12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вольга Іпатава

_____________________
З напятай боскай цецівы.
Вершы

На возеры Доўгім

На возеры Доўгім пад вечар здаўжэлыя цені
гайдаюцца лёгка, як пругкі чарот і аер,
як дзікія качкі,
што доўга і цяжка ляцелі,
каб песьняй каханьня нябёсы аддзячыць цяпер.

На возеры Доўгім
зьдзічэлым стагоддзям ня цесна:
І сьледу няма ад таго,
хто ўглядаўся ў падводную глыб,
хто лашчыў у хвалях свавольнае юнае цела,
хто прагнуў спазнаньня —
ды сам апынуўся ля рыб...

Схілюся слухмяна
над люстрам тваім таямнічым.Я тут аблачынка,
якая няўзнак растае...
І ціха — так ціха, што чутна,
як кліча
душу маю хтосьці —
мо Той, хто дарыў мне яе ?

Хвала, хто цябе бараніў
і зрабіў запаведным
твой сіні закон,
і жывому навокал — хвала.
Вось вёсачка толькі —
стаяла на беразе гэтым,
ды ўсьлед за дваццатым стагоддзем
у Вечнасьць сплыла.

Я цені засьпела яшчэ
і далёкія песьні,
і дотык людскі ўспамінае яшчэ азярод...
і гэтак тужліва,
што вёска ужо не ўваскрэсьне,
і гэтак жахліва,
калі не ўваскрэсьне Народ!


КАЛОДЗЕЖ

Праз пясок прасочыцца крыніца,
і калодзеж поўны,
як заўжды.
Любяць тут вандроўнікі напіцца,
і ў біклагу ўзяць з сабой вады.

Ад вадаправоднага жалезьзя
Кашаль горла наждаком дзярэ...
Я кажу ім: «Піце, колькі ўлезе.
Ён для ўсіх, калодзеж на дварэ».

Ён і ў лютаўскі мароз ня стыне,
Колькі б тут завеі ні гулі.
Цёмныя і пругкія глыбіні —
быццам да сярэдзіны Зямлі.

Як над вокам, над вадой схіліся —
галаву закружыць незнарок.
Ты — тут кропля, што ўпадзе калісьці
у жыцьця нямы кругазварот.
Ты — дзіця прасторы неабдымнай,
што пачатак з Космасу бярэ...
«Гаспадынька...»
Я — не гаспадыня:
ён для ўсіх, калодзеж на дварэ...

ХУТАР

Уздымаецца неба імкліва.
Дождж прайшоў –
надакучны, як зяць...
Ацяжэлыя ціхія сьлівы
Сіратліва па садзе стаяць.

Да ад’езду машына гатова.
Падсыхае да Менску шаша.
У цішы нараджаецца Слова
аб усім,
што тут мела душа.

А было — састарэлая хата
ды навокал – як глянуць — палі.
І — усход. На паўнеба, як сьвята.
Блізка так, як нідзе на зямлі....


ВІНДСЕРФІНГ

Мужу Ягору

Мне не ўтрымацца на дошчачцы кволай...
Лепш падымуся на ўзгорак — здаля
буду глядзець, як, вандроўнік вясёлы,
лёгка ляціш па планеце Зямля.

Як парушынка ў возера воку,
Ветразь твой белы — цень аж на дне.
Вецер нясе твой віндсерфінг далёка,
Быццам забраць цябе хоча ў мяне.

О, не зьнікай у сьвітальным тумане,
Лепей — у гэтай хвіліне жыві!
Мы растварыліся ў леце дазваньня
бегам гарачай, шалёнай крыві!

Боскасьцю лёгкай мне не ўтрымацца.
«Я навучу!» – ты гаворыш.
«Пасьля!»Далеч. Сьпякота. Конікаў брацтва.
І прыцяжэньня ня мае Зямля...


Жнівеньская акварэль

Азёрных качак чарада.
Зялёная, як чары, ціна.
Спакойна дыхае вада,
аб кладку трэцца чараціна.

Сасьпелі рана гарбузы.
Лузкае семачкі дзяўчынка.
Рыбак цікуе скрозь хмызы...
Апошні тыдзень адпачынку.

