12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юры Іздрык

_____________________
Востраў Крк. Аповесьць
Пераклад
з украінскай
Уладзіслава
БЕЛАВУСАВА

* “Востраў Крк” – гэта, уласна, назва нашмат большае (блізу 200 ст. машынапісу) рэчы, якая засталася незафіксаванай. Амаль усе прапанаваныя тут эпізоды мусілі б увайсьці ў “Востраў” на правах дасьледаванага тэксту, таму іхная зьместавая і мастацкая незавершанасьць невыпадковая. Адно дакументальная каштоўнасьць апраўдвае спробу іх асобнай публікацыі, як відавочна яна ж апраўдвае прысутнасьць гэтых каментароў.
Датычна жанру “Вострава”. У падзагалоўку сама першай рэдакцыі значылася: “гісторыя бегу”. Аднак, як ужо ўзгадавалася, апублікаваны тут тэкст мала што супольнага мае з сапраўдным “Востравам”, і жанр яго прачытваецца хутчэй як традыцыйная “love strory”. Са словаў самога ж аўтара вядома, што ён вызначыў “Востраў” як “дзесяць спробаў апраўданьня з дапамогай сінонімаў”.
1 Апісаныя тут падзеі сапраўды мелі месца ў кастрычніку 1992 году цягам выставы “Крайсьлер Імперыял”.


