* * *
мы пішам вершы –
вершы пішуць сьвет
калі кіламетровымі
радкамі
малюе у паветры іх паэт
ледзь-ледзь не абарванымі
крыламі
мы пішам вершы –
вершы пішуць нас
дрыготкім пэндзлікам і фарбай
залатою
чырвона-белаю у пераломны час
зялёна-шэраю ў часы
застою
яны прыходзяць ў сьвет
каб пакарыць яго
зірнуць на нас і вырашыць
хто першы
ды адарыць абраньніка свайго
натхненьнем на стварэньне
новых вершаў
* * *
Царква
і касьцёлы
і п’яныя сьвяты
дрыгва
і анёлы
сталёвыя краты
і рукі
і вочы
аплецены дротам
пакорныя
крочым
а прагнем палёту
* * *
Я проста хачу захінуцца
ва ўтульнаскамечаны плед
У цёмназімовае шкло
ды моўчкі піць гарбату ці каву
Мне тут не заснуць не прачнуцца
тут кубак гарачы — сусьвет
І зораў ліхтарных сьвятло
песьціць вокны і вочы цікаўным
Мяккабелыя плямкі кладуцца
на рыпучы і цёплы паркет
І гітары нязьменных бітлоў
рэтраплач па мінуланядаўнім
Рэчаіснасьці нізкі ірвуцца
дзьме на сьвечкі нябачны эстэт
А палёт недарэчнасьці слоў
пачынае здавацца больш плаўным
* * *
ландышы
твае душы
ўвабрала б вачыма —
магчыма
крысом
раскрыленага палітона
прыемна-недарэчным тонам
панурае зьмятаеш лісьце –
лісьлівы цень
жыцьця
быць цяж-
кім цень ня можа
і ты як ён – ўсё той жа
ды ландышы
свае душы
трымаеш у кішэні –
зашпіленай
труне
памкненьня
* * *
Калі гэты горад
рыхтуе вячэру
бразгочучы крыкам
патэльнямі й дзецьмі
у лісьці блакітным
хаваючы крыльле
ля ног маіх цемра
утульна вуркоча
лянотным прыжмурам
аранжавых вокнаў
асьветляцца дахі
і карлсанаў хаткі
а горад з газетай
вячэрняй гарбатай
папыхвае стомай
нахмурыўшы бровы
і дворнік пануры
выкопвае кветкі
што ўчора садзілі
жанчыны у хустках
чамусьці здаецца
сярод гэтых кветак
нешта
было —
такое
маё
невыказнае