрымаўшы ўзамен вечны ярлык – ненадзейны таварыш. А цяпер паглядзіце вакол. Дзе вы, пісьменьнікі-сатырыкі? “Неистовые” літаратурныя крытыкі? Няма. Яно і зразумела: у наш нестабільны рыначны час псаваць адносіны ня хоча ніхто. Прынцып на хлеб не намажаш.
Калі я чытаў “Сатырыкон” Ю.Станкевіча, які ўбачыў сьвет у 2003 годзе і на які не было ніводнай рэцэнзіі, падумаў: у чым справа? Аўтара падобных твораў на руках трэба насіць, а мы – маўчым. Бо напісана пра нас. Бяз рэтушы. Пачаў прыкідваць, каго можна назваць з пісьменьнікаў адышоўшага стагоддзя “аматарамі” беларускай сатырычнай “традыцыі”. У чыстым выглядзе – нікога. А так – найперш А.Мрый з ягоным Самасуем, далей К.Крапіва з Гарлахвацкім, А.Макаёнак і... Нічога. Пустата. Рэдкія сатырычныя (хутчэй парадыйныя) рэплікі П.Панчанкі, Н.Гілевіча, Р.Барадуліна... А проза? З кім параўноўваць?
У кнігу Ю.Станкевіча ўвайшлі пяць аповесьцяў, напісаных у першай палове 90-х гадоў і сабраных (паводле ўмоўнага сатырычнага жанру) пад адной вокладкай. Зьмест твораў закранае розныя бакі нашага непрывабнага ў пэўных зьявах жыцьця. Мінулага і сучаснага. Паяднаных агульнай савецкай гісторыяй з намёкам на “працяг тэмы”.
Сам пісьменьнік у пачатку кнігі адзначыў: “Падзеі, якія адбываюцца ў аповесьцях, у гіпертрафіраванай сатырычнай форме адлюстроўваюць наш нядаўні час... іх герояў мы можам і зараз сустрэць побач, і ў самым розным асяроддзі”. І сапраўды, вострае, не пазбаўленае добрай іроніі, зьнішчальнае асьмяяньне грамадскіх зьяваў, паказаных у творах, пераконвае ў гэтым.
У аснове аповесьці “Тэракт” анекдатычная сітуацыя, даведзеная палітычным ладам савецкай эпохі да ўласьцівага ёй абсурду. Напярэдадні сьвяткаваньня 60-годдзя Кастрычніка ў правінцыйным гарадку сакратар райкаму партыі па ідэалогіі Марыя Салавей, аглядваючы прыгатаваную для ўрачыстага выступленьня трыбуну на цэнтральнай плошчы, убачыла на драўлянай падлозе... чалавечы экскрэмент. А гэта ўжо яўная контра і правакацыя, скіраваная на падрыў усёй сацыялістычнай сістэмы. Пачынаецца актыўны пошук вінаватага. Замест таго, каб проста прыбраць экскрэмент, на які магло наступіць падчас вітаньня дэманстрацыі працоўных раённае начальства і нават таварыш з абкаму. Ніхто з гэтым зьвязвацца не жадае. У выніку – тэракт адбыўся. Партыйцы ўлезьлі ў экскрэмент, сімвалізуючы ўвесь бруд панаваньня ўтапічнай камуністычнай ідэалогіі з яе ўяўным чалавечым шчасьцем, замбаванай сьвядомасьцю, запалохваньнем і адмаўленьнем права выбару.
Надзвычай актуальным ва ўсе часы зьяўляецца і наступны твор “Сьвінапузь”, у якім праўдзіва і зьедліва намаляванае правінцыйнае літаратурнае асяроддзе з яго шматлікімі графаманамі і непрызнанымі Нобелеўскім камітэтам геніямі. Паколькі тэма, так бы мовіць, блізкая кожнаму пісьменьніку, спынімся на ёй падрабязьней.
Цэнтральны персанаж аповесьці – старшыня літаб’яднаньня пры раённай газеце “Радасны шлях” Павел Сінчук. Збольшага разьбіраючыся ў паэзіі і ў надзвычай ранімых і далікатных (але дужа амбіцыйных і пасрэдных) пісьменьніцкіх душах, ён умела маніпулюе мясцовымі сачыніцелямі, адкрыта зьдзекуецца з іх і жыве за кошт прапіхваньня ў друк і рэдагаваньня бясконцых опусаў сумніўнай якасьці. Гэткі Астап Бэндэр з літаратурным ухілам. І той, і другі ствараюць кааператыў па ашукваньні неабачлівых і недалёкіх у разумовым плане людзей.
Чытаючы аповесьць, толькі зьдзіўляешся, як аўтару ўдалося знайсьці такую колькасьць бездапаможных у літаратурнай дзейнасьці персанажаў, да якіх адчуваеш хутчэй агіду, чым звычайнае шкадаваньне. Гэта процьма бездараў, асобаў, чыя самападманная вера ў боскую абранасьць і адчувальны ўнёсак у сусьветную літаратуру зьяўляецца ня больш чым фарсам, камічным, горкім і непрыемным. Чалавек, пазбаўлены самакрытычнасьці, здольнасьці зірнуць на сябе, любімага, збоку, рэальна ацаніць уласныя магчымасьці – даволі рэдкая зьява ў пісьменьніцкім бамондзе. Тыя, хто гэта разумее, літаратурай не займаюцца, а чытаюць прызнаных класікаў, па-добраму зайздросьцячы і радуючыся сапраўднаму (няхай і чужому) таленту.
Яшчэ нядаўна я з непадробнай цікавасьцю наведваў штомесячныя пасяджэньні літаб’яднаньня, што дзейнічае пры рэдакцыі Брэсцкай абласной газеты “Заря”. Мне падабалася назіраць за пісьменьнікамі ўжывую, разумець іх псіхалогію, бачыць паводзіны на бытавым узроўні – тую, часьцяком непрывабную, творчую кухню, пасьля якой надыходзіць расчараваньне ў людзях, у тым ліку мясцовых “квасікаў” (па прычыне іх трапяткой “чарнільнай” любові), маральных каштоўнасьцях і літаратуры наогул. На пасяджэньні ў 90 адсотках прыходзілі тыпы, падобныя персанажам Ю.Станкевіча, яны гатовыя шматгадзінна (як на пленумах ЦК) чытаць напісанае, не зьвяртаючы ўвагі на тое, ці слухае нехта іх рыфмаваную балбатню. Галоўнае – выказацца, нават у інтэлектуальную пустату, дзе для кожнага важна адно – пачуць самога сябе (так і ў чыстым полі можна крычаць!) і атрымаць ад гэтага порцыю невыказнай асалоды і неабдымнага шчасьця, зарад натхняльнай бадзёрасьці ў далейшых подзьвігах на ніве вершапісаньня. А потым у нястрымным запале сьвятой і радаснай наіўнасьці нахвальваць творы суседа, такія ж безгустоўныя і шэрыя, паказваючы (не – даказваючы!) прысутным свой прафесіяналізм і тонкую эрудыцыю ў высокіх матэрыях. Варта недасьведчанаму ў кампліментарных “літзьлётах” навічку пачаць недвухсэнсоўна хіхікаць і абурацца з прапанаванай халтуры і графаманіі, як тут жа атрымлівае гнеўнае (была б зброя, далібог, пастраляліся): “Асадзі назад!!!”...