1 (эпілог). Дзяўчынка мая, бывай. Дзіўнымі былі нашыя дні. І кароткімі. Хай даруе нам Бог, што мы спазналі гэтак мала шчасьця разам. Я буду думаць пра Цябе яшчэ.
2 (кастрычнік)1. Хрушч быў за сцэнаю, калі пачаўся ўвесь той джаз. На сцэне знаходзіліся Патрыярх, Пра­куратар і хор, самааддана імітуючы сэрца, а за сцэнаю Хрушч чакаў на павадак. Ён ведаў напэўна, што тэатр мусіць быць затоплены, але ня ўмеў адчуць таго дакладна. Спачатку яму мроіліся зграі белых мышэй, што абміналі і амывалі яго падобна хвалям, ды гэта было надта проста, падазрона проста, і сьледам яму цалкам заканамерна і лагічна прымроіўся пухнаты белы кот, гэткі нібыта звычайны свойскі кот, ён гэтак нармалёва-правільна пасаваў да інтэр’еру і так звычайна па-хатняму выглядаў у інтэр’еры, адно толькі было няладна з тым катом – яго было надта, надмерна шмат, ён запаўняў сабой штораз больш абшару, і Хрушч адчуваў, як яму пачынае бракаваць мейсца, як ужо няма куды падацца, недзе й павярнуцца, як усё цяжэй дыхаць, бо паветра таксама робіцца белым і пухнатым, і белымі і пухнатымі робяцца яго, Хрушча, ноздры, вуха, лапы і хвост.
Шукаючы Цябе, я перабіраўся ўсё вышэй і вышэй, з лоджыяў на другі і трэці ярус балконаў і, зрэшты, апынуўся ў самай гары, на хорах, дзе ў выступах гіганцкае залы патроху млелі хлопчыкі, чыімі галасамі пачыналася і сканчвалася выстава. Я перабіраўся праз ножкі й сьпінкі столікаў, і калі мне здалося, што я прыкмеціў цябе на супрацьлеглым баку, захутаную ў цяжкія партэры ўваходных дзьвярэй, рэмень ссунуўся ў мяне з пляча, і торба ляснулася аб падлогу ўсімі сваімі пляшкамі, я паляцеў уніз сьледам за ёй, выстаўляючы наперад рукі і раскройваючы сабе пальцы ды далоні вострымі абломкамі szкла. Зала выбухнула рогатам на гук разьбітага посуду, успрыняўшы яго за чарговы сьпецэфект, якімі поўнілася і славілася сёньняшняя выстава. Выціраючы рукі аб чырвоныя завесы і пакідаючы за сабою крывава-вінныя сьляды, я выбраўся ў калідор і пабег, коўзаючы мокрымі падэшвамі па гладзенькіх плітах.
Па сёньняшні дзень ня ведаю, ці добрым знакам быў той крыжык, што я знайшоў яго тады на падлозе, – звычайны таньненькі каталіцкі крыжык, цяпер такія носяць і ў вушах – ён мог быць толькі адмыслова для мяне, і я чамусьці страшэнна ўсьцешыўся яму, падняў й пабег далей, сьціскаючы ў акрываўленай далоні.
Адчыніўшы дзьверы, за якімі мусіла чакаць ты, я зноўку апынуўся ў задушлівай атмасферы Пракуратаравай дзеі. Было цёмна і толькі зьнізу – са сцэны ці з залы – падымаўся прамяністы пыл. Сьвятло, менавіта сьвятло знаходзілася глыбока ўнізе, а да нас даляталі толькі змрочныя цені, сьветлавыя прывіды, дурындулы прамяністыя.1 Ты стаяла, абапіраючыся на парэньчы, нахіліўшыся й узіраючыся ў мора галоваў. Ясныя твае валасы закрывалі аблічча, і я бачыў толькі абрысы твайго роднага цела і, падышоўшы ззаду, паклаў рукі табе на стан, потым падняў іх вышэй у намаганьні крануцца грудзей, тваіх раскошных, жаданых, заўжды жаданых грудзей, што гэтак салодка-моташна напіналі сукенку, але рукі мае намацалі паражнечу, тонкае палатно прыхоўвала старыя драглі, а за завесаю белага валосься выявілася жахлівая пашча, густа нафарбаваная, поўная трухлявых зубоў; яна радасна зарагатала і гэны яе рогат супаў з рогатам публікі: уся зала раптам выбухнула гэткім шалёным, гэткім енкавым сьмехам і лямантам, што ўжо ніхто ня мог пачуць ані майго крыку, ані як за кулісамі ў калідорах, пераходах і шахтах ліфтаў, у піўнухах, трумах і машынных аддзяленьнях запрацавалі нябачныя рухавікі, як увесь тэатр завібраваў, затрэсься ўсімі сваймі калонамі й сотнямі нацягнутых канатаў, нагружаных валоў, рычагоў, муфтаў, і як гэтая вялізарная пастка пачала патроху зачыняцца, зьмяняючы парадак дзьвярэй, блытаючы галерэі і завешваючы сходы над прорваю. Сьмех не сьціхаў, ды нават яго ўжо лёгка перакрывала магутнае крэшчэнда хору і туцьці духавых. Я больш ня мог крычаць, бо горла сьцяў жаль да самога сябе, і я толькі ўсхліпваў і стагнаў, істэрычна каўтаючы сьліну й сьлёзы, а жахлівая пачвара хціва выцалоўвала мне рукі, зьлізваючы з іх кроў і віно, кроў і віно.
Акурат калі я ўзгадаў пра крыжык, менавіта тады, калі я ўзгадаў пра крыжык, хоць ніякага крыжыка, мабыць, не было ўжо, – я згубіў яго, выпусьціў ад страху ці адразу, – уступіў хор хлопчыкаў і нямая цішыня запанавала ў зале – чуваць было толькі высокія дзіцячыя галасы, яны гучалі зусім побач, я, уласна, скруціўшыся дзесьці ў нагох хору, таму чуваць было толькі высокія дзіцячыя галасы, а за тымі галасамі чульлівае вуха магло адрозьніць рыпеньне й шаргаценьне тэатральных механізмаў, і тут я ўбачыў, як рассоўваецца цяжкая барокавая столь, яна разыходзілася, нібы дыяфрагма, хаваючы ляпніну й залатых оперных монстраў, а там, у прорэзі, што ўсё павялічвалася, зьявілася марознае вечаровае неба, ліхтары, зоркі; раптоўна хмара людскіх выпараў бухнула дагары, засланіўшы на імгненьне ўсё, яна выляцела з будынку, як душа, і зьнікла цалкам, усе маглі бачыць зорную львоўскую ноч і дробненькі сьнег, што зьлёгку зьзяў з цямрэчы.
Сьвежасьцю, чысьцінёю і сьвежасьцю запахла ў паветры, усе заварожана паднялі галовы, падстаўляючы вочы беламу зерню, а я намагаўся верыць, што з таго неба вызірне, схіліцца нада мною тваё аблічча, і твае сьветлыя валасы будуць засьціць ад мяне сьвятло; я так моцна намагаўся ў гэта паверыць, а калі ачуняў – за сцэнаю захлынаўся Хрушч.
3 (лета) Ці памятаеш ты, як усё пачалося? Ці думала ты пра гэта? Вядома, зручней лічыць, нібы гэта адбылося ў той сьпякотны дзень, калі нас прыціснула адзін да аднаго дзьвюма сустрэчнымі хвалямі, і калі мы, неспадзявана для саміх сябе, абняліся пасярод вуліцы. Мы яшчэ не былі тады мужам і жонкаю, магчыма таму нам гэтак цікава было гадзінамі сядзець у адкрытых летніх кавярнях, піць ахалоджанае віно й размаўляць.
Здаецца, тады мы размаўлялі пра музеі.1
Гэта ўжо потым мы шмат падарожнічалі, паддаўшыся прыхамаці, нібы хвалі. Мы пераязджалі з места ў места крадзенымі машынамі – у цябе выявіўся дзіўны талент вызначаць прыдатныя для крадзежу аўто й заводзіць іх сваім манікюрным прычындальлем. Я кепска кірую аўтамабілем, да таго ж у мяне не было пры сабе правоў, таму мы перасоўваліся, як правіла, уначы. Стырыўшы пад вечар чарговае аўто, мы за якія дзьве-тры гадзіны дабіраліся да найбліжэйшага сімпатычнага нам паселішча, начавалі з машынаю у кустах і ранкам ужо былі на мейсцы. У нас ніводнага разу не ўзьнікала праблемаў з паліцыянтамі.
У нас было фантастычнае лета. Мы зрэдку спыняліся ў гатэлях – нас не любілі пакаёўкі, швейцары ды афіцыянты. У гарадах і мястэчках мы наведвалі адно базары і лазьні. Мы змывалі з сябе дарожны пыл у дзівосных, паедзеных грыбком і вільгацьцю пакоях, дзе дзьверы і сьцены паабпісаныя і размаляваныя пакаленьнямі наведвальнікаў. Усё багацьце правінцыйнага ўяўленьня пра экзатычную любоў было тут. Вялізарныя фаласы й бяздонныя похвы – іх безьліч разоў замалёўвалі, зьдзіралі, ды яны зьяўляліся зноўку, дбайна выпісаныя, вышкрабаныя, выпаленыя няўрымсьлівымі энтузіястамі. Мы змывалі з сябе дарожны пыл, аточаны сьлядамі чужое жарсьці і чужога юру, і гэта было добра, бо ўсё было добра тым летам.
Мы швэндаліся па базарах, пустых й людных, сталічных й перыферый­ных, гаротных й багатымі, мы пераходзілі ад прылаўка да прылаўка, выбіраючы найкаштоўнейшае й найяскравае або проста мілуючыся. Мы куплялі вялізарныя перцы, зялёныя, чырвоныя й жоўтыя, васковую моркву, з яшчэ жывымі хвосьцікамі, хімерныя, нібы губкі, калафёры, доўгую й ўюнкую фасолю, гурбы васпаватай рэдзькі, хваравітую, пяшчотную, мяккую салату і памідоры, – перасьпелыя, гатовыя ў любы момант выбухнуць, або бледныя, што дасьпявалі ў вагонах. Мы корпаліся ў кошыках, скрынях і мяхах, вышукваючы незвычайныя плады – шалёна доўгія або сьмяхотна круглыя гуркі, гіпертрафаваныя кабачкі, якую-небудзь дзівакаватую капусту і раздвоены, быццам жэнь-шэнь, корань бураку. Мы набіралі цэлыя горы ўкропу й пятрушкі, мы скуплялі сялеру, з нас сьмяяўся ўвесь базар, і мы былі шчасьлівыя, халера.
Мы не выклікалі даверу ў швейцараў, пакаёвак ды афіцыянтаў, але шчасьце так пёрла з нас, што ўсе звычайныя людзі прагнулі мець з намі справу, каб хоць неяк прычасьціцца. Таму ў нас заўжды быў начлег. Разбэшчаныя ўвагаю і любоўю, мы патрабавалі найвялікшыя, найсьвятлейшыя пакоі – і атрымлівалі іх, мы прыцэньваліся да гаспадарскае бялізны і заўжды мелі найлепшыя, найвялікшыя прасьцірадлы, мярэжаныя з анаграмамі і штампамі пральняў, і калі аднойчы гэта быў звычайны паласаты набіты саломаю матрац, то гэта быў найлепшы матрац, які толькі ўдалося знайсьці ў тым паселішчы. Нам адводзілі па-сапраўдненьку добрае начыньне, і ты страшэнна цешылася ўсялякаму размаітаму збаночку, цьмянай паскрабанай лыжачцы, ці патрэсканай талерцы. О, як ты зналася на посудзе! Ты ўмела ацаніць кожную рэч, нават калі на ёй было выведзенае дзіўнае слова “общепит”. Ты заварожвала сваёй абазнанасьцю гаспадароў, і яны, улагоджаныя, выцягвалі з шафорняў розныя цуды – якія-небудзь спарахнелыя кітайскія вазонкі, старыя даваенныя пляшкі з надпісам ”MLEKO”, неверагодныя мадэрновыя філіжанкі з ганачкам для вусоў, шкляныя складаныя імбрыкі, рондлікі з ілюстрацыямі да Льюіса Кэрала і велічэзныя місы, расьпісаныя траяндамі.
Мы ладзілі сабе раскошныя вячэры. Мы елі хлеб, пілі віно і цешыліся нашаю гароднінаю. Мы паглыналі ў неверагодных колькасьцях чырвоны, жоўты й зялёны перац, высмажаны – ды не! – высмактаны ў сухарах калафёры і фасолі, мы да болю ў сківіцах жэрлі моркву і да гіркоты напіхваліся салатай, мы жэрлі рэдзьку, аж адымала мову, мы распырсквалі таматны сок, і ўжо немагчыма было глядзець ні на капусту, ні на гуркі, а трэба было яшчэ спажыць цэлую гару сялеры, каб мець моц кахацца й кахацца, кахацца, любая мая, цэлую ноч.
А пачалося ўсё з простага запрашэньня на выставу, дзіўнага, зрэшты, і падазронага запрашэньня. Я выцягнуў яго са скрынькі выпадкова – бо ўжо даўно не атрымліваю пошты – і насіў дзесьці з тыдзень у нутранай кішэні плашчу. Ніяк не ўдавалася забыць пра яго – тая пакамячаная паперка ўвесь час траплялася на вочы: яна то апыналася паміж грашыма, то блыталася ў праяздных квітках, то выпадала з насоўкі. Ад злосьці, я, здаецца, нават выкінуў яе, але потым ізноў знайшоў пасярод папераў на стале. Не было на тое рады. Найдзіўнейшым і найпадазронейшым падавалася тое, што мне прапаноўвалася зьявіцца на пазначаны адрас а шостай гадзіне ранкам, калі нібыта й павінна было адбыцца адкрыцьцё. Вось жа, я мусіў парушыць звычайны тыднёвы расклад і доўга трэсьціся да першых пеўняў ў старадаўнім рыпучым трамваі, аж да старых прамысловых раёнаў, куды раней і не залазіў, а потым таксама доўга валындацца незнаёмымі пустэльнымі вуліцамі, дзе нават брукаванка іншая, чымсьці ў цэнтры.
Патрэбны будынак выявіўся каля самюсенькага чыгуначнага маста. Быў падобны на колішні шпіталь, прыстасаваны пад жытло, – меў доўгія калідоры з памяшканьнямі па абодва бакі й трывалы сьпецыфічны лекарскі пах, што пэўна, навечна ўеўся ў жылістае дрэва сходаў і спарахнелую падлогу. Да таго ж сьмярдзела сабакам і звычайнымі чалавечымі брулямі. Падсьвядома я намагаўся адцягнуць свой візіт, то бок падымаўся павольна, вывучаючы кабалістычныя знакі і надпісы на сьценах, але нішто не выбівалася з-пад будзённасьці, і не было аніякага магчымага намёку на тое, што чакае мяне наперадзе.
Дзьверы адчыніла незнаёмая, нявызначанага веку кабета. Яна ўзяла зьмятае, зашмальцаванае запрашэньне і, папрасіўшы пачакаць у прыходні, выйшла. Я застаўся ў невялічкім пакойчыку з кафлянаю грубкаю ў адным й чорным куфрам у іншым кутку, а пасярэдзіне стаяў велічэзны ложак, засыпаны белымі ягадамі амялы. З-за дзьвярэй далятаў гоман, скрозь які невыразна прабіваўся блюз Коры:

„Nie wyobrażam sobie, miły,
Abyś na wojnę kiedyś szedł,
Zycia nie wołno tracić, miły,
Zycie jest po to, by kochać się
(…)
Gdy zaczną strzelać za oknami,
Będziemy w szafie żyć …”1

