12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сакрат Яновіч

_____________________
Прыход немцаў. Аповед



Немцы зьявіліся ў нашым мястэчку ў адзін полудзень перадлета сорак першага. На іх маторах з лодкамі тырчэлі кулямёты. Запыніліся пад званьніцай касьцёлу, ад Старадворскага завулку. Бачыў тое Франак-Высалапень, сьлепацеючы на ўсходах забягайлаўкі Вырвіклак-Рагальскага. Да разявы даляцеў ад нямчугі ва ўсеўзбраеньні харкат: «Ком!!», памятаны яшчэ з палону арміі Самсонава ў пятнаццатым; рота, у якой служыў тады Высалапень, дапала да азадкаў мазурак у пагорках азёраў (саладзістых ад акуратнасьці ў фартушках).
— Komm polnisch!— цяпер вараг да Высалапеня. — Polen kaput!
— Jawohl! — так яму Франак.
— Deutsch sprechen?
— Ja!
— Gut.
— Ja, Hauptmann.
— Alles gut, — стаў дапытвацца, дзе тут яму рэстаран. — Restaurant nein Jude! Verstehen?
— Jawohl! Verstehen! Herr Hauptmann, komm nach Restaurant polnische, — і накіраваў нямецкага хама да польскага пана; Вырвіклак-Рагальскі выбег з пекнаю жонкаю і з паклонамі.
— Trauen lassen Frau? — па-курвельску пацікавіўся лялечкай. — Хорош любоф! Красіф бл...ь! Браво!!
Капітан пажадаў, каб Вывіклак-Рагальчыха сервіравала яму абед у салоне, які быў закончаны філіжанкай кавы і каньяком. Прылізаўшы далоняй свой чуб перад венецыянскім люстрам у перадпакоі, капітан выйшаў на балкон, каб даць каманду meine Soldaten, што расьселіся жэрці кансервы: назганяць габрэяў пад помнік Сталіну на плошчы.
Калі так сталася, ужо ў дэсерт сышоў ён уніз і выхапіў з рук драмаўшага на фурманцы абарыгена пугу з вузельчыкамі на доўгім рамяні. Габрэі з кепалам закалыхаліся ад здогаду: імкліва выпраглі каня, закінулі хамут Сталіну на шыю, а лейцы засупонілі на грудзях Бацькі народаў. На казацкі рытм раз-два-тры пакацілі аграмадзіну на брук і павалаклі на рэчку. Немец падбег да іх і стаў лупцаваць неўпапад:
— Snell, snell, snell!!!
Салдатня з аўтаматамі на грудзях рагатала; некаторыя паздымалі шлемы, бо дапякала сонца. У небе паловы сорак першага сьпявалі жаўрукі. На гасьцінцы капцілі падбітыя танкі, што адступалі за Нёман. Несла духоцьцем гарэлага мяса; танкісты ня выратаваліся ніжнімі люкамі. Выбухала амуніцыя.
Пад восень паліцаі апланавалі гета паміж Касьцельнай і Царкоўнай — з чатырма бажніцамі. Пакуль што не было партызанаў, габрэі ня мелі да каго ўцякаць. Нават у бабіна лета сорак другога, калі немцы закамандавалі вывазы ў канцлагеры. На чыгуначнай станцыі заганялі габрэяў у таварныя вагоны.
Былы бурмістр, якога саветы не пасьпелі забраць, на «белыя мядзьведзі», прыслаў брычку равіну і яго радзіне. Дастойны стары сказаў разьвітальнае слова, даўжэй па-беларуску, чым па-польску, каб добра зразумелі гойкі і гоі, што натоўпіліся:
— Дзьве тысячы гадоў будзе, калі мы замучылі Хрыста, і няма нам спакою і прабачэньня... Мы асуджаныя на пагібель... Пакорліва прымаем Суд Божы...
Бурмістраў парабак Сяргей Анісімовіч запрог жарабца чорнай масьці. Дапамагаў яму Франак-Высалапень, прыгаворваючы:
— Ціха-ціха, stille-stille...
Абодва, трымаючы за вуздэчку зьвера, бы ганаровы канвой, рушылі першымі, а за імі цэлы абоз. Ніхто ня плакаў — габрэяк у гнаяўках не гевалцілі, гойкі на тратуарыках ня божкалі, не галасілі, хоць усенька выглядала на провады жывых на могілкі. Ніхто з нашых не асьмеліўся ступіць сьледам; мацяркі трымалі дзяцей ля прыполаў.
Мястэчка не разыходзілася яшчэ і тады, калі небакрай апусьцеў і заеўся марусіць пасьляжніўны дожджык. У той вечар ня чулася ад хатаў галасоў; вылі сабакі, і дзіка мяўкалі пакінутыя каты.
Лістапад-сьнежань 2006.