“Сьвінапузь” – гэта ня толькі назва аповесьці, але і загаловак вытворчай паэмы, напісанай некалі Сінчуком да дзесяцігадовага юбілею сьвінакомплексу. У ёй “адлюстраваны посьпехі прадпрыемства і адміністрацыі”, “праслаўлены дырэктар, планавікі і бухгалтэрыя, а таксама лепшыя сьвінаматкі і кныры”. Вакол твору пануюць інтрыгі, ён становіцца аб’ектам сьпекуляцыяў, больш таго – непераўзыдзеным шэдэўрам усіх часоў і народаў, сімвалам бездакорнага майстэрства, прыцягальным для іншых. У прыватнасьці, для ціхмянага агранома Сямёна Бенуша, ня здольнага “выціснуць з сябе ніводнага радка”. Паэма была нахабна выкрадзеная, парэзаная на кавалкі і паказаная ў сталічнай рэдакцыі. Межаў абсурду няма.
Сінчук – тыповы прадстаўнік ня лепшай часткі паэтычнай браціі, які прынцыпова не жадае ўкалваць на цяжкай фізічнай працы (сьлесарам на сьмярдзючай сьвінаферме), а шляхам махлярства зарабляе на чужой наіўнасьці і творчай нікчэмнасьці. І тыя, каго ён абдурвае, беручы авансам грошы за будучыя публікацыі і кнігі, заслугоўваюць гэта. І зразумела чаму.
Аўтар з дапамогай сатырычных прыёмаў выкрывае ня толькі літаратурны асяродак, але і людзей не на сваім месцы, якія займаюцца выпадковай дзейнасьцю, у чым не разьбіраюцца, і даводзяць працу да ідыятызму. Возьмем тых жа журналістаў “раёнкі” “Радасны шлях”: “Адказны сакратар Пшытыцкі, настаўнік па адукацыі, які калісьці выпадкова трапіў у газету, нічога ня мог напісаць, але добра ведаў, якія канчаткі трэба ставіць у родным склоне, і аж трымцеў усіх павучаць... Вершы Пшытыцкі пісаў урыўкамі, бо ў асноўным займаўся тым, што зьбіраў дасье на кожнага супрацоўніка... набліжалася 70-годдзе газеты, і ён ліхаманкава стварыў гіганцкую паэму, прысьвечаную юбілею”, якую, “аддрукаваную ў тысячах экземплярах, планавалася скінуць над горадам з самалёту. У гэты дзень Пшытыцкі меркаваў увайсьці ў гісторыю літаратуры”. І галоўны рэдактар Тараканаў гэтае арыгінальнае жаданьне цалкам падтрымліваў.
Дастаткова назьдзекаваўшыся з мясцовых пісак, Сінчук хутка мяняе “месца дыслакацыі”: перабіраецца ў суседні раён, дзе ўладкоўваецца ў газету літкансультантам, а значыць, працягвае падрыўную дзейнасьць на літаратурнай ніве. Балазе, адпаведнага кантынгенту хапае ўсюды.
Даўно я так не сьмяяўся, як над старонкамі “Сьвінапузі”, якая раскрывае вочы на літправінцыйнае “сьвінства”. У творчасьці, стасунках, паводзінах. Так званых пісьменьнікаў, “інжынераў чалавечых душ”. Няўжо “сьвінства” сярод людзей ніколі ня скончыцца?
Яно паўсюль. Яно стала ладам жыцьця савецкага чалавека. Яго alter ego. Сутнасьцю. Гэта паказчык унутранай культуры і жыцьцёвай пазіцыі. Увасабленьне грамадскай атмасферы. Імкненьне выжыць сярод хаосу і бездухоўнасьці.
Былы трэнер па боксу Кнурык з аповесьці “Балваны” – ахвяра часу, у якім вымушаны змагацца за існаваньне. Выгнаны з дому жонкай за любоў да гарэлкі, ён уладкоўваецца ў забытай будаўнікамі бытоўцы, дзе разам з таварышам па мянушцы Плахіш праварочвае прыбытковыя афёры: крадзе помнікі пралетарскіх дзеячаў з гарадскіх скверыкаў і дворыкаў ды “заганяе” іх іншаземцам па сходнай цане. Абы было за што выпіць. Бо гэта – найвышэйшы сэнс сьветабудовы. Выпіць, смачна закусіць і ўпасьці ў прастрацыю. А прачнуўшыся, паўтарыць... У выніку непераадольнай цягі аматараў скульптуры да сьпіртнога горад пакрысе пазбавіўся шасьці Ільічоў, трох Марксаў, трох Дзяржынскіх, двух Чапаевых, а таксама Суворава, Клары Цэткін, Лазара Кагановіча і іншых – ужо больш дробных – фігураў айчыннай (?) гісторыі. Мэр Цельпукевіч у шаленстве. Скандал сусьветнага маштабу! І тэрарыстычная роля Захаду тут бясспрэчная.
У апошняга правадыра, які стаяў на цэнтральнай плошчы, удалося адпілаваць толькі галаву – перашкодзілі позьнія наведвальнікі, адданыя партыі, што вырашылі ноччу (!) ускласьці чырвоныя гвазьдзікі да ног бацькі рэвалюцыі. Засьпеты на помніку, Кнурык прыкідваецца Ільічом і размаўляе з тымі, хто ўнізе, раз-пораз плюючы на іх зьверху. Карціна!
А канцоўка твору шматабяцальная: адным ранкам прыехалі будаўнікі з кранам і пагрузілі вагончык з Кнурыкам на тралер. Бытоўку павезьлі на новы ўчастак. Каб... Правільна: працягнуць “выкарчоўку” падобных статуяў. Працы – непачаты край. Пакуль яна ня будзе завершаная, мы працягваем жыць у мінулым. А гэта ўжо як каму падабаецца.