Амяла на ложку й Коры за дзьвярыма. Я нагадаў сабе старое Пэпіна апавяданьне.2 Як ён мог усё прадбачыць. Амяла белая звычайная. Кора. Lipstick on the glass. О, мілая імяла, вярба, Viscum album L.
(Нарэшце, мяне ўпусьцілі).
Гэтае напаўпьяное напаўтаварыства; гэты чад і дым, гнаны з кутка ў куток вялізарнымі, у рост чалавека, вентылятарамі.3 Я ведаў тут многіх. Гэта, зрэшты, была звычайная вечарына, што зацягнулася аж пад ранак, вечарына, адзіным сэнсам якой быў усталяваны кімсьці расклад зьяўленьня новых асобаў. Я зьявіўся адным з апошніх, а, можа, адным з шэрагу новых першых. Тут панавалі дрыготкія філосафы, што любілі хапаць за гузік і шакаваць шалёным месіянствам, тут забаўляліся паэты, геніяльныя й п’яныя або бесталентныя й п’яныя ня менш; тут банкетавалі й непрыстойнічалі рознашэрсныя мастакі, кожны з якіх можа колькі заўгодна піць і колькі заўгодна любіць самак; тут пакутвалі й лавілі кайф рэдактары-мазахісты; тут ненагулялыя калямастацкія кабеціны пачыналі й сканчвалі свае партыі; тут самаўпэўненыя музыкі самотна абвяшчалі тосты й оды; тут меркантыльныя педэрасты спалі, абдымаючы вазоны, у чаканьні лепшага дня; тут паэткі-аўтысткі вывучалі ўласныя вульвы, тут зрэшты, быў нават Пракуратар з пляшкаю венскага піва й цьмяны малады дэман, амаль воланд, у якога, як і мае быць, адное вока зялёнае й вар’яцкае, а іншае – пустое й зусім мёртвае. Не хапала тут хіба Хрушча.
Ты стаяла на тле вакна – на двары ледзь шэрылася – у атачэньні нейкіх …скажам, проста ў атачэньні, стаяла, схіліўшы галаву, і лінія тваіх валасоў працягвалася лініяй пляча, так што я чамусьці разгубіўся. Я так разгубіўся, што пачаў аглядаць няісную выставу замест таго, каб цьвяроза прааналізаваць шляхетнасьць тваіх рысаў і прывабнасьць формаў. Я, зрэшты, ужо й не глядзеў у твой бок. Я бадзяўся пакоямі, вітаючыся і лаючыся, страсаючы з сябе дрыготкіх філосафаў, і чхаючы над вульвамі самотных паэтак, я перакульваў недапітыя шклянкі й падпяваў мёртвым музыкам, адбіваўся ад вільготных гуру й дарэмна згаданых ненагулялых кабетаў, а ты стаяла ўсё таксама за сьценамі, за мурамі, засовамі, а можа цябе ўжо й не было, – як магла б ты быць у такім мейсцы, – ты зьнікла, зьнікла, распусьцілася за вакном, і жах, пякучы жах магчымай страты сьціснуў мне нутро, я раптам кінуўся, адапхнуўшы мірнага паэта – той пахіснуўся й упаў, скрозь дзьверы, калідоры, пераходы, скрозь зарасьлі вазонаў, педэрастаў, ламаў да цябе, да тваіх валасоў, да лініі пляча, ды паўсюль трывала “скрозь” і нідзе не праглядалася “да”, – па ўсіх кутах сядзеў самотны воланд, і мёртвае вока ягонае было нібы жывым, а тое жывое палала смуткам і тугою нетутэйшаю.
4 (“Фуцінуці, штотакое, ужастакой прісьнілса, нікакой нікагда небыла, нет, ідажэбыць німожэт!”).1 Піцьцё – гэта звыклая зямная рэч, і як любую з зямных рэчаў яго можна зрабіць дасканалым. На жаль, я ўжо й гэтага ня ўмею. Аднак. У мяне ёсьць пляшка віна, слоік сьпіртовага настою валяр’яну й нейкі смуродны ласьён. ”Утро”, здаецца. Ненавіджу ласьёны, але зараз ня час перабіраць. Віно добра б падагрэць, толькі не занадта, гэтак, каб не пачаў выпарвацца сьпірт. Добра б да градусаў 40-45 па Цэльсію. І піць патрошку, маленькімі каўткамі, у перапынку разжоўваючы хлеб, тады ў страўніку ўтвараецца вялікая хлебна-вінная маса, яна будзе дзеіць доўга і надзейна. Віно найтаньнейшае і, мабыць, таму найслабейшае. Выпадае палову валяр’яну выліваць да яго. Гэта я ўжо нешта блытаю, але хай ёсьць, як ёсьць. Дзякуй Богу, ёсьць яшчэ кава. Можна піць віно, нават і халоднае, у мітускі з каваю, тады віно будзе грэцца проста ў страўніку, і гэта гарантыя, што марна ня зьнікне ні граму алкаголю. Вось жа, віно плюс валяр’ян і кава. І цыгарэта. Цыгарэтаў усяго дзьве, раней я б падзяліў іх у часе і такім чынам дасягнуў бы большага эфекту, аднак зараз я палю іх адна за адною, прыпальваючы другую ад першай – гэтаму я навучыўся ў Млынарскага.2 Млынарскі шмат рэчаў робіць гэтак, што годзе супрацьстаяць спакусе. Ён нязлы чалавек. Ён, можа, Пан цынамонавых крамаў. Ён можа вымаўляць тваё імя, як ніхто. Таму й палю цыгаркі адну за адною. Выходзіць някепска. Нават вельмі добра, але гэта ненадоўга. Ёсьць яшчэ спосаб зьмешваць напоі рознае моцнасьці. Піць спачатку віно, а потым трошкі разьведзены сьпірт, потым штосьці вязкае накшталт лікёру, потым зноў віно й гарэлку і гарачую гарбату. Страўнік не пасьпявае прызвычаіцца да аднаго гатунку, як ты ўжо прапануеш штосьці іншае, і дэзарыентаваны арганізм хутка губляе апірышча. Добра таксама дадаць якога-небудзь снатворнага або супрацьгістаміннага прэпарату – эфект бывае непераўзыдзеным, аднак, шчыра кажучы, я найбольш люблю чыстае алькагольнае ап’яненьне. Не талерую таксама піва й газаваных напояў. Гэта, што называецца, захацеў месяц з неба. Калі выбару няма – выпадае быць сьціплейшым, так што мінусуем віно, валяр’ян, каву й дзьве цыгарэты. Застаецца не багата. На дне настой й ласьён. Ненавіджу ласьёны, ужо казаў, здаецца. Я спрабую прапускаць яго скрозь вугальны фільтр, але гэта марудна і амаль не дае эфекту. Выхлюпваю парфумы ў шклянку, выпіваю раптоўна, адразу ад гэтага коўтаючы валяр’ян, дзякуючы чаму на некалькі секундаў удаецца перабіць непрыемны галантарэйны дух. Цяпер ужо ўсё. Нават цёплае гарбаты ня вып’еш – званітуе. Адзіны спосаб – залезьці ў гарачую ванну. Калі ў горле зьяўляюцца мярзотныя выпары – мне ўжо ўсё адно. Тэмпература разганяе кроў, кроў поўніць цела алкаголем. Нарэшце, надыходзіць спакой… Спакой уяўляецца вялікаю шапкаю пены, пад якою толькі на дне брудная вада. Ня думаю пра гэта. Цяпер галоўнае – не паддацца спакусе мастурбацыі. Усё адно з гэтага нічога ня выйдзе, прыкланыя намаганьні толькі адбяруць добрую палову кайфу. Таму найлепей ляжаць спакойна, час ад часу ванітуючы “Утром”, і намагаючыся ня згадваць, што ў гэтым сьвеце акрамя мяне існуюць разнастайныя жывыя істоты, істоткі, стварэньні, людзі-птахі-зьвяры, паўзуны й гады й дзеці, мышаняты, кактусы, гуркі, чарвякі й каўшакі хрушчоў, шкаляркі, канаркі, канапкі, яхідны й качканосы, гішпанскія каралі, шпанскія мушкі, глаўберава соль, дразафілы, трыхаманады ды іншыя прынады.1 Забыцца на ўсіх гэных клятых суайчыньнікаў. Бо забыўшыся на іх, я, магчыма, забудуся на цябе.
5 (фрагмент ліста). ”Сьляды застаюцца надоўга. Гэта могуць быць непрыкметныя нязвыкламу воку плямы ад пятрушкі на сьветлым дрэве стала, або неабачліва пакінуты недапалак, ці рэльеф чужых пальцаў у місачцы з сольлю. Рэльеф тваіх пальцаў, уласна кажучы. (…)
Колькі разоў, здымаючы з гаўбца выпраную кашулю, я знаходзіў на чорным палатне твае валасы, твае крохкія й хваравітыя, бы шкло, валасы. Нібы сена. Я зьбіраў іх разам, я гадамі зьбіраў іх разам, сушыў на падстрэшшы, разьвешваў пад стольлю . (…). (…)
Я браў больш, чымся мог аддаць. Я любіў твае раскошныя сукенкі, і тваю дзіўную хаду, і твой сьмех, і твой гнеў, мне падабалася, як ты зьнішчаеш усё навокал, як ты скідаеш на зямлю шклянкі й збаночкі, як з грацыяй коткі аббіваеш сабе калені й ламаеш абцасы новых чаравікаў, як ад неабачнасьці (…). Я ж ня мог прапанаваць табе нічога, акрамя словаў і віна. Віна, ад якога ты ўжо не была сама сабою, і словаў, ад якіх ты ўпадала ў роспач.
(…)
Ты шукала зацішку і абароны, а знайшла толькі страх і патрэбу.
Ты шукала спакою, а знайшла толькі радасьць.
(…)
Ты шукала цьвярозасьці, а знайшла толькі рытм.
Цябе напалохала мая вера ў д’ябла. І яшчэ больш напалохала мая вера ў Бога, бо ты думала, што Бог – гэта марскія каменьчыкі.
Затое д’ябал выявіўся мухамі й курынымі лапкамі. Ён паляваў за намі, і мы вымушаны былі скласьці яму ахвяру.
А яшчэ мы малявалі магічныя графіці на сьценах радзільных будынкаў, таму што ў кожным горадзе мы перш за ўсё шукалі радзільны будынак.
Ты плачаш, бо ў нас ніколі ня будзе дзяцей, але ня плач, бо тая курыная лапка на брукаванцы ні што іншае, як шматок вываранае скуры з косткамі, бо за рэчкаю гром, бо хутка будзе дождж, бо я маліўся за цябе, скуголячы ад уласнай нямогласьці (…), а навокал усё яшчэ трывае лета, і хрыплы горн майлза дэвіза прадвяшчаў вечар, і ў неаседлым пыле адчувалася цаглянае перадзаходнае сонца й незваротнасьць прыходу ночы, вось жа, ня плач, я прашу цябе ня плач.
6 (бліжэй да канца). Вярнуўшыся дадому, ён сьпярша падаўся да ванны, адкуль выйшаў хвілінаў праз пятнаццаць, захутаны ў пярэсты махровы халат. Зазірнуў у лядоўню. Выцягнуў адтуль шматок заматанай у паперу шынкі, памідор і сырок у абгортцы з фольгі. Сягнуў у слоік па гурок. Парэзаўшы гурок на вялікую пляскатую місу, адцягнуў туды ж кавалачак шынкі, сырок, не разгортваючы, паклаў побач. Дастаў пачатую пляшку гарэлкі. Сеў за стол, назіраючы, як на цёмным шкле кандэнсуецца вільгаць. Устаў. Ізноў сеў. Пачаў чысьціць сырок. Марудная справа. Пад пазалотаю паказалася блакітнаватая цьвіль. Абрэзаў зацьвілыя краі і разам з фольгаю выкінуў у сьметніцу. Сырок пакрышыў на місу. Рукамі. Узяў нож і відэлец і пачаў рэзаць шынку. Пакінуў. Наліў у чарку гарэлку. Раптам сарваўся і выбег у пакой. Спыніўся, застыў пасярэдзіне, проста пад люстраю, потым дастаў з шафы аптэчку і пракаўтнуў нейкую пігулку, разжэўшы, замест таго укленчыў і, схапіўшыся рукамі за ножку канапы ды схіліўшы галаву, пачаў маліцца. Прачытаўшы тройчы “Ойча наш”, тры разы перажагнаўся. Халат на ім разышоўся, – пад халатам ня меў нічога.
Вярнуўся ў кухню і там спакойна, са смакам перакульнуўшы чарку гарэлкі, сеў за стол. Пачаў есьці, метадычна, дробнымі кавалкамі адразаючы ўсяго па чарзе. Праз нейкі час мусіў узяцца за рэшткі шынкі – каб зьберагчы прапорцыі. Гурок – памідор – мяса – сырок – гурок – памідор – мяса – сырок. Гарэлка. Ізноў: гурок – памідор … Хутка з ежаю было скончана. Ён спаласнуў посуд, хлюпнуў рэшткі гарэлкі ў большую шклянку і, прыхапіўшы цыгарэты, выйшаў на гаўбец. На двары хадзілі людзі. Дзённая сьпякота яшчэ не сышла, і ад нагрэтых сьценаў патыхала сьпякотаю. Глог пад гаўбцом сягаў вокнаў. Ён выпаліў адну за адною дзьве цыгарэты, потым вярнуўся ў памяшканьне і лёг на канапу. Ляжаў ніцма амаль бяз руху, так што цераз нейкі час стала прыкметна, што ён плача, спазмы душылі яму горла, і ён пачаў голасна ўсхліпваць, камедыйна ўздрыгваючы, чуваць было нейкія словы, што прамаўляў іх паміж хліпаньнямі. “Даруй мне, Божухна”, ці што. Далей штосьці накшталт: “…(не, усё ж немагчыма разабраць словаў )”. І зноў спачатку. Гэтак трывала дзесьці хвілінаў з пяць, можа, больш. Потым ён устаў, дапіў гарэлку і пачаў сьцяліць ложак. Уключыў на поўную моц радыё і лёг у пасьцель, не здымаючы халату. Неадрэгуляваны прыймач страшэнна трашчэў і сьвісьцеў перашкодамі.
