12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Стас Ільін

_____________________
Off.
Аповед


У амерыканцаў усё проста. Прычым ва ўсім. Ад малога да вялікага. Чым прасцей, тым лягчэй жыць… Не трэба ніякіх асацыяцый, патаемнага сэнсу, нагрувашчвання лішняй інфармацыі. Навошта доўгія назвы, якія цяжка запамінаюцца? Як бачу, так называю. У гэтым і ёсць здаровы сэнс.
А некаторым рэчам, напрыклад вуліцам, зусім не варта даваць назву. Калі я гуляю па роднаму гораду, паставіўшы канкрэтную задачу – ні пра што не думаць, мае вочы ўсё роўна чапляюцца за месцы, дзе адбываліся вялікія гістарычныя падзеі, за імёны нацыянальных герояў, палкаводцаў, філосафаў, вучоных, якія імкнуцца незаўважна пралезці мне ў галаву і там застаюцца…
Але ж ёсць такая цудоўная рэч, як лічбы. Лічбаў хапае на ўсе вуліцы, каб іх палічыць.
– Ты дзе жывеш? – Я на дваццаць першай, а ты? – А я на скрыжаванні сто дваццатай і трэцяй, – вось і ўсё! І ніводная звіліна не задрыжэла. Так усё прадумана, што зусім не думаючы, ты называеш рэчы канкрэтнымі імёнамі.
Ёсць у доме пакой, у якім зранку халодная вада абдае цябе бадзёрасцю на ўвесь працоўны дзень, а ўвечары цёплая вада змывае з цябе стому і клопаты дня, які прамінуў, – пакой гэты так і называй bathroom (ванны пакой). Ручніком абкруціўся, вылез з ванны, а на падлозе – пылу! І спатрэбіцца нейкая пасудзіна, нейкая міска ці бляшанка, каб гэты пыл сабраць і выкінуць, пакуль ён не праглынуў твой бадзёры, адмыты халоднай вадою, настрой. У кутку і стаіць гэтая пасудзіна. Хапаем, акуратна ўсё туды змятаем, і назва сама сабой прыходзіць – dustpan (савок). І крэкчаш ад захаплення, растапырыўшы пальцы, шлэпаеш па чыстай падлозе, як задаволены качар.
А як прыемна глянуць на кухню! У каго гэта ўчора перад сном было маўклівае змаганне з лянотаю? Але ўвесь посуд перамыты, кожны прадмет стаіць на сваім месцы. Асцярожна прашчупваючы мясцовасць, святло крадзецца тонкімі доўгімі палоскамі праз пластыкавыя шчыткі, што прыглушаюць сонца, у назву якіх далікатныя еўрапейцы спрабавалі замаскаваць кемлівых і раўнівых усходніх мужчын, ды на радзіме папкорна і кока-колы гэта называецца выразна і ясна – sun blinds (жалюзі). Імгненна гэтыя шчыткі са свістам скачуць уверх, і сонца шугае ў адзінае, вялізнае акно і раліваецца па кухні, і пачынае ганяць зайчыка па люстранай паверхні нажоў, якія сціпла гайдаюцца на сваіх кручках. І як у такі ранак не закруціць якога круцяля(завітушку?) да гарбаты? Ды самому яго не спячы! Тым больш, пасля ўчарашняй вячэры засталося замяшанае цеста ад пяльменяў!
Праўда, гэта крыху не зусім тое, што трэба. А лянота ў апошні час маю памяць заганяе ў хамут. А мая памяць пад цяжарам хамута ўзяла ды і выкінула ў сметнік усе рэцэпты. Але каго я тут ваджу за нос, мая памяць зроду тых рэцэптаў не мела… Але ж дзень пачынаецца так прыгожа… Калі з сур’ёзнымі лінгвістычнымі працэсамі так усё проста, то ў кулінарным рамястве не можа быць праблемаў. Схема тая самая. Пачынаем эксперымент. Патрэбны драўляны прадаўгаваты прадмет, падобны да кеглі, каб раскатаць цеста. А вось і ён, схаваўся ад сонца за бліскучымі нажамі, што ганяюць вырай сонечных зайчыкаў па сцяне. І назва выгравіравана майстрам на ручцы… Зараз праверым. Rolling pin (каталка). Я так і ведаў. Думаць не трэба, імя само знайшло свайго спадара. Пасыпаем рукі мукою, адразаем бясформенныя кавалкі цеста, лепім некалькі пухлых снежкаў. І так усё проста, а ў амерыканцаў яшчэ прасцей: снег+шар=snowball, і навошта прыдумваць новыя лішнія словы?
Нашай каталкай-кегляй раскатваем гэтыя ляпёшкі ў плоскія блінцы, болей авальныя, чым круглыя. Разумеючы, што нічога добрага цяпер яе не чакае, духоўка ўсхліпнула і так расхвалявалася, што ў адно імгненне тэмпература ў ёй падскочыла да трохсот градусаў.
У начынне пойдуць тварог і два адзінокія фрукты, што аж пакрыліся цёмнымі пролежнямі ад часу…
Не, ну чаму дзень пачынаецца без усялякай прычыны так цудоўна?! Нічога не змянілася навокал, ды і ў жыцці таксама, а нібы нацягнулі на вочы нейкія ружовыя лінзы, а яны ўсё замазваюць і загладжваюць. І здаецца мне, што ў такія хвіліны якраз і нараджаюцца геніяльныя ідэі.
Гэтак трыццаць гадоў таму назад на радзіме салодкагалосага панк-рока ў бесклапотнай Каліфорніі пачынаўся цалкам пазітыўны ранак. Хлопец майго ўзросту, не падстрыжаны і няголены, пасвістваючы, выйшаў з душа, марудна нацягнуў на голае цела любімую і страшэнна модную ў постбітнікаўскую эпоху чорную вадалазку, і так яму стала добра… На што ні гляне, усё цешыць вочы. У кватэры не павярнуцца, маленькая кухня, мэбля – стол, крэсла ды шафа. Ну і што? Затое нічога лішняга, усё проста, і таму думкі чыстыя, выразныя і ясныя… І так яму раптам зажадалася яблычнага мафіна. Менавіта мафіна, і менавіта яблычнага. Ніколі ён гэтага не рабіў, але думка спячы гэтыя амерыканізіраваныя кексы дома падалася прасцейшай, чым штодзённы ранішні выхад у бейкер італьянскай пампушкі цёткі Біёнды, што на рагу праз два блокі ад дому. Рукі машынальна лепяць цеста, а ў думках дэталёва і старанна лепіцца персанальны кампутар, адзін з першых у свеце. Паступова рукі пачынаюць адставаць ад думак, якія набіраюць усё большыя абароты, не могуць спыніцца, імкнуць ды імкнуць…
У выніку ў галаве проста непраходнае барока, наш герой шпурляе цеста ўбок, абапёршыся аб стол, спрабуе разабрацца, што зляпілася ў яго думках. Захоплены цалкам гэтым працэсам, не заўважае, што рукі замест таго, каб дробна наразаць і мяшаць з цестам пацямнелы фрукт, нечакана хапаюць яго і цягнуць у рот. І вось, калі будучы мільярдэр бездапаможна грызе любімы ласунак пакемона Пікачу, а з ім і начынне свайго жаданага мафіна, у той жа момант уся ляпніна ў галаве імгненна крышыцца, – вобраз пагрызеных фруктаў і падказвае галаве самы запамінальны сваёй прастатой лагатып, назву брэнда і, адрозную ад іншых, экалагічна чыстую стратэгію гэтага брэнда. Адна секунда – і ўсё. Свет у цябе пад нагамі. І ўсё спантанна. Гэткае не заплануеш. Якія прычыны? Ніякіх. Але можна, вядома, здагадацца, па якой прычыне хлопец у канцы сямідзясятых, ды тым больш у Каліфорніі, дзе яшчэ не прайшла аскома ад эпохі “дзяцей кветак”, зажадаў “спячы смакаты” з гэткай жа лагоднай, сяброўскай і ўсмешлівай лінзай на вачах…

А які ж гэта андалузскі сабака рэжа мае вочы нябачнымі брытвамі? Ух, аж слёзы пацяклі! Усе спецыі высыпаліся са сваіх банак і пакецікаў, і атрымалася надта даўкая сумесь. Гэтая нават мацнейшая, чым “спецыі”, якімі прасвятлялі свядомасць, калі хіпі рабілі эксперыменты ў пачатку шасцідзясятых. Калі ўчора прыбіраў гэтую паліцу, мае ўнутраныя рэзервы скончыліся, і наступіў імгненна глыбокі, як у дзяцінстве, сон. А вось яны, кучкуюцца ў кутку – вінаватыя ў маіх зімовых няўдачных спробах зрабіць глінтвейн: гваздзік, кардамон, карыца, мускатны арэх, ваніль, молаты імбір. Калі б тады гэтая матуля-лянота не толькі маю памяць, а ўсяго мяне добра адлупцавала, я толькі сказаў бы ёй дзякуй, а то бегаў увесь выходны па нейкіх кітайскіх лаўках, вышукваў усе неабходныя мне ў тыя хвіліны складнікі непаўторнага глінтвейна. Ну, што тут скажаш?! Тады ў мяне быў абсалютна супрацьлеглы перыяд жыцця. Я быў захоплены складанасцямі свету. Ва ўсім: у кіно, у музыцы, у той жа кулінарыі, у працы. Чым больш дэфектыўнай, заблытанай і незразумелай была кіношная мова, тым больш таленавітым мне здаваўся фільм, а калі рэцэпт стравы меў усяго тры-чатыры складнікі, то мяне і не цікавіў. Вось чаму, нават у звычайную яечню я тады мог напіхаць усе спецыі, якія сёння знайшоў на паліцы…
Ды з сённяшняга ранку з гэтым скончана назаўжды. І круцялі мае стануць прыкладам, эталонам мінімалізму і прастаты. Так што, нягледзячы на такі шырокі выбар, абмяжуемся шчупцем карыцы для смаку, і далей, малышня, з вамі, няхай няньчыцца агнядышная пашча маёй сентыментальнай духоўкі.