У цэнтры наступнай аповесьці “Катавасія” сітуацыя ня менш парадаксальная за папярэднія. Інжынер Гапановіч атрымаў у спадчыну ад памерлай цёткі пародзістага ката Васю, які, прадаўжаючы па заказе кліентаў кашэчы род, прыносіць свайму гаспадару немалы прыбытак. Дзеля прыколу ён вырашае папужаць знаёмага фірмача Кацапюка рэкетам: грошай у таго – куры не клююць. Міліцыя натхнёна шукае шантажыста, бярэ ў кола памыйную скрыню, куды той мог зьявіцца за пакінутай сумай долараў. Няўдалы жарт абарочваецца катавасіяй, якая выкрывае хворыя плямы грамадства ў пераломныя часы яго эканамічных і палітычных хістаньняў, ідэалагічнай нявызначанасьці і маральнай анархіі.
Аповесьць “Парыж – Лабідудава” расказвае аб падрыхтоўцы да прыезду ў райцэнтр французскіх гасьцей. Маці загінуўшага лётчыка, які падчас вайны служыў у палку “Бургундыя – Днепр” (у гісторыі “Нармандыя – Нёман”), жадае наведаць мясьціны колішняй баявой славы, аддаць даніну павагі тым, хто беражліва захоўвае памяць аб Жан-Луі. Аднак... Вуліца яго імя хутчэй нагадвала сьметнік і брудную канаву, пасярод якой “рохкаў вялізны кормнік”. Аб “належным” ушанаваньні героя сьведчыў бруд і неахайнасьць. Спроба прывесьці вуліцу ў парадак скончылася правалам і “ледзь не міжнародным скандалам”. Мадам Гурон адмовілася ехаць у горад, дзе “парушаецца свабода слова і правы чалавека”. Недарэчным выглядае і тое, як раённая “вертыкаль” выкарыстоўвала гуманітарную дапамогу (нямецкія галіфэ і шынялі), што ператварала апранутых у яе людзей у клоўнаў, якія напрыканцы твору качаліся на “добраўпарадкаванай” вуліцы ў сьвінячым гноі...
З кнігі Ю.Станкевіча паўстае вялікая галерэя тыповых вобразаў з адпаведнымі прозьвішчамі: Гепеушын, Караўка, Сьвіньіна, Стук, Воласагалоў, Кілбасава, Баран, Самахвал і інш. Праз прызму іх паводзін аўтар дасьледуе нацыянальны характар і гісторыю краіны, выступае з негатыўнай ацэнкай пэўных зьяваў.
У невялікіх, але даволі дынамічных творах няма псіхалогіі, надакучлівага маралізатарства. Гэта зрэз рэальнасьці з натуры. Умела пададзеная жывая карцінка, якая, пачынаючыся з нічога, нічым і заканчваецца. Бо такое жыцьцё. Персанажы самі раскрываюць сябе праз учынкі, зьнешнасьць – высьмейваюцца знутры. І асуджальны пафас амаль няўлоўны. А пачуцьцё прыкрасьці зьмягчае фарсавая гульня, у якой аўтар выходзіць пераможцам.
“Сатырыкон” Ю.Станкевіча лішні раз засьведчыў: сьвет не зьмяняецца, а людзі тым больш. Адзінае, што застаецца нам у абсурдным існаваньні, гэта здольнасьць сьмяяцца, успрымаць рэчаіснасьць такой, якая яна ёсьць, і быць упэўненым: той, хто яшчэ жартуе, найперш з сябе, ня страціў надзею на лепшае, а значыць, калі-небудзь абавязкова стане жыць нармальна. Няхай і не ва утапічным райскім Эдэме, а тут, на грэшнай зямлі, сярод сябе падобных. Ад якіх уцячы немагчыма. Нават на тым сьвеце.

Доўгая дарога да шчасьця
Часопіс “Дзеяслоў” у № 26 (№ 1 за 2007 год) прапанаваў чытачам чарговую аповесьць пісьменьніка пад інтрыгуючай назвай “Партрэт выпускніка на фоне “адлігі”. Калі супаставіць жыцьцёвы лёс Ю.Станкевіча са зьместам твору, то можна заўважыць іх падабенства – аўтабіяграфізм, а ён патрабуе ад аўтара максімальнай шчырасьці і адкрытасьці, ацэнкі (няхай і суб’ектыўнай) пражытага і ўбачанага, асэнсаваньня мінулага з вышыні часу, у нашым выпадку – з вышыні даросласьці, паколькі аповесьць расказвае пра юначыя гады персанажаў. “Каларыту” дабаўляе той факт, што дзеяньне ў творы разгортваецца на фоне хрушчоўскай “адлігі”, калі многім здавалася: дэмакратызацыя грамадства не за гарамі, а разам з ёю і доўгачаканыя перамены ў жыцьці савецкага чалавека, пазбаўленьне ад страху перад таталітарнай сістэмай. Гісторыя паказала: наіўныя спадзяваньні-міфы на ўсеагульнае шчасьце і дабрабыт – уяўныя, ды і абарочваюцца ў рэшце рэшт непрыемна-горкім расчараваньнем і душэўнай пакутай. Філасофія быцьця – і нічога не паробіш. Бунтуй, як А.Камю, а вынік адзіны: зьмірыся і плыві па цячэньні, будзь, як усе. Помніце вядомае: калі ня можаш зьмяніць абставіны, зьмяні свае адносіны да іх? Відавочна: атрымліваецца не ва ўсіх. У тым ліку і ў пісьменьніка Ю.Станкевіча. Дастаткова пачытаць яго творы. У большасьці выпадкаў там дзейнічае цэнтральны персанаж, які ўражвае непахісна-моцнай натурай, нескаронасьцю духу і трывалымі “ідэала­гічнымі” перакананьнямі-ўстаноўкамі. Сапраўдны ніцшэанскі тып звышчалавека, а ён, паверце, будзе нястомна адстойваць сваё права на годнае жыцьцё, уласны сьветапогляд і свабоду выказваньняў.
“Партрэт выпускніка на фоне “адлігі” належыць да жанру юнацкай аповесьці. Гэта на першы погляд. А калі разабрацца... У падобным жанры, як вядома, працавалі У.Караткевіч (“Лісьце каштанаў”), А.Васілевіч (“Пачакай, затрымайся...”), І.Навуменка (напрыклад, апошняя па часе трылогія “Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва”), У.Дубоўка (“Жоўтая акацыя”) і, можа, яшчэ некалькі аўтараў. Няшмат. Асабліва, калі ўлічыць, што ў “чыстым” выглядзе “юнацкіх” пісьменьнікаў у нашай літаратуры няма ўвогуле. У падобных твораў сьпецыфічная аўдыторыя – падлеткі, якія адразу заўважаюць штучнасьць і падман. Жанр юнацкай аповесьці вымагае ад аўтара вялікага прафесіяналізму: глыбокага веданьня дзіцячай псіхалогіі, інфантыльнага сьветаадчуваньня, уменьня пісаць цікава і займальна... (Апошняга, пагадзіцеся, бракуе і многім “дарослым” творам.) Тады пісьменьніка будуць чытаць. А дзіцячая аўдыторыя надзвычай удзячная ў гэтым плане.