(Час ад часу чуліся з яго адгалоскі станцыяў – урыўкі перадачаў, не­­знаёмыя галасы, фрагменты музыкі, як правіла, чамусьці ўсходняе, незразумелыя і відавочна шматзначныя сігналы, але пераважаў усё ж такі шум – рафінаваны, узьбіты, нібы пена з яечных бялкоў, шум, – ён меў сваю ўласную пабудову, нутраную структуру, кампазіцыю – хтосьці грукатаў дзьвярыма, хтосьці раздаваў карты, двойкі, дзясяткі, джокеры, лілася вада, высоўваліся і засоўваліся шуфляды, падала калодзежнае вядро, шумелі травы і гнуліся верхавіны дрэваў, паўзла жамяра, каціліся камяні, трэскаліся струны, гудзеў камар, бразгала зброя, збруя, ключы і відэльцы, разьлятаўся на кавалкі горан, шаргацелі бачынкі, губляліся фотакарткі, ішоў дождж, стагнала жонка, ровар адольваў каляіну, пыхкаў імбрык, паравоз, гімеў трансфарматар, грымелі бубны, соп стары каханак, сыпалася на труну зямля, раставаў на вейках сьнег, смаркаўся дзед, сьвістаў хлопчык, брахаў сабака, спадалі ацяжэлыя фіранкі, узьляталі самалёты, птахі й мухі, раўлі гучнагаварыльнікі, шыпелі старыя кружэлкі, сіпелі зьмеі, рваліся капэрты, ссоўваліся з плячэй апранахі, у скрыначку перакідаліся запалкі, квактала пад нагамі і ў геніталіях, сыпалася ў суп соль, бурчэў рухавік, енчыла гальмо, чхаў і кашляў сухотны кот, дровы траскацелі, гула печ, скрэбліся мышы, мясілася сена, электрызаванае валосьсе падымалася за грэбнем, бразгаў замок, спадалі кроплі, тахкаў гадзіньнік, зыходзіў з рэек трамвай, трышчэў перашкодамі прыймач, – дык вось, шум гэны, ён то налятаў гучным крэшчэнда, заглушаючы мяшанку эфірных гукаў, то пераходзіў на іншы план, або й проста зьнікаў – гэтак калі-нікалі пасярод буры сьціхае на хвілю вецер, каб потым ударыць з новаю сілай – трэскатам, скуголеньнем, сьвістам. І пакуль там угары вылушчваліся, вылупліваліся, выбурбылкваліся сухія і мокрыя, круглыя і рапатыя галасы, аднекуль зьнізу, з-пад самога падмурку падымаліся жахлівыя, арганныя намаганьні басоў, ад якіх падмурак пачынаў вібраваць і ўсё равучы, ня маючы больш моцы трымацца кіпы, згортваўся сувоем, хаваючы ў сярэдзіне пяруны, званы, шэпты й крыкі, бразгат, соўканьне, шаргаценьне, шыпеньне і сіпеньне, трасканіну, клыгтаньне, гарканьне, праклёны й хулу, чмяканьне, пярдзеньне, выбухі й рогаты, грукі й уздыхі, лясканьне, стракатаньне, шапаценьне й ціўкат. І да таго падобнае).
Заснуў ён надзіва хутка і моцна, бо ня чуў ані тэлефонных званкоў, ані грукату ў сьцяну. Прачнуўся гадзіны праз дзьве і доўга, як загіпнатызаваны, глядзеў на шкалу прыймача. Потым выключыў яго і ўжо ў цішыні працягваў ляжаць гэткім жа чынам, утаропіўшыся ў тое самае мейсца, дзе толькі што зіхцела зялёнае вочка.
7 (сьнежань або студзень, сінанімічныя шэрагі). Ночы мае без Цябе доўгія і нязручныя. Аглядаючы дзіўныя сны, я прачынаўся час ад часу і баюся, што больш не засну. Аднак засынаю і зноў прачынаюся і зноў засынаю й чым далей, тым бязглузьдзейшым яно мне падаецца.
У Цябе быў домік на адной з тых магічных вулачак, пра існаваньне якіх ніхто не здагадваўся, хоць яны й месьцяцца вакол цэнтру паблізу найбольш людных магістраляў. Стары будынак, што перажыў, пэўна, са тры імперыі, ён быў пакінуты Табе ў пасаг і ты прывяла мяне ў яго яшчэ тады, улетку, або акурат тады, увосень, або яшчэ перад тым, увесну. Быў ясны халодны ранак – ты прывяла мяне раніцай, памятаеш? – і я з боязьзю ступаў па старажытных каменных плітах, цёмных засмоленых паркетах і выцьвілых спарахнелых кілімах. Пакоі былі такімі вялікімі, што ў адным куце, каля печы, рабілася горача, а ў супрацьлеглым – надта прахалодна. Да ванны трэба было ісьці доўгімі пакручастымі калідорамі, а ў ваньне паліць газ, грэць ваду ў мудрагелістай сістэме і мыць адно аднаго, тулячыся і ўздрыгваючы ад холаду. Мы кахаліся ў той зімнай ваньне і ў кухні, абжытай, поўнай водараў, і, зьняможаны доўгімі пераходамі, – у калідорах і ў пакоях, на тых выцьвілых спарахнелых кілімах, на працертых зьвярыных скурах, на паедзеных мольлю прасьцірадлах. Пасьцель дзерлася ад лішку нашых целаў, і мы прачыналіся зранку абгорнутыя ў рызманы, кавалкі колішніх пышнотаў.
Кахаліся мы няўмела і з гэтае прычыны, мабыць, вельмі шмат. Адно каля аднога мы былі амаль неспатольнымі, нам не бракавала жарсьці. Мне дастаткова было пачуць твой голас, як з мяне ўжо вырастала, згодна з Патрыяршымі метафарамі, хрыпучая і грэшная труба,1 і вільготнае жаданьне раскацілася …
Ты зачыняла мяне ў той хаце і надоўга пакідала аднога. Гэта магло трываць днямі, тыднямі, месяцамі. Я бадзяўся з пакою ў пакой, соўгаўся ў шафах, шафарнях – ты любіла пакідаць там якую-небудзь пажыву для мяне. Згаладнеўшы, я кідаўся на любую рэч – місачку фасолі, мяшочак хатняй, дробна пасечанай вермішэлі, напаўзьедзены слоік старога зацукранага сочыва, бляшанку з дробкаю пахучае зялёнае гарбаты на дне. Аднаго разу я знайшоў амаль зусім пустую пляшку старога гаванскага рому і абпіўся тым ромам уздоўж і поперак, іншым разам натыркнуўся на слоікі з пахучым алеям. То былі старажытныя, яшчэ даваенныя пернасьці, гумовыя вечкі расклаліся ад едкіх выпараў, а на пажоўклых цэтліках ледзь можна было прачытаць SCHERING KANLBAUM A.G. Berlin. У адной пляшцы знаходзіліся Oil anise (Acesite esencial de anis, Essence d’Anis, Olio essenzia’e di anise, Essencia de anis), а ў іншай – Oil cinnamon (Aceite essencial de canela, Essence de Cassia, Olio essenzial di canella, Essencia de canella). Я чытаў тыя словы, як вершы, і, галодны, ня ведаў, як трэба спажываць такога кшталту слодычы, бо то былі адно прыправы, да іх не ставала ежы. Дні майго ўвязьненьня рабіліся невыцерпнымі, пераўтвараліся у манію, – то я гадзінамі стаяў, прыпадаючы да дзьвярнога вочка, то перакульваў усё ў пакоях, шукаючы хаця б якую-кольвек пажыву. Ты трактавала мяне як пацука, бо я такі натыркаўся час ад часу на талерцы з засушанай садавіной, ці скрынкамі хлеба, і то й другое былі паедзены сапраўднымі пацукамі і мышамі, ды я, згаладнелы, не перабіраў ежы і накідваўся на тое, каўтаючы амаль нежаваным. Ты пакідала мяне гэтак на доўга, любая, што не магчыма было ўцалець хоць якому-небудзь неразьбітаму вазону, ці зьвязцы высушанага ўкропу. Штопраўда, скарбы твае былі невычэрпнымі.
Нехта напэўна ўжо адчуў, што я забрахаўся. Забрахаўся – так. У пошуках сінонімаў я заўсёды зьбіваюся на абходным шляху. Не было ніякіх зьедзеных вазонаў. Твой будынак быў поўным дзівосных рэчаў, але, бясспрэчна, не было ў ім зусім вазонаў. І пацукам не было чаго там рабіць. Больш за тое, часам мне здаецца, што ты ўтрымлівала цэлую зграю катоў. Яны зьяўляліся і зьнікалі, невядома адкуль, невядома як і куды. Тваё кацінае валадарства брало мяне ў аблогу, гэта для яго ты пакідала пажыву ў місачках, і я мусіў змагацца з катамі за права жыць. Яны выкрадалі мае прыпасы. Яны былі дасягальнейшымі за ўяўных пацукоў, і я ваяваў з імі, ганяў іх па пакоях, забіваў, зьдзіраў скуры і, магчыма, – зьядаў. Тут пытаньне стаяла такім чынам: хто каго. Хаця ня выключана, што зьнясілены тваёй трывалай адсутнасьцю, я любіў іх. Я ведаў, як зрабіць добра гэтым крывадушным стварэньням, – самкі клаліся на сьпіны і раскідвалі лапы нібы найпасьлядоўнейшыя шлёндры, і я песьціў ім жываты і іх немачныя каціныя грудзі – колькі тамака піпак у котак – шэсьць?, шаснаццаць? Яны мружылі свае няверныя вочы і хоць ніколі не аддаваліся да канца, меркантыльна бралі ад мяне ўсё, што я ня мог ня даць. Як стары звар’яцелы Хэм я любіў і катоў.1 Ці то хутчэй яны любілі мяне. Яны хрэстаматыйна мясілі лапамі мае ашалелыя геніталіі, і тыя бессаромна набракалі, наліваліся крывёю ад каціных пяшчотаў, каты кідалі зьдзіўленыя погляды й выпускалі кіпцюры. Верагодна, у мяне быў і свой Бойз, такі белы, пухнаты сучасны незакамплексаваны сябрук, які любіў мяне, як ніхто, або, як ты, або ён таксама, як ты, ігнараваў мяне, і гэта найбольш раздражняла і гэта, зрэшты, прыносіла найбольшую асалоду.
Або – не. Можа, там быў адзін-адзіны кацяра, сапраўды белы і калісьці пухнаты, а сёньня звар’яцелы ад самоты ды аўтасьперматаксікозу. Аблезлы і няшчасны, ён то зьнікаў надоўга, а то ўвесь час трапляўся на вочы, блытаючыся пад нагамі і губляючы шэрсьць і сьперму.
Дык вось, пра трубу: мне хапала твайго голасу. Ты зьяўлялася неспадзявана за дзень ці за два, таксама неспадзявана, як і зьнікала, і за тыя дзень-два тваёй адсутнасьці ў маім летазьлічэньні сплывалі месяцы і гады. Мне здавалася, што я ўжо зусім ня той, што я высах, састарэў, здох, змуміфікаваўся, потым ізноў уваскрос, вырадзіўся ў якога-небудзь зомбі, вампіра ці звар’яцелага самотніка, я нагадваў аднаго з персанажаў твайго вечнага музею, я ўжо ўмеў па-майстэрску зьлівацца са сьценамі і адасабляцца ад зданяў і цёмных кутоў, здаецца, я нават зьяўляўся з паветра і распускаўся ў ім, – але зьяўлялася ты (о, як я ненавідзеў Цябе, вясёлую, распаленую ад падарожжа, узбуджаную размовамі і сустрэчамі, – ты сустракалася і размаўляла з іншымі, халера, пра што можна было гаварыць з іншымі, чым яны маглі завабіць Цябе? чым Цябе прывабліваў сьвет па-за будынкам? чаго Табе яшчэ неставала, бо я даваў Табе ўсё, усё, чуеш, дзеўка?), і мая выпеставаная гадамі самотнасьці грэблівасьць раптам зьнікала, і нібы вужака выпаўзаў з пакояў, схованак і нораў на гук твайго голасу, я зьневажаў сябе за падобнае прыніжэньне, аднак сьлед было штосьці рабіць, бо ты размаўляла не сьціхаючы, скідваючы сумкі, торбачкі, пакункі, абдорваючы мяне нейкімі непатрэбнымі рэчамі, адкупаючыся ад чарговай здрады, ты гаманіла, сьмяялася, распавядала бязглуздыя гісторыі; ты рабіла выгляд, што не прыкмячаеш мяне, распластанага, хворага, вырадзіўшагася, балбатала, блявурзіла, трыньдзела гэтак, нібы нічога ня здарылася, нібы ты і не пакідала мяне, нібы не выходзіла ў паганае места за паганымі прадуктамі на тыя паганыя паўгадзіны, а я, я й ня слухаў твайго балбатаньня, я чуў толькі хрыплы горн майлза дэвіса, горн, поўны струменю, грэшны ці горны, бо ён выдзьмуваў усё вышэй і вышэй й ўсё тыя ж надтрэснутыя гукі, ажна зьбіралася ў сярэдзіне мядзяных трубаў вільгаць, ажно яна цякла яму па пальцах, ажна выконваўся ёй я і, выкананы, сплываў, спаўзаў, віючыся зьнізу на верхніх сходах каля дзьвярэй.
Хаця гэта, вядома, бздуры, лухта, гэтак званая паэзія. Пры чым тут Дэвіс, проста ад такіх словаў, ад самога твайго голасу ўва мне ўвільготніваўся эпітэлій, крывіла глотку, і я гатовы быў тут жа на мейсцы заваліць цябе і без канца браць, трахаць, пярдоліць, я???ць, таўкці, д???ць, т???ць, тупаць, перапіхаць, мілаваць, абуваць, штурхаць, у???ваць, нацягваць, настром????ць, ма????, задавальняць, апладняць, апускаць, бяз????ціць, паганіць, па?????ць, гвалціць, суваць, пароць, дручыць, дзяўбці, адцягваць, ?, ?, ?, ?, кахаць, ка???уваць, песьціць, галубіць, тлу???ць, цалаваць, дэфлараваць, дакранацца, лашчыць, лізаць, нюхаць, кусаць, смактаць, мардаваць, прыгарнаць, масьціць; Табе засаджваць, утыкаць; з табою: злучацца, суспольвацца, насалоджвацца, цешыцца, чмурэць.