Тут пачынаецца непрыемны працэс, які мяне раздражняе сваёй пустатой, калі ўжо ад цябе нічога не трэба, замірай у рэжыме чакання, паглядай, як сам час скончыць пачатае табой. Аж няёмка ад таго, што ты тут лішні, непатрэбны.
Дома-та яшчэ можна знайсці, што рабіць. А вось, калі стаіш на аўтобусным прыпынку ў чарзе ці проста сустракаеш некага, і гэты нехта спазняецца, як заўсёды, а ты стаіш, як пень, на адным месцы, праз зубы цэдзячы пачутае ў савецкім кіно: “Вот, не люблю я такіх людзей непунктуальных…” Гэта проста невыносна. Рукі не ведаюць, куды сябе падзець, а ногі так і топчуць адна другую… Так што, мне сягоння пашанцавала, я магу гэты час патраціць на разборку простых словаў і паназіраць з акна, як сонныя суседзі завальваюцца спехам у свае прасторныя аўто і мчацца на працу. Страх! Амаль усе яшчэ дома і не збіраюцца выходзіць, калі лічыць па машынах.
Толькі мясцовая бабуля “Божы дзьмухавец” з дому насупраць прачнулася, з добрай усмешкай чарадзейнічае ў вакне каля сваіх ад нябеснага промня дзяцей, што растуць у паласатых гаршочках. Тут усё ясна. Такую ласку і цеплыню, калі над кожным тваім лістком дрыжаць цёплыя рукі гаспадыні, можа мець толькі “нябесны квет” sky-flower. Няхай усе інстытуты садаводства і агародніцтва даказваюць нашай мілай спадарыні, што яе квет, якому яна аддае вольны час, – а яе час увесь святочны! – нібы яе квет называецца такім брыдкім словам “дурында”… Хіба яна паверыць? Усміхнецца і скажа так: “Ну, мілыя, ну, якая дурында? Самі вы – дурынды! Вы толькі паглядзіце на гэтых малых: ці ж яны не цуд?” І нельга ёй пярэчыць?

Нарэшце пачаўся тупат з вібраэфектам скрыпучай падлогі ў маёй кухні. Дзіцячы садок прачнуўся! Праз дзве-тры хвіліны на сцэне паркоўкі, абмежаванай відам з акна, паявіцца вялізная лацінская жанчына і будзе важка ўсаджвацца ў свой мініяцюрны “Нісан”. Гэта новая “гёрлфрэнд” чарнаскурага паліцэйскага Крыса Вэба, суседа з першага паверху. Як жанчына яна нічога сабой не ўяўляе. Купляючы кожны ранак у яе каву, я ніколі яе не заўважаў. І ў першыя дні, калі яна з’явілася ў нашым доме, ніяк не мог успомніць, дзе яе бачыў. Ды нешта ж у ёй такое ёсць! Ніяк не магу зразумець – што? Але ж змагла яна ў рэкордны тэрмін, менш, чым за месяц, апрацаваць нашага паліцэйскага, зусім не прастачка, каб у канцы месяца паўнапраўна гаспадарыць у яго апартаментах, якія займаюць увесь першы паверх, са сваімі чатырма дзецьмі, якія шуму спраўляюць болей, чым любы дзіцячы сад, ды яшчэ з нейкімі сваякамі… Калі б там, дома, наша міліцыя мела такія нервы і цярпенне, цаны ёй не было б!
Сцэна зноў пустая. Толькі з газона чуваць стрыкатанне кузуркаў у траве… Як іх тут называюць? Травяныя скакуны? Так, дзе мой родны кішанковы Колінз? Ну, калі і тут простае траплянне, то варта задумацца, які сэнс пяць гадоў ва ўніверы вывучаць ангельскую мову. Grasshopper (травяны конік). Ну, я так не гуляю! Прымітывізм кіруе гэтым светам. Але нехта ўжо не стрыкоча, а канкрэтна лупіць чаргой на ўвесь раён. Што яшчэ за дзяцел зранку аб’явіўся? Ды гэта бразільцы на суседняй вуліцы лупяць страху. Дарэчы, а як у нас з дзятлам? Гэта я з дзіцячага мультфільму памятаю. Woodpecker (дзяўбаць дрэва). Ды бываюць жа дзятлы розных відаў.
Як яны тут выкруціліся? Пашукаем у інтэрнэце якога-небудзь самабытнага дзятла. Напрыклад, залаты шыладзюбы. Глядзім у слоўніку – yellowhammer (жоўты малаток). А гэта ўжо цікава. Сумесь дзіцячага гумару ды асацыятыўнага шэрагу. Але – стоп! Аўсянку таксама жоўтым малатком называюць. Яе за што? Толькі з-за падабенства па афарбоўцы? Ну, можа і так… Чорт! З пахам зусім нядобрая асацыяцыя. Няўжо падгарэлі?
Эх, духоўка раззлавалася не на жарты. І чаго ты так, сяброўка, раз’юшылася?
Добра, што пашкадавала некалькі ражкоў. Якраз хопіць мне да гарбаты. Так што, навошта псаваць нервы. Як кажуць у нас дома, махнуўшы раўнадушна рукой: “Драбяза!” А тут з усіх бакоў льецца шматгалосае “Take it e-e-e-asy!” Часам узнікае такое дзіўнае ўражанне, што галоўная, можна сказаць, нават фундаментальная жыццёвая функцыя амерыканцаў – хадзіць па горадзе, усміхацца кожнаму сустрэчнаму і як мага больш расцягнута і меладычна гаварыць “Take it easу!” Гэтымі лінгвістычнымі ўстаноўкамі яны быццам адшэптваюць адзін другога ад складанасцей. У гэтым ёсць пэўная магія, нешта падобнае да ахоўнага абярэгу. Чалавек чуе гэта штодзень па некалькі разоў ад кожнага сустрэчнага, праз нейкі час ловіць сябе на думцы, што пра сябе няўцямна паўтарае: “Так, стоп, а ці гэта самае простае выйсце, ці ёсць яшчэ прасцейшае? Што я раблю? Прасцей, прасцей, успрымай усё як мага прасцей…”
Зранку, выходзячы з дому, што б ні здарылася, усе, нібы акторы старажытнага грэцкага тэатру, нацягваюць маскі крывадушша на твары і ідуць на працу. Увесь дзень маскі круцяцца ў шалёным карагодзе, спяваюць адна другой “Take it e-e-e-asy!” У канцы дня ўсе зноў запіраюць сталёвыя дзверы на замкі і ўжо дома, калі цябе ніхто не бачыць, маскі акуратна здымаюцца з твару, плюхаюцца з бутылкай піва на канапу перад тэлікам і дазваляюць сабе ўсіх дзіка ненавідзець.
Гэтае салодкае крывадушша створана тут выключна дзеля прастаты і спакою ўспрыняцця свету. Навошта мне ведаць, што пра мяне думае, ці якія эмоцыі я выклікаю ў прадавачкі ў краме ці ў служачага банку, што афармляе мой чэк, або ў інтэрв’юера пры ўладкаванні на працу? Усміхаецца, і ладна. Мне ж з ім у выведку не хадзіць. Многія кажуць звычайна: “Гэта, вядома, зразумела. Але ж выразна відаць, што ўсмешка штучная, што на справе яна цябе цярпець не можа, а ўсміхаецца. Ды лепш бы ты плюнула ў морду, чым гэтай гумовай усмешкай свідруеш маю душу…”
Вось тут якраз глабальная памылка. Якая да чорта душа? Не трэба на іх глядзець, як на людзей, у якіх ёсць сям’я, турботы, надзеі, эмоцыі, тым больш такая неканкрэтная субстанцыя, як душа. Гэта проста лялькі. Прыгожыя лялькі, створаныя для працы, яны якасна робяць частку працы, таксама некім прафесійна запраграмаваную. З такім падыходам у чалавека з любым менталітэтам будзе класічнае “Ноў проблем”, таму што штучная ўсмешка лялькі, згадзіцеся, натуральная рэч…

А дзень у мяне сёння вольны. Ён не тое, што не натуральны, у апошнія два месяцы нават супрацьнатуральны. Дзень, які на ўсёй старонцы календара можна смела выводзіць тоўстым чырвоным маркерам слова жыццё і шчыра цешыцца гэтымі простымі пяццю літарамі. Я сёння не лялька, а нарэшце чалавек. І застануся чалавекам увесь паўнавартасны дзень. Працуючы ўвесь час на дзвюх работах, стыкоўка выходных на адной і другой супадае так рэдка, як у арбітальных станцый з касмічнымі караблямі. На жаль, ні ў беларускай, ні ў расейскай мовах не знайшлося асобнага месца для майго дня жыцця. А вось буржуйская ангельская гэтае месца ў сабе знайшла і працягнула мне руку дапамогі. У школе і ва ўніверсітэце нас вучылі, што слова “выходны” можна перакладаць двума словамі – holiday і weekend, дзе holiday – гэта „святочны выходны”, напрыклад, Божае Нараджэнне, Першамай, Дзень Незалежнасці, а weekend, паводле дакладнага тлумачэння, уключае два вольныя дні ў канцы тыдня.