Лісток зацягвае сьлімак
у дом свой востра-адмысловы...
Імкне Паэзія дарма
прыроду выказаць праз Слова.


Адчай

Віргініі

Калі падчас, здаецца, гіну я
ад чорнай зайздрасьці людской —
на хутар да цябе, Віргінія,
я еду — там жыве Спакой.

Там непарушнасьць мудрых брамінаў
нашэпча мне, што ўсё цячэ.
Ахутвае, як хусткай мамінай,
надзея, што прыду яшчэ

у сьвет — ня купіну іржавую,
што ў багне топкай ледзь ліпіць,
дзе над няўдалаю дзяржаваю
душа павек не забаліць –

над цёмнымі яе сурокамі,
над пашчамі пустых двароў,
над, што ні дзень, дурнымі крокамі
яе дурных правадыроў...

Таму і еду... Ціхай Сьвіліцай
ідзём, пужаючы гадзюк,
і поўдзень дыхае ў патыліцу,
і сьцелецца пад ногі луг.

Як хуста, неба цёмна-сіняе
лягло хмурынкай на ваду...
Суцеш няпраўдаю, Віргінія —
адсюль ніколі не сыйду...


З НаПЯТАЙ БОСКАЙ ЦЕЦІВЫ...

З напятай боскай цецівы
зьлятаеш звонкаю стралою.
Сьвет не нацешыцца табою —
такі чароўны і жывы.

Цяпер брыдзеш, і грузьне крок,
нібы на бруднай Камароўцы
зьняважылі каўказцы слоўцам
твой лёгкаважкі кашалёк.

Ды Коўш Мядзьведзіцы ўначы
пытальнікам на неба ляжа,
і ўласная душа падкажа,
як сьветлы промень зьберагчы.

І зноў пачуеш — крык савы,
таемны шэпат, плач нядужны,
І звон. І ўзьлёт галавакружны
з напятай боскай цецівы.


Тры крыжы ля Малога Ольжына...

Эдуарду Акуліну

На полі, дзе расейская пагарда,
Як серп, сякла паўстанцаў каласы,
Як рэквіем — гітара Эдуарда,
Сярэбраныя плачуць галасы.

Па продках, што за волю тут плацілі,
Прастор палеткаў, сэрца не ірві!
Тут буракоў чырвонае націньне –
Сьляды невысыхальныя крыві.

Прарос гарох скрозь тонкія мундзіры,
Прабілася скрозь грудзі сенажаць.
Тут паўтара стагоддзя камандзіры
Са шляхты беларускае ляжаць.

З каменьняў пасьціралі іх імёны,
Не адпусьцілі душы на спачын...
Няхай жа восень дажджавой заслонай
Цябе захіліць, нейчы брат ці сын!

І адпяе завея галашэньнем,
Каб старадаўні збыўся запавет –
Ляглі, каб не аддаць свайго найменьня,
Ляглі, каб стаў свабодным гэты сьвет.

Пакутліва мы волю здабываем,
Ды гонар чужакам не аддамо.
Гітара барда плача і сьпявае –
І з душ сплывае рабскае ярмо!..


Беларуская мова

Васілю Быкаву

І кабета крамяная, што з гноем тачку
сваю вывальвае на палетак,
і на магілах забытых Плачка,
і выхавацель з чародкай дзетак,

і трактарыст, што пажадліва-п’яна
даярку зманьвае на любошчы,
і ўнук, што ў лазьні сячэ старанна
ядлоўцам пахкім старога косьці,

і фрэзероўшчык, што адмыслова
салёна кіне сябрам пацешку –
гэта – народ. Народ мой, і ластаўка – мова
жыве ў яго сэрцы, нібы ў падстрэшку.

І гэты падстрэшак з самой страхою
спрабуюць зьдзерці з бацькоўскай хаты
часінай скрушнаю і ліхою
чужыя злыдні, забойцы-каты.

Але пакуль між Дняпром і Бугам
мілуе Янка Алёну ў жыце,
і кроіць поле араты плугам –
мая Беларуская мова – жыцьме!