Сёньня ў беларускай літаратуры няма твораў на школьную тэму. Ці то планка якасьці для многіх аўтараў завысокая, ці то дзіцячы сьвет непрывабны для мастацкага адлюстраваньня. Вось і цягнуцца нашыя падлеткі да замежных “Гары Потэраў”, бо катастрафічна не хапае айчынных.
Не скажу, што аповесьць Ю.Станкевіча запаўняе гэты прабел. Яе асаблівасьць у тым, што аўтар “прыціскае” сваіх персанажаў уласнай даросласьцю, не дае ім жыць асабістым розумам адпаведна іх узросту. Празьмерная сталасьць жыцьцёвых ацэнак не адпавядае інтэлектуальнай “сьпеласьці” школьнага юнацтва. Вопытны аўтар прымушае персанажаў думаць і глядзець на рэчаіснасьць з вышыні свайго саліднага ўзросту, што не зусім натуральна і заўважаецца адразу ж.
Зьвернемся, нарэшце, непасрэдна да аповесьці. Пастаянны чытач абавязкова адзначыць, што многія творы Ю.Станкевіча пачынаюцца эпіграфам, у якім, як правіла, і заключаны асноўны пастулат-ідэя, тое, аб чым хацеў сказаць аўтар (гаворачы “школьнай” мовай). На гэты раз пісьменьнік выбраў для цытаваньня словы Ж.-Ж.Русо з яго “Споведзі”: “Шчасьце – нязьменны стан, ня створаны для чалавека ў гэтым сьвеце. Таму ўсе нашыя думкі аб ім у жыцьці аказваюцца хімерамі”. І аповесьць Ю.Станкевіча ў гэтым пераконвае. Персанажы твору, у прыватнасьці Ігнат Канюкоў, дарэмна мараць знайсьці шчасьце ў гноеадстойніку, якім яны называюць савецкі лад жыцьця. Ім, “адшчапенцам”, здольным думаць па-свойму, ня месца ў сістэме, дзе думаюць за іх. А ідэйная загартоўка пачынаецца са школы, дзе вучаць чытаць правільныя кніжкі і настойліва раяць глядзець на сьвет у скажона-ружовым ракурсе. У выніку дзеці выходзяць адтуль непадрыхтаванымі да рэальнага жыцьця, у якім трэба пастаянна змагацца за права на існаваньне. Спачатку выпускнікам здаецца, што “для іх адкрыты ўвесь Сусьвет – са сваімі вартасьцямі, адкрыцьцямі, радасьцямі”, але “магчыма, усё ў гэтым сьвеце – мана. А яны – усяго толькі сьлепакі, на якіх ужо рыхтуюць напад сілы жыцьця”. Як бачым, аўтарскі прагноз несуцяшальны.
У пачатку твору чытаем: “Школа як пачатак нашага шляху. Якая яна павінна быць, да чаго рыхтаваць? Можа, толькі даваць веды? Але вопытныя людзі кажуць: той, хто ведае і бачыць занадта многа – як і той, хто бачыць і ведае занадта мала, можа зьбіцца са шляху і загінуць”. Дзе ж выйсьце? Гатовых “рэцэптаў” шчасьця Ю.Станкевіч не дае, а толькі паказвае на прыкладзе канкрэтных персанажаў чужыя памылкі, ад паўтарэньня якіх не застрахаваны ніхто з нас.
Міхась Астапковіч, Яфім Гурскі, Вітас Варгуліс і Ігнат Канюкоў – учарашнія дзевяцікласьнікі, выключаныя са школы (фармальна) за “п’янку” пасьля выпуску, а фактычна таму, што такое жыцьцё, у якім ім нічога “не сьвяціла”. Калі ў першых двух былі забясьпечаныя бацькі, але не было жаданьня яшчэ два гады праседжваць за партай, то ў апошніх, сыноў рэпрэсаваных, амаль выдатнікаў, выбару не заставалася, як толькі, падрабіўшы атэстат, ісьці працаваць і давучвацца ў вячэрняй школе. Усе чацьвёра перакананыя, што ў школе, якую яны, на іх максімалісцкую думку, ужо перарасьлі, “з...лі ўсялякай хернёй”, “выкладаюць усё прафаніраванае”, а хочацца свабоды і дэмакратыі. Якая сьмеласьць, нават у “адліжны” час! Хочацца ўскрыкнуць, як Станіслаўскаму: “Ня веру!” Няўжо савецкая моладзь тады была настолькі прагрэсіўна-“прасунутая”, каб успрымаць акаляючую рэчаіснасьць без “ружовага туману” (паводле В.Быкава) перад вачыма? У творы выявілася пэўная аднабаковасьць у паказе пакаленьня next: свабодалюбівай “чацьвёрцы” вельмі вяла супрацьстаіць шматлікая гвардыя “замбіраваных” камсамольскіх актывістаў. А іх, пагадзіцеся, у той час было значна больш, чым “дысідэнтаў-равесьнікаў”.
Для такіх, як Ігнат Канюкоў, дарога ў тагачасных умовах адна: ісьці на фабрыку зьбіваць скрыні. З надзеяй, што сітуацыя неўзабаве зьменіцца, і ён пойдзе вучыцца ў інстытут па гуманітарным профілі, паколькі вельмі любіць літаратуру.
Ігнат сумняваецца ў многіх рэчах, скажам, у рэвалюцыйнай справядлівасьці і камуністычных ідэях, і гэтыя сумненьні ён адкрыта выяўляе ў сачыненьнях па “русліту” ў вячэрняй школе, дае ўласную характарыстыку героям Чарнышэўскага, не згаджаецца з агульнапрынятымі канонамі сацрэалізму: “Дурняў бачна па іх справах”. Паспрабуй паспрачайся! Адкуль гэтая “контра” ў юнаку? Усё проста. Ігнат чытае “няправільныя” кніжкі: замест “Як гартавалася сталь” М.Астроўскага – “Сьмерць героя” Р.Олдынгтана. Вось і “сумны” вынік “заходняга” інтэлектуальнага выхаваньня... З гэтай прычыны Ігнат часта спрачаецца на ўроках літаратуры з класнай Палінай Мікалаеўнай, якая перасьцерагае хлопца ад небясьпечных выказваньняў, хаця потым і прызнаецца, што ўсё гэта праўда, а Ігнат – яе “лепшы вучань з аса­бістым поглядам на жыцьцё...”