І як жа быць бедным работнікам сферы абслугі, якія ўсе гэтыя дні цягнуць, як коні, толькі таму, каб ва ўсіх людзей гэтае свята, ці афіцыйны выходны, адбыўся на славу? Ёсць жа яшчэ мы! Так-так, мы, якія мяняюць тоны вашых фужэраў, запускаючы ў іх ігрыстае віно. Якія наталяюць ваш не толькі фізічны, але і эстэтычны голад, упрыгожваюць сталы інсталяцыямі з фруктаў, парцалянавыя талеркі – сакаўнымі бутонамі з салямі і вяндліны, а дарагія кактэйлі – лісцем лімоннай мелісы.
Гэта мы дастаўляем вам, лянівым, якія самі гатаваць не ўмееце, смачны гарачы абед, драім пакоі ў гатэлях, дзе вы „б’еце посуд і плаціце” ў час адпачынкаў. І як жа назваць гэты будні дзень сярод тыдня, калі ўсе мы забываем на імгненне пра работу, заказваем сабе дадому піцу, і ўжо нам наразаюць лімоны і наліваюць каньякі. І тут магутныя свету злітаваліся нарэшце над папіхачамі гэтага свету, – на самой справе гэта два паралельныя светы, але ад безвыходнасці яны суіснуюць у адной плоскасці, хоць вельмі “абломваюць” гэтым гардыню першых…
Вось так і вылілася гэтае шкадаванне ў выглядзе выразу “day off” (дзень у адключцы), які ў далейшым бурным масавым ужытку скарочаны, проста, OFF.
Мяне як гора-лінгвіста гэтае слова забівае да глыбіні душы, якая якраз і праяўляецца ў гэтым off, калі я трансфармуюся з лялькі ў чалавека… Сваім лаканізмам, папулярнасцю і неабдымным значэннем гэтае слова пераўзыходзіць нават тое з трох літар, якое ў нас пішуць на платах. Літар тут усяго дзве, другую проста прадублявалі, каб пазбегнуць памылак у напісанні, ды не пакрыўдзіць важны прыназоўнік of. Запамінаецца яно імгненна. Нават не запамінаецца, а ўрэзваецца ў памяць, гэтак жа, як назвы вуліц роднага гораду сядзяць у галаве, у якой бы краіне ты ні знаходзіўся. І ў кожнай краіне знойдзецца той, хто ператварыўся ў вечную ляльку, прадаў душу такому Мефістофелю сучаснасці – змрочнаму сівабародаму ці тое вандроўнаму цыркачу, ці тое чарадзею Дзядзечку Сэму. Ён мружыць вочы, моршчыць бровы і злосна рагоча ў густую бараду, брынкоча залатымі манетамі ў адной руцэ – гэты звон прыцягвае народ усяго свету ў непраходныя гушчары яго злоснага тэатру лялек. Другая рука спрытна шморгае за нябачныя ніткі і трымае статак прадажных лялек у бясконцым руху. А марыянеткам, якія не бачаць і нават не адчуваюць нітак, што няволяць іх рукі і ногі, трэба выдумваць туманныя прычыны, каб растлумачыць сваю прагавітую жадобу да брынклівых грашоў, рассыпаных сярод прыгожых пластыкавых дэкарацый, якія лёгка ламаюцца.
І ўсё прадстаўленне заключаецца ў тым, што яны носяцца, быццам у ліхаманцы сярод гэтых дэкарацый па галовах другіх марыянетак, а то і дратуюць іх на трэскі, каб сабраць як мага больш круглякоў, якія слепяць вочы сваім зыркім святлом.
У канцы кожнага акту “акторы” бачаць, што манеты быццам выпарыліся, хоць яны ўвесь час так старанна іх збіралі. Не здагадваючыся пра існаванне лялечніка, марыянеткі шукаюць прычыну ў сабе, у свёй неэканомнасці, неберажлівасці да матэрыяльнага дабра, і пачынаюць яшчэ хутчэй і з большай злосцю “збіраць незлічоныя багацці”, якія ў канцы наступнага акту зноў лопаюць, як мыльная бурбалка. А на самай справе гэта Дзядзечка Сэм з кожным разам усё люцей вытанцоўвае за кулісамі і звар’яцела турзае за свае ніткі. Манет у яго дрыжачай руцэ ўсё больш, звон іх, быццам удары шаманскага барабана, даводзіць дзеда да трансавага экстазу. Спрабуючы зразумець, што адбываецца, галовы марыянетак цьмеюць, як асмаленыя галавешкі, у якіх родзіцца апраўданне ў стылі: “Ды я цягну з ранку да ночы, кручуся, як вавёрка ў коле, затое магу сабе дазволіць усё!” На гэта адразу ж хочацца адказаць: “Дазволіць-та ты можаш, а карыстацца – наўрад. Ты ж цягнеш з ранку да ночы”. І пакуль марыянеткі працуюць і на запрацаваныя грашы ўсё сабе дазваляюць, усім гэтым і карыстаецца Дзядзечка Сэм.
Гэта ён гуляе ў вашых чатырохпавярховіках на беразе акіяну. Загарае пад пальмамі ў шэзлонгах з чырвонага дрэва, купаецца ва ўтульных басейнах і турзае за ніткі, падганяе вас выгрызаць капітал з брудных загазаваных мегаполісаў, а вы валіцеся з ног ад стомы. Вы збіраеце гадамі капейку да капейкі, якія эканоміце штодзённа, памнажаеце. І пакуль круціцеся зранку да ночы ў душных офісах, ён катаецца на шыкоўных аўто, што спраўляе за вашы гады эканоміі.
Гэта значыць, што на сцэне з‘яўляецца яшчэ болей дэкарацый і рэквізіту, якімі Дзядзечка Сэм засмечвае сваё жыллё, не разумеючы навошта, падобна да памешчыка Сцяпана Плюшкіна, таксама занятага ў сферы валютных аперацый з “душамі”.
Дзядзечка ён моцны, ды далёка не Тэрмінатар, рука ў старога не жалезная, стамляецца Дзядзечка Сэм. Трэба адпачыць, абмыць са старога твару пот. Таму і хапаецца абедзвюма рукамі за рубільнік свайго лялечнага тэатра, пераводзіць яго рэжым з on адпаведна ў off.
І ўсе лялькі імгненна валяцца на падлогу, а ў гэткім стане ў іх прачынаецца нешта такое, накшталт свядомасці. Яны ўспамінаюць, што ў мінулым жыцці і вакол іх было шмат прыбораў з такімі on/off-выключальнікамі. У тым мінулым жыцці яны ўсе дні былі занятыя: вучыліся, працавалі, сустракаліся з сябрамі, хадзілі на дзелавыя спатканні, ездзілі ў камандзіроўкі, увогуле, знаходзіліся ва ўнутраным on-рэжыме. Вярталіся дамоў, націскалі на кнопку “on” на тэлевізары, а яна аўтаматычна пераключала іх унутраны рэжым на “off”… Так адключаліся ад рэальнасці, іх свядомасць праглынаў тэлевізар, як тут праглынае Дзядзечка Сэм. Пасля зноў пераключалі сябе на “on”, на кароткі час, націскалі на рычажок таршэра, ізноў патаналі ў off-цемры.
А ранкам на іх, санлівых, з усіх бакоў нападаў гэты on, скакаў у кававарку, у таршэр, у мікрахвалёўку, у тэлевізар, у плэер… Бо ранкам усюды поўны on.
І куды тут уцячы, схавацца ад гэтага бясконцага on/off-марафону, даўжынёй у жыццё?
Таму, так выглядае, што ў краіне, якую лічаць сімвалам інтэрнацыяналу, больш інтэрнацыянальнага слова, чым гэтае, і не знайсці. І не трэба нікому тлумачыць, што яно азначае. Эмігрант і сам разумее, што ў свой выходны ён тут, нібы яго стары запылены тэлевізар на лядоўні маленькай кухні там, дома, патухае імгненна, нібы нехта насупраць націскае на засаленую кнопку off.