Тупа гэтак.
8 (рэпліка). Ты сьпіш, любая мая, ты стамілася ад словаў. Сьпі, нам ўжо нядоўга засталося быць разам.
9 (ідэнтыфікацыя жанчыны).
– Маленькім я любіў ляжаць у поўны рост на падлозе, – (падлогі ў нас былі засланыя таннымі стракатымі ходнікамі, і мама, мыючы пафарбаваныя дошкі, заўжды пакідала іх трохі вільготнымі, каб ходнікі не камячыліся, усё дзяцінства маё прайшло пад знакам скамечаных ходнікаў), – і пераглядаць бацькавы энцыклапедыі. Дзеля прыўкраснага слоўца і рытму можна лічыць, што я ўжо тады шукаў яе, хаця нікога я, вядома, не шукаў, мяне проста цікавілі жанчыны. Неяк так здарылася, што я празяваў усялякія такія дзіцячыя эратычныя гульні і таму вымушаны быў шукаць праўду ў кніжках. Праўды было мала, затое мяне акружалі разнастайныя бенэры, евы, махі, мурахі, данаі, дафніі і хлоі,1 я класіфікаваў іх, бавіўся з імі (думаю, што я валодаў адным з найвытанчанейшых бардэляў), я браў павелічальнае шкло, магутныя лінзы, акуляры, канструяваў з іх неверагодныя мікраскопы і наводзіў на цнатлівыя энцыклапедычныя ўлоньні. Лёгкаверны, я думаў, што павелічэньне – гэта аналаг паглыбленьня і таму чакаў знайсьці ружовую пену і аксамітную вільгаць у тых сухіх цяністых гушчарах. Я мадэляваў няісны яшчэ тады блоў-ап2, але перфектныя рэпрадукцыі распадаліся пад лінзамі на пуантылістычныя абстракцыі, улоньні зьнікалі, ператвараючыся ў каляровыя мазаікі.

