12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юры Гумянюк

_____________________
Парадак словаў. Вершы


СПЯКОТА

Ты не думаў пра тое, што будзе,
не заўважыў таго, што ўжо ёсць,
рассачыўся ў смарагдавым блудзе,
у злудным кайфе шукаў прыгажосць.

Галасы нагадалі дзе клетка,
у якой сумаваў папугай, –
не суддзя, не падсудны, не сведка...
Інкубатарам стаў родны край!

Тут загінуў апошні філосаф
не ад суму – пад свіст г…нюкоў,
пад краплёўкай, рэнтгенам, наркозам
ды з усмешкай французскай Коко.

Адпачыў на шпітальных прасцінах,
прамінуў той пякельны кашмар,
іерогліфы ззялі на спінах
голых ляляў у летні пажар.

А ўваччу непатрэбныя людзі –
псіхапаты, зладзюгі, бічы...
І было усё тое, што будзе –
не спазнаць, не спыніць, не злічыць!


ДВАЙНІК

Мой сябра, геній парадоксаў,
не спаў, не мроіў уначы,
смактаў павольна папяросы,
жадаў у космас уцячы.

Яго віталі марсіяне
ды ўзнагародзіў прэзідэнт.
Ён шлюбаваўся на паркане,
як самы лепшы суперкент.

І пехатою йшоў па моры
ў гумовых ботах навырост,
нібыта сын Анаксагора,
а можа нават сам Хрыстос.

Прастора ультрафіялету
яго цягнула ў цёмны лес.
Глядзеў у люстра – цень паэта,
мой сябра, геній, чэмергес...


КАРАГОД ЧАСУ

Блукалі, зусім непатрэбныя
нікому, нават сабе.
Гучалі прамовы хвалебныя –
бы вецер у бляшанай трубе.

Вясна віравала шалёная,
і лета паліла вагнём.
Вакол крывасмокі зялёныя
крычалі: “Гарэлкі нальём!”

Вар’яты ляталі на скутарах
па траўніку ўдзень і ўначы,
дзядуля пад плотам пакутаваў,
пад крамай бухалі бічы.

І восень сустрэла навінамі
з дзявятага года бадай.
Пантофлі запэцканы глінаю –
балотны і брудны наш край.

Героям было фіялетава:
штогод расквітаў карагод.
Такая ўжо доля паэтава!
Акыш! Забяры яго чорт!


PSIA KREW

Краявід у люстэрку свядомасці,
бы ў талерцы з амлетам, спачыў.
Пагалоскі пра страту маёмасці
праляцелі, як спеў з родных ніў.

Засталіся карэспы ў кампутары
невядомых дагэтуль сяброў.
Ды сляды на дарозе ад скутара
прыхавалі сабачую кроў...


* * *

Паводле А. Блока

Ноч. Вуліца. Ліхтар. Каляды.
І сэрца не грызе туга.
Даверыць таямніцу здрады
Маланка – Вольтава Дуга.

А на шчацэ не вусны Юды
Пакінуць пацалунку жар.
Ноч на Раство, як прадчуванне цуду.
Каляды. Вуліца. Ліхтар.


ПАРАДАК СЛОВАЎ

Пераходжу з мовы на мову
ды на сходах псую пантофлі.
Парушаю парадак словаў.
Выліваю піва з куфля.

Разрывае вантробы смутак.
Сэрца грукае ў тахт самоце.
На спіне пагляд прастытутак,
бы жарынка на згаслым кноце.
Ператрус. Пераслед. Затрыманні.
Сябра зноўку сядзіць у малпоўні.
І ў жалобнай сукенцы пані
заглядае ў вокны, як поўня.

Парушаю парадак словаў,
Быццам пацеркі на ружанцы...
А сатрапы грэбуюць мовай
ды ўшчынаюць д’ябэльскія танцы.


НЯЎРОТЫКА
І не думаў, што будзе так кепска...
Бо, здавалася, усё цалкам добра...
Не ратуе бацькоўская кепка,
А сястра – аднавокая кобра.

Зачыняюцца дзверы пакоя,
У якім нараджаліся вершы.
І каханка твая не з табою
(у жыцці, як у ложку, не першы!)

Адчуваеш сябе, быццам збеглы
Арыштант правінцыйнай вар’ятні.
Як у боўлінгу падаюць кеглі,
Так і свецяцца белыя пяткі.

Думкі сноўдаюць у іншасвеце,
Як стаіш ля зачыненай брамы.
Тварам д’ябла зіхціць у шклопакеце
крэатура вусатага хама.


ДЫЛЕМА
Храналогія. Фота з Інэту,
як паштоўка нібы з забыцця,
не раскрые нам болей сакрэту...
Пазашлюбнае плача дзіця

і не можа, напэўна, спыніцца,
каб згадаць адпаведны сюжэт.
Можа, з’ехаць на тыдзень у Ніцу?
Ці да бляску надраіць паркет?

Мо на сметнік выкінуць рэчы,
што абрыдлі за столькі гадоў?
Рассачыцца ў нябёснай сінечы,
як метафара ў плыні радкоў...