Як я ўжо казаў, само імя, нібы верны сабака-шпік, беспамылкова знаходзіць у славесным тлуме свайго спадара. І кожны мексіканец, які толькі што перабег мяжу ў Тэхасе, на наступны дзень пры ўладкаванні на працу, карыстаецца вольна гэтымі трыма літарамі.

А ў мяне сягоння наадварот план такоff – абсалютна нічым не карыстацца, а ў першую чаргу – машынай. Стамілася мая паабдзіраная баявая сяброўка з хрыплым прастуджаным рухавічком, згубіўшы праз мяне на амерыканскіх дарогах сваю маладосць і падвеску. Ёй таксама трэба адпачыць, падрамаць дзянёк пад вясновым сонцам… Так што, не хвалюйся! Можаш спакойна дрыхнуць адна на ўсім паркінгу, а я ўвесь дзень буду цешыцца пешай хадой. Толькі, давай, маці-гераіня ты мая, выцягну з цябе крыху барахла, якое сёння можа мне спатрэбіцца...
Так, цяжка ўявіць, колькі тонаў бульбы-фры, бюргераў ды, вядома ж, піцаў ты вынасіла і вывазіла за дзевяць месяцаў у сваім чэраве, якое кожную суботу спрабую хоць мінімальна адчысціць.
Выходзіць, што я, твой бесталковы верны акушэр, увесь час, сяброўка, у цябе прымаю роды… Кожны дзень я, запацелы і раскудлачаны, у сіняй, замызганай алеем і мукою майцы з надпісам Dolce Italia Pizzeria, скачу вакол цябе, прымаю гэтыя надакучлівыя і бясконцыя “роды”, лупячы тваімі вялікімі сінімі дзвярамі па трыццаць разоў на дзень. А галодныя вялізныя зомбі-канібалы збіраюцца на гэты шабас абжорства, распускаючы сліны, з усіх закуткаў Нью-Ёрку, Пенсільваніі ды Ілінойса, выштурхваюць ляніва свае цюленевыя тушы з басейнаў у гатэлях і цягнуцца да мяне дрыжачымі рукамі, каб як найхутчэй разарваць тваіх “дзіцянят”, запіваючы кока-колай, напіцаваць імі свае бясформенныя кіндзюкі.
Згаджаюся, што апісанне – не самае прыемнае воку. Ды калі кожны дзень на працягу дзесяці гадзін назіраеш, як ва ўсіх найдрабнейшых дэталях амерыканцы не перастаюць паглынаць кілаграмы ежы, словаў для параўнанняў выбіраць не прыходзіцца.
– Развозчык піцы ў курортным горадзе – ганарова гучыць! – здзекуюцца з мяне сябры…
Але не будзем сёння пра сумнае і ганаровае! Гэты дзень створаны для жыцця, у яго алергія да працы. Толькі не трэба думаць, што алергія ўзнікла з-за нейкай там нянавісці, варожасці ці ляноты да працы. Гэта проста натуральная рэакцыя ў адказ на алергію ўсіх іншых дзён да таго самага жыцця. Таму публічна заяўляю, што болей у гэтым маім аповедзе не будзе пра працу ні слова.
Каб у свой доўгачаканы off унутраны оn-рэжым працаваў у поўным аб’ёме, неабходна з самага ранку запоўніць сябе пазітыўнай энергіяй. Такія рэчы, як халодны душ у “пакоі для паласкання” і гарбата з рагалікамі, безумоўна, у гэтым дапамагаюць, але нішто не дае такой бадзёрасці, як добра звараная, салодкая, менавіта салодкая! кава. Я не люблю варыць каву дома. Для хатніх сумоўяў з сям’ёй або з сябрамі створана гарбата: вялізныя гліняныя кубкі, звон лыжак, жаночы смех, вясёлыя размовы, добрая кампанія. А наравістай каве спрыяе свежае паветра, самота і цішыня, чаго так бракуе людзям у вялікіх гарадах. Кава – напой мегаполісаў, дзе строгія шахматныя тоны: белыя кашулі, чорная кава, бляск начышчанага абутку адбіваецца на белых мармуровых плітах, насцярожаныя вочы, унутраны спакой і адзінота на фоне запоўненых людзьмі шумных вуліц.
Што мне падабаецца ў ЗША – тут у кожнай забягалаўцы, на аўтазапраўцы, у сямейнай пякарні або ў мясной лаўцы стаіць дзе-небудзь у кутку столік з вялікім чорным кафейнікам свежага свяшчэннага напітку. А яшчэ на кожным скрыжаванні спецыяльна для гурманаў свецяцца запрашальна надпісы кафі-шопаў. Так у мяне з’явілася звычка кожную раніцу па дарозе на працу спыняцца ў новым месцы, каб зрабіць дэгустацыю іх непаўторнага смаку.
Прычым, выбіраю звычайна самыя сціплыя дарожныя кафэшкі, што рэдка мільгаюць сярод густых лясных зараснікаў нашага суровага штату Нью-Джэрсі. Суровага, але не аднастайнага… Таму пакінем лясныя масівы на працоўныя дні, а сёння на пошукі кавы мяне цягне адкрытая прастора. Што можа быць лепш, чым ранняя прагулка ўздоўж акіяну?! Ісці далёка не трэба. Жыву на вуліцы з вясёлай назвай Верас (Heather). Як у многіх амерыканскіх гарадах, каб прасцей арыентавацца на месцы, вуліцы дзеляцца на свайго роду “групы па інтарэсах”. Першыя пятнаццаць вуліц – гэта назвы буйных гарадоў Амерыкі. Каго захапляе бесклапотная сонечная Фларыда, той можа пасяліцца на вуліцы Маямі, а каму падавай горныя рэкі ды снежныя пагоркі, можа ўладкавацца на Дэнвер Авеню. А пасля ідзе мая група – кветкі. Ёсць у нас і незабудка, і мірт, і гліцынія і лотас, і нават родная наша шыпшына... А я атрымаў вуліцу Верас!
У наступным мікрараёне пад кодавай назвай “Дрэвы” жывуць мае сябры. Адному кожны дзень стукае ў вакно і запрашае на прагулку стары добры клён, а яшчэ трое цалкам апраўдваюць выбраную вуліцу, бо людзі там бываюць толькі летам і ўсе – турысты, а з восені да наступнага лета яны там як “тры таполі на Плюшчысе”, і вартуюць вуліцу Таполю. Вуліцы гэтыя кароткія – пачынаюцца ад заліва і ўпіраюцца ў акіян. Злучаюць іх у адно пяць, месцамі шэсць, галоўных “праспектаў”, якія цягнуцца ўздоўж усяе выспы. Каб дабрацца да акіяну, мне трэба прайсці чатыры вуліцы. Назвы ў іх таксама адметныя.
Развітаўшыся з машынай, я крочу да галоўнай цэнтральнай вуліцы з гучнай і ганаровай для мясцовых жыхароў назвай Нью-Джэрсі. Далей усё прасцей. Жоўтаю таблічкаю з назвай Ціхая сустракае мяне наступная вуліца, на якую ў пачатку мікрараёну Дрэвы нанізваецца наш сціплы, непрыкметны даўн-таўн. Пасля з геаграфічнай дакладнасцю ўзнікае надпіс Атлантычны. Ну, а наступная вуліца злучае і надае сэнс дзвюм папярэднім… Менавіта так, да непрыстойнасці проста – Акіян! А за ёй ужо – і дурню зразумела… ён сам! Грозны і магутны!

Як ні дзіўна, але гуляць па вуліцы Акіян не цікава, таму што самога акіяну толкам і не відаць. У сучасным капіталізме – від на акіян – гэта не жывапісны рэгулятар супакаення душы і цела, а зусім канкрэтны прадукт, які выгодна і дорага прадаецца. Таму вуліца Акіян уздоўж і ўпоперак забудавана шыкоўнымі гатэлямі і велізарнымі асабнякамі, у якіх з восені да лета балакае Дзядзечка Сэм, пакуль гаспадары шчыруюць у Філадэль­фіі і Нью-Ёрку, каб аплочваць круглыя сумы штогадовых падаткаў на зямлю за свае пустуючыя дамы-прывіды. Ды для падцверджання міфа аб “свабоднай краіне” і “дэмакратыі” за вуліцай Акіян было пабудавана нешта накшталт драўлянай набярэжнай, дакладней, драўляны мост уздоўж пляжу, з аднога боку якога суцэльным патокам цягнуцца ўсялякія крамы, забягалаўкі, палаткі татуіроўшчыкаў хной, а з другога боку – лаўкі, від на акіян і сходкі на пляж. У адрозненне ад мяне амерыканцы і тут пра назву доўга не думалі, іх два словы растлумачаць усё больш хутка і дакладна, чым маё доўгае апісанне. Гэта: Boardwalk – дошка хадзіць. Выйшаў з дому, крыкнуў, зачыніўшы дзверы:
– Я дошка-хадзіць і вочы-глядзець.