Пад уплывам прачытанага і ўласназразуметага ён прыходзіць да высновы, што прычынай “гноеадстойніка” зьяўляецца “голас крыві”: “У нас тут набрыдзі ўсякай панаехала, асабліва цяпер, пасьля вайны. Кроў ва ўсіх розная. А яшчэ горш тое, што едуць сюды не проста прыхадні, а тыя, хто на сваёй радзіме не прыжыўся, злодзеі, прайдзісьветы, люмпены адным словам. Ім усё наша – чужое: мова, звычкі, паводзіны. Аддзяліць бы нашу Беларусь ад гэтай набрыдзі”. Безумоўна, разабрацца ў жыцьці па прынцыпе “што ёсьць што” і выказаць урэшце “філасофскую максіму” юнаку “дапамог” сам Ю.Станкевіч, бо сваім розумам дайсьці да падобнага ў сямнаццаць гадоў яшчэ ранавата.
Ці маглі насамрэч адбыцца “шуры-муры” паміж Ігнатам і настаўніцай, пра што так падрабязна і, як заўсёды, у дэталях расказаў пісьменьнік, пакінем на сумленьні яго творчай фантазіі. Сцэны апісаных “любошчаў” могуць выклікаць у кансерватыўнай часткі педагогаў асуджэньне і рэзкае непрыманьне: амаральнасьць чыстай вады! Ю.Станкевіч ведае жыцьцё са свайго боку і на падобныя папрокі не зважае. Хаця, канешне, тэма цікавая і пакуль малараспрацаваная: каханьне вучня і настаўніцы пад “інтымным соусам”. Іншая справа, што такія стасункі больш падыходзяць да сучаснага, сексуальна-раскаванага жыцьця, чым да савецкага, няхай і “адліжнага”. Мабыць, Ю.Станкевіч першы ў беларускай літаратуры, адкідаючы ўсякую сьціпласьць, зьвярнуў увагу на гэтае пытаньне, якое ўсімі старанна замоўчваецца і далікатна абыходзіцца.
Падчас апошняй сустрэчы з Палінай Мікалаеўнай яна раіць Ігнату: “...ня злуй, што я цябе крыху прытарможвала на ўроках. Табе трэба навучыцца хаваць ад людзей свае думкі, інакш яны цябе зьнішчаць. Думаеш, мне даспадобы гэтая херня штодня пра іх правільную ідэйную скіраванасьць, камуністычныя ідэалы, маральны кодэкс? Ды мне гэта горш за месячныя”. Без каментароў.
Далейшы лёс Ігната цьмяны. Ён не праходзіць па конкурсе на журфак і яго забіраюць у армію, дзе яму, “схільнаму да адзіноты, асабліва невыноснай была пастаянная прысутнасьць побач падчас ня вельмі разумных, нетактоўных, бяздушных, неахайных і, у большасьці, амаральных людзей”. Што і казаць: дарога да шчасьця (паводле Ж.-Ж.Русо) у кожнага свая. І пакуль персанаж твору на коласаўскіх ростанях. Ці адкрыюцца яму ў будучым “прасторы жыцьця”, залежыць ад фатальнай наканаванасьці і ўменьня не заўважаць недасканаласьць чалавечага сьвету.
Хацелася б выказаць яшчэ некалькі думак наконт маладзёжнага лексікону, а дакладней – “адліжнага” жаргону ў аповесьці. Надта непраўдападобным падаецца тое, што ў 60-я гады ХХ стагоддзя ўжываліся словы “імбецыл”, “гамон”, “бамжыха”... Здаецца, яны з “другой оперы” – прыўнесены аўтарам з пазьнейшага часу.
Як бачым, партрэт выпускніка на фоне “адлігі” атрымаўся надта не савецкім, са шматлікімі “ідэалагічнымі” заганамі, што скіроўвае да пэўных разваг сацыяльна-палітычнага і гістарычнага кшталту. Зусім не юнацкая аповесьць Ю.Станкевіча акрэсьліла шэраг праблемаў, вырашэньне якіх адносіцца да кампетэнцыі дарослай часткі грамадства. Менавіта ад яе залежыць, наколькі прывабным атрымаецца партрэт выпускніка ня толькі на фоне сучаснасьці, але і аддаленай будучыні.

У чаканьні апакаліпсісу, альбо Finita la comedia?
“... асноўнымі крыніцамі канфліктаў будзе ўжо не ідэалогія і не эканоміка...
крыніцы канфліктаў будуць вызначацца культурай... найбольш значныя
канфлікты глабальнай палітыкі будуць разгортвацца паміж нацыямі і групамі,
якія належаць да розных цывілізацыяў... лініі разлому паміж імі – гэта і ёсьць лініі будучых франтоў... Цывілізацыі непадобныя па сваёй гісторыі, мове, культуры,
традыцыі і, што самае важнае, – рэлігіі... Яны больш фундаментальныя,
чым адрозьненьні паміж палітычныміі дэалогіямі і палітычнымі рэжымамі...
на працягу стагоддзяў самыя зацяжныя і крывавыя канфлікты спараджаліся
менавіта адрозьненьнямі паміж цывілізацыямі... У класавых і ідэалагічных канфліктах
ключавым было пытаньне: “На чыім ты баку?” І чалавек мог выбіраць... У канфлікце ж
цывілізацыяў пытаньне ставіцца інакш: “Хто ты такі?” І гэта не падлягае зьменам... даўшы няўдалы адказ на гэтае пытаньне, можна імгненна атрымаць кулю ў лоб.
Рэлігія падзяляе людзей яшчэ больш рэзка, чым этнічная прыналежнасьць.
Чалавек можа быць паўфранцузам ці паўарабам і нават грамадзянінам
абедзьвюх гэтых краінаў. Куды складаней быць паўкаталіком і паўмусульманінам...”
З артыкулу амерыканскага палітолага
С.Хантынгтана “Сутыкненьне цывілізацыяў” (1993 год).