Сьпякота тады стаяла немагчымая. Мы ішлі местам, праз парк, праз пляц, паўз тэатр, па стометроўцы, уздоўж кавярні й кафэ. Пад сукенкай у яе не было нічога, – мокрае бікіні яна несла ў кошыку, а ў нейкай бялізьне цалкам бестурботна ня бачыла патрэбы. Гэта зводзіла мяне з глузду. Я проста шалеў, я так хацеў яе, што балюча было ісьці, і ведаеш што? – я думаю, яна любіла мяне таксама.

– Гэта, напэўна, сьмешна гучыць, га? Ён сустрэў жанчыну, з якою хацеў бы быць усё жыцьцё, якую, уласна, усё жыцьцё шукаў, і халера з патэтыкай. Ты думаеш, я прасіў у Бога такой радасьці? Гэнага вашага вашывага каханьня? Спакою я прасіў, найчысьцюткага спакою, ну, і хлеба штодзённага дай нам сягоньня, традыцыйна. А тут Ён раптам ні з таго ні з сяго, калі ўсё ўжо даўно пазамыкана, адчыняе нам гэтае вакенца на адзін сезон. Гэткія, ведаеш, нявінныя забавы. Ну, і ўсё. Усё паляцела ў пекла. І жыві цяперака як хочаш.
А, зрэшты, гэта пустое. Ты напэўна прыкмеціў, што апошнім часам усё напісанае спраўджваецца. Элементарна спраўджваецца любая лухта, варта толькі яе занатаваць. Спакусаў у мяне ніякіх не ўзьнікае, але разам з тым ведаеш, чаго я найбольш баюся? Ну, верагодна, мяне мусіла была б зьбіць машына, калі ты добра абазнаная ў маёй творчасьці. Дык вось, я баюся зранку выходзіць на вуліцу, не наведаўшы грунтоўна клазету, – неяк ня хочацца аддаваць душу з поўнымі кішкамі лайна.

– Найбольш яму не давалі спакою яе рукі. Ён сьніў іх надта часта. Хаця, па ідэі, з такім жа посьпехам ён мог узгадаць яе шыю, грудзі або жывот – (яе жывот ён любіў найбольш, яму падабалася кранацца чульлівае скуры, праводзіць лёгка пальцамі або языком або – схіліўшы галаву – валасамі, або прытуліцца вухам і ляжаць гэтак, намагаючыся уявіць, што там усярэдзіне магло б варушыцца й рыцца ножкамі ягонае дзіцятка) – ён мог бы думаць пра яе шыю або пра яшчэ адное ўлюбёнае мейсца, па-за перадплеччам, ён, зрэшты, мог бы ўзгадваць яе ўлоньне, якое яму так падабалася цалаваць, але найчасьцей яму мроіліся ўсё ж такі яе рукі – тонкія рухомыя пальцы, перламутравая скура на прыцаўцы, сухія, парэзаныя зморшчынкамі далоні і дзівосныя пазногці, акруглыя, быццам міндаль. Яна не любіла сваіх рук, казала, нібы ў жанчыны павінны быць іншыя, але ён добра разьбіраўся ў руках і ведаў, што такія трапляюцца толькі раз. Зрэшты, усё трапляецца толькі раз, толькі сны паўтараюцца раз за разам штоноч.
– Там расла квасоля. Гэта ў сама цэнтры – заўжды пасярод места можна знайсьці гэткія аазісы. Высокае металёвае сеціва, усё абвітае квасоляй, і зялёная прагаліна, ня большая за паштовую марку, як пажартавалі б у Галівудзе1. Мы цалаваліся там, і там я ўпершыню дакрануўся да яе па-сапраўднаму.
Тады я быў упэўнены, што пра гэтае мейсца ніхто не здагадаецца, што мы першыя ступілі на гэтую зямлю проста з люднае вуліцы.
Наступным летам я быў там зноўку. Мы пілі піва з яе новымі сябрукамі. Высьветлілася, што ў той траве багата рыбіных костак. Сябрукі распавядалі анекдоты. Я сьмяяўся.