І ўсе адразу зразумелі, што ты пайшоў на бордвок любавацца прыгажосцю.
Летам амаль усе работнікі гэтых крамак і шапікаў – студэнты з Расіі, Беларусі, Украіны, Балгарыі, Румыніі. А сам бордвок поўнасцю забіты амерыканцамі, якія швэндаюцца без занятку.
Але цяпер я іду – і анікога. Ну, проста – анікога! Восенню, зімой і вясной прыходзіш, каб пабыць у гордай адзіноце сам-насам з думкамі, а летам, каб знайсці самоту, трэба адсюль уцякаць.
Ёсць, вядома, адзін абагульняючы вобраз, які абавязкова сустракаецца ранкам на вуліцы ў амерыканскай правінцыі. Назавем яго “Дама з сабачкам”! Як ні ўглядайцеся, але нават малога намёку на Антона Паўлавіча Чэхава вы тут не знойдзеце. А вось аматары фільмаў Кіры Муратавай знойдуць у гэтым персанажы родную душу. Элегантны берэт гэтая дама замяніла на пушыстыя ружовыя навушнікі ў кантрасце з цёмна-сіняй майкай з надпісам Eagles або Phillies. Тут усё залежыць ад яе спартовых захапленняў, якія, нягледзячы на пол, узрост і жыццёвую пазіцыю ёсць у кожнага. У той жа каляровай гаме дапаўняюць вобраз шырокія спартыўныя порткі. Усё гэта, як мінімум, на два памеры большае. Ну, і як лагічнае завяршэнне – карычневыя Угі на нагах, або нават – будаўнічыя бацінкі ў духу Катэрпілар. І таямнічая ўсмешка на твары. А замест белага шпіца – шакаладны лабрадор-рэтрывер. Тут ужо варажыць не трэба. І так ясна, што гэта самая папулярная парода ў ЗША. Амерыканцам яна вельмі падыходзіць. Часта чуем выраз “сабака падобны да свайго гаспадара”, вось тут якраз той выпадак. Дагледжаныя, укормленыя, з ільснянай шэрай поўсцю і радасна-дурнымі вачамі, яны заўсёды ўсміхаюцца свайму бесклапотнаму жыццю, высунуўшы доўгія ружовыя языкі. Падбегшы да цябе на вуліцы, яны так і кажуць усім сваім выглядам:
– Не парся, дружа! Жыццё – цудоўная штука! Паглядзі на мяне! Як сыр у масле катаюся, ніякіх табе праблемаў, і ўсё вакол – суцэльны пазітыў!
І гаспадары такія ж – укормленыя і ўвесістыя, дзякуючы любімаму фастфуду, бадзёрыя і вясёлыя, усяго ў іх досыць, ну, а калі і ёсць праблемы, то для людзей з нашым менталітэтам – яны зусім не праблемы. Шукаючы супрацьлеглы вобраз, у галаве адразу ўсплывае повар мясцовай піцэрыі – маленькі змрочны мексіканец. Насупіўшыся, апусціўшы галаву, ён ідзе па бязлюдным бордвоку і лічыць у галаве гадзіны за апошні працоўны тыдзень, пераводзячы яго ў доларавы эквівалент. Паралельна ён ненавідзіць сваю працу і, скончыўшы з тыднёвым заробкам, пачынае лічыць, колькі гадоў прыйдзецца яму тырчэць у гэтай ненавіснай чужой старане, каб на заробленыя грошы адчыніць маленькі рэстаранчык у сваім родным гарадку на захадзе Мексікі. А побач, чапляючыся за свой ланцужок, гэтак жа змрочна перабірае кароткімі ножкамі плямісты басет-хаўнд. Каб пераканацца, што гаспадар ідзе побач, перыядычна паднімае ўгару сумныя стомленыя вочы і, пераканаўшыся, прадаўжае далей цягнуць доўгія вушы праблем і цяжкасцяў па пыльных дошках бордвока. Ён ніколі не ўсміхаецца, высунуўшы ружовы язык, а толькі сумна сапе сваім доўгім носам з абвіслымі губамі. А на падбягаючых вясёлых і радасных лабрадораў яму нудна глянуць; не паднімаючы галавы, ён пляцецца далей за сваім уздыхаючым у роздумах гаспадаром. Шкада, што такі персанаж ніколі не трапляўся на вочы… Мусіць, шпацыр з сабакамі падыходзіць толькі амерыканцам. Мексіканцаў з сабакамі я ўвогуле не сустракаў. Гэта і зразумела, у іх дзяцей заводзіць больш папулярна. А калі столькі дзяцей, там ужо не да сабак.

Я прайшоў вуліц з дваццаць і нарэшце знайшоў тое, што мне трэба. Грэчаскі фастфуд з вялізнай табліцай OPEN на дзвярах. У сярэдзіне ўсё завешана плакатамі з аграмаднымі цяжкімі гіросамі. Але апусціўшы вочы, я шыбую проста да кафейніка. Дзіўна, што я тут не адзіны наведвальнік. Побач са мною заварвае каву смуглы і санлівы электрык. Усё ён робіць марудна, пэўна, працуе недзе побач і, зразумелая справа, на работу не рвецца. Двое скейтэраў пераступаюць з нагі на нагу каля лядоўняў, выбіраючы пратэінавыя кактэйлі. Каля ўваходу ў кіпе ранішніх газет кешкаецца дама з сабачкам. У гэты момант у сярэдзіну зайшоў бадзёры пажылы амерыканец і, паглядзеўшы на даму, адразу спыніўся, з выглядам здзіўлення на твары сказаў:
– Няўжо? У гэтай краіне яшчэ нехта чытае?
Абодва засмяяліся, звяртаючы на сябе ўвагу астатніх. Дама ў сваю чаргу праспявала:
– Так, лепшы спосаб сапсаваць сабе зранку настрой!”
Тут ужо ён фыркнуў у кулак і, нахіліўшыся да яе, прамовіў нібы шэптам:
– Не верце ім, яны ўсе ілгуць. Чортавы лгуны! – і зноў засмяяўся, задаволены сваім пачуццём гумару, пагладзіў вусы. Электрык, выходзячы, вырашыў далучыцца і фліртоўна з усмешкай сказаў:
– Так, так, ён кажа праўду! Лепей прамарнуйце лішні долар на шклянку кавы або аддайце яго мне. Я вазьму, – і, спыніўшыся, працягнуў руку. Усе зноў затрэсліся ад смеху. Электрык выйшаў, сказаўшы ўсім запаветнае “take it easy!”
Гумарыст-пенсіянер, адказаўшы тым жа, пайшоў да стэнду з донатамі, гэта бублікі, якія амерыканцы ўжываюць да кавы, а бедная дама ад такога лішку ўвагі ўся расцвіла, усмешка зрабілася шчэ больш таямнічай. У выніку, пакуль я па дарозе да касы глянуў на гіросы (гэта грэцкая шаурма) – мужычок, які ганьбіў газеты, мяне апярэдзіў.
На касе стаяла мілавідная мулатачка, відаць было, што вельмі стомленая, таму злосная на жыццё. Ну, а мужычок адразу звярнуў увагу на яе бэйджык з надпісам Dayanara. І з асаблівым артыстызмам былога лавеласа пачаў захапляцца:
– О, вы паглядзіце, што за цуднае імя – Dayanara! Проста захапленне! Божа мой, ніколі не сустракаў больш прыгожага імя. І яно вам да твару!
Ніяк не рэагуючы на захапленні старога спакусніка, дзяўчына прадаўжала задумліва выбіваць нешта на касе і абсалютна без усялякіх эмоцый сказала:
– Калі чэсна, я таксама вельмі люблю сваё імя!
А мужычок усё паўтараў:
– Вельмі прыгожа, ну, проста вельмі прыгожа!
Сабраўшы ўсе прадукты ў пакет, Dayanara усміхнулася прабачальна і дадала:
– Гэта адзінае, што я люблю ў сваім жыцці…
Тут наш лавелас зразумеў, што ён выбраў няўдалае месца для фліртаў, адступіў. Ён узяў пакет, нацягнута ўсміхнуўся і сказаў:
– Добрага дня! – і пайшоў.
Дзяўчына пачала лічыць маю каву, а я, каб праявіць спачуванне, сказаў:
– Добры адказ. А вы гэта сур’ёзна?
А яна гэтак жа абыякава спытала:
– Што?
Я крыху збянтэжыўся, але ўсё ж перапытаў:
– Ну, гэта на самай справе – адзінае?
Тут яна рэзка адарвалася ад касы, падперла рукамі клубы і з яхіднай усмешкай сказала:
– Не, не адзінае! Яшчэ ў мяне заўтра нарэшце off і я змагу выспацца. І гэта я таксама вельмі люблю! Такі варыянт цябе задаволіць? – і не чакаючы ўжо майго адказу, зноў падыйшла да касы, хутка адрэзала:
– З вас долар, пяцьдзясят!
Я даў ёй грошы і ўсё ж сказаў:
– Вось, здачы не трэба. А ў мяне – сёння…
– Што сёння?
