12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алеся Іванькова

_____________________
Чырвонае паліто. Аповед

– Я пра тое, што мы ў цемры, як у смерці,
і ў смерці – як у цемры. Мы не бачым рэчаў –
а толькі асвятленне іх. А самі мы, на зямлі,
дзе мы ёсць, сярод сябе, жывём у цемры.
І мёртвы – больш рэальны стан, чым жывы.
Андрэй Бітаў, “Апантаныя”

Ранак пачаўся трохкутным. Адчуванне геаметрыі вяр­­талася да яе штораз, калі бровы трагічна сыходзіліся на пераноссі – яны нагадвалі дзве вектарныя прамыя, якія ўпарта паказвалі на лыжачку лоба. Якраз туды, дзе красавалася вялікая радзімая пляма.
Ужываючы ўласцівую ўсім жанчынам крывадушнасць, яна бесперастанку паціскала рукі калегам і ўсміхалася кліентам так асляпляльна, як, пэўна, згараюць пылавая блікі на спіралі распаленае лямпы. Яна любіла паціскаць іх са сваёй вышыні, прытуліўшы лямпу між сваіх каленяў; і ейныя пальцы заўжды былі чырвоныя ад апёкаў. Ёй падабаўся чырвоны колер – ён быў жыццём. Само жыццё яна з пагардай адхіляла, лічыла яго дэструктыўнай праявай індывідуальнасці, па-за калектыўнай з’явай, пазбаўленай маральных нормаў і рэлігійных канонаў. Яна ненавідзела сябе за цяжкі чорны трохкутнік на белым авале ейнага твару, які падобна крыжу раскідаў крылы над ейным добрым імем, над ейнай ідэальнай, нічым некранутай рэпутацыяй. Думкі пра гэты зневажальны недахоп увесь час турбавалі яе, і штораз, калі яна сутыкалася з адмысловай разнавіднасцю люстэрак, якія дэманструюць усё без вынятку, ёй падавалася: яна глядзіць у бездань. Але было наадварот, гэта бездань глядзела ў яе. Сваім не ў прыклад самастойным жыццём, якое напінала і распальвала ёй скуру непрымальным чорным індывідуалізмам, яно цягнула жанчыну ўсярэдзіну.
І яна апускала вочы, ахінала галаву худымі, доўгімі рукамі ды імкліва крочыла праз натоўп, кідаючы прыгнечаныя погляды сабе пад ногі: на асфальт, на маленькія камяні ды буйныя галовы каменных плітаў. Ёй падавалася, што ўсе, хто ёсць навокал – ці то свае, ці то чужыя – не крычаць ёй услед толькі таму, што з нейкай невядомай прычыны пазбаўленыя такой магчымасці – не маюць ратоў. Затое вачэй у іх звышдастаткова, яны быццам абсыпаныя імі, як калядныя дрэвы бліскучым шклом цацак. І кожнае вока прагне стрэліць па ёй, уджгнуць вельмі балюча, і турзаць столькі часу, пакуль не хопіць ёй рук настолькі, каб цалкам укрыцца. І ўва ўсёй той непамыслоце вінаватая была пляма.

