12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Гуцаў

_____________________
Зачараванае метро.
Вершы



Запасная душа

галава закружыцца закружыцца закружыцца закружыцца
і сэрца сьцісьнецца
ну і што ж ну і як і куды ты цяпер запасная душа
распускаецца сьнег распускаецца сьвет распускаюцца грошы
і беспрытульныя ў раі наўкруг цябе гавораць маналогамі
ды ня слухай ня слухай ня слухай ня слухай
ня
ня слухай мяне аднаго
гэта я на зямлі гэта я
гіпнатызатар сьветлафораў шаман апошні бізнэсмэн
на фатаздымках цьмяных сьненьняў беспамылковы контрагент
паглядзі ж паспытай паспрабуй незямная
не раўнуй да другой запасная ні дня
там высока высока высока высока высока
бязьмежнаруч як шчасьце ахапіць
распускаецца сьвет распускаецца сьнег распускаецца неба
распускаецца дрэва яе пацалункаў
любі ж


* * *

абяцаньні абяцаньні
сінявокая мана
дзень згубіўся на сьвітаньні
а зьмярканьня ўсё няма
матылькі бамбавікамі
і пушынкай кайданы
ёсьць усё ў бліжэйшай краме
а ў тваёй душы — ані


Спосаб прыгатаваньня

(Надпіс на пачатку)


Калі застудзіць адзінота
і закіпіць круты адчай,
ты
распакуй маю пяшчоту,
і завары яе як чай.

Калі ж бязвыйсьце трызьніць кавай,
і змога сэрца – на мяжы,
ты
расчыні маю ласкавасьць
і распусьці ў сваёй душы...

Але калі ня маю права,
калі хоць згінь, а хоць растай, —
я толькі міф, я толькі кава,
я толькі сон, я толькі чай.

Зачараванае метро

Зачараванае метро.
Хтанічны вецер!..
Зачараванае метро
ў сталічным сьвеце.
Зачараванае метро.
І лёс на ўвеце.
Зачараваная ў метро
імчыць на волю!

Дзе кожны рух і круг кантролю –
люстраны рух, магічны круг,
там вымыкае з цемры дух
і новы круг, і шоргат шорхкі...

Зачараванае метро.
Тугія створкі.
Зачараваная ў метро,
намерам дзёрзкім.
Зачараванае метро
пад Плошчай Прынца.
Зачараваная ў метро...
А санкі – з горкі!

Пад Плошчай Прынца ў Порт-о-Прэньсе,
дзе ясны друг і Замак-Зух
(о, Божа мой! Што я вярзу?!)
там расьцьвітае яскай дух і сэрца зрух,
і сон на двух шматслойным танцам...

Зачараванае метро.
Граніцы станцый.
Зачараваная метро,
«Не прислоняться!»
Зачараванае метро.
І час – на клямцы!
Зачараваная ў метро.
— Вы не выходзіце?

О, Божа мой! (Ды пры народзе!)
Што я крычу, што я вярзу?
Які там Прынц?! І дзе той Зух?
Што я наплёў на вуха Сьвеце?!

Зачараванае метро.
Хтанічны вецер!..
Зачараваная метро
ў сталічным сьвеце.
Зачараванае метро.
І Лёс на ўвеце.
Зачараваная метро,
забудзь на ўсё!..
І праз тунэль, і праз тунэль
зачараваную ў метро
зьвязуць за трыдзевяць зямель!


* * *

пасярод акружнага невядомага яе працяг і
завяршэньне але ёй не саюзны з цяжкім ка-
менем у руках стаіць на высокай высокай
скале па-над непраглядным праз цемрыва
морам прыціскаючы рукой і каленам выво-
дзіць на шэрасьці каменя крэйдаю літару Я
гэта Я абводзіць другі раз літара пачынае
люмінаваць усё больш разгарацца барвовым
агнём крэйда зьнікае ў далоні становіцца
ім забываецца адпускае рукі павольна па-
вольна камень падае ўніз агонь аддаляецца
бязгучна плёхае праглынаецца камень гась-
не напісанае зялёна чорны слуп вады пады-
маецца б’е ў твар гром двайнога запозь-
ненага брохкату аддаецца ў мозгу словамі
ТАК ХАЧУ каб было і пальцы ўступаюць у
кантакт з невядомым дыханьне з цемры-
вам (коратка і глуха цінькаючы іскрамі па-
даюць кроплі на водную гладзь) а ц ц е я –
н я м е н о т ш і н а Так цяпер Так
пачынаецца Дзень


Неверагоднае

Кінуў зерне гарчычнае.
Паглядзі, паглядзі, паглядзі!
Паглядзі, што атрымалася...

Зорнае неба над намі...
Аблок.
Паглядзі, паглядзі, паглядзі!
Паглядзі, што з таго атрымалася...

На купальле табе падміргнуў я.
На Каляды ты мне пасьміхнулася.
Паглядзі, паглядзі, паглядзі!
Паглядзі, што на Ўшэсьце з таго атрымалася...

О, дзівосная рэч міфалогія!
О, чароўныя знакі,
пералётныя сэнсы,
пераносныя птушкі!
Я пішу гэты ліст:
Бог Бяльмее Трысьмегіст – у лінгвістыцы крыл!
Паглядзі, пачытай, палічы!
Пажадай, каб усё атрымалася...