– Оff…
– М-м-м… шчаслівы! – задуменна закрыла касу, пайшла на кухню…

Назад вяртаўся, не выбіраў ні вуліц, ні накірункаў, нібы ў тумане, піў каву, ішоў. Думкі так доўга тлуміліся ў галаве без дзейнасці, што як толькі мая свядомасць прачнулася, няхай на дзень, яны ўсе рынулі на паверхню і ў галаве запанаваў поўны хаос. Шалёным вірам віравалі ў галаве думкі, нараджаліся і зноў знікалі. Кожны імгненны імпульс страляў, нібы разрыўны салют, яркай канкрэтнай думкавай успышкай, якая рассыпалася на сотні дробных думак, якія ўспыхвалі, рассыпаліся. У нейкі момант злавіў сябе на тым, што ўспамінаю, як толькі людзі ні калечылі маё імя за гады эміграцыі, падстасоўваючы яго да сваёй роднай мовы.
Пасля гэтая думка забрыла ў непраходны філасофскі гушчар, блукаючы там, я зразумеў, што людзі, якія сустракалі мяне, стваралі ў свядомасці нейкі вобраз, і ўсе гэтыя вобразы – розныя, але яны ў сукупнасці ўяўляюць мяне, якім я ёсць… Я з гэтымі людзьмі быў знаёмы на кароткія прамежкі часу, таму яны мяне пазнавалі толькі з аднога боку, прыдумвалі мяне праз імя, лічылі, што гэты бок – адзіны, і я менавіта такі, якім мяне яны намалявалі ва ўяўленні. Такім я застаўся ў іх памяці.
Думаю, група ўжо былых студэнтаў са Шчэціна памятае тое трускаўкавае лета 2004, якое правялі на карачках, поўзаючы па градках ангельскай фермы, зарабляючы там сабе на вучобу. І на тле ўспамінаў пра той бесклапотны час, які на ўсё жыццё стварыў аскому да такой смачнай ягады трускаўкі, усплыве вобраз усмешлівага сарамлівага хлопца Сташка, які ўпершыню апынуўся адзін так далёка ад дому, у чужой старане, таму паводзіў сябе разгублена і глядзеў на ўсё вялікімі спалоханымі вачамі… З гэтым Сташкам яны ўсё лета навылёт гулялі ў валейбол і каталіся аўтаспынам па пагоркавых ваколіцах Уэльса, дэгуставалі ангельскую марыхуану. А ўтульныя палацы свабоды, роўнасці і братэрства, якія, дзякуючы суровым літоўскім сквотэрам, узнікалі, нібы язвы на целе спальных раёнаў Лондана, сустрэлі ў пракураных кухнях ужо больш смелага і размоўнага балтарусаса Стасаса, які марыў пра беззатратнае жыццё ў вялізным мегаполісе, таму шукаў у паўночным Лондане свой палац свабоды. Ну, а самалюбівыя літоўцы, змрочныя звонку, але добрыя знутры, былі задаволеныя, што звяртаюся да іх, як да духоўных настаўнікаў або нават cталкераў у небяспечны і нязведаны свет, таму яны шчодра падзяліліся з дзівачным балтарусасам справавымі ведамі, правялі яго ў патаемную зону з пакоем, дзе спаўняюцца “самыя запаветныя, самыя шчырыя, самыя выпакутаваныя жаданні”, якім стаў доўгачаканы сквот у паўночным Лондане.
Для начных мяснікоў усходняга Лондана гэта быў ужо Стэнлі фром Бэларус, іх напарнік па працы, з якім яны працавалі па начах у непрыкметнай мясной лаўцы, наразалі стэйкі, круцілі фарш і вучылі пачаткоўца Стэнлі-мясніка арудаваць крывым нажом (bone knife).
Шатландскія мыйшчыкі шыбаў перамывалі вокны ўсёй Шатландыі ад Глазга да Лідса сумесна са Стэнам зэ Мэнам (Stan the Man!), які крычаў на кожным рагу, што ведае ангельскую мову, а сам ні ў зуб нагой не разумеў іх “абсалютна простага” акцэнту.
Амерыканскія кухары, ну, і па сумяшчэнні мясцовыя рэп-рэчытальнікі, яны ўжо кулінарылі ў рэстарацыі традыцыйнай еўрапейскай кухні курортнага гораду на Усходнім узбярэжжы з музыкам з гучным іменем Стаааар (Star!), які прыехаў з групай музыкаў з нейкай краіны, што недалёка ад Расіі. Ну, а калі ехаць ад тае рэстарацыі таксама па Усходнім узбярэжжы дні два на поўдзень, то можна трапіць у грэцкую піцэрыю, дзе таксама ёсць кухар, па сумяшчэнні гітарыст. Якраз сюды ўзялі кіроўцу, які па сумяшчэнні аказаўся бас-гітарыстам з дзівоснай краіны, недзе недалёка ад Польшчы. На першым жа перакуры кухар прадставіўся Тэдам Гарыцасам, а суразмоўцу, не думаючы доўга, назваў Ташам.
Таш аказаўся спагадлівым хлопцам, ахвотна згадзіўся падвезці Тэда пасля працы дадому. Там Таш убачыў міні-студыю Тэда, абсталяваную ў гаражы яго ўтульнай хіжыны, якая схавана пад пальмамі ад пякучага фларыдскага сонца.
У гэтай студыі абсалютна выпадкова завалялася бас-гітара, у выніку Таш і Тэд джэмілі ў гаражы пад пальмамі да позняй начы на ўцеху цярплівым суседзям. Праўда, не доўга Таш і Тэд цешылі свае оффы музыцыраваннем. Таш вырашыў падацца на Поўнач, дзе таксама была піцэрыя, толькі італьянская. І кухары там былі. Мексіканцы. Саса і Раэль. Акрамя як кухарамі, яны нікім па сумяшчэнні не былі, а кіроўцу новага назвалі Істакісам. Праўда, хутка перайменавалі ў Эстаса. Расчуленыя ад сваёй дасціпнасці, крычалі, калі ён заходзіў на кухню:
– Estas, como Estas? (Эстас, як справы?)
Ужо добрыя дзесяць гадоў кучаравы чарнавусы Раэль вывучаў у Амерыцы тонкасці кулінарнага майстэрства. Рабіў гэта так старанна, што аб засваенні мовы гэтай дзівачнай Амерыкі нават і не падумаў. І адпаведна ангельскі слоўнікавы запас рабацягі Раэля быў такі, што ніякая Элачка Людажэрка нават побач не стаяла. А тут раптам высветлілася, што Эстас гэты ў сябе ў краіне, якая недзе далёка ад Мексікі, узяў ды іспанскага нахапаўся. Раэлю, вядома ж, было асабліва прыемна працаваць з Эстасам, таму што не прыходзілася доўга прасіць і тлумачыць на пальцах, колькі і якога піва Эстас павінен таемнана прынесці яму на кухню праз заднія дзверы. А загадвае піцэрыяй цётачка Мікалета на пару са сваім мужам Джакома, які ў Амерыцы адразу зрабіўся Джэкам. Усё жыццё Джэк лепіць піцу, штурхаючы свой сямейны бізнес, гаворыць толькі па справе і коратка, а ў эмацыйных маналогах Мікалеты няма ніякай канкрэтыкі, затое яна гаворыць заўсёды. У Мікалеты ніколі не пытаюцца, з якой яна краіны, таму што, як і кітайцы, здольныя ствараць у кожнай краіне Кітай вакол сябе, гэтак жа і ў кожным жэсце і міміцы Мікалеты выразна і паказальна чытаецца адно слова – Італія. Калі брала на дастаўку піцы новага кіроўцу, яна не прымушала свой язык вымаўляць грубае слова Стас, тым горшае – Станіслаў. Яна адразу акунулася ў сваю маладосць, калі яшчэ не ведала, як гэта быць скупой і прагавітай да грошай, бегла ў белай паркалёвай сукеначцы па П’яца Вільена свайго роднага Палерма да маньерысцкага фантана, дзе магла крыху адпачыць ад ап’яняльнага паху архідэй. Не было часу ў беднай Мікалеты доўга сядзець каля фантана, таму што добры і ўсё разумеючы пастар Стасі чакаў яе ў касцёле, дзе яна раскрыла яму прычыну сваіх заблытаных, як пахі аліўных і міндалёвых дрэваў, пачуццяў…
І вымаўляючы гэтае імя кожны раз, калі заходзіць у піцэрыю стомлены маўклівы кіроўца, зусім да яе пастара не падобны, яна ўсё ж зноў вяртаецца на імгненне ў сваю рамантычную маладосць. Як кіроўца гэты Стасі нават вельмі добры, працуе хутка, машына ў яго не ламаецца, на працу ён не спазняецца, праўда, не гаваркі, але кіроўцу гэта і не трэба. Толькі крыху дзіўны. Калі няма заказаў, асабліва восенню ды зімой, сядае гэты Стасі за першым столікам справа і ўсё нешта піша ў свой скураны нататнік. А раптам піша там нейкія гадасці пра яе? І што самае крыўднае, калі і зірнуць адным вокам у той нататнік (што Мікалета часта з цікавасці рабіла, калі той ад’язджаў), то ўсё роўна нічога не вычытаеш з гэтых каракуляў на незразумелай мове СССР. Пасля Мікалета прымірылася з гэтай пастаяннай пісанінай, а даведаўшыся ад Стасі, што ён піша сачыненні для свайго малодшага брата, які недзе там жыве ў СССР, прымусіла сябе паверыць гэтаму і нават пахваліла Стасі за такі клопат пра малодшага брата.