– Мы бывалі на гарышчах, у піўнухах і цягніках. Мы бывалі ў музеях. Усё выглядала надта дзіўным. Места то зьнікала, то зьяўлялася ізноў. Аднаго разу яна паклала галаву мне на плячо і сказала напаўзьдзіўлена-напаўсупакоена: “Як зручна ты абсталяваны”. Гэтага было дастаткова. Перад намі адкрыліся эдэмскія сады. Зьяўляліся невядомыя раней рэкі і лясы, мы купаліся ў тых рэках і кахаліся ў тых лясах. Напэўна, усё яно было несапраўдным, бо потым нам ні разу не ўдалося знайсьці падобных мейсцаў. Трапілася, папраўдзе, аднаго разу капа сена, ды й то ў тым сене было поўна павукоў.

– Я пачаў прыкмячаць гэта даўно. Яна сама ня ведала, што з ёю робіцца. Я бачыў, як яна намагаецца зразумець і ня можа. Гэныя раптоўныя прыступы агіды, разумееш, гэта было так, нібы яна агоўталася і пабачыла, што поруч не мужчына, якога яна любіць (любіла), а абрыдлы сьлізьняк, абышто. То былі секунды сполаху, нейкія падсьвядомыя, яны раздражнялі яе, бо яна не магла ані растлумачыць, ані прабачыць іх сабе, яна ж не хацела быць злою, аднак нельга было з тым нешта зрабіць. Пазьней, рэч ясная, гэтае раздражненьне перакінулася на мяне. Штораз рабілася ўсё горш і горш, чым больш яна намагалася быць добраю, тым больш я спаўзаў у сваю хваробу. Гэта быў канец.

– Шчасьце здавалася нам яшчэ ўвосень. То была, праўда, раньняя восень. Вельмі раньняя восень у Кіёта.1 Даўжэзныя цені на ўзгорку ад нізкага сонца, авечкі, пастух, вялікі чорны сабака. Мы стаялі на фартэчным муры і глядзелі на места скрозь байніцы. Гораду не было.
Камень захаваў на сабе сьляды пакаленьняў. Мотлікру, матархэд, эйсі-дзісі, сімплрэд, аэрасьміт, металіка, акцэпт, банджові, токінгхэдз, блэксабат, возівозбарн, скіндроў, дыппёрпл, ганзендроўзэс, нірвана, кюры, крым, айранмейдан, клэш, дэдкэндэнз, тырэкс, сімплмайндз, гілан, рэйнбаў, мерыльён, дэфлепард, джагер, вангален, блюр, гардзіянс, кіс, інэексес, іхіпоп, джудаспрыст, юту, юрайхіп, эйша, хендрыкс-морысан, эліскупер, заппа, секспісталз, ледзэпелін, джоідзівіджан, фэйзноўмо, тратата.
Яна была ў белым швэдры, маім улюбёным. Цені рабіліся ўсё даў­жэйшымі, але было яшчэ цёпла і яна скінула швэдар. Унізе сонна пасьвіўся паслухмяны статак, і сабака, уласна, ня меў працы. Стары спаў.

– Мне заўсёды здавалася, што непрыстойна глядзець на ступні. Ня ведаю чаму, падэшвы ног падаюцца мне адзіным мейсцам на целе, – не ганебным, не, – а менавіта непрыстойным. Мяне заўсёды ўражвае, калі людзі бестурботна дэманструюць свае пяты. Проста паскудна на душы. Калі й глядзець брыдка, ды ня можаш адвесьці погляд. І заўжды адчуваеш сябе апошнім лайном.

– Гэта адбывалася ў тым бары на рагу, там, дзе дубовыя сталы. Мне тады ўжо нічога не хацелася, нервы зрабіліся нікчэмнымі, я лёгка пачынаў плакаць, лёгка сьмяяўся і піў, як шалёны. Я сказаў ёй, што ўсё нармалёва, я ўсё разумею, і буду думаць пра яе як мага лепей і буду працягваць маліцца за яе – гэта было сьвятою праўдаю, але яна расплакалася і пачала крычэць, каб я зьбіраўся проці ліха на ўзгорачак, калі я такі разумны, што ўсе яе ўрэшце кідаюць, і што я нічым ня лепшы ад тых іншых, а то яшчэ, можа, і горшы, і ведаеш, я й упраўду паверыў (чамусьці), што гэта акурат я кідаю яе, а не наадварот, і тады я, здаецца, сказаў, што яна павінна разумець, што мы ня можам быць разам гэтак, як раней, ну і яшчэ штосьці накшталт таго, гэта, зрэшты, ня мае аніякага значэньня, бо найгалоўнейшае, што той бар заўжды поўніўся прусакамі, і пакуль мы такім чынам міла сабе гаманілі, каўтаючы сьлёзы і хлюпаючы насамі, гэныя прусакі з усіх магчымых шчылінаў паказваліся. То адзін вусамі паварушыць, то іншы, то яшчэ нейкі пройдзецца няўклюдна па сьпінцы фатэля, а іншы замрэ на сьцяне пасярод арнаменту, і тут, верыш, я, спраўна працягваючы ствараць вобраз добрага самараніна, лаўлю сябе на такой думцы: “Прусяняты, даражэнькія сяброве! Дык вы ж, самі таго ня ведаючы, жыцьцё мне ўратавалі!” І гэтак далей. Дакладненька так яно й было, ня хлушу, калі б не прусакі, сасьніў бы я поўны пінцэт.

– Халера яго ведае, можа, яно і ня так, але мне здавалася, што чым даўжэй мы камунікуем, тым больш яна паўтарае нейкія слоўныя канструкцыі, уласьцівыя мне, і ўжываныя раней мною. Разумееш, гэта цяжка патлумачыць, але словы ня мелі для яе ніякага значэньня. Не, яна, канешне, не магла бяз словаў, больш за тое – яна верыла таму, што казала, але гэта была адно гульня, гульня, якая прыхоўвала сутнасьць, і гульня, якая толькі дзеля таго й існавала, каб сутнасьць прыхоўваць. Потым, калі мы разышліся, яна з такой лёгкасьцю пачала ўжываць іншыя словы, у яе цалкам зьмяніўся лексікон, і гэта былі такія нібы ўцёкі, ці што… Я ня ведаю, што гэта можа значыць. Хутчэй за ўсё – анічога.

– “Усе гэныя шляхцічы, якія прыкідваюцца шляхцічамі, усе гэныя бутафорскія арыстакраты, якія ня маюць уяўленьня нават пра добрую бутафорыю – гэта ж проста блазны. Яны штодзень зьмяняюць гальштукі, але не бялізну ці шкарпэткі, яны робяць сабе манікюр, але ніколі не стрыгуць пазногці на нагах, яны цудоўна абыходзяцца без бідэ, замяняючы яго ўчарашняй газетай, а дамо ім дастаткова піва і віна, і яны паабсікаюць вам усю прыбіральню. Кожны з іх, прыемны і начытаны малады пан, зграбна смарканецца на зямлю і гэтак жа зграбна абгрунтуе гэта дзэн-будызмам. А потым яшчэ і пераканае, што паэзія і віно, каханьне і суспольваньне, ня кажучы ўжо пра рыганьне, – рэчы абсалютна ўзаемазьвязаныя, раўнапраўныя ды неабходныя. А іхнія ледзі! О, іхнія ледзі – гэта сама зграбнасьць, яны дбаюць пра зубы і пра ногі, яны паляць дарагія цыгарэты ад сама ранку, яны нават калі-нікалі падмываюцца перад полавым актам, пакідаючы валосьсе на эмалевай паверхні ванны, калі ж вады няма, што ў нашай любай айчыне трапляецца нярэдка, нішто не зашкодзіць мілавіднай паненцы накласьці дзе-небудзь купу і хуценька зматацца, сарамліва прыкрываючы носік. Запомні: іхнія ледзі ніколі не азіраюцца па-за сабою. Людцы, вы мне бязьмежна сімпатычныя”.
Што гэта было? Спроба ўтопіі?1

– Брудная вада. Яна пачала падымацца са сьцёку ў ваньне. Мы нічога не маглі зрабіць, я тоўк вантузам, аж пакуль не адламілася ручка, але безвынікова. Гэта было як у тых дуркаватых амерыканскіх фільмах, але было насамрэч.
(І тады бачыш, як тое, што ты змываў з сябе ўчора й пазаўчора, вяртаецца, яно нікуды не падзелася, ня зьнікла, не распусьцілася на зямлі. Усё, на што б ты з радасьцю хацеў забыцца, на што ўжо амаль забыўся, яно ўсё з табою.
Вазьмі мяне на сваё сьвята, татусю Хэме).