Сёньня ў грамадстве надзвычай модна праяўляць паліткарэктнасьць, старанна абыходзячы рызыкоўныя тэмы, якія датычацца ксенафобіі, расізму, непрыкрытага цывілізацыйнага супрацьстаяньня Захаду і Усходу... Паліткарэктнасьць пранікла ва ўсе сферы чалавечага існаваньня, уключаючы духоўную. Яскравым прыкладам гэтага можа паслужыць мінулагодняе прысуджэньне Нобелеўскай прэміі па літаратуры турэцкаму пісьменьніку Архану Памуку, які “знайшоў новыя сімвалы сутыкненьня і перапляценьня культураў падчас пошукаў меланхалічнай душы яго роднага гораду”. Фармулёўка прыгожая, але не арыгінальная. Прыкладна за тое ж у далёкім 1907 годзе атрымаў літаратурнага Нобеля Р.Кіплінг, які таксама пакутліва разважаў аб узаемаадносінах Захаду і Усходу. Але ў дачыненьні да А.Памука рашэньне шведскіх акадэмікаў выклікала ў сьвеце супярэчлівую рэакцыю. На радзіме пісьменьніка сьцьвярджалі, што ён атрымаў прэмію не за кнігі, а за прызнаньне генацыду армянаў. Сам А.Памук не хавае сваёй грамадзянскай пазіцыі ў гэтым “нязручным” для палітыкаў пытаньні, а таксама дыскрымінацыі курдаў у Турцыі. Пісьменьніку нават пагражала турэмнае зьняволеньне, але яго абачліва апраўдалі. Тыповая “дысідэнцкая” аўтабіяграфія ў стылі І.Буніна, Б.Пастэрнака, А.Салжаніцына, І.Брод­скага і многіх іншых замежных літаратараў, якія не маглі ўжыцца з таталітарнай уладай на радзіме. Мяняюцца гістарычныя дэкарацыі, але сутнасьць творчых біяграфій набеліятаў застаецца ранейшай, арыентаванай на кан’юнктурныя патрэбы грамадства ў канкрэтны момант сусьветнай палітычнай сітуацыі.
Апошнім часам Нобелеўскую прэмію атрымліваюць аўтары, вядомыя якраз эпатажнымі творамі і дзякуючы выключна актыўнай жыцьцёвай пазіцыі, што даволі часта ня мае нічога агульнага з мастацкім узроўнем напісанага. Так, у 2005 годзе лаўрэатам стаў малавядомы англійскі драматург Г.Пінтэр, які праславіўся найперш сваімі ваяўнічымі выказваньнямі на адрас ЗША і іх прэзідэнта, чым заслужыў адабрэньне з боку антыамерыканскай Еўропы. Хаця відавочна, што да А.Чэхава, Б.Шоу і таго ж В.Алена Г.Пінтэру далёка, як ад Зямлі да Сонца. Палітыкі ад літаратуры вырашылі па-іншаму. У выніку маем тое, што маем – паступова-ня­ўхільную дыскрэдытацыю вядомай літаратурнай прэміі... Хаця здараюцца і прыемныя выключэньні.
Выбарачна возьмем некалькі набеліятаў за апошняе дзесяцігоддзе і параўнаем фармулёўкі шведскіх акадэмікаў. Так, японскі пісьменьнік Кэндзабура Оэ (1994) у сваіх творах “з паэтычнай сілай стварае ўяўны сьвет, у якім жыцьцё і міф зьліваюцца ў найдзіўнейшую карціну сучаснага чалавечага быцьця”. У 1997-м прэмія была прысуджаная італьянскаму драматургу і паэту Дарыо Фо, які “спаборнічае з сярэднявечнымі камедыянтамі ў выкрыцьці ўладаў і падтрымцы зьняважаных”. Партугальскі пісьменьнік Жазэ Сарамагу атрымаў узнагароду ў 1998 годзе “за працы, якія з выкарыстаньнем прыпавесьці, падмацаванай уяўленьнем, спачуваньнем і іроніяй, даюць магчымасьць зразумець ілюзорную рэальнасьць”. Кітайскаму пісьмень­ніку Гао Сіньцзяну (2000) прэмія прысуджана за “творы сусьветнага значэньня, адзначаныя горыччу за становішча чалавека ў сучасным сьвеце”. Трынідадскі англамоўны празаік Відх’яхар Найпал (2001) узнагароджаны “за ўважлівае дасьледаваньне – пачуцьцёвае, непрадузятае і ўвасобленае ў аповедах, што прымушаюць нас адчуць прысутнасьць падаўленых, выцесьненых з культуры гісторыяў”. У 2002-м прэмія прысуджаная венгерскаму пісьменьніку Імрэ Кертэсу, які “адлюстраваў у сваіх працах крохкі і ўразьлівы вопыт асобы ў процістаяньні варварскім несправядлівасьцям гісторыі”. А нобелеўская характарыстыка на паўднёва-афрыканскага пісьменьніка Джозефа Кудзее (2003) гучыць так: “скептык, бязьлітасны ў сваёй крытыцы жорсткага рацыяналізму і штучнай маралі заходняй цывілізацыі”. Адчуваеце агульную настраёвасьць фармулёвак? Тыповы духоўны тупік постіндустрыяльнага, інфармацыйнага грамадства, дзе чалавек адчувае бязьмежна-невыказную спустошанасьць, нявызначанасьць і адзіноту. Ад гэтага і адштурхнёмся ў далейшых развагах.
У беларускай літаратуры, якая традыцыйна сплочвае даніну павагі паліткарэктнасьці, толькі “каб чаго ня выйшла”, не прынята адкрыта ўхваляць творчую канцэпцыю вядомага празаіка Ю.Станкевіча, паколькі ён у сваіх шматлікіх аповесьцях і раманах закранае найбольш злабадзённыя праблемы сучаснасьці, задае “неудобные” пытаньні і, што цалкам заканамерна, застаецца з імі сам-насам без належнага рэзанансу. Пісьменьнік ня ўпісваецца ў агульнапрынятыя “нормы і правілы” айчыннага пісьменства, чым выклікае неўразуменьне сярод калегаў па творчым цэху, якія гатовыя кожнага антывясковага нетрадыцыяналіста залічыць у невылечныя “ачарніцелі” паказной, жыцьцярадаснай рэчаіснасьці. Пры гэтым, што цікава, многія тайна пагаджаюцца з мастацкім стылем, метадам і нават высновамі Ю.Станкевіча, але наўмысна (відаць, з-за звычайнай літаратурнай зайздрасьці і разумовай недалёкасьці) не прызнаюць іх права на існаваньне. Што ж, час усё выправіць.