У хвілінах дзесяці язды ад піцэрыі знаходзіцца мясцовы шпіталь, дзе ёсць аддзяленне хуткай дапамогі. Там усё не могуць знайсці хлопца Стэна з загадкавым кітайскім прозвішчам Ліні. Усе выразна памятаюць, што ён паступіў з падазрэннем на пералом рукі. Ніякіх дакументаў, што засведчвалі асобу, як і грошай, пры ім не было. Ну, і зразумела: болевы шок, усё адбылося выпадкова, гранітная стальніца ўпала на руку, калі ён дапамагаў сябру прыбіраць у гаражы. Сябра адразу завёз яго ў шпіталь, ні пра якія дакументы не падумаў, пакінуў Стэна, а сам паехаў, бо спяшаўся на працу. Але ж гэты Стэн, паклаўшы на сэрца руку, абяцаў, што як толькі вернецца дадому, адразу аплоціць даволі сур’ёзную суму за паслугі, не доўгія, праўда, затое патрабуючыя неверагодных намаганняў дактароў, якія былі патрачаны на тое, каб разабрацца, быў пералом, ці не было.
Ну, дыягназ зрабілі няправільны, але ж стараліся. А Стэн гэты як выйшаў, так праз зямлю і праваліўся. А па мабільніку заўсёды міла адказвае ветлівы хлопец. Гаворыць ён таксама з усходнім акцэнтам, называецца Станіславам. А Стэн Ліні, аказваецца, здымае з ім адно памяшканне, свайго сотавага тэлефона не мае, пакідае ўсюды нумар Станіслава, чым вельмі яго падводзіць. Праўда, Стэна ніколі не бывае дома, а беднага Станіслава ўвесь час даставаць званкамі нават няёмка, таму праз нейкі час Станіславу болей не звоняць. І як знайсці гэтага Стэна Ліна?
І сапраўды нейкі буралом. Як толькі офф, дык збіваюцца ўсе ўстаноўкі па самакантролі.
– Прасцей, прасцей, успрымай усё як мага прасцей!
Пакуль вяртаўся, ніхто не праспяваў мне “Take it easy!”, так плынь думак і выцягнула мяне з рэальнасці. А збіраўся не думаць пра работу. Ды гэта не так проста.
Затое дарога дадому праляцела незаўважна, нібы выйшаў з фастфуда і апынуўся дома. А час у нас ужо лічы абедавы. Звычайна абедаю за рулём па дарозе з работы дадому, дзе застаецца хвіліна толькі на хуткі душ у “пакоі для паласкання”, і ўжо трэба імчаць на другую працу да Джэка і Мікалеты. Я так прывык. Таму бываюць імгненні, калі ясі суп і гаворыш па тэлефоне, заходзячы на круты паварот. Так што, у такі асаблівы дзень ды каб не паабедаць дома, будзе проста тупасць і непавага да сябе самога.
Ну, цяпер я павінен быў бы доўга і падрабязна апісаць арыгінальны рэцэпт якой-небудзь невядомай стравы, якімі мы ў Амерыцы забаўляем сябе, чым прыдаў бы майму аповеду крыху экзотыкі, а заадно і пахваліўся б сваім кулінарным майстэрствам… Але – не. Паколькі ў гэтай краіне ўсе пастаўленыя задачы, таксама і кулінарныя, вырашаюцца проста, прымітыўна, без усялякай экзотыкі, таму ніякіх рэцэптаў не будзе. Вось, захацелася вам на абед італьянскіх цэпелінаў. Праўда, цэпеліны яны ў Італіі, а як пачалася масавая экспансія кухні італьянскай, грэцкай і іспанскай на месца знішчанай і забытай індзейскай, якой да гэтага часу аддаюць тут даніну павагі, наразаючы з пафаснымі важнымі тварамі індычку на Дзень Удзячнасці, – амерыканцы як убачылі гэтыя тонкія спагецці, адразу сказалі:
– О, не! Якія ж гэта цэпеліны? Хіба цэпеліны могуць быць такімі танюсенькімі, хрумсткімі і беласнежнымі! Гэта быццам валасы анёла, які спусціўся да нас з неба дапамагчы амерыканскаму народу не памерці з голаду!
Так і назвалі – angelhair… Вось вы і бярэце пачку гэтых валасоў і кідаеце ў вар, пакуль анёлы лётаюць над рондалем, аберагаючы свае валасы, вы чытаеце на пачцы збоку: “Калі вам хочацца, каб усё было, ну, вельмі смачна, то да пасты можна дадаць сыру армазану і рыкота”. Бярэце і дадаеце. А калі ўжо вельмі захацелася наблізіцца да італьянскай кухні і проста не можаце вытрываць, каб не паліць усё гэта соусам марынара або альфрэда, то ідзеце ў любы супермаркет і бярэце пакецікі з надпісамі “Сырны соус для пасты”, “Соус марынара для спагецці”, “Грыбны соус”. Усё проста. Трымайцеся простай інструкцыі, і праз некалькі хвілін італьянскі гарнір будзе гатовы. І не трэба паўдня таўчы, варыць, парыць свежыя таматы, каб атрымаць доўгачаканую марынару. А з мясам да гарніра таксама ніякіх праблемаў. Таксама лёгка і проста. Ідзяце ў супермаркет і купляеце акуратна раскладзены на пластыкавай талерцы і загорнуты ў этылен стэйк – такі вялізны кавалак свежай гавядзіны. У залежнасці ад таго, з якой часткі беднай каровы ён выразаны і як там размешчана костка, яны дзеляцца на рыбай-стэйк, клаб-стэйк, ты-боўн-стэйк і іншыя. У сённяшні офф гэта будзе ты-боўн. Называецца так, таму што костка стэйка нагадвае вялікую літару Т. Калі верыць амерыканскім баявікам, то ў амерыканскіх турмах зэкі абедаюць выключна найлепшымі сакаўнымі ты-боўн-стэйкамі з бульбай фры. Падмацаваўшыся і набраўшыся сілаў, яны хапаюць костку ў выглядзе Т, а яна служыць ім як кастэт і “пяро” адначасна, і рэжуць адзін другога ў час сваіх гангстэрскіх разборак.
Рэзаць я нікога не буду, выкарыстаю костку як костку, аддам сабаку нашага паліцэйскага Крыса Вэба, – вые на верандзе першага паверху ўжо добрую гадзіну. Арыгінал наш паліцэйскі, у яго зусім не лабрадор-рэтрывер, а проста дварняга.
Стэйк з абодвух бакоў пасыпаецца соллю, перцам і якой-небудзь травой – арыганай ці базілікай. Кідаеце на патэльню, у грыль або ў духоўку на хівлінаў пятнаццаць. І ўсё. Страва гатовая. Абед плаўна перацякае ў агляд старога і добрага савецкага кіно. На партале расейскага тэлебачання, за якое я плачу васямнаццаць долараў у месяц, ёсць такі канал “Дом кіно”, там які фільм ні ўключы, усё падыйдзе на абед. Ведаю, што я не маю дачынення да таго часу і не магу адчуць яго так, як пакаленне маіх бацькоў, і не можа тая эпоха выклікаць у мяне ніякіх эмоцый, бо для майго пакалення гэта ілюстрацыя пэўнай старонкі ў гісторыі. Але ўсё роўна цягне. Назіраць свет з размераным цячэннем жыцця, дзе ўсе персанажы жывыя, сапраўдныя, заўжды ўсміхаюцца, знаходзяць пазітыў у любой прафесіі, ведаюць наперад, як складзецца іх жыццё, ад гэтага на душы адразу робіцца спакойна і добра, і ў галаве гэтак жа раўнамерна ўсё займае свае месцы. Усе думкі раскладваюцца па палічках, ніякага вар’яцкага віру і хаосу. А можа гэта проста мой розум “разводзіць” мяне такім чынам на настальгію?