– …і разумееш, паступова я пачаў прыкмячаць, што я ня проста псую людзям настрой, а што цераз мяне ў іх трапляюцца розныя шкоды, дробныя, ня вельмі сур’ёзныя, але непрыемныя выпадкі, спачатку я адмахваўся ад гэнага, сьпісваючы ўсё на свае адвечныя маніі, але потым пабачыў, што рэчы, якія пабылі ў маіх руках, нават хай я падараваў штосьці прыяцелю, падараваў ад шчырай душы, гэтыя рэчы, як зачараваныя манеткі, робяцца прычынаю рознай брыдкасьці і паскудстваў. Вось тады я напалохаўся не на жарт. Я ўзгадаў, як аднога разу ў Львове я ледзь ня страціў розум, бо мне здалося, што зьніклі ўсе крыжы. Калісьці адна забабонная дзяўчына нагаварыла мне купу лухты пра магічную сілу розных сімвалаў і штосьці там у прыватнасьці пра наўскосны крыж, такі, ведаеш, ікс-падобны. Я ж ніколі ня верыў у падобнае трызьненьне, але тут раптам мне здалося, што навокал менавіта праклятыя іксы. Божухна, я быў зачынены ў трамваі, і скрозь шыбу бачыў, што ніводнага нармалёвага крыжа не засталося. Паўсюль, і ў загароджах і ў аконных рамах, у антэнах, і на дрэвах і купалах – акурат толькі іксы. Я разоў пяцьсот паўтарыў, ды што там – правірышчэў у думках малітву, але пакуль ня выскачыў на Прывакзальны і ня ўкленчыў перад Альжбэтаю, жагнаючыся і б’ючы паклоны. Я быў мокры, як пацук. Людзі абыходзілі мяне з перасьцярогаю. Ня ведаю, колькі гэта доўжылася.
Тым разам адпусьціла.
Тым разам я падняўся і пабачыў, што ўсё добра.
Цяпер – невядома.
Цяпер я баюся думаць пра такое.

– Калі ўсё ўжо кацілася дадолу, развальваючыся хадою, я ведаў пра кожную яе здраду. Нават яна сама здагадвалася ні пра ўсё. Так неяк гэта зьявілася само сабою. Яна нічога не магла прыхаваць. Нават калі б захацела. У кожным выпадку я атрымліваў шалёны ўдар пад дых, варта мне было сустрэць яе хаця б мімаходзь. Спачатку гэта здаралася зрэдку, я яшчэ не здагадваўся, у чым справа, потым – часьцей, пад канец – заўжды. Калі яно надыходзіла ў прысутнасьці людзей, я вымушаны быў уцякаць, каб не выглядаць поўным ідыётам, словам, проста давялося пазьбягаць яе, ды й усіх, хто яе ведаў.

– Упершыню гэта здарылася ў тэатры, мы стаялі побач на сходах, я адказваў на чыёсьці пытаньне, можа, адвярнуўся на хвілю, і тут адчуў гэны ўдар, ад якога хацелася сысьці проста на зямлю. Яна зьнікла. Яе ўжо не было побач. Яна магла пайсьці куды заўгодна, ды і з кім заўгодна, і ў гэным не было нічога такога дзіўнага, яна, зрэшты, не абавязаная ўвесь час таўчыся каля мяне, ды і ўвогуле ў чалавека можа быць процьма найпразаічнейшых прычынаў, пайсьці ў прыбіральню, для прыкладу… Расштурхоўваючы натоўп, я кінуўся ўніз, пад сходы, дзе знаходзіліся прыбіральні, добра разумеючы, што раблю нешта ня тое, што гэтак увогуле ня робіцца, што тупацца каля жаночых прыбіральняў, выцягваючы, нібы страус, шыю, прынамсі сьмешна, але мне было не да прыстойнасьці і добрых манераў; потым я пагнаў угару, зьвярыны нюх вёў мяне, і я ўсё ж такі прыкмеціў іх у канцы калідору.
То быў хваравіты і вытанчаны балетны хлопчык, ”увесь блакітны, ажно сіні” (вось кляты Патрыярх!). Ён вёў яе за руку, і яна давала весьці сябе за руку. Ня ведаю, што было б, калі б я дагнаў іх. Можа, усё б скончылася яшчэ тады. Ня ведаю. Але дзьверы, за якімі яны зьніклі, зачыніліся на ключ перад маім носам. То былі дзьверы ў залу, масіўныя дубовыя дзьверы з мудрагелістым шліфаваным кратаваным szклом. Выявы ў тым шкле множыліся адпаведна колькасьці кантаў, сьвятло капрызна мігацела, і я бачыў мільёны аздобленых аксамітных столікаў і сотні параў, якія няўклюдна йшлі паміж шэрагамі. Сотні балетных хлопчыкаў трымалі за рукі сотні маіх каханых. Ці мог я любіць столькі жанчынаў адначасова? Ці мог?
Шкло было старадаўнім, а таму напэўна якасным, гладзенькім і цьвёрдым, верагодна нават, гэта быў сапраўдны горны крышталь, вось жа ня дзіўна, што я ніяк ня мог прадзерці яго пазногцямі.

– Яна была адзінай жанчынай, з якой мне падабалася спаць. Ну, спаць, проста спаць, разумееш? Я ненавіджу, калі хтосьці ўначы пацее каля мяне, сапе мне ў вуха, калі чыёсьці валосьсе лезе ў вочы. Але з ёй усё было па-іншаму, я паверыў, што можна спаць у абдымку цэлую ноч. Што можна прачынацца ўначы толькі для таго, каб абняць яшчэ. Што можна любіць яе пах. Што можна любіць усе яе пахі. Што першым ранішнім жаданьнем ёсьць не татальная дэзінфекцыя, а жаданьне пацалаваць. Звычайна, я прачынаўся раней, глядзеў, як яна сьпіць. Куды там! – я проста цешыўся, гледзячы, як яна сьпіць. Я ня ведаў, што можна спаць гэтак прыгожа, што прыгожым можа быць нават дыханьне. Я ніколі не здагадваўся шмат пра што, і верыш, быў нашмат шчасьлівейшым.

– У яе доме, там, дзе мы кахаліся, елі, мылі адзін аднаго, праз год была ўжо камуна. Звычайная камуна: завэдзганыя хіпі, трава, Марлі. Бледнае дзяўчо са зьдзіўлена расплюшчанымі ад марыхуаны вочкамі і шмонькаю, вандроўныя філосафы, усялякія гэныя, ведаеш, брэменскія музыкі, вольны дух Еўропы, карацей кажучы. У кожнага нешта там у вусе або на ілбе ці, у горшым выпадку, на прыцэўцы. Фенечкі гэтак званыя. Сьмешна, халера.
Любоў, братэрства і трава, трава, трава.
Або (калі скарыстаць з рэцэптаў геніяльнага рэкамбінатара Млынар­скага): братэрства, трава і любоў, любоў, любоў.
Або: братэрства, братэрства, братэрства.

– То была гэткая невялічкая выспачка пасярод ракі. Мы перайшлі да яе бродам. Даўно мінулі сонечныя дні, і я, здаецца, перанёс яе цераз ваду на плячах. Мы пяклі на той выспачцы бульбу. Згары сеялася імжа, але каля агню было цёпла і суха. Зьліва дасягнула места, а на правым беразе ў негустым пралеску дагніваў прыбіты да галаменя трупік чорнага кацяняці. Я натыкнуўся на яго, шукаючы хмыз.
Знакаў і гэтак было больш, чым дастаткова, таму я нічога не сказаў ёй пра знаходку.
Зрэшты, па-свойму яна разумела ўсё.
Мы пяклі бульбу, грэлі паміж цёплага каменьня віно і цалаваліся. З берагу да нас гукалі хлапчукі. Мы віталі іх жэстамі.
Аблічча і вусны нашыя былі выпацканыя попелам. Лета мінала не­зваротна.
Потым яна зьбірала кошык, а я дапальваў цыгарэту і па дурной сваёй звычцы пытаўся сам сябе: няўжо гэная клятая рэчка ня можа вось проста цяпер узяць і выйсьці з берагоў, няўжо яе затхлых водаў ня хопіць, каб затапіць места, пралесак, хлапчукоў, усе смуродныя гарады, усе смуродныя пралескі, усіх смуродных кацянятаў разам са смуроднымі хлопчыкамі, няўжо гэтага ніколі ня будзе (а калі прачнуўся, за сцэнаю чагосьці там захлынаўся нікому не вядомы Хрушч).1

– Ну што ж, усё яно, вядома, някепска, але гэта нейкая такая суцэльная цягучая каша, замяшаная на злосьці, роспачы і тваіх эратычна-дэфекцыйных праблемах. Бракуе ёй, як на мяне, нейкае структураванасьці, можа, выхадаў на пэўныя абагульненьні, я ўжо не кажу пра такі крытэр, як “катарсіс”. Замала ў гэтым усім формы. Або, хаця б удалага заканчэньня. Гэта, вядома, страшэнна дасьціпна – вынесьці эпілог на пачатак, але што там у ім? – дзяўчынка мая, бывай, – здаецца, – я буду думаць пра цябе яшчэ?

10 (нічога)