У этапнай аповесьці-антыутопіі “Эрыніі”, якая друкавалася ў “Настаўніцкай газеце” на працягу кастрычніка 2006 году, пісьменьнік закрануў невясёлыя персьпектывы цывілізацыйнага супрацьстаяньня, зазірнуўшы ў далёкі 2036 год. Менавіта на гэты час вучоныя “запланавалі” канец сьвету – падзеньне астэроіда Апофіс, які хутка набліжаецца да нашай планеты і ў стане зьнішчыць усё чалавецтва, адкінуўшы яго на тысячагоддзі назад. І гэта не чарговая галівудская страшылка, а рэальная пагроза. Толькі можа так атрымацца, што да вызначанага Апакаліпсісу тэхнакратычнае і ваяўнічае грамадства зьнішчыць сябе само. Перадумовы для гэтага ёсьць – дастаткова паглядзець тэленавіны са шматлікіх “гарачых кропак”. А пра духоўны рэгрэс увогуле няма гаворкі. Робім стаўкі на выжываньне, зямляне! Прапаную новы (ці апошні?) від сучаснага бізнэсу па закалачваньні “бабак”. Агульнавядома, што паліткарэктнасьць вымяраецца колькасьцю грошай. А іх у сусьветных алігархаў шмат. Але гэта не прычына для таго, каб іх не было яшчэ больш. Значыць, цікавая будучыня а-ля шоу нам забясьпечана... А пакуль спынімся на глабальным варыянце сусьветнага пераўладкаваньня, прапанаваным Ю.Станкевічам, які, аб’ектыўна ўлічыўшы сучасныя бязрадасныя рэаліі, пабудаваў уласны мастацкі праект 30-гадовай аддаленасьці.
У Паселішча з далёкага Мегаполісу прыязджае трыццацігадовы супрацоўнік крымінальнай паліцыі Сьлядак, каб расьсьледаваць загадкавыя забойствы на мясцовым возеры. Тутэйшы Шэрыф пасяляе яго ў старога адзінотніка Крэза, які жыве наводшыбе каля вадаёму. Псіхалагічная атмасфера нагадвае хічкокаўскую: суцэльны рэзрух і запусьценьне выклікаюць напружанасьць і нявызначанасьць. Узьнікае заканамернае пытаньне: што адбылося? Чаму сьвет непазнавальна зьмяніўся? Дзе тояцца прычыны ўсеагульнага хаосу і бязладдзя? Пісьменьнік паступова “раскрывае карты”, удала выкарыстоўваючы прыёмы добрай белетрыстыкі.
Ключом да ідэйнага разуменьня аповесьці могуць паслужыць “філасофска-сакратаўскія” дыялогі Сьледака з колішнім навукоўцам Крэзам, сасланым у глухамань за тое, што сьцьвярджаў, нібыта наш сьвет створаны штучна і ўяўляе сабой інфармацыйную сімуляцыю, а чалавецтва з часам ператворыцца ў малпаў... Стары самотнік, якога ўсе лічаць вар’ятам, “разумным юродам”, настойліва перасьцерагае Сьледака ад наведваньня возера, паколькі на невялікім астраўку пасярод яго жывуць... эрыніі, багіні помсты з пекла. Блеф? Ні ў якім разе! Гэта цалкам упісваецца ў адпаведную мадэль пабудовы сьвету, дзе ўсё – субматэрыя, а мы – віртуальныя. Ісьціна ж, як заўсёды, недасягальная, хаця і знаходзіцца недзе побач.
Далей высьвятляецца перадгісторыя брутальнага заняпаду чалавецтва. Яшчэ напярэдадні Катастрофы найбольш “прасунутыя” вучоныя выказвалі крамольныя думкі аб тым, што чым раней адбудзецца агульная цывілізацыйная Катастрофа, тым лепш. Інакш “энергія адтэрмінаваных зьменаў” будзе настолькі вялікая, што перакрые сабой патэнцыял выжываньня ўсяго чалавецтва. У выніку пераход у стан хаосу стаў непазьбежны, “але перадусім у сьвеце, як заўсёды перад вялікай бядой, нечувана распаўсюдзіліся танны папулізм, крымінал, жорсткасьць, подласьць, хцівасьць, нянавісьць, хамства, абрынуўшы апошняе, што трымалася за рамкамі элементарнага выжываньня. Пакуль... пакуль і не адбылася тая самая выпадковасьць. Трынаццацігадовы хлопчык, геніяльны хакер ад нараджэньня, які нейкім чынам праз Сеціва здолеў узламаць кампутарную абарону адной з атамных электрастанцыяў, запісаў у ячэйкі памяці электроннай сістэмы паразітычны модуль, які памяняў параметры ўводу стрыжняў у актыўную зону рэактара. Вылічальная сістэма, якая абслугоўвала станцыю, выдала няправільны загад робатам, якія загружалі ядзернае паліва ў рэактар. Пачалася некантралюемая ядзерная рэакцыя і – адбыўся выбух накшталт чарнобыльскага. А другога Чарнобыля чалавецтва ўжо не адужала”.
Прагноз несуцяшальны, хаця некаму і можа падацца фантастычным. Сучасныя рэаліі якраз і закладваюць падмурак для такога сцэнарыя.
З развагаў Крэза вынікае, што ў чалавецтве спрадвеку запушчаны механізм генетычнага выраджэньня. У свой час Другая сусьветная вайна была своеасаблівым адказам у гістарычнай эвалюцыі. “Цяпер адказу няма, – лічыць Крэз. – Праблему не здолелі нават акрэсьліць, і канец ідыёцкі...”
Дык якая яна, нашая будучыня? Аўтар пасьлядоўны: “...кароткая, абрыдная і тужлівая. Думаць трэба было яшчэ заўчора, а ўчора дзейнічаць. Замест гэтага стваралі бачнасьць суцэльнага сьвята, выхавалі спачатку так званага гома фэстывус, дазволілі на глум сабе гомасексуальныя шлюбы, распладзілі хамаў, педэрастаў і садамі­таў замест ваяроў, так што працэс незваротны. Пішыце завяшчаньні. Як казаў старажытны філосаф, з вялікага лёсу нарадзілі мыш. Імя гэтай мышы – гома іноксіс, чалавек бясьпечны. У ім няма ні жорсткасьці, ні волі да ўлады, ні моцы”.
У Сьледака падчас падобнай сакральнай “метафізікі” ўзьнікае заканамернае пытаньне: як навуковец з такім багажом ведаў можа верыць у міфічных эрыніяў?
Выходзіць, што зямны сьвет узору 2036 году нагадвае хутчэй пекла, у якім людзі страцілі чалавечае аблічча, з-за чаго больш прывабна выглядаюць міфічныя істоты; менавіта якраз яны паўсталі супраць Зла, каб абараніць сваё жытло ад бруду тэхнакратычнай цывілізацыі выраджэнцаў. “Народу нельга жыць у раскошы... старажытныя рымляне адразу зьніклі, як толькі загразьлі ў дастатку і распусьце... Дэмаграфія – гэта лёс...” Не паспрачаешся...