Пасля абеду і кінасеансу блукаю па прасторах інтэрнэту, гуляючы ў няхітрую гульню “Накрэмзай Google любы сказ, і ён дасць табе адказ!” Проста забіваеш у шукальнік першае, што прыходзіць табе ў галаву. Бессэнсоўныя пытанні, якія сорамна задаваць жывому чалавеку: “Як размнажаецца мураўед?”, “Чаму валасы не растуць на лобе?”, “Дзе жыве снежны чалавек?”, “Колькі светлавых гадоў да Марса?”, “У якога дрэва самая тоўстая кара?”, “Этымалогія слова глупства?” Адказы яшчэ дурнейшыя, чым пытанні. Ну, і ў працэсе блукання ў інтэрнэце натыкаешся на якую-небудзь ідыёцкую прымітыўную флэш-гульню. І разумееш добра, што трэба гэта ўсё прагарнуць хутчэй, што не бывае такога “разок згуляю і ўсё!” Трэба хутчэй уцякаць ад кампутара, а рука сама ловіць стомленую мыш, і праз тры секунды ты ўжо маленькая ртутная кропля, якая ганяецца па экрану ў пошуку яшчэ драбнейшых, злучаецца з імі, робіцца ўсё большай і большай. Але як толькі ты натыркаешся на большую, чым твая, кроплю, вялізны надпіс “Game over” залівае экран. І чаму нават самая простая і абсалютна, здаецца, нейтральная гульня запраграмавана на псіхалагічнае рабства і звяржэнне сабе падобных. Чаму нельга быць вялізнай кропляй, раздаваць сябе другім і, ператварыўшыся ў самую дробную, проста знікнуць?
У такія моманты хто-небудзь з мікрараёну “Дрэвы” нібы адчувае, што цябе трэба як найхутчэй вырваць з чорнай дзіры інтэрнэта, якая засмоктвае, – тэлефануе і прапануе прагуляцца ў бар.

Вясною, а тым больш пасярод тыдня, працуючых установаў не так і шмат. Можна іх пералічыць на пальцах адной рукі. У нашым “кветніку” няма ніводнай, ёсць дзве у раёне першай і другой вуліц, дзе я са сваёй прастуджанай баявой сяброўкай адкормліваю мясцовых піцай ад Джэка і Мікалеты, і ўсе астатнія залезлі сярод “Дрэваў”. Там у раёне “змяшанага лесу” паміж Топалем і Ядлоўцам на вуліцы Ціхая працуе гучны і ўсімі любімы спорт-бар, назву якога можна перакласці як “Ад Іры ўсім спакойнай ночы!” (Good night Irene’s). Мне са свайго Верасу прыходзіцца туды ехаць на машыне, а ўсе астатнія падцягваюцца пехам. За барнай стойкай вельмі шумна, размаўляць нязручна, а мы прыйшлі менавіта для гэтага. Калі ты лялька і мазгі выключаныя, то размаўляць не пра работу проста не выходзіць, таму ў працоўныя дні мы і не перасякаемся, нават не тэлефануем адзін другому, таму што ўжо ведаем з практыкі, што размова ўсё роўна не склеіцца, толькі сапсуецца настрой.
Таму замаўляем па піву і займаем самы далёкі столік у кутку. Народ у нас разнамасны. Нехта прыехаў у мінулае лета як студэнт і застаўся на некалькі гадоў зарабіць грошай, а ёсць і такія, хто, пакатаўшыся па ўсім свеце, вырашыў спыніцца тут, далей ад тлуму мегаполісаў ды і ўвогуле ад людзей. Ёсць і старажылы, хто размяняў на нашым востраве не першы дзясятак. Апошнім да нас далучыўся былы баксёр Вася з гораду Віцебску, які пры такім да яго звароце звычайна ўдакладняе, што былых баксёраў не бывае. Па лёгкай шпіёнскай усмешцы, якая скрыўляе яго суровыя скулы і зламаны ў некалькіх месцах нос, я ўжо разумею, што ён мае пры сабе чарговыя, вычытаныя недзе доказы нашай зацягнутай на некалькі гадоў спрэчкі: “Што ж з’яўляецца культурнай сталіцай Беларусі – Гародня або Віцебск?” Мы зноў зацягваем старую песню, ад якой усе стомлена ўздыхаюць, ды прадстаўніцы чароўнага полу з неабдымнай Расіі хутка пераключаюць размову. Калі побач сядзяць такія юныя стварэнні ды слухаюць з “гатовымі паверыць усяму” ўсмешкамі, то размова выліваецца ў “Астраўныя аповеды і легенды”. Найперш эмацыйна і якасна ліецца з Васевых вуснаў “Быль пра вялікага кіта”.
Было гэта даўно, і ці гэта праўда, ужо ніхто не можа разабрацца, але факт застаецца фактам – выкінула ранкам на наш пляж марскою хваляй велізарнага мёртвага кіта. Вялізны кіт ляжаў доўга на пляжы, а ўсе яго абыходзілі бокам. Мясцовыя ўлады не ведалі, што з ім зрабіць: не атрымоўвалася распілаваць на часткі, не мог яго падняць ніводзін кран, а смурод запаўняў выспу, і ўсе турысты ўцякалі ад гэтага смярдзючага балота. Вырашана было – узарваць і там жа закапаць. Параскідала кіта па ўсёй выспе – што маглі, тое вывезлі, а што не вывезлі – тое там і закапалі. У розных кутках нашай выспы закапана частка беднага кіта. Вось такая гісторыя.
– А ты сам яго бачыў – гэтага кіта? – здзіўленыя дамы пытаюцца ў Васі. Характэрна падмыргнуўшы мужчынскай палове стала і вытрымаўшы паўзу, Вася з сур’ёзным відам кажа:
– Ну, ты даеш, а хто ж яго першым заўважыў?
Пасля пасыпаліся легенды пра знакамітасцяў, якія працавалі ў нашым горадзе, калі былі студэнтамі…
– Дык у гэтым гатэлі вокны мыў Брус Уіліс, а крыху далей – дом у Тома Круза… чэснае слова, зуб даю, – чуваць з усіх бакоў.
Гэтак жа праскочыла легенда пра шалёную акулу, якая некалькі год таму прарвалася праз металічныя сеткі пляжа і адкусіла турысту нагу. Усё наша жаночае таварыства аж падскочыла са словамі “О, які жах!” Калі дамы супакоіліся, каб падкрэсліць сваю лінгвістычную адукацыю, пацікавіліся пра слова shoobies, якое яны на працягу лета бачылі то на вывесцы крамы, то ў выглядзе графіці на сцяне, і ні ў якім слоўніку яго знайсці не могуць. Тут ужо я ўзяў слова і распавёў гісторыю, пачутую ад старога мясцовага рыбака.
Слова гэтае з’явілася ў пачатку трыццатых гадоў, калі турысты поўным ходам пачалі атакаваць наш ціхі і спакойны Уайлдвуд. Турысты гэтыя былі хітрымі, каб не купляць ежу за шалёныя грошы, прывозілі прадукты з сабою.
І на пляж яны прыходзілі са скрынкамі ад абутку, у якіх ляжалі хатнія сэндвічы і хатдогі… Адрозніць турыста ад мясцовага было лёгка, яны на пляж прыходзілі ў абутку і там разуваліся, а мясцовыя прыходзілі з дому басанож. Да таго ж, усе мясцовыя былі гаспадарамі розных закусачных і кавярняў. Таму яны і раззлаваліся на турыстаў за тое, што тыя нічога не куплялі, і прыдумалі для іх абзывалку, злучыўшы shoe box (cкрынка ад абутку) і beach (пляж) у адно слова shoobies. І цяпер пры выездзе з гораду можна прачытаць на дрэве выразаны некім даўно надпіс “Shoobies go home!”

Дамоў я прыехаў ужо пад вечар і адразу ўспомніў, што ў свой дзень жыцця забыўся здзейсніць самы якраз важны для жыцця абрад – мыццё. Кінуўся адразу выграбаць па сусеках капейкі ў дваццаць пяць цэнтаў, пакаваць у пакеты для смецця адзенне, і паехаў у кругласутачную пральню. Не ведаю чаму, але паходы ў грамадскія пральні тут вельмі папулярныя. Не сказаць, што пралька тут такая дарагая. Часта можна сустрэць нават багатых амерыканцаў, якія чаруюць побач над пралькай. Пральня ў ЗША – гэта месца, дзе абмяркоўваюцца важныя палітычныя падзеі, выбіраюцца новыя знаёмыя і сябры, і нават, як ні дзіўна гучыць, нараджаецца каханне. Калі б у гэтай краіне праводзілі спаборніцтвы на колькасць наведвальнікаў, то грамадская пральня магла б даць фору любому тэатру.
Ну, а ў позні час – гэта самае лепшае месца, дзе можна пабыць аднаму. Я і сяджу цяпер адзін на пустой пральцы проста пад таблічкай “Сядзець на машынах строга забаронена!” Насупраць у велізарным металічным барабане круціцца за шклом маё рабочае адзенне, напамінаючы мне, што мой офф вось ужо і канчаецца, і прыйдзецца зноў апранаць працоўную вопратку. Дзядзечка Сэм пстрыкне мой on-рычажок, і я буду гэтак жа дзіка круціцца, ганяючыся за яго бліскучымі манеткамі.
А пакуль што, не звяртаючы ні на што ўвагі, хутка запісваю ў свой тоўсты скураны нататнік тое, што вы цяпер прачыталі. Таймер на сушылцы паказвае дзве хвіліны, пасля якіх яна завізжыць і табло замыргае трыма чорнымі літарамі… OFF…