Аднойчы ёй пагрукалі ў дзверы. Стук быў нясмелы і слабы, ледзь распазнавальны ў гучнай цішыні. Над ганкам лунаў кранальна прыгладжаны скрутак са шчыльнай галантарэйнай паперы. Ён быў такі прыгожы і прыцягальны, што жанчына не вытрымала: узяла на рукі, абняла і прытуліла да сябе як мага мацней. Але не забыла паглядзець па бакох: ці не заўважыў хто з суседзяў?
У скрутку было паліто. Яно было мяккім, чырвоным і з пачварнай настойлівасцю распаўсюджвала прагу да жыцця на вялікай прасторы вакол сябе. Яно было той зброяй, якой так не хапала стомленай фантомнай барацьбой жанчыне. Паліто было ейным целам, светачам, хаўруснікам ейнае маленькае трагедыі – страчанага жыцця.
– Ніколі, ніколі не буду здымаць гэтае паліто! – вырашыла яна і ў той самы момант з задавальненнем заўважыла, як гарманічна злілося яно з ейным уласным целам.
Вуліца была ў выглядзе кола: ззяла сонейка. Пад яго бесцялесным святлом нават радзімая пляма набыла нерэалістычнае бежавае адценне і падавалася смяротна хворай.
– Мае сцёгны такія самыя мяккія і круглыя, як сонца, – прашаптала жанчына, ловячы ласкавыя погляды тых, чые вочы яшчэ ўчора падаваліся ёй смяротнай зброяй. Яна адчувала, і сведчаннем таму былі гукі, выразна ўспрыманыя ейным нутраным слыхам: уся тая непрыязнасць да сябе, да свету, якая шмат гадоў урастала ў яе, цяпер раставала й памірала з дэманічным шыпеннем і кроплямі поту выступала на скуры. Паліто не варушылася.
– Яны ўжо шмат часу на мяне глядзяць. Хіба гэта правільна? Няўжо гэта прыстойна, раз яны ўсе так робяць? – жанчыне стала боязна. Жыццё без паліто зрабіла яе недаверлівай і асцярожнай, і нават чырвоны колер, на пэўны час схаваўшы спешчаныя кветкі неўрозу ў ейным розуме – у цэлым не меў цяперака ніякой сілы.
Ёй карцела праваліцца, знікнуць, проста не быць. Чырвонае паліто прыгнятала: яно звісала з яе, як чырвоная ануча на руцэ тарэадора – і ў гэтым не было лірычнай метафары. Пакора змянілася на супрацьстаянне. Яна думала: мы ўжо не адзінае цэлае, мы непрыемныя адно адному, у яго сваё жыццё, а ў мяне сваё. Яна жадала знішчыць яго, адарваць ад сябе, кінуць тварам у бруд. Але яно ўжо было ейнай часткай, як вялікая радзімая пляма. Трывала ўмацавалася ў ёй сваёй чырвонай існасцю. Яна амаль ужо ненавідзела чырвоны колер. Упала на калені і пачала заклінаць сваю радзімую пляму:
– Мілая, мілая пляма! Ты заўжды са мной, ты ўсё пра мяне ведаеш… Дапамажы, уратуй! Ад сораму згараю!
Але пляма не адказвала. Сонца схавалася, ад гэтага пляма пашырылася і стала яшчэ чарнейшая, чым раней.

Трамвай быў чырвоны, як паліто. А скрыгат, які ён даставаў з шырокіх рэек, быў яшчэ чырванейшым. Яны ішлі паралельна, але неаднолькава, як правады на слупах: з процілеглых бакоў вуліцы. Імгненне за імгненнем яны прасоўваліся наперад, і ніхто не меў ніякіх сумневаў, а магчыма нават быў шчыра перакананы, што калі-небудзь наперадзе з’явіцца чырвоны бок такога самага паралельнага з трамваем гуку.
– Цікава, а ці ёсць такія трамваі, што ездзяць не па рэйках, а па асфальце, дробным каменні, вялікіх галовах каменных плітаў? – разважаў трамвай і ад здзіўлення сваім уласным думкам спыніўся.
Жанчына ўпала, нібы яе пераехалі пярэднімі коламі трамвая.
– Эй, чаму стаім? Кіроўца заснуў ці што?! Табе добра, а людзі спяшаюцца!
– Ды тут кагосьці пераехалі! Выклічце хуткую дапамогу!
– А-а-ай… Якую там дапамогу, яна проста п’яная…
Прыбеглі людзі, пачалі глядзець, шукаць…
– Гэта ж паліто…
– Глядзіце! Паліто!
– Шыкоўнае паліто… Чырвонае…
І людзі ўсміхнуліся. Хоць і было ў іх вачэй столькі, колькі бліскучых цацак на калядным дрэве. Але яны былі добрыя і любілі трамваі. За тое, што яны адвозілі іх куды трэба, і ніколі не збівалі людзей.