Інтрыга закручвалася ўсё больш і больш. Дык хто насамрэч чыніў самасуд над мясцовымі наркадылерамі і злачынцамі? Аказалася, што нядаўна з тутэйшага сьпіртзаводу зьбеглі тры маладыя, прыгожыя дзяўчыны, якія былі накіраваныя туды на “хімію”. Няўжо яны ўмеюць пераўвасабляцца ў вялікіх птушак-чаек і забіваць цёмнаскурую набрыдзь? Каб адшукаць адказы на даволі туманныя пытаньні, Сьлядак плыве на забалочаны востраў пасярод возера, дзе, па словах Крэза, пасяліліся эрыніі, г.зн. тыя дзяўчыны... Там ён і сапраўды сустрэўся з адной з іх, якая кінулася на яго з нажом... У яе вачах не было страху, толькі нянавісьць і пагарда. Дзяўчына параіла яму неадкладна ўцякаць з вострава. З яе паказнога маўчаньня Сьлядак зразумеў, што менавіта тры зьбеглыя сяброўкі і ёсьць тыя, хто наладзіў помсьлівую “заваруху” і паляваньне на тутэйшых недачалавекаў. Пакінуўшы дзяўчыне свой адрас у Мегаполісе, сышчык вярнуўся ў Паселішча. Плывучы да берагу, ён быў атакаваны дзьвюма разьюшанымі птушкамі, з-за якіх ледзь не пайшоў на дно...
Урэшце Шэрыфу ўдалося сабраць інфармацыю пра тых дзяўчын-сёстраў: “Іх бацькі загінулі ў Мегаполісе падчас Катастрофы, пасьля чаго малалетак скінулі ў нейкі сьпехам сфарміраваны прытулак, дзе падчас неразьбярыхі адбываліся жудасныя рэчы... абараніць іх не было каму... Іх па чарзе гвалціў дырэктар таго прытулку, але аднойчы, калі крыху падрасьлі, яны забілі яго. Віну іх тады так і не даказалі, але на ўсялякі выпадак скіравалі ў папраўчую калонію... яны пакляліся помсьціць, і за імі цягнецца не адзін хвост, але яны надзвычай скрытныя, асьцярожныя і чуюць небясьпеку, як зьверы. Хоць іх лёс і прадвызначаны”.
Гэта любімы прыём Ю.Станкевіча: чалавек у экстрэмальных абставінах, калі яму даводзіцца весьці неабвешчаную вайну за праўду і справядлівасьць, уласную годнасьць і права на існаваньне. Яго не разумеюць, залічваюць у ворагі і спрабуюць зьнішчыць, але зрабіць гэта няпроста, бо той, хто абраў мэтай і сэнсам жыцьця помсту, у каго люта блішчаць вочы, здольны вытрываць не адно жыцьцёвае выпрабаваньне... Гэта не ідэалізм, а персанажы зусім не сьвятыя, гэта звычайныя праявы будзённага шызарэалізму, калі чалавек абараняе сябе ўсімі спосабамі, не зважаючы на мараль, на якую астатнім напляваць і прапаведуючы якую – доўга не пражывеш... Выбар невялікі...
Эрыніі – сімвал нескаронага духу, выклік грамадству і гнілой палітычнай сістэме. Нават церпячы паражэньне за паражэньнем, адчуваеш ачышчэньне, катарсіс ад усяго штучнага і фальшывага, дробязных людзей – яскравых узораў таго, кім нельга быць (горкаўскі тэзіс!). Эрыніі – гэта міф, але міфы ў сваю чаргу, як заўважыў у IV стагоддзі Салюстый, – гэта “падзеі, якія ніколі не здараліся, але стала адбываюцца”. Жыцьцё настолькі зраслося і паядналася з міфалогіяй, што разьяднаць іх немагчыма. Міфы пранікаюць у сьвядомасьць і становяцца жыцьцяздольнымі, у іх пачынаюць верыць цэлыя пакаленьні, нават калі гэтая сьляпая вера – поўная лухта, падмацаваная аднымі ілюзіямі і невытлумачальна-непахіснай упэўненасьцю. Так спакайней.
Сьлядак пакінуў Паселішча, а ісьціна так і засталася няўлоўнай. Развагі мужчыны скіраваныя на тое, што “гісторыя павярнулася назад і спынілася на прыкладзе былых амерыканскіх амішаў, якія закансервавалі свой побыт на ўзроўні сямнаццатага-васямнаццатага стагоддзяў – наступіла другое сярэднявечча, хіба што з элементамі трафейнага індустрыялізму”. Думка “як жыць далей?” не пакідае Сьледака па дарозе да Мегаполісу, але выйсьце ўяўляецца даволі змрочным, калі зусім бесьперсьпектыўным: “... хіба так важна, хто тут будзе весьці рэй? На падыходзе новыя орды, яны яшчэ больш шматлікія і яшчэ больш агрэсіўныя, бо эпоха асьветы скончылася, народы дэмаралізаваныя, а іх лідэры – нікчэмныя. Калектыўнае самазабойства якраз і пачынаецца з адмаўленьня традыцыйных каштоўнасьцей, пры якім асобныя вяртлявыя і хітрыя, як чарвякі, індывіды могуць і выжыць, а народ немінуча загіне... Космас – вось куды было варта глядзець чалавеку...” Але грошы і ўласнае абагачэньне па-ранейшаму вызначаюць стыль жыцьця палітычных дзеячаў, хаця даўно існуе ак­сіёма – іх з сабой на той сьвет ня возьмеш. Усе праблемы – ад глупства, якое прагрэсуе з неверагоднай хуткасьцю. Таму пісьменьнік не пакідае абсалютна ніякіх шанцаў чалавецтву на выратаваньне ў аддаленай будучыні, а сучаснасьць паступова набліжае нас да апафеозу, за якім бездань і пустэча. Фізічная і духоўная.
Што магло адбыцца ў аповесьці далей, можна толькі здагадвацца. Міжволі напрошваецца лагічны працяг, абумоўлены нечакана хуткай канцоўкай твору. Чытацкая цікаўнасьць ставіць шмат пытаньняў і домыслаў. Напрыклад, куды падзеліся з вострава чайкі? Што сталася з Крэзам і з усім сьветам увогуле?
Мастацкая фантазія Ю.Станкевіча прыцягальная сваёй рэальнай прысутнасьцю, аўтару верыш, бо яго эсхаталагічная пазіцыя падмацаваная суровай логікай невясёлага быцьця. Хочацца спадзявацца, што пісьменьнік напіша працяг, прадоўжыўшы ўдумлівы філасофскі росшук адвечных пытаньняў. Акрамя таго, “Эрыніі” прыдатныя для экранізацыі, бо нагадваюць добры сцэнарый, па якім галівудскія рэжысёры кшталту Дж.Кэмерана ці С.Сьпілберга могуць зьняць відовішчны фільм аб немінучым Апакаліпсісе. Можа, тады людзі нарэшце перастануць лічыць яго казачнай забаўкай, народжанай багатай фантазіяй навукоўцаў і пісьменьнікаў. Пажывем – пабачым. Чакаць засталося нядоўга.